|
БАГАЦЦЕ І БЕДНАСЦЬ
“Ідэальны” ўласнік і яго антыпод у беларускай культуры сярэднявечча і ранняга Новага часу*
Ігар МАРЗАЛЮК
(Магілёў, Беларусь)
Праблема багацця і беднасці з’яўлялася адной са стрыжнёвых у хрысціянскай дыдактычнай літаратуры. Вывучэнне эвалюцыі ўяўленняў па гэтым пытанні, характэрных для нашых продкаў у сярэднявеччы, дазваляе больш глыбока зразумець і прычыны сённяшняй “антырынкавай” свядомасці значнай часткі беларускага насельніцтва.
Як вядома, адносіны да працы ў сярэднявеччы былі дваістыя. Неабходнасць працаваць – наступства першароднага грэху. Абагачэнне і накапленне ёсць справа грахоўная. Бедныя ды немаёмасныя, лічылася, стаялі бліжэй да Хрыста, чым уласнікі. У існаванні багацця і беднасці царква знаходзіла ўзаемную сувязь – “багатыя людзі створаны для выратавання бедных, а бедныя для выратавання багатых”. Жабрак – вось хрысціянскі ідэал мірскога жыцця, бо ён найбольш падобны сваім жыццём да Хрыста. Жабрак і жабрацтва як з’ява з’яўляюцца неабходным элементам соцыума, без якога немагчымае выратаванне заможнага чалавека (ГУРЕВИЧ 1972: 222). Багацце і маёмасць не могуць служыць толькі асабістаму абагачэнню – чалавек мусіць мець роўна столькі ўласнасці, колькі неабходна для існавання. Той, хто шукае прыбытку, – грашыць. Шчодрасць і літасцівасць, міласціна – вось неабходныя для выратавання дзеянні: “милостынею и щодробливостью до оубогих Христа оублогаймо” (ЕВАНГЕЛИЕ 1616: 23).
Навечна ў пекла трапяць тыя, хто, пры сваім жыцці назапасіўшы вялікія зберажэнні, скарыстоўваў іх толькі для асабістага ўжытку, не дапамагаў бліжняму, а значыць і парушаў найважнейшыя прынцыпы хрысціянскай этыкі. Збіраць багацце толькі для сябе, значыць жыць “свінскім” жыццём, прыпадабняцца да злачынцаў, якім няма спадзявання на збавенне: “Што все кгды бо до посполитого оуживаня з скарбниц их и з скрынь пуцоно было, так много оубогих недостатку нетерпело бы: але иж они тое собе присвоили и в скрынех позамыкали, для того и больш оубогих в недостатку. Немилостивые прето богаче, явныи суть драпежникове, которыи так многих кривдят, о як многих могли бы промышляти. Еслиж теды так срокгий суд относят который з своих властных добр милости не чинят, як барзей строзшому суду подлягут которыи чужее грабя и драпежа, а з слез и з крови оубогих людий на богатствы ся здабывают” (ЕВАНГЕЛИЕ 1616: 23). Менавіта гэтая акалічнасць абумоўлівала шчодрыя фундацыі мажнаўладцаў на царкву і “ялмужну”, бо толькі хрысціянская салідарнасць, праявай якой ёсць шчодрасць ды “услуговане” бліжняму і царкве, з’яўляецца адзіным шанцам здабыць спакой на тым свеце ды пазбавіцца пакутаў пякельных: “Кормемо лакнучих, абысмося з Господнего столу кормили: поймо прагнучих, абы на водах покойных покою доступили: гостей и бездомных в доме наше вводемо, абысмо в полацах небесных жити годными ся стали: нагих приодеваймо, абысмо несмертелности и неказателности шатою приодеты были: хорых навежаймо, абы той который носит хоробы людскии наведил и оздоровил душе наше: до тых которыи седят в темницах ходемо, абысмо темницы оной вечной оушли” (ЕВАНГЕЛИЕ 1616: 23). Тым, каму улада і багацце дадзены ад нараджэння, а значыць згодна Боскай ласкі, неабходна быць узорам для ўсіх астатніх станаў, “каму шмат даецца, з таго і шмат спагнана будзе”. Абарона веры, апекванне царквой і беднымі, адданасць гаспадару, які ёсць увасабленнем “ветхага Хрыста” на зямлі, разам з абаронай хрысціян ад “паганых” на пабаявішчы – вось ідэальны архетып, якому мусіў імкнуцца адпавядаць кожны прадстаўнік “стану рыцарскага” ў XVII стагоддзі (BOBRYKOWICZ 1625: 2–18).
Згодна з царкоўнай дактрынай Гасподзь даў цэлы шэраг даброт усім людзям у вечнае карыстанне задарма: “Двоякии речи заровно дал Бог всем человеком, внутрныи и зевнутрный: внутрный сут, розум и воля, которыи ся в самом посполитом прироженю чловечом найдуют. Зевнутрный, который в оздобе и в пожитках своих под смыслы людскии подпадают: тыи суть, небо, слонце, месяц, звезды, огонь, въздоух, вода и земля, и все што колвек ест в них и на них: все то заровно всем добротливый Бог дал: ровно все тое межи сыны свои розделил: все тое однолко в оужитку своем мают грешный як и справедливый” (ЕВАНГЕЛИЕ 1616: 10–11).
Той, хто нажываецца на вечных і нязменных для ўсіх людзей каштоўнасцях, з’яўляеццца найбольш подлым і агідным грэшнікам, бо ён імкнецца атрымаць прыбытак з таго, што дадзена ўсім людзям Богам бясплатна. Такім злачынцам, якому няма надзеі на збавенне, з’яўляецца найперш ліхвяр – бо ён нажываецца на часе, які дадзены ўсім людзям як Божы дар. Ужо ў помніку XII стагоддзя “Хаджэннне Багародзіцы па пакутах” адна з самых страшных пакутаў на тым свеце чакае менавіта яго: “И оувиде святая Богородиця моужа висящ за нозе. И чьрвье ядяхоу его. И въпроси ангела кто сь есть. Что ли грех сътворилъ есть. И рече к ней архистратигъ. Сь есть иже приклады имаше на злато свое и на сребро. И за то на векы моучиться” (МИЛЬКОВ 1999: 589). Незаконна нажытае багацце разглядаецца ў Пролагу як від рабунку, прысваенне агульнай маёмасці: “мздоимец, резоимец, сребролюбец и грабитель” – чатыры колы калясніцы, якой кіруе вознік – сатана (НІКАЛАЕЎ 1993: 192). Ліхвяр не ведае літасці ні да каго з людзей, нават да сваіх блізкіх, ён самы небяспечны з усіх “драпежцаў”. Ён не мае аніякіх шанцаў на выратаванне, на ласку Бога, бо служыць Мамоне. Д’яблава вынаходніцтва – грошы – для яго самадастатковая і самакаштоўная вартасць. У “Діоптре”, выдадзенай у 1617 годзе, змешчана надзвычай выразная, характэрная для традыцыйнай праваслаўнай этыкі, характарыстыка ліхвяра: “Лихоимец сей же ест идолослужитель не имет достояния в Царствии Христа Бога. Никто же есть мучительнейшее в мире якоже лихоимец. Лихоимец любви не имат, матери али братий не познавает, и своих равно с внешними вменяет: Ничтоже ест злее, паче лихоимца. Иные аще и повреждают себе, обаче прочих некако пользуют, лихоимец всех обще вредит, егда бо скрывает благая земленная наводит плодолетнюю скудость. Никтоже нищетою съгневаем ест, якоже лихоимец, той сам ест вина своему окаянству. Лихоимец недостоин ест съпребывания аггел небесных и человек земных, сего ради сподабается погребения Июды предателя, иже желания сребра, продал Исуса Христа Спаса нашего. Лихоимец прежде приобретения, приобретению предается; преже ловатвы, оуловлен бывает. Горит зде огнем желания; и посему горети имат огнем геенским” (ДИОПТРА 1612: 103 адв., 104, 104 адв.).
Падобныя погляды на багацце і жабрацтва былі вельмі ўстойлівымі. Аднак у XVI стагоддзі адбываюцца надзвычай сімптаматычныя змены ў паводзінах гарадскога насельніцтва і часткі шляхты. Можна з упэўненасцю сцвярджаць, што гэтыя змены былі выкліканы ўплывам Рэнесансу і Рэфармацыі, дынамічным эканамічным развіццём беларускага горада, інтэнсіфікацыяй таварна-грашовых адносінаў у той час.
У эпоху Рэнесансу погляд на жабрацтва пачынае змяняцца. У гарадскім асяроддзі жабрацтва ўжо не разглядаецца як абсалютная каштоўнасць ды ідэал. Яно апраўданае толькі пры страце працаздольнасці ды “ўбогасці”. Уплыў пратэстанцкай этыкі тут відавочны. Так у “Послании многословном”, зборніку тлумачальна-вучыцельных слоў 60-х гадоў XVI стагоддзя са збору Ю.А.Яворскага, міласціна адмаўлялася як богакарысная справа і абвяшчалася неабходнасць працы для кожнага працаздольнага сябра грамадства (ДМИТРИЕВ 1990: 71–72). Паказальна, што менавіта на другую палову XVI – пачатак XVII стагоддзя прыпадаюць спробы беларускіх магістратаў рэгуляваць колькасць жабракоў у гарадах ды ўсяляк абмяжоўваць колькасны рост гэтай сацыяльнай групы насельніцтва. Прычым назіралася адназначна негатыўнае стаўленне да жабрацтва сярод працаздольнай часткі горада. Напрыклад, у 1621 годзе магілёўскі магістрат выдаў адмысловую пастанову аб наглядзе за жабракамі, што жывуць у шпіталях. “И молодики жонки, дети меские и иншые, дорослые и недорослые, выростки и девки, не маючы в собе жадное хоробы а ни уломности… удались непотребно в убоство… и иншые, сами будучи здоровы для встыду [!] не выходечы з дому на местцо, сами детей своих здоровых, сиротами называючи, посылали собе в том всем и слушное выживлене а в браню ялмужных ошуканнне чынят” (БЕЛОРУССИЯ 1959: 328–329).
Разам з тым, захоўваецца даванне міласціны жабракам; выдаткаванне грошай на патрэбы “ўбогіх” змяшчаюць большасць тэстаментаў той эпохі. Усведамленне аб паратунку душы давальніка ў каталіцкім і праваслаўным асяроддзі актуальнае і ў гэты час. Статуты праваслаўных брацтваў утрымоўваюць абавязковае патрабаванне да сваёй “упісанай браціі” на даванне “ялмужны” (СОБРАНИЕ 1843: 3). Аднак сам па сабе факт паказальны – у сістэме каштоўнасцей гараджаніна жабрацтва не ёсць дабрачыннасць для здаровага чалавека.
Такім чынам, у гарадах у XVI – пачатку XVII стагоддзя складвалася новая працоўная этыка. Яе ўжо можна назваць уласна гарадской. Цікава ў сувязі з гэтым прасачыць стаўленне ў гарадскім асяроддзі да п’янства. Як вядома, п’янства разглядаецца як страшны грэх у хрысціянскай дактрыне, п’яніцы “царства Божага не імуць” (СБОРНИК: 36 адв.). “Культура піцця” ў яе гарадскім варыянце ў гэты час прынцыпова адрозніваецца ад шляхецкай. Бяспрэчна, кепскі быў той гаспадар, які не частаваў гасцей да цёмнай ночы і не выпускаў іх на золку, каб яны ішлі, трымаючыся за сцены і хістаючыся (ИЮМ 1877: 251). Аднак гэтак піць можна толькі на свята ды ў гасцях. Штодзённае п’янства выклікала пагарду і агіду. П’яніца быў аб’ектам здзекаў з боку іншых сяброў гарадской супольнасці, бо п’янства адвучвае чалавека ад працы, робіць яго гультаём. Вельмі красамоўна аб гэтым сведчаць шматлікія “прызнанні” – прысягі, што давалі магістрату схільныя да п’янства месцічы. У выпадку ж невыканання прысягі магістрат мог пасадзіць п’яніцу ў турму, накласці на яго штраф (ИЮМ 1877: 244). Смерць ад “опоя” была сінанімічнай самазабойству, з усімі вынікаючымі адсюль наступствамі. Нябожчыка хавалі без выканання царкоўнага рытуалу, прычым імкнуліся зрабіць гэта таемна, каб ніхто не ведаў аб гэткім сораме сям’і (ИЮМ 1878: 371–372).
Паказчыкам агульнагарадской працоўнай этыкі з’яўлялася і стаўленне да працы трэцяга саслоўя. Адносіны да працы як да каштоўнасці, якой можна ганарыцца, мы бачым і ў купецкім асяроддзі. Высакародства шляхціца грунтавалася на яго паходжанні. А купец часцей за ўсё мог супрацьпаставіць гэтаму толькі ўласную прадпрымальнасць і ашчаднасць.
Паказальны ў сувязі з гэтым тэстамент памерлага ў 1706 годзе магілёўскага бурмістра Малахія Гутаровіча Казкевіча, які набыў сваю “властность пачавши працавати от своих лет малых и одважаючысе по дорогах, што набыл, а не от родича моего Андрея Казкевича мне не зостало ничого суммы, ено за ласкою Божыею и за благословенем родичов и за Бозкое помочью и за старанем моим и за працою застало, тады моего набытку от Бога даного да шафунку” (ИЮМ 1880: 203–204). Як бачым, праца ў вачах аднаго з багацейшых людзей Магілёва канца XVII стагоддзя з’яўлялася галоўным крытэрыем павагі да чалавека, “бо каторыя ні ў багацці выраслі ні ў раскошы… хто без родзічаў застаўся ў убостве і самі зарабілі, з малых год працавалі і працуюць”, ведаюць як ашчаджаць і захоўваць грошы. Казкевіч не лічыў сваю справу грахоўнай і нізкай. Ягоны прыбытак і поспех былі “от Бога даны”.
Як вядома, эканамічнай мэтаю сярэднявечнага грамадства было стварэнне неабходнага, а імкненне займець для сябе большае – грэх гардыні. Купец жа прагнуў атрымоўваць прыбытак, ён рэалізоўваў тавар не па тым кошце, за які набыў, і таму мусіў выклікаць недавер, разглядацца як “драпежца” і “лупежца”. Падобныя ўяўленні ў дачыненні да патрыцыяту ўсходнебеларускіх гарадоў існавалі ў асяроддзі дробных гандляроў і рамеснікаў і ў XVI–XVII стагоддзях (ИЮМ 1878: 437–438). У духу менавіта такіх традыцыйных для сярэднявечча ўяўленняў трактаваў Сімеон Полацкі купецкую дзейнасць у сваім вершы “Купецтво”:
Чин купецкий без греха едва может быти,
на многих бо я злобы враг обыче лстити;
Изрядное лакомство в купцах обитает,
еже в многия грехи оны убеждает.
Во-первых, всякий купец усердно желает,
малоценно да купит, драго да продает.
Грех же есть велий драгость велию творити,
малый прибыток леть есть без греха строити.
Вторый грех в купцах часто есть лживое слово,
еже ближняго в вещех прелстити готово.
Третий есть клятва во лжу, а та умноженна,
паче песка на брезе морстем поолженна.
Четвертый грех татбою излишне бывает,
таже в мире в мерилех часто ся свершает, –
Ибо они купуют в меру велику,
а внегда продаяти, ставят не толику.
Инии аще меру и праву имеют,
но не права мерити все вещи умеют.
Инии хитростию вещы отягчают,
мочаще я, неции худыя мешают.
А вся сия без греха не мощна суть быти,
яко Бог возбраняет сии луквства творити.
Пятый есть грех: неции лихоимтсва деют,
егда цену болшити за время умееют;
Елма бо мзды чрез время неко ожидают,
тогда цену вящшую в куплях поставляют.
Шестый грех, егда куплю являют благую,
потом лестно ставляют иную вещь худую.
Седмый грех, яко порок вещы сокривают,
вещь худую купующим дают.
Осмый, – яко темная места устрояют,
да худыми куплями ближние прелщают,
Да во темности порок купли да не узрится
и тако давый сребро в купли да прелстится.
О сынове тмы люты?
Что сия творите?
Лстяще ближне вашы, сами ся морите.
В тму кромешную за тму будете ввержени,
от света присносущна вечно отлучени!
Отложите дела тмы, во свете ходите,
да взидите на небо, небесно живите
(АНТАЛОГІЯ 1993: 93).
У гэты ж час у помніках гарадскога летапісання, актавых кнігах магістрата купца называюць “аздобай горада”. Ён служыць гораду, ягоная праца карысная і заслугоўвае павагі (БЕЛОРУССИЯ 1959: 336–337, 350, ПСРЛ 1980: 240). Павага да ўласнай дзейнасці – асноўны лейтматыў у купецкіх тэстаментах канца XVI – XVII стагоддзя. Клапоцячыся аб выратаванні сваёй душы, купцы між іншым упэўненыя, што іх занятак карысны і неабходны. Цікава выглядае сама працэдура ахвяравання на цэрквы і касцёлы ў купецкіх тэстаментах. Той жа Казкевіч, ахвяруючы на храмы грошы, паводзіць сябе як пакупнік, што ўсё разлічыў, і які нават з ахвяраванняў імкнецца атрымаць максімальную выгоду. Выратаванне ад пакутаў пекла магчыма пры ўмовах дабачыннасці ды шматкроць паўтораных за ахвяравальніка царкоўных службаў. Казкевіч шчодра адорвае цэрквы, шпіталі, жабракоў. Аднак нават у сваім тэстаменце ён застаецца адданым гандлёвай этыцы – толькі добрасумленна выкананая работа мусіць быць узнагароджана. І таму, хоць ён і выдаткоўвае “на чарняцоў або папоў злотых тысяч два”, але загадвае “…айцам сумы не даваць, а квота каб дахадзіла айцам за іх працу” (ИЮМ 1880: 210).
Імкненне атрымоўваць прыбытак за сваю працу купецтва лічыла справядлівым, бо яны “ўсе разам цягнем цяжар розных цяжкасцей у паслугаванні гораду, то хочам… шукаць і атрымоўваць прыбытак ад свайго гандлю” (БЕЛОРУССИЯ 1959: 345). У выданнях, якія выходзілі з брацкіх друкарняў, выразна бачна імкненне да “рэабілітацыі” гандлёвай, прадпрымальніцкай дзейнасці (ГАЛЕНЧАНКА 1993: 231). Так у прадмове да выдадзенаў у Еўі у 1612 годзе “Диотры”, выдаўцы параўноўваюць Хрыста з купцом (!): “Христос, спаситель наш, вельможный а милостивый пане, купца гандлев духовных, под приповестью сегосветнего торжника, в словах правды своее залецаеть нам, мовечы: «Подобно ест царство небесное человеку купцу, который ищучы дорогих клейнотов, перло каштовное найдуеть, а все, што маеть, продавшы, оное купуеть»” (ПРАДМОВЫ 1991: 59). У брацкіх выданнях падкрэслівася, што “Много бовем з жолнеров мучениками, а немало з купцов и мытников святыми зостали” (ПРАДМОВЫ 1991: 83). Факт надзвычай красамоўны калі прыгадаць, што ў “Евангеллі вучыцельным Кірылы…”, выдадзеным у перакладзе на старабеларускую мову ў гэты ж час, “мытнікове” аднесены да грэшнікаў, якія жывуць “свінскім жыціем” і “всих тых свинопасами писмо Божое называет” (ЕВАНГЕЛИЕ 1616: 14).
Надзвычай цікавымі з’яўляюцца ўяўленні, звязаныя з накапленнем, набыццём багацця і праблемаю пасмяротнага ўратавання. Само па сабе багацце ў вачах магілёўскага мяшчанства, як выглядае, не выступае перашкодаю для Выратавання. Больш таго, маетнасць і прыбытак – гэта не што іншае, як Боская ласка, дадзеная чалавеку. Бог з’яўляецца галоўным падаўцам і вярхоўным уладаром матэрыяльных дабротаў і прыбыткаў. Ахвяраванні на царкву павінны спрыяць выратаванню чалавека – чым большае ахвяраванне, тым большая надзея патрапіць у рай. Для тэстаментаў мяшчан характэрныя выразы, што іх уласнасць “ад Бога дана” (АКТАВАЯ КНІГА 1676: 244 адв., ИЮМ 1880: 207, МАРЗАЛЮК 1998: 88–90).
Судовыя справы XVI–XVII стагоддзяў сведчаць аб пэўным саслабленні рэлігійнасці ў гэты час, прынамсі, прага да нажывы і жаданне мець матэрыяльнае багацце пры жыцці ў пэўных прадстаўнікоў шляхты і мяшчанства пераважала перад страхам Боскага пакарання на тым свеце. Аб гэтым красамоўна сведчаць шматгадовыя (!) судовыя працэсы духавенства супраць нашчадкаў-спадчыннікаў, якія імкнуліся не выконваць апошнюю волю сваіх родных аддаць адпісаныя імі на царкву ўласнасць і грошы. У 1579 годзе спатрэбіўся адмысловы каралеўскі ліст Марыне, княжне Саламярэцкай, каб яна выканала тэстамент Івана Гушчы, падскарбія дворнага, дзяржаўцы Віленскага, на карысць Прачысценскай царквы ў Вільні. Нябожчык “записал тастаментом своим с двора своего, который есть в месте Виленском …по осми коп грошей Литовских на год давати …То пак дей вы, той дом держачи и в моцы своей его маючи, с того двора вжо сем от семи год по осми коп не платили и не отдали” (АСД 1869: 47–48). У чэрвені 1640 года ў земскі полацкі суд скардзіўся правізар шпіталя пры Віленскай Св-Траецкай царкве на Соф’ю Корсак. Яна 15 гадоў (!) утрымлівала грошы, выдаткаваныя мужам па тэстаменце на шпіталь. Спачатку, пакліканая ў суд, хлусіла што “досыть чинила той лекгации и тые лекгумина так до шпиталя, яко и звонником отдавала, зачим не повинна другий раз давать”. Аднак важкія доказы, прыведзеныя духоўнай асобай, прымусілі яе прызнаць сваю віну: “за тые вси лета так шпиталю, яко и звонником водлуг тестаменту небощиковского с маетности своей Залесья досыть не чинила, а теперь доброволне то все заплатить обецала” (АСД 1874: 272).
У 1662 годзе законнікі і законніцы праваслаўнага Багаяўленскага брацкага манастыра скардзіліся на магілёўскага месціча Лявона Савеліча, які адмаўляўся аддаць ім ахвяраваныя яго памерлай маці 150 коп грошаў літоўскіх. Ён аспрэчваў усе закіды манахаў, ігнараваў запіс на манастыры ў тэстаменце, лічыў, што абсалютна слушна паводзіць аддаўшы толькі грошы за памінкі. Ахвяраваная ж маці манахам сума – гэта кампенсацыя яму за выдаткі па яе ўтрыманні: “Matkę mą przez lat kilka odziewal y strawowal, cialo oney po smierci pochowal, y ceremonie zaduszne wszelakie odprawil” (АКТАВАЯ КНІГА 1662: 77, 425, 427). Падобныя прыклады можна было б доўжыць. Аналагічныя выпадкі невыканання апошняй волі бацькоў фіксуюцца ў 1668 годзе, калі Сямён Гуска адмаўляўся аддаць “талеров осемь”, ахвяраваных яго маці свайму духоўніку, а ў 1673 годзе з аналагічнай скаргай на “славетнага” Міхала Паўлавіча Тычыну ў магістрат звярнуўся іераманах Магілёўскага Багаяўленскага Брацтва Себасцьян Камар (АКТАВАЯ КНІГА 1668: 55, АКТАВАЯ КНІГА 1673: 472). У апошнім выпадку ахвяраваная сума вымяралася сотнямі коп грошаў літоўскіх. На той момант Міхал Тычына, дарэчы прадстаўнік магілёўскага патрыцыяту, больш за год ігнараваў прэтэнзіі законнікаў. Ён выкраў тэстамент і адмаўляўся плаціць. Ягоная нечаканая смерць прымусіла ў другі раз звярнуцца з маёмаснымі прэтэнзіямі прадстаўніка манастыра ў магістрат.
Другой не менш сімптаматычнай з’явай з’яўляецца святакрадства. Ніякае другое злачынства не магло параўнацца ў свядомасці сярэднявечнага чалавека са святакрадствам. Квапіцца на царкоўнае азначала квапіцца на маёмасць не чалавека, а Бога, бэсціць самога Госпада, а тым самым рабіць у тысячкроць разоў больш агіднае і подлае за ўсе іншыя ўчынкі. Дакументы сведчаць, што ні страх перад Богам, ні страх перад пакараннем смерцю не маглі спыніць рабаўнікоў, для якіх актуальным стала служэнне толькі Мамоне. У магілёўскіх актавых кнігах магістрата другой паловы XVI – XVII стагоддзя звесткі аб святакрадствах сустракаюцца даволі часта, прычым квапіліся на царкоўную маёмасць і панамары, і дзеці саміх святароў, а не толькі шэраговыя міране (ИЮМ 1876: 501, ИЮМ 1877: 264, 265, 320, 391, 431).
Яшчэ больш красамоўна пацвярджаюцца кардынальныя зрухі ў свядомасці часткі купецтва і шляхты Беларусі ў XVI стагоддзі іх стаўленнем да ліхвярства. Калі да XVI стагоддзя гэтай самай “бруднай” для хрысціяніна справай займаліся толькі “жыды”, то ў гэты час у іх з’ўлюцца шматлікія канкурэнты як у асяроддзі шляхецтва, так і хрысціянскага мяшчанства. Падкрэслім, што традыцыйнае стаўленне да ліхвярства і каталіцкага касцёла, і праваслаўнай царквы ў гэты час заставалася нязменным, гэты занятак трактаваўся як не сумяшчальны з хрысціянскімі этычнымі нормамі. Але факт застаецца фактам – менавіта ў той час прага атрымання максімальнага прыбытку ад “ліхвы” стала куды больш прыцягальнай ды прывабнай для заможнай часткі “паствы”, чым страх перад адказнасцю за падобныя ўчынкі на тым свеце.
Бершадскі вельмі пераканаўча паказаў, што занятак гандлем і даванне грошай “у рост” у шляхецкім асяродзі ў XVI стагоддзі былі звычайнай з’явай (БЕРШАДСКИЙ 1883: 290). Ліхвярства ў гэты час перастае лічыцца несумяшчальным са шляхецкай годнасцю, прычым настолькі, што нават Статут 1588 года не забараняе шляхце займацца гэтым заняткам! Гэта права выразна сфармулявана ў 24 артыкуле 3-га раздзела Статута “О шляхте, которые, именья свои попрадавши, лифою се бавять”. “Уставуем: естлибы который шляхтич именье свое продавши, в месте мешкаючи, з лифы жил, уникаючи службы земское военное, таковые предсе з сумы своее пенежное винни службу земскую служити водле уфалы на он час соймовое, под утраченьем всего добра своего” (СТАТУТ 1989: 123). Як бачым, занятак шляхціцам ліхвярствам не цягне за сабою страты прыналежнасці да шляхецкага стану. Ён толькі абавязаны, як і раней з маёнтку, несці земскую ваенную службу.
Тое ж самае выразна бачым і з просьбы шляхты ВКЛ аб заснаванні пазыковага банка з прыбыткаў манетнага двара (1584 года): “люди, потробуючи пенезей, великую интересу, – до цалого гроша, а некоторыи и большей, дають от копы на тыдзень (больш як 87,0 % ў год) за чим сынове земские ку убоству приходят”. Разам з гэтым, хадатайнічаючы аб заснаванні банка, шляхта прасіла, каб пасля яго адкрыцця ніхто не наважваўся даваць грошы ў “ліхву”, бо не толькі купцы, пакінуўшы гандаль займаюцца ліхвярствам, але і “некоторые з стану рицерского, покинувши господарство пристойное, на лифу пенязи дают” (БЕРШАДСКИЙ 1883: 290).
Тыя ж самыя змены выразна прасочваюцца і ў бюргерскім асяроддзі. Паказальны прыклад Магілёва. В.Мялешка грунтоўна прааналізаваў умовы, на якіх у XVI – першай палове XVII стагоддзя магілёўскім мяшчанам выдаваліся грашовыя крэдыты для правядзення гандлёвых аперацый. Умовы крэдыту былі надзвычай разнастайныя. Большасць дакументаў сведчыць аб тым, што грошы браліся ў крэдыт не пад працэнты, аднак такія ўмовы крэдыту распаўсюджваліся не на вялікія сумы, яны выдаваліся на непрацяглы час. Праўда, нават у такіх выпадках абавязкова абумоўлівалася, што калі грошы не вярталіся ў дамоўлены тэрмін, крэдытор меў права забраць тавар у вінаватага на гэтую суму за 50,0 % яго кошту. Не былі рэдкімі і выпадкі, калі грошы даваліся пад працэнты. Мінімальны працэнт крэдытаў раўняўся 6,0 %. Але як правіла, у большасці выпадкаў ён складаў ад 10,0 да 20,0 %. Асабліва высокі працэнт выплачваўся пры кароткатэрміновых крэдытах (МЕЛЕШКА 1988: 136–137). Але што найбольш для нас цікава! Сярод ліхвяроў мы сустракаем не толькі габрэеў, але і мяшчан-хрысціянаў і нават праваслаўных святароў! Магілёвец Юрка Афанасавіч абавязаўся плаціць папу Пашкоўскаму за ўзятыя ў таго 6 коп грошаў літоўскіх па 6 грошаў у тыдзень. Працэнт у дадзеным выпадку велізарны, памеры яго дасягалі кошту пазыкі. Яшчэ большы працэнт, які значна перавышаў памеры пазыкі, атрымаў поп Вазнясенскай царквы з магілёўскіх гандляроў мясам Івана і Тараса Крывошыных. Яны ўзялі ў яго крэдыт 26 коп грошаў літоўскіх, за што абвязаліся штотыднёва ўносіць па 5 пенязей у выглядзе працэнтаў. Але паколькі на працягу сямі гадоў яны не выконвалі свае абавязацельствы, то святар-крэдытор патрабаваў праз суд выплаты ўсёй сумы ў памеры 116 коп і 24 грошаў літоўскіх (МЕЛЕШКА 1988: 136–137). Што і казаць, прыклады надзвычай пераканаўчыя. Як бачым, рэальныя паводзіны ў паўсядзённым жыцці і царкоўныя максімы па гэтым пытанні выразна канфліктавалі паміж сабой. У смяротны грэх упадалі і міране, і святарства… Цікава, што на пачатку XVIII стагоддзя ўніяцкая царква паспрабавала стварыць своеасаблівы кампраміс паміж катэгарычнай забаронай ліхвярства і натуральным імкненнем уласніка грошай атрымаць нейкую выгаду ад пазычаных ім сродкаў. У выдадзенай у 1722 годзе, адразу пасля Замойскага сабора, новай кадыфікацыі царкоўнага права ўніяцкай царквы прапаноўвалася наступнае рашэнне праблемы: “Что належит сохранити в пожичаню? Ответ: Кто пожичает, не может лихвы брати, может еднак от ста золотых пожичоных, золотых седм, взяти на рок, бо хотяй бы не пожичив, может себе человек заробити през Гандель, седм золотых, от ста золотых. Кто зась важил быся, больше брати, такий называется Лихвяром, не повинен быти припущоный до Причастия, до Споведы, не может никто быти, при его Тестаменте, и не повинен быти, ани в церкви, ани на цментаре погребенный” (СОБРАНИЕ ПРИПАДКОВ 1722: 125).
Такім чынам, наўрад ці будзе памылковым меркаванне аб тым, што менавіта ў XVI–XVII стагоддзях беларускае грамадства максімальна наблізілася да каштоўнасцей Новага Часу: у гарадах фармуецца новая працоўная этыка, грашам надаецца статус самадастатковай вартасці. Выразна бачна і разбурэнне, найперш у гарадскім асяроддзі і сярод часткі шляхецтва, традыцыйных для праваслаўнага і каталіцкага светапогляду хрысціянскіх этычных нормаў. Аднак этнасацыяльная катастрофа 1654–1667 гадоў, знікненне беларускага урбаністычнага асяроддзя, а разам з ім нацыянальнага трэцяга саслоўя, спыніла гэты працэс.
Беларуская вёска на працягу апошніх трох стагоддзяў працягвала спавядаць традыцыйныя, характэрныя для аграрнага сярэднявечнага грамадства каштоўнасці, заснаваныя на хрысціянскім этатызме і калектывізме. Кансервацыі гэтых традыцый на ўсходзе Беларусі спрыялі і вельмі моцныя абшчынныя традыцыі. У грамадскай сферы гэта адлюстроўвалася, напрыклад, у кругавой паруцы паміж аднавяскоўцамі, у калектывізме грамадскай думкі, у абшчыннай салідарнасці і галоснасці побыту (СКАРЫНА 1990: 93–96, RADZIK 2000: 141). Неабходна памятаць, што гэта было прыгоннае, а потым калгаснае, залежнае, сялянства. А таму – пазбаўленае прыватнай ініцыятывы і ўласнасці ў поўным сэнсе гэтага слова. Адсюль – такія ўстойлівыя ўяўленні аб “сумленных” і “несумленных” відах працоўнай дзейнасці, якія захоўваюцца да сённяшніх дзён. Сумленная праца – гэта толькі тое, што зроблена ўласнымі рукамі. Бізнес і банкаўская справа на ўзроўні масавай свядомасці працягваюць разглядацца як варыянт ашуканства, маніфестуецца той тэзіс, што сумленным спосабам багацце здабыць немагчыма. Накапленне і абагачэнне працягваюць разглядацца як справы грахоўныя. Адсюль – непрыняцце самой ідэі перадачы ў прыватную ўласнаць зямлі, слабая прыватная ініцыятыва, патраналізацыя ролі дзяржавы. “Зямлю нельга прадаваць, яна належыць усім” – як гэта сугучна з традыцыйнай праваслаўнай хрысціянскай дактрынай! Падобна, што базавыя структуры ментальнасьці насельніцтва Беларусі істотна не змяніліся з тых часоў. Не перакрэслівае гэтага тэзіса і паваенная ўрбанізацыя Беларусі. Большасць беларускіх гараджан у лепшым выпадку з’яўляюцца гараджанамі ў другім пакаленні. Адсюль такое ўстойлівае захаванне характэрных для аграрнага грамадства ўстановак і каштоўнасцей, настальгія па дробнай зямельнай уласнасці і “дачны” бум апошніх дзесяцігоддзяў. “Сена на асфальце” – лепш за Міхася Стральцова не скажаш…
SUMMARY
Ihar MARZALIUK
WEALTH AND POVERTY:
(“Ideal” proprietor and his antipode in the Belarussian culture of Middle Ages and early New times)
The author reveals evolution of the perception of wealth and poverty in the Belarussian culture of Middle Ages and New times The issues considered are as follows: christian ideas dealing with accumulation of riches and rescue after death, the problem of forming labour ethics, the attitude to work and money. This allows to understand the reasons of present-day “antimarket” consciousness of the Belarussians better.
РЕЗЮМЕ
Игорь МАРЗАЛЮК
БОГАТСТВО И БЕДНОСТЬ:
(“Идеальный” собственник и его антипод в белорусской культуре средних веков и раннего Нового времени)
Прослеживается эволюция восприятия богатства и бедности в культуре Беларуси средних веков и ранней эпохе Нового времени: христианские представления, связанные с накоплением богатства и спасением после смерти, проблема формирования трудовой этики, отношения к труду и к деньгам. Это позволяет лучше понять причины современного “антирынкового” сознания белорусов.
* Напісана спецыяльна для часопіса “КРАЙ = KRAJ” (даслана ў рэдакцыю 5 студзеня 2002 г.).
Літаратура
Актавая кніга Магілёўскага магістрата: (1662 год) // Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі. Ф. 1817. Воп. 1. Адз. зах. 24.
Актавая кніга Магілёўскага магістрата: (1668 год) // Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі. Ф. 1817. Воп. 1. Адз. зах. 26.;
Актавая кніга Магілёўскага магістрата: (1673 год) // Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі. Ф. 1817. Воп. 1. Адз. зах. 29.
Актавая кніга Магілёўскага магістрата: (1676 год) // Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі. Ф. 1817. Воп. 1. Адз. зах. 31.
Анталогія беларускай паэзіі. Мінск, 1993. Т. 1.
Археографический сборник документов, относящихся к истории Северо-Западной Руси, издаваемый при Управлении Виленского учебного округа (АСД). Вильна, 1869. Т. 6; 1874. Т. 10.
Бершадскій С.А. Литовские евреи: (История их юридического и общественного положения в Литве от Витовта до Люблинской уніи). С.-Петербург, 1883.
Белоруссия в эпоху феодализма. Минск, 1959. Т. 1.
Галенчанка Г.Я. Францыск Скарына – беларускі і ўсходнеславянскі першадрукар. Мінск, 1993.
Гуревич А.Я. Категории средневековой культуры. Москва, 1972.
Диоптра. Евье, 1612. (Музей книги Российской государственной библиотеки).
Дмитриев М.В. Православие и реформация. Москва, 1990.
Евангелие учителна албо казане на каждую неделю и свята урочистыи. Евье, 1616. (Музей книги Российской государственной библиотеки).
Историко-юридические материалы, извлеченные из актовых книг Витебской и Могилевской, хранящиеся в Центральном архиве в Витебске и изданные под редакцией архивариуса сего архива Сазонова (ИЮМ). Витебск, 1876. Вып. 7; 1877. Вып. 8; 1878. Вып. 9; 1880. Вып. 11.
Марзалюк І.А. Магілёў у XII–XVIII стагоддзях: (Людзі і рэчы). Мінск, 1998.
Мелешка В.И. Могилев в XVI – середине XVII веков. Минск, 1988.
Мильков В.В. Древнерусские апокрифы. Санкт-Петербург, 1999.
Нікалаеў М. Палата кнігапісная. Мінск, 1993.
Прадмовы і пасляслоўі паслядоўнікаў Францыска Скарыны. Мінск, 1991.
Полное собрание русских летописей (ПСРЛ). Москва, 1980. Т. 35.
Сборник XVI века // Отдел рукописей Российской государственной библиотеки. Ф. 256. № 372.
Скарына і яго эпоха. Мінск, 1990.
Собрание древних грамот и актов городов Вильно, Ковна, Трок, православных монастырей, церквей и по разным предметам. Вильно, 1843. Ч. 2.
Собрание припадков краткое, и духовным особам потребное. Супрасль, 1722.
Статут Вялікага княства Літоўскага: Тэксты. Даведнік. Каментарыі. Мінск, 1989.
Bobrycowicz I. Kazanie na znamienity Pogrzeb Wielmoznego Pana… Bohdana Martiniana Oginskiego. Drukowano wiewiu, 1625 // Российский государственный архив древних актов. № 2563.
Radzik R. Między zbirowością etniczną a wspólnotą narodową. Lublin, 2000.
Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Магілёўскага Таварыства БРАМА
|