БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

ПУБЛІКАЦЫІ МАГІЛЁЎСКАГА ТАВАРЫСТВА БРАМА НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
КРАЙ - KRAJ 1-2 / 2002

ПАЛЯКІ НА МАГІЛЁЎШЧЫНЕ Ў ГАДЫ ПЕРШАЙ СУСВЕТНАЙ ВАЙНЫ*

Дар’юш ТАРАСЮК
(Люблін, Польшча)




Адной з нацыянальных меншасцей, якія пражывалі на Магілёўшчыне, былі палякі. У 1897 годзе палякі складалі, паводле моўнага крытэрыю, 1,54 % у Магілёве і 0,90 % ад агульнай колькасці насельніцтва Магілёўскай губерніі, альбо 5,14 % у Магілёве і 2,96 % у Магілёўскай губерні, калі лічыць палякамі ўсіх каталікоў (гл. KRZYŻANOWSKI, KUMANIECKI 1915: 53). Хоць і нешматлікія па колькасці, раней яны адыгрывалі значную ролю ў грамадска-палітычным жыцці рэгіёна. Польскае насельніцтва Магілёўскай губерні складалася перш за ўсё з дробнай засцянкавай шляхты.

Падзеяй, якая ў значнай ступені паўплывала на грамадскае становішча насельнікаў тых зямель, у тым ліку і на становішча палякаў, была Першая сусветная вайна і звязаная з ёю расійская рэвалюцыя. Для польскай грамадскасці Магілёўшчыны пэўным пераломам быў не столькі сам выбух Першай сусветнай вайны, колькі прыбыццё на гэтыя землі восенню 1915 года тысяч польскіх эмігрантаў, выселеных з занятых акупантамі тэрыторый Каралеўства Польскага і Заходняй Беларусі. У Магілёўскай губерні налічвалася тады каля 146 тысяч бежанцаў, з іх каля 75 тысяч знаходзіліся пад апекай польскіх арганізацый дапамогі (паводле KORZENIOWSKI 2001). З прыбыццём бежанцаў паўстала неабходнасць дапамогі гэтым няшчасным людзям. Для арганізацыі такой дапамогі былі заснаваны камітэты, якія стварылі бюро працаўладкавання і танныя сталоўкі. Праблемамі забеспячэння прадуктамі харчавання ў гады вайны займаўся адзін з эмігрантаў, Тадэвуш Ракуша-Сушчэўскі, які пісаў аб недахопе нават хлеба (гл. BN. T.Rakusa-Suszczewski. Wspomnienia: (Kronika życia autora). Сz. 1. Lata 1903–1928. Аkc. 12626/1, s. 31). Асноўнай “балячкай” у сферы апекі была немагчымасць адшукаць “страву духоўную”, г.зн. адсутнічала культурная праграма (гл. LELIWA 1915: 15).

Вельмі дынамічна працаваў аддзел польскай апякунскай арганізацыі – Польскае Таварыства Дапамогі Ахвярам Вайны ў Сенне, якім кіраваў Караль Швяцкі. У 1916 годзе пад апекай аддзела знаходзілася 626 бежанцаў, працавала 2 школы – двухкласная ў Крупках і сельская ў Беліцы (гл. BN. M.Świacka z Donimirskich. Wspomnienia. Аkc. 10629, а таксама Z PROWINCJI 1917: 4). У Магілёўскай губерні на дапамогу бежанцам прыходзілі перш за ўсё землякі. Акрамя К.Швяцкага можна адзначыць Любенскага з Аршанскага павету, а таксама Фелікса і Караля Фашчаў з Гомельскага павета. Дзейнасць іншай арганізацыі дапамогі бежанцам – Цэнтральнага Грамадзянскага Камітэта Каралеўства Польскага (ЦГК) – праяўлялася як у матэрыяльнай дапамозе, так і ў арганізацыі культурных мерапрыемстваў для палякаў. Напрыклад, такія мерапрыемствы былі арганізаваны ў Шклове і Фашчаўцы. Гэта былі дэкламацыі, спевы, прадстаўленні і навуковыя дыскусіі (гл. NHAB, f. 2001, op. 1, d. 2127, k. 1. CKO Mogilewskogo Okruga Mogilewskomu Gubiernatoru… 04.02.1917 r.).

Прыбыццё бежанцаў несумненна ўмацавала польскі асяродак Магілёўшчыны. Бежанцы ў сваёй большасці з’яўляліся носьбітамі нацыянальнай самасвядомасці і ўжо адной сваёй прысутнасцю тут як бы заклікалі палякаў да праявы пачуцця патрыятызму. Але ў той жа час вялікая колькасць бежанцаў не да канца разумела спецыфіку нацыянальных і палітычных стасункаў, спрабавала перакласці на беларускі грунт вопыт Каралеўства Польскага.

Эмігранты прынеслі з сабой жывую польскую мову. У Магілёве польскую мову ў гэты час можна было пачуць на вуліцах горада, асабліва ў нядзелю ў ваколіцах кафедральнага сабора (гл. ZGORZELSKI 1996: 27). Пробашчам сабора быў ксёндз Яўген Святаполк-Мірскі. Ён быў ініцыятарам адзначэння польскіх нацыянальных святаў. Прыкладна восенню 1916 года ў саборы адбылася ўрачыстая жалобная імша памяці Генрыка Сянкевіча. Кс. Я.Святаполк-Мірскі таксама актыўна ўдзельнічаў ва ўрачыстых святкаваннях гадавіны Канстытуцыі 3 мая.

Царскія ўлады дазвалялі існаванне польскіх школ, прызначаных толькі для бежанцаў, але, несумненна, нягледзячы на забарону, імі карысталіся і палякі, што стала пражывалі ў Беларусі. Значным асяродкам польскасці ў Магілёве была польская гімназія, вакол якой канцэнтраваліся не толькі вучні і моладзь, але і іх бацькі. Пры гімназіі дзейнічала польская харцарская арганізацыя. Школьная моладзь арганізоўвала прадстаўленні, напрыклад, пра боскае нараджэнне Ісуса (гл. ZGORZELSKI 1996: 28–29).

Хоць большасць расійскіх грамадзян не была падрыхтавана да дэмакратычнага жыцця, якое прынесла лютаўская рэвалюцыя, усё ж назіралася ажыўленне грамадска-палітычнага жыцця рэгіёна (гл. NAB, f. 60, op. 3, d. 363, k. 2. Wycinek prasowy z “Minskoj gaziety” (01.01.1918 r.), а таксама JANKOWSKI 1917: 2). Рэвалюцыя зрабіла магчымай існаванне легальнай палітычнай барацьбы з мэтай рэалізацыі пастулатаў асобных грамадскіх і нацыянальных груповак. Паўставала патрэба ў аб’яднанні не толькі вакол адмаўлення існуючай рэчаіснасці, але і вакол рэалізацыі пазітыўных праграм. Гэту магчымасць выкарысталі таксама і палякі. Перад палякамі, якія жылі на тэрыторыі Беларусі, з’явіўся шанец разгарнуць грамадскую і палітычную дзейнасць. Ва ўсіх найбольш буйных месцах, дзе жылі палякі, праходзілі святы, у час якіх абмяркоўваліся задачы, што паўставалі перад польскай суполкай у новых палітычных умовах. Характэрнай рысай святочных прамоў быў заклік да нацыянальнай салідарнасці і актыўнай дзейнасці як на палітычным, так і на грамадскім полі (гл. AAN. PKHP. Sygn. 60/VI, s. 82. Wycinek prasowy z “Gazety Polskiej” (05.(18).04.1917 r.); AAN. PKHP. Sygn. 60/VI, s. 100. Wycinek prasowy z “Gazety Polskiej” (10.05.1917 r.)). Таму розныя палітычныя групы пачалі выступаць з ініцыятывай утварэння арганізацыі, якая б аб’яднала ўсіх палякаў, што жывуць у Беларусі.

Ужо 26 сакавіка 1917 года ў Магілёўскім гарадскім тэатры адбыўся польскі мітынг, мэтай якога было знаёмства мясцовых палякаў з палітычнымі падзеямі, што адбываліся ў расійскім грамадстве, і абранне Магілёўскага губернскага Польскага камітэта, які павінен выступіць у абарону грамадскіх і нацыянальных інтарэсаў палякаў (гл. AAN. Centralny Komitet Obywatelski w Piotrogrodzie, sygn. 494, k. 30). Было таксама агучана пасланне польскага савета да з’езда “як да інстанцыі, што выкоўвае агонь грамадскіх спраў палякаў”, выказаны словы гарачага адабрэння, зычэнні далейшай плённай працы ў справе захавання нацыянальнага адзінства (гл. AAN. PKHP. Sygn. 60/VI, k. 100. Wycinek prasowy z “Gazety Polskiej” (10.05.1917 r.)). Старшынёй камітэта быў абраны вядомы грамадскі дзеяч Стэфан Дора-Дарналовіч, членамі Польскага камітэта ў Магілёве сталі: Зыгмунт Брадоўскі, Аляксандр і Вальдэмар Дора-Дарналовічы, Казімір Дулевіч, Ян Фуровіч, Міхал Галіноўскі, Яхім Галера, Канстанцін і Альгерд Гардзялкоўскія, Лявон Лубеньскі, Міраслаў Абязерскі, Міхал Перасвет-Солтан, Якуб Васілеўскі, Карл Жабка-Патаповіч і Вітольд Жукоўскі (гл. AAN. Centralna Agencja Polska w Lozannie, pudło 102, k. 373. Wycinek prasowy z “Dziennika Polskiego” (25.04.1917 r.)). На з’ездзе ішла гаворка, у час якой Міраслаў Абязерскі заклікаў да распаўсюджвання асветы сярод беларускага люду, адраджэння польскіх школ. Польскі Камітэт таксама выдаў адозвы, дзе ўтрымліваліся заклікі да захавання спакою і супрацоўніцтва з новымі ўладамі. У адозве ўздымалася і беларускае пытанне: “у адносінах да мясцовага беларускага люду мы павінны прызнаць, што гэтыя людзі не з’яўляюцца для нас чужымі, <…> мы імкнемся дапамагаць гэтым людзям у іх культурным і эканамічным развіцці, адносімся да іх як да не роднай нам, але братняй культуры” (Odezwa 1918: 49–50).

8–10 чэрвеня 1917 года ў Магілёве адбыўся з’езд прадстаўнікоў павятовых саветаў Магілёўскай губерні, дзе ўдзельнічала 188 дэлегатаў, якія прадстаўлялі розныя грамадскія і прафесійныя групоўкі палякаў. Бралі ўдзел у з’ездзе і прадстаўнікі польскага савета Мінскай губерні – Геронім Кяневіч і Эдмунд Івашкевіч, а таксама Польскага Савета Віцебскай губерні – Аляксандр Ружновіч (гл. SPRAWOZDANIE 1917: 3). Польскі савет Магілёўскай губерні склаўся з прадстаўнікоў парафіяльных і павятовых саветаў. Выканаўчым органам Савета быў Выканаўчы Камітэт, які складаўся з 7 чалавек.

У пастанове з’езда Польскага Савета Магілёўскай губерні было запісана: Часовы Савет у Варшаве прыняць за адзіны законны часовы польскі ўрад; мэтай Савета была названа праца па забеспячэнні развіцця культуры і нацыянальнай свядомасці палякаў-выгнанцаў. Члены савета выказаліся за далейшае развіццё каталіцкага касцёла, а ў грамадскіх справах – за аўтаномію Беларусі ў рамках Расійскай дзяржавы з захаваннем правоў нацыянальных меншасцей. Галоўнай праблемай заставалася аграрнае пытанне. Было вырашана, што права ўласнасці – непарушнае, а прыняцце магчымай рэформы адкладвалася да часу склікання сейма аўтаномій Беларусі. Сялян, якія мараць аб уласнай зямлі, вырашана заахвочваць да працы на тых землях, што яны маюць. У такія рэвалюцыйныя часы да падобных пастулатаў, канешне, не маглі не прыслухацца (гл. UCHWAŁY ZJAZDU 1917: 3). З тым, каб лепш адстойваць польскія інтарэсы, з падачы Доры-Дарналовіча было вырашана стварыць Польскі Савет Беларускіх зямель, у які ўвайшлі дэпутаты ад розных рэвалюцыйных саветаў (ад мінскага – 12, магілёўскага – 6, віцебскага – 6, віленскага – 3). Прадстаўнік Польскага Савета Магілёўскай губерні Міраслаў Абязерскі ўдзельнічаў у палітычным польскім з’ездзе ў Маскве (гл. AAN. PKHP. Sygn. 60/VI, k. 100. Wycinek prasowy z “Echa Polskiego” (17.08.1917 r.)).

На Магілёўшчыне, як і паўсюдна ў Беларусі, палякі галоўныя намаганні прыкладалі да развіцця польскіх школ. У чэрвені 1917 года Магілёўскае Польскае таварыства асветы і дабрачыннасці выдала адозвы, дзе заклікала да ахвяравання сродкаў на гэтыя мэты (гл. Z ŻYCIA PROWINCJI 1917: 4). У пастанове з’езда Польскага Савета Магілёўскай губерні таксама значная ўвага надавалася справам асветы. Было вырашана адкрыць 6 польскіх пачатковых школ там, дзе хацелі б вывучаць польскую мову 20 і больш дзяцей. Пры школах вырашылі адкрыць чытальню перыёдыкі і бібліятэку, а таксама курсы для непісьменных. У цэнтрах паветаў планавалася адкрыць гімназіі. Выканаўчы Камітэт Польскага савета Магілёўскай губерні восенню 1917 года падаў прашэнне аб адкрыцці з 1 кастрычніка 1917 года ў Магілёве настаўніцкай семінарыі, дзе б рыхтавалі настаўніц для народных школ. Гэта павінна была быць трохгадовая навучальная ўстанова, але перад тым трэба было скончыць народную школу або мець веды першага класа сярэдняй школы (без моў). Навучанне павінна было быць бясплатным (гл. AAN. Centralna Agencja Polska w Lozannie, pudło 102, k. 599. Wycinek prasowy z “Dziennika Polskiego” (25.10.1917 r.), а таксама Z ŻYCIA WYGNAŃCZEGO 1917: 7). Аднак з-за выбуху Кастрычніцкай рэвалюцыі ад гэтых планаў мусілі адмовіцца.

З 1917 года ў Магілёве пачалі дзейнічаць польскія палітычныя партыі. Адна з іх – Польскі Дэмакратычны Саюз (PZD), утвораны 12 чэрвеня 1917 года. Яго старшынёй быў Ян Фуровіч, намеснікам старшыні – Стэфан Лакуцеўскі, сакратаром – Станіслаў Вогтман, а скарбнікам – Леанард Хайнацкі (гл. Z POLSKIEGO RUCHU 1917: 2). Аддзел Польскага Дэмакратычнага Саюза існаваў таксама ў Оршы, дзе кіравалі Канстанцін Гардзялкоўскі і Францішак Капрыньскі (гл. WRZOSEK 1970: 347). Прадстаўнікі Польскага Дэмакратычнага Саюза ўвайшлі ў органы ўлады выбраных на другім з’ездзе польскіх дэмакратычных сіл: Канстанцін Гардзялкоўскі і Казімір Вімбар – у Цэнтральны Дэмакратычны камітэт, а Зыгмунт Швайніцкі і Густаў Выхоўскі – у Палітычны Савет (гл. AAN. Przedstawicielstwo Rady Regencyjnej Królestwa Polskiego w Rosji. Sygn. 64, k. 19. Wycinek z “Dziennika Narodowego”).

Палякі ўдзельнічалі таксама і ў палітычным жыцці Магілёўшчыны. 15 красавіка 1917 года Часовы урад выдаў часовую пастанову аб правядзенні дэмакратычных выбараў у органы гарадскога самакіравання (“Постановление Временного правительства о производстве выборов гласных городских дум и участковых городских управлений… от 15.04.1917 г.”, гл. NAB, f. 616, op. 1, d. 1, k. 33–34). Згодна з гэтай пастановай галасаваць маглі ўсе жыхары Расійскай дзяржавы, якім споўнілася 20 гадоў, незалежна ад полу, веравызнання і нацыянальнасці, якія жывуць або працуюць у дадзенай мясцовасці, а таксама салдаты, якія тут кватаруюць. Выбіраць і выбірацца маглі таксама людзі, не звязаныя з рэгіёнам (гл. CAW. Formacje wschodnie. Sygn. 122.2.61, bp. “Временное правило о производстве выборов… от 21.05.1917 г.”). Дэмакратызацыя гарадскіх саветаў паслабіла ў іх пазіцыі палякаў, якія вымушаны былі далучыцца да спрэчкі аб падтрымцы іншых грамадскіх сіл, а не толькі польскіх.

У Магілёве палякі выставілі свае спісы на выбары ў гарадскі савет летам 1917 года. Трапілі ў іх прадстаўнікі розных палітычных сіл: крайнія цэнтрысты, “гарадская” буржуазія, рэвалюцыйная фракцыя ПСП (гл. KORESPONDENCJE 1917: 4). У спісе фігуравалі прозвішчы 19 кандыдатаў, сярод якіх адвакаты Ян Туровіч і Міраслаў Абязерскі, а таксама ксёндз Яўген Святаполк-Мірскі (гл. WYBORY DO RADY 1917: 3). Кандыдаты здолелі атрымаць 7 мандатаў. Акрамя гэтага ў гарадскі савет трапілі польскія сацыялісты, кандыдаты са спісу сацыялістычнага блока, а адзін з іх, Барыс Гецэн, стаў нават мэрам Магілёва (гл. ВАРАБ’ЁЎ 2000: 44). У Рагачове (Магілёўскай губерні) быў створаны супольна з беларусамі і літоўцамі спіс радыкальна-дэмакратычнага блока, які прынёс палякам 6 месцаў, а беларусам толькі 1 мандат (гл. ВЫБАРЫ 1917: 3).

13 кастрычніка 1917 года Польскі савет Магілёўскай губерні выставіў уласны спіс на выбары ў Заканадаўчы Сход (“Список кандидатов в Учредительное собрание от Могилевской губернской Польской рады” гл. NAB, f. 863, op. 1, d. 2, k. 293; “Lista kandydatów do Zebrania Ustawodawczego wystawiona przez Gubernialną Radę Polską Ziemi Mohylewskiej” гл. NAB, f. 863, op. 1, d. 2, k. 297). Трапілі ў Сход 14 кандыдатаў. Кандыдатамі з польскага спісу былі: Аляксандр Бабяньскі, Густаў Выхоўскі з Магілёва, Міраслаў Абязерскі з Магілёва, Ян Фуровіч, Вінцэнт Крупенка з Дуброўкі, ксёндз Яўген Святаполк-Мірскі з Магілёва, Якуб Шыкер з Гомеля, Іосіф Відманд з Юзафава, Іосіф Філіповіч з Магілёва, Ян Вальчак з Гомеля, ксёндз Антоній Каланкевіч з Чарнігава, ксёндз Ян Крукоўскі з Быхава, Ян Равіч-Шчэрба з Кадзіна і Стэфан Сякацкі з Дуброўкі (гл. KANDYDACI 1917: 3). Аднак тут можна гаварыць пра няўдачу, бо палякамі была набыта толькі невялікая колькасць галасоў (менш за 1,0 % ад складу Магілёўскай губерні.)

Адной з найвялікшых праблем палякаў на Беларусі была хваля грамадскага непакою на вёсцы. Спачатку гэта было бессэнсоўнае высяканне лясоў, якія належалі асобным людзям (гл. NAB, f. 616, op. 1, d. 9, k. 197. Proszenije władielnicy imienija Marcinowiczi, min. uj. Kazimiery Klukowskoj… 05.1917 r.)). Потым падобнага роду гвалт перарадзіўся ў пагромы маёнткаў, якія пачаліся летам 1917 года са знішчэння панскіх двароў у Рагачоўскім павеце. Амаль паўсюдна ініцыятарамі тых пагромаў былі салдаты, якія клікалі за сабой мясцовых сялян (гл. GLINKA 1927: 205). Напрыклад, у Сенненскім павеце на працягу 5 дзён (з 15 па 19 лістапада 1917 года) было разрабавана аж 12 двароў (гл. CAW. Formacje wschodnie. Sygn. 122.99.14, k. 86. List do gen. Dowbór-Muśnickiego (19.11.1917 r.)). Тут трэба звярнуць увагу на тое, што такія дзеянні сялян былі цалкам нечаканымі. Доўгі час шляхта жыла ўпэўненасцю, што сяляне ставяцца да яе прыхільна і цалкам згодны з існуючай сацыяльнай розніцай. Бежанцы з Каралеўства Польскага ў сваіх дзённіках адзначалі прыхільныя адносіны жыхароў губерні да сялян, якім трэба дапамагчы, у тым ліку і фінансава, у цяжкіх жыццёвых сітуацыях (гл. Biblioteka Zakładu Narodowego im. Ossolińskich we Wrocławiu. Sygn. 14116/II. A.Doruchowski. Wspomnienia rolnika-ekonomisty, jego dzieje, życie i praca. T. 2. S. 107–108).

Жыхары Усходняй Беларусі спрабавалі выкарыстаць для абароны сваіх маёнткаў Войска Польскае (гл. AAN. Rada Polska Zjednoczenia Międzypartyjnego. Sygn. 392/2. S. 103, а таксама REFERAT 1918: 14). Яны збіралі сродкі на ўтрыманне польскіх атрадаў у сваіх маёнтках. Юзаф Доўбар-Мусніцкі, які не лічыўся з поглядамі мясцовых польскіх арганізацый, афіцыйна выказаўся супраць таго, каб польскія войскі ўмешваліся ў грамадска-гаспадарчыя праблемы (гл. APK. Naczelny Komitet Narodowy. Sygn. 45. S. 47. Stan Rosji). На самой справе войска падтрымлівала гараджан у іх канфлікце з сялянамі. Польскія салдаты выступілі як абаронцы разрабаваных маёнткаў (гл. AAN. Rada Polska Zjednoczenia Międzypartyjnego. Sygn. 392/2. S. 7. Pismo Wojskowego Komissara Wriemiennogo Komitieta… (29.09.1917 r.; APK. Naczelny Komitet Narodowy. Sygn. 45. S. 46. Stan Rosji).

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі становішча польскай дыяспары на Магілёўшчыне пагоршылася. У снежні 1917 года польскія арганізацыі ў Магілёве апублікавалі пратэст супраць уцягвання польскіх войск ва ўнутраныя расійскія справы. У пратэсце згадваецца пра загад Крыленкі, які датычыцца прымусовай дэмакратызацыі польскіх вайсковых падраздзяленняў: “ogłaszamy nasz kategoryczny protest przeciwko faktowi wydania podobnego rozkazu, gwałcącego w sposób brutalny zasadę stanowienia narodów o sobie” (“выражаем наш катэгарычны пратэст супраць факту выдання падобнага загаду, які ў прынцыпе скажае ўяўленне народаў пра сябе”) (гл. PROTEST 1918: 7). Пад гэтым пратэстам падпісаліся: Выканаўчы камітэт Польскага савета Магілёўскай губерні, Магілёўскі павятовы польскі савет, Саюз вайсковых палякаў (Związek Wojskowych Polaków), Магілёўскі Okręg CKO, Магілёўскі аддзел PTPOW, Польскі саюз дэмакратычны і Таварыства асветніцтва і дабрачыннасці).

15 студзеня 1918 года выйшаў дэкрэт Магілёўскага губернскага Выканаўчага Камітэта да ўсіх Саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў, у якім між іншым гаварылася пра адмену прававой абароны і арышт на няпэўны тэрмін усіх членаў саюза землеўладальнікаў. У сувязі з гэтым ужо назаўтра, 16.01.1918 г., у Магілёве ўчынены шэраг арыштаў палякаў і прадстаўнікоў расійскага грамадства. Былі пасаджаны ў турму ўсе вядомыя і заслужаныя дзеячы на ніве нацыянальнай і грамадскай: Міраслаў Абязерскі, Густаў Выгоўскі, Яхім Галер і ксёндз дэкан Святаполк-Мірскі (гл. AAN. Przedstawicielstwo Rady Regencyjnej Królestwa Polskiego w Rosji. Sygn. 66, k. 1. Wycinek z “Dziennika Narodowego” (21.01.1918 r.)). Супраць арыштаў выказаліся нават члены магілёўскай секцыі Польскай Партыі Сацыялістычнай-Левай. На паседжанні секцыі 21.01.1918 г. быў агалошаны пратэст супраць паведамлення, што нібыта затрыманне польскіх дзеячаў адбывалася са згоды ППС-Левай, а таксама прынята рэзалюцыя пра недапушчальнасць выкарыстання заложнікаў як метаду вядзення палітычнай вайны.(гл. AAN. PPS-Lewica. Sygn. 14/VIII-10, k. 38–40. Protokół zebrania sekcji PPS-Lewicy w Mohylewie (21.01.1918 r.)). У гэтым месцы можна заўважыць, што ў Магілёве да таго часу не была створана секцыя Сацыял-дэмакратычнай партыі Каралеўства Польскага і Літвы (гл. MOHYLÓW-LITEWSKI 1918: 7).

Эпілогам затрымання групы польскіх дзеячаў было варварскае забойства ксяндза Я.Святаполка-Мірскага. 28 лютага 1918 года пачаўся працэс супраць ксяндза ў сувязі з контррэвалюцыйнай дзейнасцю. Па абвяшчэнні смяротнага прысуду, пасля якога ў зале пачаўся гоман, бальшавікі пачалі страляць у натоўп. Потым ксяндза вывезлі за горад і расправіліся з ім па-зверску (гл. TWORKOWSKI 1986: 39–40). Пахаванне забітых, якое адбылося пасля вываду з Магілёва рэвалюцыйных войск, было ў рэгіёне не толькі найвялікшай ва ўсе часы, але адначасова і апошняй у падобным маштабе дэманстрацыяй польскасці. У гэтай сітуацыі не можа здзівіць тое, што палякі Магілёўшчыны сустрэлі з энтузіязмам прыход польскіх атрадаў 1-га корпуса генерала Юзафа Доўбар-Мусніцкага. Канешне, зусім іншыя настроі панавалі сярод бальшавікоў.

Падсумоўваючы сказанае, трэба адзначыць, што Першая сусветная вайна разам з часовым узмацненнем польскасці на Магілёўшчыне, звязаным з прыбыццём польскіх бежанцаў, у канчатковым выніку стала і прычынай яе паслаблення.

Пераклаў з польскай мовы
Алесь ДОЎГІ
© МТ “Брама”, 2002

SUMMARY

Dariush TARASIUK

THE POLES IN MOGILYOV REGION DURING THE FIRST WORLD WAR

The publication analyses the participation of the Polish national minority in the public and political life of Mogilyov region during World War I and Socialist Revolution in 1917 in Russia. The author reveals changes in the life of the Polish national minority, political parties and Polish educational establishments in Mogilyov region after the revolution.

РЕЗЮМЕ

Дариуш ТАРАСЮК

ПОЛЯКИ НА МОГИЛЕВЩИНЕ В ГОДЫ ПЕРВОЙ МИРОВОЙ ВОЙНЫ

Проанализировано участие польского национального меньшинства в общественной и политической жизни Могилевского региона в годы Первой мировой войны и Социалистической революции 1917 года в России. Показываются изменения в жизни польского национального меньшинства, политических партий и учреждений образования поляков в Могилевском регионе после революции.


* © Dariusz TARASIUK. Polacy na Mohylewszczyźnie w latach I wojny światowej // Artykuł wykonano w ramach realizacji projektu badawczego № 1H01G047 (18 pt.) “Działalność społeczno-kulturalna i polityczna Polaków na wschodniej Białorusi w latach 1905–1918” (kierownik Dr hab. Marek MĄDZIK), finansowanego przez Komitet Badań Naukowych. Lublin, 2001. Напісана спецыяльна для часопіса “КРАЙ = KRAJ” (даслана ў рэдакцыю 12 снежня 2001 г.).

Літаратура

Archiwum Akt Nowych w Warszawie (AAN). Centralna Agencja Polska w Lozannie, pudło 102, k. 373. Wycinek prasowy z “Dziennika Polskiego” (25.04.1917 r.).

Archiwum Akt Nowych w Warszawie (AAN). Centralna Agencja Polska w Lozannie, pudło 102, k. 599. Wycinek prasowy z “Dziennika Polskiego” (25.10.1917 r.).

Archiwum Akt Nowych w Warszawie (AAN). Centralny Komitet Obywatelski w Piotrogrodzie, sygn. 494, k. 30.

Archiwum Akt Nowych w Warszawie (AAN). Polska Komisja Historii Partii przy CK WKP(b) 1925–1929 (PKHP), sygn. 60/VI. Wycinek prasowy z “Gazety Polskiej” (05(18).04.1917 r.).

Archiwum Akt Nowych w Warszawie (AAN). Polska Komisja Historii Partii przy CK WKP(b) 1925–1929 (PKHP), sygn. 60/VI, k. 100. Wycinek prasowy z “Gazety Polskiej” (10.05.1917 r.).

Archiwum Akt Nowych w Warszawie (AAN). Polska Komisja Historii Partii przy CK WKP(b) 1925–1929 (PKHP), sygn. 60/VI, k. 100. Wycinek prasowy z “Echa Polskiego” (17.08.1917 r.).

Archiwum Akt Nowych w Warszawie (AAN). PPS-Lewica, sygn. 14/VIII-10, k. 38–40. Protokół zebrania sekcji PPS-Lewicy w Mohylewie (21.01.1918 r.).

Archiwum Akt Nowych w Warszawie (AAN). Przedstawicielstwo Rady Regencyjnej Królestwa Polskiego w Rosji, sygn. 64, k. 19. Wycinek z “Dziennika Narodowego”.

Archiwum Akt Nowych w Warszawie (AAN). Przedstawicielstwo Rady Regencyjnej Królestwa Polskiego w Rosji, sygn. 66, k. 1. Wycinek z “Dziennika Narodowego” (21.01.1918 r.).

Archiwum Akt Nowych w Warszawie (AAN). Rada Polska Zjednoczenia Międzypartyjnego, sygn. 392/2.

Archiwum Akt Nowych w Warszawie (AAN). Rada Polska Zjednoczenia Międzypartyjnego, sygn. 392/2, s. 7. Pismo Wojskowego Komissara Wriemiennogo Komitieta… (29.09.1917 r.).

Archiwum Państwowe w Krakowie (APK). Naczelny Komitet Narodowy, sygn. 45.

Biblioteka Narodowa w Warszawie (BN). T.Rakusa – Suszczewski. Wspomnienia. Kronika życia autora. Сz. 1. Lata 1903–1928. Аkc. 12626/1.

Biblioteka Narodowa w Warszawie. M.Świacka z Donimirskich. Wspomnienia. Аkc. 10629.

Biblioteka Zakładu Narodowego im. Ossolińskich we Wrocławiu, sygn. 14116/II. A.Doruchowski. Wspomnienia rolnika-ekonomisty, jego dzieje, życie i praca. T. 2.

Centralne Archiwum Wojskowe w Warszawie (CAW). Formacje wschodnie, sygn. 122.2.61, bp. Wriemiennoje prawiła o proizwodstwije wyborow… (21.05.1917 r.).

Centralne Archiwum Wojskowe w Warszawie (CAW). Formacje wschodnie, sygn. 122.99.14, k. 86. List do gen. Dowbór-Muśnickiego (19.11.1917 r.).

Glinka W. Pamiętnik wielkiej wojny. Warszawa, 1927. Т. 2. Сz. 4.

Jankowski M. O organizacji robotniczej // Nowy Kurier Litewski. 11(24).03.1917 r. № 67.

Kandydaci do Konstytuanty w Mohylowskiem // Echo Polskie. 10.11.1917 r. № 257.

Korespondencje: Mohylów // Trybuna. 26.08.(08.09).1917 r. № 13.

Korzeniowski M. Na wygnańczym szlaku: (Działalność Centralnego Komitetu Obywatelskiego na Białorusi w latach 1915–1918). Мonografia w druku (2001).

Krzyżanowski A., Kumaniecki K. Statystyka Polski. Kraków, 1915.

Leliwa A. Listy z Mohylewa // Głos Polski. 30.08.(12.09).1915 r. № 35.

Mohylów-Litewski // Robotnik w Rosji. 10.03.1918 r. № 8.

Nacyjanalny Archiw Biełarusi w Mińsku (NAB), f. 60, op. 3, d. 363, k. 2. Wycinek prasowy z “Minskoj gaziety” (01.01.1918 r.).

Nacyjanalny Archiw Biełarusi w Mińsku (NAB), f. 616, op. 1, d. 1, k. 33–34. Postanowlenije Wriemiennogo Prawitielstwa o proizwodstwije wyborow głasnych gorodskich dum i uczastkowych gorodskich uprawlenij… (15.04.1917 r.).

Nacyjanalny Archiw Biełarusi w Mińsku (NAB), f. 616, op. 1, d. 9, k. 197. Proszenije władielnicy imienija Marcinowiczi, min. uj. Kazimiery Klukowskoj… (05.1917 r.).

Nacyjanalny Archiw Biełarusi w Mińsku (NAB), f. 863, op. 1, d. 2, k. 293. Spisok kandidatow w Uczrieditielnoje Sobranije ot Mogilewskoj Gubiernskoj Polskoj Rady.

Nacyjanalny Archiw Biełarusi w Mińsku (NAB), f. 863, op. 1, d. 2, k. 297. Lista kandydatów do Zebrania Ustawodawczego wystawiona przez Gubernialną Radę Polską Ziemi Mohylewskiej.

Nacyjanalny Histaryczny Archiw Biełarusi w Mińsku (NHAB), f. 2001, op. 1, d. 2127, k. 1. CKO Mogilewskogo Okruga Mogilewskomu Gubiernatoru… (04.02.1917 r.).

Odezwa Mohylewskiego Komitetu Polskiego // Abramowicz L. Problem Litwy podczas wojny: (Zbiór dokumentów, uchwał, odezw i t.p.). Warszawa, 1918.

Protest // Wygnaniec. 07(20).01.1918 r. № 1.

Referat Jerzego Zdziechowskiego // Sumienie. 1918. № 1.

Sprawozdanie ze zjazdu w Mohylowie // Dziennik Miński. 05(18).07.1917 r. № 4.

Tworkowski S. Krzyż Dowbora: (Wybór opowiadań o zmaganiach Polaków w I i II wojnie światowej). Londyn, 1986.

Uchwały Zjazdu delegatów polskich Ziemi Mohylewskiej z d. 8–10 czerwca 1917 r. // Dziennik Miński. 05(18).07.1917 r. № 6.

Wrzosek M. Polski Związek Demokratyczny w Mińsku na Białorusi w 1917 r. // Kwartalnik Historyczny. 1970. T. 77, zesz. 2.

Wybory do Rady Miejskiej w Mohylowie // Dziennik Miński. 30.07.(12.08).1917 r. № 26.

Z polskiego ruchu demokratycznego // Echo Polskie. 05.07.1917 r. № 156.

Z Prowincji // Nowy Kurier Litewski. 15(28).03.1917 r. № 71.

Z życia prowincji // Nowy Kurier Litewski. 06(19).06.1917 r. № 136.

Z życia wygnańczego // Polak – Katolik. 24.09.1917 r. № 1.

Zgorzelski C. Przywołane z pamięci. Lublin, 1996.

Вараб’ёў А. Палякі горада Магілёва і Магілёўскай губерніі ў палітычных падзеях 1917 года // Край – Kraj: (Дыялог на сумежжы культур) // Рэд. А.Агееў, Я.Іваноў. Магілёў, 2000.

Выбары да Гарадской Думы ў Рагачове Магілёўскай губерніі // Вольная Беларусь. 30.08.1917 г. № 17.


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Магілёўскага Таварыства БРАМА
 кантакт: epostbox@tut.by

 

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія