АДЗІН ФРАГМЕНТ З ГІСТОРЫІ БЕЛАРУСІ Ў КАНТЭКСЦЕ БЕЛАРУСКА-ПОЛЬСКІХ АДНОСІН
(Паводле Канстанціна Езавітава)*
Святлана РАЎНЕЙКА
(Брэст, Беларусь)
У куце больш ня маю бажніц, –
Мапа там. А на ёй – Беларусь.
Ёй адной я цяперка малюсь,
Перад ёй штодня падаю ніц.
К. Езавітаў
Вывучэнне нацыянальнай спадчыны патрабуе павялічанай цікавасці да гістарычных падзей, фактаў і дзейнасці канкрэтных асоб, якія адыгралі ў свой час значную ролю ў беларускім нацыянальным руху.
У пэўнай меры гэта датычыцца Канстанціна Езавітава, імя якога толькі цяпер, пасля доўгіх гадоў забыцця, ганьбавання і нават шальмавання савецкім таталітарным рэжымам, пачало вяртацца да нас.
Канстанцін Барысавіч Езавітаў увайшоў у гісторыю як першы беларускі генерал, вайсковы міністр Беларускай Цэнтральнай Рады і Беларускай Народнай Рэспублікі, арганізатар беларускага супольніцтва ў даваеннай Латвіі, удзельнік Першага (1917) і Другога (1944) Усебеларускіх кангрэсаў, адметны гісторык, публіцыст, паэт, перакладчык і педагог.
Шмат меркаванняў існуе наконт гэтай асобы – ад “волата адраджэння” і “агента КДБ” да “буржуазнага нацыяналіста”, “здрадніка” і “заклятага ворага беларускага народа”.
Тое, што гісторыкі ведаюць на сённяшні час пра Канстанціна Езавітава, стварае вобраз яго як палымянага беларускага нацыянал-патрыёта, які ўсё сваё жыццё прысвяціў служэнню вялікай і высакароднай справе – нацыянальнаму самавызначэнню беларускага народа, стварэнню дзяржаўнай незалежнасці Беларусі.
Пра К.Езавітава будзе напісана яшчэ нямала, будуць па справядлівасці ацэнены пакручастыя, трагічныя звіліны яго лёсу, адзначана, у чым яго віна і заслуга перад самім сабой і перад Бацькаўшчынай. Але гэта тэма іншых даследаванняў. У нашым артыкуле будзе звернута ўвага толькі на навуковыя даследаванні па гісторыі Беларусі ў кантэксце беларуска-польскіх адносін. Гэтаму пытанню ён прысвяціў працу “Белорусы и поляки: (Документы и факты из истории оккупации Белоруссии поляками в 1918 и 1919 годах)” (Ковно, 1919). Кніга была выдадзена на рускай, беларускай, украінскай, літоўскай, французскай, нямецкай і яўрэйскай мовах, карысталася шырокім попытам і цікавасцю з боку тагачасных замежных навукоўцаў.
Праз даследаванне К.Езавітава яскрава праходзіць думка спланаванага захопу Польшчай тэрыторыі Беларусі “под почтенным предлогом борьбы с русскими большевиками” (стар. 5 названага выдання).
Абапіраючыся на афіцыйныя дакументы (з архіва Савета Міністраў Беларускай Народнай Рэспублікі, з архіва Міністэрства Беларускіх Спраў Літоўскай дзяржавы і са свайго асабістага архіва), К.Езавітаў зрабіў выснову пра панаванне польскага самавольства і катаванне палякамі беларускага народа на працягу шматвяковай гісторыі існавання гэтых краін.
На думку даследчыка беларускай даўніны, шмат стагоддзяў таму палякі з дапамогай ксяндзоў праз шэраг інтрыг, пагроз, подкупаў і гвалтавання спачатку прымусілі беларускую шляхту прыняць каталіцтва, а потым канчаткова апалячылі яе і адарвалі ад беларускага народа. К.Езавітаў упэўнена, на падставе шэрагу дакументаў, сцвярджае, што прыход у беларускія гарады польскіх яўрэяў прывёў да адыходу ўсяго гандлёва- прамысловага жыцця краю да Польшчы.
Ва ўмовах, што склаліся такім чынам, К.Езавітаў бачыў адзінага носьбіта беларускай нацыянальнай адметнасці – беларусаў-сялян, якія, на жаль, па вышэй акрэсленых прычынах, ішлі “к потере своего национального лица и к политическому небытию” (стар. 9). Польскае панаванне прывяло да таго, што засохлі вытокі нацыянальнай думкі – беларуская пісьменнасць, а імя беларуса нідзе ў свеце нават не згадвалася і не прамаўлялася.
Па меркаванні даследчыка, падзеі 1772 года (першы падзел Польшчы) прынеслі магчымасць прыгнечаным ёю народнасцям свабодна ўздыхнуць і далі першы штуршок нацыянальнаму адраджэнню: ізноў з’явіліся беларускія творы, павольна, няўпэўнена і несістэматычна, пад строгім надзорам і пастаяннымі падазрэннямі “польской интриги” рос і развіваўся беларускі рух, на чале якога паўсталі выхадцы з самых глыбіняў народнай гушчы. Па вобразнаму апісанню К.Езавітава, гэтая “крынічка” хутка цякла, убіраючы ў сябе ўсе жывыя беларускія сілы, і вырасла ў вялікую, магутную “раку”. Ужо ў канцы 1917 года беларусы склікаюць Першы Усебеларускі кангрэс, абвяшчаюць Беларускую Народную Рэспубліку і ствараюць нацыянальны беларускі ўрад, які ўступіў у барацьбу з бальшавікамі і паставіў сваёй мэтай самастойную пабудову дзяржаўнага жыцця Беларусі без удзелу і дапамогі сваіх прыгнятальнікаў з Петраграда і Варшавы.
К.Езавітаў уважліва даследаваў пытанне аб колькасці палякаў на тэрыторыі Беларусі і выдаў наступныя звесткі: у ХІХ стагоддзі на большай частцы нашай краіны працэнт палякаў вагаўся ў межах ад 1,0 да 5,0 %, і толькі дзе-нідзе – вышэй (стар. 12).
Асобная праблема, дасканала разгледжаная К.Езавітавым, – гэта прычыны зацікаўленасці Польшчы ў дачыненні да Беларусі. Адну з такіх прычын ён бачыў у нежаданні палякаў губляць набытыя ў Беларусі маёнткі – невычарпальныя крыніцы грашовых сродкаў. Эканамічны фактар адыгрываў вялікую ролю ў зацікаўленасці палякаў: Беларусь – гэта добры рынак для польскіх тавараў і вялікая скарбніца лясных, тарфяных, ільняных, фосфарных каштоўнасцей. Наступную прычыну К.Езавітаў бачыў у перавытворчасці ў Польшчы людзей, якія шукалі “інтэлігентнай працы” і меркавалі прыкласці свае сілы на тэрыторыі Беларусі, дзе адчуваўся ў іх дэфіцыт. Яшчэ адзін фактар польскай зацікаўленасці, на думку даследчыка, быў у тым, што “несколько сот верст белорусской земли, уставленной польскими легионами, – наилучший щит для Польши” (стар. 14).
Зыходзячы з вышэй акрэсленага, К.Езавітаў зрабіў выснову аб тым, што жыццё беларусаў пад Польшчай будзе для іх вечным нявольніцтвам.
Даючы ацэнку намерам узнаўлення Польшчы ў межах 1772 года як “грязным” і “захватническим”, даследчык характарызуе яе дзейнасць у дачыненні да Беларусі як ашуканства і гульню ў паказуху накшталт таго, што “только поляки (единственный славянский народ, усвоивший всю высоту европейской культуры) являются носителями идей свободы, равенства и братства” (стар. 15).
К.Езавітаў раскрыў пытанне аб сродках, з дапамогай якіх палякі дабіваліся сваіх мэтаў. Ён засяродзіў увагу на тым, што менавіта слабае веданне гісторыі славянства і поўная недасведчаннасць у яго этнаграфіі, з аднаго боку, а таксама страх перад хутка набіраючай моц Расіяй, з другога, прымусілі ўсе народы Еўропы думаць пра патрэбу аднаўлення Польшчы ў межах “от моря до моря”, каб перапыніць наступленне Расіі на Захад. Асаблівую ролю ў падтрымцы такіх польскіх намаганняў К.Езавітаў адводзіў Францыі.
Даследчык на падставе дакументаў і фактаў абвінаваціў Польшчу ў ганебным стаўленні да руху беларускага адраджэння, які палякі непрыязна называлі “халопскім рухам”, а перад Еўропай асвятлялі яго як польскі рух. Такое становішча ўтрымлівалася да таго часу, пакуль не быў створаны нацыянальны ўрад Беларусі, які разаслаў сваіх прадстаўнікоў ва ўсе еўрапейскія краіны.
К.Езавітаў звярнуў увагу на праблему адносін еўрапейскіх краін да беларусаў, літоўцаў і ўкраінцаў. У сувязі з гэтым ён вылучыў яшчэ адзін адмоўны бок у дзейнасці Польшчы: уводзячы ў зман народы Еўропы і Амерыкі адносна гісторыі славян, палякі, у той жа час, “усиленно заигрывали с последними, стараясь снискать их расположение медово-заискивающими речами” (стар. 16).
Змяненне палітыкі Польшчы ў дачыненні да Беларусі ўяўлялася даследчыку на той час нерэальным. Больш таго, ён падкрэсліваў, што “уже с первых дней Великой Российской Революции, как только явилось возможным в открытую выступать на митингах и собраниях, красивая скорлупа лживых польских фраз раскололась и обнажила черный «орешек» их недвусмысленных шовинистических намерений” (стар. 17).
Абвясціўшы беспрасветнасць беларускага невуцтва як адну з прычын неабходнасці для Беларусі стаць пад “штандар” белага польскага арла, палякі ў хуткім часе (калі ў іх з’явілася першая ўзброеная сіла – корпус генерала Р.Доўбар-Мусніцкага) шэрагам надзвычайных жорсткасцей і гвалту настроілі супраць сябе насельніцтва ў трох паветах Мінскай губерні (Бабруйскім, Рагачоўскім, Барысаўскім), дзе яны былі расквартыраваны. Даведзеныя да адчаю катаваннем, беларусы-сяляне ўзяліся за зброю. Такім чынам К.Езавітаву бачыўся канец “братского сожительства европеизированных поляков с их младшими братьями, белорусами” (стар. 18).
З мэтай доказу, што падзеі Доўбарскай акупацыі Бабруйска не былі выпадковасцю, а жорсткай, варварскай і сістэматычнай працай дзеля рабавання Беларусі, К.Езавітаў прывёў шэраг дакументаў, якія адлюстроўвалі адносіны палякаў да беларусаў, галоўным чынам, у час паўторнай акупацыі Беларусі новымі войскамі – войскамі Юзафа Пілсудскага.
Такім чынам, на падставе вышэй асветленага можна зрабіць выснову, што К.Езавітаў ставіўся да падзей, якія адбыліся ў гістарычным лёсе нашай краіны, з пазіцый нацыянальнага патрыятызму, імкнуўся да самавызначэння беларускай нацыі, заняцця ёю належнага, паважанага месца сярод іншых дзяржаў свету.
Разглядаючы дзеянні Польшчы (а таксама і Расіі) ў дачыненні да Беларусі як пагрозу нацыянальнай самастойнасці беларускай дзяржавы, ён падкрэсліваў, што сіла апошняй заключаецца ў яе самабытнасці, звяртаў увагу на вялікі патэнцыял, закладзены ў яе шматвяковай гісторыі.
SUMMARY
Sviatlana RAUNEIKA
One fragment from the history of Belarus in the context of Belarussian-Polish relations (in Konstantin Ezavitov’s works)
In the center of the analysis are the facts from the history of Belarus considered in the context of Belarussian - Polish relations. The well-known Belarussian historian, the first Belarussian general, the Minister of Belarussian National Republic K.Ezavitov describes the negative Polish influence on the development of the Belarussian statehood in his book “The Belarussians and the Poles: (Documents and the facts from the history of Polish occupation of Belarus in 1918–1919)”.
РЕЗЮМЕ
Светлана РОВНЕЙКО
Один фрагмент из истории Беларуси в контексте белорусско-польских отношений (в работах Константина Езавитова)
Анализируются факты из истории Беларуси в контексте белорусско-польских отношений. Известный белорусский историк, первый белорусский генерал, министр Белорусской Народной Республики К.Езавитов в своей книге “Белорусы и поляки: (Документы и факты из истории оккупации Белоруссии поляками в 1918 и 1919 годах)” описывает негативное влияние Польши на развитие белорусской государственности.
* Напісана спецыяльна для часопіса
КРАЙ = KRAJ (даслана ў рэдакцыю 18 верасня 2001 г.).