“HOMO CONGREGABILIS - мова і соцыум” – чарговы том (3’2002) незалежнага беларускага навуковага штогодніка “TERRA ALBA”
Трэці том “TERRA ALBA” складуць працы знаных айчынных і замежных лінгвістаў, прысвечаныя аналізу моўнай сітуацыі ў Беларусі ў наш час і ў гістарычнай перспектыве, месцу беларускай мовы сярод іншых славянскіх моў.
У раздзеле “SCHOLA” будуць змешчаны артыкулы: “Мова Літоўскіх статутаў – дзяржаўная мова Вялікага княства Літоўскага” Станіслава Лазуткі (Вільня), “Польска-лацінская пісьмова-моўная культура на Беларусі ў часы Вялікага Княства Літоўскага” Уладзіміра Свяжынскага (Мінск), “Мовы Беларусі ў ХІХ і ХХ стагоддзях” Рышарда Радзіка (Люблін, Польшча), “Рух за беларускую дзяржаўнасць і праблема грамадзянскага статуса беларускай мовы ў 1915–1918 гадах” Станіслава Рудовіча (Мінск), “Веравызнанне, этнас і мова ў Беларусі ў ХХ стагоддзі” Германа Бідэра (Зальцбург, Аўстрыя), “Практыка моўнага пурызму (беларускі кантэкст)” Юрася Бушлякова (Мінск), “Ацэнка русіфікацыйных працэсаў у Беларусі Станіславам Станкевічам на старонках эміграцыйнага часапісу «Запісы»” Ніны Баршчэўскай (Варшава), “Два стандарты сучаснай беларускай літаратурнай мовы” Ігара Клімава (Мінск), “Беларуская мова ў масавай камунікацыі Беларусі: (Сродак зносін ці ідэалогія)?” Ніны Мячкоўскай (Мінск), “Стаўленне да некаторых інавацый беларускай літаратурнай мовы (паводле дадзеных сацыялінгвістычнага апытання)” Сяргея Запрудскага (Мінск), “Некаторыя асаблівасці пісьмовай традыцыі Палесся” Фёдара Клімчука (Мінск), “Сацыялогія беларускіх прыказак” Яўгена Іванова (Магілёў, Беларусь), “Беларуская мова ў аб’яднанай Еўропе” Карла Гутшміта (Дрэздэн, Германія) і інш.
У раздзеле “ARCHEOTA” будуць змешчаны лінгвістычныя зацемкі Антона Адамовіча, якія друкаваліся пад нямецкай акупацыяй у “Беларускай газеце” (Мінск, 1943) ў рубрыцы “Культура мовы” (публікацыя Юрася Бушлякова), а таксама вядомы артыкул Пола Вэкслера (Тэль-Авіў, Ізраіль) “Беларусіфікацыя, русіфікацыя і паланізацыя – тэндэнцыі ў развіцці беларускай мовы ў 1890–1982 гадах” (1985), што друкуецца на беларускай мове ўпершыню (пераклад з англійскай мовы Уладзіміра Кошчанкі) і інш.
Раздзел “BIBLIOTHECA” будзе ўтрымліваць водзывы пра кнігі У.М.Алпатава “150 языков и политика (1917–2000)” (Москва, 2000), Міхаіла Відэнава “Увод в социолингвистиката” (София, 2000), “Language: (A Right and a Resource): Approaching Linguistic Human Rights” (Budapest, 1999) і інш.
Прэзентаваў Яўген ІВАНОЎ
ЭДЗІ РОЗНЕР – ЛЕГЕНДА БЕЛАРУСКАГА ДЖАЗА
Чытайце ў наступным нумары часопіса КРАЙ =
KRAJ
Ці здолее хто зараз не задумваючыся ўспомніць імя першага ў гісторыі СССР джазавага саліста-інструменталіста, якому было прысвоена ганаровае званне заслужанага артыста рэспублікі? На жаль – не. Двойчы забытае, імя Эдзі Рознера так і не знайшло свайго дастойнага месца сярод буйных дзеячаў культуры і да гэтага часу вядома толькі ў вузкім коле аматараў джаза. Не так даўно ў друку з’явілася прапанова назваць штогадовы музычны фестываль у Мінску іменем Эдзі Рознера. Улады змаўчалі – усё вяртаецца на кругі свая.
Але хто ж ён такі – Рознер-шоўмэн? Аб гэтым чытайце ў чарговым нумары квартальніка “Край” у артыкуле Якава Басіна “Эдзі Рознер і Польшча” – арыгінальным даследаванні, у якім паказаны складаны лёс гэтага незвычайнага чалавека.
Эдзі Рознер. Яго поўнае імя – Адольф Эдуард – мала хто ведаў: у джазавых колах ён меў мянушку “Джэк”, а на афішах імя яго пісалася проста – “Адзі”. Яго артыстызм, абаяльнасць, прыцягальнасць з першых хвілін канцэрта захаплялі гледача. Жанчыны літаральна віслі на ім. Яго звалі “Казанова”, “Плэйбой”. Лёгкасць, з якой ён усталёўваў кантакт з залай, была хутчэй віртуознасцю куміра публікі, чым незнаёмца на эстрадзе, які нават не валодаў рускай мовай. Але незнаёмцам Рознер быў толькі на савецкай эстрадзе – у публікі, якая, знаходзячыся за “жалезным заслонам”, проста не ведала, што адбываецца нават у блізкім замежжы.
Бурная, па-галівудску незвычайная маладосць. Трубач, які атрымаў класічную адукацыю скрыпача ў лепшых берлінскіх кансерваторыях, калясіў па краінах Еўропы. У адной руцэ ў Рознера была труба, а ў другой – чамаданчык са зменай бялізны. Праца ў знакамітых аркестрах Стэфана Вайнтраўба і Марэка Вебера не прайшла дарма – ужо праз некалькі гадоў Цюрых і Прага, Варшава і Лодзь, Масква і Мінск, Тбілісі і Ерэван сустракалі Рознера-шоўмена як жывую легенду. Ён з лёгкасцю іграў на дзвюх трубах адразу. Незразумелы спачатку стыль выканання, незвычайная дынаміка, сакавітае гучанне саксафона Эдзі тварылі цуды. Дыяпазон гукаў, якімі валодаў гэты музыкант, захапляў усіх.
Аркестр Э.Рознера стаў першым у Польшчы аркестрам, на які хадзілі не дзеля таго, каб патанчыць ці правесці вечар у рэстарацыі пад “фонавую” музыку, а каб слухаць джаз. Яго выступленні былі адкрыццём.
…Першы канцэрт. Ні адна танцавальная пара не выходзіць на паркет – усе уважліва слухаюць: гэта быў першы польскі джаз-аркестр, які іграў у замежным стылі. І ўжо ў 1937–1938 гадах прэса называе яго лепшым свінгавым бэндам Польшчы. Не было ва Усходняй Еўропе другога такога джаз-аркестра, дзе б гралі толькі выпускнікі найбуйнейшых еўрапейскіх кансерваторый. Не самавукі-“слухачы”, а музыканты, за плячыма якіх былі гады працы ў лепшых аркестрах кантынента. Аб такім аркестры, які апынуўся ў руках Рознера, мог марыць любы дырыжор нават на радзіме джаза.
Наступны пункт біяграфіі Рознера – СССР, краіна, якая прынесла яму столькі пакут. Хаця і тут усё пачалося, на першы погляд, шчасліва. Нават Сталін пажадаў слухаць Рознера. Абставіны гэтага канцэрта да сённяшняга часу авеяны арэолам таямнічасці. Аркестр павінен быў даць канцэрт у Сочы. Перад пустой залай, толькі для аднаго чалавека, які быў скрыты ад іх…
Першы склад Дзяржаўнага джазавага аркестра БССР, якім кіраваў Рознер пасля уцёкаў з ахопленай полымем Варшавы, якасна адрозніваўся ад усяго таго, што гучала ў тыя гады на савецкай эстрадзе. Потым – Айчынная вайна. Уцёсаў, Райкін і Рознер накіроўваюць свае калектывы ў народнае апалчэнне. Гэта быў смярортны прысуд: як стала ясна потым, большасць апалчэнцаў загінулі ў страшэннай мясарубцы. Тых, хто выжыў, наперадзе чакалі бясконцыя пераезды, падвал гасцініцы “Тэатральная” на Крашчаціку, вакзал, ахоплены полымем, цяплушка…
У чыгуначным тупіку, на ўскраіне Фрунзе, аказаліся два купэйныя вагоны, у якіх амаль год трэба было жыць астаткам былога бліскучага бэнда Эдзі Рознера. Але да канца 1942 года Рознер быў зноў гатовы распачаць гастрольную дзейнасць.
…Канцэрты ў арміі, для 1-га Беларускага фронта. “Шкада, што такія людзі, як вы, жывуць толькі адзін раз”, – сказаў Рознеру Канстанцін Ракасоўскі пасля аднаго з іх.
Пасля вайны – вяртанне ў Мінск, дзе, нарэшце, Рознер знайшоў свой “порт прыпіскі”. Тут у яго было ўсё – слава, агульная любоў, поўны дастатак, добрая кватэра, асабісты “Форд” – падарунак П.К.Панамарэнкі. Аб чым яшчэ мог марыць чалавек у галодныя пасляваенныя гады, калі большая частка насельніцтва проста жыла ў развалінах? Нішто не прадказвала бяды.
14 жніўня 1946 года Дзяржаўны джазавы аркестр БССР запісаў на грампласцінку танга Эдзі Рознера “Прощай, любовь”. Назва гэтай п’есы аказалася сімвалічнай: гэта быў апошні запіс аркестра. Пачалася барацьба з нізкапаклонствам перад Захадам, і Эдзі Рознер стаў першым, хто трапіў у жорны той барацьбы.
“Установка” старшыні Камітэта па справах мастацтва – і лёс цэлага напрамка ў музыцы вырашаны. Джаз паміраў. Сінкапіраваную музыку ўжо нельга было дзе-небудзь пачуць. Джазавыя аркестры пачалі называцца эстраднымі. Гэта не быў прысуд – гэта быў удар у спіну.
“Зняць з афіш прозвішча Рознера” – гучаў загад з Масквы. Артыкул у савецкіх газетах, які ў многім вырашыў далейшы лёс джаза ў СССР і асабіста Эдзі Рознера. Абставіны тых спраў да гэтага часу захоўваюць шмат невядомага, а то і проста загадкавага. Рознер і сам не змог ва ўсім разабрацца нават пасля вызвалення.
Па іроніі лёсу допыты адбыліся ў Львове, у горадзе, адкуль Эдзі ў канцы 1939 года з’ехаў, каб здзейсніць кар’еру на савецкай эстрадзе, і куды ён вярнуўся, каб распачаць чарговую вандроўку ў Сібір, праўда, ужо ў турэмным вагоне. Допыты былі страшэнныя, уціск з боку следства быў велізарны. Але ён упарта не згаджаўся з тым, што ён – шпіён замежнай разведкі. Ён яшчэ не “бег”, ён толькі “хацеў бегчы”, але ўжо само жаданне было тады “цяжкім злачынствам”.
Усё ж лёс быў добразычлівым да Эдзі і яго жонкі Рут. Рут Камінская вярнулася з высылкі ў пачатку 1952 года. Да Рознера свабода прыйшла толькі 22 мая 1954 года. Рознер быў адным з першых поўнасцю рэабілітаваных палітычных вязняў у краіне.
І першыя два касцюмы, якія пачаў насіць ён у Маскве, былі з пляча не каго-небудзь, а самога Аркадзя Райкіна.
Сям’я Рознера распалася. Распалася і ўсё жыццё. Рознер вымушаны быў пакінуць Саюз, і ўжо аднаго гэтага было дастаткова, каб назаўсёды выкрасліць яго з памяці цэлай краіны.
Сардэчны прыступ, могілкі Заходняга Берліна і забыццё чакалі яго наперадзе.
Падрабязнасці ўсіх гэтых падзей вы зможаце знайсці на старонках “Краю”. Таксама чытайце, чаму Рознер ледзь не прамяняў поўныя залы Савецкага Саюза на цесныя рэстаранчыкі Захаду, як жонка Эдзі стала вядомай амерыканскай пісьменніцай, як Рознеру памылкова былі прыпісаны творы іншых музыкантаў, якім чынам захаваўся толькі адзін запісаны твор Рознера і што гэта за твор, як некаторыя музыканты з аркестра Рознера складалі музыку, не ведаючы нот, і аб шэрагу іншых эксклюзіўных фактаў.
Прэзентаваў Сяргей ВЕНІДЗІКТАЎ