|
КАТАЛІЦКІ КАСЦЁЛ У СУЧАСНЫМ ПОЛЬСКІМ ГРАМАДСТВЕ*
Кс. Епіскап Тадэвуш ПЯРОНЭК
(Кракаў, Польшча)
І
Польскі каталіцкі Касцёл спрадвеку існаваў у дзяржаве з рознымі палітычнымі сістэмамі, але заўсёды знаходзіўся ў грамадстве шматканфесійным і шматнацыянальным. Ужо ў Х стагоддзі, пасля прыняцця хрысціянства князем Мешкам І, паралельна існавалі і паганцы, і хрысціяне, і габрэі. Маштаб гэтай разнастайнасці павялічыла ў канцы ХІV стагоддзя унія з Вялікім Княствам Літоўскім, якая прывяла да таго, што ў Польшчы разам з каталіцызмам распаўсюдзілася праваслаўе, з’явілася і нацыянальна дыферэнцыраванае грамадства. У ХVІ стагоддзі, у часы Рэфармацыі, краіна адкрылася для пратэстантызму. Нягледзячы на тое, што існуюць погляды, якія атаясамліваюць Польшчу і палякаў з каталіцызмам, што адлюстравана ў такіх выразах, як “паляк-каталік” ці “каталіцкая Польшча”, фактычнае становішча рэчаў заўсёды было іншым. У межах Польскай Рэспублікі ў 1910 годзе было толькі 55,6 % каталікоў, а ўжо да 1939 года (паводле дадзеных перапісу насельніцтва 1931 года) існавала, апрача каталіцкага Касцёла, 41 рэлігійная арганізацыя. Сярод насельніцтва 75,0 % складалі каталікі, 11,8 % – праваслаўныя, 9,8 % – асобы іудзейскага веравызнання, 2,6 % – пратэстанты і 0,5 % адносіліся да іншых вераванняў (паводле MARIAŃSKI 1991: 38, параўн. таксама KRASOWSKI 1988: 5).
ІІ
Другая сусветная вайна ўнесла ў гэту сітуацыю істотныя змены. Амаль усе іудзеі загінулі ці перасяліліся, а перанясенне польскіх межаў з усходу на захад прывяло да таго, што большасць праваслаўнага насельніцтва апынулася ў Савецкім Саюзе. Польшча стала даволі аднароднай у рэлігійным і нацынальным плане краінай. Парадаксальна, што ў гэтай новай рэлігійнай сітуацыі сістэма камуністычнага таталітарызму на працягу сарака гадоў спрабавала навязваць людзям атэізм, аднак яе захады ні да чаго не прывялі. Статыстычныя даследаванні канца 1989 года паказалі, што 94,6 % насельніцтва з’яўляюцца каталікамі, 3,5 % прызнаюць іншыя вераванні і толькі 1,9 % асоб не акрэслілі свае рэлігійныя погляды (паводле MARIAŃSKI 1991: 54).
Гэтыя факты з’яўляюцца важнымі па той прычыне, што яны паказваюць Польшчу краінай, якая заўсёды ведала смак плюралізму і здолела выпрацаваць звязаныя з ім грамадскія механізмы. Але не падлягае сумненню і тое, што апошнія пакаленні палякаў выхоўваліся ў атмасферы фальшу, уціску вольнасцей і нецярпімасці, і таму вернутая свабода паставіла іх у новую сітуацыю, у якой многія рэчы патрабуюць пераасэнсавання; гэта адносіцца і да грамадства, і да дзяржавы, і да Касцёла.
ІІІ
Праблему плюралізму ў адносінах да Касцёла нельга абмяжоўваць толькі рэлігійным і нацыянальным аспектамі. Безумоўна, гэта асноўныя моманты, але неабходна ўлічваць уплыў і іншых галін грамадскага і гаспадарчага жыцця, палітыкі і культуры, бо яны з’яўляюцца прадуктамі дэмакратыі, а для Касцёла не абыякава, якія рашэнні ва ўсіх гэтых галінах прапанаваны і як яны суадносяцца з этычнай сферай, у якой абавязаны дзейнічаць Касцёл (параўн. “Konstytucja duszpasterska Sobory Watykańskiego II” у “Gaudium et spes”, № 76).
Польскі Касцёл даўно пагадзіўся з рэлігійным плюралізмам, прызнаўшы, што ў Польшчы існуюць і дзейнічаюць розныя канфесіі і рэлігійныя аб’яднанні. Усё гэта ў пэўным сэнсе тоіцца ў яго гістарычнай свядомасці, але зусім не азначае, быццам у падобнай сітуацыі не могуць паявіцца настроі варожасці, канфліктнасці і напружанасці. Безумоўна, Касцёл за доўгі час свайго існавання прызвычаіўся да таго, што праблема шматстайнасці веравызнанняў існуе ў спалучэнні з праблемай шматаблічча нацыі. Праваслаўе заўсёды было прывязана да нацый рускай, беларускай ці ўкраінскай (нават калі нацыянальнае пачуццё іх прадстаўнікоў выразна не акрэслівалася), пратэстантызм быў звязаны з немцамі. З гэтага пункту погляду не ўяўлялі праблемы ні габрэі, ні мусульмане, якія, як правіла, лічыліся польскімі грамадзянамі і не адносіліся ні да якой нацыянальнай ці дзяржаўнай структуры.
IV
Існуе некалькі прычын з’яўлення ў Польшчы напружанасці паміж каталіцкім Касцёлам і рэлігійнымі меншасцямі. Адной з іх з’яўляецца дамінуючая роля Касцёла і яго ўклад, у тым ліку і палітычны, у барацьбу за грамадскія і дзяржаўныя вольнасці. Дзякуючы гэтаму яго шлях да прававога ўрэгулявання стасункаў з дзяржавай быў намнога лягчэйшым у параўнанні з іншымі веравызнаннямі. Яшчэ 17 траўня 1989 года, пад канец існавання камуністычнай улады, Сейм Польшчы ўхваліў (не без палітычнага націску Касцёла) “Закон аб адносінах дзяржавы і каталіцкага Касцёла” (Dz. U., № 29, poz. 154 z późn. zmianami), якім упершыню з часоў вайны пачало рэгулявацца амаль усё кола ўзаемных стасункаў з дзяржавай. У гэты ж час быў прыняты “Закон аб гарантаванні свабоды сумлення і веравызнання” (Dz. U., № 29, poz. 155 z późn. zmianami). Нягледзячы на тое, што гэты закон датычыўся і іншых рэлігійных аб’яднанняў, найлепей быў упарадкаваны прававы статус менавіта каталіцкага Касцёла. Бясспрэчна, гэта можна разглядаць як дасягненне Касцёла, але таталітарная ідэалогія сказіла закон, і таму пасля надыходу вольнага 1989 года з улікам змены палітычнай сістэмы стасункі з дзяржавай былі істотна скарэктаваны. Натуральна, гэтыя змены прывялі да павелічэння міжканфесійнай напружанасці. Калі звярнуцца да асноўных прычын напружанасці, то можна вызначыць, што яны звязаны з вяртаннем маёмасці Касцёла, канфіскаванай у свой час камуністычнай дзяржаўнай сістэмай (паводле “Zarządzenie Ministra Szefa Urzędu Rady Ministrów z dnia 8.02.1990 r. w sprawie szczegółowego trybu postępowania regulacyjnego w przedmiocie przywrócenia osobom prawnym Kośсioła Katolickiego włаsności nieruchomości lub ich części”, гл. Mon. Pol., № 5, poz. 39), з увядзеннем выкладання рэлігійнай навукі ў публічных школах (паводле “Instrukcja Ministra Edukacji Narodowej z dnia 3.08.1990 r. dotycząca powrotu nauczania religii do szkół w roku szkolnym 1990–1991”), з аднаўленнем армейскага епіскапства (паводле “Wytyczne Ministra Obrony Narodowej z dnia 9.05.1991 r. w sprawie współpracy organów wojskowych z Ordynariatem Polowym”), а таксама з падпісаннем 27 ліпеня 1993 года Польскай Рэспублікай пагаднення з Апостальскай Сталіцай (яго ратыфікацыя адбылася толькі 28 ліпеня 1997 года, гл. Dz. U., № 51, poz. 318). Каталіцкі Касцёл выступаў за прызнанне роўных правоў розных веравызнанняў з захаваннем разумных прапорцый, што – нягледзячы на неаднаразовыя дэкларацыі пратэсту прадстаўнікоў рэлігійных меншасцей, якія працівіліся ратыфікацыі пагаднення, – прынесла свой плён, бо ў рэшце рэшт Сейм прыняў закон, які рэгуляваў стасункі Польскай Рэспублікі з іншымі рэлігійнымі аб’яднаннямі (гл. PRAWO WYZNANIOWE 1997: 211–360). Каталіцкі Касцёл, як і належыць арганізацыі, што займае колькасна дамінуючае становішча ў краіне, быў з таго пункту гледжання чыннікам і рухавіком змен і для іншых веравызнанняў.
V
Іншай, больш глыбокай і небяспечнай падставай для ўнутранага пагаршэння канфесійных і міжканфесійных адносін з’яўлецца безумоўная сувязь рэлігійнага і нацыянальнага аспектаў. На стыку іх асаблівасцей узнікаюць непаразуменні і канфлікты, крыніца якіх – нацыяналізм, што аднолькава праяўляецца як з боку каталіцкай большасці, так і з боку рэлігійна-нацыянальных меншасцей Польшчы. З гэтай нагоды варта прыгадаць канфлікт, звязаны з перадачай касцёла ў Пшэмыслі каталікам украінска-грэцкай абраднасці, Супрасля –праваслаўным, і напружанні, звязаныя з рэлігійнымі службамі для нямецкай меншасці на Апольшчыне ці для славакаў у паўднёвых мясцінах кракаўскай архідыяцэзіі.
Праблемным для польскага каталіцкага Касцёла з’яўляецца пытанне іудзейскай веры. І не толькі з-за спрадвечнай прысутнасці мільёнаў габрэяў у Польшчы, а яшчэ і таму, што ў гэтай краіне нацысты здзейснілі свой нялюдскі план татальнага знішчэння габрэйскага народа. Такі ж план быў рэалізаваны ў адносінах да цыганаў, а ў перспектыве павінен быў закрануць і польскі народ. Польскі Касцёл не можа і не жадае выкрасліць са сваёй памяці тыя жахлівыя падзеі, якія ў свой час мелі месца ў Польшчы, асабліва ў Асвенцыме, такія, напрыклад, як канфлікт, звязаны з пасяленнем сясцёр-кармелітак каля канцэнтрацыйнага лагера, канфлікт вакол крыжа на т.зв. Жвіравіску і г.д. За апошнія дзесяць гадоў каталіцкі Касцёл у Польшчы зрабіў для ўсталявання добрых адносін з габрэямі болей, чым за папярэднія дзесяць стагоддзяў. Гэта адлюстроўвае яго намаганні і рашучасць зрабіць усё дзеля стварэння ў польскім грамадстве ўмоў для прызнання годнасці кожнага чалавека, а таксама паказвае на спосаб мыслення і фарміравання каштоўнасцей, пазбаўлены якіх бы там ні было элементаў дыскрымінацыі (PIЕRОNEK 1999b: 63).
VI
Крытэрыем адносін Касцёла да плюралізму і дэмакратыі з’яўляецца яго сістэма каштоўнасцей. Касцёл выступае за абсалютную праўду і нязменныя маральныя прынцыпы. Па праўдзе кажучы, дэмакратычная сістэма гэтыя каштоўнасці per se не выключае, але ахоўвае іх толькі для адзінак (на падставе асабістага выбару), затое не гарантуе іх у грамадскім жыцці па-за межамі дэмакратычна ўсталяванага кансэнсусу. Звязаных з гэтым канфліктаў у Польшчы хапала і на працягу апошняй дэкады. Асноўнымі аб’ектамі спрэчак былі заканадаўчыя акты аб забароне абортаў, заканадаўчае патрабаванне павагі да хрысціянскіх каштоўнасцей на грамадскім радыё і тэлебачанні, спроба ўнясення ў канстытуцыю прынцыпу вяршэнства натуральнага права над законам, канстытуцыйны запіс адносна рэлігійнага нейтралітэту краіны. Гэта толькі некаторыя прыклады пытанняў, вакол якіх у грамадстве разгортваліся ўпартыя дэбаты з удзелам Касцёла (гл. GRACZYK 1999: 46–48, 96–104, 107–109). Апошні, тэарэтычна пагаджаючыся з пэўным тыпам ліберальнай дэмакратыі, паслядоўна імкнуўся да замацавання правоў, што здолелі б абараніць асноўныя нормы маралі. Прычыны такога становішча заключаюцца найперш у пастарскім клопаце аб добрым чалавеку і ва ўспрыняцці права як аднаго з асноўных фактараў падтрымання належнага маральнага ладу. У гэтай сферы існуюць хіба найбольшыя разыходжанні паміж прыхільнікамі ліберальнай дэмакратыі і польскім каталіцкім Касцёлам, які пастаянна шукае найбольш ўплывовыя спосабы ўздзеяння на грамадства.
VII
Вынікам разумення Касцёлам ліберальнай дэмакратыі з’яўляюцца яго адносіны да палітыкі, якая рэалізуе пэўную мадэль дэмакратыі і плюралізму. Агульнавядома, што польскі Касцёл насуперак сваёй волі быў значна заангажаваны палітычна, асабліва ў сямідзесятыя гады. Той, хто ўдзельнічаў у развале камунізму, так ці інакш патрапляў пад спакусу падзелу яго набыткаў. Усё было б добра, калі б той падзел датычыўся свабоды – у такім выпадку ўсе атрымалі б аднолькава. Калі ж смачным кавалкам станавілася ўлада ў дэмакратычнай прававой краіне, то Касцёл у асобах біскупаў і духавенства не павінен быў замахвацца на якую б там ні было яе частку. Гэта становіцца тым больш відавочным, калі ўлічыць місію Касцёла ў адносінах да чалавека і свету. Тэарэтычна перашкод такому падзелу не існавала, бо ўлады добра ставіліся да каталіцтва і каталіцкай большасці (каля 90,0 %) насельніцтва.
Аднак каталікі, больш чым на сорак гадоў адхіленыя ад свецкай улады, ужо не былі падрыхтаваны да яе здзяйснення. Да таго ж, ім не хапала арганізаванасці, патрэбнай для перамогі ў выбарах. Падтрымка іерархіяй выбараў 1989 года, якія не з’яўляліся да канца вольнымі і мелі характар рэферэндуму (за ці супраць камуністаў), была выразнай і добра ўспрымалася грамадствам, у той час як падтрымка “Каталіцкай Акцыі Выборчай” у першых па-сапраўднаму свабодных выбарах 1991 года не стала афіцыйнай і выклікала непрыняцце, як неправадзейная інтэрвенцыя ў дэмакратычныя структуры грамадства. Негатыўная рэакцыя грамадскай думкі на гэтыя падзеі прывяла да таго, што Епіскапат пачаў праводзіць больш асцярожную лінію, абмежаваўшыся падтрымкай агульных маральных крытэрыяў выбараў без канкрэтнага ўказання на партыі і палітыкаў. Усё гэта стала ўрокам, які дазволіў у далейшым, падчас прэзідэнцкіх выбараў 1995 года і парламенцкіх 1997 года, заняць пазіцыю больш аб’ектыўную, г.зн. адпаведную патрабаванням грамадскай думкі Касцёла (шырэй на гэтую тэму гл. GOWIN 1999: 52–68).
VIII
Касцёл разумеў і падтрымліваў гаспадарчыя рэформы, але не заўсёды звяртаў увагу на людскія драмы, якія пачаліся з усталяваннем прынцыпу свободнага рынку і канкурэнцыі, не надта памятаў ён і пра ўбогіх і пакрыўджаных. Не было сумнення, што працэс пераходу ад цэнтралізаванага кіравання гаспадаркай да свабоднага рынку акажацца перспектыўным і карысным. Ажыццяўленне гэтага працэсу прывяло да з’яўлення вялікай колькасці рознага кшталту прыватных эканамічных ініцыятыў, якія даволі хутка занялі сваё месца на рынку. Ілюструюць гэтую з’яву дадзеныя Галоўнага Статыстычнага Упраўлення, якім у 1998 годзе было зафіксавана існаванне 2 мільёнаў 731 тысяч 966,0 прыватных прадпрыемстваў (супраць 78 тысяч 487,0 дзяржаўных). Аб’ём УВП (унутранага валавога прадукту) гэтых прадпрыемстваў у 1997 годзе склаў 639928,0 мiльёнаў злотых, у той час як для дзяржаўнага сектара гэтая лічба склала 282392,0 мiльёнаў злотых.
Не ўсе змаглі зразумець і скарыстаць новыя мажлівасці. Частка грамадства проста патрапіла ў беднасць, асабліва тыя, хто страціў працу і не змог перакваліфікавацца, старыя людзі, працаўнікі збанкрутаваных дзяржаўных сельскіх гаспадарак і да т.п. Сектарамі, якім пагражала беспрацоўе і ў выніку гэтага – зніжэнне жыццёвага ўзроўню зволеных супрацоўнікаў, сталі: горная прамысловасць і металургія, лёгкая дзяржаўная прамысловасць, сельская гаспадарка, сістэмы адукацыі і аховы здароўя.
Правядзенне рэформы дало надзею на паляпшэнне сітуацыі, але грамадства пад уплывам прафесійных саюзаў і палітычных партый дамагалася, нават пры дапамозе неправавых метадаў, матэрыяльнай забяспечанасці. А каб гарантаваць апошняе, дзяржава павінна была, даючы адным, забіраць у другіх. Гэта канфліктная сітуацыя спараджала настроі непрыязнасці, нават нянавісці, станавілася складанай маральнай праблемай, а потым і прадметам заклапочанасці і пастарскай працы Касцёла як рэлігійнай еднасці. З гэтай нагоды можна ўзгадаць блакады дарог сялянамі і публічных устаноў гарнякамі і медсёстрамі ў 1998 і 1999 гадах.
Касцёл, з’яўляючыся інстытутам, які паволі прыстасоўваецца да гаспадарчага плюралізму і карыстацца ім (напр., банкаўскай сістэмай, спонсарынгам, рэкламай), дагэтуль так і не здолеў стварыць сваю развітую эканамічную сістэму, якая дазволіла б яму лепш выкарыстоўваць уласныя матэрыяльныя рэсурсы (гл. PIЕRОNEK 1999а: 11).
IX
Дзякуючы свабодным сродкам масавай інфармацыі плюралізм пасля 1989 года з’явіўся вельмі хутка і ў галіне культуры, чым прынёс Касцёлу шмат клопатаў. Безумоўна, Касцёл цаніў свабоду, але яму было цяжка прымірыцца з тым, што яна ўжываюцца не належным чынам, што дзякуючы ёй зло не толькі з’яўляецца ў грамадстве, але і становіцца даступным для кожнага. Зварот да цэнзуры не прымаўся пад увагу, ніхто не хацеў вяртацца да таго кашмару. Але пэўныя каталіцкія суполкі рабілі спробы мабілізаваць грамадскую думку, прапаноўвалі прыняць законы, якія павінны былі, напрыклад, абараніць хрысціянскія каштоўнасці ў сродках камунікацыі, абмежаваць доступ да парнаграфіі і да т.п. Чым далей, тым больш Касцёл усведамляў, што найлепшай абаронай ад зла, асабліва маральнага, з’яўляецца фарміраванне асобы свядомага хрысціяніна.
Зараз у Касцёла з’явілася магчымасць (якой ён не меў на працягу дзесяцігоддзяў) карыстацца сродкамі масавай інфармацыі. На сённяшні дзень ён мае ўласныя праграмы на грамадскім радыё і тэлебачанні, уласную прэсу, прадстаўленую галоўным чынам штотыднёвікамі (“Tygodnik Powszechny”, “Niedziela”, “Gość Niedzielny”), а таксама штодзённай газетай “Nasz Dziennik”. Касцёл валодае “Каталіцкім Інфармацыйным Агенцтвам” (KAI), уласнымі выдавецтвамі. Усе гэтыя ўстановы існуюць дзякуючы падтрымцы таварыстваў і суполак каталікоў свету (напрыклад, выдавецтва “Znak”). З дапамогай епархіі і каталіцкіх ордэнаў існуюць больш за трыццаць епархіяльных радыёстанцый, дзве радыёстанцыі шырокага дыяпазону: “Radio Maryia” i “Radio Plus”, а таксама тэлеканал “Niepokalanów”. Згаданыя мас-медыя з’яўляюцца плюралістычнымі ў тым сэнсе, што не ўсе яны вызначаюцца рэлігійным характарам і не ўсе падтрымліваюць адну і тую ж палітычную сістэму.
X
Можна сказаць, што польскі Касцёл падтрымлівае плюралізм ва ўсіх сферах жыцця. Аднак гэта падтрымка плюралізму, як асновы дэмакратычных краіны і грамадства, на практыцы сутыкаецца з цяжкасцямі. Яны вынікаюць з апасенняў пэўных колаў, і не толькі каталіцкіх, што грамадства, якое толькі што выбавілася з няволі, яшчэ не падрыхтавана да карыстання свабодай, а таму яго трэба абараніць ад самаўладства дзяржавы. Натуральна, цяжэй прыняць плюралізм у сферы маралі, бо звычайна не ўлічваецца, што дапушчэнне такога кшталту плюралізму, які вынікае з прыняцця рэлігійнай свабоды, не патрабуе адмаўлення ад уласных маральных прынцыпаў (MARIAŃSKI 1993: 48). У сакавіку 1993 года адзін з польскіх публіцыстаў пісаў: “Ці падтрымлівае Касцёл польскую дэмакратыю? Так, але тая падтрымка нязначная. Ці патрэбны ён дэмакратыі? Натуральна, але хутчэй – Касцёл рэфармаваны, больш евангельскі, больш скіраваны на духоўныя патрэбы свабоднага чалавека. Не трэба забываць, што Касцёл часта не прымае новы лад – і не заўсёды таму, што імкнецца зло называць злом. На жаль, гэтае непрыманне часта вынікае з фундаментальнага неразумення плюралістычнага ладу. Ладу, які Касцёл даволі часта – замест таго, каб евангелізаваць – імкнецца en bloc экзарцызаваць. А гэта не адно і тое ж” (GRACZYK 1999: 45). Mагчыма, згаданая думка шасцігадовай даўніны і занадта жорсткая, але яна не пазбаўлена рацыі. Зараз, безумоўна, сітуацыя лепшая. Я перакананы, што грамадская свядомасць паволі дойдзе да разумення таго, што адзіны дзейсны шлях, які вядзе чалавека да годнага, хрысціянскага жыцця ў плюралістычным грамадстве, – гэта фарміраванне ў яго душы дасканалай сістэмы каштоўнасцей, а таксама ўмення свядома выбіраць дабро. Касцёл імкнецца да выхавання такіх носьбітаў веры, якія б у асабістым і грамадскім жыцці кіраваліся шчырым сумленнем. Такія мэты заўсёды стаялі перад рэлігійнымі аб’яднаннямі, але аказалася, што ў плюралістычным грамадстве дасягнуць іх нашмат цяжэй, бо тут не дазволена звяртацца ні да якіх формаў прымусу. Як каталіцкі Касцёл здолее дабіцца сваёй мэты, пакажа час.
XI
Стаўленне польскага грамадства да адзінай Еўропы, гэтаксама як і адносіны Касцёла да яе, з’яўляюцца асобным крытэрыем грамадзянскага аблічча палякаў. Праблемы, звязаныя з інтэграцыяй Польшчы ў Еўрапейскі Саюз, у значнай ступені вызначаюцца зменамі, асабліва гаспадарчымі, што адбываюцца ў краіне. У агульным плане гэта вылілася ў зніжэнне за два апошнія гады папулярнасці ідэі інтэграцыі. Калі ў 1997 годзе 58,0 % палякаў падтрымлівалі ідэю ўступлення Польшчы ў Еўрасаюз (SKOTNICKA-ILLASIEWICZ 1998: 72), то ў сярэдзіне кастрычніка 1999 года – паводле дадзеных прэсы – прыхільнікаў яднання было ўжо меней (46,0 %), чым праціўнікаў. Невядома, якая частка духавенства на сённяшні дзень падтрымлівае інтэграцыю. Праведзеныя на мяжы 1997–1998 гадоў даследаванні выявілі сярод слуг Касцёла даволі вялікі працэнт прыхільнікаў яднання – больш за 84,0 % (паводле KOLARSKA-BOBIŃSKA 1999). Не выключана, што ў гэтай катэгорыі мог адбыцца і спад інтэграцыйных настрояў. Сацыёлагі сцвярджаюць, што галоўнай прычынай такога спаду з’яўляецца незадаволенасць праведзенымі рэформамі. Я лічу, аднолькава моцна паўплывалі на сітуацыю і татальная крытыка рэформ, і спадарожныя ёй пратэсты. Праўда гэта ці не, але палякі пачалі сур’ёзна задумвацца над уступленнем у Еўрапейскі Саюз. Яго прыхільнікі падкрэсліваюць станоўчыя бакі інтэграцыі дзяржаў. З другога боку, існуе і страх перад стратай нацыянальнай самасвядомасці і матэрыяльных набыткаў Польшчы, што будзе на руку “тым з Саюза” і аб чым пастаянна нагадваюць праціўнікі інтэграцыі. Людзі не згодны ні на якія змены ў нерацыянальнай і нерэнтабельнай гаспадарцы “мінулых часоў”. Пэўна, калі б у Польшчу ўкласці столькі ж мільярдаў марак, колькі атрымала Германская Дэмакратычная Рэспубліка, інтэграцыю падтрымалі б больш актыўна. На жаль, справа інтэграцыі ў апошні час стала аб’ектам палітычных таргоў, што ёй дабра не прыносіць. Аднак пазіцыя Касцёла з’яўляецца адназначнай, аб чым яскрава сведчыць візіт польскіх біскупаў у Брусель у 1997 годзе (гл. PIERONEK 1998: 409–413) і рашучая падтрымка Янам Паўлам ІІ уступлення Польшчы ў Еўрапейскі Саюз, выказаная ім падчас наведвання польскага парламента 8 чэрвеня 1999 года.
Адносіны палякаў да аб’яднання Еўропы, безумоўна, будуць адным з найважнейшых выпрабаванняў, тэстам на тое, ці дараслі мы да змянення грамадства і ці хопіць нам сталасці паклапаціцца пра агульныя інтарэсы. Каталіцкі Касцёл пры дапамозе даступных яму сродкаў будзе садзейнічаць фарміраванню такой сталасці.
Пераклаў з польскай мовы
Сяргей ВЕНІДЗІКТАЎ
© МТ “Брама”, 2002
SUMMARY
Bishop Tadeush PERONEK
CATHOLIC CHURCH IN THE MODERN POLISH SOCIETY
Describing the activity of the Polish Catholic Church the author analyses the moral basis of the Polish Catholicism, its relation to the national and religious aspects, attitude of the Church to politics, pluralism, democracy and integration in the new society. Special attention is paid to the reasons of tense relations between the Church and religious minorities, and to present-day religious situation in Poland as well.
РЕЗЮМЕ
Епископ Тадэуш ПЕРОНЭК
КАТОЛИЧЕСКИЙ КОСТЕЛ В СОВРЕМЕННОМ ПОЛЬСКОМ ОБЩЕСТВЕ
Описана история деятельности Польского католического Костела. Проанализированы моральная основа польского католицизма, связь национального и религиозного аспектов, отношение Костела к политике, плюрализму, демократии и интеграции в новом обществе. Описаны причины возникновения напряженных отношений между Костелом и религиозными меньшинствами, а также современная религиозная ситуация в Польше.
* © Bp Tadeusz PIERONEK. Kościół katolicki w społeczeństwie obywatelskim w Polsce = Die Katholische Kirche in der polnischen Bürgergesellschaft. Wroclaw, 2000. S. 7–25.
Лiтаратура
Gowin J. Kościół w czasach wolności 1989–1999. Kraków, 1999.
Graczyk R. Polski Kościół polska demokracja. Kraków, 1999.
Kolarska-Bobińska L. Duchowieństwo polskie wobec perspektywy integracji europejskiej // Europa – drogi integracji / Red. A.Dylus; Studium Generale Europa. Warszawa, 1999.
Krasowski K. Związki wyznaniowe w II Rzeczypospolitej: Studium historycznoprawne. Warszawa, 1988.
Mariański J. Katolicy w strukturze wyznaniowej Polski // Kościół katolicki w Polsce 1918–1990: Rocznik statystyczny / Red. L.Adamczuk i W.Zdaniewicz. Warszawa, 1991.
Mariański J. Religia i Kościół w społeczeństwie pluralistycznym, Polska lat dziewięćdziesiątych. Lublin, 1993.
Pieronek T. [Posłowie:] Dlaczego biskupi polscy pojechali do Brukseli? // Europa, zadanie chrześcijańskie: Księga pamiąkowa z okazji 65. Rocznicy urodzin księdza profesora Helmuta Jurosa / Red. A.Dylus. Warszawa, 1998.
Piеrоnek T.(a) Kościół i pieniądze: Wątpliwośći // Tygodnik Powszechny. 26 września 1999 r. № 39.
Piеrоnek T.(b) Rachunek sumienia Kościoła w Polsce wobec antysemityzmu w latach 1989–1999 // Kościół polski wobec antysemityzmu 1989–1999. Kraków, 1999.
Prawo wyznaniowe / Wprowad. i oprac. W.Uruszczak. Kraków, 1997.
Skotnicka-Illasiewicz E. Wyobrażenia Unii Europejskiej w świetle badań społecznych // Czy Polska ma doktrynę integracyjną?: Praca zbiorowa / Wyd. Ośrodek Myśli Politycznej. Kraków, 1998.
Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Магілёўскага Таварыства БРАМА
|