СЯРГЕЙ ПЯСЕЦКІ
(Жыццё ў творчасці)*
Сяргей ВЕНІДЗІКТАЎ
(Магілёў, Беларусь)
За апошнія 10 год выдавецкі рынак Польшчы зведаў значныя змены. На паліцы кнігарняў вярнуліся даўно забытыя, найперш даваенныя, аўтары. Аднак ніводны аўтар не вяртаўся да чытача так пераможна, як Сяргей Пясецкі. Яго раман “Каханак Вялікай Мядзведзіцы” (1935) паводле рэйтынгу “Rzeczpospolitej” трывала займае першую пазіцыю па продажах у катэгорыі польскай фабулярнай прозы ХХ стагоддзя.
Апошнія выдавецкія поспехі Пясецкага пацвердзілі яго даваенную славу. Славу, якую ён здабыў сваім першым раманам. Два гады даваенных выданняў і аднаўленняў “Каханка Вялікай Мядзведзіцы” вывелі аўтара на трэцяе месца па колькасці прададзеных экземпляраў пасля “Кар’еры Нікадэма Дужмы” Даленгі-Мастовіча і “Дзікушцы” Заржыцкай, а па меркаванні чытачоў “Літаратурных Ведамасцей”, у 1938 годзе проза Пясецкага заняла другое месца, саступіўшы толькі “Лядоваму сэрцу” Ежы Андрыеўскага. І хоць многія крытыкі лічаць, што творы Пясецкага не вытрымліваюць канкурэнцыі з такімі майстрамі пяра як Вітольд Гамбровіч, Бруна Шульц ці Юзэф Мацкевіч, у гісторыі польскай літаратуры т.зв. класу “Б” гэты славуты аўтар займае трывалыя пазіцыі.
Хто ж такі Сяргей Пясецкі і чаму яго творы прыцягваюць да сябе такую ўвагу менавіта зараз, калі мінула ўжо амаль паўстагоддзя пасля смерці іх аўтара? Адказаць на пытанне будзе цяжка, калі мы не звернемся да незвычайнага жыццёвага шляху гэтага пісьменніка.
І
Сяргей Пясецкі нарадзіўся 1 красавіка 1901 года на Беларусі, у Ляхавічах, як пазашлюбны сын абруселага паляка шляхецкага паходжання, Міхала Пясецкага, і служачай, Клаўдзіі Кукаловіч. Выхоўваўся будучы пісьменнік у наскрозь расійскай атмасферы: карыстаўся выключна рускай мовай, наведваў рускія школы, быў праваслаўным. У школе вучыўся вельмі дрэнна, пераходзіў з класа ў клас толькі дзякуючы бацьку. Веды ён атрымоўваў у гімназіях Мінска і Бабруйска на Беларусі, а потым у расійскай глыбінцы – Уладзіміры-на-Клязьме і Пакрове. Сярод рускіх аднагодкаў адчуваў сябе чужынцам, даходзіла нават да сапраўдных канфліктаў. Аб сваіх тагачасных перажываннях ён пісаў праз шмат год так: “Для мяне было нечаканасцю, што хлопцы ў класе аднесліся да мяне вельмі варожа. Я адразу стаў сярод іх белай варонай. Мяне абражалі пагардлівымі мянушкамі: «Палячок!», «Палячышка!», «Лях!»… А я ж быў цалкам зрусіфікаваным. Аб Польшчы меў такое ўяўленне, якое далі мне рускія – абразлівае і пагардлівае. І пра сваё паходжанне нічога не ведаў. Але мянушкі былі для мяне крыўднымі”.
Школьнае навучанне спынілася на сёмым класе гімназіі, “калі, – як пазней успамінаў пісьменнік, – камедыя маёй адукацыі скончылася трагедыяй. Сапраўднай трагедыяй. Проста са школы, у светлым гімназійным паліто і гранатавай шапцы з пальмамі, я трапіў за краты. Справа была незвычайная. Я зрабіў узброены замах на інспектара гімназіі і гаспадара класа. <…> Хутка я ўчыніў яшчэ больш фантастычнае глупства, прычым даволі ўдала – збег з турмы і апынуўся ў віры авантурнага жыцця і рэвалюцыі. <…> А потым я вучыўся па кнігах жыцця, а педагогамі маімі былі людзі выключныя і цікавыя. Некаторыя з іх і чытаць нават не ўмелі, але ж мелі «глыбокія веды» ў пэўных сферах жыцця. Дыпломаў тых «школ» я не атрымоўваў, але даведаўся аб сапраўды цікавых рэчах і вучыўся добра”.
Ужо ў час навучання ў гімназіі Пясецкі спрабаваў пісаць на рускай мове. Напісанае Сяргеем рупліва збіраў яго бацька, які, відаць, быў перакананы ў літаратурных здольнасцях сына.
ІІ
Уцягнуты ў авантурнае жыццё, Сяргей Пясецкі ў 1917 годзе трапіў у ахопленую рэвалюцыйнымі хваляваннямі Маскву. Малады Пясецкі хутка зарыентаваўся ў дэмагогіі бальшавіцкіх агітатараў. Ён стаў непрымірымым ворагам камуністычнай ідэалогіі. Наступныя некалькі гадоў прайшлі ў небяспечных ваенных прыгодах. Гэта быў час упартай барацьбы – крывавых рэвалюцыйных падзей і польска-савецкай вайны.
З Масквы Пясецкі ўцякае ў Мінск, дзе звязваецца з бандыцкай групоўкай. Пры гэтым ён ні на хвіліну не задумваўся аб уласнай карысці. Яго проста больш прываблівала вольнае жыццё сярод вольных людзей, чым галоднае і ганебнае мяшчанскае існаванне грамадзянскай вайны. За гэты час Пясецкі маляўніча апісаў бандыцкае жыццё ў трылогіі, куды ўвайшлі творы “Яблычак”, “Гляджу я ў акно…” і “Ніхто не дасць нам збавення”.
Пад канец Першай сусветнай вайны ў Мінску ўсталявалася атмасфера няпэўнасці. Некалькі разоў горад пераходзіў з рук у рукі. У Мінску па чарзе панавалі немцы, бальшавікі, палякі, нават беларусы, якія імкнуліся атрымаць незалежнасць. Пасля з’яўлення ў Мінску мясцовых паўстанцкіх аддзелаў “Зялёнага дубу” Пясецкі далучаецца да іх, пакідаючы сваю ранейшую бандыцкую справу. “Асновай гэтай нацыяналістычнай беларускай арганізацыі, – паведамлялася ў рапарце тагачаснага Генеральнага штаба Польскай Арміі, – з’яўляюцца банды дэзерціраў без пэўнага плану дзеянняў, аднак з нацыяналістычнымі і антысавецкімі перакананнямі”. Калі ж на мінскіх вуліцах з’явіліся войскі Пілсудскага і прагучаў заклік рухацца далей на Усход, многія з партызанаў “Зялёнага дубу” далучыліся да сфарміраванай палякамі Літоўска-Беларускай дывізіі. У жніўні 1919 года Пясецкі быў паранены падчас вулічных баёў у Мінску. Восенню 1919 года ён далучыўся да адной з беларускіх вайсковых частак, што знаходзіліся пад польскім камандаваннем. Вясной наступнага года Пясецкі быў накіраваны на дзевяцімесячныя курсы ў Варшаўскую школу падхарунжых, пасля заканчэння якіх трапіў на польска-савецкі фронт.
Крывавае супрацьстаянне дзвюх цывілізацый у польска-савецкай вайне прывяла да таго, што частка жыхароў Беларусі прызнала Савецкую Рэспубліку. Іншыя, як Пясецкі, сваю будучыню вырашылі звязаць з Польшчай. Выбар гэты быў нялёгкім. Рыжскае мірнае пагадненне ад 18 сакавіка 1921 года раз’яднала сына і бацьку. Маёнтак бацькі Пясецкага застаўся на савецкім баку, хоць польскія войскі і прасунуліся далей на Усход, аж да галоўнага горада Беларусі.
Вайна, акрамя разбурэння гаспадарчай сістэмы, пакінула Польшчы і праблему ветэранаў. Пакрыўджаныя палітычнымі рашэннямі расійскага трактату, салдаты крэсаў адчувалі сябе прыніжанымі. Яны засталіся сам-насам са сваім горам, не мелі грошай нават на хлеб. Для іх знайсці прыстойную працу дзе-небудзь у Вільні ці яе ваколіцах было цудам.
“Нас выкінулі на сметнік, – са смуткам і горыччу пісаў аб тых часах у “Жыцці раззброенага чалавека” Пясецкі, – <…> Сытае і бяспечнае грамадства не цікавіцца лёсам тых, хто бараніў яго волю. Я не раз потым шкадаваў, што не загінуў на фронце”.
ІІІ
Пасля года блуканняў па завулках Вільні Пясецкі, дэмабілізаваны, без адукацыі і прафесіі, звыклы да небяспекі і да авантурнага жыцця, вырашае супрацоўнічаць з усходнім прадстаўніцтвам Другога аддзела Генеральнага штаба ці з польскай разведкай. Сапраўды, мяжу ён ведаў як свае пяць пальцаў, валодаў рускай мовай і мясцовымі дыялектамі, а ў Мінску застаўся яго бацька. Пясецкі быў быццам спецыяльна створаны для такой працы – малады, адважны, свядомы антыбальшавік.
Вельмі хутка ён зарэкамендаваў сябе як смелы і аператыўны разведчык, аб чым сведчаць дакументы Другога аддзела Генеральнага штаба. З іх мы даведваемся, што “<…> праца Пясецкага была, безумоўна, карыснай <…> [Ён здабываў] інфармацыю, якая мела выключнае значэнне <…>, праявіў адданасць польскай справе <…>, адзначыўся храбрасцю і адвагай. Абавязкі разведчыка выконваў з захапленнем. І ў даручанай справе не шкадаваў ні жыцця, ні здароўя <…>”.
Памежжа ў той час было неспакойным. З аднаго боку – Саветы, якія высылалі ў Польшчу тэрарыстычныя банды, з другога – асабовая агентура Другога аддзела, якая павінна была адхіляць пагрозу. Для кагосьці, каму давялося жыць у даваеннай Польшчы, ужо сам кантраст з савецкай рэчаіснасцю быў абсурдным. “Тут у буфеце абед, апельсіны, шакалад, – вуснамі аднаго са сваіх герояў казаў Пясецкі ў шпіёнскай дылогіі “Пяты этап” і “Падобны багам ночы”, – Там – каляровая гарбата з содай, салодкая вада. Тут – парфума, шоўк, панчохі на жаночых ножках. Там – смурод ад брудных, палатаных кажухоў <…>, лапці ці “апоркі” на нагах”.
Зялёную мяжу агенты пераходзілі пешшу, праз лясы, багну, з рэвальверам у руцэ. Затрыманне на савецкім баку азначала нялюдскія пакуты і смерць у мінскай вязніцы. Дзейнасць Пясецкага ўражвае. На працягу аднаго месяца ён 30 разоў пераходзіў мяжу. Паранены, ён уцёк з пасткі ГПУ і пераадолеў 130 кіламетраў палескай багны, ратуючы свайго сябра. За гэта ён атрымаў званне падпаручніка.
За такую выключна небяспечную працу Пясецкі вялікіх грошай не меў, а жыццё ў пастаянным напружанні было дарагім. Аднак, ён знайшоў досыць нечаканае выйсце – заняўся кантрабандай. Гэта, акрамя даходаў, давала яму і трывалае алібі, калі б яго схапілі ў Саветах, бо пакаранне за кантрабанду было непамерна меншым, чым за шпіянаж.
Пясецкі трапляў за краты і ў Польшчы, і ў Саветах. У першым выпадку яго ратавалі сябры з разведкі, у другім – грошы, спрыт, адвага і, як ён сам казаў, Вялікая Мядзведзіца, якая свяціла над ім, паказваючы зваротны шлях.
Праз некалькі гадоў жыцця ў пастаянным напружанні – катастофа. Пясецкі “падсеў” на какаін, які ён перавозіў у СССР, каб усталёўваць кантакты з высокімі афіцэрамі ГПУ. Ён пачаў губляць кантроль над сабой. Цалкам верагодна, што ў гэты ж час ён перадаў начальству кампрамат на кагосьці, звязанага з вышэйшымі ўладамі Польшчы, што і выклікала канчатковае звальненне Пясецкага з працы.
Так Пясецкі застаўся без працы і сродкаў для існавання, хаця за чатыры гады шпіёнскай дзейнасці праз яго рукі прайшло каля мільёна фунтаў. Гэта былі сапраўды ягоныя грошы, бо Другі аддзел выдаткоўваў вельмі няшмат, а Пясецкаму на ўтрыманне за мяжой шматлікіх агентаў неабходны былі значныя сродкі.
Пачаліся пошукі заробку. Пясецкі шукаў працу і ў Замежным Легіёне, і ў французскай разведцы, але польскім афіцэрам забаранялася служба ў замежнай арміі. Ягоныя намаганні не прынеслі ніякай карысці. Пясецкі апынуўся ў цяжкім становішчы – з маёмасці ў яго засталася толькі зброя, наган. Тады ён накіроўваецца з Вільні ў Брэст, разлічваючы на дапамогу брата, становішча якога, аднак, аказалася не намнога лепшым. Некаторы час, у стаптаных ботах, з рэвальверам і рэшткамі какаіну, блукае Пясецкі па лясах Гродзеншчыны. Аднойчы пад уздзеяннем наркотыку ён напаў на габрэйскіх гандляроў, што спяшаліся на кірмаш, і адабраў у іх 1054 злотых. З дапамогай гэтых грошай ён хацеў выцягнуць са зняволення сябра. Праз некаторы час разам з сябрам Пясецкі напаў на пасажыраў коннай вузкакалейкі. На гэты раз грошы пайшлі на “гарэлку, жанчын і спевы”. А неўзабаве рабаўнікоў арыштавала паліцыя. Хутчэй за ўсё, выдала іх у Вільні былая жонка вядомага рускага спевака Фёдара Шаляпіна, з якой яны залішне адкрыта размаўлялі.
ІV
Суд вынес рашэнне аб пакаранні Пясецкага смерцю праз расстрэл. У іншай частцы Польшчы справа дайшла б да трох-чатырох гадоў зняволення, але на Крэсах сітуацыя была асаблівая. Такое занадта суровае пакаранне можна растлумачыць, калі прыняць да ўвагі тагачасную сітуацыю на ўсходніх памежных тэрыторыях: там доўга ўтрымліваўся надзвычайны стан і кожнае рабаўніцтва каралася смерцю. Але тут у справу ўмяшаўся Другі аддзел, які памятаў пра заслугі Пясецкага ў разведслужбе. Так пісьменнік пазбег пакарання смерцю: яно было заменена на 15 гадоў турмы.
Пазней ён так пісаў пра даволі значны перыяд сваёй біяграфіі, праведзены за кратамі: “Я шэсць разоў быў вязнем. Усяго правёў за кратамі чатырнаццаць год. А ў апошні раз – адзінаццаць год запар. За той час мяне дзесяць разоў пераводзілі з турмы ў турму. Пяць гадоў я правёў у адзіночных камерах, шэсць – у агульных. Два гады прасядзеў у ізаляцыі, з іх аднойчы адзінаццаць месяцаў запар. Было шмат тыдняў карцэраў у многіх турмах. Як кіраўніка равіцкага бунту, мяне ў якасці пакарання выслалі ў Каранова. Як кіраўніка караноўскага бунту, выслалі ў пакаранне ў Св.Крыж. І толькі ўпартая дзейнасць прэсы і сябра майго першага рамана здолелі вырваць мяне з-за крат праз адзінаццаць гадоў майго знаходжання там. Але ж, калі б я пайшоў на кампраміс з турэмнымі ўладамі, а гэта значыць, адмовіўся ад барацьбы за правы і чалавечую годнасць вязня, то мог бы, як і большасць “інтэлігентаў”, мець там досыць добрыя матэрыяльныя ўмовы і значна скарочаны тэрмін зняволення”.
Так, Сяргей Пясецкі быў непакорлівым вязнем. Ён арганізоўваў бунты і галадоўкі, пратэстуючы такім чынам супраць жорсткасці ахоўнікаў. Ён змагаўся з турэмнымі ўладамі, якія імкнуліся ізаляваць яго ад іншых вязняў, пакараць яго за бунтарскі дух. З турмы ў турму разам з вязнем вандравала і невялікая картатэка, у якой быў дакумент з рукапісным чырвоным надпісам “Небяспечны!”, які быў два разы падкрэслены.
“Турэмная” творчасць Пясецкага пачалася ў Равічах і Уронках. Менавіта ў самым жорсткім зняволенні, якое існавала ў тагачаснай Польшчы, узнікалі творы, якім было наканавана стаць літаратурнай сенсацыяй і падараваць волю свайму стваральніку. У Святы Крыж Пясецкага пасылалі на пакаранне два разы. За ўдзел у караноўскім бунце ён трапіў сюды ў адпаведнасці з загадам дэлегата міністра юстыцыі ад 26 студзеня 1931 года: “<…> з мэтай адбыцця рэшты пакарання”, як сцвярджалася ў лісце, атрыманым у Каранове 21 лютага 1931 года.
Ад бясслаўнай смерці за кратамі Святога Крыжа Пясецкага ўратаваў талент і ўнутранае імкненне пісаць. У ім палала – як пасля шматгадовага знаходжання за кратамі апісваў стан свайго духу аўтар – агромністае вогнішча таго, датурэмнага, жыцця.
Атмасфера зняволення не спрыяла творчасці. Аднак дзякуючы здольнасці да глыбокай канцэнтрацыі Пясецкі здолеў тварыць нават у такіх выключна неспрыяльных умовах. “У клетцы памерам пяць на шэсць метраў нас, вязняў, было васемнаццаць, – пісаў Пясецкі. – Можна было мець толькі адзін сшытак, які пасля карыстання трэба было аддаць турэмшчыкам. Я ніколі не мог мець пры сабе сваю аповесць цалкам”.
Так на турэмных нарах і на бетонных падлогах з дапамогай звычайнага хімічнага алоўка стваралася літаратура. Пясецкі змагаўся і з яшчэ адной цяжкасцю, якая была, магчыма, яшчэ больш непрыемнай, чым турэмная камера і недахоп паперы: “Я не ведаў польскай мовы. Вучыўся ў рускіх школах. На мяжы, дзе жыў, карыстаўся рускай мовай, а ў вязніцы існавала спецыяльная гаворка”. І ў невыносных турэмных умовах распачаў Сяргей Пясецкі сістэматычную працу па авалодванні польскай мовай – мовай, якую ён да семнаццаці гадоў ніколі не чуў. У лісце да Мельхіёра Ваньковіча ён пісаў: “Мне вельмі перашкаджае веданне рускай мовы і тое, што дагэтуль я не меў зносін з людзьмі, якія сапраўды размаўляюць па-польску. Мне ж гадамі даводзіцца знаходзіцца сярод людзей, якія карыстаюцца дзіўнай, а часам нават жудаснай мешанінай некалькіх моў”. Толькі праз некалькі гадоў знаходжання за кратамі Святога Крыжа Пясецкі здолеў здабыць свой першы падручнік польскай мовы. А да таго часу ён самастойна спрабаваў вывучаць будову сказаў у польскіх “Літаратурных ведамасцях”. Перыёдыку рэгулярна дасылаў яму Мельхіёр Ваньковіч.
Калі Пясецкі ў красавіку 1934 года знайшоў шматок газеты з абвяшчэннем конкурсу на лепшы раман, ён за дваццаць восем дзён стварыў першы са сваіх вядомых твораў. Гэта быў “Пяты этап” – аўтабіяграфічны раман аб працы агента “замежнага аддзела” ў савецкім памежжы. Але на конкурс гэтая праца так і не патрапіла: перашкодзіла турэмная цэнзура. У 1935 годзе былі створны яшчэ два раманы – “Жыццё раззброенага чалавека” (не скончана ў зняволенні) і “Каханак Вялікай Мядзведзіцы” (напісана за паўтара месяца, на мяжы кастрычніка і лістапада).
Чуткі аб таленавітым вязні дайшлі да Мельхіёра Ваньковіча, які ў той час быў уладальнікам выдавецкага таварыства “Rój”. Пасля доўгай затрымкі, якая была выклікана цэнзураваннем тэксту, ён атрымаў з-за кратаў грубы рукапіс “Каханак Вялікай Мядзведзіцы”. У лютым 1937 года выдавец наведаў Пясецкага ў Свентакшыцкай турме, пасля чаго замовіў друкаванне аповесці і пачаў рабіць захады аб скарачэнні зняволення. Вынікам гэтага візіту стаў першы сігнал аб Сяргеі Пясецкім – ілюстраваны фотаздымкамі вялікі рэпартаж пад назвай “Вялікая Мядзведзіца свеціць з акна турмы”, які быў змешчаны 30 траўня 1937 года на старонках “Літаратурных ведамасцей”. Распачатая Ваньковічам акцыя вызвалення хворага на сухоты “вязня-літаратара” знайшла ў друку падтрымку вядомых пісьменнікаў і публіцыстаў. Вызваленню Пясецкага садзейнічалі і Станіслаў Цат-Мацкевіч, і Юліюш Кадэн-Бандроўскі.
V
Нарэшце прашэнне народжанага ў зняволенні пісьменніка дайшло да міністра юстыцыі і Сяргей Пясецкі быў вызвалены. 2 жніўня 1937 года ён назаўсёды пакінуў муры Св.Крыжа.
Святы Крыж Пясецкі пакінуў незвычайна. Каля брамы яго чакаў аўтамабіль. Службовую машыну разам з вадзіцелем пазычыў былому свайму непакорнаму вязню начальнік самай жорсткай турмы ІІ Рэспублікі. Пясецкі адразу паехаў у Кельцы, дзе яго чакала праца журналіста. І найперш – перад тым, як пачаў даваць шматлікія інтэрв’ю – пайшоў на пошту, адкуль адправіў тэлеграму свайму збавіцелю – Ваньковічу: “За зняцце з крыжа дзякуй, дякуй, дзякуй”. Былы вязень памятаў і пра сваіх зняволеных таварышаў, якім адразу ж пасля вызвалення паслаў пакункі з ежай і тытунём.
Неўзабаве турэмныя ўлады праклялі той дзень, калі пісьменнік пакінуў муры іх вязніцы. Узяўшы прыклад з Пясецкага, іншыя зняволеныя з думкамі аб атрыманні волі ўзяліся за пяро. Як пісала грамадская прэса, “… графаманія пачала небывала пашырацца сярод вязняў. Кіраўніцтва турмаў зараз чакаюць тыя ж пакуты, што спрадвек наканаваны рэдактарам і дырэктарам тэатраў, якія вымушаны праглядаць завалы графаманскіх тэкстаў вольных аўтараў”.
Пясецкі перажывае апагей папулярнасці. Праз дзень пасля яго вызвалення папулярная даваенная газета “Ранішні Кур’ер” змясціла такія радкі: “Вызваленне Пясецкага радасна віталі ў літаратурных колах”. Але пісьменнік атрымоўваў асалоду ад звычайнага жыцця зусім нядоўга – два гады, што прайшлі ад атрымання волі да пачатку Другой сусветнай вайны. Тады поспех яго кнігі і мецэнацтва Мельхіёра Ваньковіча адчынілі перад ім дзверы літаратурных салонаў.
З прычыны свайго паходжання Пясецкі ў гэты час найбольшую цікавасць праяўляе да віленскіх пісьменніцкіх колаў. Ён не меў ніякіх праблем з усталяваннем новых кантактаў, бо прадстаўнікі тагачаснай эліты грамадства з вялікай цікавасцю аднесліся да знаёмства з незвычайным пісьменнікам. Пасля публікацыі чарговых раманаў – “Пяты этап” і “Падобны багам ночы” – ён атрымоўвае лісты ад Вацлава Серашэўскага і Тадэвуша Боя-Жэленьскага з выказанымі ў іх павагай і прызнаннем. Паэты Тувім і Слонімскі прапанавалі яму ўдзельнічаць разам з імі ў рэдагаванні новага штотыднёвіка. Падчас знаходжання ў Закапанах пісьменнік сустрэўся з Генрыхам Ворцэлем, які пазнаёміў яго з Марыяй Каспровічавай, у якой збіралася ўся эліта Закапанаў.
Пад Гевонтам Пясецкі даволі часта праводзіў час у дыскусіях са Станіславам Ігнатам Віткевічам.
“У Закапанах пазнаёміўся з Пясецкім, пісьменнікам-бандытам, – успамінаў у адным са сваіх лістоў Віткевіч. – Цікавы чалавек. <…> Тое, што ён перажыў, настолькі пякельнае, што не верыцца, што ён дагэтуль жывы”. Віткевіч зрабіў некалькі партрэтаў пісьменніка, а той аддзячыў яму аўтографам на адным з выданняў сваёй аповсці: “Ст. Ігн. Віткевіч – кароль мяжы і бог ночы, які спусціўся да ўзроўню польскага пісьменніка”.
VI
Плённае развіццё творчасці Пясецкага прыпыніў пачатак вайны.
Камандаванню Віленскай Акругі Краёвай Арміі заслугі Пясецкага былі добра вядомыя. Ніхто на гэтай тэрыторыі так дасканала не ведаў канспірацыйнай працы, як ён. Заданне, якое хацелі яму даць, было вельмі адказным і няўдзячным. Пясецкаму прапанавалі кіраваць групай, якая павінна была выконваць смяротныя прысуды, што выносіла падполле. Аднак Пясецкі не хацеў прымаць прысягу і тлумачыў гэта сваім індывідуалізмам. На самой жа справе размова ішла аб адказнасці. Пясецкі ўсё ж такі прыняў кіраўніцтва ліквідацыйным аддзелам, але прысягі так і не прыняў. Ён добра ведаў асяроддзе віленскіх ZWZ i AK. І ведаў, што далёка не ўсё камандаванне гатова, найперш маральна, да выканання кіраўнічых абавязкаў. Сярод іх хапала кар’ерыстаў і інтрыгантаў.
Шмат людзей, выхаваных на крэсах, па-іншаму ўспрымалі ваенную рэчаіснасць, чым Галоўнае камандаванне АК і Лонданскі ўрад. Спрэчным пунктам у віленскім асяроддзі было стаўленне да Саветаў. Варожасць крэсаўцаў да носьбітаў надыходзячай з Усходу небяспекі павялічвалася з набліжэннем канца вайны. Даходзіла нават да канфліктаў. Для Пясецкага і другога вядомага сваёй бескампраміснасцю пісьменніка Юзафа Мацкевіча т.зв. вызваленне Чырвонай Арміяй прыраўноўвалася да другой акупацыі і ўсталявання на ўсходніх польскіх землях усеўладдзя СССР. Яшчэ і з гэтай прычыны Пясецкі не хацеў прымаць прысягу. Аднак, нават нягледзячы на гэтую акалічнасць, ён стаў для Віленскага дыверсійнага ўпраўлення каштоўным набыткам. Яму дазволілі дзейнічаць так, як ён лічыў неабходным. І, як паказаў час, не памыліліся.
Падзеі тых гадоў Пясецкі адлюстраваў у апублікаваных ужо пасля вайны ў эміграцыі кнігах “Чалавек, які стаў ваўком” і “У гонар Арганізацыі”. Творы гэтыя маюць у аснове рэальныя факты і рэальных дзеючых асоб. Пад змененымі аўтарам прозвішчамі і псеўданімамі крыюцца сапраўдныя, гістарычныя постаці.
Аб сваім ваенным жыцці Пясецкі пісаў у эміграцыйную газету “Pod prąd”: “Верасень 1939 года застаў мяне на Віленшчыне, дзе я перажыў акупацыю літоўскую, савецкую, нямецкую і зноў савецкую. Увесь час працаваў у канспірацыі, літаратурнай дзейнасцю не займаўся, пісаў толькі для падпольнай віленскай прэсы і для цэнтра краіны, напрыклад, у “Polska w Walce”. У 1943 годзе я атрымаў Крыж Заслугі з Мячамі”. Такую высокую ўзнагароду Пясецкі сапраўды заслужыў, бо дзякуючы яго выключнай храбрасці і рашучасці ўдалося ўратаваць ад смерці шмат людзей. Пясецкі сам, рызыкуючы жыццём, пракраўся ў ахоўваемы гестапа адміністрацыйны будынак. Ён здолеў вынесці дакументы Зыгмунта Андрушкевіча – адной з галоўных постацей віленскай АК, якога немцы арыштавалі за некалькі дзён да гэтага. Сярод дакументаў аказаўся і дакументальны архіў па справе катынскай вязніцы, складзены Юзафам Мацкевічам. Менавіта за гэты подзвіг Пясецкага ўзнагародзілі Бронзавым Крыжам Заслугі з Мячамі.
Мацкевіч абавязаны Пясецкаму жыццём двойчы. Другі раз – як кіраўніку ліквідацыйнага аддзела. Падполле вынесла Мацкевічу смяротны прысуд за надуманае супрацоўніцтва з Германіяй. І калі б не Пясецкі, які адмовіўся ад выканання прысуду, справа скончылася б трагічна. Пасля вайны эміграцыйны суд пры ІІ-ім Корпусе генерала Андэрса канчаткова зняў абвінавачванні з пісьменніка, аднак дагэтуль ідуць спрэчкі адносна таго прысуду. Хутчэй за ўсё, справа звязана з інтрыгамі савецкай разведкі.
У той час Пясецкі нават не быў знаёмы з Мацкевічам. Упершыню яны сустрэліся ў Італіі, дзе абодва далучыліся да ІІ Корпуса.
VII
Жахі Другой сусветнай вайны былі ўжо ў мінулым, калі, прыкрываючыся фальшывымі прозвішчамі, Пясецкі ў траўні 1945 года прабіраецца ў цэнтральную Польшчу, а потым на Аб’яднаныя Землі. 30 красавіка 1946 года пісьменнік ужо быў за мяжой. Свае дзеянні ён растлумачыў наступным чынам: “<…> да ўцёкаў мяне змусіла тая акалічнасць, што я, як літаратар, які цэніць свабоду слова, не мог у Польшчы надрукаваць ніводнага слова. Я ўцёк у Еўропу, каб мець мажлівасць тут літаратурна працаваць і ў меру сіл удзельнічаць у вызваленні ад акупантаў нашага нешчаслівага Краю”.
За тры дні да ўцёкаў з Польшчы Пясецкі скіраваў да Караля Курылюка, рэдактара штотыднёвіка “Odrodzenie”, адкрыты ліст, у якім пратэставаў супраць змен, што адбыліся ў краіне пасля вайны.
Сяргей Пясецкі ў сваіх перакананнях быў бескампрамісным. Ён да канца заставаўся ворагам змен, якія напаткалі Расію пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі і Польшчу – пасля Другой сусветнай вайны. Гэтыя погляды адлюстраваліся ў ягонай літаратурнай творчасці, а самым непасрэдным чынам – у публіцыстычных творах і разнастайных гутарках (анкеты, інтэрв’ю).
Бескампраміснасць Пясецкага хутка прывяла да сутычак з іншымі эмігрантамі, некаторыя з якіх не маглі пагадзіцца з тым, што пісьменнік у сваёй творчасці падаў іх у негатыўным святле. Але да сапраўднага канфлікту справа дайшла толькі ў 1951 годзе, пасля ўцёкаў з Польшчы Чэслава Мілаша. Пясецкі, які не прыняў камуністычную сістэму, выступіў катэгарычна супраць постаці новага эмігранта. У апублікаваным у парыжскай “Культуры” артыкуле “Не” Мілаш не адмовіўся і не асудзіў пануючы ў Польшчы камунізм. “Мілаш піша, што ён служыў краіне, хоць на самой справе ён служыў Беруце, – атакаваў Пясецкі ў памфлеце “Былы спадарожнік Мілаш”, – <…> але ці можам мы ўявіць сабе паляка, які б у часы зверстваў Гітлера і ўсталявання ім у Польшчы нацысцкага рэжыму прадстаўляў за мяжой гэты рэжым як аташэ па культуры і спаважна сцвярджаў, што служыць Польшчы? Як бы мы назвалі такога тыпа?”
Варта адзначыць, што гэтыя словы Пясецкага адносяцца да часоў, калі Польскае упраўленне бяспекі мардавала ўдзельнікаў няскоранага падполля, а ў краіне панаваў жорсткі сталінскі тэрор.
Пясецкі пісаў, што “Мілаш зараз яшчэ больш шкодны, чым раней, бо ён падманвае грамадскую думку Захаду. Ён публікуе фальшывыя звесткі аб даваеннай Польшчы і аб сучасным стане рэчаў у краіне. Робіць гэта таму, што хоча выбеліць тое плюгаўства, якому ён служыў шмат год дзеля кар’еры і мамоны”.
Тут распачалася сапраўдная бура. Праціўнікі Пясецкага пісалі да Ежы Гедройца, рэдактара “Культуры”, ганебныя лісты. Але Пясецкі не быў адзінокі ў сваёй крытыцы Мілаша. Яго падтрымалі, і падтрымалі рашуча, яго аднадумцы.
Вайна Пясецкага з камуністычнай сістэмай прымушае зноў прыгадаць постаць Юзафа Мацкевіча. Абодва заплацілі за бескампраміснасць у адносінах да таталітарнай сістэмы амаль аднолькава. Хоць іх мастацкія творы і ўвайшлі ў гісторыю польскай літаратуры, а Мацкевіча наогул лічаць майстрам стылю, абодва да канца сваіх дзён жылі ў беднасці і частковым забыцці.
VIII
Пасля публічных “баёў” з Мілашам Пясецкі выпаў з эміграцыйнага жыцця. У танных пакойчыках і паддашшах ён працягваў пісаць кнігі. Ён пазбягаў публічных выступленняў. Януш Кавалеўскі ўспамінаў аб ім: “Ён быў сціплым, не імкнуўся ніколі да ўзнагарод і да пашаны. Ён быў нават хваравіта сціплы. Аднойчы мы яго вельмі настойліва прасілі паўдзельнічаць у супольнай аўтарскай вечарыне, якую арганізоўваў Саюз пісьменнікаў. Пясецкі прыслаў свой твор, але адмовіўся ад асабістага ўдзелу. “Баюся, – пісаў ён мне, – людскіх позіркаў, у якіх я бачу толькі спачуванне былому злачынцу, вязню Святога Крыжа””. Лічаныя адзінкі з яго даўніх сяброў вытрымалі выпрабаванне часам.
Пасля вайны яго кнігі і надалей перакладаліся на замежныя мовы (між іншым, на італьянскую, шведскую, нямецкую) і выдаваліся ў многіх краінах (нават у Мексіцы). Але, нягледзячы на міжнародную папулярнасць, аўтар “Каханка Вялікай Мядзведзіцы” жыў вельмі сціпла, нават бедна. Аб адным з такіх цяжкіх этапаў свайго жыцця ён пісаў у прыватнай карэспандэнцыі, у лісце ад 2 студзеня 1955 года да Яніны Хоблер, карэктаркі сваіх твораў: “1954 год прайшоў для мяне фатальна. Я скончыў цяжкую фізічную працу, якая ішла ад цямна да цямна і пакідала мне пасля сябе здзёртыя пазногці, цела ў ранах і сіняках. Я мусіў працаваць нават у нядзелі. Скончылася гэтая праца 25 снежня, а 1-ай гадзіне дня. Працаваў нават хворы на адзёр. Я піў лекі, абліваўся потам, але перамог хваробу. Заплацілі досыць добра, і зараз можна пару тыдняў пісаць далей. І ёсць што…”
А ў 1962 годзе, незадоўга да смерці аўтара “Каханка Вялікай Мядзведзіцы”, хтосьці на сходзе Саюза польскіх пісьменнікаў прапанаваў ягоную кандыдатуру на пасаду члена рэвізійнай камісіі. “У зале было нешматлюдна, – успамінае Марыя Данілевіч-Зяліньска, – а прысутныя адмаўляліся ад выканання даволі няцяжкіх абавязкаў. Я не бачыла прычын, каб не ўзгадаць Пясецкага, сказала некальткі слоў у падтрымку кандыдата, які потым і быў выбраны большасцю галасоў”.
Усхваляваны Пясецкі спытаў Зяліньску, ці ведала яна, прапаноўваючы яго кандыдатыру на пасаду, кантралюючую фінансы, пра яго крымінальнае мінулае. Тая адказала яму, што пра гэта можна ўжо забыць, бо ён не ўцёк з-за кратаў, а быў законна вызвалены.
Пад уплывам гэтага здарэння Пясецкі вырашыў ахвяраваць Лонданскай Польскай бібліятэцы трэцюю частку сваіх сціплых ганарараў.
IX
На схіле жыцця ў пісьменніка пачаліся праблемы са здароўем. Далі аб сабе знаць цяжкая праца, гады зняволення, дрэннае харчаванне і празмернае паленне папяросаў. Пясецкаму даймалі галавакружэнні і гарачка. З пачатку 1964 года ён знаходзіўся ў шпіталі Св.Леанардаса на моры, потым – у лонданскіх клініках, і нарэшце трапіў у Польскі шпіталь у Пенлі (Уэльс). Творца з поспехам працаваў над чарговай часткай цыклу “Вежа Бабель”, які ён так і не паспеў скончыць. Памёр Сяргей Пясецкі ад раку 12 верасня 1964 года ў шпіталі ў Пенлі. Як і большасць падобных да яго людзей, змагароў, якія ўсё сваё жыццё праводзяць на мяжы жыцця і смерці, ён памёр спакойна, у ложку. На яго надмагіллі, зробленым па праекту Рышарда Дэмла, – выява сузор’я Вялікай Мядзведзіцы ў гонар яго самага вядомага твора.
Каштоўнасць шчырасці і рэальнасці твораў Пясецкага захавалася да нашых дзён. Уся ягоная творчасць аўтабіяграфічная. Ён апісвае падзеі, у якіх сам актыўна ўдзельнічаў. Таму творы Пясецкага чытаюцца як аповесці з ключом, у якіх за літаратурнымі постацямі схаваны рэальныя асобы, а пад фабульнымі здарэннямі – сапраўдныя сітуацыі. Аўтар заўсёды быў асцярожным і стрыманым, разумеючы непасрэдную розніцу паміж уласнай біяграфіяй і літаратурным тэкстам.
SUMMARY
Siarhey VIENIDZIKTAU
SERGEY PIASETSKY: LIFE IN CREATIVITY
The publication describes the life of Sergey Piasetsky – the well-known Polish writer of XX century. The author draws a parallel between Sergey Piasetsky’s works and his participation in the major events of the Polish history of XX century. Definite attempts are made to explain the popularity of Sergey Piasetsky with modern readers.
РЕЗЮМЕ
Сергей ВЕНИДИКТОВ
СЕРГЕЙ ПЯСЕЦКИЙ: ЖИЗНЬ В ТВОРЧЕСТВЕ
Описывается жизнь Сергея Пясецкого – знаменитого польского писателя ХХ века. Определяется связь между произведениями Сергея Пясецкого и его участием в важнейших событиях польской истории первой половины ХХ века. Делается попытка объяснить популярность Сергея Пясецкого у современных читателей.
* Напісана спецыяльна для часопіса “КРАЙ = KRAJ” (даслана ў рэдакцыю 24 чэрвеня 2002 г.).