БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 
ЗЯМЛЯ N      N* 1
Сяргей Вераціла

Карцінкі з выстаўкі

Успамін для бацькі

— Сынок, а памідоры там растуць?

— Тата, колькі ўжо табе расказваць?! Яны там, як у нас якая крапіва пад плотам. І ніхто іх там ня есьць.

— Як гэта? Мо ня ведаюць?

— Ведаюць, тата, але ўсё больш сок п’юць…

— З памідораў?

— Але з тых, што на дрэве растуць.

— І што, ёсьць такія памідорныя дрэвы?

— Ёсьць, тата…

— От, ідзі ты…

Успамін пра сон

Бераг акіяна. Белы пясок. Паласа не такая ўжо шырокая, і здаецца, што хвалі прыбоя змыюць гэты белы пясок, а пеністыя пырскі данясуць салоную сутнасьць акіяну да лініі не такіх ужо і далёкіх пальмаў. На беразе ляжыць чалавек, вольна раскінуўшы рукі. Над ім — высока ў небе — можа быць, альбатрос, можа быць, арол. Няўжо ўсё гэта я? Няўжо ўсё гэта ўва мне.

Выяўленчае мастацтва

На карціне Асвальда Гуясаміна-Белай Птушкі індзеец спрабуе свой змарнелы твар закрыць спрацаванымі да вузлаватае дасканаласьці рукамі. Так хаваецца напалоханае дзіця. Такім чынам хаваюць крыўды, сорам, боль, ганьбу, усе адвечныя пачуцьці абрабаванага земляроба. Людзі зьбіраюцца ўвечары, каб паесьці бульбу. Гэта ўжо Ван Гог. Чарада зганьбаваных продкаў. «А хто там… ?»

Успамін для бацькі

— Сынок, а бульба ў іх расьце?

— Трыста гатункаў. Зьбіраюць яе па два-тры разы на год. Потым мыюць, потым сушаць на сонцы. Яна ў іх таму чыстая й не гніе. А яшчэ там ёсьць такая дробная, як гарэхі, дык яе ядуць з лупінамі. Але вось дранікаў я ў іх ня бачыў.

— Як гэта, бульба ёсьць, а дранікаў няма?

Што адказаць?

Успамін фамільны

Мы ідзем зь Янам-Францішкам купацца. Тут зусім побач багатая на ваду Паста — прыток Вялікай Амазонкі. На галаве ў Яна бэйсболка, на нагах чырвоныя красоўкі, ён імі вельмі ганарыцца. На ім сінія шорты, але затое ён без кашулі. За сьпіною ў Яна заплечнік. У ім: апельсін, мае цыгарэты і ягоны пампэрс. Ян паважна трымае мяне за руку. За намі купка мясцовай малечы. Спачатку яны выгукваюць нам у сьпіну: «Грынга! Грынга!» Мы не рэагуем. Тады яны крычаць тое самае, але ў іншай мове: «Янкі! Янкі!» Ян, пачуўшы сваё імя, спыняецца і, радасна тыцкаючы сябе ў грудзі пальцам, прамаўляе: «Ян!»

Яну пятнаццаць месяцаў. Ян вельмі любіць плаваць, седзячы ў мяне на сьпіне, моцна трымаючыся за мае валасы. Мне зусім не балюча.

Турысты

Швэды выглядаюць на шафы для вопраткі: вялікія й шырокія. Фіны выдаюць на мяхі з бульбай. Заходнія немцы падобныя на абадранцаў. Гішпанцы ходзяць танцуючы. Французы звычайна зазіраюцца на жанчын, але тут амаль няма на кім спыніць позірк. Амэрыканцы — у багамах і гавайскіх кашулях, абвешаныя фота- і кінаапаратамі. Яны вельмі багатыя. Рукі ў іх зьвісаюць ніжэй за калені. Амэрыканцы на ўсё паказваюць пальцамі, плямкаюць жавальнай гумкай, гучна рагочуць. Іх тут ня любяць. Японцы й кітайцы з Тайваню заўсёды ветліва пасьміхаюцца, у іх поўныя кішэні грошай. Іх тут любяць. І грошы таксама. Палякі — заўсёды па крамах. Палякаў і тут ведаюць.

Сьпёка. Ідзе высокі мужчына. На мужчыне чорныя пантофлі, белая кашуля, брунатны гальштук і сіняя пара. Мужчына ідзе адзін, але ўражаньне, што ён на Чырвоным пляцы маршыруе перад Маўзалеем. Зям-ляк! Ня буду падыходзіць.

Згадка пра Беларусь

— Серхіо, ты з Эўропы?

— Так.

— А як называецца ваша тэрыторыя?

— Беларусь.

Паўза. Маўчаньне. Нарэшце радасьць дасьведчанасьці:

— О, я ведаю, ты з тых рускіх, якія за цара ваявалі.

Цярпліва паказваю на мапе нашу бэсэсэрыю, кажу, што цяпер нашая сталіца — Менск, а раней была Вільня. Яшчэ адзін дасьведчаны:

— Гэта ж ВКЛ!

Я змушаны згадзіцца.

Успамін для бацькі

— Сынок, няўжо там і бананы растуць?

Нябожчык-бацька проста прападаў за бананамі.

— Там іх як гразі. На любы кашалёк і густ. Самыя смачныя зь іх маленькія, як палец, называюцца «залаценькія». А ёсьць такія, што трэба варыць, і такія, што трэба смажыць. Ёсьць і кармавыя, больш за паўмэтра даўжынёй, іх людзі не ядуць, яны на смак што трава.

— Дык што, можа імі кароваў кормяць?

— Ну.

— Як гэта: кароваў — бананамі?!

З гэтым бацька пагадзіцца ня мог.

Успамін для мяне

Я заходжу ў хату з боку кухні, і мой нос адчувае такі мілы, такі родны з маленства пах: антонаўка! Я амаль плачу. Я адчуваю, як мне хочацца пачуць шалахценьне пажухлага лісьця пад нагамі, як мне хочацца ўдыхнуць грыпозную слоту адлігаў, як мне хочацца глядзець на працяглы сыход за лес нашага хоць і не такога грэйкага сонца, я адчуваю, як мне няможацца тут і як мне хочацца дадому. Антонаўка!

Я падмануўся. Гэта пахлі бананы. У гэтага гатунку амаль чырвоны колер, і гэты гатунак называецца «яблычны». Антонаўка! За той вечар я выпаліў два пачкі цыгарэтаў.

Глеба

На ранку бедны Руфа сканаў. Нехта яго атруціў, а Руфа верыў усім, і ўсіх, хто сядзеў за сталом, ён радасна грыз за ногі, а часам, калі ў доме было не да яго, ён выбягаў за вароты. Тут яго й спасьцігла злая нядоля. Руфа быў шчанюком ад дваіх белых лаек-медзьвядзятнікаў і ўжо цалкам выдаваў на дарослага сабаку, хоць меў усяго поўгады. Доктар ня здолеў яму дапамагчы, і Руфа сканаў у мяне на руках.

Мне далі кірку, матыку й рыдлёўку. І цэлы дзень ажно да самае цемры я дзёўб магілу: кіркою, матыкаю й рыдлёўкай.

Жыцьцёвасьць

Неяк цешча папрасіла мяне сьпілаваць дрэва. На ім расьлі экзатычныя плады авакада, іх тут ува ўсе стравы дадаюць, а можна іх і з хлебам есьці. Я сьпілаваў хворае дрэва недзе на вышыню свайго росту. Празь некалькі месяцаў сьпелыя плады зялёнага колеру цягнулі да нізу тонкія галінкі.

Я пасадзіў градку салаты. Глебу пад яе я дзёўб ці ня цэлы дзень і разадраў лапік два мэтры ў даўжыню й сантымэтраў семдзесят у шырыню. Праз тыдзень ужо ніхто не любіў салату, яе прыходзілася раздаваць суседзям.

«Дзяроўня»

Малады індзеец з горнай вёскі спускаецца ў Горад. У яго ні адукацыі, ні прафэсіі. Ён шукае працы й сьвятлейшага жыцьця. Чорнарабочы ці рознарабочы. Першыя грошы. Першыя набыткі. Вось ён ідзе па вуліцы: на ім сіні крэмпленавы касьцюм, жоўтая кашуля, высокія гумовыя боты, у нагруднай кішэні пінжака, як газыры на чэркесцы, чатыры цыгарэты, на плячы радыёпрыймач кшталту «Акіяна», сам ён ужо выпіў піва з бляшанкі. Я, здаецца, яго ведаю.

«Індзеец» тут абраза.

Я — «homo soveticus»

Я яшчэ толькі прыехаў. Мы ідзем у супэрмаркет. Па дарозе мне расказваюць, што ў супэрмаркеце павінна быць 200 тысяч найменьняў тавару. Я нахіляю бараду да грудзей, а сам ня веру. Заходзім, і ў вачах пачынае мільгацець. Я прыгадваю строга-бліскучыя шэрагі бляшанак з кількай у нашых унівэрсамах. Мне млосна. Я трачу прытомнасьць.

Кароль джунгляў

Сэльва — гэта лес, а больш дакладна — джунглі. Там жывуць нафтавікі, лесасекі, ягуары, індзейцы, якія жывуць лесам і ракой. Іх часам можна напаткаць у сталіцы лясной правінцыі. У іх ёсьць свой кароль. Гэта яшчэ даволі малады чалавек. Я аднойчы сустрэў яго. Сярэдняга росту, чорныя валасы да плеч забраныя скураным паском, кашуля з кароткім рукавом, шырокі расшыты золатам пас, на ім у похвах — вялізарны нож-цясак, джынсы з бахрамою па швох, высокія камусавыя шнураваныя боты. За ім, крыху на адлегласьці, два шырэзныя хлопцы, без кашуляў, але з татуіроўкамі, за плячыма ў іх… АКэМы, можа, і савецкай вытворчасьці.

Сам правадыр, кажуць, атрымаў адукацыю ў Нямеччыне, жонку сабе прывёз з Бэльгіі. Калі ён даведаўся, што я з СССР, то паціснуў мне руку й прамовіў: «Hermano».

Гэта па-нашаму «братка». Я ў адказ паціскаю яму руку й кажу, што мы таксама былі партызанамі, guerrilieros па-іхняму.

Анды

Горы ёсьць у Крыме і ў Грузіі. Крымскія горы зусім несур’ёзныя: з аднаго боку — стэп, з другога — мора. А тут горы — паўсюдна. Пачынае тужыць вока, і я ўсьведамляю, як прыгажосьць і веліч могуць быць прыгнятальнымі. Усё наўкол на тысячы мэтраў над морам. Самая маленькая гара — Ілало, яе тут лічаць курганом, яна узьнялася «ўсяго на 907 мэтраў». З кожным днём ціск гэтых каменных крушняў на мяне расьце. Мне пачынае здавацца, што яны абкружаюць мяне кожны дзень на некалькі сантымэтраў бліжэй. З кожным днём ідэя пра маіх сармацкіх продкаў, што перасякалі на сваіх вазах лесастэп, робіцца мне ўсё больш роднаю. Велiч можа прыгнятаць — так імпэрыя кладзецца невыносным цяжарам на плечы маленькага народа.

Археалёгія

На Ілало я ўсёткі залез, а калі больш праўдзіва, мяне туды завезьлі, бо туды пракладзеная асфальтавая шаша. Там проста пад нагамі гісторыя ўпартых цёмнавалосых людзей. Я падымаю ў кішэні абсыдзіянавыя наканечнікі стрэлаў, каменныя кулі для прашчаў, кавалачкі кухоннай керамікі з арнамэнтам. Я мог бы ўсё гэта прывезьці сюды, але няхай застаецца там, дзе й ляжала. Мае кішэні ізноў лёгкія. Я думаю пра раскрадзеную Айчыну.

Рускі мядзьведзь

Ці ня кожны дзень прыходзіцца даводзіць, што ты ня рускі. Гэта стамляе й раздражняе. Для іх усе з СССР — рускія, а значыць, не адчувальныя да холаду.

Удзень тут амаль заўсёды пад сорак, затое ў горнай рацэ — плюс дванаццаць. Пляменьнікі маёй жонкі глядзяць на мяне й чакаюць. Я змушаны спраўдзіць іхнія надзеі. Я даю нырца й мужна змагаюся з плыньню. Тыя дзесяць-пятнаццаць хвілінаў мне падаюцца вечнасьцю. Нарэшце я выскокваю на бераг. Абдымаю ўгрэты камень і не адчуваю ягонага цяпла. Бачу сваю руку, прыгадваецца сьціплая кветка фіялка. А цяпер даводзь, што ты — ня рускі.

Белы індзеец

У мястэчку я знайшоў цэлую кучу ламачча, і цяпер мы зь Янам штовечар палім камін. Там мы пячэм касаву, бананы, бульбу й цыбулю. Ян вельмі любіць печаныя стравы, і агонь яму падабаецца. Ён нецярплівы, а таму апякаецца, і лапкі, і пыска ягоныя ў прысаку. Ён і сам нагадвае печаную бульбіну.

Успамін для бацькі

— І што, сынок, жалезнае дрэва там расьце?

— Расьце, тата.

— А што зь яго робяць?

Індзейцы раней зь яго рабілі дзіды й мачугі. Куды яго ўжываюць цяпер, ня ведаю. Хаця зьдзіўляюся, як яго індзейцы апрацоўвалі. Я раз паспрабаваў перапілаваць брусок з руку таўшчынёй, дык працаваў над ім мокрую ад поту гадзіну.

Палітыка

Неяк міністар унутраных справаў правяраў парадак на вуліцах начнога Кіта. Раптам ён пачуў голас:

— Прывядзі мне каня!

Вакол жа нікога не было, акрамя помніка маршалу-вызваліцелю Антоніё Сукрэ. Калі ж загад прагучаў трыкроць, ашалелы міністар зразумеў, што да яго зьвяртаецца помнік.

— Што сэньёр жадае?

— Бачу, народ дабіўся да ручкі, а таму неабходна ізноў распачаць паход за вызваленьне.

— Я зараз, хуценька, — паабяцаў міністар і пабег да Прэзыдэнта.

Прэзыдэнт спачатку ня даў веры міністру, але вырашыў праверыць усё на свае вочы. Калі парачка падышла да помніку, то расчараваны й разьюшаны маршал зьвярнуўся да міністра:

— Хлопча, я ж прасіў прывесьці каня, а не асла.

Сукрэ

У Балівіі Сукрэ — гэта назва афіцыйнай сталіцы, у Вэнэсуэле й Калюмбіі — назва штатаў. У Эквадоры сукрэ — гэта грашовая адзінка. Літаральна за год яна патаньнела ў пяць разоў. Яшчэ зусім не старыя людзі любяць прыгадваць, колькі раней яны маглі набыць за адзін ці некалькі сукрэ, а старажылы наогул прыгадваюць кошты яшчэ ў сэнтава (1 сукрэ = 100 сэнтава).

Ня так даўно я даведаўся, што сукрэ ў Эквадоры — гэта ўжо толькі помнік. Краіна перайшла на «сукрэ» з партрэтам іншага вызваліцеля: Дж. Вашынгтона.

На нашых грашах спачатку перастралялі ўсіх зьвяроў, а зараз, кажуць, надыдзе чарга Акадэміі Навук на паперцы наміналам у адзін рубель. І відаць, мы яшчэ ўбачым на сваіх грашах выявы Залатога Колца, так і ня ўбачыўшы тых мітычных Талераў.

Успамін для бацькі

— Сынок, а сьвініну яны ядуць?

— Ядуць...

— Дык яны не мусульмане?

— Не. Яны каталікі.

—Палякі?

У бацькавым голасе чую застарэлую непрыязь заходняга беларуса да «паноў». Я пярэчу:

— Не, тата, яны — не палякі.

— Дык ты сам кажаш, што яны каталікі?

— Каталікі, але не палякі.

— А як гэта можа быць?

— Шмат народаў у сьвеце спавядаюць каталіцкі сымбаль веры, але палякамі не зьяўляюцца, — тлумачу я.

Бацька мяне ўжо ня чуе. Ягоная рука чухае патыліцу, а твар выражае поўнае непрыняцьце маіх словаў: маўляў, як гэта можа быць — каталікі, але не палякі?

Неяк наш Пр. улучыў армянскі народ да ліку праваслаўных.

Індзейскія сьвіньні

Чорныя, худыя, брэшуць, нібыта твае сабакі, і бегаюць па вуліцах мястэчка разам з сабакамі: часам між імі ўзьнікаюць бойкі за лепшыя кавалкі, індзейскія сабакі амаль заўсёды саступаюць сьвіньням, яны яшчэ худзейшыя й драбнейшыя. Час ад часу гэтых сьвіньняў б’юць, рэжуць, колюць і гатуюць іх цалкам у печцы разам з гароднінаю. Сабакі звычайна заканчваюць жыцьцё пад коламі аўтамабіляў.

Яшчэ індзейцы вельмі шануюць у якасьці ежы надзвычай сымпатычных марскіх парсючкоў. Я так і ня змог пакаштаваць гэтай стравы, вагаючыся між шкадаваньнем і гідлівасьцю, бо тушка гэтага парсюка надта ўжо нагадвае пацука.

Марскі парсючок у мове індзейцаў-кечуа гучыць для нашага вуха амаль нецэнзурна: КУЙ. Чэснае слова!

Ламы

Лама ў Эквадоры — гэта не манах, а жывёла.

— Нашыя ламы амаль як вашыя вярблюды, — кажа мне Луіс-Антоніё.

Я сьмяюся й спрабую ўявіць лепшага сябра бедуіна ў прахалодна-вільготным Прынямоньні. Вось ён вялікімі жоўтымі зубамі перацірае сухую кашанку, пакуль мужыкі грузяць на арбу мяхі з бульбай.

Я сьмяюся, але адыходжу крыху далей, бо гарбатая жывёла сьвідруе мяне злым чорным вокам. Я добра ведаю, што лама можа стрэліць добрай порцыяй сьліны ў таго, хто ёй не даспадобы.

Воўна ў ламы мяккая й грэйкая. Я гэта ведаю добра. Я маю швэдар з гэтае воўны.

Кітэньё

Полацак — палачанін, Гомель — гомелец, гамяльчук, гамяльчанін, Слуцк — случак, Вільня — вілянчук, вілянчанін, віленец; з Наваградкам — цяжэй: наваградчанін, новагародзец.

Сталіца Эквадора называецца Кіта. Дык як гэта будзе: кіцец, кітаец. Неяк нягегла.

— Soi — quiteсo! — з гонарам кажа Луіс-Антоніё-малодшы.

Кітэньё. Лоўкае слоўца! Дарэчы, «эквадорац» — гэта ўжо на другім мейсцы.

Полацак — палачанін, Рым — рымлянін, Бялград — бялградзец, Кіта — кітэньё, Мінск — мінчанін, мінчук. Атрымоўваецца, нібыта ён нешта там мінае. Ці ўсё ж такі: Менск — мянчук, мянчанін. Месца, дзе людзі мяняліся зь людзямі.

Дарэчы, слова «кіта» на мове кечуа азначае экватар, ці «эквадор» па-гішпанску.

Землятрус

Сонца ўжо густа напаліла паветра, і я шукаў прахалоды між жоўтымі мурамі. На другім паверсе я паставіў маленькі столік, да століка я далучыў зэдлік, і там я густа запаўняў аркушы паперы акруглымі літарамі й запіваў цыгарэтны дым кантрабанднаю калюмбійскай кавай.

Блізіўся час абеду, і раптам я адчуў, як нешта ўдарыла мне ў ногі. Боль быў кароткі, усяго на адно імгненьне, але пасьпеў пранікнуць да сэрца й да галавы, у вачох пацямнела, а грунтоўныя муры пахіснуліся.

Я спусьціўся са свайго «Алімпу», ці «Парнасу», і распавёў пра гэта. Мне ў адказ ветліва пасьміхнуліся. Пасьля ў «Навінах» паведамілі, што адбыўся невялікі землятрус недзе пад чатыры балы. На мяне паглядзелі са зьдзіўленьнем і зь нейкай крыху містычнай павагай.

А я мяркую, што нічога тут дзіўнага няма. Іх тут часта трасе. Яны прывыклі. А я вось не прывык і не хачу прывыкаць.

Ахі

Эквадорцы ў адным нібыта й не лацінаамэрыканцы. Іхняя кухня можа быць абсалютна разнастайнай, але з астатняга кантынэнту яе адрозьнівае амаль поўная адсутнасьць тых інгрыдыентаў, што апякаюць рот.

Памятаю, неяк адзін сябар мяне пачаставаў аджыкай, прывезенай з горнай абхаскае вёскі. Ужо й ня помню, колькі гарэлкі мне прыйшлося перакуліць, каб загасіць пякельнае полымя ў роце, горле й страўніку.

Тутэйшую эквадорскую прыправу я еў проста так, поўнымі лыжкамі й нават бяз хлебу. Называецца яна «ахі», і галоўным кампанэнтам у ёй — памідоры. Людзі дзіваваліся, што я ем яе й ня моршчуся.

Успамін для бацькі

— Бывае, вазьму памідор, разрэжу яго, пасыплю сольлю, перцам і ем, а яны дзівуюцца.

— Чаму?

— Маўляў, навошта есьці памідоры, калі вакол столькі садавіны?

— Дык а што яны тады ядуць?

— Бананы, ананасы, какосы, авакада, чырымою, маракую, гуаяву, гуанавану...

— Гэтым, сынок, не пад’ясі...

— А рыс, крупы, рыбу, мяса, бульбу, макароны...

— І што, бульба ў іх расьце?

— Тата, колькі табе разоў казаць, што іхняя краіна — радзіма нашай бульбы!

— А хлеб?

— Хлеба амаль не ядуць.

— Як гэта хлеба не ядуць? Бяз хлеба, сынок, не наясіся.

Бацька любую ежу спажываў пад хлеб. Можа, і ня надта ён каб і любіў хлеб, але колькі месяцаў у юначым узросьце на пайцы ў пяцьдзясят грамаў кукурузнае мукі напалову з апілкамі прымусілі яго ўсё жыцьцё дадаваць хлеб да любой стравы. Так што выслоўе «есьці сала з салам» было не на ягоную адрэсу.

— І што, сынок, ананасы там ёсьць?

— Іх там цэлыя палі.

— ..?

Бацька ўявіць не жадаў, што такі экзатычны «фрукт» расьце проста зь зямлі, нібы бручка на калгасным полі.

— А какосы ты каштаваў?

— І малако ў іх, тата, ніякае не малако, а нейкая мутная вадзічка, наш бярозавік куды як смачнейшы.

— А сам гарэх?

— Мыла, натуральнае мыла, перад лясным гарэхам гэтыя какосы, як ты, тата, кажаш — гаўно.

— Хлусіш! — не вытрымоўвае бацька.

Бачу бацькавыя крыху злосныя ад абурэньня на мяне вочы й заціхаю. Унутрана я згодны зь ягонай лёгікай. Калі б гэтыя какосы былі б такія нясмачныя, як я казаў, то не лічылі б іх за экзатычны далікатэс.

Можа, я й перабольшыў, але, далі Бог, тое, што вырасла на нашае зямлі, мае куды больш багатую гаму смакаў. Усё ў нас — кісла-салодкае, а ў іх усё альбо кіслае, альбо салодкае.

Прытча. Дзесяць тысяч імёнаў Бога

Неяк ішоў індзеец па лесе й нечакана праваліўся ў яму, што паляўнічыя выкапалі, каб злавіць ягуара. У яме індзеец аглядзеўся і ўбачыў, што ён не адзін: побач зь ім быў ягуар. Індзеец страшэнна спалохаўся, але здолеў захаваць зьнешні спакой. Ягуар зірнуў на чалавека й спытаў яго:

— Слухай, чалавеча, я адпушчу цябе, калі ты мне назавеш імя Бога.

Індзеец зусім разгубіўся, бо быў чалавекам цёмным і малаадукаваным, дзе яму было ведаць такія рэчы, а таму ён узмаліўся да зьвера:

— О, Ягуар...

І тут ён зразумеў, што ізноў крочыць па лясной сьцежцы ў кірунку сваёй хаты.

Што ж, у кожнай яме — свой Бог.

Успамін для Вольгі К.

Калі ты ня вельмі галодная, а сонца ўжо ажно занадта напякло ў галаву, то зайдзі ў любы маленькі рэстаранчык і вазьмі на замову салату з садавіны, і табе празь некалькі хвілінаў усьмешліва-зычлівая гаспадыня прынясе велічэзны сподак з цалкам спажыўным нацюрмортам: кавалкі бананаў, папаі, дыні, кавуна, манга, авакада, маракуі, лімы, ананаса — і ўсё гэта будзе шчодра заліта жывым лімонным і апельсінавым сокам, дарэчы, у залежнасьці ад сэзону і ад густу самой гаспадыні.

Так за нейкія дванаццаць цэнтаў на смак пазнаецца краіна, падзеленая экватарам на дзьве амаль роўныя палавіны.

Калі табе напякло ў галаву...

 кантакт з рэдакцыяй: zn@medisont.com 

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія