|
ВІЛЬНЯ – КАЛЫСКА ПОЛЬСКАГА РАМАНТЫЗМУ*
Арнольдас ПЫРАЧКІНАС
(Вільня)
Калі Адам Міцкевіч напачатку сакавіка 1822 года прапанаваў гаспадару кнігарні і друкарні ў Вільні Юзафу Завадскаму выдаць першую кніжку сваёй паэзіі, той кіўнуў на кнігі, якія абрасталі пылам на паліцах: “А ці варта далучаць яшчэ адну?” І заўважыў: “Паэзія, як вядома, ствараецца не ў Вільні, а ў Варшаве”. Так асцярожны выдавец не толькі пакпіў з прэтэнзій юнака, але і акрэсліў рэальнае становішча, якое склалася ў польскай літаратуры: сапраўды, моду ў паэзіі ў той час вызначала Варшава.
Такой ці аналагічнай гэтай думкай кіраваўся не адзін Ю.Завадскі. Перш чым вырашыць, як адмовіць юнаму паэту, ён раіўся з вельмі ўплывовым і дзейсным настаўнікам рыторыкі, паэзіі і літаратуры Віленскай гімназіі Ігнасем Шыдлоўскім, які сам лоўкім пяром пісаў вершы і друкаваў іх у віленскіх часопісах. Меркаванне эпігона псеўдакласіцызму не магло быць спрыяльным для зборніка Адама Міцкевіча. Відавочна, менавіта пад уздзеяннем негатыўнага водгуку Ю.Завадскі паспяшаўся адмовіцца выдаць кніжку на свае сродкі.
Такім сваім рашэннем выдавец нанёс ці не самую вялікую шкоду сваёй рэпутацыі знаўца паэзіі і літаратуры. У гэтым ён пераканаўся вельмі хутка, калі ягоная ж друкарня на сродкі, сабраныя паэтам і яго сябрамі-філаматамі, у красавіку выдала гэтую кніжку. Першы том міцкевічавай паэзіі, выдадзены не такім ужо і малым для тых часоў накладам у 500 асобнікаў, быў расхоплены імгненна. Творчасць паэта зацікавіла ўсіх: яго вершы чыталі і ў арыстакратычных салонах, і ў каморках прыслугі, чэлядзі, прычым не толькі ў Вільні ці Навагрудку, але і ў самой Варшаве. Такога ў гісторыі польскай літаратуры яшчэ не было. Не меншы поспех меў і другі том “Паэзіі”, які неўзабаве выйшаў ужо праз год.
Сёння, калі прайшло амаль 180 гадоў пасля з’яўлення першых двух тамоў вершаў Адама Міцкевіча, можна смела казаць, што гэта быў эпахальны пералом у польскай літаратуры – на сцэну літаратурнага жыцця выйшаў рамантызм. Вось як, згадваючы стагоддзе з часу выхаду першай кнігі “Паэзіі”, гэты пералом ахарактарызаваў Ян Дамброўскі: “1922 год, што зараз надышоў, – год юбілею з’явы, якую ў скарбонцы польскай культуры бясспрэчна можна лічыць эпахальнай. Сто гадоў таму з віленскага друкарскага станка ўпершыню сышоў зборнік вершаў Адама Міцкевіча. З гэтай даты пачынаецца эпоха рамантызму ў польскай паэзіі. Рэдка калі з такой строгай дакладнасцю можна фіксаваць храналогію духоўных рухаў” (Świat. 1922. № 1. S. 1).
Можна прывесці і іншыя меркаванні адносна даты нараджэння польскага рамантызму. Але ўсё ж і ў наш час вядомыя даследчыкі творчасці Адама Міцкевіча прытрымліваюцца той думкі, што 1822 год быў у польскай літаратуры гранічнай датай. Варта звярнуцца тут да думкі знанага літаратуразнаўцы, аўтаркі шэрагу вядомых даследаванняў творчасці Адама Міцкевіча і польскага рамантызму Аліны Віткоўскай, якую яна выказала ў выдадзенай у 1997 годзе працы “Рамантызм” (у сааўтарстве з Р.Пшыдыльскім): “Рамантычны пералом у Польшчы – усё ж сапраўдная эпоха: працягваецца амаль дзесяцігоддзе (1822–1830), калі фарміраваліся новыя літаратура і эстэтычная свядомасць. Гэты перыяд мае некалькі адметных рысаў, характэрных для сітуацыі літаратурнага пералому. Перш за ўсё ён мае свайго вялікага паэта – заканадаўцу прынцыпаў, творы якога вызначаюць напрамак і фарміруюць уяўленне пра новую літаратуру, таму год выдання першага томіка “Паэзіі” Адама Міцкевіча – 1822 – можна лічыць умоўнай датай інтранізацыі рамантызму” (стар. 207).
І сапраўды, калі звярнуцца да храналогіі польскіх твораў, якія запачаткавалі рамантызм, то “Паэзія” Міцкевіча тут першая. Неўзабаве, у 1823 годзе, віленскі паэт пашырыў прынцыпы рамантызму ў надрукаваных у другім томе “Паэзіі” творах – “Гражыне” і асабліва ў “Дзядах”. У 1825 годзе ў Варшаве з’явілася паэма Антона Малішэўскага “Марыя”, што дало пачатак так званай украінскай рамантычнай школе. 1828 год у гісторыі польскага рамантызму пазначаны тым, што ў Пецярбургу Адам Міцкевіч выдаў самую рамантычную сваю паэму “Конрад Валенрод”, а Севярын Гашчыньскі далучыў сваю паэму “Канеўскі замак”, выдадзеную таксама ў Варшаве, да так званай украінскай рамантычнай школы.
Маючы на ўвазе, што першы ўзор польскага рамантызму з’явіўся ў Вільні, міжволі ўзнікае пытанне: чаму так здарылася, што гэта распачалося не ў цэнтры польскага культурнага арэала – Варшаве, а на ўскраіне – у Вільні, можа нават было б дакладней – у этнаграфічнай Літве (Lituania propria)? На такое пытанне няма адказу ў даступнай мне літаратуры. Аднак рызыкоўна меркаваць, што ніхто з мноства польскіх літаратуразнаўцаў, якія даследавалі і даследуюць творчую спадчыну паэта, не спрабаваў задумацца над гэтым.
У вартым увагі артыкуле Бялянкі-Люфтовай “Роля тэрыторыі ў так званай украінскай школе” (Pamiętnik Literacki, R. XXXIII. 1936. S. 360–377) аўтарка, абапіраючыся на працы немца Надлера “Die berliner Romantik” (1921) і “Literaturgeschichte der deutschen Stämme und Landschaften” (Bd. I–II. 1912; Bd. III. 1918), даводзіць: “Рамантызм, які сапраўды заўсёды ўздымаў сцяг адраджэння нацыі і літаратуры, быў тварэннем памежных дзеячаў”. Гэтае сцвярджэнне падмацоўваецца пераканаўчымі прыкладамі. Менавіта пачынальнікі і карыфеі англійскага рамантызму ў большасці сваёй паходзілі менавіта з ускраін: Джэймс Макферсон і Вальтэр Скот былі шатландцамі, Георг Гордан Байран таксама меў шатландскую кроў, Томас Мор быў ірландзец. Пачынальнік французскага рамантызму (калі не будзем тут ім лічыць Жана Жака Русо, які паходзіў са Швейцарыі) Франсуа Рэне Шатабрыян нарадзіўся, вырас і шмат гадоў правёў у Брэтані. Славутыя прадстаўнікі нямецкага рамантызму, якія стварылі яго тэорыю, філасофію і паэзію, – філосафы XVIII стагоддзя Імануіл Кант, Ёган Готфрыд Гердэр і Ёган Георг Хаман (якія самавольна далучаны аўтаркай да шэрагу рамантыкаў) – прадстаўнікі Усходняй Прусіі, Фрыдрых Шлейермахер, Ёган Готліб Фіхтэ, Ёзаф фон Эйхендорф паходзілі з Сілезіі і населеных сербамі мясцовасцей, Людвік Цік, Ахім фон Армін – з Брандэнбурга, а браты Фрыдрых і Аўгуст Вільгельм Шлегелі – з Майзена (непадалёку ад Дрэздэна, каля Эльбы).
Факты – упартая рэч, але іншы раз яны не задавальняюць. Як і кожнае правіла, так і сцвярджэнне аўтаркі маюць свае выключэнні, якіх не прынялі да ўвагі, здаецца, ні Ё. Надлер, ні М. Бялянка-Люфтова. Напрыклад, наколькі я магу меркаваць, чэшскі рамантызм знайшоў сябе ў сталіцы, Празе, і быў выпеставаны паэтамі, якія нарадзіліся і выраслі тут, і, найперш, сапраўдным пражанінам Карэлам Гінекам Махам. Магчыма, знойдуцца і іншыя краіны, дзе рамантызм фарміраваўся ў цэнтры. Таму катэгарычна звязваць рамантызм толькі з памежжам усё ж такі вельмі рызыкоўна.
Разважаючы пра повязь нямецкіх рамантыкаў з рэгіёнамі, аўтарка не звярнула ўвагі на тое, што неабходна ўлічваць і набытак рамантыкаў, якія паходзілі з цэнтра, і час. Відаць, іх уплыў (Наваліса, Вільгельма Генрыха Вакенродэра, братоў Якаба і Вільгельма Грымаў, Ёзафа Генрыха Гёра і Людвіга Углянда) на нямецкі рамантызм з’яўляецца ці не болей значным, чым згаданых у памянёным артыкуле прадстаўнікоў перыферыі. Гэтыя прыклады значна паслабляюць моц сцвярджэння, якое навязваецца.
Аднак польскі рамантызм сапраўды ўзнік на ўсходніх памежжах (ускраінах польскага культурнага арэала): у Літве і на Украіне. Сярод яго заснавальнікаў няма творцаў ні з Варшавы, ні з Кракава (дарэчы, вельмі далёкага ад цэнтра), ні з Гнезна – з іншых мясцовасцей Заходняй Польшчы, якой у той час валодалі немцы. І гэта ўжо варта пэўнай ўвагі.
М.Бялянка-Люфтова, узвышаючы ролю ўскраін у развіцці польскай літаратуры, пакрочыла яшчэ далей, даводзячы, што “ў Польшчы не толькі эпоха рамантызму, але і кожны чарговы росквіт літаратуры з’яўляецца набыткам дзеячаў памежжа” (стар. 361 згаданай працы). Гэтую сваю выснову аўтарка аргументуе, выкарыстаўшы тлумачэнні Б.Хлябоўскага, быццам бы ў Польшчы духоўнае развіццё заўсёды інтэнсіўна вызначалася новымі каланізаванымі рэгіёнамі, якія ў гэтым сэнсе пераўзыходзілі старыя. Так адбылося ў ХVI стагоддзі, калі польская літаратура расквітнела ў каланізаваных усходніх абласцях Малой Польшчы, а напрыканцы XVI і напачатку XVII стагоддзя – у Чырвонай Русі, так было і ў пачатку XIX стагоддзя, калі фарміраваўся рамантызм у правінцыях Мазурыі і Літве. Кіруючыся такім довадам, М.Бялянка-Люфтова лічыць, што гэта было “аналагічна таму, як і ў іншых еўрапейскіх краінах назіраліся відавочныя прычынныя сувязі між лёсам памежных тэрыторый і нараджэннем рамантызму” (стар. 362).
Гэтай сувяззю сапраўды нельга грэбаваць, але, здаецца, у аналізуемым артыкуле яна некалькі спрошчаная, спрымітыўленая – залежнасць рамантызму ад паходжання яго творцаў з памежных тэрыторый Польшчы (дакладней было б – польскага культурнага арэала) выглядае некалькі механічнай. Аўтарцы (і Б.Хлябоўскаму) зусім не рупіць, што не заўсёды пераважае заканамернасць, быццам бы тое, што адбываецца пасля, ёсць вынік папярэдняга: трэба кіравацца прынцыпам post et non propier (пасля таго, але не ад таго, па прычыне таго).
Аднак жа трэба засведчыць, што каланізацыя ўскраін сапраўды спарадзіла навацыі ў польскай культуры.
А калі будзем мець на ўвазе толькі віленскі арэал, да якога далучым Коўна і Навагрудак, то ці можна на поўным сур’ёзе сцвярджаць, што ён з’яўляецца новым каланізаваным палякамі краем? Невядома, як М.Бялянка-Люфтова абыходзілася з прадстаўнікамі ўкраінскай рамантычнай школы, але Адам Міцкевіч, Тамаш Зан, Ян Чачот, Уладзіслаў Сыракомля (Людвік Кандратовіч), можа нават і Юзаф Ігнацы Крашэўскі ды мноства іншых, якія ў гістарычнай Літве нарадзіліся і выраслі, наўрад ці яны каланісты, прышэльцы з цэнтральных мясцін Польшчы, бо іх бацькі і продкі былі людзьмі гэтага краю. Калі казаць пра літаратурны напрамак, які прынеслі звонку ў Літву чужынцы, то гэта найлепш пасуецца да класіцызму. Яго выразныя прапагандысты і абаронцы ў Вільні якраз і былі народжаныя ў цэнтральнай частцы Польшчы (у Быдгашчанскім ваяводстве) – гэта Ян і Анджэй Снядэцкія, кракавянін Піліп Нярэўш Галянскі і інш. Класіцызм (дакладней было б – псеўдакласіцызм), відавочна, быў чужым для духу гэтага арэала, бо не ўзгадаваў ніводнага больш-менш значнага мясцовага літаратара.
Такім чынам, калі ўлічыць згаданыя з’явы, паўстае надта вялікае сумненне наконт свярджэння аўтаркі, быццам бы народжаны ў Віленскім рэгіёне рамантызм, пачынальнікам і творцам якога быў Адам Міцкевіч, – гэта культурная справа новых “крэсоўцаў”. У сапраўднасці ж “літоўскі” рамантызм – гэта свядомыя і падсвядомыя аўтахтонныя спробы зберагчы плён аўтэнтычных традыцыйных адметнасцей, якія бяруць выток у сівой мінуўшчыне. Сукупнасць такіх адметнасцей можна было б назваць духам краю. Бо толькі гэты дух, што не прыняў канонаў псеўдакласіцызму, якія навязваліся звонку, быў тым асяродкам, які выпеставаў рамантызм Адама Міцкевіча. Дух роднага краю паэт надзвычай востра адчуваў і дасканала выявіў у сваёй рамантычнай творчасці.
Два тамы міцкевічавай “Паэзіі”, што выйшлі ў 1822 і 1823 гадах, сталі сапраўдным маніфестам ідэй рамантызму, у якіх маладое пакаленне рашуча прадэманстравала новы погляд на жыццё і літаратуру. Той мяцеж моладзі выспяваў некалькі гадоў, толькі не адразу стала зразумелым, што псеўдакласіцызм і сентыменталізм, якія жылі ідэямі часоў Асветніцтва, ужо страцілі творчы імпульс, і патрэбны быў іншы метад, які б лепш адпавядаў запытанням эпохі. Нават Адам Міцкевіч пэўны час кіраваўся прынцыпамі класіцызму, але неўзабаве пераканаўся, што яны закрываюць прастору для яго творчых ідэй. Не выпадкова, што пачатую ў 1817 годзе трагедыю “Дэмасфен”, якая стваралася па рэцэптах трагедыі класіцызму, ён так і не змог завяршыць праз чатыры гады і ў 1821 годзе зусім кінуў яе – нават не захаваў напісаных фрагментаў. Падобнае здарылася і з паэмай “Бульба”, задума якой ўзнікла на першым курсе навучання ў Віленскім універсітэце, у 1815 годзе. Яшчэ ў пачатку мая 1821 года сябра паэта Ф.Малеўскі згадваў пра яе ў адным з лістоў, але Адам Міцкевіч у сваім адказе нічога пра твор не напісаў: відаць, ужо канчаткова адмовіўся ад намераў завяршыць яго.
Творчы крызіс, які ўзнік з-за расчаравання ў прынцыпах класіцызму, Адам Міцкевіч адчуў у 1819 годзе, на апошнім курсе універсітэта. Прычыны крызісу ён не зразумеў і, прыбыўшы ў Коўна, спадзяваўся засяродзіцца, а тады завяршыць і распачатыя працы, асабліва згаданую трагедыю і паэму (з чатырох задуманых яе песняў у Вільні была напісана першая). Аднак у Коўне ён прыняўся за інтэнсіўнае чытанне твораў Фрыдрыха фон Шылера і Ёгана Вольфганга фон Гётэ. Хаця гэтыя пісьменнікі і не былі рамантыкамі, але яны адкрылі маладому паэту новы свет пачуццяў і іх праявы. Можа і не так мяцежна, але не менш дзейсна разбураў стэрэатыпы, сфарміраваныя класіцызмам, і Вільям Шэкспір, з творчасцю якога Міцкевіч меў выпадак пазнаёміцца яшчэ першакурснікам, наведваючы пастаноўкі віленскага тэатра і слухаючы лекцыі па эстэтыцы, тэорыі паэзіі і красамоўству прафесара Л.Бароўскага. Так ці інакш, але сутнасць новага творчага метаду ён лепш здолеў спасцігнуць падчас свайго знаходжання ў Коўне. Драматургія Шылера і Шэкспіра дала яму падставу крытычна ацаніць пачатага “Дэмасфена”, а разам з усім і агульны стан сваёй творчасці.
Шылер, Гётэ і Шэкспір прывялі Міцкевіча да найбольш рамантычнага з паэтаў таго часу – Байрана, з творчасцю якога ён пазнаёміўся па французскіх і польскіх перакладах. Свой шлях да англійскага рамантыка ён так вызначыў у лісце да Ф.Малеўскага напрыканцы студзеня 1822 года: “Пасля германаманіі пачалася брытанаманія; праціскаўся са слоўнікам у руцэ праз Шэкспіра, як Евангельскі багацей праз вушка іголкі на неба. Затое цяпер Байран ідзе куды як лягчэй і ўжо вельмі далёка пакрочыў”. Шыллер фарміраваў тып міцкевічавай балады, а Байран – не вядомы датуль польскай літаратуры жанр паэтычнай аповесці (powieść poetycka), якую мы на літоўскую мову перакладаем (здаецца, не вельмі ўдала) тэрмінам “паданне”.
Міцкевіч ні ў якім разе не абмяжоўваў сябе згаданымі пісьменнікамі: у той жа час ён інтэнсіўна вывучаў размаітую навуковую літаратуру – працы па эстэтыцы, паэтыцы і інш. Шкада, што гэтая літаратура належным чынам не вывучана і не звязана з фарміраваннем рамантызму паэта. Усё ж нават пры павярхоўным разглядзе можна меркаваць, што ў тую пару Вільня і Коўна ў сэнсе інфармацыі не былі безнадзейнымі задворкамі, дзе паэт не мог сачыць за найноўшымі літаратурнымі ідэямі і найбольш значнымі творчымі ўзорамі. У Варшаве і Кракаве сапраўды такой літаратуры было болей – там яна магла прыйсці да паэта месяцам ці паўгодам раней. Аднак яму, юнаку надзвычай дасціпнага розуму, і таго, што атрымліваў у Літве, поўнасцю хапала, каб ён мог крочыць у авангардзе літаратурнай думкі.
Кажучы праўду, у Варшаве раней чым у Вільні адчуўся подых новых літаратурных вятроў. Менавіта ў 1818 годзе ў часопісе “Pamiętnik Warszawski” паэт і крытык Казімір Брадзяньскі надрукававў артыкул “Пра класічнасць і рамантычнасць”. Той-сёй з польскіх літаратуразнаўцаў хацеў бы гэты артыкул лічыць пачаткам выявы рамантызму ў Польшчы. У сапраўднасці аўтар быў яшчэ далёкі ад рамантызму, адмоўна ацаніў характэрныя рысы нямецкага рамантызму – фантастыку, цікавасць да Сярэднявечча і г. д. У артыкуле ёсць своеасаблівая спроба дапоўніць ідэяй народнасці, запазычанай у рамантызме, прынцыпы класіцызму. Таму, паводле думкі асобных польскіх літаратуразнаўцаў, К.Брадзяньскі стаіць бліжэй да сентыменталізму і не належыць да пачынальнікаў рамантызму ў польскай літаратуры. Яго найвялікшая заслуга ў тым, што ён звярнуў увагу грамадскасці на рамантызм і ўзняў дыскусію пра яго, дыскусію, у якую пазней своеасабліва ўвязаўся і Міцкевіч.
Можна па-рознаму ставіцца да артыкула К.Брадзяньскага, але адно бясспрэчна, што ў этнаграфічнай Польшчы 20-х гадоў не знайшлося пісьменніка, які ў сваёй творчасці спрабаваў бы рэалізаваць ідэі рамантызму. Гэта ўпершыню здзейсніў у Вільні Міцкевіч, а праз некалькі гадоў – рамантыкі згаданай украінскай школы. Калі пачынаеш разважаць, як здарылася, што ў Вільні, дзе не было значных літаратурных традыцый, найперш узняўся польскі рамантызм, прыходзіш да парадаксальнай, на першы погляд, высновы: а ці не з’яўляецца вызначальнай для зараджэння і вольнага развіцця рамантызму ў Літве тая сітуацыя, што ў “крэсах” у адрозненне ад этнаграфічнай Польшчы не панавала пэўная літаратурная школа, і таму маладых літаратараў не звязвалі дыктоўкай канонаў аўтарытэтныя пісьменнікі ды іх суполкі?
Ва ўсіх краінах рамантызм быў бунтам маладзейшага пакалення супраць старэйшага. Там, дзе старэйшае пакаленне, выяўляючы свае эстэтычныя погляды (у іх хаваліся і палітычныя настроі), цвёрда трымала лейцы грамадскага жыцця, рамантызм крута мяняў шлях. Адэпты класіцызму, найперш у Варшаве, у прынцыпе баяліся хоць якога-небудзь бунту, нават літаратурнага, і аддана абаранялі “парадак”. Відаць, ад страху згубіць тое, што палякі мелі ў Царстве Польскім, створаным у 1815 годзе паводле рашэнняў Венскага кангрэса. Іх задавальняла канстытуцыя, што гарантавала аўтаномію, і падтрыманая царом Аляксандрам I надзея, што ў будучым Польшча адродзіцца такой, якой яна была да 1772 года. Верылася, што гэта будзе здзейснена па добрай волі ліберальнага манарха і грамадскасці Польшчы. Таму пазбягалі ўзбуджэння розных страсцей, нават літаратурных. Дзеячам памяркоўных настрояў у гэтым сэнсе як найлепш пасавала класіцыстычная і сентыменталісцкая літаратура, а рамантызм уяўляўся ім безразважнасцю, што распаўсюджвалася з-за мяжы, як яго ахарактарызаваў у 1819 годзе ў часопісе “Dziennik Wileński” Ян Снядэцкі, адгукаючыся на артыкул К.Бадзяньскага.
У той час у “літоўскіх” губернях, якія апынуліся пад непасрэднай уладай Расіі, становішча было іншым, пачуццё страты незалежнасці больш балючым і смутак па мінуламу – больш пакутлівым, чым у Царстве Польскім: тут было ўсё згублена і не засталося чаго губляць. Таму літоўская моладзь больш рашуча адмятала рэчаіснасць і ідэалогію, якая ішла на кампраміс з ёю – класіцызм і сентыменталізм. Пра гэта сведчыць рух моладзі, што віраваў у Віленскім універсітэце і школах, што курыраваліся ім. Яго інспіравала і ім кіравала арганізацыя філаматаў, самым яркім ідэолагам якой быў паэт Міцкевіч. Адкідаючы каноны класіцызму і ўвогуле згодніцтва адэптаў Асветніцтва з царызмам, паэт не мог разам не адмесці і літаратурныя каноны класіцызму. Гэта адмаўленне спачатку праявілася ў негатыўных адносінах да духоўных прынцыпаў, а пасля і да формы. Абодва аспекты не адмаўляліся сінхронна. Найвыразнейшы прыклад несінхранізму – “Ода маладосці”, створаная напрыканцы снежня 1820 года. Юнацкі энтузіязм і максімалізм надаюць гэтаму твору рамантычны пафас. Тут аўтар ужо карыстаецца адпаведна і рамантычнымі стылістычнымі сродкамі, але характэрная для класіцызму форма оды захоўваеца. Нават у мастацкай аздобе “Гражыны” назіраюцца элементы, характэрныя для класіцызму. У гэтым плане найбольш радыкальна ад класіцызму адмежаваны “Дзяды”.
Міцкевіч, як і ўсе яго сябры філаматы ды філарэты, не абвінавачвае якіх-небудзь канкрэтных тыранаў ці прыгнятальнікаў. Для віленскіх рамантыкаў была блізкай трагедыя Фрыдрыха Шылера “Разбойнікі” з надпісам на тытуле “In tyrannos” (тыранам). Таму яны не засталіся абыякавымі да лёсу найбольш прыгнечанага дэспатызмам саслоўя нацыі – прыгонных. Філаматы не толькі спачувалі ім, як і другім прыгнечаным царызмам людзям, але і рабілі захады да таго, каб лепш іх зразумець: збіралі звесткі пра іх побыт і духоўнае жыццё, вывучалі народную творчасць. Менавіта ў пачатку 1820 года па ініцыятыве Ф. Малеўскага філаматы падрыхтавалі “Геаграфічнае апісанне або інструкцыю, як зрабіць вопіс парафіі” (у 1821 годзе яна была нелегальна выдадзена тыражом у 200 асобнікаў). У той жа самы час яны набылі 100 асобнікаў брашуры Яна Ходзькі “Ян са Свіслачы”, каб раздаць яе сялянам. Зразумела, як сам паэт, так і яго сябры знаёміліся з сялянскім жыццём непасрэдна. У Віленскай губерні асабліва актыўна абмяркоўвалася прававое становішча прыгонных – вялікая частка шляхецкай грамадскасці схілялася да прызнання іх грамадзянскіх правоў. Аднак царскія ўлады перашкаджалі здзейсніць гэта.
Ідэі рамантызму якраз і падахвочвалі цікавасць да жыцця народа, вывучэнне яго творчасці. Такім чынам у Вільні склалася асабліва спрыяльная сітуацыя для збліжэння з народам: гэта стымулявалася як і пажаданнямі самых віленчукоў, так і рамантызмам, які шырока распаўсюджваўся, мужнеў. У сацыяльным плане сфарміраваны ў Вільні рамантызм выяўляў дэмакратычныя тэндэнцыі, а класіцызм, што панаваў у Варшаве, быў праявай арыстакратызму.
Параўнальна ранняе з’яўленне рамантызму ў Вільні вызначыла яшчэ адна вельмі важная акалічнасць – гэта адносіны грамадства да гісторыі роднага краю і ўвогуле да гістарычнай навукі. Калі ў 1815 годзе, пасля дзесяцігадовага перапынку, Яхім Лялевель пачаў чытаць курс гісторыі ў Віленскім універсітэце, яго лекцыі чакаў незвычайны поспех: іх слухала каля 600 студэнтаў і пабочных людзей з горада.
Нехта скажа, што гісторыя выкладалася і ў Варшаве, і ў Кракаве, і ў Львове. Гэта так, але там выкладаў не Лялевель – асоба рамантычнай натуры. І, што асабліва важна, ён выкладаў не толькі сусветную гісторыю, але і грунтоўна гаварыў пра мінуўшчыну краю, што надзвычай хвалявала і цікавіла Міцкевіча, яго сяброў і ўвогуле ўсіх віленчукоў. Слухачы лёгка атрымоўвалі выдадзеныя ў Вільні творы Лялевеля: “Погляд на мінуўшчыну ліцвінаў і іх сувязь з геруламі” (1808), “Гісторыка” (1815), артыкул “Звесткі пра ліцвінаў”, апублікаваны ў часопісе “Tygodnik Wileński” (1817) і інш. Цікавасць да гістарычных падзей падтрымлівалі таксама калегі Лялевеля Ігнась Анацэвіч і Ігнась Даніловіч, артыкулы розных аўтараў, якія шырока друкаваліся ў віленскіх перыядычных выданнях. Калі гартаеш перыёдыку, выдадзеную тут у 1815–1825 гадах, узнікае ўражанне, што гістарычная тэматыка ў Вільні перажывала своеасаблівы бум.
Адам Міцкевіч быў асабліва неабыякавым і чуйным да гісторыі свайго краю, гісторыі Літвы. Некалькі сотняў гадоў пераменлівай барацьбы ліцвінаў з захопнікамі – крыжацкімі ордэнамі, стварэнне вялікай і магутнай дзяржавы, яркія асобы ўладароў Міндоўга, Гедыміна, Альгерда, Кейстута і Вітаўта, давалі ўяўленню юнака, рамантычна арыентаванаму з маленства, шмат штуршкоў для асэнсавання лёсаў народа і асоб, узбуджалі пачуцці. Усё гэта разам з іншымі фактарамі спляталася ў асновы рамантычнай творчасці. Дзе знойдзеш рамантыка, абыякавага да гісторыі? Міцкевіч да скону веку цікавіўся мінуўшчынай Літвы.
Рамантызм не цураўся таксама і паэтызацыі кахання. Тым больш, што гэтае пачуццё ўзвышалі і нерамантыкі (Дантэ, Петрарка, Гётэ). Аднак у асабістым жыцці і творчасці рамантыкаў яно заняло вельмі значнае і своеасаблівае месца. Каханне рамантыкаў цяпер было б вельмі цяжка ахарактарызаваць. Гэтае пачуццё надзвычай звязана з індывідуальнасцю мастака. І Я.Чачот, і Т.Зан, і А.Міцкевіч у 1820-я гады нешчасліва закахаліся, але толькі апошні сваё непадзеленае каханне пераўтварыў у найвыразнейшы фактар, які своеасабліва паўплываў на рамантызм паэта. Калі б каханне да Марылі Верашчакі, што ўспыхнула ў 1820 годзе, не выклікала духоўнага ўздыму, пэўна, паэт да рамантызму прыйшоў бы некалькімі гадамі пазней. І хіба быў бы той рамантызм такім радыкальным?
Гаворачы пра фарміраванне рамантызму Міцкевіча, варта звярнуць увагу на той уплыў, які на яго зрабіла дзейнасць філаматаў, удзел паэта ў ёй. Можна меркаваць, што, напрыклад, у Варшаве або Кракаве мужнеючыя пісьменнікі юнага пакалення не маглі адчуваць такога плённага ўплыву пэўнай арганізацыі равеснікаў, які адчуў Міцкевіч у Вільні. Уплыў арганізацыі на мужнеючага юнака і паэта быў надзвычай размаітым. Як і кожны рамантык, Міцкевіч цаніў, проста абагаўляў сяброўства: арганізацыя вельмі шмат дала яму ў гэтым плане. Сходы, дзе чыталася і абмяркоўвалася творчасць паэта, сталі своеасаблівай творчай лабараторыяй. Тут сябры надарылі яго не адной плённай думкай, звярнулі ўвагу на перспектыўную тэму ці адкрылі новы аспект творчых даляглядаў. Усё гэта было вялікай перавагай Міцкевіча ў параўнанні з большасцю равеснікаў, якія крочылі творчым шляхам у іншых гарадах ці рэгіёнах.
Між іншым, у натуры і псіхіцы Міцкевіча былі адпаведныя рысы, якія таксама набліжалі яго да рамантызму. Скажам, сябра паэта Ян Чачот меў добры нораў і духоўную пластычнасць, але яму не хапала, здаецца, шырэйшай і глыбейшай культурнай асновы. Тамаш Зан, які таксама выявіў сябе як літаратар (дарэчы, гэта ён раней за Міцкевіча пачаў культываваць жанр балады) і набыў вядомасць як стваральнік тэорыі “промняў”, усё ж быў чалавекам рацыянальнага мыслення, а рацыяналізм – ужо антыпод рамантызму. Сапраўды, рамантызму патрэбны пэўная “безразважнасць”, творчая апантанасць, і яны былі характэрнымі для творчасці Міцкевіча.
Пытанне, чаму пачатак польскага рамантызму знаходзіўся ў Вільні і чаму яго пачынальнікам аказаўся Адам Міцкевіч, – бясконцае, а можа і канчаткова не вырашальнае. Тут толькі ўзнята само пытанне і заяўлены папярэднія высновы, якія маглі б заахвоціць даследчыкаў да далейшага вывучэння генезісу польскага рамантызму.
Пераклаў з літоўскай мовы
Віктар ЛЮКЕВІЧ
© МТ “Брама”, 2002
SUMMARY
Arnoldas PIROCHKINAS
VILNIUS AS A CRADLE OF THE POLISH ROMANTICISM
The publication studies the epoch-making change in the history of the Polish literature – formation of the national school of romanticism in Vilnius. The analysis is based upon creative work Adam Mitskevich. Distinctive features of this period are shown. On the example of the European literary process the connection between the boundary lands (for Poland such a land was Lithuania) and romanticism arising in them is analysed.
РЕЗЮМЕ
Арнольдас ПИРОЧКИНАС
ВИЛЬНЮС – КОЛЫБЕЛЬ ПОЛЬСКОГО РОМАНТИЗМА
На примере творчества Адама Мицкевича проанализирован эпохальный перелом в истории польской литературы – формирование в Вильнюсе национальной школы романтизма. Показаны отличительные черты этого периода. На примере европейского литературного процесса рассматривается связь между пограничными землями и зарождающимся в них романтизмом (для Польши такой пограничной землей была Литва).
* © Arnoldas PIROČKINAS. Vilnius – lenkų romantizmo lopšys // Metai. Vilnius, 1998. № 8–9. S. 110–117.
Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Магілёўскага Таварыства БРАМА
|