|
ЗАГІНУЎШЫ СВЕТ АЎСТРА-ВЕНГРЫІ Ў ПОЛЬСКАЙ ЛІТАРАТУРЫ І КІНО*
Алёіс ВОЛЬДАН
(Пасау)
У 60-х і 70-х гадах у польскай літаратуры выразна вылучаецца т.зв. „галіцкі напрамак”, г.зн. з’яўляецца шэраг твораў, у якіх адлюстраваны падзеі ў былой Галіцыі, у той частцы Польшчы, якая пасля першага падзелу адышла да Аўстрыі. Пісьменнікі розных пакаленняў, звяртаючыся да галіцкіх тэм, ствараюць, такім чынам, творы, якія ў большасці выпадкаў падобныя паміж сабой; прадстаўнікі старэйшага пакалення, як Анджэй Кусневіч (1904–1933) альбо Юліян Стрыйкоўскі (1905–1996) былі яшчэ ўраджэнцамі аўстрыйскай Галіцыі; пісьменнікі сярэдняга пакалення, як Анджэй Стаеўскі (нар. у 1933) альбо Уладзімеж Абаеўскі (нар. у 1930) паходзяць з той самай геаграфічнай прасторы, якая была ў той час часткай польскай дзяржавы; прадстаўнікі наступных пакаленняў, як Уладзімеж Пажнеўскі (нар. у 1942), Рышард Садай (нар. у 1950) альбо Пётр Шэўц (нар. у 1961) ужо не маюць генетычнай сувязі з тым краем, які адкрылі як тэму літаратурнага ўвасаблення. Для ўсіх тых творцаў Галіцыя цікавая як гістарычны край, які ўжо не існуе, і як частка вялікай дзяржавы Аўстра-Венгрыі. Пачынаючы з 70-х гадоў, і польскае кіно таксама праяўляе цікавасць да галіцкіх твораў – з’явіліся экранізацыі аповесці Кусьневіча (“Lekcja martwego języka”, 1979), Стрыйкоўскага (“Austerla”, 1982) і іншых.
З розным падыходам пакаленняў да галіцкай тэмы звязаны розныя функцыі, якія выконваюць літаратурную рэканструкцыю даўно адышоўшага ў нябыт свету манархіі; з аднаго боку, справа тут у мемарыяльным запісе таго, што знікла з рэчаіснасці, але можа быць адноўлена ў памяці з той мэтай, каб пакінуць наступным пакаленням. Літаратура, аднак, не існуе толькі дзеля таго, каб быць сведчаннем мінулай рэчаіснасці, хутчэй яна з’яўляецца інструментам новых канструкцый, свету выдуманага. Галіцкая літаратура не толькі адкрывае тое, што некалі было, а і стварае таксама нешта новае, мадэль ідэальнага свету, які далёкі ад перадваеннай аб’ектыўнай рэчаіснасці. Аўтары галіцкай тэмы адлюстроўваюць ранейшую імператарска-каралеўскую манархію і асабліва Галіцыю найперш як вялікаэтнічную тэрыторыю, шматмоўную і шматкультурную. На гэтай прасторы шматлікія народныя групы (палякі, немцы, украінцы, жыды і іншыя) розных веравызнанняў (абрадцы, рымакаталікі, грэкакаталікі, пратэстанты, юдаісты) жылі разам у згодзе і гармоніі. Супярэчнасці паміж гэтымі групамі існавалі, але не мелі такога памеру, які б мог пагражаць гэтай гармоніі. Такая карціна свету актуальная ў гістарычнай сітуацыі, якая ўжо не “ведае” той гармоніі, а спазнала нязносныя народна-рэлігійныя войны і знішчэнне цэлых этнічных груп. Не пытанне выпадку, што такая рэканструкцыя ідэальнага свету паўстала толькі пасля другой сусветнай вайны з усімі яе катаклізмамі. З перпектывы часу літаратурная Галіцыя выглядае як назаўсёды страчаны ідэал; яе мастацкая рэканструкцыя напоўнена таксама “павернутай насуперак утопіі” функцыяй (“rückwärtsgewandte Utopi”) Макса Вебера.
Вынікам ўзнаўлення свету імператарска-каралеўскай манархіі ў польскай літаратуры і кіно з’яўляецца не гістарычная рэчаіснасць, а спрошчаная мадэль хутчэй скамплікаванай пазатэкставай сітуацыі; тая мадэль, якая складаецца з выбраных фактараў, якія нагадваюць сваёй структурай архаічнае мысленне і таму могуць быць прызнаны як свайго роду міф, не першасны, а другасны, штучна збудаваны паводле падобнай логікі. У той міфічнай мадэлі аўстрыйскага свету імператар узвышаецца як Бог, які трымае гэты свет пад сваёй апекай і гаратнуе яго функцыянаванне. Сама манархія прадстаўлена як іерархічна арганізаваны космас, у якім усё мае сваё месца і кожны ведае, як застацца на тым прадвызначаным месцы. Імператарска-каралеўскае войска нагадвае вялікую сям’ю, члены якой – афіцэры рознага сацыяльнага паходжання – аб’яднаны адзіным кодэксам паводзін. У адпаведнасці з той мадэллю Галіцыя – гэта копія ўсёй манархіі ў мініяцюры – там пануе тая самая гармонія дзякуючы бесканфліктнаму сумеснаму жыццю аўстрыякаў, палякаў і жыдоў. Адны ўкраінцы ва ўсходняй Галіцыі не задаволены сваёй сітуацыяй і патрабуюць змен, якія ў такім выпадку дэстабілізуюць космас манархіі. Затое жыды з’яўляюцца найлепшымі грамадзянамі Аўстрыі, бо не маюць іншай бацькаўшчыны ў межах гэтай дзяржавы. У першых днях вайны 1914 году гармонія заканчваецца, космас манархіі занепадае і саступае месца хаосу. Схематызм гэтай канцэпцыі ў чарговы раз паказвае, што тое літаратурнае і кінамастацкае ўзнаўленне мае выдуманы характар, а не гістарычны.
Узнаўленне загінуўшага свету імператарска-каралеўскай манархіі ў творах літаратуры і кіно праводзіцца на розных узроўнях тэксту, пачынаючы ад запазычванняў на лексічным узроўні. Мноства нямецкай, украінскай і з мовы ідыш лексікі ў польскім тэксце адлюстравала шматмоўную сітуацыю ў былой Галіцыі; нямецкія элементы, якія ўстаўлены ў польскі тэкст без перакладу альбо тлумачэння, паказваюць на зразумеласць іншамоўнага слова ў межах пэўнай моўнай па-за народнай агульнасці. Асаблівае значэнне сярод тых запазычванняў маюць уласныя імёны – геаграфічныя, асабовыя назвы і назвы рэалій з разнастайных галін жыцця. Гэтыя назвы як бы адкрываюць цэлы вобраз імператарска-каралеўскай манархіі, ад яе геаграфічнай прасторы да яе культуры – ад мастацтва, музыкі і літаратуры ажно да паўсядзённага жыцця. На гэтае мноства з’явіўшыхся назваў можна глядзець як на свайго роду мову як знакавую сістэму. Загаловак аповесці А.Кусневіча, “Лекцыя па мёртвай мове” (“Lekcja martwiego języka”), экранізаванай Ё.Маеўскім, прыводзіць да такога разумення назваў. Яе герой, малады аўстрыйскі афіцэр, шукае ў канцы першай сусветнай вайны прадметы, якія абазначаны тымі назвамі, з якіх, калі нават яны існуюць толькі часткова, можна па-новаму скласці той ужо памерлы свет, каб вучыць мову, якая тады была мёртвай.
Узнаўленне імператарска-каралеўскай манархіі праводзіцца таксама на глебе часова-прасторавай арганізацыі тэкстаў. Час былой габсбургскай дзяржавы і час былой Галіцыі – гэта шэраг эпізодаў, якія паўтараюцца і з якіх складаецца прыватнае жыццё герояў. Час асабісты, арганізаваны ў цыкле сямейнага жыцця, важнейшы за час гістарычны, які служыць толькі як фон для падзей аб індывідуальным характары. Сямейная сага – адна з любімых разнавіднасцяў галіцкай аповесці, якая адлюстроўвае лёсы некалькіх пакаленняў арыстакратычнай сям’і – абапіраецца на такую канцэпцыю часу. Яе майстрам з’яўляецца Анджэй Стаеўскі – аўтар сямейнай сагі ў дзвюх кнігах: “Romans polski” (1970) і “Kareta” (1972).
Калі наддунайская манархія падыходзіць да фіналу, заканчваецца час цыклічнага паўтарэння, і ён саступае месца лінеарнаму часу, які праходзіць як з’ява аднаразовая і непаўторная. Фінал існавання ранейшай Аўстрыі ў аповесці Ё.Стрыйкоўскага “Austeria” (1960) утрымліваецца ў першым дні сусветнай вайны 1914 года – падзеі аднаго дня і адной ночы сімвалічным чынам паказваюць канец цэлай эпохі, яе фінал, які тады, на пачатку вайны, яшчэ нельга было прадбачыць. Перапоўненасць таго апошняга дня падзеямі з’яўляецца таксама вынікам вялікай колькасці рэтраспектыўных сцэн, якія адлюстроўваюць жыццё перад тым апошнім днём. Мантаж такіх сцэн у фільме адпавядае асацыятыўнай логіцы памяці апавядальніка. Заканчэнне фільма Ё.Кавалеровіча з той самай назвай (1982) адрознае ад заканчэння аповесці, у ім увага сканцэнтравана на адлюстраванні характару таго фіналу, які раўназначны пагібелі, смерці і хаосу.
Пераклаў з польскай мовы
Алесь МАКАРЭВІЧ
© МТ “Брама”, 2001
* © Alois WOLDAN. Zaginiony świat Austro-Węgier w polskiej beletrystyce i w filmie: Konspekt wykładu w VIIІ WSL UW (Wrocław, 16 lipca 1999 r.).
Літаратура
Kuśniewicz A. Król Obojga Syczlii (1970, 1972, 1976); Lekcja martwiego języka (1977, 1979).
Stojowski A. Romans polski (1970, 1975); Kareta (1972, 1975).
Strzjkowski J. Austeria (1966, 1968, 1973); Sen Azrila (1975).
Wiegandt E. Austria feliх, zcyuli o micie Galicji w polskej prozie współczesnej. Poznań, 1988.
Woldan A. Der Österreich-Mythos in der polnischen Literatur. Wien – Köln – Weimar, 1996.
Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Магілёўскага Таварыства БРАМА
|