БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Партнэры... | Выдавецкія сэрыі...Аўтары...

 
Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён  
[Allegro.pl]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Абажур
  •  Akcent

     
Białoruski

  • 
Annus
      Albaruthenicus
  •  АRCHE
  • 
Асамблея
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  • 
БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
     Сборник

  •  Бельскі
     Гостінэць

  •  Гістарычны
     Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Дзеяслоў
  •  Druvis
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Палітычная

       
сфера

  •  Паміж
  •  pARTisan
  •  Правінцыя
  •  Рэзыстанс
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы
  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Беларуская Палічка Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

ПУБЛІКАЦЫІ МАГІЛЁЎСКАГА ТАВАРЫСТВА БРАМА НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
КРАЙ - KRAJ 1-2 / 2001

ЗАЦВЯРДЖЭННЕ САЦЫЯЛЬНЫХ ЗМЕН ШЛЯХАМ ІХ АДМАЎЛЕННЯ (рэформы ў Польшчы 1990–2000 гадоў і іх грамадскае ўхваленне)*

Лена КАЛЯРСКА-БАБІНЬСКА
(Варшава)

На працягу апошніх дзесяці год у Польшчы назіраецца адна вельмі цікавая заканамернасць. У перыяд знаходжання ва ўладзе сіл “Салідарнасці”, якія абвяшчалі і ўкаранялі ў жыццё рынкавыя прынцыпы, грамадская падтрымка рынкавай сістэмы ўвесь час была вельмі нізкай. Аднак з прыходам да ўлады посткамуністычных сіл з сацыял-дэмакратычнымі лозунгамі грамадскія настроі ў падтрымку капіталізму ўзмацніліся. Як гэта ні парадаксальна, урады, што выступаюць з сацыял-дэмакратычнымі лозунгамі (якія, дарэчы, далёка не заўсёды ажыццяўляюцца імі на практыцы), звычайна садзейнічаюць павароту грамадскай свядомасці ў бок рынкавай сістэмы.

Каб патлумачыць названую з’яву недастаткова звярнуцца толькі да ідэалагічнай характарыстыкі ўрадаў ці партый і/або засяродзіцца на тых ці другіх аспектах адпаведнай пазіцыі грамадства. Мяркуючы па ўсім, гэтая з’ява мае мала агульнага і з ідэалагічнымі платформамі партый і іх праграмамі, паколькі апошнія былі далёка не заўсёды цалкам зразумелыя для выбаршчыкаў. На працягу апошніх дзесяці год адбываўся працэс фарміравання праграм і афармлення аблічча як посткамуністычных партый, так і партый, якія вядуць сваё паходжанне ад “Салідарнасці”. Гэты працэс быў нялёгкім, паколькі палюсы палітычнай сцэны звязвала шмат агульнага. І тыя і іншыя выступалі ў падтрымку рынкавай эканомікі і імкнуліся да дасягнення адных і тых жа мэтаў у знешняй палітыцы: уступленню Польшчы ў НАТА і Еўрапейскі Звяз. Разыходжанні паміж імі былі, галоўным чынам, у ацэнцы камуністычнага мінулага і ў адносінах да каштоўнасцей каталіцкай царквы. Выбаршчыкі аддавалі свае галасы ў падтрымку той ці іншай партыі на падставе – у першую чаргу – яе стаўлення да камуністычнай спадчыны, а не прапанаванай сыцыяльна-эканамічнай праграмы, якая часцей за ўсё была проста незразумелай пераважнай большасці палякаў. Калі ж мяжа на палітычнай сцэне і ў грамадстве (посткамуністы – пост “Салідарнасць”) праходзіла па асі, звязанай з каштоўнасцямі, чым можна патлумачыць той парадаксальны факт, што ў перыяд знаходжання ва ўладзе посткамуністычных сіл у грамадстве ўзмацняюцца настроі на карысць прыватызацыі, сацыяльнай няроўнасці і панавання недзяржаўнага сектара ў эканоміцы, а з прыходам да ўлады сіл “Салідарнасці” расце падтрымка дзяржаўнай сацыяльнай дапамогі, палітыкі занятасці на дзяржаўных прадпрыемствах і ідэі роўнага ўзнагароджання за любую працу? На мой погляд, тлумачэнне трэба шукаць у адносінах дадзеных партый да новаўвядзенняў і рэформаў, якія ажыццяўляліся ў Польшчы на працягу апошняга дзесяцігоддзя.

За гэты перыяд партыі, звязаныя сваім паходжаннем з “Салідарнасцю”, двойчы знаходзіліся ва ўладзе. Пры гэтым яны кожны раз бачылі сваю галоўную мэту ў тым, каб як мага хутчэй адмовіцца ад інстытутаў і нормаў, што засталіся ў спадчыну ад камуністычнага ладу жыцця. Найвышэйшай мэтай абіраліся хутчэйшыя пераўтварэнні, што вялі да капіталізму, сацыяльнай няроўнасці, якія ставілі на першы план практычнасць і асабістую прадпрымальнасць. Посткамуністычная партыя, у сваю чаргу, абяцала грамадству перадышку на шляху імклівых новаўвядзенняў.

Сфарміраваныя “Салідарнасцю” ўрадавыя кабінеты ў 1990–1993 гадах ажыццяўлялі рэформы Лешака Бальцэровіча і прыватызацыю дзяржаўных прадпрыемстваў, а ў 1997–2000 гадах рэфармавалі сацыяльную галіну. Былі пачаты рэформы ў сістэме аховы здароўя, сацыяльнага забеспячэння, адукацыі, а таксама рэформа тэрытарыяльнай структуры краіны. Рэакцыя грамадства ў тым і ў другім выпадку была аднолькавай: падтрымка капіталізму і яго прынцыпаў паменшылася. Адначасова выявілася паслабленне грамадскай падтрымкі сіл “Салідарнасці”, што ўкаранялі рэформы, і рост настрояў на карысць посткамуністычнага Саюза левых дэмакратычных сілаў (Sojusz Lewicy Demokratycznej – SLD). Цяжка адназначна назваць прычыну гэтай з’явы: боязь глабальных зменаў і пахіснутае пачуццё ўпэўненасці або непрыняцце новаўвядзенняў, капіталістычных прынцыпаў і нязгоднасць з адмаўленнем дзяржавы выконваць ролю апекуна. Дадзеныя матывы непадзельныя. Цалкам відавочна, што рэформы, якія вядуць да абмежавання набору бясплатных паслуг і маштабаў дзяржаўнай дапамогі, выклікаюць натуральную негатыўную рэакцыю з боку грамадства, якое пачынае бараніць свае былыя прывілеі, што праяўляецца ва ўзмацненні эгалітарысцкіх настрояў і ў пратэстах грамадскіх груп, няўпэўненых у заўтрашнім дні. Менавіта на хвалі павялічэння боязі перад будучыняй і нестабільнасці перамагалі посткамуністычныя партыі. Узмацненне адчування ўпэўненасці ў будучым, якое гарантавала быўшая ва ўладзе сацыял-дэмакратыя, дапамагло ўзмацненню аптымістычных настрояў, а як вынік, і прыняццю новага ладу. Але з цягам часу адчуванне стабільнасці перараджалася ў адчуванне застою і апатыі. У выніку пачынаўся рост грамадскіх настрояў у падтрымку больш дынамічнай, абяцаючай лепшыя перспектывы, палітычнай групоўкі.

Так і сёння грамадству надакучылі рэформы, што ўкараняюцца Выбарчай Акцыяй “Салідарнасць” (Akcja Wyborcza Solidarność – AWC) і Саюзам Свабоды (Unia Wolności – UW), партыямі, якія звязаны з рухам “Салідарнасць”. Упершыню за апошнія дзесяць год, што прайшлі з моманту аднаўлення незалежнасці, посткамуністычная партыя – SLD – атрымала настолькі вялікую грамадскую падтрымку, што яе аказалася дастаткова, каб у адзіночку кіраваць краінай. Між тым, партыям правай арыентацыі пагражае не толькі параза на будучых выбарах, але і ўнутранае ідэйнае размежаванне.

Можна меркаваць, што павелічэнне падтрымкі SLD, якое назіраецца ў апошні час, трэба тлумачыць таксама ростам эгалітарных настрояў і ўсё большым і большым імкненнем разглядаць дзяржаву як апекуна. Безадносна да таго, якую палітыку на самой справе праводзіў кааліцыйны ўрад з удзелам SLD у 1993–1997 гадах, сёння частка выбаршчыкаў лічыць SLD партыяй левай арыентацыі, а г.зн., той, што найперш абараняе грамадскія інтарэсы. Усё большае ўхваленне грамадствам эгалітарысцкіх рашэнняў вядзе да таго, што ўсё большая колькасць грамадзян выступае ў падтрымку партыі, якая асацыіруецца з паняццем дзяржавы-апякункі.

Пасля 1989 года на працягу першых трох гадоў укаранення прынцыпаў рынкавай эканомікі назіраўся істотны рост эгалітарных настрояў. У той час, як сведчаць вынікі даследаванняў (гл. Polacy 1995), пачала ўзрастаць падтрымка палітыкі ўсеагульнай занятасці, дзяржаўнага кантролю над цэнамі і цэнтралізаванага кіраўніцтва, тады як падтрымка прыватызацыі пайшла на ніз.

У наступны перыяд у выніку павышэння ўзроўню жыцця, зніжэння беспрацоўя, а таксама дзякуючы таму, што большасць насельніцтва навучылася жыць у новых умовах, быў зафіксаваны рост падтрымкі як рынкавых механізмаў, так і сацыяльных наступстваў іх дзеяння.

У цяперашні час, па сканчэнні дзесяці гадоў жыцця ва ўмовах рынкавай эканомікі, калі яе інстытуты ўмацаваліся, а людзі засвоілі логіку яе функцыянавання, многія палякі перажываюць настальгію па ідэалах сацыяльнай роўнасці і выступаюць у падтрымку дзяржаўнага сектара ў эканоміцы.

Як сведчаць вынікі апытання, праведзенага Цэнтрам даследаванняў грамадскай думкі (Centrum Badań Opinii Społecznej – CBOS), істотна павялічылася колькасць тых, хто выступае за абмежаванне прыбыткаў высокааплочваемых катэгорый грамадзян з 44 % у 1997 годзе да 67 % у 1999 годзе. Зарэгістраваны таксама рост колькасці галасоў у падтрымку сацыяльнай дапамогі за кошт дзяржавы і бюджэтных субсідый для сельскай гаспадаркі. У 1995 годзе, паводле меркаванняў паловы грамадства (53 %), сельскай гаспадарцы належала даць субсідыі з дзяржаўнага бюджэту і абараняць яе інтарэсы шляхам дзяржаўнай інтэрвенцыі нават у тым выпадку, калі б гэта прывяло да росту цэнаў. Чатыры гады пасля гэткі пункт гледжання падзяляла ўжо 66 % палякаў. Адначасова назіралася зніжэнне падтрымкі працэсу найхутчэйшай і татальнай прыватызацыі, а таксама рэпрыватызацыі.

Аналіз таго, як змяняліся адносіны да працэсу прыватызацыі, бачыцца вельмі цікавым. Параўнальна высокая падтрымка гэтага працэсу, зарэгістраваная ў 1990 годзе, праз год знізілася, а ў 1995–1997 гадах, калі быўшая ва ўладзе кааліцыя Саюза левых дэмакратычных сілаў і Польскай сялянскай партыі (SLD – PSL) запаволіла яе ход, прыватызацыя зноў стала карыстацца вялікім даверам і падтрымкай. У 1999 годзе зноў значна (на 15 %) павялічылася колькасць тых, хто лічыць, што прыватызацыя ідзе залішне хутка. Больш за тое, упершыню з моманту пачатку рэформаў частка насельніцтва, якая лічыць працэс прыватызацыі занадта хуткім, перавысіла па колькасці тых, што прытрымліваюцца процілеглага пункту гледжання (адпаведна 35 % і 25 %). Акрамя таго, у другі раз за апошнія дзесяць гадоў склаўся такі высокі працэнт тых, хто перакананы, што прыватызацыя шкодная польскай эканоміцы. Менавіта такім жа чынам ацэньваецца карысць, якую нясе прыватызацыя для супрацоўнікаў прыватызаваных прадпрыемстваў і саміх удзельнікаў апытання.

У перыяд з 1994 года па 1997 год адначасова з ростам заможнай часткі насельніцтва паступова павялічвалася ацэнка самой з’явы абагачэння. Грамадская рэпутацыя заможных людзей змянілася ў лепшы бок. У цяперашні час назіраецца стабілізацыя ў ацэнцы гэтых з’яў пры пэўным павелічэнні адмоўных адносінаў грамадства да багацця.

Нягледзячы на тое, што 72 % апытаных па-ранейшаму лічаць багацце нармальнай з’явай, павялічылася непрыманне грамадствам факта значнага матэрыяльнага размежавання (паводле справаздачы CBOS). У 1999 годзе ў параўнанні з 1994 і 1997 гадамі ўзрасло перакананне грамадства ў тым, што значныя эканамічныя адрозненні з’яўляюцца праявай несправядлівасці. Тэзу пра “тое, што калі адны людзі багацейшыя за іншых, гэта з’яўляецца несправядлівым”, падтрымлівае сёння 42 % апытаных. У студзені 1997 года прапорцыя была адваротнай – 40 % не лічыла факт заможнасці адных у параўнанні з другімі праявай несправядлівасці. На працягу апошніх сямі гадоў погляды грамадства на заможных людзей істотна не змяніліся: як і ў 1992 годзе, так і сямі гадамі пазней 45 % удзельнікаў апытання лічаць, што яны не заслугоўваюць павагі. Згодна заключэння, прадстаўленага ў справаздачы CBOS, грамадская ацэнка з’явы заможнасці крыху знізілася ў параўнанні з пачаткам 1997 года.

Рост грамадскіх настрояў у падтрымку эгалітарных каштоўнасцей і ўзрастаючае непрыманне рынкавых прынцыпаў узаемазвязаны з усё большай упэўненасцю грамадства ў тым, што вырашальную ролю ў прасоўванні па сацыяльнай лесвіцы адыгрываюць механізмы, якія не маюць нічога агульнага з логікай рынкавай сістэмы.

На працягу апошніх двух гадоў усё больш распаўсюджваецца пункт гледжання, паводле якога высокі ўзровень дабрабыту дасягаецца не столькі за кошт цяжкай працы, колькі дзякуючы асабістым знаёмствам і палітычным сувязям з коламі прадстаўнікоў улады (гл. Kommunicat 1999). Разам з тым, суцяшальным з’яўляецца той факт, што дзеянні ў абход права, злоўжыванні недасканаласцю прававых рэформаў, а таксама подкуп чыноўнікаў, што лічылася на пачатку 90-х гадоў асноўным спосабам здабыцця багацця, паступова страчвае сваё значэнне. Адначасова вялікую ролю пачынаюць адыгрываць узровень адукацыі і кваліфікацыя. Аднак расце і колькасць тых, хто ставіць на першае месца нефармальныя сувязі.

Апытанні, якія тычацца ацэнкі жыццёвых перспектыў, пацвярджаюць гэтыя назіранні. Паводле меркавання іх удзельнікаў, найвялікшае значэнне для дасягнення поспеху маюць нефармальныя сувязі і пратэкцыя, а таксама прафесійная кваліфікацыя і адукацыя. У цяперашні час грамадская думка ў Польшчы схіляецца да таго, што для дасягнення поспеху вельмі важныя таксама асабістыя якасці, тады як наяўнасць нефармальных сувязей стварае толькі спрыяльныя ўмовы для іх рэалізацыі. Такім чынам, “сувязі” – з’ява, тыповая для старой сістэмы, – пачынаюць разглядацца як адна з істотных перадумоваў эканамічнага і сацыяльнага поспеху і ва ўмовах новай сістэмы, якая, дарэчы, павінна была стаць проціяддзем супраць “сувязей”.

Абясцэньванне народжанай рэформамі рынкавай сістэмы ў вачах грамадства можа быць, аднак, прадухілена дзякуючы павялічэнню сацыяльнай значнасці адукацыі, кваліфікацыі і асабістай прадпрымальнасці.

Можна выказаць меркаванне, што развіццё прыватнага сектара эканомікі, а таксама праблемы, з якімі сутыкаюцца дзяржаўныя прадпрыемствы, паўплывае на тое, якім працоўным месцам будзе дадзена перавага. І сапраўды, у асяроддзі прафесійна актыўнай часткі насельніцтва прыватны сектар ацэньваецца як найбольш выгадны рынак працы, на якім знайсці працу лягчэй, чым на дзяржаўным. У параўнанні з 1994 годам ацэнка прыватнага сектара ў эканоміцы змянілася ў лепшы бок. Аднак на пытанне пра тое, дзе яны самі жадалі б працаваць, удзельнікі апытання пераважна адказвалі, што на дзяржаўным прадпрыемстве (73 %). Паказальна, што з 1997 года колькасць апытаных, якія без сумненняў выбіралі для працы дзяржаўныя прадпрыемствы, павялічылася на 11 %.

Нягледзячы на тое, што з 1995 года прынцып сацыяльнай роўнасці карыстаўся значнай падтрымкай, было б памылкай сцвярджаць, што большая частка палякаў выступала ў той час за дзяржаўную мадэль эканомікі, якая б грунтавалася на дадзеным прынцыпе. Больш правільна будзе сказаць, што грамадства ў сваёй пераважнай большасці выказалася ў падтрымку “ідэальнай сістэмы”, якая спалучае ў сабе якасці справядлівасці, надзейнасці і эфектыўнасці.

Гэткі вывад цалкам можа быць аднесены і да 1999 года. Аднак звяртае на сябе ўвагу той факт, што ў выніку дзесяцігадовага суіснавання дзвюх сістэм – эгалітарнай і рынкавай – тая частка шаляў, на якой знаходзяцца каштоўнасці, што складаюць аснову новай сістэмы, не толькі перавысіла, але наадварот, рухаецца ўверх, паколькі грамадства пачынае аддаваць перавагу дзяржаве, якая адыгрывае ролю ўсеагульнай апякункі. Паўстае заканамернае пытанне аб прычынах узнікнення гэткіх тэндэнцый.

Вяртанне да ідэі сацыяльнай роўнасці можа быць рэакцыяй грамадства на рэформы і звязаную з імі боязь, што маштабы бясплатнага сацыяльнага забеспячэння, гарантаванага дзяржавай, будуць істотна скарочаны. Рэформы, якія грунтуюцца на захадах, што прывядуць да росту сацыяльнай няроўнасці, выклікаюць натуральную абарончую рэакцыю. Вяртанне да ідэі сацыяльнай роўнасці ёсць рэакцыя на рэформы той часткі грамадства, якая баіцца за сваю будучыню.

Адзначаны ў апытаннях рост значнасці нярынкавых механізмаў, якія садзейнічаюць прасоўванню па сацыяльнай лесвіцы, з’яўляецца вынікам моцнага ўплыву палітыкі на эканоміку і дзяржаву. Меркавалася, што рынкавыя механізмы і падыход, які ўлічваў перш за ўсё інтарэсы справы, паступова выціснуць палітычныя крытэрыі, якія вызначалі прасоўванне па сацыяльнай і службовай лесвіцы ва ўмовах старой сістэмы. Была надзея на тое, што іх зменяць аб’ектыўныя, зразумелыя, празрыстыя і скіраваныя толькі на інтарэсы справы крытэрыі. Аднак факты злоўжывання службовым становішчам у палітычных мэтах, непатызм і скарыстанне нефармальных сувязей разбураюць гэтыя спадзяванні. Капіталізм аказаўся не такім, якім ён павінен быць, якім мы яго сабе ўяўлялі, ён прыняў не тую форму, што існуе ва многіх развітых заходніх краінах, – так сёння думае шмат палякаў.

Вяртанне да ідэі сацыяльнай роўнасці можна патлумачыць яшчэ і тым, што многія ў пошуках раўнавагі паміж сацыяльнай справядлівасцю, пачуццём упэўненасці і эфектыўным функцыянаваннем большасці сфераў грамадскага жыцця стварылі ў сваёй свядомасці нейкую “ідэальную сістэму”. Пахіснутае пачуццё ўпэўненасці спарадзіла тугу па стабільнасці. Пераканаўшыся, што гэтая сфера функцыянуе нездавальняльна, людзі аказаліся гатовыя падтрымаць перамены.

Такім чынам, у тыя перыяды, калі рэформы выклікаюць пачуццё няўпэўненасці, выбаршчыкі падтрымліваюць тыя сілы, што гарантуюць стабілізацыю. У сваю чаргу, адсутнасць пераменаў спараджае незадавальненне тым, што занадта мала робіцца для паляпшэння функцыянавання тых ці іншых сфераў жыцця. У гэтым выпадку імкненне грамадства да большай эфектыўнасці таксама адчыняе рэфарматарм шлях да ўлады. Аднак узнікаючая ў працэсе рэформаў няўпэўненасць у будучым становіцца нагодай для аказання дапамогі тым сілам, што ацэньваюцца як “апякунскія, не апантаныя ідэяй пераменаў, скіраваныя на клопат аб простых людзях”. Гэткая заканамернасць не дзейнічае аўтаматычна. Існуюць такія ўмовы, пры якіх сілы, што ажыццяўляюць перабудовы, не страчваюць падтрымкі грамадства. Напрыклад, пахіснутае ў працэсе рэформаў пачуццё ўпэўненасці можа вярнуцца да нормы, калі людзі пераканаюцца, што ўрад трымае сітуацыю ў руках, кантралюе прычыны і наступствы рэформаў, дзейнічае сістэматычна і асцярожна. Аднак гэткая крціна істотным чынам адрозніваецца ад той, якую шэраговыя грамадзяне маюць магчымасць назіраць у Польшчы сёння.

Сілы, што ажыццяўляюць рэформы, страчваюць падтрымку яшчэ і з прычыны няправільнай ацэнкі сітуацыі. Ухваленне выбаршчыкаў яны лічаць падтрымкай непасрэдна саміх пераўтварэнняў, тады як грамадства перш за ўсё спрыяе таму, да чаго дадзеныя пераўтварэнні павінны прывесці – больш эфектыўнаму і дакладнаму функцыянаванню рэфармуемай сферы. Выбаршчыкі, у прынцыпе, не любяць пераменаў, але могуць аказаць ім падтрымку пры ўмове, што іх ажыццяўленне гарантуе паляпшэнне функцыянаванне дадзенай галіны. Выбарчая акцыя “Салідарнасць” (Akcja Wyborcza Solidarność – AWS) палічыла, што яе перамога на выбарах дае зялёную вуліцу змяненню status quo, палітычнай волі пераменаў. У заявах, якімі суправаджалася правядзенне рэформаў, пераважала гордасць з прычыны рашучасці пачаць пераўтварэнні такога маштабу. Галоўнай заслугай дэкляравалася воля, а не якасць пераўтварэнняў. Урад не здолеў пераканаць кансерватыўную па сваёй прыродзе большасць у тым, што перамены не ёсць самамэта, а толькі сродак удасканалення сістэмы сацыяльнага забеспячэння, што пераўтварэнні з’яўляюцца следствам важных сацыяльных прычын, а не дэманстрацыяй палітычнай волі. Не быў праведзены аналіз наступстваў рэформаў для розных сацыяльных групаў, не было зададзена пытанне аб тым, хто дзякуючы ім выйграе, а хто прайграе. Разам з тым, калі на пачатку працэсу рэформаў шмат хто ўхваляў хутчэйшую адмову ад старой сістэмы, то сёння такія аргументы ўжо мала каго пераконваюць.

Рэформа аховы здароўя, якой грамадства надавала вялікае значэнне і якая аб’ектыўна з’яўляецца надзвычай важнай, была прапанавана і зроблена вельмі нездавальняльным чынам. Грамадства не было праінфармавана, што рэформа часткова абмяжуе магчымасці карыстацца медыцынскімі паслугамі. Набор апошніх скараціўся, аднак пацыенты не атрымалі наўзамен лепшай сістэмы. Мэтай рэформы было, у прыватнасці, унясенне яснасці ў правілы гульні паміж службай аховы здароўя і пацыентамі. Разам з тым, такое важнае правіла, як вызначэнне пакета гарантаваных медыцынскіх паслуг, па рознага кшталту прычынах не было вызначана, што ўзмацніла дэзарыентацыю. У выніку – як паказала апытанне CBOS – пацыенты, што не мелі ўяўлення пра тое, якім абслугоўваннем яны маюць права карыстацца ў новых умовах, сталі даваць супрацоўнікам медыцынскіх устаноў яшчэ большую неафіцыйную ўзнагароду, чым раней.

Адной з прычынаў, якой тлумачыцца рост падтрымкі эгалітарызма, ёсць пагоршанне матэрыяльнага становішча часткі грамадства ў выніку зніжэння тэмпаў эканамічнага прагрэсу. У 1997–1998 гадах колькасць удзельнікаў апытання, што характарызавалі ўласнае матэрыяльнае становішча як добрае, дасягала 22–27 % (у залежнасці ад месяца) ад колькасці ўсіх апытаных і не выяўляла тэндэнцыі да памяншэння. Значных ваганняў не назіралася і ў групе, што ацэньвала сваё матэрыяльнае становішча негатыўна (26–35 %). Аднак з вясны 1999 года пачаўся абвал ацэнак, падобна таму, які меў месца напярэдадні 1996 года. У верасні 1999 года група, што негатыўна ацэньвала ўзровень свайго дабрабыту, была на 17 % больш за тую, што ацэньвала яго станоўча.

З пачатку 1999 года ў людзей узманілася таксама адчуванне фінансавых страт у іх адносным вымярэнні. Пачынаючы з 1995 года самаацэнка большасці сем’яў крыху пабольшала, а ўласцівае ім раней пачуццё таго, што іхнія даходы ніжэй за даходы іншых людзей паменела.

У пачатку 1999 года група людзей, перакананых у тым, што іх матэрыяльнае становішча горшае, чым у іншых, зноў значна павялічылася. павялічыўся таксама і колькасны склад групы людзей, чый дабрабыт можна вызначыць як сціплы, пры адначасовым памяншэнні ліку тых, хто, па іх уласнай ацэнцы, мае сярэдні ўзровень жыцця. Акрамя таго павялічылася група людзей, якім пагражае бяднота і адпаведна паменшылася група тых, хто спакойны за сваю будучыню. Адначасова за апошнія два гады значна (на 16 %) павялічылася група тых, хто ведае бедных людзей і бедныя сем’і ў сваім асяроддзі, а таксама тых, хто адзначае рост беднасці ў маштабах усёй краіны (на 7 %).

Рост паказчыкаў, якія адлюстроўваюць узровень беднасці, суправаджаецца павелічэннем песімістычнага настрою ў прагнозах наконт маштабаў дадзенай з’явы ў бліжэйшай будучыні. У параўнанні з 1997 годам значна (на 11 %) павялічылася група людзей, на думку якіх колькасць бедных у краіне будзе толькі расці. Менавіта боязь за заўтрашні дзень, а не толькі ацэнка дня сённяшняга, з’яўляюцца адным з магчымых фактараў узмацнення эгалітарных настрояў. Колькасць людзей, якія прадбачаць пагаршэнне свайго матэрыяльнага становішча ў бліжэйшым годзе, паболела ў параўнанні з папярэднімі гадамі больш чым на 10 %.

Паўстае пытанне, да чаго можа прывесці эгалітарызм, што ўсё большае і большае ў польскім грамадстве? На пачатку артыкула размова ішла пра тое, як падобныя грамадскія настроі адбіваюцца на палітычных прыхільнасцях, якія у сваю чаргу абумоўліваюць рост падтрымкі сіл, што гарантуюць стабільнасць і спакой.

Змена насторяў у грамадстве не вызначае сёння вынікаў будучых парламенцкіх выбараў. Аднак толькі пры той умове, што ўрадам будуць прынятыя радыкальныя захады ў галіне яго палітыкі. Бліжэйшы год будзе вырашальным для кааліцыйнага ўрада. Нягледзячы на адмоўную ацэнку дзейнасці ўрада, яго склад не падпаў істотным зменам. Магчыма, прэм’ер-міністр запланаваў, што зменіцца сама палітыка яго кабінета. Калі сапраўды так, то пра гэта трэба паведаміць выбаршчыкам. У такіх умовах галоўнай задачай з’яўляецца пераканаць расчараванае грамадства ў тым, што пераўтварэнні вядуцца не па палітычных і ідэалагічных меркаваннях насуперак яго інтарэсам, а менавіта з мэтай паляпшэння становішча людзей, якія карыстаюцца паслугамі ўстаноў аховы здароўя, асветы і г.п. Неабходна пераканаць грамадства ў тым, што ў кіраўнікоў асобных міністэрстваў ёсць канкрэтныя прапановы, скіраваныя на павышэнне эфектыўнасці і дакладнасці функцыянавання ўзначаленых імі галінаў. Толькі з дапамогай дакладна сфармуляваных канкрэтных прапаноў, а не за кошт агульных фраз і цьмяных абяцанняў магчыма дамагчыся патрэбнага эфекту.

Адначасовае ажыццяўленне чатырох глабальных рэформаў, што закранаюць асновы дзяржаўнага ладу, было б цяжкай задачай для ўрада любой краіны. Магчыма, ні адзін урад, які імкнецца захаваць свае пазіцыі, не адважыўся б на такі крок. Неабходнай умовай вырашэння гэтай задачы ёсць не толькі дакладная праграма і арганізацыя, але і ўмелае кіраўніцтва. А правым сілам уласцівы недахоп менавіта такіх якасцей.

Пераклаў з польскай мовы
© Яўген ІВАНОЎ, 2001


* © Lena KOLARSKA-BOBIŃSKA. Utrwalanie zmian poprzez ich zaniechanie // Cztery reformy. Od koncepcji do realizacji. Warszawa, 2000.

Літаратура

Kommunicat CBOS (Centrum Badań Opinii Społecznej). Warszawa, 1999. № 30.
Polacy 95 / Instytut Filozofii i Socjologii PAN, Centrum Badań Opinii Społecznej. Warszawa, 1995.


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Магілёўскага Таварыства БРАМА
 кантакт: epostbox@tut.by

 

УВЕРХ


   

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
webmaster