БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

ПУБЛІКАЦЫІ МАГІЛЁЎСКАГА ТАВАРЫСТВА БРАМА НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
КРАЙ - KRAJ 1-2 / 2002

ЮГАСЛАВІЯ ПАМІЖ УСХОДАМ І ЗАХАДАМ (1945–1955–1985)*

Радойца ЛЮБУРЫЦ
(Падгорыца, Рэспубліка Чарнагорыя)




Гісторыя Югаславіі ў першы перыяд пасля заканчэння Другой сусветнай вайны разам з усім з’яўляецца і гісторыяй пра дзве падзеі, якія мелі ў свой час глабальнае гістарычнае значэнне і ў якіх гэтая краіна выступала адной з галоўных дзеючых асоб. Гаворка ідзе пра канфлікт Югаславіі і СССР у 1948–1953 гадах. Канфлікт гэты аказаўся адначасова і канфліктам паміж Югаслаўскай дзяржавай і краінамі, партыямі ды рухамі, што знаходзіліся ў савецкай ідэалагічнай прасторы. Таксама варта сказаць колькі слоў і аб гісторыі іх прымірэння, якое пачалося пасля смерці Сталіна ў сакавіку 1953 года і дасягнула апагею мітынгам “Рускіх” у Бялградзе ў сакавіку 1955 года. Абедзьве гэтыя падзеі, кожная па-свойму, узрушылі свет і займелі глабальна-гістарычнае значэнне тым, што прама або ўскосна паўплывалі на лёс паўсотні краін свету. Яны аказалі ўздзеянне не толькі на лёс цітаўскай Югаславіі, але таксама і на ўзаемаадносіны Усходу і Захаду ў часы ўсяго перыяду халоднай вайны. У некаторых адносінах наступствы гэтых падзей мы адчуваем і ў нашы часы…

Прымаючы пад увагу ўсю складанасць пытання, мы паспрабуем аднак адлюстраваць “у колеры” свет, што хуткімі крокамі ішоў ад толькі што завершанай Другой сусветнай вайны да так званай вайны халоднай. Цэнтр нашай увагі будзе прыкаваны непасрэдна да Югаславіі, якая ў канцы вайны выконвала ролю буфернай дзяржавы паміж звышдзяржавамі-суперніцамі.

 

Свет, які немагчыма выправіць, альбо з міру – у халодную вайну

Яшчэ не скончылася Другая сусветная вайна, а ў саюзнікаў па антыфашысцкай кааліцыі ўжо выспявалі планы новага пераразмеркавання ўлады. У межах Атлантычнага альянсу, які грунтаваўся на ўсеагульных прынцыпах свабоды, дэмакратыі і шанавання сувернітэту, былі праведзены перамовы з удзелам каля пяцідзесяці краін свету і заключана сакрэтнае пагадненне аб размеркаванні сфер інтарэсаў. Трэба адзначыць, што прыклад падобнага падзелу сфер паказалі ў свой час Сталін і Гітлер, калі у 1939–1940 гадах дамаўляліся аб падзеле Польшчы і “вяртанні” Бесарабіі і Букавіны СССР.

ЗША і СССР, як саюзнікі і пераможцы ў вайне, як дзве мілітарызаваныя, самыя магутныя ў эканамічным і палітычным плане дзяржавы, аказвалі вялікі ўплыў на фарміраванне новых узаемаадносін паміж краінамі постваеннага свету. У выніку Крымскіх перамоў правілы бі-палярнасці дзвюх вялікіх дзяржаў былі толькі легалізаваны, што і з’явілася штуршком да далейшай маштабнай канфрантацыі. Вынікі Крымскіх перамоў, аднак, задаволілі не ўсіх іх удзельнікаў. Шматлікія заходнія гісторыкі мусіравалі думку, што ў Крыме, у Ялце ў 1945 годзе заходні свет пацярпеў самае вялікае дыпламатычнае паражэнне за ўсю сваю навейшую гісторыю. Вінаватымі за гэты правал былі прызнаны амерыканцы – выкліканая хваробай памяркоўнасць Рузвельта, адмова амерыканцаў прыняць ідэю Чэрчыля перахапіць рускіх на Балканах і ў Цэнтральнай Еўропе – і нават фактычная сітуацыя на фронце не прымалася ў разлік, таксама як і той факт, што вялікая савецкая перавага на Крымскіх перамовах была дасягнута ў асноўным дзякуючы магутнасці ваенных сіл СССР.

У гэты час Сталін практычна паставіў Захад перад фактам. Ён працягваў адкладваць сустрэчу ў Ялце, пакуль войскі Чырвонай Арміі вялі масіраванае наступленне на ўсіх франтах. Чырвоная Армія, aказаўшы некалькі месяцаў таму дапамогу Народнай вызваленчай Арміі Югаславіі ў вызваленні Бялграда, у час Крымскай канферэнцыі знаходзілася ўжо ў Варшаве, Сафіі, Бухарэсце… Жукаў стаяў перад Берлінам, Конеў - у некалькіх кіламетрах ад Прагі, Маліноўскі і Талбухін - перад Будапештам, саюзнікі ж - у 80 кіламетрах ад Вены… Войскі Чырвонай Арміі чакалі завяршэння вайны, маючы найвялікшую тэрытарыяльную ўладу ў свеце.

Прысутнасць амаль дзесяцімільённай савецкай арміі не віталася ва ўсходнееўрапейскіх краінах гэтак жа, як і ў акупаваных Германіі і Аўстрыі. СССР, які вынес на сабе галоўны цяжар вайны, заваяваў вялікі аўтарытэт сярод антыфашысцкіх сіл ва ўсім свеце. Атрымаўшы перамогу ў вайне, за што, па апошніх дадзеных, гэтая краіна заплаціла больш чым трыццаццю мільёнамі жыццяў, СССР разбурыў гвалтоўную ізаляцыю, у якой знаходзіўся на працягу многіх гадоў пасля Кастрычніцкага перавароту, і павялічыў свае тэрытарыяльныя памеры прыкладна на плошчу Францыі. Дзякуючы далучэнню ў апошнія дні вайны да заходніх саюзнікаў у ваенным канфлікце з Японіяй, СССР пашырыў межы і на Далёкім Усходзе.

Паражэнне нямецкіх войскаў прынесла Злучаным Штатам Амерыкі такія ўладу і прэстыж, якія яны не мелі на працягу ўсёй сваёй гісторыі. Выкарыстоўваючы ў сваіх мэтах ізаляванасць СССР, ЗША узялі на сябе ролю асноўнай сілы ў заходнім свеце, пачалі амбітна кіраваць сусветнай палітыкай, апраўдваючы гэта неабходнасцю спынення савецкай экспансіі і лакалізацыі камунізму. З-за сваёй аддаленасці ад тэатра ваенных дзеянняў ЗША не зазналі спусташальных вынікаў вайны, наадварот, ім удалося хуткімі тэмпамі развіць сваю вытворчасць і спажыванне настолькі, што ўсяго праз некалькі гадоў пасля вайны яны дасягнулі беспрэцэдэнтнага ў гісторыі ўзроўню. У 1948 годзе ў ЗША працавала шэсцьдзесят мільёнаў рабочых і служачых, гадавы кошт выпускаемай прадукцыі склаў больш за дзвесце пяць мільярдаў долараў.

Самая магутная дзяржава свету пасля заканчэння вайны прадэманстравала і сваю ваенную моц, скінуўшы атамныя бомбы на Хірасіму і Нагасакі – у выніку чалавецтва сутыкнулася са зброяй такой разбуральнай сілы, якой ніхто не мог сабе да гэтага ўявіць. ЗША дабіліся выгаднага становішча ў Японіі, Францыі і Італіі, акупаваных зонах Германіі і Аўстрыі, а пазней – у Грэцыі і Турцыі. Згодна з рашэннямі Патстдамскай канферэнцыі з чэрвеня 1945 года СССР пачынае акупаваць усходнюю зону Германіі, ЗША – паўднёва-заходнюю, Вялікабрытанія – паўночна-ўсходнюю, Францыя – заходнюю, тады, як Берлін застаецца пад сумеснай акупацыяй.

Вялікабрытанія разам з Францыяй лічыліся досыць сур’ёзнай сілай, але яны аказаліся ў цені савецкай і амерыканскай магутнасці. Адпаведна законам Пазыкі і Арэнды брытанцы выходзілі з вайны даўжнікамі ЗША і іх уплыў у Еўропе значна зменшыўся на карысць ЗША і СССР. Вялікабрытанія была вымушана адступіць перад амерыканцамі нават у сваіх традыцыйных сферах інтарэсаў на Міжземным моры – Грэцыі і Турцыі. Апрача таго, пад уплывам Другой сусветнай вайны і моцнага антыкаланіяльнага руху пачалі нястрымна развальвацца Брытанская і Французская каланіяльныя імперыі. Кіруючыя сілы на Захадзе, асабліва ў ЗША і Велікабрытаніі, былі незадаволены надзвычайнай магутнасцю СССР, вялікімі палітычнымі зменамі ва Усходняй Еўропе і ростам уплыву камуністычных партый у Італіі і Францыі.

Заходнія краіны дзейнічалі пад прыкрыццём абароны “вольнага свету” ад таталітарызму і камуністычнай дыктатуры, а іх найбольш ваяўнічым “абаронцам” стаў адзін з трох галоўных пасрэднікаў у Крыме – былы саюзнік, Уінстан Чэрчыль. У перыяд Трыесцкага крызісу (май – чэрвень 1945 года) ён абвясціў пра наяўнасць “жалезнай заслоны”, якую камуністы нібыта ўстанавілі паміж сацыялістычным і вольным светам. Яго заява ў Амерыцы ў сакавіку 1946 г. у прысутнасці амерыканскага прэзідэнта Гары Трумэна, у якой ён заклікаў да “кампаніі” супраць камунізму, паказала на тое, што свет уваходзіць у стан “халоднай вайны”.

У пачатку лютага 1947 года ЗША зацвердзілі новую знешнепалітычную дактрыну, якая засноўвалася на глабальнай экспансіі амерыканскага “стылю жыцця”. Весці актыўную палітыку прэзідэнту Трумэну дапамагаў генерал Джордж Маршал, які ў студзені 1947 года ўзначаліў міністэрства замежных спраў.

Аснову амерыканскай знешнепалітычнай стратэгіі так званага блакіравання СССР склалі згаданая дактрына, паводле якой ЗША ўскладалі на сябе абавязак абараняць Грэцыю і Турцыю ад знешняй агрэсіі і ўнутраных пераваротаў, а таксама “Праграма па рэканструкцыі Еўропы” (іначай – “план Маршала”), шляхам рэалізацыі якой заходнееўрапейскія краіны і Турцыя ў перыяд з 1947 па 1952 гады павінны былі атрымаць у выглядзе дапамогі каля семнаццаці мільярдаў долараў.

Меркавалася, што план Маршала дапаможа аднавіць эканоміку еўрапейскіх краін. Дзякуючы правядзенню яго ў жыццё амерыканскія тавары і капітал пашыралі свае рынкі збыту, што таксама нельга было недаацэньваць. Савецкія ваенныя аналітыкі лічылі канчатковай мэтай “Плана Маршала” стварэнне агромністых армій для вайны з СССР, якую амерыканцы маглі б весці з дапамогай ваенна-марскіх сіл і ўзброенай атамнымі бомбамі стратэгічнай авіяцыі.

Дактрына Трумэна і план Маршала адлюстроўвалі тыя знешне-палітычныя фактары, якія, несумненна, паскаралі выспяванне ідэі Жданава аднавіць стары тэзіс Сталіна “аб дзвюх антаганістычных сістэмах” і ўсталяваць суцэльнае савецкае ўладаранне ва Усходняй Еўропе. Андрэй Жданаў дэкларуе тэзіс у верасні 1947 года на Выканаўчай канферэнцыі Інфармацыйнага Бюро. У дэкларацыі аб “пасяджэнні прадстаўнікоў камуністычнай Партыі (…)”, падрыхтаванай ім непасрэдна да гэтай падзеі, адзначалася, што ў свеце назіраецца супрацьстаянне сістэм: імперыялістычна-антыдэмакратычнай, асноўнай мэтай якой з’яўляецца ўсталяванне ў свеце дыктатуры амерыканскага імперыялізму і знішчэнне дэмакратыі, і антыімперыялістычна-дэмакратычнай, асноўнай мэтай якой з’яўляецца падрыў імперыялізму, узмацненне дэмакратыі і “ліквідацыя рэшткаў фашызму”.

Пасля прыняцця дактрыны Трумэна і плана Маршала адбылося ваеннае “акружэнне” Захаду. У красавіку 1949 года быў створаны міжнародны паўночна-атлантычны блок, у які акрамя ЗША, Велікабрытаніі і Францыі ўвайшлі Італія, Канада, Нідэрланды, Бельгія, Нарвегія, Ісландыя і Партугалія. У 1952 годзе Грэцыя і Турцыя таксама ўваходзяць у гэты ваенны альянс. Адпаведна ваеннаму кантракту міжнароднай дамовы было вызначана, што атака на адну з краін-удзельніц прывядзе да ўцягнення ў канфлікт усіх астатніх краін-удзельніц. Міжнародная дамова была заключана і з азіяцкімі мірнымі краінамі (Манільская і Бангладэшская дамова); праз тры гады СССР і Усходне-Еўрапейскія краіны заключаюць свой асабісты ваенны саюз, вядомы як Варшаўская Дамова.

Яшчэ не прамінулі тры гады пасля Другой сусветнай вайны, а ўжо ў сэрцы Еўропы адбылася ўспышка трох ачагоў суровай халоднай вайны. У дадатак увесь свет ускалыхнулі дзве падзеі чэрвеня 1948 года. Гаворка ідзе пра напад на Інфармацыйнае Бюро Югаславіі і блакаду Берліна, што ўяўлялі сабой рэальную пагрозу свету і прамую канфрантацыю сістэм-антаганістаў.

Блакада Заходняга Берліна, якая была навязана савецкімі ўзброенымі сіламі ў адказ на спробу заходніх саюзнікаў дэстабілізаваць зону Савецкай акупацыі “нелегальна праведзенай” грашовай рэформай, была адной з першых “гарачых” кропак пасляваеннага свету. Гэты драматычны эпізод паслужыў прычынай таго, што харчаванне і паліва жыхарам Заходняга Берліна амаль год – да мая 1949 года – дастаўлялася па “паветраным мосце”. Стварэнне “бі-занальнасці”, а пазней “тры-занальнасці” дапамагло заходнім саюзнікам канстытуцыйна заснаваць Федэратыўную Рэспубліку Германіі. У тым жа годзе Савецкі Саюз ініцыяваў стварэнне Германскай Дэмакратычнай Рэспублікі. Дзве зноў утвораныя германскія дзяржавы пачалі існаванне ў атмасферы ўзаемнай непрымірымасці як перадавыя сілы варагуючых блокаў. Але як бы там ні было, крытычны 1948 год завяршыўся без новай вайны ў Еўропе, чаму садзейнічалі многія прычыны.

Нягледзячы на тое, што да лета 1949 года ЗША заставаліся манапалістамі ў атамным узбраенні, а таксама мелі значную перавагу ў стратэгічнай авіяцыі і ваенна-марскім флоце, амерыканскія ацэнкі савецкай ваеннай сілы былі амаль панічнымі. Згодна з адной ацэнкай, у 1948 годзе СССР мелі 50–60 добра ўзброеных дывізій, якім Заходняя Еўропа магла супрацьпаставіць 6 сваіх і 1 Амерыканскую дывізію, размешчаную ў ФРГ. Адпаведна другой ацэнкі, у гэты перыяд у СССР налічвалася ад чатырох да пяці мільёнаў салдат, тады як у амерыканскай арміі – толькі шэсцьсот сорак пяць тысяч. Між тым, па прызнанні Хрушчова, зробленым у 1960 годзе, у СССР “стаяла пад ружжом” “толькі” 2,8 мільёна чалавек, і армія ўвогуле “не была падрыхтавана” да пачатку новага сусветнага канфлікту. Значна пазней заходні даследчык дакладна даведаўся, што ў перыяд з 1945 па 1953 гады магчымасці часцей Чырвонай Армііі былі абмежаваны тэрытарыяльна: савецкай тэрыторыяй, і непасрэдна суседняй тэрыторыяй, што знаходзілася ў так званай зоне акупацыі.

Свет, аднак, ужо зноў стаяў на краі новай катастрофы. У нядзелю дваццаць пятага чэрвеня 1950 года, на досвітку, паўночнакарэйскія падраздзяленні перасеклі трыццаць восьмую паралель, распачаўшы такім чынам Карэйскую вайну. Гэта вырашыла дылему: дзе раней распачнецца інтэрвенцыя – на Балканах або на Далёкім Усходзе?

На міжнародную арэну Югаславія прыйшла пад знакам цеснага супрацоўніцтва з СССР, асабліва па актуальных пытаннях новага сусветнага ўпарадкавання. СССР павялічыў дапамогу і падтрымку Югаславіі ў вырашэнні яе тэрытарыяльных рознагалоссяў з Італіяй і Аўстрыяй. Але ўжо тут выявіліся першыя няроўнасці ў пазіцыях, калі Ціта публічна заявіў пра сваё незадавальненне ступенню савецкай падтрымкі ў сітуацыі, што склалася вакол Трыеста. На заяву Ціта, якая была зроблена ім у маі 1945 года, Сталін адказаў рэзка, тэлеграфічна, кваліфікуючы яе як “варожы выпад у бок СССР”.

Сталін, які ўзважыў палітычную і стратэгічную рызыку, у выніку вырашыў разарваць “імперыялістычны ланцуг” у Карэі, а не на Балканах. Магчыма, Сталін блефаваў, калі правяраў, ці будзе амерыканская інтэрвенцыя ў Карэі праходзіць пад сцягам Аб’яднаных Нацый. У выпадку, калі б амерыканцы не ўмяшаліся ў карэйскія падзеі, не выключана, што Сталін праверыў бы іх падрыхтаванасць да супраціўлення на еўрапейскіх Балканах. У цэлым, адна рэч здаецца відавочнай – успышкай Карэйскай вайны, замест Балканскай, было дасягнута паслабленне напружанасці ў Югаславіі.

Амерыканская інтэрвенцыя, развязаная пад сцягам Аб’яднаных Нацый, выклікала ўзброенае супрацьстаянне “кітайскіх добраахвотнікаў”, якія, перайшоўшы памежную раку Ялуцзян, праніклі на тэрыторыю Паўночнай Карэі і прагналі з трыццаць восьмай паралелі амерыканскія атрады Дугласа Макартура. У красавіку 1951 года прэзідэнт Трумэн раптоўна адхіляе ад справы гэтага ваяўнічага генерала і такім чынам перашкаджае яму з дапамогай атрадаў Чан Кайшы і прымянення атамнай бамбардзіроўкі Кітая перавесці вайну на кітайскую тэрыторыю.

На месца Макартура быў прызначаны новы генерал, Мэцью Рыджуэй. Ён заставаўся на пасадзе камандуючага сухапутнымі войскамі да сярэдзіны 1952 года, а пасля прызначэння Эйзенхауэра на пост прэзідэнта ЗША стаў кіраваць узброеннымі сіламі НАТА ў Еўропе. У выніку за тры гады Карэйскай вайны ЗША страцілі забітымі дваццаць пяць тысяч чалавек і больш за сто семдзесят тысяч – цяжка параненымі.

Палітыка ЗША, заснаваная на павышэнні ўласнага прэстыжу і рэалізацыі глабальнага кантролю над галоўнымі праціўнікамі, мае назву Pax Americana. Умяшанне ЗША ў мірнае развіццё падзей пасля Другой сусветнай вайны стала такой жа звычайнай справай, як і іх ізаляцыя ў перыяд паміж сусветнымі войнамі.

Сталін адплаціў амерыканскай палітыцы Pax Americana агульным недаверам і закрыццём межаў СССР і савецкага блока, якім, акрамя выпадку з Югаславіяй, ён кіраваў усімі магчымымі і немагчымі сродкамі да самай сваёй смерці.

Сенсацыйны канфлікт у савецкім блоку (1948), альбо Вайна Іосіфа супраць Ёсіпа

У адказ на палітычную, эканамічную, ваенную інтэграцыю заходніх дзяржаў пад амерыканскім кіраўніцтвам усходні блок у верасні 1947 года стварыў Інфармацыйнае Бюро, у студзені 1949 года – Cавет Эканамічнай Узаемадапамогі (СЭУ) і ў маі 1955 года – Варшаўскую Міжнародную дамову.

Інфармацыйнае Бюро было ўтворана праз некалькі месяцаў пасля таго, як савецкія войскі пакінулі Венгрыю, Румынію і Балгарыю – краіны, мірная дамова з якімі была падпісана ў 1947 годзе. Ідэю стварэння новай міжнароднай арганізацыі камуністычных партый прапанаваў Ціта, калі наведваў Маскву ў красавіку 1945 года. Гэтая ідэя абмяркоўвалася зноў у часе яго другога візіту ў СССР – у чэрвені 1946 года. Тады ў складзе дэлегацыі разам з Ціта былі Аляксандр Ранкавіч і Барыс Кідрык. Фактычна Ціта хацеў бачыць у якасці міжнароднай арганізацыі камуністычных партый нешта накшталт кансультатыўнага цэнтра, які быў бы вольны ад камінтэрнаўскай дысцыпліны і абавязковых партыйных дырэктыў.

На паседжанне ў Склярска Прарэмба (каля Раслава ў Польшчы) былі запрошаны партыі тых краін, што ўваходзілі ў сферу інтарэсаў Сталіна, а таксама дзве наймацнейшыя камуністычныя партыі заходніх дзяржаў – Італьянская і Французская. Грэцкая кампартыя ў спіс запрошаных уключана не была, бо не ўяўляла цікаўнасці для СССР, акрамя ўсяго там вялася грамадзянская вайна. Албанская партыя таксама не стала членам Інфармацыйнага Бюро, магчыма таму, што была новай, толькі што сфарміраванай партыяй, або таму, што знаходзілася пад моцным уплывам КПЮ (Камуністычнай Партыі Югаславіі).

Аддаючы Інфармацыйнае Бюро пад нагляд КПСС – самай моцнай і найбольш уплывовай партыі, – Сталін фактычна хацеў узяць пад кантроль усе астатнія працоўныя і камуністычныя партыі блока і ўпрэгчы ў свой воз найбуйнейшыя камуністычныя партыі Захаду. Згодна са сталінскай канцэпцыяй “клешчы” павінны былі моцна “сціснуць” Югаславію і яе вышэйшае палітычнае кіраўніцтва на чале з Ціта, які, на думку Сталіна, ужо стаў занадта незалежным і “моцным”.

Для СССР было больш чым важна ўстанавіць над Югаславіяй кантроль КПЮ. Цяпер, як і ў часы вайны, Сталін спрабаваў максімальна ўплываць на югаслаўскую знешнюю палітыку і, дарэчы, у першыя пасляваенныя гады змог шмат чаго ў гэтым накірунку дабіцца.

У канцы саракавых гадоў Югаславія была краінай, якая надзвычай актыўна супрацоўнічала з СССР. У адной з тэлеграм, пасланых у парламент у верасні 1947 года, амерыканскі пасол у Бялградзе паведамляе, што Югаславія “стала найбольш верным саюзнікам і вядучай сілай савецкай камуністычнай экспансіі ў рэгіёне”. Брытанскія дыпламаты адзначалі, што “югаслаўскае кіраўніцтва ў вялікай ступені залежыць ад савецкай падтрымкі яго ўнутранай палітыкі, без чаго кіраванне дзяржавай было б немагчымым”. І сапраўды, у гэтыя гады югаслаўскае кіраўніцтва, па сутнасці, цалкам капіравала таталітарную сістэму Сталіна і таму нават першая Канстытуцыя Югаславіі ў сваіх дзяржаўна-прававых нормах была створана на аснове Канстытуцыі СССР.

У эканамічнай галіне паміж імі таксама адбывалася цеснае супрацоўніцтва. Увогуле ж, Югаславію ў 1945–1947 гадах звязвалі эканамічныя кантракты не толькі з СССР – былі яшчэ Албанія, Швецыя, Нідэрланды, Ірак, Францыя, Аўстрыя, Данія, Егіпет, Германія, Турцыя і Фінляндыя. Аднак уся югаслаўская індустрыялізацыя была беспрымусова праведзена паводле сталінскай канцэпцыі “індустрыялізацыі і электрыфікацыі”. Напярэдадні канфлікту, у чэрвені 1947 года, адбылося падпісанне пагаднення на пастаўку ў Югаславію савецкага прамысловага абсталявання ў форме беспрацэнтнага займу, а таксама Дамовы вяртання і аплаты з двухгадовай адтэрміноўкай. Удзел СССР у знешнім гандлі Югаславіі ў 1947 годзе ацэньваўся ў 34,8 %. Савецкія кансультанты працавалі ў эканоміцы, штатных міністэрствах і ў арміі. Рознагалоссі, якія назіраліся ў 1944 і 1945 гадах у сувязі са стратэгіяй стварэння Балканскай Федэрацыі, у хуткім часе былі пераадолены шляхам “змыкання шэрагаў”. Супрацьстаяць значна больш інтэграванаму і больш магутнаму Захаду неабходна было разам, так што абедзве краіны аднолькава ярасна крытыкавалі выступленне Чэрчыля, дактрыну Трумэна і план Маршала.

Карацей кажучы, адносіны паміж Югаславіяй і СССР у гэты перыяд здаваліся збоку амаль не сардэчнымі. Тым не менш Югаславія заставалася пешкай у руках СССР, Ціта выступаў у якасці галоўнай зброі сталінскай палітыкі на Балканах. Савецкі ўрад адзначаў, што кампартыя Югаславіі з’яўляецца адной з “самых сталых” і “самых вынослівых” у “палітыка-ідэалагічным плане” камуністычных партый. У спіску ўдзельнікаў урачыстасцей з нагоды заснавання Інфармацыйнага Бюро камуністычная партыя Югаславіі была першай з тых нямногіх, што атрымалі “гонар” выступіць з двума дакладамі на форуме.

Мы ўжо адзначалі, што Бялград з’яўляўся штаб-кватэрай Інфармацыйнага Бюро і яго афіцыйнай уладай. Што ж на самой справе адбылося паміж СССР і Югаславіяй, што так узрушыла свет?

Перадгісторыя гэтага сутыкнення звязана з высокім прэстыжам Югаславіі ў антыфашысцкім свеце, асабліва ў краінах народнай дэмакратыі. У сакавіку 1946 года Ціта наведаў Польшчу і Чэхаславакію, дзе быў трыумфальна прыняты.Тое ж паўтарылася ў лістападзе і снежні 1947 года ў Балгарыі і Румыніі. Сталіну не спадабаўся ўсплеск пасляваеннай славы Ціта, яго папулярнасць на Балканах. Пэўна, хоць і было штосьці блізкае ў характарах Сталіна і Ціта, аднак яшчэ больш было паміж імі адрознага. Тут бярэцца пад увагу розніца не толькі ў характарах і тэмпераменце, у інтэлектуальных і асабістых якасцях, але і ва ўзросце. Маючы пяцьдзесят шэсць гадоў, Ціта ў вачах шасцідзесяцідзевяцігадовага Сталіна выглядаў юнаком. Фанабэрыя Сталіна падагравалася іншымі кіраўнікамі блока, якія раўнавалі да Ціта і пакрысе падлівалі масла ва ўжо распаленае полымя.

Канфлікт трымаўся ў сакрэце, пра яго сапраўдныя маштабы не можа даць уяўленне нават апублікаваная ў свой час перапіска КПЮ і ВКПБ (бальшавікоў). На аснове вывучэння даступных крыніц сёння можна зрабіць вывад, што Сталін імкнуўся падпарадкаваць сабе Ціта, узяць пад кантроль Югаславію, цалкам кіраваць яе міжнароднымі адносінамі і такім чынам паставіць крыж на яе незалежным развіцці.

Ціта аказаўся прыхільнікам поліцэнтрызму ў камуністычным руху, а гэта не магло не раздражняць Сталіна. Югаслаўскі маршал марыў, магчыма, пра федэрацыю, у якой ён быў бы адзіным кіраўніком і ў якую ўваходзілі б Албанія, Балгарыя і шэсць федэральных адзінак, што былі створаны ў лістападзе 1943 года на Другім Паседжанні Антыфашысцкага Савета Народнага Вызвалення Югаславіі (Сербія, Харватыя, Славенія, Боснія і Герцагавіна, Македонія і Чарнагорыя).

Ацаніўшы сітуацыю, якая склалася на Балканах, Сталін пачаў навязваць ідэю ўтварэння Балгара-Югаслаўскай федэрацыі, якая павінна была стаць новай формай для прыручэння непакорлівага Ціта. У пачатку 1948 года на пашыраным паседжанні Палітбюро Камуністычнай Партыі Югаславіі сталінская прапанова была мякка адхілена. Сваё рашэнне Палітбюро патлумачыла тым, што падобная Федэрацыя ў разгары выканання Югаславіяй пяцігадовага плана сталася б толькі дадатковым цяжарам для краіны. Рашэнне югаслаўскага урада аб “перамяшчэнні 2-ой Югаслаўскай пяхотнай дывізіі ў Албанію”, якое было прынята “без удзелу савецкіх ваенных дарадцаў”, яшчэ больш раззлавала Сталіна.

У нашы дні цяжка без вывучэння заслугоўваючых даверу крыніц зрабіць вывад, якім чынам заходнія спецслужбы выкарысталі гэтую сітуацыю (правакаванне канфліктаў, развязванне інтрыг, накіраваных на аслабленне савецкага блока). Тым не менш, думаецца, што роля сэра Чарльза Піка, які працягваў місію Маклейнса, з’яўляючыся паслом у Бялградзе з лета 1946 года, не павінна недаацэньвацца пры аналізе югаслаўскіх падзей.

У далейшыя рознагалоссі значны ўклад унеслі Андрэй Жданаў, прасавецкая фракцыя партый югаслаўскага Палітбюро, а таксама Анатоль Лаўрэнцьеў, пасол СССР у Бялградзе. Апошні разам з ваенным аташэ маёрам Г.С.Сідаровічам увесь час “распальвалі агонь”, з дапамогай якога Сталін збіраўся “зрабіць Ціта больш разумнейшым”.

Аднак Ёсіп Броз аказаўся больш трывалым, чым Сталін мог сабе ўявіць. Вайна Іосіфа супраць Ёсіпа, у якой наступ аднаго вызначаў стратэгію другога, пачалася зусім не так, як планаваў Вялікі Грузін.

Сталін быў абсалютна ўпэўнены у тым, што з лёгкасцю зніме Ціта, абствіўшы сітуацыю так, нібыта той пакінуў пасаду добраахвотна. Калі на закрытай сесіі ХХ з’езда Камуністычнай Партыі Савецкага Саюза ў лютым 1956 года ішла размова пра культ асобы Сталіна і яго наступствы, Мікіта Сяргеевіч Хрушчоў у сваім спецыяльным дакладзе, прысвечаным гэтаму канфлікту, сказаў наступнае: “Я памятаю першыя дні, калі пачалося ўмелае распальванне канфлікту паміж Савецкім Саюзам і Югаславіяй. Аднойчы, калі я прыехаў з Кіева ў Маскву, Сталін запрасіў мяне да сабе, паказаў копію пісьма, якое ён паслаў Ціта, і спытаў: “Ты чытаў гэта?” Нават не дачакаўшыся майго адказу, ён сказаў: “Мне трэба толькі варухнуць мізінцам – і Ціта больш не будзе. Ён будзе звергнуты…”

…Але Сталіна падвяла самаўпэўненасць. Нягледзячы на тое, што ён шмат часу трос мізінцам і ўсімі астатнімі сваімі пальцамі, з Ціта нічога не здарылася. Чаму? Таму што ў гэтых рознагалоссях Ціта падтрымлівала дзяржава, падтрымлівалі людзі, якія прашлі бязлітасную школу барацьбы за свабоду і незалежнасць.

У 1948 годзе Ціта не быў звергнуты, таму што за час вайны ён стварыў сваю каманду з адданых людзей. А вайна яшчэ больш “адфільтравала” іх. Прымаючы ў студзені 1951 года Джона Кенэдзі, уплывога члена амерыканскага парламента, а пазней прэзідэнта ЗША, Ціта растлумачыў гэты “самаадбор” самым цынічным чынам. Паводле слоў гісторыка Дарно Беніны, у 1949 годзе, калі Югаслаўская Адміністрацыя Дзяржаўнай бяспекі вяла барацьбу супраць Інфармацыйнага Бюро, у Югаславіі 47,0 % ад усіх арыштаваных людзей былі ні ў чым не вінаваты. Гэтыя звесткі лепш за ўсё гавораць пра людзей і час, калі любы чалавек мог аказацца арыштаваным без учынення злачынства.

У 1948 годзе Камуністычная Партыя Югаславіі перарасла ў аб’яднанне з сотнямі членаў, для якіх Ціта быў адзіным лідэрам. Пры такім унутраным раскладзе сіл югаслаўскі кіраўнік мог прадпрымаць меры, якія ў дадатак да знешняга фактара “дапамогалі яму ўтрымацца ў сядле”. З аднаго боку, у яго меліся члены партыі, аслепленыя веліччу Сталіна і СССР, які яны называлі сваёй другой Радзімай, але з другога боку, Ціта мог разлічваць на вернасць традыцыям свабоды, уласцівую ўсім змагарам, якія не хацелі мірыцца са сталінскім ігнараваннем іх заслуг і заслуг Югаславіі ў толькі што завершанай вайне.

Як вучань і паслядоўнік Сталіна, Ціта ў канфлікце з “Маскоўскім бацькам” карыстаўся ягонымі ж метадамі. Ён “сцёр” не толькі сваіх былых сяброў, саслужыўцаў, але таксама і шматлікіх ні ў чым не вінаватых людзей толькі за адну думку пра Сталіна ці пра “Маці Расію”. Гэта быў час, калі ўладарылі тэрор і беззаконнасць, калі жах лётаў у паветры.

Ціта не быў звергнуты таму, што разумеў значэнне Крымскай Дамовы трох лідэраў аб раздзяленні сфер уплыву. Ён чакаў брытанскай падтрымкі, якая датычылася ўсталявання балансу сіл, парушанага пасля сакрэтнага візіту Ціта ў Маскву ў верасні 1944 года і заключэння Дамовы сяброўства, узаемадапамогі і пасляваеннага супрацоўніцтва з СССР, датаванай красавіком 1945 года. Ён лічыў, что ЗША ў барацьбе супраць галоўнага суперніка не здолеюць пакінуць без увагі гэты факт. І Ціта не памыліўся. Штаб Джорджа Маршала ўмомант зразумеў, што “цітаізм” з’яўляецца “рашаючай слабасцю ў рускіх планах”. Новая стадыя гэтай палітыкі была акрэслена ўжо ў лютым 1949 года ў формуле “трымаць Ціта на плаву” – г.зн. утрымаць Ціта на паверхні ўлады – як жывы прыклад таго, што аддзяленне ад Масквы можа быць магчымым і карысным.

Дапамаючы Ціта, Захад меў на мэце ніяк не трыумф дэмакратыі, а ўсяго толькі разбурэнне і раскладанне на састаўныя часткі cавецкага блоку ды знішчэнне сталінскага маналітызму. СССР атрымаў небяспечнага праціўніка, які мог зрабіцца “фактарам нестабільнасці на Балканах і ў басейне Дунаю”. Не трэба таксама недаацэньваць і ўплыў Ціта ў камуністычных партыях заходніх краін ды яго рэпутацыю міратворцы міжнароднага маштабу. Да таго ж югаслаўскі супраціў даваў рэальную надзею на завяршэнне грамадзянскай вайны ў Грэцыі.

Існавала магчымасць, што і Албанія можа вызваліцца з-пад савецкага кантролю. “Паўстанне Ціта” шмат значыла для амерыканцаў, бо было не выключана, што маоцзэдунаўскі Кітай, які абвясціў перамогу кітайскай рэвалюцыі ў 1949 годзе, таксама захоча рухацца асабістым шляхам…

У 1948 годзе на гістарычным перакрыжаванні паўсталі тры варыянты: варыянт Ціта, Сталіна і дэмакратычны варыянт. Варыянт Ціта заслугоўваў большай увагі, таму што ён меў рэальную падтрымку – міжнародных сіл Захаду, кадраў, узгадаваных Ціта, і самой рэпрэсіўнай сістэмы, якая функцыянавала “бездакорна”.

Смерць Сталіна і прымірэнне Ціта з “рускімі” (1953–1955). Першая рэакцыя на Захадзе

Каля чатырох гадзін раніцы 6 сакавіка 1953 года барабанны дробат прагучаў па маскоўскім радыё, а пасля было абвешчана, што перастала біцца “сэрца барацьбіта, вернага ленінца, мудрага лідэра і настаўніка камуністычнай партыі і савецкіх людзей Іосіфа Вісарыёнавіча Сталіна”. У каментарыях аб смерці Сталіна на Усходзе і Захадзе не ўтрымлівалася, бадай, ніякай ацэнкі яго чалавечых якасцей і ўчынкаў, а была, хутчэй, спроба знайсці адказ на пытанне – ці адбудуцца ўзрушэнні і радыкальныя перамены пасля адыходу непахіснага камуністычнага лідэра? Падобнае ж пытанне хвалявала і югаслаўскае кіраўніцтва, якое прыкладала ўсе намаганні для таго, каб атрымаць як мага болей інфармацыі пра абставіны смерці Сталіна, аб усім, што магло дапамагчы даведацца пра новы знешнепалітычны курс Крамля.

Навіна аб смерці савецкага кіраўніка была перададзена Ціта раніцай 6 сакавіка 1953 года. Цягнік з югаслаўскім лідэрам, яго аднадумцамі і аховай знаходзіўся ў гэты час паблізу ад Сараева. Ціта застаўся ў гэтым горадзе, каб праз некалькі дзён выехаць марскім шляхам у Вялікабрытанію з афіцыйным візітам. На працягу тых сутак прэзідэнт чытаў шматлікія тэлеграмы, якія паступалі адна за адной з югаслаўскага пасольства ў Маскве і з іншых сусветных палітычных цэнтраў. Ён меў у распараджэнні самымі апошнія навіны, якія змяняліся штохвілінна.

У першыя гадзіны пасля заявы аб смерці Сталіна кіраўніцтва Югаславіі магло толькі меркаваць пра магчымыя варыянты будучых падзей у Маскве. Згодна з дадзенымі контрразведкі Ціта, члены югаслаўскай алігархіі сачылі за падзеямі ў СССР з вялікай заклапочанасцю, але іх размовы абмяжоўваліся толькі каментарыямі, якія датычыліся іх асабістых праблем. Паездка ў Вялікабрытанію была надзвычай патрэбнай у цяперашняй сітуацыі, таму што з Балканскім пактам у кішэні ён мог бы далей умацоўваць сваю знешне-палітычную пазіцыю і быць гатовым як да збліжэння з СССР, так і – “калі б падзеі пайшлі па непатрэбнаму шляху” – да поўнага з ім разрыву.

Першыя змены ў савецкай палітыцы ў адносінах да Югаславіі адбыліся, аднак, значна раней. “Памінкі” ўсё яшчэ працягваліся, калі савецкія дыпламаты прадэманстравалі больш прыхільныя адносіны да сваіх югаслаўскіх калег, чым гэта было раней. Югаслаўская дыпламатыя адрэагавала на такія паводзіны вельмі далікатна, але з адчувальным неспакоем, бо было невядома, чым можа ўсё скончыцца ў Маскве. Яны няправільна зразумелі асноўныя палітычныя падзеі таго часу.

Прыкметы паступовага пацяплення ў югаслава-савецкіх адносінах хаваліся ад грамадскасці. У першыя дні пасля смерці Сталіна не было зроблена ні афіцыйных каментарыяў, ні заяваў з боку лідэраў. Навіны пра апошнія падзеі ў Маскве перадаваліся ў даволі сціплых аб’ёмах. У дзень пахавання Сталіна, 9 сакавіка 1953 года, бялградская “Палітыка” тым не менш нечакана публікуе свае каментарыі, у якіх указвае, што “не мае значэння, хто будзе наступнікам, усё роўна ніхто не займее такой улады і аўтарытэту, якія былі ў Сталіна. Узаемныя перамены ў вярхах падрыхтуюць глебу для свядомых і думаючых рэвалюцыонных сіл, якія ўсё яшчэ павінны існаваць у Савецкім Саюзе”.

На Чырвонай плошчы ў Крамлі такія савецкія “думаючыя” сілы ўжо працавалі. Югаслаўскі павераны ў справах з Масквой Драгай Джурыч наведаў “пахавальны працэс” 8 сакавіка без намеру быць заўважаным. Аднак на яго звярнулі ўвагу. Якаў Намін, намеснік міністра замежных спраў СССР Молатава, пасля праходжання развітальнай працэсіі павітаўся з ім перад усімі дыпламатамі. Югаслаўскі павераны адчуў павышаную ўвагу да сабе праз некалькі гадзін пасля размовы з кіраўніком Савецкага урада.

У гэты ж час на другім паўшар’і ў штабкватэры ААН у Нью-Ёрку члены палітычнага камітэта ўсталі і хвілінай маўчання ўшанавалі памяць нябожчыка І.В.Сталіна. Для югаславаў, аднак, было больш цікавым, калі некалькі падначаленых А.Я.Вышынскага, савецкага пастаяннага прадстаўніка ў гэтай самай магутнай міжнароднай арганізацыі, наблізіліся “да аднаго з нашых таварышаў” і пачалі весці размову аб югаславах і рускіх як аб самых адважных людзях, аб праблеме ўзаемаадносін рускіх з чэхамі і палякамі і аб тым, як бывае складана прызнаваць узаемныя памылкі. Яны пагадзіліся, што адносіны паміж краінамі павінны ў рэшце рэшт унармалізавацца.

Югаслаўскі павераны ў справах з Масквой дакладваў, што стваралася ўражанне, быццам сталінскія спадкаемцы дзейнічалі ў панічнай спешцы, што “Сталін пасля смерці паўстаў на іх шляху”. Было няцяжка заўважыць, што “ва ўсіх праводзімых мерапрыемствах было не столькі самога Сталіна, колькі жадання стварыць новы ўрад, такі ж моцны, якім ён быў пры Сталіне”. Завяршэнне культу асобы Сталіна можна было прадбачыць, гледзячы на працэдуру яго пахавання на Краснай плошчы, а таксама – на абліччы шматлікіх асоб, якія былі выключаны з апарату кіравання і, адпаведна, з партыі.

Амаль у гэты час Ціта знаходзіўся разам са сваёй шматлікай світай, якую ахоўвалі ваенныя караблі Югаслаўскай арміі, на шляху ў Вялікабрытанію. Ціта ведаў, што са смерцю савецкага лідэра цяжкі этап у яго жыцці застаецца ў мінулым і што ў гісторыі адносін з рускімі можа быць перагорнута новая старонка.

Відавочнае пацяпленне югаслава-савецкіх адносін вясной і летам 1953 года, якое прывяло да абмена пасламі, хвалявала Захад. Гэта было бачна са шматлікіх зашыфраваных тэлеграм, што дасылаліся югаслаўскімі пасольствамі ў дзяржаўны сакратарыят замежных спраў Федэратыўнай Народнай Рэспублікі Югаславіі. Так, напрыклад, з пасольства ФНРЮ ў Рыме было перададзена меркаванне, што амерыканскімі назіральнікамі “не дапускаецца магчымасць звароту пазіцыі Югаславіі да 1948 года”. Каментарыі камуністычнай партыі Італіі таксама зводзіліся да таго, “што Масква дае магчымасць існаваць нейтральнай Югаславіі”. Пакуль У.Велебіт, югаслаўскі пасол у Велікабрытаніі, рабіў высновы, што “навіны пра абмен паслоў паміж Югаславіяй і СССР не былі адмоўна ўспрыняты”, Д.Відзіц, новы югаслаўскі пасол, быў тайна інфармаваны, што краіны-сатэліты, за выключэннем Кітая, далі адмову на ўведамленне аб прыбыцці яго ў Маскву.

Цікавасць Захаду, якая датычылася далейшага развіцця югаслава-савецкіх адносін, узмацнілася ў 1954 годзе. Пакрысе адраджаючы працэс югаслава-савецкага збліжэння, югаслаўскія дыпламаты імкнуліся дзейнічаць дружалюбна і ў перамовах са сваімі заходнімі калегамі. А гэта не заўсёды атрымлівалася паспяхова. Так, у кастрычніку 1954 года грэцкі пасол у Маскве адкрыта сказаў свайму югаслаўскаму калегу Д.Відзіцу: “Хіба мы не бачым, як рускія працуюць над скасаваннем нашых адносін з Захадам? Грэцыю яны хочуць адарваць ад НATА, Югаславію – ад Балканскага пакта, Францыю – ад Брусэльскага пакта і г.д.” Дадатковая нервознасць Захаду была забяспечана яго камуністычнымі партыямі шляхам распаўсюджвання імі разнастайных чутак, галоўным чынам тых, што былі прыгатаваны на вядомай маскоўскай кухні. Югаслаўскі пасол у Стакгольме зноў інфармаваў, што ў колах камуністычнай партыі Швецыі “разглядаецца магчымасць вяртання камуністычнай партыі Югаславіі ў саюз усходнееўрапейскіх партый”. Такіх і падобных да іх чутак хадзіла мноства.

Першая і найцяжэйшая фаза нармалізацыі югаслава-савецкіх адносін – працэдура абмену пасламі – праходзіла з канца 1953 і да першай паловы 1954 года. Далейшае збліжэнне было абвострана новым недаверам, інтрыгамі, здрадай, асабістым незадавальненнем, крыўдамі і крахам ілюзій. Не апошнюю ролю адыграла таксама з’яўленне новых ідэй, якія ў сутыкненні са старымі, традыцыйнымі канцэпцыямі і звычаямі з цяжкасцю прабівалі сабе дарогу на паверхню. У СССР гэта была барацьба сталінскіх спадкаемцаў за вярхоўную ўладу ў Крамлі, якая дасягнула найвышэйшай напружанасці пасля забойства аднаго з галоўных і самых небяспечных прэтэндэнтаў на трон – Лаўрэнція Паўлавіча Берыі, у Югаславіі – адхіленне ад займаемай пасады бліжэйшага паплечніка Ціта Мілавана Джыласа.

Забойства Берыі паскорыла прарыў да ўлады і інаўгурацыю Мікіты Хрушчова, галоўнага прыхільніка прымірэння з Ціта.

Адхіліўшы ад пасады Мілавана Джыласа, члена сакратарыяту выканаўчага камітэта Саюза Камуністаў Югаславіі і прэзідэнта Народнай Асамблеі Федэратыўнай Народнай Рэспублікі Югаславіі, Ціта вывеў з палітыкі аўтарытэтнага чалавека, які ствараў перашкоды на шляху новага збліжэння Югаславіі з рускімі.

Адразу пасля смерці Сталіна югаслаўскі кіраўнік адчуў моцную заклапочанасць празмернай, на яго думку, лібералізацыяй югаслаўскага грамадства. Ціта не хаваў сваіх сумненняў у гэтым накірунку, ён лічыў праграму шостага кангрэса Саюза Камуністаў Югаславіі ад 1952 года занадта радыкальнай і чакаў спакойнага перагляду яе вынікаў. Югаслаўскі лідэр вырашыў прыпыніць рэформы і ўмацаваць сваю пазіцыю ва ўрадзе не толькі таму, што больш не існавала пагрозы савецкай агрэсіі, але і дзеля недапушчэння распаўсюджвання ліберальнай хвалі, якую ўзначальваў Джылас.

На трэцім пленуме Цэнтральнага камітэта Саюза Камуністаў Югаславіі, які быў арганізаваны спецыяльна для разгляду справы Мілана Джыласа і праводзіўся ў студзені 1954 года, Ціта заявіў, што ён “не абвяшчаў новы від дэмакратыі, сацыялістычнай дэмакратыі, самастойнай дэмакратыі”. Разважаючы пра дэмакратыю, Ціта тлумачыў: “Для нас гэта сродак дасягнення мэты, гэта сацыялізм, які ўжо сам па сабе складаецца з найбольш дэмакратычных форм кіравання”.

Нягледзячы на тое, што Джыласу загадзя было зразумела, якімі акажуцца вынікі гэтага партыйнага “разбіральніцтва”, ён храбра заявіў, што “перанятая ў Савецкага Саюза і развітая ва ўмовах Югаславіі ленінская тэорыя сёння больш не спрацоўвае, нам патрэбны новыя, рэфармісцкія падыходы да вырашэння праблемы”. Аднак яго словы нічога не маглі змяніць у палітыцы краіны, бо былі словамі партыйнага кадра, канчаткова “выведзенага з гульні”. Праўда, заходнія палітыкі па заслугах ацанілі яго намаганні, заўважыўшы, што ён прапанаваў “змястоўныя, але заўчасныя крокі дэмакратычнага развіцця Югаславіі”. Адразу пасля таго, як Ціта прынёс сваю ахвяру на алтар югаслава-савецкага прымірэння, Хрушчоў вырашыў звярнуцца да югаслаўскага маршала з пасланнем, у якім адзначыў неабходнасць узнаўлення сяброўскіх адносін на дзяржаўным і партыйным узроўні. Пасланне было датавана 22 чэрвеня 1954 года, што, зразумела, здавалася невыпадковым, – яно павінна было атаясамлівацца з датай нападу гітлераўскай Германіі на СССР, у сувязі з якім Камуністычная партыя Югаславіі напісала пракламацыю-заклік да ўсіх югаслаўскіх камуністаў і патрыётаў устаць на абарону “першай краіны сацыялізму”. У наступныя 10 месяцаў Хрушчоў і Ціта абмяняліся мноствам пісьмаў і тэлеграм ад імя сваіх Цэнтральных камітэтаў. Сакрэтная перапіска Хрушчова з Ціта паступова падагравала недавер паміж абодвума бакамі, крок за крокам вяртаючы іх да мінулага супрацьстаяння.

Паведамленне аб хуткім прыездзе “рускіх” у Бялград, якое было зроблена 13 мая 1955 года, выклікала ва ўсім свеце сенсацыю і суправаджалася разнастайнымі каментарамі. Д.Відзіц інфармаваў з Масквы пра яго перамовы з брытанскай даверанай асобай, якая меркавала, што “незалежная палітыка Югаславіі ператворыць яе ў вялікую краіну”. Зусім інакшай была размова з грэцкім паслом, які “нервова распытваў, дзе і калі мусіць прайсці сустрэча ўрадавых дэлегацый”. У той жа дзень Д.Відзіц размаўляў з адным з французкіх сенатараў, які “з вялікім непакоем паставіўся да таго, што місія савецкай дэлегацыі будзе здзяйсняцца ў Бялградзе на такім высокім дыпламатычным узроўні”. Югаслаўскі пасол у Боне зноў жа паведамляў, што “здзіўленне поўнае” і што афіцыйныя колы Бона “разбіты”. Ад пасольства Федэратыўнай Народнай Рэспублікі Югаславіі ў Вашынгтоне былі атрыманы данясенні пра вельмі стрыманую рэакцыю на навіну аб прыездзе “рускіх” у Бялград. Югаслаўскае пасольства ў Нью-Дэлі паведаміла, што прыбыццё “рускіх” ацэньваецца заходнімі дыпламатамі ў азіяцкіх краінах як перамога Югаславіі. У тэлеграме югаслаўскага пасольства ў Швейцарыі, якая была даслана Дзяржсакратару замежных спраў ФНРЮ, зазначалася: “Навіны аб прыбыцці савецкіх лідэраў у Бялград выклікалі вялікую сенсацыю ў ААН і ўсе каментарыі зводзіліся да таго, што візіт азначае вялікую перамогу Югаславіі і яе палітыкі”.

Амаль ніхто ў ААН не думаў, што вынікам перамоў можа стаць вяртанне Югаславіі ў савецкі блок; большасць была ўпэўнена ў тым, што савецка-югаслаўскія перамовы паскораць станоўчыя тэндэнцыі ў югаслаўскай знешняй палітыцы.

Савецкая дэлегацыя прыбыла на самалёце ў Бялград апоўдні 26 мая 1955 года. Пасля даволі напружанай атмасферы ў аэрапорце, дзе Хрушчоў агучыў сваю бястактную прамову, у якой абвінаваціў Берыю, Абакумава і іншых за стварэнне канфліктнай сітуацыі ў савецка-югаслаўскіх адносінах, становішча было значна палепшана на вячэрнім прыёме, арганізаваным Ціта для высокіх гасцей ў Белай Зале.

Перамовы, што праходзілі ў Бялградзе ў наступныя дні, вызначаліся нечакана цёплай атмасферай, якая толькі зрэдку парушалася выпадамі прыхільнікаў Ціта і Хрушчова. Па сутнасці, гэта была атмасфера адкрытасці, чыстасардэчнасці, прынясення прабачэннў з аднаго і другога боку. Але мы хочам звярнуць вашу ўвагу на Ціта і Хрушчова – галоўных акцёраў югаслава-савецкага перамір’я.

У адным са сваіх абмеркаванняў гэтых перамоў Ціта адзначаў, што “стаміўся размаўляць з прыезджымі з-за мяжы, выслухоўваючы ад іх адны і тыя ж гісторыі. Яны заўсёды пытаюць: чаму ў Вас няма болей шматпартыйнасці, чаму ў вас няма большай колькасці свабоды, чаму вы не робіце таго, чаму вы не робіце гэтага?” На рэдкія “рэплікі” савецкага блока аб тым, што мэтай “захаднікаў” было аддзяліць Югаславію ад СССР і адарваць яе ад сям’і “брацкіх сацыялістычных народаў”, Ціта заявіў: “Я цалкам згодзен, што яны хацелі адмежаваць нас ад вас. Але гэта не магло паўплываць на нас”. У шматлікіх выпадках ён сцвярджаў, што “гэтыя “захаднікі” не любяць нас, яны хочуць усё змяніць толькі дзеля асабістай карысці”. Ціта прызнаваўся Хрушчову, Булганіну, Мінаеву і іншым членам савецкай дэлегацыі, а таксама сваім паплечнікам-аднадумцам: “Нават д’ябл не мог бы мяне прымусіць пайсці ў іншую сістэму. Я ўсё сваё жыццё змагаюся за камунізм, за сацыялізм. Я не рэвалюцыянер-наёмнік. Я не за грошы выконваў сваю рэвалюцыйную працу. Як жа я мог здрадзіць сам сабе, чаму вы так палічылі? Як я мог згубіць асабістае “Я”? Я лічу сабе структурнай часткай ідэі марксізму-ленінізму”.

У нейкай ступені Ціта імкнуўся атрымаць прыхільнасць савецкага кіраўніцтва. Ён ведаў, якую выгоду яна прынесла б яго знешняй і ўнутранай палітыцы. Прымірэнне з “рускімі” давала яму магчымасць зменшыць залежнасць Югаславіі ад Захаду, скараціць узброеныя сілы і выдаткі на ўзбраенне, узнавіць страчаныя сувязі ці, у крайнім выпадку, часткова вярнуць свой уплыў у камуністычным свеце, а таксама рэабілітаваць наступствы камінформу ў краіне. Ціта мог захаваць існуючыя ўмовы і яшчэ больш умацаваць сваё праўленне.

Прымірэнне з Югаславіяй прынесла некаторую карысць і СССР. Гаворачы аб гэтым на пленуме ЦК КПСС, які быў праведзены ў Маскве ў ліпені 1955 года і прысвечаны разгляду палітыкі СССР у адносінах да Югаславіі, Хрушчоў адзначыў: “…Залежнасць Югаславіі ад ЗША слабее, мы зменшылі апетыты агрэсіўнага імперыялістычнага блока, нацэленага супраць СССР і краін народнай дэмакратыі. Нармальныя ўмовы для развіцця народна-дэмакратычных краін, мяжуючых з Югаславіяй, створаны. Напружанне зменшана не толькі паміж нашымі краінамі, але і ва ўсёй Еўропе…” З прамовы Хрушчова было відавочна, што асноўнай мэтай савецкага збліжэння з Бялградам было “перавучванне” лідэраў камуністычнай партыі Югаславіі.

Маючы за плячыма багаты вопыт супрацоўніцтва з Расіяй, Ціта добра разумеў, што для таго, каб упэўнена ісці па дарозе, не варта перасякаць яе межы. Вялікі майстар прыкладной дыялектыкі і эквілібрыстыкі ведаў, што не павінен падвяргаць небяспецы ролю Югаславіі як моста і буфернай дзяржавы паміж канфліктуючымі блокамі, бо такім чынам ён рызыкаваў бы парушыць баланс міжнароднага становішча сваёй краіны.

У заходніх краінах існавала вера ў тое, што Югаславія ў наступныя гады і дзесяцігоддзі “застанецца ў нармальных адносінах як з “рускімі”, так і з Захадам”. Так у сапраўднасці і атрымалася, але далейшы аналіз пашырае межы нашай сённяшняй гісторыі.

*     *     *

Пазіцыя Югаславіі ў глабальных маштабах была ўсталявана ў 1944 і 1945 гадах у Маскве і Крыме. “Намаганнямі” Ціта ў першыя пасляваенныя гады яго адносіны з савецкім бокам былі патрывожаны і з пары сенсацыйнага канфлікту ў блоку ў 1948 годзе і да смерці Сталіна ў 1953 годзе югаслаўскі маятнік усё больш хінуўся ў бок Захаду. Прымірэнне Югаславіі з СССР і краінамі “сацыялістычнай садружнасці” з адначасовым захаваннем добрых адносін з Захадам (1953–1955 гады) збалансавала пазіцыю Югаславіі і на дзесяцігоддзі забяспечыла для яе ролю буфернай зоны паміж усходам і захадам, ролю, якую Ціта, гэты “высокакваліфікаваны танцор на канаце”, выгодна выкарыстоўваў да самай сваёй смерці ў 1980 годзе. Такое становішча Югаславіі ва ўсім перыядзе халоднай вайны падыходзіла адначасова абодвум блокам.

У сувязі з глабальнымі структурнымі зменамі, якія адбываліся ў Еўропе ў канцы 1980-х і пачатку 1990-х гадоў, халодная вайна прыйшла да свайго лагічнага завяршэння і функцыя Югаславіі, як буфернай дзяржавы паміж сіламі-антаганістамі пасляваеннага свету, спынілася.

Пераклалі з англійскай мовы
Зміцер КРАСАЎЦАЎ і Кацярына ПРЫСТАЎКА
© МТ “Брама”, 2002

 

SUMMARY

Radoica LUBURIC

YUGOSLAVIA BETWEEN EAST AND WEST: (1945–1955–1985)

The article focuses attention on the conflict between the USSR and Yugoslavia in 1945-1953 and its consequences. The purpose of the publication is to show the way this conflict gained in global-historical importance and influenced the relations between the capitalist and communist blocks during cold war in 1955-1985. Besides, major preconditions for the events in Yugoslavia in 1980-1990 are analyzed.

РЕЗЮМЕ

Радойца ЛЮБУРИЦ

ЮГОСЛАВИЯ МЕЖДУ ВОСТОКОМ И ЗАПАДОМ: (1945–1955–1985)

Анализируется конфликт между СССР и Югославией 1945-1953 годов и его последствия. Цель публикации – показать, каким образом этот конфликт приобрел глобально-историческое значение и отразился на взаимоотношениях капиталистического и коммунистического блоков во времена холодной войны 1955–1985. Анализируются предпосылки событий в Югославии 1980—1990 годов.


* © Radoica LUBURIC. Yugoslavia between East and West: (1945–1955) // Text of speech before participants of XI East European Summer School of Centre for East European Studies of Warsaw University (July, 20, 2001). Спецыяльна падрыхтавана аўтарам да друку ў часопісе “КРАЙ = KRAJ” (даслана ў рэдакцыю 21 жніўня 2001 г.).

Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Магілёўскага Таварыства БРАМА
 кантакт: epostbox@tut.by

 

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія