|
ДАЎНАСЦЬ – НЕ МАЛЫ СВЕДКА
У. В. Анічэнка
Пра жыццёвую і творчую метрыку Народнага паэта Беларусі А.Куляшова мы ведаем па яго біяграфічных звестках, літаратурна-пісьмовай спадчыне ў розны час яго жыцця і творчасці. На жаль, мала хто ведае пра маці А.Куляшова Кацярыну Фамінічну Ратабыльскую, якую сын усё сваё свядомае жыццё любіў і шанаваў, параўноўваючы вобразна з пчалінай маткай: без маткі пчолкі прапалыя дзеткі. Яе сэрца было не толькі ў дачцы Надзеі, але і ў сыне Аркадзю.
Яшчэ не зарубцаваліся раны Вялікай Айчыннай вайны, не спляміўся вобраз маці ў А.Куляшова, які ў 1943 годзе напісаў легендарны вершаваны твор асобай формы "Маці". У часіны смутку пра сына, што змагаўся з лютым раз'юшаным ворагам "на шчасце і ўдачу пасеяла маці зярняты. Калі дачакаецца маці з тых зерняў усходу, сын прыйдзе з паходу, са славаю прыйдзе з паходу". Але тут, як кажуць, трапіла каса на камень, бо "ўпалі зярняты на камень шчарбаты у полі" і два гады не давалі ніякіх усходаў. Разгневаная маці падала свой голас дарозе, калі пачула яе слёзы і ўлашчыла камень, каб на ім узышлі зярняты. Нягледзячы на тое, што галоўнай прычынай неўраджайнасці быў камень, дарога адказала, што на ім ніколі нічога не расло, бо гэты чужынец даўно ляжыць пры дарозе. Камень увасабляў тут няпрошанага "госця" з-за Буга, на якім не ўзыйдуць зярняты, "пакуль ён не стане зямлёю". Каб камень стаў зямлёю, маці перастала ліць матчыны слёзы і стала праклінаць сваёю крывёю. У рэшце рэшт маці ператварылася ў камень, а камень – у зямлю. І калі на камні ўзыйшлі зярняты, вярнуўся з паходу і сын дахаты.
Нават тады ў першыя дні вайны, калі, здаецца, мы не ўсе ведалі пра вынік вайны, А.Куляшоў быў перакананы па-свойму. І тут на дапамогу яму прыйшла маці, якая пракляла камень-чужынец, і ён стаў урадліваю зямлёю.
Пра што гаворыць гэта балада? Пра матчыныя прызнанні народнага гневу супраць раз'юшанага ворага і патрыятызм іх сыноў, калі вярталіся з перамогай дахаты.
Я быў удзячны свайму лёсу, што ўпершыню сустрэўся з паэтам, калі быў аспірантам другога года навучання з адрывам ад вытворчасці Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа ў 1956 годзе і прысутнічаў на таварыскай вячэры, прысвечанай 60-годдзю з дня нараджэння яго дырэктара Народнага пісьменніка БССР, акадэміка Кандрата Кандратавіча Крапівы. Мяне нешта штурхнула ў сэрца, калі па-зямляцку адбылася шчырая размова пра родныя мясціны, краявіды, пра нашу Бесядзь, што з крыніцы разлілася ракой (“Мая Бесядзь”), станцыю Камунары, праз якую паэт у маладосці "ў шлеме, у вопратцы вайсковай" ехаў дахаты ў Хоцімск, да якога яшчэ было сорак кіламетраў, "любы край, што шуміць знаёмым лесам" (“Станцыя Камунары”). Аркадзь Аляксандравіч успамінаў, як на доўгія гады пакідаў ён некалі свой родны кут і штогод вяртаўся да яго "падышаць, чым дышуць землякі", злавіць у раце ляшча, памахаць на лузе "сталёвай коскай" (“Вуліца Маскоўская”).
На Аркадзя Аляксандравіча, будучага паэта, маці мела вялікі ўплыў. Ён яе не забываў у душы і сэрцы і ў думках успамінаў пра яе, калі пакінуў парог хаты. Такім ён быў і ў часы Вялікай Айчыннай вайны, калі матчыны клопаты за сына паўставалі перад ім.
Маці паэта, Кацярына Фамінічна Ратабыльская, у даваенныя гады, акрамя настаўніцкай работы, займалася народнай медыцынай. Як магла ратавала многіх вясковых жанчын ад хвароб народнымі лекавымі сродкамі. Гэтак непрыкметна праходзіў яе адпускны час, пасля якога Кацярына Фамінічна працавала настаўніцай. Так больш-менш паўтаралася да вайны. У пасляваенны перыяд на працягу 1947–1948 гг. яна выкладала матэматыку ў васьмігадовай Елавецкай школе Хоцімскага раёна разам з маім братам Георгіем Васільевічам. Цяпер ён кандыдат філалагічных навук, дацэнт Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Шмат цёплых слоў ён расказваў пра педагагічнае майстэрства К.Ф.Ратабыльскай, яе нястомную працу і заботу да навучання і выхавання моладзі. Вучні называлі яе сваёй маці.
ДАСЛЕДАВАННЕ МАСТАЦКАЙ ВЕРСІІ ЛЁСУ ГІСТАРЫЧНАЙ АСОБЫ Ў ТВОРАХ АРКАДЗЯ КУЛЯШОВА І УЛАДЗІМІРА КАРАТКЕВІЧА
А. Барадзіна
У перыяды значных сацыяльных зрухаў вызначальная роля адводзіцца суб'ектыўнай свядомасці. Разам з тым актуалізуецца працэс узнаўлення сацыяльнага вопыту папярэдніх пакаленняў з мэтай пазнання сучаснасці і вызначэння перспектыў развіцця грамадства. З гэтага вынікае, што будучыня нацыі і народа ў значнай ступені залежыць ад дасягнутага кожнай асобай узроўню гістарычнай свядомасці. Дадзены навуковы феномен акрэслены пераважна на філасофска-сацыялагічным узроўні. У педагогіцы пакуль практычна няма спецыяльных работ, прысвечаных яму. Школа ж, пераўтвараючы ў працэсе навучання факты ў веды, веды – у перакананні, перакананні – у паводзіны, выступае як сувязное звяно паміж мінулым, сучасным і будучым, паколькі навучанне ёсць працэс перадачы чалавечага вопыту ў адзінстве рацыянальных, традыцыйных, паводзінных форм і сродкаў. Гістарычная свядомасць вызначае ўзровень цывілізаванасці і нацыянальнае аблічча грамадства, што робіць актуальным трансфармацыю гэтага феномена ў педагагічны, дыдактычны. Найбольш спрыяльным вучэбным прадметам для вырашэння акрэсленай мэты ўяўляецца родная літаратура, паколькі элементы мастацкага мыслення ў спалучэнні з вынікамі гістарычнага пазнання ёсць перадумова фарміравання асобаснай гістарычнай свядомасці. Сярод паказчыкаў узроўню яе сфарміраванасці ў навучэнцаў – асэнаванне асноўных этапаў айчыннай гісторыі, увасобленых у творах літаратуры, а таксама пэўны ўзровень ідэнтыфікацыі ўласнай асобы з маральнымі ўзорамі гістарычнай рэальнасці, усведамленне агульначалавечага зместу іх вобразаў.
У паэме А.Куляшова "Хамуціус" і ў рамане У.Караткевіча "Каласы пад сярпом тваім" усе вымышленыя асобы – гістарычныя, бо іх погляды, настрой, учынкі адпавядаюць духу часу, а ўсе гістарычныя асобы – вымышлены: мастак уявіў сабе, як яны маглі думаць і дзейнічаць у пэўных абставінах. У самай значнай ступені гэта адносіцца да вобраза Кастуся Каліноўскага. Супастаўляючы сродкі стварэння мастацкай версіі лёсу героя двума творцамі, навучэнцы больш яскрава ўяўляюць яго не толькі як барацьбіта, але як асобу і чалавека.
Уяўленне аб праўдзе і вымысле ў мастацтве лепш за ўсё выпрацоўваць у працэсе літаратурнага даследавання. Даследаванне як адзін з метадаў пазнання і навучання набывае асабліва важнае значэнне ва ўмовах павышанай увагі да маральнага, эмацыянальнага і інтэлектуальнага развіцця маладога пакалення. Яго асновай служыць параўнанне; вядучым метадам фарміравання свядомасці з'яўляецца метад праблемных сітуацый. Праблема – навучанне праз адкрыццё. У.Калеснік, са слоў У.Караткевіча, адзначаў наступнае: "У рамане спасцігнуць Каліноўскага аўтару не ўдалося. Ён лічыў, што Каліноўскі – святы, што ён апостал беларускага Адраджэння, бацька нацыі. У той жа час ход рамана паказваў, што гэта герой аднастаронні, скрозь – дыктатар паўстання... У.Караткевіч любіў у чалавеку менавіта святое і грэшнае і не мог сказаць пра Каліноўскага, што ён грэшны, паказаць нейкія слабасці яго..." Азнаёміўшы навучэнцаў з дадзеным сцвярджэннем, мы знаёмім іх з супярэчлівай сітуацыяй, якая патрабуе вырашэння, – з праблемай. Наколькі ж удалося спасцігнуць Каліноўскага А.Куляшову, ці знайшлі ў ягонай версіі лёсу і асобы Кастуся рысы святога і грэшніка? Ці дыктатар, па вялікім рахунку, Кастусь Каліноўскі?
Найбольш спрыяльнай умовай вырашэння праблемы з'яўляецца павелічэнне ведаў у той галіне, да якой яна адносіцца, і гэта перш за ўсё знаёмства з гістарычнымі дакументамі. Навучэнскія даклады і каментарыі даюць, па сутнасці, адказ на пытанне: што адбываецца з жыццёвым матэрыялам, калі мастак стварае з яго вобраз? Грунтуючыся на адных і тых жа фактах жыццяпісу Каліноўскага, пісьменнікі інтэрпрэтуюць іх пры дапамозе розных сродкаў. У.Караткевіч – пераважна пры дапамозе элементаў эпісталярнага жанру, перапіскі Кастуся з Алесем Загорскім. Такі прыём эфектыўны для пранікнення ва ўнутраны свет героя і апраўданы часавымі рамкамі раманнага дзеяння. У паэме "Хамуціус" Каліноўскі знаходзіцца ў гушчы падзей, што папярэднічаюць паўстанню, і ў час яго выбуху і зыходу, уступаючы з імі ў непасрэдныя зносіны.
Нягледзячы на тое, што вучэбнае даследаванне ёсць заўсёды даследаванне ўжо спазнанага, яно ўносіць істотны ўклад у фарміраванне самасвядомасці навучэнца праз набыццё ім пазіцыі зацікаўленага і адказнага ўдзелу ў пазнавальна-творчай працы на ўроках літаратуры. Гэтаму спрыяюць творчыя заданні даследчага характару. Так, на падставе абодвух твораў можа быць складзена анкета героя, пытанні якой распрацоўваюць самі навучэнцы. Такі прыём стымулюе чытацкую ўвагу да тэксту. Практыкуецца і складанне табліцы-характарыстыкі. У першай графе з назвай "Хто ён?” вылучаюцца ўсе іпастасі, у якіх паўстае Каліноўскі ў творы (юнак, рэвалюцыянер, закаханы і інш.), а ў другой, "Які ён?", на падставе аналізу тэксту даецца як мага большая колькасць азначэнняў да сутнасці кожнага паняцця. Гэтыя прыметы пададзены праз уражанні іншых людзей і спалучаюцца з пачуццямі, настроямі, развагамі, як гэта адбываецца і ў жыцці. Аналіз дыялогаў паміж героямі пераконвае, што вымышленая гутарка з прыдуманым субяседнікам таксама стварае ўражанне жывой, пераканаўчай праўды.
У рамане "Каласы пад сярпом тваім" У.Караткевіч пазбаўляе свайго героя магчымасці кахаць і быць каханым. А.Куляшоў у паэме "Хамуціус", імкнучыся да ўсебаковага паказу героя, развівае сюжэтную лінію Марыя Ямант – Кастусь. Аднак аўтарская пазіцыя адносна гэтага аспекту духоўнага жыцця героя даволі неадназначная. "Сіла ці слабасць Каліноўскага-змагара выяўляецца ў яго каханні?" – гэтае пытанне можа паслужыць асновай для дыспуту, у час якога навучэнцы, вызначыўшы ўласную чытацкую пазіцыю, адстойваюць свае погляды праз моўнае дзеянне, што ў далейшым становіцца маральным арыенцірам для самавызначэння асобы. Дыскусійным з'яўляецца і пытанне аб аўтарскай пазіцыі адносна праяў жорсткасці ў час паўстання, калі Марыська кідае ў вочы Каліноўскаму:
Мне Яську шкода. Караля не шкода!..
За ўладу ён усіх панішчыць рад.
Прыведзеныя навучэнцамі аргументы сведчаць, што паэт бачыць непазбежнасць жорсткасці з абодвух бакоў, але ні пры якіх умовах яе не апраўдвае. Бачачы ў людзях і добрае, і дрэннае, ён верыць у здольнасць чалавека быць чалавечным і імкнецца пераканаць у гэтым чытачоў.
Творы, прызначаныя для вывучэння моладдзю, па праўдзе невычэрпныя, іх змест бясконцы, і кожнае чытацкае пакаленне чакае даследчая работа. Бясспрэчна, першааснова ўсякага аналізу – навуковасць. Аднак нельга ігнараваць і ўзнікшую на сучасным этапе цікавасць да сакральнага ўсведамлення чалавекам свайго лёсу, да “астралогіі” як чалавекаведання і інструменту пазнання свету, да сферы містычнага і невытлумачальнага. Яе варта скарыстаць у якасці стымула даследавання, тым больш што ў паэме "Хамуціус" А.Куляшоў адводзіць істотнае месца прарочым снам, мроям, прадказанням лёсу герояў. Паэт рызыкаваў быць незразуметым у часы выяўнічага атэізму, таму вытлумачваў такія з'явы хваравітым станам таго ці іншага героя (нервовая хвароба Каліноўскага). Такі ж прыём скарыстаў і У.Караткевіч, малюючы ў "Каласах" дзіўны стан Алеся Загорскага – вяртанне да продкаў, што сведчыць пра пэўную абранасць, выключнасць, неардынарнасць згаданых асоб, з чым нельга не пагадзіцца. Толькі з улікам усіх "сігналаў", якія твор дасылае чытачу, можна па-сапраўднаму "пачуць" пісьменніка, пазбавіць навучэнцаў інерцыі павярхоўнага ўспрымання і звыклага вытлумачэння твора, заўважыць тыя непрадбачаныя пытанні, якія непазбежна паўстаюць перад аналітычным роздумам. Іх вырашэнне патрабуе не толькі пазнавальнай, а і ацэначнай дзейнасці суб'екта, скіраванай у мінулае. Працэс і вынік такой дзейнасці і ёсць гістарычная свядомасць.
"ТУТ НАВУЗНІК ВІСЕЎ НА САСНЕ..."
У. У. Барысюк
Прачытанне хрэстаматыйных твораў нашых лепшых паэтаў і празаікаў не можа быць адзінкавым хаця б па той простай, як на першы погляд здаецца, прычыне, што заўсёды ў такіх творах можна сустрэць тое ці іншае "свежае" слова, нечаканы паварот думкі, які сугучны твайму чытацкаму стану і які, ў сваю чаргу, выклікае ў свядомасці пэўныя аналогіі, параўнанні, скіроўвае да роздуму. Не выключэннем у гэтым сэнсе з'яўляюцца і творы класіка беларускай літаратуры А.Куляшова. Нас, у прыватнасці, зацікавіў невялічкі ўрывак з яго паэмы “Сцяг брыгады”.
Доўгі след палявых каляін
Вывеў нас да родных мясцін,
Да мясцін, дзе з маленства я рос,
Да сяброў
Дубоў,
Да сябровак бяроз.
Тут навузнік вісеў на сасне, –
А чаго
Яго
Не відно больш мне?
Дуб стагодні стаяў на лугу, –
А чаму
Яму
Добры дзень сказаць не магу?
Я пазнаць не магу аніяк
Стрэчнай вёскі... Дзе школа? Вятрак?
Дзе знаёмыя хаты? Адны
Сярод поля тырчаць каміны.
Паэт намаляваў жудасную карціну сустрэчы з малою Радзімаю, сустрэчы пасля таго, як там прайшліся захопнікі. Усё, што было роднае, – навузнік на сасне, стагодні дуб, школа, вятрак, вясковыя пасады – аказалася знішчаным, сцёртым з твару зямлі. У гэтым пераліку прыцягвае ўвагу фраза Тут навузнік вісеў на сасне. Узнікае пытанне, што гэта такое – "навузнік", і чаму ён "вісеў на сасне"?
Лексемаю навузнік абазначаецца ‘невялічкі вулей, які стаўляюць ці вешаюць у лесе на дрэвах для прываблівання раёў’. "Лексічны атлас беларускіх народных гаворак" фіксуе даволі значную колькасць лексічных адзінак для назвы вулея для прываблівання пчолаў [1, 124]. Гэта такія пчалярскія тэрміны, як вабік, лавушка, навузнік, навужнік, навушка, прыманка, раёўня, стаўка. Праўда, там, дзе гэтыя спецыяльныя назвы невядомы, азначаная разнавіднасць вулей мае назву аднаго з відаў звычайнага пчалінага вулея: калода, борць, кадаўб, лежань, ляжак, стаяк, вулей і інш.
Узнікненне лексемы навузнік празрыстае, яна ўтворана суфіксальным спосабам ад назоўніка навуза, які абазначае ‘вашчына’, ‘соты без мёду, вашчына’, ‘аснова для пчаліных сотаў, вырабленая штучна’, ‘неператоплены воск’, ‘рамка для вашчыны ў калодачным вулеі’ [2, 177].
Некалі вопытныя бортнікі (як, дарэчы, і сёння сталыя пчаляры) ставілі навузнікі на знаных месцах пражывання пчол. Звычайна гэта дубровы, бары, радзей алёсы. Такі невялічкі вулей ці калода ставіліся на пародзістых, прыгодных для пчалы, дрэвах. Гэта былі дуб, ліпа, альха. А.Куляшоў зазначае, што навузнік вісеў на сасне. Гэта, відаць, сапраўды было так, бо наўрад ці лексему сасна паэт узяў толькі з мэтаю рыфмавання вершаваных радкоў, параўн. …сасне – …мне. Аднак вядома, што навузнік не ставіўся на сасне, прынамсі, на Брэсцка-Пінскім Палессі. І пасёння, напрыклад, на Целяханшчыне вісяць так званыя лавушкі для пчол. Калі надарыцца ехаць з мястэчка Целяханы асфальтоўкаю, што бяжыць паралельна Агінскага канала, да вёскі Выганашчы, то ўзбоч дарогі ля ўрочышча Новіны, дзе да зусім нядаўняга часу месцілася сядзіба Новінскага лясніцтва, на волаце-дубе вісіць невялічкая калода, якая штогод маніць пчалу. А ў суседняй вёсцы Бабровічы лавушкі вісяць акрамя дубоў, яшчэ і на ліпах.
Вопытныя бортнікі-пчаляры добра ведаюць, дзе ставіць вабіка – толькі там, дзе водзіцца пчала. Бортнікі з вёскі Бабровічы, звычайна калі маюць намер пачаць разводзіць пчол або ўзмацніць асабістую пасеку, едуць за Бабровіцкае возера ставіць колькі лавушак, у якія праз два-тры дні абавязкова прыляціць малады рой. Канечне, гэта надта далікатная справа, і пад сілу яна толькі сапраўднаму пчаляру, які ведае, калі "ідуць раі", дзе іхнія шляхі, дзе трымаецца пчала і шэраг іншых невялікіх, але абавязковых сакрэтаў, – тут дробязей быць не можа.
Сёння мясцінаў, дзе жыве так званая дзікая пчала, у Беларусі амаль што не засталося. У тых жа Бабровічах пчаляры ловяць раі, якія сігуюць у навакольныя лясы з самой вёскі, калі па нейкай прычыне гаспадар не дагледзеў сваіх пчол (праўда, застаецца загадкаю, чаму пчаліныя сем'і імкнуць толькі ў адно і тое ж месца вакол былой вёскі Вяда). Зафіксаваны толькі паасобныя выпадкі, калі чалавек трапляў на сям'ю дзікае пчалы. У вёсцы Пажэжын Маларыцкага раёна лепшым пчаляром лічыўся і лічыцца, хоць сам ён даўно ужо памёр, Сірота Фадзей, які трымаў пасеку, садзіў-сеяў меданосныя дрэвы-травы, налета вывозіў пасеку на медазбор, адным словам, жыў пчоламі і жыў з пчолаў. Дык вось ён на пытанне, з чаго пачалося яго захапленне-занятак, адказваў, што ў першыя пасляваенныя гады ў час касавіцы ў знакамітым Камянецкім лесе, знайшоў-заўважыў падлетак, як у дзірачку памерам з пяцікапеечную манету ў вялізнай старой асіне туды-адтуль хадзіла пчала. Можна толькі ўявіць – колькі гадоў жыла там пчаліная сям’я, калі мёду дзядзька Фадзей выразаў ажно каля 8 вёдраў. У суседняй вёсцы Струга трымае пасеку Якаў Мяднюк (прозвішча-мянушка), які калісьці ў былой даваеннай вёсцы Хустынова (цяпер урочышчы за Камянецкім лесам) узяў пчаліную сям’ю, што месцілася на дубе на вышыні прыкладна 2,5 метры. Аналагічных выпадкаў у апошнія гадоў дваццаць не было зафіксавана.
Такім чынам, можна бачыць, наколькі А.Куляшоў дасканала ведаў той прадмет ці з'яву, пра якую пісаў ці якую апісваў. Ягонай назіральнасці можна па-добраму пазайздросціць і павучыцца. Дарэчы, “Лексічны атлас беларускіх народных гаворак” (карта № 367) сведчыць, што лексема навузнік найбольш шырока ўжываецца менавіта на Магілёўшчыне, дзе нарадзіўся паэт.
ЛІТАРАТУРА
1. Лексічны атлас беларускіх народных гаворак. Т. 1. Мінск, 1993.
2. Этымалагічны слоўнік беларускай мовы. Т. 7. Мінск, 1991.
АРКАДЗЬ КУЛЯШОЎ І ПІСЬМЕННІЦКАЕ АСЯРОДДЗЕ:
(Па старонках жыццяпісу)
Т. Голуб
На пачатку 80-х гг. у Інстытуце літаратуры Акадэміі навук Беларусі была распачата праца па падрыхтоўцы да выдання акадэмічнага збору твораў А.Куляшова ў сямі тамах. У гэтай сувязі планавалася складанне “Летапісу жыцця і творчасці” пісьменніка. На жаль, па незалежных ад Інстытута прычынах, работа засталася незавершанай. За апошнія пятнаццаць гадоў выйшла ў свет нямала кніг, прысвечаных творчасці А.Куляшова. Багаты біябібліяграфічны матэрыял пра народнага паэта змешчаны ў слоўніку “Беларускія пісьменнікі” [1, 459-483]. “Ці не адпала неабходнасць у выданні летапісу?” – могуць задумацца многія. Патрэбна заўважыць, што такая адметная форма даследавання мае свае перавагі. Як небеспадстаўна адзначыў М.Мушынскі: “Летапіс... – гэта кніга, якая мае сваю фабулу, свой сюжэт, сваіх герояў, тут ёсць пэўны грамадскі фон, рэальнае сацыяльна-бытавое асяроддзе” [3, 34].
Пра А.Куляшова – галоўнага героя “Летапісу... ” – можна сказаць словамі самога паэта:
“Я – акіяну жытняга калоссе:
Мільёны лёсаў змешчаны ў маім” [2, 339].
Аркадзь Аляксандравіч – яркі прадстаўнік свайго пакалення, сваёй эпохі. Асяроддзе, у якім яму давялося жыць і працаваць, мае шырокі дыяпазон даследавання. Цікавай і змястоўнай старонкай у біяграфіі А.Куляшова з’яуляюцца творчыя ўзаемасувязі. З.Астапенка, Ю.Таўбін, П.Галавач, П.Панчанка, М.Аўрамчык, А.Твардоўскі, М.Ісакоўскі, К.Куліеў, А.Малышка, М.Луконін, П.Кабзарэўскі, Я.Хелемскі, Д.Кугульцінаў – толькі невялікая частка сяброў-пісьменнікаў, хто разам з А.Куляшовым высокім словам мастацтва пісалі “Летапіс” краіны, свайго ўласнага жыцця – жыцця Планеты.
ЛІТАРАТУРА
1. Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфичны слоўнік у 6-ці т. Т. 3. Мінск, 1994.
2. Куляшоў А. Збор твораў у 5-ці т. Т. 1. Мінск, 1974.
3. Мушынскі М.І. Якуб Колас: Летапіс жыцця і творчасці. Мінск, І982.
СЕМАНТЫКА-ФУНКЦЫЯНАЛЬНЫЯ АСАБЛІВАСЦІ ЗАЙМЕННІКАВЫХ ЛІЧЭБНІКАЎ У МОВЕ ТВОРАЎ АРКАДЗЯ КУЛЯШОВА
С. В. Клімуць
Кожны пісьменнік, карыстаючыся агульнаўжывальным словам, падбірае моўныя сродкі ў адпаведнасці са зместам і задумай мастацкага твора, сваімі лінгвістычнымі поглядамі і стылістычным густам. У мове пісьменніка няма нічога звыш таго, што ёсць у народнай мове, апрача хіба асобных слоўнікавых адзінак, утвораных на аснове матэрыялу і па ўзоры агульнамоўных слоў. Тым не менш у пісьменніка маецца свая манера пісьма, свой спосаб выкладу і паказу рэальнага жыцця пры дапамозе слова.
Ніякая, нават самая дакладная класіфікацыя агульнаўжывальных слоў не можа даць поўнай карціны адметнасці стылю пісьменніка. Патрэбны падрабязны ўлік усіх асаблівасцей ужывання слова ў творы. Каб раскрыць гэтыя асаблівасці, неабходна разгледзець усе словы ў пэўных словазлучэннях. Гэта дапаможа вызначыць, у чым заключаюцца асаблівасці стылю твора, што характэрна для стылю аўтара.
Функцыя слова ў мастацкім тэксце заключаецца ў паказе дэталі. У большасці сродкам выражэння той ці іншай мастацкай дэталі з’яўляецца словазлучэнне.
Колькасна-іменныя словазлучэнні, у склад якіх уваходзяць займеннікавыя лічэбнікі, займаюць у творах А.Куляшова важнае месца. З’яўляючыся ў самой сутнасці няпэўна-колькаснымі лічэбнікамі, словы столькі, колькі, некалькі, гэтулькі валодаюць займеннікавымі значэннямі. Здольнасць названых слоў выступаць у мове ў якасці сродку выражэння няпэўнай колькасці збліжае іх з лічэбнікамі, што адбіваецца на іх сінтаксічнай функцыі.
Магчымасць дваякага ўжывання займеннікавых слоў можна растлумачыць асаблівасцю іх семантыкі. Гэтыя словы генетычна не звязаны з асноўным ядром лічэбніка, яны захоўваюць асноўныя марфалагічныя ўласцівасці займенніка: хоць і выражаюць колькасныя паняцці, аднак не маюць значэння ліку. Займеннікавыя лічэбнікі утвараюць словазлучэнні з назоўнікамі, займеннікамі і дзеясловамі.
Назіранні паказваюць, што словы колькі, столькі нярэдка сумяшчаюць уласную функцыю з функцыяй узмацняльна-клічнай часціцы, надаючы выказванню эмацыянальную афарбоўку, напр.: Колькі разам шляхоў Мы схадзілі з табой! (Грозная пушча), Надзвычайнае маё сяброўства, Колькі ў ім юнацкіх завірух! (Надзвычайнае сяброўства).
Ёсць і пэўныя асаблівасці "сінтаксічных паводзін" займеннікавых лічэбнікаў. Словы некалькі, колькі, столькі могуць выконваць у сказе функцыю і галоўных, і даданых членаў. Гэта залежыць ад афармлення фразы, напр.: Колькі кінута ў твар нам і ў сэрца Чалавека-гадзін (Хлопцы апошняй вайны). А праз некалькі дзён крыўдна, горка прыкмеціць... (Грозная пушча).
Адметнай рысай мовы твораў А.Куляшова з’яўляюцца канструкцыі, у якіх лексема колькі выступае ў функцыі злучальнага слова і ўказвае на адносіны даданай часткі да галоўнай. У такіх канструкцыях зліццё кампанентаў іменна-колькаснага словазлучэння не настолькі цеснае, як гэта бывае ў простым сказе. Пашыраны ў тво-рах складаныя сказы, у якіх спалучаюцца словы колькі і столькі. Значэнне няпэўнай колькасці суправаджаецца градацыйным адценнем, напр.: Колькі зораў блішчыць, столькі сочыць вачэй... Разам столькі якраз, Колькі меў ён гадоў (Грозная пушча).
Ступень распаўсюджанасці розных па структуры іменна-колькасных канструкцый у мове неаднолькавая. Яна залежыць ад семантычных асаблівасцей залежнага слова, якое ўступае ў розныя сінтаксічныя сувязі з іншымі кампанентамі. Значэнні словазлучэнняў залежаць ад узаемаадносін састаўных кампанентаў і цесна звязаныя з семантыкай часцін мовы, што выступаюць у ролі галоўнага слова.
Такім чынам, займеннікавыя словы могуць ужывацца як для абазначэння няпэўнай колькасці, так і для выражэння эмацыянальнай ацэнкі выказвання. Нярэдка гэтыя словы здольныя аб’ядноўваць у сабе названыя значэнні, разнастайныя варыянты якіх у кожным асобным выпадку вызначаюцца камунікатыўным заданнем сказа і ўжываннем разгледжаных займеннікавых лічэбнікаў з канкрэтнымі лексіка-семантычнымі групамі слоў.
ШТРЫХ ДА ПРАБЛЕМЫ “КУЛЯШОЎ І УКРАІНА”
(Аркадзь Куляшоў і Максім Рыльскі)
Ус. Рагойша
Спецыяльнага даследвання азначанай праблемы, нягледзячы на яе паўнавартаснасць, на жаль, няма. Сярод высвятлення асобных яе аспектаў найбольш цікавае – адпаведныя раздзелы манаграфій П.Ахрыменкі “Летапіс братэрства”, М.Кенькі “Аркадзь Куляшоў-перакладчык”, Л.Бондар “Украінска-беларускія літаратурныя ўзаемасувязі”, артыкулы І.Астапіка, у якіх знаходзім параўнальны аналіз станаўлення паэтычных індывідуальнасцей А.Куляшова і А.Малышкі, развагі А.Яскевіча пра беларуска-украінскі ўзаемапераклад і некалькі іншых.
Найбольш сціслая і канцэптуальная інфармацыя, якая тычыцца заяўленай праблемы, пададзена ў Украінскай літаратурнай энцыклапедыі [1].
Звяртаем увагу на тое, што ніводны з аўтараў не закрануў пытання “Максім Рыльскі – даследчык паэзіі А.Куляшова”. Няма адпаведнага матэрыялу і ў артыкуле Рыльскага, змешчаным у Энцыклапедыі літаратуры і мастацтва Беларусі [3]. Тым часам у 20-томным Зборы твораў М.Рыльскага імя А.Куляшова прысутнічае неаднойчы, найперш, зразумела, сярод імён паэтаў, якіх перакладаў М.Рыльскі на украінскую мову. Тамы 12-18 Збору твораў маюць падзагалоўкі “Навука. Крытыка. Публіцыстыка”. На іх старонках імя А.Куляшова сустракаецца больш за дваццаць разоў [2].
М.Рыльскі, выдатны знаўца славянскіх літаратур, у тым ліку і беларускай, творчымі дасягненнямі А.Куляшова ілюстраваў многія свае думкі, падмацоўваў тэарэтычныя развагі, абапіраўся на яго паэзію ў аглядах-назіраннях над праблемамі тыпалогіі развіцця розных нацыянальных літаратур.
Ведаючы высокі прафесіяналізм М.Рыльскага, можна ўявіць, з якой адказнасцю рыхтаваўся ён да лекцый на тэму “Шаўчэнка і сучаснасць”, прачытанай у сувязі з дзевяностагоддзем са дня смерці Кабзара. Шмат месца адведзена ў ёй “праметэеўскаму духу” ў беларускай літаратуры, ідэйны і стылістычны павеў Т.Шаўчэнкі М.Рыльскі адзначае і ў паэзіі А.Куляшова. Іншы паказальны прыклад. 1944 год. Рыльскі, вярнуўшыся з эвакуацыі з Уфы, выступае ў вызваленым ад фашыстаў Кіеве ў прысутнасці маскоўскай дэлегацыі на пісьменніцкім пленуме, на якім яго абіраюць старшынёй прэзідыума Саюза пісьменнікаў Украіны, з вялікім дакладам “Украінская савецкая літаратура ў дні вызвалення Украіны”. У ёй мы знаходзім згадку і пра бацьку Міная, і пра А.Куляшова, і пра верш І.Няходы, прысвечаны беларускаму паэту. Шырокай папулярнасцю сярод кіяўлян карысталіся ў свой час “вячэрнія размовы” М.Рыльскага, з якімі ён сістэматычна выступаў на старонках газеты “Вечірній Київ”. Выхоўваючы нацыянальна чытача, уздымаючы яго культурны ўзровень, М.Рыльскі знаёміў грамадскасць і з арыгінальнай паэзіяй А.Куляшова, і з яго грамадскай дзейнасцю, са з’явамі ў літаратурным працэсе сусветнага масштабу, раскрываў значэнне мастацкага перакладу для развіцця ўласнай літаратуры. І сярод прыкладаў высокай мастацкасці ён заўсёды знаходзіў месца для А.Куляшова. Пра А.Куляшова М.Рыльскі ўспамінаў, калі падымаў пытанне пра сувязь фальклора з арыгінальнай аўтарскай літаратурай, калі абмяркоўваў рэпертуар самадзейных мастацкіх калектываў, пісаў пра сваіх сябрукоў-пабрацімаў А.Малышку і інш. І нават сваё публіцыстычнае выступленне з мэтай збору подпісаў пад Стакгольмскай заявай Пастаяннага камітэта Усесаюзнага кангрэсу прыхільнікаў міру пра забарону атамнай бомбы М.Рыльскі заканчвае спасылкай на А.Куляшова, цытуючы ўрывак з яго паэмы “Новае рэчышча”. Пры гэтым след падкрэсліць, што згаданы артыкул “Пакацілася лавіна!..” датуецца 1950 г. Паэма “Новае рэчышча” напісана А.Куляшовым у 1948 г., урыўкі паэмы на ўкраінскай мове з’явіліся ў 1949 г., і пераклалі іх адзін М.Рудзь, другі М.Зісман. М.Рыльскі, як бачым, сачыў за развіццём літаратуры вельмі ўважліва, і куляшоўская творчасць яго заўсёды цікавіла, вабіла. Паэзію А.Куляшова М.Рыльскі разглядаў як адну з вяршынь мастацкасці і ідэйнасці, імя яго ставіў побач з імёнамі сучаснікаў – Шолахава, Ганчара, Твардоўскага, Чыкавані…
У 1962 г. у Кіеве выходзіць з друку літаратурна-крытычны нарыс “Паэзія А.Куляшова”, аўтарства якога належыць Ганне Ігнаценка, жанчыне, якая пазней стала членам пісьменніцкай арганізацыі Украіны, выступаючы як крытык, празаік, паэт, а нават і перакладчык беларускай літаратуры (“Хатынская аповесць” А.Адамовіча). Дарэчы, кніга Г.Ігнаценка “Поезія Аркадія А.Куляшова” была вельмі ўхвальна сустрэта беларускай крытыкай (выступленні Вячаслава Рагойшы). Што ж датычыць рэагаванняў з украінскага боку, дык звесткі пра гэта ў бібліяграфічным слоўніку “Беларускія пісьменнікі” у матэрыялах, падрыхтаваных Г.І.Рэут, адсутнічаюць, што, вядома, не можа не выклікаць здзіўлення. У аснову нарыса пра А.Куляшова лягла кандыдацкая дысертацыя Г.Ігнаценка, абароненая ў 1956 г.
Акадэмік М.Рыльскі даў пуцёўку ў навуковае жыццё многім даследчыкам. Выступіў ён як апанент і на абароне дысертацыі Г.Ігнаценка. Урывак з апаненцскага водгука ўключаны ў Збор твораў М.Рыльскага [2]. Першыя радкі водгука красамоўна сведчаць пра асаблівую цеплыню адносін М.Рыльскага да А.Куляшова: “Беларускі паэт А.Куляшоў належыць да ліку ўлюбёнцаў савецкага чытача. Менавіта так – улюбёнцаў!” Своеасаблівы лірычны запеў пераходзіць паступова ў прадметную прафесійную размову, з якой высвятляецца, што М.Рыльскі быў знаёмы і з першымі крокамі паэта, і са станаўленнем яго паэтычнага голасу, пошукамі, памылкамі і адкрыццямі. Перад А.Куляшовым было яшчэ наперадзе больш як два дзясяткі гадоў актыўнай пісьменніцкай працы. Аднак асноўнае ў творчай індывідуальнасці беларускага майстра мастацкага слова М.Рыльскі вызначыў у сярэдзіне 50-х гг., зрабіўшы таксама спробу зарыентаваць даследчыкаў і на найменш распрацаваныя, але, з яго пункту гледжання, важкія і перспектыўныя аспекты вывучэння своеасаблівасцей самабытнасці А.Куляшова.
Аўтограф поўнага выступлення М.Рыльскага захоўваецца ў архіве Інстытута літаратуры імя Т.Шаўчэнкі АН Украіны. Відавочна, знаёмства з ім дапоўніла б пэўнай канкрэтыкай назіранні М.Рыльскага над творчай лабараторыяй А.Куляшова, раскрыла б механізм аналізу сакрэтаў тэхнікі паэтычнага пісьма А.Куляшова. Зрэшты, не менш цікава было б параўнаць тэкст кандыдацкай дысертацыі Г.Ігнаценка з яе нарысам-кнігай пра А.Куляшова. Гэта дало б магчымасць прасачыць рэалізацыю таго імпульса, тых ідэй, якія зыходзілі ад М.Рыльскага, у далейшым літаратурна-навуковым працэсе.
Уласныя назіранні даюць нам падставы сцвярджаць, што не абсалютна ўсё са шматграннай творчай спадчыны М.Рыльскага ўвайшло ў яго Збор твораў, у тым ліку і з таго, што тычыцца яго беларускіх зацікаўленняў. Даследванне тэмы павінна мець далейшы працяг.
ЛІТАРАТУРА
1. Кенька М. Кулешов Аркадій Олександрович // Украіньска літературна енциклопедія. Т. 3. Киïв. 1995.
2. Рильский М. Зібрання творів у 20-ти томах. Т. 12–18. Киïв. 1986–1988.
3. Хланта І. Рыльскі Максім Тадэевіч // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі. Т. 4. Мінск, 1987.
МАСТАЦКІЯ ТЭКСТЫ АРКАДЗЯ КУЛЯШОВА НА ПРАКТЫЧНЫХ ЗАНЯТКАХ СУЧАСНАЙ РУСКАЙ МОВЫ
Л. І. Расулева, А. А. Шаталава
Праца з мастацкім тэкстам трывала замацавалася ў практыцы навучання мове. Яна арганічна ўключае ў сабе і вучэбныя, і выхаваўчыя задачы, актывізуе творчыя здольнасці студэнтаў. Пры адборы мастацкага тэксту трэба ўлічваць ідэйна-выхаваўчы змест твора, спецыфіку працы на філалагічным факультэце беларускага аддзялення. Мэтай працы над мастацкім творам з'яўляецца не толькі даследаванне індывідуальна-аўтарскага стылю, але і паглыбленне знаёмства з рознымі аспектамі нацыянальнай мовы праз пасрэдніцтва мовы твораў такога вядомага мастака слова, як А.Куляшоў.
Прыёмы працы з тэкстам разнастайныя. У залежнасці ад мэты заняткаў праводзіцца поўны ці частковы аналіз твораў. У час працы з гатовым тэкстам мы выкарыстоўваем такія практыкаванні, як розныя віды моўнага аналізу, граматычныя разборы, арфаграфічнае каментаванне, выдзяленне ў тэксце складаных сінтаксічных цэлых і праца з імі, выяўленне ў тэксце вывучаемых адзінак мовы, тлумачэнне значэнняў і мэтазгоднасці іх ужывання, перабудова тэксту, яго пісьмовы і вусны пераказ і г.д. Вось некалькі канкрэтных прыкладаў працы над тэкстамі з твораў А.Куляшова на практычных занятках па сучаснай рускай мове на беларускім аддзяленні.
Заданне 1.
Прапаноўваецца студэнтам самастойна перад практычнымі заняткамі прачытаць па падручніку "Родная літаратура" для 8 класа артыкул "Сведкі з біяграфіі А.Куляшова" і падрыхтаваць адказы на наступныя пытанні:
1. Што новага аб асобе А.Куляшова вы ўзналі з успамінаў яго дачкі?
2. Што вы ведаеце пра ўдзел А.Куляшова ў Вялікай Айчыннай вайне?
3. З якімі творамі А.Куляшова вы знаёмыя? Якое ўражанне яны выклікалі ў вас?
Заданне 2.
Прапаноўваецца студэнтам урывак з паэмы А.Куляшова "Сцяг брыгады" (1942) на беларускай мове і ў перакладзе на рускую мову М.Ісакоўскага.
Доўгі след палявых каляін
Вывеў нас да родных мясцін,
Да мясцін, дзе з маленства я рос,
Да сяброў
Дубоў,
Да сябровак бяроз.
Тут навузнік вісеў на сасне, –
А чаго
Яго
Не відно больш мне?
Дуб стагодні стаяў на лугу, –
А чаму
Яму
Добры дзень сказаць не магу?
Я пазнаць не магу аніяк
Стрэчнай вёскі... Дзе школа? Вятрак?
Дзе знаёмыя хаты? Адны
Сярод поля тырчаць каміны |
Скоро нас колея полевая
Довела до родимого края,
До сторонки, где жил я и рос,
До знакомых дубов и берёз...
Здесь скворечник я видел не раз.
Где же этот скворечник сейчас?
Дуб столетний стоял на лугу.
Почему же ему
"Добрый день" я сказать не могу?
Ни узнать мне деревни никак:
Где знакомые хаты, ветряк?
Где же школа? Ни школы, ни хат,
Только черные трубы торчат.
|
Заданні па тэксце:
1. Прачытайце выразна тэкст.
2. Растлумачце значэнне слоў "навузнік", "вятрак", "каміны" і ўкажыце ў рускім тэксце гэтыя словы.
3. Параўнайце пачатак урыўка ў арыгінале і ў рускім перакладзе.
4. Вызначце граматычную аснову кожнага сказа.
5. Растлумачце знакі прыпынку.
6. Выпішыце па два словазлучэнні і прааналізуйце іх па схеме.
Заданне 3.
Прапануецца для аналізу верш А.Куляшова "Бярозка" (1944) з хрэстаматыі "Родная літаратура" для 9 класа.
Стаіць яна ў зрэбнай кашулі
Адна на пагосце.
Варожыя кулі
Пакінулі след на бяросце.
Стралялі чужынцы, ды чудам бярозка ўцалела.
Стаіць яна, нібы дзяўчына на месце расстрэла.
Не плач жа, бярозка, не лі свае слёзы,
Красуня,
Над люстрам ракі запляці свае косы,
Красуня,
Цябе не застрэлілі і не пагналі ў няволю.
Расці ж ты на радасць і рэчцы, і людзям, і полю!
Заданні па тэксце:
1. Выразна прачытайце тэкст.
2. Растлумачце лексічнае значэнне слоў "зрэбны" і "пагост".
3. Знайдзіце сродкі стварэння экспрэсіўнасці ў дадзеным тэксце.
4. Знайдзіце ў тэксце зваротак. З якой мэтай ён выкарыстоўваецца?
5. Выпішыце з тэксту ўсе дзеясловы і зрабіце іх марфалагічны аналіз.
ПРА АДСУБСТАНТЫЎНАЕ СЛОВАЎТВАРЭННЕ Ў МОВЕ ПАЭЗІІ АРКАДЗЯ КУЛЯШОВА
Т. І. Якубовіч
Адной з асноўных задач дэрываталогіі з’яуляецца апісанне сістэмы словаўтварэння. Найменшай адзінкай
словаўтваральнай сістэмы лічыцца словаўтваральны тып, таму даць сінхроннае
апісанне адсубстантыўнай дэрывацыі – значыць, у першую чаргу, апісаць усе
словаўтваральныя тыпы адназоўнікавых дэрыватаў.
Мэта дадзенай працы – вызначыць ролю
А.Куляшова ва ўзбагачэнні лексікі беларускай мовы словаўтваральнымі сродкамі,
прааналізаваць як найбольш ужывальныя, так і, наадварот, характэрныя толькі для
яго мовы, афіксальныя дэрываты назоўнікаў, прыметнікаў і дзеясловаў.
Аднымі з найбольш цікавых у словаўтваральных
адносінах можна лічыць назоўнікі тыпу бесчалавечнасць,
бясспрэчнасць, бязмежнасць. Усе названыя вытворныя словы суадносяцца з
прыметнікамі бесчалавечны, бясспрэчны,
бязмежны, значыць фармантам пры ўтварэнні назоўнікаў выступае суфікс -асць (бесчалавечн-асць < – бесчалавечны,
бясспрэчн-асць < – бясспрэчны, бязмежн-асць < – бязмежны). Аднак
першыя два вытворныя слова, у адрозненне ад трэцяга, могуць матывавацца і назоўнікамі-антонімамі
чалавечнасць, спрэчнасць, а
словаўтваральным сродкам выступае прэфікс бес-(бяс-),
параўн. бес-чалавечнасць < – чалавечнасць, бяс-спрэчнасць < –
спрэчнасць.
Гэта асаблівасць дае падставу гаварыць аб
множнасці словаўтваральнай матывацыі (далей яна будзе адзначацца ў сістэме
прыметнікаў і дзеясловаў), паколькі вытворнае слова з тым самым значэннем можа
быць суаднесена і па форме і па свайму зместу з рознымі ўтваральнымі лексемамі.
Множнасць словаўтваральнай структуры характэрна і для назоўніка бяздомнік (разм.), які можа матывавацца
і прыметнікам бяздомны, дзе фармантам
выступае суфікс -ік (параўн. бяздомн-ік < – бяздомны), і назоўнікам
дом, дзе фармантам выступае конфікс бяз-…-нік (параўн. бяз-дом-нік < – дом).
Лексемы бяссмерце,
бездань можна разглядаць як утвораныя прэфіксальна-нульсуфіксальным або
нульсуфіксальным спосабам у залежнасці ад словаўтваральнай матывацыі (параўн. бяс-смерце < – смерць, без-дань < –
дно і бяссмерце < – бессмяротны,
бездань < – бяздонны). У другім выпадку назіраецца скарачэнне
ўтваральнай асновы з чаргаваннем галосных.
А.Куляшоў свядома выкарыстоўвае ў адным з
вершаў замест назвы аўсянік (значэнне
якой натуральна ведае далёка не кожны) слова падзёнка ('крылатае насякомае, якое жыве ўсяго некалькі дзён'),
унутраная форма якога цалкам празрыстая, таму што падзёнка суадносіцца з назоўнікам дзень (па-дзён-к-(а) < – дзень). Пры ўжываніі гэтага вытворнага
слова (параўн. Нядоўгім быў ваш век, як
век падзёнак, Мае сябры!..) аўтар не столькі называе прадмет, колькі
характарызуе асоб, якія нічога значнага ў жыцці не зрабілі і забудуцца
літаральна праз некалькі дзён.
На першы погляд, няма розніцы паміж утварэннем
прыметнікаў бездакорны, бессаромны,
бессардэчны, акрамя чаргавання ў аснове, паколькі матывуюцца яны
субстантыўна-прыназоўнікавымі спалучэннямі без
дакору, без сораму, без сэрца і ўтвораны шляхам далучэння конфікса без-(бес-)…-н-, аднак апошняе вытворнае
слова суадносіцца таксама і з прыметнікам сардэчны,
а фармантам у гэтым выпадку з'яўляецца прэфікс бес- (параўн. бес-сардэчны
< – сардэчны).
Шырока ўжываюцца паэтам дзеясловы, утвораныя
суфіксальным спосабам (напр.: перашкодз-і-(ць)
< – перашкода, галад-ава-(ць) < – голад, палымн-е-(ць) < –
палым-ян-(ы) < – полымя), канфіксальным спосабам, часта з чаргаваннем
гукаў ва ўтваральнай аснове (напр.: а-сірац-е-(ць)
< – сірата, а-святл-я-(ць) < – святло, за-сведч-ы-(ць) < – сведка,
па-калеч-ы-(ць) < – калека). Аўтарскім, нехарактэрным для сучаснай
беларускай літаратурнай мовы, але ўтвораным тым жа спосабам, можна лічыць
дзеяслоў ўсмерціць у значэнні
'давесці да пагібелі, смерці', які матывуецца назоўнікам смерць, а семантыка якога выяўляецца дакладна толькі ў кантэксце
(параўн. Час усмерціў іх ці даканалі
сваркі, не пазбытыя ў свой час?). Параўн. таксама дзеяслоў перацвітаць ('змяняць цвет, колер') у фразе Дыван вясны перацвітае ў лета.
Нямала сустракаецца ў паэзіі А.Куляшова
суфіксальна-постфіксальных і прэфіксальна-постфіксальных дэрыватаў. Першыя
матывуюцца назоўнікамі (параўн. жах-а-цца
< – жах, ганар-ы-цца < – гонар, смуц-і-цца < – смутак з адсячэннем
фіналі ўтваральнай асновы), а другія – адсубстантыўнымі дзеясловамі (ад-гукнуц-ца < – гукнуць, у-гаманіц-ца
< – гаманіць, вы-страіц-ца < – строіць, с-кончыц-ца < – кончыць).
Калі ж апошнія суадносіць з назоўнікамі, то фармантам у іх будзе выступаць
адначасова прэфікс, суфікс і постфікс (параўн. ад-гук-ну-цца < – гук, у-гаман-і-цца < – гоман, вы-страй-і-цца
< – строй, с-конч-ы-цца < – канец і т.д.).
Некаторыя дзеепрыметнікі, выкарыстаныя
А.Куляшовым, змяняюць словаўтваральныя сувязі, набываюць апасродкаваную
матывацыю, губляючы сувязь з дзеясловам і ўстанаўліваючы яе з назоўнікам. На
першы план у іх выступае якаснае, а не працэсуальнае значэнне. Напрыклад, у
сказе Стаяў запылены ўвесь Перад ёй і
чакаў... дзеепрыметнік запылены ўжываецца
са значэннем прыметніка 'пакрыты пылам',
а не 'той, які запылілі' і ўтвораны
ад назоўніка пыл (параўн. запылены < – пыл). Параўн. таксама сказ Штовечар
цішэй Развітальныя шэпты засмучаных пар, дзе засмучаны мае значэнне прыметніка 'які перапоўнены смуткам, невясёлы'.
Другой прычынай апасродкаванай матывацыі
з'яўляецца тое, што дзеепрыметнік пачынае абазначаць якасную прымету па
падабенству, напр.: скамянелае сэрца
– 'сэрца, якое стала абыякавым да ўсяго, падобным да каменю'. Нематываванае значэнне дзеепрыметніка замацоўваецца ў
якасным значэнні вобразнага, пераноснага характару. Параўн., напрыклад, Гучней, гучней, пад небам сінім, Пры заклапочанай
вадзе, Ажыўшым ясеням, асінам Яно (кукаванне – Т.Я.) бясконцы лік вядзе, дзе заклапочаны
– 'неспакойны, бурлівы'.
Словаўтварэнне – адна з
істотных унутрымоўных крыніц развіцця лексікі сучаснай беларускай літаратурнай
мовы. Адной з пастаянных і невычэрпных крыніц узбагачэння яе з'яўляюцца і
лексічныя рэсурсы народнай мовы, якімі дакладна і ўмела карыстаецца А.Куляшоў,
ствараючы пры гэтым свае, арыгінальныя лексемы. Вывучэнне словаўтваральных
сродкаў, якімі карыстаецца А.Куляшоў, дасць магчымасць устанавіць агульныя
заканамернасці, уласцівыя абедзвюм разнавіднасцям нацыянальнай мовы, будзе
садзейнічаць больш глыбокаму даследаванню словаўтваральнай сістэмы беларускай
мовы.
Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Магілёўскага Таварыства БРАМА
|