|
ПОЛЬСКАЯ І ЎКРАІНСКАЯ ПАЛІТЫЧНЫЯ ДАКТРЫНЫ 1870–1990 ГАДОЎ
Параўнальны аналіз
ГЕНЕЗІС СУПРАЦОЎНІЦТВА ПОЛЬСКІХ НАЦЫЯНАЛ-ДЭМАКРАТАЎ З УКРАІНЦАМІ*
Ігар ЧАРНАВОЛ
(Львоў, Украіна)
Апошняя траціна ХІХ стагоддзя пазначана ў гісторыі Еўропы сапраўдным выбухам у сферы інтэлектуальнага жыцця, выбухам, які асабліва адчуваўся ў галіне палітыкі. Ідэі сацыяльнага і нацыянальнага вызвалення пашыраліся з небывалай хуткасцю, дасягаючы нават самых аддаленых і адсталых куткоў Еўропы. На практыцы гэты працэс сведчыў аб завяршэнні цэлай эпохі ў гісторыі чалавецтва, а менавіта – “вялікай эмансіпацыі” плябейскіх частак грамадства, пачатак якой паклала французская рэвалюцыя 1789 года. Як і ва ўсёй Еўропе, у Польшчы і на Украіне “вялікая эмансіпацыя” суправаджалася ўтварэннем на аснове ідэалогій сацыяльнага і нацыянальнага адраджэння адпаведных ім палітычных рухаў і партый. Таму мэта гэтага даследавання – у спробе правесці пэўныя паралелі паміж новымі палітычнымі рухамі пачатку 1870-х – канца 1990-х гадоў у Польшчы і на Украіне, а таксама ў тым, каб вызначыць ступень узаемаўплываў і супрацоўніцтва іх прыхільнікаў.
Інтэлектуальны рух 1860-х і 1870-х гадоў
Параза польскага паўстання 1863 года была сапраўднай нацыянальнай катастрофай, але адначасова яна змусіла польскае грамадства шукаць іншыя, нерэвалюцыйныя шляхі самарэалізацыі. Няма сумнення, у 1860-х і 1870-х гадах Польшча перажыла сапраўдную інтэлектуальную рэвалюцыю. Рэалізацыя лозунгаў “арганічнай працы” і рэальнай палітыкі прынесла выдатныя вынікі, і не толькі ў галіне асветы ці культуры, а нават у хранічна занядбанай польскай эканоміцы. Нямецкая байка пра “Polnische Wirtschaft”, як і вядомая ісціна пра тое, што “Polska nierządem stoi”, здавалася, назаўжды страцілі актуальнасць.
Вырашылі адмовіцца ад актыўнай палітычнай дзейнасці і ўкраінскія палітыкі. Нягледзячы на забарону ўкраінскай мовы ў 1863 годзе (абарону існавання якой расійскія ўрадоўцы тлумачылі як чарговую праяву “польскай інтрыгі”), украінскі рух развіваўся. На Украіне, як і ў Польшчы, асаблівы прагрэс адчуваўся ў духоўнай сферы. Развіццё літаратуры, доследы ў галіне гуманітарных навук, наладжванне кантактаў паміж Галіччынай і Прыдняпроўем – усё гэта стварала неабходныя інтэлектуальныя падставы для крышталізацыі палітычных дактрын і самаарганізацыі ўкраінскага руху.
У адрозненне ад польскага ўкраінскі рух ніколі не быў наступальным. Украінцы імкнуліся дзейнічаць у межах заканадаўства, таму пры любым зручным выпадку падкрэслівалі сваё вернападданства і ўсяляк адмаўлялі якія б там ні было абвінавачванні ў сепаратызме. Такія паводзіны мелі сваю логіку: патрыёты таго пакалення не страчвалі надзеі на прыняцце ўрадам да ўвагі іхніх патрабаванняў. Аднак пасля зацвярджэння ўказу, што забараняў украінскую мову, і асабліва пасля пашырэння ў 1876 годзе яго кампетэнцыі такая палітыка канчаткова страціла сэнс.
Шляхам радыкалізацыі
Штуршок для радыкалізацыі як польскага, так і ўкраінскага нацыянальнага рухаў дало расійскае асяроддзе, а дакладней народнікі 1870-х гадоў. Пішучы пра тыя гады, вядомы ўкраінскі літаратар Яўген Маланюк зазначаў: “Гэта ўсеўладнае, амаль рэлігійнае панаванне дактрыны пазітывізму, рацыяналізму, нават анархізму. Прудон, Маркс, Бакунін – вось вызначальныя іпастасі і непахісныя багі. Гэта вера ў якісьці сацыялагічны дарвінізм з, так бы мовіць, мірнай эвалюцыяй у вялікі рай. Гэта фактычнае абагаўленне т.зв. прагрэсу і руху сапраўднага прыроднага патрыятызму да непрыроднай “класавай свядомасці” <…> сімвал веры быў такі: (а) касмапалітызм у палітыцы, (б) натуралізм у мастацтве, (в) атэізм у рэлігіі (!). Менавіта так. Для нас гэта гучыць анекдотам і нават досціпам. Але ў 70-х і 80-х гадах ХІХ стагоддзя гэтая гумарыстыка далёка не была анекдотам, нават у Заходняй Еўропе” (МАЛАНЮК 1962: 120). Не менш яркая характарыстыка перыяду 1870-х і 1880-х гадоў належыць знакамітаму І.Франко: “Сацыялістычныя ідэі распальвалі людзей да фанатызму; да таго ж ідэі тыя былі далёкімі ад крытычнасці, якой набраліся пазней, Маркс (і то адно першы том [“Капіталу” – І.Ч.]), быў евангеллем, а тое, чаго ў ім не ставала, дапаўнялася фантазіяй, пачуццямі. Вялікі сацыяльны пераварот бачыўся ўсім наяве; Энгельс і іншыя заходнееўрапейскія сацыялісты прарочылі яго наступленне праз 10 гадоў, а калі тыя гады мінулі, пераносілі яго на наступныя 10 гадоў і г.д. У галовах расійцаў, пераважна людзей свецкай, але несістэматызаванай адукацыі, тыя ідэі нараджалі фармальны хаос і завяршаліся самымі фантастычнымі перспектывамі, дзе “апошнія словы” заходнееўрапейскай навукі дзівосным чынам спалучаліся з векавечнымі забабонамі старой Расіі” (ФРАНКО 1906: VI–VII).
Аднак недахопы новай ідэалогіі не былі ў той час такімі відавочнымі, якімі сталі пазней. Акрамя ўсяго, моладзь не маглі не прывабліваць дзівосны дынамізм і самаахвярнасць расійскіх рэвалюцыянераў. Гучныя судовыя працэсы над сацыялістамі міжволі папулярызавалі ідэі народнікаў, асабліва сярод інтэлігенцыі. Уплыву гэтых падзей паддаліся нават дзеячы кіеўскай “Старой Грамады” – цэнтральнай украінскай арганізацыі таго часу, членаў якой прынята характарызаваць толькі як лібералаў, а то і кансерватараў. Як праз нейкі час згадваў адзін з яе найактыўнейшых дзеячаў Паўло Жыцецкі, у той час “грамадзяне” ў адной кішэні насілі творы “бацькі Тараса”, а ў другой – Маркса. “Запарожскі калектывізм, адсутнасць уласнасці на зямлю, паслядоўнае правядзенне прынцыпаў народаўладдзя – усё гэта стварала аснову для пераходу грамадзян ад ранейшых украінскіх гістарычных да сучасных сацыялістычных ідэй і для паразумення паміж рэвалюцыйнымі ды сацыялістычнымі гурткамі і партыямі агульнарасійскімі, – пісаў вядомы гісторык рэвалюцыйнага руху на Украіне Аляксандр Рабінін-Склярэўскі. – Таму і ўкраінафілы, нават прадстаўнікі “Старой Грамады”, не заўважылі, як перайшлі з артадаксальнага культурніцтва адразу да рэвалюцыйнага народніцтва” (РЯБІНІН-СКЛЯРЕВСЬКИЙ 1927: 164). Зразумела, што яшчэ большы ўплыў аказвала народніцтва на ўкраінскую моладзь. Знамянальны той факт, што значная (калі не большая) частка яго прыхільнікаў мела ўкраінскае паходжанне і дзейнічала на тэрыторыі Украіны. Аднак, уваходзячы ў склад расійскіх народніцкіх арганізацый, украінцы звычайна гублялі сувязі з уласным асяроддзем і назаўжды страчваліся для ўкраінскай справы.
Вялікі ўплыў расійскае народніцтва аказвала таксама і на польскую моладзь. Але, па-першае, ён не быў настолькі ўсеабдымным, а па-другое, польскія сацыялісты тае пары, хоць у тэорыі часта былі не меншымі касмапалітамі, чым рускія ці ўкраінцы, усё ж не ўваходзілі ў склад расійскіх арганізацый, а стваралі ўласныя групоўкі. Больш за тое, у кантактах з расійскімі народнікамі палякі заўжды выступалі як раўнапраўны бок (прыклад – пагадненне польскага “Пралетарыяту” з расійскай “Народнай Воляй” у 1884 годзе). Варта таксама заўважыць, што не адмаўляліся польскія сацыялісты і ад лозунга адраджэння польскай дзяржаўнасці, і, як правіла, занатоўвалі гэта ў сваіх праграмных дакументах. Сацыялістычны рух трактаваўся тады як крайняя праява лібералізму, а аднаўленне знішчанай “імперыялістамі” Рэчы Паспалітай успрымалася як святы запавет еўрапейскай дэмакратыі. Таму прыдатнымі да гэтага былі нават і расійцы.
Крах прарасійскай арыентацыі ўкраінскіх “грамад”
На працягу 1878–1880 гадоў расійская ахранка знішчыла, арыштавала альбо выслала за межы Украіны самую радыкальную частку членаў “грамад” (гл. НАЗАРЕВСЬКИЙ 1930, РЯБІНІН-СКЛЯРЕВСЬКИЙ 1927: 154–165, РЯБІНІН-СКЛЯРЕВСЬКИЙ 1928). У сувязі з гэтым кіраванне ўкраінскімі арганізацыйнымі групамі перайшло да асоб з больш памяркоўнымі поглядамі. “Выпраўленню” “грамадзян” спрыяў таксама і знешні фактар, а менавіта прыход да ўлады ў Расіі “Вярхоўнай распарадчай камісіі” на чале з лібералам графам Міхаілам Лорыс-Мелікавым. Стала зразумела, што Расія стаіць перад новай хваляй дэмакратызацыі. У такой сітуацыі, натуральна, з палёгкай уздыхнулі б і ўкраінцы. Акрамя таго, на мяжы 1880–1881 гадоў у Кіеве распачала работу ўрадавая камісія, якой кіраваў сенатар Аляксандр Полаўцаў. Дзякуючы яго намаганням быў адхілены ад улады злосны вораг украінства – кіеўскі генерал-губернатар Міхаіл Чарткоў, была дазволена паніхіда па Т.Шаўчэнку ў Саборы св. Сафіі. Сенатар А.Полаўцаў рэгулярна сустракаўся з дзеячамі “Старой Грамады” і збіраўся зрабіць у Санкт-Пецярбургу даклад аб праблемах украінцаў. Але ўсяму перашкодзіла бессэнсоўнае забойства народавольцамі Аляксандра ІІ. Ужо на наступны дзень А.Полаўцаў, “развітваючыся з украінцамі, што прыйшлі да яго па інфармацыю, выразна выказаўся, што цяпер на доўгі час трэба забыцца пра ўсё, што думалася і гаварылася, бо запануе лютая рэакцыя” (МЕЛЬНИК-АНТОНОВИЧ 1932: 111) [1].
У сукупнасці ўсё гэта паскорыла працэс зніжэння папулярнасці сацыялістычных ідэй у асяроддзі “грамад”. Бессэнсоўна таксама было спадзявацца і на расійскі ўрад, пра што ўкраінцы пачулі непасрэдна з вуснаў высокапастаўленага расійскага ўрадоўца. Такім чынам, паўстала неабходнасць пошуку новых арыенціраў.
Польскае “людоўства” і прасялянская арыентацыя ўкраінскага нацыянальнага руху
Сярод іншых польскіх палітычных ідэалогій, што ўзніклі ў 1880-х гадах, было і так званае “людоўства”. Пасля паўстання 1863 года стала зразумелым, што адна з асноўных прычын яго паразы – вузкая сацыяльная база польскага нацыянальнага руху. Сялянства ставілася да яго лозунгаў абыякава і ў асноўнай сваёй масе яго не падтрымлівала. Яшчэ большай катастрофай у гэтых адносінах было папярэдняе кракаўскае паўстанне 1846 года, якое, па-сутнасці, ператварылася ў жахлівую расправу палякаў-сялян над палякамі-шляхціцамі. Паняцце “паляк” асацыявалася ў сялян у першую чаргу з панам-шляхціцам, а Польшчы – з паншчынай і часамі шляхецкага бяспраўя. Няма нічога дзіўнага ў тым, што зробленая ў 1890-х гадах перасцярога Тэафіла Курчака “дзеці, маліце Бога, каб вы не дачакаліся Польшчы, бо нам у Польшчы было нядобра”, – зусім не выключэнне. Трэба было пераламаць недавер сялян да нацыянальнае справы і да іхняга ўдзелу ў яе вырашэнні. З гэтай мэтай у палітычных канцэпцыях, якія прапагандавалі “людоўцы”, на першым плане знаходзіцца праблема адказнасці шляхты за прыгнёт сялянства, бо сама шляхта, як пісаў у 1903 годзе Я.Бойка, “забіла ў селяніне чалавека і зрабіла з яго проста дурня, машыну” (паводле ŚLIWA 1995: 20, які спасылаецца на BOJKO 1949: 16 і KURCZAK 1958: 24).
Узнікненне ідэалогіі “людоўства” звычайна звязваюць з выхадам у свет у 1886 годзе часопісаў “Głos” (Варшава) і “Przegląd Społeczny” (Львоў). Рэдактар першага з іх, у будучым вядомы ідэолаг польскай нацыянал-дэмакратыі Ян Паплаўскі, у той час знаходзіўся пад вялікім уплывам расійскага народніцтва. Ён, як піша Вільгельм Фельдман, “фактычна ўгінаўся пад цяжарам віны сваёй касты [шляхты – І.Ч.] перад людам, у жалю і маркоце каяўся перад ім, <…> на алтар яго ставіў. Радыкалізм Паплаўскага ў першую чаргу арыентаваўся на расійскія дактрыны і прыклады; Паплаўскі выклікаў абурэнне ўсёй палітычнай Варшавы, калі з асаблівым задавальненнем хадзіў у рускай касаваротцы і размаўляў па-руску” (FELDMAN 1907: 168).
Рэдактар выдання “Przegląd Społeczny” Баляслаў Віславух таксама прайшоў добрую сацыялістычную падрыхтоўку. У 1870-х гадах ён удзельнічаў у сацыялістычных гуртках Санкт-Пецярбурга і Полацка, за што адсядзеў тры гады ў турме. У 1885 годзе ён прыбыў у Львоў, дзе адразу кінуўся ў вір палітычнага жыцця сталіцы Галіччыны (гл. KUDLASZYK 1978, WERESZYCKI 1990: 75, Z IZBY SĄDOWEJ 1889, ЦЕНТРАЛЬНИЙ ДЕРЖАВНИЙ ІСТОРИЧНИЙ АРХІВ [далей ЦДІА – І.Ч.] УКРАÏНИ У ЛЬВОВІ, ф. 663 (Михайло Павлик), оп. 1, спр. 131, арк. 86–87).
Б.Віславух нарадзіўся на Палессі ў вёсцы Саха Дарагачынскага павета ў шляхецкай сям’і. Ён вядомы як тэарэтык не толькі “людоўства”, але і польскага “этнічнага” нацыяналізму. Б.Віславух сцвярджаў, што не “гістарычнасць”, не “дзяржаўнасць” польскай нацыі (што было традыцыйнай асновай усіх польскіх палітычных дактрын, акрамя сацыялістычных), а найперш факт існавання дваццацімільённага польскага этнасу – галоўная падстава легітымнасці польскіх нацыянальна-вызваленчых рухаў (гл. WYSŁOUCH 1886: 258). Практычна тыя самыя погляды прапаведаваў “Głos”. Такім чынам, ужо ў ідэалогіі “людоўства” назіраецца дзіўнае і супярэчлівае перапляценне двух вялікіх светапоглядаў новай эпохі – светапоглядаў нацыяналізму і сацыялізму. Прапаноўваючы лозунгі эмансіпацыі сялянства, падпарадкавання яму інтарэсаў усіх іншых сацыяльных груп, ды нават лозунг класавай барацьбы, тэарэтыкі “людоўства” бачылі ў іх зброю для набыцця Польшчай самастойнасці.
Перадавая ўкраінская нацыянальна-палітычная думка заўжды вызначалася выразнай прасялянскай арыентацыяй, не зважаючы на тое, што аж да канца ХІХ стагоддзя амаль усе яе прадстаўнікі паходзілі з асяроддзя дробнай і сярэдняй шляхты, інтэлігенцыі і духавенства. “Мы пакланяліся народу як жыватворнай стыхіі, – згадваў П.Жыцецкі, – якая мусіць загаіць усе раны “афіцыйна-культурнага быцця” нашага, якая мусіць даць адказ на ўсе іншыя пытанні пра асабістую і грамадскую свабоду, пра асабістае і агульначалавечае шчасце. Нам здавалася, што першыя промні свабоды асвецяць нам народную душу з такога боку, з якога мы ніколі не бычылі яе, што з самога народа выйдуць вялікія сілы, якія стануць поруч з намі дзеля вялікай працы на ўкраінскай ніве” (З ІСТОРІЇ КИЇВСЬКОЇ УКРАЇНСЬКОЇ ГРОМАДИ 1913: 178). Яшчэ далей у гэтых адносінах прасунуліся “грамадзяне” ў перыяд свайго “палявання” ў 1870-х гадах, калі Міхайла Драгаманаў вынайшаў формулу аб’яднання сацыяльных і нацыянальных інтарэсаў. “Ён лічыў, – піша Я.Грыцак, – што для ўкраінскага народа, дзе асноўную масу складае малазямельнае сялянства, задачы сацыяльнага і нацыяынальнага вызвалення супадаюць. І таму, на думку Драгаманава, “ва ўмовах Украіны тут дрэнны той украінец, які не стаў радыкалам [сацыялістам. – Я.Г.] і дрэнны той радыкал, што не стаў украінцам” (ГРИЦАК 1994: 63–64).
Паяднанне ідэй сацыяльнага і нацыянальнага вызвалення характэрна і для ўкраінскага патрыятычнага асяродка, прычым калі арыентацыі на сацыяльныя нізы прытрымліваліся толькі асобныя максімальна левыя адгалінаванні польскага нацыянальнага руху, то ўкраінскі рух ужо ад часу свайго ўзнікнення вызначаўся выразнай прасялянскай арыентацыяй.
Канфлікт пакаленняў
Карціна інтэлектуальных перадумоў станаўлення сучасных ідэалогій была б няпоўнай, калі б мы не звярнулі ўвагу на з’яву канфлікту пакаленняў.
Носьбітамі новых ідэй і іх дзейснымі прапагандыстамі былі, як правіла, маладыя людзі. У 1880-х гадах у духоўнай сферы польскага грамадства адбываецца змена пакаленняў. Мабыць, ці не ва ўсіх праявах жыцця польскай супольнасці, у тым ліку і ў палітыцы, гучна заяўляе аб сабе моладзь, прычым менавіта гэтае пакаленне вылучыла са свайго асяроддзя многіх палітыкаў, якія адыгрывалі надзвычай вялікую ролю і карысталіся значным аўтарытэтам і нашмат пазней, ужо ў кантэксце іншых гістарычных эпох. Дарэчы, падобная з’ява назіраецца і ў іншых краінах Еўропы (напрыклад, “Маладая Італія”, “Маладая Чэхія”, “Маладая Балгарыя” і г.д.). Вядомы французскі гісторык Марк Блок, які заўжды спрабаваў інтэрпрэтаваць гісторыю як гісторыю найперш пакаленняў, слушна заўважыў, што такі падзел інтуітыўна прыжыўся ў сферах філасофіі і літаратуры (гл. БЛОК 1973: 100). Усе гэтыя “маладыя” рухі былі вельмі падобнымі, паколькі ўяўлялі сабой, па сутнасці, сумесь радыкалізму нацыянальнага і сацыяльнага. Акрамя таго, пачатак іх існавання вызначаўся асабліва ўпартымі перапалкамі з “бацькамі”.
У Польшчы гэты працэс праявіўся ў знішчальнай крытыцы практыкі “арганічнай працы”, якую моладзь інтэрпрэтавала як утылітарызм і нават як нацыянальную здраду. Нашмат слабейшымі былі яго праявы ў Прыдняпроўскай Украіне. Затое асабліва значнымі былі яны ў асяроддзі галіцкіх украінцаў. “У апошнія дзесяцігоддзі ХІХ стагоддзя, – пісаў выдатны прадстаўнік новага пакалення той эпохі І.Франко, – на дапамогу, а часткова і на змену былым дзеячам выйшла новая генерацыя працаўнікоў і ўкінула ў тую прорву вялікую працу, вялікую сілу гарачага запалу і цвёрдай веры ў будучыню нашага нацыянальнага жыцця і адначасова ачысціла паветра, праклала не ў адным напрамку новыя сцежкі. Яна абудзіла страсці там, дзе раней была абыякавасць і руціна, ажывіла пульс народнага жыцця. Гэта быў запас свежых сіл, які знайшла ў сабе наша нацыя ў хвіліны цяжкага прыгнечання. Я называю тую генерацыю, тых людзей, што сваёй працай збудавалі тую прыкметную прыступку, якая акрэсліваецца ў нас між годам 1880 і 1890, “Маладой Украінаю” (гл. ФРАНКО 1910: 9).
Стварэнне “Лігі польскай”
Асаблівую ўвагу польскія палітыкі новай генерацыі надавалі ідэі аб’яднання польскага нацыянальнага руху, не зважаючы на кардоны, а таксама стварэнню арганізацыі, якая б кіравала і ўзгадняла яго дзеянні. Такую задачу ставіў перад сабой ужо “Пралетарыят” (як правіла, на сацыялістычных перадумовах). У 1880-х гадах гэта ідэя знаходзіла усё больш прыхільнікаў. Грамадская свядомасць перажывала ў той час вялікі надлом. Нацыянальны радыкалізм моладзі дзе-нідзе апярэджваў свой час, але нязначна. З такім надрывам прапагандаваныя ёю ідэі ўжо праз 10–15 гадоў сталі нормай палітычнага жыцця польскай супольнасці.
У 1887 годзе ў Парыжы выйшла з друку брашура “Rzecz o obronie czynnej i o Skarbie Narodowym”. ” У разуменні яе аўтара, што хаваўся пад псеўданімам “Z.F.M.”, гэта была знішчальная крытыка ідэй “арганічнай працы – “пасіўнай абароны”, якая, на яго думку, толькі спрыяе асіміляцыі. Наўзамен ён узнімае лозунг “актыўнай абароны” – татальнага супрацьдзеяння акупантам усімі сродкамі, легальнымі і нелегальнымі, ва ўсіх сферах грамадскага жыцця і маральнай ды матэрыяльнай падрыхтоўкі да паўстання. Першым значным крокам да рэалізацыі ідэй “актыўнай абароны” павінна было стаць заснаванне нацыянальнай скарбніцы, якая была неабходна для збору сродкаў на арганізацыю руху супраціву і, паралельна, – стварэння сістэмы арганізацыйных ячэек, што кіравалі б ім.
Аўтарам брашуры быў удзельнік венгерскай рэвалюцыі 1848 года і палкоўнік паўстання 1863 года, ураджэнец Падолля Зыгмунт Мілкоўскі (на той час ён знаходзіўся ў Швейцарыі). Брашура мела вялікі поспех, двойчы перавыдавалася (праўда, значная частка першых двух накладаў была знішчана цэнзурай Аўстра-Венгрыі, дзе З.Мілкоўскі спрабаваў распаўсюджваць яе легальна) (гл. MIŁKOWSKI 1905: 70). Яна выклікала дыскусіі ў польскім асяроддзі і моцна паскорыла працэс узнікнення польскага нацыянальна-дэмакратычнага руху. У першыя дні жніўня 1887 года ў швейцарскім замку Гіфлікон адбылася нарада, дзе, акрамя З.Мілкоўскага, бралі ўдзел Максімільян Гертэль (французскі эмігрант), Аляксандр Гіршберг (прадстаўнік Галіччыны) і ўладальнік Гіфлікона мільянер Людвік Міхальскі. Гэтая нарада прыняла рашэнне стварыць агульнапольскую арганізацыю пад назвай “Ліга польская”, а таксама “Скарб народны”. У зацверджаным у снежні таго ж года статуце “Лігі польскай” гаварылася: “Задачай “Лігі” з’яўляецца аб’яднанне і згуртаванне ўсіх нацыянальных сіл з мэтай дасягнення незалежнасці Польшчы ў межах, якія існавалі да падзелаў, на федэральнай аснове, з улікам нацыянальных адрозненняў, не ўпускаючы з-пад увагі і тых частак былой Рэчы Паспалітай, што адышлі ад яе раней” (MIŁKOWSKI 1905: 74–82, KOZICKI 1964: 52–53).
Арганізатары “Лігі польскай” належалі да старэйшага пакалення і да той плеяды палітыкаў, якія, творачы рэвалюцыю 1863 года, ніколі не адмаўляліся ад яе лозунгаў. Такія настроі дамінавалі ў асяроддзі польскай эміграцыі, што ў той час у асноўным сканцэнтроўвалася ў Францыі і Швейцарыі. Далёка не выпадковым было з’яўленне на згаданай нарадзе А.Гіршберга. Прафесійны гісторык, працаўнік Асалінэуму, ён прадстаўляў згуртаванне галіцкіх дэмакратаў, якія, таксама адчуваючы сябе спадкаемцамі паўстанняў 1831 і 1863 гадоў, знаходзіліся ў апазіцыі да аўстра-венгерскага ўрада (гэтае згуртаванне не мела шырокай папулярнасці на Галіччыне, але ўсё ж карысталася падтрымкай мяшчанства буйных гарадоў і часткі інтэлігенцыі).
Рэалізаваныя на нарадзе ў Гіфліконе ідэі не былі вынікам павеваў новай эпохі. Моцна прывязаныя да традыцыі паўстанняў, арганізатары “Лігі польскай” мыслілі даўнімі стэрэатыпамі і карысталіся яшчэ зусім нядаўнім гістарычным вопытам. Ідэю “Скарба народнага” ўпершыню (адразу пасля паразы паўстання 1863 года) прапанаваў вядомы ідэолаг польскай дэмакратыі Агатон Гіллер (WERESZYCKI 1990: 87–88). Больш за тое, “Скарб народны” на момант заснавання “Лігі польскай” ужо працяглы час існаваў (праўда, у асноўным на паперы) (гл. MIŁKOWSKI 1905: 18–27). Аднак рэалізацыя “старымі” ірэдэнтыстамі “старых” лозунгаў польскага нацыяналізму аказалася якраз да часу, таму трапіла на вельмі прыдатны “малады” грунт.
Адным з асноўных арганізацыйных асяродкаў “Лігі польскай” быў “Саюз польскай моладзі “Зэт” з цэнтрам у Варшаве. Заслуга яго арганізацыі прыпісваецца Зыгмунту Баліцкаму, які ў той час быў асабліва блізкім да З.Мілкоўскага. Біяграфія яго звычайная для маладых польскіх палітыкаў той пары: каля 1880 года прапагандаваў сацыялізм у Варшаве, затым – у Львове, за што быў арыштаваны, уцёк з турмы з дапамогай нейкага рабочага ў Швейцарыю, дзе паступова пачаў пераходзіць ад сацыялізму да нацыяналізму (гл. FELDMAN 1907: 170).
Зразумела, што ў той гістарычнай сітуацыі “Зэт” збіраў у сваіх шэрагах прыхільнікаў і сацыялізму, і нацыяналізму, пераважна ў адной і той жа асобе (гл. KOZICKI 1964: 41–44, OFFENBERG 1929, SENJOR [DMOWSKI R.] 1936). “Калі на пачатку 1887 года я быў завербаваны ў члены СПМ (“Саюза польскай моладзі”), я і не здагадваўся, што буду адным з першых нацыянальных дэмакратаў на Галіччыне”, – пісаў вядомы ў будучым крытык нацыянал-дэмакратаў, выдатны публіцыст і гісторык В.Фельдман (FELDMAN 1907: 1647). Членам “Лігі польскай” быў таксама вядомы сацыяліст Баляслаў Ліманоўскі, прычым ішла гаворка нават пра ўваходжанне яго ў склад яе кіраўніцтва (гл. LIMANOWSKI 1958: 386–387). Вельмі блізка да “Лігі польскай” стаяў таксама Б.Віславух. Хоць ён з нейкіх меркаванняў адмовіўся ад членства ў “Лізе”, аднак на працягу першых некалькіх гадоў яе існавання “Kuryer Lwowski”, які ён рэдагаваў, лічыўся яе легальным рупарам (гл. KOZICKI 1964: 37).
Як бачым, вядомыя пазней ідэолагі нацыянал-дэмакратызму З.Баліцкі і Я.Паплаўскі распачыналі сваю дзейнасць як вялікія прыхільнікі сацыялістычных ідэй. Сам “сеньёр” польскіх нацыянал-дэмакратаў Раман Дмоўскі хоць і сцвярджаў пазней, што ў “Саюзе польскай моладзі “Зэт” ён вёў бескампрамісную барацьбу з прыхільнікамі сацыялізму, у 1891 ці 1892 гадах арганізаваў у Парыжы выданне штомесячніка “Przegląd Socyalistyczny” ды яшчэ нават напісаў (у сааўтарстве) праграмны артыкул для яго! (гл. SENJOR [DMOWSKI R.] 1936: 456, LIMANOWSKI 1958: 436)
Гэтае цеснае супрацоўніцтва будучых крайніх правых і крайніх левых у той час не варта трактаваць як парадокс. Як бачым, спачатку ідэолагі польскага нацыянал-дэмакратызму мелі надзвычай моцнае “чырванаватае” адценне, бо фармаваліся пад уплывам ідэй расійскага народніцтва і марксізму. І наадварот, хоць нямала арганізатараў сацыялістычнага руху ў тэорыі былі касмапалітамі, на практыцы яны ўсё ж не маглі супрацьстаяць уплывам польскай нацыянальна-вызваленчай барацьбы. Таму нават у гэты перыяд сваёй дзейнасці (не гаворачы ўжо пра наступны) яны былі адначасна і нацыяналістамі. Іх супрацоўніцтву садзейнічала таксама іхняя відавочная слабасць у параўнанні з прыхільнікамі ідэі “арганічнай працы”.
“Старая Грамада” ў 1880-я гады: кантакты з польскім асяроддзем ды спробы стварэння агульнаўкраінскай арганізацыі
Калі агульны напрамак польскай палітычнай думкі 1880-х гадоў трэба ахарактарызаваць як “палявенне”, то ўкраінскія палітычныя канцэпцыі выразна “правеюць”. Пасля забойства Аляксандра ІІ у асяроддзі “грамад” набываюць пашырэнне палітычныя канцэпцыі, якія да таго часу былі альбо малапапулярнымі, альбо выглядалі неактуальнымі, альбо ім надавалася толькі частковая ўвага. Маю на ўвазе аўстрафільства, ідэю Галіччыны – “украінскага П’емонта” ды пераарыентацыю на супрацоўніцтва з палякамі, чаму спрыяла і паступовае палявенне польскага нацыянальнага руху.
Збліжэнне дзеячаў “Старой Грамады” з польскімі грамадскімі дзеячамі, найперш вядомага гісторыка, а з пачатку 1880-х гадоў – аднаасобнага ідэйнага рухавіка “Старой Грамады” Уладзіміра Антановіча, мае месца ўжо ў першай палове 1870-х гадоў. З польскага боку ў кантактах з ім відную ролю адыгрывалі выдатны гісторык Аляксандр Ябланоўскі ды кіраўнік львоўскага згуртавання манахаў-паўстанцаў Валяр’ян Калінка (таксама гісторык). Важны момант: усе паўнамоцтвы ў кантактах з В.Антановічам польскія дзеячы прадастаўлялі дэмакратычным групоўкам, г.зн. былі “федэралістамі” (гл. МЕЛЬНИК-АНТОНОВИЧ 1932: XL–XLI, а таксама чарнавы варыянт гэтай працы ў ЦДІА УКРАÏНИ В КИЄВІ, ф. 832 (Володимир Антонович), оп. 1, спр. 118, арк. 1–19).
Заўсёды памяркоўны, В.Антановіч ніколі не быў катэгарычным прыхільнікам сацыялістычных канцэпцый. Як ужо адзначалася, у той час адбываецца значнае паправенне “Старой Грамады” ў цэлым. У выніку такой пераарыентацыі на працягу 1885–1887 гадоў “грамадзяне” цалкам парываюць з М.Драгаманавым, які так і не здолеў адмовіцца ад сваёй прыхільнасці да сацыялізму (гл. АРХІВ МИХАЙЛА ДРАГОМАНОВА 1937: 28–44, 267–338). Расчараваўшыся ў спадзяваннях знайсці паразуменне з расійскім асяродкам, “Старая Грамада” пераарыентавалася на супрацоўніцтва з аўстра-венгерскім урадам і польскім нацыянальным рухам, што, на яе думку, павінна было спрыяць пераўтварэнню Галіччыны ва “ўкраінскі П’емонт”. Працяглыя перамовы польскіх і ўкраінскіх палітыкаў прывялі да абвяшчэння ў 1890 годзе ў Галіччыне пагаднення (гл. ЧОРНОВОЛ 1994, 1995, 1996, 2000).
Паралельна з перамовамі з палякамі ва ўкраінскім асяродку выспявае ідэя аб’яднання прыхільнікаў разнастайных ідэалагічных плыняў. У пачатку 1888 года ў Кіеве адбыўся з’езд “грамад”, які вырашыў актывізаваць адносіны з Галіччынай і арыентавацца на Аўстра-Венгрыю (гл. З ІСТОРІЇ КИЇВСЬКОЇ УКРАЇНСЬКОЇ ГРОМАДИ 1913: 177–189, ЧОРНОВОЛ 1993). У тым жа годзе па ініцыятыве В.Антановіча і Аляксандра Каніскага аднаўляецца выданне часопіса “Праўда”, мэтай якога было аб’яднанне ўсіх украінскіх асяродкаў: “грамады”, эміграцыі (М.Драгаманаў), галіцкіх народнікаў ды маладога пакалення народніцкай партыі, якое знаходзілася пад моцным уплывам сацыялістычных ідэй. Варта заўважыць, што першы год свайго існавання “Праўда” фінансавалася прадстаўніком галіцка-польскай дэмакратыі князем Адамам Сапегам. Аднак дальнабачныя намеры В.Антановіча і А.Каніскага ў поўнай меры рэалізаваць не ўдалося. Першым ад супрацоўніцтва з “Праўдаю” адмовіўся М.Драгаманаў, потым – прыхільнікі сацыялістычнай арыентацыі. “Народнікі” (групоўка галіцка-ўкраінскіх палітыкаў, што супрацоўнічалі з украінскім нацыянальным рухам) спачатку паставіліся да новага выдання з насцярогай, бо бачылі ў ім фінансавага канкурэнта сваіх часопісаў (гл. ВОЗНЯК 1930; KIENIEWICZ 1939: 389).
Ідэя ўсеўкраінскай арганізацыі часткова была рэалізавана толькі ў 1897 годзе, калі па ініцыятыве В.Антановіча і А.Каніскага ўдалося стварыць адзіную ўкраінскую арганізацыю. Аднак гэтае новае ўтварэнне аказалася нежыццяздольным і заняпала, так і не праявіўшы якой-небудзь актыўнасці – у першую чаргу ў сувязі з пагаршэннем стану здароўя абодвух яе ініцыятараў.
Спробы аб’яднання ўкраінскага нацыянальнага руху бяруць пачатак з часу стварэння “Лігі польскай”. Ці былі кансалідацыйныя ініцыятывы В.Антановіча і А.Каніскага выкліканы прыкладам польскіх палітыкаў, невядома. З іншага боку, факт кантактаў дзеячаў “Лігі польскай” з украінскімі асяродкамі не выклікае ніякага сумнення.
“Ліга польская” і ўкраінцы
Зносіны з польскімі федэралістамі аказалі значны ўплыў на далейшую эвалюцыю ўкраінскіх нацыянальна-палітычных канцэпцый. Замест ідэй прарасійскага аўтанамізму ў асяродку “Старой Грамады” паяўляецца ідэя адлучэння Украіны ад Расіі і стварэння супольна з беларусамі, літоўцамі і палякамі самастойнай федэратыўнай дзяржавы. Як сцвярджае К.Мельнік-Антановіч, “ужо ў 1870-х гадах развіўся напрамак федэратыўнай згоды паміж інтэлігенцыяй усіх прыгнечаных народаў Расіі” (МЕЛЬНИК-АНТОНОВИЧ 1932: XLI). 5 ліпеня 1885 года Міхайла Паўлік пісаў М.Драгаманаву, што апошняму трэба было б неадкладна сустрэцца з В.Антановічам, бо на Украіне сітуацыя змянілася “ў галоўным”. “Пэўна, у тым, – піша ён ў паметцы, – што тады ўкраінцы – прыхільнікі Антановіча задумалі былі аддзяліцца ад Расіі ў асобную дзяржаву, а не дабівацца палітычнай волі ў адзінстве з Расіяй, – як раіў Драгаманаў” (ПЕРЕПИСКА МИХАЙЛА ДРАГОМАНОВА 1911: 431). 8 верасня 1885 года В.Антановіч пісаў М.Драгаманаву: “я і большасць маіх знаёмых маем больш спадзяванняў на здзяйсненне федэралізму паўднёва-заходнеславянскага, чым расійскага, і <…> такую форму лічылі б больш пажаданай” (АРХІВ МИХАЙЛА ДРАГОМАНОВА 1937: 29).
На такой ідэйнай глебе адбывалася збліжэнне польскай і ўкраінскай моладзі на Галіччыне. Каля 1885 года на нарадзе з удзелам Б.Віславуха, Ігнацыя Дашынскага, варшаўскага студэнта Залескага ды ўкраінцаў Івана Бялея, Севярына Даніловіча і І.Франко было вырашана, “каб палякі з украінцамі аб’ядналіся для барацьбы супраць расійскага царызму ды каб імкнуліся да стварэння федэратыўнага аб’яднання дзяржаў сацыялістычнага ладу” (ДАНИЛОВИЧ 1956: 226) [2].
Вынікам гэтага збліжэння былі напісаныя М.Паўлікам і І.Франко праграмныя дакументы для гуртка студэнтаў Вышэйшай земляробчай школы ў Дублянах, асноўнай думкай якіх з’яўляецца абгрунтаванне тэзісу стварэння, у процівагу Расійскай імперыі, беларуска-літоўска-польска-ўкраінскай сацыялістычнай федэрацыі (гл. ПАВЛИК 1911, ФРАНКО 1911). ”У мяне ў дачыненні да Украіны не аднойчы абуджаўся сепаратысцкі дух, – пісаў напрыканцы 1885 года М.Паўлік у лісце да М.Драгаманава, – а цяпер ён тым болей развіваецца. Горка цяпер Украіне, ды не саладзей будзе ў саюзе дзярж[аўным] расійскім і пры канст[ытуцыі], дзе яе ўсякія соймы ды задзіракі задушаць, мабыць, горш за Галіччыну. А тым часам мне здаецца, што, маўляў: “хопіць ужо з нас усялякіх палякаў-шляхціцаў, жыдоў-багатыроў ды маскалёў! Паспрабуем абысціся без іх і самі рабіць у сваім краі новы, казацкі лад, найперш эканамічны”, – мне здаецца, што хутка так абудзілася б у народа прага да самастойнага жыцця. На палітычную барацьбу дзеля таго, каб у Расіі былі панскія ды багатырскія соймы, – украінскі народ, пэўна, не падымецца. Гэтая думка памалу прарастае ўжо на Украіне (пра Польшчу няма чаго і казаць), а ёсць ужо і такія нешматлікія ўкраінцы, што іншага выйсця і не бачаць. Супраць гэтага, зразумела, выступаюць усе расійскія палітычныя дзеячы, не выключаючы і рэвалюцыянераў <…> – ды і гэтага ж мала! Гэта ж выходзіць за межы прынцыпаў самакіравання! Літоўцы і беларусы нашы [студэнты Вышэйшай земляробчай школы ў Дублянах, значная частка якіх паходзіла з заходніх правінцый Расійскай імперыі, у тым ліку з Беларусі і Літвы – І.Ч.] таксама не бачаць волі ў адзінстве з Рас[іяй], але ў такіх межах, якія для іх народнасцей пададуцца найвыгоднейшымі. Мала-памалу, мабыць, усе ўкраінцы дойдуць да пераканання, што экан[амічныя] і маральныя сілы Украіны трэба накіроўваць на тое, каб хоць колькі пажыць асобнаю дзяржавай. Бо карысць ад адзінства з Расіяй для нас невялікая, а страты заўсёды былі, ёсць і будуць” (ФРАНКО 1911: 393–394).
Ці маглі здагадвацца М.Паўлік і І.Франко, што, пішучы праграмныя дакументы для гуртка дублянскіх студэнтаў, яны спараджалі стварэнне адной з першых ячэек польскай нацыянал-дэмакратыі? Бо аказваецца, што створаная з іх непасрэдным удзелам арганізацыя была ячэйкай “Саюза польскай моладзі “Зэт”! (гл. успаміны члена дублянскай ячэйкі “Зэту” SURZYCKI 1930, а таксама ЧОРНОВОЛ, ЧОРНОВОЛ 1998). У гэтай сувязі важна зазаначыць, што І.Франко шмат гадоў быў членам рэдакцыі “Kuryera Lwowskiego” (гл. КОСІВ 1963), а на працягу 1886–1888 гадоў пісаў для часопіса “Głos”, які рэдагаваў Я.Паплаўскі (гл. ВЕРВЕС 1957: 130–134).
Як ужо згадвалася, першы статут “Лігі польскай” за агульны ідэал прымаў адроджаную Рэч Паспалітую як федэрацыю народаў, што раней уваходзілі ў яе склад. Безумоўна, падтрымка гэтага прынцыпу была абумоўлена арыентацыяй на супрацоўніцтва з украінцамі. Праўда, у зацверджаным у жніўні 1888 года на з’ездзе “Лігі польскай” статуце нічога не гаварылася пра ўнутраны лад магчымай польскай дзяржаўнасці, замест чаго яго трэці параграф гучаў наступным чынам: “Ліга з гарачым спачуваннем падтрымае самастойнае развіццё народнасцей, што ўваходзілі ў склад былой Рэчы Паспалітай” (KOZIСKI 1964: 55) [3].
Такім чынам, напрыканцы 1880-х гадоў як дзеячы “Лігі польскай”, так і галоўныя дзеячы ўкраінскага нацыянальнага руху былі блізкія да прыняцця ідэалу беларуска-польска-ўкраінскай федэратыўнай дзяржавы.
З “Саюзам польскай моладзі «Зэт»” наладзіў кантакты і В.Антановіч. Па яго даручэнні прыкладна ў 1888 годзе ў Варшаву з мэтай сустрэчы з кіраўніцтвам гэтай арганізацыі прыбыў лідэр аднаго з кіеўскіх маладзёвых гурткоў Канстанцін Арабажын. Прапазіцыі К.Арабажына па супрацоўніцтве былі прыняты з вялікім энтузіязмам. Усе члены “Зэту” з радасцю ўсведамлялі сабе, што ў барацьбе за ідэалы з’явіўся новы саюзнік. Але вялікую стрыманасць у гэтым пытанні праявіў Р.Дмоўскі: “не зважаючы на нашыя намаганні, – згадвае адзін са сведкаў тых падзей, – ён не пагадзіўся на зварот да Арабажына ад імя польскай моладзі”. Нягледзячы на такую пазіцыю Р.Дмоўскага, было вырашана наладзіць сталыя сувязі і абменьвацца літаратурай (гл. OFFENBERG 1929: 33).
Імкнулася ўсталяваць адносіны з украінцамі таксама і кіраўніцтва “Лігі польскай”. У тым жа 1888 годзе А.Гіршберг наведаў у Сафіі М.Драгаманава і прывёз яму дакумент з прапановай супрацоўніцтва, падпісаны рэдактарам газеты “Nowa Reforma” Тадэем Рамановічам, Юзафам Каятанам Яноўскім і Францішкам Зімаю (усе трое былі лідэрамі галіцка-польскай дэмакратыі і мелі цесныя сувязі з З.Мілкоўскім). А.Гіршберг паведаміў М.Драгаманаву, што палякі гатовы выступіць у магчымай вайне з Расіяй, якая наспела ў той час, на баку Аўстра-Венгрыі – у выпадку, калі цэсар падпіша пракламацыю, што левы бераг Віслы не пяройдзе да немцаў, і дасць дазвол на фармаванне польскай арміі. Ён прасіў М.Драгаманава, каб той падаў яму ўмовы, на аснове якіх украінцы згадзіліся б падтрымаць палякаў. М.Драгаманаў, аднак, “ахаладзіў” яго, адказаўшы, што не мае права гаварыць за галічан, якіх гэтая справа датычыцца ў першую чаргу, і што ў Расіі ён не можа “ўказаць на легіёны”. Акрамя таго, ён заявіў, што не можа “дапусціць і думкі, каб увесь наш край да Стаўрапольшчыны мог адарвацца ад Расіі”. А.Гіршбергу ж ён параіў прачытаць сваю “Вільну спілку”, экземпляр якой даў яму ў падарунак. З усяго гэтага М.Драгаманаў, аднак, зрабіў выснову: “сапраўды было б карысна заключыць дамову з польскай дэмакратыяй – на ўсялякі выпадак, а не дзеля самой вайны” (ПЕРЕПИСКА МИХАЙЛА ДРАГОМАНОВА 1905: 108) [4]. Пасля вяртання ў Львоў А.Гіршберг па рэкамендацыі М.Драгаманава падтрымліваў кантакты з сеймавым паслом Тэафілем Акунеўскім і з І.Франко (гл. HORNOWA 1968: 97–100, а таксама перапіску М.Драгаманава з А.Гіршбергам, што апублікавана ў ДРАГОМАНОВ 1901: 7–18).
Вельмі каштоўную інфармацыю адносна супрацоўніцтва “Лігі польскай” з украінцамі падаюць матэрыялы судовага працэсу 1889 года над Б.Віславухам, а таксама дакументы следства па справе групы ўкраінскіх дзеячаў, што былі арыштаваны ў тым жа годзе ў Львове.
Улетку 1889 года аўстрыйская паліцыя высачыла і арыштавала членаў груповак “Саюза польскай моладзі “Зэт” у Вышэйшай земляробчай школе ў Дублянах, Ягелонскім універсітэце, а таксама – самога Б.Віславуха. Арыштаваным спачатку інкрымінавалася дзейнасць на карысць адраджэння польскай дзяржаўнасці, але потым, пад уздзеяннем польскіх палітыкаў ды яшчэ і грамадскай думкі, – толькі спроба сацыялістычнай прапаганды. У дадзеным выпадку нас цікавіць знойдзены падчас вобыску ў С.Казлоўскага (студэнта Львоўскага політэхнікума, грэка-католіка) праект статута, дзе, між іншым, гаварылася: “З мэтай усталявання супольнай працы з русінамі на Галіччыне і на Букавіне “Z” заахвочвае рускую моладзь да ўтварэння “Z”, які абапіраўся б на тыя ж прынцыпы. З мэтай падтрымання цесных кантактаў і паразумення прадстаўнікі “Z” моладзі польскай і моладзі рускай на Галіччыне і на Букавіне ўтвараюць дэлегацыю, у якую уваходзілі б па дзве асобы з кожнага боку” (ЦДІА УКРАÏНИ У ЛЬВОВІ, ф. 663, оп. 1, спр. 133, арк. 24). Варта заўважыць, што згаданы С.Казлоўскі падпісваўся як адказны рэдактар львоўскага часопіса “Таварыш”, стварэнне якога ініцыявала ў 1888 годзе група ўкраінскай моладзі, у тым ліку І.Франко і М.Паўлік (гл. ДЕЙ 1959). Сярод падпісчыкаў “Таварыша” знаходзім імя яшчэ аднаго ўдзельніка працэсу Б.Віславуха – Уладзіслава Арцішэўскага (гл. ЦДІА УКРАÏНИ У ЛЬВОВІ, ф. 663, оп. 1, спр. 131, арк. 151; спр. 134, арк. 139–145, а таксама АРЦІШЕВСЬКИЙ 1888). У дакументах следства неаднаразова згадваецца імя Вячаслава Будзіноўскага – потым вядомага ідэолага ўкраінскай нацыянал-дэмакратыі (гл. ЦДІА УКРАÏНИ У ЛЬВОВІ, ф. 663, оп. 1, спр. 131, арк. 175; спр. 133, арк. 12–21, 78, 143) [5].
Судовы працэс над “Лігаю польскай”, які працягваўся з 25 верасня па 2 кастрычніка 1889 года, скончыўся для яго арганізатараў поўным фіяска. Пракурору не хапіла доказаў, каб абгрунтаваць абвінавачанні, а падсудныя адмаўлялі сваю прыналежнасць да канспірацыйных арганізацый як і наогул –існаванне апошніх. Па гэтай прычыне ўсе яны былі цалкам апраўданы. Толькі С.Казлоўскага пакаралі 14 днямі арышту, якія ён адбыў аж у 1891 годзе ў Грацы (гл. ЦДІА УКРАÏНИ У ЛЬВОВІ, ф. 663, оп. 1, спр. 132, арк. 34, 134–168, а таксама матэрыялы судовага працэсу над Б.Віславухам і яго таварышамі ў KURYER LWOWSKI 1889).
Яшчэ падчас следства над Б.Віславухам і яго прыхільнікамі (у жніўні) распачаліся арышты сярод украінцаў. Было арыштавана 8 асоб, сярод якіх І.Франко, М.Паўлік і пяць наддняпроўскіх украінцаў. Па імені аднаго з іх, сына генерала расійскай службы С.Дзягена, справу назвалі “справай Дзягена”. Уся гэтая афёра, у адрозненне ад працэсу Б.Віславуха, спачатку выглядала як чарговы акт барацьбы з сацыялістычнай прапагандай на Галіччыне. Аднак потым следства пайшло ў іншым накірунку і арыштаваным пачалі інкрымінаваць пашырэнне ідэі самастойнай Украіны. Справа ўскладнялася тым, што аўстрыйская паліцыя наладзіла сувязі з расійскай жандармерыяй, у выніку чаго адбыліся арышты членаў кіеўскага асяродку “Саюза польскай моладзі “Зэт” і гуртка К.Арабажына [6]. Цікава, што арыштаваны тады ў Кіеве А.Сіняўскі (потым вядомы гісторык) падзяліў палякаў-вязняў на членаў беларускага, літоўскага і польскага гурткоў. Акрамя таго, у рукі следчых патрапіла запіска, дзе фігуравалі ініцыялы “У.Б.”. Было няцяжка здагадацца, што справа датычыць Уладзіміра Баніфацьевіча Антановіча (гл. СИНЯВСЬКИЙ 1993: 110). У рукі жандармаў патрапіў таксама дакумент пад назваю “Помощь народу”, “трактующий об экономическом переустройстве и об организации федерации равноправных народностей” (гл. “Обзор важнейших дознаний, производившихся в жандармских управлениях России с 1-го февраля 1889 года по 1-ое января 1890 года” у ЦДІА УКРАÏНИ У КИЄВІ, ф. 274 (Киïвська жандармерія), оп. 1, спр. 308, с. 94). Гэты дакумент, як і большасць матэрыялаў самой справы, не захаваўся. “Kuryer Lwowski” у адным са сваіх нумароў паведаміў: расійская жандармерыя атрымала ад аўстрыйскай паліцыі інфармацыю пра тое, што зняволеныя ў Львове ўкраінскія студэнты пераправілі ў Львоў партыю нелегальнай літаратуры, што і прывяло да арыштаў у Кіеве. Справу, аднак, з-за недахопу доказаў было вырашана спыніць, калі ад якогасьці галічаніна прыйшлі звесткі пра польска-ўкраінскае таварыства, якое мае на мэце адарваць Украіну ад Расіі і стварыць самастойную дзяржаву пад пратэкцыяй Габсбургаў (гл. MNIEMANY SPISEK KIJOWSKI 1889). Штосьці падобнае чытаем у адозве львоўскай дырэкцыі паліцыі ад 5 верасня 1889 года: “Напрыканцы нельга не згадаць пра пашыраную сярод старарусінаў інфармацыю аб тым, што сучасны рух рускіх сацыялістаў мае на мэце ў саюзе з польскімі сацыялістамі ператварыць Расію ў федэратыўную дзяржаву, на ўзор праграмы, прадстаўленай у <…> брашуры Драгаманава “Вільна спілка”, і стварэння ў той федэрацыі адасобленых нацыянальных груп, польскай і рускай, залічыўшы да апошняй галіцкіх (аўстрыйскіх) і вугорскіх русінаў” (ЦДІА УКРАÏНИ У ЛЬВОВІ, ф. 663, оп. 1, спр. 128, арк. 237). “Старарусіны” – групоўка галіцка-ўкраінскіх палітыкаў, што трымаліся прарасійскай арыентацыі.
Больш за тое, пад пагрозай рэпрэсій апынуліся не толькі асяродкі “Зэту”, але і практычна ўвесь украінскі рух. В.Антановіч забіў у набат. Следства на Галіччыне было спынена дзякуючы яго звароту да колішняга кіеўскага “халопамана”, а на той момант высокапастаўленага чыноўніка Галіцкага краёвага аддзела Антона Хамца (гл. ДЕПЕНЧУК 1995: 33). У выніку “справа Дзягена” была закрыта – нават без акта абскарджання. [7] Не дайшло да судовага працэсу і ў Кіеве: пакаранне ўсіх арыштаваных было абмежавана адміністрацыйнымі мерамі або высылкай за межы ўкраінскіх губерняў (гл. СИНЯВСЬКИЙ 1993: 110).
Нягледзячы на такое заканчэнне рэпрэсій, накіраваных супраць “Лігі польскай” ды “Саюза польскай моладзі “Зэт”, групоўкі іхнія перажывалі заняпад. Аўстрыйская паліцыя працягвала пільна сачыць за ўдзельнікамі справы Б.Віславуха і яго прыхільнікаў, у выніку чаго ўжо ў наступным годзе з Вышэйшай земляробчай школы ў Дублянах былі выключаны і неўзабаве высланы за межы Аўстра-Венгрыіі шэсць найбольш актыўных удзельнікаў “Саюза польскай моладзі “Зэт”. Пасля гэтага дадзеная арганізацыя цалкам прыпыніла сваё існаванне (гл. SURZYCKI 1930: 15). У тым жа 1890 годзе быў разгромлены і яе кіеўскі асяродак. Прыпыняе сваю дзейнасць таксама ўкраінскі гурток К.Арабажына, члены якога, як ужо згадвалася, былі высланы з Кіева пасля арыштаў 1889 года (гл. ДЕПЕНЧУК 1995: 37). Сама “Ліга польская” на пачатку 1890-х гадоў перажывае ідэйны і арганізацыйны заняпад і адраджаецца толькі ў 1894 годзе ўжо як “Ліга народная”. У 1893 годзе цалкам прыпыняе сваё існаванне “Саюз польскай моладзі “Зэт”. Дзеячы “Старой Грамады” засяроджваюць сваю ўвагу на абвяшчэнні на Галіччыне дамовы польскіх кансерватараў з народнікамі, а галіцкія “маладыя” - на стварэнне ў 1890 годзе Руска-ўкраінскай радыкальнай партыі. У выніку такой пераарыентацыі, унутраных разладаў, а таксама рэпрэсій з боку дзяржавы, супрацоўніцтва “Лігі польскай” з украінцамі не назіраецца ўжо з 1890 года.
Высновы
Як ужо згадвалася, “Лігу польскую” стваралі прадстаўнікі разнастайных палітычных плыняў. У 1890-х гадах з ёй паступова парываюць “людоўцы”, сацыялісты ды эпігоны паўстання, у тым ліку і яе заснавальнікі. Мае месца арганізацыйная перагрупоўка польскага нацыянальнага руху, якая заключалася ў стварэнні сталых палітычных партый. З усіх стваральнікаў “Лігі польскай” найдаўжэй у ёй затрымаўся З.Мілкоўскі, які выйшаў з яе складу ў 1899 годзе (гл. LEWAK 1936: XXIV). Затое ўзрастала роля маладых, асабліва Р.Дмоўскага, Я.Паплаўскага і З.Баліцкага. Менавіта гэтая тройца, паступова ўразаючы свой сацыяльны радыкалізм аж да яго поўнага адмаўлення, стварыла тэорыю польскага інтэгральнага нацыяналізму. Відавочна, што ў ёй ужо не магло знайсціся месца для прыязнасці ў адносінах да ўкраінцаў. Колішняе супрацоўніцтва і знаёмства з украінскімі праблемамі ўсё ж наклалі на іх своеасаблівы адбітак, у выніку чаго немалая частка іхняй творчай спадчыны прысвечана абгрунтаванню неабходнасці барацьбы менавіта з украінскім сепаратызмам.
Невялікі адбітак наклала супрацоўніцтва з “Лігай польскай” і на ўкраінскіх палітыкаў. Значна большы ўплыў як на іх, так і на агульны напрамак развіцця ўкраінскага нацыянальнага руху, у першую чаргу на Галіччыне, мела супрацоўніцтва з кракаўскімі кансерватарамі (і наадварот). Дактрына “нацыяналістычнага сацыялізму”, якая была характэрна для “Саюза польскай моладзі “Зэт”, знайшла сваіх прыхільнікаў і сярод украінцаў.
Вышэй ужо выказвалася здагадка пра тое, што В.Будзіноўскі быў членам “Зэту”. І калі гэтай думцы бракуе непасрэдных доказаў, то факт яго цеснага супрацоўніцтва з “зэтаўцамі” сумнення не выклікае. Сапраўды, В.Будзіноўскі выхоўваўся ў польскім асяроддзі. З дзіцячых гадоў яму былі прывіты характэрныя для польскага асяроддзя катэгорыі мыслення, у прыватнасці, туга па страчанай дзяржаўнасці. У працэсе самаўсведамлення ён абраў украінскую нацыянальную ідэнтычнасць, да таго ж ацэньваў украінскія праблемы так, як палякі ацэньвалі польскія. Ён не сумняваўся і ў неабходнасці ўкраінскай дзяржавы, пра што ў 1890-х гадах і думаць баялася большасць украінскіх палітыкаў [8]. На працягу чэрвеня і ліпеня 1891 года ў львоўскай газеце “Галіцкая Русь” (№ 50–53, 56–61, 68, 73, 79–85) друкаваўся яго вялікі артыкул на рускай мове “Культурная нищета австрийской Руси” (пабачыла свет і асобнае выданне пад назвай КУЛЬТУРНАЯ НУЖДА АВСТРИЙСКОЙ РУСИ 1891). Пра метадалогію гэтай працы найдакладней сведчыць сам аўтар: “Наш нацыяналізм быў у найлепшай згодзе з нашым сацыялізмам. На нашу думку, сацыялізм у сваіх астаткавых мэтах быў нацыяналізмам, нацыяналізм быў сацыялізмам. Гэты ж нацыяналізм ішоў на ўдзяржаўленне тэрыторыі нацыі і адміністрацыі нацыяй; сацыялізм ішоў да ўдзяржаўлення, ці, іначай, – да нацыяналізацыі ўсяго гаспадарчага жыцця нацыі. Сацыялізм быў калектывізацыяй гаспадаркі нацыі, нацыяналізм – калектывізацыяй яе адміністрацыі!” (БУДЗИНОВСЬКИЙ 1934: № 94). Гэтая праца найперш абгрунтоўвае ідэі падзелу Галіччыны на польскую і ўкраінскую часткі ды максімальнай федэралізацыі Аўстра-Венгерскай імперыі, прычым В.Будзіноўскі намякае і на перспектыву ўкраінскай самастойнай дзяржавы: “Кожная народнасць, – піша ён, – каб магла жыць і развівацца нармальна, павінна абавязкова мець палітычную самастойнасць” (гл. “Галицкая Русь”, № 50 за 1891 г.).
Амаль адразу пасля стварэння Руска-ўкраінскай радыкальнай партыі ў ёй фармуецца левая фракцыя “маладых радыкалаў” – групоўка, якая поўнасцю падзяляла выкладзеныя толькі што погляды. Менавіта да яе належалі В.Будзіноўскі і Ю.Бачынскі (між іншым, таварыш В.Будзіноўскага з гімназічных гадоў ) – аўтар знакамітага маніфесту ўкраінскай самастойнасці “Україна irredenta”, які выйшаў з друку ў 1895 годзе. Менавіта “маладыя радыкалы” прапагандавалі ідэю ўкраінскай самастойнасці, і менавіта дзякуючы ім гэтая ідэя стала стрыжнем палітычных праграм усіх галіцка-ўкраінскіх партый.
Дарэчы было б правесці паралель паміж “маладымі радыкаламі” і “Саюзам польскай моладзі “Зэт”. “Маладыя радыкалы” былі прыхільнікамі ідэі самастойнай Украіны, а таксама сацыялістычных ідэй. Потым, аднак, іхнія шляхі разышліся. Ю.Бачынскі, Сямён Віцік, Мікола Ганкевіч заснавалі Украінскую сацыяльна-дэмакратычную партыю. Хто-ніхто, як напрыклад, Кірыла Трыльёўскі, аказаўся ў шэрагах радыкалаў, быў іхнім ідэолагам і правадніком, спрыяючы набліжэнню партыйнай ідэалогіі да сацыял-дэмакратызму. Іншыя (В.Будзіноўскі, Яўген Лявіцкі, Уладзімір Ахрымовіч) паступова эвалюцыянавалі ад сацыялізму да яго поўнага непрыняцця і адыгралі значную ролю ў стварэнні ўсіх трох асноўных украінскіх партый: радыкальнай (1890 год), сацыяльна-дэмакратычнай (1897–1899 гады) і нацыянальна-дэмакратычнай (1899 год). [9] Не менш важны ўдзел у працэсе стварэння гэтых партый браў І.Франко. Нехта, як, напрыклад, той жа В.Будзіноўскі, ужо на пачатку 1900-х гадоў прапаведаваў ідэі ўкраінскага інтэгральнага нацыяналізму (ці не паказальны факт, што найбліжэйшы да “Саюза польскай моладзі “Зэт” украінец прайшоў тую ж эвалюцыю, што і З.Баліцкі, Р.Дмоўскі і Я.Паплаўскі). На пачатку ХХ стагоддзя сугучныя інтэгральнаму нацыяналізму інтанацыі гучаць таксама ў творчасці І.Франко (гл. ГРИЦАК 1994), бо зноў-такі, ніхто з украінцаў так доўга і настойліва не супрацоўнічаў у польскіх установах, як І.Франко.
Як бачым, згуртаванне “маладых радыкалаў” сваёй эвалюцыяй вельмі нагадвае “Саюз польскай моладзі “Зэт”. Гэтак жа, як з супрацоўніцтва ў “Зэце” распачыналі сваю палітычную кар’еру будучыя польскія людоўцы, сацыял- і нацыянал-дэмакраты, так і з асяроддзя “маладых радыкалаў” выйшлі лідэры радыкальнай, сацыял- і нацыянал-дэмакратычнай партый.
Такім чынам, на працягу апошняй траціны ХІХ стагоддзя мае месца мадэрнізацыя польскага і ўкраінскага нацыянальных рухаў, што адлюстравалася ў стварэнні на аснове засваення еўрапейскіх эмансіпацыйных ідэалогій уласных дактрын нацыянальнага і сацыяльнага вызвалення. Агульны напрамак развіцця новых польскіх плыняў можна ахарактарызаваць як “палявенне”, а ўкраінскіх як “паправенне”. Да таго ж, нацыянальна-палітычная думка абодвух народаў развівалася ў сустрэчным напрамку, ствараючы, такім чынам, аснову для паразумення. У сувязі з гэтым у другой палове 1880-х гадоў адбываецца збліжэнне польскіх і ўкраінскіх палітыкаў, што прывяло да абвяшчэння ў 1890 годзе на Галіччыне польска-ўкраінскай дамовы. “Новая эра” (так прынята называць гэтую дамову) была згодай народнікаў з польскімі кансерватарамі і стала рэальнасцю, найперш дзякуючы дзейнасці асобных членаў “Старой Грамады”. Аднак “Старая Грамада” ў асобе В.Антановіча ўсталявала кантакты таксама з “Лігай польскай” і “Саюзам польскай моладзі “Зэт”. З гэтымі ж арганізацыямі шчыльна супрацоўнічалі таксама ўкраінскія прыхільнікі левай арыентацыі ў Галіччыне. Асновай іх супрацоўніцтва была ідэя выхаду Украіны са складу Расіі і стварэнне беларуска-літоўска-польска-ўкраінскай федэратыўнай дзяржавы. Кантакты секцый “Лігі польскай” з украінцамі прыпыняюцца з 1890 годзе ў сувязі з рэпрэсіямі, яе ўнутраным заняпадам, стварэннем Руска-ўкраінскай радыкальнай партыі ды перанясеннем вагі польска-ўкраінскіх стасункаў на ўзаемадзеянне галіцкіх народнікаў з кракаўскімі “станьчыкамі”.
Новыя польскія і ўкраінскія дактрыны ад пачатку 1870-х і да канца 1890-х гадоў вызначаюцца аб’яднаннем ідэй сацыяльнага і нацыянальнага вызвалення. Прыхільнікі абедзвюх арыентацый у той час шчыльна супрацоўнічаюць. Потым іхнія шляхі разышліся. З асяроддзя “Саюза польскай моладзі “Зэт” і вельмі падобнага да яго сваімі ідэалагічнымі прынцыпамі згуртавання “маладых радыкалаў” выйшлі творцы нацыянал-дэмакратычных, прасялянскіх і сацыялістычных партый, прычым усе гэтыя новаўтварэнні паступова эвалюцыянавалі ў напрамку да інтэгральнага нацыяналізму. Неўзабаве прадстаўнікі польскіх і ўкраінскіх новых палітычных рухаў ператварыліся ў праціўнікаў, часта – непрымірымых. У сувязі з гэтым у будучым яны старанна замоўчвалі сваё колішняе супрацоўніцтва і ўзаемныя ўплывы, якія, як бачым, не выклікаюць вялікага сумнення.
Пераклаў з украінскай мовы
Сяргей ВЕНІДЗІКТАЎ
© МТ “Брама”, 2002
SUMMARY
Ihor CHORNOVOL
Polish and Ukrainian political Doctrines of 1870-1890 : (Comparative analysis): Genesis of cooperation between the Polish and the Ukrainian National democracy
The purpose of the article is to compare political movements and parties which appeared on the basis of ideology of national and social revival at the beginning 1870 and the end of 1890 in Poland and in the Ukraine. The author examines interinfluence and cooperation of the participants of those political units.
РЕЗЮМЕ
Игорь ЧOРНOВОЛ
Польская и украинская политические доктрины 1870–1890 годов: (Сравнительный анализ): Генезис сотрудничества польских национал-демократов с украинцами
Сравниваются политические движения и партии, возникшие на основе идеологий национального и социального возрождения в начале 1870 и конце 1890 годов в Польше и на Украине, а также определяется взаимовлияние и сотрудничество их участников.
* © Ігор ЧОРНОВОЛ. Польскі та украiнські політичні доктрини 70–90 років ХІХ ст.: Порівняльний аналіз:
(Генеза співпраці польскоi націонал-демократіi з украiнцями) // Украiна модерна. Львів, 1999. № 2–3. С. 103–121.
Заўвагі
1. А.Полаўцаў у 1883–1892 гадах займаў пасаду дзяржаўнага сакратара Расійскай імперыі. Па перакананнях – хутчэй кансерватар, чым ліберал, хоць і не падтрымліваў палітыку русіфікацыі палякаў, украінцаў і іншых нацыянальных меншасцей. Свой радавод выводзіў ад белацаркоўскага палкоўніка Сямёна Полаўца, паплечніка Багдана Хмяльніцкага. Адзін з найзаможнейшых расійскіх чыноўнікаў свайго часу (гл. ЗАЙОНЧКОВСКИЙ 1966). Між іншым, адна з дачок палкоўніка С.Полаўца была жонкай гетмана Івана Мазепы (гл. ЯКОВЕНКО 1997: 226).
2. С.Даніловіч датаваў гэтую падзею 1883 годам, але ён памыліўся, бо на самой справе Б.Віславух прыехаў у Львоў толькі ў 1885 годзе.
3. С.Казіцкі тлумачыць унесеныя ў статут змены канспірацыйнымі меркаваннямі.
4. Як сведчыць апублікаваная перапіска З.Мілкоўскага з А.Гіршбергам, апошні звяртаўся да М.Драгаманава з ведама З.Мілкоўскага. Да таго ж ён падтрымліваў з М.Драгаманавым пэўныя кантакты і раней – калі не рэгулярныя, то, ва ўсякім разе, сяброўскія (гл. WOJCIECHOWSKI 1938).
5. На думку пра прыналежнасць В.Будзіноўскага да “Зэту” наводзіць сведчанне пра тое, што ў дадзены час В.Будзіноўскі ўваходзіў у склад таго ж польскага гуртка, што і В.Фельдман (гл. БУДЗИНОВСЬКИЙ 1934: № 95, МАКОВЕЙ 1912: 26).
6. Самую дакладную інфармацыю пра “справу Дзягена” падае ЛЕВИНСЬКИЙ 1938.
7. У 1893 годзе дырэктар кракаўскай паліцыі зазначыў, што “справа Дзягена” была спынена з-за таго, што ў ёй “адкрылася значная частка таямніцы, якая пакрывала работу, скіраваную на адарванне Украіны ад Расіі” (ЦДІА УКРАÏНИ У ЛЬВОВІ, ф. 146, оп. 4, спр. 7653, арк. 144).
8. У сваіх успамінах В.Будзіноўскі пісаў: “Мае польскія таварышы ненавідзелі Аўстрыю і Расію з іх дынастыямі за тое, што яны захапілі гвалтам і не хочуць выпусціць з рук колішнюю польскую дзяржаву. Калі ўжо я стаў легкадумна ставіцца да царскага стану, то не дзіўна, што мне не цяжка было па прыкладу польскіх таварышаў зненавідзець Аўстрыю і Расію з іх дынастыямі, бо яны захапілі таксама часткі колішняй украінскай дзяржавы” (БУДЗИНОВСЬКИЙ 1934: № 91).
9. Ч.Партач не так даўно кваліфікаваў Я.Лявіцкага і У.Ахрымовіча як “спецыялістаў” па стварэнні палітычных партый (гл. PARTACZ 1996: 79). Дакладней пра “маладых радыкалаў” гл. ГРИЦАК 1991.
Літаратура
Архів Михайла Драгоманова. Варшава, 1937. Т. 1: Листування Київскої старої громади з М.Драгомановим: (1870–1895).
Арцішевський В. [Рец.:] Szczepanowski S. Nędza Galicij w cyfrach. Lwów, 1888 // Товариш. Львів, 1888. № 1. С. 97–105.
Блок М. Апология истории, или Ремесло историка. Москва, 1973. С. 100.
Будзиновський В. Історія національноï думки на тлі моïх споминів з дитячих літ // Новий час. Львів, 1934. № 91, 94, 95.
Вервес Г. І.Франко і питання украïнсько-польських громадських взаємин 70–90-х років ХІХ ст. Киïв, 1957.
Возняк М. Драгоманів у відновленій “Правді”: (З додатком його листів до Ол.Барвінського й Ол.Кониського та й останнього до нього) // За сто літ. Харків – Київ, 1930. Кн. 5. С. 229–329.
Грицак Я. “Молоді” радикали в суспільно-політичному житті Галичини // Записки НТШ. 1991. Т. 222. С. 71–110.
Грицак Я. Іван Франко в еволюціï украïнськоï політичноï думки // Сучасність. Киïв, 1994. № 9. С. 114–126.
Грыцак Я. Ідейно-політична еволюція Івана Франка: (Спроба оцінки) // Матеріали засідань Історичної та Археографічної комісії НШТ у Львові (лютий 1992 – жовтень 1993 р.). Львів, 1994.
Данилович С. Франко – духовний батько радикальноï партіï в Галичині // Іван Франко у спогадах сучасників. Львів, 1956.
Дей О. Журнал “Товариш”: (Епізод із журналістськоï діяльності І.Франка) // Дослідження творчості Івана Франка. Киïв, 1959. Вип. 2. С. 103–132.
Депенчук Л. Богдан Кістяківський. Київ, 1995.
Драгоманов М. Переписка. Львів, 1901. Т. 1.
З історії київської української громади: Промова Павла Житецького на Шевченкових роковинах (з його посмертних паперів) // Записки НТШ. Львів, 1913. Т. 116.
Зайончковский П.А. А.Половцов: (Биографический очерк) // Дневник государственного секретаря А.А.Половцова. Москва, 1966. Т. 1: 1883–1886. С. 5–18.
Косів М. Співробітництво Івана Франка в газеті “Kuryer Lwowski” // Львівський ордена Леніна державний університет ім. І.Франка: Збірник робіт аспірантів філологічного та історичного факультетів. Львів. 1963. С. 5–12.
Культурная нужда австрийской Руси. Львов, 1891. Кн. 1–2.
Левинський В. Драгоманів і драгоманівці у світлі австрійських тайних документів // Праці украïнського наукового інституту. Варшава, 1938. Т. 48: З минулого. Збірник. Кн. 1. С. 9–29.
Маковей О. Історія одноï студентськоï громади. Львів, 1912.
Маланюк Є. Франко як явище інтелекту // Маланюк Є. Книга спостережень: Проза. Торонто, 1962.
Мельник-Антонович К. До видання 1-го тому творів В.Антоновича // Антонович В. Твори. Київ, 1932. Т. 1.
Назаревський О. До історії київскої громади 1870-х років // За сто літ. Харків – Київ, 1930. Кн. 5. С. 208–212.
Павлик М. Проспект діяльности “Польсько-литовсько-украïнсько-білоруського братства” // Переписка Михайла Драгоманова з Михайлом Павликом. Чернівці, 1911. Т. 4: 1882–1885. C. 405–416.
Переписка Михайла Драгоманова з д-ром Теофілем Окуневськім. Львів, 1905.
Переписка Михайла Драгоманова з Михайлом Павликом. Чернівці, 1911. Т. 4: 1882–1885.
Рябінін-Скляревський О. З життя одеської громади 1880-х років // За сто літ. Київ, 1928. Кн. 3. С. 161–180.
Рябінін-Скляревський О. З революційного українського руху в добу тимчасових генерал-губернаторів // За сто літ. Київ, 1927. Кн. 1.
Синявський А. Із споминів про Б.О.Кістяківського // Синявський А. Вибрані праці. Киïв, 1993.
Франко І. Молода Україна. Львів, 1910. Ч. 1: Провідні ідеї й епізоди.
Франко І. Zarys programu działalności “Rusko-Polsko-Litewsko-Białoruskiej Spółki Wydawniczey” // Переписка Михайла Драгоманова з Михайлом Павликом. Чернівці, 1911. Т. 4: 1882–1885. С. 416–419.
Франко І. Переднє слово // Драгоманів М. Шевченко, українофіли й соціалізм. Львів, 1906.
Центральний державний історичний архів Украïни у Києві, ф. 832 (Володимир Антонович), оп. 1, спр. 118.
Центральний державний історичний архів Украïни у Києві, ф. 274 (Київська жандармерія), оп. 1, спр. 308.
Центральний державний історичний архів Украïни у Львові, ф. 146 (Галицьке намісництво), оп. 4, спр. 7653.
Центральний державний історичний архів Украïни у Львові, ф. 663 (Михайло Павлик), оп. 1, спр. 128, 131–134.
Чорновол І. Неопублікована частина мемуарів Олександра Барвіньского // Україна в минулому. Львів, 1993. Вип. 4. C. 149–162.
Чорновол І. Польсько-українська угода 1890–1894 рр. Львів, 2000.
Чорновол І. Поляки й українці у внутрішній та зовнішній політиці Австро-Угорщини в другій половині 80-х років XIX ст. // Другий Міжнародний конгрес українців: Доповіді і повідомлення: (Історія). Львів, 1994. Ч. 1. С. 233–238.
Чорновол І. Поляки й українці у внутрішній та зовнішній політиці Австро-Угорщини в другій половині 80-х років ХІХ ст.: (“Українська інтрига” гр. Г.Кальнокі) // Україна: (Культурна спадщина, національна свідомість, державність). Львів, 1995. Вип. 2. С. 71–81.
Чорновол І. Українсько-польські стосунки у 80-х роках ХІХ ст.: (Початки “нової ери”) // Україна в минулому. Київ – Львів, 1996. Вип. 9. С. 103–117.
Чорновол І., Чорновол П. І.Франко, М.Павлик та “Союз польськоï молоді “Зет” у Дублянах // Іван Франко – письменник, мислитель, громадянин: Матеріали Міжнародноï науковоï конференціï (25–27 вересня 1996 р.). Львів, 1998. С. 78–83.
Яковенко Н. Нарис історії України з найдавнішних часів до кінця XVIIІ ст. Київ, 1997.
Bojko J. Dwie dusze. Warszawa, 1949.
Feldman J. Stronnictwa i programy polityczne w Galicji 1846–1906. Kraków, 1907. T. 2.
Hornowa E. Ukraiński obóz postępowy i jego współpraca z polską lewicą społeczną. Wrocław – Warszawa – Kraków, 1968.
Kieniewicz A. Adam Sapieha (1828–1903). Lwów, 1939.
Koziсki S. Historia Ligi Narodowej (okres 1887–1907). Londyn, 1964.
Kudlaszyk A. Myśl społeczno-polityczna Bolesława Wysłoucha 1855–1937. Warszawa – Wrocław, 1978.
Kurczak T. Jak daleko pamięć sięga: (Wspomnienia і wybór artykułów). Warszawa, 1958.
Kuryer Lwowski. 1889. № 267–275.
Lewak A. Prace i idee polityczne pułk. Zygmunta Miłkowskiego na tle jego wspomnień // Teodor Tomasz Jeż (Miłkowski Z.). Оd kołebki przez życie: (Wspomnienia). Kraków, 1936. T. 1.
Limanowski B. Pamiętniki: (1870–1907). Warszawa, 1958.
Miłkowski Z. Skarb Narodowy Polski: (Nieco o Lidze Narodowej): Rozdział jeden z pamiętników “Od kołebki przez żyсie”. Lwów, 1905.
Mniemany spisek Kijowski // Kuryer Lwowski. 1889. № 285.
Offenberg J. Stan umysłów wśród młodzieży akademickiej Uniwersytetu Warszawskiego w latach 1885–1890: (Ze wspomnień kresowca). Warszawa, 1929.
Partacz Cz. Od Badeniego do Potockiego: (Stosunki polsko-ukraińskie w Galicji w latach 1888–1908). Toruń, 1996.
Senjor [Dmowski R.]. Początki nowoczesnego obozu narodowego w Polsce // Myśl Narodowa. Warszawa, 1936. № 47. S. 733–735; № 48. S. 752–754.
Śliwa J. Ludowcy і socjaliści w parlamencie II Rzeczypospolitey. Warszawa, 1995.
Surzycki S. Z dziejów pamiętnego “Zetu”. Kraków, 1930.
Wereszycki H. Historia polityczna Polski: (1846–1918). Wrocław – Warszawa – Kraków, 1990.
Wojciechowski Z. Listy Aleksandra Hirszberga do Zygmunta Miłkowskiego: (1887–1888) // Ziemia Czerwieńska. Lwów, 1938. Zesz. 1–2. S. 156–174.
Wysłouch B. Szkice programowe // Przegląd Społeczny. Lwów, 1886. T. 2. Zesz. 4.
Z izby sądowej // Kuryer Lwowski. 1889. № 269.
Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Магілёўскага Таварыства БРАМА
|