|
СТАРАЗАПАВЕТНАЯ ВОБРАЗНАСЦЬ У ГЕРАЛЬДЫЧНАЙ ТРАДЫЦЫІ РЭЧЫ ПАСПАЛІТАЙ*
Сяргей ДАНІЛЕНКА
(Магілёў)
Непасрэдна з часу свайго паўстання ў ХІХ стагоддзі ў якасці дапаможнай гістарычнай дысцыліны геральдыка перш за ўсё засяродзіла сваю ўвагу на вонкавым аспекце функцыянавання гербавага знака, цесна звязаным з пытаннямі генеалогіі. Іншымі словамі, гісторыка-геральдыста непасрэдна цікавіла: хто і калі мог ужываць дадзены герб. З другога боку, яго ў апошнюю чаргу хвалявалі тыя крытэрыі, якімі кіраваўся сярэднявечны рыцар пры абранні сабе канкрэтнай гербавай эмблемы: сабакі, льва, чорнага дразда, зайца ці інш. А між тым, менавіта яна, намаляваная на баявой тарчы, прымала ўдар варожай зброі. І ў гэтых варунках якім было яе асноўнае прызначэнне? Магічная абарона гербаўладальніка ад цялеснай смерці? А можа яна павінна была абараняць ад жахаў пекла яго несмяротную душу, што мусіла ўсё ж калісьці, рана ці позна, прадстаць перад Судом Божым?
Гісторыкі-геральдысты лічылі, што гербавая эмблема павінна была служыць пэўным падабенствам парадкавай лічбы, адрозніваючы свайго гаспадара ад шэрага яму падобных. Падобны падыход перадвызначыў тое, што, па словах аднаго з польскіх геральдыстаў ХІХ стагоддзя, польская “геральдыка не адрозніваецца ад замежнай у тым сэнсе, што і ў апошняй сімволіка знакаў ужо з’яўляецца іерагліфічным пісьмом, для нас цалкам незразумелым” (Mieroszowski 1887: 67). І за наступныя гады сітуацыя карэнным чынам не змянілася.
Разам з тым, неабходна ўлічваць, што герб per se стаўся адным з найбольш арганічных прадуктаў феадальнай ідэалогіі каталіцкага Захаду. Любая ідэалогія скіравана перш за ўсё на тое, каб кампенсаваць трагічную несамадастатковасць чалавека як сацыяльнай істоты, што ўсведамляе прынцыповую канечнасць свайго біялагічнага існавання.
Пераадоленне гэтай канечнасці ўсведамлялася першапачаткова ў метафарах паўторнага нараджэння з матчынага ўлоння. Аднак гэтаму паўторнаму нараджэнню павінна была папярэднічаць смерць, бо без смерці немагчымае адраджэнне, бо смерць даруе жыццё вечнае. На гэтым засноўвалася вобразнасць найбольш архаічных культаў матрылінейных супольнасцяў, дзе ўсеўладна панавала месяцовая Вялікая Багіня, багіня-маці, Ражаніца, якая лічылася несмяротнай, нязменнай і ўсемагутнай. З яе невычэрпнага ўлоння было народжанае ўсё жывое, і тыя, хто паміраў дзеля яе на скрываўленым ахвярніку ці на полі бою, нараджаліся ёю зноў для жыцця вечнага ў нябёснай краіне. У першую чаргу падобны лёс чакаў сонечных цароў-жрацоў, якія заручаліся з ражаніцай рытуальным шлюбам, панавалі пэўны тэрмін, а потым прыносіліся ёй у ахвяру дзеля забеспячэння дабрабыту свайго соцыума, каб, саступіўшы месца на шлюбным ложы багіні-маці венцаноснаму наступніку, апекавацца сваім народам з багаславёных вышынь. Як адзначаў Карл Юнг, “рэлігійнае мысленне патрабуе, каб маці не называлася больш маткаю, а горадам, крыніцай, морам і г.д. Такое патрабаванне выцякае не інакш, як з патрэбнасці прывесці ў дзеянне запас libido, што тычыцца маці, аднак такім чынам, каб маці замяшчалася сімвалам, альбо, дакладней, хавалася за сімвал” (Юнг 1994: 219). Вынікам падобнага замяшчэння з часам і паўстала хрысціянства, дзе архаічныя містэрыі крыві і спермы былі трансфармаваныя ў містэрыі ладану і міру.
У еўрапейскім Сярэднявеччы несамадастаковасць чалавека як біялагічнай істоты асэнсоўвалася ўжо як яго адарванасць ад Бога. На пераадоленне гэтай адарванасці і былі скіраваныя намаганні ў першую чаргу Маці-Царквы, якая і вяла хрысціяніна да пасмертнага адраджэння, у другую – усіх іншых грамадскіх інстытутаў Сярэднявечча. Названы намі універсальны ментальны комплекс (resp. архетып) не мог не ўвасобіцца ў нейкі універсальны сюжэт. Такім сюжэтам для сярэднявечнай каталіцкай цывілізацыі стаў сэнсавы цэнтр юда-хрысціянства – міф “страчанага Раю” (resp. страчанай несмяротнасці, страчанай маці), які не толькі прынцыпова не супярэчыў старым ідэалагічным пабудовам індаеўрапейскага паганства, але і падмацоўваўся імі, сілкаваўся іх старым сакральным аўтарытэтам і вобразнасцю.
Адпаведна яму, чалавек, выгнаны пасля грэхападзення з Раю, з’яўляецца толькі вандроўнікам на гэтай зямлі. Праведнікаў пасля смерці чакае Царства Божае, “горад Ерусалім <…> падрыхтаваны як нявеста, убраная для мужа свайго” (Адкрыцьцё, 31, 2) – абноўлены старазапаветны Рай. У грахоўным зямным жыцці можна ўбачыць толькі цьмяныя напаміны-прадказанні аб Раі-Царстве Божым, што павінны поўніць сэрца грэшніка надзеяй на ўратаванне. Такім зямным напамінам-прадказаннем пра нябёсны Рай-Царства Божае ў свядомасці чалавека Сярэднявечча часцей за ўсё выступала нацыянальная дзяржава, Радзіма-Маці. Рэальныя зямныя ворагі гэтай дзяржавы адпавядалі д’ябальскім сілам нябёсных сфер, і кожная зямная вайна выступала адпаведнікам нябёснага Армагедону. Смерць жа дзеля Радзімы таксама даравала несмяротнасць, няхай толькі і ў “памяці нашчадкаў”.
Такім чынам, само мысленне чалавека Сярэднявечча ператваралася ў містычны акт, бо ажыццяўлялася сімваламі, калі “кожны матэрыяльны прадмет разглядаўся як выява чагосьці яму адпаведнага ў сферы больш высокага” (Ле Гофф 1992: 307). Мысленне ператваралася ў вечнае адкрыццё схаваных значэнняў, калі кожнае падобнае адкрыццё набліжала чалавека да Бога і вечнага жыцця ў Царстве Божым. Адным з найбольш яскравых пацверджанняў згаданай думкі могуць паслужыць радкі з апакрыфічнага Дабравесця ад Філіпа: “Ісціна не прыйшла ў свет голай, але прыйшла ў сімвалах і вобразах. Ён не атрымае яе па-іншаму. Ёсць адраджэнне і вобраз адраджэння. Патрэбна – сапраўды адрадзіць іх праз вобраз. Што такое ўваскрэсенне? І вобраз праз вобраз паўстае, каб ён уваскрос” (Апокрифы древних христиан 1989: 284).
Герб як адзін з найбольш сакралізаваных атрыбутаў феадальнага грамадства не мог не захаваць у сабе гэтую напружанасць паміж чалавекам і Богам, паміж зямным і нябёсным, паміж функцыянальным і ідэалагічным. Таму амаль кожны герб – гэта адкрыццё схаванага значэння (у ідэале – невычэрпнага), гэта спроба містычнага пераадолення спрадвечнай раз’яднанасці. Таму кожная тарча “старога” рыцарства з радавым гербам – гэта першапачаткова сімвал веры (лац. symbol fidei), сваеасаблівы перанасны алтар, які рыцар гатовы быў ахвярна акрапіць уласнай крывёй і крывёй ворагаў у імя сваіх ідэалаў і перакананняў.
Калі весці размову пра ўплыў на еўрапейскую геральдычную традыцыю біблейскай вобразнасці, перш за ўсё неабходна вызначыцца з тым месцам, якое займалі ў геральдыцы выявы ўласна Бібліі. У класічнай геральдыцы Біблія звычайна малявалася ў выглядзе раскрытага тоўстага фаліянта з пазначаным шрыфтам і скураной вокладкай. Фаліянт заўсёды размяшчаўся такім чынам, што яго вось была павернутая па дыяганалі да гледача. Больш за тое, любая кніга ў гербе блазанавалася як Біблія. Яна магла ўжывацца як адзін з гербавых элементаў на тым месцы, дзе ў рыцарскім гербе змяшчаецца шлем, і тым самым рэпрэзентавала гербаўладальніка як асобу духоўнага стану, прыкладам чаго можа паслужыць герб (1480) віленскага біскупа Андрэя (гл. мал. 1). Аднак найчасцей яе выява аздабляла гербавую тарчу.
Выдатнымі прыкладамі падобнага роду могуць паслужыць шматлікія выявы ў гарадской геральдыцы хрысціянскіх святых кшталту св. Пятра з Бібліяй у руках. Асаблівую цікавасць у гэтых адносінах уяўляе шляхецкі герб Słownik. Паводле апісання гэтага радавога знака, пададзенага ў гербоўніку Збігнева Лешчыца, ён уяўляе сабой выяву мядзведзя ў блакітным полі з раскрытай кнігай (Herby rodów polskich 1990: 300), між тым як у прыведзенай у гэтым жа выданні ілюстрацыі (гл. мал. 2) кніга замест мядзведзя спалучаецца з нейкай неакрэсленай выявай, больш падобнай на дрэва ці пень. Увогуле спалучэнне мядзведзя з Бібліяй, няхай пакуль ў дадзеным выпадку не паслядоўнае, не адзінкавае ў еўрапейскай геральдычнай традыцыі, на карысць чаго сведчыць герб (1783) расейскага горада Перм (заснаванага ў 1723 годзе), у тарчы якога фігуруе срэбраны мядзведзь з залатой кнігай (Бібліяй) на хрыбце пад срэбраным крыжам (гл. мал. 3). Чаму менавіта мядзведзь з’яўляецца “чытачом” і “носьбітам” Бібліі – Слова Божага? Чаму не супадае геральдычная выява і яе апісанне да герба Słownik? Для таго, каб даць адказ на гэтыя пытанні, неабходна зазірнуць у самыя глыбі паганскай архаікі Еўропы, бо новыя хрысціянскія ўяўленні і новая хрысціянская вобразнасць, якую ўспрынялі індаеўрапейцы-неафіты ад сваіх місіянераў, надзвычай часта спалучалася з іх ранейшымі вераваннямі і ўяўленнямі, у выніку чаго паўстаў надзвычай цікавы і складаны сімбіёз дзвюх розных культурных традыцый.
На абшарах Еўропы мядзведзь лічыўся найбольш падобнай да чалавека жывёлай, перш за ўсё на падставе таго, што мядзвежы след надзвычай нагадвае адбітак голай чалавечай ступні. Гэтае падабенства архаічная свядомасць трактавала як указанне на агульнае паходжанне мядзведзя і чалавека альбо іх паходжанне адзін ад другога. Акрамя таго, у індаеўрапейскай міфалагічнай традыцыі мядзведзь вызначаўся выразнымі рысамі гіперсэксуальнасці і нястрыманай мужчынскай патэнцыяй. На гэтым комплексе ўяўленняў і грунтуецца надзвычай пашыраны сярод многіх народаў Еўропы сюжэт аб сувязі мядзведзя з жанчынай, тыпалагічна роднаснай грэцкай Артэмідзе, альбо Артыё (Artio), адной з кельцкіх багінь-маці. Плёнам гэтага сакральнага шлюбу становіцца нараджэнне сына, які вызначаецца надзвычайнай сілай і вайсковымі здольнасцямі (бел. Івашка Мядзведжае Вушка, лат. Лачплесіс, кельц. Артур і інш.), які кладзе пачатак роду волатаў – “цароў-мядзведзяў”. Відавочна, герб Rawicz (укаранаваная панна з узнесенымі ў малітве рукамі, што сядзіць на мядзведзі, а ў нашлемніку паясная выява мядзведзя між алянёвых рагоў з ружай у лапах) – (гл. мал. 4) і ілюстраваў першапачаткова падобную гісторыю, якая толькі пазней трансфармавалася ў больш “цнатлівы” сюжэт, адлюстраваны ў прыналежным гербу паданні, паводле якога ангельскі кароль аддаў сваю сястру на разарванне дзікаму мядзведзю, каб не дзяліць з ёй бацькаву спадчыну. Аднак страшэнны звер не толькі не забіў дзяўчыну, але пачаў лізаць ёй ногі. Пасля гэтага кароль вымушаны быў выдзеліць каралеўне пасаг і выдаць яе замуж (Niesiecki 1839–1845: VIII: 97).
Магчыма, падобным радавым паданнем можна патлумачыць з’яўленне ў свой час выявы мядзведзя ў гербе Альберта (Альбрэхта) І Мядзведзя з дынастыі Асканцыяў (1100–1170) – і першага маркграфа Брандэнбургскай маркі са сталіцай у Берліне – горадзе Мядзведзя. Менавіта ў гонар Альберта І на гербе Берліна і гербах вялікага шэрагу іншых гарадоў былога маркграфства фігуруюць выявы мядзведзя, яго галавы і лап.
Агульным месцам архаічных магічных практык аграрных соцыумаў было перыядычнае ахвярапрынашэнне састарэлага цара-жраца ў гонар багіні-маці, каб яго месца побач з ёй змог заняць малады дужы наступнік-таніст (новая іпастась таго ж несмяротнага цара-жраца), здольны далей спрыяць дабрабыту свайго племені. І ў гэтым кантэксце надзвычай паказальнымі з’яўляюцца звесткі аб ахвярапрынашэннях Артэмідзе (якая, напрыклад, у Аркадзіі і сама захоўвала выразныя рысы мядзведзіцы) прыручаных мядзведзяў, што жылі пры яе храме і лічыліся яе “супругамі”. Своеасаблівы рэфрэн да гэтай рытуальнай схемы можна заўважыць у куртуазнай паэме Гіёма дэ Палерна, напісанай ужо ў канцы ХІІ стагоддзя, дзе палюбоўнікі ператвараюцца ў белых мядзведзяў (Мифы народов мира 1991: II: 130). Магчыма, менавіта матыў з гэтай паэмы лёг у аснову вобразнасці шляхецкага герба Lichtfus (гл. мал. 5), у чорнай тарчы якога фігуруе галава белага мядзведзя, а ў нашлемніку – паясная выява гэтага ж мядзведзя, які трымае ў сваіх лапах вянок (магчыма, шлюбны – ?), што набліжае яго да мядзведзя з нашлемніка герба Rawicz, які трымае ў лапе кветку. У гэтым выпадку герб Lichtfus мае акрэсленую куртуазную семантыку – адданасць Прыгожай Даме і ахвярнае служэнне ёй. Аднак з той жа доляй верагоднасці можна меркаваць, што вобразнасць радавога знака Lichtfus мае свае вытокі непасрэдна ў надзвычай старажытных магічных практыках ахвярапрынашэнняў цароў-мядзведзяў у гонар багіні-маці, што павінна было ў перспектыве дараваць ім несмяротнасць. Тады герб Lichtfus, падобна да герба Rawicz, першапачаткова ўвасабляў спадзяванне свайго ўладара на паўстанне з мёртвых да новага жыцця, новае нараджэнне з улоння багіні-маці. Залогам гэтага спадзявання з’яўляюцца адзнакі прыручанасці мядзведзя ражаніцай, яго падначаленасці ёй – асёдланасць звера ў Rawiczu і вянок у яго лапах у Lichtfusu. Дарэчы, тое ж можна вызначыць і адносна ашыйніка, “надзетага” на мядзведзя ў гербе Жмудзі часоў Рэчы Паспалітай ці намордніка на пысе звера ў гербах шатландскага рыцарства.
Біблія характарызуе мядзведзя як злую істоту, якая атаясамліваецца з персідскім царствам, што нясе смерць і разбурэнне. Таму ў хрысціянскай сімволіцы мядзведзь адыгрываў, хутчэй, адмоўную ролю, што вядома не магло не паўплываць як на пашырэнне гэтага вобраза ў геральдыцы, так і на яго інтэрпрэтацыю. Аднак найбольшы ўплыў на гэтую інтэрпрэтацыю аказала ўсё ж паганства, дзе мядзведзь, перш за ўсё, служыў увасабленнем фізічнай моцы і гіперсэксуальнасці. Для чалавека архаічнай свядомасці гэтыя якасці, якасці воіна і мужчыны, вядома мелі станоўчы характар, бо сіла мышцаў і сіла чрэслаў цара-жраца, заручанага з багіняй-маці, магічным чынам перадаваліся ўсяму племені: яго палеткам і статкам. І ад гэтых якасцяў залежала само жыццё архаічнага соцыума. Разам з тым, своеасаблівая рытуальная дыялектыка патрабавала безумоўнага падпарадкавання дэструктыўнай па сваёй прыродзе, “дзікай” мужчынскай сілы дзеля агульных інтарэсаў племені – прыручэння мядзведзя багіняй-маці. Адзнакамі гэтага прыручэння і сталі сядло на хрыбце і ашыйнік на шыі мядзведзя, кветка і вянок у яго лапах. У якасці ўзнагароды за гэтае прыручэнне багіня-маці даравала цару несмяротнасць, якою валодала сама. Тым самым актуалізоўвалася фундаментальная для любога культа ідэя: здабыццё абароны вышэйшых сіл магчымае толькі праз ахвяру. Чым больш чалавек страчвае ў выніку гэтай ахвяры, тым больш каштоўны “падарунак” ён атрымае ад багоў. Такім чынам, “цаною” вечнага жыцця на небе была цялесная смерць на зямлі.
Хрысціянская дактрына ў дадзеным выпадку не стала выключэннем. Так, паводле яе, толькі той, хто свядома ахвяруе меркантыльнымі зямнымі памкненнямі і плоцкімі ўцехамі дзеля “стяжания духа” па выразу Серафіма Сароўскага, зможа вызваліць з грахоўнага палону смертнага цела сваю несмяротную душу для вечнага жыцця ў абноўленым Раі – Царстве Божым.
Адным з найбольш пашыраных ўвасабленняў грахоўных зямных памкненняў у хрысціянскім мастацтве і класічнай геральдыцы робіцца якраз “жыццялюб” мядзведзь. Надзвычай паказальным у гэтым сэнсе з’яўляецца скарыстанне мядзведзя ў іканаграфіі шэрагу святых. Так, мядзведзь выступае атрыбутам святых Гала, Калумбана, Урсіна і Сергія, а мядзведзь з сядлом – святых Карбініяна, Губерта і Максіміна Трырскага. Агіяграфічныя паданні звычайна тлумачаць з’яўленне мядзведзя побач з постацямі святых тым, што яны здолелі прыручыць і падначаліць сабе дзікага звера. У гэтым кантэксце можна вызначыць два наступныя аспекты: па-першае, святы, што падначальвае, прыручае мядзведзя, тым самым “перамагае мядзведзя ў сабе” – падначальвае сваёй волі, свайму духу ўласную цялесную, чалавечую прыроду; па-другое, святы, які асядлаў мядзведзя, замяшчае сабой паганскую багіню-маці, падобную да асядлаўшай мядзведзя каралеўны з герба Rawicz. Аднак у дадзеным выпадку місіянер “прадстаўляе” ўжо не ўласна сябе, а Святую Маці Царкву, хрысціянскі адпаведнік паганскай ражаніцы. Тым самым, паганец-мядзведзь, прымаючы з рук святых місіянераў хрост, заручаецца духоўным шлюбам з Маці Царквой падобна да таго, як паганскі цар-мядзведзь заручаўся рытуальным шлюбам з багіняй-маці, і, паміраючы ў сваёй старой якасці, адраджаецца ў якасці хрысціяніна, душа якога будзе ўратаваная для вечнага жыцця ў Царстве Божым.
Прыкладам падобнага ж роду можа паслужыць і агіяграфічнае паданне пра св. Гала. Ірландскі місіянер св. Гал (каля 550 – каля 645), прапаведваючы хрысціянства паганцам, у даліне ракі Стэймах сустрэў мядзведзя. Манах выняў скабку з лапы звера, а пасля таго, як той нанасіў дроваў для вогнішча, даў яму яшчэ і бохан хлеба. Праз нейкі час Гал загадаў стварыць на гэтым месцы місію, якая ў 720 годзе ператварылася ў кляштар Святога Гала (Saint Gall). Кляшторны герб уяўляе сабой выяву самога святога з мядзведзем, які трымае ў лапах бохан хлеба (Kopaliński 1990: 254). У дадзеным выпадку прыкметай прыручэння мядзведзя становіцца хлеб. З часоў паганства хлеб выступаў сімвалам сацыяльнай супольнасці, арганізаванай паводле пэўнага закону, персаніфікаванага багамі. Так, усе стадыі вырошчвання зерня і яго далейшай перапрацоўкі ў хлеб патрабавалі супольнай працы людзей, скіраванай на засваенне, “адамашненне” “дзікай” прасторы, варожай і небяспечнай для чалавека. І хлеб, як канчатковы вынік гэтай “светаўладкоўваючай” працы, з’яўляўся ўвасабленнем дабрабыту і самога жыцця, дараванага чалавеку багамі. Таму бохан хлеба ў лапах дзікага ляснога звера выступаў такой жа прыкметай яго прыручэння (resp. ахвярапрынашэння) багіняй-маці пэўнага соцыума, як сядло ці ашыйнік. Адначасова хлеб з’яўляўся і тым сімвалам несмяротнасці, якую даравала цару-мядзведзю ражаніца пасля ахвярапрынашэння. Сведчаннем гэтаму могуць служыць парэшткі паганскіх павер’яў, што яшчэ ў ХІХ стагоддзі захаваліся ў Германіі, аб Хлебным Мядзведзі (напрыклад, выпяканне хлебных боханаў у кшталце мядзведзя), якога “забівалі” пасля збору ўраджаю і “хавалі” на раллі. Сэнс гэтага ахвярапрынашэння быў заснаваны на тым, што забіты звер сваёй фізічнай і сэксуальнай сілай павінен быў забяспечыць з’яўленне новага ўраджаю. Тым самым вясной ён адраджаўся да новага жыцця з зямлі (resp. улоння ражаніцы) у выглядзе хлебнага калосся новага ўраджаю. Таму хлеб і ўвасабляў дараваную яму несмяротнасць. Сведчаннем гэтаму могуць служыць таксама шматлікія этымалагічныя паралелі ў індаеўрапейскіх мовах паміж лексемамі “мядзведзь” і “хлеб” (гл. Маковский 1996: 214–215).
У кантэксце ж хрысціянскай ідэалогіі хлеб быў містычным увасабленнем Цела Гасподняга, якое Хрыстос прынёс у ахвяру на крыжы дзеля таго, каб выкупіць грэхападзенне Адама і Евы і даць чалавеку магчымасць вярнуцца ў страчаны ім калісьці Рай. Тым самым, калі хрысціянін у час еўхарыстыі каштаваў хлеб і віно як цела і кроў Укрыжаванага Бога, ахвяраваныя ім чалавеку, тым самым ён адмаўляўся ад уласнай цялеснасці на карысць духу і вечнага жыцця, дараванага Богам Уваскрослым. Адной з найбольш яскравых метафар пераадолення гэтай цялеснасці і з’яўляецца бохан хлеба ў лапах мядзведзя.
Першачалавек Адам разам са сваёй жонкай Евай быў выгнаны з Раю ў выніку пакарання за грэхападзенне. Само грэхападзенне заключалася ў тым, што змей спакусіў Еву парушыць Божую забарону: пакаштаваць плод з дрэва Пазнання і пачаставаць ім мужа, пасля чаго “расплюшчыліся вочы ў іх абодвух, і пазналі яны, што голыя, і сшылі смакоўныя лісты, і зрабілі сабе апасанні” (Быццё, 3, 7). Даведаўшыся пра гэта, Бог выгнаў людзей з Раю, прычым, жанчына ва ўсе дні жыцця свайго “будзе мець да мужа цягу” (Быццё, 3, 16). У сваю чаргу Адам даў “імя жонцы сваёй: Ева, бо яна стала маці ўсіх, хто жыве. І зрабіў Гасподзь Бог Адаму і жонцы яго адзенні скураныя, і апрануў іх” (Быццё, 3, 20–21). Такім чынам, пакаштаваўшы забаронены плод і засаромеўшыся, чалавек набыў цялеснасць (resp. сэксуальнасць), бо сорам (resp. табу) ператварае звычайныя рэчы ў сакральныя, а коітус – у набажэнства. На гэтым, уласна, і засноўвалася вобразнасць паганскіх культавых практык у самых розных традыцыях.
У кантэксце гэтага біблейскага сюжэта надзвычай паказальна, што вельмі часта ў часы Сярэднявечча і Рэнэсанса выявы Адама і Евы непасрэдна спалучаюцца з выявамі мядзведзя, што ўзлез на дрэва. У дадзеным выпадку мядзведзь, як традыцыйны эталон гіперсэксуальнасці, павінен быў сімвалізаваць згубны вынік грэхападзення (гл. Мифы народов мира 1991: II: 130) – набыццё чалавекам цялеснасці, з якой на зямлю прыйшла смерць (параўн. з усходнеслав. фальклорным паданнем пра тое, што першымі мядзведзямі на зямлі сталі дзеці граху Адама і Евы, якіх бацькі схавалі ад Бога ў лесе, гл. Славянская мифология 1995: 256).
Згаданы матыў мядзведзя на дрэве не з’яўляецца выключным вынаходніцтвам хрысціянскага мастацтва. Дрэва (сусветнае дрэва) у вобразнасці паганскіх культаў выступае адным з найбольш пашыраных увасабленняў багіні-маці. І ў дадзеным выпадку мядзведзь, што ўзлязае на дрэва, шчыльна абшчапіўшы яго, выступае “жаніхом” багіні-маці, які заключае яе ў “шлюбныя” абдымкі. Надзвычай цікавай варыяцыяй гэтага ж матыву з’яўляецца герб вармійскай капітулы (гл. мал. 6) – мядзведзь, што абшчапіў біскупскі пастараль-посах, дзе новаахрышчаны паганец-мядзведзь заручаецца духоўным шлюбам ужо з Маці Царквой. Іншым надзвычай пашыраным варыянтам гэтага матыву можна вылучыць выявы мядзведзя, што “ахоўвае” дрэва. Прыкладамі падобнага роду з’яўляюцца герб Хелмскай зямлі, дзе фігуруе белы мядзведзь пад трыма дрэвамі (гл. мал. 7) і герб вугорска-славацкага роду Дзівякаў (Diviak), у тарчы якога змешчаны чорны мядзведзь пад дрэвам. Сімволіка багіні маці ў гэтых геральдычных знаках больш пэўна акрэсліваецца дадатковымі атрыбутамі. Так, у гербе Хелмскай зямлі фігуруюць менавіта тры дрэвы. Гэта паказальна ў тым сэнсе, што для розных лакальных традыцый індаеўрапейскага арэалу характэрныя якраз патроеныя выявы багіні-маці, дзе лічба тры азначае тры фазы месяца, якія часта асэнсоўваліся як тры ўзроставыя іпастасі жанчыны: дзяўчына, кабета, старая. У сваю чаргу, у гербе роду Дзівякаў да дрэва дадаецца класічны сімвал ражаніц: месяц і зорка, што “нараджаецца” з яго ўлоння.
Паводле традыцыі лічыцца, што тым плодам, якім Ева пачаставала Адама, быў гранат, які для большай часткі еўрапейцаў з’яўляўся невядомым экзотам і таму з часам ператварыўся ў больш звыклы плод – яблык. Старазапаветны тэкст дакладна не вызначае, што плодам Дрэва пазнання быў менавіта гранат. Тым не менш, абранне яго ў якасці “згубнага плода” і далейшая трансфармацыя менавіта ў яблык далёка не выпадковая.
Перш за ўсё сімволіка граната ў архаічных традыцыях засноўвалася на наступнай яго ўласцівасці: “незлічонае” мноства зярнятак, размешчанае ў пэўным парадку ў замкнёнай цэласнасці адной абалонкі (гл. Kopaliński 1990: 104). Ключавымі ў дадзеным выпадку з’яўляюцца паняцці “мноства” і “парадак”. Мноства ў адным – гэта вызначальная рыса багагіні-маці, ражаніцы як персаніфікацыі сіл плоднасці, персаніфікацыі самой магчымасці “незлічонай” колькасці нараджэнняў з аднаго матчынага ўлоння. З другога боку, строгае ўпарадкаванне зярнят у межах той жа абалонкі з’яўлялася празрыстай алюзіяй на сацыяльную арганізацыю – аб’яднанне членаў племені (resp. “дзяцей” маці-багіні) на абшарах абмежаванай тэрыторыі паводле пэўнага закону (resp. парадку), гарантам трымання якога выступае племянны цар. Таму гранат у дадзеным выпадку выступае сімвалам вярхоўнай улады цара, якой надзяляе яго багіня-маці і якую яна абяцае абараняць у час небяспекі. Таму нездарма цар Саўл непасрэдна перад бітвай з філісцімлянамі размяшчаецца разам са сваім войскам пад гранатавым дрэвам: “Саўл жа знаходзіўся на ўскрайку Гівы, пад гранатавым дрэвам, што ў Мігроне. З ім было каля шасцісот чалавек народу…” (1 Царстваў, 14, 2). Тым самым ён рытуальна шукае апекі і абароны багіні-маці.
Аднак улада з’яўляецца не адзіным падарункам багіні-маці племянному цару. Галоўнае, што ён набывае праз шлюб з ёю, – неўміручасць, іпастась вечнага каханка багіні-маці, які змяняе з часам толькі свае зямныя абалонкі. Гліняныя выявы граната здаўна клаліся ў магілы як сродак забеспячэння пасмертнага жыцця (гл. Kopaliński 1990: 104), аднак на поўначы Еўропы ў якасці падобнага сродку выступалі менавіта яблыкі, пад знешняй абалонкай якіх таксама ўтрымліваліся зярняты. Пацверджаннем гэтаму могуць паслужыць шматлікія сюжэты ва ўсходнеславянскім казачным эпасе пра падарожжы герояў за “маладзільнымі яблыкамі”, вандроўка Геракла за залатымі яблыкамі вечнай маладосці (якія з’яўляліся вясельным падарункам, што Гера атрымала ад Геі) у сад дочак Ночы Гесперыд і інш. Аднак найбольш цікавым у дадзеным кантэксце з’яўляецца сюжэт пра тое, як фея Маргана перанесла смяротна параненага караля Артура на выспу Авалон (Яблычную выспу), адкуль ён павінен у вызначаны час уваскрэснуць для вызвалення сваёй краіны з-пад улады ворага, бо этымалогія імя Артур (Arthur) традыцыйна засноўваецца на кельцкім “artos” – “мядзведзь” (гл. Мифы народов мира 1991: II: 108). Гэтым, дарэчы, да кельцкага караля Артура падобны першы гістарычны ўладар Польшчы Мешка І (963–992), імя якога (Mieszko) таксама можна перакласці як “мядзведзь”. Такім чынам, яблык у руках цара ці “лапах” цара-мядзведзя першапачаткова быў сімвалам яго шлюбных заручын з багіняй-маці, якая даравала яму царскую ўладу і несмяротнасць наўзамен яго ахвярнага служэння.
Пасродкам старазапаветнага сюжэта грэхападзення хрысціянская традыцыя карэнным чынам пераасэнсавала паганскую сімволіку граната-яблыка ў тым сэнсе, што гэты плод з адзнакі сакральнага шлюбу цара-жраца і багіні-маці ператварыўся ў адзнаку грахоўнай сэксуальнасці і, шырэй, у адзнаку граху ўвогуле. Таму для хрысціяніна мядзведзь з яблыкам у лапах выступаў напамінам аб грахоўнасці чалавечай натуры, а таксама надзвычай яскравай персаніфікацыяй граху per se, што прынёс на зямлю смерць і пазбавіў чалавека Раю.
Тыпалагічна роднаснай мядзведзю ў дадзеных адносінах у хрысціянскім мастацтве і класічнай геральдыцы з’яўляецца постаць жабрака. У сацыяльнай іерархіі феадальнага грамадства жабрак займаў найніжэйшае становішча. Таму ў чыста функцыянальным плане геральдычная выява жабрака рэпрэзентавала род, які страціў спадчынную зямлю або вядзе свой радавод ад ваеннапалоннага, прыкладам чаго з’яўляецца родавы герб вынаходніка друку Іагана Гутэнберга (гл. мал. 8). У ідэалагічным жа плане сімволіка жабрацтва засноўвалася на біблейскіх алюзіях, бо паводле Бібліі, сам Дух Божы памазаў Хрыста для таго, каб “несці жабракам добрую вестку” (Ад Лукі…, 4, 18). Больш за тое, сам Хрыстос параўноўваў сябе з жабраком, калі казаў, што “лісіцы маюць норы, і птушкі нябёсныя – гнёзды; а Сын Чалавечы не мае, дзе схіліць галаву” (Ад Лукі…, 9, 58). Гэта павінна было дапамагчы чалавеку ўсвядоміць Вялікі Міф хрысціянства: чалавек толькі вандроўнік на гэтай зямлі і ўсе зямныя набыткі – перашкода на шляху да Царства Божага. Таму так “цяжка багатаму ўвайсці ў Царства Божае” (Ад Марка…, 10, 23), у той час як “жабракі па духу” (Ад Лукі…, 6, 20) патрапяць туды без цяжкасці. Тым самым, выява жабрака ў гербавай тарчы павінна была ўвасабляць пакору гербаўладальніка перад магутнасцю Божай і яго спадзяванне на пасмертнае вяртанне ў рай. Падобнае разуменне было пакладзена ў аснову вобразнасці пахавання Мікалая Крыштафа Радзівіла Сіроткі ў пабудаваным ім у 1593 годзе нясвіжскім фарным касцёле. Пасля смерці фундатара ў 1616 годзе ў бажніцы быў усталяваны барэльеф з ружовага каменя, дзе багацейшы магнат Вялікага княства Літоўскага быў увасоблены ў адзенні пілігрыма з дарожным посахам і шыракаполым капелюшом. Рыцарская зброя, у сваю чаргу, ляжала зняважліва адкінутая ззаду. Сэнс выявы тлумачыла доўгая лацінская эпітафія, аўтарства якой прыпісваецца самому Сіротку, якая сцвярджала, што перад Госпадам ніхто не з’яўляецца рыцарам, а толькі вандроўнікам-пілігрымам.
Вандроўнікам-жабраком чалавек стаў пасля грэхападзення, калі Ева дала Адаму пакаштаваць яблык з дрэва пазнання Дабра і Зла. Выгнаны Богам з Раю, чалавек з таго часу жыве надзеяй на пасмертнае вяртанне – надзеяй на набыццё Царства Божага. Менавіта ў гэтым кантэксце становіцца зразумелым гарадскі герб (XIV стагоддзе) Моранга (валоданні Тэўтонскага Ордэна) – жабрак-вандроўнік з яблыкам у руцэ (гл. мал. 9). Яблык у руках вандроўніка, падобна яблыку ў лапах мядзведзя, і павінен быў нагадваць чалавеку аб Страчаным Раі і людской грахоўнасці. Нездарма ў латыні слова “malum” адначасова азначе і “яблык”, і “зло”. У гэтым кантэксце ўжо не выклікае здзіўлення, што ў хрысціянскім сярэднявечным мастацтве вельмі пашыранай была выява Хрыста з яблыкам у руцэ, бо Хрыстос праз сваю пакутную смерць прыняў на сябе ўсе грахі свету, і таму яблык граху ператварыўся ў яго руках у сімвал улады над светам. Адсюль генетычна паходзіць “дзяржава” – залаты шар з крыжам уверсе – сакральны атрыбут улады ўсіх хрысціянскіх манархаў Еўропы.
Натуральна, што вяртанне ў абноўлены Рай, Царства Божае, патрабавала ад хрысціяніна перамогі над уласнай грахоўнасцю, атрыманай у “спадчыну” ад Адама. Падобнай семантыкай вызначаецца вобразнасць шляхецкага герба Pnieinia (гл. мал. 10), дзе адзнакай перамогі над першародным грахом, смерцю і адзнакай імкнення ў Царства Божае выступае прабіты стралой яблык у адцятых мядзведжых лапах.
Падобнае разуменне вобразнасці мядзведзя характэрнае і для ўсходняй праваслаўнай традыцыі. Так, надзвычай цікавым прыкладам падобнага разумення геральдычнай сімволікі мядзведзя можа паслужыць герб горада Яраслаўля, заснаванага ў 1010 годзе князем Яраславам Мудрым на далёкім фарпосце славянскай каланізацыі фіна-угорскіх земляў. Асноўнай геральдычнай фігурай згаданага герба з’яўляецца прыўзняты на заднія лапы мядзведзь з пратазанам (від кап’я; парадная зброя, якая генетычна паходзіць ад рагаціны) на плячы. Першапачаткова мядзведзь з пратазанам з’яўляўся эмблемай Яраслаўскага княства, упершыню зафіксаванай у “Цітулярніку” 1672 года (гл. мал. 11), аднак ужо ў 1692 годзе царскі ўказ прадпісваў ужываць гэтую выяву з надпісам “Печать града Ярославля”, у выніку чаго мядзведзь з пратазанам зрабіўся, па сутнасці, першым афіцыйна зацверджаным у Расеі гарадскім гербам (Соболева, Артамонов 1993: 68). Прычынай з’яўлення мядзведзя ў эмблемах Яраслаўскага княства і Яраслаўля паслужыла відавочна тое, што ў ХІ стагоддзі горад быў заснаваны на месцы ранейшага паселішча Медвежий Угол, сама назва якога сведчыла пра “дзікасць” і незасвоенасць гэтых мясцін на самым ускрайку славянскай айкумены – на мяжы тагачаснага Растова-Суздальскага княства і бяскрайніх заволжскіх лясоў з іншапляменным насельніцтвам, а таксама, магчыма, пра мясцовы паляўнічы промысел. Аднак, разам з афіцыйным зацверджаннем герба, недзе на мяжы XVII і XVIII стагоддзяў з’яўляецца паданне, якое дае ўласны варыянт тлумачэння прычын паўстання адпаведнай зямельнай і гарадской эмблемы. Паводле яго, мясцовыя паганскія валхвы, незадаволеныя тым, што князь Яраслаў Мудры прыкладае вялікія намаганні для пашырэння хрысціянства, нібыта нацкавалі на яго ў лесе мядзведзя, якога князь уласнаручна і засёк сякерай. Пасля на месцы гэтага здарэння ён загадаў “зарубить” царкву, вакол якой з часам паўстаў горад. Папулярнасць гэтага падання паспрыяла таму, што ўжо ў варыянце яраслаўскага герба, зацверджаным у 1778 годзе, пратазан на плячах звера быў заменены на бярдыш – від баявой сякеры.
Такім чынам, мядзведзь у зямельнай і гарадской геральдыцы вельмі часта ўвасабляў незасвоенасць і “дзікасць” пэўных тэрыторый, адной з галоўных праяў якой можа выступаць паганства мясцовых жыхароў, пераможанае хрысціянскімі місіянерамі пры дапамозе як матэрыяльнай зброі – сякеры князя Яраслава, так і духоўнай – біскупскага пастараля, хлеба св. Гала і інш.
Аднак самай моцнай і непераможнай духоўнай зброяй хрысціянства было Слова Божае, якое магло не толькі “забіць”, але і “нарадзіць” мядзведзя. Так, Пліній Старэйшы пісаў у сваёй “Натуральнай гісторыі” (8, 44), і ў гэтым ніхто не сумняваўся да ХVIII стагоддзя, што мядзведзі нараджаюцца ў выглядзе бясформенных глыбаў мяса. Ператвараюцца яны ў сапраўдных звяроў толькі пасля таго, як маці выліжа іх языком. Хрысціянства пераасэнсавала гэтую байку, параўнаўшы з нованароджаным мядзведзем паганца і невука, які толькі пасля спасціжэння асноў хрысціянства можа зразумець сваё чалавечае прызначэнне. Геральдычнай ілюстрацыяй гэтай метафары якраз можа паслужыць шляхецкі герб Słownik, на тарчы якога знаходзяцца выявы бясформеннага прадмета, знешне надзвычай падобнага на дрэва ці пень, які ў апісаннях герба называецца мядзведзем, і раскрытай Бібліі. Не выклікае аніякага сумнення тое, што сюжэт Плінія Старэйшага быў добра вядомы ў сярэднявечнай Польшчы і мог увасобіцца ў вобразнасці герба Słownik. Сведчаннем таму можа служыць надзвычай цікавая і паказальная трансфармацыя старой антычнай байкі ў “Хроніцы Польшчы” Гала Ананіма (XII стагоддзе). Паводле сведчання храніста, першы гістарычны ўладар Польшчы Мешка І (resp. мядзведзь), які і ахрысціў сваю краіну, быў сляпым ад нараджэння. Аднак у час святкавання свайго сёмага дня нараджэння, хлопчык нечакана набыў зрок, у чым перш за ўсё пераканалася яго маці. Мешкаў бацька князь Семамысл папрасіў прысутных патлумачыць гэтае цудоўнае здарэнне. Яны ў сваю чаргу адказалі, што “слепата азначала Польшчу, якая перад тым была нібыта сляпая, але з гэтага часу – апавядалі – павінна быць Мешкам асвечана і ўзвышана над суседнімі народамі. <…> Сапраўды, сляпая была перад тым Польшча, не ведаючы ні ўшанавання сапраўднага Бога, ні асноў веры, аднак праз асвечанага [цудоўна – С.Д.] Мешка і яна таксама асвяцілася, бо калі ён прыняў веру, народ польскі ўратаваўся ад смерці ў паганстве” (Anonim tzw. Gall 1996: 18). Такім чынам, у дадзеным выпадку прыняцце хрысціянства ўвасобілася не праз нараджэнне-афармленне медзведзяня, а праз яго “празрэнне” – ачалавечанне “слепарода”.
Паказальным з’яўляецца таксама тое, што ў тарчы герба Słownik выява кнігі спалучаецца з “бясформенным” медзведзянём, надзвычай падобным на дрэва ці пень. У дадзеным выпадку, хутчэй за ўсё, мае месца сваеасаблівы філалагічны каламбур, бо ў лацінскай мове слова codex азначала “ствол”, “пень”, “бервяно”, “чурбан”, але адначасова і “кніга”. Гэтая паралель узнікла ў выніку таго, што да вынаходніцтва паперы ў Еўропе пісалі на наваскаваных дошчачках, і першыя кнігі былі ўласна драўляныя. Тым самым, супрацьпастаўленне “чурбана” і кнігі, якія маюць адзінае “драўлянае” паходжанне, але невымерна розную каштоўнасць, павінна было найлепшым чынам праілюстраваць супрацьпастаўленне “мядзведзя”-паганца і чалавека-хрысціяніна – адухаўлёных стварэнняў Божых, першае з якіх загіне ў граху, а другое атрымае жыццё вечнае.
Такім чынам, на традыцыйным супрацьпастаўленіі Бібліі і мядзведзя-паганца засноўваецца і сімволіка згаданага вышэй герба (1783) расейскага горада Перм (заснаванага ў 1723 годзе на фіна-угорскіх землях з пабудовай медзеплавільнага завода), у тарчы якога фігуруе мядзведзь з Бібліяй на хрыбце. Прычым, паводле афіцыйнага тлумачэння, мядзведзь у дадзеным выпадку нібыта ўвасабляе “дзікасць нораваў тутэйшых жыхароў”, а Біблія – іх “асвету праз прыняцце Хрысціянскага закону” (гл. Города России 1994: 347).
Паводле біблейскай інтэрпрэтацыі сакральнай гісторыі, чалавек (Адам) ператварыўся ў “мядзведзя” пасля таго, як пакаштаваў прапанаваны Евай яблык. Аднак перад тым Еву, у сваю чаргу, спакусіў гэтым яблыкам змей, які з таго часу пачаў увасабляць ворага людскога роду і згубцу чалавечых душ. Гэта паспрыяла таму, што змей у самых розных сваіх іпастасях, такіх, як васіліск, дракон, змяя, таксама знайшоў сваё “пачэснае” месца ў радавой і гарадской геральдыцы Еўропы. Аднак спрыяла гэтаму таксама і старажытная паганская культавая спадчына.
У самых розных міфалагічных традыцыях змей як жывёла фалічнай формы, якая поўзае па зямлі на жываце, хаваецца на зіму ў глыбокіх зямных адтулінах, а вясной “адраджаецца” да новага жыцця і выпаўзае з іх на сонечнае святло, надзвычай цесна звязваўся з Маці Зямлёю. Таму ў безлічы фальклорных сюжэтаў ён фігуруе ў якасці мужа-сына багіні-маці, якая сама часта набывала змяіныя рысы, і аднаго з асноўных персанажаў паганскіх культаў урадлівасці.
Рудыменты архаічных рытуальных практык ўшанавання змея як сімвала сезоннага адраджэння жыцця і, шырэй, несмяротнасці дараванай вышэйшымі сіламі, характаразуюць і біблейскую, перш за ўсё старазапаветную вобразнасць. Так, паводле старазапаветных кніг “Выйсце” і “Лічбы”, у той час, калі Майсей вёў яўрэяў з ягіпецкай няволі ў краіну абяцаную, яны зняверыліся ва ўсемагутнасці Яхвэ і ўпалі ў грэх богаадступніцтва, за што Бог пакараў смерцю тры тысячы чалавек (Выйсце, 32). Пасля таго, як яўрэі і ў другі раз пачалі сумнявацца ва ўсемагутнасці Божай, “паслаў Гасподзь на народ атрутных гадаў, якія джалілі народ, і памёрла мноства народу з сыноў Ізраілевых” (Лічбы, 21, 6). Калі Майсей пасля гэтага звярнуўся да Бога з просьбай аб заступніцтве за свой народ, то “сказаў Гасподзь Майсею, зрабі сабе змея і выстаў яго на штандар, і калі кожны ўджалены зірне на яго, застанецца жывы” (Лічбы, 21, 8). Майсей здзейсніў загаданае Богам і зрабіў меднага змея, які ўратаваў людзей ад смяротнай атруты. У хрысціянскай іканаграфіі медны змей Майсея звычайна ўвасабляецца ўкрыжаваным у выглядзе літары “S” на крыжы. У гэтых адносінах надзвычай паказальна, што ўжо ў Новым Запавеце Ян Багаслоў таксама лічыць змея сімвалам дараванай звышэй несмяротнасці, параўноваючы яго з Хрыстом: “Ніхто ня ўзыходзіў на неба, як толькі Сын Чалавечы, Які сыйшоў зь нябёсаў, сутны на нябёсах; і як Майсей падняў зьмяю ў пустыні, так мае быць падняты Сын Чалавечы, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, а меў жыцьцё вечнае” (Паводле Яна…, 3, 13–15). Таму менавіта ідэю пасмертнага ўратавання душы, Божай абароны, а таксама перамогі хрысціянства над паганствам можа ўвасабляць выява ўкрыжаванага змея ў гербе літоўскага горада Грыгішкіс, які ўяўляе сабой стылізаваную выяву галавы быка між рагамі якога ўсталяваны крыж з укрыжаваным на ім укаранаваным змеем. Укрыжаваны змей у дадзеным выпадку спалучаецца з быком таму, што богаадступніцтва яўрэяў заключалася ў тым, што яны зрабілі сабе з золата ілжэбога ў выглядзе быка – “залатога цяльца”. Таму ў гарадскім гербе перамога Яхвэ знайшла сваё адлюстраванне ў папіранні крыжом са змеем адцятай галавы пераможанага “сапраўдным Богам” ілжэбога – “цяльца”.
Спалучэнне крыжа, як салярнага сімвала, з хтанічным па сваёй прыродзе змеем не выступае адзнакай выключна біблейскай вобразнасці. Спалучэнне салярных сімвалаў, такіх, як крыж, зорка, трыскеліс са змеем, характаразуе таксама і індаеўрапейскую архаіку, дзе падобныя спалучэнні выступалі звычайна ў якасці ахоўных знакаў і магічных абярэгаў. Прыкладам гэтага можа служыць ахоўны камень з паўночнай Швецыі з рунічным надпісам і выявай змея, што звіваецца вакол васьміраменнага крыжа-зоркі (гл. мал. 12), усталяваны на беразе возера, дзе, паводле мясцовых паданняў, водзіцца таямнічая змеепадобная пачвара. Хутчэй за ўсё, менавіта ў якасці падобных ахоўных знакаў першапачаткова паўсталі і гербы Wiernik (гл. мал. 13) і падобны да яго Wolność, хоць пазней іх сімволіка магла атрымаць і новую інтэрпрэтацыю – перамога хрысціянства над паганствам, дзе хрысціянскі крыж пераможна папірае змея, як аднаго з найбольш шануемых паганскімі культамі персанажа.
Менавіта тым, што хрысціянства надзвычай насцярожана ставілася да змея, тлумачыцца тая роля, якую ён у свой час адыграў у грэхападзенні першачалавека і выгнанні яго з Раю. Так, паводле старазапаветнай кнігі “Быццё”, “змей быў хітрэйшы за ўсіх звяроў палявых, якіх стварыў Гасподзь Бог” (Быццё, 3, 1), і менавіта ён спакусіў Еву пакаштаваць яблык з райскага дрэва Пазнання і пачаставаць ім Адама. У выніку гэтага чалавек быў выгнаны з Раю і стаў смертным. Толькі сваёю смерцю на ахвярным крыжы Хрыстос выкупіў грахі чалавека, пасля чаго кожны, хто веруе ў Сына Божага і Яго ўваскрэсенне, атрымаў спадзяванне на несмяротнасць і магчымасць вярнуцца ў абноўлены Рай – Царства Божае. Аднак змей, асабліва ў абліччы дракона, як асноўны віноўнік грэхападзення, пачаў лічыцца ўвасабленнем галоўнага ворага Бога і ўсяго чалавечага роду – Д’ябла, што знайшло сваё адлюстраванне і ў геральдыцы. Адлюстраваннем пэўных калізій гэтага сакральнага сюжэта і сталі выявы змея з яблыкам у пысе і змея, што звіваецца вакол дрэва Пазнання ў тарчах шляхецкіх гербаў Wąż (гл. мал. 14) і Raj, якія, падобна да мядзведзя і жабрака з яблыкам, з’яўляюцца, напамінамі пра грахоўнасць чалавечай прыроды і ўвасабляюць спадзяванне гербаўладальніка на міласэрнасць пасмертнага Божага Суда і вяртанне ў Рай.
Надзвычай вялікай папулярнасцю ў параўнанні з адносна натуралістычнымі выявамі змея ў сярэднявечнай сімволіцы і геральдыцы карысталіся выявы дракона. У перакладзе з грэцкай мовы слова “drakon” па сутнасці і азначала “змей”, адкуль яно перайшло ў іншыя еўрапейскія мовы (лац. draco, франц. і анг. dragon, ням. Drache). Разам з тым, у адрозненне ад звычайнага змея, ва ўяўленні людзей розных эпох і розных культурных арэалаў, дракон паўставаў у выглядзе пачвары, якая аб’ядноўвала ў сваім абліччы рысы самых небяспечных звяроў. Так, паводле аднаго з апісанняў, ён быў змеем, што вылупіўся з яйка, знесенага пеўнем, і меў цела, пакрытае рыбінымі лускамі, з нагамі і галавой птушкі, крыламі кажана, пярэднімі лапамі льва, вушамі быка, вачыма дэмана і чэравам малюска. Аднак у розных лакальных традыцыях аблічча дракона значна вар’іравалася, і сярод яго тыпалагічных рысаў можна вызначыць тое, што ён уяўляўся яшчарам, які быў здольны дыхаць агнём, з вялікімі кажановымі крыламі і вострым хвастом.
У паганскіх індаеўрапейскіх культах дракон – грозная хтанічная істота, якая апякуецца ўрадлівасцю, сцеражэ скарбы і не ведае пачуцця страху, – меў пераважна станоўчую сімволіку, увасабляючы вайсковую моц і гонар манарха. У гэтай якасці, паводле “Іліяды” Гамера, выява трохгаловага блакітнага дракона фігуравала на тарчы правадыра грэкаў у Траянскай вайне Агамемнана. Акрамя таго, выявы дракона былі надзвычай пашыраныя на тарчах вікінгаў, якія імі ж аздаблялі насы сваіх караблёў, а таксама для набыцця храбрасці елі запечанае на агні змяінае сэрца. Ушанаванне дракона было пашыранае таксама і ў кельцкай традыцыі, дзе да часоў нарманскага заваявання ў 1066 годзе (дарэчы, нарманы сваім апекуном лічылі змеяборца св. Юр’я, які з тых часоў ператварыўся ў афіцыйнага патрона Англіі) ён належаў да галоўных сімвалаў каралеўскай улады, нібыта ўведзеных ва ўжытак бацькам легендарнага караля Артура Утарам Пендрагонам, які, падобна да іншых воінаў-манархаў, грэка Аляксандра Македонскага, франка Хлодвіга, славяніна Усяслава Чарадзея, лічыў сваім родапачынальнікам змея-дракона (імя Pendragon у перакладзе азначала “чырвоны дракон”). Хутчэй за ўсё, легендарны знак Пендрагонаў быў у свой час запазычаны кельтамі з харугваў рымскага войска, дзе чырвоны дракон служыў адзнакай адной з вайсковых адзінак – кагорты. Аднак з часам ён ператварыўся ў падабенства кельцкага этнавызначальнага сімвала, і ў гэтай якасці чырвоны дракон фігуруе, напрыклад, у выглядзе тарчатрымальніка ў гербе шатландскага горада Карлісл (Carlisle) (гл. мал. 15) альбо, пачынаючы з ХХ стагоддзя, у гербе спадкаемца брытанскага пасаду прынца Уэльскага.
Увасабленнем вайсковай доблесці служылі выявы дракона і ў шляхецкіх гербах Рэчы Паспалітай, такіх, як Lacki, Przegonia, Trach. Асабліва паказальнай у гэтых адносінах з’яўляецца этымалогія назвы герба Trach, якая, верагодна, генетычна паходзіць ад імя агнёвага духа ачага ў славянскай міфалогіі, што найбольш шырока вядомы як Рарог, а ў беларускім фальклоры – Змей Рагаты Сокал. Рарог, як іпастась славянскага бога агню Сварога, звычайна ўвасабляўся ў выглядзе драпежнай птушкі (параўн. укр. раріг – “балабан (парода ястраба)”; чэш. raroh – “сокал”), агнёвай віхуры альбо дракона з зіхоткім целам і полымем, што вырываецца з яго пашчы. У некаторых славянскіх лакальных традыцыях Рарог быў вядомы таксама як птушка Страх-Рах (“семьдесят семь ветров, семьдесят семь вихорев <…> ветер суходушный, которые леса сушили, крошили тёмные леса, зелёны травы, быстрые реки”), адкуль, відавочна, і паўстала гербавая назва Trach (Трах). У сваю чаргу, сам Рарог (Страх-Рах), тыпалагічна адзінасутнасны іранскаму богу вайны і перамогі Вератрагну, іпастасямі якога былі сокал і дракон. Прычым, вобразы персанажа славянскай міфалогіі і іранскага бажаства ўзыходзяць да часоў арыйскай еднасці, а імёны Страх-Рах і Вератрагна з’яўляюцца скажэннямі эпітэта арыйскага грымотніка Індры, які ў гімнах “Рыгведы” зваўся Урытрахан – “забойца Урытры”.
Паводле славянскіх паданняў, Рарог, падобна да дракона і васіліска, вылупляўся з яйка, знесенага чорным пеўнем, таму яму ў ахвяру звычайна прыносіліся пеўні і куры. У гэтых адносінах надзвычай паказальна, што ў тарчы герба адной з адмян герба Trach, прыведзенай у гербоўніку Юзафа Шыманьскага (гл. Szymański 1993: 279), фігуруе якраз істота з целам драпежнай птушкі, якая традыцыйна вызначаецца як арол, і галавой пеўня (гл. мал. 16). Неабходна таксама адзначыць, што тыпалагічным адпаведнікам славянскага Рарога ў балцкай міфалогіі з’яўляецца літоўскі лятучы дух Айтварас (Áitvaras), які быў нібыта выведзены з яйка сямігадовага пеўня і ўяўляўся ў абліччы агнёвага змея ці пеўня, што вывяргае з сябе зерне ці полымя. Лічылася, што забойства Айтвараса вядзе да ўзнікнення пажару, таму яго выявы, у тым ліку і геральдычныя, служылі ў якасці магічных абярэгаў ад гэтай навалы, прыкладам чаго можа служыць герб літоўскага горада Лыгумай – чорны певень, з дзюбы якога вырываецца полымя.
Вобраз змея-пеўня-сокала Рарога, як іпастасі бога Сварога і архаічнага ўвасаблення вайсковай перамогі, у многім можа патлумачыць і паходжанне радавых знакаў першых рускіх і літоўскіх князёў. Так, калі прыняць гіпотэзу аб тым, што Pogoń Litewska Гедымінавічаў можа лічыцца трансфармацыяй культавай выявы ўзброенага вершніка Сварога-Свінтарога, то “Слупкі” ў гэтым выпадку, падобна да трохзубца Рурыкавічаў, несумненна выступаюць стылізаванай выявай адной з яго іпастасяў – сокала Рарога, ўвасабляючы драпежную птушку ў момант імклівай атакі (гл. мал. 17).
З прыняццем хрысціянства сімволіка дракона змянілася самым карэнным чынам. У Бібліі змей грэхападзення, як увасабленне д’ябла са старазапаветнай кнігі “Быццё”, трансфармаваўся ў пачварнага дракона “Апакаліпсісу”, што супрацьстаіць Хрыстоваму воінству ў час апошняй бітвы сілаў дабра і зла, прычым, правобразам чырвонага дракона “Апакаліпсісу” таксама мог паслужыць чырвоны дракон вайсковых кагортаў Рыма, які ў той час уладарыў над Ізраілем: “І другая адзнака зьявілася на небе: вось вялікі чырвоны цмок зь сямю галовамі і дзесяцьцю рагамі, і на галовах у яго сем дыядэм; хвост ягоны звалок зь неба траціну зорак і кінуў іх на зямлю” (Адкрыцьцё, 12, 3–4). Нябёснае воінства на чале з Арханёлам Міхалам змагалася з драконам і перамагло яго: “І адбылася на небе вайна: Міхаіл і анёлы ягоныя ваявалі супроць цмока, і цмок і анёлы ягоныя ваявалі супроць іх, але ня ўстоялі, і не знайшлося ўжо ім месца на небе. І скінуты быў вялікі цмок, старавечны зьмей, называны д’яблам і сатаною, змусьціцель усяго свету, скінуты на зямлю, і анёлы яго скінуты зь ім” (Адкрыцьцё, 12, 7–9).
З часоў Сярэднявечча хрысціянская іканаграфія пачала надзвычай актыўна скарыстоўваць вобраз дракона-д’ябла, пераможанага святымі, як воінамі містычнай нябёснай раці. Гэты матыў надзвычай пашырыўся ў гарадской геральдыцы Еўропы і Рэчы Паспалітай. Так, Арханёл Міхал перамагае дракона ў гербах гарадоў Бяла Падляска (XVII стагоддзе), Ланьцут (XIV стагоддзе) і інш., св. Маргарыта – Новы Сонч (XIV стагоддзе), Тухола (XIV стагоддзе), св. Юры – Дзяржонюў (ХІІІ стагоддзе), Міліч (XV стагоддзе) і інш.
Аднак адной з найбольш яркіх геральдычных праяў згаданага матыву святога змеяборства стала заснаванне 12 снежня 1408 года вугорскім каралём Жыгімонтам Люксембургскім (1387–1437) пасля яго няўдалай крыжовай выправы супраць туркаў у 1396 годзе рыцарскага Ордэна Дракона, які са зброяй у руках павінен быў супрацьстаяць далейшай мусульманскай экспансіі на землі хрысціянскай Еўропы. Кавалерамі гэтага ордэна першапачаткова былі сам кароль Жыгімонт, яго жонка, а таксама дваццаць два найбольш высакародных рыцары яго каралеўства, але ўжо праз два месяцы пасля заснавання ордэна да яго далучыўся ракузскі (дуброўніцкі) ваявода Эрнст Жалезны разам з усімі рыцарамі Ордэна Саламандры. З часам Ордэн Дракона яшчэ больш пашырыў свой уплыў і яго кавалерамі сталі прадстаўнікі ўплывовых родаў з Нямеччыны, Чэхіі, Англіі, Даніі, Італіі, а таксама Вялікага княства Літоўскага. Інсігніяй новай рыцарскай супольнасці лічыўся скручаны і крыжападобна рассечаны зялёны дракон пад палымнеючым крыжам з лацінскім надпісам “O quam misericors Deus, iustus et patiens” (“О, які Бог міласцівы, справядлівы і цярплівы”) (гл. мал. 18). Надзвычай цікавым з’яўляецца тлумачэнне сімволікі ордэна, пададзенае ў яго Статутнай грамаце: “Жыгімонт, з Божай міласці кароль Вугоршчыны, Далмацыі, Харватыі, Румыніі, Сербіі, Галіцыі, Ладымерыі, Куманіі і Балгарыі, брандэнбургскі маркграф, архікаморнік Святой Рымскай царквы, спадкаемец чэшскі і люксембургскі, і Барбара, з той жа міласці каралева ў згаданых каралеўствах і жонка згаданага пана Жыгімонта <…> разам з прэлатамі, баронамі і падданымі нашага каралеўства ўсталёўваем у якасці адзнакі выяву знішчэння здраднага непрыяцеля, старавечнага змея і яго згубнага воінства з паганцаў і іншых ненавіснікаў правай веры і Хрыстовага крыжа, а таксама ворагаў нашых каралеўстваў і святой спасаноснай каталіцкай веры пад знаменнем трыумфуючага Хрыстовага крыжа <…> адзнака ўвасабляе скручанага на падабенства кола дракона з накручаным на шыі хвастом і рассечанага ўздоўж хрыбта ад галавы да хваста, уздоўж незаплямленай крывёй белай раны якога цягнецца чырвоны крыж, падобны на той, які маюць рыцары, што змагаюцца пад патранажам слаўнага пакутніка Юрыя, і носяць чырвоны крыж у белым полі, каб гэтая адзнака абараняла нас, і верных нам баронаў, і падданых нашага каралёўства і заўсёды насіўся паводле правілаў Ордэна” (Vrteľ 1999: 114). Таму надзвычай часта, асабліва ў вугорскай геральдыцы, скручаны дракон атачаў сабою гербавую тарчу, прыкладамі чаго могуць паслужыць герб Андрэя з Чопу (Ondrej z Čopu) з пачатку XV стагоддзя (гл. мал. 19) і больш позні герб правадыра аднаго з вугорскіх антыгабсбургскіх паўстанняў Габрыеля Бетлана (Gabriel Betlen), які жыў у 1580–1629 гадах (гл. мал. 20). У дадзеным выпадку выява дракона ў шляхецкіх гербах сведчыла пра тое, што іх уладары з’яўляліся кавалерамі адпаведнага Ордэна.
У сувязі з гэтым неабходна адзначыць, што вялікая пашыранасць матываў змеяборства ў класічнай геральдыцы тлумачылася таксама і тым, што ў свядомасці яшчэ паўпаганскіх народаў Еўропы дракон, хоць і ў значна трансфармаваным выглядзе, працягваў захоўваць сваю сакральнасць як архаічны сімвал вайсковай доблесці і вайсковай перамогі. І нават павержаны святым воінствам і растаптаны капытамі яго коняў, ператвораны Бібліяй ва ўвасабленне Д’ябла і безумоўнага зла і надзелены акрэслена негатыўнай афарбоўкай, ён служыў жывым напамінам аб старых вайсковых традыцыях і культах, і менавіта ў гэтай якасці карыстаўся надзвычайнай папулярнасцю.
Пацверджаннем гэтаму можа служыць нават тое, што адзін з колішніх кавалераў Ордэна Дракона, пазашлюбны сын уладара Валахіі князя Мірцыя і набліжаны Жыгімонта І Люксембургскага Улад (1390–1447) прыняў сабе імя Дракул – дракон, д’ябл. Незадоўга да ўступлення Улада Дракула ў 1431 годзе ў Ордэн Дракона, у яго нарадзіўся сын, таксама Улад (1430–1476), які за незвычайныя жорсткасць і лютасць у дачыненні да ўнутраных ворагаў, а таксама за мужнасць і выключныя вайсковыя здольнасці, праяўленыя ў крывапралітным змаганні з туркамі, застаўся вядомы ў гісторыі пад двума імёнамі – Улад Цэпеш (Пратыкацель) і Улад Дракула (Сын Дракона, Сын Д’ябла). Дарэчы, менавіта ён пазней і паслужыў рэальным прататыпам легендарнага літаратурнага героя-вампіра графа Дракулы.
Акрамя таго, перамога хрысціянскіх святых над носьбітам паганскіх вайсковых традыцый неаспрэчна сведчыла аб чыста вайсковых вартасцях новай рэлігіі, якія маглі містычным чынам перадавацца яе прыхільнікам. І чым большым у дадзеным выпадку быў стары вайсковы “аўтарытэт” дракона, тым адпаведна большую павагу атрымлівалі яго нябёсныя і зямныя пераможцы. Падобнай інтэрпрэтацыі, дарэчы, спрыялі таксама і шматлікія паганскія па сваім паходжанні паданні пра герояў-змеяборцаў. Таму, напрыклад, стылізваны трохзубец змея-сокала Рарога дынастыі Рурыкавічаў (імя якіх, дарэчы, першапачаткова магло гучаць як Рарогавічы) з часам саступіў сваё месца вершніку-змеяборцу св. Юр’ю. І, падобна да таго, як спачатку воіны-манархі лічылі змея сваім першапродкам, з часам ролю пераможцаў дракона ўзялі на сябе ўжо легендарныя родапачынальнікі шляхецкіх фамілій. Надзвычай яскрава аб гэтым сведчыць радавое гербавае паданне князёў Чацвяртынскіх, што паходзілі з Рурыкавічаў. Паводле яго, на іх гербе Czetwertyński I у абліччы голага вершніка, што забівае дракона (гл. мал. 21), фігуруе змеяборца грэцкі князь Тэадор.
Герб нібыта прывандраваў на Русь з Візантыі. Недзе каля 300 года, неўзабаве пасля пакутніцкай смерці св. Юр’я, у правінцыі Ахайя, дзе ў тыя часы валадарыў грэцкі князь Тэадор, пасяліўся надзвычай вялікі змей, які пагражаў не толькі быдлу, але і людзям. Даведаўшыся пра гэта, Тэадор сеўшы на каня, працяў пачвару кап’ём і адсек ёй галаву. З таго часу яго нашчадкі нібыта змясцілі на свой радавы герб выяву вершніка з кап’ём, які працінае ім змея. Праз пэўны час нашчадкі легендарнага князя, вымушаныя пад націскам заваёўнікаў пакінуць сваю радзіму, падзяліліся на тры групы. Першая з іх асела на Дняпры, заснаваўшы Кіеў, названы так ад дрэўка (кія) кап’я ў гербе пасяленцаў, якіх лацінскія гісторыкі з часам празвалі драўлянамі. Другая група выгнанцаў, якія пазней атрымалі назву Раксаланаў, асела на Волзе, збудаваўшы горад Яраслаў, а трэцяя – літоўцы, пабудавала над Віліяй Вільню. Аднак, акрамя таго, усе тры народы атрымалі агульную назву Русь, якая служыць напамінам аб іх вялікім рушэнні з першапачатковага месца пасялення. Нібыта з таго часу князі кіеўскія ўжывалі выяву ўзброенага кап’ём вершніка, Масква – голага вершніка, што забівае змея, а Літва – імклівага вершніка з узнятым над галавой мячом (гл. Niesiecki 1839–1845: III: 256).
У гэтых адносінах паказальна, што вобраз міфічнага змеяборца Тэаодора, як першапродка Чацвяртынскіх, у сваю чаргу, паходзіць ад святога пакутніка Фёдара Пантыйскага, якому хрысціянскімі агіяграфічнымі крыніцамі прыпісвалася перамога над драконам.
Адлюстраваннем падобнага ж комплексу ўяўленняў з’яўляліся таксама і некаторыя гарадскія гербы. Так, паводле шэрагу паданняў, многія паселішчы, асабліва сталіцы, былі заснаваныя героем на тым месцы, дзе ён забівае змея, які, у дадзеным выпадку, выконвае ролю закладной ахвяры. Па сваім паходжанні гэтыя паданні з’яўляюцца трансфармацыямі індаеўрапейскага пратаміфа аб паляванні бога-грымотніка. У час гэтага палявання Індра, што мог увасабляцца ў антрапаморфным абліччы альбо абліччы быка і нябёснага агнёвага змея, забівае дэмана Урытру, які паўстае ў іпастасях быка і воднага змея, пасля чаго ўзыходзіць сонца і адраджаюцца сілы жыцця. Таму, напрыклад, Вільня ўзносіць свае муры над забітым у час палявання князем Гедымінам турам-быком, Кракаў – над зарубленым Кракам вавельскім цмокам, а Кіеў – таксама над забітым змеем, у выніку чаго, напэўна, і паўстаў кіеўскі герб – змеяборац Арханёл Міхал. Відавочна, падобнае паданне існавала і пра паўстанне горада Жмігруд – Змееў горад, на галосным гербе якога (XIV стагоддзя) фігуруе дракон з пераможна ўсталяванай на ім хрысціянскай бажніцай (гл. мал. 22).
Неабходна адзначыць, што дастаткова часта паўстанне пэўнага гарадскога герба абумоўлівала якоесьці мясцовае паданне, заснаванае на парэштках яшчэ паганскай культавай традыцыі. Надзвычай цікавым у гэтых адносінах з’яўляецца адваротны выпадак з гербам (1589) горада Пружаны (гл. мал. 23), які сам паслужыў крыніцай для з’яўлення фальклорнага падання аб заснаванні паселішча. Герб Пружан уяўляе сабой варыянт радавога герба італьянскага роду Вісконці-Сфорца (Viskonti-Sforza) – змей, што паглынае чалавекаю. Герб з’яўляўся адзнакай таго, што горад належаў да прадстаўніцы гэтага роду Боны Сфорца, якая была жонкай караля Рэчы Паспалітай Жыгімонта І Старога (1506–1548).
Змей-дракон у гербе знакамітага італьянскага роду служыў класічным узорам увасаблення вайсковай доблесці гербаўладальніка, прычым, выява чалавека, якога паглынае пачвара, відавочна, з’яўлялася рудыментам колішніх чалавечых ахвярапрынашэнняў у гонар бостваў вайны і перамогі. Гэты радавы знак у свой час быў прынесены адным з прадстаўніком роду з крыжовай выправы. Таму, дарэчы, аўтары многіх пазнейшых гербоўнікаў пачалі лічыць наяўнасць выявы дракона ў геральдычнай тарчы адзнакай удзелу яго гаспадара ў крыжовым паходзе, а чалавек, якога паглынае грозная рэптылія, у гербе Вісконці блазанаваўся імі як сарацын. Аднак са з’яўленнем гэтага герба разам з новай каралевай ў Рэчы Паспалітай у польскіх геральдычных крыніцах паглынуты “сарацын” чамусьці ператварыўся ў “дзіцё”. Магчыма, падобным нязвыклым чынам трансфармаваліся рэальныя трагічныя абставіны аднаго з паляванняў, калі, цяжарная ў той час каралева, спалохаўшыся звера, страціла свой плод.
Так ці інакш, аднак пад непасрэдным уздзеяннем нейкім чынам звязанага з каралевай Бонай і не зусім зразумелага гербавага знака, вобразнасць якога, тым не менш, вызначалася гранічным драматызмам, архаічная па сваёй прыродзе народная ментальнасць супаставіла агульнавядомыя факты і, спалучыўшы іх з самай жывой фантазіяй, “узнавіла” ўласны сюжэт. Паводле яго, каралева Бона Сфорца разам з маленькім сынам і ўзброенай світай калісьці выехала для агляду сваіх уладанняў. Калі кавалькада каралевы пад’ехала да ракі Мухавец, адзін з мясцовых праваднікоў папярэдзіў яе, што ў водах ракі жыве вялізны цмок, які хапае людзей, і параіў вярнуцца назад. Бона не паслухалася дарадчыка, і каралеўская світа выехала на мост праз раку, які, не вытрымаўшы цяжару, рухнуў. У гэты ж момант з вады высунуўся страшэнны змей, які схапіў немаўлё. Рыцары са світы каралевы ў жаху пабеглі, і толькі стары ваявода ўступіў у бой з пачварай. Аднак сілы былі не роўныя, і змей зацягнуў абодвух пад ваду. Пачуўшы пра няшчасце, да каралевы прыйшоў палясоўшчык, які загадаў запрудзіць небяспечны ўчастак ракі. Пасля таго, як вада сышла і агалілася дно ракі, ён простай дубовай рагацінай забіў пачвару і вынес целы загінуўшых каралевіча і ваяводы. З таго часу каралева нібыта дазволіла на гэтым месцы сяліцца нашчадкам мужнага палясоўшчыка, а само паселішча ад рачной запруды атрымала назву Пружаны і герб з выявай змея, што паглынае дзіцё (гл. Брэстчына 1995: 377–384).
Аўтары барочных гербоўнікаў былі ўпэўненыя, што выявы змея і дракона ў геральдычных тарчах увасаблялі стратэгічны талент, вайсковую славу, чуйнасць і адвагу гербаўладальніка, а таксама рэпрэзентавалі яго як вернага ахоўніка каралеўскага пасаду.
Паводле паданняў, тады, як на пачатку часоў змей-Люцыфер паўстаў супраць Бога і схіліў да гэтага частку анёлаў, першым супраць яго з воклічам “Хто ж, як Бог!” выступіў анёл Міхал, які, дарэчы, ад гэтага вокліча і атрымаў сваё імя, бо іудзейскае Mika’el у перакладзе нібыта і азначае “хто ж, як Бог”.
Самою сваёю прыродаю анёлы адрозніваюцца ад людзей, аднак, як стварэнні Божыя, яны таксама маглі залічвацца да ліку святых. Адразу неабходна адзначыць, што постаць Арханёла Міхала найбольш пашыраная перш за ўсё ў апакрыфічных крыніцах. Так, у Кнізе Енаха, Апакаліпсісе Баруха, Апакаліпсісе Майсея ён выступае як найбліжэйшая да Бога асоба, князь анёлаў і непасрэдны выканаўца Божых планаў адносна зямлі і людскога роду, які мае ключы ад неба, а таксама анёл Божага Суда і Божай Міласэрнасці.
Разам з тым, у кананічным тэксце Бібліі Міхал згадваецца толькі двойчы. Спачатку ў кнізе прарока Данііла ён паўстае як апякун яўрэйскага народа – “князь вялікі, які стаіць за сыноў народа” (Данііл, 12, 1), і абараняе яўрэяў ад “князя царства Пярсідскага” (Данііл, 10, 13) – анёла, які апякуецца персамі. І, ўрэшце, у Апакаліпсісе Яна Багаслова Міхал паўстае як правадыр нябёснага воінства ў апошняй бітве сілаў дабра і зла і канчатковы пераможца змея: “І адбылася на небе вайна: Міхаіл і анёлы ягоныя ваявалі супроць цмока, і цмок і анёлы ягоныя ваявалі супроць іх, але ня ўстоялі, і не знайшлося ўжо ім месца на небе. І скінуты быў вялікі цмок, старавечны зьмей, называны д’яблам і сатаною, змусьціцель усяго сьвету, скінуты на зямлю, і анёлы ягоныя скінуты зь ім” (Адкрыцьцё, 12, 7–9).
Магчыма, менавіта па прычыне адноснай неразвітасці вобраза Арханёла Міхала ў кананічным тэксце Бібліі, у першыя стагоддзі хрысціянства яго постаць не вызначалася асаблівай папулярнасцю сярод вернікаў. Так, найстаршая выява св. Міхала датуецца толькі VI стагоддзем (барэльеф захоўваецца ў Брытанскім музеі), а першыя звесткі пра яго ўшанаванне тычацца канца V стагоддзя, калі двойчы, у 492 і 494 гадах, біскупу Манфрэдоніі св. Лаўрэну Маярана ў гроце гары Гаргана (Апулія) нібыта явіўся Міхал. Неўзабаве на гэтым месцы ўзнікла вядомае свяцілішча св. Міхала, а калі ў 663 годзе лангабарды непадалёк разбілі войска сарацынаў, то зусім натуральна, што гонар сваёй перамогі яны прыпісалі менавіта нябёснаму воіну Арханёлу Міхалу. Аднак найбольшае развіццё і пашырэнне культ св. Міхала, які з часам зрабіўся найпапулярнейшым персанажам хрысціянскай іканаграфіі, набыў толькі з паўстаннем каралінгскай ідэалагічнай канцэпцыі “Новага Ізраіля”.
У V i VI стагоддзях на вялікіх абшарах, дзе пазней паўсталі Францыя і Германія, уладарыў каралеўскі род, які паходзіў ад сікамбраў – германскага племені, больш вядомага пад імем франкаў. Заснавальнікам дынастыі лічыўся племянны правадыр Меравей, сын якога, таксама Меравей, у 438 годзе быў абвешчаны ў Турнэ каралём франкаў. Таму род застаўся вядомым гісторыкам як Меравінгі. Момантам узлёту дынастыі Меравінгаў стаў час з 481 год па 511 год – час праўлення Хлодвіга І. Менавіта Хлодвіг у 496 годзе заключыў з рымскім Касцёлам у асобе св. Рэмігія дамову, паводле якой кароль набываў афіцыйны тытул “Новага Канстанціна” (“Novus Konstantinus”) і царкоўную санкцыю на стварэнне Свяшчэннай рымскай імперыі, якая павінна была наследаваць Рымскую імперыю, неўзабаве перад гэтым канчаткова разбураную вандаламі і вестготамі. Са свайго боку, нашчадак Меравея павінен быў ахрысціць франкаў. Дамова была канчаткова замацаваная хростам самога Хлодвіга.
У выніку гэтай дамовы рымскі Касцёл набыў вайсковую сілу супраць сваіх ворагаў, бо ў тыя часы каталіцтва ўяўляла сабой адну са шматлікіх, варагуючых між сабой хрысціянскіх дактрын і валодала не большай магутнасцю за якуюсьці тагачасную ератычную секту. Рым выдатна разумеў, што, калі хрысціянства хацела развівацца па адзіным магістральным шляху каталіцкай дактрыны, яму трэба было распаўсюджваць яе пры дапамозе свецкіх сіл, дастаткова магутных і эфектыўных, каб перамагчы і выцесніць усе варожыя накірункі і вучэнні. Такім чынам, менавіта Хлодвіг у свой час зрабіў з рымскага біскупа Папу рымскага, а той, у сваю чаргу, блаславіў стварэнне Хлодвігам першай хрысціянскай імперыі ў Еўропе.
Пасля смерці Хлодвіга створаная ім імперыя была падзеленая паміж яго чатырма сынамі і іх нашчадкамі, якія вялі між сабой бясконцыя войны, бясконца дробячы агульную спадчыну. Дакладней – ужо нават не яны самі. Каралеўская ўлада Меравінгаў усё больш і больш аслаблялася і паступова пераходзіла ў рукі мажардомаў – прадстаўнікоў франкскай знаці, фармальна – кіраўнікоў прыдворных адміністрацый, а па сутнасці – фактычных уладароў меравінгскіх каралеўстваў, якія, падобна да каралёў, перадавалі свае пасады ў спадчыну. Бязвольныя выраджэнцы, пазбаўленыя рэальнай улады, апошнія Меравінгі ператварыліся ў “каралёў-лайдакоў”. І нават іх усобіцы і інтрыгі сталі ўсобіцамі і інтрыгамі іх мажардомаў, у выніку якіх густа лілася святая каралеўская кроў. Так, Дагаберт ІІ, адзіны з нашчадкаў Хлодвіга, які дзейсна імкнуўся абмежаваць уладу мажардомаў, 23 снежня 679 года быў забіты ўласным хрэснікам ударам кап’я ў вока, калі стомлены ў час палявання ў свяшчэнным Веўрскім лесе заснуў пад дрэвам.
Душой гэтай змовы з’яўляўся мажардом Дагаберта Пепін д’Эрысталь, нашчадкі якога і скарысталі вынікі змовы. Сын Пепіна І, Карл Мартэл, і ўнук Пепіна І, Пепін Кароткі, фактычна ўладарылі пры марыянетачных каралях-меравінгах. Аднак ужо Пепін Кароткі пры падтрымцы рымскага папы ў лістападзе 751 года каранаваўся ў Суасоне, дзе гальскія біскупы памазалі яго алеем. Такім чынам, ён адкрыў сабой дынастыю Каралінгаў, імя якой даў яго бацька Карл Мартэл. У сваю чаргу, сынам Пепіна Кароткага стаў знакаміты Карл Вялікі, абвешчаны ў 800 годзе, праз трыста год пасля Хлодвіга І, імператарам новай Свяшчэннай рымскай імперыі.
Каралінгі ўзышлі на чужы трон пры самай актыўнай падтрымцы Рыма, бо менавіта новая дынастыя ўяўляла сабой тую рэальную ўзброеную сілу, якая была павінна дапамагчы святому пасаду ў далейшым умацаванні каталіцкай дактрыны. Аднак нават папа не мог даць Каралінгам таго, чым ад нараджэння валодаў ў вачах падданых любы Меравінг – свяшчэнную каралеўскую кроў. Аб яе святасці сведчыла ўсё: традыцыя, радавод і нават паданні. І паданні больш за ўсё, бо для людзей таго часу менавіта яны адыгрывалі вырашальную ролю, бо самым непасрэдным чынам стваралі ідэалогію і ўмацоўвалі каралеўскую харызму.
Паводле ж паданняў, заснавальнік дынастыі, Меравей, быў народжаны ад двух бацькоў. Так, будучы цяжарнай, яго матка, жонка караля Клодыя, пайшла купацца ў мора, дзе яе схапіла таямнічая марская істота – “звер Няптунаў, на Квінатаўра падобны”. Таму лічылася, што ў жылах народжанага ёю хлопчыка цякла як кроў франкскага караля, так і кроў таямнічай пачвары. Гэта нібыта і перадвызначыла выключныя здольнасці самога Меравея і ўсіх яго нашчадкаў – “каралёў-калдуноў”, “каралёў-чарадзеяў”, якія валодалі дарам прадбачання, маглі размаўляць з жывёламі і вылечваць простым дотыкам рук. Аўтарытэтным пацверджаннем усяго гэтага павінны былі служыць таксама і знешнія атрыбуты: на целе кожнага Меравінга, на сэрцы альбо між лапаткамі, нібыта мелася чырвоная радзімая пляма ў выглядзе крыжа, а таксама кожны з іх меў на чэрапе рытуальныя надрэзы, што пацвярджаецца матэрыяламі археалагічных раскопак. Акрамя таго, Меравінгі ніколі не стрыгліся, бо лічылі, што менавіта ў валасах заключаецца сакрэт іх магічнай сілы. Вера ў гэта была настолькі моцная, што калі Пепін Кароткі ў 751 годзе заключыў у манастыр Сен-Бертэн апошняга меравінгскага караля Хільдэрыка ІІІ, рымскі папа Захарыя рашуча настаяў, каб Хільдэрык быў пастрыжаны нагала.
У прынцыпе, у гэтым дынастычным антуражы Меравінгаў не было нічога выключнага для індаеўрапейскага паганства. Падобнае ідэалагічнае забеспячэнне манаршай харызмы было традыцыйным для паганскіх каралёў-святароў, прыкладам чаго можа служыць постаць князя Усяслава Чарадзея з полацкага дому. Падобна да Меравінгаў, ён меў на лбе рытуальнае раненне, якое хаваў пад анучай, прытрымліваўся забароны на стрыжку валос, а таксама нібыта мог ператварацца ў розных жывёлаў і разумець іх мову. Акрамя гэтага, Усяслаў Чарадзей, падобна да франкскага Меравея, лічыўся сынам таямнічай пачвары, адлюстраваннем чаго можа служыць быліна “Волх Усяслаўевіч”:
По саду, саду по зелёному,
Ходила-гуляла молода княжна
Марфа Всеславьевна,
Она с каменю скочила на лютова на змея;
Обвиваетца лютой змей
Около чёбота зелен сафьян,
Около чюлочика шелкова,
Хоботом бьёт по белу стегну,
А втапоры княгиня понос понесла,
А понос понесла и дитя родила (Былины 1986: 57).
Разам з тым, нягледзячы на адносную ардынарнасць гэтых дынастычных атрыбутаў, якія павінны былі сведчыць аб святасці “каралеўскай” крыві, што сама па сабе давала Меравінгам прыроджанае права на ўладу, Каралінгі першапачаткова маглі супрацьпаставіць ім толькі сваю энергію і здольнасці. Аднак у тыя часы, калі знешняя праява, атрыбут, жэст часта значылі непараўнальна больш за ўнутраную сутнасць, наяўнасці гэтых якасцяў для паўстання новай каралеўскай дынастыі было недаравальна мала. Таму як ва ўласных вачах, так і ў вачах падданых Пепін д’Эрысталь і яго нашчадкі не маглі не лічыцца ўзурпатарамі каралеўскай улады, асвечанай шматвяковай традыцыяй.
Таму як для саміх Каралінгаў, так і для папы надзвычай надзённымі сталі пошукі сакральнага прэцэдэнту, які б мог асвяціць перад Богам і людзьмі права Каралінгаў на старажытны каралеўскі пасад, надаць іх фактычнай уладзе фармальную легітымнасць. Няма нічога дзіўнага, што такі сакральны прэцэдэнт дала Біблія. Неўзабаве пры дзейснай дапамозе Рыму пры каралінгскім двары быў створаны шэраг рытуалаў, якія засноўваліся не на архаічных германа-паганскіх традыцыях і паданнях, а на біблейска-хрысціянскай традыцыі, а менавіта: была адноўлена іудзейская рытуальная практыка памазання алеем на царства ізраільскіх цароў Саўла і Давіда, якую засведчыў Стары Запавет.
Паводле “Першай кнігі Царстваў”, гэтая рытуальная практыка была заснаваная ў час напружанага вайсковага супрацьстаяння Ізраіля супраць філісцімлянаў, калі, усвядомеўшы неабходнасць жорсткай цэнтралізацыі дзяржаўнай улады, прадстаўнікі адасобленых ізраільскіх плямёнаў запатрабавалі ў свайго духоўнага правадыра, прарока Самуіла, каб той абраў ім цара. Першапачаткова выбар Самуіла прыпаў на Саўла, які паходзіў са сціплай і непрыкметнай сям’і найменшага ізраільскага племені, аднак вызначаўся выключнымі асабістымі якасцямі: пабожнасцю, смеласцю, прыгажосцю і вялізным ростам. Само ж памазанне на царства заключалася ў тым, што Самуіл, узяўшы сасуд з алеем, выліў яго на галаву Саўлу. Некалькі ж пазней, калі Саўл зрабіўся “не ўгодны Богу”, Самуіл падобным чынам памазаў на царства сціплага пастуха Давіда, які, дарэчы, тым самым стаў першым у сакральнай гісторыі ўзурпатарам каралеўскай улады. Тым не менш, менавіта на эпоху ўладарання цара Давіда і яго сына Саламона прыходзіцца Залаты век Ізраіля, і менавіта ад цара Давіда выводзіўся радавод Ісуса Хрыста.
З мэтай прыпадабнення да старазапаветных цароў Пепін Кароткі з блаславення папы загадаў сваім біскупам, “палацавым Самуілам”, памазаць сябе на царства. З таго часу кроў была падначаленая алею, а кароль – папе. Каралінгі атрымалі ў сімвалічную спадчыну жазло Майсея, якое блаславіла спачатку Давіда, а потым і самога Хрыста. Такім чынам, франкі ператварыліся ў новы “народ абраны”, а Свяшчэнная рымская імперыя – у “Новы Ізраіль”.
Аднак новая ідэалагічная канцэпцыя абараняла не толькі чыста дынастычныя інтарэсы Каралінгаў. Своеасаблівая “старазапаветная” трактоўка хрысціянства найлепшым чынам была адаптаваная таксама і для вядзення вайны. Грозны і ваяўнічы старазапаветны Яхвэ, Бог Ісуса Навіна і братоў Макавеяў, куды больш падыходзіў на ролю духоўнага правадыра вайсковых атрадаў, чым далёкі і абстрактны Бог Новага Запавету. Акрамя таго, менавіта такі Бог быў найбольш прыцягальны для неафітаў хрысціянства, якія былі выхаваныя на культах паганскіх багоў-воінаў, бо рымскі Касцёл перш за ўсё чакаў ад франкаў далейшай хрысціянізацыі еўрапейскіх варвараў. Акрамя таго, з падачы пап Каралінгі свядома паставілі сваю місіянерскую дзейнасць на шлях суперніцтва з Візантыйскай імперыяй.
Візантыя, былая Усходняя рымская імперыя, на той час мела легітымную пераемнасць дзяржаўнай улады з часоў рымскіх імператараў і ўласны культавы цэнтр на чале з патрыярхамі. Аб’ектыўна, менавіта яна мела большыя правы на рымскую спадчыну, чым новаствораная імперыя, яе правячая дынастыя і папскі пасад, якія валодалі толькі руінамі самога Рыма. Рэакцыяй на гэткае становішча рэчаў стала тое, што, з аднаго боку, сын Пепіна Кароткага Карл Вялікі як імператар Свяшчэннай рымскай імперыі ўсё ж быў абвешчаны папам законным нашчадкам рымскіх Аўгустаў. З другога ж боку, паводле “Каралінгскіх кніг”, Рым, апошняя паганская імперыя, “вялікая блудніца”, гняздо распусты і бязбожжа, заслугоўваў толькі асуджэння. Таму візантыйскім імператарам, як законным нашчадкам рымскіх імператаў, Карл Вялікі супрацьпастаўляўся адначасова і як імператар Свяшчэннай рымскай імперыі, і як цар “Новага Ізраіля”, правадыр народа божага. Такім чынам, новы Давід (а адсюль – і Хрыстос) павінен быў пахаваць паганскую гардыню Новага Рыма – Візантыйскай імперыі.
Гэтая дастаткова эклектычная ідэалагічная канцэпцыя ў сваю чаргу патрабавала настолькі ж эклектычнай атрыбутыкі. Таму гербам каралінгскай імперыі зрабілася ваяўнічая “avis Romana” (“рымская птушка”), славуты арол непераможных рымскіх легіёнаў. Акрамя гэтага, імперыя Карла Вялікага мела двух нябёсных патронаў. Першым з іх быў стары, яшчэ з меравінгскіх часоў, вайсковы сімвал франкскага каралеўства св. Марцін – былы рымскі легіянер і турскі біскуп, плашч якога лічыўся галоўнай святыняй дзяржавы і скарыстоўваўся ў якасці вайсковай харугвы франкскіх каралёў. Другім жа патронам імперыі зрабіўся менавіта Арханёл Міхал – вайсковы абаронец народа Ізраільскага ў старазапаветнай традыцыі і правадыр нябёснай раці ў апошяй эсхаталагічнай бітве паміж сіламі дабра і зла паводле Новага Запавету.
З часам папулярнасць Арханёла Міхала ў яшчэ паўпаганскай Еўропе значна павялічылася. З аднаго боку, нядаўнім паганцам надзвычай імпанавала яскрава акрэсленая ў выявах узброенай і акрыленай постаці Арханёла, які папірае нагой пераможанага д’ябла-змея, ваяўнічасць галоўнага нябёснага ваіцеля, “архістратыга” анёльскіх рацяў. З другога боку, узмацненне культу змеяборца Міхала сярод плямёнаў, якія адносна нядаўна падвергнуліся хрысціянізацыі, магло быць адзнакай захавання імі ў адносна новым, трансфармаваным абліччы старажытных вайсковых культаў. Так, змей здаўна з’яўляўся для германцаў (і іншых індаеўрапейцаў) сакральным персанажам, які перш за ўсё ўвасабляў мужнасць і вайсковую доблесць. І нават пераможаны хрысціянствам і ператвораны Бібліяй ва ўвасабленне д’ябла і безумоўнага зла, тым не менш, для нядаўніх паганцаў ён цалкам захоўваў сваю спрадвечную сакральнасць у іканаграфіі Арханёла Міхала, дарэчы, як і ў іканаграфіі св. Юр’я, бо змей у ёй хоць і надзелены акрэслена негатыўнай афарбоўкай, але служыць самым непасрэдным напамінам аб вераваннях продкаў. Усё гэта ў сукупнасці паслужыла нават прычынай пэўнага падазронасці з боку Касцёла, які на Эрфурцкім саборы 932 года прыняў пастанову, што абмяжоўвала колькасць службаў, прысвечаных св. Міхалу ў якасці падзякі за дараванне вайсковых перамог.
Перашкодзіць папулярнасці Арханёла Міхала гэта, вядома, не магло, больш за тое, разам з арлом, ён традыцыйна заставаўся адным з імперскіх сімвалаў. Пасля таго, як Каралінгі паўтарылі сумны лёс дынастыі сваіх папярэднікаў і вырадзіліся (сведчаннем чаго могуць служыць нават імёны апошніх прадстаўнікоў дынастыі: Карл Тоўсты, Карл Прасцяк, Людовік Гультай і інш.), на парэштках іх загінуўшай імперыі неўзабаве паўстала новая імперыя, калі ў 962 годзе нямецкі кароль Атон І, што паходзіў з дому герцагаў саксонскіх, былых васалаў Каралінгаў, каранаваўся на годнасць імператара Свяшчэннай рымскай імперыі германскай нацыі, што намінальна праіснавала да 1806 года. Паказальна ў гэтых адносінах, што Атон, падкрэсліваючы сімвалічную пераемнасць імперскай традыцыі, змясціў на сваю харугву выяву св. Міхала Каралінгаў, які з таго часа пачаў лічыцца нябёсным патронам Германіі і Аўстрыі.
З часам культ св. Міхала яшчэ больш узмацніўся і пашырыўся, што знайшло свой адбітак і ў гарадской геральдыцы Рэчы Паспалітай, дзе яго выявы ў свой час былі надзвычай папулярныя. У гербавых тарчах св. Міхал звычайна маляваўся ў выглядзе акрыленай антрапаморфнай постаці, узброенай, часцей за ўсё, мячом ці кап’ём, якая папірае пераможанага змея. Часта таксама яго атрыбутам з’яўляюцца шалі як сімвал справядлівасці Божага Суда пасля канчатковай перамогі сілаў дабра. Звычайна выява св. Міхала ў гарадскім гербе сведчыла пра тое, што ён з’яўляецца патронам мясцовага касцёла, прыкладам чаго могуць служыць гербы гарадоў Дольск (XVI стагоддзе), Сломнікі (XIV стагоддзе) і інш. Разам з тым, ён мог з’яўляцца галоснай фігурай, як у гербе горада Міхалова (1767), а таксама мог патрапіць у герб у якасці асабістага нябёснага патрона ўладара горада, прыкладам чаго можа служыць геральдычны знак горада Бяла Падляска (XVI стагоддзе), які на момант надання герба належаў князю Міхалу Кшыштафу Радзівілу.
Пэўнай арыгінальнасцю ў геральдычным кантэксце Рэчы Паспалітай вылучаюцца выявы Арханёла Міхала ў гербах гарадоў Прывалка (1792) і Наваградак (1595). Так, у гербавым знаке Прывалак (гл. мал. 24) св. Міхал замест традыцыйных мяча ці кап’я ўзброены пукам стрэлаў, а д’ябл, увергнуты ім у пякельнае полымя, выступае не ў выглядзе змея, характэрным для іканаграфіі Арханёла, а ў антрапаморфным варыянце свайго аблічча. У сваю чаргу, у гербе Наваградка (гл. мал. 25) св. Міхал пададзены ў чорным колеры, што ўвогуле не мае прэцэдэнтаў у іканаграфіі святых. Паводле адной з версій, чорны анёл Наваградка з’яўляецца геральдычнай алюзіяй на тое, што горад калісьці з’яўляўся цэнтрам гістарычнай вобласці, якая насіла назву Чорная Русь (гл. Цітоў 1998: 83). Разам з тым, усё ж найбольш верагоднай падаецца іншая версія. Як вядома, часам старыя абразы, пры напісанні якіх нейкім чынам была парушаная тэхналогія прыгатавання фарбаў, пад уздзеяннем святла, вільгаці і некаторых іншых фактараў змянялі сваю першапачатковую каларыстыку – чарнелі, што, часцей за ўсё, толькі павялічвала іх ушанаванне, прыкладам чаго можа служыць абраз Маці Боскай Чанстахоўскай. Цалкам магчыма, што чорны анёл мог быць перанесены ў гарадскі герб з якогасьці не дайшоўшага да нашага часу мясцовага “чорнага” абраза.
Арханёл Міхал быў нябёсным апекуном і правадыром народа Ізраіля, аднак Біблія захавала для нас імёны і здзяйсненні яго зямных правадыроў, сярод якіх сваё адлюстраванне ў геральдыцы знайшлі Давід і Самсон. Давід, імя якога ў перакладзе азначае “ўлюбёнец”, з’яўляўся царом Ізраільска-Іудзейскага царства недзе ў Х стагоддзі да Н.Х. Паводле кніг Старога Запавету, ён быў пастухом, малодшым сынам Іясея з калена Іудзіна і паходзіў з іудзейскага горада Віфліема. Сярод іншых юнакоў племені яго ведалалі як музыканта, а таксама “чалавека храбрага і ваяўнічага, і разумнага ў размовах, і віднага сабою, і Гасподзь з ім” (І Царстваў, 16, 18). Пасля таго, як прарок Самуіл таемна памазаў указанага яму Богам Давіда на царства, юнак у якасці спевака на пэўны час быў закліканы да царскага двара, каб супакойваць сваёй ігрой на арфе адрынутага Богам цара Саўла, якога данімаў злы дух.
Аднак найбольшую прыязнасць Саўла Давід атрымаў пасля перамогі над Галіяфам. Паводле гэтага падання, якое адлюстравала напружаную барацьбу ізраільскіх плямёнаў супраць племені філісцімлянаў, абодва варожыя войскі калісьці сышліся для бітвы, і з шэрагаў філісцімлянаў выйшаў волат Галіяф з прапановай адзінаборства: “І выступіў са стану філісцімскага адзінаборац, імем Галіяф, з Гефа; ростам ён – шасці лакцёў і пядзі. Медны шлем на галаве яго; і апрануты ён быў у лускаватую браню, і вес брані яго – пяць тысяч сікляў медзі. Медныя накаленнікі на нагах яго, і медная тарча за плячыма яго. І дрэўка кап’я яго, як навой у ткачоў; а само кап’ё яго ў шасцьсот сікляў жалеза. І перад ім ішоў зброяносец” (І Царстваў, 17, 4–7). Сорак дзён стаяў Галіяф перад ізраільскім войскам, з якога ніхто не асмельваўся ўступіць у смяротны паядынак, пакуль гэты выклік не прыняў Давід, што пакінуў свой статак. Пастух адмаўляецца ад прапанаванага Саўлам поўнага ўзбраення і ідзе на бой толькі з прашчай: “…ты ідзеш супраць мяне з мячом і кап’ём і тарчой, а я іду супраць цябе ў імя Госпада Саваофа, Бога воінстваў Ізраільскіх, якія ты панасіў. <…> І зведае ўвесь гэты сонм, што не мячом і кап’ём ратуе Гасподзь, бо гэта вайна Госпада, і Ён аддасць вас у рукі нашы” (І Царстваў, 17, 45–47). З гэтымі словамі Давід паражае волата камянём з прашчы ў лоб, а потым яго ж мячом адсякае Галіяфу галаву, пасля чаго філісцімлянскае войска бяжыць з поля бою.
З таго часу ўлюбёнец Бога Давід робіцца таксама і ўлюбёнцам народу Ізраільскага і, урэшце, пасля працяглай барацьбы з Саўлам і яго сынамі становіцца царом, заснаваўшы новую дынастыю, што правіла Ізраілем каля чатырохсот год да заваявання яго вавілонскім царом Навухаданосарам ІІ у 587 годзе да Н.Х. Аднак менавіта пры Давідзе і яго сыне Саламоне дзяржава дасягае сваёй вышэйшай велічы і магутнасці. Таму няма нічога дзіўнага, што пасля заняпаду Царства Ізраільскага, надзеі на яго адраджэнне звязваліся з містычным уратавальнікам – Месіям, які павінен быў прыйсці ў вызначаны Богам час у якасці нашчадка Давіда – “сына Давідавага”. Такім Месіям (па грэцку – Хрыстос), паводле Дабравесцяў, становіцца Ісус, што таксама нарадзіўся ў Віфліеме, паходзіў з калена Іудзіна і выводзіў свой радавод менавіта ад Давіда. Ісус Хрыстос абвяшчае сябе “Царом Іудзейскім” (аб чым сведчыць нават шыльда, прыбітая да яго ахвярнага крыжа) і абяцае прывесці калены Ізраільскія ў “Нябёсны Іерусалім”, адноўлены Богам Рай, які павінен быў замяніць габраям страчаны імі зямны Іерусалім – “горад Давідаў”, што ў свой час быў адваяваны ім у племені іевусеяў і зроблены сталіцай магутнага і незалежнага Ізраіля.
З увядзеннем хрысціянскай царквой ва ўжытак рытуалу мірапамазання на царства і паўстаннем ідэалагічнай канцэпцыі “Новага Ізраіля” роля цара Давіда ў нацыянальных ідэалогіях Сярэднявечча становіцца надзвычай важнай. Ён пачынае ўяўляцца як ідэальны цар і першы абраннік Божы ў сакральнай гісторыі, які з’яўляецца прыкладам і ўзорам для пераймання хрысціянскімі манархамі. У геральдыцы сімволіку Давіда і, дарэчы, яго нашчадка Хрыста, часцей за ўсё, увасаблялі выявы льва, які, паводле Бібліі, з’яўляўся эмблемай калена Іудзіна. Адметнай эмблемай Давіда з’яўлялася ў сваю чаргу гексаграма. Таму, дарэчы, прадстаўнікі роду Штэрнаў (Stern), якія, падобна да паўлегендарнага барона Мюнхгаўзена (гл. Бюргер Готфрид Август 1985: 96), сціпла лічылі крыніцай уласнай высакароднасці паходжанне ад знакамітага біблейскага цара (гл. Dudziński 1997: 82), змясцілі на сваю гербавую тарчу выяву шасціраменнай зоркі (гл. мал. 26). У дадзеным выпадку гексаграма на іх радавым знаку сведчыла не толькі пра крэўнае сваяцтва Штэрнаў нібыта з самім Хрыстом, але і служыла галоснай эмблемай да іх прозвішча (ад ням. Der Stern – зорка).
Акрамя таго, гексаграма ў якасці эмблемы цара Давіда з часам трансфармавалася ў этнавызначальную эмблему яўрэйскага народа, што знайшло сваё адлюстраванне як у сучаснай афіцыйнай сімволіцы дзяржавы Ізраіль, так і ў класічнай еўрапейскай геральдыцы. Прыкладам гэтага можа паслужыць герб горада Рэн-ле-Шато на поўдні Францыі, у тарчы якога фігуруе зорка Давіда, складзеная з чорнага і белага трохкутнікаў (гл. мал. 27).
Пачынаючы ўжо недзе з VII стагоддзя да Н.Х. уздоўж узбярэжжа Міжземнага мора між вусцямі рэк Рона і Эбра з’явіліся першыя, заснаваныя яшчэ фінікійцамі, семіцкія гандлёвыя факторыі, якія з часам ператварыліся ў дастаткова буйныя абшчыны. Гэтыя абшчыны найбольш імкліва пачалі разрастацца пасля 70 года па Н.Х., калі рымлянамі быў сцёрты з твару зямлі іерусалімскі Храм і разрабаваная сама іудзейская сталіца. Урэшце з цягам часу ў рэгіёне, які абмяжоўваўся Міжземным морам, Пірэнеямі, ракой Гаронай, паўднёвымі Севенамі і ракой Ронай і афіцыйна названы Септыманіяй, яўрэі пачалі складаць спачатку значную, а потым і дамінуючую частку насельніцтва. Пасля падзення Рымскай імперыі ў V стагоддзі па Н.Х. у Септыманію прыйшлі арыяне-вестготы, якіх у самым пачатку 20-х гадоў VIII стагоддзя змянілі маўры, што заснавалі на гэтых землях залежнае ад Кардоўскага эмірата маўрытанскае княства са сталіцай у горадзе Нарбон. Адразу трэба адзначыць, што яўрэі Септыманіі традыцыйна падтрымлівалі дастаткова добрыя стасункі і з вестготамі ў свой час, і асабліва з маўрамі, пры якіх займалі важныя пасады ў мясцовых адміністрацыях.
Умацаванне маўраў у Септыманіі, ператварала княства ў надзвычай зручны плацдарм для далейшай мусульманскай экспансіі на поўнач і самым непасрэдным чынам пагражала існаванню каталіцкіх франкскіх каралеўстваў, якія кіраваліся ўсемагутнымі мажардомамі пры апошніх каралях-лайдаках Меравінгах. Таму ў 738 годзе адзін з родапачынальнікаў будучай дынастыі Каралінгаў-Пепінідаў, мажардом Карл Мартэл, дзед Карла Вялікага, спачатку спыняе далейшае прасоўванне мусульман, а потым нават бярэ ў аблогу Нарбон, які тады самааддана адстаялі маўры і яўрэі. Аднак ужо ў 752 годзе сын Мартэла Пепін Кароткі зброяй і дыпламатыяй падначаліў сваёй уладзе значную частку княства – Усходні і Паўночны Разэс, і толькі Нарбон працягваў аказваць яму супраціўленне. У гэтых абставінах Пепін Кароткі вырашыў зноў пайсці шляхам таемнай дыпламатыі, і ў 759 годзе падпісвае сепаратную дамову з яўрэйскім насельніцтвам Нарбона, паводле якой яно павінна было падтрымаць франкаў у барацьбе з сарацынамі, а Пепін, у сваю чаргу, абавязваўся дараваць яўрэям Септыманіі магчымасць заснаваць суверэннае іудзейскае каралеўства.
У тым жа 759 годзе яўрэі выразалі маўрытанскі гарнізон дагэтуль непрыступнага Нарбона, адчынілі гарадскую браму перад франкамі і прызналі Пепіна сваім сюзерэнам. У адказ некаранаваны франкскі кароль у адпаведнасці з папярэдняй дамовай заснаваў у Септыманіі марыянетачнае іудзейскае каралеўства, якое праіснавала недзе каля ста пяцідзесяці год, і нават “прызначыў” туды караля Т’еры: паводле адных звесткак, – меравінгскага каралевіча, малодшага сына Сігіберта V, а, паводле іншых, – нейкага высакароднага яўрэя з Багдада. Новапамазаны кароль Разэсу, як пачало называцца іудзейскае каралеўства, неўзабаве ажаніўся з сястрой Пепіна Альдай, і ўжо яго сын ад гэтага шлюбу быў афіцыйна прызнаны самім Пепінам і халіфам Багдадскім прыналежным да царскага роду Давідавага, прычым не толькі па духу, як і ўсе іншыя манархі Еўропы, а, што надзвычай важна, і па крыві. Менавіта напамінам аб этнічнай прыналежнасці былых падданых іудзейскага каралеўства Разэс, а таксама аб рэальным ці ўяўным радаводзе яго ўладароў і з’яўляецца гексаграма на гербе сучаснага Рэн-ле-Шато, які ў свой час уваходзіў у склад Разэсу пад назвай Рэдэ.
Зорка Давіда ў геральдычным знаку Рэн-ле-Шато складаецца з двух узаемапераплеценых трохкутнікаў чорнага і белага колераў. Гэтая адметнасць у каляровым вырашэнні гербавай эмблемы тлумачыцца таксама асаблівасцямі гісторыі горада.
Пасля заняпаду недзе ў пачатку Х стагоддзя паўлегендарнага іудзейскага каралеўства Разэс яго землі трапілі ў склад графства Тулузскага, дзе з часам зрабіліся арэнай падзей аднаго з найбольш драматычных эпізодаў гісторыі еўрапейскага Сярэднявечча.
Ужо на самым пачатку свайго існавання хрысціянства сутыкнулася з надзвычай моцным канкурэнтам у выглядзе рознага роду гнастычных сістэм і культаў – пасмертнай спадчынай старых аграрных рэлігій Блізкага Усходу і класічнай антычнай філасофіі. Адным з найбольш вядомых, і небяспечных для рэлігіі Яхвэ і Хрыста было маніхейства. Заснавальнікам маніхейства з’яўляўся перс Мані, які нарадзіўся недзе ў першай чвэрці ІІІ ст. у горадзе Ктэсіфоне, а ў 276–277 гадах па наветах магаў быў укрыжаваны пры двары персідскага цара Шапура. Аднак за час свайго жыцця ён паспеў пакінуць шэраг трактатаў і пасланняў, у якіх выклаў асновы сваёй рэлігійнай сістэмы, што з часам набыла шырокую папулярнасць. Паводле яе, спрадвеку існуюць два раўнавялікія пачаткі – добры і злы, святло і цемра, якая таксама называецца матэрыяй. Розніца між двума пачаткамі настолькі вялікая, як між царом, які жыве ў нябёсных палацах, і парсюком, што корпаецца ў брудзе і харчуецца памыямі. Абодва пачаткі знаходзяцца ў пастаяннай барацьбе, у ходзе якой сын змроку нараджае Адама і Еву, заключыўшы святло ў нячыстую, брудную плоць. Тады дух святла пасылае на зямлю да людзей Ратавальніка Ісуса, які не мае нічога агульнага з гістарычным Хрыстом. Найсвятлейшы Ісус абудзіў Адама ад смяротнага сну і адагнаў ад яго дэмана-спакушальніка. Ісус паказаў чалавеку прыгажосць светлых нябёсных сфер і свой уласны твар, што раздзіралі драпежныя жывёлы, бо пакуты Ісуса – гэта смутак разлітай у прыродзе боскай сутнасці, якая штодзённа нараджаецца, пакутуе і памірае ў кожным спаленым дрэве, з’едзеным кавалку мяса ці плодзе. Тым самым чалавек зразумеў прычыну свайго няшчасця і зведаў шлях збавення, які заключаецца ў ахове ўласнай душы ад усялякай цялеснасці, у самавырачэнні і ўстрыманні. Дапамагчы ў гэтай працы чалавеку павінны былі такія прарокі і настаўнікі, як Адам, Ной, Аўраам, Ісус Навін і, вядома ж, сам Мані.
Карэннае адрозненне маніхейства ад манатэістычнага хрысціянства заключалася ў яго татальным дуалізме. Так, калі ў хрысціянстве Д’ябл як увасабленне абсалютнага зла сам з’яўляўся Божым стварэннем, мог дзейнічаць выключна па Боскім Папушчэнні і, безумоўна, павінен быў быць пераможаны на полі Армагедону па Боскім Наканаванні, то ў маніхействе дабро і зло былі раўнапраўнымі адвечнымі сіламі, барацьба якіх і была самім існаваннем свету.
Суровая аскетычная мараль, якая самыя звычайныя штодзённыя работы і нават шлюб разглядала як злачынства, адсутнасць супольнага набажэнства, пераслед з боку ўлад паслужылі прычынаю таго, што класічнае маніхейства, нягледзячы на сваю першапачатковую папулярнасць, так і не перажыло Рымскую імперыю, дзе, урэшце, перамагло хрысціянства. Аднак хрысціяне, такім чынам, засталіся сам насам з пакутлівым пытаннем: калі Д’ябл толькі Богава стварэнне, то чаму ён такі ўсемагутны і на зямлі неабсяжна пануе зло ва ўсіх сваіх абліччах?
Своеасаблівым адказам на гэтае пытанне і стаў трыумфальны рэнэсанс дуалістычных канцэпцый светабудовы ў каталіцкай Еўропе ХІ–ХІІ стагоддзяў, расчараванай няўдалымі спробамі рэфармавання царквы і прагнуўшай аскетызму і ачышчэння ад скверны свету. У якасці адной з найбольш моцных і яскравых праяў гэтай тэндэнцыі паўстала ерась катараў-альбігойцаў на поўдні сучаснай Францыі і, асабліва, на абшарах колішняга каралеўства Разэс. Касмаганічная канцэпцыя і міфалогія катараў у сваёй аснове заставаліся маніхейскімі, аднак былі некалькі трансфармаваныя і мадэрнізаваныя. Паводле пераканання ерэтыкоў, усё існае спрадвеку было падзеленае паміж Богам святла, які апекаваўся нябачным светам, і Богам цемры, што ўвасабляў бачны свет. Сын Бога цемры Люцыфер захапіў у палон светлых анёлаў і трымае іх у вязніцах плоці, колькасць якіх павялічваецца пасродкам палавых зносінаў. Бог святла вядзе барацьбу за вызваленне анёлаў з кайданоў цела, але гэтаму супрацьстаіць Бог цемры, Бог “свету гэтага”, які атаясамліваўся з біблейскім Яхвэ. Для замацавання сваёй улады Яхвэ пасылае на зямлю прарокаў цемры, галоўным з якіх становіцца Майсей, але і Бог святла пасылае на зямлю для прасвятлення людзей вышэйшага са сваіх анёлаў і найбольш дасканалае сваё тварэнне – Хрыста, які, з’явіўшыся на свет праз вуха Панны Марыі, абвясціў чалавецтву ісціну. Цела ўвасобленага на зямлі Хрыста было бязважным і эфірным, таму ён не меў патрэбы ў пітве і ежы і не мог адчуваць пакуту, што, тым не менш, не перашкодзіла яму перамагчы прарока Бога цемры Яна Хрысціцеля. Пасля гэтага Хрыстос, які ўсталяваў свой уласны духоўны хрост праз рукапалажэнне, што меў назву “consolamentum” (лац. “заспакаенне”) і ўжываўся ў катарскай абраднасці, адкрыў палонным анёлам святла (resp. праведным бесцялесным душам) шлях да вызвалення. Той жа, хто пры жыцці не атрымаў “consolamentum”, павінен быў атрымаць яго пры новым зямным увасабленні, якое лічылася пакараннем і падаўжэннем цяжкога цялеснага палону. Такім чынам, канчатковай мэтай развіцця свету паўстае вызваленне частак нябёснага святла з пад улады зямной цемры і канчатковае размежаванне царстваў святла і цемры, але ні ў якім разе не знішчэнне апошняга.
Якраз у візуальнае ўвасабленне падобнай канцэпцыі з часам і ператвараецца былая зорка Давіда каралеўства Разэс ў гербе горада Рэн-ле-Шато, дзе белы трохкутнік азначае нябёснае царства святла, а чорны – зямное царства цемры. Маючы палярную афарбоўку, трохкутнікі счэпленыя між сабой у адвечнай зацятай барацьбе, якая сама і ёсць зямное жыццё ва ўсёй яго складанасці. У гэтым выпадку альбігойская гексаграма Рэн-ле-Шато тыпалагічна наследуе зыходнай вобразнасці гексаграм як аграрных сімвалаў яднання мужчынскага і жаночага пачаткаў. Увогуле ж, з’яўленне альбігойскай сімволікі менавіта ў гербе Рэн-ле-Шато зусім не выпадковае, бо разам з іншымі гарадамі былога Разэсу ён быў адным з асноўных апірышчаў ерэтыкоў, супраць якіх папа Інакенці ІІІ (1198–1216) абвясціў у 1209 годзе крыжовую выправу. Вынікам надзвычай крывапралітнай дваццацігадовай вайны стала заключэнне мірнай дамовы 1229 года, паводле якой граф Тулузскі Раймунд VII, што апекаваўся ерэтыкамі, вымушаны быў вялікую частку свайго графства, у якую ўваходзіў і Нарбон з ваколіцамі, перадаць ва ўласнасць французскаму каралю Людовіку IX. Сама ерась была вынішчаная агнём і мячом, аднак яшчэ ў XIV стагоддзі святая інквізіцыя знаходзіла на поўдні Францыі яе таемных паслядоўнікаў.
У сваю чаргу, адным з яскравых прыкладаў антрапаморфнай геральдычнай інтэрпрэтацыі постаці цара Давіда можа служыць яго выява над павержаным Галіяфам у гербе (1623) горада Невель (гл. мал. 28), што знаходзіўся на памежжы Вялікага княства Літоўскага і Масквы, і на працягу доўгага часу пераходзіў з адных рук у іншыя. Урэшце, пасля вайны 1609–1618 гадоў у выніку Дэўлінскага перамір’я горад у чарговы раз быў далучаны да Літвы і атрымаў свой герб, які сімвалізаваў перамогу слабейшага над мацнейшым, атрыманую з Божай дапамогай у выніку “вайны Госпада”. З аднаго боку, сімволіка герба дастаткова дакладна адлюстроўвала ход вайны, у якой адносна нешматлікія атрады польска-літоўскай шляхты, не інакш, як з Божай дапамогай, перамаглі маскоўскія сілы, што значна пераўзыходзілі іх колькасна; а з другога, – ворагі-маскавіты пазначаліся як “бязбожнікі” і “служкі д’ябла”, бо, паводле сярэднявечнай каталіцкай тэалагічнай традыцыі, перамога Давіда над Галіяфам на пачатку велічы Царства Ізраільскага служыла містычнай папярэдніцай перамогі яго нашчадка Хрыста над Анціхрыстам у канцы часоў.
Акрамя антрапаморфных выяў цара Давіда ў геральдыцы яго царскую веліч і высакароднасць мог увасабляць таксама адзінарог. Геральдычны адзінарог (лац. unicornus) звычайна мае галаву і цела каня, бараду казла, хвост льва, ногі і капыты аленя (парнакапытны), а таксама перакручаны рог у цэнтры ілба (гл. мал. 29).
Свайму з’яўленню ў свядомасці сярэднявечнага еўрапейца адзінарог абавязаны працам старажытнагрэцкага гісторыка Ктэсія (каля 400 года да Н.Х.), у якіх апісвалася дзікая жывёла, адзіны рог якой мае цалебную сілу. Відавочна, антычны гісторык меў на ўвазе індыйскага насарога, аднак міфічная жывёла настолькі ўразіла еўрапейскага чытача, што пры перакладзе Бібліі таямнічы “люты звер” (старажытнае яўр. re’em), які на самой справе хутчэй за ўсё быў дзікім буйвалабыком, названы менавіта адзінарогам. Тым часам увагу рыцараў, якія прымалі ўдзел у крыжовых выправах, прыцягнулі да сябе дзікія антылопы Сірыі і Палесціны. Жывёлы мелі доўгія прамыя спіралевідныя рогі і пры профільным паглядзе на іх стваралася ілюзія, што яны маюць толькі адзін рог. Менавіта на гэтую жывёлу падобныя і першыя выявы адзінарога ў сярэднявечных рукапісах. Рыцары палічылі экзатычную жывёлу біблейскім “адзінарогам”, і некаторыя з іх менавіта ў такім выглядзе перанеслі яе на свае гербавыя тарчы. З таго часу перш за ўсё менавіта біблейская сімволіка адзінарога легла ў аснову геральдычнай сімволікі гэтай жывёлы.
У Бібліі сам “адзінарог” і асабліва яго рог сімвалізавалі богаабранасць манарха, магутнасць і высакароднасць яго ўлады. Звязана гэта было з рытуалам мірапамазання. Упершыню, паводле Першай Кнігі Царстваў, быў памазаны на царства прарокам Самуілам Саўл – “сын <…> Веніяміна, аднаго з меншых каленаў Ізраілевых” (1 Царстваў, 9, 21), які да таго ж належаў да найменшага племені з усіх плямёнаў калена Веніямінава. Менавіта рытуал мірапазання як сімвал богаабранніцтва ператварае Саўла ледзь не з парыя ў Цара Ізраіля. Сам рытуал заключаўся ў тым, што Самуіл выліў алей на галаву Саўла: “І ўзяў Самуіл сасуд з алеем і выліў на галаву яго, і пацалаваў яго, і сказаў: вось, Гасподзь памазвае цябе ва ўладара спадчыны Сваёй” (1 Царстваў, 10, 1). Пасля таго, як Бог адверг Саўла, Самуіл памазаў на царства Ізраільскае іншага божага абранніка пастуха Давіда з калена Іудзіна, пры якім Ізраіль дасягнуў найбольшага росквіту: “І ўзяў Самуіл рог з алеем і памазаў яго сярод братоў яго, і спачываў дух Гасподзень на Давідзе з таго дня і пасля…” (1 Царстваў, 16, 13). Паказальна ў гэтых адносінах, што алей яўрэі захоўвалі ў закаркаваных рагах, таму сасуд з алеем для памазання Давіда ўяўляў сабой менавіта рог, што адлюстравалася ў сярэднявечным мастацтве (гл. мал. 30). Пачынаючы з часу праўлення Каралінгаў, каталіцкая царква, жадаючы падначаліць свайму ўплыву свецкую ўладу, увяла ва ўжытак старазапаветны абрад памазання на царства, што азнаменавала сабой паўстанне ідэалагічнай канцэпцыі, якая абвясціла новапаўстаўшую Свяшчэнную рымскую імперыю каралінгаў “Новым Ізраілем”. Таму біблейскі Давід пачаў лічыцца ўзорным манархам, а рог біблейскага “адзінарога” стаў адным з найбольш яскравых сімвалаў абранага Богам цара.
Менавіта ідэю манаршага суверэнітэту, богаабранасці ўлады герцагаў Ферарскіх і яе вайсковай магутнасці, скіраванай на ўслаўленне Бога, сімвалізаваў бэдж роду д’Эстэ: адзінарог пад пальмай. Засноўваецца гэтая сімволіка на вобразнасці дзевяноста першай псальмы, аўтарства якой прыпісваецца самаму цару Давіду: “Ты, Госпадзе, высокі векавечна! Бо вось, ворагі Твае, Госпадзе, – вось, ворагі Твае гінуць, і рассыпаюцца ўсе ліхадзеі; а мой рог Ты падымаеш, як рог аднарога, і я ўмашчаны сьвежым алеем; і вока маё глядзіць на ворагаў маіх, і вушы мае чуюць пра паўсталых на мяне злыдняў. Праведнік цьвіце, як пальма, узвышаецца быццам кедр на Ліване. Пасаджаныя ў доме Гасподнім, яны цьвітуць на падворках Бога нашага; яны і ў старасьці пладаносныя, сакавітыя і сьвежыя, каб абвяшчаць, што Гасподзь справядлівы, цьвярдыня мая, і няма ў Ім няпраўды” (Псалтыр, 91, 9–16).
Адзінарог фігураваў таксама ў гербе Шатландыі. Змясціў яго выяву на гербавай тарчы шатландскі кароль Давід І (1124–1153). Адзінарог, з аднаго боку, разам з біблейскім імем караля павінен быў падкрэсліваць сімвалічную пераемнасць яго ўлады ад улады біблейскага богаабранага манарха, а з другога, – сцвярджаць суверэнітэт краіны. Менавіта пад выявамі адзінарога змагаліся шатландцы з англічанамі, якія лічылі сваёй гербавай жывёлай льва. Пасля таго, як шатландскі кароль Якаў VI далучыў Шатландыю да Англіі і зрабіўся каралём Аб’яднанага Каралеўства Якавам І, ён перанёс у афіцыйны герб новастворанай краіны і адзінарога, дзе той, замяніўшы чырвонага валійскага цмока, разам з англійскім львом сталі тарчатрымальнікамі.
Адзінарог і леў у якасці тарчатрымальнікаў аднаго герба мелі досыць дваістую сімволіку. З аднаго боку, біблейскі цар Давід належаў да калена Іудзіна, да якога належаў і нашчадак Давіда Ісус Хрыстос. Паводле ж Бібліі, калена Іудзіна сваім сімвалам мела льва. Таму леў Іуды ў спалучэнні з адзінарогам таксама сімвалізаваў богаабранасць манаршай дынастыі Аб’яднанага Каралеўства. З другога боку, у часы Сярэднявечча надзвычай папулярнымі былі выявы містычнай бойкі паміж львом і адзінарогам як увасабленнямі супярэчнасці і ўзаемнай барацьбы паміж мужчынскім (сонца) і жаночым (месяц) пачаткамі. Таму містычная “непрыязь” паміж львом і адзінарогам міжволі ўвасабляла надзвычай складаныя англа-шатландскія гістарычныя стасункі, што адлюстравалася нават у англійскіх дзіцячых песеньках.
Адначасова з Невелем у 1623 годзе суседнему з ім гораду Себеж, таксама адваяванаму ў Расіі, быў нададзены герб з выявай волата Самсона, які, падобна да Давіда, з’яўляўся адным з найбольш славутых героеў Ізраіля часоў яго зацятага змагання з філісцімлянамі. Паводле старазапаветнай “Кнігі Суддзяў”, Самсон, імя якога ў перакладзе азначае “служка” ці “сонечны”, быў дванаццатым з Суддзяў Ізраільскіх і вызначыўся ў змаганні іудзеяў з філісцімлянамі.
Бацька Самсона, Маной з калена Данавага з горада Цора, і яго жонка доўгі час заставаліся бяздзетнымі. Аднойчы анёл прадказаў ім нараджэнне сына, якому суджана было “ратаваць Ізраіля ад рукі Філісцімлянаў” (Кніга Суддзяў, 13, 5), што ўжо на працягу сарака год уладарылі над краінай. Таму з самага дзяцінства Самсон павінен быў стаць назарэем, якія ўсё жыццё блюлі рытуальную чысціню, не стрыглі валос, пазбягалі ўжывання віна і прысвячалі сябе служэнню Госпаду. Па гэтай прычыне ў хвіліны небяспекі на Самсона зыходзіў “дух Гасподні”, які дараваў яму надзвычайную фізічную сілу для перамогі над ворагамі. Менавіта ў адзін з такіх момантаў Самсон голымі рукамі, “як казляня” (Кніга Суддзяў, 14, 6), разрывае маладога льва, што напаў на яго ў пустыні.
Памятаючы пра сваё першапачатковае прызначэнне, Самсон пачынае зацятую барацьбу супраць філісцімлянаў. У выніку гэтага цэлае філісцімлянскае войска ўваходзіць у Іудзею, і тры тысячы іудзейскіх пасланцоў, баючыся пагрозы поўнага спусташэння краіны, просяць Самсона, каб той сам аддаўся ў рукі ворагаў. Волат дазваляе ім звязаць сябе і выдаць філісцімлянам. Аднак у варожым стане на Самсона зноў зыходзіць “дух Гасподні”, у выніку чаго вяроўкі падаюць з яго рук, і падабранай тут жа аслінай сківіцай назарэй забівае тысячу філісцімлянскіх воінаў. Пасля гэтага подзвіга Самсон абіраецца Суддзёй Ізраільскім і ўладарыць у Іудзеі на працягу дваццаці год.
Прычынай гібелі Самсона становіцца філісцімлянка Даліла, у якую той быў закаханы. Падкупленая “ўладарамі філісцімлянскімі”, яна тройчы спрабуе высветліць крыніцу яго сілы, але ён тройчы падманвае яе. Аднак у чацвёрты раз Самсон гаворыць Даліле праўду: ён з’яўляецца назарэем, таму сакрэт яго сілы схаваны ў валасах, якія ён, паводле свайго абету перад Богам, ніколі не стрыжэ. Уначы філісцімляне састрыгаюць Самсону валасы і, знясіленага тым, асляпляюць яго. Пасля гэтага закаваны ў ланцугі волат нейкі час вымушаны быў прыводзіць у рух млын, тым часам, як яго валасы пачынаюць паступова адрастаць. Аднойчы, з мэтай прыніжэння калісьці магутнага ворага, філісцімляне прыводзяць яго на свята ў храм Дагона, каб палонны весяліў прысутных. Самсон просіць свайго павадыра падвесці яго да цэнтральных слупоў храма, каб нібыта абаперціся на іх. Аднак, падышоўшы да слупоў, волат звяртаецца да Бога з малітвай і, атрымаўшы назад сваю сілу, здзвігае іх. З апошнім воклічам назарэя “Няхай памрэ душа мая з філісцімлянамі!” дах храма абрушваецца на галовы ворагаў, якіх у гэты момант загінула больш, чым за ўсё ранейшае жыццё Самсона.
Вобраз старазапаветнага героя быў надзвычай папулярны ў хрысціянскім мастацтве Сярэднявечча. Часцей за ўсё, Самсон маляваўся ў момант забойства льва, што характэрна і для геральдыкі. Так, увасабляючы сілу, вайсковыя здольнасці і Божую абарону, Самсон са львом фігураваў у тарчы шляхецкага герба Samson (гл. мал. 31), надзвычай падобнага на герб горада Себеж (гл. мал. 32). У сваю чаргу, неабходна адзначыць, што гарадскі знак Себежа, хутчэй за ўсё, не мае прамога дачынення да шляхецкага радавога знака, а паўстаў адносна самастойна.
Тым самым, згаданыя гербы непасрэдна атаясамлівалі Маскву са старазапаветнымі ворагамі “абранага Богам народа”, а Вялікае княства Літоўскае – з “зямлёй абяцанай”, што ў асноўных сваіх палажэннях аднаўляла на новым грунце паўсталую яшчэ ў часы першых Каралінгаў ідэалагічную канцэпцыю “Новага Ізраіля”.
Пачатак адаптацыі гэтай канцэпцыі ў ідэалогіі Вялікага княства Літоўскага прыходзіцца недзе на канец XV – пачатак XVI стагоддзя, і адной з найбольш яркіх яе праяў з’яўляюцца некаторыя ілюстрацыі і прадмовы да зробленага і выдадзенага ў 1516 годзе Францыскам Скарынам старабеларускага перакладу Бібліі. Так, на адной з гравюр пад назвай “Людие Ізраилевы с полки свойми около храму Божія” ўвасоблены падзеленыя на асобныя калены іудзеі, якія пад правадырствам Майсея вяртаюцца на радзіму – “зямлю абяцаную” са шматгадовага егіпецкага палону, несучы з сабой перанасны храм – скінію, альбо “дом Божы”, над якім, падобная на аблок, лунае Божая Прысутнасць. Дадзенай ілюстрацыі спадарожнічае каментарый Скарыны, змешчаны ім у “Прадмове” да “Кнігі Лічбаў”, які праводзіць непасрэдную паралель паміж сюжэтам з сакральнай гісторыі і сучасным яму жыццём: “И тако четыредесять лет ходиша попустыни вышедши изземли египетское поколъ непришли доземли обетованное. Знаменующе нам Хрестианомъ, иже звеликимъ терпениемъ изсего веку темного, имамы вниити воцарство божие”. А “цемру веку”, якой, на думку Скарыны, павінны былі супрацьстаяць хрысціяне, перш за ўсё ўвасаблялі крымскія татары і маскавіты, што ў тыя часы спусташалі землі княства. Таму ў ілюстрацыі да “Чацвёртай Кнігі Царстваў”, якая называлася “Навходоносор Царь Вавилонский добыве Ерусалима” і ўвасабляла аблогу сталіцы Ізраіля вавілонскімі войскамі, вавіланяне малююцца ў выглядзе татрскіх коннікаў, а абаронцы горада падобныя да літоўскіх воінаў.
Канцэпцыя “Новага Ізраіля” мела два асноўныя аспекты. Яна, з аднаго боку, найлепшым чынам была прыстасаваная для ідэалагічнага абгрунтавання вядзення вайны пад духоўным правадырствам грознага для ворагаў старазапаветнага Бога, а з другога, праз рытуал памазання на царства, надавала богаабранніцкі статус і найвышэйшы аўтарытэт царскай уладзе. Для вымушаных весці бесперапынныя абарончыя войны Каралеўства Польскага і Вялікага княства Літоўскага найбольш актуальным быў першы аспект, у Маскве ж, якая ў другой палове XVI стагоддзя запазычыла ў Літвы і адаптавала да сваіх патрэб канцэпцыю “Новага Ізраіля”, дамінаваў другі яе аспект, адзнакай чаго служыла, пачынаючы з 1571 года, з’яўленне замест выявы Георгія Пабеданосца выяў адзінарога на пячатках Вялікага князя Маскоўскага Івана IV Жахлівага.
З’яўленне новай фігуры ў маскоўскай геральдыцы глыбока абумоўленае. Пасля гібелі ў 1480 годзе Візантыйскай імперыі Вялікае княства Маскоўскае засталася адзінай праваслаўнай дзяржавай – пераемніцай традыцый візантыйскай святасці. Следствам гэтага становіцца тое, што Масква абвяшчае сябе “Трэцім Рымам”, а Вялікі князь Маскоўскі Іван IV, празваны Жахлівым, па прыкладу візантыйскіх імператараў у 1547 годзе памазваецца на царства – адвольна прысвойвае сабе тытул цара. Таму адзінарог на дзяржаўнай пячатцы перш за ўсё павінен быў сцвярджаць легітымнасць Маскоўскага царства і асабіста царскага тытула Івана IV.
Аднак найбольшую актуалізацыю дадзеная канцэпцыя як у Літве, так і ў Маскве знайшла ў XVII стагоддзі. Менавіта гэтым перыядам датуецца знойдзены ў Полацку апокрыф “Розмова царя Давыда з царемъ Волотомъ Волотовичем”, які выводзіць традыцыю манаршай улады ў колішнім Полацкім княстве і Вялікім княстве Літоўскім непасрэдна ад легендарнага старазапаветнага цара. Паводле сюжэту гэтага апокрыфа, аднойчы для нарады на гару Сінай з’ехаліся сорак два цары, “преднейши” з якіх быў Волат Валатовіч, а “другии” пасля яго – “царъ Давыд пророкъ Іесеовичъ”. У час гэтай нарады Волат Валатовіч просіць іншых цароў, каб яны вытлумачылі ўбачаны ім сон, які ў асноўных сваіх рысах паўтарае паданне пра заснаванне Вільні – сталіцы Вялікага княства Літоўскага. Цару Волату прыснілася, што ў момант узыходу сонца вырастае дрэва са срэбраным карэннем і залатымі галінамі, а “под древомъ тымъ вилкъ ричелъ велми а срожилсе”. З усіх астатніх цароў патлумачыць гэты сон здолеў толькі цар Давыд, які, дарэчы, нават звяртаецца да Волата як да феадальнага сюзерэна: “Господару ты наш, преднейшы цар Волотъ Волотовичъ, той твой сонъ я отгадаю”. І ён тлумачыць, што узыход сонца “красного” азначае заснаванне горада “красного”, дрэва са срэбранымі каранямі і залатымі галінамі азначае дачку цара Волата Волху Валатоўну і сына цара Давыда Саламона, якія пабяруцца шлюбам, і Саламон будзе “справовати” царствам Волата, а “вилкъ ричачи, то слава великая пойдетъ отъ племени его” (Ластоўскі 1926: 582–583).
У Маскве, у сваю чаргу, пасля заняпаду дынастыі Рурыкавічаў, як адвечных законных уладароў Усходняй і Паўднёвай Русі, “царскі” аўтарытэт якіх не падлягаў аніякаму сумненню, у выніку даўгагадовай смуты ў 1613 годзе на маскоўскі трон Земскім Саборам быў абраны Міхаіл Фёдаравіч Раманаў. Радавітасць Раманавых у вачах падданых не магла ісці ні ў якое параўнанне з радавітасцю прадстаўнікоў папярэдняй дынастыі: таго ж Івана IV і яго сына Фёдара Іаанавіча – апошняга Рурыкавіча. Таму на пячатцы Вялікага Палаца цара Міхаіла Фёдаравіча і на пячатках яго сына Аляксея Міхайлавіча замест старога патрона Масквы св. Юр’я зноў з’яўляецца адзінарог. Ён павінен быў сцвярджаць богаабранасць “нерадавітых” цароў Раманавых і легітымнасць іх улады, падобна да таго, як ён сцвярджаў богаабранасць і легітымнасць улады біблейскага цара-пастуха Давіда. Па гэтай жа прычыне выява адзінарога білася на залатых і срэбраных манетах ілжэцара Дзмітрыя Самазванца. Тым самым, з Літвы паўторна запазычваецца сімволіка старазапаветных памазанікаў. Так, вітаючы захоп Полацка маскоўскімі войскамі ў 1656 годзе і прыезд туды цара Аляксея Міхайлавіча, прадстаўнік мясцовай прамаскоўскай партыі Сімяон Полацкі ў сваім вершы непасрэдна параўноўвае Маскоўскае царства з Новым Ізраілем:
Кгды ся Израиль брил в обетованну
Землю сквозь царев аморейских страну,
Зело бе нужден от царя языков, сопротивников.
Тогда дал Господ помощ Израилю;
Послал победу на вражую силу,
Повели слонцу недвижимо стати, бы поконати
Могл своих врагов в он час привращенный,
Слонцу обычный путь Богом веленный.
Се мы Израил Новаго Завета през многа лета
В нуждах шествуем. Ты вож, Богом данный,
Иди на враги за вси христианы (Полоцкий 1990: 31–33).
Гэтая ж паралель падмацоўваецца ў выдадзенай у Маскве ў 1663 годзе Бібліі, на тытульным аркушы якой змешчана
|