|
СУПОЛЬНАЯ ГІСТОРЫЯ ВЫЗНАЧАЕ СУПОЛЬНУЮ БУДУЧЫНЮ…*
Яўген ІВАНОЎ
(Магілёў, Беларусь)
<…> Пачатак трэцяга тысячагоддзя, як вядома, азначаны для Польшчы абраннем на другі тэрмін Прэзідэнта краіны, стабілізацыяй палітычнага і эканамічнага жыцця, заканчэннем “другой хвалі” дзяржаўных і сацыяльных рэформ, узмацненнем “вагі” нацыянальнай валюты, падрыхтоўкай да ўступлення ў ЕС і іншымі значнымі падзеямі. Але шлях у Аб’яднаную Еўропу патрабуе вырашэння шматлікіх унутраных праблем, і ў першую чаргу змяншэння незадаволенасці значнай часткі не вельмі заможных палякаў мажлівасцю яшчэ большага пагаршэння іх жыцця ў сувязі з наступствамі еўрапейскай глабалізацыі. Членства Польшчы ў ЕС натуральна патрабуе і пэўнага карэктавання знешняй палітыкі, асабліва ўсходняй. І калі з Украінай, Літвой і Расіяй польская дыпламатыя мае больш ці менш паспяховыя, але добра наладжаныя палітычныя стасункі, то ў дачыненні да Беларусі бракуе нават рэгулярных афіцыйных кантактаў, асабліва на самым вышэйшым узроўні.
Два годы таму я меў гонар сустракацца ў Варшаўскім універсітэце (падчас працы WSL 2000) з былым Першым намеснікам Міністра замежных спраў Рэспублікі Польшча спадаром Анджэем Ананічам. На пытанне, якую палітыку мае Польшча ў адносінах да Беларусі, ён пасля невялічкай паўзы адказаў: “А ніякай…”. З таго часу, як можна бачыць, нічога істотна не змянілася. Зразумела, гэты адказ не мае нічога агульнага з вядомымі поглядамі пэўных палітычных колаў у Еўропе, якія неафіцыйна разглядаюць Беларусь толькі як нейкую тэрытарыяльную прастору, своеасаблівы буфер паміж Расіяй і Еўропай, а не як палітычна і эканамічна незалежную еўрапейскую дзяржаву (хай сабе і ў будучым). Але ці не ёсць пэўным паказчыкам неўспрымання (на ўзроўні міжкультурнай камунікацыі) у Польшчы прыналежнасці Беларусі да паўнавартасных еўрапейскіх краін, напрыклад, тое, што на Цэнтральным вакзале ў Варшаве паведамленні аб адпраўленні цягнікоў на Беларусь (ці іх прыбыцці) гучаць толькі па-польску і па-расейску, у той час як пра цягнікі ў Францыю абвяшчаюць абавязкова па-французску, у Германію – па-нямецку і г.д.? <…>
Нягледзячы на ўсю розніцу сучасных Польшчы і Беларусі, у гэтых краін існуе шмат агульных праблем ва ўнутраным эканамічным, сацыяльным, культурным жыцці, якія яны маглі б спрабаваць вырашаць супольна нягледзячы на істотную розніцу ў існуючай дзяржаўнай палітыцы. Чаму б, напрыклад, не пашырыць супрацоўніцтва паміж асобнымі рэгіёнамі Польшчы і Беларусі ў галіне універсітэцкай навукі і адукацыі, шырокага культурнага абмену? Шмат што робяць на Беларусі ў гэтым кірунку Амбасада Рэспублікі Польшча ў Беларусі і Польскі інстытут у Мінску, але варта пашыраць непасрэдныя кантакты паміж польскімі і беларускімі навукоўцамі, студэнтамі, грамадскімі і культурнымі дзеячамі, асабліва ва ўсходніх рэгіёнах Беларусі і, адпаведна, заходніх рэгіёнах Польшчы. Палітычныя межы перастаюць нешта значыць, калі знікаюць межы паміж інтэлектуальнымі генерацыямі суседніх народаў, чым у значнай ступені і вызначаецца ўсведамленне апошнімі адзін аднаго. У Беларусі дастаткова прыватных ініцыятыў такога кшталту, трэба толькі “вылучыць” іх сярод іншых. <…>
Польшча і Беларусь калісьці ўтваралі адзіную дзяржаву, таму бывае вельмі цяжка правесці мяжу ў гістарычнай і культурнай спадчыне абодвух народаў. Зараз артымалася так, што Польшча арыентуецца на Захад, а Беларусь глядзіць на Усход. Паміж дзвюма краінамі сёння існуе калі не вядомая “жалезная заслона”, то, прынамсі, своеасаблівы “вакуум”. Але ў апошні час і ў Польшчы, і на Беларусі стала папулярным аднаўленне ў культурнай прасторы сымбалічнай Рэчы Паспалітай, некаторыя польскія інтэлектуалы нават ганарова вызначаюць сябе грамадзянамі Вялікага княства Літоўскага, а беларускія гісторыкі захапляюцца часамі Польскай Кароны, хай сабе і часта з супрацьлеглай з кожнага боку інтэрпрэтацыяй гістарычных падзей. Натуральна, сёння цяжка ўявіць сабе мажлівасць вяртання Польшчы і Беларусі да дзяржаўнага хаўруса ў той ці іншай форме. Але нельга выключаць і тое, што з цягам часу (і, зразумела, у адпаведных палітычных і эканамічным варунках) можа зноў паўстаць думка пра стварэнне ў той ці іншай форме федэрацыі Беларусі, Польшчы і Украіны (а таксама, магчыма, і Літвы), як гэта, дарэчы, прапаноўвалі ў канцы ХІХ стагоддзя “Ліга Польская” і ўкраінская “Старая Грамада” ў процівагу палітычнай экспансіі Расіі. <…>
Так ці інакш, палітычная мяжа паміж еўрапейскім Захадам і Усходам не павінна праходзіць праз Беларусь, бо гэта невыгадна найперш самім беларусам. Але пакуль захоўваецца палітычная і эканамічная розніца паміж краінамі былой Рэчы Паспалітай, трэба рабіць усё для таго (зразумела, па-за палітыкай), каб з аднаго боку літоўцы, палякі і украінцы, а з другога – беларусы глядзелі адзін на аднаго не як прадстаўнікі супрацьлеглых шляхоў грамадскага развіцця, а як добрыя суседзі агульнага еўрапейскага дома…
* З прамовы на Міжнародным сімпозіуме
Разнастайнасць моў і культур у кантэксце глабалізацыі (Мінск, 9–10 ліпеня 2002 г.).
Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Магілёўскага Таварыства БРАМА
|