Зьміцер Вішнёў
Запіскі беларускага тэрарыста
1. ДАКУМЭНТАЛЬНЫ ПОЛЮС
Я — новы эмігрант. У гэтым я пераконваюся, гартаючы Дэмаграфічны энцыкляпэдычны слоўнік, выдадзены ў 1985 годзе ў маскоўскім выдавецтве «Савецкая энцыкляпэдыя»: «Эміграцыя (ад лац. emigro — высяляюся, перасяляюся), 1)перасяленьне (добраахвотнае ці вымушанае) у iнш. краіну на пастаяннае ці часовае (на доўгі тэрмін) пражываньне. Э. як зьява сучаснасьці найбольш характэрная для капіталістыч. краінаў і тых, што знаходзяцца ў стадыі разьвіцьця, дзе яна выклікаецца гал. чын. беспрацоўем, безьзямельлем сялянаў і iнш. экан. цяжкасьцямі, сацыяльнай ці нац. няроўнасьцю, пераследваньнем па палітыч., рэліг. і iнш. матывах і г. д. Э. можа рабіць знач. уплыў на кольк. і структуру нас. краінаў (наўстыч да абсалютнага скарачэньня нас., напр., у Ірляндыі ў 1840–1960, у Партугаліі і Грэцыі ў асоб. гады 1960-х — пач. 1970-х гг. Гл. Міграцыя насельніцтва».
2) Сукупнасьць эмігрантаў, што жывуць у нейкай краіне. С.М. Ракоўскі”...
Па ўсім бачна, што мы перагналі шмат краінаў у сфэры барацьбы з хатнімі паразытамі. Я маю на ўвазе блышак, прусакоў, камароў, клапоў, мурашоў і г. д. Мяркую, у нас самыя моцныя прэпараты па вынішчэньню ўсялякіх гідкіх вусякоў. Таму й ня дзіўна, што большасьць беларускіх творцаў гэтак актыўна выпраўляюцца ў розныя краіны... абменьвацца карысным вопытам. Так-так. Нашыя мастакі, літаратары, музыкі, навукоўцы, кухары, прыбіральшчыкі і г. д. з «энтузазызмам» уключыліся ў сусьветныя працэсы па будоўлі сацыялістычнай хаты. «Будуем рыначны сацыялізм», — здаецца, гэтак ахарактарызаваў сытуацыю спадар Аляксандар Рыгоравіч Лукашэнка.
Я — эмігрант. Працу літаратурнага кансультанта ў Саюзе беларускіх пісьменьнікаў я зьмяніў на вучобу ў Маскве. Гэта нечым нагадвае мне высылку. Хоць і добраахвотную. Добрае выйсьце з канфліктнай сытуацыі. Апошнія тры гады быў змагаром за постмадэрновае і постпостмадэрновае мысьленьне на абшарах постсавецкай пісьменьніцкай арганізацыі. Прычым у асобе Вольгі Іпатавай ворага ніколі ня меў. Але я пераканаўся, што мазгі некаторых іншых гэтак званых «пісьменьнікаў» закасьцянелі да немагчымасьці. Дзякуй Богу, што я не ўступіў у члены гэтай арганізацыі й ня здрадзіў унутранаму пачуцьцю свабоды. Хоць і лічу мэтазгодным існаваньне падобнай структуры на Беларусі. Сэмінары маладых літаратараў, юбілейныя вечарыны і г. д. — тое, што ў іншых краінах выконваецца Міністэрствам культуры — у нас часьцей за ўсё ажыцьцяўляецца дзякуючы СБП.
Бліжэйшыя два гады мне наканавана правесьці на прасторах Масквы. Гэткае шчасьце звалілася ня толькі на маю галаву. Так, мой сакурсьнік па Вышэйшых літаратурных курсах Уладзімір Сьмірноў прыехаў з Латвіі — калярытная асоба. Ходзіць па інтэрнаце літінстытута ў вопратцы расейскага спэцназа, а хлопчыку, здаецца, даўно за сорак. Ужо не зусім маладзён. Трошкі лысаваты. Кажуць, што нібыта працуе ў газэце «Літаратурная Расія», хоць ня выключана, што хлусяць. Кожны раз, калі я натыркаюся на яго ў інтэрнаце, дзе мы жывем на адным паверсе, я чую ў свой бок нецэнзурную расейскую лаянку. Як толькі ён мяне не называе — здаецца, усё перабраў. Прычым перамяжоўвае гэта смачным — «бульбаш». Дэмакратаў ён лічыць свалачамі. А ўсіх латышоў называе фашыстамі. І кажа пра гэта зь пенай на роце перад усімі сакурсьнікамі й прафэсурай. Ну проста цуд. Кажуць — палітычны. Дэпартавалі бедалагу. У турме пратрымалі два гады. Прычым пляткараць, што «хлопчыка» мясцовыя зэкі білі й вельмі зь яго зьдзекваліся.
І такіх «кадраў» вакол шмат. Таму я зусім не разумею тых, хто кажа, што нам сумна жыць. Хоць, прызнаюся, першы час, недзе каля двух тыдняў, коўзаўся па Маскве воўкам. Нездарма ж гэтак клічуць слухачоў ВЛК (а часам я думаю, што гэта вытворнае ад Вялікага Княства Літоўскага). Я нават напісаў цыкль вершаў «Запіскі тэрарыста», дзе выявіў усю сваю чмутловую нацыяналістычную сутнасьць. І таму кніга ўкраінскага постмадэрніста Юрыя Андруховіча «Маскавіяда», здабытая ў Масковіі, лягла на душу цудадзейным бальзамам. Быццам атрымаў сябра, няхай і на адлегласьці. Бо жыў спадар Юры ў тым жа інтэрнаце, меў тыя ж «чмутловыя» нацыяналістычныя погляды на жыцьцё. Дзякую, сябра.
Ня ведаю чаму, але сучасная Расея мне нагадвае вялізную баржу, дзе прытуліліся ўсе каму не лянотна. Так, спадар літаратар Паташоў, што прыехаў з Сыктыўкара, мне падаецца таксама эмігрантам. Ён напалову расеец, напалову — марыец. Любіць выпіць за расейкі імпэрыялізм. На гэтай глебе мы ледзь не пабіліся. Бо сучасная Масква — гэта не зусім Расея, гэта асобная вялікая краіна. Тут на кожным кроку — вiетнамцы, айзэрбайджанцы, мурыны, кітайцы, грузіны і г. д. Кажуць, што на сёньняшні момант у Маскве толькі афіцыйна зарэгістраваных мусульманаў паўтара мільёны. Праўда, гэта зусім не перашкаджае існаваньню расейскага шавінізму. Прычым ён выяўляецца ў самых розных казачных формах. Для сябе ягонае існаваньне я спрабую апраўдаць — маўляў, алергічная рэакцыя на нацыяналiзм у рэспубліках былога Савецкага Саюза. Трошкі супакойваюся.
Нават цяпер я размаўляю па-расейску са страшэнным беларускім акцэнтам. Поўны набор зброі. Здаецца, што маё дзеканьне й цеканьне — аргумэнт за незалежнасьць Беларусі. Усе выпады расейскіх апанэнтаў — маўляў, вашыя дзяржаўныя кіраўнікі кажуць па-расейску — аспрэчваю. Не па-расейску, а на трасянцы. Сумесі. Атрута для хатніх паразытаў.
Вельмі прыкольна прачнуцца зранку, прашпацыраваць па калідоры інтэрната й заспаным голасам паведаміць паэтцы Н.: «Прывітаньне. Чаму ў адзіноце паліш?» А потым даходзіць: ты ж па-беларуску гутарыш, а чалавек расейскі й ні халеры цябе не разумее. Выбачаесься. Прыгадваецца Ўладзімер Арлоў: «Я так і думаў: / тут амаль ніхто / (калі не лічыць мяне) не гаворыць па-беларуску, / але, / каб ты была са мною, / гэты дробны недахоп / імгненна ператварыўся б / у велізарную перавагу...»
У нас на Беларусі значна больш прыгожых дзяўчат на адзін квадратны мэтар. Магчыма, гэта суб’ектыўнае меркаваньне. Псыхалягічна я адчуваю сябе больш камфортна сярод беларусак, чым сярод масквічак. Справа не ў грошах. Здаецца, і iнтэлект тут не прычым. Проста нашыя дзяўчаты ідуць лепш на кантакт. Да прыкладу, у Маскве ў мэтро неяк не прынята знаёміцца. У Менску — няма праблемаў. Беларускі часьцей «страляюць вачыма». Затое расейкі раптам могуць зірнуць і будуць глядзець табе проста ў вочы, прычым створыцца адчуваньне, што ты — рыбіна на кручку. Гэта ня значыць, што з расейкамі нельга сябраваць. Проста ў мяне вялікая настальгія па Менску.
Паралелі праводжу паўсюль. Нацягваю гэтыя струны паміж нашымі краінамі й выступаю ў якасьці дырыжора. Здаецца, што ў гэткія моманты вежы абедзьвюх дзяржаў гудуць, нібы мачты ў буру.
«Пахне рускім духам», — паскардзіўся мне пры сустрэчы паэт Андрэй Хадановіч.
2. МАСТАЦКІ ПОЛЮС
1) Безумоўна — Афеліі тут не было. Хтосьці ўтыркнуў у сваю шыю нож. Хрып чырвоным дымам выпаўз у акно. Я выпаў з балькона. Гэта было банальна. Але балюча. Тым ня менш дзень усё яшчэ быў белым пузам на сіняй талерцы.
2) Бульдогі з барвовымі вачыма грызьлі труп. Пахла мятай. Ня ведаю чаму, я стаяў і паліў цыгарэту. Дым ператвараўся ў склізу і асядаў на вочы чатырохгадовай дзяўчынкі. Я зрэдчас кашляў і ціха чытаў вершы Паўлюка Шукайлы. Было чамусьці сумна.
3) На Тверской узарвалі дом. Чырвоным піражком ён плюхнуўся на арэх прашпэкту. Быццам пекар зарагатаў і кінуў кавалак атруты сабакам. Усе здохлі. Нават пацукі. А я шкандыбаў у гэты момант па вуліцы Руставэлі й падморгваў дзяўчынцы з усходнім тварам. Яна моршчыла свой белы адпаліраваны пад мармур лоб. Выгінала тонкі дрот броваў. І качала, качала па твары сунічную лістоту.
4) Так. Думкі ператвараліся ў семкі. Чорнымі плямамі яны клаліся на ружовы язык і, як клапы, разьбягаліся ад жоўтых біўняў маманта.
5) Дзе мае сябры — Альгерд, Сяржук, Юрась, Ільлюк, Віктар... і іншыя? Атрад зубастых ваяроў. У кожнага — вялізны бліскучы кінжал і чорны амэрыканскі аўтамат. Цудоўныя хлопцы.
Я сяджу на Чыстых сажалках. Лаўка, быццам пітон, хапае начную машкару. Дрэвы бягуць расьціснутымі шпаламі. У ветра шурпаты нос — сабака. З кішэні я выцягваю пляшку — гэта беларуская гарэлка «Крышталь». Значыць, вельмі чыстая, празрыстая. Амаль крынічная. Свая. Значыць, завыю воўкам. Буду грызьці калымскі мак.
П’ю глыткамі. Гарэлка падобная да скарпіёнаў. Спрабуюць ужаліць і раптам адпаўзаюць. Але джала перад вачыма скача маятнікам гадзіньніка. Таму маё чайнае вока вывальваецца вонкі й манетай коціцца ў бок прыгожай масквічкі. Я нават бачу, як мая зрэнка-камета выпраменьвае расейскага дзвюхглавага арла. У горле зьбіраюцца скарпіёны. І я задыхаюся.
6) У трынаццаць гадзінаў. Калі вусы тырчаць, як падкова. Калі вакол мяне сядзяць круглыя совы. Калі дзьверы — на засоўку. Калі з кузава куфра, нібы з бруха чарвяка, я выцягваю гарпун-сьцінгер. Хер Сьцівен. Тады я чую дзіўны дзікі кліч. Так-так, вены бурбочуць лічбамі.
Так-так. Гірамі на пысе нацыі шавінізм. Акацыі плачуць і мармычуць пра ананізм. Здохлі-здохлі нэалягізмы. Паўсюль стоэтажныя хаты. Пыхкае цыгарай генэрал Хатаб. Рыпаюць матрасы, баркасы, гандлёвыя баржы й штаб. І я ў чатыры раніцы здымаю плашч на панцыры Чырвонай плошчы. Перад вачыма чамусьці белыя коні.
7) Стрэл — быццам кінуў вестку. У галаву аднагодка. Адкруткай забіваю прусакоў. І слухаю песьні зь вігвама. Вам варта прызвычаіцца да пакутных хатніх ворагаў. Адкрыецца брама апраметнай. Будзьма качаць гамак. Я не чалавек — я маг. У мяне ня сэрца, а гама.
8) Ліпкія пальцы тузалі мёртвае цела. У цэляфане ляжала канюшынае рэха. «Няўжо?» — кажуць адны. «Ня можа быць!» — усклікнуць другія. «Магчыма, — кажу я, — вы проста сьмярдзючыя рэалісты. Мне пляваць на вас сінімі ядавітымі пляўкамі. Сернымі. Каб насьмерць».
А ў пальцах была свая прыгажосьць. Зьдзіўляла іх даўжыня. Белата. І цішыня.
9) Масква. Гэтыя кілямэтровыя масты. Бэтонавыя дамы. Чырвоныя дзюбы Крамля. Павуціньне падземных тунэляў. І я. У руцэ граната. Яна блішчыць вокам тыгра. Мне падаецца — яна працінае маё вока. Вока армагедонца.
Свабода — гэтае слова грукоча жалезнай пілюляй па сьценках майго кішэчнага тракту. Галава мая — танк. Шмат кніжак Канта. Вежа круціцца. Шыя — канат. Снарад пад затвор. Стрэл. Атрымайце жука па прысуду. Я — ня сука! Я — посуд для зграі вольнага народу! Ямо чорныя высілкі! Усіх вырадкаў — на насілкі! І ў норы!
10) Я — беларускі сэпаратыст! Парымся ў ружовай лазьні й робім патарчызм. Серп у руцэ — кастэтавы аметыст! Аніякіх мэтысаў. Толькі порыстыя ўцёсы выкідаў. Савецкае сіта. Толькі сінія прапітыя твары артыстаў! І вядомы хакеіст Фецісаў. Але мы — сэпаратысты!
Будзьма жаць пшаніцу! Усіх парэжам фрыцаў! Пунсовыя камбайны (камуністычныя байкі) нашага й вашага бацькі-дыктатара (Батый-дэтанатар) — гэта вам не гранатамёты Ічкерыі! Маторныя рэкі. Бранзаваныя рэйкі. Паўсюль карцеч і самалётны меч. Моль танчыць мячамі.
Бярыце, бярыце беларускую катаракту на талерку з рускай! Зварыцца калач і плюне мухай!
11) Масква... Думкі цякуць ракой. «Чым ты прывабіла гэтыя натоўпы айзэраў і выгнаньнікаў з Латвіі? Грашыма? Магчыма. Але сёньня я зьдзейсьню захоп падводнай лодкі (чым ня маг?), што хаваецца ў цэнтры горада (горы як гора)».
Рукі ператвараюцца ў вялікія бурштынавыя пальмы. Пальцы-п'яўкі шукаюць за пазухай дынаміт. Сапраўдны какосавы сок не дыміць. Паласатае цела рыпіць. Гэта — восы выляцелі на ўсход. Наздрыны — каналізацыйны сток. Галава — кантрабасны каток.
12) Мая душа шырыцца й плыве па прашпэктах Масквы. Нібыта тысячы маскітаў. А за імі атрутны кіт. У нагах чвякае нэрвовы цік. Гэта гадзінавы цьвік. Яму няма канца. Няма пачатку. Ён у вечнасьці. Вены пырскаюцца не крывёй, а рэчывам — грукатам. Ствараюцца гукавыя бухты. Там гудуць хромавыя параходы. І хтосьці есьць ня ход-дог — шаурму. Адзін чалавек. Адзін тэрарыст. Я.
2001, Масква