|
АБ СІНТЭТЫЧНЫМ ДАСЛЕДАВАННІ ГІСТОРЫІ БЕЛАРУСІ*
Марцэлі КОСМАН
(Познань)
Да гэтага артыкула я стаўлюся як да агульных заўваг аўтара сінтэтычнага даследавання гісторыі Беларусі (Kosman 1979), што пабачыла свет у рамках цыклу абрысаў гісторыі шэрагу дзяржаў, выдаваных праз “Ossolineum” ва Вроцлаве. Гэта цыкл таксама сінтэтычных даследаванняў шэрагу найперш еўрапейскіх краін, у тым ліку тых, што цікавыя з прычыны свайго суседства з Польшчай у мінулым і ў сучаснасці. У згаданай серыі выйшлі тамы, прысвечаныя Расіі, Беларусі, Літве, Украіне, Чэхаславакіі, Аўстрыі, Венгрыі, Румыніі. “Гісторыя Літвы” (Wrocław, 1967), што належыць пяру Е.Ахманьскага, вытрымала яшчэ два выданні, другое (1982) было папраўлена і пашырана, а трэцяе (1990) дапоўненае. З моманту выхаду маёй “Гісторыі Беларусі” (1979) прайшло ўжо колькі гадоў, кніжка дачакалася шэрагу рэцэнзій (асноўныя гл. Bibliografia 1984, 1985 і 1986, а таксама шматлікія нарысы і журналісцкія нататкі ў польскіх газетах і штотыднёвіках і ў беларускай прэсе і часопісах), да некаторых з іх я за хвіліну вярнуся. Перш за ўсё, аднак, я хацеў бы падзяліцца ўласнымі меркаваннямі, бо для сябе я бачу ролю найбольш суровага рэцэнзента, і найперш таму, што адносна рана пераканаўся ў патрэбе падрыхтоўкі новага выдання. У гэтым вельмі дапамагло мне з’яўленне ў Мінску пасля выдання вядомай шматтомнай працы “Гісторыя Беларускай ССР” (1972–1975) асобнага тома “История Белорусской ССР” (1977), вельмі падобнага да майго даследавання, але значна больш абшырнага па аб’ёме і прыгатаванага калектыўным высілкам.
Зразумела, я не магу абмінуць параўнання абедзвюх гэтых кніжак, іх структуры і агульных палажэнняў. Адразу зазначу, што, улічваючы доўгі перыяд рэдакцыйнай апрацоўкі і друку, я аб’ектыўна не быў у стане ўлічыць “Истории Белорусской ССР” (1977) у працэсе напісання свайго даследавання, выдадзенага ў сярэдзіне 1979 года. Такім чынам, абедзве працы паўставалі паралельна і цалкам змястоўна незалежна адна ад адной. Прызнаюся, што я знаходзіўся тады ў нялёгкай сітуацыі, паколькі ўжо існавала згаданая “Гісторыя Літвы” (1967) Е.Ахманьскага, дзе быў выкарыстаны, бадай што, найбольш удзячны для выкладу матыў, які якраз у шмат якіх сітуацыях меў значэнне, – матыў палітычны. Я зыходзіў з сучаснага стану рэчаў, што выразна зазначыў ва ўступе: “У “Гісторыі Беларусі” мы зыходзім з сучаснай тэрыторыі, на якой пражывала насельніцтва этнічна беларускае, каб сачыць за лёсамі народа і іншых нацыянальнасцяў, што жывуць на гэтым абшары з моманту паяўлення там першых слядоў чалавека” (Kosman 1979: 7).
Большасць рэцэнзентаў зразумела мае намеры, саму патрэбу ў такога кшталту даследаванні, а таксама цяжкасці цэнзурных абмежаванняў, якія непазбежна сустракаў той, хто спрабаваў у Польшчы ў тыя часы пісаць аб’ектыўна. Не дэманізуючы гэтых цяжкасцей, трэба ўсё ж сказаць, што ў 1976–1977 гадах, калі паўставала мая кніга, трэба было не толькі лічыцца з неабходнасцю абмінаць пэўныя пытанні, але і нават скрэсліваць цэлыя старонкі рукапісу ў выніку як ўласных роздумаў, так і перакананняў рэцэнзентаў, якімі былі прафесары Л.Базылёў і Е.Ахманьскі. А гэткіх скрэсліванняў было шмат. Нярэдка, устаўляючы адно, трэба было адмовіцца ад другога, асабліва пры канфліктных пытаннях, што раздражнялі “ідылічны” (як таго жадалі палітыкі) настрой пасляваеннага часу, поўнага гармоніі супрацоўніцтва між народамі.
Недахопы быў ласкавы зазнычыць К.Грыгайціс, які пісаў сваю рэцэнзію ў клімаце значных свабод – на мяжы 1980 і 1981 гадоў (Przegląd Historyczny. 1981. T. 72, z. 2. S. 323–325). Аўтар рэцэнзіі пажадаў прывесці ўсё тое, што ён ведаў на тэму мінуўшчыны Беларусі, і што мне было, безумоўна, добра вядома, але не адзначана ў даследаванні з прычыны сінтэтычнага характару працы. Бракі ў бібліяграфіі (пра скарочаны характар якой пісалі і іншыя) вынікалі з аб’ёмных абмежаванняў, навязаных выдавецтвам. “Увогуле складаецца ўражанне, – заўважае К.Грыгайціс, – што гэтая сінтэза гісторыі Беларусі з’яўляецца больш вынікам патрэбы рэалізацыі намераў выдавецтва, чым плёнам уласных даследванняў аўтара” (S. 325). Але кожны дасведчаны пісьменнік мусіць улічваць абодва элементы: і адказ на запатрабаванне з боку чытачоў, і суб’ектыўныя магчымасці аўтара, які ў выпадку сінтэзы скарыстоўвае аднолькава і рэзультаты ўласных (фрагментарных) даследаванняў, і багатыя вынікі прац іншых даследчыкаў. Гэта правы сінтэтычнага даследавання. Трэба таксама памятаць і пра даступнасць крыніц, і пра абмежаванні, у акрэсленых сітуацыях незалежныя ад аўтара. Сёння апошнія належаць, на шчасце, ужо да мінулага.
Я не пагаджуся і з думкай П.Лаваля, які – не ведаю на якой падставе – пісаў, што “насупярэч думцы Космана польскае грамадства – з маладым пакаленнем уключна – мае цалкам багатае веданне гісторыі нашых усходніх суседзяў” (Acta Baltico-Slawica. 1983. Т. 15. S. 307). Якое веданне? Нават калі аўтар цытаваных слоў меў на ўвазе сітуацыю ў 1981 годзе, дык у той час панавала цалкам аднабаковае бачанне!
М.Сякерскі, будучы ў эміграцыі, добра разумеў сітуацыю нашай, польскай, гістарыяграфіі, якая заставалася, на ягоную думку, пад моцным вонкавым націскам. Але ўплыў гэтага націску не трэба перабольшваць, польская гістарыяграфія пасля пералому 1956 года мела значныя свабоды і імі карысталася. Існавалі, зразумела, межы, я сам гэта адчуў, калі для свайго даследавання “Хрыстыянізацыя Літвы” павінен быў шукаць больш нейтральную назву. Гэта было ў 1974 годзе, а адпаведная кніга “Шляхі знікнення паганства ў балтаў” пабачыла свет праз два гады. М.Сякерскі, даючы сваю рэцэнзію (Zeszyty Historyczne. 1981. T. 58. S. 193–196), быў ласкавы разумець, што я пісаў у спецыфічных умовах сваёй краіны, тады як у СССР гісторыя падзялялася, на ягоную думку, на асобныя часткі паводле штучных “адміністрацыйных” падзелаў. “Ідучы па прыкладзе савецкай гістарыяграфіі, – піша М.Сякерскі, – “Гісторыя Беларусі” Марцэлія Космана з’яўляецца гісторыяй земляў, якія належаць да Беларускай ССР, або, іншымі словамі, прыкроенай да патрэб назвы гісторыяй зямель былога Вялікага княства Літоўскага” (S. 193), а далей ён падкрэслівае, што аўтар нават “прытрымліваецца савецкіх фармулёвак” (S. 195). Палеміку я адкладаю ў іншае месца.
Але вернемся да структуры абодвух сінтэтычных даследаванняў. У маёй “Гісторыі Беларусі” кожнай эпохе была прысвечана ўвага, бадай што, прапарцыянальная, што вынікала як з агульных прадпасылак, так і з уласнай кампетэнцыі аўтара, бо мае асабістыя даследаванні гстарычнага працэсу на беларускіх землях, асабліва ў час напісання кнігі, былі звязаныя пераважна з перыядам ад ХІІІ да пачатку XVIII стагоддзяў. Агляд часоў да заняпаду кіеўскай дзяржавы заняў у маёй кнізе 3 раздзелы на 40 старонках, да канца XVIII стагоддзя – 4 раздзелы і 150 старонак, ад падзення Рэчы Паспалітай да часоў нам амаль сучасных – 5 раздзелаў на 170 старонках. Такім чынам, можна сказаць, што стаўленне да больш даўняга перыяду і астатніх двух стагоддзяў было амаль роўнае. У сінтэтычным жа даследаванні “История Белорусской ССР” (1977), было адведзена больш даўнім часам, да канца XIX стагоддзя, толькі 150 старонак у межах трох раздзелаў, а ХХ стагоддзю – ажно 450 старонак у 8 раздзелах (у тым ліку найноўшаму перыяду, пасля другой сусветнай вайны, – 3 раздзелы на 177 старонках). У маім даследаванні шмат месца было аддадзена беларуска-польскім гістарычным сувязям, хаця некаторыя рэцэнзенты і паставілі мне ў віну недастаткова моцнае акцэнтаванне польскага ўдзелу ў гісторыі Беларусі. У мінскай жа сінтэзе, натуральна, звярталася ўвага найперш на расейска-беларускія гістарычныя сувязі.
Пасля напісання працы я быў спачатку перакананы, што магчымае другое выданне маёй “Гісторыі Беларусі” павінна стварыць аўтару нагоду да павялічэння і ўдасканальвання раздзелаў, што датычацца часоў да канца ХІХ стагоддзя. Я не думаў, што хутка будзе магчыма прыступіць да новай рэдакцыі раздзелаў, якія агортваюць найноўшыя часы, асабліва пасля 1917 года. Я нават не ўсведамляў, што побач з цэнзурнымі абмежаваннямі бліжэйшая будучыня прынясе здзіўляюча багатыя матэрыялы, якія дазваляюць напісаць даследаванне зусім па-новаму. Сёння я бачу агромістасць працы, якая паўстае перада мной, калі ўсяго на працягу двух гадоў з’явіліся такія вялізарныя перспектывы. Калі б я не выдаў “Гісторыі Беларусі” ў 1979 годзе, сёння, напэўна, не прыступаў бы да гэтае тэмы. Калі ж, аднак, так здарылася, я не хацеў бы, каб заставаўся толькі стары варыянт даследавання. Сёння я мог бы пакінуць без змен хіба пачатковыя часткі (хаця так не будзе), а перш за ўсё хацеў бы заняцца часамі ад канца XVIII да пачатку ХХ стагоддзя і асабліва пасля 1917 года.
Уважлівае прачытанне рэцэнзій аб маёй “Гісторыі Беларусі” вядзе да высновы, што не для ўсіх гісторыкаў аказаліся відавочныя прадпасылкі, звязаныя з гісторыяй народа і дзяржавы, дзе першы мае, канешне, асноўнае і дамінуючае значэнне. Роля дзяржавы, натуральна, мусіць улічвацца, але на асобных этапах свайго развіцця і ў адпаведных гістарычных межах (не ведаю, дарэчы, адкуль К.Грыгайціс узяў падставы да заўвагі, што я быццам бы не ўлічваў гістарычных межаў на чарговых этапах гістарычнага развіцця Беларусі, гл. Przegląd Historyczny. 1981. T. 72, z. 2. S. 323). Пры гэтым існуюць свае цяжкасці, калі трэба аналізаваць шляхі развіцця народа ў межах розных дзяржаўнасцяў. Пытанне тут у тым, у якой ступені яны маглі быць чужыя, антаганістычныя ў адносінах да інтарэсаў народа, а ў якой ступені мелі наднацыянальны характар, аб’ядноўвалі колькі нацыянальнасцяў. Трэба памятаць і пра ролю апошніх ў гістарычным працэсе, а не паглядаць на іх выключна праз прызму сённяшняга дня.
Аўтар мусіць усведамляць, што, спрабуючы пісаць sine ira et studio, ён падвяргаецца пагрозе з боку фундаменталістаў і дробных дэмагогаў, якія будуць трымацца на сваіх крайніх пазіцыях. Адны схільныя глядзець на гісторыю Беларусі выключна з пункту гледжання расейскіх уплываў, іншыя заўважаюць шчаслівы ўплыў вышэйшай па узроўню свайго развіцця заходняй цывілізацыі, што прыйшоў праз Польшчу, яшчэ іншыя шукаюць сённяшні беларускі народ з яго развітай этнічнай свядомасцю тысячу гадоў таму, а некаторыя ўвогуле адмаўляюць ягонае існаванне. З такімі стаўленнямі, зразумела, цяжка дыскутаваць, такія пазіцыі не маюць нічога агульнага з навукай. Значна дапамаглі мне вельмі слушныя рэцэнзіі Р.Войны (гл. Kwartalnik Historyczny. 87, 1980 (wyd. 1981). № 3/4. S. 693–700), А.Рахубы (Zapiski Historyczne. Toruń 1981. Т. XLVI, z. 3. S. 167–172) і С.Стэмпня (Przegłąd Humanistyczny. 1980. Т. 24, № 6. S. 169–178). Яны напісаны з добрым веданнем справы, мінулых і сённяшніх рэаліяў. Сталыя ж кантакты з беларускімі калегамі разгарнуліся толькі пасля напісання “Гісторыі Беларусі”, тады ж таксама з’явілася магчымасць некалькі разоў прыехаць у Беларусь, прычым пабываць не толькі ў Мінску, але і ў іншых мясцовасцях.
Рыхтуючы новае грунтоўна перапрацаванае выданне, ці, хутчэй, новы варыянт сінтэзы, трэба заўважыць, што існуе дзве асноўныя фазы гісторыі Беларусі, мяжа паміж якімі прыпадае на сярэдзіну ХІХ стагоддзя. Гэта вынікае з прыняцця вяршэнства крытэрыю народа над дзяржавай, бо менавіта народ з’яўляецца найпершым і найважнейшым чыннікам узнікнення дзяржавы, да якога дадаюцца таксама вонкавыя чыннікі, акрэсленая палітычная кан’юнктура. Апошняя, дарэчы, якраз мела месца ў часы першай сусветнай вайны, калі на карце Еўропы адбыліся карэнныя змены. Толькі нехта пазбаўлены добрай волі іх не заўважае або трактуе здабыццё ў 1918 годзе незалежнасці з пазіцый аднаго народа як акт гістарычнай справядлівасці, а з пазіцый другога як вынік маніпуляцыі ці выпадку.
Народ і культура – гэта асноўныя пытанні. Засяроджанне на іх увагі можа запоўніць пэўныя бракі на полі палітычнай гісторыі. І на яе, аднак, нельга забывацца, бо ў рамках дзяржаўнага ладу Вялікага княства Літоўскага, а пазней Рэчы Паспалітай, функцыянавалі выдатныя постаці і групы, што паходзілі з беларускіх абшараў. Цяжка мець прэтэнзіі да аўтара сінтэзы – а гэтакіх не бракавала, – што, трактуючы пытанне менавіта ў рамках гістарычна сучасных, ён не ставіць жорсткіх падзелаў, напрыклад, паміж Віленшчынай і Наваградчынай. Я згадваю тут пра цяжкія пытанні, якія чакаюць сваіх даследчыкаў.
Частка, што агортвае апошнія паўтара стагоддзя гісторыі Беларусі, павінна быць напісана нанава. У яе межах належыць не ў адным, а ў асобных раздзелах разгледзець міжваенны перыяд, г.зн. уласную дзяржаўнасць, і ацаніць светлыя і цёмныя бакі таго суверэнітэту, як таксама і Заходнюю Беларусь. Грунтоўнай верыфікацыі – на падставе існуючых распрацовак – патрабуе другая сусветная вайна і чвэрць стагоддзя пасля яе заканчэння, а астатняе дзесяцігоддзе мусіць грунтавацца на спецыяльным аналізе яшчэ актуальных, “жывых” матэрыялаў і крыніц. Бракуе тут, на жаль, патрэбнай даследчыку перспектывы, бо гісторыя ў гэтым выпадку злучаецца з сучаснасцю. Магчыма, вылучыцца карціна іншая, чым гэта было дагэтуль. Такая канстатацыя, аднак, не азначае аўтаматычнага адкідвання ранейшых сінтэзаў, якія былі падрыхтаваныя з абсалютнай упэўненасцю ў правільнасці выбранага метадалагічнага шляху і адпавядалі тагачасным магчымасцям. Гэтыя сінтэзы з’яўляюцца неабходным перадпарожжам для новых сінтэтычных даследаванняў.
Пераклаў з польскай мовы
© Яўген ІВАНОЎ, 2001
Публікацыя Адама МАЛЬДЗІСА
* © Marceli KOSMAN. Nad syntezą historii Białorusi. [Poznań, 1990]. У аснову гэтага артыкула пакладзены даклад на І Міжнародным кангрэсе беларусістаў (заўвага рэдактара).
Літаратура
Kosman M. Historia Białorusi. Wrocław – Warszawa – Krakόw – Gdańsk, 1979.
Bibliografia historii polskiej za rok 1981 / Oprac.: S.Głuszek, A.Malcówna, I.Perzanowska. Wrocław – Warszawa – Kraków – Gdańsk – Łodź, 1984.
Bibliografia historii polskiej za rok 1982 / Oprac.: S.Głuszek, A.Malcówna, I.Perzanowska. Wrocław – Warszawa – Kraków – Gdańsk – Łodź, 1985.
Bibliografia historii polskiej za rok 1983 / Oprac.: S.Głuszek, A.Malcówna, I.Perzanowska. Wrocław – Warszawa – Kraków – Gdańsk – Łodź, 1986.
Гісторыя Беларускай ССР: У 5 т. Мінск, 1972–1975.
История Белорусской ССР. Минск, 1977.
Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Магілёўскага Таварыства БРАМА
|