БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

ПУБЛІКАЦЫІ МАГІЛЁЎСКАГА ТАВАРЫСТВА БРАМА НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
Аляксей Ненадавец, Чорт у легендах і паданнях беларусаў 

Знешні выгляд чорта

 



Як людзі ўяўлялі (і уяўляюць) сабе знешні выгляд чорта, ёсць, бадай што, адно з самых цікавых пытанняў. Справа ў тым, што амаль кожны патрыярхальны чалавек уяўляў сабе чорта “па-свойму”. Былі, вядома ж, нейкія агульныя рысы, якія складалі своеасаблівую характарыстыку. Але яна настолькі “пярэстая”, што гаварыць аб нейкай сістэматызаванай схеме няма падстаў. Проста адзначалася, што нячысцік меў рогі, хвост, густую поўсць і г.д. Таму наступнае сведчанне, як нам здаецца, найбольш характэрна адлюстроўвае гэты аспект. “Сустрэць чалавека, які бачыў бы чорта цалкам, напрыклад такім, якім яго малююць на карцінах рэлігійнага зместу, цяжка: лік чорта страшны настолькі, што любы, хто гляне на яго, абмірае са страху. Часцей чорт паказваецца па частках: некаторыя сцвярджаюць, што бачылі ногі ў поўсці з капытамі, другія – рукі з кіпцямі, трэція – крылы і галаву, падобныя на каровіную, чацвёртыя – полымя ад яго ў выглядзе вогненнага клуба, шара. Калі чорт жадае з’явіцца перад кім-небудзь, то прымае воблік знаёмага, сябра, жонкі, падарожнага і г.д. Знаходзячыся пастаянна побач з чалавекам, чорт у любы момант можа ўмяшацца ў яго жыццё: гэта двайнік чалавека, штукарствы якога больш шматгранныя, чым жарты дамавіка ці лешака. Да цвярозага, практычнага чалавека чэрці з’яўляюцца рэдка, а да выпіўшага, заклапочанага, чорт лёгка прыхіліцца і саб’е яго са шляху праведнага”[1].

Тое ж самае і ў беларускім фальклоры: “Чорт у сваім звычайным вобліку рэдка паказваецца... Можа праціснуцца цераз самую маленькую шчылінку, прасачыцца цераз дрэва, камень, шкло і г.д., але пры сутыкненні з чалавекам без перамены чортавага выгляду траціць гэту здольнасць... Чорт часта ператвараецца ў жывёл і нежывыя прадметы. Да абраных жывёл належаць: чорны казёл, баран і кот; з птушак: певень, сава і няясыць; радзей ператвараецца ў іншую істоту. Абарачваецца таксама капой сена, вязкаю гарошын, абгарэлым пнём і г.д., і ўсё гэта вырастае ў адзін момант і знікае, прасоўваецца наперад перад тым, хто едзе ці ідзе пешшу. Часам коціцца, як бочка, незапрэжаны воз ці кола (“чортава калясо”). Парою чорт ператвараецца ў зайца, у селяніна ці элегантна апранутага маладога чалавека”[2].

Сцверджанне адносна таго, што чорт усюдыпранікальны, не новае, бо яно сустракаецца паўсюдна. Проста атрымлівалася так, што патрыярхальны чалавек у кожнай з’яве, жывёліне ці прадмеце, якія яго ненарокам налякалі, выклікалі жудасны прыступ страху ці кароткачасовую баязлівасць, бачыў нячыстую сілу, нячысціка, чорта. Часта з такіх аповядаў вынікае перад намі не нейкая жахлівая істота, не жывое стварэнне, а самы звычайны пень, кол ці яшчэ які прадмет, у цемры прыняты за нячысціка. Але ж праверыць ніхто проста не браўся не таму, што не хацеў праверыць і вывесці “на чыстую ваду” апавядальніка, а таму што проста баяўся, каб сваёй няверай, сумненнямі, вымушанай праверкай не наклікаць якой страшнай бяды не толькі на сябе, але і на ўсю сваю сям’ю. “Чэрці куды захочуць, туды і пралезуць. Справа ў тым, што яны могуць жыць паўсюдна: у вадзе, у паветры, у зямлі, у лесе. Могуць растварацца, каб потым нечакана ўзнікнуць, выскачыць, стаць здаравеннымі, як самае высокае дрэва, ці, наадварот, малюсенькім сучком, гурбачкай пяску, невялічкім капытцам-балацінкаю. Чалавек думае, што за ім ніхто не сочыць, уздыхне спакойна, а ў гэты самы момант зусім нечакана прагучыць нешта падазронае. Павернецца, аж тут стаіць сам чорт або нейкі чалавек, які нагадвае яму блізкага роднага ці знаёмага. На першы погляд усё нармальна і няма, здавалася б, чаму здзіўляцца. Але гэта на першы погляд, бо вопытны селянін знае, што той, хто так нечакана паўстаў, ніколі не павернецца да яго бокам ці задам. Будзе стаяць толькі перадам і не таму, што баіцца, каб яму не стукнулі ззаду, а таму, што будзе відаць з-пад вопраткі ягоны... хвост. Усё чорт схаваць можа, а вось хваста схаваць не здолее. Таму чалавеку, калі ён хоча пазбавіцца ад непажаданай прысутнасці нячысціка, то яму трэба толькі згадаць святых, і ўсё на гэтым скончыцца” (УЗ. Пол.).

Лічылася таксама, што ўсё паветра “кішыць” чарцямі, але звычайнаму чалавечаму воку яны нябачныя і трэба, каб сам галоўны чорт загадаў ім стаць уяўнымі. “Чэрці, як захочуць, то ў любое месца пралезуць, і ніхто ў гэтым ім не перашкодзіць. У момант перакінуцца і запалоняць сабою ўсю навакольную прастору. Тады ўжо нікуды не схаваешся, не дзенешся, бо хоць скрозь зямлю праваліся, а яны цябе дастануць ды яшчэ здзекавацца любымі шляхамі пачнуць, каб чалавеку дапячы. Удадуцца так у знакі, што на ўсё жыццё ў памяці застануцца, калі той, хто з імі сутыкнуўся, сваю памяць не страціць або ў жывых застанецца” (УЗ. Ветк.). Самыя разнастайныя паведамленні сярод апытаных намі інфарматараў з’яўляюцца там, дзе гаворка вядзецца пра нейкія пні, дрэвы, хмызы, камяні, што былі ненарокам прыняты за нячыстых істот. Тут нават не прымаецца спроба растлумачыць такую з’яву. Проста – чорт і ўсё, без якіх бы там не было тлумачэнняў. “Ехаў я аднаго разу з балота. Справа восенню адбывалася. Самая залева ўжо мінула. Вады паналівала, пазатапляла ўсё навокал, потым мароз узяўся, і акрэпла ўсё. Паехаў я калёсамі, каб дровы забраць, якія ў балаціне насек некалі. Позна выбраўся, а дня таго асенняга ўсяго, як таго заячага хваста. Туды-сюды і прыцямнела. Калі назад вяртаўся, дык ужо змрок навокал стаяў. Да вёскі далекавата было. І тут нечакана конь захроп. Я спачатку падумаў, што гэта ваўкоў ён пачуў. Ухапіў зручней сякеру ў рукі і давай галавою круціць, але не, нідзе ніякіх агеньчыкаў вачэй не ўбачыў. Тады давай каня падганяць. Толькі дарэмную справу ўдумаў, бо ён і кроку з месца не зрабіў. Стаў я сам спераду, узяў каня за цуглі і пацягнуў, ды дзе там! Толькі фыркае злосна. Неяк ненарокам атрымалася, што я перажагнуўся і Бога ўспомніў, то ў адзін момант усё і прапала. Конік мой зноў весела патупаў па дарозе як ні ў чым не бывала. Дамоў прыехаў і ўсё бацьку свайму расказаў, той адразу мне і адпавёў, што гэта чорт быў, няйначай. Толькі чорт заўсёды так сябе паводзіць” (УЗ. Петр.). “Мая маці некалі распавядала, як яна з чортам сустракалася. Пайшла, калі маладая была, аднаго разу ў лес па чарніцы. Так ужо тады вадзілася, што кожны імкнуўся ў лес ісці сам, каб патрапіць на нябраныя ягады. Таму і яна сама паперлася. Ні сябровак, ні суседак з сабою не ўзяла, бо лес добра ведала і таму на сябе і на рукі свае спадзявалася. Яшчэ сонца з-за лесу не выкочвалася, а маладзіца ўжо джгала па лясной сцяжынцы. Натрапіла на такія ягады, што лішні крок рабіць не хочацца, каб не таптаць. Бярэ, бярэ, высыпле ў каробку ды зноў, весела засмяяўшыся, браць пачынае. Неяк незаўважна панабірала ўвесь посуд, які з ёю быў. Стала дамоў збірацца, і вось тут самае дзіўнае здарылася. Нешта павяло яе не дамоў, а ў іншы, адваротны бок. Хадзіла да глыбокага вечара. Стамілася ад таго, што ўжо ледзьве ногі перастаўляла, хоць да гэтага ніколі стомы не адчувала. Прывалілася да дрэва, і тут, зусім побач, зарагатаў-заторгаўся валасаты здаравенны пень. Жанчына так і ўмлела, бо ніколі такога не чула і не бачыла! Дзе ўжо тая стома і дзелася! Усхапілася ды як пабегла-папёрла наўпрасткі, дарогі не выбіраючы, то ляцела, быццам бы сотня сабак за ёю гналася. Ягады тыя паразбіваліся, пагубіліся, добра, што хоць ногі не паламала, не пакалечыла. Не ведае нават як, але апамяталася побач з бацькоўскай хацінай. Калі б хто запытаўся, як яна дарогу знайшла, як болей не блукала, то нічога канкрэтнага не сказала б. Гэта так чорт з ёю тады пажартаваў-пазабаўляўся” (УЗ. Івац.).

Звычайны выпадак, які здарыўся ў жыцці (ды ці адзін раз!) з кожным з нас, пададзены не як вынік уласнай абмежаванасці, баязлівасці, а як праява нячыстай сілы, што вадзіла жанчыну так незаўважна і імкліва, што тая нават не памятае нейкіх там падрабязнасцей. “Некалі ж усё на сваім палетку і садзілі, і сеялі. Колькі тае зямлі было, а ўсё роўна імкнуліся, каб усё сваё было. Дык наша бабуля аднае восені ледзьве са страху ў агародзе не памерла. Во ўжо крычала дык крычала! Далёка яна ад нашай хаты не адыходзіла, бо не здужала, а вось у агародзе пастаянна корпалася. І ў той дзень таксама падалася туды нечага, ужо мала што на градах заставалася. Там-сям буракі, морква ды капуста сядзела. Старая ўнурылася і не бачыла нікога навокал. Нешта рабіла, а ў гэты ж самы момант паблізу так страшэнна зашумела-затарахцела. Яна ўзняла галаву, аж прама на яе нясецца нешта шэрае, вялікае, рыпуча-спявучае. Як заверашчала старая, як паджгала з агарода, то і спіна не разагнулася, і пёрла так, што і маладыя не дагналі. Ляціць і крычыць на чым свет стаіць: “Чорт! Чорт! Чорт!” Наш бацька тады якраз на падворку быў, і не тое што не злякаўся, але цікава стала даведацца, які ж там чорт і адкуль ён узяўся? Бацька за хату выйшаў, а яго там старая ледзьве з ног не збіла, абхапіла за плечы і ў адно слова: “Чорт! Чорт!” Селянін туды глядзіць і бачыць: на самай справе нешта ляціць. І самога стала дрыжыкі прабіраць, ужо збіраўся назад плетануць, ды потым, у апошнюю хвіліну, усё ж разабраўся, што гэта гарахавінне ў клубок збілася і вецер яго качае ды пры гэтым яшчэ і шамаціць. Вось ужо тады пасмяяліся з таго чорта, але старую так і не пераканалі, што гэта не чорт быў, а простае гарахавінне” (УЗ. Лун.).

Але ўсё ж асноўнае ў выглядзе чорта, паводле вуснапаэтычных перакананняў, было накіравана на тое, каб выклікаць адмоўную асацыяцыю да нячыстага або проста запалохаць людзей ужо адною толькі характарыстыкай ягонага знешняга выгляду. Менавіта на гэта скіроўвалася ўся ўвага. Мяркуйце самі, “на галаве рогі, казліная барада, двухкапытныя ці аднакапытныя ногі, каровін хвост, на руках доўгія кіпцюры, цела пакрыта поўсцю. Хто з чарцей найважнейшы, той у дадатак яшчэ кульгавы і гарбаты. Чорт таксама часта прымае аблічча казла. У гэтым выглядзе ён любіць жартаваць з прастадушных людзей. Калі пачнецца навальніца ці дождж, чорт прыкінецца козлікам і пачынае жаласна бляяць. Спагадлівы чалавек возьме яго ў крысо і нясе дадому, каб адагрэць. А чорту толькі гэта і трэба: з хрышчонай душой яму бяспечней ад грошай, а таксама прыемна прымусіць чалавека паднесці сябе. Чым далей ідзе чалавек, тым козлік робіцца цяжэйшым. Чалавек, знемагаючы ад цяжару, ледзьве дыхае, а козліка шкада кінуць – так ён жаласліва бляе. Але вось ужо і дом. Тут козлік, выскачыўшы з крыса, рассмяецца дзікім голасам, зробіць непрыстойнасць – і толькі яго бачылі”[3].

Як бы там не было, але ўсё роўна атрымлівалася, што чорт хоць нечым павінен быў быць падобны на чалавека, бо, у адваротным выпадку, дарадцы проста не маглі “прывязаць” воблік нячысцікаў да нейкай канкрэтнай істоты, бо праяўляцца чорт мог у самых розных і нечаканых выявах ці аспектах. “Чорт, паводле народнага ўяўлення, мае цялесны вобраз; ён з выгляду чорны, калматы, на галаве ў яго двое невялікіх рагоў, ззаду хвост, на нагах і руках шмат вострых кіпцюроў. У чарцей мужчынскага полу ёсць нават барада, але барада гэтая рэдзенькая, казліная. Чорт можа прымаць на сябе розныя абліччы: ён можа з’яўляцца ў выглядзе жывёл і нават чалавека. Пераўвасабляючыся ў чалавека, ён з’яўляецца пераважна ў выглядзе пана. Але як бы чорт не стараўся падрабіцца пад чалавека, яго ўсё ж лёгка пазнаць па рагах на галаве, кіпцюрах на канечнасцях і на хвасце, таму што гэтыя прыкметы не могуць быць ні скінуты, ні зменены. Таму ён стараецца па магчымасці закрыць гэтыя свае характэрныя прыметы адзеннем, і заўсёды з’яўляецца ў капялюшы і пальчатках на руках”[4]. Амаль тое ж самае сцвярджаў і І.Дабравольскі: “Чэрці падобныя да чалавека, але толькі пакрытыя доўгімі калматымі чорнымі валасамі і жывуць у розных месцах і хатах, лясах, водах, ёўнях, лазнях...”[5]. У Ляцкага можна прачытаць наступнае: “Чорт – агідная істота з хвастом, казлінымі рагамі і нагамі, а часам у выглядзе пана ў фраку і капелюшы ці, хутчэй за ўсё, у цыліндры. Казліныя ногі з капытамі прымушаюць чорта, па магчымасці, хаваць ніжнюю палову свайго тулава. Яго, зрэшты, можна зрэдку бачыць у час моцнага віхру ў паднятым пыле, калі плюнуць тры разы і сказаць: “Чорт, чорт, пакажы хвост!” Тады можна заўважыць “нячысціка” ў воблаку пылу, які круціцца і ўтварае віхор, толькі і тут на яго доўга глядзець нельга, бо ён прычэпіцца да цябе і можа схапіць, каб занесці дзецям на забаву”[6]. У запісах апошніх гадоў чытаем: “Чорт – гэта нячысцік. Усе яго ведаюць, усе яго бачылі. Страшны, гідкі, што не прывядзі, Божа, хоць раз глянуць, бо потым плявацца будзеш ды ўздрыгваць у сне, калі прыгадаеш. А што ў ім добрага ды прыгожага? Лахматы ўвесць, нібы які цюцька зляжалы, смярдзіць (хто ж яго ведае чым), бо ж ніколі не мыецца і не шкрабаецца ад таго бруду, каб крыху цікавейшым быць. Хто ж дакладна можа сказаць, дзе ён жыве і ў чым валяецца, раз так смярдзіць. Увесь неахайны, запушчаны. З выгляду можа быць здаравенным ці, наадварот, слабым, хцівым. Псуе ўсё яшчэ больш хвост і рогі. У старога чорта хвост даўжэзны, а ў маладога, адпаведна, танюсенькі, што ў таго парсючка. Рогі па-рознаму бываюць. У здаровага чорта – вялікія, але не закручаныя, а прамыя, а ў маладога – вось, як у цяляці, толькі што прарэзаліся, і яму хочацца імі пабарукацца. Ногі яшчэ выдаюць нячыстага. Ён жа хоць і мае пальцы з кіпцюрамі, але, па-першае, пальцаў у яго ўсяго толькі тры, а, па-другое, ногі заканчваюцца капытамі. Вось і ўявіце сабе, як жа гэта такое здараецца. Вішчыць, паскавытвае, ніводнай хвілінкі спакойна не пастаіць. Гэтым усім чорт сябе і выдае” (УЗ. Ст.).

Тое, што чорт павінен быць лахматым ды з рагамі і хвастом, адназначна сцвярджаецца ва ўсіх запісах, зробленых намі ў апошняе дзесяцігоддзе. Няголенага, неахайнага чалавека і самога па сабе заўсёды маглі параўнаць з нечым нячыстым, з “нечысцю”. А тое, што ў дэманалагічнай істоты заўсёды з’яўляліся рогі, асацыіравалася з нечым пачварным, а хутчэй, з паўчалавекам, з нейкай паўфантастычнай істотай, якая, вядома ж, не існавала ў рэальным жыцці, але тым не менш настойліва прапагандавалася, пастаянна ўзбагачалася нейкімі рысамі-ўласцівасцямі, уведзенымі ва ўжытак наступнымі пакаленнямі людзей. Гэта не дзіўна, бо нешта адмірала і траціла сваё месца ў свядомасці людзей назаўсёды, а нешта, наадварот, заваёўвала пазіцыі, пашырала сферы ўплыву. Традыцыйнасць гэтага вобраза захавала асноўныя карані, характэрныя ўласцівасці. Так старыя чулі ад сваіх дзядоў, так яны перадавалі і сваім дзецям і ўнукам, нешта, аднак жа, перайначваючы ці дадаючы ад уласнай фантазіі, пакідаючы спрадвечны “каркас” нячыстай сілы, нячысціка, чорта. “Ноччу ў нас надта не стараліся хадзіць, бо чарцей баяліся. Мы ж жылі сярод балот. А людзі ж і гавораць спрадвеку, што чэрці ў балоце водзяцца. Ды мала што ў той затхлай твані магло завесціся. Калі толькі цямнела, то і сядзелі сабе па хатах ды займаліся нейкімі пільнымі справамі. Збяруцца на вячоркі, дык потым хлопцы дзяўчат дамоў разводзілі, каб што якое не здарылася. Там ужо, калі пралі ды спявалі, то і пра чарцей занадта многа гаманілі. Старэйшыя папярэджвалі, каб нячысцікаў у хату размовамі сваімі не вялі, але хто іх надта слухаўся. Чорт быў з рагамі і з хвастом. Надта чорны і валасаты, але валасы тыя раслі дужа рэдка, як на пузе ў сабакі. Вось і гаварылі, у каго жывот лахматы, што ён, маўляў, нешта ад нячыстага мае і невядома дзе ды з кім такога чалавека маці прыдбала. Рогі ў чорта былі. А як жа яму без рагоў? Чым жа ён тады біцца ды палохаць людзей стане? Рогі невялікія, і іх лёгка можна схаваць пад якой шапкай ці пад капелюшом. Калі хто п’яны ці не надта ўважлівы, дык і не здагадаецца, хто перад ім. Баяліся чарцей, баяліся ўсемагчымых нячыстых, бо яны па нашым наваколлі гаспадарылі, вытваралі што хацелі. Нават калі біцца не будзе, то ўсё роўна страхам да смерці давесці можа або паздзекуецца так, што чалавек ужо за ўсю ноч дамоў не трапіць, а будзе па якім балоце ці лесе бадзяцца. Там, дзе суха, то і не страшна, а ў нашай багне ў любым месцы можна было ўтапіцца і жыцця пазбавіцца” (УЗ. Лун.).

Праўда, даволі часта ў вуснапаэтычных апавяданнях чорт выступаў такой істотай, якая ўжо нічога агульнага з чалавекам не мела. Проста у такіх выпадках у ролі нячысціка выступае ўсё незвычайнае, цяжкатлумачальнае. “Чэрці падобныя да чалавека, але толькі пакрытыя доўгімі лахматымі чорнымі валасамі і жывуць у розных месцах”[7]. “Людзей, якія бачылі чорта, вельмі шмат. Асабліва часта бачаць яго жанчыны: адна выцягне яго вядром з калодзежа ў выглядзе чорнага ката; у другой ён у тым жа выглядзе вылез з-пад падлогі; трэція лавілі рыбу брэднікам і выцягнулі чорта ў выглядзе вялікага сома. Усе гэтыя чэрці з рогатам беглі ад жанчын. У 1890 г. у м. Ветка хадзіла гаворка, што чорт вылез з Сожа ў выглядзе карліка з паўаршына ростам, у круглай шапачцы і ездзіў на палачцы, як гэта робяць дзеці. Пазней бачылі, як ён плавае на маленечкай лодцы. Пасля гэтага прывіду ў Ветцы былі тапельцы. Мужчыны бачаць чорта звычайна паблізу шынкоў у выглядзе высокага чорнага чалавека, аброслага валасамі, і з хвастом”[8]. Тут увогуле нават нейкага канкрэтнага згадвання пра “сапраўднага” чорта амаль няма. Хіба што хвост, а ўсё астатняе – страшэннае цемрашыльства, неразуменне надзвычай простых з’яў прыроды, прадметаў і г.д.

Болей таго, згадваецца нават пра тое, што з’яўленне “такіх нячысцікаў”, нібыта, папярэднічала таму, што ў бліжэйшай мясцовасці тапіліся людзі. Дакладней, мабыць, будзе сказаць так: дзе бачылі праяву чорта, там потым і адбывалася трагедыя, у выніку якой гінулі людзі. Тады ўжо гаворка вялася пра ўсемагчымую сувязь нябожчыка з нячыстай сілай, і ў выніку гэтага ён і сам загінуў “нячыстай” смерцю. Бачылі жанчыны (бо менавіта пра іх у большасці выпадкаў згадвалася), што плыла дашчэчка ці кіёк па рацэ, то недзе ў гэтым месцы гінуў небарака, і знаходзілі тут тапельца, ці ў нябожчыка была заціснута ў руках усё тая ж дошчачка або кіёк, як апошняе за што ён хапаўся яшчэ будучы жывым, як апошняя спроба выратавацца і даплысці-дабрацца да берага... “На старой рэчцы, што зараз пазарастала ўсялякай балотнай травою асакою, бо яе спрамілі, ёсць месца, якое некалі было надзвычай страшным і карысталася ў мясцовых жыхароў дурною славаю. Там надта вада круціла. І не дай Бог, хто ў тое месца трапляў, то да жывых ужо яму звароту не было – тапіўся. Расказваюць такое здарэнне: падчас першай вайны з немцамі (у 1914 годзе. – А.Н.) на беразе быў выкапаны невялікі акоп, і там сядзелі вартавыя рускія салдаты. Гэтыя салдаты сталі заўважаць нешта незвычайнае, што адбывалася апошнім часам: раненька-рана выплывала прыгожая дзяўчына на самую сярэдзіну таго страшнага віру і пастаянна клікала-стагнала: “Хадзі да мяне... Хадзі... Зачакалася я...”. Так доўжылася, пакуль сонца не залаціла вершаліны далёкага лесу, а потым тая прыгажуня раптоўна знікала, нібы ўвогуле яе і не было. Салдаты паміж сабою гаманілі, што гэта магло азначаць, але так нічога і не зразумелі б, ды адзін вясковы дзед ім падказаў. Гаварылі пра яго, што стары ўсё прадбачыць можа, а яму дастаткова было пачуць пра незвычайную прыгажуню, як адразу ж вайскоўцаў перасцярог: “Хлопцы, у ваду купацца не лезьце, бо гэта яна да сябе кавалера кліча”. Потым дзед ім паведаміў яшчэ і тое, што прыгажуня гэтая з хвастом і ніякая яна не дзяўчына, а самая сапраўдная чарціха, якая нядаўна мужа-нячысціка страціла, то ёй адной жыць нельга, дык чарціха сабе пару хутчэй шукае. Вось, хто палезе купацца, дык той і заплоціць жыццём. Калі, маўляў, бліжэй тую прыгажуню разгледзець. То яна сапраўды з хвастом акажацца. І гэта не цуд там нейкі, бо ж чарцей бясхвостых проста не бывае. Так салдатаў дзед папярэдзіў, то яны і не палезлі купацца ні разу, хоць тады і стаяла спякотнае лета. Затое афіцэр іхні паехаў на кані да рэчкі. Нічога, гаварылі, не баяўся, надта смелы ды мужны быў. А як улез у ваду разам з канём, дык назад і не вярнуўся. Толькі пачулі, як ускрыкнуў: “Бывайце, браткі!” Следам рогат вясёлы разлёгся па сцішанай лугавіне – гэта чартоўка радавалася-смяялася, што ўсё так атрымалася, як яна задумала. І ўсю тую мясціну і зараз Афіцэрыхай называюць” (УЗ. Пн.). “Пайшлі неяк жанчыны ў лес. Ягад у тое лета было гэтулькі, што на трыццаць гадоў, можа, усяго адзін раз выпадала. Вядома ж, жанкі ідуць сабе ды гамоняць. Увайшлі ў лес, выглядаюць, дзе б да ягад прыпасці, а тут самая маладая гаворыць: “Вой, які чалавек прыгожы!” “Дзе?” – усхапіліся астатнія. “Ды вунь!” – і рукою паказвае. Але як вяскоўкі не ўглядваліся, нічога там не ўбачылі, тады давай смяяцца з маладзіцы, што тая, маўляў, сабе яшчэ аднаго мужа шукае і ў кожным кусце яго бачыць. Так і пайшлі далей. Цэлы дзень, не разгінаючыся, ягады бралі, бо дамоў далекавата было ісці, і калі яшчэ магла выпасці магчымасць болей набраць, то стараліся скарыстаць яе. Што ж вы думаеце? Ішлі ўжо назад, і на тым самым месцы, дзе маладзіца прыгожага чалавека ўбачыла, яна ж і гопнулася, зачапіўшыся за корань нагою, з усяго маху на зямлю. Ды так жа няўдала ўпала, што галавою прама на пень патрапіла. Тут жа і схаладзела, на гэтым самым месцы. А па лесе водгулле неслася. Нейкі рогат, смех, вуханне. Во ўжо дзе жанчыны налякаліся ды нагаласіліся. Потым, дома, калі супакоіліся, калі нябожчыцу-маладзіцу пахавалі, то давялі ім, што гэта чорт яе ўпаляваў, ён жа і рагатаў ад непамернай радасці потым” (УЗ. Ганц.). Тут нават цяжка здагадацца, на першы погляд, што гаворка будзе весціся пра чарцей, так усё расцягнута і абстрактна. Тым болей, за нячысцікаў выдаюцца нейкія “нібыта” людзі, якія мроіліся будучым ахвярам (у першым выпадку), ці тым, хто своечасова быў папярэджаны, і тады за іх загінуў зусім іншы чалавек, які нічога гэтага не ведаў (у другім выпадку). Але ж тут нават чортаў хвост “амаль не фігурыруе”, ды і нячысцік не надта згадваў “класічнага прадстаўніка” дэманалагічнай сілы.

Сярод беларускага люду, асабліва на Палессі, існавалі і іншыя варыянты шырокаўжывальнага “партрэта” чорта. Напрыклад, “чорт ва ўяўленні палешука мае постаць, падобную да чалавечай... Ён худы, тонкі, на казліных нагах, калі жыве ў балоце, ці індычых, калі жыве сярод лясоў, палёў і ў дамах. Мае казліныя рогі, а пад старасць у яго вырастае казліная барада; рукі вельмі доўгія, з вострымі кіпцюрамі замест пальцаў, таўшчынёй з апошнія, але значна даўжэйшыя за іх; звычайна бывае іх па 5, а часам і па 6. Увесь, не выключаючы і твар, аброслы бараняй воўнай, у маладосці рыжай, а потым чорнай, насуперак прыказцы “Усе чэрці аднае шэрсці”. На гэтым фоне злавесна блішчаць белыя зубы. Як блісне сваімі чартоўскімі зубамі, ды яшчэ заскрыгоча, то аж сумна робіцца, аж мурашкі па спіне пойдуць...”[9]. У дадзеным выпадку атрымліваецца зусім іншая сітуацыя: тут ужо прадстаўлены своеасаблівы, непаўторны “партрэт” нячысціка. Ён нагадвае самага сапраўднага чалавека, свядома дэфармаванага апавядальнікамі для таго, каб паказаць агіднасць, неахайнасць чорта.

Так і ў наш час сярод палешукоў Брэстчыны чорт нібыта проста адступіў на заднія, дальнія пазіцыі, з-за таго, што народ стаў адукаваным, свядомым, адмёў большасць прымхаў і забабонаў, якія для далёкіх продкаў былі ўстойлівымі ці нават кананічнымі. Адтуль, з тых далёкіх, але ўсё роўна яшчэ трывалых пазіцый, нячысціка ўводзяць у вуснапаэтычныя творы сучаснасці (былічкі, аповяды, успаміны, сучасныя казкі ці іх шматлікія варыянты, прыказкі, прымаўкі, загадкі, паданні і г.д.) для таго, каб надаць ім каларыт эпохі, праўдзівасць падзей, што адлюстроўваліся ў фальклорнай адзінцы пэўнага жанру. “Ішлі нашы мужчыны з-за ракі. Сена там касілі. Даўней жа не тое, што зараз, на некалькі дзён запар адлучаліся. Начавалі там, есці самі сабе варылі, а калі ўсё рабілі, то потым назад вярталіся, каб праз нейкі тыдзень ехаць грабці сена. Вядома ж, у апошні тыдзень, перад дарогай, каб весялей было ісці ды радыя, што нішто не перашкаджае такую важную справу здзейсніць, выпілі. Ідуць сабе, гамоняць на ўвесь голас, смяюцца. І тут нехта з маладзейшых, што наперадзе джгаў, гаворыць:

– Глядзіце, а гэта хто нас перагнаў?

– Дзе? – устрапянуліся астатнія.

– Вунь.

– Ды не бачым...

– Прама па сцежцы глядзіце.

– Ага, зараз відаць.

– Але ж і прэ!

– Толькі хто гэта?

– З нашых нехта.

– Адарваўся дый лупіць па сцяжынцы сам сабе.

– Не любіць гамонкі.

Так бы ўсе і супакоіліся, ды зноў нехта найбольш пільны заўважыў:

– Не, не наш гэта чалавек.

– Чаму?

– Мы з касьбы ідзем?

– Так.

– З косамі?

– Але.

– А гляньце на таго чалавека, хіба ён з касою на плячы?

– Не, нічога не нясе...

– Сапраўды...

– То давайце ззаду ціхенька падкрадземся і глянем, каб нам тут не спрачацца.

Як вырашылі, так і зрабілі. Паціху-паціху, прыспешваючы крок, а дзе і подбегам, кінуліся малодшыя за незнаёмцам. Той жа і не падазраваў, што за ім нехта цікуе. Па-ранейшаму ідзе раўнамерна і ўсё. Бачаць мужчыны, што галава ў яго нейкая надта ж дзіўная: лахматая, вялікая, нібы ўверх выцягнутая. Бліжэй падступілі, то тыя, хто меў добры зрок, адразу зашапталі:

– Ногі, ногі нейкія не такія.

– Ага.

– Гляньце на сляды, на сляды...

– Як каза хадзіла...

Невядома, чым бы ўсё скончылася, каб раптам адзін з касцоў не ўскрыкнуў:

– Ды ён жа з хвастом!

Тут незнаёмы як крутнецца, як лупяне ў бок лесу, то толькі пыл закурэў ззаду. Вяскоўцы тады далі выйсце здагадкам:

– Гэта ж чорт! Чорт нас дурыў! Ну, але раз з хвастом, то ніхто іншы, акрамя яго!

Тут і старэйшыя касцы прыспелі, таксама пацвердзілі, што акрамя чорта, ніхто такімі жартачкамі болей не займаецца” (УЗ. Пн.).

Праўда, у некаторых выпадках даводзілася фіксаваць і тое, якім на выгляд быў гэты чалавек-чорт, колькі гадоў, прыкладна, меў. “Бачылі неяк нашы жанчыны чорта. У лесе ён ім сустрэўся. Яны ў брусніцы пайшлі на Чортава балота. Туды дык не надта хто і пойдзе. Але сабралася жанчын многа, то асмялелі і падаліся, нікога ўжо не баяліся ў сваёй храбрасці. Ягады бяруць а ўсё роўна адна ад адной недалёка знаходзяцца, трымаюцца разам, каб не разыходзіцца, каб ненарокам не заблукаць ці на якога нячыстага не напароцца, бо тады бяды не абярэшся. Як не асцерагаліся, а ліха іх чакала там, дзе нават не спадзяваліся яго ўбачыць. Ужо пасля полудню пачалі жанчыны выбівацца на вышэйшы грудок, каб прысесці там ды перакусіць, адпачыць крыху і ўжо ў бок дамоўкі падавацца, бо што яго там – гэтага восеньскага дня. Вось ідуць яны да грудка і тут адна маладзіца кажа:

– А хто ж гэта тут такі?

– Дзе? – прыпыніліся астатнія.

Пра благое нават жа ніхто тут і не падумаў.

– На грудку сядзіць, – адказвае тая.

– Ды не, нікога няма, – запярэчылі іншыя.

– Во, глянце добра, сляпыя!

Утаропіліся жанчыны, і праўда, сядзіць нейкі стары і спакойна сабе паглядвае навокал. Думаюць вяскоўкі, што ж далей рабіць, падыходзіць ці не. Аж тут той дзед жанчын убачыў і як усхопіцца, як ускрыкне нешта незразумелае, як лясне нейкім бізуном, ды як папрэ прама па балоту, то толькі пырскі і гразь вышэй галавы забурлілі. Ён у адзін бок плетануў, а жанкі ў другі. Адсапліся ды апамяталіся ўжо ледзьве ці не дома. Тут толькі пачалі размаўляць. Зразумелі, што чорта бачылі. Гэта ён, а не хто іншы быў у вобліку старога чалавека. Добра, што ўсё адным злякам абышлося ды колькімі сінякамі. Што ягады патрушчылі-пагубілі уцякаючы, нічога. Галоўнае, жывымі ды непакалечанымі адпусціў” (УЗ. Ст.).

Часта сцвярджалася і тое, што, каб завалодаць якой прыгажуняй-дзяўчынай, правесці з ёю ноч-другую, нячысцік мог ператварацца ў хвацкага малойца, які быў надзіва прыгожым. “Чорт – гэта постаць, пакрытая цёплай поўсцю, сваім выглядам ён нагадвае крыху чалавека. Так, як і той, ходзіць на дзвюх нагах, але закончаных капытамі. Неад’емнай рысай ягонай знешнасці з’яўляецца хвост і рогі, якія нагадваюць рогі маладога козліка. Вушы ж даволі вялікія і заўсёды адтапыраныя. Другі вобраз чорта ўзалежнены абставінамі, у якіх ён знойдзецца на зямлі. Часта прыходзіць ён туды, выкліканы шматлікімі варожбамі маладой дзяўчыны, якая хоча ўбачыць свайго будучага мужа. І тады набывае постаць прыстойнага элегантнага мужчыны ў капелюшы. З твару смуглы і працяглы, з арліным носам ды рэдкай спічастай бародкаю. Але ёсць і пэўныя пастаянныя рысы. Заўсёды застаюцца пад капелюшом рогі... Гавораць, што застаецца таксама і хвост. Таму чалавечая фантазія апранае чорта ў другі чорны плашч... На нагах у яго замест чаравікаў – капыты..., бачылі яго і на курыных палях. Здараецца і такое, што абуваюць яго ў чорныя бліскучыя боты”[10].

З гэтага відаць, што чорт можа ператварацца і ў франтаванага хлапчыну, які здольны дабіцца свайго ў любой дзяўчыны. Згадваецца нават, як нячысцік так умела і здатна вёў справу, што сам бацька сватаў (прывозіў, прыводзіў) чорта-жаніха да сябе дамоў. Тут неабавязкова весці гаворку пра нібыта запрададзеную “душу” сумленнага селяніна. Не, проста нячысцік здолеў выкарыстаць падыходзячую для ўласных намераў сітуацыю. Чалавек мог быць на падпітку і не заўважыць, з кім жа на самай справе заводзіў хаўрус, проста стаміўся вясковец, а тут загаманіў да яго ветліва незнаёмы прахожы. Нічога благога ў ім гаспадар не заўважыў, хутчэй наадварот, добра апрануты тактоўны хлапчына вядзе гаворку як трэба, дзе яшчэ знайсці лепшага зяця. Вось і атрымлівалася з усяго гэтага потым канфузлівая сітуацыя. “У нашай вёсцы жыў некалі Хведар, то ў таго Хведара вялікае гора здарылася: дачка дарослая незамужняя павесілася. Перад самым шлюбам рукі на сябе наклала і, што самае галоўнае, усё з-за бацькі. Па праўдзе, то і ён не вінаваты быў, ды так ужо склалася, так атрымалася. Аднаго разу ехаў ён з лесу. Цемнавата дужа было, ды і стаміўся так, што рукі лішні раз падняць цяжка. Цямнела на вачах, а да вёскі яшчэ далёка. Так задумаўся чалавек і ажно ўздрыгануўся, калі да яго нехта загаварыў:

– Дзядзька, га, дзядзька.

– Ну?.. Што?.. Хто гэта?.. – усхапіўся Хведар.

– Глядзіць, а побач з ім хлапчына стаіць ля воза. Спраўны такі. Хвацкі. Усміхаецца. Конь прытаміўся таксама.

– Што табе, чалавеча? – падаў голас вясковец.

– Можа падвязеце?

– Чаму ж не, сядай, то і мне весялей будзе.

Селі і едуць, ды такая ўжо гамонка між імі шчырая завялася, што Хведар забыўся нават пра страшэнную стому. Потым неяк слова за слова хлапчына і кажа:

– Але ж, дзядзька, і дачка ў вас. Прыгажуня!

Усміхнуўся гаспадар задаволена:

– Так, што кветка, браце, расцвіла. Замуж час ісці.

– І кавалераў шмат?

– Хапае.

– Шчаслівы нехта будзе.

– Хто пасватаецца, той і будзе.

– Вось яно як.

– Ага.

– А калі мне пасватацца? – нібы ненарокам запытаўся малоец.

– Паспрабуй, – прамовіў у адказ вясковец.

Так, жартуючы ды пасміхваючыся, і да вёскі пад’ехалі. Незнаёмец саскочыў, развітаўся і проста нібы растварыўся ў негустой яшчэ цемры. Хведар крутнуў галавою туды-сюды і паехаў на свой падворак. З таго самага моманту дачка ягоная на вачах перайначылася. Была прыгажуня, а стала куды прыгажэйшай. Аказалася, што той хлапчына і з ёю ўжо пазнаёміўся, і сватоў збіраўся на самай справе прыслаць. Потым ужо высветлілася, што дачка і нявіннасць страціла з тым прыгажуном. Ды неяк ненарокам убачыла, што ў яго хвосцік невялікі ззаду матляецца. Ён проста яго ўмела хаваў. Зразумела дзяўчына, што з нячысцікам звязалася, што не будзе ёй даравання сярод людзей, таму і рукі на сябе наклала. Хведара таксама з пелькі дасталі, але адратаваць паспелі. Вось так ён уласнай дачцэ магілу заўчасную ўгатаваў” (УЗ. Ганц.).

Падкрэслівалася нават, што чорт, як толькі захоча, можа вокаімгненна зрабіцца чалавекам. Бывалі выпадкі, што д’ябал у выглядзе валацугі здабываў сэрцы найпрыгажэйшых дзяўчат і нават ездзіў на спаборніцтва да самой каралеўны...[11]. Тут згадваецца сама “каралеўна”. Не дзіўна, што ў нашых запісах сустракаецца ўсемагутная царэўна, якая даволі хутка і паспяхова абкручваецца нячысцікам, ды той так робіць скрытна ўсё на свой лад, што царэўна ўжо без яго жыць-існаваць не можа. “Чорт, калі захоча, то да сябе ў ложак самую прыгожую завядзе. Прымусам браць не стане, бо такім чынам пакрыўджаная ім жанчына яму потым самому страшнай робіцца. Адпомсціць можа лютым шляхам. Таму ён робіць па-іншаму: ласкава падступіцца-падсунецца, ніякая дзяўчына ці маладзіца не ўстаіць, а на грэх з ім пойдзе. Тут ужо розніцы няма з якога яна роду: з багатага ці з беднага. У любой жанчыны ніжэй жывата, чортава зелле ёсць. Ён калі туды ўваб’ецца, то завалодае ёю надоўга. Аднойчы, старэйшыя казалі, што на мясцовым тракце нячысцік нават нейкую царэўну ўпаляваў. І так ужо ёй спадабалася з ім мілавацца, што і ў палацы свае багатыя не вярнулася, а з ім па тутэйшых лясах-далах лазіла, ажно пакуль нячыстага святым крыжам не злякалі і ўцякаць не прымусілі” (УЗ. Жытк.).

Чорт сам любіць заляцацца да дзяўчат і жанчын, але ж яны яму таксама дорага абыходзяцца. Калі параўнаць – хто дакучаў нячысціку болей: мужчына ці жанчына, то перавага, бясспрэчна, будзе на баку апошняй. Нездарма ж у народзе гаварылі: “Дзе мужык сам не зможа, там бабу пашле”. Былі, значыцца, для гэтага важкія падставы. Жанчына магла перамагчы нячысціка ў чыста фізічным плане (пры дапамозе хітрасці): “Памяняліся яны і давай біцца. От баба, што пырне ажагом праз плот, та ўсё ў чорта пападзе, а чорт пыраў, пыраў, да ўсё вілы ў плоце застраюць. Бачыць чорт, што нічога з бабаю не зробіць, а яна яго скора зробіць, як рэшата, і давай прасіцца:

– Годзі, баба! Давай памірымся. Я яшчэ дам мех грошай, толькі скажы ты мне, у чом гэта ў баб сядзіць сіла.

– Добра, – кажа баба.

Паляцеў чорт і па немалом часе чуць плішчыць мех грошай. Аддаў бабе грошы да й пытае:

– Ну, у чом ваша сіла?

– От у чом, – кажа баба.

Тут яна падняла падол і паказала чорту сваё зелье...”[12]. Пераможаны нячысцік вымушаны быў не толькі прызнаць сваё паражэнне, але яшчэ і даплаціць “мех грошай”.

У некаторых жа выпадках жанчына сама свядома бярэ ініцыятыву ў свае рукі, каб у адкрытую супрацьстаяць нячысціку і нават пры гэтым хавае мужа ці ўвогуле адпраўляе яго дамоў, “каб не перашкаджаў ды не замінаў лішні раз”. Прыгадаем тут ужо стаўшы “хрэстаматыйным” прыклад у адносінах паміж чортам і жанчынаю (бабаю). “...Кінулася яна да мужа і гаворыць:

– Давай, распранайся хутчэй!

– Чаго гэта?

– Вунь жа чорт зусім блізка.

– Дзе?

– Вунь.

– Ага, то як жа выкруціцца?

– Распранайся хутчэй, не цягні, тады ўсё зробім!

Мужык скінуў вопратку, жонка яе апранула, а яму спадніцу падсунула:

– Ну, цяпер хавайся, а я з ім сама разбяруся. Ён у мяне месца спакойнага не знойдзе! Будзе ведаць, як чапляцца!

– Ты, гэта, асцерагайся, – прамовіў муж ужо з кустоўя, куды зашыўся хаваючыся...

...Падляцеў нячысцік злосны ды ашчэраны да бабы, а думае ж, што гэта мужык.

– Што ж ты мне наробіў!

– Што?

– Кроў цячэ, ажно хлюпоча.

– Дык, а я пры чым?

– Ты ж мне дзюрку такую вырабіў.

– У мяне і ў самога такое гора.

– Якое? – зацікавіўся чорт.

– Ды мне тожа адрэзалі штуку.

– Ну і?

– Да гэтага часу дзірка не зажыла.

– Не паверу.

– То глядзі.

З гэтымі словамі баба сцягнула мужавы штаны і паказала чорту тое месца, якое ў яе і зараз не зарастае. Нячысцік, як убачыў такую справу, дык папёр, ажно водгулле па кустах панеслася. А баба, смеючыся, пайшла шукаць мужа” (УЗ. Ганц.).

Здаралася, што ў вуснапаэтычных творах нячысціка паказвалі як франтаванага паніча, тады і адзначалі быццам бы ён ні ў якае параўнанне з вясковымі хлопцамі не ішоў. “Прымаючы чалавекападобны воблік, нячысцік носіць адзенне нямецкага крою – цесную куртачку, вузкія панталоны, чаравікі з высокімі абцасамі і абавязкова капялюш, які можа хаваць воблік нячысціка”[13]. Перад намі паўстае фацэтны жаніх. Самае галоўнае, што ён быў апрануты на “нямецкі” манер. Менавіта гэта ў народзе лічылася чымсьці чужым, “няродным”, якое абавязкова адштурхоўвае, прымушае асцерагацца, каб ненарокам не пабратацца з нячыстай сілай, увасобленай у гэткага падцягнутага паніча. Нельга таксама не згадаць і пра тое, што чорт у такім выглядзе мог сустракацца паўсюдна: на дарозе, ля карчмы, у лесе, на лузе. Калі, напрыклад, у карчме ці побач з ёю або на дарозе ўсё гэта выглядала неяк ненатуральна і не выклікала асаблівых падазрэнняў, то на лясной дарозе або на лузе спрактыкаваны селянін адразу разумеў, што да чаго і стараўся як мага хутчэй пазбавіцца ад непажаданай кампаніі. “Сцяпан неяк на балота паехаў. Самі ж ведаеце, што ў нашых мясцінах туды толькі ў лютыя маразы прабіцца можна, іначай жа ўтопішся ў багне, і знаку ніякага не застанецца. Таму ён выехаў яшчэ пры зорах, а дабірацца далекавата было. Заехаў, наклаў сена на сані і ўжо назад павярнуўся вяртацца. Ды каб жа яшчэ хто іншы побач быў, то і параіцца можна было б, і на дапамогу разлічваць, а так – усё сам. З дарогі то не збіўся, проста перавярнуліся сані. Пакуль другі раз пераклаў, пакуль сюды-туды, і дарогу занесла, бо вецер са снегам-завірухаю ўзняўся. Прыцямнела. Сцяпан ужо і забаяўся, каб ваўкі ненарокам не нарваліся, бо тады нікога на дапамогу сабе не дакрычышся. Ідзе па пояс у снезе побач з санямі і прыслухоўваецца. Мясцовасць жа нейкая незнаёмая, чужая. І раптам убачыў за кустоўем незвычайнага касца. Ажно вочы працёр, не паверыў, што такое можа здарыцца. Але ж не, касец сапраўдны быў ды і касіў высокую перасохлую траву гэтак хутка і хвацка, што пазайздросціць можна было. Так ужо касою памахваў і валіў рад за радам. Сцяпан і разглядзеў яго добра. Убачыў як той апрануты. А вось вопратка якраз такі на ім была не адпавядаючай: вузкія штонікі, падцягнуты ў плячах кажушок і, самае дзіўнае, – капялюшык, прыгожы такі, манерны. Вясковец зусім блізка пад’ехаў і вырашыў запытацца наконт дарогі. Толькі шапку скінуў, нахіліўся і як мага ласкавей загаманіў:

– Чалавечку-панічыку, а як тут на дарогу выбіцца?

– Ды прама, між кустоўя, а там і дарога побач. Прама едзь.

Тут і даў Сцяпан маху, ён нават і не задумваўся над гэтым, проста пазней дацяміў. Пакланіўся яшчэ раз і прамовіў:

– Дзякуй табе, божы...

Болей і сказаць нічога не паспеў. Загуло ў паветры ўсё страшна, засвістала і раптоўна прапаў паніч, згінулі і пракосы. Аднекуль разлёгся дзікі, злосны рогат. Хто яго ведае, чым бы ўсё закончылася, ды недзе паблізу запяяў певень, і ўсё прапала. Сцяпан ачмурэла круціў галавою і радаваўся, што неяк дамоў выбіўся” (УЗ. Ст.).

Некаторыя даследчыкі адзначалі, што нячысцік знаходзіўся ў выглядзе чорта толькі нейкі пэўны перыяд, а астатні час быў, нібыта, чалавекам. “Як чорт смаляны пабратаўся з панамі да з немцамі, то па заводу казлом чорным ходзіць толькі ўночы, а ўдзень надзявае панскі храк з хвастом, чырвоны капялюш да панчохі доўгія, як у жыда. Чаравічкі скрыпяць, як цвыркуны, а як ідзе чы то па пяску, чы па балоце, то адзінакава курава падымаецца. Ведама, прыглядзеўся к немцам, як ставілі завод, да й сам у немца ўклепаўся. Цяпер ужэ мужыцкую люльку пакінуў, ды смокча панскага цыгана (цыгару), уваткнуўшы ў таўстую чароціну, да носіць дзыгарак, а на нос чапляе акуляры”[14].

Канешне, калі звярнуцца да персоны ўладара ўсіх чарцей – Люцыпара (Люцыфера, Сатаны), то ён, бясспрэчна, мае ў сваім абліччы і нейкія рысы “цара”. “Па знешнім вобліку Люцыпар – сатанінскі гігант з буйнымі формамі і выразнасцю, якой баяцца нават падуладныя яму чэрці; важыць столькі, колькі ўсе нячысцікі, узятыя разам. Як і трэба чакаць, Люцыпар мае бачныя адзнакі сваёй годнасці – жалезную карону, прыбітую да чэрапа цвікамі, што праходзяць яго наскрозь, і штосьці накшталт жалезных вілаў у правай, з магутнымі кіпцюрамі лапе... Пры кожным выдыху Люцыпар выпускае з ноздраў і пашчы доўгія пукі вогненных промняў, якія на далёкай адлегласці паляць сустрэчныя прадметы[15]. Як бачым, тут Люцыпар мае сапраўдныя адзнакі “царскасці”: карону, жалезныя вілы, якія нечым нагадваюць трохзубец Нептуна. Ці не будзе гэта перакліканнем са старажытнымі ўсеагульнымі міфамі ўвогуле аб Светабудове і, у прыватнасці, з сілаю і магутнасцю марскога ўладара, цара, валадара? Чаму менавіта вадзянога? Відаць, усё ж таму, што балоты, балаціны – адвечныя месцажыхарствы нячысцікаў – у свядомасці нашых продкаў асацыіраваліся з воднай прасторай ці з тымі абшарамі, якія вада пакрывала раней.

Здаралася, што нячысцік зрэдку паказваўся, як нейкая напаўчарадзейная істота, якая магла надзвычай нетрадыцыйна дзейнічаць ці ўжываць уласныя лапы-ногі, рогі, хвост, язык і г.д. “Язык чорт мае вельмі доўгі, спружыністы; карыстаецца ім, быццам якой прыладай. Уночы як высалапіць язык, да як лясне сам сабе па мордзе, то здаецца, што нехта пачаў паліць з біча, як робяць панскія хурманы, пад’язджаючы к пакоям, або як пастух ляпае пугаю. Падчас ходзіць кругом начэльнікаў з коньмі да й дражніцца: тут лясне, там лясне, а хлопцы думаюць, што гэта з іх каторы адбіўся да й кепкуе. Абгукаюцца, да як даведаюцца, што ўсе тут, дак тады як стануць хрысціцца, то сатана зараз у ногі. А чы мала ён то раз падманіў стральца; як дачне ляпаць языком па асіне, бы нача глушэц спявае, то як добра ўдае яго песню, што найстарэйшага стральца ў блуд увядзе...”[16]. Але ж, калі параўнаем сучасныя запісы, то і тут сустракаецца згадванне языка-біча. “Ішоў стары Уладак на паляванне. Сам расказваў. Зацемна выбраўся з хаты, каб дапяць да далёкага лесу, бо выпала пароша і спадзяваўся на сваім улюбёным месцы падняць зайца ці лісу. Справа была позняй восенню. Рана то выйшаў, а не падумаў, што над ім хто пажартаваць за гэта можа. Ідзе, пад ногі добра ўглядаецца, каб не пасклізнуцца ці не зачапіцца за што. Далекавата адышоў, і тут яму падалося, быццам бы наперадзе нешта пашчоўквае. Стаў, прыслухаўся – і сапраўды. Вырашыў праверыць, хто ж гэта такі ў ранні час ужо не спіць? Падаўся прама. Шчаўкі тыя ўзмацняліся. Ужо Уладак краўся ціхенька, як толькі ён сам мог. Вылічыў, што недзе за кустоўем гэта ўсё і робіцца. Вылез з гушчэчы, аж тут нешта і шчоўкае-страляе. Глядзіць, а прама перад ім сядзіць штосьці касматае і страляе. Уладак углядаўся, бо думаў, што той будзе мець нешта ў руках. Ды потым здагадаўся, што ж гэта ён языком страляе. Ціхенька свіснуў, каб тая істота павярнулася. Тады стварэнне касматае, як кінулася ўцякаць напрамую, як паімчалася, то толькі затрашчала ўсё навокал. Але паляўнічаму ў той дзень так і не пашанцавала, бо чорт яму ўсіх звяроў у адплату за свой зляк параспалохваў. Сам Уладак пра гэта распавядаў і яшчэ гаманіў, што ён потым доўга не асмельваўся у той бок хадзіць, каб яшчэ раз ліха не сустрэць і ўвогуле не стаць ягонай ахвярай” (УЗ. Пн.).

Мы разгледзелі, як выглядаў чорт (нячысцік) паводле сведчанняў інфарматараў, даследчыкаў вуснапаэтычнай творчасці, пісьменікаў, і можам канстатаваць, што амаль ва ўсіх выпадках гэтая дэманалагічная істота мела некалькі аднолькавых (пастаянных) рысаў (ногі, хвост, поўсць, рогі), а ўсё астатняе “падмалёўвалася” ўжо ў залежнасці ад індывідуальнай здольнасці апавядальніка ды ўмення фантазіраваць.



[1] Русский демонологический словарь. С. 589.

[2] Pietkiewiсz Cz. Kultura duchowa Polesia Rzeczyckiego. S. 188, 197.

[3] Богданович А.Е. Пережитки древнего миросозерцания у белорусов. С. 128–129.

[4] Демидович П. Из области верований и сказаний белорусов. С. 98.

[5] Добровольский В.Н. Данные для народного календаря Смоленской губернии в связи с народными верованиями // Живая старина. 1898. Вып. 3–4. С. 361.

[6] Ляцкий Е.А. Представления белоруса о нечистой силе. С. 26–27.

[7] Добровольский В.Н. Данные для народного календаря Смоленской губернии. С. 361.

[8] Романов Е.Р. Белорусский сборник. С. 288.

[9] Pietkiewiсz Cz. Kultura duchowa Polesia Rzeczyckiego. S. 188.

[10] Шаховіч М. Дэманічныя постаці і з’явы ў народным вераванні на стыку польскай і беларускай культур // Мост праз стагоддзі: Зборнік навуковых прац. Беласток, 1982. С. 127–128.

[11] Гл.: Federowski M. Lud Białoruski na Rusi Litewskiej. S. 20.

[12] Чаго на свеце не бывае. С. 323.

[13] Никифоровский Н.Я. Нечистики. С. 19.

[14] Pietkiewiсz Cz. Kultura duchowa Polesia Rzeczyckiego. S. 207.

[15] Гл.: Никифоровский Н.Я. Нечистики. С. 33.

[16] Pietkiewiсz Cz. Kultura duchowa Polesia Rzeczyckiego. S. 188.


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Магілёўскага Таварыства БРАМА

кантакт: epostbox@tut.by

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія