|
МОВЫ БЕЛАРУСІ Ў ХІХ і ХХ СТАГОДДЗЯХ*
Рышард РАДЗІК
(Люблін, Польшча)
Прадметам змешчаных тут разважанняў сталі два пытанні. Тэматыка першага звязана з фармаваннем нацый у Цэнтральна-Усходняй Еўропе на аснове этнічна-моўнага крытэрыю і ўплыву гэтага фармавання на развіццё нацыянальных працэсаў (у іх моўным аспекце) на тэрыторыі Беларусі. У другой частцы тэксту прапануецца аналіз моў сучаснай Беларусі (беларускай і рускай) як вызначальнікаў самаідэнтычнасці беларусаў.
Мова як канстытуцыйны элемент нацыі ў Цэнтральна-Усходняй Еўропе
(беларускі кантэкст)
Шырокае абмеркаванне тыпалагічных паняццяў “нацыя культурная”, якое дамінуе ў Цэнтральна-Усходняй Еўропе і ўзнікла на аснове вартасцей этнічнай культуры, асабліва моўнай, i “нацыя палітычная”, што дамінуе на Захадзе і цалкам грунтуецца на вартасцях палітычных, прадстаўленых праз дзяржаву, прапанаваў на пачатку ХХ стагоддзя нямецкі гісторык Фрыдрых Майнэке ў працы “Weltbürgertum und Nationalstaat”. Класічны прыклад палітычнай нацыі – французы. Паступовая, моўная і культурная, галіцызацыя краю стала магчымай дзякуючы прыцягальнасці хутчэй рэвалюцыйных ідэй роўнасці, вольнасці і братэрства, чым уласнакультурных, прыярытэтных у параўнанні з палітычнай французкасцю, каштоўнасцей правансальцаў, брэтонцаў і эльзасцаў. Французская мова тут разглядалася не як аўтэнтычная, канстытуцыйная рыса нацыі, а толькі як сродак магчымай інтэграцыі грамадства; яе уніфікацыя прыспешвала рэалізацыю рэвалюцыйных лозунгаў. Перад тым, як з’явілася магчымасць пераўтварэння этнічных сувязей у нацыянальна-культурныя, у выніку дэмакратычнай рэвалюцыі распаўсюдзілася ідэя вольнасці нацыі-дзяржавы. Нягледзячы на цэнтралізацыйную палітыку дзяржавы можна было быць правансальцам ці брэтонцам і адначасова – французам.
У адукаванай Цэнтральна-Усходняй Еўропе, падобна як і на захадзе кантынента, мова трактавалася як сродак грамадскай камунікацыі, што садзейнічаў распаўсюджанню асветніцтва, інтэграцыі грамадства ў межах дзяржавы, а не як вызначальнік этнічнай нацыянальна-культурнай еднасці. У Рэчы Паспалітай афіцыйнай мовай, гэтак жа, як і элітарнай, была польская; на землях Венгерскай Кароны афіцыйнай мовай з’яўлялася лацінская. Калі на абедзвюх гэтых тэрыторыях фармаваліся палітычныя нацыі, іх эліты траплялі пад культурную уніфікацыю, аб’ядноўваючыся вакол каштоўнасцей надэтнічных. Хутчэй тыя працэсы адбываліся ў Рэчы Паспалітай, больш марудна – у Венгрыі (у найменшай ступені – у падпарадкаванай ёй Харватыі). Як жа сталася, што ў Цэнтральна-Усходняй Еўропе, нягледзячы на падобныя да заходніх асветніцкія тэндэнцыі, утварыліся нацыі не палітычныя, а культурныя, грамадска-тэрытарыяльныя межы якіх супалі з межамі моўнымі? Адказаць на пытанне можна, калі у адзінстве разгледзець тры галоўныя прычыны.
Па-першае, у адрозненне ад досыць стабільнага тэрытарыяльна-дзяржаўнага ўкладу, што існаваў у Заходняй Еўропе, два вялікія грамадска-палітычныя арганізмы Цэнтральна-Усходняй Еўропы – Венгрыя і Польшча – заставаліся раз’яднанымі i на доўгі час падпарадкаванымі сваім суседзям. Захопнікі былі супраць працэсаў мадзьярызацыі i паланізацыі рознаэтнічнага плебейскага насельніцтва абедзвюх тэрыторый; яны прыпынілі працэс фармавання палітычных нацый (у Беларусі польская мова ва ўстановах з часам была заменена на рускую, у Венгрыі Іосіф ІІ увёў замест латыні мову нямецкую). Аднак, яны не мелі шматвяковай традыцыі панавання на тых землях, былі не ў стане дзейсна і хутка зрусіфікаваць ці згерманізаваць “пашкоджанае” грамадства, да таго ж, мусілі канкурыраваць з польскай і венгерскай элітай. Замест існаваўшага калісьці ў цэнтральна-ўсходняй частцы кантынента двухузроўневага этнічна-нацыянальнага ўкладу (напрыклад, беларускамоўнае сялянства – польскамоўная шляхта), што захаваўся на Захадзе (напрыклад, правансалец – галійскі француз), на Усходзе ўтварыўся трохузроўневы ўклад: этнічны плебс (напрыклад, беларусы) – нацыя дамінуючая (напрыклад, палякі) – нацыя пануючая (напрыклад, рускія). Даўнія традыцыйныя адносіны, калі прадстаўнік плебсу, займаючы больш высокае сацыяльнае становішча ў грамадстве, лічыў за “нармальнае” перайманне на абшарах былой Рэчы Паспалітай польскай культуры, паддаваліся хістанням, a потым і ламаліся. На землях Цэнтральна-Усходняй Еўропы, населеных плебейскімі класамі, пачалі сцірацца дзве ўзаемна канкурыруючыя нацыянальныя ідэалогіі (нацыі дамінуючай і пануючай). З’явілася нацыянальная альтэрнатыва, што не існавала раней, – сведчанне магчымасці выбару - а з часам узніклі і думкі пра ўласную этнічную непаўторнасць (гэтыя працэсы не датычыліся рэгіёна Сілезіі, Чэхіі і Славеніі).
Другім фактарам, што вызначыў напрамак развіцця нацыянальных працэсаў у Цэнтральна-Усходняй Еўропе, была немагчымасць распаўсюджвання на тых землях вольнай дэмакратычнай ідэалогіі, якая стварала б з насельніцтва тых земляў роўных адзін аднаму абывацеляў, маючых аднолькавыя правы і абавязкі. Дзейсным спосабам дасягнення гэтага быў працэс допуску плебейскіх пластоў да палітычных паўнамоцтваў. У сітуацыі распаду традыцыйных – усталяваных у эпоху феадалізму – грамадскіх структур паўторная інтэграцыя адбывалася праз парушэнне нацыянальных сувязей, што асноўваліся на агульнадаступным культурным змесце. Рэакцыяй Расіі на ўхваленне Канстытуцыі 3 траўня 1791 года стаў другі падзел Польшчы. У Венгрыі апошняй значнай спробай хаця б часткова паўтарыць французскую нацыянальную мадэль была рэвалюцыя 1848 года, падаўленая пры дапамозе Расіі і Аўстрыі. Кошут (Kossuth) цешыўся ў той час надзеяй, што лозунгі аб вольнасці на французскі ўзор з’яднаюць усю этнічную супольнасць вакол нацыі ў яе палітычным разуменні, і мовай яе будзе венгерская. У самадзяржаўнай, эканамічна адсталай царскай Расіі афіцыйная руская мова не была носьбітам дэмакратычных правоў і вольнасцей.
Інакш кажучы, недахоп магчымасцей рэалізацыі дэмакратычных лозунгаў у кансерватыўных краінах гэтай часткі кантынента стаў, з аднаго боку, прычынай запаволенасці працэсаў нацыянальнай самаідэнтыфікацыі ў асяродку прыгонных сялян (якія мысляць у маштабе вёскі, парафіі, акругі), але затое з другога – павольнай эвалюцыяй паняцця нацыі у накірунку яе культурнага (этнічна-моўнага) разумення.
Па-трэцяе, перыяд, у часе якога прыгонныя сяляне не маглі падвергнуцца масавым працэсам нацыяналізацыі (у нашым выпадку – паланізацыі і мадзьярызацыі) – галоўнай умовай для гэтага было распрыгоньванне сялян - быў “выкарыстаны” для заклікаў звярнуцца да асэнсавання этнічнай своеасаблівасці іх нацыянальных рухаў і выпрацоўкі нацыянальнай ідэалогіі. Грамадскія адносіны, якія развіваліся пасля адмены прыгоннага права ў другой палове XIX стагоддзя, прынцыпова адрозніваліся ад тых, што былі ў канцы XVIII стагоддзя. Ужо запрыгонены селянін сутыкаўся – не ў рэвалюцыйнай сітуацыі, а ў дастаткова кансерватыўнай грамадскай сістэме, – з дзвюма, a найчасцей з трыма (ці болей) маючымі выразнае культурнае вымярэнне і канкурыруючымі паміж сабой нацыянальнымі ідэалогіямі (“падуладнымі”, нацыяй пануючай і дамінуючай). У гэтай сітуацыі літоўскія або ўкраінскія сяляне паланізаваліся, a славакі і румыны (семігародцы) мадзьярызаваліся, мусілі пераадольваць нарастаючы з часам канфлікт, які быў вынікам таго, што кожная сярэднееўрапейская нацыянальная ідэалогія, якую яны прымалі, надавала культурным чыннікам (этнічнасці, мове) прыярытэтны характар; яны ж, адыходзячы ад сваёй мовы на карысць іншай (польскай, венгерскай, нямецкай ці рускай), здзяйснялі адступніцтва ў нацыянальным вымярэнні. Інакш кажучы, славацкі (літоўскі) селянін, мадзьярызуючыся (паланізуючыся), мусіў выракацца ўласнай мовы на карысць венгерскай (польскай), прычым у ходзе гэтага працэсу ён усведамляў, што сутнасцю нацыі з’яўляецца яе мова.
Выпадак з беларусамі асаблівы з таго пункту погляду, што яны не паддаліся нацыянальным і моўным працэсам, якія амаль паўсюдна адбываліся ў Цэнтральна-Усходняй Еўропе. Чаму так сталася?
У ХІХ стагоддзі беларуская мова – да таго на працягу стагоддзяў афіцыйная ў Вялікім княстве Літоўскім – была мовай народных мас (хаця з’яўлялася таксама і штодзённай мовай значнай часткі дробнай шляхты), што ў асноўным насялялі вёскі і малыя мястэчкі. Эліта, як правіла, размаўляла па-польску, а потым усё часцей – на рускай мове. Мястэчкі былі яўрэйска-польска-руска-беларускія. Беларускі люд сваю мову ўспрымаў хутчэй у катэгорыях спажывецкіх, a не ідэалагічных. Трактаваў яе як мову “простую”, халопскую, не прыдатную для друку, не здольную быць носьбітам узнёслых пачуццяў, неабходных у першую чаргу культурным людзям. Сяляне так меркавалі, бо, сутыкаючыся з моўна роднаснымі прадстаўнікамі расійскіх і польскіх вышэйшых класаў, не адчувалі патрэбы ў пераходзе на іншыя мовы. А хутчэй – не мелі такой мажлівасці. Гэта вынікала са слабасці нешматлікіх асяродкаў польскіх і рускіх сялян на этнічнай беларускай тэрыторыі, нізкай грамадскай актыўнасці i слаба развітай школьнай сістэмы (акрамя гарадоў, якія пакрысе русіфікаваліся, а таксама зоны беларуска-літоўскага памежжа, што адчувала ўплыў паланізацыі). Беларуская мова лічылася сродкам камунікацыі, элементам этнічнай культуры, a не вартасцю самой па сабе (нацыянальнай), якая мае выразны ідэалагічны характар, выклікае эмоцыі. Прыхільнасць селяніна да мовы вынікала з надання ёй катэгорыі прывычнасці як аднаго з цесна звязаных паміж сабой элементаў блізкага яму свету, у якім ён знаходзіўся штодзённа. На гэтай мове ён мысліў, ацэньваў і называў акаляючы яго свет, але – як паказала будучыня – ад яе ён гатовы быў без асаблівага знешняга націску адмовіцца, перасяляючыся ў горад, ды яшчэ і ўспрымаў гэта як сацыяльны рост.
Рускім не ўдалося ў царскі перыяд пераняць заходнееўрапейскую нацыянальную мадэль, якая абапіралася б на дзяржаву і на палітычныя каштоўнасці, сведчаннем чаго былі як адсутнасць у межах Расіі адзінай (нацыянальнай) назвы – тыпу “брытанцы” – для ўсяго яе насельніцтва, так і ўзнікненне паняцця “іншародцаў” (іншапляменнікаў), да якіх залічылі літоўцаў, палякаў, карэнных каўказцаў, але толькі не беларусаў і ўкраінцаў. Ужо ў першай палове 60-х гадоў ХІХ стагоддзя Павел Баброўскі, які паходзіў з праваслаўных (калісьці – уніяцкіх) беларусаў, пісаў, што палякі “заўсёды былі значнай перашкодай у збліжэнні сардэчных супляменнікаў – беларусаў і маларосаў з велікаросамі, г.зн. расійцаў з расійцамі” (БОБРОВСКИЙ 1884: 4). Атрымлівалася так, што беларускі селянін-каталік найчасцей падвяргаўся паланізацыі, а праваслаўны – русіфікацыі. Мова была не толькі вызначальнікам нацыянальных падзелаў, але яшчэ і паказчыкам сацыяльнай розніцы. Рэлігійныя падзелы ўвогуле трактаваліся ў параўнанні з этнічнымі як прыярытэтныя.
Так адбывалася таму, што рускае ўспрымалася як блізкае беларускаму моўна і рэлігійна, a магчымасці трывалага і глыбокага кантакту з нацыянальнай беларускай культурай былі невялікімі нават у апошнія гады існавання царскай імперыі. Першыя легальныя беларускія часопісы і выдавецтвы ўзніклі пасля 1905 года (пасля паўстання 1863 года нешматлікія беларускія выданні чатыры дзесяцігоддзі выходзілі наогул нелегальна, беларускі нацыянальны рух не меў шанцаў на легальнае існаванне), першыя школы з’явіліся ў гады Першай сусветнай вайны. Сяляне найчасцей не задумваліся, ці існуе на самой справе элітарная беларускасць. Яны лічылі, што калі хто перастае быць селянінам, то ён перасяляецца ў горад, атрымлівае адукацыю, затым – адпаведна – вырастае яго роля ў грамадстве, ён “натуральна” пераймае рускую мову і культуру (і ўсё радзей – польскую). Больш за тое, літаратурная беларуская мова часта значна адрознівалася ад мясцовых дыялектаў і – там, дзе даходзіла да іх кантакту, – не заўсёды ўспрымалася мясцовым сялянствам як свая. Даволі часта трымаліся ад яе на дыстанцыі і таму, што яна была мовай, уменне пісаць на якой не ўзвышае так у грамадстве, як засваенне рускай або польскай.
Этнічная, а ў тым ліку і моўная, самаідэнтычнасць мас беларускага сялянства характарызавалася слаба развітай самасвядомасцю. Стаўленне да ўласнай мовы было чыста навуковым – нацыя вызначалася не ў ідэалагічным, а ў этнічным плане. Паводле афіцыйных дадзеных, якія былі атрыманы ў час першага ўсеагульнага перапісу насельніцтва ў 1897 годзе, 73,3 % жыхароў Беларусі (у межах, блізкіх да сучасных) прызналі роднай беларускую мову, 4,3 % – рускую, 2,4 % – польскую, 14,0 % – іўрыт (паводле EBERHARDT 1994: 14, табліца № 1); праваслаўным было 70,8 % насельніцтва краю, a каталіцкім – 13,5 % (паводле EBERHARDT 1994: 22, табліца № 3).
Здавалася, што шанцы на ўзрастанне нацыянальнай самасвядомасці беларусаў з’явіліся ў БССР разам з масавым увядзеннем беларускай мовы ў школы, урад i літаратуру. У межах т.зв. палітыкі “беларусізацыі”, што рэалізоўвалася ў дваццатых гадах, веданне беларускай мовы ў цэнтральных урадавых установах краіны ўзрасло, паводле афіцыйных дадзеных, з няпоўных 20,0 % у 1925 годзе да 80,0 % у 1927 годзе. У 1928 годзе ў 80,0 % школ выкладанне вялося на беларускай мове (гл. КАРОЛЬ 1993: 348–350). Паводле НАРЫСЫ ГІСТОРЫІ БЕЛАРУСІ 1995: 121, у 1925 годзе ў рэспубліканскіх урадавых установах беларускай мовай валодала 22,0 % ад агульнай колькасці супрацоўнікаў, у абласных і раённых – 36,0 %, у 1926 годзе адпаведна – 54,0 % i 42,0 %, a ў 1927 годзе – 80,0 % i 70,0 % (такі імклівы рост колькасці носьбітаў беларускай мовы – галоўным чынам у вялікіх гарадах, дзе беларусы былі ў меншасці – нараджае падазрэнне пра павярхоўнасць гэтага працэсу і ўказвае на адну з прычын адносна хуткага вяртання да рускай мовы). У 1926–1927 навучальным годзе ў Беларусі было 4576 школ, з якіх 4201 беларускіх i 40 рускіх (гл. МІКУЛІЧ 1996: 86), у 1955–1956 навучальным годзе – адпаведна 11346, 10730 i 592 (гл. МІКУЛІЧ 1996: 94), у 1970–1971 навучальным годзе на 8881 школ з беларускай мовай навучання было 1580 рускамоўных, a ў 1880–1981 навучальным годзе – адпаведна 4909 i 1607 (гл. МІКУЛІЧ 1996: 104).
Адначасова ў 1926 годзе 82,0 % асоб, якія вызначылі сябе беларусамі, прызналі беларускую мову роднай; так было ў 94,9 % выпадкаў з сельскім i толькі ў 49,4 % – з гарадскім насельніцтвам Беларусі (паводле МІКУЛІЧ 1996: 87). У міжваенны час беларусы ў гарадах былі нацыянальнай меншасцю (у 1926 годзе – 39,0 %), але ўжо ў 1959 годзе гарадскога беларускага насельніцтва было 67,0 % (паводле МІКУЛІЧ 1996: 93). Аднак беларускі працэс народатворчасці, які развіваўся ў перыяд “беларусізацыі”, на мяжы дваццатых і трыццатых гадоў аказаўся ў значнай ступені перапыненым, беларуская мова пачала замяняцца рускай (спачатку гэты працэс быў досыць павольным), пад фізічную ліквідацыю падпала значная частка беларускай нацыянальнай інтэлігенцыі (культурнай, навуковай, палітычнай), нацыянальныя тэндэнцыі пачалі атаясамлівацца з нацыяналізмам. Аказалася, што сілавыя метады ў ініцыяваным зверху народатворчым працэсе па-ранейшаму заставаліся дзейснымі – ён спачатку падтрымліваўся ўладамі, а затым быў адменены. Гэта сведчыла пра слабае пакуль яшчэ ўкараненне нацыянальнай ідэі ў беларускім грамадстве. Пра яе прыняцце і падтрымку можна было гаварыць толькі ў дачыненні да вузкіх колаў інтэлігенцыі краю.
Тэндэнцыя адмаўлення ад беларускай мовы на карысць рускай пашырылася ў 60-х гадах ХХ стагоддзя і ўзмацнілася ў два наступныя дзесяцігоддзі. Можна казаць пра дзве асноўныя прычыны гэтай з’явы. Па-першае, істотную ролю ў тым працэсе адыграла палітыка расійскіх уладаў, найперш царскіх, а потым савецкіх. Царская адміністрацыя лічыла беларускую мову дыялектам рускай. Наступствы падобнага мыслення можна было бачыць і ў СССР. Так і сёння лічыць значная частка расійскай грамадскасці. З трыццатых гадоў Масква свядома тармазіла развіццё беларускай мовы; Хрушчоў бачыў Беларусь узорнай савецкай рэспублікай, бо тут адносна лёгка прымалася ўсё рускае. “Падчас візіту Хрушчова ў Мінск у студзені 1959 года з нагоды саракагоддзя ўтварэння БССР, – піша Яўген Мірановіч, – Першы сакратар ЦК КПСС некалькі разоў публічна паўтараў: «Чым хутчэй пачнем размаўляць па-руску, тым хутчэй пабудуем камунізм». У прысутнасці членаў ЦК КПБ Хрушчоў ганьбіў Кірылу Мазурава [Першага сакратара ЦК КПБ – Р.Р.] за тое, што той падчас урачастай канферэнцыі прачытаў справаздачу на беларускай мове” (MIRONOWICZ 1999: 210). Працэсы, якія адбываліся на Беларусі ў 1920-х гадах, паказвалі, аднак, на тое, што ў спрыяльнай сітуацыі існавала мажлівасць усеагульнага прыняцця літаратурнай беларускай мовы. Па-другое, у адрозненне ад літоўцаў, латышоў і эстонцаў, а таксама ўкраінцаў, якія жылі на захадзе краю (спрадвечных землях Галіцыі), на Беларусі ніколі не ўзнікаў сур’ёзны нацыянальны рух, накіраваны на супрацьдзеянне рускім; падаўляючай большасці беларусаў у часы існавання БССР бракавала нацыянальнай свядомасці. Замест нацыянальнай ідэі, якая для пераважнай большасці іншых еўрапейскіх народаў па-новаму акрэсліла ў пасляфеадальным свеце сістэму адносін i структуру бясспрэчных каштоўнасцей, беларусам, якія да Першай сусветнай вайны жылі ў краі з нізкім узроўнем адукацыі, слабай урбанізацыяй і нізкім прамысловым развіццём і да моманту масавага перасялення ў гарады былі замкнутыя ў межах лакальнага грамадства, пачалі прышчапляць савецкую ідэалогію.
“З 1960 года большасць культурных устаноў на Беларусі пачала пераходзіць на рускую мову. У 1960 годзе толькі 26,5 % назваў кніг былі надрукаваны на беларускай мове, праз дзесяць гадоў – 19,6 %, a ў 1980 годзе – 12,3 %. Траціна літаратуры, што паяўлялася на беларускай мове, – на думку Я.Мірановіча, – расчароўвала беларусаў у кнігах, надрукаваных на ёй. Моладзь нават з творчасцю класікаў беларускай літаратуры знаёмілася ў рускіх перакладах” (MIRONOWICZ 1999: 211).
У 1955–1956 навучальным годзе на беларускай мове здабывалі веды 78,5 % вучняў, у 1960–1961 навучальным годзе – ужо 70,8 %, a ў 1970–1971 навучальным годзе – толькі 51,1 %. На пачатку 1980-х гадоў на беларускай мове навучаліся 35,0 % вучняў (на рускай – 65,0 %), a ў 1986–1987 навучальным годзе – 23,1 % (у тым ліку ў гарадах – 0,2 % !). Затое ў 1990–1991 навучальным годзе – 20,8 % (у гарадах – 1,7 %). Астатнія школы былі рускамоўнымі (паводле МІКУЛІЧ 1996: 95, 104–105, 150, табліца № 6). Вялікія гарады Беларусі былі практычна пазбаўлены роднай мовы ў сістэме адукацыі. У сталіцы краіны праз пэўны час не засталося аніводнай беларускамоўнай школы. Іх частковае аднаўленне пачалося ў першай палове 1990-х гадоў дзякуючы палітыцы органаў улады краіны. У 1994–1995 навучальным годзе на беларускай мове навучаліся 76,0 % вучняў першых класаў, у 1995–1996 навучальным годзе – ужо толькі 34,0 % і ў 1996–1997 навучальным годзе – 32,0 % (хаця па выніках рэферэндуму, што адбыўся ў траўні 1995 года, больш за 83,0 % насельніцтва краіны выказаліся за раўнапраўе беларускай і рускай моў). Больш за 53,0 % дзяцей, якія ў 1994 годзе распачалі навучанне на беларускай мове, на працягу наступных трох год перайшлі ў рускамоўныя класы (гл. ГУРЫНОВІЧ 1997: 2, ЗАПРУДНІК 1996: 241, 257; СЯМЕШКА 1998а: 44–45). У 2000–2001 навучальным годзе меней за адну трэць вучняў навучалася па-беларуску. 71,0 % хадзілі ў школы, дзе вучыліся на рускай мове. І сітуацыя, як заўважаецца ў часопісе беларусаў беласточчыны “Czasopis”, змяняецца ўвесь час не на карысць беларускай мовы. У самім Мінску ўсяго недзе каля 8,0 % школьнікаў навучаюцца на нацыянальнай мове. Найлепшая сітуацыя для беларускай мовы ўсталявалася на Гродзеншчыне (гл. W REPUBLICE BIAŁORUŚ 2001: 9). У той час як некалі працэс выкаранення беларускай мовы з грамадскага жыцця, адукацыі інспіраваўся ўладамі – і не знайшоў шырокай падтрымкі ў грамадстве, – а на пачатку 1990-х гадоў, дзякуючы як уладам, так і інтэлігенцыі, перажываў адраджэнне (без масавага, увогуле-то, грамадскага ўхвалення), то пасля рэферэндуму адмаўленне ад беларускай мовы ў значнай ступені з’яўляецца вынікам непавагі да яе ў беларускім грамадстве. Беларуская моладзь, пераважна гарадская, нярэдка ставіцца да выкладаемай у школе беларускай мовы проста варожа (гл. JANOWICZ 1998: 10). “Такое становішча – вынік шматгадовай русіфікацыі і саветызацыі беларусаў, – кажа сучасны мінчанін наконт заняпаду беларускай мовы. – Цяпер ужо значная частка саміх беларусаў дзейнічае як русіфікатары. Атрымліваецца, што людзей зусім не цікавіць, як і на якой мове яны размаўляюць. Большасць карыстаецца «трасянкай» – сапсаванай рускай мовай з беларускімі лексічнымі асаблівасцямі. А чалавека, які ў публічным месцы карыстаецца чыстай літаратурнай мовай, успрымаюць як дзівака” (з ліста да Беларускай рэдакцыі Польскага радыё, які цытуецца паводле БАРШЧЭЎСКАЯ 1995: 2).
Мовы як вызначальнікі самаідэнтычнасці беларусаў
У постфеадальнай Еўропе культура сама па сабе стала вартасцю (гл. GELLNER 1991), якая вызначала межы новых (надсацыяльных, a таксама надкласавых) падзелаў. Выразна ўзмацнілася самаідэнтычнасць членаў еўрапейскіх супольнасцей. Яна набыла ярка выражанае культурнае вымярэнне. Істотным складнікам культуры, a затым і вартасцю, якая вызначае самаідэнтычнасць насельніцтва нашага кантынента, стала мова. Паколькі адной з галоўных прычын павышэння яе ролі было фармаванне нацый (як і нацыянальнай самасвядомасці), a беларусы толькі ў вельмі нязначнай ступені акрэсліліся ў нацыянальных катэгорыях, то іх самаідэнтычнасць аказалася значна слабейшай не толькі ў параўнанні з палякамі, літоўцамі і галіцкімі ўкраінцамі, але – асабліва на элітарным узроўні – і з расійцамі. Мова на Беларусі выконвала некалькі іншыя функцыі, чым у большасці грамадстваў Цэнтральна-Усходняй Еўропы. Найчасцей яна не акрэслівала народ, і не аддзяляла яго ад іншых. Увогуле, беларускія вёска і горад размаўлялі на розных мовах. У пэўнай ступені яны з’яўляліся носьбітамі розных сістэм каштоўнасцей.
Паводле дадзеных перапісу 1999 года, беларускую мову прызналі роднай 85,6 % беларусаў, хаця дома на ёй размаўляюць толькі 41,3 % (па-руску дома размаўляюць 58,6 % беларусаў). Што цікава, 95,7 % расійцаў дома размаўляюць па-руску, у той час як 57,6 % палякаў – па-беларуску (паводле ЗИНОВСКИЙ 1999: 12). Беларусы складаюць 81,2 % насельніцтва рэспублікі, а рускія – 11,4 % (паводле ЗИНОВСКИЙ 1999: 11), праўда, верагоднасць гэтых дадзеных не поўная. Для насельнікаў гарадоў адносіны да беларускай мовы былі вытворнымі ад усведамлення іх беларускага паходжання, валодання беларускімі моўнымі каранямі, а таксама час ад часу вынікалі з адносін да беларускай мовы як да мовы дзяцінства. Аднак найчасцей – як сведчаць дадзеныя – яна не была іх штодзённай мовай.
Аб сацыялагічных даследаваннях, што праводзіліся ў 1980-х i 1990-х гадах у беларускіх вёсках розных частак краіны, напісаў у сваёй апошняй кнізе Аляксандр Крывіцкі (гл. КРЫВІЦКІ 1998). З іх вынікае, што вёска перш за ўсё карыстаецца рознымі дыялектамі. Уплывы рускай мовы ў цэлым больш значныя на ўсходзе, чым на захадзе краіны. Арыентацыю на літаратурную беларускую мову праяўляюць вельмі вузкія асяродкі, нават адзінкі, галоўным чынам настаўнікі. Іх беларуская мова на практыцы актывізуецца выключна ў сферы прафесійнай школьнай дзейнасці. Другой, паводле дыялектаў, мовай, якая існуе на беларускай вёсцы, з’яўляецца руская. На яе ў значнай ступені ўздзейнічаюць мясцовыя гаворкі, найперш фанетычна, але таксама і граматычна. Схільнасць да карыстання гэтай мовай выказалі асобы з вышэйшай ці сярэдняй спецыяльнай адукацыяй (кіраўніцтва калгасаў, аграномы, настаўнікі). Часцей рускай мовай карыстаюцца мужчыны, людзі маладыя, якія прайшлі вайсковую службу; карыстаюцца пераважна падчас кантактаў з гараджанамі, уладамі. Яна нярэдка ўспрымаецца як афіцыйная мова, звычайна – побач з літаратурнай беларускай – у культурным жыцці.
Жыхары вёскі, якая з’яўляецца адміністарацыйным цэнтрам аднаго з калгасаў Магілёўскага раёна, назвалі рускую (у яе мясцовай версіі – сумесі моў рускай і беларускай) сваёй асноўнай мовай. У той мясцовасці “руская – гэта мова ўзаемных стасункаў у розных сферах, мова адміністрацыі і культуры. Беларуская мова выступае пераважна ў сферы сямейна-бытавых адносін, гэта мова школьнага навучання, мова фальклору” (КРЫВІЦКІ 1998: 85). Увогуле, можна сцвярджаць, што беларускія дыялекты спадарожнічаюць тым вясковым асяродкам, якія засталіся больш традыцыйнымі як у духоўнай, так і ў вытворчай сферы; у той час як арыентацыя на рускую мову праяўляецца часцей там, дзе ў міжваенны час адбыліся істотныя змены ў грамадстве і гаспадарцы. А.Крывіцкі заўважае, што большасць актыўнай часткі насельніцтва ўсходняй Беларусі характарызуецца арыентацыяй на дыялекты і адначасова – у той ці іншай ступені – на рускую мову ў яе мясцовай версіі. Выразную арыентацыю толькі на літаратурную беларускую ці рускую мову можна заўважыць у невялікай часткі вясковай інтэлігенцыі (спецыялістаў, настаўнікаў). Можна сказаць, што гэтыя асяродкі ўсведамляюць сувязь рускай мовы (і ў некаторых сферах – літаратурнай беларускай) з грамадска-эканамічнымі зменамі на беларускай вёсцы i выразна адрозніваюць тыя мовы ад мясцовых гаворак. Але і яны ў пэўных сітуацыях і сферах жыцця звяртаюцца да дыялектаў (гл. КРЫВІЦКІ 1998: 84).
На Гродзеншчыне “беларуская мова [т.зв. гаворка – Р.Р.], як можна заўважыць, для значнай часткі насельніцтва з’яўляецца ў розных сферах жыцця адзінай, a ў вытворчай (і тым больш – у бытавой сферы) яна мае істотныя ці значныя перавагі над рускай”. Калі працягваць гэтыя абагульненні, то можна сцвярджаць, што ў акрэсленай ступені беларуская мова з’яўляецца сродкам моўнай арыентацыі для амаль усяго насельніцтва Гродзенскага раёна. Старэйшае пакаленне вяскоўцаў і школьная моладзь “карыстаюцца беларускай мовай у пераважнай большасці сітуацый” (КРЫВІЦКІ 1998: 87). У той жа час білінгвізм найбольш распаўсюджаны сярод моладзі. У адным з вясковых раёнаў Віцебшчыны выяўлена, што карыстанне там літаратурнымі версіямі беларускай ці рускай моў успрымаецца як парушэнне моўнага этыкету. Гэтыя мовы трактуюцца як афіцыйныя, у той жа час штодзённай з’яўляецца мясцовая гаворка, якой у гэтых адносінах надаецца асаблівы прэстыж (паводле КРЫВІЦКІ 1998: 88). Вынікі даследаванняў у адным з рэгіёнаў усходняга Палесся паказалі, што, акрамя наяўнасці на гэтай тэрыторыі рускай і беларускай моў у іх літаратурным варыянце, самы распаўсюджаны сродак камунікацыі тут – мясцовыя гаворкі. Яны дамінуюць у культурна-абрадавай сферы, сямейным і працоўным жыцці. Чужая мова ўжываецца на паседжаннях і нарадах. Не толькі руская мова трапіла пад уплыў лакальнай беларускай мовы. “Калі справа ідзе аб гаворцы, – піша беларускі даследчык, – то яна таксама адчула значныя змены пад уплывам рускай мовы”. Адрозніваецца яна ў залежнасці ад узросту, узроўню адукаванасці i прафесіі яе носьбіта. Аднак гэта датычыцца перад усім лексікі. “Не спазналі істотных змен граматычныя і фанетычныя структуры гаворак” (КРЫВІЦКІ 1998: 90). Беларускія мовазнаўцы, апісваючы працэсы насычэння беларускай мовы русізмамі і рускай – беларусізмамі, усё часцей пішуць аб “змешанай” мове насельніцтва вёсак.
Абагульніўшы папярэднія вывады, можна сцвярджаць, што асобныя рэгіёны Беларусі (і нават асобныя вёскі) адрозніваюцца паміж сабой асаблівасцямі моўнай сітуацыі, якая склалася ў іх. Аднак, на вёсцы выразна прасочваецца дамінаванне мясцовых гаворак. Літаратурная беларуская мова існуе амаль выключна ў школе. Руская мова найчасцей распаўсюджана ў сваім размоўным варыянце, у большай ці меншай ступені насычаным дыялектнымі лакалізмамі. Ёй карыстаюцца галоўным чынам маладое і сярэдняе пакаленні. Тут няма нічога дзіўнага, калі браць пад увагу яе дамінуючае становішча ў сродках масавай інфармацыі; прысутнічае яна таксама і ў сельскіх школах (праўда, усё ж такі ў большай сваёй частцы – беларускамоўных). Але гэта не азначае, што беларуская вёска гвалтоўна станавілася рускамоўнай. Усё ж на сённяшні дзень большасць яе жыхароў рэдка карыстаецца рускай мовай (пераход з адной мовы на іншую залежыць ад сітуацыі). Руская мова пранікала на вёску праз мясцовыя ўлады і сістэму адукацыі, затым распаўсюджвалася пераважна сярод моладзі. Яна ахоплівае лексіку, звязаную з тэхнікай, палітыкай, праявамі тых сфер жыцця, носьбітам якіх з’яўляецца сучасны, найбольш актыўны знешні свет – горад. Найчасцей пранікала на беларускую вёску мова “змешаная”, фактычна руска-беларуская, якая ў розных прапорцыях змяшчала абедзве мовы (даволі выразнае яе парушэнне адбылося ўжо без удзелу вясковай інтэлігенцыі). Неаднаразова вясковец на пытанне, на якой мове ён размаўляе, адказваў, што “па-руску”, не задумваючыся над існуючымі ўсё ж адрозненнямі паміж дзвюма мовамі. Іх блізкасць садзейнічала працэсу іх інтэрферэнцыі, які ў пэўнай ступені адбываўся па-за свядомасцю людзей, што карысталіся такой мовай.
Гаворкі – элементы “свойскасці”, яны звязаны з мясцовымі звычаямі, у іх выражана традыцыя. Яны інтэгруюць лакальнае грамадства ў канфрантацыі з чужародным, аддзяляюць яго ад іншых, у першую чаргу – ад горада. У іх выражаецца кансерватыўная пасіўнасць, замкнёнасць ад знешняга, часцей экспансіўнага свету. Яны складаюць аснову звычаяў, малой радзімы (калі звярнуцца да тэрміналогіі Станіслава Асоўскага – “прыватнай” радзімы). Мова тут у значнай ступені выконвае функцыі, падобныя да тых, якія яна выконвала ў традыцыйнай, перадіндустрыйнай этнічнай групе. Гэта не ідэалагічная сістэма, не носьбіт надлакальных каштоўнасцей. Яна ўкараняе беларускага селяніна ў сваёй этнічнай групе гэтак жа, як польскага ў сваёй – яго гаворка. Але калі польскі селянін выкарыстоўвае нацыянальныя сродкі, што даюць яму магчымасць выйсці за межы лакалізму, то на беларускай вёсцы зыдэалагізаваная сістэма надлакальных каштоўнасцей адчуваецца слабей, мае не нацыянальны, а савецкі характар. Адначасова дыялект – ён часта выразна адрозніваецца ад літаратурнай беларускай мовы – усё ж успрымаецца як мова “простая”, “сялянская” (а адсюль і яго нізкі статус у параўнанні з мовай гараджан, эліты, інтэлігенцыі). Трактуецца дыялект хутчэй інструментальна, як сродак зносін, а не як вартасць сама па сабе, не як надлакальны носьбіт выразна афарбаванай эмацыянальнай ідэі. У працэсе сацыяльнага росту, перасялення ў горад ад яго можна адмовіцца на карысць рускай мовы, так, як польскі селянін адмаўляецца на карысць мовы польскай – у яе гарадской, “аблітаратурненай” версіі.
Прасцей кажучы, моўная канфрантацыя паміж вясковымі гаворкамі і гарадской рускай мовай (калі не браць пад увагу наяўнасць у Беларусі польскай мовы) – супрацьстаянне дзвюх з’яў. Арыентацыя на пасіўнасць, якая ізалюе ўсё роднае, спалучаецца ў іх з прэтэнзіяй на адкрытасць, актыўнасць і сацыяльны рост. Гэта сітуацыя аналагічная існаваўшым у Польшчы адносінам паміж вясковымі гаворкамі і мовай гараджан, гутарковай ці літаратурнай. Аднак у Беларусі ў адрозненне ад Польшчы гэта можна назваць адносінамі паміж дзвюма рознымі мовамі. Так сталася хіба таму, што як сялянская беларуская мова, так і гарадская руская не разглядаліся ў нацыянальных катэгорыях (іх замена не ўспрымалася як катэгорыя нацыянальнай здрады). Гэтыя мовы былі носьбітамі культурнай, рэгіянальнай, класавай, але толькі не нацыянальнай свядомасці. Яны маюць розны статус, але гэта статус толькі розных сацыяльных, а не нацыянальных пазіцый. У сітуацыі моўнай блізкасці гэта тлумачыцца магчымасцю (i практыкай) паступовага пранікнення ў мову беларускіх сялян рускай лексікі, не акрэсленай ідэалагічна (нацыянальна), а значыць пазбаўленай сферы высокіх эмоцый і таму маючай шанцы на выкарыстанне ў межах лакальнага грамадства. Паступоваму пашырэнню працэсу, яго дэнацыяналізацыі ва ўмовах урбанізацыі вёскі садзейнічаў і нізкі ўзровень асэнсавання моўных з’яў, якія пры гэтым адбываліся.
Беларускасць селяніна засаветызаваная – а значыць асучасненая – на этнічным узроўні. Яго малая радзіма (яна звязвае людзей традыцыйнымі адносінамі) – гэта беларускамоўная ваколіца; айчына “сярэдняя”, рэгіянальная – гэта беларуска-рускамоўная Беларусь, што мае сваю правінцыйную спецыфіку ў межах радзімы вялікай, ідэалагічнай, якой калісьці быў Савецкі Саюз, а зараз – толькі тры ўсходнеславянскія рэспублікі былой імперыі. Усе тры радзімы разглядаюцца ў катэгорыях пазанацыянальных. Падобна ж глядзяць на праблему і гараджане (хаця іх малая радзіма рускамоўная i адчуваецца імі слабей). У адрозненне ад селяніна ХІХ стагоддзя сучасны беларускі вясковец у стане свядома выйсці за межы мясцовай гаворкі – нягледзячы на тое, шта карыстаецца не нацыянальнымі, а толькі савецкімі катэгорыямі ўспрымання грамадскай рэчаіснасці. Дыялектная беларуская мова не стварыла бар’еру для савецкасці: кароткай у часе гістарычнай перспектывы (арыентацыі на “тут і зараз”), прадметнасці, эгалітарызму, калектывізму i прэтэнцыёзных падыходаў. Сацыялагічныя даследаванні, праведзеныя ў Беларусі вясной 1996 года, паказалі, што беларусы, якія маюць давер да беларускага тэлебачання (асноўная яго аўдыторыя знаходзіцца на вёсцы і ў малых гарадах), не толькі ацэньваюць дзейнасць урада і прэзідэнта вышэй, чым грамадства ў цэлым, але і больш падтрымліваюць інтэграцыю краіны з Расіяй (75,5 %, пры сярэднім – 62,5 %, паводле ЕФИМОВА 1996: 5) (75,5 %, пры сярэднім – 62,5 %). Адносна пытання аб “ідэальных” палітыках вяскоўцы выказалі даволі вялікую схільнасць да палітыкаў савецкіх, аўтарытарных (або да тых, што, як Сталін, адкрыта выкарыстоўваюць таталітарныя метады); мінчане ж часцей выбіралі Пятра І, заходніх палітыкаў i ў большасці выпадкаў падтрымлівалі Кастуся Каліноўскага, адзінага беларускага “нацыянальнага героя,” імя якога можна было знайсці на анкетных лістах (гл. СКАЖИ, КТО ТВОЙ КУМИР… 1996: 3). Хоць вясковая беларуская мова і не стварала спецыяльных бар’ераў на шляху пранікнення савецкіх каштоўнасцей, але пазітыўная залежнасць паміж ёй і гэтымі каштоўнасцямі вынікала, па крайняй меры, часткова, з характару традыцыйнай сялянскай культуры, яе замкнёнасці, схільнасці да праяў эгалітарызму, аўтарытарызму і прадметнасці. Вясковыя дыялекты аказаліся ў пэўнай ступені тым бар’ерам, што паслабляў уплыў рускай культуры. І аб гэтым сведчыць не толькі меншая падтрымка вяскоўцамі Пятра І. Вынікі эмпірычных даследаванняў, якія праводзіліся Маркам Слівіньскім i Валерыем Чакмонасам у 1995 годзе, паказалі, што “сталае ўжыванне рускай мовы набліжае да Расіі і да расійцаў, у той час як ужыванне беларускай мовы, a менавіта яе «простых» дыялектаў, садзейнічае арыентацыі на Польшчу і на палякаў, а таксама на шматлікія нацыянальныя меншасці Беларусі”. І далей: “Носьбіты літаратурнай беларускай мовы і «простых» дыялектаў самі сябе лічаць меншасцю, што само па сабе можна лічыць пазітыўным, бо гэта садзейнічае іх кансалідацыі” (ŚLIWIŃSKI, CEKMONAS 1997: 572).
“На нацыянальна-этнічным узроўні простага вясковага насельніцтва, – заўважае Эльжбета Смулкова, – пачуццё беларускай самасвядомасці выяўляецца найперш у любові да роднай зямлі, яе краявідаў, звычаяў і абрадаў, а таксама ва ўсведамленні, што мова ўзаемнай камунікацыі ў межах сям’і і найбліжэйшага атачэння мае толькі абмежаваную каштоўнасць. Калі з’яўляецца жаданне выйсці з кола малой радзімы, то ўсведамленне патрэбы надання мове вышэйшага статуса ўспрымаецца ўжо як закладзенае зверху ў пачуццё беларускай нацыянальнай самасвядомасці” (SMUŁKOWA 1997: 601). Таму самаідэнтычнасць беларускамоўнага селяніна ў значнай ступені лакальнае, звычаёвае, этнаграфічнае. Свет далёкіх мясцін чужы яму не толькі мовай (гэта не азначае, што варожы), але галоўным чынам сваім асяроддзем (класава, культурна, ментальна). Гарады – асабліва вялікія – як правіла, выключна рускамоўныя. Дакладней, іх насельніцтва карыстаецца т.зв. “трасянкай”.
“Трасянка – неўнармаваная, размоўная мова, што складаецца з сумесі дзвюх моў: беларускай і рускай. З фанетычна-граматычнага пункту погляду яна блізкая беларускай мове, a з лексічнага – рускай. Яе збліжэнне з рускай мовай адбывалася разам з фармаваннем насельніцтва беларускіх гарадоў. Ніжэйшыя слаі часцей карыстаюцца “трасянкай”, насычанай выразна беларускай лексікай. Нягледзячы на яе значную блізкасць да беларускіх дыялектаў, яе носьбіты досыць часта атаясамліваюць “трасянку” з рускай мовай (гл. СЯМЕШКА 1998б: 45–46, таксама гл. ЦЫХУН 1998: 88). “Гэтаму спрыяе, – заўважае Лідзія Сямешка, – блізкасць структур абедзвюх моў, слабае ўсведамленне раздзяляючых іх межаў, лёгкасць пераходу з адной мовы на другую, а таксама арыентацыя на рускую мову як на больш прэстыжную” (СЯМЕШКА 1998а: 41). Пад агульную русіфікацыю падпала газетна-публіцыстычная савецкая новамова, мова афіцыйных выступленняў, сферы палітыкі (гл. СЯМЕШКА 1998а: 48). Ёсць некалькі аб’ектыўных прычын існавання ў “трасянцы” беларусізмаў. Магчыма, гэтую з’яву можна растлумачыць, акрамя ўсяго іншага, нежаданнем поўнасцю атаясамлівацца з рускімі, паказам беларусамі сваёй рэгіянальнай – выражанай у мове – унікальнасці. Руская мова, нягледзячы на зробленыя ў першай палове 1990-х гадоў спробы запавольвання працэсу яе распаўсюджвання ў беларускім грамадстве, усё ж пашырыла сваю прысутнасць, асабліва сярод моладзі. У Беларусі паўсюдна слухаюць і глядзяць расійскія мас-медыя. Цікавасць да спажывецкага грамадства, якое калісьці атаясамлівалася з Захадам, зараз прыходзіць з Усходу, з Масквы і Пецярбурга, на ўсім зразумелай рускай мове. Групы беларускай моладзі адмаўляюцца ад мясцовай “трасянкі” і пачынаюць карыстацца слэнгам расійскіх радыёстанцый – лакальнымі разнавіднасцямі рускай мовы камерцыйных сродкаў інфармацыі ўсходняга суседа. Гэта хоць яшчэ і не вызначальная, але ўжо досыць прыкметная тэндэнцыя.
Працэс моўнай русіфікацыі Беларусі прыпаў, што вельмі важна, на час канчатковага распаду постфеадальных структур на вёсцы, урбанізацыі краіны, г.зн. гатоўнасці да замены звыклых сувязей значна больш ёмістымі – ідэалагічнымі. Будаваліся ж тыя сувязі на аснове савецкай ідэалогіі. Беларусы найперш праз савецкасць увайшлі ў сучасны урбанізаваны i арганізаваны свет (перайшлі ад этнічнасці непасрэдна да савецкасці, абмінуўшы нацыянальны этап). Дзякуючы савецкасці (якая мадэрнізавала грамадскае акружэнне, што дзе-небудзь у іншым месцы рабіла нацыянальная ідэалогія) яны сталі сучасным – хоць і спецыфічным – грамадствам, якое адрозніваецца ад большасці краін Еўропы. Беларуская мова не стала яго носьбітам. Яна аказалася зведзенай да ўзроўню народнасці, этнаграфізму, фальклору i іншых лакалізмаў, што знаходзіліся ў межах вышэйстаячай савецкасці, якая заняла грамадскую прастору, вызваленую пасля распаду традыцыйных структур, сувязей.
Руская мова стала ўспрымацца як носьбіт наднацыянальнай, інтэрнацыяналістычнай ідэалогіі, насычанай элементамі расійска-савецкага місіянізму, як агульны сродак грамадскай камунікацыі. Русіфікацыя беларусаў была культурнай, а не нацыянальнай. Яна звязвалася з сацыяльным ростам, павышэннем узроўню культуры, з урбанізацыяй і індустрыялізацыяй краіны, а таксама з інстытутамі дзяржаўнай улады, да якіх беларускі селянін спрадвеку ставіўся з павагай. Руская мова была каштоўная тым, што выводзіла беларусаў у шырокі свет вялікай імперыі, адкрывала ім багатую рускую культуру і літаратуру. Яна пераймалася не як мова нацыянальнай кантэстацыі, а як мова экзістэнцыяльнай і палітычнай вартасці, міжэтнічнай камунікацыі, матэрыяльных (цывілізатарскіх) і культурных, а не этнічна-нацыянальных памкненняў. Гэта была мова саветызацыі (культурнай і палітычнай) беларусаў, а не мова іх нацыянальнай актывізацыі. З ёй Беларусь хутчэй атрымлівала нешта, чым аддавала. Яе распаўсюджванне на працягу некалькіх апошніх пакаленняў прынесла каштоўнасці, якія ў беларускай культуры не маюць такіх глыбокіх каранёў, як у рускай. Ды і прынцып іх пераймання інакшы (ненацыянальны).
Можна сцвярджаць, што на некаторых узроўнях сваёй сімволікі руская культура перанята беларусамі досыць павярхоўна. Яна не з’яўляецца вартасцю самой па сабе, нацыянальнай у тым значэнні, што і для расійцаў. Для беларусаў яна хутчэй сродак выхаду ў навакольны свет, які раскрывае пэўныя сферы, даступныя толькі расійцам. Руская мова пазбаўляе беларусаў іх шматвяковай гісторыі ў межах Вялікага Княства Літоўскага i Рэчы Паспалітай, узмацняе разуменне Беларусі ў катэгорыях рэгіяналізму, правінцыяналізму. Гэта “лепшая”, “гарадская” мова, мова ветлівых паводзін i “вышэйшай” культуры галоўнага народа былой вялікай імперыі. Сёння яна “свая” для беларусаў у такой жа ступені, як і для расійцаў (апошнія не лічацца на Беларусі нацыянальнай меншасцю і не ўспрымаюцца так сярэднімі беларусамі), у адрозненне ад “чужой” польскай мовы i “чужых” палякаў. Руская мова падпарадкоўвае Беларусь Расіі. На працягу апошніх дзесяці гадоў на Беларусі існуе толькі адзін выразна антыкамуністычны і антысавецкі масавы рух – беларускамоўны Беларускі Народны Фронт. Руская мова – гэта мова настальгіі збяднелых і саветызаваных мас па былой сацыялістычнай роўнасці, сацыяльнай бяспецы, вонкавай “заможнасці” i прастаце палітычнага ладу, які не перакладаў на асобу адказнасці за свой лёс.
Мысленне беларусаў у катэгорыях выразна сфарміраванага правінцыяналізму (рэгіяналізму) мае гістарычныя, культурныя і моўныя карані i – што з пункту гледжання палякаў можа падацца дзіўным – таксама карані палітычныя, рэспубліканскія, якія засталіся ў спадчыну ад сямідзесяцігадовага існавання БССР. Сваю рускамоўнасць беларусы разглядаюць як сродак камунікацыі, а таксама сутнасна: на ўзроўні палітычных паняццяў (савецкіх) і культурнай перавагі перад беларускай мовай, што выразна праяўляецца па-за межамі малой радзімы. Для гарадскога беларуса вясковая беларуская мова – гэта мова, на якой ён не размаўляе і не хоча размаўляць; ён адносіць яе да катэгорыі этнаграфічнай. Але ў той жа час ён усведамляе, што факт існавання гэтай мовы дазваляе адрозніць яго ад расійца.
Затое літаратурная беларуская мова з’яўляецца мовай вузкіх нацыянальных эліт, часткі палітычнай апазіцыі, часцей сканцэнтраванай вакол Беларускага Народнага Фронту, які змагаецца за беларускае нацыянальнае адраджэнне, мовай культурнага і грамадска-палітычнага нонканфармізму, ідэі абавязковага збліжэння з Захадам i правядзення грамадска-гаспадарчых рэформ (гэта не значыць, што не існуе – зарыентаваная галоўным чынам на Маскву – параўнальна слабая рускамоўная апазіцыя і рускамоўны асяродак рэфарматараў). Традыцыйная настальгія па савецкай заможнасці выклікае непавагу да беларускай мовы як да мовы, што распаўсюдзілася пасля атрымання незалежнасці (у грамадскім разуменні) “праз сілу” і нясе нацыянальныя каштоўнасці, супярэчныя савецкім. Зараз літаратурная беларуская мова – носьбіт нацыянальных каштоўнасцей, пачуцця нацыянальнай годнасці, адметнасці, незалежнасці (ад “вялікага рускага старэйшага брата”). Таму і не падтрымліваецца ўладамі. Нярэдка яна атаясамліваецца – як уладамі, так і простымі беларусамі – з нацыяналізмам, які так жорстка выкаранялі ў СССР.
Паводле большасці даследаванняў, якія праводзіліся на працягу некалькіх апошніх гадоў у сталіцы Беларусі, штодзённа па-беларуску размаўляла ў Мінску ад 1,0 % да 3,0 % яго жыхароў. Літаратурнай беларускай мовай у асноўным карысталіся прадстаўнікі творчай і навуковай інтэлігенцыі гуманітарнага профілю (Л.Сямешка, напрыклад, абапіраецца на сацыялагічныя даследаванні 1989 года, паводле якіх колькасць мінчан, што карысталіся беларускай літаратурнай мовай, складае 1,0–1,5 %, гл. СЯМЕШКА 1998б: 44). Калі ўлічыць мінскія рэаліі, атрымаецца, што ўся група налічвае толькі некалькі тысяч асоб, прычым гэта тыя, хто наогул размаўляе (часта нават і ў асноўным) па-руску, a таксама двухмоўна. Пастаяннае карыстанне ў сталіцы Беларусі літаратурнай беларускай мовай патрабуе вялікай самаадданасці. У публічным месцы гэта звычайна выклікае здзіўленне, часам пратэсты, абвінавачванні ў нацыяналізме. На вуліцы беларускую мову пачуеш толькі спарадычна (не часцей, чым у Варшаве англійскую). Можна сустрэць меркаванні, што “няма беларускай мовы, гэта заходні дыялект рускай мовы”, a таксама, што “беларуская – сапсаваная руская мова” (цытуецца паводле ЛЕМЦЮГОВА 1998: 62). Беларусы значна больш лаяльна ставяцца да беларускай мовы ў адукацыі і ў культуры, чым у палітыцы, навуковай і тэхнічнай сферах. Больш ахвотна карыстаюцца ёю ў сям’і, чым “на людзях”, і з большай прыхільнасцю ўспрымаюць яе ў навуках гуманітарных, чым дакладных, тэхнічных (гл. ЗАПРУДСКІ, ЛАЎЖАЛЬ 1998: 56–60). На думку А.Крывіцкага, арыентацыя на пісьмовае і вуснае двухмоўе характарызуе тую частку мясцовых эліт, якая складаецца з пісьменнікаў, літаратараў, журналістаў, выкладчыкаў і настаўнікаў беларускай мовы, даследчыкаў нацыянальнай культуры, гісторыі, мовы, супрацоўнікаў бібліятэк і г.д. (гл. КРЫВІЦКІ 1998: 72). Бывае і так, што ў беларускамоўным тэатры беларуская мова гучыць толькі са сцэны (паводле КРЫВІЦКІ 1998: 72).
Ступень ведання літаратурнай беларускай мовы залежыць ад узроставых катэгорый насельніцтва і ў многім – ад наведвання беларускамоўных навучальных устаноў у школьным узросце (напрыклад, у 1953–1954 навучальным годзе ў школах з беларускай мовай навучання вучыліся 82,6 % школьнікаў, а ў 1990–1991 навучальным годзе – толькі, як ужо адзначалася, 20,8 %, гл. ЛУКАШАНЕЦ, ЛУКАШАНЕЦ 1998: 64–68, СЯМЕШКА 1998б: 43). Вынікам таго, што па-беларуску сёння размаўляе вельмі абмежаванае кола інтэлігенцыі, у асноўным гарадской (маецца на ўвазе літаратурная мова), ці лічаныя адзінкі вясковага насельніцтва (часцей на вёсцы карыстаюцца мясцовым дыялектам), стала слабае развіццё гутарковай беларускай мовы (гл. СЯМЕШКА 1998а: 38–39, 1998б: 44).
С.Запрудскі i М.Лаўжаль у верасні 1997 года праводзілі цікавае апытанне 18-гадовых студэнтаў мінскіх ВНУ (праўда, неафіцыйнае і ў вельмі малой групе: 50 студэнтаў-беларусаў, якія прызналі беларускую мову роднай, i 9 расійцаў). Студэнты-беларусы, ацэньваючы беларускасць i яе ролю ў грамадскім і прыватным жыцці, найвышэй паставілі пачуццё беларускай супольнасці, a найніжэй – прэстыж беларускай мовы. Найчасцей ацэнка беларускасці вагалася паміж сярэдняй і нізкай. Вышэй за сярэднюю была ацэнена роля беларускай мовы ў грамадскіх установах, у сферы адукацыі і культуры, што, прымаючы да ўвагі рэаліі, сведчыць аб нізкім узроўні моўных прэтэнзій. У пераважнай большасці выпадкаў беларускасць ацэньвалася вышэй беларусамі, чым расійцамі (напрыклад, расійцы лічылі, што на Беларусі расійцаў болей, чым беларусаў) (гл. ЗАПРУДСКІ, ЛАЎЖАЛЬ 1998: 56–60). Але значную частку падобных меркаванняў можна аднесці да вельмі многіх асяродкаў беларускага грамадства.
Цікава, што, нягледзячы на вялікую ступень русіфікацыі краіны, тое найлепшае, што ствараецца ў беларускай літаратуры, узнікае амаль выключна на беларускай мове. Бо для літаратараў, інтэлігентаў гэта мова з’яўляецца мовай нацыянальнай экспрэсіі, традыцый, мінулага іх краю, яго нацыянальнай самабытнасці. “Беларуская мова, – піша Ян Максімюк, – зусім не ведае паняцця масавай літаратуры, якая ствараецца для патрэбаў рынку трэцце- i чацвёртаразраднымі рамеснікамі пяра. Попыт такога тыпу задавальняе руская мова” (MAKSYMIUK 1997: 53). Склалася так, што ініцыятарамі адраджэння беларускай мовы сталі вузкія колы інтэлігенцыі, якія, натуральна, прапаведавалі грамадскі, культурны і палітычны нонканфармізм, імкнуліся найперш да стварэння нацыі на аснове цэнтральна- і заходнееўрапейскіх узораў – a значыць, стаялі ў апазіцыі да такой блізкай беларусам-абывацелям савецкасці і, адпаведна, дзейнічалі насуперак інтарэсам Расіі. Сучасны беларус сваёй культурай належыць хутчэй да Усходу, чым да Захаду, а адсюль – цікавасць да масавай творчасці на мове, якая ўвогуле не з’яўляецца носьбітам блізкай яму сферы каштоўнасцей.
Літаратурная беларуская мова як штодзённая мова часткі беларускай інтэлігенцыі найчасцей мае выразную нацыянальную накіраванасць, нясе ў сабе тыповыя для іншых народаў Еўропы каштоўнасці: тэндэнцыю да акрэсленага самавызначэння з апорай на культуру, шматвяковае гістарычнае мінулае, уласную мову як канстытуцыйны элемент самасвядомасці, патрэбу суб’ектывізацыі беларусаў шляхам надання паняццю радзімы характару адназначна прыярытэтнага, акрэсленне і захаванне беларускіх нацыянальных інтарэсаў (паняцце, якое зараз па-за асяродкам нацыяналістаў, бадай, не існуе). Для яе характэрны грамадская актыўнасць, нонканфармізм, індывідуалізм, адмаўленне ад палітычнага адзінства савецкага тыпу на карысць еднасці нацыянальнай, пабудаванай з апорай на этнічна-моўны крытэрый.
У якой ступені мовы, распаўсюджаныя ў Беларусі, акажуцца здольнымі да “генеравання ўяўных садружнасцей, пабудовы партыкулярнай салідарнасці” (ANDERSON 1997: 134)? Безумоўна, такую патэнцыяльную магчымасць тоіць у сабе літаратурная беларуская мова. Руская ж згаданую “партыкулярную салідарнасць” – а значыць, прызнання адыходу Беларусі ад Расіі, – пакуль не праявіла. Самасвядомасць пераважнай большасці беларусаў засноўваецца на непрыняцці лацінскага Захаду i на пачуцці прыналежнасці да праваслаўнай усходнеславянскай еднасці, тэрміналагічна рускай. Руская мова – найважнейшы сродак, які на высокім культурным узроўні злучае ў адно цэлае рэгіянальныя фрагменты еднасці (у тым ліку і частку дыялектнай беларускай мовы). Руская культура – у адрозненне ад польскай, літоўскай ці заходнеўкраінскай – не нясе каштоўнасцей, якія мабілізавалі б усходніх славян на адмысловае ўсведамленне сваёй непаўторнасці. Беларусы ў Маскве найчасцей знаходзяцца на ўзроўні сваёй рэгіянальнай беларуска-рускасці, у той час, як у Варшаве ці Любліне яны пачынаюць адчуваць сваю індывідуальнасць, бо стаяць ў блізкіх з палякамі нацыянальных катэгорыях. Іх самасвядомасць абвастраецца. У мінулым на фармаванне самасвядомасці беларусаў негатыўна ўплываў факт моўнай блізкасці мясцовага насельніцтва да рускіх чыноўнікаў і польскіх паноў. Як расійцамі, палякамі, так і самімі беларускімі сялянамі іх мова часта ўспрымалася ў якасці другаснай у параўнанні з мовамі суседскімі – як іх сялянская, мясцовая разнавіднасць. Нават і сёння мова не з’яўляецца такім выразным вызначальнікам самасвядомасці беларусаў, якой ёсць яна ў пераважнай большасці еўрапейскіх грамадстваў. Істотныя праслойкава-сацыяльныя падзелы (вёска – горад) у пэўнай ступені прывялі за сабой і моўную дыферэнцыяцыю.
Можна, такім чынам, казаць, што ў параўнанні з народамі Цэнтральнай Еўропы беларусы вызначальную ролю сваёй мовы адчуваюць не вельмі моцна. Прычыны гэтага трэба шукаць у іх слабай нацыялізаванасці (увогуле неразвітасці ў сферы самавызначэння), блізкасці моў і культур – беларускай і рускай (а некалі і польскай), а таксама ў гістарычных аспектах: браку моўнай стабільнасці беларускай эліты на працягу апошніх стагоддзяў, пераходзе некалькіх пакаленняў з адной мовы на другую (выкарыстоўваліся тры мовы: беларуская, польская і руская). Аналагічнае ўздзеянне на самаўсведамленне беларусаў аказалі рэлігійныя змены: пераход ад праваслаўя да ўніяцтва і зноў зварот у праваслаўе (у іншым, рускім, культурным выглядзе), перыядычнае пашырэнне і паслабленне ўплыву рымскага каталіцызму.
Улічыўшы ўсё гэта, можна зрабіць выснову, што як у XIX, так і ў XX стагоддзі беларуская мова для большасці беларусаў была мовай народнай, рэгіянальнай, мовай этнаграфічнай адметнасці, арыентаванай некалі на Варшаву, пазней – на Маскву (польская мова прайшла тут у згаданы перыяд шлях развіцця ад мовы надэтнічнай эліты, палітычна свядомага насельніцтва шляхецкай Рэчы Паспалітай да знікаючай мовы нацыянальнай меншасці, што абапіраецца толькі на культурна-рэлігійныя крытэрыі). Літаратурная беларуская мова – якая развілася ў ХІХ стагоддзі дзякуючы людзям gente Lithuani (Rutheni), natione Poloni, далёкім ад усведамлення беларускіх нацыянальных ідэй, – аказалася ў ХХ стагоддзі выразніцай сучаснай нацыянальнай беларускасці. Затое руская з мовы захопнікаў, якія імкнуліся зрусіфікаваць краіну, у часы савецкай улады стала носьбітам палітычных і культурных вартасцей, што яднаюць Беларусь з Расіяй, але не вылучаюць Беларусь у нацыянальнай (рускай ці – на ўзор англамоўных ірландцаў – беларускай) сістэме.
Пераклаў з польскай мовы
Сяргей ВЕНІДЗІКТАЎ
© МТ “Брама”, 2002
SUMMARY
Ryshard RADZIK
LANGUAGES OF BELARUS IN XIX AND XX CENTURIES
The article contains some meditations of the author upon the formation of nations in Central and Eastern Europe. The process is studied on the basis of interconnection between ethnic and linguistic criteria. The author shows its influence on the development of national processes (in their linguistic aspect) on the territory of Belarus. The Belarussian and Russian languages are regarded as the phenomena determining the national self-identification of the Belarussians.
РЕЗЮМЕ
Рышард РАДЗИК
ЯЗЫКИ БЕЛАРУСИ В ХІХ И ХХ СТОЛЕТИЯХ
Предметом размышлений автора являются формирование в Центральной и Восточной Европе наций на основе связи этнического и языкового критериев и влияние этого формирования на развитие национальных процессов (в их языковом аспекте) на территории Беларуси. Проанализированы белорусский и русский языки, которые функционируют в современной Беларуси, как явления, определяющие национальное самосознание белорусов.
* © Ryszard RADZIK. Języki Białorusi w XIX i XX wieku. Lublin, 2001. Напісана спецыяльна для часопіса “КРАЙ = KRAJ” (даслана ў рэдакцыю 3 студзеня 2002 г.).
Літаратура
Баршчэўская Н. Сытуацыя нацыянальнай мовы ў Рэспублiцы Беларусь у ацэнках слухачоў Беларускай Рэдакцыi Польскага Радыё / Referat na konferencji “Droga ku wzajemności” (Białowieża, lipiec 1995). Maszynopis.
Бобровский П. Можно ли одно вероисповедание принять в основание племенного разграничения славян западной России. Санкт-Петербург, 1884.
Зиновский В.И. Численность и основные социально-демографические характеристики населения Республики Беларусь по данным переписи населения 1999 года // Социология. Минск, 1999. № 4.
Гурыновiч А. “Хачу вучыцца на сваёй мове” // Свабода. Мінск, 1997. № 52.
Ефимова Н. Роман аудитории и государственных СМИ переживает кризис // Свабода. Мінск, 26.07.1996 г. № 55.
Запруднiк Я. Беларусь на гiстарычных скрыжаваннях. Мiнск, 1996.
Запрудскі С.М., Лаўжаль Г.М. Суб’ектыўная этнамоўная жыццёвасць і этнічная ідэнтыфікацыя // Беларуская мова ў другой палове ХХ стагоддзя: Матэрыялы Міжнароднай навуковай канферэнцыі (22–24 кастрычніка 1997 г.). Мінск, 1998.
Кароль А.С. Беларусiзацыя // Энцыклапедыя гiсторыi Беларусi. Мiнск, 1993. Т. 1.
Крывіцкі А.А. Гаворкі беларускай мовы, пасляваенная моўная сітуацыя і дынаміка маўлення ў Беларусі // Беларуская мова / Под ред. А.Лукашанца, М.Прыгодзіча, Л.Сямешкі. Opole 1998.
Лемцюгова В.П. Сучасны стан і праблемы функцыянавання беларускай мовы // Беларуская мова ў другой палове ХХ стагоддзя: Матэрыялы Міжнароднай навуковай канферэнцыі (22–24 кастрычніка 1997 г.). Мінск, 1998.
Лукашанец А.А., Лукашанец А.Г. Беларуская мова ў сучасным горадзе: (Сацыялінгвістычны аспект) // Беларуская мова ў другой палове ХХ стагоддзя: Матэрыялы Міжнароднай навуковай канферэнцыі (22–24 кастрычніка 1997 г.). Мінск, 1998.
Мiкулiч Т.М. Мова i этнiчная самасвядомасць. Мiнск, 1996.
Нарысы гiсторыi Беларусi. Мiнск, 1995. Ч. 2.
Скажи, кто твой кумир… // Свабода. Мінск, 13.08.1996 г. № 60.
Сямешка Л.І.(а) Сацыялінгвістычныя аспекты функцыянавання беларускай літаратурнай мовы // Беларуская мова / Под ред. А.Лукашанца, М.Прыгодзіча, Л.Сямешкі. Opole, 1998.
Сямешка Л.І.(б) Сацыяльна-палітычныя аспекты функцыянавання беларускай літаратурнай мовы ў другой палове ХХ стагоддзя // Беларуская мова ў другой палове ХХ стагоддзя: Матэрыялы Міжнароднай навуковай канферэнцыі (22–24 кастрычніка 1997 г.). Мінск, 1998.
Цыхун Г.А. “Трасянка” як аб’ект лінгвістычнага даследавання // Беларуская мова ў другой палове ХХ стагоддзя: Матэрыялы Міжнароднай навуковай канферэнцыі (22–24 кастрычніка 1997 г.). Мінск, 1998.
Anderson B. Wspólnoty wyobrażone: (Rozważania o źródłach i rozprzestrzenianiu się nacjonalizmu) / Tłum. S.Amsterdamski. Kraków, 1997.
Eberhardt P. Przemiany narodowościowe na Białorusi, Warszawa, 1994.
Gellner E. Narody i nacjonalizm. Warszawa, 1991.
Janowicz S. Bycie sobą, // Czasopis. 1998, № 5.
Maksymiuk J. Rzeczywistości równoległe Ihara Babkowa // Kartki. 1997, № 3 (16).
Mironowicz E. Białoruś. Warszawa, 1999.
Śliwiński M., Čekmonas V. Świadomość narodowa mieszkańców Litwy i Białorusi // Przegląd Wschodni. Warszawa, 1997. Т. IV, zesz. 3 (15).
Smułkowa E. Wokół problemu poczucia tożsamości mieszkańców Białorusi // Przegląd Wschodni. Warszawa, 1997. Т. IV, zesz. 3 (15).
W Republice Białoruś // Czasopis. 2001, № 4.
Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Магілёўскага Таварыства БРАМА
|