БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Партнэры... | Выдавецкія сэрыі...Аўтары...

 
Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён  
[Allegro.pl]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Абажур
  •  Akcent

     
Białoruski

  • 
Annus
      Albaruthenicus
  •  АRCHE
  • 
Асамблея
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  • 
БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
     Сборник

  •  Бельскі
     Гостінэць

  •  Гістарычны
     Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Дзеяслоў
  •  Druvis
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Палітычная

       
сфера

  •  Паміж
  •  pARTisan
  •  Правінцыя
  •  Рэзыстанс
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы
  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Беларуская Палічка Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

ПУБЛІКАЦЫІ МАГІЛЁЎСКАГА ТАВАРЫСТВА БРАМА НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
TERRA ALBA 1 / 2000

ПРАБЛЕМА ПАДРЫХТОЎКІ І ВЫДАННЯ ЗБОРУ ТВОРАЎ АРКАДЗЯ КУЛЯШОВА

М. І. Мушынскі


Практыка літаратурна-творчага і навуковага жыцця яскрава пацвярджае справядлівасць думкі пра вялікую ролю Збору твораў пэўнага пісьменніка ў актывізацыі вывучэння яго спадчыны. Сказанае можна пацвердзіць шматлікімі прыкладамі – з гісторыі выдання Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, М.Гарэцкага, К.Чорнага, І.Мележа і мн. інш. Шматтомнае выданне ўспрымаецца як праява грамадскай увагі і павагі да творцы, як прызнанне ягонай ролі ў духоўным жыцці народа. Збор твораў наглядна пераконвае чытацкія колы ў рэальных маштабах таленту пісьменніка, і зусім лагічна, што даследчыкі аператыўна адгукаюцца на гэтую падзею. Тым болей, што на такі крок іх правакуе змест выдання: у новы Збор твораў, як правіла, уключаюцца і невядомыя да таго часу творы, і архіўныя матэрыялы, якія даюць магчымасць інакш ацаніць тыя ці іншыя аспекты дзейнасці мастака слова. Што датычыць новых твораў, дык гэта, апроч традыцыйных жанраў, публіцыстыка, літаратурна-крытычныя артыкулы, эпісталярый, дзелавая, службовая перапіска, інтэрв’ю, выступленні на літаратурных вечарах, сустрэчах, чытацкіх канферэнцыях, адказы на анкеты, дароўныя надпісы на кнігах і фатаздымках, подпісы пад калектыўнымі заявамі і зваротамі, паметы на ўласных кнігах, рэдактарскія праўкі і г.д. Натуральна, што прыгаданыя тут жанравыя формы разам з уласна мастацкімі творамі істотна пашыраюць ранейшыя ўяўленні пра пісьменніка, пра той уклад, які ён унёс і ў прыгожае пісьменства, і ў іншыя галіны навукова-грамадскай дзейнасці. А новыя звесткі, прыведзеныя ў каментарыях з іншага боку ўзбагачаюць ранейшыя веды пра твор ці пэўны перыяд творчасці – уводзяць чытача ў пісьменніцкую лабараторыю, раскрываюць гісторыю ўзнікнення задумы твора і шляхі яе рэалізацыі, гісторыю публікацый і перапрацоўкі тэксту, успрыманне твора крытыкай.

Усё сказанае тут мае непасрэднае дачыненне і да А.Куляшова, спадчына якога, на вялікі жаль, і да сённяшняга дня як след не сабраная і належным чынам не выдадзеная. Гадоў пятнаццаць таму аддзел выданняў і тэксталогіі Інстытута літаратуры Нацыянальнай Акадэмии навук Беларусі распачаў было працу над першым навукова-каментаваным Зборам твораў народнага паэта ў 7-мі тамах. Але па прычынах, якія ад тэкстолагаў не залежалі, праца была часова перапынена. Перапынак, як бачым, недаравальна зацягнуўся, і гэта не можа не турбаваць прыхільнікаў творчасці выдатнага беларускага паэта. Прыкрая несправядлівасць у дачыненні да мастака, які значна ўзбагаціў беларускае вобразна-паэтычнае слова, павінна быць зліквідавана.

Але намаганняў вузкага кола спецыялістаў-тэкстолагаў, як гэта мела месца ў папярэднія дзесяцігоддзі, сёння ужо недастаткова. Высокаякасная падрыхтоўка Збору твораў у наш час ускладнілася фінансава-эканамічнымі праблемамі, фантастычным коштам паперы, іншымі відамі непад’ёмных друкарскіх паслуг. Нешматлікія кадры выдавецкіх работнікаў недапушчальна перагружаны. Інакш кажучы, каб паспяхова вырашыць складанае пытанне падрыхтоўкі Збору твораў, патрэбны калектыўныя намаганні тэкстолагаў, архівістаў, гісторыкаў літаратуры, спецыялістаў па творчасці А.Куляшова.

У чым жа асноўныя цяжкасці, якія чакаюць калектыў маючага быць выдання? Іх, цяжкасці і перашкоды, апроч прыгаданых вышэй фінансавых момантаў, члены калектыва павінны ўсведамляць яшчэ на падрыхтоўчым этапе. У першую чаргу гаворка ідзе пра вялікі аб’ём пошукавай працы – па друкаваных крыніцах (перыя-дычныя выданні, калектыўныя зборнікі, альманахі і г.д.), па архівах, прыватных і дзяржаўных. І ўсё гэта – дзеля максімальнай паўнаты новага Збору твораў. Па-другое, выданне павінна быць забяспечана і новым гісторыка-літаратурным каментарыем, у якім бы знайшлі сваё адлюстраванне сучасныя погляды вучоных на літаратурны працэс 20–70-х гг. і на творчасць А.Куляшова.

Аддаючы належнае аўтарам даследчых прац, напісаных у 50 – 60-я гг., нельга разам з тым не прызнаць, што многія ацэнкі, якія там утрымліваюцца, сёння ўжо не задавальняюць. У адных выпадках ацэнкі празмерна агульныя, ім бракуе доказнасці. Пры гэтым даследчыкі іншы раз старанна абміналі вострыя сітуацыі ў сюжэце таго ці іншага твора. Спашлюся на шырока вядомую сцэну пакарання Мікіты Ворчыка са "Сцяга брыгады". Сучасны чытач крытычна ставіцца да трактоўкі віны героя паэмы, лічыць, што баец, які ў атмасферы ўсеагульнай разгубленасці, масавага адступлення Чырвонай Арміі на пэўны час страціў веру ў непазбежнасць перамогі над ворагам, не заслугоўваў такога жорсткага пакарання, якое над ім учынена. Тым болей, што яго расстрэльваюць употайку, нават бацькі ўпэўнены, што іх сын пайшоў бараніць Радзіму. Пры гэтым, гаворка ідзе не пра паэта, які нібыта "не так" паказаў падзеі першых дзён вайны, як яно ўяўляецца з вышыні сённяшняга часу, а пра даследчыкаў, што не пажадалі ставіць пытанне наконт суаднесенасці аўтарскай трактоўкі ўчынкаў дзейных асоб паэмы з паняццямі гуманізму, абароны чалавека як найвялікшай каштоўнасці. Камісар Зарудны і сцяганосца Алесь Рыбка замест учыненага самасуду над Ворчыкам, паводле элементарнай логікі і зыходзячы з патрабаванняў ваеннага часу, калі кожны салдат быў патрэбен Радзіме, маглі б паўшчуваць нястойкага духам байца, дапамагчы яму зноў вярнуцца ў строй змагароў. Тым болей, што пасля самагубства жонкі Марыны, якую пан афіцэр дарэмна схіляў да салдацкага шлюбу на гадзіну, Мікіта псіхалагічна і маральна гатовы быў выканаць жончын запавет – адпомсціць ворагу.

Як бачна нават з гэтага адзінкавага прыкладу, – а іх нямала і ў паэме "Сцяг брыгады", і ў вершах, ў баладах, – аўтараў каментарыя чакае сур’ёзная аналітычная праца – па-новаму паглядзець на творы А.Куляшова, асэнсаваць іх змест з больш высокіх ідэйна-эстэтычных, маральных пазіцый. Памятаючы пры гэтым, што даследчык – не следчы, не суддзя, і яго задача не пошукі віны паэта, а вытлумачэнне таго, якімі прынцыпамі кіраваўся мастак, ствараючы той ці іншы вобраз, як на гэтыя рашэнні ўплываў час, ідэалагічныя ўстаноўкі эпохі, канкрэтныя абставіны жыцця і працы. Пра ўсё гэта сёння трэба гаварыць адкрыта, выразна, без боязі пакрыўдзіць пісьменніка, зменшыць яго ролю і значэнне. Гісторыя не раз ужо пераконвала: праўда не пагражае выдатнаму мастаку, яна не здольная прынізіць яго веліч, адабраць у яго славу.

Што датычыць твораў А.Куляшова 70-х гг. – вершаў, выдатных паэм "Варшаўскі шлях" (1972), "Хамуціус" (1974–1975), – дык і яны патрабуюць болей заглыбленага аналізу, разгляду іх зместу ў болей шырокім агульна-літаратурным і грамадска-культурным кантэксце. Высокі ўзровень майстэрства А.Куляшова на гэтым этапе дзейнасці павінен быць раскрыты, паказаны болей яскрава, наглядна, зноў жа – у болей разгорнутых супастаўленнях. Тытанічную працу А.Куляшова-перакладчыка таксама трэба цясней звязваць з яго пошукамі ў галіне нацыянальнай паэзіі і ліра-эпасу. Гэтыя формы творчасці арганічна звязаны як розныя сродкі самарэалізацыі таленту.

Няма сумнення: падрыхтоўка новага Збору твораў А.Куляшова актывізуе дзейнасць не толькі літаратуразнаўцаў, але і архівістаў, краязнаўцаў, бібліёграфаў, тых, хто працуе ў музеях, хто цікавіцца пытаннямі тэорыі і практыкі мастацкага перакладу, хто збірае дароўныя надпісы. Ажыццяўленне ж пастаўленай мэты павінна аб’яднаць усіх, хто шануе і цэніць багатую мастацкую спадчыну беларускага народа.

 


АРКАДЗЬ КУЛЯШОЎ І ТРАДЫЦЫІ БЕЛАРУСКАЙ "ПАЭЗІІ ДУМКІ"

М. І. Мішчанчук



Размова пра сучасную беларускую літаратуру была б няпоўнай без высвятлення праблем, звязаных са станаўленнем і развіццём медытатыўнай паэзіі. Аснову гэтай паэзіі, на нашу думку, складае павышаная рэфлектыўнасць, схільнасць да агульнай ацэнкі з'яў у святле такіх катэгорый, як жыццё і смерць, праўда і мана, свабода і рабства, хваляванне і спакой, вернасць, літасць, дабро і зло. На падобнай змястоўнай аснове нараджаецца павышаны рацыяналізм, неаддзельны ад зацікаўленасці навуковымі адкрыццямі, ад захопленасці навуковымі канцэпцыямі свету і чалавека. Філасофская лірыка як бы мабілізуе мастака слова на адкрыццё цэласнага жыцця, на выяўленне яго галоўных заканамернасцей. Паэты філасофскага складу мыслення жывуць клопатамі вялікага, перспектыўнага часу, глядзяць на сённяшні дзень як на пагранічча дня ўчарашняга з будучым (Л.Мартынаў), "паўмільярдны кіламетр паміж наступньм і былым" (А.Куляшоў). І ахопленая філасофскай лірыкай жыццёвая прастора таксама невымерна шырэйшая, чым прастора выяўленча-апісальнай паэзіі.

Стылявое афармленне беларускай філасофскай лірыкі ўяўляецца нам трохварыянтным. Першы варыянт – лірыка медытатыўная з апорай на апісанне і выяўленне, апісальна-выяўленчая па сваёй сутнасці. Яна не прэтэндуе на шырокі ахоп рэчаіснасці, адлюстраванне падзей у касмічньм маштабе, цэласнасці. Для яе дастаткова ўзяць факт і адкрыць у ім нейкую новую грань, павярнуць яго да чытача невядомай ці малавядомай сутнасцю. Прастора ў такой паэзіі даволі звужаная і замкнёная. Апісальна-выяўленчая лірыка грунтуецца на майстэрстве дэталі, часткі, а не цэлага.

Другі варыянт медытатыўнай паэзіі прадстаўлены імёнамі М.Танка, А.Вярцінскага, А.Русецкага. Умоўна яго можна назваць эталагічным, дыдактычным. Тут ужо на першым плане аказваюцца думка, разважанне, пошук адказаў на складаныя праблемы, імкненне даць цэласную карціну рэчаіснасці, дайсці да самых патаемных сховаў чалавечай душы. Стыль – больш жорсткі параўнальна са стылем апісальна-выяўленчай разнавіднасці паэзіі думкі. Голага лагізавання няма, але логіка ёсць, і даволі строгая, прадуманая. Не выключаючы эмацыянальнасць, аўтары медытатыўных твораў гэтага стылявога напрамку адухаўляюць, паэтызуюць думку, спадзяюцца на неабмежаваныя магчымасці чалавечага розуму, на яго пазнавальную сілу.

Філасофская лірыка эталагічнага характару, як і апісальна-выяўленчая, умела аперыруе мастацкай дэталлю, але заўсёды надае ёй шырэйшыя абсягі. Яе задача заключаецца ў большай ступені не ў тым, каб нешта канстатаваць, назваць, занатаваць, а каб вывесці з канстатацыі заканамернасць, а дэталі ў ёй – толькі штуршкі для выканання падобнай задачы. Яркім узорам падобнага падыходу да адлюстравання свету ў мастацкіх вобразах можа быць лірыка М.Танка. Складзеная з асобных трапных назіранняў над рознымі выпадкамі чалавечага і прыроднага жыцця, яна вырастае ў аб'ёмную карціну свету, дзе ўсё знаходзіцца ў руху, пастаянна змяняецца, набывае новыя якасці, пераходзіць з адной формы ў другую, дзе няма выпадковасці, нішто не знікае бясследна, дзе, нарэшце, парадаксальнае аказваецца самым нармальным і гарманічньм.

Эталагічнай філасофскай лірыцы цесна ў межах традыцыйнай сілаба-тонікі – і яна разбурае яе, авалодвае верлібрам, дольнікам. Ёй таксама бліжэйшыя, чым выяўленча-апісальнай паэзіі, асацыятыўныя вобразы.

Менш развітая ў нас абстрактна-адцягненая філасофская паэзія, спробы якой знаходзім часткова ў М.Танка, А.Русецкага, а з маладзейшых – у А.Разанава. У апошні час (больш дакладна – у 80-я гг.) найбольшыя дасягненні такой паэзіі звязаны з імем А.Разанава. Яго кніга "Вастрыё стралы" дае нам узоры версэтаў, квантэм, пункціраў – такіх твораў, дзе непамерна згушчаецца думка, узрастае інтэлектуальны пачатак, ускладняецца вобразнасць, выходзячы за межы слоўнага афармлення, ператвараючыся ў згусткі філасофскага эмацыянальнага мыслення. Трэба адзначыць, што ў падобнай паэзіі першую пазіцыю нязменна займае сам мастак, яго воля, яго асабістыя магчымасці, асабістае разуменне з'яў. У цэнтры паэзіі такіх аўтараў – жывая кропка, якая ператвараецца ва ўсё існае, выводзіць з сябе сусвет, а не пераламляе яго ў сабе. Падобная разнавіднасць філасофскай лірыкі афармляецца мадэрнісцкімі, авангардысцкімі сродкамі пісьма, нібыта вяртае да нас у новых якасцях сімвалізм пачатку XX ст. Асноўны мікравобраз такой паэзіі – сімвал.

Прывядзём прыклад падобнай паэзіі і паспрабуем разабрацца ў тым, наколькі яна неабходная, ці дае што новае чытачу. Вось адна з квантэм А.Разанава:

прадонне з крыпсу
ноч у дні –
крумкач
трымаецца ў руцэ
галінка лёсу [5, 128].

Верш-разважанне – асноўная жанравая разнавіднасць філасофскай лірыкі ў цэлым, але далёка не адзіная. Філасафічнымі могуць быць і традыцыйныя лірычныя жанры – ода, элегія, балада, санет, актава, эпітафія і інш. Карыстанне тым ці іншым з гэтых жанраў абумоўлена суб'ектыўнымі фактарамі, своеасаблівасцю індывідуальнага стылю мастака, шырынёй ці звужанасцю абсягаў яго мыслення, ступенню яго асабістага даверу рацыё ці эмоцыё і г.д. Так, напрыкслад, А.Куляшоў як паэт-філосаф раскрыўся ў апошняе дзесяцігоддзе свайго жыцця ў элегіі, П.Панчанка – ў большай ступені ў одзе, адычны і элегічны жанры становяцца асноўнымі ў лірыцы Максіма Танка 70–80-х гг.

Відавочны і жанравы сінтэтызм сучаснай беларускай філасофскай лірыкі, які выяўляецца і ў тым, што, будучы генетычна маналагічнай, яна ўсё больш драматызуецца, набывае адзнакі дыялогавасці, як і сучасная паэзія ўвогуле. Некалі, на думку Я.Добіна, нешта падобнае ўжо адбывалася ў лірыцы Г.Ахматавай: "Драматызацыя зместу цягнула за сабой і драматычную форму. Не пра лірычную драму ў вершах тут размова, а пра драматургію, што ўрэзалася ў кароткі лірычны верш, ахапіла яго. Пра драматургію як нагляднае, што здзейснілася на нашых вачах, сутыкненне" [2, 45].

Пошукі А.Куляшова неаддзельныя ад лёсу ўсёй савецкай літаратуры. Ад захаплення шматгранным і дынамічным жыццём у 20-я гады і выкліканых ім вытворчых твораў паэзія А.Куляшова прайшла нялёгкі шлях самапазнання і самасцвярджэння.

Агульную тэндэнцыю і некаторыя істотныя заканамернасці творчасці А.Куляшова заўважыў і адзначыў у сваёй апошняй прыжыццёвай кнізе В.Бечык: "Раслі маштабы бачання – да ўсягістарычных і касмічных абсягаў. Роздум аб жыцці і часе станавіўся роздумам аб лёсе і будучыні ўсяго чалавецтва... Паэзія А.Куляшова вызначаецца надзвычай шырокім дыяпазонам духоўнасці" [1, 34].

Пасля вайны ў творчасці А.Куляшова адбываецца рэзкая пераацэнка каштоўнасцей, вынікам чаго становяцца дзве стылявыя тэндэнцыі – складваюцца адзнакі палітычна завостранага і медытатыўнага пісьма. Гэтыя адзнакі выразна выявіліся ў "Новай кнізе" (1964).

Кніга складаецца з пяці раздзелаў, якія нельга памяняць месцамі, бо парушыцца не толькі кампазіцыя, але і стройная, прадуманая эвалюцыя філасофска значных думак. Першыя тры раздзелы – толькі папярэдняя спроба раскрыцця вечных тэм, пошук такога спосабу адлюстравання рэчаіснасці, калі не ўсё ляжыць на паверхні, а значная частка застаецца ў глыбіні, у падтэксце. Падобнае пісьмо высока цаніў А.Куляшоў яшчэ ў першыя пасляваенныя гады, калі ў дакладзе, прачытаным на пісьменніцкім сходзе ў 1948 г., гаварыў пра паэзію М.Танка наступнае: "На тэму жыцця і смерці нямала напісана выдатных твораў у сусветнай літаратуры: то ў форме лірычных маналогаў, то маркотных элегій, то змрочных разваг.., не зважаючы на агульнасць зрокавага вобраза, кожны чалавек, дзе б ён ні жыў, кім бы ён ні быў, будзе чытаць у радках і паміж радкамі Танкавага верша сваю ўласную біяграфію... Сучаснасць верша "Камяні" яшчэ і ў не элегічным, а ў бунтарска-дзёрзкім тоне размовы з няпрошаным госцем – смерцю, у нежаданні дамаўляцца з ёю, скарыцца ёй і ва ўсім, чым завяршаецца візіт няпрошанага госця" [4, 424 – 425].

Нібы падсумоўваючы ўжо тады назіранні і над сваёй уласнай паэзіяй, мастак гаварыў, што "творы на так званыя "вечныя" тэмы... недарэчна лічыць здачай баявых пазіцый, як гэта іншы раз спрабуюць рабіць некаторыя" [4, 423].

А ў першых трох раздзелах "Новай кнігі" пакуль што пераважае адычная ўрачыста-радасная інтанацыя, адчуваецца, што паэт стараецца максімальна "выціснуць" усё магчымае з публіцыстычных жанраў. І гучаць узнёслыя, пафасныя радкі трыбунных твораў:

Народжаны ў век наш гразовы,
На мітынгах людных яго,
Я сам выбіраў ганаровы
Прэзідыум сэрца свайго.
……………………………..
Нікім не заменен, не зменен,
Навек занядбаўшы спакой,
Нязменна ўзначальвае Ленін
Нязменны прэзідыум мой [3, 15].

Звернем увагу на разамкнёнасць стылявой сістэмы твораў у другім і трэцім раздзелах "Новай кнігі". Паэт шукае больш выразнага, чым у чыста публіцыстычнай лірыцы, самавыяўлення, ставіць побач вершы грамадзянскія і інтымныя, аратарскае выказванне мяжуе з канкрэтным, рэальна-зрокавым малюнкам, уздымаецца над прыземленай апісальнасцю да рамантычна акрыленых вобразаў Сонца, Вясны, Мора, Дарогі, Акіяна. І паступова вакол гэтых вобразаў канцэнтруюцца думка і пачуццё, узбуйняецца светабачанне, пашыраюцца яго абсягі. Прасторавыя рамкі творчасці А.Куляшова шырэюць: у полі зроку аўтара цяпер аказваецца не толькі зямля, а і ўвесь сусвет, паэт жыве клопатамі не толькі асабістымі, а і агульначалавечымі.

Другі раздзел зборніка складаецца ўсяго з шасці вершаў: "Аб любві", "Аб рэўнасці", "Вянок", "Ты і я", "Падлетак я – ад пят і да валос", "Ужо з другім заручана дзяўчынка... ". Кожны з іх не аднолькавы ў ідэйна-сэнсавых і фармальных адносінах, хаця ў творах фігуруюць аднолькавыя сімвалічныя вобразы – зямлі-нявесты і сонца-жаніха. Але ў іх пакуль што пераважае канкрэтыка, прадметнасць, толькі зрэдзь узнятая да значнасці традыйных рамантычных сімвалаў:

Сонца хмары зганяе,
Зямля наганяе іх зноў –
За махру сваю хустку
Трымае рукамі дубоў [3, 23].

Ды паступова канкрэтыка, прадметнасць, выяўленчасць і пластычнасць малюнкаў ускладняюцца асацыятыўнай вобразнасцю, заклікавая інтанацыя саступае месца разважлівасці, стыхія неўтаймоўных пачуццяў бярэцца ў стройныя берагі медытатыўнасці. У вершах гэтага раздзела А.Куляшоў як бы стаіць на парозе ўшчыльненага, лагічна доказнага і пачуццёва стрыманага пісьма:

З парой турбот наладзіўшы спатканне,
Сцяжынка знікла ў ельніку густым.
З усмешкаю над кошыкам пустым
Схілілася жывое прадчуванне [3, 30].

Свет у гэтым цыкле вершаў замкнуўся на нечым трывожным і балючым, пераліўся, як тая сцяжынка, у шырокі шлях, "хвалямі пяску У сталасці шырокую раку... ". І нават у рытміцы з'яўляецца нешта вызначальнае, новае: паменшала радкоў, а думка набыла абрысы маштабнасці, сталасці, спакойнай ураўнаважанай глыбіні.

Пяты раздзел "Новай кнігі" адкрываецца і заканчваецца элегічнымі творамі, утвараючы сэнсавую, кампазіцыйную, фармальную цэласнасць. Тут адбылося "сцяжэнне" адзнак розных паэтычных утварэнняў у адным жанры – філасофскай, медытатыўнай элегіі. Так паэт ішоў не да жанравай разнастайнасці, а ад жанравай разнастайнасці да жанравай строгасці і пэўнасці ў 60–70-я гг. У куляшоўскіх элегіях як бы падведзены падрахунак жыцця асабістага, індывідуальнага ў кантэксце жыцця ўсеагульнага, пераламілася нявечнае ў вечным і, наадварот, сутыкнуліся чалавек і прырода ў сваіх вытоках і магчымых працягах, Святло адбілася ў Цемры, балючае ў радасным.

Цяпер модна гаварыць пра мадэль рэчаіснасці, сканструяваную мастацтвам. Своеасаблівасць куляшоўскай мадэлі цяжка пераацаніць. Свет паўстае ў яго элегіях цэласным і гарманічным, хоць і з трагедыйнай падсветкай. Чалавек аказваецца ў самым цэнтры яго, становіцца рэгуліроўшчыкам жыццёвай каруселі не толькі ў планетарным, але і ў сусветным маштабе:

Завея лісцяў у сняжынак пух
Перацвітае пад маім наглядам, –
Як быццам я камандую парадам,
Спатканнем дзвюх варожых завірух,
Змаганнем снегападу з лістападам.
Як быццам я ўладар дарог і рэк,
Рэгуліроўшчык каруселі гэтай,
Як быццам не праносіў над планетай
Мяне лістком, сцяжынкаю, ракетай
Праз атмасферны ціск суровы век [3, 78].

Гэтым вершам заканчваецца "Новая кніга". У ім многія філасофскія назіранні і вывады сцягваюцца, завязваюцца ў моцны вузел. Ні ў адной з пазнейшых элегій не заключана такая глыбінная палеміка з папярэднікамі наконт магчымасцей чалавека як кіраўніка і арганізатара жыцця, яго смелага і ўмелага рэгуліроўшчыка. Два радкі твора не выпадкова вылучаны ў асобную страфу, бо яны якраз пра самае балючае – пра яўную слабасць людзей паасобку, у малым часе, і пра пераадоленне гэтай слабасці сілай і логікай розуму, навуковых адкрыццяў і чалавечага яднання. У элегіі А.Куляшова чалавек ператварае свет па свайму разуменню, "камандуе парадам", нібы забыўшыся, якія болі прынёс і па-ранейшаму прыносіць людзям час, на хуткаплыннасць жыцця. Чалавек – у цэнтры створанага А.Куляшовым свету. Ён усемагутны, як і ў вядомай (дарэчы, элегічнай па танальнасці) кнізе Э.Межэлайціса "Чалавек".

Раскрываючы канцэпцыю чалавека – "рэгуліроўшчыка жыццёвай каруселі" – А.Куляшоў абапіраецца на патэнцыял навуковых адкрыццяў. Узброены "тэарэтычна", ён не палохаецца спрэчкі з часам і смерцю, якім, як здавалася яго папярэднікам, падуладна ўсё. "Жыццё і смерць" – вось цэнтральная філасофская праблема і "Новай кнігі", і многіх пазнейшых твораў. Жыццё і смерць як крытэрыі не толькі вечнага і часовага, а перш за ўсё гуманістычнага і антыгуманістычнага, як дзве пазіцыі, два палярныя пункты гледжання на рэчаіснасць. Раскрываючы гэту праблему, А.Куляшоў не ўпадае ў "ружовы аптымізм", не абмяжоўваецца эмацыянальнымі выгукамі-дыфірамбамі ў гонар жыцця. Стрымана і строга палемізуе ён з апанентам-часам, самой канцэпцыяй смяротнасці, а значыцца, і бездапаможнасці, і слабасці чалавека.

Аперыруючы агульнафіласофскімі катэгорыямі, паэт стварае адначасова і апрадмечаны, яркі малюнак: час то глядзіць на людзей, "нібы на муравейнік", і вось-вось, "здаецца, возьме ў рукі венік" і вымеце ўвесь род людскі за парог, то аказваецца ў абліччы сляпога старца, адчужанага ад разумных істот. Ён, час, не ўладар бязлюднай эры, а бездапаможны шукальнік жывога, дзеля якога і сам існуе, без якога сам – нішто, нуль. Час рухаецца да людзей з жалобным сцягам, адчувае сябе пераможцам, а тыя пераносяць жыццё на іншыя планеты ("Сама зямля не вечна – час даводзіць... "). Ён скептык, гэты час. Але чалавечы розум мацнейшы і за скептыцызм, і за час увогуле. І чалавек-стваральнік усё ж перамагае свайго апанента. Замкнёнае кола нявырашанага пытання быцця разрываецца сілай паэтавай логікі, доказнасці праўдай навуковых фактаў і адкрыццяў.

Элегіі А.Куляшова пра жыццё і смерць – яркія ўзоры медытатыўна-выяўленчай лірыкі, лагічна пераканальнага, ледзь не тэзісуальнага пісьма:

Ператварацца буду зноў і зноў
З ідэі ў плоць, з жыцця ў жыццё другое...
Жыву, і пачуццё ў мяне такое,
Як быццам мне не пяцьдзесят гадоў,
А пяць стагоддзяў – самае малое [3, 74].

Паэтычны свет у "Новай кнізе" А.Куляшова надзвычай рухомы, зменлівы, зрушаны з месца, дынамічны. Жывое свабодна зліваецца з нежывым, становіцца яго працягам, ператвараецца ў акіян вечнасці. Усё ў вершах паэта знаходзіцца ва ўладзе неабходнасці ўдасканалення, нараджэння новага, працягу пачатка. Адсюль і вобразы-сімвалы, дэталі: "Жыццё – цяжкі з гадамі бой" ("Элегія"), яно веснавое і маладое насуперак восені ("Восень"), напоўненае вечным і вешчым куваннем зязюлі ("Ужо даўно абрус зімовы.. "). Творы А.Куляшова – творы пра тое, як "Пяройдзе шлях у новы шлях. Расстанне – ў новае спатканне, Напеў жалейкі – ў труб гучанне, Выток жыцця – ў жыцця працяг", і ў чалавека з'явіцца ўражанне, што жыве ён "на паўмільярдным кіламетры Паміж наступным і былым".


ЛІТАРАТУРА

1. Бечык В. Прад высокаю красою...: Літаратурна-крытычныя артыкулы. Мінск, 1984.

2. Добин Е. Сюжет и действительность: Искусство детали. Ленинград, 1981.

3. Куляшоў А. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Мінск, 1964.

4. Куляшоў А. Збор твораў. У 5-ці т. Т. 5. Мінск, 1977.

5. Разанаў А. Вастрыё стралы. Мінск, 1988.

 


“ШАСНАЦЦАЦЬ КРОПЕЛЬ ЦУДАДЗЕЙНЫХ ЛЕК”:
(Шаснаццацірадкоўі Аркадзя Куляшова)

В. Рагойша

Строфіка А.Куляшова яшчэ нікім спецыяльна не даследавалася. У той жа час народны паэт Беларусі ўнёс прыкметны ўклад у развіццё архітэктанічных мажлівасцей не толькі беларускага, але і ўсяго славянскага верша. Гэта адносіцца перш за ўсё да распрацаванага ім і замацаванага ў многіх вершаваных творах шаснаццацірадкоўя (Ш.).

У паэзіі А.Куляшова налічваецца 85 Ш., што сведчыць пра невыпадковасць гэтай архітэктанічнай формы. Яно сустракаецца як аўтаномна, у выглядзе вершаў-шаснаццацірадковікаў (39 выпадкаў), так і ў складзе буйных вершаваных твораў – вершаванага цыкла “Маналог” (13 строф) і паэмы “Цунамі” (33 страфы). Пра тое, што гэтую страфу паэт выкарыстоўваў цалкам усвядомлена і мэтанакіравана, сведчаць за-ключныя радкі з яго верша “Ёсць у паэта свой аблог цалінны…” (1962):

…Ёсць адказнасць перад строгім вершам,
Перад яго пачаткам і канцом –
Каб баразну, радком пачаўшы першым,
У сноп звязаць шаснаццатым радком [2, 1, 319].

Для нас Ш. цікавае яшчэ і тым, што менавіта яно дапамагло выйсці паэту з зацяжнога творчага крызісу, які пачаўся ў 1956 годзе – годзе выкрыцця культу асобы Сталіна на ХХ з’ездзе КПСС – і працягваўся цэлых пяць гадоў. У 1956–1960 гг. паэт не надрукаваў ніводнага арыгінальнага верша. У той час у яго душы, як і ў душах сотняў тысяч савецкіх людзей, замбіраваных бальшавіцкай прапагандай, адбывалася істотная пераацэнка ранейшых ідэйна-палітычных каштоўнасцей, фармаванне гуманістычных грамадскіх ідэалаў, што прадвызначалася новай грамадскай атмасферай, асабістай дружбай з выдатным рускім паэтам і тагачасным рэдактарам “Нового мира” А.Твардоўскім, які хутчэй і лягчэй за А.Куляшова ўспрыняў дабратворныя грамадскія перамены і, несумненна, уплываў на свайго беларускага сябра. А.Куляшоў, як і Твардоўскі, аўтар выдатных лірыка-філасофскіх вершаў-роздумаў (“Вершы з запісной кніжкі”, 1961), станавіўся грамадзянінам-праўдашукальнікам, гуманістам, шанавальнікам агульначалавечых каштоўнасцей і – што асабліва важна – паэтам-філосафам. Аднак новы паэтычны змест вымагаў для свайго вербальнага выяўлення і новай паэтычнай формы. І такая форма неўзабаве, у 1960 г., з’явілася, пра што паведаў сам паэт:

Я гіну ад бяздзейнасці не месяц,
Не два, не тры. Як быццам хто закляў!
Я сам сябе гатоў хутчэй павесіць,
Чым існаваць для непатрэбных спраў.
Запал прапаў – я сэрцам разумею,
Яго мне не пазычаць лекары.
Я вар’яцею, трацячы надзею,
І не чакаю лепшае пары.
Яна сама прыходзіць, як здароўе.
З крыніц сваіх і жыватворчых рэк
Прыносіць мне шаснаццацірадкоўе,
Шаснаццаць кропель цудадзейных лек:
Шаснаццаць сцежак на лістку паперы,
Як спраў працяг, якія я люблю,
Шаснаццаць крокаў, каб ісці наперад,
Шаснаццаць рук, каб абдымаць зямлю [2, 1, 342].

Псіхалагічнае адчуванне з’яўлення новай творчай іпастасі было не толькі ў самога паэта, але і ў чытачоў. Калі ў 1961, 1962, 1964 гг. у часопісе “Полымя” пачалі публікавацца вершы А.Куляшова пад агульнай назвай “З новай кнігі”, а затым з друку выйшла і сама “Новая книга” (1964; у перакладзе на рускую мову Я.Хялемскага), усе ўбачылі, што гэта, сапраўды, – новыя вершы і новая кніга, якіх ні ў А.Куляшова, ні ва ўсёй тагачаснай савецкай паэзіі яшчэ не было. Зусім заканамерна, што кнігу адразу вылучылі на атрыманне Ленінскай прэміі, яе як ніколі дружна падтрымалі на рэспубліканскім і ўсесаюзным узроўні многія выдатныя паэты і крытыкі – М.Бажан, Р.Бярозкін, І.Грынберг, К.Зялінскі, А.Кандратовіч, М.Лапшын, М.Сідарэнка, Я.Смелякоў, А.Твардоўскі, А.Туркоў і інш. (усяго – 34 (!) водгукі ў друку). І толькі змена палітычнай сітуацыі (у канцы 1964 г. ад улады быў адхілены М.Хрушчоў, з прыходам Л.Брэжнева ў краіне пачаўся перыяд контррэфармацыі), а таксама некаторыя закулісныя інтрыгі не дазволілі А.Куляшову атрымаць заслужаную ўзнагароду…

І “новыя вершы”, і “Новая книга” амаль цалкам складаліся з Ш. Што ж яны ўяўляюць сабою? Дзе шукаць генезіс гэтай страфы?

У структуры куляшоўскіх Ш. вылучаюцца тры канстанты: строгая колькасць радкоў (шаснаццаць), адзін і той жа вершаваны памер (пяцістопны ямб – Я5), наяўнасць рыфмаў (жаночых і мужчынскіх, толькі ў адным выпадку – дактылічных і мужчынскіх). Апрача гэтага, для абсалютнай большасці з іх характэрная аднолькавая ці падобная архітэктоніка. Так, з 85 Ш. значная колькасць (50) напісана катрэнамі з перакрыжаванай або апаясной рыфмоўкай, частка з якіх складаецца з чатырохрадкоўяў АбАб (вершы – 16, “Маналог” – 5, “Цунамі” – 2). І толькі ў паэме “Цунамі” пераважаюць строфы іншай канфігурацыі: яны або зусім не распадаюцца на радковыя комплексы (адзін выпадак – “Замест эпілога”), або ўключаюць у сябе ад двух да пяці такіх комплексаў (гл. Табліцу 1). Аднак і ў гэтым выпадку рыфмоўка, як правіла, злучае ў строфах чатыры суседнія радкі, раздзеленыя прабеламі. Усё гэта дазваляе ўспрымаць Ш. не толькі як сэнсава-інтанацыйную, але і структурную цэласнасць, што – нягледзячы на даволі значную колькасць вершаваных радкоў – яшчэ фіксуецца нашай свядомасцю ў выглядзе адзінства.

Табліца 1

Назва твораў

Усяго Ш.

З іх напісана катрэнамі

Колькасць радковых комплексаў, з якіх складаюцца іншыя Ш.

1

2

3

4

5

Вершы

39

28

0

0

10

0

1

“Маналог”

13

11

0

0

2

0

0

“Цунамі”

33

11

1

6

11

4

0

Усяго

85

50

1

6

23

4

1

Якую ж структуру маюць раздзеленыя прабеламі катрэны, з якіх складаецца абсалютная большасць куляшоўскіх Ш.? Адказ на гэтае пытанне дае Табліца 2. Як відаць з яе, А.Куляшоў выкарыстаў катрэны чатырох разнавіднасцей. Найбольш часта ён ужывае катрэны з перакрыжаванай рыфмоўкай: АбАб (129) і аБаБ (9). Прыблізна аднолькавая колькасць катрэнаў з апаясной рыфмоўкай двух разнавіднасцей: аББа (33) і АббА (27). Прычым, адносна часцей яны прысутнічаюць у “Маналогу”, радзей – у вершах.

Табліца 2

Віды

4-радкоўяў

Творы

Парадкавы нумар 4-радкоўяў

Усяго

1

2

3

4

АбАб

Усяго – 129

У тым ліку:

Вершы

18

20

21

21

80

“Маналог”

6

9

7

9

31

“Цунамі”

7

4

3

6

18

аББа

Усяго – 33

У тым ліку:

Вершы

5

5

2

4

16

“Маналог”

4

0

1

2

7

“Цунамі”

0

5

2

3

10

АббА

Усяго – 27

У тым ліку:

Вершы

4

3

5

2

14

“Маналог”

1

1

1

0

3

“Цунамі”

4

2

4

0

10

аБаБ

Усяго – 9

У тым ліку:

Вершы

1

0

0

1

2

“Маналог”

0

1

2

0

3

“Цунамі”

0

0

2

2

4

Што да іншых радковых комплексаў, з якіх складаюцца Ш. (пераважна ў паэме “Цунамі”), то яны амаль кожны раз маюць свой адметны выгляд, ужываючыся, як правіла, толькі адзін раз. Вось як размеркавана колькасць радкоў у такіх радковых комплексах: строфы 2-комплексныя: 4+12, 12+4; 3-комплексныя: 2+8+6; 2+10+4; 3+5+8; 4+4+8; 4+6+6 (3 разы); 4+7+5; 4+8+4; 4+11+1; 5+5+6 (2 разы); 5+6+5; 5+8+3; 6+5+5; 6+6+4; 7+5+4; 8+4+4; 4-комплексныя: 3+5+4+4; 4+3+5+4 (2 разы); 4+4+6+2; 5-комплексныя: 2+6+4+2+2.

Апісаная намі структура Ш. надзвычай добра прыдалася А.Куляшову для выяўлення настрою элегічнага роздуму, філасофскай развагі, паэтычнай медытацыі. куляшоўскія Ш. нагадваюць у многім санеты шэкспіраўскага тыпу: у іх той самы памер (Я5), прыблізна тая ж колькасць радкоў (толькі на два радкі больш), яны складаюцца пераважна з катрэнаў перакрыжаванай і апасной рыфмоўкі. І ў адных і ў другіх страфічных утварэннях адсутнічае жорсткая рыфмовая і архітэктанічная рэгламентацыя санетаў класічнага тыпу (абавязковая наяўнасць двух катрэнаў і двух тэрцэтаў, адпаведна аб’яднаных паміж сабою рыфмамі), што дазваляе паэтам пачувацца вальней у дачыненні да формы верша, галоўную ўвагу звяртаючы на яго змест. Да санетаў Шэкпіра Ш. падобныя таксама сваімі жанравымі і кампазіцыйнымі адзнакамі. Паводле жанру вершы А.Куляшова, напісаныя Ш., – гэта медытацыі грамадзянскага, філасофскага ці інтымна-лірычнага характару. Уплываюць Ш. і на жанр буйных архітэктанічных утварэнняў, у якіх яны ўжываюцца. Так, “Маналог” па свайму жанру – гэта філасофскі вершаваны цыкл, у якім аўтар разважае пра пэўны час і чалавека ў гэтым часе, пра сутнасць сяброўства і адказнасць перад памяццю сяброў. “Цунамі” – гэта філасофская паэма-развага аб узаемадачыненні чалавека і грамадства, адзінкі і калектыва, індывідуальна-асабістага і сацыяльна-грамадскага. Калі мы гаворым пра гэтыя творы А.Куляшова як пра выдатную з’яву ўсёй беларускай (і не толькі беларускай) літаратуры, то, несумненна, у іх высокай эстэтычнай вартасці ёсць заслуга і самой формы верша, у прыватнасці – Ш.

“Санетавасць” куляшоўскіх Ш. адчуваецца і ў іх кампазіцыі. Як падкрэсліваў некалі М.Багдановіч, у першай палове страфы “развіваецца тэма санету, а ў астатнім – заключэнне да яе; ставіцца пытанне і даецца адказ; малюецца абразок і выкладаецца паясненне к яму” [1, 194]. Што да Ш. А.Куляшова, то ў іх таксама выразна адчуваецца, кажучы словамі самога паэта, “адказнасць перад строгім вершам – перад яго пачаткам і канцом”. У пачатку, своеасаблівым зачыне Ш., звычайна ў лаканічнай, афарыстычнай форме выкладаецца сутнасць “філасафемы” паэта – думкі, якая затым развіваецца, паэтычна “даказваецца”, каб урэшце ўвасобіцца ў такой жа афарыстычнай канцоўцы. Вось зачыны некаторых Ш.: “Я – вязень твой, а ты – мая турма, Асуджан я любоўю пажыццёва” (“Да паэзіі”); “Жыццё маё – цяжкі з гадамі бой, І чым далей, то ўсё даўжэй прывалы” (“Элегія”); “Ад шчасця сэрца скача, як дзіця, Ад бед яно, як млын, шуміць начамі…”; “Быў кожны з вас адважных стартаў варты, Шкада, што фініш быў не варты вас” (“Маналог”); “Зямля – не процілегласць акіяна, Яна – яго каменная пасцель” (“Цунамі”). Канцоўкі Ш. (часцей за ўсё гэта заключныя катрэны) як правіла змяшчаюць, як і ў звычайных санетах, “заключэнне”, “адказ”, “паясненне”. Большасць з іх можна было б змясціць у кнігу крылатых выслоўяў – настолькі яны афарыстычныя, вобразна-паэтычныя: “Я – трэці свет, я кропелька малая Тых светаў двух – звычайны чалавек, Што неба і зямлю ў сябе змяшчае І ў свет адзін злучае іх навек” (“…Нябёсы – акіян, я знаў даўно”); “Не прыпыняйся, не жахайся, слова!.. Хай адвячорак доўгім ценем лёг – Магчыма немагчымая размова Датуль, пакуль магчымы дыялог” (“Маналог”); “Няўжо не так? Няўжо вам не ахвота Прыслухацца да ісціны старой, Што неспакой не лечыць адзінота, Што адзіноту лечыць неспакой? ” (“Цунамі”).

Усё сказанае пра жанрава-кампазіцыйныя і ўвогуле структурныя асаблівасці куляшоўскіх Ш. наводзяць на думку, што іх генезіс трэба шукаць у санетах шэкспіраўскага тыпу. Да з’яўлення сваіх Ш. А.Куляшоў увогуле вельмі рэдка звяртаўся да Я5, надзвычай рэдкія былі ў яго і вершы іншага памеру з шаснаццаці радкоў. У канцы ж 50-х – пачатку 60-х гг. у СССР, як і ва ўсім свеце, разгарнулася падрыхтоўка да 400-годддзя з дня нараджэння Шэкспіра (1564–1616). У друку ўсё часцей пачалі з’яўляцца пераклады твораў вялікага драматурга і санетапісца, у тым ліку – выдатныя рускамоўныя ўзнаўленні шэкспіраўскіх санетаў С.Маршака і не менш выдатныя пераклады гэтых санетаў на беларускую мову, здзейсненыя У. Дубоўкам. Гэта супала якраз з пакутлівымі пошукамі А.Куляшова не толькі новага зместу сваёй паэзіі, але і адэкватнай формы выяўлення гэтага зместу. Магчымы і іншыя шляхі ўздзеяння літаратурных традыцый на творчасць аўтара “Маналога” (напрыклад, праз пераклады А.Куляшова асобных твораў А.Пушкіна, у прыватнасці – “Яўгенія Анегіна” з яго асаблівай 14-радковай “анегінскай” страфой, а таксама верша “19 кастрычніка”, напісанага васьмірадковымі строфамі таго ж Я5).

Як бы там ні было, аднак дзякуючы А.Куляшову сёння мы маем арыгінальнае Ш. – своеадметную, найбольшую па колькасці радкоў страфу ў беларускай, ды і ўвогуле ва ўсёй усходнеславянскай, паэзіі.


ЛІТАРАТУРА

1. Багдановіч М. Поўны збор твораў у 3-х тамах. Т. 2. Мінск, 1993.

2. Куляшоў А. Збор твораў: У 5-ці т. Мінск, 1974–1975.

 

ПРАСТОРА Ў ЛІРЫЦЫ АРКАДЗЯ КУЛЯШОВА:
(На матэрыяле твораў 50–70-х гг.)

В. В. Люкевіч



У беларускім прыгожым пісьменстве наўрад ці знойдзецца паэт, які змог бы паспаборнічаць з А.Куляшовым у пільнай уваге да прасторы. Вобразы, якія грунтуюцца перш за усё на эмпірычных уяўленнях пра прастору сустракаюцца амаль у кожным лірычным творы паэта, не гаворачы ўжо пра паэмы. Нездарма “Шляхам да акіяна” назваў В.Бечык даследаванне пра жыццёвыя вандроўкі і творчыя пошукі А.Куляшова. Нават у назве кожнага раздзела згаданай манаграфіі зноў-такі повязь з прасторай: “У дарозе няспыннай”, “Сонечныя сцежкі”, “Толькі ўперад ісці…” і г.д. У апошнім раздзеле прадубліравана назва вядомага верша “На паўмільярдным кіламетры…”.

Локусы, канцэпты прасторы ў творчасці паэта выступаюць адзнакамі, вехамі шляхоў, якія наканавана было прайсці яму і яго лірычнаму герою, персанажам паэта ад нараджэння, калыскі, парогу вясковай хаты праз палявыя і лясныя сцежкі да местачковых вуліц, гарадскіх праспектаў і плошчаў, праз франтавыя дарогі да сучасных аўтастрад, хуткасцяў пераадолення прасторы на акіянскіх і паветраных лайнерах, ад кругагляду вясковага хлапчука да светаадчування інтэлектуала другой паловы XX ст. з яго пэўнымі духоўнымі здабыткамі і стратамі.

Прасторавыя вобразы ў куляшоўскай лірыцы 50–70-х гг. можна ўмоўна размеркаваць па трох відах. Да першага віду мэтазгодна аднесці тыя вобразы, якія абазначаюць лакальную, статычную ў пераважнасці прастору. Гэта краявіды Магілёўшчыны і Беларусі: лес, ельнік, лясны гушчар, лясныя нетры, асобныя дрэвы як прыкметы родных мясцін і краю беларускага; поле, аблог, нівы і др. Акультураную чалавекам прастору, як вынік яго станоўчай ці адмоўнай дзейнасці, бытавы антураж таксама можна аднесці да гэтага віду – хата, калыска, стол, столь, лаўка, парог, акоп, траншэя, бліндаж, дот, курган, дол, магіла, труна. Прастора другога віду – эмпірычна лінеарная. Праз яе фіксуецца і ўяўляецца перамяшчэнне, рух, зменлівасць, дынамізм жыццёвых паводзін і абставін жыцця чалавека – сцежка, дарога, шлях, аўтастрада, ручай, рака, мора, акіян водны і паветраны. Космас – прастора трэцяга віду. Яе можна ўспрыняць іншы раз візуальна – Зямля, Сонца, Месяц, Млечны шлях. Але ў большасці выпадкаў па-сапраўднаму яна пазнаецца шляхам назіранняў праз спецыяльныя прыборы, пры дапамозе навуковага абстрагавання, творчага ўяўлення, фантазіі – Галактыкі, Сусвет.

Прасторавыя вобразы першага віду маркіруюць этнічныя і этычныя вытокі лірычнага героя паэта. Локусы нетраў лясных, пушчы (“Ты і я”), бароў на Міншчыне (“Калі вясною закукуе...”), маўклівых гушчароў, непралазі лясной не супярэчаць усталяванай у літаратуры традыцыйнай рэпрэзентацыі Беларусі як краю лясоў. Роднае, магілёўскае тут – ельнікі густыя, адсутнасць балотных пейза