|
УНІЯЦКАЯ СУПОЛКА Ў ПІНСКАЙ РЫМА-КАТАЛІЦКАЙ ДУХОЎНАЙ СЕМІНАРЫІ: (1928–1939)*
Алесь СВІРЫД
(Брэст, Беларусь)
У 1924 годзе каталіцкія епіскапы ўсходніх епархій Другой Рэчы Паспалітай атрымалі ад Рыма паўнамоцтвы на правядзенне пропаведзі уніі ў форме візантыйска-славянскага абраду – т.зв. “неауніі” (гл. МАРАШ 1983: 12). Ужо тады перад каталіцкай царквой паўстала пытанне адносна асоб, якія будуць займацца гэтай справай. Падляшскі епіскап Г.Пшаздзецкі паспрабаваў прыцягнуць рымска-каталіцкае духавенства, але ніводзін святар у яго епархіі не згадзіўся прысвяціць сябе уніі. Практыка прыцягнення грэка-каталіцкага духавенства з Галіцыі выклікала праблемы палітычнага характару і ў хуткім часе ад яе адмовіліся. Зварот да праваслаўнага духавенства, якое пажадала б перайсці ў каталіцкую веру і захаваць пры гэтым усходні абрад, часткова вырашыў кадравае пытанне, але выклікаў шэраг іншых праблем, у тым ліку і нараканні з боку ўлад краіны, бо большасць з тых, хто працаваў дзеля справы царкоўнага яднання, цікавілі выключна пытанні кар’еры і матэрыяльных выгод. У Луцкай епархіі была зроблена спроба арганізацыі падрыхтоўкі каталіцкіх святароў візантыйска-славянскага абраду: у 1928 годзе ў Дубне была заснавана асобная семінарыя ўсходняга абраду як філія Луцкай семінарыі. Аднак з гэтага нічога не атрымалася і ў чэрвені 1929 года семінарыя ў Дубне была закрыта. У 1931 годзе пасля дакладу апостальскага візітатара візантыйска-славянскага абраду епіскапа Н.Чарнецкага папа пастанавіў адкрыць у Дубне ўсходнюю семінарыю (гл. НИКОЛАЕВ 1950: 191–192). Кадравае пытанне стаяла перад каталіцкай царквой даволі востра, нягледзячы на спробы прыцягнуць да дзейнасці па распаўсюджванні уніі каталіцкія манаскія ордэны. У такой сітуацыі было вырашана пачаць працу ў рымска-каталіцкіх духоўных семінарыях.
У папскай энцыкліцы “Rerum Orientalium”, выдадзенай 8 верасня 1928 года, прагучаў заклік да яднання і да вывучэння ўсходнях цэркваў. У выніку на V З’ездзе Саюза Тэалагічных Устаноў, які адбыўся ў Лодзі ў 1929 годзе, была прынята пастанова ўнесці галоўныя пытанні ўсходняй тэалогіі ў выкладанне апалагетыкі ці заснаваць сярод клірыкаў уніяцкія гурткі, у якіх праводзіліся б заняткі па рэлігійнай арыенталістыцы. На наступным з’ездзе ў Познані ў 1931 годзе прэфект духоўнай семінарыі ў Пінску доктар К.Кулак зачытаў два рэфераты, прысвечаныя спосабам прыцягнення семінарыстаў да уніяцкай справы. На гэтым жа з’ездзе была прынята пастанова аб неабходнасці імкнуцца да выкладання ўсходніх навук у духоўных семінарыях епархій са значнай колькасцю праваслаўных (гл. ГАБО, ф. 2060, оп. 2, д. 1, л. 9).
У ліку першых рымска-каталіцкіх духоўных семінарый Другой Рэчы Паспалітай, у якіх узнікла такое аб’яднанне, была семінарыя ў г. Пінску Палескага ваяводства, дзе 2 лютага 1928 года па ініцыятыве а. Эдварда Юневіча ўзнік Гурток Місіянерскага Таварыства. Патронам і душой арганізацыі быў сам ініцыятар, якога пасля яго ад’езду ў Рым у 1929 годзе замяніў вядомы ў Другой Рэчы Паспалітай змагар за ідэю адзінства цэркваў а. К.Кулак (гл. ГАБО, ф. 2060, оп. 2, д. 1, л. 10). 30 лістапада 1932 года К.Кулак з’ехаў з Пінску, а патранаж прыняў на сябе доктар В.Пянткоўскі, святар, былы старшыня гэтага гуртка. З 14 кастрычніка 1933 года патронам Гуртка стаў рэктар Пінскай духоўнай семінарыі А.Петрані (гл. SMIEJAN 1935а: 17).
Хутка пасля арганізацыі ўзнікла патрэба ў палажэннях, якія рэгулявалі б дзейнасць. Была наладжана перапіска з архіепіскапам Аламуца Пячанам, які даслаў статут Св. Кірылы і Мяфодзія. На падставе сабранай інфармацыі і ўласнага вопыту пад кіраўніцтвам патрона Гуртка быў выпрацаваны Статут, які на плянарным паседжанні 14 лістапада 1931 года быў прачытаны епіскапам З.Лазінскаму і Н.Чарнецкаму, святарам-канонікам Пінскай капітулы, уладам семінарыі, святарам абодвух абрадаў (гл. SMIEJAN 1935а: 17). Вальны Сход Гуртка 22 лістапада 1931 года прыняў яго адзінагалосна (гл. ГАБО, ф. 2060, оп. 2, д. 1, л. 12 об.). Епіскап З.Лазінскі 25 лістапада 1931 года зацвердзіў Статут з выпрабавальным тэрмінам у год, а 10 кастрычніка 1934 года епіскап К.Букраба, які замяніў З.Лазінскага, зацвердзіў яго канчаткова (гл. SMIEJAN 1935а: 17).
Паводле Статута, арганізацыя насіла назву “Уніяцкі Гурток пры Вышэйшай Духоўнай семінарыі Св. Фамы Аквінскага ў Пінску”. Мэтамі Гуртка былі абвешчаны навуковае вывучэнне уніі і дапамога місіі сярод праваслаўных, а сродкамі для яе дасягнення – малітва, пакаянне, азнаямленне сяброў з уніяцка-місіянерскай працай праз лекцыі, рэфераты, дыскусійныя сходы, кантакт і супрацоўніцтва з уніяцкімі місіянерскімі арганізацыямі, а таксама асобамі, што працуюць ва уніяцкай місіі, напісанне артыкулаў для уніяцка-місіянерскіх часопісаў, збор ахвяраванняў на уніяцкую акцыю, прапаганда уніі сярод шырокіх колаў духавенства, свецкага грамадства, інтэлігенцыі і сярод моладзі – асабліва. Органамі кіравання ў Гуртку з’яўляліся Вальны Сход, Праўленне, Рэвізійная Камісія, куратар Гуртка, Старшыня. Вышэйшым органам улады прызнаваўся Вальны Сход, які мог быць звычайным і надзвычайным. Звычайны Вальны Сход склікаў Праўленне ў пачатку кожнага навучальнага года, а надзвычайны Вальны Сход мог склікацца Праўленнем, Рэвізійнай Камісіяй, куратарам Гуртка, а таксама ў выніку пісьмовага звароту адной трэці членаў Гуртка. Кампетэнцыя Вальнага Сходу наступная: выбары Праўлення, Рэвізійнай Камісіі і спецыяльных камісій, прыняцце ці непрыняцце фінансавай справаздачы Праўлення, вырашэнне пытанняў, якія не знаходзяцца ў кампетэнцыі Праўлення, змяненне Статута і роспуск Гуртка. Адміністрацыйнай і выканаўчай уладай Гуртка было Праўленне, якое складалася са старшыні (гл. ГАБО, ф. 2060, оп. 2, д. 1, л. 17, 17 об.), віцэ-старшыні, сакратара і бібліятэкара-архіварыуса, што абіраліся Вальным Сходам на адзін год. У кампетэнцыі Праўлення было кіраванне маёмасцю, кантроль за дзейнасцю Старшыні, прыняцце і выключэнне членаў Гуртка. Сходы Праўлення павінны былі адбывацца не радзей, чым раз на месяц. Рэвізійная Камісія складалася з трох чалавек і была абавязана кантраляваць стан маёмасці гуртка і дзейнасць Праўлення. Куратар Гуртка, які зацвярджаўся рэктарам, быў абавязаны сачыць за ідэйнай накіраванасцю гуртка і нёс адказнасць за ўсё, што ў ім адбываецца, перад вышэйшымі ўладамі. У галасаванні Гуртка куратар удзелу не браў. Куратару належала права канчатковага слова ва ўсіх спрэчках паміж уладамі Гуртка, уладамі і членамі ці паміж асобнымі членамі гуртка. Паводле Статута, непасрэдна кіраваў Гуртком і прадстаўляў яго ў знешніх справах Старшыня. Ён меў права самастойна асігнаваць сродкі на канцылярскія выдаткі, але рашэнне адносна ўсіх астатніх выдаткаў, у залежнасці ад іх плануемых памераў, прымала Праўленне ці нават Вальны Сход (гл. ГАБО, ф. 2060, оп. 2, д. 1, л. 12). Члены Гуртка падзяляліся на звычайных і ганаровых, якіх зацвярджаў Вальны Сход па рэкамендацыі праўлення з указаннем іх заслуг перад Гуртком. У абавязкі членаў уваходзіла штодзённая малітва, ахвяраванні (акрамя членскіх узносаў), даследаванне праблем, звязаных з распаўсюджваннем уніі (гл. ГАБО, ф. 2060, оп. 2, д. 1, л. 17, 17 об.).
Не радзей за 6 разоў на год павінны былі адбывацца пленарныя паседжанні (гл. ГАБО, ф. 2060, оп. 2, д. 1, л. 12). На іх чыталіся даклады, якія маглі рабіць як семінарысты, так і каталіцкія святары, якія ўжо працавалі на унію (гл. ГАБО, ф. 2060, оп. 2, д. 4, л. 14). Наведванне ўсіх мерапрыемстваў, арганізацыяй якіх займаўся Гурток, было вельмі высокім, часта ў іх прымалі ўдзел і семінарысты, якія не з’яўляліся яго членамі (гл. ГАБО, ф. 2060, оп. 2, д. 3, л. 3).
Ужо ў 1929 годзе Гурток у Пінскай семінарыі працаваў па праграме, якая ўдасканальвалася на працягу года. У канцы кожнага спрваздачнага года прымалася праграма дзейнасці на наступны год. Вопыт працы Пінскай семінарыі актыўна распаўсюджваўся па ўсёй краіне. Іх вучэбная прграма і план працы былі прыняты як узоры і для іншых арганізацый у семінарыях усходніх епархій (гл. ФЁДОРОВ 1985: 130).
Першыя 3 гады існавання Гуртка можна вызначыць і як час неаднаразовых ваганняў. Шмат членаў па розных прычынах выйшлі з Гуртка і іх колькасць з 35 знізілася да 13 чалавек. Членскі ўзнос з 1 студзеня 1930 года зменшыўся з 25 да 10 грошаў штомесячна. Астатняя частка членаў Гуртка была поўная рашучасці перажыць крызіс (гл. ГАБО, ф. 2060, оп. 2, д. 1, л. 10), пераадоленню якога садзейнічала наведванне сходаў епіскапам З.Лазінскім і ўдзел яго ў дыскусіях. Не магло не садзейнічаць павелічэнню папулярнасці Гуртка сярод семінарыстаў і наведванне 21 мая 1931 года ўрачыстага паседжання Гуртка Пінскай духаўнай семінарыі епіскапам Н.Чарнецкім, апостальскім візітатарам (гл. ГАБО, ф. 2060, оп. 1, д. 22, л. 66), і запрашэнне членаў Гуртка на уніяцкую канферэнцыю ў Пінск 23–24 мая 1930 года (гл. ГАБО, ф. 2060, оп. 2, д. 4, л. 11).
Увогуле, колькасць членаў Гуртка выглядала наступным чынам (паводле ГАБО, ф. 2060, оп. 1, д. 51, л. 46, ГАБО, ф. 2060, оп. 2, д. 4, л. 11, ГАБО, ф. 2060, оп. 2, д. 6, л. 1, ГАБО, ф. 2060, оп. 2, д. 6, л. 7, ГАБО, ф. 2060, оп. 2, д. 7, л. 5, ORIENS 1934: 191, ORIENS 1938: 29).
|
Перыяд
|
Звычайныя члены
|
Ганаровыя члены
|
|
1928–1929 гады
|
20
|
|
|
1929–1930
гады
|
32
|
|
|
1933–1934
гады
|
46
|
2
|
|
Пачатак
1934 года
|
43
|
2
|
|
1934–1935
гады
|
42
|
2
|
|
3 снежня 1936 года
|
39
|
2
|
|
29 лістапада 1937 года
|
33
|
2
|
|
4 снежня 1938 года
|
24
|
2
|
У розныя часы ў складзе Праўлення Уніяцкага Гуртка ў Пінску былі Дыянісій Малец, Баляслаў Брычковіч, Генрых Кардаш, Баляслаў Мільковіч, Антоній Еуш (гл. ГАБО, ф. 2060, оп. 1, д. 51, л. 24), Рудольф-Ян Яворскі, Антоній Смеян, Казімір Станевіч, Ян Пачыкоўскі (гл. ГАБО, ф. 2060, оп. 1, д. 51, л. 46), Павел Вашчанюк, І.Хардзінскі, І.Каралюк, І.Язерскі, Ст.Лапіньскі, Уладзіслаў Хладоўскі, Юзэф Галда, Эдмунд Вёнцек, Фр.Радзішэўскі, М.Скрыцкі (гл. ГАБО, ф. 2060, оп. 2, д. 6, л. 1, 7), У.Кліматок, Францішак Радзішэўскі, Алег Сушкі, Генры Расіяк, У.Ендрушук (гл. ГАБО, ф. 2060, оп. 2, д. 7, л. 5), Даянісій Малец, Генрых Кардаш (гл. ГАБО, ф. 2060, оп. 2, д. 3, л. 3).
З канца 1920-х гадоў у Гуртку пачалі вывучаць стан уніяцкіх прыходаў, усталёўваць з імі кантакты, быў выпрацаваны фармуляр-апытальнік, які разаслалі ўсім уніяцкім святарам (гл. SMIEJAN 1935а: 17). Адным з першых прыходаў каталіцкай царквы візантыйска-славянскага абраду, з якім пінскі Гурток наладзіў сувязі, быў прыход у Альпене, настаяцелем якога быў В.Аношка (гл. ГАБО, ф. 2060, оп. 2, д. 4, л. 11). Апошні звяртаўся па матэрыяльную і маральную дапамогу свайму прыходу і аб’яднанню сясцёр-місіянерак “Дзеці Марыі” ў Зарэччы (гл. ГАБО, ф. 2060, оп. 2, д. 1, л. 14 об.). У прыходы дасылаліся сродкі і місіянерская літаратура. Так, у 1935–1936 справаздачным годзе было адаслана 564 абразкі, 293 брашуры і часопісы (гл. ГАБО, ф. 2060, оп. 2, д. 7, л. 1).
Гурток падтрымліваў сувязь з місіяй каталіцкай царквы візантыйска-славянскага абраду ў Кітаі (гл. ГАБО, ф. 2060, оп. 2, д. 4, л. 14), з місіяй езуітаў усходняга абраду ў Альберціне (гл. ГАБО, ф. 2060, оп. 2, д. 2, л. 5 об.) і з рэдактарам часопіса “Арыенс”, езуітам Я.Урбанам. Падтрымліваліся шчыльныя адносіны з місіянерскімі гурткамі семінарый у Дубне, Луцку, Лодзі, Кракаве, Львове, Познані, Варшаве (гл. ГАБО, ф. 2060, оп. 2, д. 3, л. 3), Янове Падляшскім, Тарнове, Аламоўцы (Чэхія), са студэнтамі з Мерлінскіх хутароў (гл. ГАБО, ф. 2060, оп. 1, д. 51, л. 46), настаяцелем прыходу ў Таракане Данатам Навіцкім (гл. ГАБО, ф. 2060, оп. 2, д. 3, л. 3), настаяцелем прыходу ў Бабровічах Баляславам Пачапкам, настаяцелем прыходу ў Курашава Мілерам, епіскапам Эдвардам Рапам (гл. ГАБО, ф. 2060, оп. 2, д. 4, л. 3 об.), а таксама з Усходнім інстытутам у Любліне, дзе ў 1920 годзе ўзнікла арганізацыя па вывучэнні ўсходняй традыцыі (гл. SMIEJAN 1935а: 17).
Большую частку карэспандэнцыі ў 1934 годзе складала анкета, з якой звярнуліся да ўсіх семінарыстаў Польшчы з мэтай збору матэрыялаў для даклада “Клірыкі Польшчы ў адносінах да уніі”, які рыхтаваў А.Смеян (гл. ГАБО, ф. 2060, оп. 1, д. 51, л. 46). У далейшым яго артыкул з такой назвай выйшаў у першым нумары часопіса “Oriens” за 1935 год (гл. SMIEJAN 1935а: 16–20). А.Смеян апублікаваў у гэтым выданні некалькі артыкулаў (гл. SMIEJAN 1934а: 23–24, 1934б: 76–77, 1935б: 50–52). У 1937 годзе Гурток рыхтаваў матэрыялы для выдання Помніка (зборніка дакладаў) Пінскай канферэнцыі і разаслаў іх розным семінарыям (гл. ГАБО, ф. 2060, оп. 2, д. 6, л. 7 об.).
Гурток Пінскай Духоўнай семінарыі прымаў удзел у выданні штогодніка Саюза студэнцкіх місіянерскіх гурткоў Польшчы за 1931 год. Пінскія семінарысты чыталі рэфераты ў некаторых місіянерскіх арганізацыях розных прыходаў Польшчы (гл. ГАБО, ф. 2060, оп. 2, д. 4, л. 14, 14 об.).
Адным з накірункаў дзейнасці Гуртка была арганізацыя сумесных малітваў (гл. ГАБО, ф. 2060, оп. 2, д. 6, л. 7) і уніяцкіх тыдняў. Прызначаны на 18–25 студзеня 1933 года уніяцкі тыдзень быў адзначаны малітвай Язафату Кунцэвічу, якая штодзённа чыталася сумесна (гл. SMIEJAN 1935а: 18).
У лістападзе кожнага года Гурток урачыста адзначаў дзень Язафата Кунцэвіча. 10 лістапада 1930 года на ўрачыстай вечарыне, прысвечанай яму, Гурток прымаў у якасці гасцей епіскапа Лазінскага, прадстаўніка езуітаў Мацэвіча і базыльянаў – Рашацілу, а таксама амаль усіх святароў каталіцкай царквы ўсходняга абраду Пінскай епархіі. На гэтым сходзе былі закрануты шматлікія пытанні, якія датычыліся не толькі Палесся, але і ўсёй Польшчы. Гэта падняло дух членаў Гуртка, дадало імпэту ў працы. Паступова пачалі вывучаць стан езуіцкіх прыходаў, усталёўваць кантакты з аналагічнымі арганізацыямі (гл. ГАБО, ф. 2060, оп. 2, д. 1, л. 10). У далейшым на вечарынах, прысвечаных Я.Кунцэвічу, як правіла, чыталіся даклады па гісторыі уніі, яе надзённых патрэбах, пасля чаго хор выконваў усходнія песнапенні (гл. ГАБО, ф. 2060, оп. 1, д. 51, л. 34). Так, у 1935 годзе хор выконваў “Богородице Дево Радуйся” Зерчанінава і на матыў кіеўскай школы – “Господи воззвах” (гл. ГАБО, ф. 2060, оп. 1, д. 60, л. 60). На вечарынах звычайна прысутнічаў епіскап, Пінская Капітула, рэктар і прафесары семінарыі. Часта напярэдадні, у першай палове дня, у кафедральным касцёле ў гонар Язафата Кунцэвіча служылася літургія (гл. PINSKI PZREGLĄD 1935: 9).
Збор кніг, часопісаў і іншых друкаваных выданняў для бібліятэкі Гуртка, а таксама разнастайных рэчаў – такіх, як фотаздымкі, царкоўнае начынне, абразы і г.д. – для музея быў прадпісаны Статутам. Частку літаратуры Гурток набываў на ўласныя сродкі. Але бібліятэка Гуртка ўзнікла яшчэ ў 1928 годзе з кніг, ахвяраваных епіскапам Лазінскім і К.Кулаком (гл. SMIEJAN 1935а: 17–18). Вялікую колькасць літаратуры ў 1934 годзе бібліятэка Гуртка атрымала ў падарунак ад прафесара М.Крывіцкага (гл. ГАБО, ф. 2060, оп. 1, д. 51, л. 46 об.) і езуіта Я.Урбана (гл. ГАБО, ф. 2060, оп. 2, д. 3, л. 4). У 1934–1935 гадах ахвяраваў літаратуру езуіт з Вільні П.Мацяевіч (гл. ГАБО, ф. 2060, оп. 2, д. 6, л. 1). Шмат экземпляраў даслала Веляградская акадэмія (гл. SMIEJAN 1935а: 18). Большую частку ў бібліятэцы Уніяцкага Гуртка пры Пінскай духоўнай семінарыі складалі выданні на польскай мове, на другім месцы па колькасці былі выданні рускія, на трэцім – лацінскамоўныя, былі таксама адзінкавыя выданні на беларускай, нямецкай, французскай, чэшскай і ўкраінскай мовах (гл. ГАБО, ф. 2060, оп. 2, д. 8, л. 1).
За гады дзейнасці Гуртка фонды яго бібліятэкі раслі наступным чынам (паводле ГАБО, ф. 2060, оп. 2, д. 3, л. 4, ГАБО, ф. 2060, оп. 2, д. 6, л. 1, 7, ГАБО, ф. 2060, оп. 2, д. 7, л. 6, ORIENS 1934: 191, SMIEJAN1935а: 18).
|
Год
|
Колькасць
тамоў
|
|
1929
|
53
|
|
1934–1935
|
180
|
|
1935–1936
|
200
|
|
1936–1937
|
210
|
|
1937–1938
|
223
|
Акрамя літаратуры, у фондах бібліятэкі былі ноты для песнапенняў і больш за 70 фотаздымкаў (гл. ГАБО, ф. 2060, оп. 1, д. 51, л. 46, ГАБО, ф. 2060, оп. 2, д. 6, л. 7).
Адносна характару і маштабаў дзейнасці гуртка можна зрабіць некаторыя вывады на падставе яго фінансавых справаздач. З фінансавай дзейнасці 1929 года вядома толькі адна лічба: 92,7 злотых. Менавіта столькі было выдаткавана з касы Гуртка ў гэтым годзе на бібліятэку (гл. ГАБО, ф. 2060, оп. 2, д. 4, л. 1). За 1934–1935 гады прыбыткі і выдаткі Гуртка выглядалі наступным чынам (паводле ГАБО, ф. 2060, оп. 2, д. 1, л. 14 об.).
|
Прыбытак (у злотых)
|
Выдаткі (у злотых)
|
|
Рэшта
з мінулага года
|
72,88
|
Часопісы
|
20,20
|
|
За
білеты латэрэі
|
24,20
|
Ахвяраванні на манастыр Св. Марыі ў Зарэччы
|
20,00
|
|
З
продажу брашур
|
10,55
|
Фотаздымкі для “Oriens”
|
5,70
|
|
З
добраахвотных ахвяраванняў
|
10,63
|
Ахвяраванні на будаўніцтва храма ў Зарэччы
|
20,00
|
|
Членскія
ўзносы
|
47,90
|
Канцылярскія
выдаткі
|
17,38
|
|
За
продаж місіянеркіх значкоў
|
11,30
|
пераплёт
часопісаў
|
9,00
|
|
Разам
|
177,46
|
Разам
|
123,68
|
|
У касе засталося
|
53,78
|
За 1935–1936 гады прыбыткі і выдаткі Гуртка выглядалі наступным чынам (паводле ГАБО, ф. 2060, оп. 2, д. 1, л. 14 об.).
|
Прыбытак (у злотых)
|
Выдаткі (у злотых)
|
|
Засталося ад мінулага Праўлення
|
45,91
|
Часопісы
|
17,10
|
|
Членскія ўзносы
|
28,90
|
Закупка кніг і брашур
|
31,25
|
|
Продаж брашур і значкоў
|
35,40
|
Набыццё альбома
|
6,50
|
|
Пасляканікулярныя зборы
|
3,40
|
Пераплёт 7 кніг
|
4,70
|
|
Добраахвотныя ахвяраванні
|
0,80
|
Канцылярскія выдаткі, звязаныя
з арганізацыяй урачыстай вечарыны
|
15,93
|
|
Выплата запазычанасці за мінулы год за брашуры
|
16,05
|
|
Разам
|
130,46
|
Разам
|
75,48
|
За 1937–1938 гады прыбытак склаў 122,55 злотых, выдаткі 77,61 (гл. ГАБО, ф. 2060, оп. 2, д. 7, л. 6 об.).
У канцы 1932 года Гурток Пінскай семінарыі ўступіў у “Студэнцкі місіянерскі саюз Місіянерскіх Гурткоў у Польшчы” (гл. ГАБО, ф. 2060, оп. 2, д. 2, л. 3).
Нягледзячы на тое, што ў другой палове 30-х гадоў ХХ стагоддзя вызначылася тэндэнцыя да зніжэння колькасці членаў і велічыні бюджэту, за час свайго існавання Гурток іграў значную ролю ў жыцці Пінскай рымска-каталіцкай духоўнай семінарыі і аказаў місіі каталіцкай царквы візантыйска-славянскага абраду ў Другой Рэчы Паспалітай значную дапамогу.
Пераклаў з рускай мовы
Алесь ДОЎГІ
© МТ “Брама”, 2002
SUMMARY
Alexander SVIRID
“THE ASSOCIATION OF NEW UNION” IN THE PINSK ROMAN CATHOLIC THEOLOGICAL SEMINARY: (1928-1939)
When the union of the Byzantine-Slavic rite started its activity in the Second Rechpospolitaja, the Catholic church faced the problem of staff. The problem was partially solved when special study groups were formed in Roman-Catholic theological seminaries. In Pinsk such group appeared in February, 1928. In 1929 the groups worked in accordance with the program which was improved within a year. So at the end of each year the program of activity for the following year was received. The experience of the Pinsk theological seminary was adopted by other seminaries all over the country. The number of students in those study group constituted ¾ of the total number of students in the seminary. The study group kept touch with the Catholic mission of the Byzantine-Slavic rite in China, with the Jesuits of the Byzantine-Slavic rite, with similar study groups of Polish seminaries and with Catholic church parishes of the Byzantine-Slavic rite. The study group had its own library which was permanently replenished. Despite the fact that the budget of the seminary was slashed and the number of students decreased in the second half of 1930s, the Pinsk Roman-Catholic theological seminary contributed much to the activity of the Catholic church mission of Byzantine-Slavonic rite in the Second Rechpospolitaja.
РЕЗЮМЕ
Александр СВИРИД
УНИАТЫ В ПИНСКОЙ РИМСКО-КАТОЛИЧЕСКОЙ ДУХОВНОЙ СЕМИНАРИИ: (1928–1939)
С началом деятельности во Второй Речи Посполитой унии византийско-славянского обряда Католическая церковь столкнулась с проблемой штата. Частично эта проблема была решена путем создания специальных учебных групп в Римско-католических теологических семинариях. В Пинске такая группа появилась в феврале 1928 года. В 1929 году группа работала в соответствии с программой, которая усовершенствовалась в течение года. Таким образом, в конце каждого года программа деятельности на следующий год была уже определена. Опыт Пинской духовной семинарии был принят другими семинариями на всей стране. Количество студентов в учебных группах составляло ¾ от общего количества студентов семинарии. Учебная группа поддерживала связь с миссией Католической церкви византийско-славянского обряда в Китае, с Иезуитами византийско-славянского обряда, с такими же учебными группами в семинариях Польши и с округами Католической церкви византийско-славянского обряда. Учебная группа имела собственную библиотеку, которая постоянно пополнялась. Несмотря на то, что во второй половине 1930-х годов бюджет семинарии был уменьшен и количество студентов сократилось Пинская римско-католическая духовная семинария сыграла большую роль в деятельности миссии Католической церкви византийско-славянского обряда во Второй Речи Посполитой.
* © Александр СВИРИД. Униатский кружок в Пинской римо-католической духовной семинарии: (1928–1939). Брест, 2002. Напісана спецыяльна для часопіса “КРАЙ = KRAJ” (даслана ў рэдакцыю 22 лютага 2002 г.).
Літаратура
Государственный архив Брестской области (ГАБО), ф. 2060, оп. 1, д. 22, л. 66.
Государственный архив Брестской области (ГАБО), ф. 2060, оп. 1, д. 51, л. 24, 34, 46, 46 об.
Государственный архив Брестской области (ГАБО), ф. 2060, оп. 1, д. 60, л. 60.
Государственный архив Брестской области (ГАБО), ф. 2060, оп. 2, д. 1, л. 9, 10, 12, 12 об., 14 об., 17, 17 об.
Государственный архив Брестской области (ГАБО), ф. 2060, оп. 2, д. 2, л. 3, 5 об.
Государственный архив Брестской области (ГАБО), ф. 2060, оп. 2, д. 3, л. 3, 4.
Государственный архив Брестской области (ГАБО), ф. 2060, оп. 2, д. 4, л. 1, 3 об,11, 14, 14 об.
Государственный архив Брестской области (ГАБО), ф. 2060, оп. 2, д. 6, л. 1, 7, 7 об.
Государственный архив Брестской области (ГАБО), ф. 2060, оп. 2, д. 7, л. 1, 5, 6, 6 об.
Государственный архив Брестской области (ГАБО), ф. 2060, оп. 2, д. 8, л. 1.
Мараш Я.Н. Политика Ватикана и католической церкви в Западной Беларуси: (1918–1939). Мн., 1983.
Николаев К.Н. Восточный обряд: Дорога Рима в Россию: (Рим – Польша – Россия). Париж, 1950.
Фёдоров И.О. Униатская политика Ватикана в Западной Беларуси в довоенные годы: (1919–1939): Диссертация на степень кандидата исторических наук: 07.00.02 / Гродненский государственный университет им. Я.Купалы. Гродно, 1985.
Oriens. 1934, № 1.
Oriens. 1938. № 1.
Pinski Pzregląd Diecezialny. 23 grudnia 1935 r. № 10.
Smiejan A.(а) Ojcowie kapucyni wschodniego obrządku // Oriens. 1934. № 1.
Smiejan A.(б) Misjonarki dzieci Marji // Oriens. 1934. № 3.
Smiejan A.(а) Klerycy dla unji // Oriens. 1935. № 1.
Smiejan A.(б) Studici na Polesiu // Oriens. 1935. № 2.
Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Магілёўскага Таварыства БРАМА
|