БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

ПУБЛІКАЦЫІ МАГІЛЁЎСКАГА ТАВАРЫСТВА БРАМА НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
КРАЙ - KRAJ 1-2 / 2002

ТЭМАТЫКА І КАМПАЗІЦЫЯ ПРАЖСКIХ ПРАДМОЎ ФРАНЦЫСКА СКАРЫНЫ*

Ігар КЛІМАЎ
(Мінск)




Славуты беларускі гуманіст Францыск (Францішак) Скарына ў 1517–1519 гадах у Празе Чэшскай выдаў друкам няпоўную Біблію, якая змяшчае толькi кнігі Старога Запавету. Кожная з біблійных кніг выходзіла асобным выпускам, з тытульнай старонкай, мела ўласную прадмову i пасляслоўе. Пры гэтым выдавец трымаўся адзiных прынцыпаў падачы тэксту (аднолькавыя фармат, паласа набору, шрыфт, мастацкае афармленне) i тым самым прадугледжваў магчымасць звядзення ўсiх выданняў пад адну вокладку. Ён нават выпусцiў агульную прадмову да ўсёй Бiблii з тытульным лістом “Бiвлiя руська”. Такім чынам, Скарына выпусціў Св. Пiсьмо як серыю маляўнічых кніжак і ўпершыню ажыццявіў парцэляцыю пры выданнi Бiблii [1]. Гэты ж прыём ён пазней выкарыстаў і ў Вільні.

Беларускі выдавец імкнуўся падаць біблійны тэкст як мага больш шырокiм колам свайго народа, зрабіць яго ўцямным невысока адукаванаму чытачу (ЧЕМЕРИЦКИЙ 1979: 74, ЧАМЯРЫЦКІ 1989: 113, 122, ШАКУН 1989: 104, ЧАМЯРЫЦКІ 1990: 263). Гэтым мэтам ён падпарадкаваў не толькi знешнi выгляд сваiх выданняў, але і іх змест. Ясныя і займальныя прадмовы, змешчаныя Скарынам перад бiблійнымi кнiгамi, мелі папулярны характар. У іх беларускі гуманіст спрабаваў зрабіць даступнымі для звычайнага чытача складаныя сюжэты, вобразы і экспрэсію Старога Запавету, адначасова папулярызуючы веды тагачаснай гуманітарнай навукі. У сваіх тлумачэннях ён зыходзiў з далягляду не царкоўнікаў, а свецкіх асоб, падкрэслiваючы прызначэнне сваiх кнiг “люду паспалітаму” і “браццi маёй русi” (MCMILLIN 1988: 3, КОНАН 1990: 331) [2].

Прадмовы і пасляслоўі Скарыны, у адрозненне ад яго біблійных перакладаў, справядліва прызнаюцца арыгінальнымі творамі, у якіх адлюстраваны погляды і думкі беларускага гуманіста. Гэтая спадчына Скарыны цалкам даступная даследчыкам ужо больш за тры дзесяцігоддзі. У 1969 годзе з’явілася публікацыя тэкстаў усіх Скарынавых прадмоў і пасляслоўяў, якая была паўторана новай, крыху шырэй адкаментаванай публікацыяй гэтых твораў у 1990 годзе, з нагоды 500-гадовага юбілею Скарыны. Амаль у адзін час з ёй убачыла свет і факсімільнае выданне ўсёй пражскай “Бівліі руськай”, здзейсненае ў трох тамах (1990–1991). Крыху раней перад тым тэксты ўсіх прадмоў і пасляслоўяў былі факсімільна апублікаваны ў энцыклапедычным даведніку “Францыск Скарына і яго час” (беларуская версія – 1988, руская – 1990; у абодвух выданнях стар. 7–165). Тым не менш, дасягненні ў даследаванні арыгінальных твораў Скарыны болей чым сціплыя.

Пры вывучэнні Скарынавых прадмоў акцэнт рабіўся хутчэй на іх змесце, чымся на форме; гэтыя творы разглядаліся пераважна на прадмет наяўнасці ў іх нацыянальна-патрыятычных, гуманістычных і грамадскіх ідэй (MCMILLIN 1988: 3). Ні беларускія, ні замежныя даследчыкі амаль не адважваліся на аналіз формы прадмоў; тыя рэдкія спробы, што рабіліся, уражваюць сціпласцю сваіх вынікаў.

Наколькі вядома, у Празе Скарына апублікаваў усяго 23 кнігі Старога Запавету, кожная з якіх пачынаецца прадмовай і заканчваецца кароткім пасляслоўем. Апрача таго, чатыры Кнігі Царстваў маюць яшчэ і агульную прадмову і агульнае пасляслоўе, а перад Кнігай Быцця змешчана агульная прадмова ва ўсю “Бівлію руськую”. Такім чынам, разам у пражскіх выданнях налічваецца 25 прадмоў Скарыны [3].

Свае пражскія прадмовы Cкарына называе предсловиями (предословиями) ці сказаниями (іх усяго чатыры) або предмолвой (адно – да Кнігі Сірахава). Мяркуюць, што такая розніца ў тэрмінах невыпадковая і адлюстроўвае нейкія асаблівасці паміж гэтымі прадмовамі ў змесце, стылістыцы і структуры. Так, адны аўтары ўказваюць, што пред(о)словия маюць канцэптуальны характар і параўнальна вялікі памер; предмолва адрозніваецца ад іх большай самастойнасцю адносна біблійнай традыцыі, шырокім светапоглядам і нават пэўным вальнадумствам, тады як сказания – гэта кароткія анатацыі да кніг з тлумачэннямі інфармацыйнага характару (MCMILLIN 1988: 5, КОНАН 1988: 461, КОНОН 1989: 74, ДАРАШКЕВІЧ 1989: 132, КОНАН 1990: 329–330) [4]. Іншыя аўтары мяркуюць, што пред(о)словия вызначаюцца большай алегарычнасцю, тады як сказания з’яўляюцца казаннямі (ЯСКЕВІЧ 1994а: 5–6, ЯСКЕВІЧ 1995: 12–13) [5].

Аднак пры больш уважлівым разглядзе даследчыкі вымушаны прызнаць, што ніякай жанравай розніцы гэтыя тэрміны ў Скарыны не адлюстроўваюць (КОНАН 1988: 461, КОНОН 1989: 74, ДАРАШКЕВІЧ 1989: 132). Скарына сам не заўжды адрознівае разнавіднасці сваіх прадмоў: так, прадмову да Кнігі 1 Царстваў ён называе сказанием, а тры гэткія самыя анатацыі да наступных Кнігах Царстваў – предословием; у віленскіх выданнях уступнае слова да Дзеяў ён называе предмовой, але заканчвае яго фразай Конець сказанию (КОНАН 1988: 461, КОНОН 1989: 74, ДАРАШКЕВІЧ 1989: 132–133, КОНАН 1990: 330–331) [6]. Сапраўды, цяжка чакаць жанравай разнастайнасці для такіх невялікіх твораў, як Скарынавы прадмовы да кніг Старога Запавету. Больш верагодна дапусціць, што пры парцэляцыі Бібліі выдавец імкнуўся паяднаць розныя выпускі ў адну серыю шляхам надання ім стандартных прадмоўна-пасляслоўных комплексаў і стандартнага зместу. Пэўныя адрозненні паміж прадмовамі калі і можна знайсці, дык толькі ў кампазіцыі і тэматыцы.

Даўно была звернута ўвага на прысутнасць у прадмовах Скарыны сталых структурных і сэнсавых кампанентаў. Так, яшчэ П.Уладзіміраў адзначаў падабенствы і агульнасці ў прадмовах Скарыны (ВЛАДИМИРОВ 1888: 102–127). В.Чамярыцкі лічыць, што прадмовы аб’яднаны адзінствам стылю і тэмы (ЧАМЯРЫЦКІ 1989: 118, ЧАМЯРЫЦКІ 1990: 267). А.Дзёмін падкрэслівае, што пражскія прадмовы “тэкстуальна звязаныя паміж сабой. Іх аб’ядноўвае цэлы шэраг скразных тэм і матываў” (ДЕМИН 1994: 41). Сярод іх – тэмы мудрасці, розуму і навукі, некаторыя містычныя матывы (згадкі пра боскія тайны, спадзяванні на паўстанне з мёртвых), тлумачэнні старазапаветных падзей як прадбачанне евангельскіх (ДЕМИН 1994: 41–42). Яскравую асаблівасць Скарынавых прадмоў стварае наяўнасць пералікаў і класіфікацый, а таксама параўнанняў (MCMILLIN 1988: 5–6, ДЕМИН 1994: 42, 44), што, безумоўна, абумоўлена ўплывам стылю Старога Запавету (MCMILLIN 1988: 4, 6, КОНАН 1990: 331, ЯСКЕВІЧ 1995: 10, 110–111, ЯСКЕВІЧ 1998: 80) [7]. Важным элементам паэтыкі Скарыны з’яўляюцца афарызм, часта пабудаваны на паралелізмах ці супрацьпастаўленнях, і цытата, біблійная (пераважна новазапаветная) ці са Святых Айцоў (ДЕМИН 1994: 42–43).

Разам з тым А.Дзёмін адзначае, што адзінства Скарынавых прадмоў мае пэўныя межы. Яны адрозніваюцца паводле зместу, часта не столькі паўтараюць, колькі ўдакладняюць і вар’іруюць тую ці іншую тэму, маюць розны памер, у іх не вытрымліваецца аднастайная кампазіцыя. Адны прадмовы нагадваюць сабой пахвалу ці павучанне, у іншых пераважае бібліяграфічны, гістарычны ці філалагічны аспект, а змест некаторых вельмі разнародны, і таму яны не належаць ні да якога пэўнага трафарэту. На гэтай падставе А.Дзёмін кажа пра свабоду літаратурнага цыкла прадмоў у Скарыны (ДЕМИН 1994: 43–44).

Жанр прадмоў беларускага гуманіста даследчыкі вызначаюць даволі абагульнена: як навукова-асветную, маральна-дыдактычную і філасофскую публіцыстыку (КОНАН 1988: 462, КОНОН 1989: 77, ЧАМЯРЫЦКІ 1990: 267, ЯСКЕВІЧ 1995: 15) [8]. Паколькі ў Скарынавых прадмовах прысутнічаюць усе гэтыя рысы, то даследчыкі ахвотна акрэсліваюць змест і жанр прадмоў як сінкрэтычны (КОНАН 1988: 462, КОНОН 1989: 77, ШАКУН 1989: 105, ДАРАШКЕВІЧ 1989: 133–134, КОНАН 1990: 332, 338, ЯСКЕВІЧ 1994а: 5, ЯСКЕВІЧ 1995: 10–11, 13) ці мяшаны (ЯСКЕВІЧ 1995: 13, 82) [9]. Большасць вучоных адчувае наяўнасць у тэксце Скарынавых прадмоў пэўнай структуры і ўсведамляе разнастайнасць іх тэматыкі, але зазнае цяжкасці з вылучэннем і фармалізацыяй кампанентаў зместу. Таму яны абмяжоўваюцца павярхоўным аналізам зместу прадмоў і суаднясеннем з вядомымі ім жанрамі, прычым не старажытнымі, а сучаснымі [10]. Найбольш відавочныя аналогіі ці ўзоры прадмоў Скарыны ў старажытнай літаратуры былі ўказаны яшчэ П.Уладзіміравым, але з таго часу не была дададзена ніводная новая крыніца [11].

Даследчыкі ўжо адчулі патрэбу ў прыцягненні больш фармальных і строгіх методык і тэхнік для кваліфікацыі Скарынавых твораў (ЯСКЕВІЧ 1995: 5–6, 82, 85–86), аднак зробленыя імі спробы нельга прызнаць удалымі. Так, А.Яскевіч лічыць Скарыну “знакамітым рытарам сваёй эпохі” (ЯСКЕВІЧ 1995: 87; ЯСКЕВІЧ 1998: 76) і бачыць у яго творах выкарыстанне складаных рытарычных тэхнік і прыёмаў (ЯСКЕВІЧ 1994а: 6, 14, 17, 21; ЯСКЕВІЧ 1995: 82, 85–86). Таму пры аналізе прадмоў яна спрабуе кіравацца рытарычнымі катэгорыямі і вылучае ў прадмовах Скарыны “разгорнутую схему размяшчэння”: (а) уступ, (б) выкладанне, (в) распрацоўка (доказ свайго погляду і абвяржэнне процілеглага) і (г) заключэнне (ЯСКЕВІЧ 1995: 82, гэтак сама ЯСКЕВІЧ 1994а: 14; ЯСКЕВИЧ 1994б: 48; ЯСКЕВІЧ 1998: 74). На яе погляд, трохчасткавая рытарычная схема праглядаецца ў сказаниях, якія яна лічыць казаннямі (ЯСКЕВІЧ 1995: 12–13). Таму яна без ваганняў знаходзіць у гэтых творах кампазіцыю, дарэчы, аднолькавую з прапанаванай Галятоўскім: (а) эксордыум (уступ, уводзіны), (б) нарацыю (распрацоўка, выклад) і (в) канклюзію (канец, завяршэнне) (ЯСКЕВІЧ 1995: 83, 95, гэтаксама ЯСКЕВИЧ 1994б: 48, ЯСКЕВІЧ 1998: 74–75). На жаль, “схемы” даследчыцы абгрунтаваны толькі адным прыкладам, непераканаўчым і вельмі эфемерным; па праўдзе кажучы, яны ўяўляюць сабой механічны перанос рытарычных мадэляў на тэксты, якія такой структуры не маюць [12].

Прадмовы Скарыны – не публічныя прамовы, яны не прызначаліся для выступлення перад аўдыторыяй, таму наўрад ці яны будаваліся паводле кампазіцыі прамоў (і тым больш казанняў, якія варта трымаць толькі святару) [13]. Але безумоўна, ім уласціва пэўная структура, хаця і досыць своеасаблівая – структура прадмовы. На жаль, праблематыка прадмоў слаба распрацавана ў айчыннай навуцы. Пры вызначэнні іх структуры трэба зыходзіць з таго, што прадмова – гэта ў нейкай ступені аказіянальны і ўтылітарны твор, чыё з’яўленне ў друкаванай кнізе было досыць выпадковым, а функцыя – хутчэй дапаможнай. Памер прадмовы мог вызначацца не толькі аўтарскай задумай, але таксама ўмовамі кнігавыдання (такімі, як фармат і прапорцыя кнігі). Прадмова служыла чытачу дадатковым сродкам у авалоданні зместам, вобразнасцю і сюжэтам твора (што было асабліва актуальным для старазапаветных кніг). Адпаведна, і мэта прадмовы была збольшага практычнай, што непазбежна адбівалася на кампазіцыі твора. Таму прадмовы Скарыны трэба разглядаць перш за ўсё як функцыянальныя тэксты.

Усе пражскія выпускі Скарына разлічваў звесці пад адну вокладку, у адін кодэкс. Гэта значыць, што і яго прадмовы мусяць выяўляць у сваім змесце і форме пэўныя агульнасці, каб не вылучацца і не адрознівацца паміж сабой. Зразумела, канкрэтны матэрыял для стварэння прадмоў быў розны, паколькі рознымі былі тэмы і сюжэты тых біблійных кніг, якія суправаджаліся прадмовамі. Аднак агульнымі заставаліся мэты, з якімі падыходзіў беларускі выдавец да сваіх твораў. Таму заканамерна, што стандартная форма Скарынавых выданняў абумоўлівала і стандартнасць зместу іх прадмоў.

Сапраўды, параўнанне пражскіх прадмоў Скарыны выяўляе падабенства ў змесце паміж імі. Даследчыкамі ўжо было заўважана існаванне ў прадмовах пэўных частак. Так, У.Конан вылучае ў пред(о)словиях Скарыны некалькі тэматычных частак (КОНАН 1988: 461, КОНОН 1989: 74, КОНАН 1990: 335–336, тое ж самае гл. ДАРАШКЕВІЧ 1989: 131): (а) ідэя-зачын, якая носіць абагульнены філасофскі, дыдактычны ці тэалагічны характар; (б) агульная характарыстыка зместу і структуры кнігі, яе аўтараў і герояў, гісторыі яе стварэння; (в) каментары гістарычнага, філалагічнага, юрыдычнага характару; (г) паходжанне тытульнай назвы біблійнай кнігі; (д) анатацыя зместу (пераважна ў гістарычна-апавядальных ці сюжэтна-фабульных кнігах), прычым, сюды ён адносіць выклад кампазіцыі і нават кантыкуляцыі да раздзелаў біблійнай кнігі (КОНАН 1990: 335–336); (е) тлумачэнне крыніц ці прынцыпаў перакладу і выдання.

Апрача таго, У.Конан пералічвае і іншыя часткі, якія прысутнічаюць толькі ў асобных прадмовах (ці трэба ў такім выпадку думаць, што вышэйзгаданыя часткі з’яўляюцца абавязковымі?): (а) аўдыторыя, якой адрасавана дадзенае выданне; (б) выхаваўча-эстэтычная функцыя кнігі; (в) аўтарства перакладу – годнасць перакладчыка – мэта выдання (КОНАН 1988: 461, КОНОН 1989: 74, КОНАН 1990: 335–336).

Л.Шакун склад тэматычных частак Скарынавых прадмоў сфармуляваў нашмат больш сцісла: (а) сэнс назвы кнігі; (б) звесткі аб гісторыі стварэння кнігі і аб яе аўтары; (в) раскрыццё асноўнага зместу кнігі; (г) карысць, якую вынесе чытач з гэтай кнігі (ШАКУН 1989: 104).

В.Чамярыцкі ў Скарынавых прадмовах вызначае наступныя сэнсавыя моманты: (а) тлумачальны пераклад назвы кнігі; (б) сціслы выклад зместу кнігі ці перадгісторыі падзей, што папярэднічалі падзеям кнігі; (в) біяграфію аўтара або галоўнага героя кнігі ці апісанне гісторыі яе перакладу; (г) характарыстыку складу кнігі; (д) асветніцка-выхаваўчае значэнне кнігі (ЧАМЯРЫЦКІ 1990: 263–264).

Аднак акрэсленыя даследчыкамі тэмы носяць даволі агульны і прыблізны характар. Яны вылучаюцца інтуіцыйна, без апірышча на фармальныя крытэрыі. Няясны ні памер гэтых тэматычных частак, ні іх паслядоўнасць у той ці іншай кнізе. Тэматыка пражскіх прадмоў патрабуе больш строгага падыходу на падставе фармальных, дыскурсійных паказчыкаў.

Сапраўды, у складзе прадмоў існуюць асобныя тэматычныя часткі, у межах якіх аўтар разглядае пэўны прадмет ці развівае пэўную ідэю. Пры гэтым кожная частка характарызуецца ўнутранай звязнасцю і ўстойлівымі стылістычнымі прыкметамі. Такія часткі трэба лічыць кампазіцыйнымі элементамі, з якіх, уласна, і ўтвараецца прадмоўная кампазіцыя. На падставе фармальных паказчыкаў у прадмовах вылучаецца не больш за 8 тэматычных частак рознага памеру. Не ўсе з іх прысутнічаюць у кожнай з прадмоў Скарыны, аднак некаторыя часткі паўтараюцца ў адным творы па некалькі разоў. Умоўна гэтыя часткі названы наступным чынам (іх парадак у дадзеным пераліку не мае значэння): (а) дыдактычная гамілія, (б) анатацыя зместу кнігі, (в) гісторыя стварэння кнігі і/ці яе аўтарства, (г) этымалогія яе назвы, (д) кампазіцыя кнігі, (е) дадатковыя звесткі, цікавыя для чытача, (ж) фармуляр Скарыны, (з) канклюзія (заключэнне).

Большасць з гэтых частак даволі рэгулярна ўводзіцца ці задаецца з дапамогай спецыфічнай (уласцівай толькі ёй) сінтаксічнай канструкцыі, якая мае стабільнае лексічнае напаўненне. Гэту канструкцыю найчасцей утвараюць дзеясловы пэўнай семантыкі і залежныя ад іх дапаўненні (назоўнікі або іх эквіваленты) і/або акалічнасці (прыслоўі або іх эквіваленты). Дапаўненне ў складзе гэтай канструкцыі выступае як з прыназоўнікам, так і без яго; у іншых выпадках дапаўненне набывае большую самастойнасць і ўводзіцца даданым сказам з анафарычным злучнікам. Менавіта гэтая дзеяслоўная група са стабільным граматычным выражэннем і семантычным напаўненнем і служыць маркерам тэмы. Такі маркер дазваляе беспамылкова вылучаць тэматычную частку ў тэксце і адмяжоўваць яе ад іншых частак. Наяўнасць маркераў – яшчэ адзін важкі аргумент на карысць стандарнага характару прадмоў Скарыны.

І. Дыдактычная гамілія – найбольш своеасаблівая і адметная частка творчасці Скарыны. У гэтай частцы ён дае сімвалічныя інтэрпрэтацыі біблійных сюжэтаў, персанажаў і рэалій, імкнецца “прадставіць часам заблытаныя і складаныя ідэі ў ясным і простым паводле кампазіцыі выглядзе, глыбокім, аднак, паводле думкі і бліскучым паводле формы” (MCMILLIN 1988: 7), павучае і настаўляе чытача. Фактычна, Скарына выступае тут як экзэгет і спрабуе свае сілы ў дыдактычным казанні (MCMILLIN 1988: 5, 7, ЯСКЕВІЧ 1994а: 5–6, ЯСКЕВІЧ 1995: 82–85, 89–91, 111, ЯСКЕВІЧ 1998: 76). Форма, якую ён надаў сваім экзэгетычным пасажам, сапраўды, набліжаецца да несістэматычнага казання – гаміліі, казання ў адвольнай форме.

Гамілійная традыцыя, як на Захадзе, так і на Усходзе, пазбягала рытарычных складанасцяў і шукала прастаты і даходлівасці, імкнулася наблізіцца да сітуацыі размовы, па магчымасці непасрэднай і інтымнай. Але гэта не азначае больш спрошчанага дыскурсу гаміліі. Яна мае сваю складаную тэхніку, хаця гэта больш афектыўная, чымся кампазіцыйная тэхніка. Кампазіцыя гаміліі, фактычна, вычэрпваецца абмеркаваннем прачытанага пасажу і складаецца са свайго роду размоўных глосаў ці каментараў да гэтага пасажу. Таму звычайна гамілія не мае падзелу на часткі і тэматычнай аднастайнасці, формульнага пачатку i канца, яна можа быць скончана ў любы момант (MURPHY 1974: 298–299, 317).

Менавіта гэтыя асаблівасці дэманструюць гамілійныя часткі ў прадмовах Скарыны. Як і казанню наогул, ім уласцівы модус асабовасці (ЯСКЕВІЧ 1995: 89, ЯСКЕВІЧ 1998: 76) – звяртанне аўтара да чытача (звычайна, у 2-й асобе). Таму ў гэтай частцы шмат зваротаў, рытарычных воклічаў ці пытанняў (ЯСКЕВІЧ 1995: 94–95, ЯСКЕВІЧ 1998: 77). “Многія дыдактычныя пасажы ўводзяцца рытарычнымі пытаннямі, якія часта ўводзяць працяглыя пералікі” (MCMILLIN 1988: 5). Такі прыём набліжае аўтара да чытача і робіць аўтарскія развагі больш зразумелымі. Разам з тым Скарына часта надае сваім развагам форму сентэнцый, афарызмаў, што зацікаўлівае чытача. Пры інтэпрэтацыях Скарына карыстаецца амаль выключна сімвалічнымі сродкамі, тропамі, параўнаннямі і алегорыямі; сілагізмам і вывадам у яго практычна няма месца. Іншай важнай асаблівасцю гамілійных частак, якая таксама набліжае іх да казання, з’яўляюцца цытаты з аўтарытэтных крыніц, перш за ўсё са Св. Пісьма і Айцоў Царквы. “Тыповай працэдурай у гэтых празаічных мініяцюрах ёсць цытаванне некалькіх слоў з біблійнага тэксту і затым развіццё іх з дэталёвымі тлумачэннямі, што аднаразова прыцягвае ўвагу да практычных урокаў, якія могуць быць зроблены з чытання Св. Пісьма” (MCMILLIN 1988: 5, таксама гл. ВЛАДИМИРОВ 1888: 102, ЯСКЕВІЧ 1994а: 9, 17, ЯСКЕВІЧ 1995: 111). Цытаты, звычайна, пачынаюць ці заканчваюць разважанні Скарыны, але часам яны пераплятаюцца з самімі разважаннямі і нават проста замяняюць іх (напрыклад, у прадмове да Кнігі Руф). Менавіта наяўнасць прамых цытат з “аўтарытэтаў” і адрознівае гамілію ад астатніх частак прадмоў Скарыны, дзе цытат, як правіла, няма.

Гамілійная частка ў Скарыны задаецца шэрагам стандартных канструкцый, але ў некаторых прадмовах яны адсутнічаюць, і там гамілію трэба вызначаць паводле зместу, наяўнасці цытат і зваротаў да чытача. Гамілія ўводзіцца: (а) дзеясловамі, што пазначаюць спосаб атрымання ведаў, (можем(ы)) разумети / поразумети (з акалічнасцямі досконале, ясне, духовне), часта ў форме інфінітыва ці дзеепрыметніка; (б) дзеясловам знаменуеть(ся) / знаменовала (есть) у форме цяперашняга ці прошлага часу. Гамілія можа таксама ўводзіцца з дапамогай слоў научать, наука, научение; выразу пожиточны есть, параўн.: Пожиточны же суть сие книги чести всякому человеку… (Кніга Прыпавесцяў), Сия же книга сама нас добрых обычаев и дел научаеть… (Кніга Сірахава), дозволена нам сия Книга Іудиф чести, к нашему научению… (Кніга Юдзіф); то дано ест к науце нам, Хрестианом… (Кніга Суддзяў).

ІІ. Анатацыя зместу кнігі ўяўляе сабой сціслы пераказ яе асноўнага сюжэта ці выклад важнейшых падзей або галоўнай тэмы. Анатацыя заўжды ўводзіцца дзеясловамі апавядання, дыскурсу, пераважна дзеясловамі пишеть, выписуеть (рэдка ў зваротнай форме пишется і зусім рэдка ў дзеепрыметнай форме суть (на)писаны), зрэдку дзеясловамі вуснага апавядання кажеть / кажуть, поведаеть – усе гэтыя дзеясловы заўжды маюць форму цяперашняга часу. Тыповае дапаўненне пры такім дзеяслове – дэлібератыўны аб’ект у М. скл. з прыназоўнікам о, параўн.: книги пишут о… ці пророк пишет в ней о…, радзей дапаўненне далучаецца без прыназоўніка, як прамапераходны аб’ект у Він. скл., што можна назіраць у прадмове да ўсіх Кнігаў Царстваў, параўн.: пишуть науку и суды божия; пишуть дела бывшая и летописания. Дапаўненне можа далучацца таксама ў выглядзе даданага сказа са злучнікам яко / еже, параўн.: пишеть, яко… / пишеть, еже… У іншым выпадку дэлібератыўны аб’ект і прыназоўнік о далучаюцца прама да суб’екта, утвараючы бездзеяслоўныя канструкцыі, параўн.: двое книги Ездры О выпущении з неволи… (прадмова ва ўсю “Бівлію”). Іх трэба разглядаць як эліптычныя, дзе дзеяслоў апускаецца ў стылістычных мэтах, што паказвае наступны пасаж у прадмове да Кнігі Сірахава, параўн.: в неи о церковнои наоуце И о нравех добрых пишеть. Наболеи О мудрости, О страху… і яшчэ дзесятак радкоў аднастайнага пералічэння. Такі эліпсіс можна назіраць напрыканцы прадмовы да Кнігі Левітаў і ў іншых месцах.

ІІІ. Гісторыя стварэння кнігі і/або яе аўтарства. У гэтай тэматычнай частцы апавядаецца пра абставіны стварэння кнігі ці яе перакладу на іншыя мовы, пра жыццё і дзейнасць яе аўтара ці перакладчыка. Гэтая тэма ўводзіцца дзеясловамі дыскурсіўнага выкладу, параўн.: (на)писан(ы) есть / суть / бысть; выложен(ы/а) есть / суть; писал(и) есть / суть. Паколькі тут апісваюцца падзеі, якія закончыліся да моманту апавядання, то дзеясловы заўжды выступаюць у прошлым часе і, пераважна, у складзе пасіўнай, рэдка актыўнай канструкцыі. Тыповае дапаўненне тут – nomen agentis, які ў пасіўнай канструкцыі выступае ў выглядзе аб’екта ў Тв. скл., а ў актыўнай становіцца суб’ектам дзеяння.

IV. Этымалогія ўяўляе сабой тлумачэнне назвы кнігі (кніг) праз пераклад гэтай назвы на зразумелую мову – славянскую (словенскую або руськую) ці шляхам раскрыцця яе ўнутранай формы (як у прадмовах да Псалтыра ці Кнігі Левітаў). Тлумачэнне шляхам перакладу мае на мэце пазнаёміць чытача з разнамоўнымі крыніцамі Св. Пісьма, таму Скарына, дэманструючы ўласную эрудыцыю, падае не толькі славянскія пераклады чужамоўных слоў і выразаў, але і іх яўрэйскія, грэчаскія і лацінскія транскрыпцыі. Тэма ўводзіцца дзеясловамі (ці іх дзеепрыметнымі формамі), што пазначаюць акт наймення (книга называется / нарицается, назвал ест книгу; тое (и)сказуется / выклад(ыв)ается; книги словуть, зовутся / книга зовется; книги, рекомые / зовемые) або акт удакладнення (то есть) – усе гэтыя формы выступаюць у цяперашнім часе. Практычна заўсёды яны суправаджаюцца акалічнасцямі, параўн.: поруськи, поеврейски, погречески, полатине; евреиским / греческим языком; у нас словуть (г.зн. у нас, у руськіх), от / у евреи зовуться. Звычайна гэта тэматычная частка даволі кароткая і нярэдка ў межах адной сінтаксічнай канструкцыі змяняецца іншай, як, напрыклад, на пачатку прадмовы да Кнігі 4 Царстваў: Четвертыи Книги Царств. Иже от евреи называются вторая часть Маляхим. Пишуть наипервеи о… За межамі этымалагічнай часткі Скарына выкарыстоўвае тыя самыя сродкі для перакладу чужамоўных слоў і выразаў, як, напрыклад, у прадмове да Кнігі Лічбаў: Вторыи стан сынов Ізраилевых Сохот еже сказуется кущи.

V. Кампазіцыя кнігі ўяўляе сабой пералік складнікаў (раздзелаў альбо частак) кнігі ці кніжнага цыкла. Гэтая тэма ўводзіцца дзеяслоўнымі канструкцыямі делитися на… або имать в собе…, заўжды ў форме цяперашняга часу. У іншым выпадку яна задаецца лічэбнікамі, у парадку пералічэння: первые…, вторые…, третие… і г.д. (гэтак, напрыклад, у Кнізе Прамудрасці, у прадмове ва ўсе Кнігі Царстваў).

VI. Дадатковыя звесткі. Гэтая частка падае чытачу звесткі, непасрэдна не звязаныя са зместам кнігі, таму Скарына часта ўводзіць іх канструкцыяй потреба есть / теж(е) ведати, хаця з дапамогай гэтай канструкцыі ўводзяцца і іншыя часткі (у Табліцы яны адзначаны зорачкай).

VII. Фармуляр Скарыны – найбольш адметная і выразна структураваная частка творчай спадчыны Скарыны. Яна ўяўляе сабой штамп, пабудаваны паводле наступнай схемы: імя + паходжанне + вучоная годнасць + боская дапамога + спосаб выдання + аб’ект аповеду + мова выдання + аўдыторыя, якой яно адрасавана + мэта выдання + месца выдання + дата. Досыць рэгулярна і ў разгорнутым выглядзе гэты штамп выступае толькі ў пасляслоўях, хаця ў першых Скарынавых выданнях ён змяшчаўся ў прадмове. Таму апісваць фармуляр лепш за ўсё з улікам пасляслоўяў; спробы такога апісання ўжо былі зроблены (КОНОН 1989: 76–77, КОНАН 1990: 333–335, ЯСКЕВІЧ 1994а: 6, 18, ЯСКЕВІЧ 1995: 16–17, 118). Незалежна ад таго, дзе фармуляр змяшчаецца, яго паслядоўнасць строга нідзе не вытрымана, а некаторыя з кампанентаў наогул могуць апускацца. Так, апошнія два кампаненты формулы – месца і дата – прысутнічаюць толькі ў пасляслоўях. На працягу выдання Скарына паступова аддаваў перавагу адным кампанентам фармуляра і ўнікаў іншых.

У поўным выглядзе фармуляр Скарыны мае наступнае выражэнне:

1) імя: Франтишек / Франциск / Франциско Скорина / Скоринин сын, зрэдку імя замяняецца асабовым займеннікам я / аз;

2) паходжанне: с / з / из (славного града) Полоцка;

3) вучоная годнасць: (а) в лекарских і/ці вызволеных на(в)уках доктор(а), в науках и в лекарстве учитель / учителя; (б) доктора, ученаго / избраннаго мужа;

4) боская дапамога: с помощью Бога (Спасителя…) і г.д., (с) божиею милостию / помощью, божиим преизволением;

5) спосаб выдання: скончалася / совершена повелением і/або працею (и выкладом), выданы і/ці (ново) выложены, (выложены и вытиснены) повелением и полностию, зуполне выложены и пильне вытиснены, працею и пилностию, выложена працею и вытиснена повелением, повелел / казал есми тиснути / выложити, приложил есм працу выложити;

6) аб’ект аповеду: Псалтырю, Притчи, (сию) книгу і да т.п.;

7) мова выдання: на руський язык ці руськими словами, а словенским языком, руським языком;

8) аўдыторыя, якой адрасуецца выданне: людем посполитым руськаго языка, своему прирожоному руському языку;

9) мэта выдання: а) видечи (разумеючи…) таковые пожитки, к пожитку / для посполитого доброго, (всем) людем посполитым (простым) к пожитку / к (доброму) научению, для розмножения / к розмножению добрых обычаев / мудрости, с тое причины, иже мя милостивыи Бог с того языка на свет пустил і інш.; б) для похвалы божиеи, Богу ко чти, ко чти и к похвале Створителю / Богу… і інш.;

10) месца выдання: у (славном) старом / в(о) великом месте Празском;

11) дата выдання: (лета) по божьем нарожению / по нарожении Господа нашего… ці под леты воплощения / по воплощении слова божия…, по летех нарожения нашего Господа / Спасителя… (далей словамі ўказваецца, звычайна, дата паводле схемы: год + месяц + дзень).

Добра бачна, што адны кампаненты фармуляра маюць даволі аднастайнае лексічнае напаўненне, тады як іншыя гэтай рысы пазбаўлены. Некаторыя кампаненты могуць набываць працяглае развіццё за кошт аднародных элементаў. Сінтаксічна фармуляр афармляецца адным сказам, хаця нярэдка ён парцэлюецца на некалькі асобных сказаў. У пасляслоўях фармуляр часта суправаджаецца паўтарэннем назвы біблійнай кнігі і выкладам яе этымалогіі.

VIII. Канклюзія – заключная частка прадмовы, у якой аўтар падагульняе свой аповед і робіць высновы, часам маральнага характару. Апрача такой сэнсавай асаблівасці, гэтая частка не мае спецыяльных маркераў. Гэта пераважна функцыянальная частка, чыё з’яўленне абумоўлена хутчэй патрэбамі кампазіцыі і суразмернасці.

Акрамя тэматычных частак, у творах Скарыны нярэдка трапляюцца спасылкі на іншыя яго прадмовы. Як правіла, яны маюць даволі стандартнае выражэнне: о том нижеи написал в…, достаточно есть выписано в…, (до)ткнул есми в…, о них явлено в… А.Дзёмін падкрэслівае, што сам Скарына ўсведамляў сувязь сваіх прадмоў і таму часта спасылаўся на ранейшыя свае прадмовы (ДЕМИН 1994: 44).

Размяшчэнне тэматычных частак у прадмовах Скарыны нерэгулярнае і адноснае, што ілюструе наступная табліца (лічбы ў табліцы паказваюць парадак, у якім (лічачы ад пачатку) ідуць тэматычныя часткі ў межах адной прадмовы).

Размяшчэнне тэматычных частак у пражскіх прадмовах Скарыны

табліца ў фармаце doc

Табліца паказвае, што тая ці іншая паслядоўнасць тэматычных частак і стварае кампазіцыю пражскіх прадмоў. З табліцы бачна, што толькі першыя чатыры тэматычныя часткі з’яўляюцца тыповымі для Скарыны: яны прысутнічаюць у большасці прадмоў і любая з іх можа пачынаць твор. Астатнія чатыры часткі больш факультатыўныя, яны трапляюцца зрэдку і ніколі не пачынаюць прадмовы.

Нерэгулярнасць і непаслядоўнасць з’яўлення тых або іншых тэматычных частак у пражскіх прадмовах тлумачыцца шэрагам фактараў.

У некаторых выпадках кампазіцыя твораў абумоўлена абагульняючай роляй асобных прадмоў у біблійнай серыі Скарыны. У такіх прадмовах ён апавядае пра склад біблійных кніг і дае кожнай з іх кароткую анатацыю, якая зрэдку залучае этымалогію. Да абагульняючых прадмоў належаць прадмова да ўсіх Кніг Царстваў і прадмова ўва ўсю “Бівлію руську”; склад біблійных кніг асвятляецца таксама і ў прадмове да Кнігі Другога Закону. У прадмовах да Кнігі Прыпавесцяў і Кнігі Эклезіяста Скарына апісвае асобныя старазапаветныя кнігі (тыя, чыё аўтарства прыпісваецца Саламону – Кніг Прыпавесцяў, Эклезіяст, Песні Песняў) і падае анатацыю да кожнай.

Але ў большасці выпадкаў кампазіцыйную спецыфіку прадмоў Скарыны абумоўлівалі іншыя фактары, такія, як фармат і выгляд яго кніг. У гэтым выпадку фармальныя параметры паўздзейнічалі (да пэўнай мяжы) і на змест прадмоў. Звычайна, калі справа тычыцца самастойных твораў, падобныя фактары не прымаюцца ў разлік, але такі аказіянальны і функцыянальны тэкст, як прадмова, вымушаны іх улічваць.

Усім прадмовам Скарыны папярэднічае тытульная старонка з ілюстрацыяй і разгорнутай назвай біблійнай кнігі; прадмова пачынаецца на яе адваротным баку. Толькі ў выданні Псалтыра, першым друку Скарыны, ілюстрацыі і назвы кнігі змяшчаюцца на абодвух старонках тытульнага ліста, а прадмова пачынаецца з новага ліста. Разам з тытульнай старонкай прадмовы Скарыны заўжды налічваюць цотную колькасць старонак, г.зн. далей біблійная кніга пачынаецца з новага ліста, а не, напрыклад, на яго адвароце ці пасярэдзіне. Гэта тлумачыцца эстэтыкай друкаванай кнігі, прынамсі, таго стылю, які абраў Скарына. Да таго ж яго выданні фальцаваліся ў чацвёртую долю аркуша, а значыць мусілі налічваць колькасць лістоў, кратную 4 (апошнія лісты маглі заставацца чыстымі).

Усе прадмовы Скарыны маюць невялікі памер (ЧАМЯРЫЦКІ 1979: 74, ДЕМИН 1994: 43), асабліва ў параўнанні з аб’ёмам тых біблійных кніг, якім яны папярэднічаюць. Бачна пэўная залежнасць паміж аб’ёмам біблійнай кнігі і памерам дастасаванай да яе прадмовы. Біблійная кніга, якая налічвала ў друкаваным выглядзе ад 40 лістоў і больш, мела 4 лісты прадмовы (тут і далей у гэты лік уваходзіць і тытульная старонка, на адвароце якой за выключэннем Псалтыра і пачыналася прадмова). Гэта Кнігі Выхаду, Лічбаў, Другога Закону, Ісуса Навіна, Псалтыра, Прыпавесцяў Саламона, Ісуса Сірахава (складаецца з дзвюх прадмоў: самога Ісуса і Скарыны), Данііла-прарока. Выключэннем з’яўляюцца толькі Кніга Левітаў (6 лістоў) і Кніга Суддзяў (3 лісты), а таксама Кніга Быцця (2 ліста) і прадмова ў кожную з Кніг Царстваў (на 1 старонку). Гэтыя выключэнні лёгка вытлумачыць становішчам прадмовы ў кнізе ці ў серыі кніг. Так, прадмова да Кнігі Быцця невялікая, паколькі ёй папярэднічае прадмова ва ўсю “Бівлію руську” (на 6 лістоў). Гэтаксама кожная з Кніг Царстваў мае невялічкую прадмову, паколькі Кнігі Царстваў у Скарыны складаюць адзіны комплекс і ім папярэднічае агульная прадмова на 4 лісты. А для напісання прадмовы да Кнігі Суддзяў Скарыне, відаць, бракавала матэрыялу (у прадмове пераважае пералік), тады як пры напісанні прадмовы да Кнігі Левітаў яму, наадварот, не хапіла звычайных 4 лістоў і ён падоўжыў прадмову яшчэ на паўтара ліста, а на адвароце апошняга змясціў ілюстрацыю. Астатнія біблійныя кнігі налічваюць меней за 40 лістоў, таму памер іх прадмоў абмежаваны 2 лістамі; толькі самая маленькая Кніга Руф (8 лістоў) мае прадмову на 1 ліст (фактычна – на 1 старонку, як і прадмовы да кожнай з Кніг Царстваў).

Абодва гэтыя фактары – фармат і лістаж кнігі – абмяжоўвалі памеры прадмовы пэўнай колькасцю старонак. Аўтар быў вымушаны звужаць або расцягваць свае творы да патрэбнага аб’ёму [14]. Так, у прадмове да Кнігі Лічбаў ён шмат месца аддаў пералічэнню 42 станаў Ізраілевых, так што не засталося месца для гаміліі, таму прадмову Скарына завяршыў гэтак: Что пак тое духовне знаменуется для краткости на сесь час опущаем. Падобная ж практыка бачная і ў пасляслоўях. Калі біблійны тэкст заканчваўся пасярэдзіне старонкі, Скарына даводзіў яго графічна (у выглядзе калафона) ці змястоўна да належнай працягласці, каб завяршыць набор напрыканцы старонкі. Усё гэта, з аднаго боку, абумоўлівала блізкі да стандартнага памер прадмоў (аднак не пасляслоўяў), але, з другога, разбурала і ўскладняла іх кампазіцыю, празмерна пашырала некаторыя часткі, вяло да паўтораў і асіметрыі.

З гэтай прычыны і атрымліваецца, што літаратурны цыкл Скарынавых прадмоў, як слушна адзначае А.Дзёмін, не замкнёны і не падпарадкаваны жорсткай схеме (ДЕМИН 1994: 44). Выдавец не мог дакладна прадбачыць памер сваіх прадмоў і пры патрэбе ўводзіў такія нерэгулярныя часткі, як кампазіцыя, дадатковыя звесткі, канклюзія. Відаць, таму фармуляр Скарыны, сталае месца якога ў пасляслоўі, “пранікае” ў прадмову, а некаторыя тэмы, уласцівыя прадмове (этымалогія, гісторыя ці анатацыя), трапляюцца і ў пасляслоўях. Так, у прадмове да Кнігі Выхад і Кнігі Другога Закону ў Скарыны не знайшлося месца для этымалогіі назвы кнігі і ён падаў гэтую этымалогію ў пасляслоўі. А вось у прадмове да Кніг Эклезіяста, Песні Песняў, Левітаў і Лічбаў ён выкладае этымалогію, але тым не менш паўтарае яе ў пасляслоўі – відавочна, з мэтай “расцягнуць” тэкст пасляслоўя да патрэбных размераў, каб давесці набор да канца старонкі.

Структурны аналіз пражскіх прадмоў Францыска Скарыны паказвае наяўнасць у іх тэксце пэўных тэматычных частак, якія вызначаюцца ўстойлівымі і рэгулярнымі сінтаксічнымі і лексічнымі маркерамі. Менавіта тэматычныя часткі выступаюць структурнымі элементамі прадмоў, арганізуюць выклад у пэўнай паслядоўнасці і будуюць кампазіцыю твораў. Гэта надае пэўную стандартнасць і тыпізаванасць прадмовам Скарыны і дазваляе разглядаць іх сукупнасць як літаратурны цыкл (ДЕМИН 1994: 42–44). Разам з тым структурны аналіз паказвае, што тэматыка і кампазіцыя прадмоў Скарыны абумоўлівалася не толькі зместам біблійнай кнігі, але і роляй дадзенай прадмовы ва ўсім цыкле прадмоў, а таксама некаторымі знешнімі для зместу параметрамі, такімі як фармат, суразмернасць, выгляд друкаванай кнігі. Гэта абсалютна заканамерна для такога функцыянальнага тэксту, як прадмова. Прадмова не мае своеасаблівых выяўленчых і апавядальных сродкаў, а запазычвае іх у іншых жанраў. Таму тэматычныя часткі прадмоў Скарыны ўяўляюць сабой варыянты ці апрацоўкі ўжо існуючых жанраў (такія як гамілія ці гісторыя) і наратыўных схем (такія як анатацыя, выклад кампазіцыі, канклюзія), якія былі запазычаны беларускім гуманістам і прыстасаваны для мэтаў выдання. Толькі адзін тэматычны элемент прадмовы – фармуляр Скарыны – можа лічыцца яго ўласнай і арыгінальнай знаходкай, упершыню ўведзенай у жанр прадмовы (па крайней меры, пакуль не будуць знойдзены прататыпы такога фармуляра ў заходнееўрапейскай прадмове). Творы Скарыны, сапраўды, маюць сваю рыторыку, але гэта зусім інакшая рыторыка – рыторыка прадмовы.

SUMMARY

Ihar KLIMAU

SUBJECT AND COMPOSITION OF THE PRAGUE FOREWORDS BY FRANCISC SKARYNA

The author analyses peculiarities of the contents, rhetoric and style of the 25 forewords to the 23 books of The Old Testament which Francisc Scaryna published in Prague in 1517–1519.

РЕЗЮМЕ

Игорь КЛИМОВ

ТЕМАТИКА И КОМПОЗИЦИЯ ПРАЖСКИХ ПРЕДИСЛОВИЙ ФРАНЦИСКА СКОРИНЫ

Анализируются содержательные, риторические и стилистические особенности 25 предисловий Франциска Скорины к изданным им в Праге в 1517–1519 годах 23 книгам Ветхого Завета.


* Напісана спецыяльна для часопіса “КРАЙ = KRAJ” (даслана ў рэдакцыю 12 чэрвеня 2002 г.).

Заўвагі

1. Парцэляцыя Бібліі – беспрэцэдэнтная з’ява для той эпохi. На парцэляцыю Скарыну прымусілі пайсці хутчэй за ўсё меркантыльныя меркаванні: з аднаго боку, выданне поўнай Бібліі было цяжка прафінансаваць, а з другога боку, гэта палягчала пакупнікам набыццё кніг (друкаваныя кнiгi каштавалi нятанна), а значыцца, і збыт выданняў, што азначала хуткі зварот укладзеных сродкаў.

2. А.Яскевіч мяркуе, што прадмовы і пасляслоўі Скарыны выступалі ў якасці службовага апарату да тэксту Бібліі, што неверагодна: службовы характар мелі выданні толькі для святароў (ЯСКЕВІЧ 1995: 6, 9). Але яна лічыць, што выданні Скарыны мелі ўжытак у царкоўнай практыцы (ЯСКЕВІЧ 1995: 12, 18).

3. Памылкова залічваць да Скарынавых прадмоў прадмову Ісуса Сіраха да адпаведнай кнігі, паколькі гэтая прадмова – складнік самой біблійнай кнігі і належыць не Скарыне, а Ісусу Сірахаву, аб чым і паведамляе Скарына ў загалоўку і пасляслоўі: предсловие (самого) Исуса сына Сирахова.

4. Упершыню думку аб жанравым адрозненні прадмоў выказаў А.Коршунаў, калі параўнаў пражскія прадмовы (пераважна названыя пред(о)словиями) з віленскімі (пераважна названыя сказаниями). Бачачы знешнюю і ўнутраную розніцу паміж імі, ён дапусціў, што гэтая розніца абумоўлена жанрам. На яго думку, сказания, даючы сціслы пераказ тэксту, маюць апісальны характар (аднак гэта справядліва бадай што толькі для віленскіх выданняў) (КОРШУНАЎ 1969: 193).

5. Ужо В.Дарашкевіч параўноўваў сказание з урачыстым казаннем на падставе ўзнёсласці і аратарскага духу гэтых твораў (ДАРАШКЕВІЧ 1989: 132). А.Яскевіч лічыць, што пред(о)словия вызначаюцца “прытчавым і алегарычным характарам”, “алегарычнасцю і прыпавесційнасцю” (праўда, не абсалютна, а “значна большым” і “як правіла”), тады як сказаниям уласцівы “элементы пропаведзі-казання”, “прыкметы пропаведзяў, святочных казанняў” (але якія канкрэтна – яна не ўказвае) (ЯСКЕВІЧ 1994а: 5–6, ЯСКЕВІЧ 1995: 12–13). Але і сказания не пазбаўлены “сінкрэтычных прыкмет” і ў іх прысутнічае “апавядальны, павесційны (sic!) струмень”. Яе супрацьпастаўленне пред(о)словия і сказания, пошук “змястоўных і жанравых” адрозненняў паміж імі, на жаль, не абгрунтаваны матэрыялам, а базуецца на рознагалоссі “прадмоўнай” тэрміналогіі ў самога Скарыны. Тым не менш, яна лічыць адрозненне прадмоў ад сказаний даказаным і ўпэўнена гаворыць пра іх як пра розныя жанры.

6. На гэтай падставе В.Дарашкевіч мяркуе, што ў Скарыны пачата тэматычна-функцыянальная дыферэнцыяцыя, але не завершана. “Напэўна ж, і сам гуманіст бачыў пэўную тэрміналагічна-жанравую ўмоўнасць сваіх вызначэнняў прадмоў… і надаў ім адносна цэласную моўна-выяўленчую палітру, стылістыку і паэтыку…” (ДАРАШКЕВІЧ 1989: 134). На яго думку, сінкрэтызм прадмоў Скарыны і іх энцыклапедычнасць абумоўлены неразвітасцю ўсходнеславянскіх краін і іх перыфірыйным становішчам у Рэнэсансавай Еўропе (ДАРАШКЕВІЧ 1989: 135). Адсюль – адзін крок да высновы, тыповай для савецкіх аўтараў, што ў творах Скарыны – зародкі розных навук, зараджэнне “цэлага рада навуковых галін” (тамсама). А.Яскевіч таксама ахвотная бачыць “працэс зараджэння жанру казання ў межах прадмовы” (ЯСКЕВІЧ 1995: 13, а таксама ЯСКЕВІЧ 1994а: 6).

7. Напрыклад, імкненне Скарыны да метафорыкі, заўважнае ў прадмове да Кнігі Прыпавесцяў Саламона, адлюстроўвае жанр прыпавесці, уласцівы гэтай кнізе (MCMILLIN 1988: 7). Розныя пералічэнні, вельмі частыя ў пражскіх прадмовах, А.Яскевіч разглядае як праяву акумулятыўнага стылю Скарыны (ЯСКЕВІЧ 1994а: 15–16, ЯСКЕВІЧ 1995: 96–104, ЯСКЕВІЧ 1998: 78–80).

8. Найбольш абачлівыя аўтары, аднак, заўважаюць, што вызначыць жанравую спецыфіку Скарынавых прадмоў вельмі складана (ШАКУН 1989: 104).

9. Пэўна, упершыню меркаванне аб сінкрэтычнасці жанру прадмоў выказаў В.Чамярыцкі (гл. ЧАМЯРЫЦКІ 1979: 74, а таксама ЧАМЯРЫЦКІ 1989: 113, ЧАМЯРЫЦКІ 1990: 267). На яго думку, прадмовы Скарыны сумяшчаюць рысы навукова-папулярнага літаратурнага нарыса, гісторыка-філалагічнага каментара і пашыранай анатацыі да твора. Таксама А.Яскевіч кажа не пра “суцэльны, чысты, сфармаваны жанр”, а пра “жанравую дыфузнасць” (ЯСКЕВІЧ 1995: 13, ЯСКЕВІЧ 1995: 82). “На адной плошчы сумяшчаюцца элементы каментарыя, пропаведзі, экзэгезы, гэтую складаную тэхніку кампанавання зместу вытрымаць цяжка” (ЯСКЕВІЧ 1995: 82). Інакшы падыход дэманструе А.Дзёмін, які разглядае нізку прадмоў Скарыны як літаратурны цыкл (ДЕМИН 1994: 43–45).

10. Слушна крытыкуе такіх даследчыкаў А.Яскевіч, якая патрабуе прыцягнення “канрэтна-гістарычнага аналізу”, “рыторыкі старажытных помнікаў” і “прыёмаў экзегэзы і герменэўтыкі” (ЯСКЕВІЧ 1995: 5–8).

11. Так, Скарына з піетэтам неаднаразова згадвае Св. Ераніма, старажытнага перакладчыка Вульгаты, а ў некаторых месцах прадмоў Скарыны бачна падабенства да Еранімавых прадмоў, якія часта змяшчаліся ў тагачасных нямецкіх і чэшскіх бібліях (ВЛАДИМИРОВ 1888: 101, 106, 108–109, 117–118, 124). Таксама П.Уладзіміраў указаў на гамілію Васіля Вялікага на Першы псалом як на крыніцу прадмовы да пражскага Псалтыра, адзначыўшы, што ўступная частка гэтай гаміліі служыла ў царкоўнаславянскім пісьменстве прадмовай да псалтыроў (ВЛАДИМИРОВ 1888: 82–83). Услед за П.Уладзіміравым гэта паўтарыў і В.Чамярыцкі (гл. ЧАМЯРЫЦКІ 1989: 120–122, параўн. таксама ЧАМЯРЫЦКІ 1990: 266).

12. Да “пошукаў” А.Яскевіч у гэтым кірунку трэба ставіцца з насцярогай. Так, яна адрознівае казанне ад пропаведзі (хаця гэта тое самое): “Скарынаўскае казанне па сваёй сутнасці і ўяўляе сабой пропаведзь” (ЯСКЕВІЧ 1995: 12, а таксама 13, 84), але атаясамлівае казанне і гамілію: “казанне, ці па-тагачаснаму, гамілія” (ЯСКЕВІЧ 1995: 83), хаця гэта розныя рэчы (MURPHY 1974: 298). Элементы трохчасткавай рытарычнай схемы (паводле Галаятоўскага) яна знаходзіць нават у пасляслоўях Скарыны (ЯСКЕВІЧ 1995: 83–84, ЯСКЕВІЧ 1998: 75).

13. А.Яскевіч мімаходзь адзначае, што прадмовы і пасляслоўі Скарыны – гэта немастацкія тэксты (ЯСКЕВІЧ 1995: 85, 87). Аднак В.Чамярыцкі гаворыць аб іх мастацкай дасканаласці (ЧАМЯРЫЦКІ 1990: 267).

14. Верагодна, у некаторых выпадках гэта высвятлялася ўжо ў час друкавання, і Скарыне даводзілася ў друкарні “дапаўняць” свае прадмовы тэкстам (як у прадмове да Кнігі Прыпавесцяў Саламона) або ілюстрацыямі (як у прадмове да Кнігі Левітаў).

Літаратура

Владимиров П.В. Доктор Франциск Скорина: (Его переводы, печатные издания и язык). Санктъ-Петербургъ, 1888.

Дарашкевіч В.І. Жанравыя асаблівасці прадмоў і пасляслоўяў Скарыны // Спадчына Скарыны: Зборнік матэрыялаў І Скарынаўскіх чытанняў (1986). Мінск, 1989. С. 131–139.

Демин А.С. Скорининские предисловия к библейским книгам как литературный цикл // Великою ласкою: (Францишек Скорина в традициях славянского просветительства). Москва, 1994. С. 41–46.

Конан У.М. Праблема літаратурнага жанру ў эстэтыцы Францыска Скарыны // Скарына і яго эпоха. Мінск, 1990. С. 328–340.

Конан У.М. Прадмова // Францыск Скарына і яго час: Энцыклапедычны даведнік. Мінск, 1988. С. 460–462.

Конан У.М. Эстэтычныя і маральна-этычныя сімвалы ў творах Скарыны // Спадчына Скарыны: Зборнік матэрыялаў І Скарынаўскіх чытанняў (1986). Мінск, 1989. С. 107–112.

Конон В.М. Литературные жанры, художественные символы и мифологические образы в творчестве Ф.Скорины // Франциск Скорина – белорусский гуманист, просветитель, первопечатник. Минск, 1989. С. 73–82.

[Коршунаў А.Ф.] Літаратурна-публіцыстычная спадчына Францыска Скарыны // Францыск Скарына: Прадмовы і пасляслоўі. Мінск, 1969. С. 182–197.

Чамярыцкі В.А. Беларуская літаратура на рубяжы эпох // Скарына і яго эпоха. Мінск, 1990. С. 209–277.

Чамярыцкі В.А. Літаратурныя крыніцы Скарынаўскіх прадмоў // Спадчына Скарыны: Зборнік матэрыялаў І Скарынаўскіх чытанняў (1986). Мінск, 1989. С. 113–123.

Чемерицкий В.А. Франциск Скорина и становление белорусской литературы // Белорусский просветитель Франциск Скорина и начало книгопечатания в Белоруссии и Литве. Минск, 1979. С. 71–76.

Шакун Л.М. Стилистика скориновских предисловий // Франциск Скорина – белорусский гуманист, просветитель, первопечатник. Минск, 1989. С. 101–108.

Яскевич Е.А.(а) Произведения Франциска Скорины: (Структура, экзегеза, образность) Автореф. …канд. филол. наук. Минск, 1994.

Яскевич Е.А.(б) Франциск Скорина и риторическая культура // Великою ласкою: (Францишек Скорина в традициях славянского просветительства). Москва, 1994. С. 47–51.

Яскевіч А.А. Творы Скарыны: (Жанравая структура. Філасофскія погляды. Мастацтва слова). Мінск, 1995.

Яскевіч А.А. Францыск Скарына як духоўны пісьменнік // 480 год беларускага кнігадрукавання: Матэрыялы ІІІ Скарынаўскіх чытанняў. Мінск, 1998. С. 64–86.

McMillin A.B. Francis Skaryna’s biblical prefaces and their place in early Byelorussian literature // The Journal of Byelorussian Studies. 1988. Vol. 6. № 1. P. 3–11.

Murphy J.J. Rhetoric in the Middle Ages: (A history of rhetorical theory from Saint Augustine to the Renaissance). Berkeley – Los Angeles – London, 1974.


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Магілёўскага Таварыства БРАМА
 кантакт: epostbox@tut.by

 

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія