|
“ORTODOXIA” КАТАЛІЦКАЙ ПОЛЬШЧЫ
Юрый ЛАБЫНЦАЎ
Ларыса ШЧАВІНСКАЯ (Масква)
Праблема сродкаў масавай інфармацыі нацыянальных меншасцяў у краінах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы належыць да ліку самых злабадзённых. Не выключэннем з’яўляецца і сучасная Польшча, дзе, у прыватнасці, пражывае каля 1 міліёна усходніх славян (украінцаў, беларусаў, лемкаў, рускіх), у большаці сваёй выспаведуючых праваслаўе (гл. Kosciół Prawosławny 1993). Да апошняга часу яны не мелі свайго рэгулярнага масавага перыядычнага выдання, яго ролю часткова выконвалі праваслаўныя календары, якія друкаваліся як мітраполіяй, так і царкоўнымі епархіямі на польскай, рускай і ўкраінскай мовах адзін раз на год.
У сярэдзіне 80-х гадоў мінулага стагоддзя ў новых, змяніўшыхся палітычных умовах праваслаўная грамадскасць Беласточчыны (на ўсходзе Польшчы) высунула ідэю стварэння незалежнага свецкага праваслаўнага друкарскага органа. З ініцыятывай выступілі праваслаўныя беларусы – прадстаўнікі карэннага насельніцтва, якое пражывае ў гэтым рэгіёне на працягу многіх стагоддзяў і зараз налічвае некалькі сот тысяч чалавек.
Праект пачаў ажыццяўляцца ў рамках “Грамадскага Хрысціянскага Звязу” (“Chrześcijańskiego Stowarzyszenia Społecznego”), Беластоцкі ваяводскі аддзел якога, што налічвае каля адной тысячы праваслаўных членаў, з’яўляўся прыкметным выключэннем сярод такіх жа аддзяленняў па ўсёй Польшчы, якія былі па свайму складу ў асноўным каталіцкімі. Спачатку часопіс меў назву “Tygodnik Podlaski” (Падляссе ці Падляшша – гісторыка-культурная вобласць на ўсходзе Польшчы, са старажытнасці населеная беларусамі і ўкраінцамі), выходзіў пад грыфам “Грамадскага Хрысціянскага Звязу” і амаль не кранаў няпростых пытанняў сучаснага праваслаўнага жыцця Польшчы. У тыя гады галоўны рэдактар часопіса Яўген Чыквін вымушаны быў канстатаваць, што “сучаснасць вельмі складаная, каб яе зараз жа адлюстроўваць” (Praca Polska 1989: 43).
З надыходам 1991 года становішча хутка мяняецца. Часопіс атрымлівае назву “Orthodoxia – Праваслаўе” і становіцца адным з самых аўтарытэтных сусветных свецкіх праваслаўных выданняў, у якім доля матэрыялаў на актуальныя тэмы ўсё больш і больш узрастае. Шматтысячны тыраж часопіса разыходзіцца не толькі ў Польшчы, але і ў навакольных дзяржавах, перш за ўсё ў Беларусі і на Украіне, яго нумары паступаюць у Расію, іх атрымоўваюць падпісчыкі ў ЗША, Канадзе і шэрагу іншых краін.
“Orthodoxiju”, якая атрымала ў самы апошні час яшчэ адну паралельную назву – “Przegląd Prawosławny”, чытаюць не адны толькі праваслаўныя, бо, згодна з канцэпцыяй часопіса, адна з яго мэтаў – інфармаваць шырокую грамадскасць у Польшчы і за яе межамі “аб становішчы праваслаўя” ўнутры краіны і ў свеце. Тым не менш асвятленне праблем уласна польскага праваслаўя ці праваслаўя ў Польшчы, яго лёсу і сучаснага стану з’яўляюцца, бадай, асноўнымі для часопіса. Поспех часопіса шмат у чым залежыць ад працы ў ім нязменных аўтараў, свецкіх і духоўных асоб, якія жывуць у розных кутках Польшчы і за мяжой, у тым ліку ў Грэцыі і ЗША.
У апошні час на старонках часопіса асабліва востра паўставала тэма вяртання дзяржавай Праваслаўнай Царкве Польшчы будынкаў знакамітага Супрасльскага Благавешчанскага манастыра, заснаванага ў канцы XV стагодззя вядомым сямействам праваслаўных беларускіх магнатаў Хадкевічаў. Праваслаўныя Польшчы дабіваліся вяртання ім гэтай сусветна вядомай святыні яшчэ ў міжваенныя гады, але тады, ва ўмовах пастаянных ганенняў, рэальна разлічваць на станоўчае вырашэнне свайго пытання яны не маглі. Супрасльскі манастыр у тыя гады быў перададзены ў падначаленне Каталіцкага касцёла Польшчы, а пасля другой сусветнай вайны ў ім размясціўся сельскагаспадарчы тэхнікум. Зараз жа, нягледзячы на імкненне ўрада Польшчы вырашыць гэтую праблему на карысць праваслаўных, з пратэстам выступіў Каталіцкі касцёл, узнялася кампанія асуджэння дзеянняў урада з боку польскай каталіцкай іерархіі і свецкіх асоб – каталікоў, што не былі згодны з вяртаннем праваслаўным Супрасльскага манастыра, Благавешчанскі сабор якога – адна з сапраўдных перлін старажытнай сакральнай архітэктуры Цэнтральнай і Усходняй Еўропы – быў варварскі разбураны ў перыяд другой сусветнай вайны, а зараз паступова аднаўляецца Праваслаўнай Царквой.
Праваслаўнае веравызнанне ў каталіцкай Польшчы ў паўсядзённым жыцці ўсё яшчэ выклікае ў шматлікіх грамадзян рэакцыю далёка не нейтральную, а часам і адкрыта варожую. Гэтай тэме на старонках часопіса ўдзяляецца шмат месца – у спецыяльных аглядах бягучага друку, выказваннях выдомых дзеячаў і шэраговых грамадзян на радыё і тэлебачанні, у спецыяльных артыкулах, рэцэнзіях, інтэрв’ю. Справа яшчэ і ў тым, што прыналежнасць да праваслаўнага веравызнання звязваецца з канкрэтнай нацыянальнасцю, перш за ўсё украінскай ці беларускай, з усходнеславянскімі нацыянальнымі меншасцямі, лёс якіх у ранейшай Польшчы былі нялёгкім, а самі яны часта аказваліся ў трагічным стане, не па сваёй воле траплялі ў абставіны канфрантацыі з дзяржаўнымі органамі і нават асноўным насельніцтвам краіны. Таму, як піша Эльжбета Дабравольска ў артыкуле “Выйсці за праваслаўнага” (1995, № 6), “маткі папярэджваюць дачок і сыноў, каб яны не раскрывалі публічна сваю нацыянальнасць і рэлігійную прыналежнасць. Так бяспечней.” І вось, “калі наступае час падаваць дакументы у вышэйшую праваслаўную ўстанову, у рубрыцы “нацыянальнасць” такі юнак ці дзяўчына, украінцы ці беларусы, пішуць, што яны “палякі”.
Праблема экуменізму, узаемадзеяння хрысціянскіх канфесій – належыць у часопісе да цэнтральных. Нездарма адным з яго стваральнікаў, нароўні з незалежнай беластоцкай фірмай “Orthdruk”, з’яўляецца экуменістычны фонд “Tolerancja”. Часопіс падрабязна распавядае пра ўсе найбольш значныя сумесныя акцыі прадстаўнікоў розных сусветных цэркваў, рэгулярна паведамляе, што адбываецца ў Ватыкане, у Каталіцкім касцёле. Вельмі цікавыя прыклады сучаснага “народнага экуменізму” ў Польшчы. Найбольшая іх колькасць звязана з пакланеннем адным і тым жа святыням, якія асабліва шануюцца як праваслаўнымі, так і каталікамі. Гэта, напрыклад, “крыніца Святой Ганны” каля вёскі Сялец у Холмскім ваяводстве, дзе восенню 1995 года адбылося экуменістычнае богаслужэнне з удзелам праваслаўнага, каталіцкага і пратэстанцкага святарства.
Вялікае месца ў часопісе займаюць публікацыі аб моладзі і на маладзёвыя тэмы, сусветным праваслаўным маладзёвым руху, праваслаўных маладзёвых брацтвах. Гэта не здзіўляе, бо ў Праваслаўнай Царкве Польшчы свецкая моладзь адыгрывае вельмі заўважную ролю, а яе царкоўная актыўнасць – з’ява для Еўропы далёка не ардынарная. З маладзёвым рухам цесна звязаны і праваслаўныя паломніцтвы па святых месцах, школы іканапісу, летнікі, канферэнцыі, спартыўныя спаборніцтвы і шмат іншага. Праваслаўная моладзь Польшчы – адзін з асноўных выканаўцаў праекту дапамогі пацярпелым падчас Балканскай трагедыі. Гэты праект распрацаваны і ажыццяўляецца заснаваным у Беластоку “Праваслаўным Камітэтам дапамогі ахвярам вайны ў былой Югаславіі”.
Нацыянальныя пытанні ўнутры праваслаўнай меншасці Польшчы знаходзяць свой адбітак практычна ў кожным нумары часопіса. Нягледзячы на тое, што асноўная мова публікацый польская, у ім заўсёды прысутнічаюць па дзве беларускамоўныя і дзве ўкраінскамоўныя паласы, друкуецца вялікая колькасць артыкулаў аб лемках. Праблема апошніх вельмі балючая для сучаснай Польшчы, паколькі іх, разам з украінцамі, у пасляваенныя гады гвалтоўна выселілі з месцаў звычайнага шматвекавога пражывання ў адгор’ях Карпат. Гэтая акцыя мела ваенны характар і размаўляць аб ёй працяглы час забаранялася. Працавіты народ, амаль выключна сялянскі, апынуўся ў выгнанні. І толькі зараз аб трагедыі лемкаў даведалася ўся Польшча. У гэтым таксама немалая заслуга штомесячнай беластоцкай “Orthodoxii”, якая рыхтуецца невялікім калектывам свецкіх праваслаўных журналістаў на чале з Яўгенам Чыквіным. У праваслаўным свеце часопіс гэты, бадай, унікальны. У яго атрымалася стаць не толькі сапраўды незалежным (наколькі тое магчыма) канфесіянальным перыядычным выданнем, але і сапраўдным архівам хуткаплыннай сучаснасці і зусім нядаўняга, часам трагічнага, мінулага, адзіныя сведчанні якога былі ім захаваны і абнародаваны.
Да дзесяцігоддзя існавання часопіса, якое адзначалася ў 1995 годзе, вядомым даследчыкам праваслаўя ў Польшчы (гл. Лабынцев, Щавинская 1994) свяшчэннікам Рыгорам Сасной, які жыве на Падляшшы ў знакамітым беларускім сяле Рыболы, была складзена і выдадзена спецыяльная бібліяграфія яго зместу за перыяд з 1985 года па 1994 год (гл. Sosna 1995), якая налічвае больш за тры з паловай тысячы публікацый.
Пераклаў з рускай мовы
© Алесь ДОЎГІ, 2001
Літаратура
Kosciół Prawosławny w Polsce dawnej i dzis. Warszawa, 1993.
Praca Polska. Warszawa, 1989. № 5.
Sosna G. Wstępna bibliografia chrześcijaństwa wsсhodniego. Druki polskojęzyczne okresu współczesnego. Suplement I. Tygodnik Podlaski – Prawosławie – Orthodoxia – Przegląd Prawosławny. 1985–1994. Ryboły, 1995.
Лабынцев Ю.А., Щавинская Л.Л. Православная церковь на Белосточчине в работах протоиерея Григория Сосны. Минск, 1994.
Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Магілёўскага Таварыства БРАМА
|