“ДУМЫ МАЕ, ДУМКІ, ЛЕТУЦЕННІ МАЕ…”
(Матэрыялы да “Анталогіі беларускага літаратурнага афарызма”)*
Максім ГАРЭЦКІ
І адкуль яно ўсё? І чаму яно ўсё? (“Што яно?”)
Як, у істоце, усё каля нас дзіўна, няясна… Навука? Што ж навука? Яна, скажам, дае малюпаценькія адказы, якім парадкам робіцца што ў прыродзе. Ну і ўсё. Наўчоныя людзі падлічылі, колькі важыць зямля, ці далёка ад зямлі месяц, сонца; яны ведаюць, па якіх дарогах бегаюць планеты, а няхай дадуць яны адказ, хто пусціў іх у гэткі гарманічны ход, няхай яны знойдуць першапрычыну ўсякае істоты. Навука ведае, што за жывучкі, неўгледныя простым вокам, робяць хваробы, яна ведае, што ўжываюць клетачкі, з каторых складаюцца людзі, жывёла, расліны, але што ж? Не, навука ніколі не дасць, бо не можа даць, адказу на праклятыя пытанні. Ды ў яе і цэль зусім іншая. (“Роднае карэнне”)
Можа, калі-небудзь і аба ўсём, што каля нас незразумелага, даведаюцца людзі. Бог ведае. Адно астанецца людзям навекі святою загадкаю – гэта тварэц наш найвышні. Каб не было дано людзям гэтай загадкі, не было б чалавецкага жыцця… Прапалі б людзі. (“Роднае карэнне”)
Бог адзін, а вер колькі на зямельцы божай? (“Роднае карэнне”)
Як прыгожа, як цудоўна-люба, якое вялікае мастацтва ў кожнай драбязінцы з творчасці Вялікай Непазнаванай Сілы! Прыемна, люба, не страшна, а неспакойна… (“Што яно?”)
Мы не ведаем, што будзе пасля нашае смертухны, а на гэтым свеце на ўсё адгадкі знайсці не можна, шукай ні шукай. І шчасліў той, хто мірыцца лёгка з гэткім будаваннем жыцця або хто бадайшто не думае аб гэтых “шалёных” пытаннях, ці ў беганні за кавалкам хлеба забывае аб іх, шчасліў ён. І гора, вялікае гора таму, хто захоча хоць на адзін момант, адным вокам зірнуць на той бок заслоны! Яму адзін шлях к разгадцы, шлях страшны і, галоўнае, няпэўны, няпэўны шлях, і гэты шлях – смерць. (“Роднае карэнне”)
Ніхто шчэ лбом сцяну мураваную прабіць не здолеў, а галовы разбівалі многія, ой-ой, многія, як падумаеш. (“Роднае карэнне”)
Колькі трэба, ведай, а ў вялікае не залазь, а то каб шыю, бывае, не скруціць. (“Роднае карэнне”)
А думаць пачнеш – адно спакой згубіш. (“Роднае карэнне”)
Усё буйніцы і ўсё драбніцы… (“Буйніцы і драбніцы”)
Во і мучаецца чалавек – адкуля свет, адкуля што. Бога шукаць пачынае. Глядзіш: дыбаў, дыбаў чалавек па гэтаму каўзялю, – пасклізнуўся, заваліўся… І навука не паможа, зможа такога, бо прырода і навуку адолевае. (“Роднае карэнне”)
Нічога не ведаем, не ведалі і ведаць не будзем… Навука, чэрці, зданнё… Нічога не ведаем… Бог, чэрці, душы… Не ведаем… (“Роднае карэнне”)
Эх, чалавек, чалавек! Усё роўна не дабіцца табе, адкуль усё і што яно… (“Рунь”)
Жыццё, жыццё, што ты такое ёсць? (“Антон”)
Жыццё, жыццё! Мы ўсе прыходзім на свет хто песняром, хто разбяром, а хто і тым і сім патроху. Мы ўсе ў гады прачнавання нашага розуму – рэфарматары нягоднага старога, будаўнікі лепшай сацыяльнасці, славутыя настаўнікі ці добрыя разбойнікі, але часта-часта жыццё нічагусенькі не пакідае нам і робіць жаласнымі старцамі без пары. (“Ціхая плынь”)
Якія вы няпэўныя, шляхі нашага жыцця! (“Хоцімка”)
Пакуль няма магчымасці ісці шляхамі без камення і калючак, ідзём як трапіцца… І слава хай будзе таму, хто і на гэтых цярнёвых сцежках мае вочы. (“Хоцімка”)
Праўда, што мы творым жыццё, але калі і праўда, то ці не ўсё роўна? (“Рунь”)
Як ні спрачайся, – жывець кожны, як жывецца. (“Амерыканец”)
Моладзь сама творыць жыццё, дык сорам ёй звальваць віну на ненармальнасць сучаснага сацыяльна-грамадскага жыцця. (“У чым яго крыўда?”)
Маладыя, [вучыцеся] ад старых, як трэба жыць, як трэба ўкладаць мудрасць вякоў у свой кароткі зямны шлях – для маладога цёмны, невядомы і небяспечны… (“Угода богу”)
Чытай ў кніжках і ў разумных людзей пытайся, як жылі даўней [нашы тутэйшыя] людзі… Споўніш гэты загад – у жыцці не ашукаешся, будзеш ведаць, што рабіць трэба. І ніякія думы чорныя не змогуць цябе. (“Роднае карэнне”)
О, вы – шчаслівыя і нешчаслівыя дзяньки ў людскім жыцці! Няма рады ўсцерагчыся ад вас, бо схаваным ёсць ад людскога ведання, на які час вы прыпадаеце, калі вы прыходзіце і калі адыходзіце. А, мусіць, прыйдзе залатая пара, што перастане людское племя верыць у вас, і тады ўжо згіне ярмо, якое ўскладаеце вы дагэтуль на тое племя. (“У чым яго крыўда?”)
І калі ў рэторце наўчонага будзе пачынацца чалавецкае жыццё – душа астанецца слепа аж да смерці свайго цела… а можа, і па смерці яго… (“Антон”)
Як брыдка ўсё ж бывае часам жыць на свеце. (“Рунь”)
Людзі капашацца… Не ўсё роўна, хто там душыць каго! Я вышэй гляджу! Жыццё. (“Рунь”)
Цесна жыць на свеце!… (“Прысяга”)
Хто хоча жыць – няхай жыве, а хто памерці хоча – памрэ няхай… (“Рунь”)
Усяк людзі жывуць, а жывуць… (“Антон”)
Жыццё, жыццё… як тая мара. (“Што яно?”)
Чалавеку інтэлігентнаму і сорамна нудзіцца, калі ён мае сваё разумовае жыццё. (“Гапон і Любачка”)
Бывае ў жыцці такі момант. Ён выпякае ў сэрцы след на ўсё жыццё. І след бывае тым глыбейшы, чым меней застаецца жыцця. (“Смерць (Паўлюк Трус)”)
Жыццё, жыццё, ці ж ты вартае таго, каб жыць? А трэба нажыцца даволі, каб не шкадаваць памёршы. (“Што яно?”)
І ўсё жыву, і ўсё хочацца, каб даўжэй на свеце жыць. І чым болей хочацца жыць, тым весялей жыць… Усё ж ткі добра жыць на свеце! (“Каменацёс”)
Усё гэта чалавечае…
Перш-наперш ёсць сумленны чалавек, а потым ужо чалавек такой-та нацыі, такой-та веры і гэтак далей. (“Мутэрка”)
Справядлівы шлях ідэйнага і сумленнага чалавека – шлях дабра, праўды і хараства… (“У чым яго крыўда?”)
Справа не ў скнарнасці, а ў тым, як чалавек зносіць тую сваю скнарнасць… (“Пабожны мешчанін”)
Спачуццё шчаслівага да няшчаснага сфальшыфіла чыстую ў муках душу чалавека. (“Смачны заяц”)
Ёсць той гатунак людзей-самавукаў, каторыя хоць і вялікай высакосці даходзяць у мастацтве, палітыцы ці абы-якой навуцы, але назаўсёды застаюцца з нейкай хібаю ў самым грунтоўным, а дзеля таго неўспадзеўкі і страшна лёгка зваліваюцца часам на самы дол чалавечай думкі. Яны, гэтакія, нейкім дзівам сумяшчаюць у душы сваёй найлепшы, здаецца, гуманізм і найгоршае, акажацца, чалавеканялюбства, хімію і алхімію, марксізм і хірамантыю і з аднолькавай шчырасцю веруюць у тое і другое. Багі іхнія любяць завадзіць сварку, скідаюць адзін аднаго з пасаду і робяць у галаве свайго паклонніка незвычайны сумбур. Багоў гэных зазвычай надта многа, але бываюць часіны, што і няма нічога, вось тагды людзі такога гатунку і вырабляюць розныя неспадзеўныя штучкі. (“Дзве душы”, Х)
Іншыя натуры, каб жыць далей і мець нейкі спакой, чуюць пільную патрэбу ў якасці і добрай цямнасці ўва ўсім, што ёсць навакол, і таксама ў сваім жыцці за астатні, пасля такога ж уразумення час. Гэтакіх натур найболей сярод славянаў і народаў Усходу. Яны патрабуюць нейкага здавальнення і спакою духу ў адносінах да ўсяго, што ёсць і што дзеецца на свеце. Час ад часу проста карціць ім упарадкаваць думкі свае – гэта азначае: хоць і не развязаць спрадвечнага пытання: “Адкуля ўсё і што яно?” – дык хоць супакоіць сябе, падумаўшы, палетуцеўшы і ізноў набраўшыся яснасці ў поглядах на спрадвечна няяснае. З аднаго боку гэта выглядае патрэбным чалавеку падрахункам, а з другога боку – непатрэбнай і шкоднай штукай у такую пару, калі “грошы – час”. (“Дзве душы”, ІХ)
Людзей прадпрыімлівых, рухавых і здольных душыць жыццё абчэственнае. (“Роднае карэнне”)
Чалавек ніколі не ведае, дзе згубіць, а дзе знойдзе. І няма такой злыбеды на свеце, на якую б не ўсміхнуўся неспадзеўны, нечаканы ратунак. (“Смачны заяц”)
У кожнай, здаецца, самай безнадзейнай справе можа раптам, немаведама адкуль, узяцца гэткі творчы настрой, што людзі з налёту робяць самае немагчымае самым магчымым. (“Генерал”)
Колькі ўжо выпадкаў было ў гісторыі, што з самае вяршыні шчасця чалавек раптоўна звальваўся ў самае бяздонне плачу і адчаю. (“Смачны заяц”)
Цяжка, калі чалавек не мае прытульнага чалавека ў жыцці. (“Антон”)
Цэннасць хараства залежыць для людзей ад успрымання. (“Еду дамоў”)
І ў палюбоўніцы ёсць чалавечае сэрца і яна ж на сваім хлебе – чалавек. (“Страшная музыкава песня”)
Усё хораша – ці яно святое, ці грэшнае. (“Страшная музыкава песня”)
Што праўда, то не грэх. (“Антон”)
Так бывае з іншымі людзьмі, што не могуць яны памятаваць абы-якога матыву, абы-якога голасу ад першага разу, затое ж, калі мінуцца дні, тыдні й месяцы або й цэлыя гады, неўспадзеўкі, нечакана, з найменьшай прыгоды, маючай нейкае адношанне да мінулай пары, у вушох раптам ясна, выразна і з дэталічнасцю падобна загучыць той матыў, і запяець той голас, і збудзіць у душы абраз даўна пражытога часу, і выгукнець асабліва тонкія пачуванні. (“Дзве душы”, XVI)
Бяссільнасць пакрыўджанага – самае балючае пачуццё. Лягчэй можна дараваць крыўду індывідуальную, чым нацыянальную ці класавую. (“Спрэчкі”)
Да паноў лаянка людзей ніжэйшых ніколі не прыстае. Яны яе не чуюць. Яна толькі потым адгукаецца, на кім трэба. (“Віленскія камунары”)
Адным енкам ды стагнаннем бядзе людской не паможаш… Каб другога вызваляць, трэба самому крэпкім быць, на сілы не ўпадаць, а то і самаго затопчуць… (“Роднае карэнне”)
Мой родны край, як ты ж мне мілы, уцяміць цябе не маю сілы… (“У лазні”)
Як многа слаўнага ў нашых вёсках, сёлах, а тым часам як яны непарушна-мёртвыя ў жыцці. Усё ідзе шпарка ўперад, толькі нашу вёску, як абросшы мохам камень каля шляху, з мясціны не скранеш… Сумна, сумна. (“Роднае карэнне”)
Мой родны край, краса мая, з табою век не ў згодзе я… (“У лазні”)
Ох! Цёмны і ўбогі нашыя хаты. Мізэрны выгляд хат. Мізэрна духоўнае жыццё яе насельнікаў. Дайжа ў мамэнт найвялікшых перакрутаў жыцця і найвялізарнейшых зрухаў. І мізэрнае жыццё, і нуднае жыццё. Няма тут кніжак, няма тут мастацтва. Ёсць тут карты і апешалыя, мізэрныя думкі. І няма прыгожых перажыванняў. І калі ёсць пачаткі таго ў людской маладосці, дык надта паспешна загняцець іх бруд. Астанецца кляцьба, лаянка і злосць. (“Дзве душы”, ХІХ)
Але ж не адракацца, не быць здраднікам, а любіць, шанаваць родную Бацькаўшчыну павінен, доўжан… Люблю… ці ж не люблю?… А страшна яно, роднае… чым?… (“У лазні”)
Эх, бяднота, бяднота, бяднота! Да чаго ж ты даводзіш чалавека! І жалка, горка, і крыўдна… З лепшых людзей робіць цар-голад звяроў, сумлення не маючых. (“Роднае карэнне”)
Усе людзі добрыя, ладныя, любыя, а як мучацца, бедныя!… (“Роднае карэнне”)
А грэх мне казаць “дурацкае”, дзе толькі цемната. (“У лазні”). Параўн.: А нягожа мне казаць бязглуздае, дзе толькі цемната. (“У чым яго крыўда?”)
Цяжка вырвацца з ланцугоў цямноты! (“Прысяга”)
О, трудна нам, беларускім мужыцкім сынам. Мы выпаўзаем [у свет] з сваіх хат і, па праўдзе, маем жа нейкую зямельную сілу ў сабе, гэта не мая навіна, але хаваемся з сваімі ідэаламі, нясмела азіраемся на новай дарозе, шукаем вачыма прыпынку і, не патрапіўшы злучыцца грамадою і пайсці сваім шляхам, расплываемся патроху ў гнілым балоце з’едзеных молем чорных польтаў… (“У чым яго крыўда?”)
Няхай сабе мы на пагляд шэры, а браце, душа можа быць і пад шэрым жупаном не шэрая. (“Роднае карэнне”)
Ды трэба праўду казаць: мяккі народ [славяне], дужа не цвёрды народ; замнога думаюць аб усім на свеце, аб небе і не бяруцца за паляпшэнне свае зямлі… (“Амерыканец”)
У чалавека павінны быць дзве роўныя часткі: цвёрдая і мяккая. У немца гэта якраз палавінкі. У другіх народаў – як калі. А ў славяніна мяккая часць залішне вялікая на кошт цвёрдай, дужа залішне. (“Амерыканец”)
У чалавека дзве часці: душа і цела. У славяніна дух за цела і толькі. А пражыццё… Здолеюць некалі і яны жыць практычна, як немцы. (“Амерыканец”)
Эх! Пайсці і сілу сваю на ўвесь свет паказаць, прагнаць крыўдзіцеляў, вытурыць іх ад людзей бедных, шчырых, змірных і пакорліва-прыяючых, людзей родных і балюча скрыўджаных. І добра на зямельцы будзе ўсім! Усе родныя, радыя, усе дужыя, ладныя. (“Роднае карэнне”)
Зямелька родная! Няможна без тугі жыць на табе. З журбою нарадзіўся… Няўжо з ёю і ў труну лягу? Так у нас паводзіцца, так нам спрадвечнасць дала… (“Меланхолія”)
Калі не будзе сям’і, родных – і не будзе суму па іх. Калі не будзе нацыі – і не будзе таго ярма, якое ўсё жыццё гняце мяне. (“Спрэчкі”)
Беларуская справа… Што я магу? І што хто можа? Жыццё ідзе, ідзе… да нечага. (“Рунь”)
Усе рэнегаты-беларусы ведаюць аб Адраджэнні і аб тым, што павінны адраджацца, і калі не адраджаюцца, дык з прычыны прыкрай людской нядбайнасці і папсаванасці сваёй натуры. (“Дзве душы”, XVI)
Схадзіць з галавы нікому забараніць не можна, – так! А калі чалавек хоча жрр-аць, ён будзе… вучыць не толькі па-беларуску, а хоць бы па-кітайску! (“Мутэрка”)
Беларусь, Беларусь, чым ты была і чаго ты, во, даждала?… І што з табою будзе? (“У лазні”)
О, пашлі нам доля, наша, сваё жыццё, нашу, сваю культуру, каб усе мы свае ў сваім родным краі маглі збірацца тут, з сваімі звычаямі, сваімі ідэаламі. Мы працуем, мы можам, мы спрадвеку тут свае, мы маем права. Што супольнага ў нас з гэтай грамадою чорнага гругання, што нібы складае мазгавую частку Беларусі? Далоў гэтых чарцей, бо тут наша месца!… (“У чым яго крыўда?”)
Ці можна шкадаваць сіл, прыгажосці, маладосці для адраджэння Бацькаўшчыны? (“Дзве душы”, XVII)
Кахаць, вучыцца і працаваць дзеля вызвалення Беларусі! (“У чым яго крыўда?”)
За шырокімі грамадзянскімі поглядамі маленькіх, вузенькіх, беларуска-сялянскіх не ўбачыць. (“У чым яго крыўда?”)
Беларусь, Беларусь! Што ты цяпер ёсць? І што з табою будзе… (“У чым яго крыўда?”)
Што за народ наш, беларусы? (“Роднае карэнне”)
Думы мае, думкі, летуценні мае… (“Што яно?”)
У сэрцы маім – нешта прыемнае і хворае. Як шчырае каханне. Як каханне таго, хто шмат думаў. Спрадвечнае і тлен. (“Знібее сэрца”)
Радуйся той, каму нехта любы красачак прынясе. (“Вясна”).
Сардэчная хвароба – хвароба геніяў. (“Смачны заяц”)
Спрэчнае пытанне: якое хараство мае вышэйшую цану – ці тое, каторае здаецца гэтакім спрадвеку найвялікшаму чыслу людзей, ці тое, што выклікае ў мяне слёзы? (“Еду дамоў”)
Калі нам хочацца смакаваць хараство ў абробленым па-мастацку каменю ці на палатне, дык чаму ж не палюбавацца на жывое, богам створанае [жаночае] хараство? (“Дзве душы”, ХІІ)
А што ж на свеце можа быць лепей за сяброўскую дзявочую ласку? Каханне вымагае мукі і няволі і выпіваецца, як чарка хмелю, – сяброўства з дзяўчынаю дае радасць і прыемны супакой. (“Меланхолія”)
Ідэал, што хутка дасціглы – не вялікі ідэал… І наогул – дасціглы ідэал – не ідэал… (“Антон”)
Пісаць – значыць працаваць дзеля людскога чытання. (“Рунь”)
Каб прыдумаць і сказаць ладную прыказку, трэба мець мастацкую і глыбокую душу, трэба быць артыстам, відзячым чалавека і жыццё наскрозь з аднаго погляду. (“Наш тэатр”)
У нашы часы могуць жыць у творчасці толькі фанатыкі з правага ці левага боку. Вялікі сум нашых дум перавышае патрэбу тварыць. (“Ідуць усе – іду я…”)
Самае горшае ў кожнай справе, калі няма да чаго імкнуцца, калі няма куды ляцець, няма размаху… (“Генерал”)
Самае горшае ў кожнай справе, калі пакідае людзей творчы настрой, калі здаецца, што ўсё ясна, усё скончана, усё, што можна, зроблена, і ніякіх асаблівых магчымасцей няма. І тады нудна… (“Генерал”)
Люба жыць сярод працы, свяцейшай усіх прац, – працы земляроба. Люба мець здаровае цела і здаровы дух. (“Роднае карэнне”)
Зямля працу любіць, а праца дурня любіць, і як не было мужыцкага царства, так яго й не будзе… (“Антон”)
Найдаражэй за ўсё на свеце ёсць воля. Воля – гэта ўсё. Воля – змысл нашага земнага існавання. (“Мутэрка”)
Няма нічога прыемна-смутнейшага, як слухаць музыку падземную, музыку з таго свету… Як невымоўна-тужлівыя весці аб марнасці свету, весці нам, малым і дробным, аб даўней жыўшых вялікіх у сваёй вечнасці людзей, выплываюць гукі падземныя… (“Руіны”)
Як глыбока адчуваецца радасць пасля гора! (“Дзве душы”, ХХІІ)
Усё мінаецца і ўсё ёсць вечнае… (“Усё мінаецца”)
Падрыхтаваў Яўген ІВАНОЎ
SUMMARY
Maxim GARETSKY
“OH, MY THOUGHTS, DREAMS OF MINE”
(Materials on “Anthology of the Belarussian literary aphorisms”)
The publication contains some fragments from works by Maxim Garetsky which are represented as literary aphorisms. They reflect philosophical problems of nature, society and morals, love to Native Land and other meditations of the writer.
РЕЗЮМЕ
Максим ГАРЭЦКИЙ
“ДУМЫ МАЕ, ДУМКІ, ЛЕТУЦЕННІ МАЕ…”
(Матэрыялы да “Анталогіі беларускага літаратурнага афарызма”)
Публикуются отрывки из художественных произведений Максима Гарэцкого, которые являются литературными афоризмами. В них отражены философские проблемы природы и общества, морали, любви к Родине и рассуждения писателя на другие темы.
* Гл.: Іваноў Я. Да ўкладання анталогіі беларускага літаратурнага афарызма // Край = Kraj. 2001. № 1–2. С. 223–239. Таксама гл.: Іваноў Я. Афарызмы Максіма Багдановіча // Праблемы беларускага літаратуразнаўства: (Да 85-годдзя з дня нараджэння А.Куляшова) / Рэд. С.І.Даніленка і Я.Я.Іваноў. Мінск, 2000. С. 123–131 (Terra Alba. Т. 1).