БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 
ЗЯМЛЯ N      N* 1

Nemo

Па сьлядах аднаго міфа

 

Мода на міфы ў нас, падобна, пачынае сыходзіць. Нягледзячы на тое, што патэнцыял бальшыні зь іх так і ня быў вычарпаны напоўніцу. Але, калі шчыра… дастала.

•••

Мы ня ведаем дакладна, што такое міф Беларусі, каб пры належнай аказіі былі здатныя даць яму належнае вызначэньне. Той самай, сінявокай, пра якую напісана так шмат узьнёслых паэтычных словаў, і якую ні ў якім разе нельга блытаць з пэўнай аднайменнай краінай на да няўмольнасьці рэальнай мапе Эўропы. Бо ня трэба мець лішнія вочы, каб бачыць, наколькі вялікая паміж імі розьніца.

Менавіта апошняе можа лічыцца падставовай характарыстыкай міфа Беларусі. Карацей, амаль як у тэй апафатычнай тэалёгіі, дзе паняцьце Бога вызначаецца праз тое, чым Ён ня ёсьць.

Небезьвядомы «лацінамоўны» кансэрватар, які дужа ўпадабаў тутэйшы варыянт бізонаў і паляваньне на яго, і рабочы МТЗ, які жыве на вуліцы, названай у гонар таго самага «лацініста», ды любіць пасьля працы пасядзець зь сябрамі за пляшкай чаго-кольвечы ў адным з суцішных закуткоў, якіх нямала ёсьць на той самай вуліцы, — гэта людзі, што належаць ня толькі да розных пакаленьняў, розных часавых (дый сацыяльных) кантэкстаў. Іх розьніць нешта шматкроць большае.

Спробы ідэнтыфікаваць тэй прыгожы вобраз зь непрыгожай явай, альбо, хутчэй, максымальна наблізіць другое да першага, якія пэрманэнтна прадпрымаліся нашымі слыннымі «адраджэнцамі», вялікага плёну, мяркуючы па ўсім, ня далі. Першае засталося тым, чым і было — нават болей, яно й пагэтуль працягвае «прыгажэць» ды «ідэалізавацца». А пра другое казаць па-ранейшаму балюча й сумна.

•••

Ад суму тут нікуды не падзенеcься. Можна, вядома, да здранцьвеньня ўяўляць сябе вершнікам з дружыны Вітаўта, стоячы пасярод таго, што пры наяўнасьці ўяўленьня можна назваць старадаўнім замкам, але… Вяртацца дахаты давядзецца ў любым разе. Пагатоў, ня выключана, што твае фантазіі перапыніць настойлівы кіроўца калгаснага грузавічка, які безэмацыйна пазбавіцца на тэрыторыі нацыянальнай сьвятыні ад чарговага грузу гноя.

Калі на тэрыторыі, што мае сынанімічнае ёй найменьне, той самай «сьвятой» Беларусі як бы няма, трэба, вядома, шукаць яе дзе-кольвечы яшчэ. Па-за межамі.

«Прыдумай сабе свой край!» — сьпяваюць «энэ­рэмаўцы» на сваіх канцэртах ва ўнісон з сотнямі й тысячамі тынэйджарскага ўзросту аматарамі віртуальшчыны. 10 ве­расьня гэтая песьня стала ну проста сапраўдным гімнам для тых, хто яшчэ дзень таму на штосьці спадзяваўся.

А ў газэтах можна прачытаць цікавыя меркаваньні нашых пісьменьнікаў пра нейкі там «нябесны ўрад». Маўляў, калі ўжо рэальнага не дасягнулі, дык суцешымся прынамсі гэтым.

Відаць, найбольш выбітным праектам такога кшталту рамантызму стаў фэст «Каралеўства Беларусь», праведзены год пяць таму ў нейкай польскай (sic!) вёсачцы (грошы, ясны перац, таксама былі нетутэйшыя). Краіна, што паўстала там, была поўная тонкага мастацкага пачуцьця й мусіла стацца антытэзай «неэстэцкай» РБ. Але, як некалі сьпяваў БэГэ акурат з гэтай нагоды, «помнишь ли, как строили дом // всем он был хорош, но пустой».

У «Каралеўстве Беларусь» не было (і не плянавалася) месца для якіх-кольвечы жыхароў. Нават тыя, хто зладзіў гэты праект, выглядалі на тле ўсёй ягонай маляўнічай «міфалягічнасьці» ня больш як групай творчай інтэлігенцыі, што прыехала па міжнародным абмене з суседняй РБ.

•••

Але ж падобны дэкадэнцкі рамантызм увайшоў у нас у моду ня так і даўно. Дый калі ён і стаўся чымсьці накшталт майнстрыму, гэта адбылося выключна ў пэўных колах — і, заўважым, у пэўных колах нават ня ўсёй беларускай інтэлігенцыі, але хіба што «нацыяналзаклапочаных» ейных прадстаўнікоў.

А трохі раней Беларусь было прынята не ствараць самім, але шукаць у больш рэальных за прастору ўяўленьня абшарах. Напрыклад, на эміграцыі. Дзе ў нас ёсьць ці ня ўсё тое, аб чым мы так доўга марылі. Нават, быццам бы, свая дзяржава.

Мы ня будзем тут надта аналізаваць «апрельcких тезисов» пра «вяртаньне БНР» ды пераўтварэньне яе ў паўнавартаснага палітычнага суб’екта — каму як ня іхняму аўтару не разумець, што выявы прывідаў (а таксама й галюцынацыі) на фотаздымках не фіксуюцца? Гэта ж трэба — столькі год прапрацаваць фатографам і не ўсьвядоміць такую іх важную ўласьцівасьць.

Як і трэба было меркаваць, пафас мілых і інтэлігентных людзей зь беларускай эміграцыі, якія рэгулёва абіраюць спаміж сябе апакрыфічнага прэзыдэнта, ня здолеў запаліць шырокія народныя масы тут, у нас,  ды скласьці хаця б якую-кольвечы вартую ўвагі канкурэнцыю іншай міфалёгіі, распаўсюджанай сярод іх, — спажывецка-савецкай. Івонка Сурвіла, вядома, надзвычай абаяльная жанчына, але бляск яе прэзыдэнцтва — нішто ў параўнаньні зь веліччу караля Ўкраіны, які, кажуць, насамрэч ёсьць і жыве пры гішпанскім двары.

Нам бы таксама трэба якога караля завесьці. Прынамсі, будзе пра што пісаць бульварнай прэсе.

•••

Цалкам зразумела, што паветра, якім дыхае тая купка сапраўды адданых эмігранцкіх дзеячоў, пра якіх мы трохі крытычна вышэй пісалі, ня дужа можа быць прыдатным для жыцьця ў тым месцы, дзе Беларусь — гэта не абстракцыя, па якой можна прыгожа настальгаваць, але самая што ні ёсьць дадзенасьць.

Пагатоў, папросту несумленна перакідваць на іх старэчыя плечы тое, што ня можа зрабіць куды большая за іхнюю колькасьць адзінадумцаў тут.

Міфалягізаваць даробкі эмігранцкай культуры ахвочых таксама знайшлося нямала. Адзін вядомы мысьляр нават пісаў пра літаратуру эміграцыі як пра адэкватную замену тутэйшай культурнай традыцыі, у якой на працягу апошніх да «перастройкі» дзесяцігодзьдзяў нязьменна стаяў уваччу «ружовы туман».

І сапраўды, з пункту гледжаньня ідэалягічнага эмігранцкая літаратура моцна выйграе. Бо «камунякаў» тыя, хто пасьля вайны патрапіў за мяжу, ненавідзелі ўсе як адзін. У адрозьненьне ад тых, хто застаўся тут і — зноў жа, бадай гэтаксама адзінадушна — выявіў у дачыненьні да іх як мінімум ляяльнасьць.

Але ж аўтары падобных выказваньняў і самі, відаць, усьведамляюць, наколькі яны пагарачыліся. Бо ідэя наконт таго, каб замяніць пласт паваеннай «бээсэсэраўскай» культуры (ясна, што як мае быць саветызаванай) на пласт культуры эмігранцкай, ды зрабіць гэта зь лёгкасьцю замены «вінта» ў кампутары, выглядае, па-першае, утапічнай, а па-другое, непаўнавартаснай.

Ёсьць яшчэ адна бяда: калі дазволіць сабе такую зусім нядаўна  недаравальную ў нас крамолу, як разгляданьне мастацкіх твораў ігнаруючы ідэалягічныя канатацыі, стане ўрэшце ясна, што эмігранцкая літаратура й супрацьлеглая ёй усё ж не такія антаганістычныя. І, нарэшце дарваўшыся да забароненага плоду, кемлівы суайчыньнік са зьдзіўленьнем усь­вядоміў, што пісаць трывіяльныя панэгірыкі роднай Бацькаўшчыне, аказваецца, можна й п’ючы каву на Манхэтэне. Атрымліваецца амаль гэтаксама, як бы ты сядзеў у рэстаране «Паляўнічы» — ня лепш і ня горш.

А тыя панэгірыкі тут ужо набілі аскоміну ўсім — пачынаючы ад «двоечніка»-шкаляра, які падмалёўвае беларускім клясыкам рожкі ў падручніку, і сканчаючы ягоным бацькам, што дасьледуе творчасьць гэтых клясыкаў у якой навуковай установе.

Калі ўжо мы выпадкова абмовіліся пра навучальныя дапаможнікі… Цяжка верыцца ў тое, што можа ўзьнікнуць такі падручнік па «белліце», дзе б эмігранцкая літаратура займала асноўны аб’ём, а «бээсэсэраўская» тулілася ў адзіным разьдзельчыку, які, праз мноства ўжытых у ім прозьвішчаў, быў бы больш падобны да тэксту на помніку з «брацкай магілы».

Што рабіць з тым «ружовым туманам», які затлуміў галаву процьме беларускіх пісьменьнікаў, а таксама зь іхняй прадукцыяй (бо зь песьні слова ня выкінеш), больш-менш адэкватна здолеюць вырашыць хіба нашыя нашчадкі. Але ўжо цяпер зразумела, што перанесьці цэнтар беларускай культуры зь Менску ў які Сыднэй ці, скажам, у амэрыканскі Полацак ні ў кога не атрымалася.

•••

Наогул, міф пра культуру эміграцыі сёньня вельмі модны — і, трэба заўважыць, ня толькі ў нас. Асабліва ён модны ў славянскім кантэксьце, выхадцам зь якога чамусьці трэба сьпярша зваліць у які-небудзь Парыж (чэскі пісьменьнік Кундэра) ці Амстэрдам (югаслаўская мастачка Абрамавіч), каб паўнавартасна рэалізавацца.

Дый ня толькі ў славянскім…

Нас вельмі часта параўноўваюць зь Ірляндыяй, а тая, у сваю чаргу, ледзьве не атаесамляецца з адным сваім культурным героем — Джэймсам Джойсам.

Джойс — гэта эмігрант, тут сумневаў быць ня можа. І рэч нават ня ў тым, што большую частку жыцьця ён мог хіба што згадваць родны Дублін, седзячы ў Трыесьце ці Парыжы. Ужо ад самага пачатку, калі Джойс быў яшчэ толькі маладым паэтам, яму надзвычай цесна пачувалася ў мясцовым «нацыяналзаклапочаным» кантэксьце — пра што канкрэтна сьведчаць асобныя  апавяданьні з «Дублінцаў» ды фрагмэнты з «Улісу».

І вось, насуперак парадам аднога беларускага клясыка, Джойс адарваўся ад «роднай зямелькі». Але пры гэтым, не зважаючы ані на сваю ангельскамоўнасьць, ані на поўны брак «нацыянал-сьвядомага» пафасу ва ўласнай творчасьці, у яго атрымалася тую зямельку праславіць. І зрабіць ірляндзкую культуру сапраўды канвэртабэльнай.

Апошняга нам заўсёды моцна бракавала.

•••

І тым, хто гэтага ўсё ж дасягнуў, стаў наш суайчыньнік зь Беласточчыны Лёнік Тарасэвіч. Ягоны нефігуратыўны жывапіс ня толькі не стыкуецца з тым, што тут, як у добрыя старыя часы, з гонарам называюць «беларускай акадэмічнай школай», але сапраўды ёсьць нечым адметным на тле ўжо сфармаваных «трэндаў» сучаснага мастацтва (дзе «дзяды» ўсё яшчэ ня могуць адысьці ад канцэптуалісцкага пахмельля, а «салагі» трызьняць нейкімі «новымі тэхналёгіямі»).

І, можа, менавіта таму гэты мастак мае сапраўды інтэрнацыянальную вядомасьць, а ў Польшчы ўжо немаведама колькі год уваходзіць у лік самай што ні ёсьць эліты. Чаго прычакаць вельмі цяжка, зважаючы на бадай ужо традыцыйную  разьвітасьць тамтэйшай арт-прасторы.

Пагатоў, Тарасэвіч размаўляе па-беларуску і, калі верыць Адаму Глёбусу, малюе не што іншае, як наш беларускі лес.

Але ж тут, у нас…

Карыстаючыся нагодай, распавяду неблагую показку пра чукчу. Сядзіць ён, значыць, на беразе роднай рэчкі, вудзіць рыбу… І тут раптам непадалёк ад яго ўсплывае амэрыканская падлодка. У ёй адкрываецца люк, адкуль паказваецца п’яны амэрыканец, ён кідае ў бок чукчы бляшанку з-пад «кока-колы» ды вясёла крычыць:

— He-ey, guy! Do you speak English?

Пасьля чаго люк зачыняецца, а падлодка ізноў пагружаецца на глыбіню.

— Yeah, perfectly, — нясьпешна адказвае чукча з добрым гарвардзкім пранонсам. І тут жа дадае:

— Але ж каму гэта, нафіг, патрэбна?

•••

Такім чынам…

…міфы сыходзяць. Застаюцца рэальныя людзі, уціснутыя ў рэальны гістарычны кантэкст. У ім нам і давядзецца існаваць колькі Бог адмерае часу. Яго трэба пераадольваць, зь яго ўцякаць. Але, хай гэта й банальна прагучыць, уцякаць хацелася б кудысьці яшчэ, ніж проста па-за Берасьцейскую мытню.

Кудысьці вышэй.


1Яшчэ адзін праект такога кшталту, трохі раней распачаты нашым вядомым паэтам, які праз сваю беларускамоўнасьць назваў сябе «ўнутраным эмігрантам», ня меў аніякага акцыйнага вырашэньня, але таксама выклікаў немалы рэзананс. Але, як мне тут распавяла адна знаёмая, той паэт да цяперашняга часу ўжо пасьпеў суцешыцца, атрымаўшы папулярнасьць сярод зусім «тутэйшых» наведвальніц правінцыйных папсовых канцэртаў, дзе нярэдка гучаць песьні на ягоныя вершы. Амаль як хлопцы з Эфіёпіі, што ў застойныя часы падчас вучобы ў Менску дужа любілі хадзіць на канцэрты «Сяброў» дзеля знаёмства з «абарыгеншамі» — каб скрасіць сум па далёкай радзіме. 

2Вызначэньне, прызнацца, літаральна рэжа вока праз сваю неадэкватнасьць, але… Ці ёсьць у нас наогул тое, што бязь цені сумневу можна называць гэтым словам? 

 кантакт з рэдакцыяй: zn@medisont.com 

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія