|
ПОЛЬСКАЕ ХХ СТАГОДДЗЕ
(эсэ)*
Анджэй МЕНЦВЕЛЬ
(Варшава)
Як можна характарызаваць ХХ стагоддзе? Чаму мы надаем сімвалічнае значэнне яго апошняй даце? Хранометр навагодняй ночы нічога не зменіць – у космасе, на зямлі, сярод людзей. Нават касцёл, які адыходзячы год прызнае сапраўды юбілейным, не абяцае, што назаўтра мы ўбачым сябе ў Святым горадзе – новым Іерусаліме. Аднак круглыя даты з даўніх часоў ажыўлялі і грамадскія спадзяванні. Сярэднявечныя міленарысты апладнілі сучасных утапістаў, а дэкадэнства было аўтэнтычнай пазіцыяй, народжанай у канцы мінулага стагоддзя. Нічога такога зараз – ні вялікіх прадбачанняў, ні парывальных надзей, ні таксама глыбокіх надломаў. Нас страшыць глабалізацыя, прыцягвае еўрапейская інтэграцыя, мы цвяроза абмяркоўваем адно і другое. Як быццам бы канец стагоддзя быў хранаметрычным фактам, і толькі ўсемагутная сёння рэклама надавала яму сімвалічнае значэнне.
Было б удачай, калі б так было на самай справе. Гісторык культуры асабліва быў бы задаволены. Яго праца пазбегла б метрычных сервітутаў – фармальных рахункаў (тысячагоддзе, стагоддзе, дзесяцігоддзе і да т.п.), палітычных перыядызацый (Першая Сусветная вайна, міжваенны перыяд, другая сусветная вайна, халодная вайна і да т.п.), палітычных схематызацый (класіцызм, рамантызм, пазітывізм) і г.д. Гісторыя культуры, як вучыў Фернан Брадэль, не тое самае, што гісторыя падзей, – гэта гісторыя іншай працягласці, вялікіх кан’юнктур, вялікіх памераў. Але не атрымаецца так “прайсці” над ХХ стагоддзем, асабліва ў Польшчы, а можа і ў Цэнтральнай Еўропе. Тут мы больш адчуваем магію гэтай лічбы, бо ў ёй супадаюць значэнні. Варта згадаць назвы некалькіх важных гістарычных кніг апошніх гадоў, каб паказаць гэтае значэнне: “Польшча ў Еўропе”, “Найноўшая (“młodsza”) Еўропа”, “У пагоні за Еўропай”. Адзін з вядомых выдатных гісторыкаў адзначыў, што наша пазіцыя вакол Еўропы – гэта працягла выходзячая пазіцыя – як перад канцом першага тысячагоддзя, так і перад заканчэннем другога. Тады справа была ў поўным уключэнні ў рымскае кола, а зараз – у брусельскае. Калі першае ўдалося нам пасля тысячы гадоў, то другое мы спадзяемся прыспешыць. У любым выпадку зразумела, якія значэнні мы “прывязваем” да ХХ стагоддзя: еўрапезацыя, цывілізацыя, мадэрнізацыя. Урэшце, усё гэта ў нас сінонімы як у паўсядзённай мове, так і ў навуковай.
Адначасова польскае ХХ стагоддзе (а таксама цэнтральна-еўрапейскае) з’яўляецца выключна складаным, а зараз у ім – спрадвечныя пласты часу. Летам я часта езджу ў вёску вядомай шашой, якая калісьці называлася пецярбугскім трактам, а цяпер Via Baltika. Паколькі яна злучае Польшчу, а таксама заходнюю Еўропу з балтыйскімі краінамі, то вакол яе будуюць бары, матэлі, паркінгі і заправачныя станцыі. Перад Востравам Мазавецкім, аднак, узбочыну акупуюць грыбнікі – дзеці, жанчыны, старыя, а часам і цэлыя сем’і – яны прадаюць назбіраныя ў Белай Пушчы грыбы. У Парыжы, на rue de Seine, таксама прадаюць грыбы, не толькі шампіньёны, а і баравікі. Яны выглядаюць, як спецыяльна вырашчаныя, але сябар запэўніў мяне, што яны з лесу. Можна запытацца: “Якая ж розніца паміж Парыжам і Востравам Мазавецкім?” Аграмадная: такая, як паміж мадэрнам і архаікай. Парыжскі прадавец – гэта сучасны гандляр, а яго латок – гэта полымя сучаснага гандлю. Пушчанскія сем’і з-пад Вострава жывуць са сваіх мясцовых (лакальных) збораў. Яны з’яўляюцца помнікам позняга палеаліту. Бо ў той час панавала збіральна-лавецкая гаспадарка, якая станавілася сродкам існавання.
Гэта толькі адзін з прыкладаў многіх прыкмет цяперашняга часу, уласцівых нашаму ХХ стагоддзю. Усе іх немагчыма пералічыць. Да гэтага часу не адбылася належная іх змена. Бо наш гістарычны час, здаецца, уяўляе сабой амаль не геалагічную аблогу. Абмяжоўваючыся падзейнымі справамі, неабходна адзначыць, што працягла ў нас таксама і ў ХХ стагоддзі былі ў наяўнасці і другія архаічныя пласты: імперыяльныя. Так склалася, што два нашы суседы – Германія і Расія – адчувалі сябе сапраўднымі спадчыннікамі імперыі Раманавых і спрабавалі ўстанавіць сусветную імперыю. Ідэалогія „Тысячагадовага рэйха” („Tausendjärige Reich”) – ён меў быць усеагульным – не ўзнікла б па-за грунтам царства рымскага народа нямецкага, падобна, як утопія “Саюза Савецкіх Рэспублік” – ён меў быць сусветным – па-за вопытам “Трэцяга Рыма”. Сёння тая ідэалогія і утопія здаюцца канчаткова пахаванымі, а іх месца на нашым кантыненце і ў нашай краіне займае выходзячая з грэцкага polis здань самакіруемых гуманных садружнасцей. На жаль, у Польшчы абедзве імперыі змагаліся паміж сабой; болей таго, памяць аб іх працягла жывая і здавалася, што некалі заслоніць іншыя формы свядомасці. Такім чынам, у нас доўга панаваў як бы анахранічны час імперыіі. Хоць зараз, на шчасце, не пануе ён у нас.
Але ж яго вынікам былі нашы дамінуючыя ў ХХ стагоддзі праблемы: праблема дзяржаўнай незалежнасці, канстытуцыі нашага народа, пераўтварэнне нашай грамадскай структуры. Пытанне аб прычыне першага падзелу Рэчы Паспалітай – ці заняпалі мы з прычыны ўласнай вінаватасці (у выніку шляхецкай анархіі), ці таксама па прычыне замежнай варожасці (найболей імперыяльнага насілля) – не будзе ніколі вырашана. Рэч Паспалітая абяцала быць цудоўнай – і як першая ў справе федэрацыі раўнапраўных манархій (Польшы, Літвы і амаль Русі), і як вялікаэтнічная і шырока вядомая дзяржава, “paradisus haerelicorum” – “дзяржава без пажараў” (“państwo bez stosów”), і як дэмакратычная дзяржава, якая культывуе рымскую спадчыну pes publika. Аднак тое самае, што было крыніцай вялікасці, стала таксама прычынай яе заняпаду: менавіта абмежаванне грамадзян у прыналежнасці да чальцоў “палітычнага народу” (г.зн. шляхты). Найболей шматлікай, праўда, у Еўропе, але з кожным разам усё болей эксклюзіўнай і эгаістычнай. Калі сучасны сацыяльны гісторык звернецца да прычын слабасці нашага цяперашняга “трэцяга стану” (праблема Францыі ХУІІІ стагоддзя), альбо таксама “сярэдняга класа” (праблема Германіі ХІХ стагоддзя), ён мусіць звярнуцца да часоў першай Рэчы Паспалітай, як і да анэксій. Бо Расійская імперыя ўпарта стрымлівала грамадскія анахранізмы. Яшчэ ў 1866 годзе амаль 60 % (дакладна – 59 %) гарадоў т.зв. Польскага Каралеўства былі прыватнымі феадальнымі гарадамі, а самакіраванне на той тэрыторыі ўведзена толькі ў 1915 годзе. Саюз, які называўся ў нас Савецкім (“Radzieckim”), таксама вывеўшы сваю назву ад мясцовага самакіравання, не стаў потым маткаю грамадзянскіх правоў.
Чаму ў большасці выпадкаў у нашым ХХ стагоддзі пераважала праблематыка мінулых стагоддзяў? Як займець і ўзмацніць суверэнную дзяржаву, якім чынам скінуць акупацыйнае ярмо альбо пазбавіцца імперыяльнай перавагі? І як аб’яднаць розныя часткі той дзяржавы, як злучыць членаў яе пастаянна мяняемай тэрыторыі? Як ператварыць альбо “стварыць нанова народ” – сцерці ўплывы захопнікаў, засыпаць грамадскія цясніны, з этнічных меншасцяў зрабіць грамадзян? Усё гэта прынцыпова, за выключэннем, можа быць, апошняй, меншасцевай, праблемы, якая ў заходняй Еўропе ўжо вырашана, калі не цяпер, то ў ХІХ стагоддзі. Прыгадаем, што жэнеўскія саслоўі ў 1539 годзе ўвялі першую ў свеце абавязковую школьную адукацыю (“obowiązek szkolny”). Рэспубліка Аб’яднаных Правінцый Нідэрландаў, якая нарадзіла сапраўдны embarras de richesse галандскага ХУІІ стагоддзя, узнікла ў 1588 годзе. Цэнтралізацыя французскай дзяржавы была справай манархіі, а яго дэмакрытазацыя следствам рэвалюцыі. Прыклады мінулых стагоддзяў Бельгіі, Італіі і Германіі мы ўжо мінем дзеля таго, каб нарэшце ад шляху палітычнай гісторыі перайсці да высноў культуралагічнага характару. Бо справа не толькі ў тым, што ў нашым ХХ стагоддзі дамінуюць пераважна палітычныя задачы, гутарка таксама аб тым, што ў гэтым стагоддзі дамінуюць аналагічныя ментальныя формы і праблемы культурнага характару. Стэфан Жэромскі і Станіслаў Выспяньскі, Яцэк Мальчэўскі і Леон Схілер, Марыя Дамброўская і Яраслаў Івацкевіч, Тадэвуш Канвіцкі і Анджэй Вайда не паддаюцца разуменню па-за гэтым кантэкстам.
Я не з’яўляюся прыхільнікам тэзы аб двухсотгадовым (да 1989 года) панаванні ў Польшчы рамантычнай парадыгмы, якую ў апошнія гады папулярызавала Marja Janion. Калі такая парадыгма і дамінавала ў польскай культуры, то гэта адбывалася ў ХІХ стагоддзі. Па меншай меры, ад мяжы стагоддзяў былі зроблены ўдалыя спробы яго праламлення, а ў ХХ стагоддзі, у яго найбольш сучасных пластах, з’яўляюцца новыя і арыгінальныя пазіцыі. Затое на працягу ўсяго ХІХ стагоддзя мы маем справу са спецыфічным для Польшчы (а таксама і для Венгрыі, меней – для іншых суседзяў) чаргаваннем (“alternacją”) рамантычных і пазітывісцкіх пазіцый, якія, акрамя мадыфікацый, маюць тую ж самую структуру. Прычым, гэта пазіцыі, а не літаратурныя напрамкі, мастацкія стылі ці філасофскія кірункі. У нас “рамантык” азначае не толькі паэтычнага назіральніка і філасофскага спірытуаліста, але таксама і рэлігійнага місіянера і палітычнага аглядальніка. Відаць, пазітывізм з’яўляецца не толькі філасофскім сцыентызмам (ім, нарэшце, найменей), а і адначасова мастацкім натуралізмам і палітычным рэалізмам.
Дык вось, у сваім перш за ўсё палітычным аспекце гэтае чаргаванне пазіцый – рамантыкі ў рэалістах – асабліва характарыстычнае і было шмат разоў прадказана. Тым болей, што маем пары гістарычных фігур, якія ім (чаргаваннем) аб’яднаны: Тадэвуш Касцюшка і Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, Пётр Высоцкі і Ксаверый Друцкі-Любецкі, Рамуальд Траугут і Аляксандр Велёпольскі. Аднак гутарка не ў тым, што па адным баку тут кіраўнікі паўстанняў, а па другім палітычныя апартуністы – гутарка ў тым, што гэта два супрацьлеглыя варыянты адной і той жа па сваёй сутнасці пазіцыі. Яна грунтуецца на тым, што свет – гэта данасць, гатовая рэчаіснасць, дзе вызначаны ўсе падзеі. Магчымым з’яўляецца толькі бунт, які сапраўды ёй не зменіць, альбо згода (“akceptacja”), якая з’яўляецца адаптацыяй. Анджэй Вайда цудоўна адлюстраваў гэта ў сваім фільме “Вяселле”. У трохкутніку трох цароў сустракаюцца чужыя ахоўнікі, і яны сапраўды пануюць тут і над узбунтаванымі, і над згоднымі.
Аднак трэба памятаць, што калі Ёзэф Кажанеўскі выбраў найперш англійскі пінжак, а потым англійскую літаратурную дзейнасць, ён змяніў не толькі тым стражам, але і той альтэрнатыве. Як Ёзэф Конрад узяў удзел у стварэнні свету, пераўтварэнні рэчаіснасці і вызначэнні ўмоў. Ежы Гедройц, закладаючы на эміграцыі сваю культурную пляцоўку, не пытаў толькі, што зрабіць для Польшчы, пытаў таксама, што зрабіць для Еўропы. У 1950 годзе бачнасць незалежных (болей самакіруемых) Украіны, Беларусі і Літвы была універсальнай фантазіяй.
Пагэтаму, пазбягаючы ціску мінулых пластоў часу, запытаем, што з’яўляецца спецыфічным і разам з тым універсальным у нашым ХХ стагоддзі? Што затым дазволіць адрозніць гэты час не хранаметрычна, а па яго існасці. Адказ на гэтае пытанне з’яўляецца выключным і гістарычна адназначным. Спецыфіка і разам з тым універсальнасць гэтага стагоддзя вырашальна раскрываецца ў нашы часы калі не абсалютнага, то радыкальнага зла. Тым радыкальным злом з’яўляецца юдафобства, халакост, l’univers concentrationnare. Можна заўважыць, што юдафобства папаўнялася ад пачатку нашай гісторыі, а прыкладаў знішчэння цэлых народаў мы ведаем дастаткова. Аднак толькі ў ХХ стагоддзі гэтае зло набыло масавы характар, прамысловы і разам з тым ідэалагічны. Халакост, які быў яго крайняй формай, з’яўляўся адначасова тэхнічным і бясплатным, праз тое адначасова прагматычным, этычна ён адбываўся “па-за дабром і злом”. Перад тварам таго зла само сабой вызначаецца пытанне: параксізм цывілізацыі альбо таксама звяржэнне варварства. А найлепей абгрунтаваныя адказы групуюцца вакол такой альтэрнатывы: на адной лаве падсудных сядзяць цывілізацыі, на другой – варварства.
Цывілізацыя – гэта Асветніцтва, Асветніцтва – гэта еўрапейскі рацыяналізм, еўрапейскі рацыяналізм – гэта інструментальны розум у дзеянні, розум інструментальны ў дзеянні – гэта не толькі прыгода, але таксама грамадства, пераўтворанае ў рэч, аб’ект для інжынерных намаганняў. Астатняе, г.зн. газавыя камеры Асвенцыма, – з’яўляецца ўжо толькі простым вынікам такога палажэння. Вось кароткая абмалёўка перадумовы першага дыягназу, звернутай да яе класічнага аблічча, акрэсленага ў “Дыялектыцы Асветніцтва” Тэадора Адорна і Марка Хоркхаймера. Той дыягназ у канцы ХХ стагоддзя, а найболей пасля зыходу паўстагоддзя ад яго ўзнікнення, распісалі на шмат галасоў і таксама шмат банальнасцей постмадэрністы. “Лагерныя апавяданні” (“Opowiadania obozowe”) Тадэвуша Бароўскага з’яўляюцца літаратурным адпаведнікам таго дыягназу. Нікому іншаму, ні перад тым, ні потым не ўдалося стварыць роўна прыймальнага, мастацкі тыповага вобразу ўсеагульнай інструменталізацыі свету рэчаў і людзей. Прыгадаем, што першае выданне “Дыялектыкі Асветніцтва” з’явілася ў Нью-Йорку ў 1947 годзе, а “Развітанне з Мар’яй” у Варшаве ў 1948 годзе.
Адказ другі больш складаны і меней, па крайняй меры ў апошні час, распаўсюджаны. Вывяржэнне зла, якое наступае ў ХХ стагоддзі паводле гэтага адказу, – вывяржэнне архаічных, перадцывілізацыйных характэрных пластоў нашай культуры: племяннога этнацэнтрызму, прымітывізму сілы, культу насілля. Гэтая архаіка можа быць ідэалагізавана, асучаснена (як народны альбо грамадскі дарвінізм), можа таксама валодаць найноўшымі тэхнікамі (не выключаючы атамную), але застаецца па сваёй сутнасці варварскай. Архаічныя складальнікі сучаснасці прасочаны ў “Карэннях таталітарызму” Арэнта. Найбольш развітую і празрыстую мадэль гэтага адказу стварыў Норберт Эліас у манументальных “Разважаннях аб Германіі”. У фарміраванні нямецкай ментальнасці ужо ў ХІХ стагоддзі перамог нацыяналістычна-мілітарысцкі канон, адцяняючы класіцыстычна-гуманістычны канон. Гэта таму легендарны “народ паэтаў і філосафаў” рэальна развязаў дзве сусветныя вайны, стварыў гета і Асвенцым. Адказ Эліаса, тут спрошчаны, тым болей з’яўляецца верагодным, што ён падрабязна аналізуе канкрэтныя спосабы ўвасаблення ў жыццё выхаваўчых канонаў. Свой твор аб Германіі ён выдаў толькі ў канцы жыцця (1989), але працу над тэорыяй цывілізацыі пачаў у трыццатых гадах: у сувязі з надыходзячым вывяржэннем варварства. Тадэвуш Ружэвіч, найвялікшы, магчыма, паэт гэтага стагоддзя, бачыў існасць (“dojrzewał wewnątrz”) гэтага варварства. У 1945 годзе ён напісаў: “Мне дваццаць гадоў (я забойца), я зброя (такая вострая, як меч (“tak ślepym jak miecz”)) у руках ката”. У наступныя пяцьдзесят гадоў даследаваў у сваёй паэзіі зменлівасць гэтага варварства.
Тыпалогіі для высокага мастацтва – гэта толькі прыблізнасці. На самай справе мастацкія дыялогі Бароўскага і Ружэвіча з’яўляюцца складанымі. Тут, аднак, тая складанасць з’яўляецца меней важнай за падказкі, якія нам адначасова прадстаўлены. Калі гаварыць аб спецыфіцы ХХ стагоддзя, якую прадвызначае таталітарнае вывяржэнне зла, мы маем у нашай літаратуры і мастацтве унікальнае яе эстэтычнае сведчанне. Маем нават штосьці большае: менавіта цэлае сузор’е творцаў, якія ствараюць новую літаратурную парадыгму, мастацкую ідыёму мастацтва (“artystyczny idiom sztuki”). Гэтае сузор’е схематычна названа “ваенным пакаленнем”, быццам бы вайна была іх прыгодай, а не прадыктавана ім лёсам. З гэтым лёсам, аднак, яны змаглі справіцца, прымаючы яго як веравызнанне ў адносінах перад гуманнай рэчаіснасцю адначасова, ва ўсіх яе антрапалагічных вымярэннях. Новае аблічча прасторы і часу, асобнасці і супольнасці, цела і душы, розуму і сэрца – усё акрэсленае з’яўляецца прадметам гэтага мастацтва. Яго пратаганістамі былі не толькі паэты, палеглыя ў варшаўскім паўстанні, равеснікі Бароўскага і Ружэвіча. Сярод іх былі таксама выдатны майстар “tetru ubogiego”, аўтар незабыўнага “Памерлага класа” – Тадэвуш Кантор, таксама паэт, драматург і філосаф Караль Вайтыла, які больш вядомы як Ян Павел ІІ. Гэта дзякуючы ўсім ім мы зараз іншыя ў параўнанні з тымі, якімі былі раней.
Я зусім не кажу, што мы лепшыя, бо гэта быў бы пачатак зла. Мне, аднак, здаецца, што мы лепей ведаем, што ёсць дабро, а гэтае веданне не варта пагарды. У той цясніне, у якую нас спіхнула сучаснае вывяржэнне зла, наступіла таксама затапленне каштоўнасцей. Яны ўпалі “на дно гісторыі”, і там адкрылі свае якасці. Кожная ідэалагізацыя каштоўнасцей аказвалася там маніпуляванай, а чалавецтва, народ, клас – варожым інструментам. Тыя веды, якія мы вынеслі адтуль, павінны быць пастаянным папярэджаннем, хоць застаюцца толькі негатыўныя. Важнейшыя за іх ёсць пазітыўныя пасланні: некалькі канчаткова пацверджаных аксіём. Першай з’яўляецца непарушная вартасць чалавечай асобы, яе годнасць – гэта праверка іншых вартасцей. Карэнне гэтай годнасці з’яўляецца гістарычна хрысціянскімі, а вартасць несумненна універсальнай. Апошняе яе сведчанне – справа жыцця і смерці Януша Корчака. Другое – гэта непарушна звязанае з асобай узаемнае суіснаванне людзей на абсалютна элементарнай глебе; яно вызначаецца з дапамогай галоўных пачуццяў: міласці, прыязні, вернасці. Усю сучасную гісторыю разгледзеў у святле гэтых вартасцей Ян Стралецкі, а Збігнеў Герберт напісаў: “Будзь адданым, ідзі!” (“Bądź wierny, idź!”). Элементарнае ўзаемнае суіснаванне людзей азначае таксама элементарнае ўзаемнае іх паразуменне. Гэтае ўзаемаразуменне павінна ахопліваць некалькі падстаў: там, дзе гуку адпавядае сэнс, сэнсу вербальнаму – праксемічны жэст, і цэласнае значэнне ўпісваецца ў культурны кантэкст. Ніхто так прачула і адначасова чуйна не працаваў ва ўсёй субстанцыі паразумення, як Мірон Белашэўскі. Напэўна, таму яго творчасць мае ўласцівасць невытлумачальнасці.
Я зусім нікога не пераконваю ў тым, што наша найважнейшае мастацтва з’яўляецца эксклюзіўным і эзатэрычным. Не! Аналагічныя ж сведчанні знойдзем у Альберта Камю і сярод “Esprit”, у англасакскіх паэтаў і лацінаамерыканскіх празаікаў, у “Калымскіх апавяданнях” Варлама Шаламава і “філасофіі сустрэчы” Эмануіла Левіна. Але гэтае польскае мастацтва з’яўляецца важкім. Без яго ХХ стагоддзе не зразумець.
Пераклаў з польскай мовы
Алесь МАКАРЭВІЧ
© МТ “Брама”, 2001
Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Магілёўскага Таварыства БРАМА
|