|
РУХ ЗА БЕЛАРУСКУЮ ДЗЯРЖАЎНАСЦЬ І ПРАБЛЕМА ГРАМАДЗЯНСКАГА СТАТУСА БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ Ў 1915–1918 ГАДАХ*
Станіслаў РУДОВІЧ
(Мінск)
Пачаты ў ХІХ стагоддзі працэс фарміравання сучаснай беларускай нацыі і яе дзяржаўнасці, які і сёння нельга прызнаць завершаным, увесь час цесна пераплятаўся, быў непарыўна спалучаны са станаўленнем беларускай літаратурнай мовы і змяненнем яе сацыяльнага статуса. Па сутнасці, дзяржаўнае і моўнае самасцвярджэнне беларусаў – гэта два ўзаемазвязаныя, узаемаабумоўленыя бакі адзінага гістарычнага феномену, які ў навуковай літаратуры і грамадскай свядомасці асэнсоўваецца як беларускае нацыянальнае адраджэнне.
Разам з гэтым відавочна, што ўсведамленне грамадскай ролі беларускай мовы як найважнейшага элемента нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў адбывалася не ў адзін момант, было расцягнута ў часе і не стала ўсеагульным да нашых дзён.
У ХІХ стагоддзі значныя імпульсы публічнаму выкарыстанню беларускага слова (у вуснай і пісьмовай формах) надавала барацьба паміж расійскай імперскай адміністрацыяй і польскай (дакладней – “рэчпаспалітаўскай”) шляхецкай апазіцыяй за ўплыў на сялянства краю. Праведзеныя з абодвух бакоў навуковыя даследаванні, з’яўленне арыгінальных мастацкіх твораў на беларускай мове паступова фарміравалі стаўленне да яе часткі адукаванай эліты як да самадастатковай гістарычнай і эстэтычнай каштоўнасці. У канцы ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя Ф.Багушэвічам і Цёткай выразна сцверджана думка аб мове як вызначальнай прыкмеце беларускай этнанацыянальнай супольнасці (Беларусь знаходзіцца там, “дзе наша мова жывець”, “хто гаворыць па-беларуску, той беларус”), і менавіта з захаваннем мовы звязана нацыянальнае выжыванне беларусаў (“не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!”) (БАГУШЭВІЧ 1991: 17, ЦЁТКА 2001: 47).
Па меры развіцця беларускага перыядычнага друку, кнігавыдання, мастацкай літаратуры, тэатра, разгортвання нацыянальна-палітычнага руху ідэі аб самабытнасці і самакштоўнасці беларускай мовы знаходзілі новых прыхільнікаў. Эпізадычна рабіліся спробы пашырыць сферу яе выкарыстання ў грамадскім жыцці (адукацыі, рэлігіі, прадпрымальніцтве і г.д.). Аднак пры адсутнасці беларускай дзяржаўнасці гэтыя тэндэнцыі сур’ёзна стрымліваліся русіфікатарскай палітыкай царызму, магутнай канкурэнцыяй з боку велікарускай і ў пэўнай ступені (асабліва пасля рэвалюцыі 1905–1907 гадоў) польскай моў. Таму да Першай сусветнай вайны сацыяльныя функцыі беларускай мовы заставаліся досыць абмежаванымі. Акрамя побытавых зносін, яна была дапушчана толькі ў сферу прыгожага пісьменства, перыядычнага друку і аматарскай культурна-асветніцкай дзейнасці.
У пачатковы перыяд сусветнай вайны, якая разгарнулася ў 1914 годзе ў выніку сутыкнення імперскіх інтарэсаў вядучых еўрапейскіх дзяржаў, становішча яшчэ больш ускладнілася. З прычыны рэальных або штучна створаных цяжкасцей ваеннага часу беларускія культурніцкія асяродкі прыходзілі ў заняпад: зачынілася выдавецкая суполка “Загляне сонца і ў наша ваконца”, спынілася выданне часопісаў “Лучынка”, “Саха”, газеты “Biełarus”. 7 (20) жніўня 1915 года, незадоўга да акупацыі Вільні немцамі, выйшаў апошні нумар газеты “Наша ніва”, якая амаль дзесяцігоддзе была асноўнай палітычнай і культурнай кузняй беларускага адраджэння, у тым ліку адыграла выключную ролю ў станаўленні беларускай літаратурнай мовы, складванні яе асноўных правапісных і граматычных нормаў. Праекты выдання новых беларускіх перыёдыкаў да падзення царскага рэжыму рэалізаваць, як правіла, не ўдавалася.
З другога боку, царскія ўлады дазволілі адкрыць нацыянальныя арганізацыі дапамогі ахвярам вайны, бежанскія камітэты. У сакавіку 1915 года было заснавана Беларускае таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны ў Вільні, неўзабаве пачалі працаваць яго аддзелы ў Мінску, Вілейцы, Дзісне, Полацку і іншых мясцовасцях. У студзені 1916 года аналагічнае беларускае таварыства ўтварылася ў Петраградзе, затым – у Казані, Тамбове і г.д. Стаўшы легальнымі асяродкамі адраджэнскага руху, гэтыя арганізацыі ўжывалі беларускую мову ва ўнутраных зносінах, вялі на ёй працу ў сваіх дабрачынных ўстановах (ЖЫЛУНОВІЧ 1923: 111, 1924: 184, 1925: 202, БАГДАНОВІЧ 1995: 3: 190–193, 203–205).
Тым часам ход вайны прывёў да змянення геапалітычнай сітуацыі ва ўсходнееўрапейскім рэгіёне. Летам і восенню 1915 года па тэрыторыі Беларусі пракаціўся расійска-германскі фронт, стабілізаваўшыся да канца года па лініі Дзвінск – Барысаў – Паставы – Смаргонь – Баранавічы – Пінск. Заходняя частка краю (чвэрць плошчы сучаснай Рэспублікі Беларусь, а таксама населеныя беларусамі землі Беласточчыны і Віленшчыны) з г. Вільняй была акупавана германскімі войскамі і выведзена, такім чынам, з-пад расійскага падпарадкавання. Аб’ектыўна паўставала праблема будучай дзяржаўнай прыналежнасці названых тэрыторый. Тым самым беларускае пытанне, якое да вайны заставалася толькі ўнутранай справай Расійскай імперыі, пачало набываць міжнароднае гучанне. У сувязі з гэтым актуалізавалася і праблема грамадскага статуса роднай мовы як аднаго з найважнейшых чыннікаў нацыянальна-дзяржаўнага самасцвярджэння беларусаў.
Германскія акупацыйныя ўлады няшчадна эксплуатавалі эканамічны патэнцыял краю, выпампоўвалі яго прыродныя, гаспадарчыя, працоўныя рэсурсы. Разам з тым, кіруючыся ўласнымі геапалітычнымі разлікамі, яны стварылі мясцовым этнічным супольнасцям шырэйшыя магчмасці для нацыянальна – культурнага развіцця, чым тыя, што дапускаліся царызмам. З мэтай больш выразнага адасаблення гэтай тэрыторыі ад Расіі былі ўведзены абмежаванні для рускай мовы, у школах навучанне па-руску забаранялася. Адначасова было дазволена ўжываць у адміністрцыйным, грамадскім і культурным жыцці мясцовыя мовы: польскую, літоўскую, беларускую і ідыш. Спецыяльна падкрэслівалася, што “беларуская мова, якая не ёсць ідэнтычная рускай, дапускаецца без абмежаванняў” (ZEMKE 1936: 105, 111, А.Л. [ЛУЦКЕВІЧ А.] 1938: 61–62). Поруч з іншымі беларуская мова пачала ўжывацца ў афіцыйных зваротах германскага камандавання да насельніцтва. Мясцовая адміністрацыя на Віленшчыне, Гродзеншчыне і Беласточчыне таксама абавязана была карыстацца і беларускай мовай. Друкаваліся двухмоўныя нямецка-беларускія пашпарты. На беларускай мове можна было праводзіць культурна-забаўляльныя мерапрыемствы, друкаваць кнігі і перыёдыку.
Актывісты беларускага нацыянальнага руху, што засталіся ў зоне акупацыі (І. і А. Луцкевічы, В.Ластоўскі, А.Пашкевіч (Цётка), Б.Пачопка, Я.Салавей, Ф.Аляхновіч і інш.), пастараліся максімальна выкарыстаць узніклае становішча. Заснаваныя імі легальныя і канспіраўтыўныя беларускія арганізацыі сталі дамагацца аднаўлення на землях было Вялікага княства Літоўскага супольнай беларуска-літоўскай дзяржавы з забеспячэннем усім нацыянальнасцям свабоды культурнага развіцця. Дзейнасць гэтых арганізацый спрыяла пашырэнню беларускай мовы ў грамадстве.
З лютага 1916 да канца 1918 года ў Вільні выходзіла беларуская грамадска-палітычная і літаратурная газета “Гоман” (рэдактар В.Ластоўскі, з красавіка 1917 года – Я.Салавей), Газета імкнулася працягваць ва ўмовах акупацыі традыцыі, закладзеныя “Нашай нівай”: адстойваць беларускія інтарэсы, культываваць нацыянальную самасвядомасць, прапагандаваць беларускую мову і літаратуру.
На беларускай мове выходзілі таксама кнігі і брашуры, наладжваліся культурніцкія імпрэзы.
Гістарычна важнай з’явай стала зараджэнне на занятай немцамі тэрыторыі сістэмы беларускага школьніцтва – тым самым беларуская мова асвойвала новую сферу бытавання. Першая беларуская пачатковая школа распачала працу ў Вільні ў лістападзе 1915 года; у 1918 годзе ў зоне “старой акупацыі” пры фінансавай падтрымцы мясцовай адміністрацыі дзейнічала, паводле найбольш праўдападобных звестак, звыш 120 такіх школ (ТУРУК 1921: 39). Арганізоўваліся беларускія курсы для настаўнікаў, у 1916–1918 гадах у мястэчку Свіслач Ваўкавыскага павета працавала першая беларуская настаўніцкая семінарыя. Было наладжана выданне падручнікаў, пачалося стварэнне беларускай навуковай тэрміналогіі.
Аднак, пры ўсіх здабытках, беларуская мова не магла стаць ў акупаванай частцы краю цалкам паўнапраўным сродкам зносін і дастаткова моцным фактарам нацыянальнай кансалідацыі беларусаў. Акупацыйная адміністрацыя трымала ўсе нацыянальна-культурныя ініцыятывы пад сваім жорсткім кантролем і перапыняла тыя з іх, што не стасаваліся з яе намерамі. Так, улады пакінулі за сабой выключнае права на распаўсюджванне газеты “Гоман” з тым, каб рэдакцыя не мела нават адрасоў сваіх падпішчыкаў (ЛУЦКЕВІЧ 1926). У 1917 годзе немцы (відавочна, дзеля аблягчэння кантролю) забаранілі дасылаць у “Гоман” карэспандэнцыі на беларускай мове, і газета вымушана была дэзавуіраваць сваю ранейшую абвестку аб дапушчальнасці такіх допісаў (гл. “Гоман” за 28.09.1917 г.).
Умацаванню пазіцыі беларускай мовы на захадзе Беларусі супраціўляліся і мясцовыя колы, арыентаваныя на польскую мову і культуру: паланізаваная шляхта, ксяндзы, пэўная частка інтэлігенцыі. Карыстаючыся тым, што вялікая маса праваслаўных беларусаў сышла ў 1915 годзе ў бежанства ў Расію, і абапіраючыся на моцныя эканамічныя пазіцыі (польскае землеўладанне), гэтыя элементы разгарнулі вялікую актыўнасць з мэтай надаць краю “польскую афарбоўку”. У выніку ўдзельная вага беларускіх пачатковых школ у параўнанні з польскімі (а таксама яўрэйскімі, літоўскім і нямецкімі) заставалася нязначнай, а сярэдняя беларускамоўная адукацыя фактычна адсутнічала наогул (ZEMKE 1936: 101–104, ЛЯХОЎСКІ 2001: 71–74).
Польскія актывісты, заняўшы ўплывовыя пазіцыі ў многіх органах кіравання на месцах, па-сутнасці байкатавалі ўвядзенне беларускай мовы ў адміністрацыйную сферу. 22 чэрвеня 1917 года у перадавіцы “Гомана” канстатавалася, што “афіцыяльна прызнаная раўнапраўнай з усімі краёвымі мовамі, беларуская мова на практыцы з гэтых правоў не карыстае. Праўда, афіцыяльныя апавяшчэнні вышэйшых урадаў друкуюцца і па-беларуску; але – толькі вышэйшых, бо розныя ніжэйшыя ўрады, не знаючы гэтай мовы, звяртаюцца да беларускіх сялян па-польску – на пісьме і на словах. Па ўсіх паветах, нават там, дзе працуюць людзі мясцовыя, калі беларус звяртаецца ў якой справе да ўрадніка – свайго ж брата беларуса – па-беларуску, яму адказваюць па-польску”. Далей газета ўдакладняла, што прычына гэтага – не столькі ў няведанні беларускай мовы, колькі ў свядомым грэбаванні ёю: “Бяда ў тым, што не хочуць нагінацца да народу, што ім “мужык смярдзіць” і мова яго – таксама!” (гл. “Гоман” за 22.06.1917 г.).
На тэрыторыі, што заставалася пад расійскай юрысдыкцыяй (цэнтральная і ўсходняя часткі Беларусі), больш спрыяльныя магчымасці для ўзвышэння сацыяльнага статуса беларускай мовы пачалі складвацца ў ходзе рэвалюцыі 1917 года. Пасля падзення царызму былі адменены саслоўныя, рэлігійныя і нацыянальныя абмежаванні. Ва ўмовах шырокіх палітычных свабодаў, аслаблення цэнтральнай агульнарасійскай улады сацыяльныя пазіцыі кожнай мовы шмат у чым сталі залежаць ад ініцыятывы знізу, ад суадносін паміж нацыянальна-патрыятычнымі і вялікадзяржаўна-цэнтралісцкімі сіламі. У Беларусі падчас рэвалюцыі рабіліся спробы ліквідаваць манаполію рускай мовы ў адміністрацыйнай сферы. Гэта, аднак, не абавязкова азначала пашырэнне правоў мовы беларускай. Так, у сакавіку 1917 года дэпутут Мінскай гарадской думы паляк В.В.Янчэўскі выступіў з прапановай увесці мясцовыя мовы ва ўжытак гарадскога самакіравання, маючы на ўвазе запрасіць на працу ў гарадскую ўправу чыноўнікаў толькі польскай і яўрэйскай нацыянальнасцей, каб яны разбіралі паступаючыя на адпаведных мовах заявы (гл. “Минская газета” за 21.03.1917 г., “Новое Варшавское утро” за 31.03.1917 г.). Беларуская мова ў сценах Мінскай думы эпізадычна загучала толькі пасля пераабрання апошняй улетку 1917 года, калі два дэпутацкія месцы занялі беларускія адраджэнцы А.А.Смоліч і Л.І.Заяц (гл. “Вестник Минского губернского комиссариата” за 11.08.1917 г., “Вольная Беларусь” за 11.08.1917 г. і за 17.09.1917 г.). Але ў цэлым на працягу 1917 года ў органы ўлады і самакіравання, насычаныя ў Беларусі за гады вайны мігрантамі з іншых рэіёнаў Расійскай імперыі, беларуская мова доступу практычна не атрымала.
Перспектывы ўмацавання яе пазіцый у грамадстве былі звязаны з дзейнасцю каардынацыйных цэнтраў адраджэнскага руху (Беларускі нацыянальны камітэт, Цэнтральная рада беларускіх арганізацый, Вялікая Беларуская рада) і беларускіх палітычных партый, абумоўліваліся іх паслядоўнасцю ў моўным пытанні, у канчатковым выніку – зыходам барацьбы за нацыянальную дзяржаўнасць, аптымальнай формай якой на той час лічылі тэрытарыяльную і нацыянальна-палітычную аўтаномію Беларусі ў складзе агульнарасійскай федэрацыі. Меркавалася, што ў аўтаномнай Беларусі права роднай мовы на развіццё і выкарыстанне ў дзяржаўна-адміністрацыйным грамадскім жыцці, у сістэме адукацыі будзе замацавана заканадаўча.
Самой сваёй працай, якая ў значнай частцы вялася па-беларуску, адраджэнцы спакваля пашыралі грамадскі арэал бытавання роднага слова. Беларуская мова выкарыстоўвалася на мітынгах, на ёй друкаваліся лістоўкі, перадвыбарныя адозвы і г.д. У красавіку – чэрвені 1917 года ў Мінску выдавалася газета “Грамада” – орган адроджанай Беларускай сацыялістычнай грамады. Рэдактар газеты А.Смоліч у спецыяльным атрыкуле расцэньваў грамадскі статус, узровень прэстыжнасці беларускай мовы як паказчык нацыянальнага і сацыяльнага разняволення беларусаў. “Каб увесь народ беларускі выявіў сваю душу вольна і шырока, трэба, каб ён пачуў, што ўжо больш няма здзеку над ім за простую гаворку, за простую адзежу, за просты, справядлівы характар”. У часе рэвалюцыйнага абнаўлення жыцця беларуская мова мусіла стаць “знакам нашай пабеды над старым парадкам, над тым здзекам і бяспраўствам, якія акружалі нас і бацькоў і дзядоў нашых праз соткі гадоў”, “знакам таго, што мы пачулі сябе роўнымі людзьмі, вольнымі грамадзянамі, што знайшлі сабе цану і даведаліся, чаго мы варты” (СМОЛІЧ 1917).
Думку аб неабходнасці ўзвышэння сацыяльнай ролі беларускай мовы старалася ўкараніць у грамадскую свядомасць і газета “Вольная Беларусь”, якая выходзіла ў Мінску з мая 1917 года да канца 1918 года. Яе рэдактар і вядучы аўтар Я.Лёсік быў перакананы, што мова адыгрывала прыярытэтную ролю ў цэментаванні нацыі, прымнажэнні яе духоўнай культуры. У многіх артыкулах газета даводзіла, што мова – гэта не толькі сродак зносін, спосаб перадачы інфармацыі; родная мова ўяўляе самадастатковую каштоўнасць, яна – найвялікшы культурна-гістарычны набытак народа. Язэпу Лёсіку і яго брату Антону належыць адна з першых спроб кадыфікацыі правапіснай нормы беларускай мовы: у 1917 годзе яны апублікавалі дапаможнік “Як правільна пісаць па беларуску”, а ў 1918 годзе на яго аснове выдалі “Беларускі правапіс” (БЕЛАРУСКАЯ МОВА 1998: 149–150).
Папулярызацыі беларускай мовы спрыяла разгортванне самадзейнага культурна-асветніцкага руху, выдатным прапагандыстам роднага слова было створанае ў красавіку 1917 года Першае беларускае таварыства драмы і камедыі, якое гастралявала па ўсім краі.
Неардынарнай з’явай стала заяўленая ў час рэвалюцыі гатоўнасць касцельных улад увесці беларускую мову ў каталіцкае набажэнства, што ў патэнцыяле магло станоўча паўплываць на яе прэстыж. Пунктам адліку тут стаў выдадзены ў ліпені 1917 года пастырскі ліст віленскага біскупа Э.Ропа, які прадпісваў падначаленаму духавенству: “Старайцеся, каб, не выкідаючы нічога з польскіх набажэнстваў, даваць казанні ў беларускай зразумелай мове, дзе ёсць ксяндзы, якія беларускую мову ведаюць, няхай беспраменна часта, калі можна – штонядзелю, будзе катэхізмовае беларускае казанне, апроч звычайнай польскай прамовы” (гл. “Krynica” за 03.12.1917 г.). Заахвочаныя біскупам, нацыянальна арыентаваныя ксяндзы-беларусы пачалі практыкаваць рэгулярныя беларускія казанні ў касцёлах Браслаўскага, Дзісненскага і іншых паветаў Беларусі (STANKIEWICZ 1929: 98–108). Беларуская мова загучала таксама і ў Петраградскім касцёле (гл. Нацынальны архіў Рэспублікі Беларусь (далей – НА РБ), ф. 325, воп. 1, спр. 2, арк. 91, а таксама “Krуnica” за 15.12.1917 г. і за 14.01.1918 г.).
Вялікая дыскусія разгарнулася ў беларускім грамадстве ў перыяд рэвалюцыі вакол праблемы беларусізацыі школьнай сістэмы. Цвяроза ацэньваючы рэальнае становішча (адсутнасць падручнікаў, вострая нястача падрыхтаваных настаўнікаў), нацыянальныя адраджэнцы не фарсіравалі гэту справу. У сакавіку 1917 года з’езд беларускіх нацыянальных арганізацый у Мінску выказаўся за паступовы (“па меры магчымасці і вучыцельскіх сілаў”) пераход на беларускую мову толькі пачатковых школ; у сярэдніх жа навучальных установах прапаноўвалася ўвесці беларускую мову (поруч з літаратурай і гісторыяй Беларусі) як асобны прадмет (ПРАТАКОЛ [1917] 1990: 31–32). Аднак нават гэтыя сціплыя намеры выклікалі моцнае супраціўленне з боку прыезджых чыноўнікаў, функцыянераў агульнарасійскіх партый, а таксама з асяроддзя русіфікаванай часткі мясцовага насельніцтва, што знаходзілася ў палоне “заходнерусісцкіх” уяўленняў і настрояў. У красавіку 1917 года супраць пераводу школ на беларускую мову навучання прагаласавалі распрапагандаваныя расійскім сацыялістамі дэлегаты сялянскага з’езда Мінскай і Віленскай губерні (гл. “Крестьянская газета” за 01.07.1917 г.). У наступным месяцы з’езд настаўнікаў Мінскай губерні, праігнараваўшы довады адраджэнцаў, абвясціў рух за выкладанне на беларускай мове “не адпаведным інтарэсам беларусаў” і нават тормазам для іх “паступальным ходзе культургнага развіцця” (гл. “Вестник Минского губернского комиссариата” за 28.05.1917 г.).
Асэнсоўваючы прычыны нігілістычных адносін педагогаў да беларускай мовы, актывісты адраджэнскага руху звязвалі гэта з русіфікатарскай атмасферай у настаўніцкіх семінарыях, інерцыяй, нявер’ем у перспектыўнасць нацыянальнага адраджэння. Пераадолець такую глыбока ўкаранёную пазіцыю было вельмі няпроста, хаця супраць яе выстаўляўся цэлы шэраг аргументаў прафесійна-педагагічнага, грамадска-палітычнага і маральнага кшталту (ЛЁСІК 1917, 1994: 134–138, ШПЭТ 1917, РАК-МІХАЙЛОЎСКІ 1917). Дзеля прасоўвання справы беларусізацыі асветы ажыццяўляліся і арганізацыйныя захады: у ліпені 1917 года па іныцыятыве Я.Лёсіка, М.Мароза, П.Бадуновай, В.Лявіцкага, А.Данілевіча і інш. у Мінску быў заснаваны Беларускі настаўніцкі хаўрус, які імкнуўся пачаць перавод школ на беларускую мову ўжо з 1917–1918 навучальнага года (гл. РЕВОЛЮЦИОННОЕ ДВИЖЕНИЕ 1959: 512, а таксама “Вольная Беларусь” за 03.08.1917 г.).
Хоць і вельмі марудна, ідэя беларусізацыі школы пачынала знаходзіць пэўнае разуменне ў часткі настаўніцтва. Праведзеная ў Магілёве ў жніўні 1917 года нарада выкладчыкаў сярэдніх школ Віленскай навучальнай акругі ўхваліла рэзалюцыю аб навучанні на беларускай мове ў пачатковых школах, а таксама аб пажаданасці вывучэння нацыянальнай мовы і краязнаўчых дысцыплін у сярэдніх навучальных установах (ВЕЛИКАЯ ОКТЯБРЬСКАЯ 1957: 1: 723). Услед за Заходняй Беларуссю першыя парасткі беларускага школьніцтва прабіліся і з усходняга боку фронту: пераводзіліся на беларускую мову пачатковыя школы ў вёсках Засмужжа Бабруйскага, Жорнаўка Ігуменскага, Пустынскай воласці Дрысенскага паветаў; па пастанове Мінскай гарадской думы 4 беларускамоўныя школьныя камплекты пачалі працаваць у Мінску; у Слуцку, а затым у Будславе Вілейскага павета былі заснаваны беларускія гімназіі.
Праблема ролі беларускй мовы ў грамадстве актуалізавалася па меры разгортвання беларускага нацыянальнага руху “ўшырыню”, што было абумоўлена нарастаннем сацыяльна-палітычнай нестабільнасці і дэзінтэграцыйных тэндэнцый у маштабах усёй Расійскай дзяржавы. Абнадзейлівым выглядала далучэнне да нацыянальнага руху вялікай колькасці беларусаў, прызваных на час вайны ў расійскае войска. На фронце, у тылавых гарнізонах, флоцкіх экіпажах афіцэры і салдаты беларускай нацыянальнасці аб’ядноўваліся ў культурна-асветныя гурткі, суполкі, нацыянальныя секцыі. На пачатку жніўня 1917 года Цэнтральная рада беларускіх арганізацый зацвердзіла “Статут беларускіх нацыянальных культурна-прасветных гурткоў у войску”, які адводзіў беларускай мове ролю найважнейшага чынніка нацыянальнай самаідэнтыфікацыі. У дакуменце рэкамендавалася ўсім членам беларускіх вайсковых арганізацый “скрозь ужываць сваю родную мову”: па-беларуску гаварыць, прымаць пастановы і весці справаводства, а таксама “вучыцца пісаць у беларускай мове і пісаць лісты дадому толькі па-беларуску і паведамляць сваіх у вёску сваю пра беларускі рух” (ТУРУК 1921: 91).
Несумненна, гэта былі хутчэй пажаданні аб тым, якімі мусяць быць адносіны да роднай мовы ў ідэале. У рэальнасці з набыццём беларускім рухам масавага характару ў яго шэрагах аказалася шмат людзей, якія не разумелі сувязі паміж захаваннем моўна-культурнай тоеснасці нацыі і перспектывамі яе дзяржаўнага самасцвярджэння, зазнавалі на сабе прыкметны ўплыў заходнерусізму і, у адрозенне ад адраджэнцаў-ветэранаў, часам абыякава ставіліся да беларускай мовы. Сімптаматычны выпадак адбыўся пры адкрыцці той самай сесіі Цэнтральнай рады, якая ўхваліла названы вышэй статут беларускіх гурткоў у войску. Выбраны за старшыню сесіі С.Петрашкевіч (са Слуцку) заявіў, што не ведае беларускай мовы і будзе весці сход па-руску. Нягледзячы на рашучы пратэст аднаго з дэлегатаў, большасць (у тым ліку Ф.Шантыр, А.Цвікевіч і інш.) паставіліся да гэтага факта паблажліва, апраўдваючы старшыню тым, што “дзеля насільства старога ладу, выгнаўшага мову са школы, толькі хто-ніхто з-паміж свядомых беларусаў можа гаварыць па беларуску” (АРХІВЫ БНР 1998: 1: 1: 8).
Яшчэ большую беспрынцыповасць у моўным пытанні дэманстравалі ўвосень 1917 года члены Выканаўчага камітэта Вялікай Беларускай рады – пераважна вайскоўцы. Паводле сведчання Я.Лёсіка, “за вылучэннем 3-4 сябрукоў камітэту, рэшта гаварыць па-беларуску не ўмее”. Сярод тых, хто не валодаў беларускай мовай, апынулася, у прыватнасці, і П.Бадунова. Такое занядбанне беларускай мовы назіралася там, “дзе яна павінна горда зычэць і красавацца”.
Аўтар карэспандэнцыі ў “Вольнай Беларусі” выказваў надзею, што людзі, якія сталі на чале беларускага руху, навучацца чытаць, пісаць і гаварыць па-беларуску. “На праціўны выпадак, – празарліва папярэджваў Я.Лёсік, – яны, самі таго не бажаючы, будуць руйнаваць адной рукою тое, што пабудуюць другою” (СМУТАК 1917, ЛЁСІК 1994: 228–230).
Усё ж наяўныя крыніцы дазваляюць меркаваць, што, нягледзячы на мноства перашкод як аб’ектыўна – гістарычнага, так і суб’ектыўна-псіхалагічнага характару, агульны вектар эвалюцыі грамадскай думкі быў хутчй на карысць беларускай мовы, чым супраць яе. Горача абмяркоўваючы на розных сходах і мітынгах шляхі пабудовы беларускай дзяржаўнасці, людзі прыходзілі да высновы, што неад’емным атрыбутам будучай вольнай Беларусі, падмуркам яе самабытнай культуры павінна стаць беларуская мова. Так, на з’ездзе вайскоўцаў – беларусаў Паўночнага фронту (лістапад 1917 года, Віцебск) асобныя выпады супраць беларускай мовы былі пераканаўча аспрэчаны Т.Грыбам, а таксама адной жанчынай-лекаркай, якая, паводле ўспамінаў відавочцы, “гаварыла прыгожай беларускай мовай, што на той час было рэдкім” (А.В. 1964: 140–143). У выніку з’езд у адмысловай рэзалюцыі “Аб мове” запатрабаваў, каб у аўтаномнай Беларусі беларуская мова поруч з “агульнадзяржаўнай” была прызнана афіцыйнай мовай усіх службовых месцаў, чыноўнікаў і ўрадавых устаноў краю”. З’езд выказаўся таксама за частковую беларусізацыю сістэмы адукацыі: у пачатковых школах выкладанне па-беларуску прыняць за правіла, у сярэдніх – у залежнасці ад жадання вучняў, пры абавязковым выкладанні прадметаў беларусазнаўства (гл. НА РБ, ф. 4 (Белнацком), воп. 1, спр. 96, арк. 194). З’езд вайскоўцаў-беларусаў Паўднёва-Заходняга фронту (снежань 1917 года, Кіеў) таксама прызнаў: “Навучанне ў школах Беларускай рэспублікі павінна адбывацца на беларускай мове, пры паступовым пераходзе, пачынаючы з ніжэйшых школ”. А ў рэзалюцыі аб беларускім войску, у прыватнасці, гаварылася: “Мову зносін і камандную ўстанавіць беларускую поруч з рускай, а камандны склад мець беларускі” (гл. НА РБ, ф. 325, воп. 1, спр. 2, арк. 97–97 адв.). Падобныя рэзалюцыі ўхваліў і з’езд беларусаў Румынскага фронту (снежань 1917 года, Адэса) (гл. СОБОЛЕВСКИЙ 1918: 20).
Натуральна, моўную праблему не мог абысці скліканы ў снежні ў Мінску Усебеларускі з’езд – першы ў гісторыі агульнанацыянальны прадстаўнічы форум беларускага народа. Вядома, што з’езд быў моцна палярызаваны; на ім разгарнулася вострая барацьба паміж “радаўцамі” (прыхільнікамі Вялікай Беларускай рады і Цэнтральнай Беларускай вайсковай рады ў Мінску), якія былі гатовы да адносна рашучых крокаў па стварэнні беларускай дзяржаўнасці, і “абласнікамі” (прыхільнікамі Беларускага абласнога камітэта ў Петаградзе), чыя нацыянальная самасвядомасць з’яўлялася больш размытай, аднабока арыентаванай толькі на цесную палітычную сувязь Беларусі з Расіяй (гл. РУДОВІЧ 2001: 166–189). Гэты водападзел выявіўся і ў поглядах удзельнікаў з’езда на беларускую мову. Адзін з яго дэлегатаў пазней узгадваў: “Прыпамінаю сабе адзін факт з Усебеларускага з’езду. Калі нейкі дэлегат пачаў гаварыць прамову чыста па-беларуску, то выступіў з задніх радоў адзін маскальскага духу чалавек і, дражнячы беларускую гаворку, пачаў пытацца ў таго дэлегата, што значаць такія словы, як працаваць, жыта і г.д. Дык ці паверыце, усе дэлегаты, колькі іх было, асабліва ваенныя, так азверыліся на таго маскаля, што зала аж загудзела ад гоману.
– Скуль ты прыехаў, – крычалі адны, – што не знаеш нашай мовы?
– Тут з’езд не маскоўскі, а беларускі, – крычалі другія.
– Вон яго, – крычалі трэція.
Углядаўся я на гэтую праяву народнага беларускага духу, і ўцеха брала тады за сэрца, што ўсё ж такі жыве Беларусь і жыве беларуская мова” (К-І С. 1926).
Працытаваная замалёўка, магчыма, некалькі ўтрыравана, але яскрава перадае саму атмасферу супрацьстаяння, у якой праходзіў з’езд.
У вострай палеміцы адбывалася і праца культурна-асветнай секцыі з’езда, дзе ў ліку іншых абмяркоўвалася пытанне аб мове выкладання ў школах Беларусі. Прыхільнікі хуткага пераходу на беларускую мову (П.Мядзёлка, А.Данілевіч, Р.Якубёнак, Я.Сушынскі і інш.) даводзілі, спасылаючыся і на ўласную практыку, што выкладанне на роднай мове дае лепшы педагагічны эфект, а таксама абгрунтоўвалі неабходнасць беларусізацыі інтарэсамі захавання нацыянальнай ідэнтычнасці: “Наша задача – падтрымаць адраджэнне мовы, бо мова – гэта люстэрка душы народа, не будзе мовы, не будзе народа”; “са стратай мовы згубіцца нацыянальнасць”; толькі беларуская мова “можа паралізаваць рэлігійны дуалізм у Беларусі”. Апаненты (Д.Васілеўскі, А.Шастоў, І.Ухін, У.Далінка і інш.) парыравалі гэтыя довады ўказаннем на недастатковую распрацаванасць агульнанацыянальнай літаратурнай мовы пры наяўнасці значных адрозненняў паміж дыялектамі, адсутнасць падручнікаў і беларускамоўных настаўнікаў, небяспеку выклікаць рэакцыю непрымання з боку насельніцтва. Адсюль рабіліся высновы аб недапушчальнасці спешкі ў справе беларусізацыі, неабходнасці падрыхтаваць для яе ўсе неабходныя ўмовы і захоўваць прынцып паступовасці.
Звяртае на сябе ўвагу, што пры ўсіх рознагалоссях пратаколы секцыі не фіксуюць катэгарычных пярэчанняў супраць самой ідэі ўвядзення беларускай мовы ў навучальны працэс; спрэчкі вяліся аб спосабах і тэмпах ажыццяўлення гэтай ідэі. Як і па іншых праблемах, дэлегаты Усебеларускага з’езда прадэманстравалі ў моўным пытанні здольнасць да кампрамісаў і прыняцця ўзважаных рашэнняў. Асцерагаючыся кардынальнай ломкі рэальнай моўнай сітуацыі, яны выказваліся за паступовае і абачлівае ўвядзенне беларускай мовы ў сістэму адукацыі, пачынаючы з пачатковай школы і адначасова за распрацоўку шырокага комплексу мер для развіцця беларускай літаратурнай мовы, узвышэння яе грамадскага статуса (ЛЯХОЎСКІ 2001: 78–97, СОБОЛЕВСКИЙ 1918: 19). Гвалтоўным разгонам Усебеларускага з’езда бальшавікі не толькі дэфармавалі працэс дзяржаўнага самасцвярджэння беларускага народа, але нанеслі ўдар і па яго нацыянальна-культурным адраджэнні.
Праз утвораны на пачатку 1918 года ў складзе Наркамнаца РСФСР Беларускі нацыянальны камісарыят і ўзніклыя неўзабаве беларускія секцыі РКП(б) бальшавіцкае кіраўніцтва імкнулася падпарадкаваць беларускі нацыянальны рух свайму кантролю. Частка беларускай дыяспары ў Расіі (рабочыя, бежанцы, вайскоўцы, інтэлігенцыя) пераважна левых поглядаў (леванародніцкіх і сацыял-дэмакратычных, якія пад уплывам кан’юктуры трансфармаваліся ў бальшавіцкія) выявіла гатоўнасць да супрацоўніцтва з новай ўладай. Грамадская дыскусія аб мове ахапіла і гэтыя колы, выплеснуўшыся на старонкі газеты “Дзянніца” (Петраград, затым Масква) і часопіса “Чырвоны шлях” (Петраград). У адным з нумароў рэдакцыя “Чырвонага шляху” заўважыла: “Праблема беларускай мовы з’яўляецца, безумоўна, асноўнай і кардынальнай задачай бягучага моманту. Абысці гэту задачу мы не маем права: яна павінна быць вырашана ва ўсім яе аб’ёме” (гл. ЧЫРВОНЫ ШЛЯХ 1918: 7–8: 14).
Выдаўцы і аўтары названых перыёдыкаў, будучы ў той ці іншай ступені прыхільнымі да ідэі самавызначэння беларусаў, яе рэалізацыю ўяўлялі толькі пад патранажам савецкай Расіі, у якой ім мроіўся правобраз будучай “сусветнай дзяржавы” – увасаблення жаданай “гармоніі нацый і плямёнаў” (Я.С.Канчар) (ЧЫРВОНЫ ШЛЯХ 1918: 7–8: 32).
Прарасійская арыентацыя з яе неадлучнымі спадарожнікамі – антызаходніцтвам і паланафобіяй – не выключала, аднак, прыкметнага роскіду поглядаў на стан і перспектывы беларускай мовы.
На адным полюсе выявілася поўнае, нават агрэсіўнае непрыманне закладзеных “нашаніўцамі” прынцыпаў моватворчасці і граматычных асноў беларускай літаратурнай мовы, імкненне да фактычнага растварэння яе ў велікарускай. Так, аўтар апублікаванай у “Чырвоным шляху” пад крыптонімам “А-ч” рэцэнзіі на “Руска-беларускі слоўнік” братоў М. і Г. Гарэцкіх (Смаленск, 1918) А.В.Ярушэвіч (САЛАМЕВІЧ 1983: 16, 206, БЕЛАРУСКІЯ ПІСЬМЕННІКІ 1993: 2: 153) сцвярджаў (працытуем на мове арыгінала): “С легкой руки г.г. Власовых [sic! – С.Р.] уже десять лет идет усиленная полонизация белорусского языка (собственно – наречия). Радетели нашей родины при составлении новых слов ищут оснований не в древнем западно-русском языке грамот и актов Литовско-Русского государства, не черпают из бесконечной сокровищницы русского чудного языка, а почему-то все более и более заимствуют из запасов панского двора, из испорченного польского говора охмистрынь, экономов, ловчих и вообще челяди, панков и панов нашей родины…” Расцаніўшы наяўны кірунак развіцця мовы як “паланафільскі”, рэцэнзент заклікаў “отрешиться от ополяченного языка Янкі Купалы”, безумоўна адкінуць “присосавшуюся к нашему родному белорусскому говору польскую “красоту”. Свайго роду маніфестам абруселых беларусаў гучалі наступныя словы А.В.Ярушэвіча: “Наша фонетическая ориентация – на восток, а не на запад, к славянству, а не к неметчине” (ЧЫРВОНЫ ШЛЯХ 1918: 5–6: 28).
Яшчэ больш адназначна і безапеляцыйна выказаўся загадчык Петраградскага аддзялення Белнацкома Р.Р.Каўшыла, чыя варожасць да беларускай мовы грунтавалася на адмысловым светапоглядзе, які ўяўляў сабой спалучэнне спрошчанага эканамічнага дэтэрмінізму, народніцка-славянафільскіх стэрыатыпаў і рэгіянальнага “заходнерускага” патрыятызму. Паводле Каўшылы, адраджэнне Беларусі ляжыць на шляхах гаспадарчага будаўніцтва, палітычныя і культурныя фактары адыгрываюць другарадную ролю: “Если народ будет силен экономически, то культура и благополучие его обеспечены”. Пераадолець культурную адсталасць краю нельга насаджэннем штучнай культуры (пад якой разумеліся элементы еўрапеізацыі), трэба адкрыць прастору “стыхійным памкненням”, рашуча здымаючы ўсе “штучныя напластаванні”. “К этим искуственным наслоениям, – тлумачыў далей Каўшыла, – принадлежит и так называемый литературный белорусский язык, созданный на задворках панско-шляхетской кухни”. Культываванне гэтай мовы, на яго думку, з’яўляецца, ні многа ні мала, “преступлением со стороны тех, кто за него [язык – С.Р.] ратует”. Якая ж прапануецца альтэрнатыва? Вось яна: “Мы берем вполне усвоенный нами русский язык и будем пользоваться им в своей работе и культурно-хозяйственном развитии своего края” (ЧЫРВОНЫ ШЛЯХ 1918: 7–8: 27, 31).
Процілеглы пунтк погляду адстойваў супрацоўнік таго ж Петраградскага аддзялення Белнаркома, студэнт ваенна-медыцынскай акадэміі П.Каравайчык (выступаў пад псеўданімам П.Любецкі). Ён пагаджаўся з апанентамі наконт пэўнага ўплыву польскай мовы на мову беларускага пісьменства, але тлумачыў гэта не злоснымі намерамі “сапсаваць” апошнюю ўкараненнем пальшчызны, а гістарычна абумоўленымі асаблівасцямі беларускага адраджэння, якое напачатку было “толькі адгалоскам, рэхам больш магутнага польскага нацыянальнага руху”, а таксама тым, што першымі беларускімі пісьменнікамі сталі выхадцы з асяроддзя апалячанай шляхты. Новыя беларускія паэты, якія вылучыліся на пачатку ХХ стагоддзя, будучы ў большасці ўраджэнцамі заходняй часткі Беларусі, нярэдка пераймалі сваіх папярэднікаў. Вялікую небяспеку для нацыянальнага адзінства, на думку П.Каравайчыка, уяўляў той факт, што “ў стварэнні беларускай літаратурнай мовы ўдзельнічае толькі Заходняя Беларусь, беларускія ж дзеячы з усходняй яе часткі “трымаюцца ў баку ад гэтай працы, сабатуюць яе. “Яны думаюць і гавораць, пішуць і чытаюць толькі па-руску [вылучана ў арыгінале – С.Р.]”. У размовах з аўтарам артыкула ў “Чырвоным шляху” “ўсходнія” беларусы казалі, што пытанне аб беларускай літаратурнай мове – гэта “чепуха”, не вартая сур’ёзнай увагі, што “эканоміка і практычныя мерапрыемствы павінны быць у аснове асноў”. П.Каравайчык лічыў такую легкадумную пазіцыю глыбокай памылкай, “калі не сказаць – злачынствам”. Ён быў перакананы, што “духоўнае адзінства Беларусі – той зыходны пункт, ад якога павінны адпраўляцца ўсе беларускія дзеячы. Залогам і цэментам нашага духоўнага адзінства можа быць на першым плане толькі мова [вылучана ў арыгінале – С.Р.]” (ЛЮБЕЦКИЙ 1918: 12–14).
Відавочна ўраджэнец Нвагрудскага павета П.Каравайчык некалькі згушчаў фарбы, калі абвінавачваў “усходніх” беларусаў у поўным ігнараванні праблемы беларускай мовы. Не кажучы ўжо пра такіх рупліўцаў на ніве беларушчыны, як браты Гарэцкія з Мсціслаўшчыны, над лёсам роднай мовы і яе роляй у нацыянальным адраджэнні сур’ёзна задумваліся і тыя, хто ўсёй сваёй дзейнасцю як бы ўвасабляў “усходні вектар” у беларускай грамадскай думцы і палітыцы. Адной з найбольш яскравых постацяў сярод іх быў лідэр беларускіх “абласнікоў”, дзеяч кааператыўнага руху Я.С.Канчар, які паходзіў з мясцовасці паміж Лоевам і Брагінам сучаснай Гомельскай вобласці. Мабыць, так і не пазбыўшыся да канца свайго доўгага жыцця псіхалагічнага бар’еру перад беларускай мовай, ён тым не менш змагаўся з нацыянальным нігілізмам сваіх палітычных сяброў, дазводзіў ім, што “нельга лічыць беларускую мову штучнай, якая не мае пад сабой глебы”. Агульнапрызнаную нацыянальную мову ён разглядаў як сродак выяўлення народам “сваёй нацыянальнай моцы”, адзін з найважнейшых чыннікаў нацыянальнай самасвядомасці, без якой беларусы будуць заўжды адставаць ад суседзяў, служыць для іх “сілкавальным элементам”. Канчар вітаў працэсы адраджэння беларускай мовы як гістарычны “цуд” і рабіў спробу прадказаць яе далейшы лёс. Раскол грамадства ў адносінах да беларускай мовы (адны бачаць у ёй “новы сродак перацягвання іх да велікарускай культуры”, другія – “новы сродак паланізацыі”) даваў падставу для песімістычнага прагнозу. “Калі ў масаў маюцца свае правадыры, якім яны слепа вераць і падпарадкоўваюцца і якія на беларускую мову маюць свой прадузяты пункт гледжання, то не выключана цкаванне гэтай мовы і поўнае непрызнанне яе масамі як шліфаванай роднай [вылучана ў арыгінале – С.Р.] мовы”. Але Канчар дапускаў магчымасць і станоўчай перспектывы. Раз выкрышталізацыя “сваёй вялікай літаратурнай мовы” гістарычна наспела, калі без гэтага беларусы не пераадолеюць уласную адсталасць, то “беларуская мова будзе развівацца, пашырацца і заваёўваць сабе месца ў доме, у школе, у тэатры, на трыбуне, у дзяржаўных установах”. Нібы разрываючыся паміж ідэяй “самастойнай беларускай дзяржаўнасці” і верай у “агульнасць палітычных і эканамічных інтарэсаў” Беларусі з Расіяй, паміж творчай спакуслівасцю “беларускага культурнага адраджэння” і прыцягальнасцю “вялікай рускай культуры”, гэты абруселы беларускі патрыёт усё ж заклікаў не нападаць на беларускую мову і не ставіць на шляху яе развіцця новыя рагаткі, а, наадварот, прапаноўваў “ўсе сродкі, усе сілы, усе каштоўнасці” выкарыстаць для таго, каб “дапамагчы беларускаму народу знайсці самога сябе, развіць інтэлектуальныя асаблівасці і ўліцца ў сусветную сям’ю” роўным сярод роўных і вольным сярод вольных” (ЧЫРВОНЫ ШЛЯХ 1918: 7–8: 31–32, КАНЧЕР 1918).
Тая ісціна, што шлях да гэтага ідэалу пралягаў праз стварэнне ўласнай суверэннай дзяржавы і адраджэнне самабытнай нацыянальнай культуры, з вялікай цяжкасцю спасцігалася многімі беларускімі палітыкамі, выхаванымі ва ўлонні суседніх культур. Але становішча, у якім апынулася Беларусь на пачатку 1918 года пасля акупацыі большай яе часткі Германіяй і падпісання ў Брэсце савецка-германскага мірнага дагавора пры поўным ігнараванні беларускіх інтарэсаў, проста-такі прымушала здзейсніць акт самавызначэння. Вядома, абвешчаная ў сакавіку 1918 года ў абставінах акупацыі Беларуская Народная Рэспубліка як “вольная і незалежная дзяржава” была такою хутчэй у патэнцыяле, чым у рэальнасці. Але пры пэўных умовах БНР мела шанцы стаць паўнавартасным суб’ектам міжнародных адносін. Як адну з такіх умоў і разам з тым як мэту нацыянальнай дзяржаўнасці заснавальнікі БНР разглядалі наданне краіне магчыма больш выразнага, акрэсленага нацыянальна-культурнага аблічча. Мова была тут вызначальным чыннікам, выступаючы адначасова як адзін з атрыбутаў дзяржавы. Такімі меркаваннямі была прадыктавана прынятая ў красавіку 1918 года пастанова Народнага сакратарыята БНР пра абвяшчэнне беларускай мовы дзяржаўнай і абавязковай мовай рэспублікі. На ёй павінны былі складацца ўсе дзяржаўныя акты, дакументы ўрадавых устаноў, весціся афіцыйная перапіска. Нацыянальным меншасцям Беларусі давалася права карыстацца ў афіцыйных зносінах з дзяржаўнымі ўстановамі сваімі мовамі (НА РБ, ф. 325, воп. 1, спр. 8, арк. 117, 128 адв., а таксама “Дзянніца” за 30.04.1918 г.).
Наданне беларускай мове дзяржаўнага статуса павінна было павысіць яе прэстыж, спрыяць развіццю афіцыйна-дзелавой лексікі, паскорыць укараненне мовы ў іншыя сферы грамадскага жыцця. Але гэты працэс ускладняўся тым, што палітыка-адміністрацыйныя структуры БНР не валодалі ўсім аб’ёмам уладных паўнамоцтваў (хоць акупацыйная адміністрацыя пакінула за імі права займацца пытаннямі гандлю, прамысловасці, асветы і г.д.) Газета “Беларускі шлях”паведамляла, што “пастанова Рады аб дзяржаўнасці беларускай мовы ў неіснуючых пакуль што беларускіх дзяржаўных (па-за Радай разумеецца) установах нічога не перамяніла ў тых арганізацыях, якія і дагэтуль існуюць правам “государства Российского” (гл. “Беларускі шлях” за 04.05.1918 г.).
Двухсэнсоўную пазіцыю займалі ў пытанні аб мове мясцовыя небеларускія эліты, асабліва – рускамоўныя. Цікавым у гэтым сэнсе з’яўляюцца, напрыклад, разважанні на старонках мясцовай ліберальнай газеты “Минский голос” – у цэлым прыхільнай да беларускага адраджэння – яе вядучага публіцыста Ю.Воліна. У адным са сваіх артыкулаў, трапна названым “Без языка” (“Без мовы”) ён яскрава паказваў сумныя наступствы для мясцовых моў “грубага рускага імперыялізму, мураўёўскай “абрусіцельнай палітыкі”. Не засвоіўшы дасканала літаратурнай рускай мовы, нярускія жыхары краю (беларусы, яўрэі і г.д.) сталі забываць родныя гаворкі і ператварацца ў людзей “без мовы”. “Чалавек без мовы, – пісаў Ю.Волін, – вартая жалю пачвара, асуджаная на духоўнае ўбоства. А цэлыя нацыянальнасці без мовы, цэлыя вобласці без мовы – гэта сумны могільнік, на якім засыхаюць да росквіту парасткі культурных дасягненняў”. Далей публіцыст, вітаючы адкрыццё Мінскай гарадской думай нацыянальных школ, у тым ліку беларускіх, выказаў спадзяванне, што “наш “паўночна-заходні” могільнік яшчэ можа ператварыцца ў цудоўны кветнік” і заклікаў “цаніць і песціць імкненне малых народаў да “нацыянальнага самавызначэння” (ВОЛИН 1918а).
Аднак надрукаваны праз месяц артыкул таго ж аўтара, спецыяльна прысвечаны беларускаму адраджэнню, быў прасякнуты ўжо зусім іншым пафасам. У ім адназначна прызнавалася права Беларусі на ўласную дзяржаўнасць, праўда, толькі як аўтаномнай рэспублікі ў складзе агульнарасійскай федэрацыі. Паводле Ю.Воліна, Беларусь адрозніваецца ад Велікаросіі этнаграфічнымі, гістарычнымі, культурна-эканамічнымі ўмовамі; ёсць таксама – што найважней за ўсё – жаданне мясцовага насельніцтва ўладкавацца самастойна, вылучаць уласную дзяржаўнасць. “Край гэтага хоча. Інтарэсам Расіі гэта не супярэчыць”. Але для станаўлення аўтаномнай Беларусі, – цалкам нечакана заяўляў аўтар, – зусім не патрэбны нацыянальна-культурны рух беларусаў. Маўляў, працы прафесара Карскага, вадэвілі Аляхновіча, беларускія газеты і іншыя культурніцкія праекты не з’яўляюцца сродкам дасягнення аўтаноміі, з беларускай дзяржаўнасцю яны не знаходзяцца ні ў якой сувязі. “Гэта цалкам адрозныя галіны чалавечай творчасці”. І нават “пресловутая” беларуская мова, – у супярэчнасці са сваімі ранейшымі выказваннямі працягваў Ю.Волін, – “не толькі не дапамагае, а перашкаджае будаванню беларускай дзяржаўнасці”. Ставячы ў прыклад Украіну, “правадыры” якой “на практыцы пераканаліся, што не ў гаворцы сутнасць дзяржаўнасці” і нібыта былі гатовы адмовіцца ад украінскай мовы на карысць рускай, публіцыст “Минского голоса” ў заключэнне павучаў: “Пара гэта зразумець спадарам запявалам беларускага руху” (Волин 1918б).
Між тым гістарычныя крыніцы ўтрымліваюць здзіўляючыя звесткі, што самі “запявалы” зусім не былі ўзорам паслядоўнасці і прынцыповасці ў справе сцвярджэння правоў беларускай мовы. У красавіку 1918 года сведка і ўдзельнік падзей са скрухай пісаў у газеце “Беларускі шлях”: “Цяпер перад беларусамі адкрыліся шырокія гарызонты: куецца дзяржаўнасць, а родная мова – у тым самым загоне. Прыйшлі новыя маладыя беларускія сілы, выкінутыя напаверх расійскай рэвалюцыяй, і яны пачалі цікавіцца беларушчынай і спрыяць ёй, а нават знайшлі яе практычна патрэбнай, але… але толькі пакуль што на «тульскі фасон» […], і калі прыйшлося пісаць «граматы» ды прыказы і наказы, дык «беларусы» пакуль што пякуць іх на «державном россйском языке». Нават сама вестка, што мова беларуская прызнаецца гасударственнай і абавязковай – пісана была таксама па-расійску…”. Адзначаючы недапушчальнасць такой нядбайнасці, аўтар допісу пераконваў: “Пакуль мова не стане дарагой штодзённай, буднішнай беларускай мовай – няма інтэлігенцыі, няма нацыянальнай сілы, бо мова – гэта альфа і амега нацыянальнага жыцця” (ПАЎЛЮК З ГРОДНЫ [АЛЯКСЮК П.П.?] 1918).
Наколькі неакрэсленай была моўная самаідэнтыфікацыя некаторых дзеячаў Беларускай Народнай Рэспублікі ў плане размежавання паміж рускай і беларускай мовамі, сведчыць інцыдэнт на сесіі Рады БНР 1 мая 1918 года. Пасля прамовы прадстаўніка польскіх сацыялістаў А.Прыстара, які гаварыў толькі па-польску, П.Бадунова папрасіла перакласці яго выступленне на беларускую мову. Гэта было, відаць, успрынята як належнае, і старшынствуючы Я.Варонка задаволіў просьбу. Калі ж пасля нейкай заявы самой Бадуновай, якая размаўляла толькі па-руску, М.Касцевіч папрасіў перакласці і яе выступленне на беларускую мову, пачаўся “нястрымны рогат”, а фракцыя беларускіх эсэраў (да якой належала Бадунова) узняла “шум і пратэст” (НА РБ, ф. 325, воп. 1, спр. 21, арк. 155–155 адв.).
Гэты факт не быў адзінкавым. Як сведчыў З.Бядуля, “хаця бадай у кожнага з гэтых нашых дзеячоў беларуская справа стаіць на першым плане, і беларускі нацыянальны дух відаць з кожнага яго слова”, паводле моўнай арыентацыі сярод іх вылучаліся два крайнія “лагеры” – польскамоўны і рускамоўны. Паміж імі нярэдка ўзнікаў недавер, разгараліся спрэчкі: “Трэцяя партыя старых беларускіх піянераў, інтэлігентаў – сыноў народу, якія ўжо дзесяткамі гадоў гавораць усюды толькі на беларускай мове, гавораць і пранікнуты наскрозь беларускай культурай, стараецца як-кольвек улагодзіць гэтыя непрыемлімыя адносіны паміж беларускімі дзеячамі праваслаўнымі і католікамі, якім соткамі дала нам рэвалюцыя ў Расіі”. На думку З.Бядулі, сумесная праца дзеля агульнанацыянальных інтарэсаў згладзіць супярэчнасці, і прыхільнікі “ўсходняй” і “заходняй” культураў сыйдуцца ўрэшце рэшт “на чыста нацыянальным беларускім грунце, дзе няма ніякіх польскіх або маскоўскіх інтрыг” (БЯДУЛЯ 1918).
Такая тэндэнцыя сапраўды паступова прабівала сабе дарогу. Пра гэта сведчылі бяспрэчныя здабыткі БНР у галіне нацыянальна-культурнага будаўніцтва. У 1918 годзе прыкметна ўзрасла выдавекая дзейнасць: выходзіла каля дзесятка беларускамоўных газет і часопісаў, было выпушчана некалькі дзясяткаў кніг і брашур, значную частку якіх складалі падручнікі. У прыватнасці, выйшлі ў свет аж пяць граматык беларускай мовы (БЕЛАРУСКАЯ МОВА 1998: 18). Найбольш аўтарытэтнай стала “Беларуская граматыка для школ” Б.Тарашкевіча, якая паслядоўна вызначыла граматычныя рысы беларускай мовы і дакладна сфармулявала яе правапісныя нормы (БЕЛАРУСКАЯ МОВА 1994: 143). Новы размах набыло развіццё школьніцтва: паводле некаторых звестак, на канец 1918 года на тэрыторыі ўсяго краю (у “старой” і “новай” зонах акупацыі) налічвалася да 300–350 беларускіх школ, хаця сучасныя даследчыкі ставяць гэтыя лічбы пад сумненне (ЧЫРВОНЫ ШЛЯХ 1918: 3–4: 18, 7–8: 30, КАЛУБОВІЧ 1993: 47, ЛЯХОЎСКІ 2001: 68–69). Адкрыліся першыя беларускія прафесійныя навучальныя ўстановы. У Мінску вялася падрыхтоўчая праца па заснаванні Беларускага універсітэта. На пачатку 1918 года ў Вільні пачало дзейнічаць Беларускае навуковае таварыства, якое затым шмат зрабіла для выпрацоўкі беларускай тэрміналогіі і яе кадыфікацыі, займалася праблемамі перакладу на беларускую мову мастацкай і навуковай літаратуры. Масавы характар набыў у БНР стыхійны культурна-асветны рух. на яго грунце вырасталі артыстычныя калектывы, якія пасля набывалі сталы, прафесійны характар.
Непрызнанне вядучымі дзяржавамі БНР у якасці самастойнага суб’екта міжнароднай супольнасці і недастатковая падтрымка беларускай нацыянальнай ідэі “знізу” мелі вынікам заняцце Чырвонай арміяй Беларусі пасля паражэння Германіі ў Першай сусветнай вайне (лістапад – снежань 1918 года). Рэалізацыя канцэпцыі беларускай дзяржаўнасці ў форме незалежнай дэмакратычнай рэспублікі была сарвана. Адпаведна застаўся незавершаным працэс станаўлення беларускай мовы ў якасці паўнавартаснага сродку зносін і найважнейшага атрыбута суверэннай нацыянальнай дзяржавы. Але прыкметнае ўзрастанне за гады вайны сацыяльнага статуса беларускага слова стала паказальным прэцэдэнтам, гістарычным доказам яго здольнасці абслугоўваюць розныя сферы жыцця грамадства. Разам з тым тагачасныя падзеі і наступныя гістарычныя калізіі падводзяць да высновы, што набыццё беларускай мовай усёй паўнаты сацыяльных функцый магчыма толькі пры няўхільным умацаванні незалежнай беларускай дзяржавы. Як і наадварот – устойлівасць, незнішчальнасць яе суверэнітэту не ў апошнюю чаргу грунтуецца на захаванні сацыяльна-культурнай пераемнасці, этнанацыянальнай тоеснасці народа, адным з вызначальных кампанентаў якой з’яўляецца яго самабытная мова.
SUMMARY
Stanislau RUDOVICH
THE MOVEMENT FOR THE BELARUSSIAN STATEHOOD AND THE PROBLEM OF THE CIVIL STATUS OF THE BELARUSSIAN LANGUAGE IN 1915-1918
The author examines interconnection of two processes which took their beginning in XIX century: formation of the modern Belarussian nation and its statehood and transformation of the social status of the Belarussian literary language. The state and linguistic self-identification of the Belarussians are regarded as two mutually supplemented factors in the development of the Belarussian national revival.
РЕЗЮМЕ
Станислав РУДОВИЧ
БОРЬБА ЗА БЕЛОРУССКУЮ ГОСУДАРСТВЕННОСТЬ И ПРОБЛЕМА ГРАЖДАНСКОГО СТАТУСА БЕЛОРУССКОГО ЯЗЫКА В 1915–1918 ГОДАХ
Проанализирована связь начавшегося в ХІХ веке процесса формирования современной белорусской нации и ее государственности с возникновением и преобразованием социального статуса белорусского литературного языка. Государственное и языковое самоопределение белорусов понимаются как два взаимодополняемых фактора в развитии белорусского национального возрождения.
* Напісана спецыяльна для часопіса
КРАЙ = KRAJ (даслана ў рэдакцыю 19 траўня 2002 г.).
Літаратура
А.В. Усебеларускі кангрэс у Мінску // Запісы. Мюнхен, 1964. № 3.
А.Л. [Луцкевіч А.] Прызнанне правоў беларускай мовы падчас сусветнай вайны // Запісы Беларускага навуковага таварыства. Вільня, 1938. № 1.
Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі. Вільня – Нью-Ёрк – Менск – Прага, 1998.
Багдановіч М. Поўны збор твораў: У 3 т. Мн., 1995.
Багушэвіч Ф. Творы. Мн., 1991.
Беларуская мова. Opole, 1998.
Беларуская мова: Энцыклапедыя. Мн., 1994.
Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік: У 6 т. Мн., 1993.
Бядуля З. Краёвая інтэлігенцыя // Беларускі шлях. 18 лістапада 1918 г.
Великая Октябрьская социалистическая революция в Белоруссии: Документы и материалы. Смоленск, 1957.
Волин Ю.(а) Без языка // Минский голос. 15 сентября 1918 г.
Волин Ю.(б) Тихие думы // Минский голос. 20 октября 1918 г.
Жылуновіч З. З’езд беларускіх нацыянальных арганізацый // Полымя. Мн., 1925. № 6.
Жылуновіч З. Люты – Кастрычнік у беларускім нацыянальным руху // Беларусь: (Нарысы гісторыі, культуры і рэвалюцыйнага руху). Мн., 1924.
Жылуновіч З. Эпізод з жыцця беларускай часопісі // Полымя. Мн., 1923. № 7–8.
Калубовіч А. Крокі гісторыі: (Даследаванні, артыкулы, успаміны). Беласток – Вільня – Менск, 1993.
Канчер Е. Мысли о белорусском языке // Дзянніца. 25 лістапада 1918 г.
К-і С. Маскоўшчына і Беларусь // Беларуская крыніца (Вільня). 21 лютага 1926 г.
Лёсік Я. Настаўніцкі з’езд // Вольная Беларусь. 20 чэрвеня 1917 г.
Лёсік Я. Творы. Мн., 1994.
Луцкевіч А. Замест адказу: (Гістарычная спраўка). // Беларуская ніва (Вільня). 25 лютага 1926 г.
Любецкий П. О белорусском литературном языке // Чырвоны шлях. 1918. № 7–8.
Ляхоўскі У. Пачатак тварэння беларускае нацыянальнае школы // Спадчына. Мн., 2001. № 1–2.
Паўлюк з Гродны [Аляксюк П.П.?]. Родная мова // Беларускі шлях. 9 красавіка 1918 г.
Пратакол з’езду беларускіх нацыянальных арганізацый у Мінску 25–27 марца 1917 г. // Спадчына. Мн., 1990. № 4.
Рак-Міхайлоўскі С. Да беларускае інтэлігенцыі і вясковых вучыцялёў // Вольная Беларусь. 3 і 17 жніўня 1917 г.
Революционное движение в России в июле 1917 г.: (Июльский кризис). М., 1959.
Рудовіч С. Час выбару: (Праблема самавызначэння Беларусі ў 1917 годзе). Мн., 2001.
Саламевіч Я. Слоўнік беларускіх псеўданімаў і крыптанімаў: (ХVI – ХХ стст.). Мн., 1983.
Смоліч А. Родная мова // Грамада. 5 (18) мая 1917 г.
Смутак. У Выканаўчым камітэце // Вольная Беларусь. 8 лістапада 1917 г.
Соболевский М. Школа Белоруссии // Чырвоны шлях. 1918. № 3–4.
Турук Ф. Белорусское движение: (Очерк национального и революціонного движения белорусов). М., 1921.
Цётка. Выбраныя творы. Мн., 2001.
Чырвоны шлях. 1918. №№ 3–4, 5–6, 7–8.
Шпэт Я. Некалькі слоў аб настаўніцкім з’ездзе // Вольная Беларусь. 7 ліпеня 1917 г.
Stankiewicz A. Rodnaja mowa ŭ światyniach. Wilnia, 1929.
Zemke H. Der Obersbefehlshaber Ost und das Schulwesen im Verwaltungsgebiet Litauen wahrend des Weltkrieges. Berlin, 1936.
Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Магілёўскага Таварыства БРАМА
|