|
ДА ЎКЛАДАННЯ АНТАЛОГІІ БЕЛАРУСКАГА ЛІТАРАТУРНАГА АФАРЫЗМА
Яўген ІВАНОЎ
(Магілёў)
І. Сучасны стан збірання і выдання беларускай літаратурнай афарыстыкі
Афарызмы беларускіх пісьменнікаў прадстаўлены на сённяшні дзень толькі ў адзіным пакуль што ў айчыннай філалогіі спецыяльным выданні – невялікім па аб’ёме зборніку Ф.М.Янкоўскага “Крылатыя словы і афарызмы” (1960), дзе разам з крылатымі словамі і выразамі неафарыстычнага характару змешчана каля 150 афарызмаў 30 аўтараў. У апошні час з’явіліся асобныя публікацыі выбраных афарызмаў Максіма Гарэцкага (каля 90 адзінак, гл. Іваноў 1994, Іваноў 1996, Іваноў 1997), друкуюцца афарызмы з твораў Васіля Быкава (гл., напрыклад, Быкаў 1999 і інш.) і інш.
Крылатыя выразы-афарызмы Максiма Багдановiча (1891–1917), Францiшка Багушэвiча (1840–1900), Пятруся Броўкі (1905–1980), Якуба Коласа (1882–1956), Кандрата Крапiвы (1896–1991), Янкі Купалы (1882–1942), Андрэя Макаёнка (1920–1982), Пiмена Панчанкі (1917–1995), Адама Русака (1904–1987), Кузьмы Чорнага (1900–1944) – усяго 22 адзінкі – увайшлі ў склад лінгвакраіназнаўчага “Слоўніка беларускіх прыказак, прымавак і крылатых выразаў” (1997) С.Ф.Івановай і Я.Я.Іванова. Некалькі афарызмаў з твораў Івана Мележа (1921–1976) змешчана ў беларускамоўным зборніку афарыстычных выслоўяў прыродазнаўчай тэматыкі “Вечна новыя старыя ісціны” (1993: 326).
Акрамя гэтага асобныя афарызмы такіх беларускіх пісьменнікаў, як Максім Багдановіч, Францішак Багушэвіч, Пятрусь Броўка, Янка Брыль (нар. 1917), Васіль Быкаў (нар. 1924), Змітрок Бядуля (1886–1941), Васіль Вітка (1911–1996), Цішка Гартны (1887–1937), Пятро Глебка (1905–1969), Максім Гарэцкі (1893–1939), Ілля Гурскі (1899–1972), Мікола Гусоўскі (каля 1480 – пасля 1533), Якуб Колас, Уладзімір Корбан (1910–1971), Вінцэсь Каратынскі (1831–1891), Кандрат Крапіва, Аркадзь Куляшоў (1914–1978), Янка Купала, Янка Лучына (1851–1897), Міхась Лынькоў (1899–1975), Янка Маўр (1883–1971), Андрэй Макаёнак, Іван Мележ, Аляксандр Незабытоўскі (1819–1849), Пімен Панчанка, Аляксей Русецкі, Франц Савіч (1815–1845), Уладзіслаў Сыракомля (1823–1862), Максім Танк (1912–1995), Цётка (1876–1916), Аркадзь Чарнышевіч (1912–1967), Ян Чачот (1796–1847), Кузьма Чорны, Іван Шамякін (нар. 1921), Ядзвігін Ш. (1868–1922), а таксама афарыстычныя выслоўі выдатных беларускіх мысляроў Казіміра Лышчынскага (каля 1634–1689) і Сымона Буднага (1530–1593), дзеячаў мастацтва і культуры Заіра Азгура (1908–1995), Антона Грыневіча (1877–1937), Рыгора Шырмы (1892–1978) і інш. змешчаны ў перакладзе на рускую мову ў выдадзеных на Беларусі рускамоўных зборніках афарыстычных выслоўяў з айчынных і замежных крыніц “Витражи мудрости” (1987) і “Жемчужины мысли” (1991). У іх, аднак, афарызмы беларускіх аўтараў прадстаўлены не вельмі багата – адпаведна каля 120 адзінак (38 аўтараў) і 31 адзінка (12 аўтараў).
Зрэдку афарызмы беларускіх пісьменнікаў можна сустрэць і ў афарыстычных зборніках, выдадзеных за межамі Беларусі (пераважна ў рускамоўных). Некалькі афарызмаў Якуба Коласа, напрыклад, змешчана ў памянёным ужо зборніку энцыклапедычнага характару “Симфония разума” (1976: 599).
Зразумела, што названыя выданні не толькі не адлюстроўваюць усяго багацця беларускай літаратурнай афарыстыкі, але і не дазваляюць скласці нават прыблізнае ўяўленне ні аб яе змястоўнай і паэтыка-стылістычнай разнастайнасці, ні аб яе рэальным аб’ёме, ні аб укладзе ў афарыстычную скарбніцу беларускай літаратуры таго ці іншага пісьменніка. А між тым, напрыклад, ужо ў першых чатырох (з дванаццаці) тамах збору твораў Якуба Коласа змяшчаецца, па падліках А.Я.Міхневіча, не менш за 500 выслоўяў, якія можна аднесці да афарызмаў (гл. Міхневіча 1994: 61). Дарэчы, менавіта апошнім яшчэ пятнаццаць гадоў таму ў артыкуле “Афарыстыка Якуба Коласа: (Да пастаноўкі праблемы)” было пастаўлена пытанне аб навуковай апрацоўцы і публікацыі надзвычайна багатай і разнастайнай афарыстычнай спадчыны паэта (гл. Міхневіч 1983: 60), аднак вывучэнню афарыстыкі мовы твораў Якуба Коласа было прысвечана толькі некалькі артыкулаў (параўн. згаданую працу А.Я.Міхневіча і даследаванне Іваноў 1993), а зборніка афарызмаў буйнейшага класіка беларускай літаратуры няма і дагэтуль, як няма і больш-менш грунтоўнага даведніка беларускай літаратурнай афарыстыкі. Апошняе, дарэчы, акрамя згаданага, спрыяе яшчэ і фарміраванню неправільных ацэнак прыналежнасці творчасці (у тым ліку і афарыстычнай) пэўных беларускіх пісьменнікаў да адпаведнай нацыянальнай літаратуры (асабліва ў тых выпадках, калі яны пісалі на некалькіх мовах). Вельмі паказальны ў гэтай сувязі той факт, што афарызмы Максіма Багдановіча былі ўключаны ў прадстаўнічы “Словарь русской мудрости” (1998: 10, 29, 194), у якім нават не згадваецца пра тое, што Максім Багдановіч, нягледзячы на наяўнасць у яго шэрагу рускамоўных твораў, з’яўляецца прызнаным класікам менавіта беларускай літаратуры (1998: 446).
ІІ. Афарыстычнае багацце беларускай літаратуры
2.1.Афарызмы як асобныя літаратурныя творы
У генолага-семантычнай парадыгме беларускай літаратуры афарызм як асобны літаратурны жанр так і не знайшоў свайго месца, хаця ў старажытны перыяд яе развіцця пад уплывам агульнаеўрапейскай літаратурнай традыцыі і з’яўляліся афарыстычныя творы высокай мастацкай і змястоўнай вартасці.
У прыватнасці, выдатным стваральнікам афарызмаў як асобных мастацкіх твораў быў у Беларусі XVI стагоддзі адзін з пачынальнікаў свецкай адукацыі на землях усходніх славян Ян Ліцыній Намыслоўскі, які з’яўляецца аўтарам унікальнага ў сваім родзе ў беларускай літаратуры паўкампілятыўнага зборніка маралістычных сентэнцый “Павучанні для ўсеагульнага карыстання ў жыцці” (1589), дзе змешчана 225 як уласна аўтарскіх, так і запазычаных з іншых літаратурных крыніц, вершаваных афарызмаў на лацінскай, польскай і нямецкай мовах.
Далейшае жанравае развіццё афарызма ў беларускай літаратуры працягнулася толькі ў другой палове ХХ стагоддзя, калі з’явіўся шэраг аўтараў, што пачалі працаваць у гэтым жанры. Аднак сапраўды “кніг афарызмаў” у сучаснай беларускай літаратуры няма, пераважаюць творы змешанага характару. Напрыклад, у двух кнігах “сатырычных мініяцюр” Марціна Коўзкага “Доля праўды” (1995) і “Як той казаў” (1998) (пры тым, што апошняя з названых кніг, дзе аўтар прадстаўляе самыя кароткія са сваіх малых твораў, з’яўляецца скарочаным варыянтам першай, дапоўненым невялікай колькасцю новых тэкстаў, якія складаюць не болей за 1/6 частку ўсіх “сатырычных мініяцюр”) уласна афарызмаў налічваецца толькі крыху больш за адну трэць, нават з улікам т.зв. “велярызмаў” (анг. wellerism – ад прозвішча аднаго з герояў вядомага рамана Ч.Дыкенса “Пасмяротныя запіскі Піквікскага клуба” (1837) – слугі Сэма Уэлера (Weller), мова якога проста стракаціць такога кшталту выслоўямі, што ўжываюцца ім і ў сувязі з чым-небудзь, і без дай прычыны, падрабязней гл. Быкова 1984) – “аўтарызаваных” афарыстычных выказванняў, у якіх называецца адпаведна суб’ект канстатацыі або крыніца нейкай заканамернасці рэчаіснасці (накшталт Рыба гніе з галавы, – цешыліся безгаловыя ці Каціная плётка: гара нарадзіла мыш) і афарызмаў, убудаваных у рознага тыпу кантэксты: падзейны (Усялякая справа патрабуе іскры божай, – сказаў Герастрат, падпальваючы храм Артэміды), дыскурсійны (Каротка пра афарызм? Сцісласць – не спосаб пісаць, а спосаб мысліць або Смех нішчыць. Камедыя гэта ці драма?), атрыбутыўны (Адзнака дробязі: дробязь імкнецца быць буйною або Прынцып выбіральнасці: і дурная думка не прыйдзе ў галаву кожнаму) і інш. (Коўзкі 1995: 4, 23, 24, 43, 45, 50, 59). Астатнія тэксты належаць да неафарыстычных выслоўяў самых розных відаў (тыпу Зірніце на мяне няўзброеным вокам, – міралюбіва заклікаў вірус або Нясмела хацелася немагчымага – праваліцца скрозь зямлю), разнастайных вершаў-мініяцюр (Адносна пытанняў “праклятых” не будзем душою крывіць. Мы ведаем, “хто вінаваты” і нават “што рабіць”. Вось каб шчэ які дзівак нам паказаў як або “Дажджу няма!” – і смела пакрочыў з-пад страхі. Ад хмар аж пасінела – а ён ішоў сухі. Паўнеба бліскацела – а ён ішоў сухі. Ды што душы да цела, як выйшаў з-пад страхі!), анекдотаў (З чаго пачынаецца горад? – З вуліцы. – Вуліца? – З двара. – Двор? – З суседзяў на лавачцы. – Чаго ж ты пытаешся, чаму пра мяне гаворыць увесь горад?), кароткіх баек (“Занадта прамы чарвяк, – падумаў пра цвік шпак, – незвычайная плешка…” І дзеўбануў у спешцы. Вучыць цяпер сямейных не звязвацца з просталінейнымі або Пітон праглынуў труса і падавіўся. Перамог-такі трус!) і г.д. (Коўзкі 1998: 4, 10, 14, 16, 17, 29, 33).
Акрамя гэтага афарызмы як асобныя творы даволі часта сустракаюцца ў беларускай літаратуры ў выглядзе семантычнай разнавіднасці тэкстаў і іншай іх геналагічна-відавой прыналежнасці, найперш вершаваных. Параўн., у прыватнасці, т.зв. “вершы-карацелькі” (альбо “вершы-мініяцюры”) – невялікія, звычайна ад двух да шасці радкоў, завершаныя па форме і думцы паэтычныя творы, якія часта маюць афарыстычны змест.
Адным з пачынальнікаў у сучаснай беларускай літаратуры такой генолага-семантычнай разнавіднасці паэтычных тэкстаў, як вершы-афарызмы, можна лічыць Максіма Багдановіча, які пакінуў сапраўдны выдатныя ўзоры такіх твораў. Параўн.
Ёсць адна толькі мудрасць жыцця, і я яе шаную;
Вось што кажа яна:
Калі хочаш праўдзіва ты жыць, дык пей чару любую,
Але толькі да дна. (Credo)
Дарэмна ловіце вы ў сетку матылька,
Каб лепей скрыдлы разглядзець:
Ударыўшы, памне іх сець,
І яркі пыл сатрэ няспрытная рука. (Крытыку)
Чаму у нас акамянеласці
“Духоўнай страваю” завуць?
Іх ужываць – не хопіць смеласці!
Ў музеум іх няхай нясуць! (***)
Некаторыя з вершаў-афарызмаў Максіма Багдановіча нават сталі агульнавядомымі, набылі крылатасць у сучаснай беларускай літаратурнай мове (параўн. скарочаны варыянт чатырохрадковіка “Пан і мужык”, гл. Янкоўскі 1960: 39).
Трэба адзначыць, што ва ўсходнеславянскіх літаратурах афарызмы як асобныя літаратурныя творы ўвогуле набылі пашырэнне менавіта ў першай квадры ХХ стагоддзя ў сувязі з агульнаеўрапейскім усплёскам афарыстычнага жанру ў канцы ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя, калі сталі ўжо гісторыяй нават эстэтычныя прынцыпы эпохі выдатных творчых дасягненняў у гэтым жанры пісьменнікаў-афарыстаў XVII–XVIII стагоддзяў, і змест афарызмаў пачаў схіляцца альбо да маралістычнай павучальнасці, альбо да амаралістычнай парадаксальнасці, у межах якой “афарызм пачаў будавацца не на меркаванні пра вечнасць, манументальнасць законаў быцця і мыслення, але на нечаканым, эфектным “адзіўненні” (остранении) і абвяржэнні іх”, калі “ў гульні процілегласцей зніклі межы дабра і зла, ісціны і хлусні” (гл. Эпштейн 1987: 44). У гэтых варунках вельмі паказальна тое, што беларускія аўтары, якім акрамя справы нацыянальнага Адраджэння карціла яшчэ і надаць беларускай літаратуры сапраўдны еўрапейскі ўзровень, звярталіся ў сваёй афарыстычнай творчасці менавіта да класічных форм. Параўн., напрыклад, згаданае ўжо “Credo” Максіма Багдановіча альбо адзін з гекзаметраў, бадай што, самага таленавітага яго паслядоўніка – Уладзіміра Жылкі (1900–1933):
Смутак пахмуры чала не змрочыць спакушаных, мудрых,
Цяжкі панурасці грэх не зачэпіць ніколі разважных,
І абурэнне іх дух з раўнавагі не выведзе раптам –
Дзева Палада спакой іх і ціхую яснасць вартуе.
(Гекзаметры).
Стварэнне вершаў-афарызмаў уласціва творчасці многіх беларускіх паэтаў сярэдзіны і другой паловы ХХ стагоддзя – Аркадзя Куляшова, Максіма Танка, Максіма Лужаніна (нар. 1909), Рыгора Барадуліна (нар. 1935), Алеся Разанава (нар. 1947) і інш. Параўн.
“Апошні дурань” – упарта
Абразу выслоўем вершым,
Хоць дурню ясна: не варта
Імкнуцца быць
Дурнем першым. (Р.Барадулін, “Да сэнсу першасці”)
Мы славу параўноўваем з віном,
А забыццё глухое – з палыном.
Пакуль не лёг твой цень, твой дзень кароткі
З табою ў ложак вечнасці – труну,
П’ючы шумлівай славы хмель салодкі,
Не забывай пра горыч палыну. (А.Куляшоў, ***)
У апошні час раз-пораз з’яўляюцца спробы стварэння цыклаў выслоўяў, якія складаюцца толькі з адных афарызмаў, але гэтыя цыклы звычайна вельмі невялікія па памерах (у межах трох-чатырох дзясяткаў афарыстычных выказванняў) і вельмі часта маюць характар пераймання. У якасці яскравага ўзору апошняга можна прыгадаць “Грыгерыі” (1996) Адама Глёбуса, што з’яўляюцца імітацыяй знакамітых “Total de gregueries” іспанскага пісьменніка Рамона Гомэса дэ ла Серна (1891–1963), часткова перакладзеных на рускую мову (гл. Gomez de la Serna 1955 і 1962, Гомес де ла Серна 1983).
2.2.Афрызмы ў мове твораў беларускіх пісьменнікаў
Акрамя існавання ў беларускай літаратуры афарызмаў як асобных твораў, на афарызмы высокай змястоўнай і мастацкай вартасці вельмі багатыя творы многіх беларускіх пісьменнікаў ХІХ–ХХ стагоддзяў, сярод якіх можна адзначыць (акрамя ўжо згаданых) найперш Уладзіміра Караткевіча (1930–1984), Алеся Адамовіча (1927–1994) і многіх іншых аўтараў.
Каб уявіць сабе, хаця б і ў самым агульным выглядзе, усю скарбніцу беларускай літаратурнай афарыстыкі, якая “захавана” ў творах беларускіх аўтараў, дастаткова звярнуцца да тэкстаў любога з іх. Вось толькі некалькі прыкладаў з вельмі багатай на афарызмы мовы твораў Кузьмы Чорнага: А калі ўжо абыякасць для чалавека ўжо ва ўсім тым, што на кожным кроку ў жыцці, калі не чапае яно істоты, калі не здавальняе чалавека хоць бы тымі думкамі, калі не пачуццямі, у якіх прыходзіцца над ім біцца, – то няма таму чалавеку радасці непасрэдна ад жыцця, а за гэтым і жыццё не ёсць жыццё (Бяздонне); Абшар зямлі – як мора, змрок і святло – як хвалі (Срэбра жыцця); Вялікая сімфонія свету – гэта цішыня, бо калі б на хвіліну аддзяліцца ад зямлі і падняцца ў іншую сферу свету – што, апроч успамінаў астанецца ад таго, што называецца чалавечымі клопатамі? (Трыццаць год); Даможацца той, хто дамагаецца (Ідзі, ідзі); Дно ў чалавека заўсёды відаць, і рух увесь яго як на далоні; і гэтым вось і вядома, што там ні з чым непараўнальная тонкасць і бясконцы рух – як бы гэта свет знайшоў для сябе вечнае і адзінае люстэрка (Хвоі гавораць); Жыццё – бязмернае і неабдымнае, і перад адчуваннем яго нішто абшары свету, і сэнс яго – у радасці; адчываючы смутак, істота адчувае і не забывае, што існуе радасць і што ў ёй і ў вечным імкненні да яе – апраўданне жыцця (Буланы); І ў слабавольных, і ў моцных натурай людзей могуць быць такія моманты ў жыцці, калі чалавек можа адчуваць сябе быццам знішчаным перад усім светам (Люба Лук’янская); Першыя дзеці ёсць адзнака маладосці жанчыны, апошняе дзіця ёсць адзнака сталасці перад старасцю (Скіп’еўскі лес); Смерць у цішы страшней за раптоўную смерць у бурах (Буры); Смех – часта дзындра сумных настрояў і сталых думак (Хвоі гавораць); Тое, чаго мы не бачым сваімі вачыма, нам здаецца прыкрым (На граніцы); Чалавек без работы не можа доўга быць, хіба толькі спрадвечны лайдак або каторы змалку не прывык (Лявон Бушмар); Чалавек можа быць гордым перажытымі пакутамі, учас жа гора, калі ён пачынае стагнаць перад другімі, ён тады – увасабленне мізэрнасці (Хвоі гавораць) і г.д.
Не меней афарыстычная і мова беларускай паэзіі. Параўн., напрыклад, сапраўдныя россыпы афарызмаў у вершах Пімена Панчанкі: Адвыклі мы ад простых добрых слоў І перажоўваем старыя ісціны… (***Апалашчуся хвалямі вятроў…); Бяда і радасць ходзяць побач вечна, Людзей ратуе толькі чалавечнасць (***На Брэстчыне карыбскі ураган); Для стварэння лепшых пакаленняў Трэба помніць гора ўсіх дарог (***Не люблю я слова “пакарыцель”…); Жыццё ў бядзе і ў радасці – адзінае (***Апошні дзень вясны і першы лета…); Лаві не ўласнай славы промні, А сонца кожнае душы (Ямбы); Мудрыя вядуць размову мудра, Дурні – як і ў кожныя вякі (Вечныя словы); Найлепшае не збываецца, А найгоршае не забываецца (***Нешта пройдзена…); Не любіць жыццё аднастайнасці, А прагне штодня навізны (Хадзіў я па лесе); Не патрэбна забітым Ні славы, ні вечнасці (Як зязюлі кукуюць); Не страшны боль, не страшна смерць, Страшней застацца без кахання, У адзіноце анямець, Любімай не пачуць дыхання (Тапаліны звон); Першае слова, якому трэба вучыць Дзяцей і прэзідэнтаў – Мір! (Галоўнае слова); Хвала і слава могуць разлучыць, А гора і бяда заўсёды зблізяць (Сяброўства); Хоць і прызнацца, Ёсць на што глядзець, Беларусу і ў Парыжы сняцца Белізна бяроз і сосен медзь (***Недзе салавей пяе ў дуброве); Эпоха наша галасістая, Бо кожны хоча прагучаць (Начныя галасы); Якой бы краіна малой ні была б – Прасторы яе бясконцыя (Мой Каўказ) і інш.
Можна цалкам пагадзіцца з тым меркаваннем, што “збіранне, вывучэнне і выданне афарызмаў беларускіх аўтараў – адна з наспелых, нават неадкладных задач нашай філалогіі” (Міхневіч 1994: 61). Увасабленнем гэтай задачы і з’яўляецца ўкладанне анталогіі беларускай літаратурнай афарыстыкі, куды павінны ўвайсці як афарыстычныя выказванні, што з’яўляюцца асобнымі літаратурнымі творамі, так і афарызмы, што ўжываюцца ў літаратурных тэкстах неафарыстычнага характару.
ІІІ. Прынцыпы ўкладання “Анталогіі беларускага літаратурнага афарызма”
Збіранне, вывучэнне і выданне літаратурнай афарыстыкі на славянскіх мовах яшчэ не набыло сістэматычнага (resp. навуковага) характару, што тлумачыцца як даволі невялікім узроўнем тэарэтычнай і практычнай распрацаванасці вывучэння афарызма ў межах літаратуразнаўства, так і канцэптуальнай і метадалагічнай неакрэсленасцю афарыстыкі як асобнай навуковай дысцыпліны. Трэба заўважыць, аднак, што гэта ніяк не паўплывала на саму колькасць кампіляцый афарызмаў, што даволі часта з’яўляюцца на многіх славянскіх мовах, дзякуючы надзвычайнаму росту ў другой палове ХХ стагоддзя папулярнасці афарыстыкі як “гатовай”, “упарадкаванай” і “сістэматызаванай” мудрасці, змест якой нібыта даступны кожнаму і дазваляе хутка ўсвядоміць заканамернасці быцця чалавека і прыроды, стаць “разумнейшым”. Менавіта таму пераважная частка афарыстычных кампіляцый мае залішне папулярызаваны характар, які настолькі адбіваецца на якасці іх зместу і пабудовы, што неаднаразова выклікала сумненні ў мэтазгоднасці выданняў такога кшталту ўвогуле (параўн., напрыклад, Федоренко 1982).
Тым не менш, нават з улікам апошняга на славянскіх мовах афарыстычных даведнікаў створана значна менш, чым на германскіх і раманскіх мовах. Пры гэтым афарызмы айчынных аўтараў змяшчаюцца ў пераважнай большасці выпадкаў у інтэрнацыянальных зборніках афарызмаў побач з афарыстыкай замежных пісьменнікаў. Параўн., напрыклад, фундаментальнае выданне “Velika enciklopedija aforizama” (1978) на сербскахарвацкай мове, дзе змешчана каля 9000 афарызмаў, альбо адзін з найболей грунтоўных рускамоўных зборнікаў “Перекличка веков” (1990). У германскай і раманскай ж філалагічных традыцыях вялікая ўвага надаецца асобнаму адлюстраванню афарыстычнай творчасці нацыянальных аўтараў. Яскравымі ўзорамі апошняга з’яўляюцца, напрыклад, такія фундаментальныя выданні, як англамоўная энцыклапедыя “Treasury of English Aphorisms” (Smith Logan 1943), французскі слоўнік “Dictionaire des citations françaises” (1995), кампіляцыя афарызмаў італьянскіх пісьменнікаў “Serittori italiani di aforismi” (1997). У якасці аднаго з нешматлікіх у славістыцы ўзораў даведнікаў афарыстыкі нацыянальнай літаратуры можна згадаць, напрыклад, грунтоўную энцыклапедыю “Księga cytatów z polskiej literatury pięknej od XIV do XX wieku” (1975), а таксама анталогію польскага афарызма “Żądlo i miód mądrości” (1977), укладзеную К.Арцэхоўскім. Толькі ў апошнія гады пачалі выдавацца грунтоўныя зборнікі і энцыклапедыі афарызмаў рускіх пісьменнікаў, хаця сама праблема выдання рускай літаратурнай афарыстыкі ўжо даўно перастала быць прыналежнасцю толькі сферы кнігавыдання і асобных аматараў збіраць афарызмы вядомых асоб і распрацоўваецца як актуальнае навуковае пытанне (гл. Федоренко, Сокольская 1988). У гэтай сувязі, дарэчы, інакш чым парадаксальным вельмі цяжка вызначыць выданне на рускай мове энцыклапедыі літаратурнай афарыстыкі англійскіх аўтараў “Суета сует: Пятьсот лет английского афоризма” (1996). Стварэнне анталогіі беларускага літаратурнага афарызма з’яўляецца, такім чынам, актуальным не толькі для беларускай філалогіі, але і для славістыкі ўвогуле.
Укладанне анталогіі беларускага літаратурнага афарызма патрабуе вырашэння такіх пытанняў, як, найперш, вызначэнне яе аб’ёму і крыніц, распрацоўка прынцыпаў яе пабудовы і інш. З улікам таго, што гэтая задача ставіцца ў беларускай філалогіі ўпершыню, іх рашэнне мае не толькі практычнае, але і тэарэтычнае значэнне. Прапанаваныя ніжэй меркаванні з’яўляюцца толькі адной з магчымых спроб асэнсавання прынцыпаў укладання анталогіі беларускага літаратурнага афарызма, і таму, натуральна, ніякім чынам не прэтэндуюць на канчатковае вырашэнне адпаведных пытанняў.
3.1. Вызначэнне аб’ёму “Анталогіі”
Акрэсліць аб’ём анталогіі беларускага літаратурнага афарызма немагчыма без вызначэння межаў апошняга як адпаведнай разнавіднасці афарыстычных выказванняў наогул і як прадмета кампіляцыі ў прыватнасці, а таксама распрацоўкі крытэрыяў адбору афарыстычных адзінак.
Пад літаратурным афарызмам трэба разумець усякае непрэцэдэнтнае выказванне абагульненай (resp. універсальнай) семантыкі (пра змест паняцця афарызма як моўнага аб’екта гл. Іваноў 1994, Иванов 1995), якое незалежна ад яго зместу, структуры і функцыянальных асаблівасцей не з’яўляецца рэкурэнтным і не адносіцца да тэкстаў масавай камунікацыі і якое можа быць альбо асобнай рэплікай (resp. асобным сказам, у тым ліку і ў межах складанай сінтаксічнай канструкцыі) у дыскурсійнай структуры літаратурнага тэксту, альбо аўтаномным тэкстам – асобным літаратурным творам мастацкага, філасофскага, публіцыстычнага і іншага зместу (больш падрабязна пра месца літаратурных афарызмаў у іерархіі асноўных тыпаў афарыстычных выказванняў гл. Іваноў 1995). Разам з тым, афарызм, будучы па сваёй моўнай прыродзе выказваннем, у якім адлюстравана закончаная абагульненая думка, ніколі не страчвае змястоўнай аўтаномнасці ў кантэксце, і таму заўсёды можа быць вылучаны з апошняга без якіх бы там ні было змяненняў свайго зместу, што дазваляе разглядаць афарызмы-рэплікі таксама як тэксты (толькі імпліцытныя).
У склад анталогіі беларускага літаратурнага афарызма павінны ўвайсці афарыстычныя выслоўі беларускіх пісьменнікаў уласна аўтарскага паходжання, пад якімі трэба разумець і рэмінісцэнцыі, і вольныя (не прамыя) наследаванні, і не сінанімічныя зыходным тэкстам перафразаванні афарызмаў (ці неафарыстычных выказванняў) нейкіх іншых беларускіх і замежных аўтараў альбо парэмій фальклорнага паходжання, як афарыстычных, так і неафарыстычных (пра магчымыя тыпы і спосабы ўтварэння новых афарызмаў шляхам перафразавання нейкіх іншых тэкстаў гл. Крейдлин 1989), аднак не ўсе, а толькі тыя, што валодаюць агульначалавечай каштоўнасцю з пункту погляду адлюстравання ў іх заканамернасцей існавання чалавека і прыроды.
Апошняе, дарэчы, зусім не азначае, што прадметам анталогіі беларускага літаратурнага афарызма павінны быць толькі тыя афарыстычныя выказванні, у якіх адлюстраваны выключна нейкія арыгінальныя думкі, бо звычайна на практыцы бывае вельмі цяжка адназначна вызначыць, што менавіта арыгінальнага (resp. новага) змяшчаецца ў тым ці іншым меркаванні таго ці іншага аўтара. Гэта можна было б больш-менш дакладна акрэсліць толькі шляхам паслядоўнага параўнання калі не ўсяго корпуса літаратурных і фальклорных афарызмаў усіх часоў і народаў свету (што, зразумела, немагчыма ды і наўрад ці патрэбна), то хаця б найбольш вядомых з гэтых адзінак. Без такой праверкі немагчыма ўпэўнена сцвярджаць, што пэўнае афарыстычнае выказванне з’яўляецца сапраўды арыгінальным па сваім змесце і/або па моўнай форме адлюстравання думкі, інакш укладальнік анталогіі будзе падобны на таго “стваральніка афарызмаў”, які, паводле вельмі трапнай заўвагі вядомага польскага пісьменніка-афарыста Вацлава Брудзінскага, “радуецца, як дзіця, калі яму ўдаецца прыдумаць нешта такое, што, хутчэй за ўсё, ужо было народнай прыказкай у фінікійцаў” (цытуецца па Крейдлин 1989: 196). Аднак, натуральна, такая выверка патрабуе спецыяльнай практычнай распрацоўкі і, па-сутнасці, з’яўляецца прадметам асобнага даследавання. Таму бачыцца мэтазгодным вызначаць не арыгінальнасць таго ці іншага афарызма паводле зместу і/або па моўнай форме адлюстравання думкі, а, наадварот, яго трывіяльнасць, што значна лягчэй на практыцы. Такі падыход дае магчымасць пазбавіцца ў анталогіі прысутнасці відавочна банальных па сваім змесце ісцін (resp. труізмаў).
У сваю чаргу, пад вызначэннем “агульначалавечай” каштоўнасці зместу афарызмаў зусім не разумеецца зварот толькі да тых афарыстычных выказванняў, дзе адлюстраваны т.зв. “глабальныя праблемы” быцця. Крытэрыем агульназначнасці той ці іншай думкі дастаткова лічыць яе надкантэкстуальны характар, г.зн. здольнасць афарызма захоўваць сваю змястоўную вартасць і, што самае галоўнае, камунікатыўна-прагматычную актуальнасць і па-за кантэкстам адпаведнага твора. У гэтай сувязі, дарэчы, становіцца ўжо не важна, выказваецца тая ці іншая думка ад імя аўтара або ад імя персанажа, у выніку чаго здымаецца, па-сутнасці, сама праблема вызначэння адпаведнасці таго ці іншага меркавання, укладзенага ў вусны пэўнага персанажа, цэласнаму светаразуменню пісьменніка, бо калі змест нейкага афарызма актуальны (resp. мае усеагульны сэнс) і па-за кантэкстам твора, можна гаварыць аб нейтралізацыі магчымай неадпаведнасці светаўспрыманняў аўтара і персанажа, мова якога ў такім выпадку з’яўляецца толькі яшчэ адным мастацкім сродкам адлюстравання аўтарскай думкі.
Пры вылучэнні афарызмаў з кантэксту геналагічна больш шырокага твора паўстае пытанне цэласнасці іх семантычнай і/або граматычнай структуры, якое звычайна лічыцца “кожны раз дыскусійным, паколькі звязана з абсалютызацыяй канкрэтнага, замыканнем адкрытага і рухомага” (Эпштейн 1987: 43). Па-сутнасці, гэта праблема вызначэння іх уласных межаў у кантэксце, якая цалкам можа быць вырашана шляхам трансфармацыйнага аналізу (гл. Иванов 1994 і 1999, Іваноў, Рагаўцоў 1993).
3.2. Крыніцы “Анталогіі”
Крыніцамі анталогіі беларускага літаратурнага афарызма, мяркуецца, павінны быць усе без выключэння надрукаваныя на беларускай мове (у тым ліку і на лацінцы) мастацкія, публіцыстычныя, крытычныя і іншыя творы, мемуары і эпісталярная спадчына найперш тых беларускіх пісьменнікаў ХІХ–ХХ стагоддзяў, якія адыгралі адметную ролю ў станаўленні і развіцці нацыянальнай літаратуры Беларусі, а таксама найбольш выдатных беларускіх літаратуразнаўцаў. Акрамя гэтага крыніцамі анталогіі беларускага літаратурнага афарызма могуць быць усе надрукаваныя на беларускай мове (у тым ліку і на лацінцы) тэксты знакамітых прадстаўнікоў беларускай навукі і культуры, дзяржаўных дзеячаў Беларусі ХІХ–ХХ стагоддзяў.
У склад крыніц анталогіі беларускага літаратурнага афарызма павінны ўвайсці таксама ўсе тэксты старажытнага перыяду гісторыі і культуры Беларусі (канца ХІV–ХVІІ стагоддзяў) на старабеларускай, лацінскай і польскай мовах, а таксама тая частка польскамоўных тэкстаў беларускіх аўтараў ХVІІІ–ХІХ стагоддзяў, якой уласціва нацыянальна-культурная адметнасць зместу адпаведных твораў.
Усе крыніцы анталогіі беларускага літаратурнага афарызма, натуральна, павінны быць максімальна бездакорнымі з тэксталагічнага пункту погляду, г.зн. яны павінны прадстаўляць найбольш аўтарытэтныя ў гэтым сэнсе друкаваныя варыянты адпаведных тэкстаў.
3.3. Структура “Анталогіі”
Распрацоўка прынцыпаў пабудовы анталогіі беларускага літаратурнага афарызма палягае ў межах вырашэння агульнай праблемы рэпрэзентацыі афарыстычнага матэрыялу ў кампілятыўных даведніках афарызмаў.
Можна вылучыць некалькі асноўных спосабаў пабудовы зборнікаў афарыстычных выслоўяў: 1) адвольны; 2) па алфавіце (саміх афарызмаў і/або прозвішчаў іх аўтараў ці назваў літаратурных крыніц); 3) храналагічны (па гадах жыцця аўтараў афарызмаў і/або з’яўлення іх літаратурных крыніц); 4) прадметна-тэматычны (паводле найменняў тых асобных прадметаў і/або прадметных сфер, што экспліцытна ці імпліцытна адлюстраваныя ў афарызмах); 5) геналагічна-відавы.
У большасці сучасных кампіляцый пераважае камбінаваны прынцып размяшчэння афарыстычнага матэрыялу, калі спалучаюцца два ці больш названых спосабаў. Пры гэтым спосаб пабудовы таго ці іншага зборніка афарызмаў звычайна ніяк не стасуецца з генетычным статусам самога афарыстычнага матэрыялу, што можа належыць як вялікай колькасці аўтараў самых розных гістарычных эпох і самай разнастайнай нацыянальнай, этнічнай ці культурнай прыналежнасці і/або літаратурнай традыцыі, так і абмежаванай колькасці аўтараў нейкай адной нацыянальнай, этнічнай ці культурнай прыналежнасці, а таксама толькі некалькім асобным аўтарам (часам розных гістарычных эпох, але пераважна адной нацыянальнай, этнічнай ці культурнай прыналежнасці і/або літаратурнай традыцыі) альбо, нарэшце, нейкаму аднаму аўтару.
Аднак паколькі літаратурныя афарызмы, як было вызначана вышэй, акрамя таго, што належаць да адной з разнавіднасцей спецыфічнай лінгвістычнай катэгорыі выказванняў (resp. універсальнай семантыкі), з’яўляюцца ўсе без выключэння яшчэ і тэкстамі (як эмпліцытнымі, так і імпліцытнымі) – творамі мастацкага, публіцыстычнага, філасофскага і іншага кшталту, яны павінны апісвацца ў даведачных выданнях з улікам перш за ўсё спецыфікі свайго функцыянавання менавіта як літаратурных твораў (генезісу, геналагічна-відавой прыналежнасці і ідэйна-змястоўнай вартасці), г.зн. максімальна нейтральна ва ўсіх іншых адносінах. З усіх вышэйпералічаных спосабаў пабудовы зборнікаў афарыстычных выслоўяў гэтай спецыфіцы адпавядаюць толькі два: храналагічны (па гадах жыцця аўтараў афарызмаў і/або з’яўлення літаратурных крыніц апошніх) і геналагічна-відавы.
Дастаткова рэпрэзентатыўным таксама з’яўляецца і ідэйна-змястоўны прынцып размяшчэння літаратурных афарызмаў, паводле якога апошнія групіруюцца, зыходзячы з па-за храналагічнай паслядоўнасці развіцця аўтарскай думкі ў асэнсаванні той ці іншай рэаліі быцця чалавека ці прыроды, калі афарызмы, будучы вылучаныя з больш шырокіх твораў, складаюцца ў, так бы мовіць, своеасаблівы “метатэкст”, квінтэсэнцыю поглядаў таго ці іншага аўтара на свет (параўн. рэалізацыю гэтага прынцыпу ўкладання даведнікаў афарызмаў у памянёных ужо кампіляцыях Іваноў 1994, Іваноў 1996, Іваноў 1997).
Найпершымі крытэрыямі, якімі трэба кіравацца пры ўкладанні даведнікаў літаратурных афарызмаў, вылучаных з твораў пэўнага аўтара (ці некалькіх аўтараў), мэтазгодна вызначыць храналагічны і ідэйна-змястоўны, якія дазваляюць рэпрэзентаваць (а ў нечым і рэканструяваць) адпаведна працэс станаўлення і развіцця аўтарскага светаўспрымання і архітэктоніку аўтарскага светаразумення (resp. аўтарскай мадэлі свету). Пры гэтым трэба адзначыць, што ідэйна-змястоўны спосаб размяшчэння афарызмаў у іх кампілятыўных даведніках больш рэпрэзентатыўны ў адносінах да афарыстыкі аднаго аўтара, бо, акрамя проста паслядоўнай фіксацыі афарыстычных выказванняў, дазваляе яшчэ і яскрава адлюстраваць як асноўныя накірункі аўтарскай думкі ў асэнсаванні быцця, так і эпістэмалагічныя і ідыястылістычныя асаблівасці таго ці іншага аўтара ў магчымых падыходах да спасціжэння і фармулявання законаў існавання чалавека і прыроды.
Геналагічна-відавы спосаб размяшчэння афарызмаў натуральна абмежаваны сваім прымяненнем толькі ў адносінах да тых афарызмаў, якія з’яўляюцца паводле свайго паходжання самастойнымі літаратурнымі творамі (resp. аўтаномнымі тэкстамі). Існуючыя спробы геналагічна-відавой кваліфікацыі афарызмаў-рэплік паводле адпаведнай геналагічна-відавой прыналежнасці тых твораў, дзе яны ўжываюцца (тыпу “байкавыя афарызмы” ў дысертацыі Сычовай 1996 і на г.п.), нельга прызнаць не толькі ўдалымі, але і ўвогуле апраўданымі як у метамоўным, так і ў метадалагічным (эпістэмалагічным) сэнсе.
Разам з тым варта дадаць, што ўласна храналагічны прынцып размяшчэння афарызмаў не заўжды магчыма прымяніць пры ўкладанні афарыстычных даведнікаў-кампіляцый з прычыны адсутнасці (альбо недакладнасці) звестак пра час стварэння тых ці іншых твораў, адкуль бяруцца афарызмы. Гэтыя творы звычайна аб’ядноўваюцца (самім аўтарам ці іх выдаўцамі) у нейкія часавыя прамежкі (нярэдка ў рамках пэўных цыклаў, зборнікаў і на г.п.) або пазначаюцца асобна як т.зв. “творы невядомых гадоў”. У такіх выпадках храналогія аўтарскай думкі перарываецца, набывае дыскрэтны характар, а сам адпаведны спосаб размяшчэння афарызмаў у кампілятыўных даведніках літаратурнай афарыстыкі можна вызначыць як дыскрэтна-храналагічны.
Такім чынам, парадак размяшчэння афарызмаў у анталогіі беларускай літаратурнай афарыстыкі варта прыняць храналагічны (у неабходных выпадках дыскрэтна-храналагічны), калі па гадах жыцця аўтараў афарызмаў вызначаюцца адпаведныя раздзелы анталогіі, унутры якіх афарыстычныя тэксты падаюцца паводле храналогіі з’яўлення іх літаратурных крыніц або, ў выпадку адсутнасці дакладных звестак пра час з’яўлення тых ці іншых твораў, паводле парадку размяшчэння апошніх у іх найбольш аўтарытэтным з тэксталагічнага пункту погляду выданні. Афарызмы, якія з’яўляюцца асобнымі літаратурнымі творамі мэтазгодна падаваць у спецыяльных падраздзелах толькі тады, калі яны аб’яднаныя аўтарам у асобныя кнігі або цыклы (у тым ліку і разам з іншымі літаратурнымі творамі-мініяцюрамі). Пры гэтым унутры падраздзелаў павінен захоўвацца той парадак размяшчэння афарызмаў, які прыняты ў адпаведнай кнізе або цыкле. Самі падраздзелы цалкам падаюцца паводле часу з’яўлення тых кніг або цыклаў, адкуль бяруцца афарызмы. Ва ўсіх астатніх выпадках афарызмы, якія з’яўляюцца асобнымі літаратурнымі творамі, размяшчаюцца нараўне з кампіляцыямі па храналогіі іх напісання, але абавязкова павінны выдзяляцца спецыяльнымі графічнымі сродкамі (напрыклад, тлустым кеглем або курсівам). Афарызмы, якія бяруцца з другіх рэдакцый і варыянтаў тых ці іншых літаратурных крыніц, падаюцца ў складзе агульнага корпуса адзінак паводле агульнай храналогіі, акрамя тых выпадкаў, калі яны самі з’яўляюцца другімі рэдакцыямі ці варыянтамі, з якімі, думаецца, варта было б параўноўваць праз адпаведныя спасылкі асноўныя рэдакцыі тэкстаў афарызмаў. Афарызмы з чарнавых накідаў, незавершаных і стылістычна неапрацаваных вершаў павінны змяшчацца асобна ў канцы раздзелаў. Кожны афарызм пашпартызуецца ў анталогіі паводле назвы таго літаратурнага твора, адкуль ён бярэцца.
Пачынаць стварэнне анталогіі беларускага літаратурнага афарызма варта найперш з вычарпальнага апісання індывідуальна-аўтарскай афарыстыкі асобных пісьменнікаў. Першай у беларусістыцы спробай такога кшталту з’яўляецца вопыт апісання афарызмаў Максіма Багдановича, зроблены аўтарам гэтага артыкула (гл. Іваноў 2000).
Літаратура
Żądlo i miód mądrości. Antologia aforyzmu polskiego. Wybrał i posłowie napisał K.Orzechowski. Wrocław, 1977.
Dictionaire des citations françaises / Ouvrage publ. sous la direction de Carlier R. et al. Paris, 1995.
Gomez de la Serna R. Total de greguerías / Con prov. y il. orig. del propio aut. Madrid, 1955.
Gomez de la Serna R. Total de Greguerías. Madrid, 1962.
Księga cytatów z polskiej literatury pięknej od XIV do XX wieku ułożona przez Pawła Hertza i Władysława Kopalińskiego. 2 wyd. Warszawa, 1998.
Serittori italiani di aforismi. Roma, 1997.
Smith Logan P. Treasury of English Aphorisms. London, 1943.
Velika enciklopedija aforizama / Red. V.Brodnjak et al. 3 izd. Zagreb, 1978.
Быкаў В. Залацінкі мудрасці: Крылатыя выразы (падабраў А.Солахаў) // Роднае слова. Мінск, 1999. № 9. С. 16, 21, 34, 79, 84, 114, 158.
Быкова А.А. Семиотическая структура велеризмов // Паремиологические исследования: Сборник статей / Сост. и ред. Г.Л.Пермякова. Москва, 1984. С. 274–293.
Вечна новыя старыя ісціны / Склад. У.У.Цейкін. Мінск, 1993.
Витражи мудрости: Афоризмы, крылатые слова, изречения / Сост. М.В.Король. 2-е изд., перераб. и доп. Минск, 1991.
Глёбус А. Грыгерыі // Наша Ніва. 12 жніўня 1996. С. 15.
Гомес де ла Серна Р. Грегерии // Гомес де ла Серна Р. Избранное. Москва, 1983. С. 294–341.
Жемчужины мысли / Сост. А.А.Жадан. 3-е изд., перераб. и доп. Минск, 1991.
Иванов Е.Е. Афоризм как единица языка: (К истории и теории понятия) // Лингвистика на исходе ХХ века: итоги и перспективы: Тезисы Международной конференции. В 2 т. Москва, 1995. Т. 1. С. 192–193.
Иванов Е.Е. Парцелляция афоризма // Мат-лы Республ. науч. конф. “Пушкин и национальные литературы: (К 200-летию со дня рождения)” (5–6 мая 1999 г.) / Отв. ред. В.В.Люкевич. Могилев, 1999. С. 79–84.
Иванов Е.Е. Структурная парадигма афоризма как единицы языка vs. речи // Вопросы романо-германской филологии: (Прагматика и семантика): Межвуз. сборник научных трудов / Редкол.: В.В.Лазарев (отв. ред.) и др. Пятигорск, 1994. С. 83–89.
Іванова С.Ф., Іваноў Я.Я. Слоўнік беларускіх прыказак, прымавак і крылатых выразаў: Лінгвакраіназнаўчы дапаможнік. Мінск, 1997.
Іваноў Я.Я. Афарызм як прадмет філалогіі і аб’ект лінгвістыкі // Веснік БДУ. Сер. 4. Мінск, 1994. № 3. С. 61–65.
Іваноў Я.Я. Афарызмы Максіма Багдановіча // Terra Alba. І. Праблемы беларускага літаратуразнаўства: (Да 85-годдзя з дня нараджэння А.Куляшова) / Рэд. С.І.Даніленка і Я.Я.Іваноў; Рэдкал.: Я.І.Клімуць (адк. рэд.) і інш. Мінск, 2000. С. 123–131.
Іваноў Я.Я. Афарыстыка паэмы Я.Коласа “Новая зямля” (Да ўкладання афарыстычнага слоўніка мовы пісьменніка)” // Каласавіны: Матэрыялы Рэспубліканскай навуковай канферэнцыі, прысвечанай 70-годдзю выхаду ў свет паэмы Якуба Коласа “Новая зямля” (3 лістапада 1993 г.). Мінск, 1993. С. 74–77.
Іваноў Я.Я. Беларусь і беларусы ў афарызмах М.Гарэцкага // Гарэцкія чытанні: Матэрыялы дакладаў і паведамленняў: У 2 ч. Мінск, 1994. Ч. 1. С. 82–84.
Іваноў Я.Я. Максім Гарэцкі як пісьменнік-афарыст: Матэрыялы да ўкладання зборніка”Афарызмы і думкі М.Гарэцкага” (працяг) // Гарэцкія чытанні: Матэрыялы дакладаў і паведамленняў. Мінск, 1997.
Іваноў Я.Я. Матэрыялы да ўкладання зборніка “Афарызмы і думкі М.Гарэцкага” // Гарэцкія чытанні: Матэрыялы дакладаў і паведамленняў. Мінск, 1996. С. 80–87.
Іваноў Я.Я. Прынцыпы сістэматызацыі афарыстычных выказванняў // Молодые гуманитарии Беларуси – 1995 [Сборник научных трудов]. Минск, 1995. С. 75–96.
Іваноў Я.Я., Рагаўцоў В.І. Спосабы індывідуальна-аўтарскага відазмянення структуры афарызмаў у мове М.Гарэцкага // Гарэцкія чытанні: Тэз. дакл. і паведам. (17–19 лютага 1993 г.) / Рэдкал.: У.М.Ліўшыц (адк. рэд.) і інш. Горкі, 1993. С. 55–57.
Коўзкі М. Доля праўды: Сатырычныя мініяцюры. Мінск, 1995.
Коўзкі М. Як той казаў: Сатырычныя мініяцюры. Мінск, 1998.
Крейдлин Г.Е. Структура афоризма // Проблемы структурной лингвистики [1985–1987]. Москва, 1989.
Міхневіч А.Я. Афарызмы // Беларуская мова: Энцыклапедыя. Мінск, 1994. С. 60–61.
Міхневіч А.Я. Афарыстыка Якуба Коласа: (Да пастаноўкі праблемы) // Беларуская лінгвістыка. Мінск, 1983. Вып. 22. С. 59–65.
Перекличка веков: Размышления, суждения, высказывания / Сост. В.Г.Носков. Москва, 1990.
Симфония разума. Афоризмы и изречения отечественных и зарубежных авторов / Композиция Вл.Воронцова. Москва, 1976.
Словарь русской мудрости / Сост. Н.Е.Бенедиктова. Нижний Новгород, 1998.
Суета сует. Пятьсот лет английского афоризма / Сост., предисл. и перевод А.Ливерганта. Москва, 1996.
Сычова Е.К. Функционально-семантическая структура басенного афоризма: Автореф. дис. ...канд. филол. наук. Минск, 1996.
Федоренко Н.[Т.] Мудрость мудрости рознь // Литературная газета. 21 апреля 1982.
Федоренко Н.Т., Сокольская Л.И. Проблемы издания русской афористики // Известия АН СССР. Серия литературы и языка. Москва, 1988. Т. 47, № 6.
Эпштейн М.Н. Афористика // Литературный энциклопедический словарь. Москва, 1987. С. 43–44.
Янкоўскі Ф.[М.] Крылатыя словы і афарызмы: З беларускіх літаратурных крыніц. Мінск, 1960.
Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Магілёўскага Таварыства БРАМА
|