|
Назвы
чорта
Сярод найбольш папулярных і
ўжывальных у народзе назваў чорта сустракаюцца наступныя : д’ябал, сатана, бес,
нячысты дух, люцыпар, нялёгкая сіла, злы, анчыпар, Нічыпар, анцыпар, Сатон
д’ябальскі, лапцыхвір, анціпка бяспяты, кадук, паралюш. Да менш ужывальных можна
аднесці: “лукавого, врага, шута, окаяшку, черного, немытика, анчутку, куцого,
корнахвостика, лысого, пралика и др.”.
У “Русском демонологическом словаре” чытаем наступнае: “Анчутка беспятый,
беспятый, еретик, измоден, корявый, косматый, красавец, хвостатый, лемба
(олонецкое), лукавый, луканька, лысый, некошный, немытик, неумытый, нехороший,
нечистый, отяпа, супостат, поплешник, рогатый, синий, синец, черная сила,
черный шут, шайтан, шехматик, шиликун, шиш, шишко, шишок”.
У Ч.Пяткевіча згадваецца наступнае. “З гэтай легендай звязаны некаторыя назвы,
нададзеныя чорту: чорт, чорт з балота, чорт лазаты, альбо чорт лесавы, чорт
смаляны, чорт кашлаты, чорт рагаты, чорт кульгавы альбо храмы, чорт з лапамі.
Іншыя назвы: кадук, бес, сатана, нячыстая сіла, нячысты (нялёгкая сіла,
нялёгкі), ліха, штось, нешта, яно, дамавік, дамавы альбо хлоплік (хохлік)”.
Ужо на прыкладзе толькі
гэтых назваў можна адзначыць, што нячысцік характарызаваўся і атрымліваў “імя
ўласнае” зыходзячы з многіх уласцівасцей: ад месцажыхарства, ад паводзін, ад
афарбоўкі, ад сілы, ад займаемага становішча, ад голасу, ад хітрасці і г.д.
Таму і нядзіўна, што чарцямі называлі ўсемагчымую брыдоту, нешта
нетлумачальнае, незразумелае, змрочнае, якое падаўляе здаровы сэнс, думку, прымушала
баяцца, палохацца, засцерагаць і запалохваць іншых. Такая атмасфера страху і
баязлівасці выклікала, адпаведна, і ўзнікненне нейкіх новых мянушак-назваў у адносінах
да чорта. Праўда, яны і атрымліваліся больш абстрактнымі, ахапляючымі амаль усё
цяжкатлумачальнае ці ўвогуле нетлумачальнае. Таму дзіўным, здавалася б,
адносіць да такіх назваў словы тыпу: “Ён”, “Сам”, “Увесь”, “чорны”, “змрочны”,
“суровы”. Учытваючыся ў запісы апошніх гадоў, здзіўляешся, што такія назвы захаваліся
паўсюдна. “Ішлі дзеўкі ў лес. Сабраліся грамадою і падаліся ягады браць. Ага,
тады якраз і прысвятак нейкі быў, то і нагода з’явілася, каб ад гаспадара
адарвацца. Ідуць сабе, гамоняць весела, навіны адна адной пераказваюць ды
пасміхаюцца. Але па меры таго, як у лесе прыціхалі, то палохаліся ўсяго нячыстага,
што можна было ў лесе напаткаць. Ціснуцца адна да адной. Тут нехта не вытрымаў
і кажа:
– Ой, каб хоць усё добра
было.
– Будзе, – супакойваюць
астатнія, а самі яшчэ часцей ды ўважлівей па баках азіраюцца.
– Нешта надта ціха.
– То ж гэта лепей.
– Хто яго знае.
– Калі ціха, дык здаецца,
што нехта за табою пастаянна сочыць.
– Ды ну...
– Так жа ўсе гавораць...
– Агу.
Ідуць далей.
– Ягаднік пачаўся, час ягады
добрыя збіраць.
– То давайце ў гэтую далінку
і ўвойдзем?
– Добра.
Увайшлі ў даліну, а там
ягад, хоць ты лапатай збірай. Кінуліся да іх, прыпалі, ды не тут-то было, бо
такі жудасны крык раздаўся, што ўцякалі хто куды, дарогі не разбіраючы ды
стараючыся не адстаць, каб тое страшна-жудаснае іх не дагнала і жыцця не
пазбавіла. Ляцелі так, што неўзабаве ўжо на ўскрайку вёскі апынуліся. Тут крыху
ў сябе прыйшлі, і здольнасць размаўляць да іх вярнулася.
– Хто ж то так пажартаваў?
– А хто ж яго ведае.
– Але ж і ляцелі!
– Ага.
– Так пёрлі, што і ногі ні ў
кога не забалелі.
– Жыццё даражэй.
– Вядома што.
Зноў прымоўклі, а потым адна
і гамоніць:
– А мне здаецца, я ведаю.
– Хто ж быў?
– Так.
– То чаго ж ты маўчыш,
дурніца?
– Гэта нас ЁН напалохаў,
болей не было каму.
З тым і пагадзіліся” (УЗ.
Ст.).
Тое, што не паддавалася
тлумачэнню, станавілася абагулена-абстрактнай нячыстай сілай, якая ў размовах
заўсёды ідынцыфікуецца, як чорт. Значэнне не раскрывалася больш шырока, каб
знайсці нейкія пэўныя прыкметы, але падразумявалася дэманалагічная істота, і
тут ужо не было асабліва важна, дзе, у якіх абшарах яна гаспадарыла: у полі, у
лесе, у балоце. Вядома ж, пры больш пільнай і ўважлівай “класіфікацыі” можна
было б весці гаворку пра палевіка, лесавіка, вадзяніка ці багніка, бо
сустракаліся пэўныя рысы і ўласцівасці іхніх “вобразаў”, але ж нельга забывацца
і пра тое, што менавіта ўсе гэтыя разрозненыя персанажы ўтваралі адзінае,
сумарнае паняцце – нячыстую сілу.
Нельга не згадаць і пра тое,
што кожны чалавек паасобку таксама даволі неадназначна ўспрымаў чорта,
нячысціка, тую ж нячыстую сілу. Гэта залежала і ад багацця практычнага вопыту,
і ад яго ўмення тлумачыць ды разумець тую ці іншую з’яву, прыродную стыхію,
нарэшце, і ад яго адукаванасці. Пераканаўча даказана, што чалавек, які валодаў
граматай, на “жарты ды дзеянні нячысцікаў” спісваў значна меней ўсемагчымых
здарэнняў, чым, хто ніколі не быў знаёмы з кніжкай. Адзначым, што многае
залежыла і ад таго, як традыцыйна тлумачылі тую ці іншую з’яву ў канкрэтнай
сям’і. Калі ў гэтым панаваў, пераважаў палёт патрыярхальшчыны, забітасці,
прымхлівасці, то, бясспрэчна, малым ды маладзейшым старыя даносілі гэткае ж самае.
“Касілі сена на лугах. Далекавата ад вёскі гэта было, каля Юзафін. Там і травы
тае, адно што намучышся ды рукі напарвеш сабе. Куп’істая балаціна, парослая
лазняком ды чаротам, але ж, тым не меней, лезлі людзі і туды, бо ж трэба было
нечым кароў карміць. Выбраліся тады яшчэ зацёмна, каб на ранак пакасіць, пакуль
сонца не прыпячэ ды гнюс не ўваб’ецца. Разбіліся на дзялянкі, як спрадвеку
рабілі, і засвісталі-зашаргацелі косы, пачуліся то там, то сям прыцішаныя
галасы касцоў. Ніхто б і не падумаў пра нейкае там ліха. Колькі ж разоў і раней
даводзілася касіць – і нічога. А тут можа і абыйшлося б, ды ўздумаў адзін
хлапчына разгалісты куст абкасіць, каб трава дарма не прападала. Толькі гэта ён
падаўся наўкола яго, як нешта там заварушылася. Селянін увагі асаблівай не
звярнуў. Мала што, гад нейкі ці мышы шкрабліся. Ажно як раўнула, як затупацела
адтуль, што гром які над балотам загугукаў, як паляцела нешта наўпрасткі, то
тупацела, нібы чарада кароў бегла. Карчы трашчаць, людзі, што да чаго не
разумеючы ды ўсё кідаючы і губляючы, ляцелі ў розныя бакі. Тое ж страшнае і
пачварнае вылецела на палеткі, і жанчыны бачылі, як пёрла прама да лесу. Потым,
калі ўжо мужчыны ачомхаліся, назад вярнуліся ды сталі сляды разглядаць, дык
прыйшлі да выніку, што гэта ён быў. Сам. Ніхто іншы не мог так налякаць людзей,
не здолеў бы іх у такі страх увесці, як сам. Пра яго раней то часта згадвалі, а
апошнім часам сталі забываць. Балаціны паасушвалі, там нават трава ўжо расці не
хоча, не тое, што сам стане хавацца” (УЗ. Пн.). Звычайны чалавечы страх,
кароткачасовая баязлівасць, калі касец быў спалоханы знянацку і кінуўся
ўцякаць, гарлаючы пры гэтым невядома што, пададзена ў гэтым выпадку як праява
ўсемагутнай сілы, праўда, з абстрактна-пэўнай назвай – “сам”. Хто гэта такі,
нам няцяжка здагадацца, – нячысцік, але болей нічога канкрэтнага і не скажаш,
бо адсутнічаюць нейкія індывідуальныя рысы. Проста са згаданага ўрыўка
атрымліваецца, што “сам” – гэта нават і не чорт, а нешта значна шырэйшае: тое,
што палохае; прымушае ўцякаць і таксама, што немалаважна, пад прымусам страху
нават не дае магчымасці запомніць, як жа выглядала такое страшыдла.
У некаторых выпадках даецца
спроба абагуліць назву нячысціка(аў) ці ўвогуле ўсіх чарцей або праяў нячыстай
сілы. Не выключана, што такое разуменне ідзе з надзвычай даўніх часоў, а іменна
з таго перыяду, калі адбывалася зараджэнне, а потым і станаўленне ранніх формаў
язычніцкай рэлігіі. Тады ж таксама пад такімі паняццямі хавалася ўсё надзвычай
магутнае, запалохваючае і, разам з тым, незразумелае для розуму патрыярхальнага
чалавека. “Бывае, што сярод цішыні раптоўна ўсходзіцца бура або навальніца.
Бачылі ж самі такое. Здаецца, што няма адкуль тае непагоды чакаць, і ўсе не
спяшаюцца, займаюцца сваімі справамі. Потым нечакана, нібы снег на галаву сярод
лета, абрынецца дождж халодны. Дык гэта яшчэ нішто, а вось калі раздаецца
патаемны грукат, ды такі, што зямлю калоціць, лес трасе, ваду з вадаёма ў
вадаём пераганяе, то тут ужо не да жартаў. Найбольш старыя людзі гавораць, што
гэта ўвесь свет калоціць, не дае спакою ды нагадвае пра тое, хто ж на самай
справе ёсць гаспадар у жыцці. Ніхто яго не бачыў, але кажуць, што ўвесь такі
магутны, што для яго разбурыць якую гару ці пушчу – дробязная справа. Проста
падзьме, і ўсё на тым” (УЗ. Светл.).
Праўда, у паасобных
выпадках, зафіксаваных намі, падаецца назва “чорны”, “змрочны”. Адпаведна, яна
звязваецца толькі з нейкімі канкрэтнымі фактамі, фонамі, настроямі, пэўнымі
акалічнасцямі. Тут проста ствараліся абставіны, якія выклікалі такія невясёлыя
асацыяцыі. “Восенню паехалі мы з бацькам па дровы. Ехаць трэба было ў
балацістую мясціну. У іншы час дык і не дабраліся б туды, а так усё падмёрзла,
і з’явілася магчымасць прабіцца туды, дзе непралазныя мясціны, калі цёпла. Выехалі
мы не надта каб рана, бо не так ужо і далёка нашы дровы знаходзіліся. Сядзім на
возе, з бацькам размаўляем, а ён усё розныя выпадкі з жыцця згадвае ды
гаворыць, што раней у гэтых мясцінах усё нешта палохала. Не было такога тыдня,
каб хто з лесу з пераляканым ад страху тварам не прыехаў ці ўвогуле конь і
гаспадар паасобку дабіраліся дахаты. Ён расказвае, а мне не верыцца, што такое
можа надарыцца, таму я маўчаў, але ўсё ж пасміхваўся паціху. Дабраліся да
месца, прывязалі коніка і давай дровы на воз класці. А што там удваіх воз
накідаць? За якую гадзіну і ўправіліся. Тут бацька мне і гаворыць, што няма
чаго спяшацца, пасядзім крыху, перакурым ды і паедзем тады. Прыселі, а тут
прама на вачах стала цямнець так, нібы нехта той лес вялізнай хусткай накрыў.
Сцямнела, як ноччу. Мы падхапіліся і давай коніка паганяць. Ён і сам добра
браўся, не стаяў на месцы. Як жа нам страшна зрабілася! А тут нешта
загугукала-закрычала ды так, што да спіны сарочкі папрыліпалі. Потым дождж
прыпусціў, і зусім сцямнела. А навокал нешта не тое выраблялася: стагнала,
выла, гігітала. Нарэшце, яшчэ і дождж распачаўся, ды з снегам! І гэта не надта
позняй восенню! Ледзьве мы дамоў дабраліся тады. Там ужо бацька сказаў, што
гэта нечым змрочнаму не дагадзілі, і ён з намі так абышоўся. Добра, што
выбраліся, а то мог бы і да смерці давесці. Вось такое было на маім вяку” (УЗ.
Лун.).
Тое ж самае можна сцвярджаць
і адносна “чорнага”. Але хацелася б падкрэсліць іншае: тут у значэнні нячыстай
сілы, нячысціка ці чорта, хутчэй за ўсё, выступае не ярка адлюстраваная прыродная
стыхія, катаклізма, а звычайнае надвор’е, якое спачатку ці то здзівіла, ці то
напалохала дрывасекаў, а потым прымусіла іх яшчэ і шукаць апраўдання ўсяму
таму, што адбылося з імі ў лесе. Вядома ж, усё гэта можна даволі проста
растлумачыць з чыста практычнага боку, толькі інфарматары зрабілі вінаватым ва
ўсім “змрочнага”. Цяжка нават адназначна сказаць-акрэсліць, хто ён (адносна
роду, бо калі “нячыстая сіла”, то зразумела, але ж тут увогуле не праглядваюцца
нейкія “родавыя” адзнакі), над чым уладарыць, як выглядае і г.д.
Такім чынам, падводзячы
высновы адносна нашых разважанняў (а колькасць канкрэтных прыкладаў можна
павялічваць да бясконцасці), трэба адзначыць, што і ў старадаўнія часы і ў
нашыя назвы чорта (нячысціка) былі адны і тыя ж, за выключэннем варыянтаў
абагульняльных тэрмінаў-азначэнняў.
Публікуецца на
сайце з ласкавай згоды Магілёўскага
Таварыства БРАМА
|