БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

ПУБЛІКАЦЫІ МАГІЛЁЎСКАГА ТАВАРЫСТВА БРАМА НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
КРАЙ - KRAJ 1-2 / 2002

УДЗЕЛ ПАЛЯКАЎ У ДЗЯРЖАЎНЫМ, ЭКАНАМІЧНЫМ І КУЛЬТУРНЫМ ЖЫЦЦІ БЕЛАРУСІ: (1920–1930)*

Аркадзь ЛЕЙЗЕРАЎ
(Мінск)




Абсалютную большасць насельніцтва Беларускай Рэспублікі пасля яе ўтварэння складалі беларусы (80,6 %). Шматлікія групы таксама складалі яўрэі (8,9 %), рускія (7,4 %) і палякі (1,96 %). Гэтая акалічнасць знайшла сваё адлюстраванне ў Асноўным Законе рэспублікі, прынятым у 1919 годзе. Ён устанавіў, што Рэспубліка, “прызнаючы роўныя правы грамадзян незалежна ад іх расавай і нацыянальнай прыналежнасці, аб’яўляе, што ўстанаўленне або дапушчэнне якіх-небудзь прывілей ці пераваг на гэтай аснове, а таксама якое б ні было прыгнятанне нацыянальных меншасцей ці абмежаванне іх раўнапраўя супярэчаць асноўным законам рэспублікі”.

Сфармуляваная такім чынам нацыянальная палітыка хутка атрымала адну са сваіх праяў у сферы дзяржаўнага будаўніцтва. Быў створаны рэспубліканскі орган – Нацыянальная камісія Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта БССР, на якую, сярод іншых функцый, было ўскладзена вырашэнне ўсіх пытанняў, звязаных з нацыянальнымі Саветамі. Камісія мела сваіх упаўнаважаных пры павятовых выканкамах. Пачалося ўтварэнне нацыянальных саветаў, у тым ліку і польскіх.

Абвешчанае Асноўным Законам раўнапраўе ўсіх нацыянальнасцей найлепшым чынам паспрыяла жыццю народаў Беларусі. Выключна высокай стала актыўнасць нацыянальных меншасцей ва ўсіх сферах жыцця рэспублікі, асабліва ў палітычнай.

Актыўным быў удзел палякаў у рабоце органаў дзяржаўнай улады і кіравання. Прычым гэты ўдзел быў вельмі значным на ўсіх узроўнях прадстаўнічай сістэмы – ад вышэйшых да мясцовых органаў улады і кіравання. Сярод дэлегатаў VI-га Усебеларускага з’езда Саветаў палякі складалі 3,4 %, сярод дэлегатаў VIII Усебеларускага з’езда Саветаў – 4,5 % (гл. БЕЛОРУССКАЯ ССР В ЦИФРАХ 1929: 30). У складзе дэлегатаў павятовых з’ездаў Саветаў (у 1923–1924 гадах) палякаў было 2,5 % (гл. СТАТЫСТЫЧНЫ ШТОГОДНIК 1925: 418–421). На акруговых з’ездах Саветаў (1925 г.) доля палякаў сярод дэлегатаў была роўнай 2,8 % (гл. СТАТЫСТЫЧНЫ ШТОГОДНIК 1926: 148–151, 162-163).

У Цэнтральным Выканаўчым Камітэце БССР VI склікання палякамі былі 8,0 % членаў, а VIII склікання – 4,4 % (гл. АСНОЎНЫЯ ВЫНIКI 1928: 11). Доля палякаў у складзе павятовых выканаўчых камітэтаў (у 1923–1924 гадах) была роўнай 3,4 % (гл СТАТЫСТЫЧНЫ ШТОГОДНIК 1925: 418–421), у складзе акруговых выканаўчых камітэтаў (у 1927 годзе) – 3,5 % (гл. СТАТЫСТЫЧНЫ ШТОГОДНIК 1927: 166–167). Сярод членаў раённых выканаўчых камітэтаў палякаў было ў 1925 годзе – 1,5 %, у 1926 годзе – 2,5 %, у 1927 годзе – 3,1 % (гл. АСНОЎНЫЯ ВЫНIКI 1928: 10), у складзе членаў акруговых выканаўчых камітэтаў у 1925 годзе – 2,6 %, у 1927 годзе – 3,8 % (гл. ПРАКТЫЧНАЕ ВЫРАШЭННЕ 1928: 32). Шырока былі прадстаўлены палякі і ў гарадскіх Саветах. У 1925 годзе іх было 3,2 %, у 1926 годзе – 2,2 %, у 1927 годзе – 2,5 % (гл. ПРАКТЫЧНАЕ ВЫРАШЭННЕ 1928: 32). Пры гэтым адзначаліся якасныя ваганні паміж складам асобных гарадскіх Саветаў. Напрыклад, у Барысаўскім іх было 4,7 %, у Віцебскім – 3,4 %, а ў Гомельскім – 0,8 % (гл. СТАТЫСТЫЧНЫ ШТОГОДНIК 1928: 170–171), што, у цэлым, адлюстроўвала нацыянальны склад рэгіёнаў.

У складзе органаў дзяржаўнай улады асобных акруг доля палякаў была намнога вышэйшай за сярэднюю. Для прыкладу спынімся на Барысаўскай акрузе (у перыяд 1926–1927 гадоў). Сярод членаў выканаўчых камітэтаў сялянскіх Саветаў палякаў было 4,0 %, членаў раённых выканаўчых камітэтаў – 7,2 %, членаў прэзідыумаў гарадскіх Саветаў – 15,5 %, членаў гарадскіх Саветаў акруговых гарадоў – 5,8 %, сярод кіраўнікоў сялянскіх Саветаў палякаў было 1,9 %, дэлегатаў раённых з’ездаў Саветаў – 4,5 % (гл. ПРАКТИЧЕСКОЕ РАЗРЕШЕНИЕ 1928: 105–106).

Такім чынам, паўсюдна доля палякаў у органах улады была большай за іх долю ў складзе насельніцтва.

Заслугоўвае ўвагі той факт, што сярод палякаў-дэлегатаў Усебеларускіх з’ездаў Саветаў, членаў Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта БССР, членаў выканаўчых камітэтаў было нямала працоўных. Аднак у цэнтральным, акруговым савецкім і адміністратыўным апараце доля палякаў была істотна меншай.

Яркай старонкай у гісторыі польскага насельніцтва ў БССР быў іх удзел у працы польскіх нацыянальных Саветаў. Такія Саветы, як і саветы іншых нацменшасцей, сталі стварацца пасля рашэння аб гэтым у 1924 годзе на ІІ сесіі ЦВК БССР VI склікання. Колькасць іх увесь час павялічвалася. У 1925 годзе іх было 2 (гл. СТАШЭЎСКI 1927: 132), у 1926 годзе – 13, у 1927 годзе – 23 (гл. АСНОЎНЫЯ ВЫНIКI 1928: 17), а ў 1935 годзе ўжо 37 (гл. МАТЭРЫЯЛЫ К ДАКЛАДУ УРАДУ БССР 1935: 283–284). У 1932 годзе быў створаны Койданаўскі польскі раён. Нацсаветы ствараліся ў раёнах кампактнага пражывання палякаў і іх задачай, як і задачай іншых нацсаветаў, была абарона інтарэсаў нацменшасцей, садзейнічанне таму, каб было ліквідавана гаспадарчае, палітычнае, культурнае адставанне, якое засталося ў спадчыну ад мінулага.

Частка нацсаветаў была спачатку створана выключна па нацыянальнай прыкмеце. Выбаршчыкамі такіх Саветаў былі толькі грамадзяне адной вызначанай нацыянальнасці. Астатнія грамадзяне далучаліся да суседніх сельскіх Саветаў. Натуральна, гэта стварала нязручнасці і таму ў хуткім часе ў аснову ўтварэння нацсаветаў быў пакладзены выключна нацыянальна-тэрытарыяльны прынцып. Пры гэтым грамадзяне іншых нацыянальнасцей карысталіся актыўным і пасіўным правам падчас выбараў нацсавета. Гэта забяспечвала дастаткова поўнае прадстаўніцтва ў нацсаветах грамадзян усіх нацыянальнасцей. У 1928 годзе палякі складалі ў адпаведных нацсаветах 84,2 % складу дэпутатаў.

Практыка паказала, што палітычнае, гаспадарчае і культурнае жыццё на тэрыторыі, ахопленай нацсаветамі, развівалася хутчэй, чым на астатняй тэрыторыі Беларусі.

Праца нацыянальных Саветаў пастаянна знаходзілася ў полі зроку вышэйшых органаў дзяржаўнай улады рэспублікі – Усебеларускіх з’ездаў Саветаў, цэнтральнага Выканаўчага Камітэта і яго Прэзідыума.

Нельга не адзначыць і такі факт. У Цыркуляры Народнага Камісарыята Унутраных Спраў (у 1925 годзе), які кіраваў арганізацыйнай работай мясцовых Саветаў, было ўказана на недапушчальнасць таго, што ў асобных нацсаветах не прымаюць, а калі і прымаюць, то не разглядаюць заявы грамадзян, якія пададзены на польскай і яўрэйскай мовах. У дакуменце падкрэслівалася, што гэтыя мовы з’яўляюцца ў рэспубліцы раўнапраўнымі, і таму патрабаванне работнікаў апарата падаваць заявы на рускай мове, з’яўляюцца недапушчальнымі. Акрамя таго, прапаноўвалася ўвесці ў апарат работнікаў, якія валодаюць адпаведнымі мовамі (гл. ПРАКТИЧЕСКОЕ РАЗРЕШЕНИЕ 1928: 127–129).

Аб значных поспехах сацыяльна-эканамічнага будаўніцтва на тэрыторыях нацыянальных Саветаў гаварылася ў дакладзе кіраўніка Савета Народных Камісараў БССР М.М.Галадзеда на ХІ Усебеларускім з’ездзе Саветаў (гл. ІХ УСЕБЕЛАРУСКI З’ЕЗД 1929: 70). Яшчэ раней гэта адзначалася ў матэрыялах аб масавай рабоце Саветаў, падрыхтаваных да даклада на ІІІ сесіі ЦВК БССР у 1928 годзе. Там жа ўказвалася на неабходнасць правядзення дадатковых мераў з мэтай забеспячэння інтарэсаў нацменшасцей (гл. МАСАВАЯ РАБОТА САВЕТАЎ 1928: 97).

ІІІ з’езд Саветаў СССР на аснове ўважлівага вывучэння практыкі абаснаваў тэзіс аб тым, што палітыка ў нацыянальным пытанні цалкам апраўдала сябе і аказала вялізны ўплыў на ўмацаванне краіны, а таксама тэзіс аб неабходнасці далейшага развіцця нацыянальнай палітыкі. Звяртае на сябе ўвагу пункт 11 Пастановы з’езда, у якім лічылася абавязковым даступнае выкладанне нарматыўных актаў органаў дзяржулады, для чаго яны павінны друкавацца на мовах нацменшасцей (гл. МАСАВАЯ РАБОТА САВЕТАЎ 1928: 97).

Прэзідыум Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта рэспублікі ў сваёй пастанове ад 10 лістапада 1927 года “Аб працы нацыянальных Саветаў” слушна адзначыў, што “арганізацыя нацыянальных Саветаў з боку палітычнага і практычнага цалкам сабе апраўдала”. Прэзідыумы прыйшлі да высновы, што нацсаветы з’яўляюцца арганізацыйнымі цэнтрамі ў рабоце з нацменшасцямі і той базай, дзе ў найбольш спрыяльных умовах развіваецца гаспадарчае і культурнае будаўніцтва пры актыўным удзеле насельніцтва нацменшасцей. Прэзідыум адзначыў гаспадарчыя поспехі, перажыткі нацыянальнай варожасці, перавод большай часткі школ на мову адпаведнай нацыянальнасці, пашырэнне сеткі нацыянальных клубаў, хат-чытальняў.

Ва ўсіх без выключэння нацсаветах у цэнтры іх увагі былі пытанні гаспадарчага і культурнага будаўніцтва: пасяўныя кампаніі, рамонт мастоў і дарог, размеркаванне лесаматэрыялаў, пытанні асветы і інш.

На вельмі высокім узроўні была і арганізацыйна-масавая работа. Так, у большасці нацсаветаў пленумы склікаліся кожныя 1,5–2 месяцы, а ў некаторых – штомесячна. Паседжанні прэзідыумаў склікаліся адзін-два разы на месяц. Ва ўсіх нацсаветах былі створаны пастаянныя камісіі (секцыі), якія дзейнічалі вельмі эфектыўна. Высокай была яўка членаў Савета на пленумы – ад 70,0 % да 80,0 %. Яўка на паседжанні прэзідыумаў была звычайна поўнай. Сістэматычна праводзіліся справаздачы нацсаветаў перад насельніцтвам.

Цікава адзначыць, што ва ўжо згаданай пастанове ад 10 лістапада 1927 года Прэзідыум ЦВК БССР абавязаў Нацыянальную камісію і Арганізацыйны аддзел Прэзідыума ЦВК да пачатку перавыбараў Саветаў і не пазней за 15 студзеня 1928 года грунтоўна вывучыць пытанне аб далейшай арганізацыі нацсаветаў, прычым пры арганізацыі зыходзіць з нацыянальна-тэрытарыяльнага прынцыпу, забяспечыць у гэтых Саветах прадстаўніцтва і іншых нацыянальнасцей, якія жывуць на тэрыторыі Саветаў (гл. МАСАВАЯ РАБОТА САВЕТАЎ 1928: 97).

З мэтай уцягнення нацменшасцей у актыўнае палітычнае жыццё Прэзідыум ЦВК БССР пастаянна скіроўваў увагу на іх удзел у выбарчых кампаніях. Напрыклад, у лістападзе 1927 года ён накіраваў усім акруговым, раённым выканкамам Цыркуляр “Аб уцягненні шырокіх мас працоўных нацменшасцей у перадвыбарчую кампанію”. Цыркуляр, у прыватнасці, абавязваў выканкамы ствараць нацыянальныя выбарчыя і справаздачныя ўчасткі ў месцах з большасцю насельніцтва, якое належыць да нацменшасцей. Пры гэтым асабліва падкрэслівалася, што справаздачныя даклады і выбары трэба праводзіць на мове адпаведнай нацыянальнасці. Прываблівае таксама дадатак Цыркуляра, які абавязваў мясцовыя ўлады пры правядзенні перадвыбарчай кампаніі вывучыць патрэбы працоўных нацменшасцей і праблемы міжнацыянальных адносін.

Выключна важнае значэнне для далейшага ўтварэння нацсаветаў і паляпшэння іх работы мела Канстытуцыя БССР 1927 года. Яна развіла агульныя палажэнні Канстытуцыі рэспублікі 1919 года аб роўнасці нацыянальнасцей. Разам з гэтым яна ўтрымлівала шэраг нормаў прамой дзейнасці. У артыкуле 15 Асноўнага Закону было прызнана за ўсімі грамадзянамі права карыстання роднай мовай на з’ездах, у судзе, кіраванні і ў грамадскім жыцці. Нацменшасцям забяспечвалася рэальнае права адукацыі ў школе на роднай мове. У дзяржаўных і грамадскіх установах, арганізацыях усталёўвалася поўнае раўнапраўе беларускай, польскай, яўрэйскай і рускай моў. Было вызначана, што найважнейшыя заканадаўчыя акты павінны друкавацца на беларускай, польскай, яўрэйскай і рускай мовах.

Вышэйшыя органы дзяржаўнай улады рэспублікі разглядалі стварэнне нацсаветаў як пачатак дынамічнага працэсу. Так, у прыватнасці, было адзначана ў дакладзе Прэзідыума ЦВК БССР на ІІІ-й сесіі ЦВК БССР ІХ склікання 18 верасня 1928 года. Намеры дзяржаўнага кіраўніцтва рэспублікі ярка ілюструюць факт стварэння ў 1931 годзе рэспубліканскіх курсаў (разлічаных на 55 чалавек) для падрыхтоўкі кіраўнікоў нацсаветаў (гл. МАТЭРЫЯЛЫ СПРАВАЗДАЧЫ УРАДУ 1931: 10).

З шэрагу дакументаў дзяржаўных органаў бачна, што працэс утварэння нацсаветаў быў разлічаны на працяглы час. Аднак ужо ў кастрычніку 1934 года, г.зн. праз 13 месяцаў пасля ўтварэння апошняга нацсавета, пачалася іх ліквідацыя. Апошні акт аб ліквідацыі апошняга нацсавета адносіцца да 20 красавіка 1939 года.

Абсалютная большасць актаў, якімі скасоўваліся і рэарганізоўваліся нацсаветы, не была матываванай. Толькі асобныя з іх ўтрымлівалі такі матыў, як “большасць сялян размаўляе на беларускай мове” або “сяляне чытаюць толькі беларускія газеты”.

Некаторыя акты ўтрымлівалі сцвярджэнні, якія напісаны на ўзроўні тлумачэнняў участковага ўпаўнаважанага міліцыі. Так, у пастанове Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР 1938 года (№ 1) гаворыцца: “Аб ліквідацыі Паташынскага нацыянальна-польскага сялянскага Савета Хойніцкага раёна як шкодніцка арганізаванага (артыкул 31).” Такія самыя “тонкасці” ўтрымліваліся і ў шэрагу іншых актаў.

Нельга не адзначыць, што пачатак ліквідацыі нацсаветаў супаў па часе з пачаткам новага ўздыму сталінскага тэрору. Менавіта да гэтага часу адносяцца падзеі, звязаныя з забойствам С.М.Кірава, якое мела, як вядома, далёкія наступствы.

Нацыянальныя Саветы сталі прыкметнай з’явай у дзяржаўным будаўніцтве Беларускай ССР. На вялікі жаль, іх узнікненне, дзейнасць і знішчэнне не сталі прадметам навуковых даследаванняў як у перадваенныя, так і ў пасляваенныя гады. Пытанне аб нацсаветах на працягу доўгіх гадоў упарта абміналася ў даследаваннях па гісторыі савецкага перыяду ў гісторыка-прававых працах. Толькі ў асобных публікацыях нацсаветам адводзілася некалькі радкоў. Параўнальна вялікую ўвагу ўдзяляў нацсаветам А.А.Галаўко ў брашуры “Канстытуцыя сапраўднага народаўладдзя” (Мінск, 1979).

На вялікі жаль, брашура не пазбаўлена аўтарскіх інсінуацый. Так, А.А. Галаўко сцвярджае, што нацсаветы на Беларусі “праіснавалі нядоўга, так як не апраўдалі сябе” (стар. 29–30). З гэтым аніяк нельга пагадзіцца. Нацыянальныя Саветы працавалі на працягу 16 гадоў міжваеннага перыяду. Такі перыяд назваць нядоўгім ніяк нельга. І немагчыма пагадзіцца з аўтарам папулярнай брашуры, што нацсаветы быццам “не апраўдалі сябе”.

Паказальна, што аўтар не прыводзіць ніводнага доказу дзеля абаснавання сваёй думкі. Ні ў адным з кіруючых дакументаў дзяржаўных органаў таго часу не ўтрымліваецца нават невялічкага намёку на падобны вынік. Асабістых даследаванняў аўтар не прыводзіў. Нельга пагадзіцца з ім і ў тым, што стварэнне нацсаветаў уяўляла сабой “пошук у вырашэнні пытанняў нацыянальна-дзяржаўнага будаўніцтва” (стар. 30). У дадзеным выпадку размова ішла не аб кароткачасовым пошуку, а аб устойлівай тэндэнцыі ў нацыянальнай палітыцы рэспублікі.

Вельмі значным быў удзел палякаў у эканамічным жыцці рэспублікі. Іх доля сярод працоўных найбольш развітых у той час галінаў прамысловасці была, як правіла, большай за іх долю ў складзе насельніцтва. Напрыклад, на 1 мая 1924 года палякі складалі сярод папернікаў 8,8 %, дрэваапрацоўшчыкаў – 8,3 %, гарбароў – 3,2 %, металістаў – 7,17 %, друкароў – 1,7 %, харчавікоў – 28,6 %, будаўнікоў – 2,7 %, тэкстыльшчыкаў – 5,6 %, хімікаў – 2,3 %, швейнікаў – 0,3 % (гл. ПРАКТЫЧНАЕ ВЫРАШЭННЕ 1928: 21).

На 1 мая 1924 года сярод членаў дзесяці найбуйнейшых прафесійных саюзаў Беларусі палякаў было 7,3 %. Натуральна, што і сярод членаў выбарчых органаў прафсаюзаў польскае насельніцтва было прадстаўлена шырока. Так, у 1925 годзе ў складзе Цэнтральнага савета прафесійных саюзаў Беларусі іх было 2,9 %, у 1926 годзе ў складзе яго Прэзідыуму – 5,9 %, акруговых саветаў прафесійных саюзаў – 6,0 %, у райпрафбюро – 4,4 %, у цэнтральных кіраўніцтвах прафсаюзаў – 3,7 %, у фабрычна-заводскіх камітэтах – 3,1 % (гл. ПРАКТЫЧНАЕ ВЫРАШЭННЕ 1928: 22).

Палякі ўдзельнічалі ў працы з’ездаў прафсаюзаў. Для прыкладу можна абмежавацца рэспубліканскімі з’ездамі, якія адбыліся ў 1925 годзе. Палякаў сярод дэлегатаў з’езда саюзаў дрэваапрацоўшчыкаў было 5,3 %, саюза гарбароў – 1,3 %, саюза папернікаў – 15,9 %, саюза медыка-санітарных працаўнікоў (“Медсанпраца”) – 2,4 %, саюза савецкіх гандлёвых служачых – 0,8 %, саюза працаўнікоў саматужнай прамысловасці – 1,2 % (гл. СТАТЫСТЫЧНЫ ШТОГОДНIК 1926: 169).

Рэспубліканскія і мясцовыя органы ўлады і кіравання Беларусі шмат рабілі для арганізацыі сістэмы народнай адукацыі, арганізацыі культурнага жыцця польскай нацыянальнай меншасці.

Да кастрычніка 1917 года на тэрыторыі будучай беларускай рэспублікі наогул не было польскіх школ. У 1925 годзе іх было ўжо 98, у 1926 годзе – 111, у 1927 годзе – 138. Адначасова павялічвалася колькасць беларускіх школ, у якіх як прадмет выкладалася польская мова. У 1926 годзе гэтых школ было 79, а ў 1927 годзе – 93. Былі прыняты меры для забеспячэння школ выкладчыкамі польскай мовы. З гэтай мэтаю ў 1923 годзе ў Мінску быў адкрыты Польскі педагагічны тэхнікум, а ў 1926 годзе – двухгадовыя курсы настаўнікаў польскай мовы (у 1927 годзе – яшчэ адны такія курсы). З 1925 года ў Беларускім педагагічным тэхнікуме ў Мінску было ўведзена выкладанне польскай мовы як прадмета з мэтай падрыхтоўкі настаўнікаў для работы ў беларуска-рускіх школах з выкладаннем польскай мовы.

У Мінску і Віцебску працавалі два польскіх клубы, а ў сельскай мясцовасці – 24 польскія хаты-чытальні. З 1926 года пачала выходзіць на польскай мове рэспубліканская газета. У Мінску працавала польскае кнігавыдавецкае таварыства “Культура”. У 1927 годзе з утварэннем Інстытута Беларускай культуры (Інбелкульта) пры ім быў створаны польскі сектар, які праводзіў значную навуковую работу.

Польская грамадскасць заўсёды ўдзяляла вялікую ўвагу пытанням развіцця нацыянальнай палітыкі. Вось, напрыклад, прынятая ў сакавіку 1926 года з’ездам сялян-палякаў праграма. З’езд палічыў неабходным: працягваць арганізацыю польскіх сялянскіх Саветаў; павялічыць сетку польскіх школ, забяспечыць іх падручнікамі, школьнымі дапаможнікамі; забяспечыць новыя польскія школы адпаведнымі пабудовамі; прыняць на ўтрыманне акруговых аддзелаў асветы тыя польскія школы, якія ўтрымліваюцца самім насельніцтвам; імкнуцца да стварэння ў кожнай акрузе польскай сямігодкі з інтэрнатам; пераўтварыць польскія сельскія школы з двух у чатырохкамплектныя; прыняць энергічныя меры да павелічэння колькасці настаўнікаў-палякаў і да павышэння іх кваліфікацыі; у беларускіх школах па патрабаванні насельніцтва і па меры неабходнасці ўводзіць польскую мову як прадмет; арганізаваць польскую сельскагаспадарчую школу для сялянскай моладзі, а таксама зімнюю кароткатэрміновую школу для дарослых сялян. У наступных гадах гэта праграма была выканана.

Пераклаў з рускай мовы
Алесь ДОЎГІ
© МТ “Брама”, 2002

SUMMARY

Arcady LEIZEROV

THE PARTICIPATION OF THE POLISH NATIONAL MINORITY IN THE STATE, ECONOMIC AND CULTURAL LIFE OF BELARUS: (1920-1930)

The article centres round positive consequences of “Law on equality of national minorities” adopted in the USSR which caused the increasing influence of the Polish national minority on the political, social and economic life of Belarus, and preserved national culture of the Polish population in the republic. . The analysis is supplemented with statistical data.

РЕЗЮМЕ

Аркадий ЛЕЙЗЕРОВ

УЧАСТИЕ ПОЛЬСКОГО НАЦИОНАЛЬНОГО МЕНЬШИНСТВА В ГОСУДАРСТВЕННОЙ, ЭКОНОМИЧЕСКОЙ И КУЛЬТУРНОЙ ЖИЗНИ БЕЛАРУСИ: (1920–1930)

Проанализированы позитивные последствия принятия в СССР “Закона о равноправии национальных меньшинств”, который способствовал увеличению влияния польского национального меньшинства на политическую, социальную и экономическую жизнь Беларуси, а также сохранению национальной культуры польского населения Беларуси. Анализ основан на статистических данных.


* © Аркадий ЛЕЙЗЕРОВ. Участие поляков в государственной, экономической, культурной жизни Беларуси: (1920–30-е годы). Минск, 2000. Напісана спецыяльна для часопіса “КРАЙ = KRAJ” (даслана ў рэдакцыю 27 кастрычніка 2000 г.). Надрукавана таксама на рускай мове, гл.: Нацыянальныя пытанні: Матэрыялы ІІІ Міжнароднага кангрэса беларусістаў “Беларуская культура ў дыялогу цывілізацый” (Мінск, 21–25 мая, 4–7 снежня 2000 г.) / Рэдкал.: Э. Дубянецкі (гал. рэд.) і інш. Мінск, 2001. С. 193–201 (Беларусіка = Albaruthenica; Кн. 22).

Літаратура

Асноўныя вынiкi работы Ураду БССР: (Да перавыбараў Саветаў): (1928–1929). Мiнск, 1928.

Белорусская ССР в цифрах: (К 10-летию существования БССР): 1919–1929. Минск, 1929.

ІХ Усебеларускi з’езд рабочых, сялянскiх i чырвонаармейскiх дэпутатаў. Мiнск, 1929.

Масавая работа Саветаў Беларускай ССР: Матэрыялы да дакладу на Х сэсii ЦВК БССР VIII склiкання. Мiнск, 1928.

Матэрыялы к дакладу Ураду БССР XI Усебеларускаму з’езду Саветаў. Мінск, 1935.

Матэрыялы справаздачы Ураду з’езду Саветаў БССР. Мiнск, 1931.

Практическое разрешение национального вопроса в Белорусской Советской Социалистической Республике. Ч. 2: На основе данных Национальной Комиссии ЦИК БССР. Минск, 1928.

Практычнае вырашэнне нацыянальнага пытання ў Беларускай Савецкай Сацыялiстычнай Рэспублiцы: (Да Х гадавiны Кастрычнiцкай рэвалюцыi). Ч. 1. Мiнск, 1928.

Статыстычны штогоднiк = Статистический ежегодник: (1923–1924). Минск, 1925.

Статыстычны штогоднiк = Статистический ежегодник: (1924–1925). Минск, 1926.

Статыстычны штогоднiк = Статистический ежегодник: (1925–1926). Минск, 1927.

Статыстычны штогоднiк = Статистический ежегодник: (1927). Минск, 1928.

Сташэўскi […]. Дзейнасць Саветаў рабочых, сялянскiх i чырвонаармейскiх дэпутатаў // Савецкае будаўнiцтва = Советское строительство. Мінск, 1927. № 5.


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Магілёўскага Таварыства БРАМА
 кантакт: epostbox@tut.by

 

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія