ГЛАБАЛІЗАЦЫЯ І АБЕРАЦЫЯ*
Ян ВІНЕЦКІ
(Франкфурт-на-Одэры, Германія)
Антыглабалісты сёння ў модзе, прынамсі – у сродках масавай інфармацыі. У сувязі з правядзеннем эканамічнага форуму ў Нью-Йорку і “антыфоруму” ў Порту-Алегры (Бразілія) “паліткарэктныя” СМІ пазабаўляліся ўволю. У адным з нумароў “Газеты выборчай”, якая пачынаючы з пэўнага часу крочыць у першых шэрагах прыхільнікаў “паліткарэктнасці”, можна было прачытаць, што “бізнесоўцы пакорліва выслухвалі абвінавачванні і павучанні Бона, кіраўніка і саліста рок-гурта, які ўжо на працягу некалькіх гадоў змагаецца за змяншэнне прорвы паміж багатымі і беднымі краінамі свету”. Самаўпэўненасць журналіста, абсалютна перакананага, што бізнесоўцы э гэты час сапраўды слухалі тое, што вярзе ім нейкі эстрадны ідал, проста ўражвае…
Свет крыкуноў і свет рэалістаў
На першых старонках газет і ў тэлевізійных навінах луналі сотні чырвоных сцягаў, мільгацелі перакрыжаваныя “сярпы і молаты”, партрэты Чэ Гевары і іншая левацкая сімволіка. У рэальным жа свеце, а не ў свеце журналісцкай фікцыі, прапорцыі паміж прыхільнікамі і праціўнікамі глабалізацыі зусім іншыя. У згаданым нумары той жа “Газеты выборчай” філосаф Лешак Колакоўскі асцярожна піша, што яму не прыходзілася чуць ад праціўнікаў глабалізацыі іншых аргументаў, акрамя агульных фраз і разбітых вітрын. Але ўжо не двухсэнсоўна ён выказваецца пра праціўнікаў капіталізму: “Капіталізм – гэта рынак, а рынак можа быць ліквідаваны толькі з дапамогай таталітарнага гвалту з усімі яго наступствамі. Таму лозунг ворагаў капіталізму павінен быў бы гучаць прыкладна так: «Мы жадаем вызвалення, гэта значыць прыгнёту і галечы»”.
Свет крыкуноў адрозніваецца ад рэальнага свету не толькі спосабам свайго выяўлення толькі ў газетах або па тэлебачанні, але і адсутнасцю сапраўднай, дзеяснай моцы. На наступных старонках зноў той жа самай “Газеты выборчай”, у аддзеле эканамічнага жыцця, мы чытаем пра новыя замежныя інвестыцыі ў краінах Цэнтральнай Еўропы і шкадуем, што такія фірмы, як “Тайота” або “Пежо” аддалі перавагу Чэхіі, а не Польшчы. Менавіта ў Чэхіі будуць створаны некалькі тысяч паўнавартасных працоўных месцаў з добрымі заробкамі (а можа быць і болей, калі да гэтага далучацца вытворцы камплектуючых дэталей і вузлоў). Зрэшты, калі б антыглабалісты былі здольныя разважаць (а не толькі рэагаваць), магчыма, яны б задумалісь, чаму розныя краіны імкнуцца прыцягнуць замежныя інвестыцыі. Прычым гэта датычыцца як бедных краін ці краін сярэдняга ўзроўню жыцця, так і самых заможных. Напрыклад, губернатар штата Паўночная Караліна ў ЗША інвеставаў у інфрастуктуру і сістэму адукацыі амаль 200,0 мільёнаў даляраў толькі дзеля таго, каб прыцягнуць інвестыцыі нямецкага канцэрна БМВ. Няўжо ж кіраўнікі багатых краін пажадалі б самі садзейнічаць збядненню ўласнага насельніцтва?
Філасофія эстраднага невука
Яшчэ адзін парадокс. З цытаванай вышэй “паліткарэктнай” пісаніны мы з цікавасцю даведваемся, што згаданы Бона імкнецца зменшыць прорву паміж беднымі і багатымі. І самім смешна, і гасцям пацеха, як слушна казалі героі апавяданняў Веха. Усе старанні наваяўленага барацьбіта за справядлівасць абмяжоўваюцца тым, што на некаторых з сваіх канцэртаў ён выкрыквае антыкапіталістычныя або антыліберальныя лозунгі! Але фактычна менавіта тыя ж самыя бізнесоўцы, якіх Бона “павучае” з вышыні свайго ўласнага невуцтва, і садзейнічаюць сапраўднаму скарачэнню згаданай прорвы, калі вырашаюць пабудаваць філіял сваёй фірмы ў якой-небудзь беднай краіне. Эканамісты канстатуюць, што нават бедныя краіны маюць пэўную выгаду, бо атрымліваюць магчымасць вырабляць што-небудзь танней. Менавіта так пачыналі будучыя знакамітыя “тыгры”: Ганконг, Тайвань, Паўднёвая Карэя або Сінгапур.
Цікава, што ў Польшчы выгады ад гандлю добра ведаюць, напрыклад, раённыя або гарадскія абаронцы правоў спажыўцоў, але зусім не ведаюць адукаваныя інтэлектуалы. У сувязі са згаданымі эканамічным форумам у Нью-Йорку і “антыфорумам” у Порту-Алегры (Бразілія) палітолаг Марцін Круль выказаў наступную думку ў газеце “Rzeczрospolitа”: антыглабалісты справядліва мяркуюць, што глабалізацыя шчасця з сабой не нясе, а польскія сімпатыі да яе заснаваны на “памылковым і эгаістычным перакананні, што нам можна будзе далучыцца да тых, хто атрымае з яе выгаду”.
Аднак пакінем пакуль у баку пытанне пра шчасце і прыгледзімся трохі бліжэй да аргументаў (альбо, лепш казаць, да лозунгаў) антыглабалістаў.
Адкрытая эканоміка, альбо багацце
Лозунг першы: глабалізацыя прыводзіць да згалення насельніцтва, асабліва жыхароў бедных краін. На самой жа справе глабалізацыя – гэта не што іншае, як пашырэнне колькасці краін з адкрытай эканомікай, у выніку чаго з’яўляюцца магчымасці свабоднага абарачэння тавараў, паслуг, капіталаў і працоўнай сілы такім чынам, нібыта дзяржаўных межаў не існуе.
Абвінавачванне антыглабалістаў б’е міма цэлі, паколькі гістарычныя і сучасныя факты яскрава сведчаць пра тое, што адкрытая эканоміка заўсёды функцыянуе лепей, чым тая, дзе робяцца тыя ці іншыя захады, скіраваныя на абарону ад канкурэнтаў. Прычым гэта датычыцца як багатых, так і бедных краін. Адкрытая Германія дасягнула значна больш высокага ўзроўню заможнасці насельніцтва, чым закрытая сцяной камуністычнай падазронасці ГДР, хаця гістарычнае мінулае ў абедзвюх краін было аднолькавае. Таксама ж узровень жыцця ў Паўднёвай Карэі ў некалькі разоў вышэй, чым у КНДР. Страшэнна бедны Ганконг пасля Другой сусветнай вайны пераўтварыўся ў краіну з класічнай ліберальнай эканомікай, у той час як Кітай паранаідальнага Мао Цзэдуна пайшоў процілеглым шляхам. І які ж вынік? Пад канец ХХ стагоддзя ўзровень валавой унутранай прадукцыі на аднаго жыхара ў Ганконгу быў у 25 разоў вышэй, чым у КНР! Гэта добра, што з 1975 года (г.зн. пасля смерці Мао) Кітай паступова адкрываецца знешняму свету (на жаль, пакуль толькі ў эканамічных адносінах), але нягледзячы на гэта яму яшчэ трэба пераадолець вялізарны шлях, які аддзяляе сучасны Кітай ад прамыслова развітых краін.
Адкрытая эканоміка, альбо Забота аб экалогіі
Лозунг другі: глабалізацыя садзейнічае забруджванню і знішчэнню прыроднага асяроддзя. І зноў міма цэлі. Статыстыка сведчыць, што ўзровень забруджвання навакольнага асяроддзя тым вышэй, чым ніжэй узровень эканамічнага развіцця. Зыходныя прычыны знішчэння прыроднага асяроддзя – галеча і невуцтва. Па меры ўзбагачэння краіны (што залежыць, у сваю чаргу, ад ступені лібералізацыі рынку і ад адкрытасці да ўсяго свету) узровень забруджвання зніжаецца; памяншаецца і сярэдняя колькасць выкарыстання прыроднай сыравіны на аднаго жыхара. Адзіным у свеце выключэннем з гэтага правіла былі камуністычныя краіны, дзе індустрыялізацыя адбывалася пры адсутнасці стымулаў, якія б садзейнічалі эканомнаму расходванню рэсурсаў. Да сённяшняга дня рэшткі гэтай сістэмы можна назіраць у “запаведніках камунізму” – у Беларусі, Паўночнай Карэі ці на Кубе.
Адкрытая эканоміка, альбо
Свабода
І, нарэшце, трэці лозунг: глабалізацыя пагражае свабодзе. І зноў жа спачатку трэба дамовіцца: аб якой менавіта свабодзе ідзе размова – эканамічнай, палітычнай, свабодзе навуковых даследаванняў ці якой іншай? Але незалежна ад таго, пра якую свабоду мы гаворым, яна ўзрастае разам з адкрытым грамадствам. Чым больш адкрыта краіна ў эканамічных адносінах, тым больш верагоднасць таго, што разам з таварамі ў яе будуць трапляць новыя палітычныя, сацыяльныя і іншыя ідэі. Гэты працэс быў няспынным кашмарам камуністычных улад і па ранейшаму застаецца ім, напрыклад, у КНР, дзе правадыры ламаюць сабе галаву над тым, як абмежаваць кантакты з краінамі з адкрытай эканомікай выключна імпартам станкоў з лічбавым праграмным кіраваннем, але без ліберальных ідэй.
Гэтую заканамернасць можна заўважыць не толькі ў адносінах да зыходзячага з сусветнай сцэны камунізму. Адкрытасць знешняму свету па той прычыне звязана з палітычнай свабодай, што апошнюю вынайшлі ў заходніх краінах, адкуль яна і распаўсюджваецца па ўсяму свету. Тыраны накшталт Садама Хусейна ў Іраку, фанатыкі-аятолы ў Іране ці генералы з левымі перакананнямі ў Бірме аддаюць перавагу трыманню сваіх краін у ізаляцыі, каб быць упэўненымі ў тым, што іх падданыя не атрымаюць інтэлектуальнай ці нават палітычнай падтрымкі з Захаду.
Антыглабалізм, альбо Дыктатура
У антыглабалістаў ёсць яшчэ адна агульная з усімі дыктатарамі рыса: варожае стаўленне да капіталізму (г.зн. да эканамічнай свабоды) і да лібералізму (г.зн. да свабоды палітычнай). Прадстаўнікі гэтай плыні ідэалагічна ці інтэлектуальна не адрозніваюцца ад прыхільнікаў хвалі ірацыянальнага левацтва, якая пракацілася па Захаду ў 1960-я і 1970-я гады. Антыглабалісцкая хваля схлыне таксама ж, як схлынула і яе папярэдніца. Караван будзе ісці далей, таму што гэта выгадна тым, хто ідзе, якіх сёння да таго ж непараўнальна болей, чым было ў тыя часы.
Справа ў тым, што рэальны свет адрозніваецца ад свету, які нам дэманструе СМІ. На нью-йоркскім форуме прэзідэнт сусветнай сеткі кафэ хуткага абслугоўвання “Макдональдс” звярнуў увагу на тое, што калі на папярэднім форуме ў Сіэтле газеты захлыналіся, апісваючы выхадкі двух тысяч хуліганаў-антыглабалістаў, кафэ “Макдональдс” (вельмі частых аб’ектах іх нападаў) у гэтым жа горадзе наведалі 175 тысяч чалавек. Такім чынам, пераважная большасць галасавала сваімі кроўнымі грашыма за “Макдональдс”…
Пераклаў з польскай мовы
© Яўген ІВАНОЎ, 2002
SUMMARY
Yan VINETSKY
Globalization and aberration
The publication analyses economic globalization of developed countries and its consequences for all the other countries in the world. The author refutes slogans of the antiglobalists, proves unproductiveness and gravity of economic lock-in for the modern society.
РЕЗЮМЕ
Ян ВИНЕЦКИЙ
Глобализация и аберрация
Анализируется проблема глобализации экономики развитых стран и последствия этого для всех остальных стран мира. Опровергаются лозунги антиглобалистов, доказывается беспереспективность и опасность экономической замкнутости в современном мире.
* © Jan WINIECKI // Wprost. 24.03.2002 r.