БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Партнэры... | Выдавецкія сэрыі...Аўтары...

 
Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён  
[Allegro.pl]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Абажур
  •  Akcent

     
Białoruski

  • 
Annus
      Albaruthenicus
  •  АRCHE
  • 
Асамблея
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  • 
БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
     Сборник

  •  Бельскі
     Гостінэць

  •  Гістарычны
     Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Дзеяслоў
  •  Druvis
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Палітычная

       
сфера

  •  Паміж
  •  pARTisan
  •  Правінцыя
  •  Рэзыстанс
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы
  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Беларуская Палічка Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

ПУБЛІКАЦЫІ МАГІЛЁЎСКАГА ТАВАРЫСТВА БРАМА НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
КРАЙ - KRAJ 1-2 / 2001

ІДЭАЛАГІЧНАЕ ЗМАГАННЕ “ЛІТВЫ” ЗА РОЎНЫ СТАТУС З “КАРОНАЙ”
(паводле беларуска-літоўскіх летапісаў XV–XVI стагоддзяў)

Ігар МАРЗАЛЮК
(Магілёў)

Падпісанне уніі ў Крэве паміж Каронай Польскай і Вялікім княствам Літоўскім стварыла прынцыпова новую сітуацыю ў Сярэдняй і Усходняй Еўропе. “Дэ юрэ” Вялікае княства Літоўскае пераставала існаваць, у выніку інкарпарацыі яго ў склад Кароны Польскай. З такім становішчам справаў не хацела змірыцца палітычная эліта Вялікага княства Літоўскага. Выразнікам памкненняў да захавання самастойнасці Вялікага княства Літоўскага стаў князь Вітаўт. Вітаўт імкнуўся сцвердзіць свой самастойны статус ад Вавеля і “дэ факто” і “дэ юрэ”. Як ведаем, апошняму не было дадзена спраўдзіцца пры яго жыцці. Але памкненні магнатэрыі да захавання асобнасці Вялікага княства Літоўска ад Кароны і ўнікнення ад рэалізацыі польскіх інкарпарацыйных планаў, прымушалі да стварэння гістарычных міфалагемаў, якія мелі на мэце падкрэсліць больш высокі статус Вітаўта ў іерархіі тагачасных манархаў свету, ў тым ліку і Ягайлы. Гэты сацыяльны заказ быў бліскуча выкананы на ўсходзе Беларусі смаленскімі праваслаўнымі кніжнікамі, стваральнікамі беларуска-літоўскага летапісу 1446 года. У найбольш канцэнтраванай форме адлюстраванне канцэпцыі богаабранасці і імкненне ўзвысіць ды сакралізаваць статус вялікакняскай улады на беларускіх землях XV стагоддзя знаходзім у пахвале Вітаўту. Асабліва паказальны варыянт тэксту змешчаны ў Слуцкім летапісе: “Тайну цареву таити добро есть, а дело великого господаря поведати добро жь есть. Також и я хочю вамь поведати о славном томь господари, но не мощно исповедати ни писанию предати дела великого господаря, яко бы не мощно кому испытати высота небесная и глубина морьская” (Полное Собрание Русских Летописей 1980: 75). У дадзеным фрагменце тэксту выразна прасочваецца атаясамленне дзеяў Вітаўта з Боскім Промыслам, з дзеямі Божымі. Дзеянні Вітаўта да канца не могуць быць пазнаныя і асэнсаваныя, гэтаксама як і справы Гасподні, сэнс яго дзеяў недасягальны і не можа быць асэнсаваны простым смертным, як і не магчыма поўнае пазнанне таямніцаў створанага Богам Сусвету – “яко бы не мощно кому испытати высота небесная и глубина морьская (тут і далей курсіў мой – І.М.)”. Вельмі сімптаматычным з’яўляецца скарыстанне ў дачыненні да Вітаўта тытулатуры “цар”, а таксама падкрэсліванне пакоры і залежнасці ад яго, па-сутнасці, усіх астатніх валадароў свету. “Сии князь велики Витовт, бяше же ему дръжаще великое княжение Литовское и Руское, иныи многыи земли, спроста реку вя Руская земля. Не токмо же Руская, но еще господарь Угоръскои земли, зовемыи цесарь римьскии, у великой любви живяще с нимь. <…> Некогда сущу тому славному господарю, бывшю ему у своем граду Луцку у Великом и послал послы свои королю угорьскому, цесарю римьскому, и повеле ему быти к собе. Он же беза всякого ослушания ускоре приехаль к нему и своею каролицею, и честь велику и дары многы подаваша имь; оттоле утвердиша у них велика любовь. Како не почюдимся чти великаго господаря, иж которыи земли на устоце или на западе приходяче поклоняються славному господарю, иж есть царь надо всею землею, и тои пришед поклонися славному царю великому князю Александру. Еще же и турецькии царь честь велику и дары многы подаваше. Славному госпадарю, благоверному же и христолюбивому царю цариградскому, и тому с ним у великой любви живущу. <…> Еще же и инии цари усточнии служахуть ему” (Полное Собрание Русских Летописей 1980: 75).

Паспрабуем уважліва прааналізаваць гэты надзвычай цікавы тэкст. Вітаўт у гэтым творы выступае як ўладар, маючы роўны статус з хрысціянскімі імператарамі – рымскім і канстанцінопальскім. Больш за тое, ён выступае пераемнікам іх улады. У выпадку з рымскім імператарам прама падкрэсліваецца пэўная залежнасць апошняга ад Вітаўта – “повеле ему быти к собе”. Вітаўт выступае як сюзерэн не толькі хрысцінскіх, але і мусульманскіх уладароў: “Еще писахом зде инии у велицеи любови живуще с ними, а инии крепко служахуть ему и честь велику и дары великии, и дани многи приношаху ему, не токмо во все лета, но и по вся дни. Славныи господарь великии князь Витовть, на которую землю бываше гневен и которую земю самъ хотяше казнити или силных воевод послати где усхочешь, и которому от тых великих земель повелеваше к собе быти, они без всякого ослушания ускоре прихожаху и со свое земли к нему. <…> Мног бяше и ордыньских великих цареи служаху у дворе его” (Полное Собрание Русских Летописей 1980: 76). Не менш паказальна і скарыстанне ў дачыненні да Вітаўта тыталатуры – цар. Ва ўсходнеславянскай традыцыі тытул “цар” меў глыбокі сакральны сэнс, у адрозненне ад свецкага тэрміна “кароль”. Адпачатку “царом” называлі візантыйскага імператара і адпаведнае найменне князя ва ўсходнеславянскім арэале азначала тым самым прыпадабненне яго візантыйскаму імператару. Тытул “цар”, які быў эквівалентам грэчаскага “базілеўс”, адпавядаў і лацінскаму тытулу “імператар”. Адначасна тытул “цар” – таксама як і тытул “базілеўс” – супадае з найменнем Хрыста і ветхазапаветных цароў у свяшчэнным Пісанні. Паколькі ў латыні найменнем Хрыста і ветхазапаветных цароў з’яўляецца “rex”, пастолькі тытул “цар” адпавядае і лацінскаму тытулу “rex”. Такім чынам, хрысціянскі манарх з такім тытулам можа ўспрымацца і як новы Канстанцін, і як новы Давід. Гэты падвойны вобраз манарха характэрны як для Захаду, гэтак і для Усходу (гл. Успенский 2000: 34–48). Тытул “цэсар, цар” у дамангольскіх усходнеславянскіх помніках ужываўся, як мы ведаем, амаль выключна ў дачыненні да візантыйскага імператара і сведчыў аб прызнанні за ім істотна большага аб’ёму суверэнітэта, чым той, якім валодаюць усе астатнія нацыянальныя ўладары. Цар – мае вярхоўны суверэнітэт над усімі астатнімі ўладарамі (гл. Толочко 1992: 103, 112).

Вельмі добра такое разуменне царскага тытула прасочваецца ў летапісных запісах, якія распавядаюць аб падзеях пасля падпарадкавання мангола-татарамі земляў сучаснай Расіі і Украіны. У 40-х гадах тут усталявалася сістэма атрымання князямі ярлыкоў на свае землі, вярхоўным сюзерэнам якіх становіцца ад гэтага часу мангольскі хан. З пачатку 50-х гадоў, калі гэтая практыка набыла сілу закона, новае становішча рэчаў летапісы адлюстравалі тытулаваннем уладальніка Арды “цэсарам”, “царом”. Такім чынам, у ментальнасці людзей таго часу замацаваўся рэальны вярхоўны суверэнітэт хана, бо ён прызначаў князёў і з’яўляўся іх сюзерэнам (гл. Толочко 1992: 111).

Як бачым, у царскай тытулатуры Вітаўта адбіўся цэлы комплекс ідэй, шчыльна звязаны і з праваслаўнай, і з каталіцкай канцэпцыяй улады. Разам з гэтым ёсць важкія падставы лічыць, што стваральнікам “Пахвалы” была праваслаўная асоба. Калі рымскі цэсар выглядае як паслухмяны выканаўца волі Вітаўта, ён “беза всякого ослушания ускоре приехаль к нему и своею каролицею”, то візантыйскі праваслаўны імператар такой ступені залежнасці ад уладара Вялікага княства Літоўскага не мае. Яго характарыстыка цалкам станоўчая: “Славному госпадарю, благоверному же и христолюбивому царю цариградскому, и тому с ним у великой любви живущу”. Вітаўт выступае як носьбіт вышэйшай, сакральнай ўлады, якую ён успадкоўвае ад уладароў заходняга і ўсходняга хрысціянскага свету, таму яго вярхоўнаму суверэнітэту мусяць падлягаць усе астатнія манархі. Канчатковая сакралізацыя ўлады немагчыма без памазання, якога, паводле версіі летапісца, Вітаўт не дастаў толькі з-за падступнасці польскіх магнатаў, якія, затрымаўшы карону, выступілі супраць волі рымскага цэсара, а значыць і здзейснілі грэх супраць волі самаго Бога, паставіўшага імператара над усімі астатнімі хрысціянскімі ўладарамі. “Пахвала” была паклікана, такім чынам, “унезалежніць” Вітаўта ад вярхоўнага суверэнітэта Ягайлы, якога ён на самай справе не пазбыўся да канца сваіх дзён.

Наяўнасць сюжэта пра дасланую карону ў “Пахвале” сцвярджала раўнапраўны статус ВКЛ з Каронай Польскай і дадавала іншыя аргументы на карысць Вільні ў спрэчцы з Вавелем па пытаннях “уцелаўлення”, інкарпарацыі зямель Вялікага княства Літоўскага ў польскі дзяржаўны арганізм. Аб гэтым недвухсэнсоўна сведчыць надзвычай цікавы дакумент датаваны 1526 годам. Мы маем на ўвазе пасланне адрасаванае ад імя Паноў Рады Вялікага княства Літоўскага Жыгімонту Старому, у якім яны выказваюць сваю занепакоенасць магчымасцю каранацыі праз Папу Рымскага вялікага князя маскоўскага і патрабуюць ад караля, каб ён дамагаўся каранацыі свайго сына, Жыгімонта Аўгуста, ды наданню Вялікаму княству Літоўскаму статуса каралеўства: “Але, подобно, их милости панове рады коруны Польское зычуть того вмыслене тому отщепенцу (вялікаму князю маскоўскаму – І.М.) мимо паньство вашое милости отчизное, для того, абы тое паньство вашое милости было в пониженью, а жебы было втелено им к коруне, о штож ся они давно працують, хотечи дедидство вашое милости привлащити ту, к князьству коруны Польское. <…> А звлаща рачил бы ваша милость того боронити, для потомков вашое милости: <…> абы Ваша милость рачили ся ласкаво вложити к радам вашое милости коруны Польской приказать, абы они тую коруну, которая послана к великому князьству Литовскому, вернули к князю великому его милости, сыну вашое милости, абы его милость при щасливом панованьи вашое милости был корунован: бо, милостивый королю, кгды будет тое паньство вашое милости отчизное, великое князьство Литовское, мело коруны, тогды не можо быти привлощоно к коруне Польской; бо коруна в коруну втелена быти не може” (Акты Западной России 1848: 175).

Гэтая гістарычная міфалагема была істотна перапрацавана ў другім зводзе беларуска-літоўскіх летапісаў, дзе легенда аб рымскім паходжанні вялікіх князёў літоўскіх і літоўскай знаці, была паклікана сцвердзіць прамую перадачу ўлады ў Літву з імперскага Рыма, і такім чынам падкрэсліць “ад старыны” больш высокі статус літоўскіх манархаў і нобіляў у параўнанні з польскай арыстакратыяй (гл. Zachara-Wawrzynczyk 1963). У найбольш разгорнутай і завершанай форме гэтая канцэпцыя знайшла адлюстраванне ў “Хроніцы Быхаўца”. Як летапісны звод “Хроніка Быхаўца” была завершана дзесьці ў другой чвэрці XVI стагоддзя. Сюжэт аб каранацыі Вітаўта тут істотна адрозніваецца ад “Пахвалы”. Ініцыятарам каранацыі Вітаўта выступае Ягайла. Асноўная прычына неабходнасці такога ўчынку тлумачыцца старасцю караля Ягайлы і яго страхам перад магчымай перспектывай не пакінуць нашчадкаў: “Калі кароль быў у Вільні пачаў казаць ён брату свайму, вялікаму князю Вітаўту: “Мілы браце, узяў я жонку маладую, а сам чалавек летны, не спадзяюся ўжо дзяцей мець, а ты дужэйшы за мяне і можаш яшчэ дзяцей мець ад сваёй жонкі, таму раю табе, каб ты звярнуўся да цэсара з такою справаю каб ты мог каралём стаць, і я хачу табе дапамагчы перад цэсарам і перад папам” (Беларускія летапісы і хронікі 1997: 122). Адрозніваецца і сюжэт аб захопе палякамі каралеўскай кароны. Калі, згодна беларуска-літоўскіх летапісаў першага зводу, карона не была прапушчана палякамі пры жыцці Вітаўта і гэтая акалічнасць стала прычынай яго хваробы і смерці, то ў “Хроніцы Быхаўца” такой непасрэднай сувязі паміж смерцю Вітаўта і каронай няма. Ён памірае, не дачакаўшыся кароны, але яе палякі адбіраюць у паслоў толькі пасля яго смерці. Кароль Ягайла дэманструе шчырую роспач, выкліканую смерцю Вітаўта, бо “шкадаваў і плакаў па ім як па любімым браце” (гл. Беларускія летапісы і хронікі 1997: 125). Змякчэнне акцэнтаў зразумелае. Менавіта нашчадкі Ягайлы “сядзелі” на вялікакняскім стале, і паказваць заснавальніка правячай дынастыі толькі ў змрочных танах было цалкам немэтазгодна. Паказальна і тое, што ў дадзеным выпадку прызнаецца вярхоўны сюзерэнітэт Ягайлы над Вітаўтам. Менавіта добрая воля караля і яго жаданне выступаюць галоўнымі матывамі каранацыі Вітаўта. Аднак летапісец выразна cупрацьпастаўляе вобраз Ягайлы як легітымнага ўладара Літвы і зборны вобраз палякаў, польскай шляхты. Ды і пакліканне на каралеўскі пасад Ягайлы палякамі пад пяром храніста выступае як справа вымушаная, абумоўленая вайсковымі поспехамі Літвы супраць польскіх земляў: “ляхі, бачачы, як лютуе ды нішчыць іх зямлю вялікі князь Ягайла, пачалі раіцца, як бы ім зямлю сваю ад літвы абараніць, бо сваімі сіламі супрацівіцца ніяк не маглі. Умыслілі яны <…> ўзяць вялікага князя Ягайлу сабе на каралеўства гаспадаром, калі б ён згадзіўся ахрысціцца ў веру хрысціянскую рымскага закону і каралеўну іхнюю Ядвігу за сябе замуж узяць” (Беларускія летапісы і хронікі 1997: 106).

Пры апісанні ўцёкаў Палямона падкрэслівалася, што з ім было пяцьсот сем’яў рымскае шляхты. Такім чынам сцвярджалася, што літоўская шляхта існавала “ад старыны”, выступала як больш старажытная і радавітая ў параўнанні з шляхтай польскай. Недвухсэнсоўна падкрэслівалася першапачатковая “простасць” і “плебейскасць” польскай шляхты, у параўнанні з літоўскай, у сюжэце аб наданні польскіх гербоў літоўскай шляхце: “Паны ж літоўскія і цэсару і князю вялікаму Вітаўту так сказалі: “Міласцівы цэсару і гаспадару наш, вялікі княжа Вітаўце! Ляхі не былі шляхтаю, а былі людзьмі простымі і не мелі гербоў сваіх, і за вялікія дары дамагліся іх у чэхаў. Атрымаўшы такія вялікія скарбы ад ляхаў, чэхі і гербы свае ім перадалі, і шляхтаю іх зрабілі, і ў свае гербы іх прынялі. Але мы – шляхта старая, рымская, продкі нашыя са сваімі гербамі прыйшлі ў гэтае гаспадарства і іх ужывалі, так і мы іх маем і ўжываем, а таму нам не трэба ніякіх новых гербаў, бо трымаемся сваіх старых, што нам продкі пакінулі”. І цэсар адказаў панам літоўскім: “Мы пра тое і самі ведаем, што вы старая рымская шляхта, але гербы прыміце ў ляхаў не дзеля шляхецтва, бо вы – шляхта старэйшая і даўнейшая, чым ляхі, а гербы іх прыміце дзеля еднасці і братэрства паміж вамі, бо калі гербы адзін у аднаго возьмеце, то братамі станеце і павінны будзеце адзін аднаму спрыяць” (Беларускія летапісы і хронікі 1997: 124). Такім чынам, уступленне ў гербавыя польскія саюзы трактавалася аўтарам “Хронікі Быхаўца” не як акт набілітацыі літоўскай знаці польскай шляхтай, а як жэст іх добрай волі скіраваны на ўмацаванне “братэрства” ўпрывілеяваных станаў Літвы і Кароны.

Адсутнасць радавітых продкаў, першапачатковая “простасць”, плебейскасць паходжання, паводле тагачасных уяўленняў, спрыяла і здзяйсненню невысакародных учынкаў – невыкананню васальных абавязкаў, адсутнасуці мужнасці і высакародства. Чырвонай ніткай праз “Хроніку Быхаўца” праводзіцца ідэя аб большай высакароднасці і мужнасці нобіляў Вялікага княства Літоўскага ў параўнанні з палякамі. Менавіта войска Вялікага княства Літоўскага выступае галоўным пераможцам у Грунвальдскай бітве. “Ляхі” выступаюць пасіўнымі гледачамі ў найбольш крытычныя моманты бітвы. Толькі адзін каморны (ахоўны) каралеўскі гуф Ягайлы бярэ ўдзел у Грунвальдскай бітве. “А іншыя войскі ляшскія ім не дапамагалі, толькі на тое глядзелі” (Беларускія летапісы і хронікі 1997: 120). Польскія паны малююцца ў змрочных фарбах, як клятваадступнікі, здольныя дзеля ажыццяўлення сваіх мэтаў пайсці на забойства сваіх гербавых “братоў”, паноў літоўскіх. Паказальны сюжэт звязаны з каранацыяй Казіміра Ягайлавіча і соймам у Парчове. Паны літоўскія з польскіх паслоў “паноў ляшскіх удзячна прынялі і ўшанавалі” і задаволілі іх просьбу аб каранаванні Казіміра польскім каралём. Польскія ж паны задумваюць склікаць сойм у Парчове, “каб там жа былі ўсе паны літоўскія, уладары Вялікага княства, і задумалі яны на тым сойме паноў літоўскіх перарэзаць, а княства Літоўскае да Кароны далучыць і так жа ўчыніць, як учынілі яны з панамі рускімі, перамышльскімі, пазваўшы іх на раду, і там перарэзалі, а Перамышль захапілі” (Беларускія летапісы і хронікі 1997: 140). Толькі дзякуючы высакародству “ляха з добрага роду” Андрэя Рагатыньскага, які патаемна паведамляе пра тое Яну Гаштольду і старасту жамойцкаму Кезгайлу, панства літоўскае пазбягае смерці (гл. Беларускія летапісы і хронікі 1997: 141).

Такім чынам, нягледзячы на шырокае запазычанне ды адаптацыю польскіх сацыякультурных ўзораў ва ўнутраным жыцці Вялікага княства Літоўскага ў XIV – пачатку XVI стагоддзя, пануючы стан Княства выразна супрацьпастаўляў сябе і свае інтарэсы інтарэсам “Кароны” ды здолеў стварыць адпаведнае ідэалагічнае забеспячэнне, пакліканае сцвердзіць роўнапраўны статус з Польшчай сваёй дзяржавы.


Літаратура
Успенский Б.А. Царь и император. Помазание на царство и семантика монарших титулов. Москва, 2000.
Полное Собрание Русских Летописей. Москва. 1980. Т. 35.
Толочко А.П. Князь в Древней Руси: власть собственность идеология. Киев, 1992.
Акты Западной России. Санкт-Петербург, 1848. Т. 2.
Zachara-Wawrzynczyk M. Geneza legendy o rzymskim Pochodzeniu Litwinow // Zeszyty Historyczne. Warszawa, 1963. T. 3. S. 5–35.
Беларускія летапісы і хронікі. Мінск, 1997.


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Магілёўскага Таварыства БРАМА
 кантакт: epostbox@tut.by

 

УВЕРХ


   

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
webmaster