|
ЛІТОЎСКІЯ СТАТУТЫ (1529, 1566, 1588), ІХ СТВАРАЛЬНІКІ І ЭПОХА*
Станіслаў ЛАЗУТКА
(Вільнюс)
Грамадства пастаянна сузірае гісторыю, і не толькі з адной цікаўнасці, але і таму, каб штосьці з яе ўзяць, чамусьці навучыцца. Хаця ўвогуле як грамадства, так і асобныя індывіды ігнаруюць гістарычны вопыт, а разам з тым і нават асабісты, хутка пра іх забываюцца. І ўсё ж гісторыя шмат пра што распавядае, тым больш гісторыя Літоўскай дзяржавы, што пачынаецца з Міндоўга, які, вынішчыўшы і прагнаўшы сваіх канкурэнтаў, братоў, стрыечных братоў і сясцёр, стварыў гэтую дзяржаву, перафразуючы словы паэта, “на людскіх пакутах і крыві”. Хоць гісторыя і не паўтараецца, а калі паўтараецца, то толькі як фарс (пасля Напалеона Вялікага прыходзіць Напалеон малы), аднак пэўныя алюзіі стварае. Стварае, пачынаючы з Вітаўта Вялікага, які два разы пры пагрозе смяротнай небяспекі шукаў прытулку ў сваіх “сяброў” суседзяў, і два разы, спаліўшы замкі, якія “гасцінна” яго прытулілі, уцякаў; які ў 1404 годзе жорстка расправіўся з рускай Смаленскай зямлёй, якая адступілася ад Літоўскай дзяржавы, які…
Гісторыя і гісторыкі ва ўсе часы, не зважаючы на такія, з гуманістычнага пункту погляду, амаральныя рысы, як вераломнасць і жорсткасць, лічылі Вітаўта (і трэба пагадзіцца – слушна) вялікім і мудрым уладаром тагачаснай Літвы. Несумненна, услед за Смаленскай зямлёй маглі пайсці Полацк і Віцебск, Кіеў і Валынь, а пасля іх і Жмудзь, шляхцічы якіх у тыя часы былі такімі ж “федэралістамі”, як і смаляне.
Аднак для нашых неспакойных, складаных і, у пэўным сэнсе, вялікіх часоў асабліва сугучнае XVI стагоддзе Літоўскай дзяржавы (празванае гісторыкамі залатым стагоддзем), Рэфармацыя, якая адбывалася ў тым стагоддзі, – гэтая паўсюдна прызнаная першая рэвалюцыя ў грамадстве дзяржаў Еўропы, хвалі якой дасягнулі і Літвы, і контррэфармацыя, што ўзнікла пасля таго. Статут Вялікага княства Літоўскага, або дакладней Статуты (іх было тры), з’яўляюцца значнейшымі помнікамі права ды культуры гэтай велічнай эпохі ў гісторыі Літоўскай дзяржавы.
Першы Літоўскі Статут (1529)
Зараз ужо паўсюдна прызнана, што Літоўскія Статуты – гэта своеасаблівыя феномены ў феадальным праве Еўропы і што XVI стагоддзе ў гісторыі Літоўскай дзяржавы – век росквіту выдання законаў. Яшчэ ў сярэдзіне XIX ст. адзін з вядомейшых даследчыкаў славянскага права, польскі гісторык Аляксандр Мацяеўскі, пісаў: “Для свайго часу Літоўскі Статут з’яўляецца буйнейшым помнікам выдадзеных законаў, і такім, якога не мела тагачасная Еўропа”. Нездарма гэтыя унікальныя крыніцы літоўскай, беларускай і ўкраінскай гісторыі, помнікі права і культуры ўжо амаль два стагоддзі рупліва даследуе мноства навукоўцаў шматлікіх краін (Літвы і Беларусі, Польшчы і Расіі, Украіны і Чэхіі). Сярод іх і такія славутасці, як прафесары старажытнага Віленскага універсітэта Ігнат Даніловіч і Якім Лялевель, польскія гісторыкі і асветнікі – Тадэвуш Чацкі, Аляксандр Мацяёўскі, Стэфан Эрэнкройц і многія іншыя, чэх Герменгільд Ірычэк, вядомыя рускія прафесары Фёдар Леантовіч і Мацвей Любаўскі, украінцы – Аніка Маліноўскі і Сцяпан Барысёнак, знакаміты беларускі гісторык, акадэмік Уладзімір Пічэта, літоўскія гісторыкі – прафесары Каўнаскага, а пазней (два першыя) Вільнюскага універсітэтаў, Канстанцінас Яблонскіс, Ігнас Ёнінас і Аўгусцінас Янулайціс.
Найбольш знакаміты прадстаўнік старэйшага пакалення даследчыкаў Статутаў Іван Лапо ў 1933–1940 гады працаваў прафесарам і ў Каўнаскім універсітэце. І ў наш час гэтую крыніцу гісторыі Вялікага княства Літоўскага даследуе шмат гісторыкаў, правазнаўцаў, філосафаў, сярод іх акадэмік Юозас Юргініс, прафесар Стасіс Валасявічус, польскі акадэмік Юліюш Бардах і інш. Натуральна можа паўстаць пытанне, чаму гісторыкі і ў мінулым і цяпер надаюць Літоўскім Статутам так шмат увагі. Гэта прадвызначана іх зместам і гістарычнай эпохай. Кадыфікацыя Статутаў пачалася, як толькі павеяла гаючымі вятрамі Рэфармацыі і Рэнесанса, а скончылася, калі ўсталявалася рэакцыя Контррэфармацыі. Літоўскія Статуты своеасабліва адлюстравалі ўзлёт і заняпад гэтай велічнай эпохі ў адметных умовах нашага краю.
Першы Літоўскі Статут праходзіў кадыфікацыю з 1522 года да 1529 года, г.зн. амаль сем гадоў (зараз нашыя канстытуцыі рыхтуюцца і зноў “перападрыхтоўваюцца” за некалькі месяцаў – толькі ці стануць яны гістарычнымі феноменамі?). Другі Літоўскі Статут (ДЛС) кадыфікаваўся яшчэ даўжэй, амаль 15 гадоў, і быў прыняты ў 1566 годзе. А Трэці Літоўскі Статут (ТЛС) распачалі кадыфікаваць па сутнасці адразу ж пасля Люблінскай уніі 1569 года, г.зн. яго рэдагаванне працягвалася амаль 20 гадоў (прыняты 28 студзеня 1588 года).
Перш за ўсё некалькі слоў увогуле пра Літоўскі Статут. Большасць паважаных чытачоў у пераважнасці з перадач гісторыкаў па тэлебачанні, папулярных артыкулаў (асабліва шмат іх з’явілася з нагоды юбілею Статута) ведае, што гэта звод асноўных законаў ВКЛ і разам з тым своеасаблівая канстытуцыя саслоўя землеўладальнікаў, дзе зафіксаваныя ўсе іх свабоды, правы і абавязкі. Стваральнікі Першага Статута яго так не называлі. У той час гэта былі “Пісаныя правы…” (або на мове арыгінала “Права писаные…”, гл. мал. 1). Аднак у копіях, г.зн. спісаных з арыгінала і перакладзеных на лацінскую мову экземплярах, ён ужо называецца “Статутам Літоўскага Вялікага Княства” (у копіі Лаўрэна 1531 года, гл. мал. 2), альбо проста “Літоўскім Статутам” (у копіі Пулавы, выкананай каля 1538 года, гл. мал. 3).
Тут паважаным чытачам неабходна растлумачыць, адкуль і чаму ўзніклі копіі ПЛС. Відавочна, што па пэўных прычынах ён не быў выдадзены, аднак, як толькі з 29 верасня 1529 года стаў дзеючым зводам законаў, усе цэнтральныя, ваяводскія, павятовыя і інш. установы, іх упаўнаважаныя, суды і суддзі, вырашаючы розныя справы, былі абавязаныя кіравацца яго артыкуламі. Можна ўявіць, як адразу пасля гэтага, а можа і раней (бо Віленскі Сойм ПЛС прыняў раней), з усіх земляў-рэгіёнаў у Вільню накіравалася мноства пісараў зрабіць копіі гэтага зводу законаў. Акрамя таго, у 1530 годзе па распараджэнні Жыгімонта Старога ПЛС быў перакладзены на лацінскую мову. Магчыма, гэтага запатрабавала ўладная каралева Бона, якая не ведала мовы Статута. Адна з такіх копій, выкананая на лацінскай мове ў Кракаве ў скрыпторыі Бабеля, копія Лаўрэна, раней намі ўжо згаданая, па-мастацку аздобленая (гл. мал. 4), на нашу думку, належала самой Боне. На апошнім аркушы копіі вельмі прыгожа намаляваны радавы герб Боны Сфорцы – укаранаваны змей, які глытае дзіцё (гл. мал. 5). Такіх перапісаных пісарамі копій на старабеларускай, лацінскай і старой польскай (перакладзена ў 1532 годзе) мовах, вядома, налічвалася не адна сотня, аднак бязлітасны час, пажары і войны амаль усе з іх вынішчылі. Знік і арыгінал. Да гэтага часу засталося сем копій ПЛС. Большасць з іх, калісьці зробленых у Вільні, цяпер, на вялікі жаль, знаходзяцца ў іншы краінах – Польшчы і Германіі, адзін у Санкт-Пецярбургу.
У крыніцах XVI стагоддзя ПЛС называецца проста Статутам, а Другі і Трэці ўжо і ў арыгіналах называюцца Статутамі Вялікага княства Літоўскага. Вучоныя, пачынаючы з польскага асветніка Тадэвуша Чацкага, які выдаў у 1800–1801 гадах вялікую працу ў дзвюх частках, называюць усе тры зводы ўжо толькі Літоўскімі Статутамі. Пазнейшыя даследчыкі, асабліва І.Даніловіч і Я.Лялевель, у сваіх працах “замацавалі” гэтую назву, і яна ўкаранілася ў сусветнай гістарыяграфіі. І толькі ў 1960 годзе ў рэдагаваным акадэмікам Канстанцінасам Яблонскісам Мінскім выданні ПЛС названы Статутам ВКЛ 1529 года, хаця да таго часу і беларускія даследчыкі, і нават сам акадэмік Уладзімір Пічэта называлі іх проста Літоўскімі Статутамі. Аднак з 1960 года беларускія даследчыкі (сказаў бы) захварэлі на тую “дзіцячую” хваробу нацыянальных амбіцый, не жадаючы болей называць Статуты “Літоўскімі Статутамі”. Не толькі мы, але і абсалютная большасць іншых даследчыкаў і цяпер называе іх Літоўскімі Статутамі. Інакш і нельга, бо ў гістарычнай навуцы запанаваў бы хаос. Па гэтай прычыне ўжо і так шмат страчана, мы “згубілі” 190 гадоў гістарыяграфіі Статутаў. Такія назвы, якія ўжо ўкараніліся ў гісторыі, не змяняюцца.
Другое важнае пытанне – гістарычныя ўмовы і прычыны з’яўлення ПЛС. Са школьных падручнікаў гісторыі і іншых дапаможнікаў па грамадскіх навуках ведаем такую звыклую ісціну развіцця грамадства, што калі яно падзяляецца на класы, то з’яўляецца дзяржава, г.зн. апарат прымусу. У руках найбольш заможных супляменнікаў ён становіцца сродкам, скіраваным супраць збяднеўшых па розных прычынах суседзяў. Паступова багацеючы, катэгорыя гэтых супляменнікаў стварыла асобны клас феадалаў і пачала прысвойваць сабе розныя прывілеі, спачатку абапіраючыся на звычай, альбо т.зв. “звычаёвае” права. Пазней, дасягнуўшы пэўнай ступені класавай кансалідацыі, феадалы імкнуліся гэтыя прывілеі замацаваць у выглядзе асобных прававых актаў і, нарэшце, у сапраўдны звод законаў, якім для літоўцаў (насельніцтва ВКЛ) стаў ПЛС 1529 года. Статут даваў вельмі шырокія правы ўсяму саслоўю шляхты, нягледзячы на маёмаснае становішча і веравызнанне або, дакладней, нацыянальную прыналежнасць шляхціча. Нагадаю, што Літоўская дзяржава ўжо ў часы Міндаўга з этнічнага боку была далёка не аднароднай. У яе складзе былі вельмі вялікія землі Беларусі і абшары Цэнтральнай Расіі, былі заваяваны нават Бранск, Карачаў. Напярэдадні з’яўлення Статута ў склад ВКЛ увайшлі не толькі ўся Беларусь і Украіна, але і частка земляў Расеі. Этнаграфічная Літва ледзьве складала восьмую або дзесятую частку тэрыторыі дзяржавы і трэцюю ці чацвёртую частку яе жыхароў. Так, ужо ў часы ўладарання Казіміра Ягелончыка (1440–1492) узнікла неабходнасць ураўняць правы шляхцічаў-католікаў (г.зн. літоўцаў) і праваслаўных (г.зн. рускіх, беларусаў, украінцаў). Відавочна, паводле Гарадзельскага прывілею 1413 года, шляхцічы-католікі карысталіся значна большымі правамі. Спроба скасаваць гэтае нераўнапраўе была зробленая ў зямельным прывілею 1447 года Казіміра Ягелончыка. У Першым Статуце, перш за ўсё ва ўступе да яго, гэтая несправядлівасць была пераадолена (вядома, гэта датычыла толькі шляхты), і тыя правы ўраўнаныя.
Ва Уступе да Статута запісана: “Мы, Жикгимонт, з ласки Божьи король польский и великий князь литовский, руский, пруский, жомойтский, мазовецкий и иных, маючи собе достаточное розмышленье, умыслом добрым и з ласки нашое господарское, хотячи обдаровати правы хрестьянскими, всим прелатом, княжатом, паном хоруговным, вельможам, рыцарем повышоным, шляхте и всему поспольству и их подданым и тубыльцом земль Великого князьства нашого Литовского, которого бы кольвек стадла а стану были, вне их права и привилья; костельные, так латынского закону, яко и греческого (курсіў наш. – С.Л.), тэж и светцкие. <…> держати и ховати слюбили есмо, как же обецуем и слюбуем во всих положеньях, обычаех и артыкулех з ласки, с цноты и щедрости нашое умыслили есмо потвердити и вмоцнити, как же потвержаем и вмоцняем, сказуючи их мети моц вечными часы” (гл. мал. 1).
Пісьмовая фіксацыя правоў ды прывілей феадалаў, калі гэты клас дасягнуў належнай ступені кансалідацыі, з’яўляецца заканамернай з’явай, характэрнай амаль для ўсіх дзяржаў. У гэтым сэнсе ВКЛ і яго клас феадалаў нічым не вылучаліся з асяродку іншых дзяржаў. Як вядома, найбольш старажытным пісьмовым феадальным кодэксам з’яўляецца “Саліцкае Права” (Lex Salica), які з’явіўся яшчэ ў V–VI стагоддзі. Другі, ужо больш дасканалы судзебнік – “Люстэрка Саксаў” (“Саксонскае Права”, Lex Saxonum), быў складзены (запісаны) у 802–803 гадах.
Нарэшце, у пачатку XI стагоддзя (у 1016–1036 гадах) з’явілася “Руская Праўда”, судзебнік Кіеўскай Русі. Усе гэтыя судзебнікі ранняга феадалізму былі яшчэ вельмі недасканалымі, яны амаль выключна закраналі толькі адну прававую вобласць – крымінальнае права. Аднак і вядомыя пазнейшыя судзебнікі дзяржаў Еўропы – Польскія Статуты Петркава (1346) і Вісліцы (1347), судзебнікі сербскага караля Душана (1349), уладара Маскоўскай дзяржавы Івана III (1497) і, нарэшце, амаль адначасны з ПЛС германскі судзебнік Караліна V (вядомы ў гісторыі пад назвай Каралінскі) – нельга прыраўняць да Першага Статута не толькі па іх аб’ёме, які ў некалькі разоў меншы, але і змястоўна (асабліва завершанасцю фармулёвак законаў і дасканаласцю мовы). І, што найважней за ўсё, для ПЛС характэрны дух Рэнесанса.
Чаму так здарылася, якія абставіны перадвызначылі гэта? Ці можа мы, літоўскія гісторыкі, грашым тут аднабаковасцю, ці няма тут якой-небудзь пустой нацыянальнай пахвальбы? Не. Гэта вызначана некалькімі аб’ектыўнымі гістарычнымі ўмовамі (абставінамі).
Па-першае, нідзе ў Еўропе, за выключэннем Польшчы, феадалы не мелі такіх свабод (вольнасцей), якія з цягам часу перарадзіліся ў сапраўдную анархію і загубілі саму дзяржаву. Аднак у часы кадыфікацыі Першага, асабліва Другога і Трэцяга Статутаў, дзякуючы гэтым вольнасцям уладны клас дабіўся таго, каб у Статутах як мага дакладней, падрабязней былі б запісаныя ўсе правы і прывілеі шляхты, нарміраваны ўзаемаадносіны паміж ёю і ўладаром – вялікім князем – не толькі ў крымінальнай (як ва ўсіх раней згаданых судзебніках), але і ў дзяржаўнай, грамадзянскай, сямейнай, зямельнай і інш. галінах права, падрабязна рэгламентавана дзейнасць судоў і суддзяў.
Па-другое, кадыфікуючы Статуты Петркава і Вісліцы, феадалы Польшчы мелі не менш свабод і правоў, аднак запісалі іх амаль на 200 гадоў раней, калі яшчэ і агульная прававая культура і само феадальнае грамадства былі на ніжэйшым узроўні развіцця, а світанак Рэнесанса ў яго калысцы Італіі толькі што заняўся. Гэтым тлумачыцца другая ўмова, што перадвызначыла вялікую перавагу ПЛС перад згаданымі судзебнікамі.
Па-трэцяе, як ужо згадвалася, ВКЛ было вялікай дзяржавай, вельмі стракатай па сваім этнічным, канфесійным і нацыянальным складзе. Ні адна з дзвюх асноўных феадальных груповак – літоўцаў-католікаў і беларусаў, украінцаў ды рускіх-праваслаўных – у той час не мела значнай перавагі. Гэта вызначыла рэлігійную цярпімасць (талерантнасць) паміж феадаламі і ўвогуле ў дзяржаўным маштабе, таксама і свецкі дэмакратычны характар Статута.
Па-чацвёртае, вельмі высокага ўзроўню дасягнула прававая думка. Нямала дзяржаўных дзеячаў, пісараў, духавенства, такіх высокаадукаваных людзей, як Францыск Скарына, і нават як асобныя вяльможы, напрыклад Павал Гальшанскі (Луцкі, а з 1536 года Віленскі біскуп), Мікалай Вяжгайла (каралеўскі сакратар, а з 1528 года Кіеўскі біскуп), Сапегі і, нарэшце, сам канцлер ВКЛ, Віленскі ваявода, асноўны стваральнік ПЛС – Альбрэхт Гаштольд, былі добра адукаванымі і ў прававым і ў палітычным сэнсе людзьмі, мелі свае бібліятэкі, частка з іх закончыла Кракаўскі, Пражскі і іншыя універсітэты.
І па-пятае, высокага ўзроўню і прававой культуры дасягнула канцылярская мова ВКЛ, якую мы зараз называем (праўда, не ўсе з тым пагаджаюцца) старой беларускай мовай. У афіцыйных дакументах ВКЛ ёй пачалі карыстацца ўжо ў канцы XIII – пачатку XIV стагоддзяў, калі да Літвы далучыліся землі сучаснай Беларусі, дзе гэтая мова ў дакументах ужывалася ўжо болей за сто гадоў. Літоўцы ў той час сваёй пісьмовай мовы не мелі. Старая беларуская мова, як і старажытныя руская і ўкраінская, развілася з аднаго камля – царкоўнаславянскай мовы, якая распаўсюдзілася на землях Русі пасля прыняцця хрысціянства, і гутарковай мовы мясцовых жыхароў. З цягам часу з таго камля развілася старажытная руская літаратурная мова; пасля нашэсця татар і падпарадкавання ўсходніх і цэнтральных земляў Кіеўскай Русі мангола-татарскай Ардой ды далучэння да ВКЛ заходніх і паўднёвых (з Кіевам) земляў на гэтых абшарах (г.зн. сучаснай Беларусі і Украіны) на основе мясцовых славянскіх дыялектаў пачалі фарміравацца асобныя літаратурныя мовы і пісьменнасць – старажытная беларуская і старажытная ўкраінская. Першая, г.зн. старабеларуская, па сутнасці сфарміравалася ўжо напрыканцы XV стагоддзя, а ў XVI стагоддзя, можна сказаць, атрымала статус дзяржаўнай мовы. Аднак сярод даследчыкаў як па першым (наконт назвы мовы), так і па другім (наконт яе дзяржаўнага статусу) пытаннях дагэтуль не было і няма адзінага меркавання.
Рускія гісторыкі манархічнага напрамку (а гістарыяграфы ВКЛ амаль усе былі прадстаўнікамі гэтага напрамку) лічылі гэтую мову старажытнай рускай мовай. Асобныя з іх, напрыклад, ужо памянёны знакаміты даследчык Літоўскіх Статутаў Іван Лапо, імкнучыся абмежаваць гэтую мову ад маскоўскай дзяржаўнай мовы XV–XVI стагоддзяў, прапанаваў яе называць літоўска-рускай (“литовско-русский язык”). Ён адмаўляў хоць якое-небудзь яе адзінства з беларускай літаратурнай мовай тых часоў, сцвярджаў што “беларуская мова ніколі не была рускай мовай дакументацыі (г.зн. канцылярыі ВКЛ. – С.Л.)”. Гісторыкі Літвы старэйшага пакалення, ды і некаторыя сучасныя, сёння ўжо пераважна па традыцыі, а часткова і “назаляючы” сваім суседзям, калегам беларусам, таксама называюць яе “рускай” мовай. Украінскія гісторыкі па тых жа самых прычынах, але пераважна па другой, гэтую мову таксама называюць “рускай”, а асобныя – нават старажытнай украінскай. Беларускія гісторыкі сёння без агаворак называюць яе беларускай, ніяк спецыяльна не адрозніваючы ад сучаснай беларускай мовы. З беларускіх гісторыкаў і мовазнаўцаў найбольш слушна і аб’ектыўна ацэньвалі яе ў мінулым славуты мовазнаўца Я.Карскі і гісторык У.Пічэта. Апошні, ахарактарызаваўшы Літоўскую Метрыку (ЛМ) як велічны помнік беларускай культуры і мовы, даводзіў, што ўсё ж мова ЛМ не ёсць чыстая беларуская мова. У.Пічэта пісаў: “На основе формировавшегося белорусского языка стал создаваться литературный язык того времени. Это был язык официальных документов, выходивших из канцелярии великого князя литовского, создателями которого были её писцы и в основе которого лежат древнерусские и белорусские языковые элементы с преобладанием первых над вторыми и с проникновением в дальнейшем в него польских элементов”. Такая характарыстыка гэтай мовы блізкая да ісціны, але не ўся ісціна. Сучасныя даследчыкі гэтай мовы, як беларускія, так і літоўскія, даказалі, што гэта старажытная беларуская мова. Адна з аўтарытэтнейшых сярод іх, дацэнт З.Закар’ян, сцвярджае, што “Статут 1588 года, или Третий Статут – кодекс законов Великого княжества Литовского – был написан на старобелорусском письменном языке, который в Статуте, как и в других литовских памятниках, называется “руським”. Но даже поверхностное сравнение его с языком русских юридических памятников XV–XVI веков показывает, насколько он далёк от русского литературного языка того времени”. Праўда, сярод мовазнаўцаў Вільнюскага універсітэта ёсць і тыя, што бароняць іншую думку, – напрыклад, акадэмік З.Зінкявічус называе мову ПЛС славянскай і нават старажытнай царкоўнаславянскай мовай. У сваёй кніжцы “Литовская антропонимика” (Вильнюс, 1977: 12, 13) ён піша: “У выніку росту Літоўскай дяржавы і далучэння да яе агромністых абшараў, якія былі населены ўсходнімі славянамі, у канцылярыі ўладара была прынята старажытная царкоўнаславянская мова (курсіў мой – С.Л.), якая здаўна выкарыстоўвалася на тых тэрыторыях, але была ў значнай ступені пазбаўленая ад мясцовых элементаў размоўнай мовы заходняй часткі ўсходніх славян”. Хаця “старажытная царкоўнаславянская мова”, паводле акадэміка, і “пазбаўленая” гутарковых элементаў тагачаснай беларускай мовы, з мовай Літоўскіх Статутаў яна мае агульнага не болей, чымсьці апошняя з сучаснай беларускай мовай. Гэтыя домыслы акадэмік паўтарае і ў іншых сваіх працах. Іх неабгрунтаванасць ужо засведчана многімі вядомымі беларускімі і літоўскімі медыевістамі і мовазнаўцамі.
Больш трыццаці гадоў працуючы са шматлікімі копіямі Літоўскіх Статутаў і з яшчэ больш аб’ёмнымі тэкстамі Літоўскай Метрыкі (каля 600 тамоў), я хоць і не з’яўляюся моваведам, але прыйшоў да цвёрдага пераканання, што ўсе яны напісаныя на старабеларускай мове. Вядома, што мова Статутаў больш унармаваная, “літаратурная”, аднак асобныя акты ЛМ, асабліва ў судовых кнігах (напрыклад, і паказанні сведкаў паходжаннем як з Віцебска або Полацка (г.зн. земляў Беларусі), і сведчанні шляхціча з Ценджагальскай воласці Жмудзі), – нічым ад ёй не адрозніваюцца. З гэтай нагоды трэба звярнуць яшчэ ўвагу на той цікавы факт, што шляхцічы Літвы і нават Жмудзі, а іншы раз і сяляне, сведчылі на гэтай мове (якіх-небудзь слядоў перакладу паказанняў няма), значыць, яны яе добра ведалі, на ёй штодзённа размаўлялі. Такім чынам, гэта была мова грамадскага жыцця, а не толькі канцылярская. У гэтым таксама пераконваюць пісьмовыя дакументы мясцовых татар. Гэтыя дакументы называюцца кітабамі, і былі напісаныя арабскім алфавітам, але на старабеларускай мове, прычым менавіта гутарковай, бо іншай татары не ведалі. Яны пасяліліся ў Літве яшчэ ў часы Альгерда і асабліва ахвотна ішлі туды ў часы Вітаўта, хутка пашырыліся колькасна, сталі актыўна ўдзельнічаць разам з мясцовымі жыхарамі ў грамадскім жыцці, і неўзабаве праз стагоддзе пачалі карыстацца не сапраўднай літоўскай (!) мовай, а менавіта гэтай старабеларускай. На гэтай мове “літоўскія” татары перапісваліся нават са сваімі духоўнікамі ў Крыме, Турцыі і ў іншых месцах. Сам гэты факт шмат што гаворыць пра распаўсюджанне старой беларускай мовы не толькі ў пісьмовых дакументах, але і ў публічным грамадскім жыцці таго часу. Добра вядомы даследчык кітабаў, прафесар Вільнюскага універсітэта Антон Антановіч, у свой час пераканаўча давёў, што татары ВКЛ у канцы XV – пачатку XVI стагоддзя пераклалі на тагачасную жывую, чыстую старабеларускую мову нават Каран і іншыя рэлігійныя кнігі. Гэта, дарэчы, адзначаў і вядомы нарвежскі філолаг Хрысціян Станг, які таксама даследаваў мову кітабаў. Ён пісаў: “Вялікае лінгвістычнае значэнне кітабаў у тым, што гэтыя магаметанскія тэксты, напісаныя арабскімі літарамі зусім не залежаць ад традыцый царкоўнаславянскай мовы. Яны напісаны на жывой тагачаснай мове”. І нарэшце апошнім аргументам для доказу таго, што гэтая мова была не толькі вузкаканцылярскай, але і мовай грамадскіх зносін, з’яўляецца шматгадовае абмеркаванне тэкстаў усіх трох Статутаў на соймах (Першы абмяркоўвалі 7 гадоў, Другі – 12 гадоў, а Трэці – амаль 20 гадоў). Трэба валодаць надзвычайнай фантазіяй, каб уявіць сабе, што гэтае абмеркаванне магло ажыццяўляцца на якой-небудзь іншай мове, а не на той, на якой напісаныя Статуты. Усе гэтыя штудыі, і перш за ўсё самі старажытныя крыніцы – Статуты, ЛМ, рукапісныя тэксты кітабаў, а таксама летапісы XIV–XVI стагоддзяў, перадвызначылі тое, што ў шматтомным акадэмічным выданні ПЛС яго мова канчаткова вызначаецца толькі як старабеларуская. У гэтым выпадку, як і ў назве самога Статута Літоўскім, тыя, хто рыхтаваў яго выданне, строга прытрымліваліся крыніц, гістарычных фактаў і навуковай аб’ектыўнасці.
На вялікі жаль, гісторыкі, гэтыя своеасаблівыя суддзі мінулага, як і рэальныя суддзі сучаснасці, ніяк не могуць пазбегнуць “прымусу” грамадскасці, яе прыярытэтаў, “модных” для таго ці іншага перыяду. Праўда, урад, партыі, “рухі” рознага характару як нам, так і суддзям у будучыні абяцаюць (а іншы раз і патрабуюць) “поўную незалежнасць”. На жаль, як гісторык, магу канстатаваць, што “поўнай незалежнасці” ніколі і нідзе не было і пакуль што няма. І наўрад ці яна магчымая. Аднак вернемся да Статута.
Некалькі слоў наконт дзяржаўнай мовы ВКЛ. Вядома, такога непасрэднага разумення дзяржаўнай мовы ў тыя часы не было, і Статуты гэта проста заканадаўча не фіксавалі. Аднак становішча, якое склалася ў часы кадыфікацыі і прыняцця Трэцяга Статута пасля Люблінскай уніі 1569 года, было ў чымсьці падобным да цяперашняга. Хоць якіясьці гістарычныя алюзіі з сучаснасцю і прыкульгваюць, сам я з’яўляюся іх вялікім праціўнікам, але ад спакусы іншы раз цяжка ўстрымацца нават гісторыку. Асобныя гісторыкі права і філолагі-моваведы схільныя адмаўляць статус старабеларускай мовы як у сапраўдным сэнсе дзяржаўнай мовы ВКЛ. У той час адукаваная феадальная грамадкасць ВКЛ лічыла старабеларускую мову “сваёй уласнай” мовай, па сутнасці дзяржаўнай. Адзін з выдатнейшых кадыфікатараў ТЛС і яго выдавец падканцлер Леў Сапега (пазней канцлер ВКЛ) у прадмове да гэтага Статута пісаў: “А если которому народу встыд прав своих не умети, поготовю нам, которые не обчым яким языком, але своим власным (курсіў наш – С.Л.) права списаные маем…”. Відавочна, для Льва Сапегі – гэта “свая ўласная” мова. Справа ў тым, што большасць законаў краін феадальнай Еўропы была напісана на лацінскай мове. Асабліва трэба звярнуць ўвагу на артыкулы Літоўскіх Статутаў. Калі ў Першым Статуце пра мову нават не згадвалася – ёй тады ніхто не пагражаў і само сабой было зразумелым, што гэта, выкарыстоўваючы сучасныя дэфініцыі, ёсць адзіная дзяржаўная мова, якой карыстаюцца ва ўсіх дзяржаўных установах, – то ў Другім Статуце, калі пранікненне польскай мовы ў свецкае і дзяржаўнае жыццё стала відавочным, асабліва пасля Люблінскай уніі, то ў першым артыкуле чацвёртага раздзела Трэцяга Статута быў агавораны і статус гэтай мовы ў дзяржаўным жыцці. Там запісана: “А писар земский маеть по-руску литерами и словы рускими вси листы, выписы и позвы писати, а не иншим езыком и словы”. Адукаванай феадальнай грамадскасці таго часу было зразумелым, якая тая іншая мова – гэта польская і зрэдку лацінская. Праўда, нашы апаненты (а такія, як ужо згадваў, ёсць), маючы на мэце пярэчанне нам, сцвярджаюць: няўжо гэтае лаканічнае ўказанне пісарам азначае, што тая мова ўзаконена як дзяржаўная.
Перш за ўсё не трэба забывацца, што вучоныя мужы тых часоў, у адрозненне ад нашых, умелі значна больш ашчадна выявіць свае думкі, асабліва ствараючы законы. Вядома, калі думаць сучаснымі катэгорыямі ды маніпуляваць доўгімі разважаннямі, выкладкі ў ТЛС могуць здацца лаканічнымі і можа нават не зусім глыбокімі. Аднак калі ўспомнім раней згаданае ўслаўленне гэтай мовы Львом Сапегам як уласнай, і тое, як праз сотню гадоў яе канчаткова выжылі са свецкага і дзяржаўнага жыцця – а гэты факт узаконены яшчэ больш лаканічнай пастановай сейма ў 1696 годзе: “pisarz powinіen po polsku, anie po rusku pisać”, – то можам сцвярджаць, што гэтая мова ў ВКЛ мела статус дзяржаўнай. І магчыма не вельмі “правінавацімся” перад гістарычнай праўдай, сказаўшы, што ў Літве дзяржаўная мова аднойчы ўжо была юрыдычна ўстаноўлена (узаконена). Але гэтае ўзаконенне не засцерагло яе ад пэўных заканамернасцяў гістарычнага працэсу.
Моц мовы, нацыі, дзяржавы грунтуецца не столькі на саміх законах, колькі на іх выкананні. І развіваюцца яны не паводле прыдуманых мудрымі мужамі законаў (такі погляд у гістарыяграфіі абараняе так званая “дзяржаўная” школа), а паводле характэрных для іх развіцця заканамернасцяў. Хаця разумныя законы – добрая рэч (лепшы прыклад Літоўскі Статут), але яны самі з’яўляюцца вынікам гістарычнага развіцця. На жаль, гэтую ісціну людзі часта забываюць.
ПЛС, як ужо згадана, праходзіў кадыфікацыю сем гадоў, калі ў ВКЛ шпарка пашыраліся гуманістычныя ідэі Рэнесанса, якія знаходзілі адлюстраванне і ў Статуце. Усе пералічаныя абставіны абумовілі вельмі значныя памеры гэтага кодэкса (XIII раздзелаў, 243 артыкулы) ды параўнальна дасканалы і прагрэсіўны яго змест.
Найперш, хаця і, калі браць увогуле, асноўная маса жыхароў, якую складалі сяляне, засталася па-за межамі Статута, усё ж такі дзе-нідзе, хоць і дэкларатыўна, закранаюцца і яны (напрыклад, ужо ў згаданых Уводзінах, гл. мал. 1). Акрамя таго, у большасці артыкулаў сяляне апасродкавана праз імунныя (імунітэтныя) правы феадалаў пэўным чынам былі задзейнічаны ў судах: яны маглі сведчыць, прысягаць разам са сваімі панамі, удзельнічаць у розных справах і г.д. ПЛС узаконіў такія гуманістычныя нормы Рэнесанса, як раўнапраўе ўсіх грамадзян у судах (вядома, грамадзянамі лічыліся толькі шляхцічы ды заможныя гараджане), вынясенне прысуду толькі пасля заслухання абодвух бакоў, якія судзяцца. Гэтая важнейшая судовая норма сфармулявана ў 1 артыкуле ПЛС: “На жадного человека выданье або осоченье певное або таемное, подозренье неслушное тых княжат и панов хоруговных, шляхты и мещан карати не хочем они винити которою виною пенежною, кривавою, нятством або именья отнятьем, нижли бы первей в суде явным врадом права хрестьянского, коли повод и отпор очивисте стали и остатне бы были поконаны, которые по суде и таковом поконаньи водле звычаю прав хрестьянских мають быти караны и сказываны подле тяжкости а легкости выступов своих”.
Большасць артыкулаў ПЛС гарантуе недатыкальнасць асобы і скарбаў грамадзяніна. Прадугледжана суровае пакаранне за ілжывы, неабгрунтаваны, злосны абгавор: “И коли бы хто, – гаворыцца ў тым жа першым артыкуле, – обмовляючи кого-кольве, винил ку соромоте або ку страченью головы а ино бы о горло або о именье, або о которое-кольве каранье, тогды тот, хто на кого помовить, а не доведеть, тым караньем маеть сам каран быти”. Тут, дарэчы, варта нагадаць, што і ў наш час артыкул не згубіў сваёй актуальнасці. І калі падобныя законы дзейнічалі б, то рэабілітацыйных спраў (на жаль, нярэдка пасмяротных) было б значна менш.
Шляхце было дазволена свабодна падарожнічаць. У восьмым артыкуле трэцяга раздзела Першага Статута сказана: “Тэж узычаем, аба княжата и панове хоруговные, шляхта и бояре преречоные мели вольную моц выйти с тых земль наших Великого князьства и иных для набытья лепшого щастья своего и навченья вчинков рыцэрских до всяких земль чужих, кром неприятелей наших”.
Бясспрэчна гуманістычным быў 15 артыкул IV раздзела, у якім гаворыцца: “Тэж обецуем и прирекаем з ласки и щедротливости нашое господарское, иж маем мы сами и потомки наши княгинь, паней вдов, княжон, панян и девок заховати при вольностях их, а кгвалтом ни за кого их немаем давати без их воли; нижли кождой з них с порадою приятелей своих, за кого хотя, за того вольно пойти”.
І ўвогуле выдзяленне права самой сям’і, або інакш права жанчыны, у асобны раздзел для феадальнай эпохі было не толькі прагрэсіўнай, але і унікальнай з’явай. Ніводзін судзебнік феадальнай эпохі не меў такога спецыяльнага раздзела.
Статут строга забараніў ператвараць свабоднага чалавека ў раба. У 6 артыкуле XI раздзела сказана: “Тэж уставуем, иж чоловек вольный за жадный выступ не маеть взят быти у вечную неволю. А естли бы за который выступ выдан был в которой суме, тогды мает ся выробити…”. Гуманістычны дух Ренесанса так ці інакш адлюстраваўся і ў іншых артыкулах ПЛС. Гэта ўжо разумелі і яго творцы, якія высока цанілі Статут. А.Гаштольд у так званай “Похвале короля Жикгимонта…” прыняцце Статута параўноўваў з хростам Літвы. Зразумела, у тую пару гэта была вельмі высокая ацэнка. Больш за тое, паводле яго думкі, вера без законаў “нежывая” (“вера без учинков мертва ест”).
Трэба зазначыць, што дзеячы таго часу, нават такія гуманісты, як Францыск Скарына, не супрацьпастаўлялі нормы Статута і ўвогуле прававыя нормы хрысціянскім догмам, шчыра імкнуліся знайсці гэтыя нормы ў Бібліі. “В сей книзе (г.зн. Библіі), – пісаў Ф. Скарына, – всее прироженое мудрости зачало и конец… В книзе вси законы и права, ими же люде на земли справоваться имають, пописаны суть… Ту навчение филозофии добронравное, яко любити Бога для самого себе и ближнего для Бога, имамы”.
Аднак Ф.Скарына і творцы Статута, як і ўсе адукаваныя людзі тых часоў, законы і саму дзяржаву разумелі не як божыя волю ці міласць, але як неабходнасць, якая вынікала з прыроджаных людскіх правоў. Гэта яскрава адлюстраваў і ПЛС.
Агромністая праца па падрыхтоўцы Статута была здзейснена ў Вільні, у канцылярыі ВКЛ, пад кіраўніцтвам Альбрэхта Гаштольда (гл. мал. 6). Летам 1529 года на Віленскім сойме ПЛС быў канчаткова прыняты і з 29 верасня гэтага ж года спецыяльным актам вялікага князя Жыгімонта Старога быў абвешчаны сапраўдным на ўсёй тэрыторыі ВКЛ прававым кодэксам, або інакш зводам законаў дзяржавы. Як ужо згадвалася, ПЛС не быў надрукаваны, а распаўсюджваўся ў копіях. У гістарычнай літаратуры доўгі час толькі ўскосна, пры дапамозе пабочных крыніц, даказвалася асноўная роля канцлера Альбрэхта Гаштольда ў кадыфікаванні Статута. Аднак пасля таго, як у 1973 годзе журналіст Лявонас Сцепанаўскас знайшоў да той пары невядомую Лаўрэнаву копію ПЛС і быў даследаваны ўпісаны ў яе “Панегірык” роду Гаштольдаў (аўтарам якога быў сакратар канцлера Дэадат Септэній), роля Альбрэхта Гаштольда як кіраўніка і асноўнага кадыфікатара ПЛС стала бясспрэчнай. У “Панегірыку” гэта адзначана надзвычай дакладна: “Их милость, государь, великий король Сигизмунд, поручил моему господину (г.зн. А.Гаштольду – С.Л.), как канцлеру и главному должностному лицу страны кодифицировать его” (права, г.зн. Статут – С.Л.). І далей растлумачваецца, як самаахвярна А.Гаштольд гэтую “працу” здзейсніў. Такім чынам, пад кіраўніцтвам несумненна самага адукаванага тагачаснага дзеяча дзяржавы ў канцылярыі ВКЛ быў кадыфікаваны і запісаны гэты ўнікальны помнік права і культуры літоўскага і іншых народаў – гістарычная крыніца, якая не мела роўных сабе ў Еўропе. Гэты помнік яскрава адлюстраваў дух гуманістычных ідэй Рэнесанса. Усё гэта ісціна, якая не выклікае ніякіх сумненняў. Аднак праўда і тое, што законаў Статута не прытрымліваліся перш за ўсё самі яго стваральнікі і іншыя паны-вяльможы, якія ўхвалялі яго, абмяркоўваючы і прымаючы, але разам з тым дзяржаўны апарат, суды, выканаўчая ўлада былі вельмі слабымі. Больш за тое, кожны значны феадал меў свой дастаткова вялікі апарат прымусу і нават войска. Асобныя вяльможы, напрыклад Віленскі ваявода і канцлер ВКЛ Мікалай Радзівіл (сын Мікалая), меў каля 10 тысяч ваяроў. Тое ж самае можна сказаць і пра Троцкага ваяводу Альбрэхта Гаштольда, які пасля смерці Мікалая Радзівіла стаў канцлерам, пра вярхоўнага вайсковага гетмана, а з 1522 года і Троцкага ваяводу князя Канстанціна Астрожскага і іншых. Зусім грэбуючы законамі Статута, яны пастаянна чынілі прымус адзін над адным. Лепш за ўсё пра гэта сведчыць працяглая міжусобная барацьба паміж двума згаданымі раней буйнейшымі землеўладальнікамі і першымі кіраўнікамі дзяржавы Мікалаем Радзівілам і Альбрэхтам Гаштольдам. Яшчэ ў 1521 годзе (г.зн. да прыняцця ПЛС) Гаштольд скардзіўся Жыгімонту Старому, што людзі М.Радзівіла нападаюць на яго двары, катуюць і забіваюць прыгонных: “<…> вчинки мордерскии чинили и жоны почосныи от мужов брали, и девки невинныи кгвалтили, и многих некоторых людей и жон, и деток малых до смерти побили, а инших самих, головами поимавши, и в полон вели, бы татарове, а иншим ся олижь окуповали, так как бы з неприятельских рук”.
Іншым разам у часы “наездаў” нават захоплівалі і саміх вяльмож, іх палацы. На адзін з такіх наездаў скардзіўся Жыгімонту Старому праз свайго намесніка Тура А.Гаштольд: “Але его (Мікалая Радзівіла – С.Л.) подданныи, пришодши, замок пана моего (г.зн. А.Гаштольда – С.Л.) спалили, где пан мой не малую шкоду принял, а потом повторе… <…> ещё <…> пана моего самого и с панею, и з дитятком (Станіславам, пазней мужам Барбары Радзівіл – С.Л.) на замку запалили и одва з замку сами втекли, а што мело в замку, то всё погорело”. Асобныя гісторыкі лічаць, што менавіта ад таго перапалоху Станіслаў на ўсё жыццё застаўся хворым і па гэтай прычыне не меў з Барбарай Радзівіл дзяцей. Хоць польскія сенатары пазней, калі Барбара стала жонкай Жыгімонта Аўгуста і каралевай Польшчы, кіруючыся ў гэтым прадузятамі намерамі, у бясплоддзі неабгрунтавана абвінавачвалі менавіта яе.
Аднак Статут, які крыху прыпыніў такое дэманстратыўнае рабаўніцтва, поўнасцю яго не зжыў. Яно працягвалася і пасля прыняцця ПЛС (не былі выключэннем і сем’і згаданых магнатаў). І толькі ў сітуацыі, якая склалася ў сярэдзіне чацвёртага дзесяцігоддзя XVI стагоддзя, калі магутная і ўладная каралева Бона пачала прыціскаць сем’і гэтых буйных феадалаў, адбіраючы ў іх раней незаконна захопленыя маёнткі вялікага князя, гэтыя кланы кансалідаваліся ў імя “агульнай барацьбы супраць каралевы Боны”. А свой новы альянс замацавалі ў 1536 годзе заручынамі дачкі брата згаданага Мікалая Радзівіла (ужо нябожчыка) Юрыя шаснаццацігадовай Барбары Радзівіл і дваццацідзевяцігадовага сына Альбрэхта Гаштольда Станіслава (ужо на той час Наваградскага ваяводы). Вяселле адбылося ў 1537 годзе. Аднак гэта не азначала, што міжусобная барацьба феадалаў спынілася. Не. Яна толькі “перагрупавалася”.
Больш за ўсё ад гэтага разбою пакутвала дробная шляхта (не гаворачы ўжо пра сялян), таму яны не былі цалкам задаволеныя ПЛС. Тым больш, што буйным феадалам ён дараваў выключнае права, у тым ліку і ў судах. Паны непасрэдна падпарадкоўваліся суду вялікага князя, яны знаходзіліся па-за юрысдыкцыяй маршалковых судоў, хоць іншы раз і звярталіся ў такі суд. Увогуле ПЛС узаконіў самаўладства феадалаў. І што важней за ўсё, ён не вырашыў пытанне, якое найбольш непакоіла дробную і сярэднюю шляхту, – пытанне ўласнасці на зямлю. Паводле ПЛС, землеўладальнікі мелі права па сваёй волі дыспанаваць (прадаць, запісаць, падарыць) толькі 1/3 сваіх зямельных уладанняў. І ўвогуле дыспанаваць свае землеўладанні мелі права толькі з дазволу вялікага князя, а часцей яго чыноўнікаў. Гэта раздражняла шляхту, узбуджала яе незадаволенасць, тым больш, што ва “ўрядах” (цяпер сказалі б – бюракратычным апараце), хоць тады яшчэ і нешматлікіх органах мясцовай улады, было багата валакіты, самаўпраўства, адкрытага вымагання грошай ад шляхцічаў, якія ўладкоўвалі свае справы.
Другі Літоўскі Статут (1566)
Па прычынах, згаданых раней а таксама іншых, ужо ў 1544 годзе, г.зн. амаль праз 15 год, феадалы, а большасцю простая шляхта ВКЛ на Берасцейскім сойме запатрабавалі выправіць Першы Літоўскі Статут ды прыняць новы. Аднак толькі ў 1551 годзе на Віленскім сойме былі зробленыя рэальныя крокі да падрыхтоўкі новага статута: створаная спецыяльная камісія сойма. Дакладных звестак пра склад гэтай камісіі і пачатак яе дзейнасці няма. Адно бясспрэчна ясна, што камісія была створаная на парытэтных пачатках з дзесяці сябраў: пяць каталікоў і пяць праваслаўных, на аснове прызнання іх поўнай роўнасці. Таксама вядома, што працай камісіі кіраваў адзін з самых адукаваных дзеячаў таго часу, Жмудскі біскуп Ян Даманеўскі, што ў яе складзе было шмат вядомых людзей: Віленскі войт Аўгусцін Ратунда, пробашч касцёла св. Яна Пётр Ройзій ды некалькі значных шляхцічаў. Няма таксама сумненняў, што склад камісіі за 15 гадоў змяняўся. Камісія, як і сойм, неаднаразова абмяркоўвалі праект Другога Літоўскага Статута. Яны не проста злёгку падправілі Першы, а па сутнасці падрыхтавалі новы, які ў першай рэдакцыі быў прыняты ў 1564г. на Бельскім сойме. Аднак ён яшчэ цэлы год “узгадняўся”, дапаўняўся, удасканальваўся і канчаткова быў прыняты толькі 21 снежня 1565 года на Віленскім сойме, а пачаў дзейнічаць, паводле адных крыніц, з 26 студзеня, паводле другіх, – з 1 сакавіка 1566 года.
Часта пытаюцца, які з трох Літоўскіх Статутаў найважнейшы. Трэба сказаць, што ўсе тры вельмі важныя. Першы, таму, што быў першым і для свайго часу самым дасканалым, у ім ужо былі сфармуляваныя ўсе асноўныя законы літоўскага права. Трэці – як самы дасканалы ва ўсіх адносінах. Другі быў своеасаблівым парогам паміж дзвюма эпохамі феадальнага грамадства, пераходам ад уладарання, панавання буйных феадалаў, якое было ўзаконена ў ПЛС, да панавання ўсяго шляхецкага саслоўя перш за ўсё з класавага погляду сялян. У другім Статуце ўсім землеўладальнікам, незалежна ад памеру іх землеўладанняў, былі дадзеныя ўсе свабоды і прывілеі, узаконена перамога шляхецкай дэмакратыі.
ДЛС вырашыў асноўнае пытанне, якое найбольш непакоіла простую шляхту, – узаконіў зусім свабоднае дыспанаванне зямельнай уласнасці. Менавіта гэтыя пытанні дыспанавання ўсёй зямлі, уласнасці на яе, якія ўзніклі вельмі даўно, актуальныя, на жаль, і ў нашыя часы. 33 артыкул III раздзела Другога Статута цалкам ўзаконіў гэтае права шляхты, у ім запісана: “Тежъ уставуемъ, ижъ всимъ станомъ шляхецского народу, яко и людемъ вольнымъ вольно, естъ и будетъ именьями своими отчизными, материстыми и якимъ же кольвекъ обычаемъ набытыми шафовати, подле потребы, воли и подобанья своего отдати, продати, даровати, записати въ долгу и въ сумахъ завести, заменяти”. Вядома, землі двароў не абыходзіліся без апрацоўкі і імі карысталіся прыналежныя дварам сяляне. Менавіта тым самым шляхта атрымала неабмежаванае права прадаваць, адпісваць і сялян. Такім чынам, поўная свабода шляхты прывяла да поўнага запрыгоньвання сялян, а Валочная рэформа, здзейсненая ў землеўпарадкаванні, якая адабрала ад сялян землі, якімі яны валодалі здавён, была ўзаконена ў Другім Статуце. У класавым грамадстве інакш і не бывае. Нават і ў нашым грамадстве, як сведчыць гістарычны вопыт, шлях да поўнай дэмакратыі не абыходзіцца без дэфармацый.
Другі Статут пашырыў і асабістую свабоду шляхцічаў як грамадзян ВКЛ. Ужо ў 1 артыкуле Першага Статута (у Другім Статуце ён другі) забаранялася саджаць у астрог агавораных шляхцічаў. У Другім Статуце запісаны вельмі важны спецыяльны 7 артыкул ІІІ раздзела, дзе сцвярджаецца: “Тежъ обецуемъ и вечными часы мети хочем мы Господаръ и потомки наши, ижъ все рыцерство, шляхту Великого князства при вольностяхъ звыклыхъ, которые отъ насъ Господаря и отъ продковъ нашихъ имъ суть даны, будемъ повинни мети заховати и держати. Тежъ кождый шляхтичъ оселый, подле права позваный, непоконаный правомъ, отъ насъ Господара и отъ кождого вряду иманъ и въ везенье сажонъ быти не маеть”. Гэты артыкул, або мовячы па-сучаснаму, закон меў асабліва вялікае значэнне для завяршэння працэсу стварэння прававой феадальнай дзяржавы, калі ўвогуле да эпохі феадалізму дапасуюцца такія дэфініцыі. Аднак таму мы і гаворым пра феномен Літоўскіх Статутаў. На жаль, гэты артыкул вельмі актуальны і для нашага грамадства. Калі б нашыя следчыя органы не мелі б права да суда, да вырашэння суда саджаць тых, хто знаходзіцца пад следствам, у турму (за выключэннем затрыманых на месцы злачынства – тое прадугледзеў і Статут), тады сапраўды мы маглі б пазбегнуць грубейшага самаўпраўства ў адносінах да тысяч нявінных людзей. Глыбока перакананы, калі законы не забароняць следчым органам саджаць у вязніцу тых, хто знаходзіцца пад следствам, да суда (за выключэннем згаданага выпадку), ніякая прэзумпцыя невінаватасці не засцеражэ іх ад “памылак”, а грамадзян ад самаўпраўства, і сапраўднай прававой дзяржавы мы не створым.
Аднак звернемся да Другога Статута. У ім з’явіліся і іншыя новыя артыкулы, якія пашырылі правы шляхцічаў, далі ім шмат магчымасцей прымаць удзел у абмеркаванні дзяржаўных спраў. Шляхта шырэй і значна больш актыўна прымала ўдзел у абмеркаванні і прыняцці Другога Статута. Шляхцічы атрымалі права патрабаваць, калі надарыцца неабходнасць, склікаць сойм (6 артыкул III раздзела) і т.д. Такім чынам, можна сцвярджаць, што ДЛС узаконіў поўную і вельмі шырокую шляхецкую дэмакратыю, хоць вельмі вопытныя і прадбачлівыя палітыкі – паны-вяльможы – і супраціўляліся таму, бо рэальна ўзнікала пытанне, ці зможа колькасна значнае саслоўе шляхты, якое было мала спрактыкаванае ў палітыцы, асцярожна і памяркоўна карыстацца гэтымі свабодамі, як далёка яно пойдзе шляхам феадальнай дэмакратыі, ці не загубіць самой дзяржавы? Прадчуванні, сумненні не былі дарэмнымі, ўрэшце ж так і здарылася. Шляхта ВКЛ, стварыўшы прававую феадальную дзяржаву, з-за свайго класавага эгаізму, калі на практыцы дзейнічала феадальнае “кулачнае права”, не змагла выкарыстаць плён законаў Другога Статута. І ўсё ж ва ўмовах “кулачнага права”, усеагульнага прымусу і самаўпраўства законы, прадэклараваныя ў артыкулах ДЛС, былі выключна прагрэсіўнымі.
Трэці Літоўскі Статут (1588)
Трэці Статут, як ужо згадана, праходзіў кадыфікацыю амаль 20 гадоў. Аднак рэдакцыйныя праўкі, унесеныя ў яго, у параўнанні з Другім не былі такімі істотнымі, як, напрыклад, у Другім Статуце ў параўнанні з Першым. У ТЛС засталіся тыя самыя ХIV раздзелаў і прыблізна тое ж самае іх размеркаванне па розных галінах права, хаця агульная колькасць артыкулаў значна ўзрасла: ад 361 у ДЛС да 487 у Трэцім, вырас аб’ём асобных артыкулаў. Як бы гэта ні дзіўна, аднак пэўных дакументаў пра кадыфікатараў ТЛС няма. Можна толькі меркаваць, так ў сапраўднасці і было (з гэтым пагаджаюцца ўсе даследчыкі Статута), што ТЛС, як і два першыя, кадыфікавалі супрацоўнікі канцылярыі вялікага князя пад кіраўніцтвам канцлераў Мікалая Радзівіла Рудога і яго пераемніка Астафея Валовіча і падканцлераў Крыштафа Радзівіла ды Льва Сапегі, які закончыў гэтую працу і, па-сапраўднаму, унёс у яе важкі даробак (гл. мал. 9, 10, 11).
У адрозненне ад кадыфікавання ДЛС (не гаворачы ўжо пра Першы) ва ўдакладненні, рэдагаванні, удасканальванні яго, у падрыхтоўцы на той аснове Трэцяга Статута з самага пачатку актыўна ўдзельнічалі павятовыя шляхцічы, якія збіраліся ў 70-я гады ХVI стагоддзя на павятовыя сеймікі. У той час ужо цалкам усталявалася шляхецкая дэмакратыя, і шэраговыя шляхцічы ў палітычным жыцці маглі праявіць сябе асабліва актыўна. Яны як мага больш жадалі засцерагчы сябе на законнай аснове ад самаўпраўства паноў-вяльмож, да дробязей рэгламентаваць і ўзаконіць адносіны ўнутры класа феадалаў, зацвердзіць усе свае правы. Праз некалькі гадоў пасля прыняцця ТЛС, характарызуючы ў адным з лістоў гэтую незвычайную актыўнасць шляхты, праяўленую падчас падрыхтоўкі і рэдагавання Статута, Леў Сапега зазначаў: “Іншым разам самі не ведаюць, чаго жадаюць. Калі пытаюся, чаго хочуць, каб было запісана, то адказваюць: сам не ведаю, як выказаць тое, пра што думаю. Ах, д’яблы цябе б узялі, калі б я змог зразумець тваю фантазію, калі ты сам не здольны выказацца”. Такім чынам, кадыфікатарам ТЛС нялёгка было канчаткова завяршыць падрыхтоўку гэтага зводу законаў, задаволіць ва ўмовах поўнай шляхецкай дэмакратыі пажаданні ўсіх слаёў і груповак феадалаў ВКЛ, тым больш, што ўсё гэта прадузята бачылі і заахвочвалі феадалы “федэратыўнай” Польшчы, яе ўладныя вярхі. І ўсё ж мэта была дасягнута: 28 студзеня 1588 года кароль Польшчы і вялікі князь Літвы Жыгімонт Ваза зацвердзіў Трэці Статут.
У 1988 годзе нядрэнна адзначылі 400-гадовы юбілей ТЛС. З’явілася нямала артыкулаў у перыядычным друку, тэлевізійных перадач, была арганізаваная прысвечаная гэтай гістарычнай падзеі міжнародная навуковая канферэнцыя, на якой адбыліся плённыя дыскусіі. Сярод гісторыкаў было і, трэба зазначыць, зараз існуе вельмі шмат адрозных меркаванняў пра ўзаемаадносіны Першага, Другога і Трэцяга Статутаў. Ці лічыць іх усе рознымі рэдакцыямі аднаго і таго ж зводу законаў, ці асобнымі прававымі кодэксамі? Мяркую, што гэта ўсё ж асобныя кодэксы, розныя зводы законаў, якія былі народжаныя рознымі гістарычнымі эпохамі (асабліва адрозны Трэці ад Першага). Вышэй вельмі падрабязна ахарактарызаваныя ўмовы і прычыны з’яўлення Першага Статута, якія абумовілі яго дасканаласць, своеасаблівую фенаменальнасць у феадальным праве. Усё гэта яшчэ болей характэрна ў адносінах да ТЛС.
Па-першае, калі ПЛС ад судзебнікаў дзяржаў феадальнай Еўропы і Расіі аддзяляла сотня, а ад асобных і некалькі сотняў гадоў, то Трэці Статут быў кадыфікаваны і прыняты з інтэрвалам толькі ў 60 гадоў. Такім чынам, ён з’яўляецца помнікам больш позняга феадальнага права: яго кадыфікатыры маглі выкарыстаць і выкарысталі той прагрэс юрыдычнай думкі ды культуры, які быў дасягнуты ў гэты час.
Па-другое, праз тыя 60 гадоў значна ўдасканалілася і згаданая афіцыйная канцылярская мова ВКЛ, атрымаўшы, па сутнасці, статус дзяржаўнай мовы.
Па-трэцяе, можна сцвярджаць, што шляхецкая дэмакратыя дасягнула свайго найвышэйшага ўзроўню. Як ужо згадана, пасля рэформ 70-х гадоў і прыняцця ДЛС значна актывізавалася ўсё феадальнае грамадства. У палітычнае жыццё, палітычную дзейнасць уцягнулася нават дробная шляхта.
Па-чацвёртае, калі Першы Статут быў кадыфікаваны і прыняты тады, як у ВКЛ толькі патыхнула першымі гаючымі вятрамі Ренесанса і Рэфармацыі, то Трэці Статут праходзіў кадыфікацыю ўсе 20 гадоў, калі рэфармацыйны рух непасрэдна распачаўся ўжо ва ўсім Вялікім княстве Літоўскім. Праўда, тут рэфармацыйны рух не быў ні такім моцным, ні такім радыкальным, як у Нямеччыне або ў некаторых іншых краінах Еўропы.
Пры згаданых абставінах у ВКЛ актыўна ўдзельнічалі ў Рэфармацыі і нават кіравалі ёю паны-магнаты на чале з самім канцлерам Мікалаем Радзівілам Чорным, а пазней Мікалаем Радзівілам Рудым (які пасля смерці першага стаў канцлерам), а таму нашыя гісторыкі Рэфармацыю ў ВКЛ называюць панскай. І ўсё ж гэта быў прагрэсіўны рух, які зрабіў свой адбітак і на Трэцім Статуце. Евангельскае вучэнне, на якое абапіраліся гуманісты, што змагаліся за Рэфармацыю таксама і ў Літве, абавязала кадыфікатараў (насуперак іх жаданням) унесці ў яго нямала прагрэсіўных нормаў, а асобныя з іх нават і змякчыць.
Па згаданых прычынах кадыфікатары, напрыклад, так ці інакш змянілі свае погляды і на “простага чалавека”, г. зн. на селяніна. Тут не абмежаваліся толькі агульнай дэкларацыяй пра абдорванне “хрысціянскімі законамі” “ўсяго шляхецкага саслоўя і яго падданых”, што было запісана ва ўступе да Першага Статута, а ўвялі і спецыяльны 1 артыкул ХII раздзела, паводле якога феадал за наўмыснае забойства селяніна не мог адкупіцца толькі грашовым штрафам, а прыцягваўся да крымінальнай адказнасці. У артыкуле гаворыцца: “Повстегаючи, мы, господар, своволенства и зуфалства людские, которые што от часу в людех неповстегливых без всякое боязни Божое оказуть, с чого и кровь невинную людскую невстыдливе и невинне, в надею заплаты за нее пенежное, розливають <…>, уставуем: если бы который шляхтич з зуфалства, з опилства и без данья причины своволне, умысльне, легце поважаючи право посполитое (…), чоловека простого стану, не шляхтича, забил, а был бы пойман заразом на горячом учинку <…>, таковый шляхтич за слушным доводом маеть быти горлом каран (г.зн. смяротным пакараннем праз шыбеніцу – С.Л.) кром головщизны”. Вядома, “злавіць” феадала на месцы злачынства не так ужо і лёгка: хто ж “зловіць” феадала на яго ўладаннях? І ўсё ж такі гэта ўжо быў закон.
Першы Статут, абмяжоўваючы рабства (няволю), яскрава вызначыў яго інстытуты і крыніцы. Трэці Статут у гэтым напрамку пакрочыў далей. Замест чатырох прычын няволі ў Першым і трох – у Другім, Трэці Статут пакінуў толькі адну – ваенны палон, і то з выключэннямі. У 21 артыкуле ХII раздзела запісана: “Невольники наперед не мають быти з инших причин, одно полоненики, а иншая челядь невольная и теж дети, потомки полонеников мають быти осаживаны на землях и разумены быти за отчичов (прыгонных – С.Л.)”. Тут варта было б зазначыць, якім бы цяжкім ні быў лёс прыгоннага, але ў сацыяльнай класавай іерархіі феадальнага грамадства ён быў на адну прыступку вышэй за нявольніка. Трэці Статут у спецыяльным 36 артыкуле ХIV раздзела нават выкрасліў саму назву “нявольнік”, наказаўшы нявольнікаў у будучым называць “дворная челядь”. У артыкуле суровае пакаранне вызначалася для тых, хто знявольваў непаўналетніх.
Усе тры Статуты, як ужо згадвалася, у адрозненне ад большасці феадальных судзебнікаў, з’яўляюцца чыста свецкімі. У іх імя Боскае ўжываецца толькі ў этычным сэнсе гутарковай мовы. Аднак кадыфікатары ТЛС і тут зрабілі яшчэ адзін крок наперад. Ужо ў прадмове да ТЛС адзін з яго кадыфікатараў і выдаўцоў, памянёны Леў Сапега, усебакова ўхваляючы гэты звод законаў і абапіраючыся на Арыстоцеля, сцвярджаў, што “…а где опять право або Статут гору маеть, там сам Бог всим владнеть”, тым самым збліжаючы імя Боскае са Статутам або ўздымаючы апошні нават вышэй. У сам Статут кадыфікатары ўнеслі дапоўненыя артыкулы, у якіх узаконілі несапраўднасць вырашэння свецкімі асобамі цывільных спраў і спрэчак у царкоўных судах. Такіх артыкулаў налічваецца нават чатыры (31–34 ў III раздзеле). У 14 артыкуле IX раздзела, дзе ўказваецца, хто можа быць сведкам у справах наконт зямлі, прапушчаны надзвычай значны сказ, які быў у 5 артыкуле адпаведнага VIII раздзела: “А веджо и межи тыми хрестьяны (могуць быць сведкамі. – С.Л.), которые бы на кождый год в плебанов або попов своих на их споведи бывали и божье тело приймовали…”. Ужо ПЛС дакляраваў поўную роўнасць грамадзян ВКЛ “як лацінскага, так і грэчаскага веравызнання” перад законам. ТЛС, падрыхтаваны ў час Рэфармацыі і распачатай неўзабаве Контррэфармацыяй барацьбы з ёю, і ў гэтай галіне папоўніўся новым артыкулам III раздзела “О захованью в покою всих подданых наших, обывателей того паньства з стороны розного розуменья и уживанья набоженства хрестияньского”, у якім прызнаная роўнасць і згода ўвогуле ўсіх – “што па-рознаму разумеюць і спавядаюць хрысціянскую” веру. Тут кадыфікатары ТЛС мелі на ўвазе, акрамя “лацінскай і грэцкай” веры, таксама і рэфарматаў розных напрамкаў. ТЛС некалькі абмежаваў прывілеі іезуітаў, што прыбылі ў ВКЛ, якія ім былі дадзены паводле заключанага толькі за некалькі год перад гэтым пагаднення 1584 года. Не дарэмна канонік (пазней Віленскі біскуп) Бенядзікт Война ад імя ўсяго каталіцкага духавенства ВКЛ 8 лютага 1588 года, г.зн. праз дзесяць дзён пасля зацвярджэння Трэцяга Статута, з-за гэтага і некаторых іншых яго артыкулаў заявіў пісьмовы пратэст каралю і вялікаму князю Літоўскаму Жыгімонту Трэцяму.
ТЛС некалькі рушыў наперад і ў сэнсе дэмакратызацыі становішча жанчын. 20 артыкул, які ўпершыню ўведзены у III раздзел, апрабаваў і тым самым узаконіў шлюб шляхціча з дзяўчынай нешляхецкага паходжання, дазволіўшы ёй і яе будучым дзецям атрымаць шляхецтва.
Акрамя гэтага, ТЛС адлюстраваў і некаторыя “навацыі” свайго часу, якія ў пару падрыхтоўкі Першага Статута ў Літве, відавочна, яшчэ не былі распаўсюджанымі. Так, у ХI раздзеле з’явіўся 14 артыкул пра паядынкі (дуэлі) і іх забарону.
ТЛС да дробязей абумовіў правы і прывілеі шляхты. Ён, надалей абмяжоўваючы ўладу вялікага князя і ўвогуле цэнтральную ўладу, усебакова вырашыў асноўнае пытанне шматгадовай барацьбы землеўладальнікаў і іх запатрабаванняў – без ведама вялікага князя і яго чыноўнікаў свабодна распараджацца сваімі землеўладаннямі: купляць, прадаваць, аддаваць у заклад, у пазыку і г.д.
Больш чым у тры разы павялічыўся суадносна з Першым і аб’ём Трэцяга Статута. Калі ў Першым, як ужо адназначана, было ХIII раздзелаў і 243 артыкулы, то ў Трэцім Статуце – ХIV раздзелаў з 487 артыкуламі. Акрамя гэтага, некаторыя яго артыкулы былі значна павялічаныя, дэталізаваныя падрабязнасцямі прававых нормаў. Напрыклад, у VII раздзеле Першага Статута 14 артыкул, дзе вызначалася пакаранне смерцю за забойства бацькі або маці, – адзін кароткі сказ: “Уставляем тэж, иж коли бы хто отца своего рожоного або матку забил, тож горло и честь свою тратить”. Між іншым адпаведны яму 7 артыкул ХI раздзела ў Трэцім Статуце займае больш за паўстаронкі. У ім дадаткова вызначана, што скарб такога забойцы перадаецца “на иншую братью, сестры або близких своих, звлаща того учинку невинных”. Гэтага яшчэ недастаткова, у артыкуле падрабязна вызначана правядзенне працэдуры пакарання смерцю: “А такою карностью, смертью ганебною маеть каран быти: по рынку возечи, клещами тело трогати, а потом в мех скуреный всадивши до него пса, кура, ужа, котку и тое все посполу, в мех всадивши, и зашить, и где наглубей до воды утопити”. Таксама павінны быць пакаранымі і яго хаўруснікі, калі такія знойдуцца. Акрамя гэтага, у артыкуле прадугледжана і яшчэ адна норма, якой няма ў Першым Статуце. Вызначана кара бацькам за забойства дзіцяці, яна параўнальна малая – год і шэсць тыдняў зняволення, а пасля яго яшчэ розныя царкоўныя пакаранні – “пакуты”. Зразумела, што такая жортсткая і ганебная працэдура пакарання забойцаў бацькоў з’яўляецца рэліктам звычаёвага права, таксама як і адсячэнне ступняў злодзеям (9 артыкул ХIV раздзела) і роля сельскай абшчыны ў гэтым працэсе. Да гэтай пары сярод даследчыкаў пануюць розныя думкі наконт таго, чаму ў ТЛС з’явіліся гэтыя рэлікты звычаёвага права, якіх няма ў Першым. Ці тут адраджэнне некалькі забытых нормаў звычаёвага права, ці “памкненне” бязмежнай шляхецкай дэмакратыі? Верагодней за ўсё і тое, і другое. У згаданых 487 артыкулах ХIV раздзелаў ТЛС падрабязней, значна шырэй і дэталёвей, чымсьці ў Першым і Другім, абмеркаваныя і зацверджаныя ўсе разнастайныя нормы права дзяржаўнага, ваеннага, грамадзянскага, крымінальнага і працэсуальнага, сямейнага, апякунскага, зямельнага, як і другіх прававых галін. У Трэцім Статуце з’яўляецца нават артыкул, які, паводле сучасных уяўленняў, вызначае “правілы руху”. Напрыклад, у 32 артыкуле IX раздзела запісана: “Уставуем, иж дороги, великие гостинцы мають быти водле стародавного обычаю так широкие, абы на полтора прута быти могли. А воз порожний маеть уступовати возу наложоному, пеший – езному, езный – возу. А то если бы тесная дорога была, яко на мостех и в инших злых разех, а часу зимнего, гды снег бываеть великий мають, поткавшиеся, дорогу по половицы делити, а один другого спихивати не маеть”. Цікавей за ўсё тут тое, што закон не згадвае пра саслоўі. Паводле артыкула трэба было б, каб конны шляхціч уступаў дарогу селяніну з возам, хаця, як вядома, нават з мастацкай літаратуры, і шляхцічы не надта ўступалі дарогу адзін другому. У ТЛС з’явілася і шмат іншых падобных артыкулаў. Шляхта на сваіх павятовых сейміках патрабавала як падрабязней запісаць усе яе правы і прывілеі.
Ужо ў першай трэці XIX стагоддзя прафесары старажытнага Віленскага універсітэта І.Даніловіч, Я.Лялевель і Я.Ярашэвіч зазначылі, што Літоўскі Статут з’яўляецца люстрам сваёй эпохі, гэта сказана ў пераважнасці пра Трэці. У ім адлюстраваныя грамадскія, палітычныя, эканамічныя і нават паўсядзённыя побытавыя адносіны, стан гаспадаркі шляхцічаў і сялян, літоўскія, беларускія, украінскія народныя звычаі і культура, ужо не кажучы пра прававыя нормы. Напрыклад, параўноўваючы адпаведныя артыкулы Першага і Другога Статутаў нават па такіх, здавалася б, дробязных пытаннях, як кошт паляўнічых сабак, можна рабіць адпаведныя меркаванні пра змены ў феадальнай гаспадарцы, што адбыліся за прайшоўшыя 60 гадоў. У 12 артыкуле ХII раздзела Першага Статута за сабаку, ганчака-следапыта або звярынага загоншчыка, вызначана цана 12 коп грошай, г.зн. 7 рублёў 20 грошай. У 12 артыкуле ХIII раздзела Трэцяга Статута – толькі 3 рублі, за медзялянскага сабаку – 12 рублёў і адпаведна 3 рублі і г.д. Вядома, можна падумаць, што праз 60 гадоў усё патаннела, аднак не – шмат што стала даражэйшым, праўда, не ў такіх маштабах і тэмпах, як у нашыя часы, але ўсё ж такі вырасла так ці інакш у цане. Напрыклад, жарабец пана і земяніна паводле 1 артыкула ХII раздзела Першага Статута каштаваў 5 коп грошай, а паводле 1 артыкула ХIII раздзела Трэцяга Статута ужо 8 коп грошай, кабыла адпаведна 3 капы і 4 капы грошай і г.д. Якую выснову гісторык можа зрабіць з гэтай змены цэнаў? Што ў тыя 60 гадоў у ВКЛ шпарчэй развіліся земляробства і жывёлагадоўля, у феадальнай гаспадарцы зменшылася эканамічная вага палявання.
Некаторыя іншыя артыкулы Трэцяга Статута сведчаць пра павелічэнне ролі гандлю. Напрыклад, 31 артыкул I раздзела абавязвае ўсіх землеўладальнікаў у сваіх землях пачысціць прыгодныя для судаходства рэкі, каб па іх можна было б перавозіць тавары на суднах і плытах. 30 артыкул таго ж самага раздзела забараняе браць мытнае з шляхты за тавары з яе гаспадаркі: “…князем, паном радом, духовным и светским, шляхте в том паньстве нашом (ВКЛ – С.Л.) даем тую вольность на водах, на дорогах, то есть сухим путем и воденым, на торгох и на мостех, так поименьях, наших яко и по их властным (князёў і паноў), спущати, провадити и продавати добровольне з их властных гумен кождому его роботы правдивое его збожье, а не купленое, от того не маеть быти мыто давано”.
Артыкулы Статута, мовячы па-сучаснаму, не абыякавыя і да спраў экалагічных. У іх прадугледжаныя вялікія штрафы і нават кара за забойства дзікага звера ў чужым лесе, напрыклад, за зубра – 12 рублёў, за лася, аленя, казулю – 6 рублёў, за дзікіх каня або кабылу – 3 рублёў і г.д. (2 артыкул Х раздзела). Асабліва караюцца вынішчальнікі дуплістых дрэў ды злодзеі пчаліных вулляў з мёдам. Кожны такі злодзей, захоплены на месцы злачынства, “павінен быць пакараны горлам”, г.зн. смярцю (14 артыкул X раздзела). Вядома, што ў гэтым выпадку Статут перш за ўсё рупіўся пра скарб феадалаў, але тым самым пэўным чынам аберагалася і сама прырода.
Трэці Статут меў вельмі вялікае значэнне, узаконіўшы далейшую дзяржаўную самастойнасць ВКЛ. Хаця ў ім, як і ў кожным дзяржаўным судзебніку або канстытуцыі, вызначаны толькі ўнутраныя справы дзяржавы і не гаворыцца пра ўзаемаадносіны з суседзямі. Аднак замоўчванне гэтага пасля Люблінскай уніі 1569 года было шматсэнсоўным і шмат значыла для яе сучаснікаў. Тут няма магчымасці некалькі шырэй абмеркаваць Люблінскую унію, прыходзіцца толькі нагадаць, што ў яе часы была адарвана частка тэрыторыі ВКЛ, а агульны сойм прыняў пастанову наконт уніфікацыі законаў ВКЛ з польскім правам (прыраўнанне законаў ВКЛ да польскага права). Кадыфікатары Трэцяга Статута поўнасцю ігнаравалі гэтую пастанову Люблінскага сойма. Статут быў кадыфікаваны як зусім самастойны звод законаў ВКЛ і напісаны, як сказана, афіцыйнай мовай ВКЛ. У Статуце захаваліся ўсе артыкулы, па сутнасці накіраваныя супраць спроб польскіх паноў укараніцца ў ВКЛ. У гэтых артыкулах польскім феадалам, як і другім чужынцам, забаранялася набываць двары і займаць якія-небудзь пасады. Такім чынам, прыняцце Трэцяга Статута мела вялізарнае значэнне для Літвы, Беларусі і Украіны ў іх будучай гісторыі. Ён хоць і не спыніў паланізацыі, асабліва паланізацыі шляхты і царквы, аднак стаў важнейшай заканадаўчай апорай у гістарычнай барацьбе супраць гэтага працэсу.
Трэці Статут, у адрозненне ад Другога і Першага, якія не былі надрукаваныя, у 1588 годзе, паводле прывілею, які быў прадастаўлены каралём Льву Сапегу, пабачыў свет у Вільні ў друкарні братоў Мамонічаў і стаў асноўным зводам законаў ВКЛ. У зводзе, як ужо адзначалі, не толькі нашмат шырэй і падрабязней былі сфармуляраваныя ўсе юрыдычныя нормы, але і заўважна больш дакладна выяўленыя дзяржаўныя, прававыя ідэі свайго часу, заснаваныя на ідэалогіі гуманізму і рацыяналізму. У гэтым сэнсе Трэці Статут – дзіця апошніх.
Дзякуючы ўсім гэтым адметнасцям, ён не толькі 250 гадоў (да 1840 года) дзейнічаў на тэрыторыі ВКЛ, але і зрабіў вялікі ўплыў на юрысдыкцыю суседніх дзяржаў. Як дапаможная юрыдычная крыніца выкарыстоўваўся ў судах Польшчы, з яго шмат чаго запазычылі кадыфікатары рускага дзяржаўнага судзебніка – “Соборного Уложения” (1649). ТЛС быў перакладзены на польскую мову і выдадзены нават сем разоў (у 1614, 1619, 1648, 1693, 1744, 1786 і 1819 гадах). На рускую мову першы раз быў перакладзены пры падрыхтоўцы “Соборного Уложения”, другі – у 1811 годзе і выдадзены. Таксама быў перакладзены на нямецкую мову. На жаль, да гэтага часу не перакладзены на літоўскую мову.
Аднак, як ужо згадвалася, нельга Літоўскі Статут, і канкрэтней Трэці, ідэалізаваць, тым больш “літовіць” (ён гістарычны помнік некалькіх народаў). Гэта быў судзебнік сваёй эпохі, феадальнага ладу. Ён узаконьваў роўнасць сярод роўных (аднак пераважна тэарэтычна) і няроўнасць сярод няроўных, г.зн. паміж шляхтай і сялянамі, і не толькі ў тэорыі, але і на практыцы, узаконіў у ВКЛ прыгоннае права, самую жорсткую форму феадальнай эксплуатацыі. Саслоўе шляхты, якое складала ледзь 5–6 % усіх жыхароў, сапраўды, як у ніводнай феадальнай дзяржаве, дасягнула вышэйшай ступені дэмакратыі, што вельмі адчувальна абмежавала прэрагатывы цэнтральнай улады. У такіх умовах гэтая “дэмакртатыя” ўсё больш ператваралася ў анархію і хаос. Нездарма, з цягам часу ўсталяваўся крылаты выраз “Polska nieżądem stoi” (“Польшча моцная не ўладай”). Гэта поўнасцю адпавядала і палітычнаму жыццю паланізаванай шляхты Літвы. Магутныя магнаты цалкам грэбавалі запісанымі ў Трэцім Статуце законамі, не выконвалі судовых рашэнняў і нават самі распараджаліся прысудамі. На практыцы працягвалася панаванне “кулачнага права”. Гэта адзначалі і сучаснікі Літоўскіх Статутаў. Напрыклад, М.Ліцвін пісаў, што “незаможны чалавек (зразумела, шляхціч. – С.Л.), жадаючы заклікаць да справядлівасці якога-небудзь вяльможу, і за велізарнейшыя грошы не знаходзіць сабе адваката”. Хоць Статут строга забараняў гвалт і рабаўніцтва адных феадалаў супраць другіх, гэта не дапамагала. Пасля прыняцця Трэцяга Статута ўсобіцы яшчэ больш узмацніліся, а ў канцы XVII стагоддзя асобныя з іх ператвараліся ў сапраўдныя войны. Адну з такіх, якая завяршылася “гучнай” сутычкай каля Валькінінкаў паміж групай феадалаў на чале з Казімірам Сапегам, вялікім гетманам Літоўскім і Віленскім ваяводам, і другой, якой кіраваў магнат Агінскі, цудоўна адлюстраваў Б.Сруога ў гістарычнай драме “Казімір Сапега”. А менавіта ў такіх войнах, як і міжусобнай княжацкай барацьбе, біліся не толькі Сапегі ці іх сыны і шляхцічы, у пераважнасці ад такіх сутычак пакутавалі сяляне, вынішчалася ўся краіна.
І ўсё ж, дзякуючы ўсім раней згаданым станоўчым адметнасцям, прыняцце Трэцяга Літоўскага Статута, як і двух першых, – значная прагрэсіўная справа. І народы, якія стварылі яшчэ ў феадальную эпоху такі помнік прававой і грамадскай думкі, пісьменства і культуры, маюць падставы гэтым ганарыцца.
Пераклаў з літоўскай мовы
Віктар ЛЮКЕВІЧ
© МТ “Брама”, 2001
* © Stanislovas LAZUTKA. Lietuvos Statutai (1529, 1566, 1588), jų kūrėjai ir epocha. Kaunas, 1994.
Літаратура
Lazutka S. Leonas Sapiega: (Gyvenimas, valstybinė veikla, politinės ir filosofinės pažiūros). Vilnius, 1998.
Pirmasis Lietuvos Statutas (1529). Vilnius, 2001.
Первый Литовский Статут: Палеографический и текстологический анализ списков. Вильнюс, 1983.
Первый Литовский Статут: Тексты на старобелорусском, латинском и старопольском языках. Вильнюс, 1991.
Первый Литовский Статут: Факсимиле Дзялыньского, Лаврентьевского и Ольшевского списков. Вильнюс, 1985.
Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Магілёўскага Таварыства БРАМА
|