НАЦЫЯНАЛЬНЫЯ СТЭРЭАТЫПЫ Ў ЦЭНТРАЛЬНАЙ І ЎСХОДНЯЙ ЕЎРОПЕ (1945–1991)*
Антaнін МЕШТАН
(Прага – Фрайбург, Германія)
Заўсёды існавалі – і зараз існуюць – чатыры магчымыя спосабы падыходу да з’явы, акрэсленай як народны характар: (а) народны характар нельга вызначыць (аналіз, такім чынам, беспрадметны і нічога тут немагчыма змяніць); (б) народны характар – рэч вядомая – добры, а, значыць, нічога не трэба змяняць; (в) народны характар нязменны; (г) народны характар нядобры (аднак яго можна выправіць і трэба спрабаваць гэта зрабіць).
Так званы характар асобнага народа існуе як стэрэатып. Толькі ў адносна нядаўні час распачаты навуковы аналіз народнага характару. Даследаванні ў гэтай галіне, названай сёння культурнай антрапалогіяй, распачаты у найбольшай ступені ў Францыі, дзе ў 1937 годзе быў заснаваны Centre Universitaire de Psychologi des Peuples у Гаўры (Le Havre). У 1946 годзе ў Францыі пачало выдавацца “Revue de la Psychologie des Peuples”.
Шырокія пласты грамадства ўтвараюць разам цэласную карціну народнага характару не на падставе навуковых даследаванняў, а на падставе фальклорных твораў ды міфаў. Такім чынам, кожны народ перакананы, што ён памяркоўны, інтэлігентны, арыгінальны, працавіты. Аднак ёсць і заганы, такія, як недахоп еднасці, празмернае наследаванне ўсяго чужога, лёгкасць асіміляцыі за мяжой, пэўная прыніжанасць у адносінах да тых, хто валодае ўладай, незнаходлівасць і няўпэўненасць. Відавочнымі тут з’яўляюцца паблажлівыя адносіны да сябе і адначасова крытыканства іншых народаў, асабліва ўсіх суседніх. Бо гэта яны нас крыўдзяць, выкарыстоўваюць наша дабро.
Стэрэатыпы адносна ўласнага народа, а таксама іншых народаў узнікалі і ўзнікаюць зараз двума спосабамі: (а) калі з’яўляюцца калектыўным прадуктам, які складаецца з назіранняў, недастатковасці сувязей, праўды, падману; (б) калі адначасова з’яўляюцца таксама вынікам уздзеяння ўлады на грамадства. Вядзецца прапаганда ў вёсцы, шырокім слаям насельніцтва даводзіцца, што дасягненні народа – вынікі яго агульначалавечых якасцей, і што ўлада мае права абараняць свой народ. Калі ж узнікаюць непаразуменні і няшчасці, то ў гэтым выпадку вінаваты іншыя народы, а таксама адмоўныя рысы характару дадзенага народа. Улада ж ніколі не абвінавачваецца.
Стэрэатыпы з’яўляюцца часткай інтэграванага грамадства. Яны заснаваны на эмоцыях і на ўплыве прапаганды. Стэрэатыпы не адпавядаюць рэчаіснасці ці адпавядаюць ёй толькі часткова; іх паслядоўнікі прымаюць яе як праўду. Стэрэатыпы цяжка змяніць, нават уладзе.
Відавочна, што даследаванне з’яў, акрэсленых як народны характар, прынцыпова адрозніваецца ад даследаванняў народных стэрэатыпаў. Зараз лічыцца, што народны характар існуе і яго могуць вывучаць у цесным супрацоўніцтве псіхолагі, сацыёлагі, гісторыкі і лінгвісты. Народны стэрэатып – прадукт фальшывага ці часткова фальшывага погляду на свой народ або на іншыя народы. Ёсць грамадскія факты, а, значыць, таксама і даследаванні тых самых знаўцаў народнага характару.
Народныя стэрэатыпы выконваюць розныя функцыі: (а) умацоўваюць пачуццё нацыянальнай самасвядомасці; (б) усталёўваюць “народную ідэалогію”, дазваляюць падзяляць людзей на “нашых” і “вашых”; (в) апраўдваюць дзеянні “нашай ”улады, а таксама нашага грамадства нават у тых выпадках, калі наш народ парушае правы і нормы маралі; (г) дапамагаюць знайсці вінаватых у нашых няўдачах – знешніх ворагаў, а таксама іх саюзнікаў у нашым грамадстве; (д) дапамагаюць кожнаму чалавеку паверыць ва ўласную годнасць, бо кожны з’яўляецца часткай чалавецтва.
Камуністычная ўлада абвясціла роўнасць усіх народаў, вялікіх і малых. Адначасова трэба было “дапамагаць” малым, на той час адсталым і прыгнечаным народам. І тыя павінны былі быць удзячнымі “старэйшым братам”. З цягам часу ў Савецкай Расеі афіцыйна вылучылі на пярэдні план расейскі народ. Знішчалі ўсялякі нацыяналізм, сапраўдны ці выдуманы, – расейскі нацыяналізм заставаўся ў спакоі. На поўным сур’ёзе, падтрымліваючы русіфікацыю, прыпісвалі расейцам усялякія дабрачыннасці і здольнасці. У 1950-я гады была пашырана думка, што Расія валодае ўсімі правамі, якія толькі ёсць у свеце.
У гады Другой сусветнай вайны на працягу доўгага часу савецкаму грамадству падносіўся вобраз Германіі як подлы (нізкі). Афіцыйны і напаўафіцыйны расейскі і “савецкі” панславянізм, а таксама антысемітызм адпавядаў шырокаму колу грамадства ў Савецкай Імперыі. Такім чынам, гэтыя тэзісы былі прыняты станоўча. Расейскае грамадства паверыла ў надзвычайныя якасці ўласнага народа. Але часам даходзіла і да выбухаў варожасці ў рэспубліках так званых “савецкіх братніх народаў”, што было бачна, напрыклад, на матчах футбола паміж савецкай Грузіяй і савецкай Арменіяй. Такім чынам, народныя стэрэатыпы камуністы не знішчылі. У пэўнай ступені яны садзейнічалі нават захаванню і ўзмацненню гэтых стэрэатыпаў. У часы распаду Савецкай імперыі здаралася, што часта ірацыянальныя народныя стэрэатыпы даводзілі да ўзброеных канфліктаў.
Яскравым прыкладам народных стэрэатыпаў, быццам бы знішчаных камуністамі, аднак жывых і зараз, з’яўляюцца баі ў былой Югаславіі.
У 1945 годзе югаслаўскія і албанскія камуністы падрыхтавалі федэрацыю Югаславіі і Албаніі (у манетарнай сферы пастаноўлена, што адзін югаслаўскі дынар будзе мець такую самую вартасць, як адзін албанскі лек). Аднак штучная ідылія існавала вельмі нядоўга. З 1948 года пагаршаюцца югаслаўска-албанскія зносіны і ў абодвух бакоў адраджаюцца негатыўныя народныя стэрэатыпы ў стаўленні да суседняга народа. У апошнія дзесяцігоддзі народныя стэрэатыпы ў сербаў і албанцаў вярнуліся да стану XIX стагоддзя. Гэта давяло да барацьбы паміж сербамі і косаўскімі албанцамі, якія маглі здрадзіць у магчымай югаслаўска-албанскай вайне. Сербска-харвацкі антаганізм, ускладнены існаваннем муслімаў у Босніі, македонска-албанскі антаганізм, грэцка-албанскі (у меншай ступені) і грэцка-македонскі даказваюць існаванне і ўзмацненне народнага стэрэатыпу на Балканах.
У гэтым сэнсе камунізм згаданыя стэрэатыпы не знішчыў, затое дапамог стварыць новыя. Пры вывучэнні грамадскай думкі ў краінах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы пацвярджаецца, што доўгае існаванне камуністычнага рэжыму ў гэтых краінах прывяло іх грамадства не толькі да гаспадарчага застою, але і да захавання, нават да ўзмацнення народных негатыўных стэрэатыпаў. Відавочна, на так званым Захадзе таксама па-ранейшаму існуюць народныя стэрэатыпы, якія прыводзілі некалі да канфліктаў (дастаткова ўспомніць Паўночную Ірландыю, Корсіку і баскаў).
Такім чынам, атрымліваецца, што з негатыўным народным стэрэатыпам трэба змагацца, бо існуе заражанае хваробай грамадства, якое можа знішчыць мільёны чалавечых істот. Наўрад ці магчыма нам пагадзіцца з існаваннем і далейшым пашырэннем падобных стэрэатыпаў.
Пераклала з польскай мовы
Ірына КАПУСТА
© МТ “Брама”, 2002
SUMMARY
Antonin MESHTAN
NATIONAL STEREOTYPES IN CENTRAL AND EASTERN EUROPE: (1945–1991)
The publication examines the concept “national character”. The author characterizes the origin of stereotypes concerning the perception of the own nation and the perception of other nations. He points out negative and positive consequences of national stereotypes and their functions in the European society in 1945–1991. The genesis and role of national stereotypes are analyzed on the example of such states as Yugoslavia and the USSR.
РЕЗЮМЕ
Антонин МЕШТАН
НАЦИОНАЛЬНЫЕ СТЕРЕОТИПЫ В ЦЕНТРАЛЬНОЙ И ВОСТОЧНОЙ ЕВРОПЕ: (1945–1991)
Описано понятие “национальный характер”, охарактеризованы пути возникновения стереотипов восприятия собственной нации и других народов, негативные и положительные последствия существования национальных стереотипов и их функции в европейском обществе в 1945–1991 годах. Генезис и роль национальных стереотипов проанализированы на примере таких государств, как Югославия и СССР.