АЛЯКСАНДР ЛУКАШЭНКА НА СТАРОНКАХ “RZECZYPOSPOLITEJ”
(Прэзідэнт ці дыктатар?)*
Томаш ФІРЫСЮК
(Варшава)
Усім вядома, што прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка адыгрывае ў жыцці Беларусі значную ролю, а ў многіх, вельмі многіх пытаннях – нават вырашальную. Ужо некалькі гадоў, гаворачы пра Беларусь як у галіне палітыкі, гаспадаркі, так і культуры, нельга абмінуць яго асобу, якая кідае цень альбо – калі некаму хочацца – святло на ўсе бакі жыцця ў гэтай краіне.
Прозвішча А.Лукашэнкі ў кантэксце спраў Беларусі і беларусаў у польскіх СМІ з’яўляецца настолькі часта, каб замацавацца ў свядомасці польскага чытача калі не з якаснага боку, то хоць бы па колькасці ўжывання. Праведзеныя апытанні паказалі, што людзі “з вуліцы” асацыююць Беларусь менавіта з гэтым прозвішчам, але нічога канкрэтнага пра саму краіну сказаць не могуць. Прычына, я мяркую, у тым, што калі СМІ гавораць пра Беларусь, то адным з галоўных элементаў, побач з назвай краіны, з’яўляюцца словы “прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка”. У мяне пры кожным з гэтых слоў – пачутым або прачытаным – нараджаецца пытанне, якое стала стымулам для напісання гэтай невялікай працы: Аляксандр Лукашэнка – прэзідэнт ці дыктатар?
У слоўніку іншамоўных слоў prezydent тлумачыцца так: “у рэспубліцы – кіраўнік дзяржавы, у прэзідэнцкай сістэме – кіраўнік урада” (гл. SŁOWNIK 1997). Беларусь у цяперашні час афіцыйна лічыцца рэспублікай, значыць, А.Лукашэнка выконвае функцыі кіраўніка беларускага ўрада. Функцыі гэтай пасады перш за ўсё прадстаўнічыя. Прэзідэнт рэспублікі мае таксама права адхілення прапанаваных парламентам законаў і права так званай ініцыятывы законатворчасці.
Згодна з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь прэзідэнцкія паўнамоцтвы ўключаюць у сябе кіраванне ўзброенымі сіламі і службай бяспекі; таксама прэзідэнт мае права ліквідаваць кабінет міністраў, а ў надзвычайных умовах – выдаваць роўныя закону дэкрэты, што неадкладна ўступаюць у сілу (гл. КАНСТЫТУЦЫЯ 1994). Узяўшы пад увагу магчымасць кантролю дзейнасці прэзідэнта ў боку парламента, прыходзім да высновы, што ўлада прэзідэнта ў рэспубліцы добра арганізавана і ўключае ў сябе не толькі прадстаўнічую дзейнасць, але і права зацвярджэння ім прэм’ер-міністра і выкананне функцыі кіраўніка ўзброенымі сіламі. Адказнасць за свае ўчынкі прэзідэнт нясе перш за ўсё перад Богам і гісторыяй, так што выкананне ім сваіх абавязкаў – справа нялёгкая. Гэта справа падвяргаецца пастаяннаму кантролю і ацэнцы не толькі ў самой краіне, але і ў суседніх дзяржавах.
Асоба А.Лукашэнкі амаль адразу ж пасля абвяшчэння незалежнасці Беларусі выклікала ў журналістаў шмат розных эмоцый. Так перад прэзідэнцкімі выбарамі 1994 года Мая Нарбут у карэспандэнцыі з Мінска піша, што А.Лукашэнка “набыў папулярнасць як старшыня парламенцкай камісіі па барацьбе з карупцыяй: ён складаў спісы палітыкаў, якія, па яго сцвярджэнні, бяруць хабар і крадуць грамадскія грошы. Для многіх беларусаў, якія глядзелі па тэлебачанні праграмы аб дзейнасці парламента, Лукашэнка стаў ледзьве не народным героем” (NARBUTT 25.06.1994).
Аб маштабе папулярнасці А.Лукашэнкі ў згаданы час сведчаць словы той жа журналісткі з іншай яе карэспандэнцыі: “Толькі танкі на вуліцах Мінска маглі б перашкодзіць таму, каб на прэзідэнцкіх выбарах у нядзелю беларусы не выбралі Лукашэнку – сцвярджаюць назіральнікі галасавання” (NARBUTT 11.07.1994). У іншай публікацыі “Rzeczpospolita” інфармавала чытачоў, што А.Лукашэнка рашуча выйграў выбары, даў прысягу перад Вярхоўным Саветам і стаў паўнапраўным прэзідэнтам (гл. KOŚCIŃSKI 21.07.1994).
Адным з першых паведамленняў пра дзейнасць першага ў гісторыі Беларусі прэзідэнта з’яўляецца інфармацыя, што А.Лукашэнка заявіў аб курсе на аб’яднанне Беларусі з Расіяй, бо такая еднасць – у крыві, думках беларусаў (гл. KOŚCIŃSKI 21.09.1994).
У канцы 1994 года “Rzeczpospolita” апублікавала артыкул, з якога вынікае, што беларускі прэзідэнт увёў цэнзуру ў адносінах да непрыхільнай да яго прэсы. Чытаем: “адна з газет выйшла ўчора з вялікай, амаль на цэлую старонку, белай плямай” (KLEWIEC 23.12.1994). Далей расказваецца, што з галоўнага ўпраўлення справамі прэзідэнта заявілі: яшчэ не з’явілася такая газета, “якая будзе публікаваць паклёпы” (гл. KLEWIEC 23.12.1994). За паклёп палічылі даклад аднаго з дэпутатаў. З дакладу гэтага вынікае, што кіраўнік прэзідэнцкай адміністрацыі выкарыстоўвае грамадскія фінансавыя сродкі ў асабістых мэтах.
Яшчэ адзін карэспандэнт “Rzeczpospolita” на пачатку 1995 года паказаў прэзідэнта А.Лукашэнку як вопытнага палітыка, які, як і абяцаў перад выбарамі, спрабуе праводзіць рэформы, і, нягледзячы на тое, што не мае падтрымкі парламента, робіць гэта выдатна. Ён стварыў уласныя структуры мясцовай адміністрацыі і не сумняваецца, што дажыве да аб’яднання Беларусі і Расіі, – дзейнічае рашуча і эфектыўна, нягледзячы на перашкоды і на крытыку яго працы (гл. KASZNIA 07.01.1995).
Праз некалькі месяцаў у артыкуле Пятра Касціньскага чытаем, што разыходжанні прэзідэнта з парламентам абвастрыліся і перайшлі ледзь не ў бойкі. Выдатна. Гэта была барацьба “за формы і метады паводзін улады: альбо наймацнейшым і найважнейшым у краіне будзе прэзідэнт, альбо – парламент” (KOŚCIŃSKI 23.03.1995). У гэтым жа артыкуле адзначаецца, што прэзідэнт згадвае пра патрэбу аб’яднання з Расіяй. На думку аўтара артыкула, гэта азначае, што народнае, беларускае, “як, напрыклад, агучванне некаторых прамоў па-беларуску, з’яўляецца рэдкасцю і атаясамліваецца з нечым апазіцыйным” (KOŚCIŃSKI 23.03.1995). Далей удакладняецца, што прэзідэнт “Лукашэнка з большай ахвотай кіраваў бы, каб прымаў рашэнні без узгаднення з кім-небудзь. Прызнанне проста філасофскае і ў ім няма месца для крытыкі. Сведчаннем гэтаму з’яўляюцца і падзеі апошніх месяцаў: газетная цэнзура (забарона крытычных у адносінах да прэзідэнта і яго адміністрацыі публікацый дэпутата ад БНФ Сяргея Антончыка) і, нарэшце, зняцце І.Сярэдзіча з пасады галоўнага рэдактара парламенцкай «Народнай газеты». У апошнім выпадку падставай стала публікацыя вельмі вострага ліста «невядомага аўтара»” (KOŚCIŃSKI 23.03.1995).
Крыху пазней “Rzeczpospolita” інфармавала, што з дапамогай спецыяльнага прэзідэнцкага атрада былі выведзены з залы ў час пасяджэння 15 дэпутатаў, якія выказалі нязгоду з прапанаванымі прэзідэнтам пытаннямі да рэферэндуму, бо тыя супярэчылі канстытуцыі (гл. KOŚCIŃSKI 14.04.1995). Пра канчатковыя вынікі гэтай спрэчкі расказваецца ў іншым артыкуле Пятра Касціньскага “Łukaszenko wygrał batalię o referendum” (гл. KOŚCIŃSKI 14.04.1995). З яшчэ адной публікацыі стала вядома, што беларусы ў час рэферэндуму выказаліся за вяртанне савецкіх колераў на беларускім сцязе, пашырэнне паўнамоцтваў прэзідэнта, а таксама за палітычнае і эканамічнае збліжэнне з Расіяй (гл. KOŚCIŃSKI 12.05.1995).
З іншых карэспандэнцый даведваемся, што рэферэндум адбыўся, як і планавалася, разам з парламенцкімі выбарамі. Кандыдаты ў дэпутаты маглі патраціць на сваю выбарчую кампанію не больш за 60 долараў. Як падлічыў наш карэспандэнт, гэтай сумы хапае на друкаванне 1500 лістовак. Суразмоўца аўтара публікацыі, Юры Хадыка, які належыць да апазіцыі, кажа, што прэзідэнт робіць гэта з мэтай ускладніць выбары, або наогул зрабіць іх немагчымымі (гл. KOŚCIŃSKI 13.05.1995). У выніку аб’яднання рэферэндуму з выбарамі змяніліся герб і сцяг, прэзідэнт атрымаў больш паўнамоцтваў за кошт парламента. Нізкае наведванне стала прычынай таго, што кожны дзевятнаццаты з 260 дэпутатаў быў выдалены (гл. KOŚCIŃSKI 17.05.1995). Карэспандэнт выказаў здагадку, што прэзідэнт мэтанакіравана зрабіў цяжкімі выбары ў парламент, бо меў намер кіраваць без яго дапамогі, толькі з выкарыстаннем дэкрэтаў. У іншай публікацыі чытаем, што адно з пытанняў рэферэндуму датычылася “пашырэння паўнамоцтваў прэзідэнта і магчымасці роспуску ім парламента, калі парламент «сур’ёзна парушыць» канстытуцыю”. Па словах публіцыста, А.Лукашэнка мае вялікія планы. “У Мінску кажуць, што Лукашэнка мае намер «ахвяраваць» Расіі Беларусь і дзякуючы гэтаму выйграць расійскія прэзідэнцкія выбары ў 1996 годзе”, – чытаем далей (гл. KOŚCIŃSKI 27.05.1995).
Данясенні і карэспандэнцыі, дзе расказваецца аб дзейнасці прэзідэнта, які, на маё меркаванне, рыхтаваў глебу для здзяйснення аўтарытарных задум, толькі ў надзвычайных выпадках закранаюць сферу паўнамоцтваў кіраўніка дзяржавы. Пасля рэферэндуму прэзідэнт у сваёй дзейнасці прасоўваўся ўсё далей у накірунку дыктатуры. У слоўніку іншамоўных слоў падаецца некалькі значэнняў гэтага слова. Параўн.: “(1) Улада асобы, грамадскай групы, класа, заснаваная не на праве, а на фактычнай сіле. (2) Палітычны лад, заснаваны на неабмежаванай уладзе. Дыктатура пралетарыяту – паводле марксізму – пераходная форма ўлады, здабытая ў выніку сацыялістычнай рэвалюцыі, якая рэалізуецца для далейшага развіцця ў сацыялістычным і камуністычным накірунку” (гл. SŁOWNIK 1997).
Інфармацыя пра з’яўленне цэнзуры, міліцэйскія атакі на дэпутатаў, рэферэндум, які ў значнай ступені змяншае кантроль парламента над справамі прэзідэнта, прымусілі звярнуць увагу на шлях, якім пачынае ісці Беларусь. Канешне, гэта адзінкавыя выпадкі і яны не могуць успрымацца занадта сур’ёзна як на Беларусі, так і за яе межамі. Але далей – болей. Напрыклад, інфармацыя пра тое, што беларускі Канстытуцыйны Суд прыняў рашэнне “аб узбуджэнні працэсу па справе ўстанаўлення адпаведнасці канстытуцыі дэкрэта Аляксандра Лукашэнкі, дзе ануляваны імунітэт дэпутатаў і абмежаваны правы прафесійных аб’яднанняў” (KOŚCIŃSKI 05.09.1995). Выданне такога дэкрэта красамоўна сведчыць пра захады беларускага прэзідэнта да таго, каб ліквідаваць уладу парламента або мець магчымасць самому яго кантраляваць.
Месяцам пазней “Rzeczpospolita” апублікавала артыкул, дзе адзначаецца, што прэзідэнт А.Лукашэнка выдаў забарону на друкаванне трох незалежных, апазіцыйных яму газет. “Гэтае рашэнне супярэчыць закону, бо, згодна з беларускім заканадаўствам, забараніць публікацыю можа адно суд і толькі – пасля неаднаразовых папярэджанняў пракуратуры”, – піша публіцыст. “На думку апазіцыі, адміністрацыя прэзідэнта, здаецца, хоча даведацца аб тым, як адрэагуе грамадская думка на ліквідацыю некалькіх незалежных часопісаў, каб потым мець магчымасць атакаваць астатнія”, – чытаем далей. І нарэшце ў канцы артыкула знаходзім заўвагу: “Беларускі Канстытуцыйны Суд учора вынес вердыкт, паводле якога Вярхоўны Савет не страціў паўнамоцтвы. Як прыгадвае ПАП, Лукашэнка гэта некалькі разоў публічна пацвердзіў” (гл. KLEWIEC 12.10.1995).
Адзін вельмі кароткі матэрыял дае два аргументы на карысць таго, што ўжо з 1995 года А.Лукашэнка з прэзідэнта становіцца дыктатарам, а прэзідэнтатура – дыктатурай. Па-першае, праз паступовую ліквідацыю незалежнай прэсы, а тым самым праз адбіранне ў апазіцыі магчымасці крытыкаваць і каменціраваць прэзідэнцкія ўчынкі. Па-другое, праз скасаванне кантролю парламента над справамі прэзідэнта і ўвядзенне магчымасці звальнення дэпутатаў. Падобны погляд выказаў і Пётр Касціньскі ў адным з артыкулаў, дзе ён адважыўся назваць А.Лукашэнку дыктатарам і прысвяціў гэтай тэме некалькі абзацаў (гл. KOŚCIŃSKI 26.10.1995).
Я не маю на мэце рабіць аналіз чарговых артыкулаў, дзе размова ідзе пра беларускага прэзідэнта-дыктатара, бо перакананы, што вялікая колькасць з пералічаных у іх фактаў чытачу вядома. Хацеў бы звярнуць увагу на складанне вопісу існуючых выданняў, далікатнасць прапаноўваемых імі фармулёвак, пазбяганне імі крытыкі. Але найперш хацеў бы звярнуцца да загалоўкаў некаторых артыкулаў. Напрыклад, публікацыя, дзе расказваецца пра тое, што А.Лукашэнка забараніў друкаванне трох незалежных газет, называецца “Улады ліквідавалі незалежную прэсу” (KLEWIEC 12.10.1995). У артыкуле няма ні слова пра тыя ўлады. Можна задаць сабе пытанне: хто і навошта назваў гэты артыкул так неадназначна? Падобных прыкладаў можна прывесці шмат.
Іншым прыёмам, які, на маю думку, мае на мэце змяншэнне важкасці пададзенай інфармацыі, з’яўляецца зліццё некалькіх фактаў у адным матэрыяле, назву якому дае найменш істотная падзея, што можа мець месца і ў іншых краінах. Прыкладам можа быць артыкул “Адстаўкі міністраў”, у пачатку якога даведваемся, што ў адказ на крытыку з боку прэзідэнта Лукашэнкі ў адстаўку падалі два міністры: віцэ-прэм’ер і міністр сельскай гаспадаркі. Далей знаходзім інфармацыю, што ўлада мае намер ліквідаваць чарговыя перыядычныя выданні, дзе прапагандуецца беларуская нацыянальная культура. (KOŚCIŃSKI, KOWALCZYK 31.07.1996). У краіне, якая адносіць сябе да ліку дэмакратычных, трэба было б паставіцца да адной і другой інфармацыі аднолькава сур’ёзна, але ў час апублікавання згаданага артыкула Беларусь да дэмакратычных краін ужо не належала. Адстаўка міністра мела сімвалічнае значэнне, бо ўладай у цэлым валодаў прэзідэнт і менавіта ён павінен быў адказваць за памылкі сваіх міністраў. Гэты прыём меў прапагандысцкі характар, з яго дапамогай А.Лукашэнка хацеў паказаць беларусам, што прэзідэнт выступае ў абарону іх інтарэсаў і не спыняецца нават перад крытыкай сваіх падначаленых.
Яшчэ адным прыёмам з’яўляецца перапляценне станоўчых і адмоўных фактараў у залежнасці ад патрэбы. Прыкладам можа быць той самы публіцыст, які ўжыў тэрмін дыктатура для абазначэння пачынанняў А.Лукашэнкі. Гэты публіцыст так піша на тэму сітуацыі ў Беларусі пасля ліквідацыі апазіцыйнага Вярхоўнага Савета: “Скончыўся працэс фармавання новай улады ў Беларусі. Прапанова Аляксандра Лукашэнкі і яго паплечнікаў была падтрымана, і ўсё адбылося згодна з выражанай падчас рэферэндуму воляй народа. Арганізаваныя некаторымі авантурна настроенымі апазіцыйнымі палітыкамі спробы супрацівіцца гэтай волі не былі паспяховымі дзякуючы дзеянням прэзідэнта” (KOŚCIŃSKI 29.01.1997). Інфармацыі такога кшталту з’яўляецца ўсё больш, хоць пераважаюць артыкулы, дзе падаюцца такія факты, якія адназначна называюць спосаб ажыццяўлення прэзідэнцкай улады на Беларусі аўтарытарным або дыктатарскім.
Пасля неадпаведнага канстытуцыі рэферэндуму, вынік якога даў Лукашэнку магчымасць змены канстытуцыі, адносіны журналістаў да яго спраў сталі рашуча негатыўнымі. У артыкулах яго амаль заўсёды пачалі называць “прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка”, але пішуць таксама і “Лукашэнка” (гл. BUKCZYN 02.11.1998), “пан Лукашэнка” (гл. CYWIŃSKI 21.02.1998), “дэспатычны прэзідэнт”, і нават “прэзідэнт-манарх-дыктатар” (гл. POPOWSKI 22.06.1998). Аднак такое становішча захоўвалася нядоўга, і ўжо пад канец 1999 года ў большай частцы публікацый замацавалася фармулёўка “прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка”. Так журналісты пішуць і зараз, таму большая колькасць палякаў на пытанне “Хто такі Аляксандр Лукашэнка?” адказваюць: “Прэзідэнт Беларусі”. Толькі некаторыя кажуць, што “дыктатар” ці нешта падобнае. Сярод першых даводзілася чуць, што беларускі прэзідэнт ліквідаваў карупцыю, прывёў да спаду злачыннасці, палепшыў быт свайго народа. Дадавалі, што дзякуючы яму на Беларусі жывецца лепей, чым у Польшчы. Складана палемізаваць з такімі сцвярджэннямі. Трэба проста як часцей упарта і рашуча паўтараць, хто такі Аляксандр Лукашэнка, якімі метадамі ён карыстаецца. Трэба паставіць пытанне, ці патрэбны ў нашых краях такі прэзідэнт?
Пераклаў з польскай мовы
Алесь ДОЎГІ
© МТ “Брама”, 2002
SUMMARY
Tomash FIRYSIUK
Alexander Lukashenko on pages of “Rzeczypospolitej”: (The President or the dictator?)
The article analyses the activity of the first Belarussian President on the materials of the Polish mass media. Proceeding from that information the problems under consideration are as follows: the essence of presidential power, foreign and home policy of the President, the prospects of political and economic development of Belarus.
РЕЗЮМЕ
Томаш ФИРЫСЮК
Александр Лукашенко на страницах “Rzeczypospolitej”: (Президент или диктатор?)
Анализируется деятельность первого Президента Республики Беларусь так, как это описано в польских СМИ. На основе этого рассматриваются сущность президентской власти, внешняя и внутренняя политика президента, перспективы политического и экономического развития Беларуси.
* © Tomasz FIRYSIUK. Prezydent czy dyktator – Aleksander Łukaszenko na łamach “Rzeczpospolitej”.
Warszawa, 2001. Напісана спецыяльна для часопіса “КРАЙ = KRAJ” (даслана ў рэдакцыю 30 лістапада 2001 г.).
Літаратура
Bukczyn S. Nie chodzio rewolucję // Rzeczpospolita. 02.11.1998 r.
Cywiński B. Jak zostać carem Wszechrusi? // Rzeczpospolita. 21.02.1998 r.
Kasznia P. Mydło zamiast żołdu // Rzeczpospolita. 07.01.1995 r.
Klewiec W. Wielka biała plama // Rzeczpospolita. 23.12.1994 r.
Klewiec W. Władze likwidują niezależną prasę // Rzeczpospolita. 12.10.1995 r.
Kościński P. Wspólne cele i praca // Rzeczpospolita. 21.07.1994 r.
Kościński P. Jedność we krwi i umysłach // Rzeczpospolita. 21.09.1994 r.
Kościński P. Białoruski pat // Rzeczpospolita. 23.03.1995 r.
Kościński P. Milicja przerwała głodówkę // Rzeczpospolita. 14.04.1995 r.
Kościński P. Łukaszenko wygrał batalię o referendum // Rzeczpospolita. 14.04.1995 r.
Kościński P. Między pogonią i radzieckim herbem bez sierpa i młota // Rzeczpospolita. 12.05.1995 r.
Kościński P. 1500 dolarów na kandydata // Rzeczpospolita. 13.05.1995 r.
Kościński P. Nowa flaga nad Mińskiem // Rzeczpospolita. 17.05.1995 r.
Kościński P. W oczekiwaniu na portrety prezydenta // Rzeczpospolita. 1995. 05. 27.
Kościński P. Sąd zbada dekrety // Rzeczpospolita. 05.09.1995 r.
Kościński P. Trzy oblicza prezydenta // Rzeczpospolita. 26.10.1995 r.
Kościński P. Wiele sygnałów – Różne komentarze // Rzeczpospolita. 29.01.1997 r.
Kościński P., Kowalczyk M. Ministrowie rezygnują // Rzeczpospolita. 31.07.1996 r.
Narbutt M. Wybory prezydenckie na Białorusi // Rzeczpospolita. 25.06.1994 r.
Narbutt M. Jednak Łukaszenko // Rzeczpospolita. 11.07.1994 r.
Popowski S. Wszyscy ludzie Łukaszenki // Rzeczpospolita. 22.06.1998 r.
Słownik Wyrazów Obcych / Red. E.Sobol. Warszawa, 1997.
Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь. Мінск, 1994.