БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

ПУБЛІКАЦЫІ МАГІЛЁЎСКАГА ТАВАРЫСТВА БРАМА НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
КРАЙ - KRAJ 3-4 / 2002

“POMOST” І “PRZEDMURZE”
Дылемы польскай культурнай адметнасці*

Анджэй МЭНЦВЭЛЬ
(Варшава)



Відавочна, што праблема нацыянальнай самаідэнтычнасці ўзнікае тады, калі ставіцца пад пытанне само існаванне нацыі. У нас так было падчас Другой сусветнай вайны (1939–1945), а напружанасць тагачасных спрэчак наконт Польшчы і польскасці, што праходзілі ў абставінах, пры якіх чалавечае жыццё магло залежаць ад звычайнага шматка паперы, застаецца недасягальнай. Да таго ж зародкі розных з’яў сучаснасці з’явіліся (а некаторыя з іх і распаўсюдзіліся) менавіта тады. Падобнае адбывалася і “адразу пасля вайны”, калі вымушаныя, звонку насаджаныя змены закранулі амаль усё, з чым атаясамлівалася даваенная Польшча: тэрыторыю, этнічны склад, грамадскую структуру, эканамічную і палітычную сістэмы. Дэбаты, да якіх у той час меліся і культурныя падставы, на самой справе не стварылі належнага рэзанансу, бо спачатку іх абмежавала цэнзура, а потым адыграла сваю ролю палітычная фальсіфікацыя. Аб магчымых памерах таго руху сведчыць прыклад такіх незалежных ідэалагічных арганізацый, як эміграцыйная парыжская “Kultura”. Апошняя выпрацавала не толькі будучую палітычную сістэму, але і сфармавала, так бы мовіць, новы ўзор польскасці. Пакуль што мы не будзем звяртацца да тых часоў, бо іх і так не абмінеш, а для праблемы нацыянальнай самаідэнтычнасці ён з’яўляецца парадыгматычным. Асветніцтва, рамантызм, пазітывізм і мадэрнізм вялі бясконцыя спрэчкі адносна польскасці і стварылі не толькі шэраг і зараз існуючых поглядаў, але выпрацавалі і традыцыйную мову тых дэбатаў, якая часам падаецца адзіна прыдатнай. Змена гэтай мовы сёння таксама стаіць на парадку дня.

Цяпер нам не пагражаюць ні падзелы, ні вайна з акупацыяй. Перад намі паўстаюць хутчэй заклікі, чым пагроза. На жаль, гэта не значыць, што тыя заклікі не ўспрымаюцца па старой звычцы эмацыянальна – як пагроза, здрада і бедства. Звычкі, вядома, існуюць даўжэй за абставіны, што іх нарадзілі. А залішнія эмоцыі заўсёды тупа супрацьдзейнічаюць працы розуму. Спрэчкі адносна сутнасці польскасці і самавызначэння палякаў ужо выразна акрэслены і ўзмацняюцца з кожным годам. І зараз мы з’яўляемся сведкамі іх апагею. Самы актыўны ўдзел у іх прымаюць настаўнікі, асабліва гісторыкі культуры, літаратуры, філасофіі, да якіх далучаюцца пісьменнікі і публіцысты. Ад іх у першую чаргу патрабуецца ўпартая разумовая праца, якая не зводзіцца проста да звычак і эмоцый. І таму іх стыхійныя заклікі аказваюцца дзейснымі. Але спрэчкі ідуць і будуць працягвацца, бо польская самаідэнтычнасць стала сапраўднай праблемай. Адказаць, чаму так сталася, не так складана. У саміх нас і вакол нас змянілася амаль усё – эканамічны лад, палітычная сістэма, структура грамадства і камунікацыі. Змяніліся і адносіны з усімі нашымі суседзямі, бо і самі суседзі змяніліся – атрымалі незалежнасць (як Літва, Украіна, Беларусь), аб’ядналіся (як Германія), падзяліліся (як Чэхія і Славакія) ці стварылі федэрацыю (як Расія). Гледзячы на працэсы еўрапейскай інтэграцыі, эканамічнай, камунікацыйнай і культурнай глабалізацыі, немагчыма сур’ёзна не задумацца аб захаванні нацыянальнай адметнасці. Трэба нанава разабрацца ў сабе і ў тым, што адбываецца вакол нас.

Паўстае пытанне, ці здолеем мы атрымаць карысць ад інтэграцыі і глабалізацыі, асабліва камунікацыйнай і культурнай, ці тыя працэсы будуць насаджаны нам звонку і імі скарыстаюцца іншыя. У сваім планетарным масштабе і тэхналагічнай складанасці праблема глабалізацыі выглядае цалкам новай, нават пужае. Але ж тыпалагічна нічога новага і незразумелага ў гэтай з’яве няма. З падобнымі праблемамі мы сутыкаліся яшчэ ў той час, калі ў нас пашыраліся такія ўніверсальныя з’явы, як дзяржава, права ці пісьменнасць. Асабліва яскравы прыклад ўяўляе сабой друк з яго культурнымі наступствамі. Тэхналагічна друк прывёў да стандартызацыі, але ўвогуле з яго пашырэння не вынікала, што пісаць мы будзем па-польску і на агульнай мове, якой да таго не існавала. Польская мова магла і знікнуць, як гэта адбылося ў эпоху кнігадрукавання з мовай прускай. Магла яна і стаць мясцовым дыялектам, як беларуская мова, на якой калісьці былі напісаны Статуты Вялікага Княства Літоўскага. Аднак з’явілася цэлае сузор’е творцаў, якія здолелі не толькі выкарыстаць новыя магчымасці і стварыць “літаратурную” мову, але і “ўзабрацца на вяршыню пекнай Каліопы, дзе да таго не ступала нага ніводнага паляка”. Норман Давес піша, што гэта было самае адукаванае і творчае пакаленне ў гісторыі Польшчы. Менавіта яму польская культура абавязана сваім Залатым Векам і гэты прыклад мы сёння павінны мець на ўвазе.

У назве артыкула былі згаданы дзве вялікія, гістарычна замацаваныя канцэпцыі польскай самаідэнтычнасці – “падмурак” і “памост”. Канцэпцыі гэтыя не арыгінальныя. Як “падмурак”, antemurale christianitas вызначалі сябе таксама іспанцы і венгры, а як “памост” хацелі сябе бачыць аўстрыйцы і чэхі. Затое перапляценне і чаргаванне тых канцэпцый у гісторыі Польшчы былі своеасаблівымі. Часам іх звязваюць з імёнамі дзвюх вялікіх каралеўскіх дынастый і гавораць аб ідэях – “пястаўскай” і “ягелонскай”. Пясты стварылі Польскае Каралеўства і санкцыянавалі яго існаванне і ў свядомасці насельніцтва, і сярод еўрапейскіх краін; Ягелоны пераўтварылі Каралеўства ў Рэч Паспалітую абодвух народаў і стварылі дзяржаву. Канешне, заслугі абедзвюх дынастый бясспрэчныя, але “ідэі” гісторыі Польшчы – пястаўская і ягелонская – з’явы пазачасавыя, яны існуюць і зараз. Спрэчкі ідуць адносна абедзвюх гэтых канцэпцый і адпаведных ім мадэляў самаідэнтычнасці, хоць пытанне мадэлі больш складанае і не зводзіцца проста да ідэй. І тым менш зводзіцца, чым больш змяняецца гістарычная рэчаіснасць. Цікава, напрыклад, што сталася б з ягелонскай ідэяй у сучаснай Польшчы, якая цывілізацыйна і тэрытарыяльна больш адпавядае ідэі пястаўскай? Магчыма, мы стаім перад праблемай сінтэзу, шлях да якога толькі адкрываецца. І шлях той пашыраецца менавіта дзякуючы спрэчкам адносна польскай самаідэнтычнасці (“сутнасці польскага”), у якіх мы знойдзем абодва ўзоры польскасці, акрэсленыя як “падмурак” і “памост”.

“Вяртанне на землі пястаўскія” ў 1945 годзе супала з афіцыйным аднаўленнем “пястаўскай ідэі”. Уплыў гістарычных абставін быў настолькі моцным, што камуністы перанялі нацыяналістычныя канцэпцыі польскай дзяржаўнасці – этнічнай, народнай, прарасійскай і антыфашысцкай. У грамадскіх рытуалах, у сістэме адукацыі і прапаганды пашыраліся ідэі польскай самаідэнтычнасці. І патрапілі яны на прыдатную глебу, бо іх не толькі перанялі, але і прысвоілі. А з часам высветлілася, што гэтыя ідэі, перанесеныя на ўзровень інстынктаў, сталі “натурай польскага”. І тая нацыяналістычная натура стала хітра называць сябе “сапраўдным палякам”. Аднак паспяшалася: ужо у 1950-х гадах стала вядома, што спрэчкі, пачатыя камуністамі (“Польшча пястаўская” супраць “Польшчы ягелонскай”) – палітычная выпадковасць, а мэта іх – фальшывая легітымізацыя абмежаванай суверэннасці. Бо ўрад не меў за сабой аўтэнтычнай інтэлектуальнай традыцыі (раней выключалі дэмакратычна – сацыялістычна) і мусіў увесь час адступаць перад гістарычнымі рэтраспекцыямі. Тады да нашай свядомасці і вярнулася ўсё, уласцівае сучаснай польскай культуры.

Рамантызм і рэалізм, іррэдэнта і лаяльнасць, бунт і прыстасаванне, канспірацыя і калабарацыя, а таксама безліч вытворных ад іх з’яў дамінуюць у паэзіі і прозе, тэатры і кіно, нават у песнях і кабарэ мінулага пяцідзесяцігоддзя. Адкрыта паказваць гэтыя з’явы, асабліва гаворачы аб сучаснасці, было нельга. Але ж існавала мноства спосабаў іншасказання, дзякуючы якім тагачасная польская культура выпрацавала спецыфічны іранічна-алегарычны стыль, які яднаў творцаў і рэцыпіентаў. Як звычаі, так і паняцці тагачаснай свядомасці, разуменне і засваенне якіх прывяло да легітымізацыі “людзей культурных”, фармаваліся праз існуючыя дылемы. І таму сёння як пагроза ўспрымаецца аддаленне і змяненне іх ролі. Устрывожаныя гэтым, мы пытаемся зараз: “Аб чым будзем думаць, калі не аб тым, што было адзіным сэнсам нашых думак?” Адказ вельмі просты: аб тым, аб чым дагэтуль не думалі, ці думалі занадта мала! “Тысячагадовая спрэчка”, так бы мовіць, не павернецца супраць “спрэчкі двухсотгадовай”, а толькі аб’яднаецца з ёю. Не трэба баяцца, што забыццё напаткае нашы могілкі і помнікі. Але ж нарэшце трэба выйсці з могілкавых муроў і агледзець тое месца, дзе яны збудаваны. І змена мартыралагічнага стылю помнікаў будзе толькі на карысць гэтаму месцу.

Гэта не толькі “тысячагадовая спрэчка”, гэта спрэчка яшчэ і культурная, што таксама адрознівае яе ад традыцыйных схем успрымання. У той час, як галоўнай нашай праблемай з’яўлялася незалежнасць, а палітычныя спрэчкі не маглі быць адкрытымі, тады амаль усе праблемы культуры называліся палітычнымі. Асноўным жа спосабам выказвання стаў такі, які не дазваляў гаварыць там, дзе трэба было змаўчаць. Заслугі тых пісьменнікаў, гуманістаў і артыстаў (найлягчэй было музыкам), што вызвалялі ад палітычнага ўціску цэлыя сферы культуры, безумоўныя. Аднак праўда і тое, што гэтая гульня часта прыводзіла да палітычнай інструменталізацыі мастацтва, а яе мова станавілася мовай простых намёкаў. Ні той мовай, ні тымі інструментамі нельга выказаць усё, што хочацца.

Сучасныя дэбаты закранаюць іншыя праблемы, ствараюць уласны, складаны стыль выказванняў. Зараз пераважае культурная праблематыка ў яе антрапалагічным аспекце, і спрэчкі разыгрываюцца вакол пытанняў рэлігіі, тыпаў ментальнасці, асабовасці і ўяўленняў. У розных аўтарскіх інтэрпрэтацыях яны датычацца таксама тыпаў паселішчаў (горад і вёска), спосабаў гаспадарання, канцэпцыі дзяржавы і структуры права, і нават адносінаў паміж сваякамі і тыпаў краявідаў. Але, безумоўна, сэнсавым стрыжнем спрэчак з’яўляюцца пытанні мадэрнізацыі і цывілізацыі, альбо “месца Польшчы ў Еўропе”. Да таго ж, і ініцыятары іх нязвыклыя для нас: не пісьменнікі і артысты, а выкладчыкі і публіцысты. Дагэтуль аб Польшчы пісалі Цыпрыян Норвід, Аляксандр Свентахоўскі, Стэфан Жэромскі і Станіслаў Бжазоўскі, пазней – Вітальд Гамбровіч, Юліюш Мерашэўскі і Чэслаў Мілаш, Марыя Дамброўска і Павел Ясеніца, але зараз пісьменнікі альбо перараслі тыя спрэчкі, альбо яны ім надакучылі. Дасюль мы не мелі нават папулярнай, адукацыйнай гісторыі Польшчы, напісанай не толькі як гісторыя палітыкі, але і культуры. Як гісторыя сапраўдных дасягненняў, а не зменных эпізодаў. Я маю на ўвазе не так даўно выдадзеную “Тысячагадовую гісторыю” Генрыка Самсановіча і Януша Тазбіра, якая ўжо знайшла свайго чытача.

Сёння як мадэль польскай адметнасці пачынае пераважаць “ідэя ягелонская”, а разам з ёй – канцэпцыя “памосту”. Рэч Паспалітая трох народаў (Польшча, Літва, Кіеўская Русь) – найвялікшае дзяржаўнае ўтварэнне на гэтых землях ХVІ стагоддзя, якое дыктавала сваю палітычную волю ўсяму кантыненту; поліэтнічная, полінацыянальная, полікультурная, у якой разам са шляхецкімі законамі панавала аўтэнтычная польская дэмакратыя, у якой рэлігійная талерантнасць была не толькі правам, але і звычаем, яна падаецца найлепшым, узорным фактам нашай гісторыі. Добраахвотнай уніяй Польшчы і Літвы ў той час была створана новая мадэль федэратыўнай дзяржавы, а “класы палітычныя” абедзвюх краін апынуліся перад дасюль невядомымі праблемамі. Бо ўпершыню ў гісторыі новай Еўропы ў межах адной краіны аб’ядналіся прадстаўнікі розных рэлігійных канфесій. З тымі паблемамі яны справіліся досыць добра, але унія, праіснаваўшы на працягу пэўнага часу, распалася пад агульным уціскам. Аснова будучай федэрацыі была створана ўжо на мяжы XIV і XV стагоддзяў. Прасякнутая ідэямі гуманізму, рэспубліканскасці і талерантнасці, яна аказвала ўздзеянне на ўсе навакольныя рэгіёны, сведчаннем чаму з’яўляецца далучэнне да Кароны прускіх гарадоў і паступовая паланізацыя ўсходнееўрапейскіх (у тым ліку і расійскіх) эліт. Калі да гэтай акалічнасці дадаць вольнае перамяшчэнне людзей і ідэй (навучанне ў Францыі ці Італіі лічылася за норму), інтэнсіўнасць палемікі і дыспутаў (асабліва рэлігійных), якія сцвярджалі культурны спосаб існавання, развіццё навукі (Капернік), палітычнай думкі (Уладковіч, Маджэўскі), паэзіі (ужо ўпаміналася), а таксама музыкі і архітэктуры (ад Кракава да Гданьска) – усё гэта прымае выгляд традыцыі, і традыцыі не састарэлай, але абавязковай. І які паляк не хацеў бы верыць у тое, што еўрапейская унія існавала ў нас спрадвек, што наш дэмакратызм натхняў правадыроў Французскай рэвалюцыі, а рэспубліканскія ідэі паўплывалі на айцоў-заснавальнікаў Злучаных Штатаў. І хто не пачне ганарыцца, чытаючы, як польскі пасол на катэдры Нотр-Дама вымусіў Генрыка Валежага прызнаць хартыю рэлігійных і палітычных прывілеяў: “Si non jurabis, non regnabis”. А тады ж яшчэ і году не мінула з ночы св. Варфаламея.

Калі з’яўляецца і распаўсюджваецца ідэя, тады рэчаіснасць ідэалізуецца і абыходзіць бокам тое, што адмаўляе ці паслабляе ідэю. Польшча эпохі Рэнесанса з непазбежнасцю пашырала гуманістычныя і дэмакратычныя ідэі сярод сваіх суседзяў, і з гэтага пункту погляду станавілася “памостам” паміж Захадам і Усходам, але Ягелоны свае дынастычныя інтарэсы ставілі вышэй за дзяржаўныя. Федэратыўная Унія з Літвой была з’явай, незвычайнай для таго часу, але Украіна (ці Русь) так і не здолела стаць яе паўнапраўным членам, і гэта стала адной з найвялікшых памылак у гісторыі не толькі польскай, але і сусветнай, бо паспрыяла стварэнню Расійскай імперыі. Шляхта выступала за пераемнасць дасягненняў рымскай рэспублікі, што, аднак, не перашкаджала ёй стрымліваць развіццё гарадоў і запрыгоньваць сялянства. Усё гэта не садзейнічала развіццю Рэчы Паспалітай і стварыла ў краіне ўмовы, вельмі падобныя да тых, што існавалі ў адсталай Расіі. Адной з прыкмет Рэчы Паспалітай была полікультурнасць, якая ў значнай ступені была полікультурнасцю раз’яднаных груп: сацыяльных (шляхецтва, мяшчанства, сялянства) і нацыянальных (палякі, немцы, габрэі, літоўцы, украінцы і інш.). А паланізацыя магнацкага і шляхецкага асяроддзя на некалькі стагоддзяў паслабіла эмансіпацыйны патэнцыял Літвы, Украіны і Беларусі, наступствы чаго можна бачыць і зараз. Рэлігійная памяркоўнасць тут была, па словах Януша Тазбіра, “дзяржаўным веравызнаннем”, і гэта з’яўляецца слаўнай старонкай у гісторыі эпохі рэлігійных войн. На самой справе такая сітуацыя існавала каля ста год, і для Захаду візітоўкай Польшчы стала не легенда аб “раі для ерэтыкоў”, а выгнанне арыян. І не торуньскі “Collogium charitativum”, які павінен быў аб’яднаць хрысціянскія вызнанні, а торуньская “крывавая лазня” (1724) – беспадстаўнае пакаранне смерцю пратэстантаў.

Калі так, а жыццяздольнасць ягелонскай традыцыі, як, зрэшты, і кожнай традыцыі, безумоўная, то адкуль узялася яе нечалавечая жорсткасць, якая стала ідэяй і на працягу доўгага часу існуе як мадэль польскай адметнасці? Можна адказаць, што фармаванне гэтай тэндэнцыі звязана з практычнымі патрэбамі, якія вызначаюць нашы адносіны да нас саміх, да нашых суседзяў, Еўропы і свету. У наш час зноў адбываецца вольнае перамяшчэнне людзей і ідэй, неад’емнай рысай эпохі сталі талерантнасць і разуменне, з’явіліся магчымасці да нашага паўнапраўнага ўдзелу ў еўрапейскай дэмакратычнай супольнасці. Са зваротам да рэнесанснай традыцыі прыйшло агульнае ўсведамленне таго, што мы вяртаемся да сваіх каранёў, а не стаім перад абсалютна новай з’явай, да якой мусім гвалтоўна прыстасоўвацца. Пасляваеннае адраджэнне ягелонскай ідэі мела дзве крыніцы – у сучаснай каталіцкай думцы і ў думцы палітычнай.

Першая паходзіць з яшчэ даваенных элітарных ініцыятыў, якія ўзнікалі ў асяроддзі “Tygodnika Powszechnego” (а таксама “Znaku” і “Więzi”). Акрэсліваючы аблічча культурнай адметнасці, сэнс іх пошукаў коратка вызначыў вялікі гісторык і філосаф Стэфан Свяжаўскі: “Польшча Ягелонаў ці ўсіх палякаў?” Ён жа з’яўляецца аўтарам выдатнай працы “Etos polityczny Polski Jagellonów”, у якой кадыфікаваліся вартасці, уласцівыя “ягелонскай ідэі”. Гэтыя вартасці рэалізуе ў сваёй незапатрабаванай пісьменніцкай, навуковай і арганізацыйнай дзейнасці стваральнік любельскага Інстытута Усходняй Еўропы, ініцыятар стварэння польска-ўкраінскага універсітэта Ежы Клачоўскі. Ён рэдагаваў “Гісторыю Цэнтральна-Усходняй Еўропы” (Люблін, 2000. Т. 1–2), аўтарамі якой таксама былі Даніэль Бевуа, Генрых Самсановіч, Антон Мчак, Януш Тазбір, Пётр Вандыч. У сваёй манументальнай працы, якая атрымала назву “Маладая Еўропа”, Ежы Клачоўскі ў эпічнай манеры распавядае аб гісторыі стварэння даволі трывалай і ўдалай цывілізацыйнай мадэлі, якую ўяўляюць сабой краіны Цэнтральнай Еўропы. У гэтым асяродку інтэлектуальна фармаваўся Караль Вайтыла, больш вядомы як Ян Павел ІІ; ён нават габілітаваўся ў Стэфана Свяжаўскага. Як кіраўнік каталіцкай царквы для нашай гутаркі ён цікавасці не ўяўляе. Але ж як нястомны прыхільнік экуменізму і ўвогуле як асоба надзвычай адукаваная, ён застаецца не толькі пераемнікам адноўленай пакаленнямі настаўнікаў традыцыі, але і яскравым яе прадстаўніком.

Сучасная польская палітычная думка была створана і атрымала развіццё ў парыжскай “Культуры”. Аднак ёй папярэднічалі раннія федэратыўныя канцэпцыі Юзафа Пілсудскага, а таксама даваенныя публіцыстычныя лісты, якія рэдагаваў Ежы Гедройц. Але аднаўленне ягелонскай ідэі магло адбыцца толькі дыялектычным шляхам – праз радыкальную крытыку і адмаўленне ад яе ранейшай экспансійнасці. Апошняя праявіла сябе яшчэ ў міжваенны час, асабліва ў дачыненні да ўсходніх тэрыторый (Украіна, Беларусь, Літва) і ўжо тады сутыкнулася з крытыкай Гедройца. Пасляваеннае добраахвотнае і сімвалічнае адмаўленне ад Вільні, Львова і Гародні, з якімі Польшча страціла сваё спрадвечнае дамінуючае становішча на ўсходніх тэрыторыях, прызнанне незалежнасці Украіны, Літвы і Беларусі, якое яшчэ ў 1950-х гадах здавалася палітычнай утопіяй – гэтыя падзеі па-новаму акрэслілі польскую самаідэнтычнасць. Зараз яна павінна грунтавацца не толькі на прыналежнасці да заходняга супольніцтва, але і на шматбаковых сувязях з новымі ўсходнімі суседзямі. Гэта азначае не толькі адмаўленне ад тэрытарыяльных прэтэнзій, але і магчымасць дзейнічаць на карысць сваім суседзям. Найперш – іх палітычнай незалежнасці, а таксама садзейнічаць фармаванню іх нацыянальнай і культурнай самаідэнтычнасці. Напэўна, ніводная замежная арганізацыя ў свеце не зрабіла столькі для развіцця культуры суседскіх краін, колькі зрабіў парыжскі Інстытут Культуры, заўсёды вымушаны дзейнічаць амаль у спартанскіх умовах. Так рэалізоўвалася ягелонская ідэя, якая аднаўляла традыцыйныя сувязі з усходнімі суседзямі, пераўтварыўшы спрадвечнае панаванне ў бескарыслівую дапамогу, якую польскія католікі вызначалі як “садзейнічанне”, а свецкія асобы – як “адданасць”. Тым самым закладвалася самаідэнтычнасць Польшчы як “памосту”, краіны памочнікаў і пасрэднікаў, парламенцёраў i арбітраў, якія разумелі Усход для Захаду і Захад для Усходу. Ніхто не акрэсліваў той самаідэнтычнасці словамі лепш за нашага найвыбітнейшага палітычнага публіцыста Януша Мерашэўскага і ніхто не рэалізоўваў яе лепш за Ежы Гедройца, які з часам стаў бы прэзідэнтам Рэспублікі, калі б час той яму прыспеў.

Аб легендзе роду Пястаў сведчыць запіс ужо першага каралеўскага храніста (Антоніма па мянушцы Гал, на мяжы ХІ і ХІІ стагоддзяў). І хоць яе веданне з’яўляецца неад’емнай прыкметай польскасці, распаўсюдзілася яна толькі ў XVII стагоддзі, а пераўтварылася ў “пястаўскую ідэю” пад канец ХІХ стагоддзя. Калі асновай шляхецкай Рэчы Паспалітай станавіўся дасведчаны “народ палітычны”, легенда ўсё больш паглыблялася ў гісторыю; калі ўсё цяжэй трывалася пад націскам шматлікіх захопнікаў, тады час станаўлення краіны станавіўся легендарным часам перамог; калі падманвалі ўлады, выбраныя з народа, тады праўленне “караля-Пяста” здавалася жаданым ідэалам. Час пераўтварэння польскага рэнесанснага “памосту” ў больш папулярны сармацкі “падмурак” супадае з часам узмацнення шляхецкага эксклюзівізму, які прызнаваў за палякаў выключна тых, хто меў належнае паходжанне і належнае веравызнанне. Аднак сапраўдны парадокс меў месца ў канцы ХІХ стагоддзя, у час, калі адбывалася фармаванне сучасных народных і нацыянальных рухаў. Менавіта ў іх асяроддзі “ідэя пястаўская”, а разам з ёй – і шляхецкая дактрына “чыстай крыві”, былі пераўтвораны ў плебейскую канцэпцыю “нацыянальнага грамадства”, якое разумелася з племяннога і біялагічнага пункту гледжання. Відавочна, што гэта адбылося пад дэнацыяналізуючым уплывам нацыяналістаў з Расіі, Германіі і іншых суседскіх краін. Ад той канцэпцыі “грамадства крыві і паходжання” вытворнай з’яўляецца канцэпцыя нацыянальнай краіны, з яе “гнездавой” тэрыторыяй, “натуральнымі межамі”, этнічнай і рэлігійнай аднастайнасцю. Паводле нацыяналістычных уяўленняў, менавіта такое грамадства хацелі стварыць Пясты, а на практыцы рэалізавалі іх ідэі, выкарыстаўшы пасляваенную сітуацыю, камуністы.

Нават сучаснаму нацыяналісту, якога звычайна адрознівае натуралістычны погляд на свет, не хапае элементарнага біялагізму – яму ўласцівы і рэлігійныя погляды, ён перакананы, што “Бог з намі”. Захопніцкі націск, які ў мінулым стагоддзі зведалі палякі, меў як антынародны, так і антыкаталіцкі характар. Безумоўна, ён спрычыніўся да стварэння культурнай з’явы, якая атрымоўвала розныя назвы: “паляк-католік”, “агульны паляк”, “сапраўдны паляк”. У такую мадэль агульнай ідэнтыфікацыі ўпісваюцца рысы той гістарычнай самаідэнтычнасці, якую мы называем “падмуркам”. Ролю апошняга з часам пачала адыгрываць польская гісторыя XVI і XVII стагоддяў, калі палякі атрымалі свае найбуйнейшыя ваенныя перамогі, а абаронцы Радзімы лічыліся “рыцарамі Хрыстовымі”. Аднак легенда аб спрадвечнай ролі “хрысціянскага падмурка”, спачатку антыісламскага, потым антыправаслаўнага і антыпратэстанцкага, нарэшце, антэсеміцкага, самадастатковага ў сваёй сутнасці, была створана толькі ў ХІХ стагоддзі. У легендзе знайшлося месца рэлігійным маніфестацыям і ганенням, галоўным антырасійскім паўстанням, меншавіцкім рэпрэсіям і нават перамозе над бальшавікамі ў Варшаўскай бітве 1920 года, вядомай як “Цуд над Віслай”. Напэўна, узнікненне такой адметнасці і такой нярэдка мартыралагічнай ідэнтыфікацыі сустрэлася з безумоўнымі перашкодамі – канфліктамі, акупацыямі, рэпрэсіямі і экстэрмінацыяй, якіх на гэтых землях не бракавала. У наш час аб тых перашкодах напамінаюць слынная брама Гданьскай верфі – сучасны варыянт падмурка, аздоблены партрэтам Папы, намесніка Хрыста, а таксама Лех Валенса – асоба плебейская, народніцкая і каталіцкая. Яго асадку з выявай Маткі Боскай, якой было падпісана Гданьскае пагадненне, замяніў меч “рыцара Марыі”. А месца акопаў, нарэшце, заняў стол.

Абодва гэтыя тыпы самаідэнтычнасці могуць пераўтварыцца ў стэрэатыпы, і тады, ва ўзаемнай крытыцы, стануць больш выразнымі негатыўныя іх рысы. “Падмуркаўцы” схільныя не толькі да нацыяналізму, але яшчэ і да фанатызму, фаталізму. Псіхалогія асаджанай цытадэлі і змоўніцкія адносіны да палітыкі, асабліва “агульнай”, з’яўляюцца найбольш пашыранымі і традыцыйнымі іх поглядамі. Пад уплывам рэальных заклікаў і ўяўных пагроз, якія нясуць з сабой еўрапейская інтэграцыя і камунікацыйная глабалізацыя, тыя погляды могуць не толькі ўзмацніцца, але і набыць неўратычны характар. Не надта памяркоўныя адносіны да паляка ў краінах еўрапейскай супольнасці звязаны не толькі з сітуацыяй на рынку працы, яны жывяцца яшчэ і стэрэатыпам фанатычнага нацыяналіста, які прагне пастаяннага шанавання сваіх уяўных крыўд і заслуг. Нягледзячы на тое, што “памостаўцы” лічацца сапраўднымі “еўрапейцамі”, іх еўрапейскасць нярэдка прымае спецыфічна польскі, выключна правінцыйны выгляд. І абыходзяцца яны са сваёй еўрапейскасцю як са своеасаблівым, толькі ім даступным уборам: ён адрознівае іх ад “азіяцкага” асяроддзя, якое яны апякаюць. І таму яны не выклікаюць прыхільнасці не толькі ў сваіх сармацкіх землякоў, але нават і ў сваіх усходніх суседзяў, якім вельмі нагадваюць былых “польскіх паноў”. На Усходзе спрадвек існуе негатыўны стэрэатып паляка. Яго сутнасць – у каланіяльным панаванні, якое, не з’яўляючыся ўжо ні палітычным, ні эканамічным, імкнецца надалей заставацца хаця б культурным. Калі сапраўды трэба папрацаваць, каб змяніць гэтыя стэрэатыпы, то няма ніякіх падстаў, каб адводзіць ім якую б там ні было дынастычную ролю.

Народа не існуе без пачуцця еднасці, але еднасць тая не міфічная, а гістарычная. Яе стварае дзяржава – тэрытарыяльная палітычная арганізацыя, што адмовілася ад родавых павіннасцей і племянных падзелаў. Нават агульная мова, якая найчасцей лічыцца галоўнай рысай еднасці, узнікае з цэнтралізацыяй краіны, а потым ужо стандартызуецца праз пісьмо і друк. Польскую дзяржаўнасць стварылі Пясты, і яна з’явілася ў гісторыі адначасова з актам прыняцця хрысціянства. А гэта азначала далучэнне да еўрапейскай, і адначасова – хрысціянскай цывілізацыі. Касцёл і ўлада, асоба і радзіма, права і пісьменнасць, школа і універсітэт, грошы і падаткі, самакіраванне і горад – усё гэта не дазваляе пераацаніць трывалыя цывілізацыйныя наступствы таго акта, які ажыццявілі Пясты. І няма ніякіх падстаў для таго, каб іх імёны звязваць з нацыяналістычнымі ідэалагемамі, з-пад знаку “глебы і крыві”, альбо з палітычнымі містыфікацыямі камуністаў. “Ягелонская ідэя” зараз так адрэдагавана, што ўспрымаецца толькі са станоўчага боку. І гэта можна разглядаць як рэванш за тое прыніжэнне, якое яна зведала ў час прымусовага шанавання “ідэі пястаўскай”. Кампенсацыя атрымана, зараз трэба болей праўды.

Нарэшце, звернем увагу на Казіміра Вялікага – у нашай гісторыі ўладара ў поўным сэнсе гэтага слова. Ён засноўваў гарады, абараняў просты люд, пісаў законы, унармаваў грашовую сістэму, стварыў Кракаўскую Акадэмію і сетку парафіяльных школ. І сёння нам яшчэ далёка да “еўрапейскага ўзброенага плацдарма”, які, як сцвярджаюць гісторыкі, пры яго панаванні ахапіў усю Польшчу. Ад яго бяруць пачатак і тыя прынцыпы, якія прыпісваюцца Ягелонам. Менавіта з часоў Казіміра Польшча становіцца поліэтнічнай, полірэлігійнай і полікультурнай – з нямецкім насельніцтвам гарадоў, прывілеямі для габрэяў і афіцыйнай рускай мовай для праваслаўнай Чырвонай Русі. Рэнесансная, ці ягелонская Польшча, безумоўна, развівала гэтыя прынцыпы, але самі яе кіраўнікі, як пісаў Павел Ясяніца, мелі ментальнасць племянную, удзельнічалі ў дынастыйных інтрыгах і прынеслі з сабой у краіну вялікія, але няўстойлівыя амбіцыі, няпэўныя і няздзейсненыя намеры, няздольнасць да прыняцця рашэнняў і прыказку “як будзе”. Можна сказаць, што гэта яны павялі нас з сілезскіх і паморскіх гарадоў у стэпавыя “дзікія палі”. Пясты, наадварот, былі мэтанакіраванымі, рашучымі, браліся за добра акрэсленыя справы і выконвалі іх да канца. Калі звярнуцца да стэрэатыпаў, то Пясты – “захаднікі”, Ягелоны – “усходнікі”, Пясты – “еўрапейцы”, Ягелоны – “азіяты”. Стэрэатыпы яшчэ горш, чым ідэалагемы, акрэсліваюць у сваіх схемах праблемы. Але ж праблемы застаюцца праблемамі, і аднаўленне старых ідэй – “пястаўскай” ці “ягелонскай” – іх вырашэнню наўрад ці паспрыяе. Трэба праверыць і рэктыфікаваць прынцыпы, што прэтэндуюць на дакладнасць. І гэта дазволіць нам пераадолець цяжкасці, перад якімі мы зараз знаходзімся.

Пераклаў з польскай мовы
Сяргей ВЕНІДЗІКТАЎ
© МТ “Брама”, 2002

SUMMARY

Andzhej MENTSVEL

“Pomost” and “Przedmurze”: (Dilemmas of the Polish cultural specific character)

In connection with the recent reforms in economic, political and social spheres of a new Poland the disputes on the Polish cultural specific character and self-identification have become acute. The given publication analyses two concepts of the Polish self-identification – “pomost” and “podmurze” which are derived from the ideology of the two Polish royal dynasties- the Piasts and theYagellons.

РЕЗЮМЕ

Анджей МЕНЦВЕЛЬ

“Pomost” и “Przedmurze”: (Дилеммы польской культурной специфики)

В связи с обострением споров о польской культурной специфике и самоопределении поляков в контексте изменений в экономической, политической, социальной системе новой Польши проанализированы две концепции польской самоидентификации – “pomost” и “podmurze”, которые происходят от идеологии двух польских королевских династий – Пястов и Ягеллонов.


* © Andrzej MENCWEL. “Pomost” i “Przedmurze”: (Dylematy polskiej tożsamości kulturalnej). Warszawa, 2002. “Pomost” i “Przedmurze”: (Dylematy polskiej tożsamości kulturalnej). Warszawa, 2002. Напісана спецыяльна для часопіса “КРАЙ = KRAJ” (даслана ў рэдакцыю 27 красавіка 2002 г.).


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Магілёўскага Таварыства БРАМА
 кантакт: epostbox@tut.by

 

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія