БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Партнэры... | Выдавецкія сэрыі...Аўтары...

 
Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён  
[Allegro.pl]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Абажур
  •  Akcent

     
Białoruski

  • 
Annus
      Albaruthenicus
  •  АRCHE
  • 
Асамблея
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  • 
БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
     Сборник

  •  Бельскі
     Гостінэць

  •  Гістарычны
     Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Дзеяслоў
  •  Druvis
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Палітычная

       
сфера

  •  Паміж
  •  pARTisan
  •  Правінцыя
  •  Рэзыстанс
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы
  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Беларуская Палічка Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

ПУБЛІКАЦЫІ МАГІЛЁЎСКАГА ТАВАРЫСТВА БРАМА НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
КРАЙ - KRAJ 1-2 / 2001

РОЛЯ ХРЫСЦІЯНСТВА Ў ФАРМАВАННІ БЕЛАРУСКАЙ НАЦЫІ ПАВОДЛЕ кс. АДАМА СТАНКЕВІЧА

Кс. Уладыслаў ЗАВАЛЬНЮК
(Мінск)

1 студзеня 1892 года ў Гальшанскім рымска-каталіцкім парафіяльным касцёле было ахрышчана дзіця па імені Адам, сын Вінцэнта і Антаніны Станкевічаў, які нарадзіўся 24 снежня 1891 года ў вёсцы Арляняты Ашмянскага павета. Вось гэтак пачаўся жыццёвы шлях Адама Станкевіча. Пасля вучобы ў Гальшанскай народнай школе і Ашмянскім вучылішчы ён паступіў у Віленскую духоўную семінарыю. Па сканчэнні яе ў 1914 годзе працягваў навучанне ў Пецярбургскай каталіцкай акадэміі, дзе атрымаў вучоную ступень кандыдата кананічнага права.

З 1919 годзе кс. Адам Станкевіч вёў душпастырскую дзейнасць у Вільні, супрацоўнічаў у камітэце дапамогі ахвярам вайны, у беларускіх грамадскіх арганізацыях, быў выкладчыкам Беларускай гімназіі, узначальваў партыю “Беларуская хрысціянская дэмакратыя”. У 1922–1928 гадах ён – пасол (дэпутат) сейма Польшчы, дзе абараняў інтарэсы беларускага народа Заходняй Беларусі. Кс. Адам Станкевіч быў першым выдаўцом і рэдактарам газеты “Беларуская крыніца”, часопіса “Хрысціянская думка”, удзельнічаў у выданні іншых нацыянальных часопісаў. Адначасова ён займаўся плённай навуковай працаю, вынікам якой сталіся 19 кніг.

У 1940 годзе адзначалася 25-годдзе святарства кс. Адама Станкевіча. У сувязі з гэтым у Вільні была выдадзена кніжка “Ксёндз Адам Станкевіч”. У ёй былі апублікаваны прывітанні юбіляру ад многіх духоўных і свецкіх асоб, грамадскіх і культурных беларускіх дзеячаў. Былі змешчаны таксама артыкулы пра ягоную святарскую, культурна-грамадскую і творчую дзейнасць. Некаторыя з іх былі падпісаныя толькі крыптанімамі, бо аўтары ў той час знаходзіліся пасля верасня 1939 года на тэрыторыі БССР. Вось, напрыклад, як пісаў Г.Фр. у сваім артыкуле “Адам Станкевіч – беларускі культурны і грамадскі дзеяч”: “Адна шостая часць грамадска-культурнае дзейнасці Адама Станкевіча прайшла яшчэ ў часе беларускай адраджэнска-ўсведамляючай акцыі, калі кожны беларус быў, перадусім, апосталам нацыянальнае ідэі. У гэным часе бачым Адама Станкевіча, маладога, энергічнага беларускага ксяндза… Гэта быў рэнесанс беларускіх казанняў у касцёлах і шырокая выдавецкая акцыя беларускай касцёльнай літаратуры. У гэнай вялікай акцыі Адам Станкевіч заўсёды займаў адно з першых месцаў… Гэны час пачатковага разгону дзейнасці можа быў найшчаслівейшым у жыцці Адама Станкевіча: не было яшчэ горычы грамадска-палітычнага жыцця, не было яшчэ нават праявы кар’ерызму найбліжэйшых часта таварышоў, а малады арганізм пераможна ламаў усе перашкоды” (Ксёндз Адам Станкевіч 1940: 52–53). Высока характарызаваў кс. Адама Станкевіча і ягоную дзейнасць і другі аўтар гэтай кнігі, А.Бужанскі ў артыкуле “25 год”: “Нягледзячы на цяжкія варункі, Адам Станкевіч не пакладаў рук, ён словам і чынам далей праводзіў канструктыўную работу для свайго народа. І цяпер ён можа мець тое задавальненне, што высілкі яго не загінулі марна, зярняты, ім засеяныя, не прапалі – даюць плады і хутка закрасуюць буйным ураджаем. Ахвярная праца зрабіла сваё” (Ксёндз Адам Станкевіч 1940: 48–49).

І хоць у гады вайны кс. Адам Станкевіч не запляміў сябе супрацоўніцтвам з акупантамі, ён быў у 1944 годзе арыштаваны, хаця і неўзабаве хутка вызвалены. Новы арышт адбыўся ў 1949 годзе. У выніку быў прысуд – 25 гадоў пазбаўлення волі. Праз некалькі месяцаў, 4 снежня 1949 года, кс. Адам Станкевіч памёр у Тайшэцкім лагеры таёжнай Сібіры, дзе і быў пахаваны. На ягонай бацькаўшчыне, у вёсцы Арляняты, пастаўлены на сімвалічнай магіле помнік ксяндзу-пакутніку.

Святар, грамадскі дзеяч, асветнік, кс. Адам Станкевіч быў сапраўдным лідэрам змагання за вяртанне беларускай мовы ў Касцёл. На гэтую тэму ён апублікаваў шмат артыкулаў, склаў багата мемарандумаў і іншых дакументаў. Неардынарная асоба кс. Адам Станкевіча сфармавалася ў рэчышчы беларускай культурна-нацыянальнай традыцыі.

Гаварыць толькі пра таленавітасць кс. Адама Станкевіча – гэтага будзе мала. Тут варта яшчэ дадаць, што ён – “жывая энцыклапедыя ведаў пра Беларусь”. Каб пераканацца ў гэтым, можна зірнуць на пералік ягоных кніжных выданняў. Гістарычныя даследаванні кс. Адама Станкевіча вызначаюцца глыбокім асэнсаваннем тых ці іншых вызначальных падзей, што адбываліся на працягу многіх стагоддзяў на нашай зямлі, ролі многіх выдатных людзей у яе лёсе. У шматлікіх працах кс. Адама Станкевіча перад намі паўстаюць ва ўсёй велічы вобразы вялікага князя Вітаўта, Францішка Скарыны, Кастуся Каліноўскага, Францішка Багушэвіча, прафесара Браніслава Эпімаха-Шыпілы, нашага славутага спевака Міхася Забэйды-Суміцкага, паэта Паўлюка Багрыма, ксяндза-паэта Казіміра Сваяка і іншых выдатных сыноў Беларусі. У 1992–1999 гадах у айчынным і замежным друку з’явіліся даследаванні пра жыццё, асветную дзейнасць і светапогляд кс. Адама Станкевіча (Konan 1998, Конан 1998а, 1998б, 1998в, Сідарэвіч 1992, 1994: 203–211).

Галоўнымі ж працамі кс. Адама Станкевіча варта лічыць ягоныя “Беларускі хрысціянскі рух” (1939) і “Хрысціянства і беларускі народ” (1940). Апошняя кніга выйшла з друку ўжо пры новай уладзе ў Вільні, калі яна ў выніку пакта Молатава-Рыбентропа і на падставе дамовы паміж СССР і Літоўскай рэспублікай была далучана да Літвы. Гэта дало магчымасць аўтару мець большую свабоду ў асвятленні вызначанай ім тэмы. Карацей кажучы, не было ўжо жорсткай санацыйнай цэнзуры. Таму і варта больш уважна засяродзіцца на тэме кнігі “Хрысціянства і беларускі народ”, бо яна ва ўсёй паўнаце адлюстроўвае філасофскі пункт гледжання кс. Адама Станкевіча на ролю хрысціянства ў гістарычным лёсе беларускага народа, яго станаўленні, як пазнейшай нацыі еўрапейскага тыпу.

Як піша ў ёй аўтар, існуе меркаванне, што сфармаванай можна лічыць тую нацыю, якая мае свае класічныя літаратуру, філасофію, гісторыю. Адсутнасць жа хоць аднаго з гэтых элементаў ставіць пад сумненне факт існавання высакаразвітай нацыі. Сёння нам вядомы філасофскія погляды Францішка Скарыны, Сымона Буднага, Казіміра Лышчынскага, Марціна Чаховіца, Іпація Пацея, Мацвея Карскага, Пятра Скаргі, Георгія Каніскага, Казіміра Нарбута і іншых. Вядома, у іх былі розныя светапогляды, рознае стаўленне да грамадскага ладу і рэлігіі, але гэта не змяншае значэння іхняга ўкладу ў развіццё тагачаснай і пазнейшай грамадска-філасофскай думкі ў Беларусі. Іншая справа, што яны амаль не закраналі тэмы, якую ўзняў ужо ў ХХ стагоддзі кс. Адам Станкевіч. Тады для гэтага яшчэ не саспелі належныя ўмовы.

Першая чвэрць ХХ стагоддзя выкрышталізавала такіх самабытных беларускіх філосафаў, як Ігнат Абдзіраловіч з яго “Адвечным шляхам” (1921) і У.Самойла з яго “Гэтым пераможаш!…” (1924). Іхнія традыцыі былі падхоплены і плённа развіваюцца сучаснымі беларускімі філосафамі У.Конанам, М.Крукоўскім, С.Дубаўцом і іншымі. Зразумела, у 1940 годзе, калі была выдадзена кніга кс. Адама Станкевіча “Хрысціянства і беларускі народ”, цяжка было чакаць з’яўлення твораў класічнай беларускай філасофіі, але яна, незрэалізаваная, мела і яшчэ сёння мае велізарныя ўнутраныя магчымасці свайго сталення. Беларускую філасофію чакае яшчэ вялікая перспектыва, а твор кс. Адама Станкевіча быў на той час значным дасягненнем у філасофіі, і ў гэтым сэнсе – яе вяршыняй.

У кнізе “Хрысціянства і беларускі народ” падагульняюцца і сінтэзуюцца ідэі і канцэпцыі, выказаныя і напісаныя аўтарам раней. “Апрача ж гэтага, лацінскае хрысціянства ў Беларусі было часта апорай беларускай нацыянальнасці, дзякуючы так жа сваёй арганізацыйнай структуры: кананічная залежнасць ад Апостальскай Сталіцы, у сутнасці наднацыянальнай і не звязанай нацыянальна з ніякай дзяржавай…” (Станкевіч 1940: 135). На думку кс. Адама Станкевіча, самыя хрысціянскія прынцыпы “ёсць з натуры сваёй вялікай маральнай абаронай і апорай нацыянальнага жыцця агулам, а гэтым самым і беларускага народа. Права на ўласную мову, рэлігію і культуру кожнай нацыі вынікае не толькі з права прыроднага, але так жа іменна і з навукі хрысціянскай. Галоўны прынцып хрысціянскай навукі – гэта прызнаваць, уцвярджаць і паглыбляць асабовасць чалавека, як першага і адзінага асяродка поступу й культуры... Такім чынам кожная нацыянальнасць у святле хрыстовай навукі ёсць матэрыялам не для знішчэння яго, але для тварэння з яго культурных вартасцяў” (Станкевіч 1940: 156–157).

Існавала і існуе вялікая разнастайнасць у тлумачэнні самога паняцця нацыі. Кс. Адам Станкевіч класіфікаваў, падзяліў гэтыя тлумачэнні на аб’ектыўны і суб’ектыўны погляд, але не мог абысці навукова-тэарэтычных праблем асэнсавання таго, чым ёсць “нацыя”, і выпрацаваў свой погляд. Ён пісаў: “Аб тым, што такое народ, у навуцы існуюць гэткія пагляды: аб’ектыўны, суб’ектыўны і кампрамісны… Кірунак аб’ектыўны апірае паняцце народа ці нацыянальнасці на прыкметах зверхніх, якія можна даследжваць доследам, якія можна абсэрваваць, наглядаць. Гэткімі прыкметамі з’яўляюцца: раса, мова, рэлігія, супольныя звычаі і абычаі, супольная тэрыторыя і звязаныя з ёй: клімат, геапалітычнае палажэнне, і ўрэшце супольны для данай нацыянальнай групы назоў, розны ад іншых суседніх нацыянальных групаў. Паводле гэткага разумення, народ ёсць супольнасцяй грамадскай натуральнай, прыроднай, якую стварыла сама прырода. Кірунак суб’ектыўны ў азначэнні народа адкідае рашучае значэнне дзейнікаў натуральных і кладзе націск на сувязь маральную, на агульную волю сужыцця, на сведамасць супольнасці. Кірунак урэшце кампрамісны годзе гэтыя два кірункі і луча іх у адзін. Паводле яго для існавання якога народу патрэбныя як натуральныя гэныя прыкметы, так і маральныя, псіхічныя, патрэбная сведамасць, якая ёсць вынікам гэтых прыкметаў ці лепш дзейнікаў натуральных” (Станкевіч 1940: 58).

Такім чынам, згодна з меркаваннем кс. Адама Станкевіча, аб’ектывісты абапіраюцца на “вонкавыя” прыкметы нацыі: расу, мову, рэлігію, супольныя звычаі, супольную тэрыторыю і геаграфічнае асяроддзе – клімат, геапалітычнае становішча, урэшце, на агульны этнонім. Суб’ектывісты пераносяць акцэнт на сувязь маральную, на агульную волю да сужыцця, на свядомасць супольнасці. Кс. Адам Станкевіч быў прыхільнікам кампрамісу гэтых двух кірункаў, які злучае ў адным абодва разуменні нацыі. Паводле кс. Адама Станкевіча, нацыянальныя прыкметы творацца “нацыянальна-духоўным інстынктам, унутраным паказам сваёй душы”, а гэта і ёсць глыбокі хрысціянскі погляд на нацыю, які мае на ўвазе пэўныя прызванні кожнай нацыі, пэўны, канкрэтны, жыццёвы, нацыянальны шлях да Бога.

Хрысціянства, зазначае кс. Адам Станкевіч, як новая рэлігія, што прыйшла на змену старому язычніцтву беларускіх плямёнаў, адыгрывала ў зачатку фармавання беларускай народнасці выдатную, а можа нават і галоўную ролю. Аднак ён не адмаўляе пры гэтым і іншых фактараў, якія садзейнічалі яднанню плямёнаў у народ – геаграфічнага, этнаграфічнага (усведамлення супольнага паходжання, мовы і побыту) і, нарэшце, палітычнага (аб’яднальных працэсаў). Усё гэта, безумоўна, уплывала на фармаванне беларускага народа.

Хрысціянства кансалідавала і аб’ядноўвала плямёны на землях сучаснай Беларусі. Паўставала супольнасць па веры, традыцыях, культуры. Хрысціянства праз душу народа вытварала і замацоўвала нацыянальныя, уласцівыя толькі беларусам, асаблівасці. А перадусім, лічыць кс. Адам Станкевіч, “хрысціянства прынесла Беларусі граматнасць, з аднаго боку дапасаваную да патрэб і душы беларускіх плямён, а з другога – апёртую на класічнай грэцкай і часткова лацінскай культуры... Праз граматнасць нашы продкі мелі магчымасць раўняць сваё жыццё з жыццём цывілізаваных народаў і імітаваць яго альбо проста ісці за яго прыкладам” (Станкевіч 1940: 66). Кс. Адам Станкевіч падкрэслівае асаблівую ролю хрысціянства ў тым, што яно стварала тагачасную інтэлігенцыю, што давала магчымасць хрысціянству пранікаць у шырокія народныя масы. Бо сапраўдная нацыянальная свядомасць праяўляецца толькі тады, калі аб’яднальны рух апаноўвае ўвесь народ, калі кожны чалавек прасякнуты агульнай ідэяй. “Такой ідэяй у гісторыі народаў бывае звычайна ідэя рэлігійная, – пісаў кс. Адам Станкевіч. – У нас, у першым ужо перыядзе нашай гісторыі, такой ідэяй была ідэя хрысціянская”. Такім чынам, паводле кс. Адама Станкевіча, хрысціянства сваім адзінствам, высокім ідэалізмам, асветнай дзейнасцю было ў старажытнасці тым магутным сацыяльным фактарам, які аб’ядноўваў беларускія плямёны, княствы, землі і насельніцтва іх у адзін народ.

Наяўнасць глыбока прадуманага гісторыка-культурнага матэрыялу, папулярны, вобразна-публіцыстычны, па-філасофску паглыблены яго выклад робіць кнігу кс. Адама Станкевіча “Хрысціянства і беларускі народ” і сёння надзвычай цікавай. Гісторыя хрысціянскай Царквы ў Беларусі, яе роля ў развіцці нацыянальнай культуры выкладаецца з пазіцыі хрысціянскага вучэння.

У раздзеле пра хрышчэнне Русі, падрыхтаванае асветніцкай місіяй роўнаапостальных Кірылы і Мяфодзія, кс. Адам Станкевіч распавядае, як стараславянская мова набыла значэнне мовы царкоўнай, літаратурнай, стала называцца царкоўнаславянскай. Праз яе да хрысціянства далучыліся ўсе паўднёваславянскія, усходнеславянскія і заходнеславянскія народы. Прыняўшы ад Корсуні ў Крыме і Візантыі хрысціянства грэцкага абраду, Уладзімір Хрысціцель, на думку аўтара, “быў у еднасці з Апостальскай Сталіцай”. Полацкае княства і ўся старадаўняя Беларусь прынялі хрысціянства пры сыне Рагнеды, князі Ізяславу і яго спадчынніках. Асобныя нарысы кс. Адам Станкевіч прысвяціў асветніцкай дзейнасці Ефрасінні Полацкай, якая аднолькава прызнаецца святой як праваслаўнай Царквою, так і каталіцкім Касцёлам.

Шмат месца ў сваёй манаграфіі кс. Адам Станкевіч адвёў доказу дагматычнага адзінства хрысціянства ў старадаўняй Русі: усходнія славяне далучыліся да ўсходняга грэка-візантыйскага абраду, але тады ніхто не падзяляў веру на рымскую і грэцкую, усе былі пад уладай наступнікаў св. Пятра – рымскіх біскупаў, пад уладай Апостальскай Сталіцы. Сусветныя царкоўныя саборы заўсёды адбываліся з блаславення Папы рымскага, а пастановы гэтых сабораў заўсёды патрабавалі ягонага зацверджання. У той час, калі адбывалася хрышчэнне ўсходніх славянаў, у тым ліку і беларускіх плямёнаў, хрысціянства было адзінае. Не было ні праваслаўя, ні каталіцтва. Чаму ж так сталася, што пазней узніклі два абрады – усходні (візантыйскі) і заходні (рымскі). Галоўнай прычынай падзелу, лічыць кс. Адам Станкевіч, сталася тое, што існавала вялікая розніца ў культурах Усходу і Захаду. Пасля таго, як заходняя Рымская імперыя пад націскам варварскіх плямёнаў спыніла сваё існаванне, усходняя Візантыйская дзяржава адасобілася на многія стагоддзі, жыла сваім асобным жыццём. Паглыбляліся ў ёй культурныя, духоўныя, палітычныя і сацыяльныя адрозненні ад Захаду. На гэтай аснове і пачаўся ў ІХ стагоддзі падзел адзінай Хрысціянскай Царквы на грэцкую і лацінскую. Але ён не набыў тады яшчэ шырокага размаху. Фармальны ж падзел адбыўся 16 ліпеня 1054 года, калі ў сталіцу Візантыі Канстанцінопаль прыбылі паслы Папы Рымскага і абвясцілі ў саборы святой Сафіі анафему канстанцінопальскаму патрыярху. Той адказаў ім тым самым – анафемаю і абвясціў Рым ерэтычнаю сталіцаю. Але, на думку гісторыкаў, піша кс. Адам Станкевіч, хрысціянская Царква на беларускіх землях яшчэ была ў еднасці з Рымам аж да пачатку ХІІ стагоддзя. Толькі паступова, у XII–XIV стагоддзях, яна раз’ядналася з Апостальскай Сталіцаю. Але і тады ідэя царкоўнай еднасці цалкам не замерла, яна жыла ў Беларусі, каб у свой час уваскрэснуць.

Даследуючы розныя аспекты ўзаемаўплыву рэлігіі і культуры, хрысціянства і грамадскага жыцця ў Беларусі, кс. Адам Станкевіч здолеў выпрацаваць і канцэптуальна абгрунтаваць гістарычную ролю хрысціянства ў жыцці беларускага народа, у станаўленні беларускай нацыі. “Факт, што хрысціянства з’яўляецца ў нашай гісторыі творывам і апорай беларускай нацыянальнасці, тлумачыцца перадусім тым, што яно ўводзіць дужа блізкі і глыбокі духовы кантакт у народных гушчах, які, часта нясведама, падтрымлівае і твора нацыянальнае пачуццё і якога знішчыць не могуць ніякія палітычныя махінацыі, бо да яго не дасягаюць… Гэткім, як бачым, хрысціянства ў Беларусі ў першым перыядзе яе гісторыі было магутным і ўсестаронным дзейнікам, аб’ядноўваючым беларускія плямёны ў адзін асобны самастойны народ, уводзячы яго апрача гэтага ў сям’ю цывілізаванага свету і асвячаючы беларускую народную мову, як мову рэлігіі, культуры і агулам асвечанага жыцця, назаўсёды” (Станкевіч 1940: 69–70). Так падсумоўвае кс. Адам Станкевіч сваю канцэпцыю аб ролі хрысціянства ў гісторыі фармавання беларускай нацыі.


Літаратура

Кonan U. Lider białoruskiego Odrodzenia Katolickiego // Lituanica. Warszawa, 1998. № 4 (29).
Конан У.(а) Лідэр беларускага каталіцкага адраджэння: [Прадмова да публікацый твораў] // Наша вера. 1998. № 3 (6).
Конан У.(б) Рыцар Адраджэння, альбо Духоўны запавет Адама Станкевіча // Літаратура і мастацтва. 15 мая 1998.
Конан У.(в) Хрысціянства ў гістарычным лёсе Беларусі // Беларуская думка ХХ стагоддзя: філасофія, рэлігія, культура: (Анталогія). Варшава, 1998.
Ксёндз Адам Станкевіч: у 25-ыя ўгодкі сьвяшчэнства і беларускай нацыянальнай дзейнасьці / Рэдагаваў і выдаў магістр Ян Шутовіч. Вільня, 1940.
Сідарэвіч А. З Айчынай і Богам у сэрцы // Вяртання маўклівая споведзь: Постаці твораў беларускай гісторыі ў кантэксце часу. Мінск, 1994.
Сідарэвіч А. Ксёндз Адам Станкевіч і яго справа // Хрысціянская думка. 1992. № 1.
Станкевіч Ад. Хрысьціянства і беларускі народ: Спроба сінтэзы. Вільня, 1940.


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Магілёўскага Таварыства БРАМА
 кантакт: epostbox@tut.by

 

УВЕРХ


   

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
webmaster