|
Я ЎПЭЎНЕНЫ, ШТО БЕЛАРУСЬ ЗНАХОДЗІЦЦА Ў ЕЎРОПЕ!
Цэзары КАРПІНЬСКІМ, дырэктарам Польскага Інстытута ў Мінску)
З якога часу Вы ўзначальваеце Польскі Інстытут у Мінску? Ці былі Вы раней неяк звязаны з працай Польскага Інстытута? Што Вы рабілі да таго, як прыехалі ў Беларусь?
– Працаваць ў Польскім інстытуце ў Мінску я пачаў у мінулым годзе, у палове мая, а раней, у 1998 годзе, я быў госцем інстытута, і можна сказаць, што менавіта ў той час я пазнаёміўся з Мінскам, яго наваколлем, спаткаў першых знаёмых. Мне пашчасціла наведаць шмат цікавых месцаў, пра якія я ведаў з гісторыі і пра якія мне апавядалі. Я прыязжаў у Беларусь ўжо некалькі год таму, і гэта у сваю чаргу было звязана з маёй прафесійнай дзейнасцю, а менавіта з кантактамі і супрацоўніцтвам Тэатра імя Юліуша Асцервы ў Любліне (дырэктарам якога я з’яўляўся на працягу 1993–2000 гадоў) з беларускімі партнёрамі. Магу сказаць, што мае візіты ў Беларусь ужо маюць сваю гісторыю.
У чым Вы бачыце місію Польскага інстытута ў Беларусі і сваю асабістую місію на пасадзе яго дырэктара?
– Мэтай дзейнасці ўсіх польскіх інстытутаў у свеце (а іх налічваецца ўжо дваццаць) з’яўляецца папулярызацыя польскіх дасягненняў у галіне культуры і навукі, асабліва ў апошняе дзесяцігоддзе, адразу пасля распаду савецкага блока і адраджэння дэмакратыі ў Польшчы. Зразумела, дзейнасць Польскага інстытута ў Мінску адрозніваецца ад праграм іншых ўстаноў гэтага тыпу, такіх, як напрыклад, Польскі інстытут у Лондане альбо Польскі інтстытут у Маскве ці ў Нью-Йорку, але ўсе ж такі асноўнай мэтай працы з’яўляецца прэзентацыя польскіх дасягненняў у вышэй згаданых галінах, улічваючы спецыфіку краіны, у якой працуеш. Напэўна, асоба дырэктара ўплывае на дзейнасць інстытута, таксама як і яго вопыт, прафесія, зацікаўленасць і нават тэмперамент, але менавіта гэта захапляе ў маёй працы, калі да пэўнага ўзроўню адчуваеш сябе творцам, а не служачым, які механічна і бяздушна выконвае свае абавязкі.
Які ўплыў, на Ваш погляд, аказала польская культура на развіццё беларускай культуры? У чым найбольш яскрава гэта праяўляецца? Ці сталі, у сваю чаргу, якія спрадвечныя культурныя каштоўнасці беларусаў арганічнай часткай польскай культуры?
– Не можна, знаходзячыся ў Цэнтры Еўропы, побач адзін з адным, гаварыць выключна пра аднанапрамкавы ўплыў польскай культуры на беларускую альбо, наадварот, неабходна адпаведна інтэрпрэтаваць паняцце пранікання культур нашых народаў, дапаўнення іх, асноўваючыся на супольнай шматвекавой традыцыі, а таксама на вопыце сённяшняга дня. Існуе шмат прыкладаў таго, і іх пералік выйшаў бы за рамкі нашай размовы. Асобным пытаннем, аднак, застаецца фарміраванне крытэрыяў ацэнкі вартасці, якія Беларусь і Польшча ўнеслі да еўрапейскага набытку і як незалежныя краіны, і калі стваралі агульны дзяржаўны арганізм. Істотна таксама, каб менавіта сення не забываць аб дасягненнях нашых продкаў, каб наша пакаленне ўмела задаваць сабе складаныя пытанні і здолела на іх адказваць. А як тэатральны практык магу сказаць, што вышэй стаўлю дыялог, а не маналог. Хоць цяжка весці дыялог, асабліва калі ён павінен быць зразумелым не толькі для тых, хто размаўляе, але і для тых, хто слухае.
Якую з’яву, асобу і мастацкі твор можна лічыць знакавымі для польскай культуры ўвогуле і ў ХХ стагоддзі ў прыватнасці? Чым наогул спецыфічнае ХХ стагоддзе ў сусветнай і ў польскай культуры?
– XX стагоддзе ацэньваюць цяпер вельмі часта. Некаторыя скажуць, што яно ж ужо скончылася і мы маем права пісаць найноўшую гісторыю. Мне часам здаецца, што людзі ўдыхнулі паветра новага стагоддзя, новага тысячагоддзя, скінулі з сябе цяжар адказнасці за дзядоў, бацькоў. Але гэта падманнае і павярхоўнае пачуццё. Мы як пакаленне ўсё яшчэ звязаны з мінулым, уцягнуты ў бясконцыя, хлуслівыя і фальшывыя справы. Але мне здаецца, што ўсё часцей мы робім намаганні выясніць, дайсці да праўды, знайсці адказ. Менавіта на гэтым фоне мы спрабуем задаваць пытанні: чым спецыфічнае XX стагоддзе ў сусветнай культуры, культуры польскай, беларускай… Развіццё культуры у мінулым стагоддзі патрабуе шматлікіх падрабязных доследаў і апрацаванняў, патрабуе таксама адпаведнай дыстанцыі, дзякуючы якой магчыма будзе зразумець культурныя працэсы, якія адбываюцца ў Еўропе і ў свеце. Сёння мы можам размаўляць аб разнастайнсці культуры XX стагоддзя, аб фармальным і эстэтычным росквіце. Дасягненні ў галіне літаратуры, мастацтва, тэатра ці найбольш маладой у гэтай групе галіне, кіно, – гэта толькі частка набытку, выпрацаванага людзьмі. А вельмі часта тое, што павінна было служыць развіццю чалавецтва, было інструментам ашукання і маніпуляцыі, войнаў, трагедыі і знішчэння. Гэта таксама праблема, аб якой нам неабходна памятаць, адносна да культуры XX стагоддзя. Вялікі, дадатковы ўплыў на развіццё культуры, мелі дэмакратычныя працэсы, якія адбываліся ў свеце. Яны давалі аўтарам магчымасць свабоднага мастацкага выказвання, навукоўцам – магчымасць неабмежаванага правядзення доследаў, а людзям – шанс пазнання і разумення. Мяркую, што менавіта гэта з’яўляецца дасягненнем XX стагоддзя. А калі мы гаворым пра польскую культуру гэтага часу, то лічу, што можна ацаніць яе дасягненні, падобным чынам – мы маем шматлікіх аўтараў, выдатныя творы, прызнаныя ў свеце і ў Еўропе навуковыя аўтарытэты, Нобелеўскіх лаўрэатаў, некалькіх Оскараў. Маем даўнія традыцыі, пра якія не забываем, мы стваралі сваю незалежнасць, не забываючы пра сілу культуры. Але таксама гэты “заблытаны” век прынёс нам шмат цяжкіх пытанняў і ацэнак, якія нялёгка пераадолець, пытанняў пра найноўшую гісторыю, пра людское стаўленне, пра памылкі…
Якімі адметнасцямі, на Ваш погляд, вызначаецца беларуская культура сярод іншых еўрапейскіх культур?
– Я вельмі рады, што Вы задалі гэта пытанне, але адразу хачу сказаць аб маіх эмацыянальных адносінах да беларускай культуры, і нават шырэй – да цэнтральна-еўрапейскай культуры. Справа не толькі ў неакрэсленым сентыменталізме, а, мабыць, у сямейнай традыцыі і асяроддзі, у якім я рос. Не магу рацыянальна вытлумачыць, чаму гэта так. Я не беларус, але калі я падарожнічаю па вашай краіне, то адчуваю, што яна мне вельмі блізкая, што я ведаю гэтыя краявіды і гэтых сардэчных людзей. Гэта і ёсць культура. Не магу сказаць, чым яна адрозніваецца ад іншых, але ведаю, што, знаходзячыся тут, я заўважаю многа агульнага з культурай, у якой выхаваўся.
Што, на Ваш погляд, замінае, а можа і перашкаджае, больш шырокаму культурнаму абмену паміж Беларуссю і Польшчай? У чым Вы бачыце прычыну таго, што беларусы і палякі замала ведаюць не толькі пра сучасную культуру сваіх бліжэйшых суседзяў, але і пра шматгадовую супольную гісторыю Беларусі і Польшчы?
– Галоўнай прычынай недахопу ў Беларусі інфармацыі наконт польскай культуры з’яўляюцца перажыткі папярэдняй эпохі, а таксама тое, што тая “шчаслівая” эпоха зрабіла ў людскіх галовах і ментальнасці. Напэўна, на кантакты таксама ўплываюць так званая “агульная сітуацыя” і своеасаблівая аўтацэнзура, з якой мне даводзіцца сустракацца. Але я заўважыў, што ў многіх месцах жывуць людзі з вельмі добрай арыентацыяй на тэму польскай культуры, навукі, мастацтва, людзі, знаёмыя з найноўшымі польскімі фільмамі, кнігамі, людзі, якія маюць сяброў з Польшчы і пішуць навуковыя працы на тэму Польшчы. Аб супольнай шматгадовай гісторыі мы павінны ведаць болей, таму што веды пра суседзяў заўсёды маюць вялікае значэнне. Я думаю, што ў Польшчы на гэту тэму таксама вельмі мала вядома, а трэба нагадаць, што Рэч Паспалітая была дзяржавай многіх народаў, разнастайных культур і рэлігійнай талерантнасці. Аднак пакінем што-небудзь гісторыкам. Сення мы маем сітуацыю, якая вымагае ад нас вялікай цярплівасці ў пабудове даверу, стварэння новага суседскага позірку на нашы адносіны, а самае важнае перадусім – гэта перакананне маладога пакалення беларусаў і палякаў у тым, што апошняе дзесяцігоддзе ў развіцці нашых сувязяў не было цалкам выкарыстана нас у далейшым чакае праца.
Як, на ваш погляд, павінны вырашацца праблемы культурнага жыцця беларусаў у Польшчы і палякаў на Беларусі? Ці маюць нейкі прыярытэт у дзейнасці Польскага Інстытута на Беларусі яе паўночна-заходнія рэгіёны?
– Адказ вельмі просты – тут я зноў прыгадаю абмен інфармацыяй і тое, якой мэце служыць Польскі інстытут у Беларусі. У сваёй працы Польскі інстытут не аддае перавагі паўночна-заходнім рэгіёнам Беларусі, мы працуем на тэрыторыі ўсёй краіны, у розных месцах, а прыкладам можа быць наша супрацоўніцтва з вашым квартальнікам.
Напрыканцы, калі ласка, крышачку больш пра сябе. Дзе Вы нарадзіліся і правялі свае юнацкія гады? Які скончылі універсітэт? Якія моманты былі вызначальнымі ў Вашым жыцці? Што для Вас значыць Ваша сям’я? Ці задаволены Вы сваім жыццём?
– Заўсёды найбольш складана расказваць пра сябе і адказаць на пытанне, ці задаволены я сваім жыццём. Што тычыць таго, чым я займаўся да майго прыезду ў Мінск: я паходжу з Любліна, вучыўся ў Тэатральнай Акадэміі ў Кракаве, потым у Маскве ў Дзяржаўным інстытуце тэатральнага мастацтва (ГИТИС) на рэжысёрскім факультэце. Я быў акцёрам, педагогам, рэжысёрам, у апошні час – дырэктарам тэатра. Я жанаты, маю дачку і лічу, што менавіта сям’я спрычынілася да многіх вызначальных момантаў майго жыцця.
І на развітанне чаго б Вы хацелі пажадаць нашаму квартальніку, яго чытачам і ўвогуле ўсім беларусам?
– Чытачам я жадаю, каб кожны нумар вашага часопіса быў для іх падзеяй, рэдакцыі – каб не згубіла энтузіазму і веры ў поспех, а Беларусі… Я ўпэўнены, што Беларусь знаходзіцца ў Еўропе!
Гутарыў Яўген ІВАНОЎ
Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Магілёўскага Таварыства БРАМА
|