|
Засцярогі
ад чорта
Вядома ж, што калі чалавек
быў цвёрда ўпэўнены ў існаванні нячыстай сілы (нячысцікаў, чарцей, іх праяў),
то ён імкнуўся неяк ад яе пазбавіцца, засцерагчыся. Мала гэтага, яму здавалася,
што ёсць пэўныя спосабы, якімі прыкрываюцца на кожны момант жыцця. Самым моцным
быў крыж. Яно і зразумела, бо, па перакананнях патрыярхальнага чалавека, крыж –
гэта сімвал святасці, непарушнасці, боскасці. Ён жа неад’емны, асноўны атрыбут
хрысціянскай веры, а вера гэтая на працягу ўсяго свайго існавання вяла
бязлітасную барацьбу з усемагчымымі нячысцікамі-ведзьмамі, старанна ашукваючы
іх там, дзе яны нават ніколі, паводле закаранелых канонаў, не маглі існаваць.
Тым не меней, пастаянна і сквапна гарэлі вогнішчы, на якіх спальвалі людзей,
душы якіх, нібыта, былі запрададзены чарцям, а згодна хрысціянскай веры, – гэта
быў недаравальны грэх, і ад такіх людзей трэба было, па магчымасці, найхутчэй
пазбаўляцца. Тыя, хто спальваў, прыкрываліся божым крыжам, які іх жа засцерагаў
і ад людскога гневу, і ад памкнення пакрыўджаных расправіцца з крыўдзіцелямі. З
тых часоў лічылася, што крыж (крыжык, жагнанне) менавіта хрысціянскі сімвал.
Але гэта далёка не так, бо зараз агульнавядома, што нашы продкі-язычнікі насілі
ў якасці ўпрыгожванняў і абярэгаў амулеты, сярод якіх многія былі ў форме крыжыкаў.
Нельга не згадаць і пра тое, што ўсе тыя ж язычнікі звязвалі з крыжам
размяшчэнне частак свету.
Крыж вядомы даўно, надзвычай
даўно, мы нават не можам спаслацца на каго-небудзь з аўтарытэтных даследчыкаў у
галіне міфалогіі, хто б больш-менш акрэслена адзначыў, калі крыж (крыжык) пачаў
ужывацца старажытнымі людзьмі ў якасці ўпрыгожвання-абярэга. Бо той перыяд,
калі крыж стаў хрысціянскай засцярогай, вядомы дакладна – гэта час увядзення
хрысціянства. Вядома ж, на нейкай пэўнай тэрыторыі перыяд гэты мог адрознівацца
ў выніку крыху ранейшага ці пазнейшага “прывіцця” новай веры. Лічылася, што ён
здольны зберагаць і захоўваць ад усяго, нават ад цяжкатлумачальнага,
незразумелага і непрадказальнага. “Чорт заўсёды губаю ўваходзіць у чалавека,
асабліва, калі, рана ўстаўшы, не перажагнаешся, але ўпярод чорта спамяне. Як
нячысты ўваходзіць ветрам у чалавека, то дмухне яму ў твар халодны вецер, што
ён аж зжахнецца і ўжо ўвайшоў”.
Але ж тут гаворка вядзецца яшчэ і з адной абавязковай спасылкай на тое, што
чорт можа ўвайсці, “калі ўпярод чорта спамяне”. “Паколькі апоўдні і апоўначы
чэрці з’яўляюцца галоўным чынам на ростаньках, то, каб аддаліць іх, набожныя
людзі ставяць тут крыжы. Да гэтых жа мясцін прыстасоўваецца ўстанаўленне крыжоў
у час асвячэння палёў. Нарэшце, тут ставяць крыжы людзі збяднелыя ці такія, у
якіх паміраюць дзеці”.
Тут значна пашыраецца ўздзеянне крыжа ў параўнанні з першым прыкладам. А вось
прыклад з рускага фальклору: “Седой-то и научил её: “Скажи, что невеста украла,
её станут бить, она и удавится, а ожерелье корова в помоях проглотила”.
Перекрестился старик, приехал домой, зарезал корову, и в желудке у нее нашли
ожерелье”.
Вышэй гаворка вялася ў гэтым эпізодзе пра тое, як чорт зводзіў прыгожую і
працавітую маладзіцу, жылячыся любым чынам дабіцца яе ласак, але, як бачым, з
гэтага нічога станоўчага для яго не атрымалася. Перажагнуўся стары перад тым,
як рэзаць карову, з пэўнай нагоды: каб нячысцік не здолеў адпомсціць яму і каб
уся тая нячыстая “чорная” сіла з жывёліны выйшла.
Найбольш папулярным крыжазасцераганне
застаецца ў наш час, калі па-ранейшаму людзі сталага ўзросту працягваюць верыць
у існаванне чарцей, у тое, што яны могуць абавязкова здзейсніць што-небудзь
благое, непажаданае, калі толькі іх своечасова не спыніць, не ўтаймаваць. “Ішоў
дзядзька паўз асінавы мохавы лес. Стары лес, паваленых дрэў у ім многа, карчоў
усялякіх. Непралазны ён увогуле, і пра тое месца людзі заўсёды казалі, што там
чэрці гаспадараць, вяселлі-шабашы свае спраўляюць, таму і паваленых асін
мноства, таму і абыходзіць той край стараліся, каб ненарокам не нарвацца на што
благое. А старому трэба было нечага там. Вось ідзе ён і чуе, як валасы на
галаве дыбам устаюць і нечыя крокі ззаду выразна чуваць. Акінецца, не, няма
нікога, толькі вецер гудзе-стогне на ўсялякія галасы. Як пойдзе далей, то зноў
усё працягваецца па-ранейшаму. Да вёскі недалёка, але ж і цямнець пачало, ды і
здарожыўся чалавек моцна. Здавалася, што вось-вось упадзе і далей не здолее
ісці. Ды тут стары ўзяў і перажагнуўся. І што ж вы думаеце? Адразу ўсё ціха стала,
спакойна, сам супакоіўся. Адпачыў і пайшоў дамоў. А гэта там чэрці былі, дзед
сам казаў, што яны так моцна яго тады дасталі. Добра, што здагадаўся
перахрысціцца, а то б мог і жыццё ні за што пакласці” (УЗ. Ст.). “Летам гэтам
было. Самая спякота. Людзі жыта жалі. Стараліся, каб дождж ненарокам не ўдарыў,
каб звесці ўсё ў гумны і потым супакоіцца. Некаторыя нават, калі дамоў
ісці-дабірацца далекавата было, то на полі спалі. А што там таго сну, калі не
паспееш вочы самкнуць, а ўжо сонца ўзыходзіць. Так адна баба, адчайная, смелая,
каб ногі дарма не біць, засталася на полі спаць. Прылегла і заснула. Недзе праз
гадзіну падалося ёй, што яе за ногі нехта цягне, выкручвае іх. Застагнала ў сне
і прачнулася. Азірнулася спалохана, аж і сапраўды, вецер узняўся, копы са
снапамі паперакульваў. Ды крыкі-стогны такія разлягаліся, што выла ўсё навокал.
Ускінулася жанчына, а тут рогат пачаў разносіцца. Дзікі, неўтаймаваны. Хто б
тут вытрымаў такое? Яна ўжо і сама сабралася бегчы куды вочы глядзяць, і тут
здарылася непрадбачнае: перажагнулася нечакана і... ўсё пачала аціхаць,
адступаць, супакойвацца. Так тыя чарты і зніклі некуды” (УЗ. Светл.).
У некаторых выпадках
згадваецца, што, каб засцерагчыся ад уздзеяння нячыстай сілы, чалавек, вымушаны
начаваць недзе ў незнаёмым месцы, абыходзіўся вельмі проста: абводзіў вакол
сябе своеасаблівае кола, а пасля – жагнаўся, і тым самым атрымлівалася, што
гэта быў кавалачак “захрышчанай” зямлі, дзе яму, па перакананні патрыярхальнага
селяніна, ужо нішто не пагражала. “Некалі дзед нам, малым, расказваў, як ён за
старым млыном ад чарцей ратаваўся. Многа цікавага перадаваў. Каб жа на сённяшні
розум, то і мы б усё чыста запомнілі, а так. Тады ён быў яшчэ маладым, у сіле.
Паехаў па сена на балота. Справа была позняй восенню, але надвор’е, тым не
меней, стаяла цёплае, летняе. Не было замаразкаў, асенняй залевы. Нагрузіў воз,
як коніку пацягнуць, запрог яго і назад паціху паехаў. Размеркаваў так, каб да
цемнаты дамоў патрапіць, ды пралічыўся, бо асенні дзень тухне надзвычай хутка.
Стала так цёмна, што хоць вока выкалі, ані кроку наперад не зробіш. Конь ішоў,
ішоў і прыпыніўся. Тут навокал такі вэрхал-глум падняўся, што самы смелы
чалавек злякаўся б, але ж і дзед тады ўжо спрактыкаваным быў, бо яго старэйшыя
навучалі, як дзейнічаць у такіх выпадках, каб жыццё захаваць. Хуценька ўхапіў у
рукі вілы, потым абабег, імі чыркаючы, добры круг вакол воза з канём, выпраг
коніка, прывязаў яго да воза так, каб і сена скубануць, калі што якога мог, і
свабодна пераступіць. Перажагнуўся потым тры разы, залез на воз з сенам,
закапаўся і так салодка заснуў, што ніякія чэрці яго не турбавалі, хоць і вылі
ды скакалі адчайна навокал, але што яму з таго”(УЗ. Пол.). “Раз з дзеўкамі ішлі
з вячорак, а чэрці за намі ўвязаліся. Як мы не стараліся ўцячы – нічога ў нас
не атрымлівалася. Вось, здаецца, дагоняць. Крычым што сілы хапае, а яны нам тым
жа самым адказваюць. Такі вэрхал узняўся, а крыкі тыя адчайныя яшчэ болей
палохаюць. Выляцелі мы на перакрыжаванне дарог, і тут самая смелая з нас як
крыкне:
– Стойце! Я знаю, што рабіць!
Ухапіла нейкі кол і давай
круг вакол нас па снегу вычэрчваць. Справа, бачыце, зімою была. Адмалявала той
круг і гаворыць:
– А цяпер усе жагнайцеся!
Давай мы шчыра жагнацца, як
і ў царкве ніколі не стараліся. Навокал усё крычыць, стогне, гыркоча, але да
нас не дастае, вось нібы сцяна якая нябачная перад тымі чарцямі паўстала”(УЗ.
Ветк.).
Даволі часта згадвалася і
пра тое, што там, дзе паблізу будынін стаіць крыж, ці некаторыя асобныя дэталі
будынка нагадваюць сабою крыж, то нячысцікі там ніколі не з’яўляюцца, болей
таго, яны нават баяцца падыходзіць да будыніны блізка. Свядома ці проста для
трываласці рабіў некаторыя канструкцыі чалавек у форме крыжа, зараз адназначна
адказаць цяжка. Але і на аконных рамах, і на дзвярах яны існуюць да гэтага
часу. “Каб чэрці ў хату не змаглі залезці, дык некалі прыдумалі крыж-накрыж
дошкі на вокнах прыбіваць. Праз такі абярэг ніякі нячысцік не асмеліцца
прабрацца, ды што там прабрацца, нават зазірнуць не здолее. Нездарма ж даўней
гаварылі, што калі ў хату зайшлі ды дзверы-вокны зачынілі, то ніякі чорт не
страшны. Праўда, найбольш хітрыя ды кемлівыя згадвалі, каб юшку ў коміне
зачыняць не забываліся, бо якраз-такі праз такое месца чорт можа забрацца ў
хату і нарабіць вялікай шкоды. Даволі часта такое на самай справе і адбывалася.
Таму старэйшыя пільна сачылі за ўсім гэтым і навучалі сваіх малодшых, каб тыя
таксама дзяцей потым навучылі ды ўсе чыста абярэгі ад чарцей пераказвалі” (УЗ.
Светл.). “Некалі майстры не хацелі рабіць хат ці якіх іншых будынін, дзе не
было перакрыжаванняў. А гавораць жа, што ўсялякія варажбіты-чараўнікі бачылі
сваю будыніну без такіх засцярог-абярэгаў, якія б перашкаджалі ім падтрымліваць
сувязь з нячысцікамі. Майстры, калі выраблялі перакрыжаванне на вокнах ці
дзвярах, то і самі падчас працы пастаянна жагналіся, каб узмацніць сілу крыжа.
Гавораць таксама, што тыя ж чараўнікі ці варажбіты ўсё імкнуліся
вырабляць-аздабляць самі або запрашаючы сваіх сваякоў ці людзей, якія ў пэўнай
ступені залежалі ад іхніх чараў. Такія людзі былі вымушаны рабіць так, як ім
загадваў усемагутны чараўнік, бо, ў адваротным выпадку, ім самім пагражала небяспека.
Яны ж цалкам залежалі ад волі чараўніка, які быў у сувязі з нячысцікамі і, адпаведна,
нічога супрацьпаставіць не маглі. Таму і не дзіўна, што потым, калі такі чорны
варажбіт паміраў, то на тым самым паселішчы ўзнікала жыллё чарцей, іхні шабаш.
Там ужо яны выраблялі што хацелі і як хацелі. Ніякіх крыжоў паблізу не
існавала, ніякіх перашкод для нячысцікаў не было” (УЗ. Светл.).
Праўда, абавязкова трэба
згадваць і пра тое, што знахар жа мог быць “запрададзены” і не. “Запрададзены”
– гэта той, які імкнуўся наблізіцца да нячысцікаў, зхаўрусавацца з імі, каб
знаходзіць сабе пэўную выгоду. Такога варажбіта трэба было асцерагацца
сумленным працаўнікам, якім нячысцік і іхнія шматлікія служкі пастаянна
пагражалі. Такіх “чорных” ведзьмароў ведалі, з імі імкнуліся як мага меней
кантактаваць, перадавалі пра іх звесткі іншым вяскоўцам, і не толькі са свайго
паселішча. А “незапрададзеныя” знахары верай і праўдай заўсёды служылі людзям. Да
іх звярталіся ва ўсіх выпадках жыцця, калі самі не маглі даць рады, знайсці
выйсце, вылечыцца ад пераляку, атрыманага (нібыта!) ад сустрэчы з нячысцікамі,
ад іхняга ўплыву. “У нашай вёсцы, непадалёку ад цэркаўкі, жыў некалі стары
дзед. Яго называлі ўсе знахарам, бо ён і на самай справе валодаў агромністай
чароўнай сілай. Кажуць, што пастаянна ваяваў з нячысцікамі. Доўга гэта ў іх
вялося. Потым стары так чарцей дапяў, што яны, а не ён, яго баяліся. Гаварылі,
што толькі ноч наступае, дык навокал ягонай хаціны стаяў пастаянна страшэнны
вэрхал: крыкі, енкі, стогны, праклёны. Калі хто незнаёмы трапляў на такое
месца, то мог моцна налякацца. Аказваецца, чэрці збіраліся любым чынам звесці
яго са свету. На працягу многіх гадоў імкнуліся чэрці адпомсціць яму за шматлікія
знявагі-абразы. Збірацца то збіраліся, але прайсці ў двор да старога, а ў
хаціну, дык і гаварыць не даводзілася. Дзед спіць сабе нібы пшаніцу прадаўшы, а
чэрці вішчаць ад злосці. Калі надта яму надакучыць, то ціхенька падкрадзецца да
плоту ды як лупяне якім цурбалкам, так пару чарцей і дух выпусцяць. Стары сваёй
смерцю і памёр, нічога яны яму благога не зрабілі” (УЗ. Бабр.). “Некалі ў нашай
вёсцы жыў варажбіт, то ён ніколі ніякіх чарцей не баяўся і баяцца не збіраўся.
Калі каго дзе чэрці заспеюць і не даюць пакою, то родныя адразу бягуць да яго.
Дзед браў добрую сваю кавеньку і бойка шпацыраваў у добрым накірунку. Лупіў нячысцікаў
налева і направа, разганяў іх ва ўсе бакі і вызваляў сумленных людзей, якія
самі нізашто не маглі паратавацца. Некаторым дзед згадваў, праўда, не пахваляючыся,
бо такога рабіць ніколі не любіў, што нячысцікаў біць яго яшчэ бацька-нябожчык
навучыў, даў яму такую моц і сілу. Не трэба было надта далёка бегаць, каб каго
на дапамогу паклікаць, бо побач пастаянна дзед жыў. Распавядалі, што калі ён
памёр (сваёй смерцю), дык чэрці так ужо радаваліся, так ужо насіліся, што бура
цэлы тыдзень амаль гуляла па наваколлі і нарабіла тады надта многа шкоды”(УЗ.
Жл.).
Вядома ж, цікава і тое, чаму
так спакойна і ўпэўнена адчувалі сябе “незапрададзеныя” знахары ў
супрацьстаянні, змаганні з нячыстай сілай ці з чарцямі. У пераважнай большасці
выпадкаў варажбіты карысталіся ўсемагутнымі, з іхняга пункту гледжання,
замовамі. “Зара зару занімаець, свету-сонца бажаець, Прэсвятая Бугуродзіца
ангалаў ажыдаець. Ангалі мае храніцелі, збаўце раба божага ад нячыстай сілы, ад
нячыстага духа, ад ведзьмы-чарадзейніцы. Аградзі яго, Госпада, каменнаю сцяною
і накрый яго, Госпадзі, гарачаю скаварадою, падмасьці яму, Госпадзі, залезнаю
даскою. Тады яго ведзьма-чараўніца імець, як каменную сцяну ілбом праб’ець,
гарачую скавараду языком праліжэць, залезную доску нагою праломіць. На гарэ
Васіньяскуй стаіць цар-цэркуў, у тэй цэркві прэстолы стаяць, ютрэні ўспеваюць,
службы савершаюць, праскамідыі вынімаюць, харувім васпяваюць. Святы Міхайла на
прэстолі стаіць, відзіць ён нас, праведнікаў і ябеднікаў, і наганіцеляў, і
ведзьмаў-чараўніцуў; і разбіваець вялікаю грамою, пякучаю маланнёю, калянаю
скалою, багатырськім канём, булатным нажом. Асвяці, Госпадзі, сію ваду на
ўсякім часе, на ўсякай гадзіні” (“Ад нячыстай сілы, нарадкі”).
Амаль тое ж самае гаворыцца
і ў наступнай замове, якая і назву мае аналагічную першай. “Госпадзі, Божа,
багаславі, святая маць Прачыстая, памажы. Выгаварываю я эту балезню-нарадку ад
усякага злога прыхватку. Будзем ад етыя балезні зорычкамі агражджацца, месічкам
асвяшчацца. Ангалі храніцелі, храніце ету душу і ў дні і ў ночы, і ва ўсякім
божым месцы. У чыстых палях і ў зялёных лугах там сталы засціланыя, кубы
наліваныя, вот там табе і гуляць, і буяць, а раба божага не чапаць. Чэраз
святую суботу, маць-раку, давала маці Прачыстая руку ад усіх злых чараўнікоў і
чараўніц. Ёсць на Сіянскім моры, узлукамор’і выспа, на той выспі стаіць дуб на
дванаццаць какатоў. На том дубі звіў сабе чорны воран гняздо, і жыві-пражывай,
і свой злы яд вынімай. А ня будзеш свайго злога яду вынімаць, будзець цябе
Гасподзь Бог наказуваць вялікімі грозамі, вялікімі хмарамі і вялікімі перунамі”.
У гэтых замовах
падкрэсліваецца тое, што яны накіраваны супраць нячыстай сілы, хоць, здаецца,
на першы погляд, іх можна аднесці да агульнаўжывальных, закліканых засцерагаць
ад усемагчымых хвароб і пошасцей. Такім аспектам тут выступае гром-маланка,
закліканая знішчыць нячыстую сілу, змятаць яе са святой зямлі. Таму і не
дзіўна, што ў гэтых вуснапаэтычных творах прысутнічаюць наступныя выразы:
“разбіваець вялікаю грамою, пякучаю маланнёю”, “будзець цябе Гасподзь Бог
наказуваць вялікімі грозамі, вялікімі хмарамі і вялікімі перунамі”.
Згадаем і тое, што побач з
замовамі ў беларускім народзе існавалі і малітвы, якія адрозніваліся ад
вышэйпрыведзеных тым, што іх проста так і называлі – “Малітвы”. Абавязкова
падкрэслім наступны факт: называлі і працягваюць называць самі інфарматары, бо
калі глянуць з навуковага боку, то гэта тыя ж самыя замовы. Але раз іх
спрадвеку так характарызавалі, дык ад гэтай характарыстыкі не будзем адыходзіць
і мы. “Памолімся мы і паклонімся Госпаду Богу і Духу Святому, Тройцы святой
ядынай, і Прачыстай мацеры Божай, і Святому васкрасенійку Хрыстоваму, чэснаму,
міласэрнаму, і ўсім святочкам, гадавым празнічкам, кіеўскім, пячэрскім, і
рымскім, і ерусалімскім, і Ісакаву, і Якаву, і Антоняму, і Хвядосяму, і святому
Юру, і Ягору, і святому вотчу Міколу. І святы вотча Міколачка, вы скорыя
памочнікі, вы божыя ўгоднікі, вы вялікія малітвеннікі, вы ж скоранька
памагаеце, – гэтаму рабу божаму чалавеку з’едзь замаўляйце і злога чалавека на
мхі, на балоты ссылайце. І найсвеншая Марыя, яна стаіць у храме Гасподнім,
дзяржыць яна свае ключыкі залатыя пры стале, чараўніку і злой хваробе замыкае
зубы, засылае яна яго і злую хваробу на мхі, на балоты, на ніцую лазу, на
калючую грушу, дзе ж быдлы не бегаюць, дзе пціцы не лятаюць, дзе вужы-гады не
жывуць – там няхай злая хвароба і злы чалавек пражывае і прабывае”.
Можна пацвердзіць словы гэтай “Малітвы” запісамі апошніх гадоў, якія былі
зроблены на Брэсцкім Палессі. “Калі чартоў дзе напаткаеш па дарозе ці ў сне
прымроіцца, то не надта палохайся. Вельмі лёгка з імі справіцца. Гэта хто не
знае, як усё робіцца, то той будзе ў адчаі. А тут жа ўсё проста, прашапчы
тройчы малітву засцерагальную. Тройчы зрабі гэта, і любыя чарты адступяцца. Яны
будуць навокал кружыцца, пагражаць, пераўвасабляцца ва ўсемагчымых пачвар, але
нічога благога не зробяць, бо малітва мае над імі неабмежаваную ўладу. Гавораць
нават, што ёсць такія божыя словы, пасля якіх чарты так і застаюцца нежывымі на
тых самых месцах, дзе іх заспела малітва. Так і ляжаць, а потым, з цягам часу,
распыляюцца, ператвараюцца ў рознае сучча-ламачча” (УЗ. Пн.).
Немалаважна і тое, што ў
засцерагальных замовах і ў “Малітвах ад нячыстай сілы” паўсюдна сустракаюцца
імёны святых, самога Ісуса Хрыста, Бога, Госпада, святой Прачыстай маці,
анёлаў, арханёлаў, боскіх мясцін, традыцыйна і непарыўна звязаных з
хрысціянскай рэлігіяй. Яно і зразумела, бо гэтыя вуснапаэтычныя творы часам
свайго стварэння адносяцца да эпохі развітага язычніцтва і нават не да ранняга,
а ўжо да дасканала ўкаранёнага на тэрыторыі Беларусі хрысціянства. Як яскравы
прыклад прывядзем наступную замову (“Ад нячысцікаў, ад нячыстага злога чаравання”):
“Дванаццаць анёлаў, дванаццаць апосталаў, мацер Божая пачаеўская, рабу божаму
на помач станавіся. Святы цар Давыд, на помач станавіся. Казанская Божая мацер,
рабу божаму памогі дай, сахрані, Божа, памілуй, маць Прачыстая, сам Сус
Хрыстос, раба божага сахрані і памілуй ад вятроў, ад чарадзейнікаў, ад
душагубнікаў, ад уразскае сілы. Сахрані, Божа, маць Прачыстая, сам Сус Хрыстос,
сахрані і памілуй раба божага ад чорнага вока, чорнага воласу, громкага голасу,
ад сухоты грудзей, жывата, сэрца, ад ламоты, ад ташноты, ад бядноты, ад
уразскае сілы”.
У народзе нават тлумачылі
адносна пэўнага часавага перыяду, калі нячысцікі былі найбольш актыўнымі і калі
яны павінны былі ўвогуле знікаць, уцякаць, бо кожная прамаруджаная хвіліна
пагражала ім пазбаўленнем жыцця. “Не па ўсіх месцах чорту можна блукаць па
зямлі, напрыклад, яму нельга залятаць туды, дзе раслі лён, каноплі, таму што з
іх вырабляюцца алей і прасфоры, якія пастаянна ўжываюцца ў царкве; чорту
таксама нельга знаходзіцца ў вадзе ад Вадохрышча да Раства Іаана Прадцечы
(Купалля), садзіцца на вярбу з Вербнай нядзелі да Вадохрышча і на ўсе наогул
травы ад Раства Іаана Прадцечы да зімы. Беларус кажа, што чорт ад Вадохрышча да
Вербнай нядзелі сядзіць на вярбе, з Вербнай нядзелі да Раства Прадцечы – на травах,
а з Раства Прадцечы да Вадохрышча – у вадзе”.
Як бачым, тут падрабязна распісаны мясціны і перыяды, дзе нячысцікі ў той ці
іншы час знаходзяцца і чым яны вымушаны займацца, а таксама каго павінны былі
асцерагацца, каб іх назаўсёды не зжылі са свету. Тут усё скіравана на тое, што
з пэўнай мясціны чарцей змывалі пры дапамозе: крыжа, малебнаў, “святой вады” і
іншых хрысціянскіх святаў ды рытуалаў. “Вербніца. У гэты дзень вярбу свецяць і
з вярбы выганяюць нячыстага духа. Няма куды падзецца нячысцікам. Бягуць яны з
гэтага дня ў траву. Настане Іванаў дзень, і іх з вады святой вадой выганяюць.
Тады яны кідаюцца ў ваду і жывуць там да Хрышчэння. У гэты дзень іх пераганяюць
зноў у лазу, калі апускаюць крыж на “Іардані”. Так і ганяюць іх, як сабак, цэлы
год”.
Аналагічныя запісы даволі
часта сустракаем і ў апошнія гады. “Чорту нідзе спакою няма. Таму ён заўсёды
такі зляканы ды хлуслівы. Калі толькі дзе атабарыцца жыць, то прыйдзе якое
вялікае свята і людзі яго сваімі малітвамі абавязкова на іншае месца жыць згоняць.
На Вадохрышч дык увогуле чэрці тысячамі гінуць, бо на ваду святое слова ды крыж
бацюшка апускае, а гэта – страшней за што-небудзь іншае. Там, дзе гэтае слова
напаткае, то там чорт і курчыцца ў смяротным болю, там яму і канец. Тое ж самае
адбываецца яшчэ і на Вербніцу. Калі толькі добра ўслухаецеся ў той момант, як
б’яце вербачкаю па спіне ці па руках чалавека, каб у каго чыстае здароўе было,
як паблізу, старанна схаваўшыся, нехта пішчыць-павісквае. Гэта чэрці, а крычаць
яны ад моцнага болю, бо калі чалавеку датыркванне вербачкаю здаецца лёгкім,
жартаўлівым, дык для іх, наадварот, у дзесяткі, у тысячы разоў памножаным. Так
і калоцяць чарцей з усіх бакоў, так і не даюць спакою нідзе. Вось ад гэтага яны
і выюць-стогнуць, вось ад гэтага яны і пакутуюць, бо самі, не шкадуючы, людзей
са свету зводзяць ды калечаць, і людзі, адпаведна, ім жорстка адплочваюць” (УЗ.
Жытк.). “На Вадохрышч мноства чарцей гіне. Як стане бацюшка маліцца, а дзяк
кадзілам над вадою махаць, то і чуваць выразна, як выюць чэрці. Іх смерць тады
не шкадуе, косіць, нібы каса траву. Уцякаюць яны тады куды вочы глядзяць, каб
толькі далей ад гэтых страшных мясцін, дзе стаў раптоўна гаспадарыць божы крыж.
А то сядзелі сабе ў балоце, у вадзе ды толькі параготвалі, паскудствы свае
выкідаючы. Потым нездарма ж, відаць, гаварылі, што нельга ваду ў іншых мясцінах
піць, акрамя асвячонай, бо там жа чэрці пабітыя плаваюць, запаскуджваюць сабою
ўсё навокал” (УЗ. Лун.).
Але ўсё ж самай страшнай
з’явай, самай паражальнай і небяспечнай зброяй для чарцей была маланка з громам
ды з перунамі. “Асцерагаючыся добрай сілы як праціўніка сатанінскай, нячысцікі
асабліва баяцца граманоснай сілы – святых Юр’я і Іллі, з якіх першы кіруе
грамамі вясною, а апошні – у астатні час, да самай глыбокай восені. Людзям
ніколі не пералічыць колькі тут гіне чарцей: дакладна вядома, што кожны ўдар
грому абавязкова трапляе ў нячысціка, а калі маланка бліснула накрыж і запаліла
прадмет, за якім ці ў якім несумненна схаваўся нячысцік, – апошні загінуў”.
Усё той жа М.Нікіфароўскі па-свойму тлумачыў і наступны факт: “Пярун – гэта не
што іншае, як стрэл, якім святы Юрай забівае чарцей. Пачуўшы першы ўдар,
астатнія чэрці пачынаюць хавацца за розныя прадметы, жывёл і людзей, якія маюць
мала “хрышчонага”, прычым накіраваны ў чорта ўдар часам трапляе не ў яго, а ў
прадмет, які засланяў яго. Таму, калі пачынаюцца грымоты, трэба перахрысціцца і
перахрысціць месца вакол сябе, каб не падступіўся чорт”.
Тое ж самае падкрэсліваецца і ў рускім фальклоры: “Паводле народнага павер’я, у
час навальніцы чэрці любяць хавацца ў чорных калматых жывёлінах, а таму, як
толькі пачынаецца непагода, з хацін выганяюць усіх чорных катоў і сабак, каб
пазбегнуць нябеснага полымя. Хаваюцца чэрці пад высокімі дрэвамі, залязаюць у
дуплы, у пусты посуд у хацінах (адсюль звычай пераварочваць перад навальніцай
посуд уверх дном, зачыняць вокны і дзверы ў засцярогу ад пранікання ў жыллё
нячыстых духаў). Пажар ад маланкі трэба было тушыць не вадою, а малаком, іншыя
меркавалі, што ад чорнай каровы”.
Да нашага часу захаваліся
такія павер’і сярод вясковага люду, дзе па-ранейшаму старэйшыя жыхары
працягваюць верыць, што гром, навальніца з маланкамі – гэта не што іншае, як
“стрэлы” ў чарцей, у выніку якіх яны гінуць без ліку. “Калі грыміць гром, то не
трэба надта баяцца, а паболей жагнацца, і ўсё тады будзе ў парадку. Чарцям
гора, бо іх перуны вынішчаюць. Вось што не лясне па небе, то адным чортам
заўсёды меней становіцца. У такія хвіліны чэрці заўсёды бліжэй да чалавечага
жылля ціснуцца, бо ведаюць рагатыя, што перуны людзей любяць і не будуць дарма
забіваць. Маланкі палошчуць па небу, распалавіньваюць яго так, што і глядзець
нават страшна. То там закурыць пад дажджом, то ў іншым месцы, а гэта і ёсць
забітыя чэрці. Дастала іх там, то і ўпалі на месцы, ды чорная душа адляцела ў
пекла ў той жа момант. Калі надзвычай моцная навальніца пракоціцца, то паўсюдна
дымы цягнуцца, асабліва над балотамі – адвечнымі месцажыхарствамі чарцей.
Потым, калі хто ў лес выберацца ці ў поле, то нячысціка забітага можна будзе
напаткаць у самым нечаканым месцы. Ператворацца яны то ў якія камянюкі, то ў
карчы, то ў пабітых птушак і г.д.” (УЗ. Петр.). “Гром грыміць – чартоў пярун
б’ець. Заўсёды ў нас так казалі, і мы так пераказваем, каб і вы ведалі. Лупіць
маланка, да зямлі дастае, з любой шчыліны чорта выкалупвае, як бы ён не
хаваўся, як бы не зашываўся. З даўняга часу ў іх непрымірымасць такая, якая
пастаянна чарцям жыцця каштуе. Вецер уздымаецца, віхура слупам стане, а потым у
гэты самы слуп пярун як жахне! Тады адразу енкі, стогны адчайныя чуюцца – гэта
значыцца, што чарговы нячысцік смяртэльна паранены і ад болю з крыку
вылузваецца. Калі добра маланка ўлупіць, то ажно дым густы паваліць – гэта ў
кубло іхняе пярун патрапіў. Тут ужо не аднаго, а некалькіх адразу са свету
чыстага звёў. Дым той такі смярдзючы, едкі, і яго нават густы-густы дождж не
перабівае. У нас гавораць, што хто ў той густы дым патрапіць, то ў яго ўсё цела
будзе надта ж валасатым, пакрыецца “чортавым воласам”. Калі ісці пасля
навальніцы, то можна лёгка патрапіць на месца смерці чорта, праўда, яго самога
там ужо не будзе, а толькі нешта стане нагадваць: камень, корч, абсмаленая
купіна. Самога ж чорта ягоныя сабрацці імкнуцца як мага хутчэй захаваць па
свайму звычаю, каб людзі з яго не здзекаваліся, не паказвалі іншым, як ён на
самай справе выглядае. Многа так чарцей маланкаю біла. Галоўнае, што нідзе ім
схову не было, нават, часам, у людзей будынкі гарэлі і потым гаварылі, што гэта
пярун туды чорта загнаў і потым забіў-спапяліў” (УЗ. Чач.).
У некаторых выпадках
згадвалася і канкрэтная зброя Перуна, перуноў, святога Іллі ці Юрыя – гэта
“страла” ці “каменная сякерка, якая падала з неба і трапляла прама ў
нячысціка”. Тлумачылася паходжанне гэтай адмысловай зброі па-рознаму, але
сутнасць заставалася адной і той жа: яна прызначалася для пазбаўлення чарцей жыцця.
“Самае надзейнае сховішча чорта ў час навальніцы – пад мяжой, у вадзе, пад
шляпкай грыба, “яруйкі”, чортава грыба. Знойдзеныя пасля навальніцы ў зямлі “грамавыя
стрэлы” (беламніты, сплавы, якія ўтвараліся ад зваркі пяску пасля ўдару маланкі)
лічылі зброяй, якая засталася пасля бітвы Іллі Прарока з дэманамі, і выкарыстоўвалі
іх для вылячэння ад розных хвароб і псаванняў. Арлоўскія варажбіты-жанчыны
клалі “стрэлкі” ў кружкі з халоднай вадой, чыталі над імі малітвы-замовы, затым
бралі ў рот замоўленай вады, пырскалі ёю на хворага, давалі піць, выймалі
“стрэлкі” з кружкі і рабілі крыжападобныя ўколы на целе хворага”.
Згадваў пра такі звычай і М.Федароўскі: “...Каб д’ябла адстрашыць ад свае
стайні, гаспадары вешаюць у ёй так званую “стралу”, г.зн. сякеру ці камень з
каменнай эпохі, якіх лічаць справай рук Бога”.
Яшчэ і ў наш час на Палессі абавязкова адзначаць, што падчас навальніцы
вяскоўцы выкідваюць з хацін на падворкі сякеры і робяць яны гэта для таго, каб
у будынкі іхнія не ўдарыла маланка (пярун), а калі дзейнічаць такім чынам, то
сякера выступае ў якасці надзвычай моцнага абярэга. “Некалі, калі сама яшчэ
малою была, то добра памятаю, як мая бабуля падчас навальніцы сякеру ў двор з
сенцаў выкідвала. Яна і тлумачыла, што рабіла гэта для таго, каб маланка гэткай
жа сякерай, толькі палючай, у хаціну не ўдарыла. Так у нашым раду пярун нікому
і не ўлупіў, не спапяліў хаціну. А пра гаспадарчыя будыніны то ўжо і гаварыць
не даводзіцца, бо там па-ўсялякаму здаралася. Гумно ці хлеў які або сена стог у
разлік, вядома ж, не ішлі. Гарэлі, часам, цэлыя вуліцы, бо ўсе будынкі
драўляныя былі, саломаю крытыя, а яшчэ, як вецер падзьме, то вынішчала такая
маланка ўсё дачыста. Нашу ж хаціну ўвесь час абыходзіла. Праўда, аднаго разу
цуд сапраўды здарыўся: агонь спыніўся якраз на тым самым месцы, дзе ляжала
выкінутая на навальніцу сякера. Тады яшчэ болей мы пераканаліся, што сякера ад
удару перуна засцерагае і трэба гэтым абавязкова заўсёды карыстацца” (УЗ.
Івац.).
У рускім фальклоры
згадвалася, што чорта можна забіць сярэбранай ці залатой куляй або салдацкім
гузікам. Салдацкім, паводле разважанняў даследчыкаў, таму, што салдат многае ў
свеце пабачыў, у шматлікіх бітвах паўдзельнічаў і яму ўвогуле няма чаго баяцца
нейкай там нячыстай сілы.
Трэба агаварыцца, што ў беларускай вуснапаэтычнай творчасці, там, дзе гаворка
вядзецца менавіта пра чорта, такі матыў адсутнічае. Затое ён ёсць (і мы пра
гэта падрабязна пісалі) у творах пра ваўкалакаў, пра іхнія паводзіны і,
адпаведна, пра тое, ад чаго яны могуць прыняць смерць.
Зрэдку згадваецца ў нашым
нацыянальным фальклоры даволі арыгінальны спосаб, але ўжо не смяротнага
забіцця, а проста пазбаўлення ад чорта: “Як чорт да чалавека прычэпіцца, то
трэба яго ўдарыць на адлег леваю рукою, то ён як бач так згіне” (УЗ. Пн.). Тут
усё даволі элементарна: чалавек, які адчуваў (быў цалкам упэўнены ў гэтым)
побач прысутнасць нячыстай сілы, проста дзейнічаў на яе фізічна, і ўсё на гэтым
канчалася. Чорт знікаў, і тут не фіксаваўся біблейскі матыў: калі ўдарылі па адной
шчацэ, то падстаў і другую. У народзе згадвалася пра факт адкрытага фізічнага
супрацьстаяння нейкага канкрэтнага чалавека нячысціку. Падкрэслівалася, што
гэта быў надзіва моцны і хвацкі селянін, які “як лупянуў з манькі (з левай
рукі), то чорт толькі сківіцамі ляснуў ды гопнуўся на зямлю, хвастом
накрыўшыся”. Адзначалася і тое, што вясковец не біў двойчы, дастаткова было і
аднаго ўдару, каб даказаць сваю перавагу над нячысцікам. Праўда, тут
фіксавалася чыста фізічная сіла, яе значэнне ў супрацьборстве з чортам, а
таксама і тое, што калі чалавек усё ж не мог выкарыстаць яе ў пэўную меру або
проста фізічна ўступаў, то тады карыстаўся хітрасцю, кемлівасцю, багатым
вопытам практычных навыкаў. Напрыклад, існавалі пэўныя прыкметы, парады,
павер’і, пры дапамозе якіх можна было раптоўна адагнаць чорта. Калі на Палессі
даўней жаніх забіраў маладую з дому бацькоў да “свайго роду”, то перад тым, як
вясельны поезд рушыў у дарогу, бацька маладой (у абавязковым парадку!) страляў
з ружжа ў паветра, “каб маладых па дарозе нячыстая сіла не закружыла, ды гора
якое не прыключылася”. Адзіная мэта – засцерагчы маладых ад нячыстага, ад яго
спакус і прычэпак па дарозе. Традыцыя традыцыяй, але, мабыць, кожны бацька, ў
душы жадаючы сваім дзецям добрага, ненарокам падумваў і пра іншае: няхай бы тая
нячыстая сіла вадзілася з кімсьці іншым!
Вядома ж, нават у свядомасці
сваёй чалавек не мог дазволіць чарцям валадарыць на працягу сутак, таму іхняя
ўлада над усім светам была абмежавана толькі “цёмным” перыядам – ноччу. З
надыходам світанку, а дакладней, разам з пеўневым спяваннем (трэцім), нячысцікі
вымушаны былі панічна ўцякаць, залазіць, ушчэмлівацца ў свае сховы. “Нячысцікаў
шмат размнажаецца толькі ўвосень, менш – зімою і зусім мала – увесну, да
першага грому – магутнага знішчальніка іх на працягу ўсяго лета. Нямала гіне
чарцянят пры самым іх нараджэнні. Напрыклад, калі момант нараджэння чарцяняці
супаў з паўдзённым ці паўночным крыкам пеўня, які нябачна знаходзіўся паблізу,
нованароджаны гіне ад “разрэзу”, г.зн. ад уздзеяння пеўневага голасу: ён
рассякаецца папалам, прычым раз’яднаныя часткі ўжо не могуць з’яднацца зноў”.
Шмат аналагічных сцверджанняў запісана і ў апошнія гады. “Нячысцік валодае
страшэннай сілай і можа што хочаш зрабіць, аж сіла тая ў яго знаходзіцца толькі
да трэціх пеўняў, пасля ён яе адразу ж губляе. Разыходзіцца яго моц, нібы
ранішні туман у сонечны дзень, і вымушаны тады нячысцік уцякаць, хавацца
надзейна ў свае глыбокія ды далёкія сховы, каб ніхто не заўважыў, не
натыркнуўся на яго, бо тады яго можна запроста забіць ці прымусіць працаваць на
сябе. Нячысцік пасля трэціх пеўняў ніякай фактычна сілай ужо не валодае і, што
самае галоўнае, не можа раптоўна папоўніць яе: днём, пасля пеўневага спявання,
не мае такой магчымасці, а ноччу яму ўся нячыстая сіла дружна дапамагае, таму
тады ён і непаражальны, не баіцца нікога” (УЗ. Петр.).
Добрай засцярогай ад
уздзеяння чорта на чалавека лічылі ў народзе ядловец. Прыгадаем тое, што
ядловец вельмі актыўна выкарыстоўвалі людзі ў якасці абкурваючага сродка пры
ўзнікненні паморкаў, для “забіцця” нячыстага духа, які смяротна паражаў
шматлікіх людзей. Тут жа яго вылячальныя якасці ўжываліся напрамую супраць
чорта (чарцей). “Каб адагнаць д’ябла, трэба пакадзіць ядлоўцам”.
“Ядловец ад чорта дапамагае. Пах ён надзвычай прыемны мае, а чорту каб што
смярдзела ці гніло, вось ён тады б шчыраваў, а тут жа дурманіць, відаць, яго
галаву і потым становіцца яму блага. Калі чалавек новы будынак абжывае, дык
абавязкова павінен пасля бацюшкі, абкурыць тую будыніну ядлоўцам, і тады ніякі
чорт да яе і блізка не падыдзе. Мала гэтага, начамі палохаць не стане, не будзе
перашкаджаць весці гаспадарку, не кінецца ніколі пад ногі чорным катом ці
сабакаю. Вось такі ядловец: не прывабны на выгляд, а карысць вялікую мае” (УЗ.
Жытк.). А з другога боку, гаварылі, што мак чалавеку нельга есці, захоўваць
дома, бо гэта “сродак”, памочнік чорта (д’ябла). “У самую хвіліну канання
чалавека д’ябал кідае на анёла жменю маку, узятага ад ведзьмы. Анёл засыпае,
д’ябал хапае душу”.
Як бачым, людзі ўжо ў даўнія часы ведалі, што так гвалтоўна мак усыпляе чалавека,
тое, што гэта, як зараз гавораць, наркотык, яны растлумачыць самі не маглі,
таму і прыпісвалі яго да зелля ведзьмы, якая шчыра прадстаўляла мак свайму
сабрату – нячысціку.
Апошні факт, на якім
хацелася б засяродзіць нашу ўвагу, – гэта тое, што нашы продкі раілі сваім
нашчадкам нават, як засцерагчы сваю жывёлу ад уздзеяння нячыстай сілы
(нячысціка): “Каб чорт не ездзіў на каню, то трэба яго чалавечым памётам
вышмараваць альбо лепш павесіць сароку забітую там, дзе конь стаіць, бо за
памёт часам са злосці пераломіць нагу каню альбо праб’е чым каня...”.
Не надта арыгінальны спосаб, але, тым не меней, у яго свята верылі, бо справа
датычылася жывёлы, а калі яшчэ больш дакладна – коней, без якіх ніякі селянін з
упэўненасцю і цвёрдасцю не мог назваць сябе гаспадаром. Магчыма нават адчуваючы
ў гэтым павер’і празмерную прымхлівасць, нерэальнасць і нездзяйсняльнасць,
чалавек, баючыся ў любы момант страціць жывёлу, прытрымліваўся яго. Дзякуючы
такому сляпому пакланенню да нас і дайшло большасць вуснапаэтычных твораў, у
якіх раскрываўся, закранаўся (прама ці ўскосна) вобраз дэманалагічнай істоты –
чорта, нячысціка, д’ябла, нячыстай сілы, што ў свядомасці продкаў уяўляў адну і
тую ж цяжкатлумачальную, адмоўную постаць народнай міфалогіі.
Публікуецца на
сайце з ласкавай згоды Магілёўскага
Таварыства БРАМА
|