БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

ПУБЛІКАЦЫІ МАГІЛЁЎСКАГА ТАВАРЫСТВА БРАМА НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
КРАЙ - KRAJ 1-2 / 2002

ВУЧНЁЎСТВА I ШКОЛЬНАЯ МОЛАДЗЬ У САВЕЦКАЙ СІСТЭМЕ АДУКАЦЫІ НА ТЭРЫТОРЫІ ДАВАЕННАГА БЕЛАСТОЦКАГА ВАЯВОДСТВА Ў 1939–1941 ГАДАХ*

Войцэх СЛЯЖЫНЬСКІ
(Беласток, Польшча)

Адукацыя ў СССР была цесна звязана з сістэмай ідэалогіі і прапаганды. Ёй адводзілася найважнейшае месца ў працэсе фарміравання і выхавання асобы новага грамадзяніна. Кожны элемент школьнага жыцця павінен быў пераконваць вучня ў высокай ідэйнасці i правільнасці выбранага камунізмам шляху і падтрымліваць тыя перакананні.

Змены ў арганізацыі асветы, якія адбыліся пасля 17 верасня 1939 года на тэрыторыі, занятай Чырвонай Арміяй, у першую чаргу датычыліся пераўтварэння польскіх школ у беларускія і расійскія. Так новая ўлада імкнуліся да ўдасканалення беларускай сістэмы школьнай адукацыі, пашырэнне якой стала своеасаблівай зброяй прапаганды, што сведчыла аб рэальнасці занядбаных у часы ІІ-ой Рэспублікі адукацыйных патрэб беларускага народа. Нярэдка адбывалася так, што бацькі даведваліся пра змену нацыянальнага профілю школы, дзе навучаліся іх дзеці, у дзень гэтай змены. У беластоцкай вобласці школы з беларускай мовай навучання ўзнікалі нават там, дзе вучнёўства беларускай нацыянальнасці складала меншасць ці наогул адсутнічала.

Табліца 1

Нацыянальны склад няпоўных сярэдніх школ з беларускай мовай навучання ў раёнах Багноўкі, Дубровы, Куранаў, Бацечкі, Чырвонай Рэчкі (Беластоцкая вобласць) у кастрычніку 1940 года (гл. Нацыянальны Архіў Рэспублікі Беларусь, sygn. f. 4, o. 27, d. 225, k. 54, 63)

 

Мясцовасць

Нацыянальны склад

Агульная колькась вучняў

Бел.

Рус.

Пол.

Габр.

Інш.

Багноўка

30

320

350

Дуброва

220

330

550

Кураны

35

35

Бацечка

419

66

485

Чырвоная

Рэчка

102

378

480

Тэарэтычна бацькі мелі права перавесці сваё дзіця ў выбраную імі самімі школу, аднак на практыцы часцей гэта было немагчыма, бо пераход у іншую школу непасрэдна залежаў ад дазволу дырэктара былой школы. Часта было і так, што ў бліжэйшай ваколіцы не было іншых школ.

Акрамя значнай колькасці беларускай і габрэйскай моладзі, якая да вайны не навучалася ў польскіх установах, школы Беласточчыны пачала наведваць і вялікая група вучняў з усходніх абласцей Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (БССР). У большасці выпадкаў гэта былі дзеці савецкіх партыйных кіраўнікоў, накіраваных працаваць на новыя тэрыторыі. Кантакт мясцовых вучняў з прышлымі, якія дагэтуль атрымлівалі адукацыю выключна ў камуністычных школах, выявіў значныя разыходжанні ва ўзроўні навучання. З большымі цяжкасцямі новыя вучні сутыкаліся пры вывучэнні прадметаў гуманітарнага цыклу і замежных моў. У сферы дакладных навук разыходжанні былі значна меншымі; калі ж казаць пра марксісцка-ленінскую навуку, то тут вучні з БССР наогул пераўзыходзілі іншых (гл. Archiwum Akt Nowych w Warszawie (далей – AAN), sygn. 202/XVIII–6, k. 333).

Суіснаванне гэтых дзвюх вучнёўскіх груп не было пазбаўлена ўзаемнай варожасці. Польская моладзь пазбягала блізкіх кантактаў з усходнікамі, абвінавачваючы іх у данасіцельстве і супрацоўніцтве з Народным Камісарыятам Унутраных Спраў (НКУС) (паводле “Relacja Marii Sokołowskiej z dnia 03.06.1998 r.” са збору аўтара). Аднак, нягледзячы на напружанасць адносін, моладзь значна хутчэй, чым дарослыя, пераадольвала бар’еры ўзаемнай варожасці і непрыязнасці (гл. ŚLESZYŃSKI 1999: 138).

Усе вучні, якіх прымалі ў савецкія школы, атрымлівалі школьнае пасведчанне фармату 9,0 на 6,5 см. На першай старонцы вокладкі, разам з асабістымі дадзенымі, былі серп і молат, перадапошняя ж старонка служыла для пацверджання сапраўднасці дакумента. Унутры карткі была змешчана інфармацыя пра абавязкі і правы вучня. Школьнае пасведчанне было дакументам, які спрашчаў кантроль уладаў за наведваннем моладзю школ. Між іншым, вучням I–IV класаў забаранялася адсутнічаць дома пасля 20 гадзін, моладзі V–VII класаў – пасля 21 гадзіны, а VIII–X класаў – пасля 22 гадзін (гл. AAN, sygn. 202/XVIII–6, k. 131; “Wolna Praca”, 25.10.1940 г., № 122). Імкнучыся прынесці карысць вучням, мясцовыя ўлады Беластоку ў кастрычніку 1940 года выдалі загад, у якім забаранялася: “(a) Знаходжанне дзяцей ва ўзросце да 14 гадоў на вуліцах пасля 21 гадзіны, за выключэннем выпадкаў, калі дзяцей суправаджаюць бацькі ці апекуны; (б) знаходжанне дзяцей ва ўзросце да 14 гадоў на вячэрніх мерапрыемствах, кінасеансах, а таксама знаходжанне іх пасля 21 гадзіны ў клубах, садах, парках, стадыёнах і іншых месцах <…>; (c) пропуск дзяцей ва ўзросце да 16 год і вучняў усіх школ (за выключэннем школ для дарослых) у більярдныя залы, вячэрнія танцавальныя пляцоўкі, півярні, а таксама ў рэстараны, у якіх прадаецца піва і алкагольныя напоі <…>”.

Вучань у савецкіх адукацыйных установах падлягаў пастаяннаму ідэалагічнаму ўздзеянню. У абавязкі старасты ўваходзіла актывізацыя на ўзроўні класа штодзённай камуністычнай адукацыі. Разам з настаўнікам і прадстаўнікамі арганізацыі моладзі ён адказваў за правільны ход працы ў сваім класе. Старасту выбіралі на палову года на агульным сходзе класа. Агульнашкольнай вучнёўскай арганізацыяй, якая мабілізавала моладзь на ўпартую працу дзеля дасягнення лепшых вынікаў ў навуцы і грамадскай дзейнасці, быў вучнёўскі камітэт. Як і стараста класа, ён выбіраўся вучнямі V–X класаў на палову года (выбары адбываліся ў другой палове верасня і пад канец студзеня). У склад камітэта часцей уваходзілі ад 5 да 7 асоб, якія павінны былі быць здольнымі да навукі і актыўнымі ў грамадскіх справах. Вучнёўскі камітэт у савецкай школе, у адрозненне ад адпаведнай яму арганізацыі ў даваенных польскіх школах, не з’яўляўся вучнёўскім інстытутам самакіравання. Выбраная ў камітэт моладзь не толькі павінна была прадстаўляць інтарэсы вучнёўства, але і прыцягваць яго да ўдзелу ў разнастайных мерапрыемствах на карысць школы і краіны. Самі члены камітэта павінны былі браць удзел у імпрэзах і акцыях агітацыйна-прапагандысцкага характару (гл. GŁOWACKI 1997: 436). У пазаўрочных мерапрыемствах такога тыпу асабліва актыўна сябе паводзіла габрэйская моладзь, якая бачыла ў новых абставінах магчымасці для паляпшэння свайго жыцця (гл. AAN, sygn. 202/XVIII–6, k. 133).

Арганізацыямі, спецыяльна створанымі для выхаваўчай працы сярод дзяцей і моладзі, былі піянерскія і камсамольскія дружыны (камсамол – Усесаюзны Ленінскі Камуністычны Саюз Моладзі – узнік ў 1918 годзе. Мэтай дзейнасці арганізацыі было, найперш, прыцягненне моладзі СССР да дзейнасці ў духу камуністычнай ідэалогіі. Піянеры – Усесаюзная піянерская арганізацыя імя У.I.Леніна – дзіцячая камуністычная арганізацыя, створаная ў 1922 годзе. Ініцыятарам стварэння піянерскага руху была Н.К.Крупская.). Піянерскія групы займаліся справамі вучняў ва ўзросце ад 10 да 15 год. У беластоцкім рэгіёне ў сакавіку 1941 года піянерскія арганізацыі функцыянавалі ў 230 школах, аб’яднаўшы 19275 членаў (гл. Państwowe Archiwum Organizacji Społecznych Obwodu Grodzieńskiego w Grodnie (далей – PAOSOG), sygn. f. 6195, o. 1, d. 291, k. 8). Займальная форма марапрыемстваў, якія праводзілі камуністычныя арганізацыі моладзі, асабліва прываблівала малодшыя групы вучняў. Яны шукалі ў прапаноўваемых ім забавах і ваенных гульнях найперш уцехі (“Sztandar Wolności”, 09.02.1941 г., № 33; ПИВИН 1939: 38–46) і не заўсёды цікавіліся насаджваемай ім адначасова з навучаннем ідэалогіяй. Вучні старэйшых класаў адрозніваліся значна большай палітычнай свядомасцю і уменнем аб’ектыўна ўспрымаць настаўленні савецкіх маладзёвых арганізацый. На станаўленне іх асоб у значнай ступені паўплывала рэчаіснасць ІІ-ой Рэспублікі і даваенныя педагогі. Таму гэтая частка моладзі адносілася да піянерскіх і камсамольскіх арганізацый з выразнай непрыязнасцю і варожасцю. Такая негатыўная з’ява была асабліва распаўсюджана сярод моладзі польскай нацыянальнасці, эмацыянальна звязанай са страчанай дзяржаўнасцю краіны. “Нічым іншым не атрымоўвалася прымусіць вучняў далучацца да піянерскай ці камсамольскай арганізацыі, – успамінае Юзаф Габрукевіч, – акрамя ўціску і ганенняў. Мы лічылі за ганьбу і здраду сваім поглядам прадавацца чужым і варожым нам ідэалам, якія адмаўлялі нашы патрыятычныя і нацыянальныя погляды” (Archiwum Wschodnie przy Ośrodku KARTA w Warszawie (далей – AW), Józef Gabrukiewicz, “Wspomnienia”, sygn. II/578, k. 19). У сакавіку 1941 года ў беластоцкай акрузе існавала 64 камсамольскія арганізацыі, якія налічвалі 987 членаў ва ўзросце ад 14 да 23 год. У самім Беластоку, дзе існавала 13 школ з польскай мовай навучання, у камсамол запісалася толькі 10 вучняў (гл. PAOSOG, sygn. f. 6195, o. 1, d. 291, k. 8). У значнай ступені постаць саміх кіраўнікоў камсамольскіх груп не садзейнічала таму, каб польская моладзь далучалася да гэтай арганізацыі. Большасць патрыятычна настроенай польскай моладзі не магла ўспрымаць настойлівыя антыпольскія і антырэлігійныя лозунгі (гл. AW, Stanisław Bagiński, “Wspomnienia z Gimnazjum im. Romualda Traugutta z Świsłoczy”, sygn. II/607, k. 31). Савецкія ўлады, усведамляючы недастатковы ўзровень развіцця сеткі камуністычных арганізацый на Беласточчыне, на партыйных і камсамольскіх канферэнцыях імкнуліся высветліць прычыны слабай зацікаўленасці моладзі савецкімі арганізацыямі. У гэтым працэсе былі абвінавачаны польскія маладзёвыя таварыствы, што дзейнічалі ў падполлі: “Harcerstwo”, “Młodzież Katolicką” (гл. PAOSOG, sygn. f. 6218, o. 1, d. 28, k. 26; GŁOWACKI 1997: 436). Былі адзначаны таксама і недахопы ўласных арганізацый, найперш даволі нязначная актыўнасць мясцовых секцый.

Забяспечваць прыцягальнасць камуністычных маладзёвых арганізацый павінны былі т.зв. Палацы піянераў і школьнікаў, якія ствараліся ў кожным больш-менш буйным гарадзе (у Гародні Палац піянераў знаходзіўся на вуліцы Кірава). Гэтыя ўстановы прапаноўвалі моладзі разнастайныя забаўляльныя мерапрыемствы: калектыўныя гульні, танцы і спектаклі аматарскіх тэатраў (гл. “Wolna Praca”, 17.01.1941 г., № 7).

Аднак асноўная дзейнасць савецкіх арганізацый моладзі па-ранейшаму была скіравана на школу (гл. “Wolna Łomża”, 25.04.1940 г., № 40; ОСТЕРМАН 1940: 60–71). Зацікавіць моладзь імкнуліся найперш праз арганізацыю рознага тыпу гурткоў па інтарэсах, у якіх, між іншым, прапагандаваўся савецкі патрыятызм і сацыялістычнае спаборніцтва ў працы, а ў удзельнікаў гэтых згуртаванняў выпрацоўваліся бальшавіцкі характар і воля. І гэта найперш павінна было быць – як паведамляла “Wolna Łomża” – “<…> стымулам для далейшай працы вучняў, <…> а таксама важным чыннікам школьнага выхавання” (“Wolna Łomża”, 09.03.1941 г., № 27). У школах звычайна дзейнічалі наступныя гурткі па інтарэсах: прадметныя, палітычна-антырэлігійныя, гурткі мадэлявання, фатаграфіі, радыётэхнічныя, прыродазнаўчыя, турыстычныя, спартыўна-вайсковыя, шахматныя і мастацкія (музычныя, драматычныя, тэатральныя) (гл. AAN, sygn. 202/XVIII–6, k. 161). Камсамольскія арганізацыі адказвалі за перыядычныя выступленні самадзейных тэатральных і музычных калектываў (гл. PAOSOG, sygn. f. 6195, o. 1, d. 339, k. 36; “Wolna Łomża”, 02.04.1941 г., № 37). Спаборніцтва аматарскіх калектываў стварала зручныя ўмовы для ўслаўлення ролі савецкай улады ў яе клопаце пра “таленавітых творцаў з народу” (“Nowe Życie”, 08.05.1941 г., № 35).

Рэкламаваць поспехі Краіны Саветаў сярод вучняў павінны былі насценныя газеты, якія існавалі ў кожнай школе (гл. NOWAK 1991: 55). Аднак, улады не былі задаволены якасцю школьных газет: папракалі іх стваральнікаў у тым, што яны не паспявалі за апошнімі палітычнымі і грамадскімі падзеямі. “Насценныя школьныя газеты, – як рэкамендавала мясцовая прэса, – павінны больш наблізіцца да жыцця, імкнуцца адлюстраваць самыя цікавыя яго моманты, звяртаць увагу на самых здольных вучняў, пашыраць вопыт іх працы, змагацца за новую савецкую школу і за новы сацыялістычны тып вучня” (“Wolna Łomża”, 05.05.1940 г., № 52).

Асабліва вялікая роля ў дзейнасці камуністычных арганізацый моладзі адводзілася спартыўнай і вайсковай падрыхтоўцы (гл. ТИХОНОВ 1940: 63). Піянерскія і камсамольскія групы, выкарыстаўшы дасягненні замежнага руху скаўтаў, здолелі ўдала прыстасаваць вайсковыя забавы да патрэб камуністычнай ідэалогіі. Дзяцей і моладзь прыцягвалі забаўкі з ідэалагічнымі элементамі (гл. “Wolna Łomża”, 21.01.1941 г., № 9 і 02.03.1941 г., № 24). “Дзецям вельмі спадабаліся ваенныя гульні, – паведамляла на старонках “Sztandaru Wolności” М.Харахорына, апякунка піянерскай арганізацыі Польскай сярэдняй школы № 1 імя Адама Міцкевіча ў Беластоку, – якія адбыліся ў гарадскім парку. Пасля гульні піянер Гралак заявіў: “Калі я вырасту, пайду ў Чырвоную Армію, а калі пачнецца вайна, нікога не пушчу ў Савецкі Саюз” (“Sztandar Wolności”, 09.02.1941 г., № 33).

Разнастайныя гадавіны і дзяржаўныя святы (напрыклад, смерць Леніна, дата пачатку Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Міжнародны жаночы дзень і г.д.) суправаджаліся ўзмацненнем агітацыйнай дзейнасці сярод вучняў. У святкаванні ўдзельнічала ўся школа (гл. PAOSOG, sygn. f. 6195, o. 1, d. 369, k. 15; “Wolna Łomża”, 26.01.1941 г., № 10). У савецкай сістэме такія формы ідэалагічнай працы ўжываліся ў адносінах як да вучняў, так і да настаўнікаў. Дырэктар школы, прызначаны ім настаўнік ці запрошаны госць (прадстаўнік партыі, афіцэр Чырвонай Арміі) выступалі з дакладам. Як правіла, урачыстасці суправаджаліся выступленнямі школьных аматарскіх гурткоў. Неад’емнай часткай кожнай сустрэчы такога тыпу былі таксама “бурныя” авацыі ў гонар Сталіна, партыі, Чырвонай Армі.

Іншую форму дзяржаўнага свята ўяўляла сабой 1 Мая, калі ўся школьная моладзь павінна была ўдзельнічаць ў вулічных дэманстрацыях. Да гэтага свята рыхтаваліся цэлы год. Вучнёўтва, як і працаўнікі фабрык, прыцягвалася да выканання разнастайных абавязацельстваў. Так, напрыклад, моладзь школы № 1 Ломжы заявіла аб павышэнні сваёй абароннай кваліфікацыі да 1 мая 1941 года праз атрыманне большай колькасці абаронных адзнак (гл. “Wolna Łomża”, 11.04.1941 г., № 41).

Вулічныя першамайскія шэсці для большай часткі польскай моладзі былі чымсьці ганебным. Насуперак уласным поглядам яны былі змушаны да публічнага выказвання сваёй падтрымкі новай уладзе. “У той дзень нам загадалі, – узгадвае першамайскія ўрачыстасці 1941 года ў Гародні тагачасная школьніца Ірэна Зібертовіч, – сабрацца перад школай. Мы сталі па чацвёра і настаўнік-габрэй пачаў раздаваць нам чырвоныя сцягі і партрэты на жэрдках. Мне вельмі хацелася, каб мяне не заўважылі, але нічога з гэтага не атрымалася. Габрэй даў мне Леніна на жэрдачцы. Гэта была смерць для мяне. Потым мы пайшлі па вуліцы Элізы Ажэшкі, дзе збіраліся ўсе школы. А я ўсё думала над тым, як пазбавіцца гэтага партрэту. Быцца бы на хвілінку дала яго патрымаць таварышу і не забрала. Таварыш быў больш рашучы, ён паставіў партрэт каля дрэва. А што з ім было далей, не ведаю. Потым мы стаялі на вул. Акадэмічнай, 3-га Мая, Нарушэвіча і на плошчы Незалежнасці. На плошчы Незалежнасці была трыбуна. Нам загадалі тры разы крычаць “ура!”, калі з трыбуны даносілася “да здравствует…”. Напэўна, і так не ўсе крычалі б, а тут яшчэ большасць з нас літаральна знямела. Вось я ўвесь час ішла каля Зосі Крычы, якая заўсёды маўчала. А калі мы апынуліся насупраць трыбуны і адтуль данёсся вокрык, Зося плюнула ў бок трыбуны. Гэта быў сапраўдны подзвіг” (AW, Irena Zybertowicz, “Wspomnienia”, sygn. II/1503/2k, k. 31).

Канец навучальнага года быў зручнай нагодай для ўзнагароджвання лепшых вучняў. Акрамя традыцыйных узнагарод у выглядзе кніг (часцей гэта былі ідэалагічныя выданні, напрыклад, “Жыццё І.В.Сталіна”), лепшая моладзь удзельнічала ў летніх экскурсіях у Мінск. Летам 1940 года сталіцу БССР наведала каля 100 вучняў з беластоцкай вобласці (гл. AW, Henryk Kułak, “Wspomnienia”, sygn. II/1170, k. 9; AW, Józef Gabrukiewicz, “Wspomnienia”, sygn. II/578, k. 20; Państwowe Archiwum Obwodu Brzeskiego w Brześciu, sygn. f. 279, o. 1, d. 9, k. 168–171). Цэнтральныя бюро падарожжаў Мінска і Масквы прапаноўвалі школам свае паслугі ў падрыхтоўцы вандровак. Сярод іншых, у спісе прапаноў былі выезды ў Мінск (трохдзённая вандроўка каштавала 112,0 рублёў) і ў Крым (10 дзён – 205,0 рублёў, 5 дзён – 105,0 рублёў, 3 дні – 63,0 рублі). Часта ўражанні аб наведванні Мінска адрозніваліся ад запланаваных арганізатарамі: брудная, шэрая сталіца, засмучаныя, стомленыя людзі не маглі пакінуць пасля сябе палякам добрых успамінаў.

Ідэалагічная адукацыя моладзі, што без перапынку праводзілася на працягу ўсяго навучальнага года, працягвалася таксама ў час зімовых і летніх вакацый. Тэрміны школьных вакацый у савецкіх школах вызначаліся – паводле афіцыйнай прапаганды – выключна дзеля карысці вучняў, у адрозненне ад “панскай Польшчы”, дзе “думалі не аб тым, каб знайсці для навучання моладзі найлепшы час, а аб тым, каб адсвяткаваць божае нараджэнне, пасху і да т.п. Моладзь адрывалі ад матак, каб аддаць яе на расправу касцёлам. Найвялікшыя магчымасці для дзейнасці мела духавенства – замест уцех моладзь кармілі рэлігійнымі бязглуздзіцамі. Уся школьная практыка капіталістычных краін характарызуецца імкненнем да скажэння псіхікі маладога арганізму і да стварэння вернага раба капіталу”, і з гэтай традыцыяй змагаецца (!) “<…> савецкая школа, якая, дбаючы аб выхаванні ўсебакова развітай асобы, вялікую ўвагу надае належнай арганізацыі школьных вакацый” (“Wolna Łomża”, 05.01.1940 г., № 3).

У час зімовых вакацый савецкая ўлада прапаноўвала моладзі прагляды кінафільмаў, танцы, экскурсіі на мясцовыя прамысловыя прадпрыемствы, а таксама сустрэчы з афіцэрамі Чырвонай Арміі, ветэранамі грамадзянскай вайны і дэпутатамі Вяхоўных Саветаў БССР і СССР (гл. “Wolna Łomża”, 05.01.1940 г., № 3; PAOSOG, sygn. f. 6195, o. 1, d. 367, k. 219). 1–15 студзеня 1941 года мясцовы аддзел адукацыі Беластока прапаноўваў да ўвагі вучняў старэйшых класаў сярэдніх школ сустрэчы і лекцыі на наступныя тэмы: (а) “Міжнародная сітуацыя”, (б) “Жыццё і творчасць Уладзіміра Маякоўскага”, (в) “Камунізм і рэлігія”, (г) “Нацыянальныя праблемы ў вучэннях Леніна і Сталіна”, (д) “Камуністычнае выхаванне” (гл. PAOSOG, sygn. f. 6219, o. 1, d. 54, k. 32).

Манаполіяй на арганізацыю летняга адпачынку моладзі (акрамя абласных, гарадскіх і раённых аддзелаў народнай асветы) валодалі піянерскія і камсамольскія арганізацыі. Летам 1940 года ў Беластоцкай вобласці было арганізавана 14 піянерскіх лагераў. З Беласточчыны ў лагер на возеры Нарач было накіравана 58 вучняў, у той час як у цэнтральны піянерскі лагер Артэк на Чорным моры трапіў толькі адзін вучань (гл. PAOSOG, sygn. f. 6195, o. 1, d. 399, k. 154). Згодна з запаведзямі камсамольскай арганізацыі, мэтай дзейнасці летніх лагераў моладзі, акрамя перманентнага ідэалагічнага навучання, была таксама прапаганда сярод іх удзельнікаў “<…> працавітасці і вайскова-спартыўнай падрыхтоўкі <…>”, а таксама фарміраванне станоўчых “адносін да працы і грамадскай актыўнасці” (“Wolna Praca”, 09.04.1941 г., № 42).

Пад уплыў савецкай ідэалогіі, пашыраемай праз школу і маладзёвыя арганізацыі, у значнай ступені трапляла беларуская і габрэйская моладзь. Гэта былі дзве асноўныя нацыянальныя групы, якія ў новых умовах бачылі шанец на паляпшэнне свайго жыцця. Камуністычная сістэма адчыняла перад імі новыя магчымасці, якіх яны былі пазбаўлены ў ІІ-ой Рэспубліцы, дзе дамінавалі палякі. Асобы, што падтрымлівалі сацыялістычную сістэму і актыўна ўдзельнічалі ў яе стварэнні, разлічвалі на атрыманне ў будучым кіруючых пасад у новай адміністрацыі. Асабліва вялікія шанцы на атрыманне грамадскага авансу з’явіліся ў габрэйскага люмпен-пралетарыяту. Так нацыя, якая перад вайной займала адно з ніжэйшых месцаў у грамадскай іерархіі, стала з пункту погляду камуністычнай ідэалогіі соллю зямлі, найменш скажонай капіталістычным светапоглядам. Ды і цяжка было не прыняць новыя погляды, веру ў лепшую будучыню. Падобныя матывы падтрымкі камуністычнай сістэмы ляглі таксама ў аснову палітызацыі беларусаў (асабліва ў пачатку акупацыі). Праўда, у адрозненне ад габрэяў, беларусы ў асноўным бачылі паляпшэнне свайго матэрыяльнага і палітычнага становішча ў стварэнні ўласнай (сацыялістычнай, але нацыянальнай па характару) дзяржаўнасці. Аднак хутка пасля першага захаплення камуністычнымі лозунгамі аб роўнасці і братэрстве абедзве нацыянальныя групы моладзі пачалі заўважаць ілюзорнасць сваіх пачатковых надзей. Пагаршэнне ўмоў жыцця, недахоп самых неабходных прадуктаў – усё гэта дазваляла сумнявацца ў колішніх абяцаннях. Пазітыўна настроеная раней частка моладзі паступова пачала выступаць з крытыкай савецкіх уладаў (гл. ARMIA KRAJOWA 1990: 174–175).

У той жа час пераважная большасць польскай моладзі ставілася да камуністычнай сістэмы адмоўна. Выхаваная ў духу культу ўласнай дзяржавы, яна не магла змірыцца з вайсковай агрэсіяй суседа, які да таго ж прынёс (о, іронія!) лозунгі аб вольнасці і самавызначэнні. Размовы пра братэрства і мір з пункту гледжання нацыянальных інтарэсаў палякаў выглядалі кпінамі. Супраціўленне польскай моладзі, якое вынікала з непрыняцця і нават варожасці да ўсяго, што было звязана з акупантамі, узмацнялася бескампрамісным характарам маладой асобы, гатовай пайсці на адважныя, але адначасова неабдуманыя дзеянні (гл. LABĘDA 1990: 50). Асабліва выразным гэты працэс быў падчас першых школьных мітынгаў і сходак, на якіх дзяўчаты і хлопцы, не задумваючыся аб наступствах сваіх выступленняў, спантанна пратэставалі супраць ганьбавання агітатарамі ІІ-ой Рэспублікі, задаючы ім, між іншым, непрыемныя пытанні адносна саюза з фашыстамі, пакта аб ненападзенні на Польшчу і да т.п. (гл. AAN, sygn. 202/XVIII–6, k. 67). Імкненне да незалежнасці праяўлялася ў нездыманні, насуперак савецкаму звычаю, шапак з галоў падчас выканання “Інтэрнацыянала” (гл. AW, Karol Troczewski, “Wspomnienia”, sygn. II/1017, k. 9) ці ў спяванні “Boże coś Polskę” у адказ на антырэлігійныя заклікі (гл. ARMIA KRAJOWA 1990: 175). У час польскіх нацыянальных святаў моладзь расклейвала і малявала на сценах патрыятычныя плакаты. Так, напрыклад, з нагоды 11 лістапада (1940 года) ў Беластоку на сценах будынкаў з’явіліся лозунгі: “Няхай жыве 11 лістапада” і “Слава і хвала Польшчы” (гл. PAOSOG, sygn. f 6196, o. 1, d. 424, k. 51; AW, Urszula Mioduszewska-Zagrodny, “Wspomnienia”, sygn. II/1113, k. 1).

Выхаванае ў нацыянальным духу, польскае вучнёўства ў часы савецкай акупацыі практычна кожны дзень здавала экзамен на ўласны патрыятызм. Спантаннае супрацьдзеянне моладзі часцей прымала форму дэманстрацыі і з’яўлялася спробай адрэагаваць на ўласныя прыніжэнні, але яно не мела формы арганізаванай і прадуманай канспірацыяй. Увогуле, планаванне не было ўласціва натуры маладога чалавека.

Генрых Чаркоўскі і яго сябры пачалі сваю дзейнасць выпадкова. Калі яны праходзілі каля помніка-брамы, збудаванага ў гонар Чырвонай Арміі, два габрэі-міліцыянеры, што пільнавалі яго, загадалі ім некалькі разоў прайсціся пад брамай, кожнага разу здымаючы шапкі. “Калі мы спыталіся, <…> навошта нам здымаць шапкі – нам адказалі коратка: “Хлопцы, вы паршывыя палякі. Нам ужо да дупы Польшча, здымайце вашыя шапкі перад савецкай зоркай”. Чорт ведае, што ім магло прыйсці ў галаву. Карабіны ж, пэўна, былі зараджаныя. А вакол ні кульгавай сабакі – пуста, няма нікога. Так нас і прагналі пад той брамай некалькі разоў. Мы здымалі шапкі. Потым сказалі ісці прэч. Мы і пайшлі, але не дадому. Паціху прабрадліся да нашай уласнай дрывотні, узялі сякеры і пілы і зноў асцярожна пайшлі да брамы. Сонца ўжо схавалася. Станавілася ўсё цямней. У правадах гудзеў вецер, пачынаўся дробны дождж – так званы “капуснічак”. Пахадзіўшы некаторы час каля брамы і ўпэўніўшыся, што нікога паблізу няма, мы пачалі сваю працу. Было цяжка. Бярвенне аказалася досыць грубым, дошкі таксама. Час ад часу мы былі вымушаны хавацца за дрэвамі, каб не трапіць у святло машын. На шчасце, ніхто каля нас не праходзіў. Праз некалькі гадзін упартага арудавання сякерамі і піламі мы, мокрыя ад поту, павалілі ненавісную браму. Далёка разляцелася шкло ад зоркі. Можа, гэта было наіўнае дзяцінства. Аднак, мы вырашылі, што ўжо ніколі не будзем здымаць перад ёй шапкі… Канешне, нікому аб тым не расказалі, ніхто не даведаўся пра нашу тайну. Поўная канспірацыя… А калі сур’ёзна, дык гэта быў наш першы акт сабатажу. Калісьці нам да гэтага не было ніякай справы. І калі б не тыя акалічнасці, калі б не тыя міліцыянеры, – напэўна, да такога не дайшло б… Другая нашая “справа”, была, хутчэй за ўсё, яшчэ большым дзяцінствам, чым першая. Ды і не было б яе, калі б не сябры. Ведаеце, пачалі казаць, што нейкая “арганізацыя” ноччу паваліла браму… І мы вырашылі адказаць нашым акупантам на гэта яшчэ большым свавольствам. Вакзал Барановічаў Польскіх быў досыць высокім будынкам. На яго вяршыні Саветы паставілі свой чырвоны сцяг. І мы “на зло ім” вырашылі яго сарваць. Было гэта няпроста. Выхад на дах знаходзіўся ў будынку. Усюды – чыгуначнікі, рабочыя, вайскоўцы, бо тут жа была камендатура. І адкуль браліся такія думкі ў яшчэ ‘шчанячых’ галовах…” (AW, Henryk Czarkowski, “Wspomnienia”, sygn. II/1260/2k, k. 15). Прыведзены прыклад апісвае здарэнне па-за межамі беластоцкага ваяводства (Баранавічы), аднак, калі прыняць пад увагу яго змест, саму сітуацыю і спосаб мыслення моладзі, ён можа нават падацца тыповым.

Падобны характар мелі таксама і канспірацыйныя акцыі, якія ажыццяўляў Караль Трашэўскі разам з сябрамі: “Наша дзейнасць, – успамінае К.Трашэўскі, – заключалася ў развешванні плакатаў, што асмейвалі Чырвоную Армію, у напісанні розных адозваў, газетак, арганізацыі дыскусійных сустрэч. Памятаю афішу, якую мы расклейвалі на вуліцах і ў парках. Гэта быў ад рукі намаляваны савецкі салдат у залапленым плашчу і стаптаных ботах, у пашарпанай шапцы “будзёнаўцы” і з карабінам на шнурку. І пад гэтым усім вершык: «На лаце лата – вось убор салдата, бізуна салдату за такую лату». <…> Памятаю вельмі смешны і недвухсэнсоўны выпадак, кпін над сапраўды верным чырвоным настаўнікам палякаў, а яшчэ лепей памятаю Даманьскага – сына нашага гімназійнага вартаўніка. На падэшвах яго галошаў, якія ён пакінуў у школьнай раздзявальні, выразалі пяціпраменную зорку. Немагчыма апісаць, як гэта, да вялікай радасці моладзі, смешна выглядала. А страта было досыць значная, аб набыцці новых галошаў можна было толькі марыць” (AW, Karol Troczewski, “Wspomnienia”, sygn. II/1017, k. 10, 12).

Моладзь, якая здзяйсняла канспірацыйныя мерапрыемствы, не зважала на шалёны тэрор НКУС. Нагодай для арышту, а ў лепшым выпадку – выключэння са школы, магло стаць выдуманае абвінавачванне ці нават ананімка (гл. AW, Zbiory Instytutu Hoovera, “W.Ł. – uczennica, uchodźca”, sygn. 88.168, k. 79). У школах пашырылася данасіцельства, НКУС рабіў спробы выкрыцця сярод вучняў-палякаў канфідэнтаў, абяцаючы за гэта грашовае заахвочванне (гл. AW, Zbiory Instytutu Hoovera, “Z.S. – uczeń gimnazjum, uchodźca”, sygn. 88.168, k. 80; AW, Larysa Kuźmin, “Wspomnienia”, sygn. II/752, k. 1). У адукацыйных установах панавала невыносная атмасфера няпэўнасці, кожны вучань ці настаўнік мог быць патэнцыяльным агентам. Гэта прыводзіла да таго, што вучнёўскія асяродкі замыкаліся, абмяжоўваліся да памераў невялікіх груповак надзейных сяброў. Адразу ж з пачаткам арыштаў моладзь зразумела, што савецкая школа была не сховішчам, дзе мог існаваць свабодны абмен думкамі і поглядамі, а зброяй для фарміравання і выхавання камуністычнай асобы.

Страта настаўнікам аўтарытэту, выкліканая недаверам вучня да педагога, прывяла да зніжэння прэстыжу навукі. Дрэнна апрануты, а нярэдка і кепска адукаваны настаўнік перастаў быць узорам для дзяцей і моладзі. Вучні, хутка зразумеўшы, што ў новых абставінах пераход іх з класа ў клас у большай ступені залежыць ад настаўнікаў, чым ад іх саміх, пачалі пагарджаць школьнымі абавязкамі (гл. AAN, sygn. 202/XVIII–6, k. 170). А катэгарычную забарону настаўнікам ужываць цялесныя пакаранні моладзь успрыняла як знак слабасці педагога (гл. BOBOWIK 1996: 10). Разлажэнне дысцыпліны ў школе аўтаматычна адбілася на паводзінах моладзі па-за межамі навучальных устаноў. Маладыя людзі часцей пачалі ўжываць алкаголь, паліць тытунь, гуляць па начах (гл. Zakład Historii Ruchu Ludowego w Warszawie, Archiwum prof. S.Kota, sygn. 97, k. 166). Натуральна, што афіцыйны закон забараняў знаходжанне моладзі ноччу на вуліцах.). Пазбаўленая ранейшых аўтарытэтаў – радзімы, касцёла, школы, вучнёўская моладзь стала больш цікавіцца прыцягальнымі, але дэмаралізуючымі ўрокамі дарослага свету.

Мэтай дзейнасці савецкай школы было не столькі непрадузятае набыццё вучнем ведаў, колькі фарміраванне яго асобы на аснове камуністычнай ідэалогіі. Ліквідацыя мажлівасцей для творчага пазнання свету ў выніку спарадзіла рост апатыі ў асяродку моладзі і адчуванне ёй уласнай слабасці. Неадпаведнасць акаляючай рэчаіснасці тым ведам, якія давалі ў школе настаўнікі і тым лозунгам, якія яны пашыралі сярод вучняў, заняпад гаспадарчай сістэмы, шалёны тэрор НКУС і ўсеўладдзе партыйнай арганізаці не стваралі абяцаных перспектыў на будучыню. Адзіную магчымасць прыстасавацца да новай сістэмы давала поўнае адмаўленне ад уласнай незалежнасці і ўступленне ў функцыянуючыя структуры таталітарнай краіны. Імкнучыся ахапіць камуністычнымі ідэямі як мага большую частку моладзі, новыя ўлады стварылі больш дасканалую, чым пры ІІ-ой Рэспубліцы, сетку школ. Агульная і сярэдняя адукацыя ахоплівала новыя групы вучняў, даючы ім ў новай рэчаснасці шанцы на грамадскі аванс. Дзякуючы паслядоўнай адукацыйнай палітыцы, школа стала першым і адначасова найважнейшым элементам у складаным працэсе фарміравання асобы савецкага грамадзяніна.

Пераклаў з польскай мовы
Сяргей ВЕНІДЗІКТАЎ
© МТ “Брама”, 2002

SUMMARY

Voitseh SLEZHINSKY

EDUCATIONAL PROCESS AND SCHOOL YOUTH IN THE SOVIET EDUCATION SYSTEM ON THE TERRITORY OF PRE-WAR BIALYSTOTSKY REGION IN 1939-1941

The article deals with the reorganization of National Education System in Bialystok region after 1939. The changes led to replacement of the Polish schools by the Belarussian and Russian ones, which caused difficulties in its turn. The author regards the ideological aspect of the Soviet education system as dominant, examines the organization of educational process, and clears up problems of coexistence of the Polish and Belarussian school youth.

РЕЗЮМЕ

Войцех СЛЕЖИНЬСКИЙ

УЧЕБНЫЙ ПРОЦЕСС И ШКОЛЬНАЯ МОЛОДЕЖЬ В СОВЕТСКОЙ СИСТЕМЕ ОБРАЗОВАНИЯ НА ТЕРРИТОРИИ ДОВОЕННОГО БЕЛОСТОЦКОГО ВОЕВОДСТВА В 1939–1941 ГОДАХ

Описываются реорганизация системы народного образования Белостоцкого региона после 1939 года, которые привели к замене польских школ на белорусские и русские школы, а также трудности, связанные с этим процессом. Анализируется идеологический аспект системы образования в СССР, организация учебного процесса в советской школе, проблемы сосуществования польской и белорусской школьной молодёжи.


* © Wojciech ŚLESZYŃSKI. Uczniowie i młodzież szkolna w sowieckim modelu oświaty na obszarze przedwojennego województwa białostockiego w latach 1939–1941. Białystok, 2002. Напісана спецыяльна для часопіса “КРАЙ = KRAJ” (даслана ў рэдакцыю 20 сакавіка 2002 г.).

Літаратура

Armia Krajowa w dokumentach 1939–1945. Wrocław, 1990. Т. 1: Wrzesień 1939 – czerwiec 1941.

Bobowik A. Szkolnictwo polskie na Augustowszczyźnie w okupacyjnej strefie radzieckiej w latach 1939–1941 // Sybirak. 1996. № 14.

Głowacki A. Sowieci wobec Polaków na ziemiach wschodnich II Rzeczypospolitej 1939–1941. Łódź, 1997.

Labęda R. Moje wspomnienia 1939–1945 // Sybirak. 1990. № 5.

Nowak F. Moja gwiazda. Białystok, 1991.

Śleszyński W. Obraz obywatela sowieckiego w opinii ludności polskiej na Białostocczyźnie w latach 1939–1941 jako konfrontacja różnych postaw, ustrojów i kultury // Granice i pogranicza: (Historia codzienności i doświadczeń) / Pod red. M.Liedke, J.Sadowskiej i J.Trynkowskiego. Białystok 1999.

Остерман Л.А. Роль комсомольской организации в воспитании сознательной дисциплины в школе // Советская педагогика. Москва, 1940. № 6.

Пивин Л.И. Пионерская организация в школе // Советская педагогика. Москва, 1939. № 5.

Тихонов В. Оборонная работа в школе и ее роль в укреплении дисциплины и повышении успеваемости учащегося // Советская педагогика. Москва, 1940. № 3.


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Магілёўскага Таварыства БРАМА
 кантакт: epostbox@tut.by

 

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія