БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

ПУБЛІКАЦЫІ МАГІЛЁЎСКАГА ТАВАРЫСТВА БРАМА НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
КРАЙ - KRAJ 1-2 / 2002

МЕТОДОЛОГИЯ ИССЛЕДОВАНИЯ ПОЛИТИЧЕСКОГО ДИСКУРСА:
Актуальные проблемы содержательного анализа общественно-политических текстов / Под общ. ред. И.Ф.Ухвановой-Шмыговой. Минск: Белорусский государственный университет, 1998. Вып. 1. 283 с.; 2000. Вып. 2. 479 с.

У Беларускім дзяржаўным універсітэце стартавала цікавая тэматычная серыя навуковых зборнікаў па тэорыі і аналізу грамадска-палітычнай камунікацыі. Гэта серыя задумана і выканана ў не зусім звыклым для Беларусі жанры адкрытага манаграфічнага даследавання. У ім бяруць удзел аўтары, што прадстаўляюць розныя гуманітарныя дысцыпліны: лінгвістыку, філасофію, паліталогію, сацыялогію, журналістыку, нават педагогіку і права. Кожны з іх прыносіць сваё бачанне праблемы, ужывае метадалогію сваёй дысцыпліны, аднак у дадзенай серыі ўсе яны аб’яднаны агульнасцю мэтаў і задач. Менавіта на перакрыжаванні розных падыходаў узнікаюць новыя бачанні і рашэнні праблем, спараджаюцца новыя інтэрдысцыплінарныя даследаванні – так слушна мяркуе ініцыятарка і рэдактарка серыі, доктар філалагічных навук прафесар І.Ф.Ухванава-Шмыгава, загадчыца кафедры англійскай мовы і гутарковай камунікацыі Беларускага дзяржаўнага універсітэта.

У 1-ым выпуску прадстаўлены мінскія даследчыкі (з Беларускага дзяржаўнага універсітэта і Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага універсітэта), пераважна філолагі і філосафы, а таксама філолагі з Кіева, Вільнюса і Пермі. 2-і выпуск папоўніўся імёнамі новых аўтараў (сярод якіх сацыёлагі, палітолагі і педагогі), прычым, не толькі з Мінску, але і з Гродна, а таксама з Польшчы (Ольштын), Украіны (Кіеў), Расіі (Масква, Санкт-Пецярбург, Самара) і ЗША (Дзяржаўны універстэт Сан-Францыска, Універсітэт Вест-Чэстэр у Пенсільваніі). Сярод знакамітых імёнаў у 2-ім выпуску можна адзначыць і нідэрландскага прафесара Т. ван Дэйка, які вядомы ў былым СССР дзякуючы перакладам на рускую мову шэрагу яго прац па дыскурсу і камунікацыі. Разам з эмінентамі ў зборніках выступаюць таксама аспіранты і маладыя навукоўцы, што прадстаўляюць далёка не сціплыя і зусім не пачаткоўныя працы. Падобную ўважлівасць да маладых усяляк трэба вітаць. Зрэшты, рэдактарка серыі апякуецца не толькі навукоўцамі: у зборніках бралі ўдзел таксама журналіст і менеджэр прыватнай фірмы. Апрача таго, яна сама выступае аўтаркай ці сааўтаркай шмат якіх раздзелаў кожнага выпуску.

Аб’яднанне вялікай колькасці розных спецыялістаў (у 1-ым выпуску выступае 22 аўтары, у 2-ім – ужо 38, прычым з папярэдняга зборніка ў ім засталася толькі 8 аўтараў) – гэта свядомая пазіцыя прафесара Ухванавай-Шмыгавай, якая імкнулася пашырыць поле даследавання і стварыць шырокі форум для абмеркавання розных камунікацыйных праблем, распачаць дыскусію міжнароднага ўзроўню. Разнастайнаму аўтарскаму матэрыялу яна надала манаграфічную форму, імкнучыся інтэграваць розныя падыходы таксама кампазіцыйна. Артыкул кожнага аўтара ўтварае асобны раздзел у складзе тэматычнай часткі, дзе даследуецца праблема ў пэўным аспекце; пазначэнне аўтарства пры раздзеле няма, яно перанесена ў выходныя звесткі (у 1-ым выпуску) ці ў змест (у 2-ім выпуску), скразная нумарацыя лучыць усе рубрыкі.

На прыкладзе двух выпускаў можна вызначыць структуру ўсёй серыі. Абодва выпускі пачынаюцца з кароткай прадмовы і ўводзін (працяглых у 1-ым выпуску і сціслых у 2-ім выпуску), дзе акрэсліваецца кола аб’ектаў і праблем, якія будуць разглядацца далей; а завяршаюцца кароткім дакончаннем Pro Futuro, у якім рэдактарка падводзіць вынікі разгляду і дзеліцца планамі на перспектыву. Затым ідзе бібліяграфія і падаецца слоўнічак-тэзаўрус асноўных тэрмінаў і паняццяў тэорыі камунікацыі. На самым канцы выдання змяшчаецца кароткая інфармацыя аб аўтарах.

Аўтарскі матэрыял згрупаваны ў некалькі частак (сем у 1-ым выпуску і дзевяць у 2-ім выпуску), якія складаюцца з шэрагу (у сярэднім 3–5) раздзелаў рознага памеру. Першыя часткі маюць пераважна тэарэтычны характар. У іх абмяркоўваюцца метадалагічныя і філасофскія аспекты, што склаліся ў даследаванні палітычнага дыскурсу і камунікацыі наогул. У 1-ым выпуску характарызуецца функцыйны, этналінгвістычны, казуальна-генетычны і прагматычны падыходы, у 2-ім выпуску абмяркоўваюцца пазітывісцкая, інтэрпрэтацыйная і крытычная парадыгмы, а таксама супрацьпастаўленая ім постмадэрнісцкая мадэль. Разуменне спецыфікі дыялогу тут удакладняе цікавы раздзел 1.3 “Я и Другой в философском дискурсе” Зм.Майбарады, дзе аналізуюцца погляды філосафаў ХХ стагоддзя (Бубера, Гусерля, Хайдэгера, Сартра і інш.). У 2-ім выпуску тэарэтычны кірункак працягнуты за кошт прац Т. ван Дэйка аб суадносінах мовы і ідэалогіі (раздзел 2.1) і С.Навумавай аб сутнасці палітычнай камунікацыі (раздзел 2.5). Кагнітыўнае вымярэнне задаецца ў 1-ым выпуску, дзе Г.Траццякова даследуе ментальныя схемы свайго і чужога свету (раздзелы 4.2 і 4.3), а А.Тарасевіч у раздзеле 4.1 “Знание и мнение” абмяркоўвае суадносіны ў палітычным дыскурсе розных эпістэматычных статусаў інфармацыі. Семіятычнае вымярэнне ўзмоцнена ў 2-ім выпуску, дзе працы А.Кіклевіча (раздзел 2.2 “Дискурсные перекодировки: (Предпосылки и следствия)”) і У.Макарава (раздзелы 3.1 і 3.2 аб тэндэнцыях у семіётыцы) служаць грунтоўным аглядам сучасных семіятычных падыходаў.

Паступова ўвага пераносіцца на паняцце тэксту як структурна-функцыянальнага адзінства. Ужо ў 1-ым выпуску асвятляюцца некаторыя тэкстаарганізацыйныя фактары, такія як рэмінісцэнцыі (раздзел 5.1 “Текстовые реминисценции в газетных текстах” А.Супруна), але асабліва плённа гэты аспект распрацаваны ў 2-ім выпуску, дзе напачатку закранаюцца агульныя праблемы стылю (раздзел 2.3) і жанру (раздзел 2.4), а затым даецца іх паглыблены разгляд (у стасунку да палітычнага дыскурсу). Так, І.Ухванава-Шмыгава аналізуе роль гумару ў друкаваных медыях (раздзел 4.2), А.А.Бергер – ролю сатыры ў творчасці амерыканскага коміка Лені Бруса (раздзел 4.5), Л.Серада і Т.Козел даследуюць паняцце палітычнай карэктнасці (раздзел 2.6). Тут разглядаецца структура і функцыі некаторых жанраў, такіх як палітычныя навіны (раздзел 4.1), калаж (раздзел 4.3), загаловак (раздзел 4.4).

Плённа даследуюцца ў абодвух выпусках розныя інструменты ўздзеяння на кагнітыўную сістэму аўдыторыі. У 1-ым выпуску А.Гарлатаў разглядае палітычную рэкламу (раздзел 4.4), Э.Ласан – прыёмы хлусні (раздзел 4.5), Т.Пермякова даследуе ролю ацэнкі ў палітычных, ідэалагізаваных тэкстах (раздзел 3.2), А.Тарасевіч – злоўжыванне эпістэматычным статусам інфармацыі, калі меркаванне і ацэнка падаецца як веданне і як факт (раздзел 5.2), І.Ухванава-Шмыгава – дыскурсійныя прыёмы ідэнтыфікацыі палітыка са сваёй аўдыторыяй (раздзел 5.3). У 2-ім выпуску гэты кірунак таксама карыстаецца шырокай увагай: А.А.Бергер падае агляд тэхнік палітычнай рэкламы (раздзел 5.2), а П.Зярнецкі класіфікуе розныя камунікацыйныя стратэгіі, што выкарыстоўваюцца ў палітычных дыскусіях (раздзел 5.3).

У абодвух выпусках прадстаўлена шмат прац, якія аналізуюць або закранаюць рэпрэзентацыю ў медыях тэмы “інтэграцыі” Беларусі і Расіі (у 1-ым выпуску гэта раздзелы 1.4, 2.2, 3.1, 6.3 і 6.4; у 2-ім выпуску – раздзелы 4.3, 7.3 і 7.4). Увага спецыялістаў па камунікацыі да такога буйного рэкламна-прапагандысцкага мерапрыемства, разлічанага на шырокую аўдыторыю, невыпадковая. На прыкладзе гэтай акцыі яны могуць ацаніць эфектыўнасць ды якасць розных падыходаў і сродкаў уздзеяння на аўдыторыю. Аднак памяншэнне колькасці прац па тэме ў 2-ім выпуску сведчыць пра аслабленне цікавасці спецыялістаў да гэтага рэкламнага праекта.

Варта адзначыць і тое асаблівае, што адрознівае абодва выпускі. Розніца паміж імі не толькі ў памеры, але і ў разнастайнасці і ахопе розных аспектаў. Калі 1-ы выпуск сканцэнтраваны на практычных, прыкладных методыках і больш прыватных аспектах, цікавых пераважна лінгвістам і культуролагам, то ў 2-ім выпуску робіцца спроба разгледзець праблему значна шырэй – не толькі ў кагнітыўным і лінгвістычным вымярэнні, але і ў філасофскім, паліталагічным, педагагічным, рэлігійным, юрыдычным. У ім знайшлося месца для філасафічных і тэарэтычных прац, больш шырокіх па сваіх светапоголядных пазіцыях і больш разнастайных па разгледжаным матэрыяле. Адсюль – у вялікай ступені камерны ўзровень 1-га выпуску, засяроджанага на прыватных праблемах, і больш шырокі погляд на гэтыя ж (і новыя) праблемы ў 2-ім выпуску.

Хаця і ў 1-ым выпуску мелася некалькі раздзелаў шырокага пазнавальнага характару (напрыклад, раздзел 6.1, дзе В.Зярнецкая разглядала новыя інфармацыйныя тэхналогіі развітых краін), у 2-ім выпуску яны вылучаюцца ў асобную частку пад назвай “Специальные аспекты”. Тут чытач знойдзе аналітычны матэрыял Л.Мілхаўз па інтэркультурнай камунікацыі ў амерыканска-расійскіх бізнес-арганізацыях (раздзел 6.1), Л.Хвядчэні аб гуманістычных інтэнцыях сучаснай адукацыі (раздзел 6.2) і, у прыватнасці, універсітэтаў (раздзел 6.3), Н.Мячкоўскай аб кантраверсіях наконт мовы рэлігійнага дыскурсу паміж праваслаўнымі фундаменталістамі і лібераламі ў сучаснай Расіі (раздзел 6.4). Але і за межамі гэтай часткі задаюццца новыя гарызонты даследавання камунікацыйнай прасторы, як, напрыклад, у раздзеле 7.4 “Коррупция и её репрезентация в СМИ”, дзе В.Ухванаў разглядае карупцыю як грамадскую з’яву і прававую праблему. Аналіз законаў, накіраваных супраць карупцыі, паказвае, што ўсе чыноўніцкія пасады ў Рэспубліцы Беларусь, за выключэннем самай галоўнай, падлягаюць кантролю і абмежаванням на прадмет карупцыі. Структура беларускага грамадства ў гэтых адносінах падобная да вялізнай патрыярхальнай сям’і, дзе бацька пільнуе ўсіх, але нікому не дае справаздачы. Зразумела, такая структура ўтворана штучна і толькі пад адну асобу. Пасля яе зыходу з палітыкі краіну чакаюць пераўтварэнні.

Вялікая ўвага ў серыі надаецца канкрэтным метадам аналізу палітычных тэкстаў. У 1-ым выпуску даследуецца роля ў газетным тэксце прапазіцыі (раздзел 3.1 “Семантико-синтаксическая структура политического текста” А.Сурковай) і ключавых слоў (раздзел 3.3 “Ключевые слова как ориентиры понимания текста: (Проверка гипотезы)” А.Паташкінай, 3.4 “Ключевое слово и содержание текста: (Диалектика взаимоотношений и критерий отбора)” А.Калюты). У 2-ім выпуску Д.Ротман абмяркоўвае стратэгіі электаральных доследаў (раздзел 5.1), а таксама разглядаецца тэорыя і практыка кантэнт-аналізу. Апошняму адведзена нават асобная частка (сёмая) выпуска, якая складаецца з дзвюх тэарэтычных і дзвюх практычных прац. Методыцы кантэнт-аналізу прысвечаны таксама раздзел 8.1 “Качественный анализ: (Теория и практика. Содержание формы и форма содержания)”, напісаны І.Ухванавай-Шмыгавай.

Для абодвух выпускаў характэрны casestudy, даследаванне асобнага выпадку. Так, у 1-ым выпуску А.Рудэнка аналізуе ўжыванні рускамоўнай грамадска-палітычнай лексікі (раздзел 2.1), С.Навумава – вербальныя рэакцыі мінскіх студэнтаў на некалькі слоў-стымулаў палітычнай тэматыкі (раздзел 2.2), тут таксама вызначаюцца ключавыя словы ў газетным тэксце (раздзел 3.4) і рытарычныя прыёмы ў прамовах М.Тэтчар (раздзел 5.3). У 2-ім выпуску аналізуюцца дыскурсійныя стратэгіі (раздзел 5.5), што выкарыстоўваюцца пры стварэнні іміджу маладых беларускіх палітыкаў (на прыкладзе тэкстаў Янчэўскага і Лябедзькі), камунікацыйныя праблемы ў працы амерыканскіх арганізацый з расійскімі партнёрамі (раздзел 6.1). Цікавасць выклікае і тэматычны аналіз двух маскоўскіх папулярных часопісаў для жанчын (раздзел 8.4 “Образ мира журнальных изданий”, які належыць Н.Сіраш). А.Сарна на прыкладзе палемікі Пятра I і мітрапаліта Стафана Яворскага разглядае характар камунікацыі паміж уладай і апазіцыяй (раздзел 6.5).

Перадапошнія часткі ў абодвух выпусках амаль цалкам аддадзены прыкладным працам. Гэта свядомая пазіцыя рэдактаркі: не толькі знаёміць чытача з тэорыяй, але і паказваць карыстанне ёю на практыцы. Больш таго, тэарэтычныя матэрыялы серыі разглядаюцца ёю як падстава для прыкладных методык дыскурсійнага аналізу (на прыкладзе палітычных тэкстаў). Таму тэарэтычныя працы часта служыць уводзінамі ці асновамі для практычных прац або маюць у сваім складзе і прыкладную частку.

У перадапошніх частках паказваецца выкарыстанне розных методык і канкрэтных тэхнік для даследавання дыскурсу. У 1-ым выпуску аналізуецца прадметна-тэматычны змест некалькіх нумароў беларускіх газет (раздзел 6.2) і жанрава-камунікацыйная арыентацыя шэрагу буйных газет Беларусі, на прыкладзе рубрык і тэматыкі (раздзел 6.3), а таксама праводзіццца кантэнт-аналіз газетнага артыкула з дапамогай камп’ютарнай праграмы (раздзел 6.4). У 2-ім выпуску прыкладныя працы пачынаюцца ўжо ў сёмай частцы, дзе аналізуецца інтэграцыя Расіі і Беларусі ў люстэрку прэсы абедзвюх краін (раздзел 7.3) і карупцыя на Беларусі ў люстэрку беларускай прэсы (раздзел 7.4). У восьмай частцы гэтага выпуску дэманструецца шэраг якасных методык даследавання тэксту на прыкладзе сучаснай расійскай газетнай аналітыкі, нацыянальна свядомай беларускай журналістыкі пачатку ХХ стагоддзя, маскоўскіх папулярных часопісаў для жанчын, сучаснага польскага палітычнага дыскурсу і ультрашавіністычнай расійскай прэсы.

Зразумела, што вынікі аналізу прэсы даволі прадказальныя – на больш высокім узроўні эмпірыі і аналітыкі пацвярджаецца тое, што адчувае ці ўсведамляе дасведчаны чытач пры знаёмстве з газетным матэрыялам. Але такія працы дэманструюць тэхніку, цікавую не толькі для аналізу газетных ці наогул палітычных тэкстаў. Яна можа прыдацца і пры даследаванні тэкстаў з невыразнай ці невідавочнай структурай (напрыклад, вусных або мастацкіх, у тым ліку і старажытных, што добра паказвае раздзел 6.5). Менавіта ў гэтым і палягае важны метадалагічны аспект серыі, на чым абсалютна слушна настойвае і сама рэдактарка, выносячы яго ў загаловак.

Апошняя частка ў абодвух выпусках уяўляе сабой агляд новых даследаванняў у галіне камунікацыі. Абмяркоўваюцца асобныя англамоўныя выданні (адно ў 1-ым выпуску, чатыры ў 2-ім выпуску), навуковая канферэнцыя (у Маскве) па камунікацыі (у 2-ім выпуску) і робяцца агляды літаратуры, прысвечанай палітычнай метафары (у 1-ым выпуску) і аргументацыі (у 2-ім выпуску).

Несумненную вартасць серыі складае наяўнасць у ёй слоўнічка тэрмінаў і паняццяў, якія ўжываліся аўтарамі выпуску. Ён сціпла названы “материалы к словарю”, паколькі аўтары не прэтэндуюць на вычарпальнасць і канчатковасць сваіх дэфініцый і намінацый. Некаторыя слоўнікавыя пазіцыі 1-га выпуску папаўняюцца і ўдакладняюцца ў 2-ім выпуску. Аднак нават у такім выглядзе слоўнічак з’яўляецца карысным дапаможнікам чытачу, актывізуе яго разважанні і далейшы пошук.

Задуманая серыя стане добрым унёскам у гуманітарную адукацыю. Шмат якія раздзелы і часткі яе могуць быць выкарыстаны падчас распрацоўкі універсітэцкіх курсаў па камунікацыі і дыскурсійных тэхніках. Асаблівую ролю яна можа адыграць у прафесійнай падрыхтоўцы будучых журналістаў і філолагаў, сацыёлагаў. Інтэрдысцыплінарны характар серыі дасць магчымасць пазнаёміць студэнтаў з метадалогіяй і інструментарыем сумежных дысцыплін, што пашырыць іх далягляд і досвед. Практычныя працы разаўюць у іх здольнасць аналізаваць і інтэрпрэтаваць тэксты, а ў журналістаў павысяць майстэрства працы з тэкстам.

Спіс літаратуры, змешчаны ў серыі, дае адпаведнае ўяўленне аб стане сучасных даследаванняў дыскурсу, але публікатарам варта быць больш пільнымі ў працы над афармленнем бібліяграфіі. Так, у 2-ім выпуску ўсе спасылкі на літаратуру, якія знаходзяцца ў раздзелах з 8.4 да 9.2 уключна (першая спасылка на стар. 359 і далей), а таксама ў раздзеле 9.4, павісаюць у пустаце, бо наогул не трапілі ў спіс літаратуры напрыканцы выдання.

Некаторых заўваг вымагаюць і іншыя фармальныя моманты, дзе сустракаюцца асобныя хібы і непаслядоўнасці.

Мова некаторых аўтараў часам грувасткая, хібіць на шматслоўе. Не заўжды апраўданае ўжыванне іншамоўнай тэрміналогіі. Некаторыя аўтары без патрэбы ўводзяць шмат тэрмінаў, аднак імі не карыстаюцца. Іншым разам асобныя аўтары дазваляюць сабе расплывістыя фармулёўкі, якія адразу ўдакладняюць, праз злучнікі і мадальныя словы кшталту “то есть (т.е.)”, “иными словами”, “(а) точнее”, “а именно”, “в частности”, “проще говоря”, а калі не хапае злучнікаў, то проста праз працяжнік. Гэта крыху збівае з тропу чытача, які не ведае, якой дэфініцыі аддаваць перавагу. Зразумела, у кожнага сваё ўяўленне аб навуковасці і навуковым стылі, але ж, паколькі серыя адрасуецца не толькі навукоўцам, але і студэнтам, варта быць больш строгім у патрабаваннях да стылёвай аднароднасці публікуемых прац.

Ёсць некаторая розніца ў якасці прапанаваных матэрыялаў, што з’яўляецца непазбежным у такім міждысцыплінарным і інтэрнацыянальным праекце. Большасць раздзелаў грунтоўна падрыхтавана, абапіраецца на дэталёвае даследаванне, выкарыстоўвае шмат спасылак на літаратуру, але некаторыя раздзелы напісаны спехам, павярхоўна, толькі дзеля таго, каб пазначыць ці заявіць пэўную тэматыку.

Няма адзінства ў графічным афармленні тэксту: у адных раздзелах прыклады вылучаюцца курсівам, але ў іншых падаюцца асноўным текстам і толькі бяруцца ў двукоссе; адны аўтары ўжываюць курсіў для цытацыі прыкладаў, тады як іншыя – для вылучэння сэнсава важных паняццяў і тэрмінаў. Некаторыя аўтары часам злоўжываюць поліграфічнай інверсіяй і на адной старонцы з дапамогай разнастайных гарнітур вылучаюць мноства прыватных палажэнняў, тады як іншыя зусім абыходзяцца без такога прыёма (а ім дзе-нідзе варта было б яго скарыстаць). Падзел на абзацы часам не адпавядае логіцы разгляду аб’екта і не заўжды аптымальны: адны аўтары ледзь не кожны сказ вылучаюць у асобны абзац, тады як іншыя амаль забываюцца на абзацы. Усе такія кантрасты крыху дэзарыентуюць чытача (што лічыць важным?), змяняюць яго “прагма-каўзальныя ўстаноўкі”, кажучы мовай аўтараў серыі.

Надалей мо было б няблага фармуляваць перад аўтарамі пэўныя патрабаванні ў афармленні сваіх прац, каб інтэграваць іх таксама кампазіцыйна, калі ўжо рэдактарка імкнецца надаць выпускам манаграфічную форму. Зразумела, гэта няпроста для такога форуму інтэрнацыянальных прац, але манаграфічнае выданне, пэўна, усё ж адрозніваецца ад зборніка артыкулаў.

Можна адзначаць і некаторыя друкарскія хібы, такія як невыдаленыя пераносы ў сярэдзіне слоў у радку (у некаторых месцах трапляюцца вельмі часта) або вялізныя прагалы паміж словамі ў радку. Часам не выдрукоўваюцца спецыфічныя літары іншых алфавітаў, напрыклад, у нямецкамоўным тэксце ў 1-ым выпуску на стар. 124, 128, 129, 130 і інш., у польскамоўным тэксце ў 2-ім выпуску на стар. 372, 374, 376, 380 і інш. Зрэдку трапляюцца і памылкі, напрыклад, у 1-ым выпуску на стар. 86 нават у загалоўку (!), на стар. 133 і інш. На жаль, падобныя хібы зрабіліся тыповымі для кніг, што выдаюцца сродкамі малатыражнай паліграфіі. Тым не менш варта мінімізаваць іх прысутнасць у кнізе, што адрасуецца навучэнцам.

Але ўсё гэта – дробныя хібы, увогуле даравальныя ў такім міждысцыплінарным і інтэрнацыянальным праекце, які здзейснены ініцыятывай ды высілкамі прафесара І.Ухванавай-Шмыгавай і параўнальна невялікага кола яе памагатых.

Minsk Media Group – так назвала рэдактарка калектыў аўтараў, што ўдзельнічаў у задуманай ёю серыі. Назва адсылае да вядомага ў навуковым свеце шатландскага праекту па даследаванні дыскурсу сучасных медыяў. Па выхадзе двух выпускаў трэба прызнаць, што ў прафесара І.Ухванавай-Шмыгавай ёсць усе падставы для такога параўнання. Ва ўсялякім выпадку, на абшары былога СССР ёй удалося стварыць Media Group. Яна сабрала прадстаўнікоў розных дысцыплін, што даследуюць шырокае кола разнастайных праблем камунікацыі, актуальнай для грамадства. Гэта абумовіла як шырокі спектр падыходаў і практык, так і арыгінальнасць ды глыбіню распрацовак важных тэарэтычных і практычных праблем. Набыткі такога інтэграцыйнага даследавання будуць цікавымі не толькі спецыялістам, але і шырокаму колу ўдумлівых чытачоў. Яны з цікавасцю будуць чакаць новых выпускаў серыі.

Рэцэнзаваў Ігар КЛІМАЎ


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Магілёўскага Таварыства БРАМА
 кантакт: epostbox@tut.by

 

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія