|
АДЛЮСТРАВАННЕ ІДЭАЛОГІІ НЕАСАРМАТЫЗМУ Ў ЛІТАРАТУРЫ ПОЛЬСКА-БЕЛАРУСКАГА РАМАНТЫЗМУ*
Сяргей ДАНІЛЕНКА
(Магілёў, Беларусь)
З лёгкай рукі рымскага гісторыка Пампонія Мелы паўстаў адзін з найбольш квяцістых сацыяльных міфаў позняга еўрапейскага Сярэднявечча. Наўрад ці здагадваўся аўтар антычнай працы “De situ orbis”, што на некалькіх яго радках пра Сарматыю на берагах Віслы больш чым праз тысячагоддзе будзе грунтавацца ідэалогія маладой еўрапейскай нацыі. Менавіта ад паўлегендарных сарматаў, вольных качэўнікаў і нестрыманых у праяве сваіх пачуццяў воінаў, выводзіла свой радавод шляхта – польская сацыяльная эліта, якая валодала ці не найбольшымі палітычнымі правамі ў тагачаснай Еўропе. Такім чынам, сармацкі міф з’яўляўся па сутнасці міфам Залатой Вольнасці. Іронія лёсу заключалася ў тым, што тая залатая вольнасць, якая спрыяла ўзвелічэнню Рэчы Паспалітай, урэшце стала прычынаю яе заняпаду. Калі спачатку яна абуджала ў шляхты найлепшыя грамадзянскія пачуцці, сацыяльную самапавагу, адказнасць за лёс Айчыны, то ў канцы XVIII стагоддзя ператварыла многіх з колішніх “нашчадкаў” сарматаў у натоўп злачынных вырадкаў і павятовых бражнікаў, што бязглузда рубіліся між сабою на сейміках, тым часам як лёс Радзімы вырашаўся ў суседніх сталіцах.
Адной з найбольш яскравых праяў гэтай залатой вольнасці стала знакамітае “liberum veto” права любога дэпутата сейма заблакаваць любое яго рашэнне, што ў XVIII стагоддзі спарадзіла своеасаблівы юрыдычны калапс Рэчы Паспалітай.
Адным з першых, хто скарыстаў згаданае права і тым самым паклаў пачатак заняпаду Рэчы Паспалітай, быў упіцкі пасол Уладзіслаў Сіціньскі, які стаў героем верша Адама Міцкевіча “Папас у Упіце” (1825). У творы перад намі паўстае постаць агіднага жывога трупа, які асуджаны на вечныя пакуты за свае злачынствы. Сама памяць пра гэтыя злачынствы стала ўжо няпэўнай: паводле адной з версій ён загубіў шляхту, якая не абрала яго дэпутатам, паводле другой – “каралю перашкаджаў сваім veto”, паводле іншых – аддаў караля ў рукі ворагаў і вёў бязбожнае жыццё, прымушаючы тое ж рабіць сваіх падданых, у выніку чаго быў пакараны Богам.
Ужо непасрэдна ў вершы Міцкевіч згадвае, што “гмінныя дзеі” – гэта “іерогліф, што аздабляе зарослы мхом камень” (MICKIEWICZ 1998: 182), цьмяны адбітак даўнейшых падзей. І сапраўды, постаць кальвініста Уладзіслава Сіціньскага, які пачынаючы з 1652 года зрабіўся надзвычай вядомым з-за частага зрывання сеймаў, на працягу часу дэманізавалася да такой ступені, што ён ператварыўся ў “кунтушовага д’ябла” – аднаго з найбольш цікавых персанажаў шляхецкага фальклору. Так, паданні сцвярджаюць, што “сем разоў асвянцоная зямля выкідвала наверх яго парэшткі. Урэшце, прыбіты ясеневым калом, паўстаў з магілы ў дзень ухвалення Канстытуцыі 3 мая, што ліквідавала liberum veto, і ў абліччы ўпыра бадзяўся па краіне. На самой справе магілу Сіціньскага ўскрылі пасля падзелаў, знайшоўшы ідэальна змуміфакаваныя парэшткі, якія да 1864 года захоўваліся ў шафе касцёла ў Упіце як мясцовая выдатнасць, доказ дзейнасці нячыстай сілы” (PODGÓRSCY 2000: 117). Крытычнае стаўленне аўтара да свайго персанажа ў дадзеным выпадку становіцца відавочным. З пазіцый эпохі Асветніцтва паэт асудзіў чалавека, які з’яўляўся адной з найбольш яскравых персаніфікацый сарматычнай “Залатой Вольнасці”.
Аднак з часам погляды Міцкевіча карэнным чынам змяніліся, што тлумачыцца ўплывам містыцызму Анджэя Тавяньскага і ўласным расчараваннем у рэальных сродках вызвалення Айчыны. Так, ужо ў “Кнігах народа польскага і польскага пілігрымства” гучыць думка пра тое, што Бог падараваў Свабоду польскім каралям і шляхце (“рыцарам Свабоды”). І нібыта такой свабоды не было ніколі датуль, але, страчаная зараз, яна яшчэ прыйдзе і стане здабыткам усіх народаў Еўропы (WAŚKO 2001: 37). У сваю чаргу страта свабоды тлумачылася ўпадкам шляхты саскіх часоў, упадкам яе “духу”, што “аддаўся спакусе матэрыяльнага скарыстання і “зленаванага” ў закасцянелай грамадскай структуры” (WAŚKO 2001: 44). Вызваленне гэтага “духу” бачылася паэту перш за ўсё ў метафізічным бунце героя-носьбіта “духу” супраць нормаў грамадскага жыцця. Першым такім героем, “кунтушовым забіякам” і “рамантычным бунтаўшчыком” становіцца Яцак Сапліца (WAŚKO 2001: 47), услед за якім на старонках многіх твораў з’явіліся “постаці гістарычных, сармацкіх авантурнікаў” (WAŚKO 2001: 154).
Працягнуў гэтую традыцыю Юліуш Славацкі ў сваёй драме “Самуэль Збароўскі”, галоўным героем якой становіцца злачынца-выгнанец. У сваім творы паэт абвешчанаму Богам “праву цела” супрацьпастаўляе “люцэфірычнае” вышэйшае права адмаўлення самога права. Дзякуючы гэтаму грамадства цаной шматлікіх ахвяр нібыта набліжаецца да канечнай мэты свайго існавання – “сонечнага Іерусаліма”, Царства Божага (WAŚKO 2001: 51). Пасля гэтага постаці бунтаўшчыкоў і ворагаў парадку, якія ў роспачы кідаюцца ад злачынства да рэлігійнай скрухі ў літаратуры рамантызму становяцца традыцыйнымі. А падобнага роду гісторый рэчаіснасць Рэчы Паспалітай саскіх часоў падаравала ў дастатковай колькасці: “Асобны род намаганняў, што служаць характарыстыцы даўніх звычаяў, засноўваўся на ўвядзенні ў фабулу твора характэрных матываў і анекдотаў, якія былі ўзяты з лакальных традыцый ці біяграфічных паданняў. Матывы тыя адлюстроўвалі хутчэй не норму, а толькі яркія выпадкі адступленняў ад яе. Заставаліся яны ў памяці з-за сваёй адзінкавасці, незвычайнасці, непаўторнага настрою, а часта і жорсткасці. Нягледзячы на такія асаблівасці, а можа нават і дзякуючы ім, яны адлюстроўвалі пэўны тып уяўленняў пра эпоху, якая бачылася з перспектывы ХІХ стагоддзя не толькі як закатная эра патрыярхальнага ладу, але і як часы ўзнёслага індывідуалізму, моцных страсцей, яскравага, поўнага прыгод жыцця. Сюды адносяцца шматлікія прыклады дзівацтваў кунтушовых арыгіналаў, “выкрутасаў”, сцэн вайсковай жорсткасці і г.д.” (WAŚKO 2001: 201).
Знайшоў сваё адлюстраванне згаданы матыў і ў літаратуры польска-беларускага рамантызму, адным з героеў якой стаў Міхал Валадковіч.
Постаць Міхала Валадковіча, які быў пакараны смерцю ў 1760 годзе ў Мінску за абразу Трыбунала, з’яўляецца цалкам гістарычнай. Ён належыць да спакрывёнага з Агінскімі, Пацамі, Цеханавецкімі вядомага беларускага роду Валадковічаў (Валадкевічаў), прадстаўнікі якога карысталіся адной з адмян герба Радван і валодалі землямі ў Мінскім і Навагрудскім ваяводствах. Найбольш “знакамітым” іх прадстаўніком і з’яўляецца Міхал, сын мінскага стольніка Лявона Валадковіча (гл. NIESIECKI 1842: 413).
Гэта гістарычная постаць была надзвычай папулярная ў шляхецкім фальклоры “літоўскіх засцянкаў” і ўваходзіла нават у лік персанажаў народных песень (WAŚKO 2001: 170). Таму не дзіва, што яна надзвычай арганічна ўлілася ў літаратуру польска-беларускага рамантызму, стваральнікамі якой і былі гадаванцы гэтых засцянкаў.
Першым персанажам у літаратуры польска-беларускага памежжа, якому не пашчасціла сустрэцца з “чортам” Міхалам Валадковічам, быў возны з паэмы Адама Міцкевіча “Пан Тадэвуш” Пратас, абавязкам якога была дастаўка судовых позваў.
Спачатку Пратас згадаў цяльшанскага шляхціца “Зяркатага Дзіндалета”, які прымусіў веставога “сабакам гаўкаць з-пад стала свайго, пры гэтым гразіўся, што прыстрэліць “цюцьку” з пісталета” (МІЦКЕВІЧ 1985: 192), другім жа непрыемным успамінам была сустрэча менавіта з Валадковічам: “Ці як пасля таго другі ўжо чорт зяркаты, Перад якім дрыжэлі шляхта і магнаты На сейміках і нават суддзі з Трыбунала, – Пан Валадковіч здзекаваўся, і нямала. Ён позву на шматкі парваў, схапіўшы з ножнаў Рапіру, размахнуўся – тут абмерці можна – І крыкнуў: “Альбо ты з’ясі сваю паперу, Альбо я зараз жа ссяку тваю мазджэру!” Прыйшлося для прыліку есці, бо з кіямі Стаялі гайдукі ў дзвярах, а за плячамі Акно расчыненае. Возны, як у пельку, Шугель у палісаднічак – ды ў канапельку” (МІЦКЕВІЧ 1985: 192).
Аднак найбольш падрабязна драматычная гісторыя Міхала Валадковіча ўзнаўляецца ва “Успамінах квестара” Ігната Ходзькі. Апавяданне пра славутага злачынцу вядзецца ад асобы яго былога “прыдворнага” пана Бялевіча, і ўжо толькі таму яно поўніцца шчырым спачуваннем злачыннай душы, “якую гвалтам выпхнулі з гэтага свету”. Квестар, які збіраецца слухаць апавяданне пра Валадковіча, удакладняе: “Ці не пра таго Валадковіча кажаш, што ў Мінску на трыбунал напаў і які баб страляў, як зязюлі?”. Апавядальнік не аспрэчвае факту нападу на судовую ўстанову, але рашуча абвяргае чуткі пра страляніну па жанчынах: “Пра таго самага; адно што хлусня тое стралянне баб на дрэвах, быццам нам дзічыны было мала” (ХОДЗЬКА 2000: 217).
Гэты момант надзвычай паказальны ў плане аўтарскай ацэнкі вобраза Валадковіча. Справа ў тым, што стралянне па жанчынах-сялянках, якіх прымушалі спачатку ўскарастацца на дрэва, а потым куваць як зязюлі, прыпісвалася колішняму канеўскаму старасту Мікалаю Патоцкаму, галоўнаму герою “Бандароўны” Янкі Купалы, што знайшло адлюстраванне ў польскай мастацкай літаратуры (Зыгмунт Красіньскі “Не-Боская камедыя”) (WAŚKO 2001: 170), і лічылася знакавым злачынствам, вартым Божага пакарання. Таму пан Бялевіч і адмаўляецца ад яго, сцвярджаючы далей дзеля апраўдання свайго патрона: “Гайдамак гэта быў, сапраўды, але ж і часы былі д’ябальскі гайдамацкія; хто быў больш зухаваты, хто дужэйшы, той і лепшы, той меў і большую кансыдэрацыю (павагу – перакл.), і шанавалі яго болей, бо баяліся” (ХОДЗЬКА 2000: 218).
І нават тыя злачынствы, якія здзяйсняў Валадковіч, рабіліся ім не столькі паводле ўласнага ўпадабання, колькі па даручэнні ўплывовых магнатаў: “Вядома, такога зуха багатыя паны, нашыя магнаты ўжывалі дзеля справаў і зухвальства, на якое самі адважыцца не хацелі; дык не было дня, каб не пачуў пра забойствы, наезды і ўсякага кшталту гвалт, самадурства”. Далей пан Бялевіч паясняе, што Валадковіч быў адгэрэнтам (прыхільнікам) Караля Радзівіла, званага Пане Каханку: “Дык калі ці то з якога партыкулярнага ранкору, ці то па спланаванай імпрэзе князь хацеў каму дапячы, Валадковіч заўсёды быў гатовы і спаўняў да ёты намеры і волю князя, дадаўшы яшчэ і свайго”. Пры ўсім гэтым Пане Каханку меў не на шмат лепшы за свайго пратэжэ нораў і “пры жыцці свайго бацькі, князя Міхала Рыбанькі, гетмана, быў у той час яшчэ мечнікам літоўскім. Шалёная гэта была змоладу галава, пакуль перабрадзіла віно. Калі, бывала, пачне гудзець, а праўду кажучы, шалець па Нясвіжу, то Рыбанька загадваў падымаць масты, каб ён не трапіў у замак” (ХОДЗЬКА 2000: 217–218).
Аднак да вялікіх непрыемнасцей, у якія патрапіў яго пратэжэ, Пане Каханку аніякага дачынення не меў, бо акрамя таго Валадковіч меў ахвоту да дарункаў Бахуса: “Але самае горшае, што быў ён малады, бо не меў яшчэ і трыццаці, калі загінуў, палюбіў ён сабе часта напівацца ў дугу. Тады ён станавіўся такім вар’ятам, што трэба было альбо яму дапамагаць, альбо ўцякаць”. Адной з праяў гэтага вар’яцтва было імкненне Валадковіча выклікаць на бой д’ябла: “Самому д’яблу не саступіць! І праўда, няраз лятаў уночы, як шалёны, з голаю шабляю па палях, па балотах, па могілках ды выклікаў упыроў і д’яблаў на двубой; адно што аніводзін ніколі не выйшаў”. І гэта было прычынай шчырай скрухі Валадковіча, які наслухаўся баек Пане Каханку, сармацкага Мюнхгаўзена: “Тады скардзіўся Валадковіч: “Які я нешчаслівы! Князь Караль колькі захоча, столькі б’ецца з д’ябламі, а я ніколі аніводнага выклікаць не магу”. Аднак д’ябл неўзабаве прыняў выклік Валадковіча, толькі той, на вялікі жаль, пра гэта не здагадваўся, калі вырашыў стаць “дэпутатам трыбунала на рускую кадэнцыю, якая адбывалася ў Мінску”. На думку пана Бялевіча “злы дух яму і нашаптаў” гэтае жаданне, праўда тут не абыйшлося і без Пане Каханку, бо “да гэтага яго і князь падахвочваў ды сябрамі радзівілаўскімі на сойміку дапамагаў” (ХОДЗЬКА 2000: 217–218).
Спачатку ўсё ішло выдатна. Валадковіч зрабіўся больш сур’ёзным, працягваў банкетаваць, але “не шалеў і не гайдамачыў”, і быў нават абраны трыбунальскім падскарбнікам. Маршалкам трыбунальскім у той час быў стараста пінскі і крайчы літоўскі граф Міхал Сапега, а віцэ-маршалкам – стараста панінскі Міхал Марыконі. Але Сапега на пачатак судоў яшчэ не прыехаў з Быхава, а Валадковіча брала крыўда, што ён сядзіць ніжэй за “нейкага” Марыконі, бо лічыў, што літоўскаму пану абразліва прыніжацца перад “італьянцам і чужаземцам”. Валадковіч не саромеўся гэтыя меркаванні выказваць гучна, але Марыконі быў чалавекам “абачлівым і памяркоўным”, таму на гэтыя словы не зважаў.
Але аднойчы ўвечары Валадковіч вярнуўся раз’юшаны з суда, дзе прайграў нейкую справу, і “пачаў піць па-даўняму, смяртэльна праклінаючы ўвесь свет, склікаючы і выклікаючы ўсіх д’яблаў з усяго пекла”. Набліжаныя спрабавалі супакоіць яго, але ён сабраў халастру (кампанію), якая “яму піць і сваволіць дапамагала”, з якой п’янстваваў усю ноч і наступны дзень. Увечары ён вырашыў выбірацца на трыбунал. І хоць яго набліжаныя трымалі яго за адзенне, за рукі, за пас, ён адштурхнуў іх і выправіўся з хаты: “Пайду, хоць бы мяне д’яблы забралі! Пайду і навучу таго італьянца, хто я і хто за мною!”. Прычым адначасова ён прамаўляе фразу, якую заўсёды паўтараў, “калі бываў у найвялікшай сп’яну заядласці”: “Kirrye lejzon!” (ХОДЗЬКА 2000: 219).
Фраза Валадковіча – гэта, хутчэй за ўсё, скажонае “Kyrie leyson”. Гэтымі словамі пачынаецца каталіцкая літанія – малітва аб Божым заступніцтве, якая часта чыталася над нябожчыкамі. Менавіта гэтымі словамі пачынаецца “Пілігрымская літанія” Адама Міцкевіча, якая завяршае “Кнігі народа польскага і польскага пілігрымства”. У гэтай малітве паэт звяртаецца да Бога з маленнем аб “абуджэнні з мёртвых Айчыны нашай” (MICKIEWICZ 1982: 96) за пакуты яе дзяцей. З гэтымі ж словамі Міхал Валадковіч ідзе на сваё апошняе змаганне з д’ябальскім воінствам, бо ў гэтым змаганні яму было наканавана загінуць. У час бойкі ў мінскай ратушы, дзе судзіў трыбунал, імкнучыся забіць Міхала Марыконі, Валадковіч параніў руку пану Длускаму, але “горш за ўсё – адсечаны кавалак рукі ад крыцыфіксу срэбранага Пана Езуса ляжаў на стале”. І тут Бялевіч зразумеў, чыя гэта віна: “Я зразумеў, бачачы гэта, што выкліканы столькі разоў шатан кіраваў рукой майго нешчаслівага пана: ён хочучы праз стол дастаць палашом Марыконі, а калі той ухіліўся, пацэліў у крыцыфікс”. Злачынец быў схоплены, але і тады, нібыта апантаны д’яблам, працягваў згадваць яго імя: “Калі ўжо яго схапілі аблаваю і вялі, ці то няслі гвалтам, дык ён рукамі ўпёрся ў дзвярах, аж вушакі зрушыў, і са злосці пеніўся і хрыпеў, ад гонару і веры вэксуючы (праклінаючы – пер.) трыбунал і шафуючы (палохаючы – пер.) д’ябламі, што аж вушы сохлі. Ой, ніколі я не забуду гэтага і самога Валадковіча, бо ён у той час быў чыстым антыхрыстам” (ХОДЗЬКА 2000: 219). Пасля начнога суда без адваката быў выдадзены дэкрэт, паводле якога злачынца быў асуджаны на смерць: “poenam coli, гэта значыць, на горла” (ХОДЗЬКА 2000: 224). У злачынцы яшчэ заставаліся спадзяванні на дапамогу Радзівіла, ды й не ўсе навакольныя былі ўпэўненыя ў тым, што прысуд будзе здзейснены: “Адны казалі: “Ён прапаў! Трыбунальскі дэкрэт – апелюй адно да Пана Бога! Паляціць галава!” Другія казалі: “Трыбунал з дэкрэтам, а Радзівіл з мушкетам! Хутка ўбачым госця. Ён выцягне яго з гэтае казы, а ўжо ў Радзівіла яго і сам д’ябал не схопіць”. Іншыя ж казалі, што за пашкоджанне крыцыфіксу павінен будзе па абсалюцыю [адпушчэнне грахоў – пер.] пешкі ў Рым ісці, а іншыя, што павінен будзе бічавацца ў бернардынаў. Казалі таксама: “Шмат каго ён сек, няхай жа паспытае гэтага ж самага дэлікатэсу!” (ХОДЗЬКА 2000: 229–230).
Пане Каханку тым часам паляваў у ваколіцах Беластока. Даведаўшыся пра эксцэс, які ўчыніў яго паплечнік, ён кінуўся на дапамогу. І на чале вялікага палявання кружыў у смалявіцкіх лясах, рыхтуючыся напасці на трыбунал, каб вызваліць Валадковіча. Між тым было ўжо позна, і князь Караль пачуў толькі сумны роспавед пра апошнія гадзіны пана Міхала.
Перад пакараннем да Валадковіча прывялі ксяндза, і спачатку злачынец “выказваў крыўды і лаяўся”, але “як той паставіў крыцыфікс на стале ды перад крыцыфіксам паставіў святы віятык, Валадковіч глянуў на Укрыжаванага, дык прыгадаўся яму, відаць, на памяць ягоны excess: пашкоджанне судовага крыжа; упаў ён на калені: – О Хрысце Езус! – закрычаў плачучы, – я саграшыў! Смяртэльна зграшыў! Але шкадую ўсім сэрцам, шкадую ўсёю душою! Даруй грахі мае, і ўжо калі ўжо мушу смерцю заплаціць за грахі, дай мне, перадусім, стаць перад Табою з чыстым сумленнем. Ойча! Спавядай мяне!”. Пасля гэтага злачынца “ўкленчыў і трымаў шчырую споведзь за ўсё жыццё”, і святар адпусціў яму грахі: “Я дараваў яму грахі, і маю надзею на добрага Бога: тое, што я адпусціў на зямлі, будзе адпушчана і на небе”. Прычым, гэтае адпушчэнне было нефармальнае, бо ксяндза надзвычай уразілі перамены, што адбыліся з панам Міхалам: “Дай Божа кожнаму добраму мець такую скруху і шчырае шкадаванне як той нешчаслівы. Ён убачыў у сваёй смерці Волю Божую і скарачэнне часу, які б, пэўна, ужыў дзеля грэшнага, як і даўсюль, жыцця; прабачыў сваім суддзям, словам, з лютага льва стаўся лагодным ягнём” (гл. ХОДЗЬКА 2000: 231).
У знак “шчырага далучэння да Бога” Валадковіч паціскае руку пана ротмістра Краеўскага, які павінен здзейсніць прысуд, і просіць ксяндза застацца на час страты, бо з тым, “хто мяне далучыў да Бога, лягчэй мне будзе паміраць”. Пасля гэтага з’яўляюцца шэсць жаўнераў са зброяй. Асуджанаму завязалі вочы і, з той прычыны, што яго не трымалі ногі, апусцілі на калені. Але калі ксёндз паднёс Укрыжаванне да яго вуснаў з заклікам даверыцца Богу і спадзявацца на Яго міласэрнасць, адбыўся цуд: “Цуд Боскі! Цуд! Гэтыя мае словы далі яму сілы і вярнулі прытомнасць: ён пацалаваў крыж”. Апошнімі словамі Міхала Валадковіча, з якімі ён прыняў смерць, былі словы шчырай малітвы і згадка імёнаў Хрыста, Панны Марыі і свайго брата: “У рукі Твае, о Божа, аддаюся…” Кулі прыпынілі яго голас і малітву; ён упаў, але падаючы крыкнуў: “Езус! Марыя! Юзаф!…” (гл. ХОДЗЬКА 2000: 231–232).
Пасля першага залпа Валадковіч “быў яшчэ жывы і круціўся па зямлі”, і унтэр-афіцэру прыйшлося дабіць яго стрэлам з пісталета ў вуха. Ужо толькі пасля, аглядаючы цела свайго пана, пан Бялевіч “даведаўся, што таму адразу не забілі, што ён, як пабожны католік (бо хто б спадзяваўся, гледзячы на ягонае гайдамацтва і сваволю), насіў на грудзях абразок Прачыстае Маці на срэбранай блясе, дык яна тры кулі адбіла ад яго сэрца, і за жупанам іх знайшлі” (ХОДЗЬКА 2000: 233). Гэты момант у апавяданні надзвычай важны. Злачынства было здзейсненае Валадковічам “напярэдадні фэсту Прачыстае Панны Марыі Грамнічнае” (ХОДЗЬКА 2000: 219), таму яно самым непасрэдным чынам абражала “асабіста” Панну Марыю. Аднак паводле каталіцкай традыцыі міласэрнасць Панны Марыі не ведала межаў да любога грэшніка, калі ён шчыра раскайваўся ў сваіх грахах, таму сведчаннем даравання Валадковічу яго грахоў стала абароненае ад куль сэрца. Такім чынам можна меркаваць, што ўратаваная Божым дараваннем, аплаканая сябрамі і прыхільнікамі, пад касцёльны звон і спевы жалобнай імшы, замоўленай засмучаным Пане Каханку, шматгрэшная душа пана Міхала Валадковіча належным чынам для кожнага католіка прадстала перад брамай Чыстца.
Сарматычная неўтаймаванасць і нестрыманасць у ламанні звычаёвых рамак адлюстроўвалася не толькі ў плане “рэальнага” жыцця, як ва “Успамінах квестара” Ігната Ходзькі ці “Апошніх хвілінах князя ваяводы” Юзафа Крашэўскага, але і па-за яго межамі. Менавіта ў ХІХ стагоддзі асаблівую папулярнасць набылі паданні пра чарнакніжніка пана Твардоўскага, у выніку чаго паўстала балада Адама Міцкевіча “Пані Твардоўская”, аповесць Юзафа Крашэўскага “Пан Твардоўскі”. Прычым рэальны немец-чарнакніжнік з XVI стагоддзя ў масавай свядомасці набыў сабе польскае прозвішча, апрануўся ў кунтуш і прыдбаў усе астатнія рысы сармацкага авантурыста.
Надзвычай цікавай з’яўляецца трансфармацыя гэтай традыцыі ўжо ўласна ў беларускай літаратуры. Так, у пэўнай ступені вобразам Бутрыма Няміры яе працягваюць Вацлаў Ластоўскі (“Каменная труна”) і Францішак Аляхновіч (“Бутрым Няміра”). Аднак найбольш трывалай была тэндэнцыя безумоўнага асуджэння падобнага роду героеў – своеасаблівы антысарматызм. Пачынальнікам тут несумненна з’яўляецца Янка Купала са сваімі рамантычнымі паэмамі, а найбольш яскрава і паслядоўна гэтая традыцыя ўвасобілася ў “Дзікім паляванні караля Стаха” Уладзіміра Караткевіча.
SUMMARY
Siarhey DANILENKA
REFLECTION OFNEW SARMATICISM IDEOLOGY IN THE LITERATURE OF THE POLISH AND BELARUSSIAN ROMANTICISM
The publication studies the origin of sarmatic self-identification. Special attention is paid to the essence of the myth about the Gold Liberty. The author shows the way this ideology influenced literature and defines major principles of new sarmaticism analysing works by A. Mitskevich, J. Slovatsky and I. Chodzka.
РЕЗЮМЕ
Сергей ДАНИЛЕНКО
ОТРАЖЕНИЕ ИДЕОЛОГИИ НЕОСАРМАТИЗМА В ЛИТЕРАТУРЕ ПОЛЬСКО-БЕЛОРУССКОГО РОМАНТИЗМА
Проанализировано возникновение в польской социальной элите сарматической самоидентификации. Рассматривается сущность мифа Золотой Вольности. Показывается отражение подобной идеологии в литературе. В процессе детального анализа произведений А. Мицкевича, Ю. Словацкого и И. Ходзьки определяются основные принципы неосарматизма.
* Напісана спецыяльна для часопіса
КРАЙ = KRAJ (даслана ў рэдакцыю 21 лютага 2002 г.)
Літаратура
Міцкевіч А. Пан Тадэвуш, або Апошні наезд у Літве: (Шляхецкія гісторыі 1811–1812 гадоў у 12-ці кнігак, вершамі). Мінск, 1985.
Ходзька І. Успаміны квестара // Край-Kraj: Дыялог на сумежжы культур / Пад рэд. А.Агеева і Я.Іванова. Магілёў, 2000.
Mickiewicz A. Księgi narodu polskiego i pielgrzymstwa polskiego. Paris, 1982.
Mickiewicz A. Wiersze i powieści poetyckie. Warszawa, 1998.
Niesiecki K. Нerbarz Polski. Lipsk, 1842. T. 9.
Podgórscy B. i A. Encyklopedia demonów. Wrocław, 2000.
Waśko A. Romantyczny sarmatyzm.Tradycja szlachecka w literaturze polskiej lat 1831–1863. Kraków, 2001.
Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Магілёўскага Таварыства БРАМА
|