Тамара Вяршыцкая
Эміграцыя: псіхалагічны партрэт
Эміграцыя столькі разоў абяскроўлівала Наваградчыну і назаўсёды пакінула такую незагойную рану ў сэрцах саміх эмігрантаў, што нам падалося найлепшым пачуць ад саміх людзей, якія перажылі гэтую катастрофу, што для іх ёсць эміграцыя. Мы паспрабавалі ўціснуць гэтае неабдымнае, глыбокае і бясконцае паняцце ў пытанні анкеты і папрасілі адказаць на іх людзей розных нацыянальнасцей, у якіх пры слове «Наваградак, Навагрудэк, Наварэдок» замірае сэрца.
Прапануем псіхалагічны партрэт ЭМІГРАЦЫІ паводле сп. Ежы Бжазоўскага (нарадзіўся ў в. Варонча, зараз жыве ў Быдгошчы (Польшча), Іцхака і Авівы Бен-Яакаў (Іцхак нарадзіўся ў в. Валеўка, зараз жыве ў Ізраілі), Аляксея Анішчыка (нарадзіўся ў в. Мондзіна, цяпер жыве ў Вільнюсе (Літва) і Сыльвестра Будкевіча (зараз жыве ў Ковентры (Вялікабрытанія).
Яны падзяляюць эміграцыю на запланаваную і вымушаную, палітычную і эканамічную. У любым выпадку эміграцыя — гэта, безумоўна, крызіс, выкліканы тым, што чалавек, асоба якога сфарміравалася, глыбока ўрос каранямі ў месца, якое вымушаны пакідаць. Яго «я» цесна звязана з мясцовай прыродай, з самой зямлёй, з яе пахамі і колерамі, з флорай, гучаннем мовы, укладам жыцця дома і грамадства, да якога ён належыць, ежай, адзеннем, традыцыяй ва ўсіх яе праяўленнях. Ён — частка ўсяго гэтага, а яны — частка яго.
Таму, калі чалавека вырываюць з каранямі з зямлі, дзе ён нарадзіўся, з-за прыроднай, палітычнай ці ваеннай катастрофы, калі гэта здараецца раптоўна і разбурае яго свет, — гэта трагедыя. Гаворка ідзе пра эміграцыю пад уздзеяннем пэўнай знешняй сілы, а не па ўласным выбары.
Нашы рэспандэнты — вымушаныя эмігранты, для якіх паваротным часам у жыцці, як і для многіх іншых, сталі 1939–1945 гг. Месцы, куды яны эмігравалі: паляк з Наваградчыны — у Польшчу, яўрэй з Наваградчыны — у Ізраіль, беларус з Наваградчыны — у Вільню, — гэта ў пэўным сэнсе радзіма для кожнага з іх у гістарычным сэнсе, і нават сам тэрмін «эмігрант» да іх не надта стасуецца. Хутчэй за ўсё, іх можна лічыць перасяленцамі, тым не менш, нават не адчуваючы сябе зусім чужымі на новым месцы і з цягам часу нядрэнна там уладкаваўшыся, яны жывуць з адчуваннем, як быццам бы частка іх «я» памерла. З кожнай стратай кагосьці дарагога і вельмі блізкага ў сэрцы ўзнікае пустата, якая застаецца надоўга, часам назаўсёды.
Іншая і, бадай што, яшчэ больш складаная справа — эміграваць у зусім чужую краіну.
Кожны эмігрант сутыкаецца з праблемай настальгіі і ў кожным прыватным выпадку інтэнсіўнасць пачуцця залежыць ад асобы. Для адных, як адзначае сп. Ежы Бжазоўскі, дзейнічае меркаванне, выказанае філосафам старажытнай Грэцыі, што час ёсць найлепшы лекар, для іншых туга па радзіме з цягам часу абвастраецца, але бясспрэчным фактам застаецца тое, што яна не праходзіць ніколі. «Як гэта было радасна — браць удзел у Першым з’ездзе беларусаў свету, бачыць Менск, упрыгожаны нашай гістарычнай сімволікай, і пабачыць Беларусь як незалежную дзяржаву, «роўнай між роўнымі», — так прагна ўбіраў у сябе ўсё, што траплялася на вочы, сп. Сыльвестр Будкевіч які пабачыў Беларусь пасля доўгай разлукі, амаль праз3 50 гадоў. Ён удала адаптаваўся на Альбіёне, бо яго жыццёвае крэда — «думаць лагічна і жыць жыццём, якое даў Бог».
Напэўна, мае рацыю сп. Сыльвестр, бо настальгія, фактычна, нікуды не вядзе. «Настальгія такая ж салодкая, як і блакітная мара, але, хоць яна і дае пэўнае суцяшэнне, тым не менш, яна — ілюзія і, як любая іншая ілюзія, яна вядзе ў тупік…» — лічыць Іцхак Бен-Яакаў. Вельмі цяжка пазбавіцца тугі па радзіме людзям сталага ўзросту, якія ў большай ступені жывуць успамінамі аб мінулым, і значна лягчэй — маладым, тым, хто, «дасягнуўшы хоць чаго-небудзь у здавальняючай ступені, падсілкоўвае тым самым сваё «я», стварае новыя магчымасці, станоўчыя надзеі, кампенсуе страту хоць крыху і стымулюе рух наперад да вышэйшых мэтаў».
Чаму нашы рэспандэнты апынуліся за мяжой? Для большасці з палякаў гэта было ў першую чаргу пытанне фізічнага выжывання, «захавання ўласнай галавы», з-за актыўнага ўдзелу ў падпольным руху за незалежнасць. Але не толькі. Быў яшчэ палітычны аспект: таталітарная, камуністычная сістэма плюс этнічная чыстка, гаворачы сучаснай мовай. І па-трэцяе, у гэтым «зыходзе» на Захад, без сумнення, улічвалася магчымасць жыць на больш высокім інтэлектуальным і матэрыяльным узроўні.
Паўстала пытанне «не згінуць у сібірскіх катаргах» у 1944 г. і для многіх беларусаў, што таксама паслужыла прычынай эміграцыі.
Што датычыць яўрэяў, то, як вядома, у Другую сусветную вайну яўрэяў усёй Еўропы напаткала трагедыя поўнага вынішчэння — Халакост, якая цалкам разбурыла і ператварыла мінулае ў попел. «Я тады не ведаў, што я «проста» страціў усё, што меў да гэтага; што ў мяне нікога не засталося з маёй сям’і, не было дома. Нічога з таго, што было да тых падзей у Наваградку, у маім свеце, — нічога з гэтага не існавала! Маё мінулае не існавала!»
Сп. Іцхак Бен-Яакаў, якому належаць гэтыя словы, дабраўшыся да Ізраіля, ні на хвіліну не адчуў там сябе эмігрантам, гэта была яго радзіма. Аднак сёння ён прызнае, што жыве з успамінамі пра дарагі яму дом у Наваградку і з болем ад таго, што там ён страціў сям’ю і ўсіх, каго любіў. «Мая настальгія — па Наваградку, які некалі быў, але якога сёння больш няма», — гаворыць ён.
«Словы «Зямля Наваградская» выклікаюць у маім уяўленні карціны з жыцця маіх продкаў (напрыклад, прыезды з Ізабэліна ў Наваградак), прыгажосць нашай сядзібы, беспаваротна знішчаную людской бяздумнасцю. А якія ж уражваючыя краявіды пагоркаў Зямлі Наваградскай! Трохі асобны раздзел складаюць уласныя перажыванні маладосці, якая там прайшла, асабліва часу вайны. Незалежна ад таго, якія яны ёсць і будуць, яны заўсёды выклікаюць жаль…» Такое значэнне мае Наваградчына для Ежы Бжазоўскага.
«Наваградская зямля мне дарагая, там я нарадзіўся, гадаваўся і вучыўся. Пра Наваградак заўсёды думаю», — кажа Сыльвестр Будкевіч.
Зямля Наваградская для Аляксея Анішчыка — гэта ўнікальная панарама ранейшага сялянскага краявіду, дагледжаных палеткаў, сенажацяў, палявых сцежак і дарог. «Ажыўлены стараннай працай рух ва ўсіх галінах, шмат коней на палях і дарогах, млыноў з азёрамі. Шмат моладзі, вечарынак, фэстаў, песень і танцаў... А сёння выгляд роднай зямлі выклікае смутак і боль».
Так адчувае сваю сувязь з краем дзяцінства старэйшае пакаленне эмігрантаў. Што ж да іх дзяцей і ўнукаў, якія зараз знаходзяцца ва ўзросце, калі моладзі найбольш уласціва пачуццё патрыятызму, іх цікавасць да зямлі сваіх продкаў, як правіла, выпадковая, спарадычная, хутчэй «каб задаволіць дзядоў». Гэта, аднак, не азначае, што няма выпадкаў жывога жадання пазнаёміцца з гісторыяй зямлі сваіх продкаў і паклапаціцца пра адбудову знішчаных магіл і захаванне таго, што засталося...