|
ДЫЛЕМЫ НАЦЫЯНАЛЬНАЙ ІДЭНТЫЧНАСЦІ Ў БЕЛАРУСІ*
Барбара ТОРНКВІСТ-ПЛЕВА
(Лунд, Швецыя)
Прадмет артыкула – гістарычны аналіз працэсу фарміравання беларускай нацыі з акцэнтаваннем увагі на ролі мовы як крытэрыя для вызначэння межаў і як нацыянальнага сімвала, што выкарыстоўваецца для палітычнай мабілізацыі. Мэта аналізу заключаецца ў тым, каб знайсці тлумачэнні слабасці сённяшняй беларускай нацыянальнай ідэнтыфікацыі.
Працэс фарміравання нацыі можа быць вывучаны з дапамогай дамінуючых у наш час разнастайных тэарэтычных, або гэтак званых канструкцыйных (інструментальных), падыходаў. Усведамляючы, што гэты інструментальны падыход не прывядзе да слушнага тлумачэння праблемы нацыянальнага пытання, я вырашыла выкарыстаць тэорыю ідэнтыфікацыі (тоеснасці) Вільяма Блума (гл. BLOOM 1990) для таго, каб падкрэсліць важнасць сацыяпсіхалагічнага крытэрыю майго аналізу.
В.Блум сцвярджаў, што кожны індывідуум валодае своеасаблівым рухавіком, каб шукаць, павялічваць і абараняць ідэнтычнасць. У нашы дні нацыянальная ідэнтыфікацыя стала ў вышэйшай ступені запатрабаванай. Калі ў групе адбываецца ідэнтыфікацыя на глебе адной і той жа нацыянальнай ідэі, г.зн. калі яе члены ідэнтыфікуюць тую ж самую нацыянальную тоеснасць, яны будуць імкнуцца дзейнічаць разам, каб абараніць і павялічыць падзеленую ідэнтычнасць. Яны будуць дзейнічаць у інтарэсах падзеленай нацыянальнай ідэнтычнасці, названай Блумам “нацыянальная дынамічная ідэнтычнасць”. Тэорыя ідэнтыфікацыі вылучае, прынамсі, тры ўмовы, якія павінны быць адначасова выкананы для нацыянальнай ідэнтыфікацыі групы, каб дасягнуць і правесці “нацыянальную дынамічную ідэнтыфікацыю”.
Па-першае, сітуацыя павінна складвацца так, каб існуючая ідэнтычнасць індывідаў у групе адзначалася нездавальняюча па крайняй меры часткай яе членаў.
Па-другое, з мэтай тлумачэння сэнсу крызісу ідэнтычнасці і распрацоўкі нацыянальнай ідэалогіі, якая будзе служыць у якасці трампліна для эмансіпацыі групы, унутры яе мусіць з’явіцца моцная вядучая эліта.
Па-трэцяе, тыя сімвалы, якія эліта прапаноўвае як нацыянальныя (г.зн. размежаванне і аб’яднанне), павінны быць звязаны з вопытам групы і суадносна ацэнены.
Як гэтыя дзве ўмовы былі выкананы ў выпадку Беларусі? Да ХІХ стагодзя немагчыма было гаварыць пра беларускую нацыянальную ідэнтыфікацыю. Да гэтага часу тэрмін беларускі меў падэтнічнае, перш за ўсё геаграфічнае значэнне. З другога боку, у часы сярэдневякоўя насельнікі тэрыторыі Беларусі захоўвалі ясна акрэсленую этнічную тоеснасць як частка супольніцтва, што мела назву “рускія” і ўключала продкаў сучасных беларусаў, украінцаў і рускіх. Найбольш важнымі прыкметамі гэтай ідэнтычнасці былі: праваслаўная рэлігія, адчуванне самадастатковасці ў межах старажытнай Русі (Кіеўскае княства), калектыўная назва “рускія” (ад Русь) і асобная пісьмовая мова – царкоўнаславянская. Палітычна актыўная частка “рускіх” на Беларусі (дваранства) мела двайную ідэнтычнасць – у этнічным сэнсе як “рускія” (па-лацінску “русічы”), а ў палітычным як літоўцы (у часы Рэчы Паспалітай як палякі).
Пошукі каранёў сучаснага беларускага нацыяналізму варта пачынаць у межах крызісу ідэнтычнасці, які рускае дваранства перажывала з падзеннем Рэчы Паспалітай. Пасля паражэння польскіх паўстанняў супраць рускага панавання (1830 і 1863 гадоў) і актывізацыі рускіх кампаній супраць польскай культуры частка рускага дваранства пачала разглядаць сваю прыналежнасць да польскасці як ярмо. Некаторыя (асабліва тыя, каго пазбавілі тытулаў і прывілей) перайшлі ў праваслаўную веру (гл. VAKAR 1956: 74), у той час як іншыя пад уплывам рамантызму і “эфекту дэманстрацыі” новых этна-нацыяналістычных ідэалогій суседніх народаў хацелі сфармуляваць сваю асабістую беларускую нацыянальную ідэалогію.
У канцы XIX стагоддзя ў Беларусі пакрысе стаў набіраць сілу працэс палітычнай і нацыяналістычнай агітацыі. Спачатку нацыянальная эліта складалася галоўным чынам з каталікоў, якія валодалі адчуваннем сваёй асобнай ідэнтычнасці ў адносінах з рускімі. Пазней да руху, адхіліўшы расійскі дзяржаўны нацыяналізм як недэмакратычны, далучылася невялікая група праваслаўных беларусаў (гл. RADZIK 1995). Такім чынам, на мяжы стагоддзяў у Беларусі з’явілася эліта інтэлігенцыі, якая паспрабавала растлумачыць масам сутнасць іх палітычных і эканамічных праблем і магчымасць іх неадкладнага вырашэння з дапамогай сродкаў нацыянальнай ідэалогіі. Аднак гэта нацыянальна свядомая эліта была нешматлікай, размежаванай і не мела сацыяльнага прэстыжу. Акрамя таго, сувязь яе з масамі ўскладнялася (паводле DEUTCH 1953) інстытуцыйна – у сувязі з забаронай царскім рэжымам пісьмовай беларускай мовы і распаўсюджання беларускай нацыянальнай прапаганды – і структурна – з-за непісьменнасці і ізаляванасці сялян, выкліканай апошняй мадэрнізацыяй беларускай тэрыторыі (гл. GUTHIER 1977, GELLNER 1983). У адрозненне ад шматлікіх усходнееўрапейскіх нацый (гл. HROCH 1985) цэрквы ў Беларусі не функцыянавалі як канал сувязі паміж сваім насельніцтвам і нацыянальнай элітай. Замест гэтага праваслаўныя святары выкарыстоўвалі сваю ўладу, каб папулярызаваць рускую нацыянальную ідэнтычнасць, у той час як каталіцкія святары звычайна падтрымлівалі ідэнтычнасць польскую (паводле RADZIK 1991).
Распаўсюджванне нацыянальнай ідэалогіі спачатку ішло паспяхова, асабліва пасля Першай Сусветнай вайны, калі свет беларускага селяніна аказаўся разбураным палітычнымі і сацыяльнымі пераўтварэннямі, што ўключалі падзел беларускай тэрыторыі паміж Польшчай і Савецкім Саюзам (гл. PAWLUCHUK 1972). На працягу 1920-х гадоў беларускае сялянства зрабілася пісьменным. Упершыню яно атрымала доступ да “высокай” нацыянальнай культуры, з яе ўнармаванай беларускай літаратурнай мовай (гл. BIEDER 1991: 408, WEXLER 1974: 227–250). Гэта адбылося ў часы “беларусізацыі” – перыяду 1920-х гадоў. Аднак такія спрыяльныя ўмовы для ідэнтыфікацыі сялян з беларускай нацыяй працягваліся толькі прыблізна дзесяцігоддзе. Беларускі прагрэс, вяршыняй якога павінна было стаць утварэнне сучаснай нацыі, аказаўся перарваным ужо ў 1930-я гады, калі Сталін пачаў кампанію супраць “буржуазнага нацыяналізму”. Рэформа 1933 года задумвалася як метад, што мусіць адлюстраваць русіфікацыйныя тэндэнцыі ў грамадстве (гл. WEXLER 1974: 270–275, MCMILLIN 1980). У часы сталінскіх зачыстак большая частка беларускай нацыянальнай эліты была ліквідавана (знішчана). Нямногія нацыянальныя актывісты, якія засталіся ў жывых, у часы Другой сусветнай вайны былі прымушаны супрацоўнічаць з немцамі (гл. TURONEK 1993). Абвінавачаныя ў падтрымцы нацыстаў, яны былі скампраметаваны разам з беларускай нацыянальнай ідэалогіяй. Пасля Другой сусветнай вайны, калі Беларусь прайшла мадэрнізацыю ў масавым маштабе, яна апынулася без нацыянальнай эліты, здольнай да перадачы нацыянальных сімвалаў і мабілізацыі вакол іх. Другая ўмова, неабходная, паводле В.Блума (гл. BLOOM 1990), для паспяховай ідэнтыфікацыі насельніцтва з яго нацыянальнымі сімваламі, у Беларусі, такім чынам, выканана не была.
Ёсць таксама прычына сумнявацца адносна існавання трэцяй умовы для нацыянальнай ідэнтыфікацыі – выкарыстання “адпаведных” тэрмінаў, паводле В.Блума.
Калі культурная і палітычная эліта будавала нацыянальную ідэнтычнасць, яна выбірала адпаведныя прыкметы гэтай ідэнтычнасці, сімвалы і г.д. пад уплывам “эфекту дэманстрацыі”. У якасці такога нацыянальнага сімвала беларускі нацыянальны рух абраў мову. Сімвал можа стаць эфектыўным, калі ён будзе арганічна ўпісвацца ў сістэму народнага вопыту. Аднак беларуская мова на самой справе ніколі не ўспрымалася як важная прыкмета размежавання паміж беларусамі і суседнімі народамі. Беларусы жылі ў мясцовасці, дзе размаўлялі на славянскіх дыялектах. На такіх тэрыторыях цяжка вылучыць адрозненні паміж рознымі мовамі. Шмат гадоў беларускія сяляне лічылі, што яны размаўляюць не на спецыфічнай мове, а проста выкарыстоўваюць нешта сярэдняе паміж мовамі рускай і польскай (гл. WASILEWSKI 1925, RIEGER 1995). Для таго, каб стаць нацыянальным сімвалам, беларускай мове патрабавалася стандартызацыя, кадыфікаванне і дыферэнцыяцыя ад рускай і польскай. Гэта была вельмі складаная задача – стварыць новую літаратурную мову на тэрыторыі, дзе дзве іншыя блізкія паміж сабой літаратурныя мовы ўжо выконвалі адпаведныя функцыі. Беларуская эліта, невялікая колькасна і размежаваная паміж каталікамі і праваслаўнымі, наўрад ці была здольнай па-сапраўднаму папулярызаваць літаратурнае беларускае слова. На працягу ўсёй сучаснай эры толькі ў кароткім прамежку аднаго дзесяцігоддзя (беларусіфікацыі 1920-х гадоў) беларуская мова развівалася так, як належыць развівацца самадастатковай нацыянальнай мове. Выкарыстанне беларускай мовы амаль заўсёды функцыянальна абмяжоўвалася. Яна мела самы нізкі з магчымых сацыяльны статус. Ад пакалення да пакалення беларусам навязвалася адмоўнае стаўленне да сваёй роднай мовы, яе лічылі мовай слабаразвітай, мовай, якая стаіць паміж імі і сучасным светам, называлі не мовай нават, а вясковым дыялектам (гл. ПИЧЕТА 1991). У такіх умовах яна не магла быць успрынята як сімвал утварэння нацыі. Такім чынам, становіцца зразумелым, што трэцяя ўмова, разглядаемая Блумам як неабходнасць для стварэння “нацыянальнай дынамічнай ідэнтычнасці”, не была выканана ў дачыненні да Беларусі. Лінгваэтнічнае фарміраванне нацыі, якое было распачата беларускай элітай, аказалася не рэалізаваным і беларуская нацыянальная ідэнтычнасць засталася слабай.
У ХХ стагоддзі беларусы фармальна мелі статус асобнай нацыі са сваімі знешнімі сімваламі, сваёй асабістай Савецкай Рэспублікай. Аднак у той жа самы час цэнтральныя ўлады рабілі ўсё магчымае, каб перашкодзіць развіццю беларускай нацыянальнай самасвядомасці і аўтэнтычнай беларускай культуры. Урэшце ідэнтыфікацыя ў СССР была падвергнута інтэнсіўнаму ўплыву рускай культуры (гл. BANKOWSKI-ZÜLLICH 1995: 321), якая павінна была выступаць у якасці носьбіту савецкай ідэнтычнасці. Вынікам стала тое, што беларуская культура сёння хаця і называецца нацыянальнай, але на практыцы разглядаецца большасцю беларусаў як культура рэгіянальная або ў лепшым выпадку этнічная (паводле ПРОХАРАВА 1993, SAJEWICZ 1993). Наогул, беларускае грамадства сёння культурна і лінгвістычна дваістае (дуальнае), а ў некаторых выпадкай нават полівалентнае. Культурны баланс азначае, што беларусы не толькі кампетэнтныя ў больш чым адной культуры, але фактычна могуць ідэнтыфікаваць сябе больш, чым з адной культурай (гл. KŁOSKOWSKA 1993: 11). Тое, што беларусы сумяшчаюць у сабе дзве ці больш культур, з’яўляецца даволі звычайнай справай для т.зв. “транзітнай пераходнай зоны”, да якой Беларусь належыць (гл. TÖRNQUIST-PLEWA 1998). Ёсць, аднак, пэўная няўстойлівасць у беларуска-рускім балансе культур (гл. GUSTAVSSON 1995: 54). Невялікая частка інтэлігенцыі – гэта кур’еры беларускай элітнай культуры і рускай элітнай культуры, у той час як астатняе насельніцтва – гэта кур’еры рускай і беларускай традыцыйнай культуры. З вышэйнапісанага вынікае, што толькі нацыянальная эліта разглядае беларускую культуру і мову як нацыянальную спадчыну, якая павінна развівацца і перадавацца нашчадкам, у той час як асноўная маса людзей разглядае ўсё беларускае ў тэрмінах мясцовай культуры і не палітызуе гэта. Да падзення Савецкага Саюза такая этнічная і рэгіянальная беларуская ідэнтычнасць магла суіснаваць з палітычнай ідэнтыфікацыяй з Савецкай дзяржавай. Аднак у 1991 годзе сітуацыя радыкальна змянілася. Са з’яўленнем незалежнай Беларусі і развалам СССР двайная савецка-беларуская ідэнтыфікацыя страціла сваю законнасць, у выніку чаго многія беларусы адчулі разгубленасць (гл. ПРОХАРАВА 1993: 149–154). Можна было нават гаварыць пра “крызіс ідэнтычнасці” сярод беларусаў. Беларуская Дэкларацыя незалежнасці 1991 года не стала вынікам народнай палемікі, але ўрэшце ўсё ж паспрыяла пачатку фарміравання беларускай нацыянальнай ідэі. На жаль, вакол Беларускага Народнага Фронта (БНФ), які хацеў выкарыстаць з’яўленне незалежнай беларускай дзяржавы для нацыянальнай мабілізацыі мас і надаць новай дзяржаве нацыянальны характар, згуртавалася толькі невялікая нацыянальна-свядомая частка інтэлігенцыі. БНФ спадзяваўся паўторна сфармуляваць беларускую ідэнтычнасць і надаць ёй новую палітычную форму. Маючы на ўвазе гэтую мэту, нацыянальная эліта звярнулася да стратэгіі сваіх продкаў у фарміраванні беларускай нацыі як этна-лінгвістычнай супольнасці. У 1991–1995 гадах беларуская эліта актыўна спрабавала зрабіць мову сімвалам беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці. Пад націскам нацыянальнай інтэлігенцыі парламент у 1991 годзе надаў беларускай мове статус дзяржаўнай. Быў запланаваны паступовы, у межах дзесяцігоддзя, пераход да выкарыстання беларускай мовы ў школах і іншых дзяржаўных установах. Нацыянальная эліта хацела ажыццявіць інтэнсіўную беларусізацыю. Яна настойвала на інтэнсіўным пераходзе на беларускую мову школ і сродкаў масавай інфармацыі (статыстыку гэтых змен гл. ЛЫЧ 1996, GUSTAVSSON 1995). Яна прапанавала моўную рэформу для таго, каб ачысціць беларускую мову ад русізмаў. Аднак асноўная частка беларусаў крытычна аднеслася як да падобнай рэарганізацыі мовы, так і да палітыкі беларусіфікацыі ў цэлым (гл. РАДКЕВИЧ 1996, МІКЛАШЭЎСКІ 1995). Большасць беларусаў (уключаючы выкладчыкаў, ад якіх патрабавалі выкладанне па-беларуску) мелі значныя цяжкасці з выкарыстаннем беларускай літаратурнай мовы. У афіцыйных кантэкстах яны аддавалі перавагу ўжыванню рускай мовы, а ў бытавых размовах выкарыстоўвалі ў асноўным “трасянку” (сумесь беларускай і рускай мовы). Аднак найбольш важнай прычынай для крытычнага аналізу паслужыў той факт, што людзі, якія жывуць на Беларусі, не бачылі сувязі паміж мовай і нацыянальнай ідэнтычнасцю. Прыблізна 20,0 % з тых, хто называў сябе этнічным беларусам, адначасова заяўлялі, што руская мова з’яўляецца іх роднай мовай (паводле EBERCHARDT 1994). І нават тыя, хто аб’явіў беларускую мову сваёй роднай, практыкавалі двухмоўе і шматмоўе. Сітуацыя ў Беларусі ясна паказвае на тое, што канцэпцыя “роднай мовы” – не натуральная і відавочная, а зменлівая і звязаная з кантэкстам. Члены нацыянальных і этнічных меншасцей у Беларусі (прыблізна 22,0 % жыхароў) галоўным чынам русіфікаваныя. Польская меншасць (прыблізна 417,0 тысяч чалавек) складае выключэнне, бо яна лічыць сваёй роднай мовай не польскую, а толькі беларускую. У польскім асяроддзі існуе таксама рэгіянальная група, якая заяўляе, што іх родная мова з’яўляецца адно дыялектам, які яны называюць польскім і спрабуюць кадыфікаваць (паводле DULIČENKO 1995). У такіх умовах беларуская мова не магла стаць асновай для беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці і, суадносна, – сімвалам для палітычнай мабілізацыі. Гэта стала відавочным на рэферэндуме 1995 года, праведзеным беларускім прэзідэнтам А.Лукашэнкам. На рэферэндуме 83,3 % беларусаў прагаласавалі за тое, каб ураўняць статусы рускай і беларускай моў. Такім чынам яны дэ-факта ўсталявалі палітыку свайго культурнага дысбалансу і білінгвізму (гл. TÖRNQUIST-PLEWA 1997: 93–94).
Вынікі рэферэндуму паказваюць, што этналінгвістычная канцэпцыя беларускай нацыі з’яўляецца анахраністычнай і нежыццяздольнай. Пры выкарыстанні гэтага сімвалу беларуская эліта не змагла перафарміраваць савецка-беларускую ідэнтычнасць у нацыянальную беларускую ідэнтычнасць. Антыдэмакратычны прэзідэнт А.Лукашэнка прапанаваў у 1990-х гадах уласнае рашэнне беларускага крызісу ідэнтычнасці: вяртанне да рускай мовы як да другой дзяржаўнай і ўстанаўленне палітычнага саюзу з Расіяй. Гэты праект ідэнтычнасці (двайнога грамадзянства) фактычна з’яўляецца пераробленай версіяй савецка-беларускай ідэнтычнасці – у адпаведнасці са старажытнай беларускай традыцыяй двайных і дадатковых палітычных ідэнтыфікацый.
Аднак барацьба за фарміраванне і перафарміраванне беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці яшчэ не скончана. Няўдача лінгвістычнай беларусіфікацыі, а таксама падпісанае і дагэтуль не рэалізаванае пагадненне аб стварэнні саюза Беларусі і Расіі не павінны інтэрпрэтавацца як смяротны прысуд беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці. Нешматлікая нацыянальная эліта ўсё яшчэ мае шанц атрымаць падтрымку людзей, калі здолее прапанаваць лепшае рашэнне беларускага крызісу нацыянальнай ідэнтычнасці, чым гэта робіць А.Лукашэнка. Каб палітычна згуртаваць масы вакол беларускай нацыянальнай ідэі, яе ідэолагі павінны знайсці сімвал, які здолее ліквідаваць размежаванне і выканаць аб’яднаўчую функцыю ў беларускім грамадстве. Такі сімвал у беларускім кантэксце не павінен выключаць (як гэта зрабіла беларуская мова), а, наадварот, дазволіць мультыкультуралізм, білінгвізм і нават бінацыянальную ідэнтыфікацыю. Беларуская дзяржава зробіцца сімвалам для масавай ідэнтыфікацыі, калі яна будзе ўспрынята як абаронца, культурны і матэрыяльны мецэнат. Гэта значыць, што беларуская нацыянальная эліта павінна змагацца за дэмакратычныя рэформы ў краіне і стварыць адпаведную палітычную праграму, каб пераканаць беларусаў, што яны атрымаюць карысць ад абароны дзяржаўнай незалежнасці. Ім трэба таксама садзейнічаць працэсу збліжэння Беларусі з Еўропай. Зразумела, што падтрымка еўрапейскіх інстытутаў дэмакратычнага беларускага нацыянальнага праекта акажацца вельмі істотнай. Аднак гэткім шлях развіцця Беларусі бачыцца толькі ў далёкай перспектыве.
Пераклала з англійскай мовы
Кацярына ПРЫСТАЎКА
© МТ “Брама”, 2002
SUMMARY
Barbara TORNQUIST-PLEWA
THE DILEMMAS OF NATIONAL IDENTITY IN BELARUS
The purpose of this article is a historical analysis of the Belarussian nation-building process. The emphasis is placed upon language which is regarded as a criterion for delimitation and national symbol used for political mobilization. This analysis is aimed at explaining the weakness of present-day Belarussian national self-identification.
РЕЗЮМЕ
Барбара ТОРНКВИСТ-ПЛЕВА
ДИЛЕММЫ НАЦИОНАЛЬНОЙ ИДЕНТИЧНОСТИ В БЕЛАРУСИ
Цель статьи – исторический анализ процесса формирования белорусской нации с акцентом на роли, сыгранной языком как критерием для определения этнических границ и как национальным символом, используемым для мобилизации политических сил. Цель анализа состоит в том, чтобы найти объяснения слабости современной национальной самоидентификации белорусов.
* © Barbara TÖRNQUIST-PLEWA. The Dilemmas of National Identity in Belarus // ISSEI conference in Bergen (August 2000). Section 3, workshop number 325. Спецыяльна падрыхтавана аўтарам да друку ў часопісе “КРАЙ = KRAJ” (даслана ў рэдакцыю 29 верасня 2001 г.).
Літаратура
Bankowski-Züllich M. Perestrojka und Sprachpolitik. Der Fall Weissrussland // Schweizer Monatshefte für Politik, Wirtschaft, Kultur. April 1991.
Bieder H. Die erste und zweite Wiedergeburt der Weissrussischen Sprache und Kultur // Festschrift für Georg Mayer zum 60. Geburtstag. München, 1991.
Bloom W. Personal Identity, National Identity and International Relations. Cambridge, 1990.
Duličenko A.D. The West Polesian Literary Language // Language, Minority, Migration / Ed. S.Gustavsson, H.Runblom. Uppsala, 1995.
Deutch K. Nationalism and Social Communication. Massachussets, 1953.
Eberhardt P. Przemiany narodowościowe na Białorusi. Warszawa 1994.
Gellner E. Nations and Nationalism. Oxford, 1983.
Gustavsson S. Belarus: (A Multilingual State in Eastern Europe) // Language, Minority, Migration / Ed. S.Gustavsson, H.Runblom. Uppsala, 1995.
Guthier S.L. The Belorussians: (National Identification and Assimilation): 1897–1970 // Soviet Studies. 1977. Vol. 29. №№ l, 2.
Hroch M. Social Precondtions of National Revival in Europe. Cambridge, 1985.
Kłoskowska A. National Identification and the Transgression of National Boundaries: (The Steps towards Universalization) // Dialogue and Humanism. 1993. № 4.
Лыч Л. Кардыяграма дэбеларусізацыі // Літаратура і мастацтва. 05.08.1996 г.
McMillin A. Belorussian // The Slavic Literary Languages / Ed. A.Schenker, E.Stankiewicz. New Haven, 1980.
Міклашэўскі І. Мова і патітыка // Народная газета. 30.08.1995 г.
Pawluczuk W. Światopogląd jednostki w warunkach rozpadu społeczności tradycyjnej. Warszawa, 1972.
Пичета В.И. Белорусский язык как национально-культурный фактор // Згукі Мінуўшчыны. Мінск, 1991.
Прохарава С. Мой родны кут, як ты мне мілы… (“Радзіма” ў беларускай мове) // Pojęcie ojczyzny we współczesnych językach europejskich / Red. J.Bartmiński. Lublin, 1993.
Радкевич Е. О национальных горестях белорусов // Белорусская деловая газета. 18.04.1996 г.
Radzik R. Ewolucja narodowa społeczności kresów wschodnich // Kultura i Społeczeństwo. 1991. № 2.
Radzik R. Idea narodu białoruskiego w drukach narodników grupy petersburskiego pisma “Gomon” // Slavia Orientalis. 1995. № 3.
Studia nad polszczyzną kresową / Red. J.Rieger. Warszawa, 1982–1995. T. 1–8.
Sajewicz M. Wyobrażenie “małej ojczyzny” w białoruskojęzycznych wspólnotach wiejskich na białostocczyźnie // Pojęcie ojczyzny we współczesnych językach europejskich / Red. J.Bartmiński. Lublin, 1993.
Turonek J. Białoruś pod okupacją niemiecką. Warszawa, 1993.
Törnquist-Plewa B. Språk och identitet i Vitryssland. Lund, 1997.
Törnquist-Plewa B. Cultural and National Identifications in Borderlands: (Reflections on Central Europe) // Collective Identities in an Era of Transformations / Ed. K.G.Karlsson, B.Petersson, B.Törnquist-Plewa. Lund, 1998.
Vakar N.P. Belorussia: (The Making of a Nation). Cambridge (Massachussets), 1956.
Wasilewski L. Litwa i Białoruś. Warszawa, 1925.
Wexler P. Purism and Language: A Study in Modern Ukrainian and Belorussian Nationalism: (1840–1967). Bloomington, 1974.
Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Магілёўскага Таварыства БРАМА
|