БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

ПУБЛІКАЦЫІ МАГІЛЁЎСКАГА ТАВАРЫСТВА БРАМА НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
КРАЙ - KRAJ 1-2 / 2002

АЎТАДАНОС*

Сяргей ПЯСЕЦКІ

 


Сваю кароткую жартоўна-іранічную аўтабіяграфію, якая змясцілася на няпоўных трох старонках машынапісу, Сяргей Пясецкі суправаджае допісам ад рукі зверху на першай старонцы: “Друкавалася ў часопісе ў Іспаніі”. Хоць такую інфармацыю не ўдалося пацвердзіць, няма падстаў, каб яе аспрэчваць. Пачынаючы з 1944 года творчасць С.Пясецкага досыць часта была прадстаўлена ў іспанамоўным свеце (n.b. і не толькі ў самой Іспаніі, дзе былі выдадзены тры яго раманы, а такі, як “Каханак Вялікай Мядзведзіцы”, перажыў ажно восем выданняў, але і ў Мексіцы, дзе ў 1963 годзе выйшла яго “Жыццё раззброенага чалавека”). Асаблівую цікаўнасць да творчасці С.Пясецкага праявіў будучы лаўрэат Нобелеўскай прэміі Каміліё Хасэ Цэлу (аб чым, між іншым, пісала Беата Рачыньска на старонках “Одры” ў № 3 за 1990 год).

“Аўтаданос” убачыў свет на пачатку эміграцыйнага перыяду праз няпоўны год пасля прыбыцця аўтара ў Вялікабрытанію, куды ён прыехаў у складзе Другога Польскага Корпуса.

Тэкст належыць да нешматлікіх аўтабіяграфічных споведзей С.Пясецкага, мае пры гэтым выключнае значэнне, па-першае, у сувязі з яўнай бесцырымоннасцю і характэрнай гумарыстычнасцю падачы матэрыялу, па-другое, – з тым, што ён мімаходзь адкрывае дату свайго нараджэння: 1901 год (у эміграцыі С.Пясецкі як афіцыйную дату падаваў 1.VI.1899, і гэтая апошняя ўвайшла ў многія слоўнікі, працы і кампендыюмы, а таксама фігуруе на надмагільным помніку). Другая дата (у дужках) – гэта дапіска С.Пясецкага, зробленая ад рукі над радком.

Тэкст быў надрукаваны на пішучай машынцы без польскіх дыякрэтычных знакаў, адсюль, напэўна, задума стылізацыі пад тэлеграму (з характэрным разбіццём тэксту на фрагменты пры дапамозе слова “стоп”). Прычым, рукапісныя дапіскі дазваляюць нам зрабіць выснову, што імітацыя тэлеграфнай дэпешы – гэта вынік не спецыяльнай задумкі, а абставін – проста адсутнічала пішучая машынка з польскім шрыфтам. Гэты тэкст, які не публікаваўся на польскай мове раней, быў узяты намі з архіва пісьменніка, а стаў даступны дзякуючы прыязнасці Рышарда Дэмля з Італіі, сябра па эміграцыі і выканаўцы завяшчання Сяргея Пясецкага.

 


Па загаду майго выдаўца я змушаны быў адразу ж ветліва і паслухмяна сесці за напісанне сваёй аўтабіяграфіі. Паколькі ў мяне хранічная непрыязнасць да выдаўцоў і кракадзілаў, якія адрозніваюцца адзін ад аднаго толькі колькасцю зубоў, іх гігіенай і гатункам, а не апетытам – то зраблю гэта так, каб ён не меў асаблівай карысці. Зрэшты, я з’яўляюся такім матэрыялістам, што нават маргаць бясплатна мне не хочацца. Стоп.

Нарадзіўся я досыць даўно. Як гэта адбывалася, не памятаю, таму выдумляць не буду. А да розных дакументаў, пасля таго, як навучыўся іх па-майстэрску падрабляць, не маю ніякага даверу. Магчыма, што гэта адбылося 1 чэрвеня 189… года (на самой жа справе 1901). Так ва ўсякім разе сцвярджалі суддзі і пракуроры, бессаромна раскідваючыся маімі станоўчымі якасцямі і недахопамі падчас шматлікіх судовых працэсаў, чым прыводзілі мяне ў вялікае засмучэнне, бо я быў чалавекам сціплым і не любіў выстаўляцца. Калі гэта так, то ў дадзены момант мне 48, выглядаю на 38, адчуваю сабе на 28, а паводжу сабе нібы васьмігадовы. Стоп.

Вучыўся я вельмі дрэнна, а калі дакладней – то не вучыўся ўвогуле. А паводзіў сабе яшчэ горш. Тата заўсёды паўтараў, што я скончу дрэнна. А паколькі таты і старыя цёткі не могуць не мець рацыі, то сталася так, як мне напрарочылі – я стаў пісьменнікам. А гэта, здаецца, справа невылечная. Адсюль мараль: не любіў кніжак у школе, затое цяпер за кару боскую змушаны іх сам пісаць. Адзінае, што мяне ратуе ад асуджэння былых сяброў, – тое, што раблю я гэта з прычын матэрыяльных. Стоп.

Характар мой – надзвычай зменлівы. І ў гэтым сваім недахопе прызнаюся я неахвотна і сарамліва. Напрыклад, у дзяцінстве я вельмі не любіў гарэлку і… дзяўчынак. Гарэлка здавалася мне горкай, а дзяўчынкі раздражнялі сваёй адрознай канстытуцыяй – нібы кошкі і сабакі. Пазней мне давялося зведаць смак і таго, і другога, хоць, праўду кажучы, гэтыя абодва дэлікатэсы дастаўлялі мне шмат клопату. Стоп.

У майго таты была надзвычай дзіўная прафесія – ён рассылаў чужыя лісты і тэлеграмы, выконваючы абавязкі кіраўніка паштовай установы. Занятак гэты быў вельмі нудны, і я, як дбайны сын, клапаціўся пра ўнясенне элемента разнастайнасці, арганізоўваючы розныя авантуры. І калі яны станавіліся асабліва заўважальнымі, то судовыя ўлады і паліцыя змяшчалі мяне ў астрог, дзе я ўжо мог ні аб чым не клапаціцца, а толькі адпачываць. Такая гульня настолькі прыйшлася да спадобы суддзям, што ў 1926 годзе яны мяне засадзілі ажно на пятнаццаць гадоў. Клопат іх я палічыў за празмерна велікадушны і некалькі разоў спрабаваў адмовіцца ад такога “дабрадзейства” і пазбавіць астрог ад цяжару маёй там прысутнасці. Але для разнастайнасці мяне перавялі ў асабліва цікавы астрог на Святым Крыжы, размешчаны на самай вяршыні Лысых Гор і патанаючы ў аблоках. Там, каб яшчэ больш дапячы сабе, я напісаў раман, які невядома з якой прычыны атрымаў шалёную папулярнасць і быў перакладзены нават на процьму моў. Гэтага было ўжо занадта, і 2 жніўня 1937 года начальнік турмы “гоніць мяне ў шыю”, а калі б я не напісаў рамана, то мог бы там працягваць свай бесклапотнае жыццё яшчэ чатыры гады. Адбылася гэта падзея пасля 11 гадоў майго знаходжання там, калі я амаль зжыўся з прытулкам. У якасці карыснай інфармацыі паведамляю: складаней за ўсё знаходзіцца ў турме першыя 10 гадоў. Я змушаны быў пакінуць турму і зноў вярнуцца да штодзённага клопату аб сваім утрыманні. Стоп.

Што да маіх палітычных поглядаў, то маім дэвізам было: біць белых, пакуль не пачырванеюць, а чырвоных – пакуль не пабялеюць. А як аказалася: чырвоныя заўсёды былі чорнымі, а белыя – ружовымі. Адсюль мяркую, што чырвоных трэба пабяліць, што я і рабіў заўжды надзвычай заўзята, бо не зношу чужую хлусню – сваёй хапае. Стоп.

Я ўмеў шмат чаго карыснага, напрыклад: жангліраваць, хадзіць на руках, варушыць вушамі, даставаць языком да носа, чым страшна ганаруся. З менш цікавых рэчаў: шпіёніць, займацца кантрабандай і шмат чаго іншага, аб чым мне не хочацца з прычыны прыроджанай сціпласці ўспамінаць. І займацца гэтым цяпер мне таксама не хочацца, бо ўвогуле судовыя ўлады ў адносінах да мяне выказалі поўную адсутнасць пачуцця гумару. З мэтай іх пакарання я пазбавіў іх магчымасці мець добрага кліента ў сваёй асобе. Раней маёй асобай цікавіліся: паліцыя, сышчыкі, суддзі, пракуроры, пагранічнікі. А цяпер – толькі выдаўцы і рэпарцёры. Выдаўцы жывуць на свеце з адной мэтай, каб стрыгчы аўтараў і чытачоў. І робяць яны гэта беспакарана, калі не чытаюць таго, што выдаюць. А рэпарцёры існуюць для таго, каб задаваць недарэчныя пытанні. Адзін з іх спытаўся ў мяне падчас інтэрв’ю: “Што б Вы зрабілі, каб Вас пакінулі на ўсю ноч у банку з адчыненым сейфам, напоўненым грашыма?”. Я ўважліва паглядзеў на яго і адказаў зусім сур’ёзна: “Усю ноч не спаў бы, а пільнаваў, каб Вы не праніклі ў банк”. Стоп.

Раманы свае пішу з агідай да гэтай няўдзячнай працэдуры. Не прачытаў яшчэ ні аднаго з іх з-за сваёй ляноты. Усе крытыкі ў адзін голас заяўляюць аб “немаральнасці” маіх раманаў. У сувязі з чым лічу, што мае творы павінны чытаць не крытыкі, а тыя людзі, якія маюць моцныя маральныя асновы, альбо зусім іх не маюць. Лістоў таксама не люблю пісаць, за выключэннем “любоўных”. Іх я пішу пад капірку, па дзесяць экземпляраў запар, а затым, па меры неабходнасці, прастаўляю дату і адрасы. У сувязі з чым біёграфы пасля маёй смерці не вялікае будуць мець задавальненне ад прачытання маіх “сардэчных” опусаў. Стоп.

Я – паляк, а гэта значыць грамадзянін дзяржавы, якая на працягу вякоў змагалася за свабоду многіх народаў, і таму на працягу вякоў была раздзіраемай, прадаваемай, здраджваемай і знішчаемай. Цяпер я – пад уладай дзяржавы, якую яшчэ Ленін у свой час назваў “турмой народаў”, і якая стараецца і сёння, каб сцены гэтай турмы акружылі ўвесь свет. Стоп.

Сёння жыву ў горадзе, у якім пражывае столькі людзей, колькі пражывае разам у: Літве, Латвіі, Эстоніі, Фінляндыі і Нарвегіі. Таму мне тут так цесна і адзінока. А горад гэты называецца Лондан. Пражываюць у ім: англічане, паліцэйскія і я. Англічане, праўдападобна, размаўляюць па-англійску, бо я іх зусім не разумею і падазраю, што яны самі сябе не разумеюць. Напрыклад, з адным з іх я “размаўляў” аж дзве гадзіны паслугоўваючыся наступнымі, знаёмымі мне, выразамі: “так”, “не” і “ах!”. І яму іх хапала. Праўда адбывалася гэта ў публічным доме. Прашу не смяяцца, у прастамоўі – гэта звычайны БАР. На развітанне мы паціснулі адзін аднаму рукі, што англічане робяць у выключных выпадках, абмяняліся адрасамі. Праз два дні я атрымаў ліст, у якім пісалася, што я – надзвычай прыемны суразмоўца і ўмею распавядаць найцікавейшыя гісторыі. Лічу гэта самым вялікім кампліментам у жыцці. Паліцыя, замест таго, каб супернічаць, ці супрацоўнічаць са зладзеямі і атручваць жыццё гараджанам, як гэта робіцца дзе-небудзь у іншых месцах, клапоціцца аб іх, ахоўвае дзяцей ад рознай шкоды і вельмі дабразычліва, даходліва і ахвотна адказвае на пытанні, калі да яе звяртаюцца. А я – пішу раманы, даю выдаўцам зарабіць і чакаю: калі д’ябал усё роўна якога колеру задушыць, нарэшце, бальшавізм, каб я змог вярнуцца ў Польшчу, якую люблю больш за ўсё. Стоп.

Раманаў маіх было выдадзена шэсць. Адзін – аб жыцці прафесійных кантрабандыстаў, два – аб жыцці прафесійных шпіёнаў; тры – аб жыцці прафесійных зладзеяў. Напішу яшчэ шмат. А закончу цыклам: “Крывавыя дзеянні прафесійных выдаўцоў”. Стоп. Стоп. Стоп.

Да пабачэння, Чытачы: падрабязнасці – у кнігах!

Да пабачэння, Выдавец: загад выкананы!
17 ліпеня 1947 года.
Лондан.

 

Пераклала з польскай мовы
© Ганна ЦІШУК, 2002

Прадмову напісаў
© Кшыштаф ПАЛЯХОНЬСКІ, 2002

SUMMARY

Siarhey PIASETSKY

AUTODENUNCIATION

The given publication contains the autobiography of Sergey Pyasetsky. An unusual way of presenting the material together with the facts from the life of the writer make the text interesting and original. This is the first time this autobiography has been published in the Belarussian language.

РЕЗЮМЕ

Сергей ПЯСЕЦКИЙ

АВТОДОНОС

Публикуемый текст – автобиография Сергея Пясецкого. Эта автобиография очень интересна необычным способом подачи материала и фактами из жизни писателя. На белорусском языке автобиография Сергея Пясецкого публикуется впервые.


* © Sergiusz PIASIECKI. Autodenuncjacja / Nota editorska Krzysztofa POLECHOŃSKIEGO // Odra. Opole, 1998. № 6. На беларускай мове друкуецца ўпершыню (заўвага рэдактара).


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Магілёўскага Таварыства БРАМА
 кантакт: epostbox@tut.by

 

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія