БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

ПУБЛІКАЦЫІ МАГІЛЁЎСКАГА ТАВАРЫСТВА БРАМА НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
КРАЙ - KRAJ 1-2 / 2002

Афарыстыка мовы твораў Максіма Гарэцкага
(Спроба ідыястылістычнага аналізу)
*

 

Яўген Іваноў
(Магілёў, Беларусь)

Афарызм як форма філасофскага і мастацкага самавыяўлення займае адметнае месца ў творчасці М.Гарэцкага (1893–1939) – аднаго з выдатных беларускіх пісьменнікаў-мысляроў першай трэці ХХ стагоддзя. Ён не быў творцам-афарыстам у поўным сэнсе гэтага слова, бо ніколі не ствараў афарызмы свядома як асобныя мастацкія тэксты (калі не лічыць аўтарскія эпіграфы-афарызмы да асобных твораў або раздзелаў). Але сапраўды таленавітага, а тым больш геніяльнага, пісьменніка немагчыма ўяўвіць без пэўнай схільнасці да абагульненага, афарыстычнага асэнсавання быцця чалавека і прыроды, без няспынных пошукаў адказаў на “вечныя пытанні” жыцця, што не даюць спакою розуму і душы чалавека (“Жыццё, жыццё, што ты такое ёсць?”). М.Гарэцкі як ніколі не ўхіляўся ад гэтых пытанняў ні ў сваім шматпакутным жыцці, ні ў сваёй шматграннай творчасці. Параўн.: Жыццё, жыццё… як тая мара (“Што яно?”); Жыццё, жыццё, ці ж ты вартае таго, каб жыць?… А трэба нажыцца даволі, каб не шкадаваць памёршы (“Што яно?”); І калі ў рэторце наўчонага будзе пачынацца чалавецкае жыццё – душа астанецца слепа аж да смерці свайго цела, а можа, і па смерці яго… (“Антон”); Людзі капашацца… Не ўсё роўна, хто там душыць каго! Я вышэй гляджу! Жыццё (“Рунь”); Усяк людзі жывуць, а жывуць… (“Антон”); Чалавеку інтэлігентнаму і сорамна нудзіцца, калі ён мае сваё разумовае жыццё (“Гапон і Любачка”); Якія вы няпэўныя, шляхі нашага жыцця! (“Хоцімка”) і г.д. (крыніцай афарыстычнага матэрыялу з’яўляецца збор твораў пісьменніка ў чатырох тамах Гарэцкі 1984–1986, а таксама асобнае выданне аповесці “Дзве душы”, гл. Гарэцкі 1990).

Характэрнай рысай афарыстычнай творчасці М.Гарэцкага з’яўляецца ўжыванне афарызмаў у творах іншай жанравай прыналежнасці, што ўласціва ўсёй беларускай літаратуры канца ХІХ – першай трэці ХХ стагоддзя, на якую амаль ніякага ўплыву не аказаў росквіт у гэты час афарызма як асобнага мастацкага твора ў еўрапейскай літаратуры. Афарызмы сустракаюцца амаль у кожным больш-менш значным мастацкім творы пісьменніка (першую ў беларусістыцы спробу апісання афарыстыкі мовы твораў М.Гарэцкага гл. Іваноў, Рагаўцоў 1992). Афарыстычная думка ўзнікае і існуе ў апавяданнях, аповесцях, раманах М.Гарэцкага не сама па сабе і дзеля самой сябе, а арганічна вынікае з аўтарскага стаўлення да пэўных чалавечых рысаў ці жыццёвых абставін, тых ці іншых з’яў грамадскай або гістарычнай рэчаіснасці, наогул усяго навакольнага свету і непадлеглых рацыянальнаму тлумачэнню феноменаў быцця – таго, што апісвае пісьменнік у сваіх творах. Параўн.: Адным енкам ды стагнаннем бядзе людской не паможаш. Каб другога вызваляць, трэба самому крэпкім быць, на сілы не ўпадаць, а то і самога затопчуць (“Роднае карэнне”); Але колькі ўжо выпадкаў было ў гісторыі, што з самае вяршыні шчасця чалавек раптоўна звальваўся ў самае бяздонне плачу і адчаю (“Смачны заяц”); Моладзь сама творыць жыццё, дык сорам ёй звальваць віну на ненармальнасць сучаснага сацыяльна-грамадскага жыцця (“У чым яго крыўда?”); Нічога не ведаем, не ведалі і ведаць не будзем… Навука, чэрці, зданнё… Нічога не ведаем… Бог, чэрці, душы… Не ведаем… (“Роднае карэнне”); Няма нічога прыемна-смутнейшага, як слухаць музыку падземную, музыку з таго свету… Як невымоўна-тужлівыя весці аб марнасці свету, весці нам, малым і дробным, аб даўней жыўшых вялікіх у сваёй вечнасці людзей, выплываюць гукі падземныя… (“Руіны”); Пакуль няма магчымасці ісці шляхамі без камення і калючак, ідзем як трапіцца, і слава хай будзе таму, хто і на гэтых цярнёвых сцежках мае вочы… (“Хоцімка”); Справядлівы шлях ідэйнага і сумленнага чалавека – шлях дабра, праўды і хараства… (“У чым яго крыўда?”); Усе людзі добрыя, ладныя, любыя, а як мучацца бедныя!… (“Роднае карэнне”) і г.д.

Кожны з афарызмаў М.Гарэцкага гэта невялікі слоўны шэдэўр, сплаў сапраўды арыгінальнай думкі і высокамастацкай формы яе адлюстравання. Сярод афарызмаў сустракаюцца і вялікія паводле сінтаксічнага аб’ёму выказванні, і цэлыя нізкі афарызмаў, і нават цэлыя перыяды, надзвычай гарманічныя па сваёй кампазіцыйна-сінтаксічнай будове, і вельмі сціслыя нават для афарызмаў фразы – яскравы прыклад амаль віртуознага валодання пісьменнікам роднай мовай і яе стылістычнымі сродкамі выразнасці. Параўн. Жыццё, жыццё! Мы ўсе прыходзім на свет хто песняром, хто разбяром, а хто і тым і сім патроху. Мы ўсе ў гады прачнавання нашага розуму – рэфарматары нягоднага старога, будаўнікі лепшай сацыяльнасці, славутыя настаўнікі ці добрыя разбойнікі, але часта-часта жыццё нічагусенькі не пакідае нам і робіць жаласнымі старцамі без пары (“Ціхая плынь”); Найдаражэй за ўсё на свеце ёсць воля. Воля – гэта ўсё. Воля – змысл нашага земнага існавання (“Мутэрка”); Сардэчная хвароба – хвароба геніяў (“Смачны заяц”); Так бывае з іншымі людзьмі, што не могуць яны памятаваць абы-якога матыву, абы-якога голасу ад першага разу, затое ж, калі мінуцца дні, тыдні й месяцы або й цэлыя гады, неўспадзеўкі, нечакана, з найменьшай прыгоды, маючай нейкае адношанне да мінулай пары, у вушох раптам ясна, выразна і з дэталічнасцю падобна загучыць той матыў, і запяець той голас, і збудзіць у душы абраз даўна пражытога часу, і выгукнець асабліва тонкія пачуцці (“Дзве душы”) і да т.п. Шчыльна кладуцца ў афарызмах словы, і ў той жа час вельмі дакладна, быццам слова само прыцягваецца на патрэбнае яму месца. Але за знешне вытанчанай формай афарызмаў М.Гарэцкага ніколі не губляецца тое першапачатковае пачуццё, якое выклікала саму думку.

Уражвае і семантыка-геналагічная разнастайнасць афарызмаў М.Гарэцкага. Гэта і максімы, і сентэнцыі, і трапныя словы (альбо “грыгерыі”), і труізмы, і нават парадоксы (семантычныя параметры названых тыпаў афарызмаў вызначаны ў працах Иванов 1997, Іваноў 1996а, 1997б, 1999, 2000а, 2000б). І кожны з іх у пісьменніка можна лічыць узорам адпаведнай разнавіднасці афарыстычнага жанру.

1) “Максімы”, параўн.: Кахаць, вучыцца і працаваць дзеля вызвалення Беларусі! (“Роднае карэнне”), Маладыя, вучыцеся ад старых, як трэба жыць, як трэба ўкладаць мудрасць вякоў у свой кароткі зямны шлях – для маладога цёмны, невядомы і небяспечны (“Угода богу”); Чытай у кніжках і ў разумных людзей пытайся, як жылі даўней нашы тутэйшыя людзі. Споўніш гэты загад – у жыцці не ашукаешся, будзеш ведаць, што рабіць трэба. І ніякія думы чорныя не змогуць цябе (“Роднае карэнне”) і да т.п.

2) “Сентэнцыі”, параўн.: Перш-наперш ёсць сумленны чалавек, а потым ужо чалавек такой-та нацыі, такой-та веры і гэтак далей (“Мутэрка”), Справа не ў скнарнасці, а ў тым, як чалавек зносіць тую сваю скнарнасць (“Пабожны мешчанін”) і да т.п.

3) “Грыгерыі”, параўн.: А што ж на свеце можа быць лепей за сяброўскую дзявочую ласку? Каханне вымагае мукі і няволі і выпіваецца, як чарка хмелю, – сяброўства з дзяўчынаю дае радасць і прыемны супакой (“Меланхолія”), Да паноў лаянка людзей ніжэйшых ніколі не прыстае. Яны яе не чуюць. Яна толькі потым адгукаецца, на кім трэба (“Віленскія камунары”) і да т.п.

4) “Труізмы”, параўн.: Пісаць – значыць працаваць дзеля людскога чытання (“Рунь”), Хто хоча жыць – няхай жыве, а хто памерці хоча – памрэ няхай… (“Рунь”) і да т.п.

5) “Парадоксы”, параўн.: Мой родны край, краса мая, з табою век не ў згодзе я… (“У лазні”), Спачуццё шчаслівага да няшчаснага сфальшыфіла чыстую ў муках душу чалавека (“Смачны заяц”) і да т.п.

Вельмі багатыя афарызмы М.Гарэцкага сваім зместам. У іх можна знайсці ўсё, што прыцягвала вока пісьменніка. А ён у сваёй творчасці кіраваўся прынцыпам – усюды жыццё, людзі, пра якіх ёсць, што паведаміць іншым людзям, свету. І пры гэтым не адрывацца, кроку не ступаць ад жывой рэальнасці і праўды жыцця, як у вялікім, так і ў дробным. І не хапацца за стварэнне “глабальных” (а таму вельмі часта і пустых) ісцін, а “разгадваць” жыццё самае звычайнае, самае паўсюдзённае – усё, што сустракаецца на чалавечым шляху, разгадваць праз чалавечыя забабоны, праз “таемнае”… Нездарма ў афарызмах М.Гарэцкага ўсяму ёсць месца – тут і роздумы над чалавечым прызначэннем на зямлі (дзе ёсць і чалавечае цяпло, і холад, таксама чалавечы), і філасофскія разважанні аб сутнасці і крыніцы ўсяго існуючага ў свеце (“І адкуль яно ўсё? І чаму яно ўсё? І што яно ўсё?”), і заклапочанасць лёсам свайго народа, сваёй Бацькаўшчыны, і погляд у глыб самога сябе дзеля большага, лепшага разумення, бачання ўсяго, што трэба асэнсаваць, на што трэба знайсці адказ, і шмат чаго іншага. Параўн.: Бяссільнасць пакрыўджанага – самае балючае пачуццё. Лягчэй можна дараваць крыўду індывідуальную, чым нацыянальную ці класавую (“Спрэчкі”); Ідэал, што хутка дасціглы – не вялікі ідэал… І наогул – дасціглы ідэал – не ідэал… (“Антон”); І няма прыгожых перажыванняў. І калі ёсць пачаткі таго ў людской маладосці, дык надта паспешна загняцець іх бруд. Астанецца кляцьба, лаянка і злосць (“Дзве душы”); Калі нам хочацца смакаваць хараство ў абробленым па-мастацку каменю ці на палатне, дык чаму ж не палюбавацца на жывое, богам створанае жаночае хараство? (“Дзве душы”); Як прыгожа, як цудоўна-люба, якое вялікае мастацтва ў кожнай драбязінцы з творчасці Вялікай Непазнаванай Сілы! Прыемна, люба, не страшна, а неспакойна… (“Што яно?”); Эх, чалавек, чалавек! Усё роўна не дабіцца табе, адкуль усё і што яно… (“Рунь”) і г.д.

Афарызмы М.Гарэцкага – гэта вельмі часта вынік знітавання індывідуальна-аўтарскага светаўспрымання з шматвекавым вопытам народнага мыслення, з нязломнай духоўнай сілай прыгнечанага, забітага, з выгляду “шэрага” беларускага селяніна. Шмат якія з афарызмаў пісьменніка знешне “спрошчаныя” да ўласцівай народнай свядомасці “нагляднай філасофіі” ў асэнсаванні рэчаіснасці, але па глыбіні, дасціпнасці самой думкі яны не ўступаюць класічным узорам афарыстычнага жанру. Параўн. Во і мучаецца чалавек – адкуля свет, адкуля што. Бога шукаць пачынае… Глядзіш: дыбаў, дыбаў чалавек па гэтаму каўзялю, – пасклізнуўся, заваліўся… І навука не паможа, зможа такога, бо прырода і навуку адолевае (“Роднае карэнне”); Колькі трэба, ведай, а ў вялікае не залазь, а то каб шыю, бывае, не скруціць (“Роднае карэнне”); О, вы – шчаслівыя і нешчаслівыя дзянькі ў людскім жыцці! Няма рады ўсцерагчыся ад вас, бо схаваным ёсць ад людскога ведання, на які час вы прыпадаеце, калі вы прыходзіце і калі адыходзіце. А, мусіць, прыйдзе залатая пара, што перастане людское племя верыць у вас, і тады ўжо згіне ярмо, якое ўскладаеце вы дагэтуль на тое племя (“У чым яго крыўда?”); Цяжка, калі чалавек не мае прытульнага чалавека ў жыцці (“Антон”); Як ні спрачайся, – жывець кожны, як жывецца (“Амерыканец”) і да т.п. М.Гарэцкі і наогул ніколі не быў схільны да залішняй мудрагелістасці ці пустога эпатажу, ён быў і ў жыцці, і ў творчасці сапраўды “мудры ў сваёй прастаце філосаф”.

Ідыястыль М.Гарэцкага найбольш выразна праяўляецца на афарыстычным узроўні яго мовы. Ужыванне афарызмаў як стылеўтваральнага элемента абумоўлена прагматычнай устаноўкай пісьменніка пісаць эканомна, “паўтанамі”, але з поўнай сілай пачуцця” (А.Адамовіч). Афарыстычнасць прозы М.Гарэцкага дасягаецца ўключэннем у мову яго твораў як адзінкавых выказванняў афарыстычнага зместу, так і агульнай афарызацыяй стылю, калі апісанне той ці іншай канкрэтнай з’явы набывае агульны характар (дзякуючы “схаванай” праз частковую факталагізацыю афарыстычнай думцы) або калі разважанне на тую ці іншую філасофскую тэму адлюстроўваецца толькі афарыстычнымі выказваннямі. Параўн.: Ёсць той гатунак людзей-самавукаў, каторыя хоць і вялікай высакосці даходзяць у мастацтве, палітыцы ці абы-якой навуцы, але назаўсёды застаюцца з нейкай хібаю ў самым грунтоўным, а дзеля таго неўспадзеўкі і страшна лёгка зваліваюцца часам на самы дол чалавечай думкі. Яны, гэтакія, нейкім дзівам сумяшчаюць у душы сваёй найлепшы, здаецца, гуманізм і найгоршае, акажацца, чалавеканялюбства, хімію і алхімію, марксізм і хірамантыю і з аднолькавай шчырасцю веруюць у тое і другое. Багі іхнія любяць завадзіць сварку, скідаюць адзін аднаго з пасаду і робяць у галаве свайго паклонніка незвычайны сумбур. Багоў гэтых зазвычай надта многа, але бываюць часіны, што і няма нічога, вось тагды людзі такога гатунку і вырабляюць розныя неспадзеўныя штучкі (“Дзве душы”); Іншыя натуры, каб жыць далей і мець нейкі спакой, чуюць пільную патрэбу ў якасці і добрай цямнасці ўва ўсім, што ёсць навакол, і таксама ў сваім жыцці за астатнія, пасля такога ж уразумення час. Гэтакіх натур найболей сярод славянаў і народаў Усхаду. Яны патрабуюць нейкага здавальнення і спакою духу ў адносінах да ўсяго, што ёсць і што дзеецца на свеце. Час ад часу проста карціць ім упарадкаваць думкі свае – гэта азначае: хоць і не развязаць спрадвечнага пытання: “Адкуля ўсё і што яно?” – дык хоць супакоіць сябе, падумаўшы, палетуцеўшы і ізноў набраўшыся яснасці ў поглядах на спрадвечна няяснае. З аднаго боку гэта выглядае патрэбным чалавеку падрахункам, а з другога боку – непатрэбнай і шкоднай штукай у такую пару, калі “грошы – час” (“Дзве душы”); У чалавека павінны быць дзве роўныя часткі: цвёрдая і мяккая. У немца гэта якраз палавінкі. У другіх народаў – як калі. А ў славяніна мяккая часць залішне вялікая на кошт цвёрдай, дужа залішне (“Амерыканец”); У чалавека дзве часці: душа і цела. У славяніна дух за цела і толькі. А пражыццё… Здолеюць некалі і яны жыць практычна… (“Амерыканец”) і да т.п. Адметна выкарыстоўвае пісьменнік афарызмы і як назвы сваіх апавяданняў (“Усё мінаецца”, “Ідуць усе – іду я…” і інш.), а таксама ў якасці эпіграфаў да ўсяго твора ці яго асобных частак (параўн. у апавяданнях “Ідуць усе – іду я…”, “Смачны заяц”, “Прысяга” і інш.).

Афарызм можа быць пакладзены ў аснову і цэлага мастацкага твора. Параўн., напрыклад, індывідуальна-аўтарскае “разгортванне” сэнсу прыказкі бел. Лазня ўсіх мые, а сама ў гразі стаіць (гл. Рапановіч [1958] 1974: 146) у адным з зместавых планаў апавядання “У лазні” (1912).

Афарызмы ў творах М.Гарэцкага не выпадковая гульня розуму і не сродак стылістычнага ўпрыгожвання мастацкага тэксту, у іх адлюстраваны пошукі ісціны, пошукі адказаў на адвечныя пытанні жыцця. Параўн.: Можа, калі-небудзь і аба ўсём, што каля нас незразумелага, даведаюцца людзі. Бог ведае… Адно астанецца людзям навекі святою загадкаю – гэта тварэц наш найвышні. Каб не было дано людзям гэтай загадкі, не было б чалавецкага жыцця… Прапалі б людзі (“Роднае карэнне”). Мы не ведаем, што будзе пасля нашае смертухны, а на гэтым свеце на ўсё адгадкі знайсці не можна, шукай ні шукай. І шчасліў той, хто мірыцца лёгка з гэткім будаваннем жыцця або хто бадайшто не думае аб гэтых “шалёных” пытаннях, ці ў беганні за кавалкам хлеба забывае аб іх, шчасліў ён. І гора, вялікае гора таму, хто захоча хоць на адзін момант, адным вокам зірнуць на той бок заслоны! Яму адзін шлях к разгадцы, шлях страшны і, галоўнае, няпэўны, няпэўны шлях, і гэты шлях – смерць (“Роднае карэнне”). Як, у істоце, усё каля нас дзіўна, няясна… Навука? Што ж навука? Яна, скажам, дае малюпаценькія адказы, якім парадкам робіцца што ў прыродзе. Ну і ўсё. Наўчоныя людзі падлічылі, колькі важыць зямля, ці далёка ад зямлі месяц, сонца; яны ведаюць, па якіх дарогах бегаюць планеты, а няхай дадуць яны адказ, хто пусціў іх у гэткі гарманічны ход, няхай яны знойдуць першапрычыну ўсякае істоты. Навука ведае, што за жывучкі, неўгледныя простым вокам, робяць хваробы, яна ведае, што ўжываюць клетачкі, з каторых складаюцца людзі, жывёла, расліны, але што ж?… Не, навука ніколі не дасць, бо не можа даць, адказу на праклятыя пытанні. Ды ў яе і цэль зусім іншая (“Роднае карэнне”).

Пэўная частка афарызмаў М.Гарэцкага была “абавязаная” сваім з’яўленнем актуальным пытанням свайго часу і натуральна сэнсава зарыентаваная на іх неадкладнае асэнсаванне і вырашэнне. Параўн.: У нашы часы могуць жыць у творчасці толькі фанатыкі з правага ці левага боку. Вялікі сум нашых дум перавышае патрэбу тварыць (“Ідуць усе – іду я…”). Людзей прадпрыімлівых, рухавых і здольных душыць жыццё абчэственнае (“Роднае карэнне”). Эх! Пайсці і сілу сваю на ўвесь свет паказаць, прагнаць крыўдзіцеляў, вытурыць іх ад людзей бедных, шчырых, змірных і пакорліва-прыяючых, людзей родных і балюча скрыўджаных. І добра на зямельцы будзе ўсім! Усе родныя, радыя, усе дужыя, ладныя (“Роднае карэнне”) і да т.п.

Разам з тым нямала афарызмаў М.Гарэцкага характарызуюцца надзвычай актуальным і для нашага часу інфармацыйна-прагматычным зместам. Асабліва гэта выяўляецца ў выслоўях, у якіх асэнсоўваецца лёс Бацькаўшчыны, беларускага нацыянальнага адраджэння, ролі ў ім інтэлігенцыі. Параўн.: Беларусь, Беларусь, чым ты была і чаго ты, во, даждала?… І што з табою будзе? (“У лазні”); Ды трэба праўду казаць: мяккі народ, дужа не цвёрды народ; замнога думаюць аб усім на свеце, аб небе і не бяруцца за паляпшэнне свае зямлі (“Амерыканец”); За шырокімі грамадзянскімі поглядамі вузенькіх, беларуска-сялянскіх можна й не ўбачыць (“У чым яго крыўда?”); Ох! Цёмны і ўбогі нашыя хаты. Мізэрны выгляд хат. Мізэрна духоўнае жыццё яе насельнікаў. Дайжа ў мамэнт найвялікшых перакрутаў жыцця і найвялізарнейшых зрухаў… І мізэрнае жыццё, і нуднае жыццё. Няма тут кніжак, няма тут мастацтва. Ёсць тут карты і апешалыя, мізэрныя думкі (“Дзве душы”); О, пашлі нам доля, наша, сваё жыццё, нашу, сваю культуру, каб усе мы свае ў сваім родным краі маглі збірацца тут, з сваімі звычаямі, сваімі ідэаламі. Мы працуем, мы можам, мы спрадвеку тут свае, мы маем права. Што супольнага ў нас з гэтай грамадою чорнага гругання, што нібы складае мазгавую частку Беларусі?… Далоў гэтых чарцей, бо тут наша месца!… (“У чым яго крыўда?”); Схадзіць з галавы нікому забараніць не можна, – так! А калі чалавек хоча жрр-аць, ён будзе вучыць не толькі па-беларуску, а хоць па-кітайску! (“Мутэрка”); Усе рэнегаты-беларусы ведаюць аб Адраджэнні і аб тым, што павінны адраджацца, і калі не адраджаюцца, дык з прычыны прыкрай людской нядбайнасці і папсаванасці сваёй натуры (“Дзве душы”); Ці можна шкадаваць сіл, прыгажосці, маладосці для адраджэння Бацькаўшчыны? (“Дзве душы”); Цяжка вырвацца з ланцугоў цямноты! (“Прысяга”); Як многа слаўнага ў нашых вёсках, сёлах, а тым часам як яны непарушна-мёртвыя ў жыцці. Усё ідзе шпарка ўперад, толькі нашу вёску, як абросшы мохам камень каля шляху, з мясціны не скранеш. Сумна, сумна (“Роднае карэнне”) і да т.п.

Афарыстычныя выразы ў вобразна-стылёвым кантэксце прозы М.Гарэцкага універсальны сродак як для найбольш дакладнага адлюстравання аўтарскай думкі, так і выяўлення індывідуальна-аўтарскага разумення жыцця (у тым ліку праз вобразы і мову персанажаў). Параўн.: Але ж не адракацца, не быць здраднікам, а любіць, шанаваць родную Бацькаўшчыну павінен, доўжан… Люблю… Ці не люблю?… А страшна яно, роднае… чым?… (“У лазні”); Беларуская справа… Што я магу? І што хто можа? Жыццё ідзе, ідзе… да нечага (“Рунь”); Зямелька родная! Няможна без тугі жыць на табе. З журбою нарадзіўся… Няўжо з ёй і ў труну лягу? Так у нас паводзіцца, так нам спрадвечнасць дала… (“Меланхолія”); І ўсё жыву, і ўсё хочацца, каб даўжэй на свеце жыць. І чым болей хочацца жыць, тым весялей жыць… Усё ж ткі добра жыць на свеце! (“Каменацёс”); Калі не будзе сям’і, родных – і не будзе суму па іх. Калі не будзе нацыі – і не будзе таго ярма, якое ўсё жыццё гняце мяне (“Спрэчкі”), Люба жыць сярод працы, свяцейшай усіх прац, – працы земляроба. Люба мець здаровае цела і здаровы дух (“Роднае карэнне”); Няхай сабе мы на погляд шэры, а, браце, душа можа быць і пад шэрым жупаном не шэрая (“Роднае карэнне”); О, трудна нам, беларускім мужыцкім сынам. Мы выпаўзаем у свет з сваіх хат і, па праўдзе, маем жа нейкую зямельную сілу ў сабе, гэта не мая навіна, але хаваемся з сваімі ідэаламі, нясмела азіраемся на новай дарозе, шукаем вачыма прыпынку і, не патрапіўшы злучыцца грамадою і пайсці сваім шляхам, расплываемся патроху ў гнілым балоце з’едзеных молем чорных польтаў… (“У чым яго крыўда?”); Спрэчнае пытанне: якое хараство мае вышэйшую цану – ці тое, каторае здаецца гэтакім спрадвеку найвялікшаму чыслу людзей, ці тое, што выклікае ў мяне слёзы? (“Еду дамоў”); У сэрцы маім – нешта прыемнае і хворае. Як шчырае каханне. Як каханне таго, хто шмат думаў. Спрадвечнае і тлен (“Знібее сэрца”); Як брыдка ўсё ж бывае часам жыць на свеце (“Рунь”) і да т.п.

Паводле паходжання афарыстыку мовы твораў М.Гарэцкага можна падзяліць на некалькі групаў.

1) Фальклорныя афарызмы (прыказкі, прымаўкі, народныя выслоўі, прыкметы і г.д.), параўн.: Чаму быць, таму не мінаваць (“Зіма”); Хвароба ў лес, здароўе ў косці! (“Вясна”); Не п’ецца мне тут і не есца мне тут (“У чым яго крыўда?”); Па́ра – лазня, лёгкі дух! (“У лазні”); Кошкі траву жаруць: на дождж (“Нявесткі саварацца”); Чырванее край неба – мароз дэкляруе (“Чарнічка”) і да т.п.

2) Крылатыя выразы і літаратурныя цытаты (у тым ліку і з беларускіх крыніц), параўн.: Грошы – час (“Дзве душы”) – шырока вядомае выказванне В.Франкліна англ. Time is maney з яго “Advice to Young Tradesman” (1748); Мы яшчэ паваюем (“Рунь”) – цытата з верша ў прозе І.С.Тургенева “Мы еще повоюем” (1882); Паміж пустак, балот беларускай зямлі (“Роднае карэнне”) – радок з паэмы Я.Купалы “Курган” (1910); Так было, так будзе (“Што яно?”) – фраза Міністра ўнутраных спраў Расіі А.А.Макарава рус. Так было, так будет з яго прамовы ў Дзяржаўнай думе (11 красавіка 1912 г.) і да т.п.

3) Індывідуальна-аўтарскія афарызмы невытворнага характару (іх пераважная большасць), параўн.: Каб не было дано людзям загадак, не было б чалавецкага жыцця… Прапалі б людзі (“Роднае карэнне”); Эх, бяднота, бяднота, бяднота! Да чаго ж ты даводзіш чалавека! І жалка, горка, і крыўдна… З лепшых людзей робіць цар-голад звяроў, сумлення не маючых (“Роднае карэнне”); Цэннасць хараства залежыць для людзей ад успрымання (“Еду дамоў”) і да т.п.

4) Афарыстычныя выказванні, створаныя пісьменнікам шляхам структурна-сэнсавага звужэння або пашырэння фальклорных і крылатых афарыстычных выслоўяў (вытворныя індывідуальна-аўтарскія афарызмы). Параўн.: Чаму быць, таму не мінаваць, толькі дрэнна неяк робіцца (“Зіма”) і Чаму быць – ад таго не выкруціцца (“Страхаццё”) Ü Чаму быць, таму не мінаваць (прымаўка); Ніхто шчэ лбом сцяну мураваную прабіць не здолеў, а галовы разбівалі многія, ой-ой, многія, як падумаеш (“Роднае карэнне”) Ü Лбом сцяны (муру) не праб’еш (прыказка); Чалавек ніколі не ведае, дзе згубіць, а дзе знойдзе. І няма такой злыбеды на свеце, на якую б не ўсміхнуўся неспадзеўны, нечаканы ратунак (“Смачны заяц”) Ü Не ведаеш, дзе згубіш, а дзе знойдзеш (прымаўка); Мой родны кут, як ты мне мілы, уцяміць цябе не маю сілы… (“У лазні”) Ü Мой родны кут, як ты мне мілы, Забыць цябе не маю сілы – крылатыя радкі з паэмы Я.Коласа “Новая зямля” (1910–1923) і да т.п.

Паводле ўзнаўляльнасці сярод афарызмаў у мове твораў М.Гарэцкага можна вылучыць тры тыпы.

1) Узуальныя адзінкі (агульнамоўныя афарыстычныя адзінкі з фонду прыказак, прымавак, крылатых выразаў і г.д.), параўн.: Заліваючыся, хапаюцца зіа саломінку (“Рунь”); Пажывём – паглядзім (“Роднае карэнне”); Усё мінаецца (“Усё мінаецца”); Чаму быць, таму не мінаваць (“Зіма”) і да т.п.

2) Аказіянальныя афарызмы (альбо “маўленчыя” – тыя, што ствараюцца ў мове твораў М.Гарэцкага і ўжываюцца толькі “разава”), параўн.: А грэх казаць “дурацкае”, дзе толькі цемната (“У лазні”); Бывае ў жыцці такі момант. Ён выпякае ў сэрцы след на ўсё жыццё, і след бывае тым глыбейшы, чым меней застаецца жыць (“Смерць (Паўлюк Трус)”); Думаць пачнеш – адно спакой згубіш (“Роднае карэнне”) і да т.п.

3) Афарызмы як узнаўляльныя адзінкі толькі ў мове пісьменніка (іх можна вызначыць як “ідыялектныя клішэ”), калі той жа самы афарызм ужываецца некалькі разоў у адным ці розных творах М.Гарэцкага, параўн.: Усё – як заўсёды (“Знібее сэрца” і “Літоўскі хутарок”); Якая дурніца і дробязь усё на свеце (“Войт”); Адкуль усё і што яно? (“Рунь” і “Што яно?”) і да т.п.

З улікам тэкстаўтваральнай функцыі афарызмы могуць быць альбо самастойным выказваннем (рэплікай аўтара або персанажа), альбо цытаванай часткай выказвання (рэплік аўтара або дзейных асоб). Параўн.: Самае горшае ў кожнай справе, – зноў разважаў сам з сабой генерал, – калі няма да чаго імкнуцца, калі няма куды ляцець, няма размаху (“Генерал”); Пагрэйся, – адказаў “вясёлая галава, а гнілыя кішкі” малец Яхім і – чох! – паўвядра на печ (“У лазні”) і да т.п. Разам з тым афарызмы ў творах пісьменніка могуць падпадаць міжрэплікавай парцэляцыі (ужываюцца па частках у мове розных асоб). Параўн.: [Нупрэй:] Шукаюцъ нечага і нашы маладыя… ажно часам хныкаюць, стогнуць. [Яхім:] А-а! Наша старое ўжо ім не надта падабаецца. [Нупрэй:] На тое ж маладыя. [Яхім:] А праўда, і шкода іх, што яны знойдуць? [Нупрэй:] Пажывём паглядзім. [Яхім:] Калі дажывёмся (“Роднае карэнне”) Ü Пажывём – паглядзім, калі дажывёмся і да т.п.

Як правіла, афарызмы ўжываюцца ў абсалютна аўтаномнай пазіцыі, калі яны без змянення сваёй сінтаксічнай структуры выдзяляюцца з кантэксту. Аднак у мове М.Гарэцкага афарызмы нярэдка выступаюць у адносна аўтаномнай пазіцыі, калі яны свабодна (без змянення фармальнай структуры) не выдзяляюцца з кантэксту. Сінтаксічная форма афарызмаў часам ускладняе разуменне іх семантыкі. Найбольш рэльефна значэнне афарыстычных фраз можна выявіць метадам трансфармацыйнага аналізу – шляхам лагічна-сінтаксічнага ператварэння зыходнага афарызма ў яго “класічную” форму. Параўн.: Ой, Нупрэй, паглядай за сынам, – гаворыць сват Яхім, – пара яго апаслівая, маладая (“Роднае карэнне”) Ü Маладая пара – апаслівая і да т.п. Афарыстычнасць аўтарскай думкі часам паслабляецца, калі яна адносіцца не да кожнага, а да пэўнай асобы. Параўн.: І ў панскай палюбоўніцы ёсць чалавечае сэрца і яна ж на сваім хлебе – чалавек (“Страшная музыкава песня”) Ü У кожнага ёсць чалавечае сэрца або Ü Кожны на сваім хлебе – чалавек і да т.п.

Адносна аўтаномная пазіцыя афарызма ў кантэксце можа быць дваякая.

1) Сінтагматычнага тыпу (кантактная і дыстантная парцэляцыя), параўн.: Папарышся, костачкі пагрэеш свае, мо й на душы палягчэе крыху табе (“У лазні”) Ü Папарышся – і на душы палягчэе; А паглядзі ты, сваток, на панскае жыццё. Яно ж найболей такое, што горш сабацкага. Распуста, паскудства (“Роднае карэнне”) Ü Панскае жыццё горш за сабацкае: распуста, паскудства і да т.п.

2) Парадыгматычнага тыпу (калі змяняецца форма дзеяслоўнага і іменнага прэдыкатываў і г.д.), параўн.: Разліваецца ў слёзах скрыпка, плача аб марнасці таго свету, дзе адзін любіць, а другі – не (“Страшная музыкава песня”) Ü Марны той свет, дзе адзін любіць, а другі – не; Нам жа грэх вялікі перад госпадам богам будзе, калі ўвядзём каго ў спакусу дабром сваім, што падалі нам людзі добрыя на манастыр яго… (“Чарнічка”) Ü Не ўвядзі ў спакусу дабром сваім і да т.п.

Такім чынам, адной з асаблівасцей мовы твораў М.Гарэцкага з’яўляецца шырокае ўжыванне афарыстычных адзінак не заўсёды ў сваёй пачатковай форме. У кантэксце яны часта падпадаюць пэўным структурным трансфармацыям – змяняецца іх граматычная будова і лексічны склад. Акрэслім асноўныя спосабы структурных відазмяненняў афарызмаў (параўн. Іваноў, Рагаўцоў 1993).

1) Пашырэнне лінейнага аб’ёму агульнавядомага афарызма шляхам далучэння да яго аўтарскіх слоў афарыстычнага ці неафарыстычнага зместу, у выніку чаго ўтвараецца новы афарызм, часта і больш аб’ёмнага зместу. Параўн.: Чаму быць, таму не мінаваць, толькі дрэнна неяк робіцца (“Зіма”) Ü Чаму быць, таму не мінаваць (прымаўка); Так, усё мінаецца, і ўсё ёсць вечнае (“Усё мінаецца”) Ü Усё мінаецца (прымаўка) і да т.п.

2) Усячэнне афарыстычнага выказвання шляхам пропуску другой часткі (пры гэтым наяўная частка не заўсёды захоўвае афарыстычны змест). Параўн.: І пачаў ён [паліцыянт] жаліцца пану, што лёгка сказаць, а сапраўды служба яго самая цяжкая (“Кірмашовае пабоішча ў мястэчку Крывічох”) Ü Лёгка сказаць, ды цяжка зрабіць; Выехаў у свет зараз пасля таго. Нават не развітаўшыся… Але й добра – з вачэй далоў (“Маці”) Ü З вачэй далоў – з сэрца вон (прымаўка) і да т.п.

3) Марфалагічна-сінтаксічная трансфармацыя афарызма: змяняецца форма дзеяслоўнага ці іменнага прэдыкатываў і залежных ад іх кампанентаў, што часам прыводзіць да сінтаксічнага згортвання афарыстычнай фразы ў непрэдыкацыйную адзінку. Параўн.: Ведама, другім зямцам, злоснікам, завідасць спакою не давала (“Багатая пчэльня”) Ü Завідасць спакою не дае; Разліваецца ў слёзах скрыпка, плача аб марнасці таго свету, дзе адзін любіць, а другі – не (“Страшная музыкава песня”) Ü Марны той свет, дзе адзін любіць, а другі – не; Шуміць жытцо высокае, падзяку пяе працы мужыцкай, а не “мужыцкай” – сялянскай працы, справядлівай (“Роднае карэнне”) Ü Сялянская праца – справядлівая і да т.п. У выніку трансфармацыі гэтага тыпу відазмененыя афарызмы могуць сэнсава адрознівацца ад агульнаўжывальных. Параўн.: Што табе ўсё карціць і чаму так, чаму не гэтак? Ну як было, так і было (“Дурны настаўнік”) Ü Як было, так і будзе і да т.п.

4) Інверсія састаўных кампанентаў афарызма з мэтай выдзеліць найбольш важнае ў сэнсавых адносінах слова ці словазлучэнне. Параўн.: У часе абеду, калі ад сытасці прыходзіць гумар, ён [генерал] яшчэ больш засумаваў (“Генерал”) Ü Гумар прыходзіць ад сытасці і да т.п. Змена парадку кампанентаў у інверсаваных афарызмах тлумачыцца таксама неабходнасцю канкрэтызаваць тую ці іншую характарыстыку, якая даецца пэўнай асобе ці сітуацыі. Параўн.: Добрыя людзі, – кажуць салдаты па дарозе, – сумленныя людзі (“Літоўскі хутарок”) Ü Сумленныя людзі – добрыя людзі і да т.п.

5) Лексічная непаўната афарыстычнага выказвання, якая звязана з імкненнем пісьменніка ўнікнуць таўталагічных паўтораў ці лексічна-семантычнай збыткоўнасці (слоў, значэнне якіх вынікае з дадзенай сітуацыі). Параўн.: Пачалі развітвацца. Салдаты дастаюць “пінегу” (грошы). – Не, не… Грэх браць у салдата. – І адварочваецца ад платы (“Літоўскі хутарок”) Ü Грэх браць грошы ў салдата; Не бойся, – супакойваў салдат. – Хто цябе будзе паліць? Мірных жыхароў чапаць забараняецца (“Літоўскі хутарок”) Ü Мірных жыхароў войску чапаць забараняецца; Няўцям гэта было людзям: казкі ж простыя слухаць любіў, чаму ж, думалі, не хоча спрабаваць простае рады? Бывае ж – памагае (“Стары прафесар”) Ü Бывае ж і простая рада памагае; То ж гэткія Лэдзі нараджаюцца не вельмі часта сярод сабак, як геніі і таленты сярод людзей (“Панская сучка”) Ü Геніі і таленты нараджаюцца не вельмі часта сярод людзей; А людзі, калі смяюцца, няхай смяюцца, ці каму-то закажаш? (“У чым яго крыўда?”) Ü Ці каму-то смяяцца закажаш? і да т.п.

6) Пранамінальная субстытуцыя – замена ў афарызме аднаго з іменных кампанентаў (назоўніка, прыметніка ці субстанцыйнага словазлучэння) займеннікам, калі яны ўжыты ў папярэднім кантэксце. Параўн.: Гэта – кажа – панская або нямецкая забаўка, а мужыка яна толькі псуе! (“Сасна”) Ü Мужыка панскія забаўкі толькі псуюць; Спачатку не здзівіўся, бо паны, вядома, ад іх усякіх штук убачыш (“Скарб”) Ü Ад паноў усякіх штук убачыш; Нядбаласці, звярынства, гразі многа. Але дзе ж гэтага няма? (“Роднае карэнне”) Ü Дзе ж гразі (нядбаласці, звярынства) няма? А мірскім людзям усё так. Яны й богу маліцца прыйдуць – граху нанясуць (“Чарнічка”) Ü Мірскія людзі й богу маліцца прыйдуць – граху нанясуць; Жыццё, жыццё, ці ж ты вартае таго, каб жыць? (“Што яно?”) Ü Ці жыццё вартае таго, каб жыць? і да т.п.

7) Лексічна-фразеалагічная субстытуцыя, калі ў асобных афарызмах словы, спалучэнні слоў, прэдыкацыйныя словазлучэнні замяняюцца іншымі (суадноснымі) адзінкамі. Пры гэтым трансфармаваныя афарызмы могуць быць як сінанімічныя зыходным, так і не сінанімічныя. Параўн.: Чаму быць – ад таго не выкруціцца (“Страхаццё”) Ü Чаму быць – таго не мінаваць (прымаўка); А мала што бываіць… (“Роднае карэнне”) Ü Усякае бывае (прымаўка); Чытай сам і другім давай (“У чым яго крыўда?”) Ü Жыві сам і другім давай (< рус. Живи и жить давай другим – крылаты афарызм з верша “На рождение царицы Гремиславы” (1798) Г.Р.Дзяржавіна) і да т.п.

8) Устаўка ў афарызм слоў (або адзінак большых, чым слова), якія выконваюць суб’ектна-ацэначную, дадаткова-інфармацыйную, выдзяляльна-узмацняльную і кантэкстава-сітуацыйную функцыі. Параўн.: Не, навука ніколі не дасць, бо ніколі не можа даць, адказу на праклятыя пытанні (“Роднае карэнне”) Ü Навука ніколі не дасць адказу на праклятыя пытанні; Старая пазалота ганарова маўчыць, не кідаецца ў вочы (“Знібее сэрца”) Ü Старая пазалота не кідаецца ў вочы; Жыве наша Беларусь, – сказаў ён Ганнусі. – Жыве, Ганулька, не траць веры! (“Зіма”) Ü Жыве Беларусь! Усё пакаралася пальцам музыкавым; усё было толькі хораша – ці яно святое, ці грэшнае (“Страшная музыкава песня”) Ü Усё хораша – ці яно святое, ці грэшнае; Усё незразумелым мінаецца (“Што яно”?) Ü Усё мінаецца і да т.п.

9) Парцэляцыя афарыстычнай фразы – афарызм падзяляецца асобнымі часткамі: наступная ўдакладняе і дапаўняе змест папярэдняй ці ўзмацняе сэнс усяго афарызма. Параўн.: Усе памром. Хто раней, а хто пазней (“Страхаццё”) Ü Усе памром – хто раней, а хто пазней; Прысяга непраўдзівая… Найцяжэйшы смяротны грэх (“Прысяга”) Ü Прысяга непраўдзівая – найцяжэйшы смяротны грэх і да т.п. Часткі парцэляванага афарызма могуць размяшчацца як кантактна, так і дыстантна. Параўн.: А паглядзі ты, сваток, на панскае жыццё. Яно ж найболей такое, што горш сабацкага. Распуста, паскудства (“Роднае карэнне”) Ü Панскае жыццё горш сабацкага: распуства, паскудства; Клясціся страшна, а клясціся імем самога бога, клясціся перад яго светлым лікам гэта… гэта… прысягацца, браткі, яшчэ страшней (“Прысяга”) Ü Клясціся страшна, а прысягацца яшчэ страшней і да т.п. Парцэляваныя сегменты нярэдка падпадаюць інверсіі, што ў пэўнай ступені ўскладняе цэласнае ўспрыняцце (бачанне) афарызма ў кантэксце. Параўн.: Буду махаць венікам, шугаць духам лёгкім, гарачым: нуду з цела і з думак змываць (“Вясна”) Ü Венікам махаць – нуду змываць; Аж стогне сяло, аж ваўкі ў лесе выюць, пудзяцца, дзівяцца, ажно птушкі на ноч цёмную супакоіцца не могуць – так гуляюць вяселейка людзі добрыя (“Патаемнае”) Ü Добрыя людзі вяселле гуляюць – сяло стогне і да т.п.

Афарыстыка мовы твораў М.Гарэцкага павінна апісвацца, па-першае, асобна, як і лексіка і фразеалогія пісьменніка, а па-другое, комплексна. Індывідуальна-аўтарскія ж афарызмы вартыя адлюстравання ў асобнай кампіляцыі “Афарызмы і думкі Максіма Гарэцкага” (прынцыпы ўкладання такой кампіляцыі, якая будзе першай спробай такога роду ў беларускай філалогіі, выкладзены ў працах Іваноў 1994, 1996б, 1997а). Яе філасофскі і адначасова лірычны настрой найлепш адлюстраваны ў словах самога ж М.Гарэцкага: “Думы мае, думкі, летуценні мае…”.

 

Summary

Yauhen Ivanou

Aphorisms in the works by Maxim Garetsky
(An attempt of stylistic analysis)

The article analyses the structural, semantic and functional features of individual aphorisms, proverbs and Winged Words in the works by Maxim Garetsky. They are regarded as part of the writer’s individual style.

Резюме

Евгений Иванов

Афористика языка произведений Максима Гарэцкого
(Опыт идиостилистического анализа)

Рассматриваются структурные, семантические и функциональные особенности индивидуально-авторских афоризмов, пословиц и крылатых выражений в произведениях Максима Гарэцкого как часть идиостиля писателя.



* Папраўлены і дапрацаваны тэкст даклада, прачытанага на ІІ Міжнароднай навуковай канферэнцыі “Гісторыя Магілёва: (Мінулае і сучаснасць)” (Магілёў, 29–30 чэрвеня 2001 г.), параўн.: Іваноў Я.Я. Афарыстычнасць мовы твораў М.Гарэцкага // Мінулая і сучасная гісторыя Магілёва: Зборнік навуковых прац / Уклад. І.А.Пушкін. Магілёў, 2001. С. 240–247.

 

Літаратура 

Гарэцкі М. Дзве душы // Гарэцкі М. Творы. Мінск, 1990. С. 4–106.

Гарэцкі М. Збор твораў: У 4 т. Мінск, 1984–1986.

Иванов Е.Е. Семантические типы языковых афоризмов: (На материале восточнославянских языков) // Literatury i jezyki slowian wschodnich: (Stan obecny i tendencje rozwojowe): T. 1–2 / Red. nauk. B.Kodzis, S.Kochman, I.Danecka. Opole, 1997. T. 2. S. 111–114.

Іваноў Я.Я. Беларусь і беларусы ў афарызмах М.Гарэцкага // Трэція Гарэцкія чытанні: У 2 ч. / Рэдкал.: У.М.Ліўшыц (адк. рэд.) і інш. Мінск, 1994. Ч. 1. С. 82–84.

Іваноў Я.Я.(а) Максіма як семантычны тып афарыстычнага выказвання // Материалы Международного научного семинара, посвященного памяти О.В.Озаровского (27–28 февраля 1996 г.) / Ред. Т.Г.Михальчук, Л.И.Шаповалова. Могилев, 1996. С. 40–41.

Іваноў Я.Я.(б) Матэрыялы да ўкладання зборніка “Афарызмы і думкі М.Гарэцкага” // Чацвёртыя Гарэцкія чытанні / Рэдкал.: У.М.Ліўшыц (адк. рэд.) і інш. Мінск, 1996. С. 80–87.

Іваноў Я.Я.(а) Максім Гарэцкі як пісьменнік-афарыст: (Матэрыялы да ўкладання зборніка “Афарызмы і думкі М.Гарэцкага”): [Працяг] // Пятыя Гарэцкія чытанні / Рэдкал.: У.М.Ліўшыц (адк. рэд.) і інш. Мінск, 1997. С. 180–185.

Іваноў Я.Я.(б) Семантыка афарыстычных выказванняў-труізмаў і структура банальных ведаў // Когнитивная лингвистика конца ХХ века: В 3 ч. / Редкол.: Н.П.Баранова (отв. ред.) и др. Минск, 1997. Ч. 3. С. 40–43.

Іваноў Я.Я. Да вызначэння паняцця “грыгерыя” // Славянскія літаратуры ў сусветным кантэксце: У 2 ч. Мінск, 1999. Ч. 2: Беларуская літаратура, міфалогія і фальклор. Пытанні тэорыі літаратуры / Пад рэд. В.П.Рагойшы. С. 62–65.

Іваноў Я.Я.(а) Аб адной семантычнай разнавіднасці афарызмаў (афарыстычныя выказванні – законы) у ўсходнеславянскіх мовах // Białostocki przegląd kresowy. 2000. T. VIII. S. 37–49.

Іваноў Я.Я.(б) Семантычная структура афарыстычных выказванняў-труізмаў // Dziedziсtwo przeszłości związków językowych, literackich i kulturowych polsko-bałto-wschodniosłowiańskich. T. V: Badania filologiczne / Pod red. J.F.Nosowicza. Białystok, 2000. S. 104–115.

Іваноў Я.Я., Рагаўцоў В.І. Афарызмы ў мове М.Гарэцкага // Першыя Гарэцкія чытанні / Рэдкал.: У.М.Ліўшыц (адк. рэд.) і інш. Горкі, 1992. С. 99–102.

Іваноў Я.Я., Рагаўцоў В.І. Спосабы індывідуальна-аўтарскага відазмянення структуры афарызмаў у мове М.Гарэцкага // Другія Гарэцкія чытанні / Рэдкал.: У.М.Ліўшыц (адк. рэд.) і інш. Горкі, 1993. С. 55–57.

Рапановiч Я.Н. Беларускiя прыказкi, прымаўкi i загадкi [1958]. 2-е выд., перапр. i дап. Мінск, 1974.

 


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Магілёўскага Таварыства БРАМА
 кантакт: epostbox@tut.by

 

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія