|
ЗАХАВАЦЬ МОВЫ МАЛЫХ НАРОДАЎ
Ян Францішак НАСОВІЧ
(Беласток)
Для кожнага чалавека сувязь мовы з народам з’яўляецца відавочнай. У звычайным разуменні слова народ утрымлівае ўяўленне аб мове і наадварот. Калі гаворым пра людзей, якія размаўляюць, напрыклад, на польскай мове і лічаць яе сваёй роднай мовай, мы называем іх польскім народам. Барацьба кожнага грамадства за захаванне ўласнай нацыянальнай тоеснасці звычайна ўзмацняецца ў часы іншаземнага панавання. У значнай ступені яна з’яўляецца барацьбой за захаванне нацыянальнай культуры і роднай мовы. Таму мы лічым натуральнай дэфініцыю народа, якая адносіцца яшчэ да XIX стагоддзя і прадстаўлена ў знакамітым творы Самуэля Багуміла Ліндэ: “Народ… = (раўназначна) нацыя, цэлая тая сукупнасць людзей адной мовы (тут і далей курсіў мой – Я.Н.), адных і тых жа звычаяў, населеных у адной і той жа краіне” (Linde 1857: ІІІ: 274).
Такім чынам, адпаведна польскай традыцыі сярод рысаў, што вызначаюць нацыянальную агульнасць, мова знаходзіцца на першым месцы. Але пабачыўшая свет на паўстагоддзе пазней вядомая энцыклапедыя Аргельбранда адсоўвае яе ўжо на другі план: “Народ… сукупнасць людзей, якія жывуць на вызначанай прасторы, размаўляюць на адной і той жа мове, маюць адны і тыя ж звычкі, звычаі і мінулае, валодаюць некаторымі агульнымі маральнымі і псіхічнымі рысамі” (Orgelbrand 1901: Х: 414).
З цягам часу яшчэ больш змяняюцца адносіны да мовы, як да рысы, што вызначае народ. Так, напрыклад, адно з папулярных энцыклапедычных выданняў 20-годдзя паміж першай і другой сусветнымі войнамі паведамляе, што народ – гэта “група людзей, якая пражывае на агульнай тэрыторыі і аб’яднаная агульнай гісторыяй, агульнай культурай, звычайна агульнай мовай” (Wielka ilustrowana encyklopedia XI: 94).
Як бачым, пры пераліку характэрных уласцівасцей народа мову не толькі адсоўваюць на апошняе месца, але нават адносяць яе да рысы факультатыўнай, а г.зн. і неабавязковай. Калі рухацца далей у гэтым накірунку, можна заўважыць, што зусім нядаўна мы дачакаліся ў адносінах да народа і такога вызначэння: “…гістарычна сфарміраваная ўстойлівая агульнасць, якая ўзнікла на аснове агульнага гістарычнага лёсу, агульнай таварнай гаспадаркі і агульных палітычных устаноў, якая характарызуецца наяўнасцю дзяржаўнай свядомасці як асноўнага элемента калектыўнай свядомасці” (Wiatr 1973: 213) – у якім мовы наогул няма.
Перш чым выказаць сваё меркаванне наконт згаданых вышэй і іншых шляхоў вызначэння народа, мы павінны заўважыць, што гэта не мова губляе значэнне ў грамадскім жыцці. Наадварот, яе роля ў наш час у сувязі з павелічэннем міжнародных кантактаў паступова ўзрастае і становіцца прычынай усё новых праблем, невядомых ранейшым сацыяльным і палітычным сістэмам у свеце. Змяненне зыходнай пазіцыі мовы звязана з разнастайнасцю асноў, на якіх фарміраваліся дзяржаўныя арганізмы ў ХIХ і ХХ стагоддзях Еўрапейскай мадэллю ў прынцыпе з’яўляецца – звычайна кажучы – нацыянальная дзяржава, але дзяржавы, што ў рэчаіснасці існуюць сёння, уяўляюць сабой разнастайную этнічную, моўную, рэлігійную мяшанку, а ў выпадку каланіяльных дзяржаваў – яшчэ і расавую. Усе гэтыя грамадскія групы дабіваюцца правоў для сябе. Гэта натуральная і маральна абгрунтаваная тэндэнцыя. Пачынаюцца, такім чынам, пошукі далейшых крытэрыяў, якія ўлічвалі б патрэбы вышэй азначаных асоб. Разам з паняцццем народа ўводзяцца паняцці нацыянальнасць, этнічная група і іншыя (больш на гэтую тэму гл. матэрыялы сімпозіума Language and Nation 1987 і даклады са з’езда Польскага мовазнаўчага таварыства ў Варшаве ў 1991 годзе), а таксама паняцце нацыянальнай меншасці (гл. Byczkowski 1976), што выцякае з існавання дзяржаўных арганізмаў.
Адным з вынікаў такой складанай карціны сучаснага свету з’яўляецца менавіта неаднародны падыход да пытання народа. У агульным, мы сустракаемся тут з дзвюма тэндэнцыямі (гл. Byczkowski 1976: 14–31). Адной з іх, дзякуючы, напрыклад, польскай традыцыі, з’яўляецца вызначэнне народа як сукупнасці людзей аднаго і таго ж паходжання (таго жа роду) і агульнай культуры, што выцякае з гэтага. Дапускае яна тэрытарыяльную і гістарычную агульнасць, а на першым месцы, сярод характэрных рыс, неабходна назваць мову, як форму захавання і сродак кантактаў у межах выдзеленай такім шляхам групы.
Другую тэндэнцыю мы назіраем у многіх краінах Заходняй Еўропы. Складаецца яна ў злучэнні паняцця народа з дзяржавай. Немцам ці французам не з’яўляецца той, хто лічыць сваёй роднай нямецкую ці французскую мову, але той, хто мае грамадзянства Германіі ці Францыі. Разыходжанне паміж гэтымі тэндэнцыямі з’яўляецца прынцыповым, але варта звярнуць увагу на тое, што паміж імі выступае некаторае агульнае звяно, а менавіта тэрытарыяльная агульнасць. І ў першым і ў другім выпадку народ, каб меў магчымасць узнікнуць, патрабуе абмежаваную нейкім чынам тэрыторыю.
Найбольш важным вынікам абодвух падыходаў з’яўляецца фармальнае вызначэнне нацыянальнай прыналежнасці. У традыцыйным разуменні, характэрным для некаторых краін Усходняй Еўропы, вырашальнае значэнне незалежнасці мае свядомасць людзей. Затое паводле найбольш частых заходнееўрапейскіх поглядаў нацыянальная прыналежнасць выцякае з дзяржаўнага грамадзянства. Так, мы гаворым аб кім-небудзь, напрыклад, “паляк з амерыканскім падданствам”, а там гавораць “амерыканец польскага паходжання”.
На іншых рысах, якія ўжываюцца пры вызначэнні народа, важнымі, вядома, з грамадскага пункту гледжання, мы не будзем спецыяльна затрымлівацца, бо цэнтральнае месца ў нашых разважаннях займае мова. Што датычыцца гэтага пытання, моваведы могуць згадзіцца з тым, каб тэрмін народ, нягледзячы на яго традыцыйнае разуменне, не звязваць з паняццем мовы, як жадалі б гэтага сацыёлагі і палітыкі, якія прадстаўляюць заходнееўрапейскія погляды. Аднак абавязкова трэба стварыць тэрмін для вызначэння паняцця моўная агульнасць. Ён патрэбны, перш за ўсё, у час дэбатаў на тэму сучасных грамадскіх абставінаў у Еўропе і ў свеце, але таксама і ў адносінах да гісторыі. Справа ў тым, што гісторыкі не заўсёды могуць пагадзіцца на адназначнае тлумачэнне гісторыі народа. Часцей за ўсё прынята лічыць, што аб народзе можна весці гутарку, толькі пачынаючы з ХVIII стагоддзя. Крытыка гэтага меркавання – не справа лінгвіста, хоць у сувязі з ім могуць з’явіцца некаторыя сумненні. Бяссспрэчным жа з’яўляецца тое, што адносіцца да нашай галіны інтарэсаў, а менавіта: моўнае вызнанне больш выразнае за нацыянальнае.
Вернемся, аднак, да адсутнасці аднароднасці ў вызначэнні народу. Можа, гэта было адной з прычын таго, што Ліга Нацый, якая пасля першай сусветнай вайны спрабавала забяспечыць раўназначныя правы ўсім грамадскім групам, пацярпела ў міжнародных кантактах столькі паражэнняў. Лозунг правы народаў не можа забяспечыць не толькі паслядоўных дзеянняў (якія, як мы ведаем з сённяшніх палітычных падзеяў, асабліва цяжкія), але нават адназначнай інтэрпрэтацыі спрэчных міжнародных пытанняў у гэтых адносінах. У выніку ў галіне міжнароднай дыпламатыі пасля апошняй вайны з’яўляецца паняцце правы чалавека.
Калі дакладней, то ў іх дастаткова старажытнае паходжанне, бо іх можна заўважыць у Magna Charta Libertatum 1215 года. У юрыдычны ўжытак яны ўваходзяць толькі ў Атлантычнай харціі (1941), а выкарыстоўваюцца шырэй, пачынаючы з дэкларацыі ААН (1945). На абарону правоў чалавека рашуча скіраваная канферэнцыя ў Хельсінкі ў 1975 годзе. Канкрэтныя рашэнні ў сувязі з гэтай тэмай прыносіць Нарада па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе, якая адбылася ў Капенгагене ў 1990 годзе. Прывядзем некаторыя фрагменты капенгагенскай дэкларацыі, якія тычацца нацыянальных меншасцяў: “Глава IV. Артыкул 30. <…> захаванне правоў членаў нацыянальнай меншасці, як частка прынятых усімі народамі свету правоў чалавека, з’яўляецца фактарам міру, справядлівасці, стабілізацыі і дэмакратыі ў краінах-удзельніках. <…>. Артыкул 32. <…> Члены нацыянальнай меншасці маюць права <…> карыстацца сваёй роднай мовай у асабістым і грамадскім жыцці <…> распаўсюджваць і абменьвацца інфармацыяй на сваёй роднай мове, а таксама мець доступ да такой інфармацыі; <…> засноўваць і ўтрымліваць у іх краіне арганізацыі і таварыствы <…>” (Нарада бяспекі і супрацоўніцтва ў Капенгагене, Дэкларацыя ад 29 чэрвеня 1990 года).
Цяжка не пагадзіцца з гэтымі і іншымі фармуліроўкамі капенгагенскай дэкларацыі. Вынікаюць яны як з захавання правоў асобы, так і правоў супольнасці, яны абапіраюцца на ідэі індывідуальнай і грамадскай дэмакратыі. Узнікае, аднак, пытанне, чаму – калі гэта сапраўды так – моўныя стасункі ў свеце выклікаюць заклапочанасць? Няма дня, каб сродкі інфармацыі не прыносілі новых паведамленняў аб канфліктах на нацыянальнай і моўнай глебе. У розных месцах Еўропы, з падножжа Пірынейскіх гор на Захадзе і да Каўказа на Усходзе, а таксама ў шматлікіх іншых месцах зямнога шара ўвесь час нехта не пагаджаецца з існуючай сітуацыяй і патрабуе правоў для сваёй мовы. А гэтыя правы гарантаваныя краінамі-ўдзельніцамі хельсінскай і капенгагенскай дэкларацый і не з’яўляюцца чымсьці, чаго нельга было б без вялікіх цяжкасцей рэалізаваць.
Калі моўныя праблемы ўвесь час выклікаюць канфлікты, можна тады весці размову тут аб дзвюх іх прычынах. Мы маем справу альбо (1) з парушэннем закону, альбо (2) з недастаткова карэктнымі юрыдычнымі фармуліроўкамі, г.зн. такімі, што не ўлічваюць некаторых фактаў з галін, якія закранаюць.
Што датычыцца першай магчымасці трэба зрабіць агаворку, што арганізатарамі прававога парадку з’яўляюцца дзяржавы ў міжнародным, а не ўнутраным сэнсе. Тым больш не з’яўляюцца імі ні народы, ні моўныя супольнасці, якія сталі прадметам нашых разважанняў. Дэкларацыю правоў чалавека падпісалі, напрыклад, Югаславія, СССР, Іспанія, але не Сербія, Славенія, Грузія ці баскская моўная супольнасць. Падпісваючы дэкларацыю, дзяржавы маральна абавязваюцца яе прытрымлівацца, але адпаведныя прынцыпы павінны быць запісаныя ў канстытуцыі і ва ўнутраных прававых нормах, што выцякаюць з яе. Толькі тады, у выпадку іх невыканання, можна гаварыць аб парушэнні закону.
На пытанне, якое ўтрымліваецца ў другім пункце, а менавіта: ці дастатковымі з’яўляюцца фармуліроўкі, якія тычацца правоў чалавека ў адносінах да мовы, можа паспрабаваць адказаць юрыст, палітык, сацыёлаг, але таксама мовазнаўца, хоць звычайна не ў яго пра гэта пытаюць. Калі мы звернемся да капенгагенскай дэкларацыі, то можам адзначыць, што ў прынцыпе, з нашага пункту погляду, можна яе ацаніць станоўча, бо яна абумоўлівае карыстанне мовай у асабістым і грамадскім жыцці, гаворыцца ў ёй таксама і аб распаўсюджванні інфармацыі на роднай мове і доступнасці гэтай інфармацыі. Каб аднак справа не выклікала сумненняў, трэба гэта праверыць з пункту гледжання моўных абставінаў у свеце, а перш за ўсё ў Еўропе.
Адпаведна нашай метадалогіі мы зыходзім з моў, інакш кажучы, адзінкай, якой мы карыстаемся, з’яўляецца мова. Нам хочацца нагадаць, што мова, якая абстрактна разумеецца, абслугоўвае ўсе галіны грамадскіх кантактаў. Аднак у нашым выпадку мову трэба разумець канкрэтна. Такім чынам, мы маем справу не з мовай наогул, але, напрыклад, з польскай, літоўскай, валійскай і іншымі мовамі. Практычна колькасць такіх моў абмежавана. Сярод іх ёсць такія, якія абслугоўваюць усе галіны кантактаў, але таксама і такія, ужыванне якіх абмежавана толькі пэўнымі коламі (параўн. Furdal 1985: 123–127). Напрыклад, польскай мовай карыстаюцца ва ўсіх сітуацыях, якія інспіруюцца сённяшнімі ўмовамі грамадскага жыцця, пачынаючы з прыватных стасункаў і спрэс да спецыялізаваных навуковых і адміністратыўных зносін. У сваю чаргу, напрыклад, лужыцкая мова ўжываецца ў асабістых кантактах, таксама літаратурных, часткова ў сістэме адукацыі і публіцыстыкі, аднак не ўжываецца ў шматлікіх спецыялізаваных галінах.
Стратыграфія мовы, што аднаўляецца на аснове назіранняў сфер яго грамадскага ўжывання, можа быць прадстаўлена з розных пунктаў гледжання і з рознай ступенню дэталізацыі. Можна тут зыходзіць менавіта з гэтых сфер, далей з рэсурсаў моўных форм, з тэхнічнага віду кантакту, з грамадскага статусу носьбітаў мовы, з іх грамадзянскіх свабод і г.д. Падрабязна гэтым займаецца сацыялінгвістыка, раздробленая ў сваю чаргу ўжо на розныя метадалагічныя школы. Сярод сацыялагічных падыходаў заслугоўвае ўвагі ўяўленне сфер моўнага кантакту з пункту погляду іх паўнаты. Вынікам рознага грамадскага статусу носьбітаў мовы становіцца з’ява дыглосіі, якая заключаецца ў тым, што ў пэўных колах карыстаюцца дзвюма рознымі мовамі там, дзе ў іншых грамадствах дастаткова толькі разнавіднасцяў адной і той жа мовы. Часта гэта звязана з прынцыповым падзелам на два тыпы кантактаў, афіцыйны і неафіцыйны, што ўсё больш выразна выступаюць у сённяшнім свеце.
Не заглыбляючыся далей у актуальную моўную стратыграфію ў асобных краінах, можна сказаць, што ўсе, азначаныя тут падзелы вядуць да высновы, што ў мове выразна выдзяляюцца два ярусы. Першым з’яўляецца ярус непасрэдных асабістых кантактаў, звычайна размоўнага характару, якія адбываюцца ў двух напрамках, калі маецца магчымасць абменьваццца ролямі адпраўшчыка і адрасата паміж субяседнікамі. Другі тып уяўляе сабой афіцыйны ўзровень кантакту, які адбываецца пры дапамозе тэхнічных сродкаў перадачы, такіх, як пісьмо, друк, радыё, тэлебачанне, гукапіс. Бывае і так, што афіцыйныя прамовы агучваюцца ад імя ўстановы ці якойсьці грамадскай групы. Але не гэта з’яўляецца самым галоўным. Тое, што мае вырашальнае значэнне ў афіцыйных выступленнях, гэта масавы, часам шматмільённы адрасат, які часцей за ўсё не мае магчымасці непасрэдна адказваць. Менавіта гэта аднабаковасць з’яўляецца адной з адрозных рыс афіцыйнага кантакту, асабліва адчувальнай у двухмоўных ці дыглосных грамадствах.
Напэўна, гэту двух’яруснасць моўных кантактаў мелі на ўвазе стваральнікі дэкларацыі правоў чалавека, бо паклапаціліся пра тое, каб сярод іх знайшлося даступнае для ўсіх, у тым ліку і для нацыянальных меншасцяў, права карыстання мовай у асабістым і грамадскім жыцці разам з магчымасцю распаўсюджвання пры яе дапамозе інфармацыі. Аднак, не маючы ўвогуле нічога супраць намеру заканадаўцаў правоў чалавека, мы можам узняць пытанне, аб механізмах рэальнага ўвядзення яго ў жыццё. Гэта тычыцца асабліва згаданай вышэй двух’яруснасці мовы ў сённяшнім свеце.
Пачнем з таго, што мовы значна адрозніваюцца між сабой, нават паводле колькасці іх носьбітаў. Ёсць мовы, што налічваюць некалькі сотняў прадстаўнікоў, але таксама і такія, на якіх размаўляе нязначная колькасць асоб. Гэтую сітуацыю спарадзіла няроўнасць адпаведных грамадскіх груп, што існуе з нядаўняга часу і выклікае далейшую іх дыферэнцыяцыю. Іх асновы заключаюцца ўжо не ў грамадскіх, і нават не ў біялагічных, але непасрэдна ў фізічных правах. Гэтая няроўнасць паглыбляецца ў выніку тэхнічнага развіцця, якое вядзе да надзвычайнага пашырэння афіцыйных і калектыўных моўных кантактаў, што не спрыяе асабістым непасрэдным кантактам. Колькасць інфармацыі, якую атрымлівае чалавек праз пасрэдніцтва прэсы, радыё і тэлебачання неверагодна хутка павялічваецца, а ў апошні час спрыяе гэтаму і Інтэрнэт. Можна чакаць, што развіццё электронікі і кампутарызацыя нашага жыцця, якая хутка эвалюцыянуе, зробіць гэту перавагу яшчэ большай.
З усім гэтым звязаныя канкрэтныя вынікі двух’яруснасці мовы. З’яўляюцца некаторыя перашкоды, часцей эканамічныя, пераадоленне якіх для маленькіх супольнасцей ці моўных меншасцяў звязана з вялікімі цяжкасцямі. Ці мае права невялікая моўная група ў свеце капенгагенскіх статутаў выдаваць і распаўсюджваць прэсу, мастацкую, навуковую і рэлігійную літаратуру? Ці можна развіваць сістэму адукацыі на роднай мове, правіць набажэнствы, ствараць тэатры, здымаць фільмы, мець уласнае радыё і тэлебачанне?
Канешне, ніхто і нішто гэтаму не перашкаджаюць. Узнікае толькі празаічнае пытанне, хто за гэта ўсё будзе плаціць? Нямецкая меншасць у Сілезіі, напэўна, атрымае любую колькасць катэхізісаў, школьных падручнікаў і класічных літаратурных твораў з ФРГ. Палякі, якія жывуць за мяжой, таксама гэта атрымаюць, але несумненна з вялікімі цяжкасцямі. Яшчэ цяжэй справа, напрыклад, у беларускай меншасці за межамі сваёй краіны. Але адкуль гэта ўсё возьмуць лужычане, брытонцы, баскі, цыгане?
Моўныя кантакты на афіцыйным узроўні патрабуюць існавання агульналітаратурнай мовы (стандартнага культурнага дыялекту), які змог бы выконваць даручаныя яму грамадскія функцыі. Як яго стварыць і захаваць без развіцця адпаведнай лексікаграфічнай асновы, без тлумачальных, тэрміналагічных і двухмоўных слоўнікаў, без энцыклапедый? Вядомая пяцітомная “Slowenska enciklopedia” (1977) з’яўляецца тэматычным лексіконам, які змяшчае пытанні мовы, літаратуры, геаграфіі, гісторыі і нацыянальнай культуры Славакіі. Сістэматычна пададзеныя веды аб астатніх частках свету даступныя славакам толькі з дапамогай іншамоўных энцыклапедый.
Здаецца, што менавіта энцыклапедыі адыгрываюць найвялікшую ролю ў духоўным жыцці народа. Таму, паміж іншым, мы пачалі гэты артыкул цытатамі з некатрых старых польскіх энцыклапедый. Часам мы нават не ўяўляем сабе, што падрыхтоўка і выданне энцыклапедыі з’яўляецца такім дарагім прадпрыемствам, што не кожнае грамадства можа на гэта пагадзіцца. Калі ўжо такая энцыклапедыя выходзіць у свет, то ўтрымлівае па меры магчымасці актуальныя, прынцыпова значныя веды адпаведнай эпохі. Такім шляхам яна не толькі паведамляе, але і фарміруе грамадскую думку ва ўсіх важных галінах. Трэба тут пры выпадку прывесці дадзеныя, якія тычацца мовы і народа, з такога важнага для грамадства былога СССР твора, якім з’яўлялася “Большая Советская Энциклопедия”.
Так, у выданні з 1954 г.: “Нацыя (ад лац. natio – племя, народ) – устойлівая супольнасць людзей, што склалася гістарычна, якую характарызуюць наступныя прыкметы: агульнасць мовы, агульнасць тэрыторыі, агульнасць эканамічнага жыцця і агульнасць псіхалагічнага складу, які выяўляецца ў агульнасці культуры” (Большая Советская энциклопедия 1954: XVII: 307). Трэцяе выданне, якое выйшла ў свет дваццацю гадамі пазней, г.зн. у 1974 г., утрымлівае наступнае тлумачэнне: “Нацыя, гістарычная супольнасць людзей, якая складвалася ў ходзе фарміравання агульнасці іх тэрыторыі, эканамічных сувязей, літаратурнай мовы, некаторых асаблівасцяў культуры і характару, што складаюць яе прыкметы” (БСЭ 1974: XVII: 375).
Тое, што нас больш за ўсё цікавіць, а менавіта мова, утрымліваецца ў абедзвюх дэфініцыях народа, але яе месца крыху змяняецца. На самой справе адрозненні паміж першым і другім выданнямі на першы погляд невялікае: у 1954 г. маем справу з мовай наогул, а ў 1974 г. з літаратурнай мовай. Для тых, хто не сягае глыбей у структуру мовы, гэта не мае вялікага значэння, але для лінгвіста гэтае адрозненне з’яўляецца прынцыповым. Адлюстроўваецца ў ім менавіта грамадская двух’яруснасць мовы. Дэфініцыя з 1974 г. не прызнае права лічыць сябе народам розным супольнасцям у СССР, якія маюць цяжкі доступ да афіцыйных кантактаў, але дазваляе прызнаваць там існаванне адзінага народа, які карыстаецца рускай мовай. Канешне, гэта не рускае вынаходніцтва. Эвалюцыя грамадска-палітычных поглядаў у СССР звязана з існуючымі раней канцэпцыямі амерыканскага, французскага або нямецкага народаў.
У шматмоўных грамадствах, акрамя апалітычнага эканамічнага разліку, ужываюць тую ці іншую мову, каб не згубіць сваю годнасць. Гэтыя абставіны з’яўляюцца прычынай таго, што лепш карыстацца мовай пануючай грамадскай групы, чым асабістай, і не толькі ў сваёй краіне, але і за мяжой. Так, напрыклад, у апошні час некаторыя русісты, што былі выхаваныя і атрымалі адукацыю ў СССР, на славісцкіх міжнародных канферэнцыях выступаюць на дзяржаўнай мове той краіны (былой рэспублікі Савецкага Саюза), у якой пражываюць. Потым у кулуарах (па-руску) тлумачаць, што гэтага патрабуюць улады краіны, грамадзянамі якой яны з’яўляюцца.
Прыкладаў падобнага роду больш, чым нам бачыцца. Не абавязкова яны маюць характар, які дыскрымінуе меншасці. З пункту погляду эмігрантаў, якія імкнуцца трапіць у багатыя краіны, цяжка прад’яўляць прэтэнзіі на тое, што гэтыя дзяржавы ствараюць эміграцыйныя абмежаванні, што дазваляюць упускаць іншаземцаў у такой колькасці, каб захаваць моўны характар дзяржавы існаваўшы да гэтага часу. Не садзейнічае таксама малым мовам дзяржаўны цэнтралізм, які, акрамя афіцыйных поглядаў, узмацняецца па меры развіцця тэхнічных сродкаў масавай інфармацыі, што шырока ўжываюцца ў афіцыйных кантактах. Адначасова памяншаецца попыт на інтэлектуальныя эліты ў т.зв. правінцыі. У сваю чаргу, развіццё міжнародных адносін таксама нярэдка абмяжоўваецца толькі кантактамі паміж сталіцамі. Гэта адмоўна адбіваецца на рэгіянальных колах, а ў выпадку, калі яны карыстаюцца іншымі мовамі, таксама і на гэтых мовах.
У выніку ўсіх гэтых працэсаў узнікае пачуццё няроўнасці, звязанае з удзелам людзей у грамадскім жыцці. Патрэбы сучаснага чалавека іншыя, чым былі ў XVII стагоддзі. Гэта датычыцца не толькі матэрыяльных умоў, што прасцей за ўсё можна заўважыць, але таксама і зменамі ў інтэлектуальнай галіне жыцця. Сёння людзі імкнуцца мець доступ да сусветнай цывілізацыі не праз пасрэдніцтва суседзяў, якія больш багатыя і моцныя, але непасрэдна на сваёй роднай мове. Размова ідзе тут аб пасіўным і актыўным доступе. Пасіўны доступ абазначае, што, будучы адрасатам твораў сусветнай культуры, сучасны чалавек не толькі хоча на сваёй роднай мове чатаць Біблію, аб чым дастаткова паклапаціліся ў мінулым, але жадае атрымаць на роднай мове тэксты сусветнай літаратуры, мець магчымасць глядзець спектаклі і абмяркоўваць спецыялізаваныя тэмы. Актыўны доступ – гэта патрэба творчай рэалізацыі ў якасці пісьменніка, вучонага, публіцыста ці акцёра.
Канешне, ёсць адзінкі, а таксама цэлыя калектывы (у межах пакаленняў, грамадскіх колаў), у якіх такіх патрэб няма. Не турбуе іх немагчымасць працягваць родную моўную і семіятычную традыцыю. Яны ахвотна прымаюць чужую культуру, асабліва калі яна звязана з асабістымі выгодамі, і гэта не выклікае ў іх унутранага супраціву. Такой з’яўляецца часцей за ўсё навейшая эміграцыя, так званая эканамічная, якая ўзбагачае сваім сціплым унёскам, як правіла, ужо багатую культуру вялікага народа. Гэта не выключае тугі па радзіме і немагчымасці прыстасавання да новага асяроддзя, што час ад часу становіцца прычынай асабістых трагедый.
Якімі ж паўстаюць вынікі нацыянальнай і моўнай няроўнасці ў грамадскім маштабе? Іх, магчыма, шмат, але самым важным трэба лічыць адно з няшчасцяў сусветнага чалавецтва, якім з’яўляецца нацыяналізм. Гэта датычыцца розных народаў, маленькіх і вялікіх, свабодных і тых, што не маюць уласнай дзяржавы, прычым выяўляецца ён у розных формах і розных відах. Трэба заўважыць, што ў сучасным свеце, на жаль, гэта з’ява зусім не змяншаецца. Можна спрачацца, ці сапраўды ў некаторых краінах мы маем справу з пашырэннем нацыяналізму, а, асабліва, ці звязаны гэты магчымы рост з сучаснымі ці мінулымі палітычнымі ўмовамі дзяржаўнага жыцця.
Здаецца, што трэба адрозніць “біялагічны” нацыяналізм ад “інтэлектуальнага”. Першы з іх лёгка вызначыць, бо ён выцякае з адмоўных адносінаў да іншых толькі таму, што яны адрозніваюцца ад нас, карыстаюцца іншай мовай, маюць іншыя звычаі, часам таксама іншыя фізічныя рысы. Супрацьдзеянне яму, вельмі няпростае, але можа абапірацца на дастаткова адназначныя перадумовы. Горшая справа з другім тыпам нацыяналізму. З’яўляецца ён часцей за ўсё там, дзе трапляюць у небяспеку правы грамадскіх меншасцей. Ён выступае ў абарону іх мовы і нацыянальных традыцый, патрабуе для іх такіх жа ўмоў, якімі валодаюць вялікія супольнасці. Інакш кажучы, ён з’яўляецца на аснове сапраўднага ці ўяўнага пачуцця непаўнавартасці ў дадзенага нацыянальнага грамадства.
Паралеллю да яго, з адваротнага боку нацыянальнага бар’ера, з’яўляецца пачуццё ўласнай пераацэнкі народаў, якія “павінны выканаць” нейкае “прызначэнне”. Гісторыя паказвае, што менавіта яны былі прычынай грамадскіх катаклізмаў, і, што яшчэ горш, нішто не ўказвае на тое, што менавіта гэты ўнутрана раздвоены тып нацыяналізму (г.зн. пачуццё недаацэнкі і пераацэнкі) падвяргаўся паслабленню. Цяжка не заўважыць, што ў выніку стабілізацыі палітычных структур і развіцця тэхнікі ў свеце, уздзеянне вялікіх народаў на малыя паступова павялічваецца. Вялікім супольнасцям не трэба клапаціцца аб сваіх справах. Час працуе на іх, калі кіруючыся дэмакратычнымі прынцыпамі, яны тым не менш атрымліваюць перавагу. Гэта датычыцца шматлікіх сфер жыцця, а, перш за ўсё, мовы. Больш малыя калектывы, калі яны імкнуцца захаваць сваё адрозненне, павінны змагацца за асабістыя правы.
З’яўляецца пытанне, як пераадольваць нацыяналізм ці, больш дакладна, як сябе засцерагчы ад яго? У гэтых адносінах універсальным рэцэптам з’яўляецца сёння талерантнасць. Цяжка ўявіць сабе нешта прыгажэйшае за ідэю талерантнасці. У моўнай галіне гэта права кожнага чалавека на тое, каб карыстацца ўласнай мовай, але адначасова і права на жыццё ў такім моўным асяроддзі, якое ён сам сабе пажадае. Нельга ў такім выпадку цкаваць, напрыклад, эстонца за тое, што ў Маскве ён спрабуе размаўляць па-эстонску, ні рускага, які пасяліўся ў Таліне, за тое, што ён хацеў захаваць рускую мову. Узнікае толькі чарговае пытанне, у каго з іх гэта сапраўды атрымаецца. Аднак ён знаходзіцца па-за межамі практычнай ідэі талерантнасці.
Існуе, аднак, і іншы спосаб супрацьдзеяння нацыяналізму. Заключаецца ён не столькі ў непасрэдным пераадоленні яго, колькі ў тым, каб не дапусціць яго звычайных наступстваў. Такім шляхам ствараюцца межы паміж грамадствамі, якія валодаюць рознымі мовамі і прадстаўляюць розную культуру. У гэтым заключаецца ідэя сепаратызму, якая асуджаецца сёння асабліва рэзка вялікімі этнічнымі супольнасцямі. Абставіны складваюцца такім чынам, што менавіта гэтая ідэя ляжыць у аснове шматлікіх сённяшніх незалежных дзяржаў, а ступень яе важнасці ў грамадскай праблематыцы відавочна на аснове таго, што формула “імкненне да асабістай дзяржавы” трапіла ў шматлікія сучасныя дэфініцыі народа. Таму супольнасці, якія ўсвядомілі ўласнае адрозненне, змагаюцца за межы дзеля сябе, хоць якія-небудзь межы – у форме ўласнай дзяржавы, але калі гэта немагчыма – за аб’яднаную рэспубліку, у горшым выпадку – за аўтаномны раён. Практычным вынікам нічым неабмежаванага “сімбіёзу” маленькага народа з вялікім бывае, урэшце, запаведнік, але адбываецца гэта толькі тады, калі народ больш павольна за іншыя выпадае з сучаснага культурнага ўжытку.
Усялякія тэмы, якія звязаны з ацэнкай актуальных грамадскіх абставінаў у якой-небудзь галіне, а такой з’яўляецца і разгледжаная тут тэма, не могуць не прывесці да вынікаў, якія выяўляюць толькі пажаданні. У такім выпадку трэба адразу сказаць, што сучасны этап моўнай, нацыянальнай і дзяржаўнай эвалюцыі ставіць нас перад выбарам. З аднаго боку з’яўляюцца тэндэнцыі, якія вядуць да уніфікацыі жыцця ў свеце, з другога боку – да падтрымкі і далейшага развіцця рэгіянальных культур. Мы выказвалі ўжо сваё перекананне, што уніфікацыя сусветнай цывілізацыі не адказвае інтарэсам чалавецтва (гл. Furdal 1977: 12–13). Калі мы не хочам змяніць гэты пункт погляду, г.зн. мы прызнаем выгодным для нас існаванне полікультурнасці і шматмоўя на нашай планеце, мы павінны змагацца за захаванне моў. Гэта азначае, што ў сувязі з ціскам моў вялікіх краін трэба ўмацоўваць мовы сярэдніх і зусім малых краін. Як гэта зрабіць? У сувязі з вышэй адзначаным трэба карыстацца імі, як афіцыйнымі, як ва ўласнай краіне, так і ў міжнародных кантактах. У такім выпадку трэба было б распаўсюджваць цудоўны прынцып талерантнасці на менавіта гэтыя кантакты. Адбываецца гэта, бадай, у даволі вялікім аб’ёме. Урачыстыя выступленні на роднай мове належаць ужо да цырыманіялу міжнародных сустрэч. Вядома, што ў такіх выпадках афіцыйна слухаць чужую мову цалкам прымальна, у той час як патрабаванне прымусова размаўляць на ёй ставіць нас у становішча залежнасці. Таму з’яўляецца перакладчык – неабходны сёння ўдзельнік падобнага роду мерапрыемстваў, каб захаваць прынцыпы роўнасці.
Сустрэчы рознага роду, кангрэсы, перапіска паміж сур’ёзнымі ўстановамі – гэта ўсё галіны, у якіх можна практычна рэалізаваць прынцып homo socius, карыстаючыся роднай мовай. Трэба дадаць, што здараюцца менш афіцыйныя выпадкі, калі прадстаўнікі двух народаў карыстаюцца, нават у паўсядзённай размове дзвюма мовамі. Такую з’яву можна сустрэць у мясцовых грамадскіх кантактах, на жаль, вельмі рэдка, асабліва ў вялікіх шматмоўных дзяржавах.
Усё гэта патрабуе, аднак дзеянняў, звязаных з якой-небудзь яшчэ не вызначанай праграмай. Яна павінна быць у згодзе з тэндэнцыямі міжнароднага права, але і можа быць актам міласэрнасці вялікіх народаў у дачыненні да малых. У такім выпадку недастаткова асноўваць яе на ўжо існуючых прававых нормах. Каб яе скласці і рэалізаваць, трэба абавязкова ўлічыць думкі мовазнаўцаў, якія тычацца функцыянавання і сацыяльна-культурных моўных абставінаў, іх узаемных адносін і магчымасцей далейшага іх развіцця.
Літаратура
Byczkowski J. Mniejszoci narodowe w Europie 1945–1974: Wybrane zagadnienia. Opole, 1976.
Furdal A. Językoznawstwo a zagadnienia egzystencji języka // Socjolingwistyka. Katowice, 1977. Т. VIII.
Furdal A. Sfery komunikacji językowej a klasyfikacja kulturowa języków // Prace Filologiczne. Warszawa, 1985. Т. XXXII.
Language and Nation / Pod red. W.Miodunki. Kraków, 1987.
Linde S.B. Słownik języka polskiego. 2 wyd. Lwów, 1857. Т. III.
Orgelbrand S. Encyklopedia powszechna. Warszawa, 1901. Т. X.
Slowenska enciklopedia. Т. I–V. Bratislawa, 1977.
Wiatr J. Naród i państwo. Warszawa, 1973.
Wielka ilustrowana encyklopedia powszechna. Kraków. Т. ХІ.
Большая Советская Энциклопедия. 2-е изд. Москва, 1954. Т. XVII; 3-е изд. Москва, 1974. Т. XVII.
Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Магілёўскага Таварыства БРАМА
|