БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

ПУБЛІКАЦЫІ МАГІЛЁЎСКАГА ТАВАРЫСТВА БРАМА НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
КРАЙ - KRAJ 3-4 / 2002

ВЕРАВЫЗНАННЕ, ЭТНАС І МОВА Ў БЕЛАРУСІ Ў ХХ СТАГОДДЗІ*

Герман БІДАР
(Зальцбург, Аўстрыя)

Уводзіны

Як вядома, палітычны пералом ва Усходняй Еўропе садзейнічаў не толькі пабудове дэмакратычных грамадскіх форм, але і адраджэнню этнамоўных рухаў і рэлігійных традыцый. Асабліва на Украіне і ў Беларусі, дзе працэс нацыянальнага станаўлення этнiчнай большасці яшчэ не завершаны, у апошнія гады праблемы суадносін паміж рэлігіяй і этнасам, а таксама памiж рэлiгiяй i этнiчнай мовай падрабязна дыскутавалiся ў навуковых публікацыях і сродках масавай інфармацыі. У пачатку 1990-х гадоў для нанава адроджанага нацыянальнага руху ў Беларусі, а таксама для незалежнай Рэспублікі Беларусь ключавым пытаннем дзяржаўнай палітыкі было наступнае: якому веравызнанню аддаць прыярытэт, каб садзейнiчаць кансалiдацыi дзяржавы, забяспечыць яе незалежнасць, а таксама захаваць самабытнасць мовы і культуры тытульнай нацыi. Пры даследаванні суадносін паміж веравызнаннем і дзяржавай, а таксама нацыяй і этнiчнай мовай трэба перш за ўсё высветліць пытанне, якiя дзяржаўныя нацыянальныя і адукацыйныя ідэi прадстаўлялi руская праваслаўная царква і каталіцкі касцёл у новай гісторыі Беларусі (гл. РАДЗІК 1993: 272–273).

У гэтым артыкуле ў сінтэтычнай форме прадстаўлены вынікі дыскусіі аб узаемаадносінах паміж хрысціянскімі канфесіямі і славянскiмi этнасамi, а таксама этнiчнымi мовамі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і ў заходняй беларускай дыяспары. У даследаванні будзе разгледжана стаўленне ўсіх рэлевантных хрысціянскіх плыняў у Беларусі і беларускамоўнай дыяспары да пытанняў аб мове перакладу Бібліі, літургіі і пропаведзей, рэлігійнага выкладання, рэлігійных публікацый i сучасных сродкаў масавай інфармацыі, а таксама прааналізавана грамадска-палiтычныя і дзяржаўна-палітычная арыентацыя духавенства.

Руская праваслаўная царква (РПЦ)

На пераломе ХIХ і ХХ стагоддзяў большасць беларускага насельніцтва вызнае праваслаўе, пасля таго як у 1839 годзе грэка-каталіцкая царква, якая да гэтай пары была нацыянальнай царквой беларусаў, была прымусова лiквiдавана і ў выніку гэтага амаль дзве трэці ўнiяцкiх вернікаў вымушаны былі перайсці ў праваслаўе. У царскі перыяд Маскоўскі патрыярхат не прызнаў за праваслаўнай царквой беларускiх губерняў права на аўтаномны статус. У канцы ХІХ стагоддзя на Беларусі ў якасці праваслаўных святароў дзейнічалі пераважна этнічныя рускія. Напрыклад, у 1897 годзе колькасць рускага насельніцтва складала ў Беларусі 3,6 % ад агульнай колькасці жыхароў, аднак яго ўдзел у праваслаўным духавенстве склаў 54,0 % (паводле ЗАЙКОЎСКІ 1993: 270). Рускае праваслаўе імкнулася асіміляваць беларускае насельнiцтва з рускім народам, сцвярджаючы, што ўсе праваслаўныя беларусы павінны разглядацца як рускія. Адносна Беларусі рускае праваслаўе як дзяржаўнае веравызнанне Расійскай імперыі прадстаўляла колішнюю дзяржаўную “заходнерускую” ідэалогію (западноруссизм), якая адмаўляла самабытнасць беларускага этнасу і беларускай мовы, і разглядала іх як рэгіянальныя (паўночна-заходнія) варыянты “агульнарускага” народа і “агульнарускай” мовы. У той час, як у Сербіi і Балгарыi нацыянальнае адраджэнне было незалежным ад праваслаўя, руская праваслаўная царква намагалася перашкодзіць развіццю беларускага нацыянальнага руху. Менавіта таму на пераломе XIX i XX стагоддзяў з кола праваслаўных беларусаў не выйшаў амаль ні адзін прадстаўнік адраджэнскага руху (гл. ГІЛЕВІЧ 1992: 5). Толькі ў гады Першай сусветнай вайны, калі значна актывізаваўся беларускі нацыянальны рух, у 1917 годзе на кангрэсе праваслаўнага духавенства беларускiх губерняў у Маскве быў заснаваны беларускi праваслаўны саюз, але ён нават не дамагаўся культурнага самавызначэння Беларусі (гл. ЗАЙКОЎСКІ 1993: 270–271).

У пачатку 1920-х гадоў у Беларускай савецкай рэспубліцы ў колах праваслаўнай царквы ўсё ж паявіліся нацыянальна-культурныя тэндэнцыі, якія прывялі да часовага аддзялення Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы, так што пад уладай рускай праваслаўнай царквы засталася тады толькi прыблiзна палова праваслаўных прыходаў БССР. Праўда, з прычыны атэістычнай палітыкі савецкага кіраўніцтва праваслаўная царква прайшла праз істотны крызіс ва ўсiм Савецкiм Саюзе, у выніку чаго яна страціла ранейшы ўплыў на насельніцтва краiны. Царкве трэба было змагацца супраць таталітарнай савецкай дзяржавы, якая спачатку адабрала ў яе гаспадарчую моц (у 1917–1922 гадах), потым зліквідавала яе грамадска-палітычную сілу (у 1922–1929 гадах) і ў рэшце рэшт фізічна знішчыла і прадстаўнікоў духавенства (у 1929–1941 гадах) (гл. ПРОТЬКО 1992: 3). З Другой сусветнай вайны да сярэдзіны 1980-х гадоў руская праваслаўная царква марнела на перыферыi грамадства ў Савецкай Беларусі і ва ўсiм Савецкiм Саюзе, але нават гэтае сціплае iснаванне стала магчымым толькi дзякуючы супрацоўніцтву царквы з савецкiмi ўладамі, таму яна лiчыцца сёння маральна скампраметаванай (гл. ШАЎЦОЎ 1992: 8).

Пасля Другой сусветнай вайны беларуская эміграцыя ў Заходняй Еўропе і за акіянам належала ў асноўным да праваслаўнага веравызнання, але з часам раскалолася па розных накірунках: адна частка далучылася да рускай праваслаўнай царквы замежжа, другая – да Маскоўскага патрыярхату, трэцяя – да Канстанцiнопальскага. Па крайняй меры першыя дзве часткі царкоўных аб’яднанняў садзейнічаюць русіфікацыі замежных беларусаў, паколькі публікуюць вельмі мала матэрыялаў на беларускай мове. Адзiн з нешматлікіх беларускамоўных праваслаўных часопісаў пачаў выходзіць у Лондане толькі з 1989 года.

У 1987 годзе ў Беларусі узнавiлася арганiзацыя праваслаўнай царквы. У 1989 годзе рашэннем Маскоўскага патрыярхату быў створаны Беларускі экзархат, Беларуская праваслаўная царква (БПЦ), якой кiруюць мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт i асобны Сінод. Аднак утварэнне экзархату, раздзеленага на 10 епархій, не прывяло да стварэння сапраўды самастойнай нацыянальнай царквы, а надало толькi пэўную ступень аўтаноміі рускай праваслаўнай царкве ў Беларусі. Большасць яе прыходаў знаходзіцца на тэрыторыі Заходняй Беларусі (гл. БЕЛАРУСЫ 1996: 29, 31), паколькі на тэрыторыі Усходняй Беларусі з 1930-х па 1980-я гады рэлігійнае жыццё амаль поўнасцю згасла. Сённяшняя руская праваслаўная царква ў Беларусі, якая з’яўляецца практычна фiлiялам Маскоўскага патрыярхату і толькі фармальна ўяўляе сабой беларускую царкоўную арганiзацыю, па сутнасцi працягвае вядомую з часоў царскай Расіі асіміляцыйную палітыку. Тыповым для недаразвiтай нацыянальнай свядомасці праваслаўных беларусаў з’яўляецца тое, што яны нават у пачатку 1990-х гадоў, у перыяд другога Адраджэння, не адмовіліся (як многія ўкраінцы) ад рускай праваслаўнай царквы – арганізацыі, якая па сутнасці чужая, антыбеларуская i антыдзяржаўная, – і не перайшлі на бок беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы ці якога-небудзь iншага хрысціянскага веравызнання. Характэрным для нізкай нацыянальнай і канфесійнай свядомасці праваслаўных беларусаў з’яўляецца і тое, што сучаснае палітычнае кіраўніцтва краіны спрыяе рускаму праваслаўнаму веравызнанню пры ўсіх публiчных нагодах, паколькі яно спрацоўвае на новае палітычнае аб’яднанне і канчатковае этнічнае зліццё ўсходнеславянскіх народаў.

У гістарычным, грамадскім і моўным аспектах дзейнасць рускага праваслаўя адбіваецца негатыўна на нацыянальным станаўленні беларускага народа і кансалідацыі беларускай дзяржавы. Рускае праваслаўе асаблiва падкрэслівае агульную рэлігійную і культурную спадчыну рускіх, украінцаў і беларусаў (гл. ФІЛАРЭТ 1991: 6–7) і разглядае гістарычнае самастойнае развіццё беларусаў і ўкраінцаў як памылковы шлях. Яно пастаянна робіць акцэнты на “прошедшее через века единство” праваслаўнай царквы ў Беларусі, Украіне і Расіі i iмкнецца да стварэння “единого православного народа” (КОШАЛЕЎ 1992: 3) і ў апошняй інстанцыі – “единого русского народа”.

Руская праваслаўная царква падкрэслівае, як кожная ўсходняя царква, сваю патрыятычную і нацыянальную пазіцыю, якая, аднак, датычыцца не Беларусi, а Расіi (гл. ПОТАПОВ 1993: 7). Праваслаўны епіскапат прадстаўляе састарэлую панславістычную (чытай – панрасiйскую) ідэалогію, згодна з якой Беларусь і Украіна разглядаюцца надалей як часткi Расіі (гл. КАДЫКА 1994: 1). Праваслаўе садзейнічае далейшаму пашырэнню рускай мовы і культуры ў Беларусі і адмаўляе самабытнасць беларускай мовы і культуры. Набажэнствы ў праваслаўных цэрквах праводзяцца на рускай і царкоўнаславянскай мовах. Толькі ў святочныя дні спарадычна выкарыстоўваецца беларуская мова падчас набажэнства.

Асноўная частка праваслаўнага духавенства збіраецца ўвесцi беларускую мову ў царкоўны ўжытак толькi тады, калі ўвесь беларускі народ загаворыць на сваёй роднай мове, калі поўнасцю будзе адшліфаваны яе рэлігійны функцыянальны стыль і калі будзе ажыццёўлены дакладны пераклад Свяшчэннага Пісання на беларускую мову, па якім будзе магчыма чытаць падчас царкоўнай службы ўрыўкі з Евангелля і Апостала (гл. УЛЯХІН 1993: 162–163; ДЫШЫНЕВІЧ 1996: 16). У праваслаўнай семінарыі ў Жыровічах выкладанне вядзецца на рускай мове. Толькі праасвяшчэнны С.Гардун выкладае там біблейскую гісторыю па-беларуску. Беларускую мову ў семінарыі выкладаюць толькі як вучэбны прадмет, як замежную мову. З экранаў тэлевізараў і ў радыёперадачах праваслаўныя епiскапы звяртаюцца да беларускіх вернікаў толькі на рускай мове.

Праваслаўная рэлігійная літаратура друкуецца амаль уся на рускай мове. Беларускі зкзархат выкарыстоўвае пераклады і перадрукі, якія выдаюцца Маскоўскім патрыярхатам. Гэта перадрукі дарэвалюцыйных і замежных выданняў твораў айцоў царквы, жыцій святых і тэалагiчных трактатаў. Арыгінальныя творы на беларускай мове выдаюцца адзінкава, і нават у такім выпадку да іх дадаецца рускі пераклад. Беларускамоўная выдавецкая дзейнасць каталікоў падштурхоўвае таксама праваслаўных да аналагічнай актыўнасці. З 1989 года выходзяць з друку беларускамоўныя рэгіянальныя царкоўныя газеты Mінска-Mагілёўска-Слуцкай, Гродзенскай і Віцебска-Полацкай епархій. З 1990 года выходзіць часопіс “Вестник белорусского экзархата”. У гэтых друкаваных органах змешчаны не толькі факты з жыцця рускага праваслаўя, але і матэрыялы па гісторыі цэркваў, манастыроў і ікон на Беларусі.

Толькі маленькая частка праваслаўнага духавенства гатова ўнесці адчувальны ўклад у нацыянальна-культурнае аднаўленне Беларусі, і гэта перш за ўсё таму, што яна вымушана лічыцца з канкурэнцыяй беларускай замежнай аўтакефальнай праваслаўнай царквы і нанава адроджанай грэка-каталіцкай царквы. У 1992 годзе ў Мінску было заснавана Беларускае праваслаўнае брацтва трох віленскіх пакутнікаў, якім кiруе праасвяшчэнны Г.Латушка. Гэтае брацтва выступае за ўвядзенне беларускай мовы ў праваслаўную царкву і з 1993 года выдае часопіс “Праваслаўе ў Беларусі і ў свеце”. Акрамя гэтага брацтва за канфесійны патрыятызм выступаюць толькi адзінкавыя праваслаўныя святары, такія як С.Гардун і А.Шынкевіч.

У 1989 годзе мітрапалітам Філарэтам была прызначана камісія па пытаннях перакладу Бібліі, якая павінна апрацаваць афіцыйны беларускі тэкст свяшчэннага пісання. У 1991 годзе ёй было выдадзена Евангелле ад Матфея ў форме паралельных тэкстаў на грэцкай, царкоўнаславянскай, рускай і беларускай мовах (гл. ДЫШЫНЕВІЧ 1992: 16). Беларускі тэкст, які ў асноўным уяўляе сабой пераклад царкоўнаславянскай і рускай сінадальнай Бібліі, занадта дакладна трымаецца царкоўнаславянскага і рускага арыгіналаў. Апошнім часам, праўда, з’яўляюцца таксама свабодныя, неафіцыйныя пераклады Бібліі. Пісьменнік і літаратурны крытык А.Клышка пераклаў з грэцкага арыгіналу Евангеллi ад Матфея, Марка і Лукі (Мінск, 1989–1991), а перакладчык В.Сёмуха выдаў на беларускай мове Евангелле ад Матфея. У сваім перакладзе А.Клышка выкарыстоўвае спецыфічныя беларускія лексічныя сродкі выражэння і разнастайныя неалагізмы, затое адносна мала – царкоўнаславянізмаў. Пераклад В.Сёмухі таксама грунтуецца на лексіцы сучаснай беларускай лiтаратурнай мовы, якая змяшчае шмат паланізмаў, але амаль пазбаўлена царкоўнаславянізмаў. Абодва неафіцыйныя пераклады моцна крытыкавалiся з боку праваслаўнай царквы. З другога боку, святочныя пасланнi мітрапаліта Філарэта скажаюць нормы беларускай лiтаратурнай мовы, паколькі яны змяшчаюць у прынцыпе руска-царкоўнаславянскі тэкст у беларускiм вымаўленнi (гл. СЁМУХА 1994: 3). У апошнія гады такія супрацьлеглыя пункты погляду па пытаннях тэорыi перакладу і моўнага планавання прывялі да палемікі адносна развіцця рэлігійнага функцыянальнага стылю беларускай мовы, а таксама яе лексіка-семантычных норм у сукупнасцi (гл. ЧАРОТА 1997: 14–15). Неафiцыйны пераклад тэксту ўсяго Свяшчэннага Пісання, дарэчы, прадставіў таксама Янка Станкевіч, эмігрант, гісторык мовы і літаратуры, пад назвай “Сьвятая Бібля” (1973). Аднак гэты пераклад вельмі мала выкарыстоўваецца рознымі канфесіямі, паколькі змяшчае шмат лексічных гістарызмаў і наватвораў.

Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква (БАПЦ)

Пасля стварэння Беларускай Народнай Рэспублікі (у 1918 годзе) і Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (у 1919 годзе) беларускiя епархіi зрабілі спробу адмежавацца ад рускага праваслаўя. У 1922 і 1924 гадах на сінодах праваслаўных Мiнскай i Магiлёўскай епархій пастаноўлена стварыць незалежную ад Маскоўскага патрыярхату беларускую аўтакефальную праваслаўную царкву з асобным свяшчэнным сінодам. Заснавальнікам БАПЦ стаў мінскі мітрапаліт Мельхіседэк (М.Паеўскі), які падтрымаў тэндэнцыi адраджэння і беларусізацыі праваслаўя. Да той аўтакефальнай царквы, якую не прызнаў Маскоўскі патрыярхат, належала амаль палова ўсіх праваслаўных прыходаў БССР. Аднак у 1934 годзе дзейнасць БАПЦ была спынена савецкімі органамі ўлады, а яе епархіі i прыходы былі зноў далучаны да Маскоўскага патрыярхату. Мітрапаліт Мельхіседэк, быў асуджаны ў 1925 годзе на паказальным працэсе і сасланы (гл. ЛЫЧ 1997: 14; ШТЫХАЎ 1992: 3).

На тэрыторыі Заходняй Беларусі, якая пасля Першай сусветнай вайны была далучана да Польшчы, урад Пілсудскага ў 1924 годзе дабiўся прызання аўтакефалii праваслаўнай царквы ў Польшчы, да якой належала каля 4,0 мільёнаў вернікаў, у асноўным беларусаў і ўкраінцаў, з боку экуменічнага Канстанцiнопальскага патрыярхату. У арганізацыйных адносінах беларускаму праваслаўю ў Польшчы падлягалі Вiленская, Гродзенская i Пiнская епархii. Падчас літургіі выкарыстоўвалася царкоўнаславянская мова, а руская мова, наадварот, была прынята ў пропаведзях, у выкладанні Закону Божага і ў адміністрацыйных справах; на рускай мове выходзіла таксама большая частка рэлігійнай літаратуры (гл. ЛАБЫНЦЕВ 1996: 64; ЩАВИНСКАЯ 1996: 75–86). Таму беларусы былі вымушаны карыстацца трыма мовамі: дома беларускай, у службовых справах – польскай, а ў царкве – рускай. У сакавіку 1930 года ў Вільні адбылася канферэнцыя прадстаўнікоў беларускіх праваслаўных арганізацый, на якой абмяркоўвалася пытанне паслядоўнай і пашыранай беларусізацыі праваслаўнай царквы. Аднак паколькі гэта канферэнцыя байкатавалася праваслаўным духавенствам, асабліва Віленскiм архіепіскапам Феадосіем, яе рэзалюцыі не мелі канкрэтных вынікаў (гл. СУРМАЧ 1992: 710–714). З другога боку, польскiя ўлады міжваеннага часу намагаліся ўвесці польскую мову ў богаслужэнне праваслаўнай аўтакефальнай царквы, каб супрацьстаяць русіфікацыі беларусаў і ўкраінцаў (гл. АСТАПЕНКА 1992: 15).

У часы нямецкай акупацыі Беларусі хутка зноў адбудавалася асобная праваслаўная царква, якая ахоплівала ўсе этнічныя рэгіёны Беларусі і знаходзілася пад кіраўніцтвам Мінскага мітрапаліта Панцеляймона (П.Ражноўскі) і свяшчэннага сiноду. У жніўні 1942 года адбыўся першы агульнабеларускі праваслаўны сінод, на якім, праўда, быў пацверджаны статут Беларускай аўтакефальнай царквы, аднак пракламацыя аўтакефаліі гэтай царквы была адкладзена да канца вайны. Летам 1944 года ў выніку перамогі Чырвонай Арміі БАПЦ як самастойная царкоўная арганізацыя закончыла сваё існаванне, і ўсе яе епархіі зноў адышлі да Маскоўскага патрыярхату.

Кіраўніцтва Беларускай аўтакефальнай царквы перабралася ў Заходнюю Германію, дзе ў красавіку 1946 года на Мюнхенскім сінодзе яно адмовілася ад свайго аўтакефальнага статусу і падпарадкавалася юрысдыкцыі рускай праваслаўнай замежнай царквы пад кіраўніцтвам мітрапаліта Анастасія. У чэрвені 1948 года БПАЦ зноў адрадзілася на царкоўным сходзе нацыянальна свядомай часткай беларускага праваслаўнага духавенства і вернікаў у нямецкiм горадзе Канстанц (пры падтрымцы ўкраінскага аўтакефальнага праваслаўнага архiепіскапа Сергія); БАПЦ дзейнічала спачатку ў дыяспары ў Заходняй Еўропе, а пазней – у Амерыцы і Аўстраліі. У 1984 годзе БАПЦ, якая дзейнічала ў Амерыцы, раскалолася на два напрамкі, якімі кiруюць мітрапаліты Мікалай з Таронта і Ізяслаў з Нью-Йорка.

У БАПЦ, як і ва ўсіх славянскіх праваслаўных цэрквах, у якасці мовы літургіі выкарыстоўваецца царкоўнаславянская мова, аднак у паралітургічнай частцы набажэнства ўжываецца беларуская мова. Мітрапаліт Мікалай (Мацукевіч), які ў 1988 годзе выдаў свой беларускi пераклад Евангелля, апошнім часам інтэнсіўна працуе над перакладам усёй Бібліі на беларускую мову. БАПЦ падтрымлiвае выданне рэлігійнай, грамадска-палітычнай, белетрыстычнай і навуковай літаратуры на беларускай мове. У навуковых адносiнах трэба асаблiва адзначыць навуковы часопіс “Запісы Беларускага інстытута навукі і мастацтва” (Нью-Йорк). БАПЦ падтрымлівае таксама будаўніцтва культурнага і адукацыйнага цэнтра “Полацак” у Кліўлендзе, якi выдае аднайменны часопіс. З 1955 года ў Нью-Йорку выдаецца самы важны друкаваны орган БАПЦ – часопіс “Голас царквы” (гл. ЯЗЫКОВІЧ 1993: 281–284).

У пачатку 1990-х гадоў на кульмінацыі руху Адраджэння Беларускі народны фронт быў заклапочаны прапагандай праваслаўнай аўтакефаліі на Беларусі. Аднак падчас знаходжання аўтакефальнага мітрапаліта Мікалая ў Беларусі (люты – сакавік 1992 года) беларуская аўтакефальная і беларуская праваслаўная цэрквы так і не прыйшлі да агульнага пагаднення па асноўных пунктах погляду. Справа ў тым, што абодва аўтакефальныя праваслаўныя мітрапаліты лiчаць, што аб’яднанне іх цэркваў з БПЦ патуль не магчыма, пакуль апошняя будзе залежыць ад Маскоўскага патрыярхату, а значыць не звернецца да аўтакефаліі і беларускай мовы ў паралітургічным богаслужэннi (гл. ЛЫЧ 1997: 15). Але менавіта гэтая ўмова была непасрэдна адхiлена праваслаўным экзархам Філарэтам са спасылкай на царкоўнае права, паводле якога ніякая мясцовая праваслаўная царква не можа прысвойваць сабе аўтакефалію і патрыяршы сан без згоды іншых праваслаўных цэркваў.

У 1948 годзе праваслаўнай царкве ў пасляваеннай Польшчы была нанава прадстаўлена аўтакефалія, у тым ліку з боку Маскоўскага патрыярхату. Мовай літургіі ў Беластоцка-Гданьскай епархіі, якой кіруе мiтрапалiт Сава, з’яўляецца царкоўнаславянская, аднак “працоўнай” мовай, г.зн. сродкам камунiкацыi ў набажэнстве і адміністрацыi, – руская (гл. ГРЫЦКЕВІЧ 1991: 2–3). У выніку канфесійна-этнічнага напружання на Беласточчыне ў часы пераломаў падпалена некалькi праваслаўных цэркваў (гл. МIРАНОВIЧ 1990: 1, 4).

Рымска-каталіцкая царква (РКЦ)

Паводле перапісу насельніцтва 1897 года ў царскай Расіі пражывала каля 1.050.000 беларусаў-каталікоў, сярод іх звыш 700.000 у Віленскай і Гродзенскай губернях (гл. КЛІМЧУК 1990: 12–13). Рымскі каталіцызм, які ў беларускіх рэгіёнах кіраваўся этнічнымі палякамі, імкнуўся да асіміляцыі беларусаў з польскім насельніцтвам і карыстаўся тэзісам, што ўсе каталікі павінны разглядацца як этнічныя палякі. І ўсё ж, нягледзячы на негатыўнае стаўленне польскага каталіцтва да ўтварэння асобнай беларускай нацыі і мовы, немагчыма не прымаць пад увагу тое, што нацыянальна-стваральныя працэсы сярод беларусаў-каталікоў, якія былі цесна звязаны з польскай культурай, былі больш выразнымі, чым сярод праваслаўных беларусаў. На пераломе стагоддзяў практычна ўсе актывісты нацыянальнага руху выйшлі з каталіцкіх сем’яў, якія былi нашчадкамi ўніятаў.

У пачатку 1920-х гадоў, у перыяд “Нашай нівы”, ніжнімі чынамі беларускага духавенства былі зроблены першыя спробы ўвесці беларускую мову ў каталіцкае набажэнства. Праўда, гэта не атрымала значнага пашырэння, паколькі каталіцкае духавенства, якое дзейнічала на тэрыторыі беларускіх губерняў, складалася ў асноўным з этнічных палякаў i лiтоўцаў, а беларусаў сярод яго была нязначная колькасць (гл. ГРЫГОР’ЕВА 1993: 294–295). У перыяд “Нашай нівы” Санкт-Пецярбург стаў вядомы як духоўны цэнтр адраджэнскага руху, паколькі там у духоўнай семінарыі і духоўнай акадэміі адукоўвалася маладое пакаленне будучых каталіцкіх святароў для Беларусі. У пецярбургскай акадэміі вучыліся такія знакамітыя асобы, як паэт Янка Купала, пісьменнік Цішка Гартны, лінгвіст Б.Тарашкевіч, палітык К.Дуж-Душэўскі, а таксама святары А.Станкевіч, Ф.Абрантовіч і В.Гадлеўскі. Каталіцкiя святары, якiя мелi беларускія карані, выдалi на пачатку ХХ стагоддзя напісаныя лацінкай катэхізмы, зборнікi малітваў і песнапенняў, жыціi святых, а таксама каталіцкую штотыднёвую газету “Belarus” (Вільня, 1913–1915) (гл. ЯНУШКЕВІЧ 1991: 15; ЗАЙКОЎСКІ 1993: 270).

У маі 1917 года ў Мінску адбыўся кангрэс беларускага каталіцкага духавенства, і ў тым жа самым месяцы ў Пецярбургу была заснавана беларуская хрысціянска-дэмакратычная партыя. Заснавальнікамі гэтай партыі былі святары А.Станкевіч, Ф.Абрантовіч, В.Гадлеўскі, А.Астрамовіч і К.Стэповіч. Гэтая партыя існавала да 1940 года ў Заходняй Беларусі. Яе партыйным органам была газета “Belaruskaja krynica”, якая напачатку выходзіла ў Пецярбургу і Мінску, а з 1919 па 1940 гады – у Вільні. Газета друкавалася як лацінскім, так і кірылічным шрыфтам.

У 1918 годзе была адноўлена Мінская каталіцкая дыецэзія, епіскапам яе быў прызначаны паляк З.Лазінскі. У гэтай дыецэзіі была заснавана духоўная семінарыя, выкладанне ў якой вялося на беларускай мове, а таксама была адкрыта кафедра беларускай мовы. Рэктарам семінарыі быў прызначаны Ф.Абрантовіч. Пасля заснавання БССР семінарыя была пераведзена ў 1921 годзе спачатку ў Навагрудак, потым у Пінск. Акрамя Пінскай семінарыі існавалі яшчэ дзве падобныя духоўныя ўстановы: адна ў Вільні, дзе выкладаў А.Станкевіч, другая – у Ломжы (гл. ГАНЧАРУК 1997: 188).

Пасля Рыжскага мірнага дагавора 1921 года, калі заходняя частка Беларусі адышла да Рэчы Паспалітай, польскi ўрад планаваў поўную асiмiляцыю насельніцтва Заходняй Беларусі пры дапамозе польскай школы і польскага духавенства на працягу 50 гадоў. У 1920-я гады польскай дзяржаве і каталіцкаму духавенству фактычна ўдалося ператварыць 700.000 беларусаў у палякаў. У 1931 годзе ў Польскай Рэспубліцы налічвалася ўжо толькі 77.000 беларусаў-каталікоў (паводле СІДАРЭВІЧ 1990: 14).

У 1919–1925 гады некаторыя беларускія святары ў Віленскай дыецэзіі пачалі выкарыстоўваць беларускую мову падчас каталіцкага набажэнства. Віленскай дыецэзіяй у той час кіраваў біскуп Я.Матулайціс (Matulaitis), які па паходжанні быў літоўцам. Такая ж тэндэнцыя назіралася ў 1925–1932 гадах у Пінскай дыецэзіі, якой кіраваў бiскуп З.Лазінскі. Шэраг здольных беларускіх святароў вылучалiся не толькi пастарскай і патрыятычнай, але i лiтаратурнай і перакладчыцкай дзейнасцю, праз што яны сталі вядомы як святары-паэты і набылі ўплыў на насельніцтва. К.Стэповіч атрымаў вядомасць пад псеўданімам К.Сваяк як паэт і аўтар драматычных твораў. А.Астрамовіч публікаваў свае вершы пад псеўданімам А.Зязюля ў розных перыядычных выданнях. Я.Германовіч стаў вядомы пад псеўданімам В.Адважны як аўтар лірычных зборнікаў, апавяданняў і баек. Я.Семашкевіч набыў сабе імя ў тыя ж часы як літаратар пад псеўданімам Я.Быліна. У 1939 годзе В.Гадлеўскі выдаў у Вiльнi беларускi пераклад Евангелля і Апостала супраць волi польскага каталiцкага епiскапату. Урэшце, А.Станкевіч, ксёндз і настаўнік рэлігіі ў Вільні, а таксама дэпутат польскага Сейма, стаў палітычным і ідэалагічным лідэрам беларускай хрысціянскай дэмакратыі. Ён змагаўся за ўвядзенне беларускай мовы ў каталіцкае набажэнства, дзяржаўную школу і адміністрацыйныя органы Заходняй Беларусi. Гэты шматбакова адораны прадстаўнік царквы, які напісаў 18 кніг (сярод іх – “Родная мова ў святынях”), а таксама незлічоную колькасць артыкулаў, быў не толькі палітыкам, але і літаратуразнаўцам, гiсторыкам, публіцыстам і выдаўцом (ён, напрыклад, заснаваў часопіс “Хрысціянская думка”).

Для польскай адміністрацыі і для польскага епіскапату, асабліва для шавіністычна настроенага Віленскага архіепіскапа Р.Ялбжыкоўскага, Станкевіч і яго хрысціянска-дэмакратычны рух з’яўляліся непрымальнымi. Ялбжыкоўскі называў беларускіх хрысціянскіх дэмакратаў бальшавіцкай агентурай і забараніў сваім святарам уступаць у іх партыю і чытаць іх газету “Крыніца”. Польскiя дзяржаўныя і касцельнiя ўлады ў міжваенны час перашкаджалi культурнай і асветніцкай дзейнасці беларускага духавенства, зацягвалi друк беларускіх кніг і часопісаў, зачынялi беларускія асветніцкія цэнтры і школы. Яны не давалi жыць беларускім святарам, якія былі супраць асіміляцыйнага нацiску: пераводзiлi iх часта з аднаго месца на другое (А.Астрамовіч, К.Стэповіч), саджалi іх у турму (К.Стэповіч, В.Гадлеўскі), прымушалi да місіянерскай дзейнасці (Я.Германовіч) альбо падштурхоўвалi да эміграцыі (гл. ЦЫХУН 1997: 14–15). У 1938 годзе польскiя ўлады зачынілi Марыянскі кляштар у Друі, які развіваўся як цэнтр беларускай нацыянальнай свядомасці і беларускай літургіі. Выхавальнікамі гэтага кляштара былі такія вядомыя каталiцкiя святары, як А.Цыкота, Ф.Абрантовіч, Я.Германовіч і Ч.Сіповіч. Іншым цэнтрам беларускага духоўнага адраджэння быў дом бацькоў-марыянаў, заснаваны ў 1936 годзе ў Вільні, якi наведвалі таксама палітыкі, публіцысты, пісьменнікі, мастакі – напрыклад, А.Луцкевіч, М.Танк, З.Забэйда-Суміцкі. Аднак ужо ў 1938 годзе гэты дом быў зачынены. Пад канец Другой сусветнай вайны, у снежні 1944 года, А.Станкевіч быў арыштаваны пасля таго, як звярнуўся да Савецкага ўрада з мемарандумам аб стварэнні самастойнай, незалежнай ад Польшчы каталіцкай царквы на Беларусі (гл. СТАНКЕВІЧ 1991: 14–15). У снежні 1949 года А.Станкевіч загiнуў у сібірскім штрафным лагеры.

Пасля Другой сусветнай вайны шмат беларускіх каталікоў накіраваліся ў эміграцыю ў Заходнюю Еўропу, дзе яны знайшлі падтрымку з боку каталіцкіх колаў і Ватыкана. У эміграцыі былі выдадзены малітоўнiкi і шэраг рэлігійных часопісаў (“Адраджэньне”, “Беларуская думка”, “Рунь”, “Слова Божае”, “Беларус на чужыне”, “Зьніч”, “Божым шляхам”) для рымскага і ўсходняга абрадаў. У некаторых заходнееўрапейскіх краінах, напрыклад, у Англіі, Францыі, Германіі і Бельгіі, былі заснаваны каталіцкія місіі для беларусаў-каталікоў абодвух абрадаў. Сярод каталіцкага духавенства ў эміграцыі вызначылася інтэлектуальная эліта, да якой належалі Я.Германовіч, П.Татарыновіч, Л.Гарошка, Ф.Чарняўскі, Ч.Сіповіч, М.Маскалік, А.Надсан і іншыя, якія былі не толькі прадстаўнікамі царквы, але і літаратарамі, публіцыстамі, філолагамі і тэолагамі. Названыя святары дзейнiчалi часткова для рымска-каталіцкай i часткова да грэка-каталіцкай цэркваў беларускай эміграцыі. П.Татарыновіч кіраваў пасля вайны выданнем часопіса “Зьніч” (Рым, з 1950 года), ініцыяваў беларускую праграму радыё “Ватыкан” (з 1950 года), зрабiў перавыданне беларускага перакладу Новага Запавету В.Гадлеўскага і сам пераклаў лісты Апосталаў (у 1974 годзе).

У канцы 1980-х гадоў каталіцкая царква змагла зноў адбудаваць свае арганізацыйныя структуры ў Беларусі. Яе першы кіраўнік, польскі біскуп Т.Кандрусевіч, які ведаў беларускую мову і добразычліва ставіўся да ўвядзення беларускай мовы ў каталіцкае набажэнства, быў аднак прызначаны ў 1991 годзе Маскоўскiм каталіцкім арцыбіскупам. З красавіка 1990 года беларуская каталіцкая царква складаецца з Мінска-Магілёўскай архiдыецэзіі, якой кіруе польскі арцыбіскуп К.Свёнтэк, Гродзенскай i Пiнскай дыецэзій. Каля 1,3 мільёнаў чалавек (прыкладна 11,8 % ад агульнага насельніцтва Беларусі) вызнаюць каталіцтва, з іх каля 60,0 % (800.000 чалавек) жыве на тэрыторыі Заходняй Беларусі. 80,0 % каталіцкіх святароў паходзяць не з Беларусі, яны родам з Польшчы, сярод іх і сам арцыбіскуп, які размаўляе са сваёй паствай толькi па-польску, а не па-беларуску. У 1990 годзе адбудавана духоўная семінарыя ў Гродне (гл. ŚWIĄTEK 1997: 17).

З адраджэннем рымска-каталіцкай царквы працягваецца паланізацыя беларусаў. Праўда, гэты працэс ідзе не напрамую ад Ватыкана, а хутчэй – ад польскага духавенства, якое традыцыйна задае тон каталіцызму на Беларусі. Арцыбіскуп кардынал Свёнтэк адхіліў магчымасць карыстання беларускай мовай падчас набажэнства. У 1994 годзе ў газетным інтэрв’ю ён заявіў, што асноўная частка беларускіх каталікоў мае польскія карані, што беларуская мова не выкарыстоўвацца ў бытавой камунiкацыi, што гэтая мова яшчэ не дастаткова ўнармавана i што, акрамя таго, не хапае літургічных кніг на беларускай мове.

Польскія святары прывозяць польскiя малітоўнiкi і катэхізмы з Польшчы, якiя аднак напісаны кірылічным шрыфтам. Каталіцкія святары ў сваёй педагагічнай і пастарскай дзейнасці карыстаюцца толькі польскай мовай і часта смяюцца з мовы беларускай і нават з беларускага народа, з яго гісторыі і культуры (гл. ЧАРНЯЎСКІ 1992: 23–24). У 1992 годзе з Беларусі былі высланы 29 каталіцкіх святароў, паколькі яны ў касцёлах павесілі польскія сцягі і партрэты польскага прэзідэнта, а таксама вялі адкрытую прапаганду за „зварот“ заходніх беларускіх зямель“ (так званых крэсаў) да Польшчы. Арцыбіскуп Свёнтэк хацеў дазволіць беларусізацыю толькі Мінскай і Пінскай дыецэзій, але Гродзенскую дыецэзію ён разглядаў як “этнічна польскую вобласць” (ШАЎЦОЎ 1992: 8).

У ватыканскай курыі есць польскае лобі, якое аказвае істотны ўплыў на палітычную лінію папскага прастола. Заснаваная ў 1991 годзе Беларуская каталiцкая партыя настойвае на беларусізацыi касцёла ў Беларусі і разглядае паланізацыю беларускiх каталікоў як гістарычную несправядлiвасць каталіцкай царквы. Гэтая партыя разам з каталіцкiмi эміграцыйнымi арганізацыямi выдае часопіс “Беларуская святыня” (Мінск, 1998), як і пераклады канфесійнай літаратуры, зборнікі малітваў і царкоўных песнапенняў. У 1990 годзе ў прэсе рэзка выступіў Т.Малевіч, член Польскага саюза на Беларусі, супраць увядзення беларускай мовы ў каталіцкае набажэнства. У гэтых адносiнах саюз палякаў нават гатовы да барацьбы супраць каталіцкай царквы, якая мае схiльнасць да ўвядзення беларускай мовы ў касцёл. У 1992 годзе кіраўніцтва саюза палякаў нават дамагалася ад беларускай дзяржавы роспуску беларускай каталіцкай партыі, паколькі гэтая партыя быццам бы залішне заклапочана беларусізацыяй касцёла (гл. ЧОБАТ 1992: 16).

Нягледзячы на супраціўленне польскага епіскапату і польскай меншасці беларусы-каталікі праяўляюць значны інтарэс да беларусізацыі касцёла, перш за ўсе таму, што II Ватыканскi сабор дазволiў ужыванне нацыянальных моў у каталіцкiм набажэнстве. У 1993 годзе па ініцыятыве беларускага святара У.Завальнюка была арганізавана працоўная група для перакладу Бібліі з аўтэнтычных крыніц на сучасную беларускую мову для патрэб беларускага каталіцкага духавенства. Гэтая група складаецца з спецыялістаў беларусістыкі, паланістыкі, класічнай філалогіі і тэалогіі. Аб беларускім перакладзе рымска-каталiцкага трэбнiка і малітоўнiка ўжо даўно клапаціўся святар М.Чарняўскі (гл. МАТУСЕВІЧ 1992: 37), які складаў таксама зборнiк царкоўных песнапенняў, на якім у асноўным базіруецца выдадзеная ў 1992 годзе кніга песень “Беларуская каталіцкая музыка” (Мінск).

У 1990-х гадах моўнасвядомымі каталіцкімі коламі былі перадрукаваны зборнікі малітваў, царкоўных песнапенняў і жыцій святых, якія з’явіліся яшчэ на пачатку ХХ стагоддзя і таму на сённяшні дзень былі бібліяграфічнымі рарытэтамі. Таксама выйшлі з друку некаторыя творы такіх царкоўных пісьменнікаў, як А.Зязюля, В.Адважны, К.Сваяк. У 1991 годзе было распачата выданне твораў А.Станкевіча, прысвечанае 100-годдзю са дня нараджэння аўтара. У гэтым выданні былі змешчаны яго працы “Родная мова ў святынях”, “Хрысціянства і беларускі народ”, а таксама царкоўна-палітычная перапіска з нямецкімi і савецкімi ўладамi ў ваенны час. З 1993 года ў Мінску існуе адноўлены часопіс “Хрысціянская думка”. У апошнія гады верш “Малітва за Беларусь” эміграцыйнай паэтэсы Н.Арсенневай стаў своеасаблівым рэлігійным гімнам беларускіх каталікоў, а гімн “Магутны Божа” таксама на яе словы набыў надзвычайную папулярнасць.

Грэка-каталіцкая (уніяцкая) царква (ГКЦ)

Грэка-каталіцкая царква ўзнікла на Беларусі ў выніку Брэсцкай царкоўнай уніі (1596 года) праз аб’яднанне праваслаўнай царквы Вялікага княства Літоўскага з рымска-каталіцкім касцёлам. Гэтая ўнiяцкая царква, якая павінна была процiдзейнiчаць экспансійнаму нацiску Маскоўскага патрыярхату і да якой у канцы XVIII стагоддзя належала 75–80 % агульнага беларускага насельніцтва краiны (ШТЫХАЎ 1992: 3), стала з часам нацыянальнай рэлігіяй простага народа. Уніяцкая царква, якая падпарадкоўвалася Рыму толькі ў царкоўна-прававых і дагматычных адносінах, але захоўвала ўсходні aбрад і царкоўнаславянскую лiтургiчную мову, уратавала ў XVII і XVIII стагоддзях беларусаў ад паланізацыі, паколькі яна (царква) у пропаведзях, малітвах, песнапеннях і падчас школьнага навучання карысталася беларускай мовай (гл. ТРУСАЎ 1992: 14). Пасля падзелу Рэчы Паспалітай царкоўная унія была знішчана спачатку на Беларусі (у 1839 годзе), а потым і ў расійскай частцы Польшчы (у 1874–1875 гадах). Яе прымусовае ўключэнне ў рускую праваслаўную царкву пры патранажы цара Мікалая І мела на мэце iнтэнсiфiкацыю русіфікацыі карэннага насельніцтва Беларусі (гл. ЛЫЧ 1992: 2). З 1839 года грэка-каталіцкая царква ўжо не магла выконваць сваю этна- і мовазахаваўчую функцыю, так што нацыянальнае станаўленне беларусаў і фармаванне iх лiтаратурнай мовы адбылiся, у параўнаннi з iншымi славянскiмi народамi і мовамi, са значным спазненнем.

З канца ХІХ стагоддзя маладыя актывісты нядаўна ўзніклага беларускага нацыянальнага руху, такія як палітычныя дзеячы і публіцысты І.Луцкевiч, А.Луцкевіч i В.Іваноўскі, пісьменніца А.Пашкевіч (Цётка), а таксама святары В.Герасiмовiч, А.Станкевiч, Ф.Абрановiч i Я.Германовiч, прапагандавалi аднаўленне ўніяцкай царквы на Беларусі. У 1908–1918 гадах гэта iдэя асаблiва падтрымлівалася галіцыйскiм уніяцкiм мітрапалітам А.Шаптыцкiм, які пасвяціў свяшчэнніка І.Боцяна першым уніяцкiм бiскупам Беларусі. Акрамя таго, у 1917 годзе ў выніку ўзмацнення каталіцызму ў Расіі быў заснаваны расiйскі грэка-каталіцкі экзархат, якiм кіраваў экзарх Л.Фёдараў. Аднак палітычны пералом пасля Першай сусветнай вайны зноў паставіў пытанне пра далейшае існаванне грэка-каталіцкай царквы ў Беларусі. Менавіта ў 1926 годзе ўніяцкая царква Савецкай Беларусі была ліквідавана, а рускі ўніяцкі экзарх Л.Фёдараў арыштаваны і пакараны смерцю.

У Заходняй Беларусі, якая ў той час была ў складзе Польшчы, перш за ўсё ў Вiленскiм, Навагрудскiм i Палескiм рэгіёнах, у пачатку 1920-х гадоў узніклі першыя ўніяцкія парафіі, якія кіраваліся галіцыйскім мітрапалітам А.Шаптыцкім і віленскім каталіцкім біскупам Я.Матулайцісам. Падтрымлiвалiся гэтыя парафii таксама Пінскім каталiцкiм біскупам З.Лазінскім. У гэты перыяд за адраджэнне ўніяцкай царквы выступаў таксама каталіцкі святар К.Стэповіч у артыкуле “Адраджэнне Беларусі і унія”. Аднак польскае дзяржаўнае і касцельнае кіраўніцтва хутка паклала канец нацыянальным царкоўным тэндэнцыям уніятаў, перашкодзіла актыўнай дзейнасці галіцыйскага мітрапаліта i зняло з пасады ў 1924 годзе Віленскага біскупа Я.Матулайціса. Усё ж такі з канца 1920-х гадоў прынамсi частка ўніятаў працягвала карыстацца беларускай мовай. У царкоўнай практыцы беларускіх уніяцкіх святароў у 1930-я гады вызначыліся 4 нацыянальныя накірункі: беларускі, рускі, украінскі і польскі (гл. АБЛАМЕЙКА 1996: 6–11). У 1937 годзе Ватыкан нават выпусціў спецыяльную інструкцыю, якая абавязала грэка-каталіцкае духавенства выкарыстоўваць у пастырскай дзейнасці родную мову мясцовага насельніцтва. У час Другой сусветнай вайны адбудаваннем уніяцкай царквы займаліся святары Л.Гарошка і А.Неманцэвіч; апошні быў прызначаны ў 1940 годзе Львоўскім мітрапалітам Шэптыцкім грэка-каталіцкім экзархам Беларусі, аднак у канцы 1942 года ён быў забіты нямецкімі акупантамі (гл. ЯЗЫКОВІЧ 1993: 285–286).

У канцы вайны многія нацыянальна свядомыя вернікі і святары ўніяцкай царквы былі вымушаны пакінуць радзіму. Яны накіраваліся ў эміграцыю ў Заходнюю Еўропу і ў трансатлантычныя краіны, каб пазбегнуць пераследавання з боку савецкай улады. У 1947 годзе ўніяцкія святары Ч.Сіповіч і Л.Гарошка заснавалi беларускую каталiцкую мiсiю ў Лондане, што развівалася не толькі як духоўны, але і як значны нацыянальны, культурны i навуковы цэнтр беларусаў-эмігрантаў. Біскуп Сіповіч заснаваў Бібліятэку iмя Ф.Скарыны (у 1971 годзе) і стаў адным з заснавальнiкаў Англійска-беларускага таварыства, якое з 1960-х па 1980-я гады выпускала “Journal of Byelorussian Studies”. Сіповіч, якi быў таксама публіцыстам і філолагам, напiсаў, мiж іншым, грунтоўнае даследаванне аб моўных праблемах у каталіцкай царкве Беларусі ад польскага Лiстападаўскага паўстання (1830–1931 гады) да Першай сусветнай вайны (гл. SIPOVIČ 1993: 3–40). Архімандрыт Л.Гарошка выдаў малiтoўнiк “Божым шляхам” (Рым, 1945) і быў рэдактарам і выдаўцом аднайменнага часопіса (Парыж – Лондан), а таксама кіраўніком беларускай праграмы радыё “Ватыкан”. Акрамя таго, ён апублiкаваў грунтоўнае даследаванне жыцця і дзейнасці св. Ефрасінні Полацкай і шэраг царкоўна-гістарычных артыкулаў. З 1955 года ў беларускай каталіцкай місіі дзейнічаў таксама святар Я.Германовіч у якасці рэдактара часопіса “Божым шляхам”. Успаміны аб сваёй місіянерскай дзейнасці на Далёкiм Усходзе і прымусовай працы ў савецкіх штрафных лагерах Германовiч апiсаў у кнiжцы “Кітай – Сібір – Масква” (Мюнхен, 1962). Сённяшні апостальскі візітатар ад беларускіх каталікоў за мяжой А.Надсан вызначыўся перш за ўсе як перакладчык разнастайных царкоўнаславянскіх і грэцкіх літургічных тэкстаў на беларускую мову (напрыклад, Літургіі св. Іаана Залатавуста і св. Васіля Вялiкага), а таксама вячэрні, рытуалаў хрышчэння і надання шлюбу i акафiста, якія ў 1994 годзе атрымалі прызнанне Ватыкана.

У 1990-х гадах у сувязі з нацыянальным рухам на Беларусь прыйшло і аднаўленне грэка-каталіцкай царквы. У выніку шматлікіх супрацiўленняў яно не развiлося ў масавы рух, але выхавала частку нацыянальнай эліты краіны, перш за ўсё моладзь у такіх гарадах, як Мінск, Магілёў і Гомель. Аднак развіццё беларускай уніяцкай царквы сустрэла перашкоду не толькі з боку рускага праваслаўя і дзяржаўнай адміністрацыі, але і з боку польскага каталіцызму і Ватыкана. Таму сёння грэка-каталіцкая царква не мае царкоўных будынкаў і асобнай царкоўнай іерархіi, так што беларускія ўніяцкія святары вымушаны супрацоўнічаць з украінскім уніяцкім епіскапатам. У 1993 годзе вядучыя колы нацыянальнага беларускага руху (палітыкі З.Пазняк і Я.Хадыка, пісьменнікі В.Быкаў, У.Арлоў і Р.Барадулін, літаратуразнаўцы А.Мальдзіс і В.Рагойша, гісторык А.Грыцкевіч, філосаф У.Конан, мастак А.Марачкін і публіцыст А.Сідарэвіч) звярнуліся з адкрытым лістом да парламента і кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь з просьбай правесці перамовы з Ватыканам з мэтай прызначэння беларускага ўнiяцкага епіскапа або апостальскага адміністратара (гл. БЫКАЎ 1993: 3). Аднак кіраўніцтва ўніяцкімi прыходамi ў 1996 годзе было даручана не заслужанаму беларусу, як, напрыклад, апостальскаму візітатару А.Надсану або дэкану Я.Матусевічу, а паляку Я.Гаеку. Беларуская ўніяцкая царква, якая звяртае на сябе ўвагу перш за ўсё сваёй патрыятычнай дзейнасцю, у якасці літургiчнай мовы выкарыстоўвае царкоўнаславянскую і беларускую мовы, але ў пастырскай дзейнасці – выключна беларускую. Гэткім чынам яна заахвочвае рускую праваслаўную царкву таксама хоць часткова карыстацца беларускай мовай пад час набажэнства, у пастырскай дзейнасцi i рэлiгiйных публiкацыях. Хваляванне сярод праваслаўных выклікала зробленая ў 1990 годзе А.Матусевічам прапанова выкарыстоўваць у беларускай лiтаратурнай мове побач з кірылічным і лацінскі шрыфт.

Уніяцкая царква дзейнічае ў духоўным, педагагічным і публіцыстычным кірунках. У часопісе “Унія”, заснаваным у 1990 годзе, былі надрукаваны зборнікі малітваў Л.Гарошкі “Божым шляхам”, публіцыстыка і паэтычныя творы К.Сваяка, а таксама пераклад А.Надсана “Акафіст Божай Маці”. Успаміны К.Сваяка выйшлі ў друку як факсімільнае выданне, а гiсторыка-царкоўныя і гісторыка-мастацкія даследаванні Л.Гарошкі выйшлі ў асобным зборніку. Успаміны В.Адважнага былі перадрукаваны ў 1993 годзе ў газеце “Наша слова” (Мінск).

Уніяцтва як сінтэз візантыйскай культурнай спадчыны, усходнеславянскай традыцыi і заходнiх культурных плыняў прапаноўвае сябе ў якасці нацыянальнай рэлігіі краiны, якая здаўна знаходзiцца памiж усходняй i заходняй культурнымi традыцыямi (гл. ПАЛЮЦКАЯ 1996: 21–27). Канцэпцыя беларускай нацыянальнай рэлігіі, якая магла развівацца насуперак клопатам польскага каталіцызму, натыкаецца таксама на вострае супраціўленне Маскоўскага патрыярхату і адмаўляецца замежнай аўтакефальнай праваслаўнай царквой.

Кальвінізм

Нанава адроджаныя ў 1991 годзе невялікія кальвінісцкія абшчыны, за якія агітуе хрысціянска-дэмакратычная партыя Беларусі, робяць спробы аднавіць моцныя ў рэлігійных і моўных адносінах кальвінісцкія традыцыі Вялікага княства Літоўскага. З сярэдзіны XVI стагоддзя на Беларусі пачала распаўсюджвацца Рэфармацыя. Некаторыя прадстаўнікі арыстакратычных колаў перайшлі ў кальвінізм. У 1555 годзе магнат Мікалай Чорны Радзівіл увёў вучэнне Кальвіна ў сваіх маёнтках і пачаў яго прапагандаваць. Побач з лютэранствам кальвінізм змагаўся за права праводзіць набажэнствы не на лацінскай або царкоўнаславянскай мовах, але на народных мовах. Менавіта з гэтай мэтай у Нясвіжы ў 1562 годзе была надрукавана першая кніга на беларускай мове “Катэхізіс” С.Буднага (гл. БАГАДЗЯЖ 1992: 6).

Неапратэстантызм

Неапратэстанцкiя цэрквы на Беларусі (баптысты, евангелісты, адвентысты) узніклi толькi ў другой палове ХІХ стагоддзя і пашырылiся асаблiва ў Заходняй Беларусі ў 1920-я гады, у адрозненне ад даўняй лютэранскай царквы, якая існавала на Беларусi ўжо ў часы Рэфармацыі (гл. ВЕРЕЩАГИНА 1992: 659–671). Цэнтрам неапратэстантызму стала Брэстчына, асабліва моўна змешаны рэгіён Заходняга Палесся, дзе і па сённяшні час (неа)пратэстантызм з’яўляецца другой распаўсюджанай канфесіяй. Неапратэстанты на Беларусі, якія сёння ў набажэнствах і адміністрацыйных справах карыстаюцца практычна толькі рускай мовай, не надаюць значэння нацыянальнаму і моўнаму фактарам, але затое беларускія неапратэстанты-эмiгранты захавалi за мяжой сваю нацыянальную мову. Ужо на пачатку 1920-х гадоў баптысцкі святар Л.Дзекуць-Малей стварыў першы беларускi частковы пераклад Свяшчэннага Пiсання, якi адрэдагаваў i апублiкаваў А.Луцкевіч пад назвай “Новы Запавет і Псальмы” (Хельсінкі, 1931). Некаторыя кнігі Старога і Новага Запаветаў пераклаў у эміграцыі пастар-метадыст Я.Пятроўскі ў 1980-х і 1990-х гадах. Беларускія неапратэстанты ў Амерыцы выдалі таксама зборнікі малітваў і песнапенняў на беларускай мове.

Высновы

Аналіз сувязяў паміж веравызнаннем і этнічнай прыналежнасцю беларусаў, а таксама памiж веравызаннем i іх этнамоўнай прыналежнасцю паказвае, што на працягу ХХ стагоддзя ніводная рэлігійная канфесія не выступала ў якасці галоўнага фактару, які б вызначыў утварэнне нацыянальнай тоеснасці і фармаванне нацыянальнай лiтаратурнай мовы. Наадварот, найбольш пашыраныя на Беларусі рэлігійныя плыні, асабліва рускае праваслаўе і, магчыма, у меншай ступені, рымска-каталіцкая царква, перашкаджалi працэсу развiцця нацыянальнай ідэнтычнасці і лiтаратурнай мовы (гл. SADOWSKI 1992: 6). На працягу ХХ стагоддзя як рускае праваслаўе, так і (польскi) каталіцкі касцёл iмкнулiся да асіміляцыi нестабiльнага дасюль беларускага этнасу, першае – з рускім народам, другі – з польскім. Такім чынам, беларусы захаваліся як нацыя не толькі без непасрэднага ўдзелу найбольш уплывовых канфесій, але нават супраць iх намеру (гл. АКУДОВІЧ 1992: 7). Параўнальна невялікая патрыятычна настроеная частка беларускага рымска-каталіцкага духавенства мае, аднак, заслугi адносна захавання беларускай нацыi, мовы і культуры. Затое беларуская аўтакефальная праваслаўная царква і беларуская грэка-каталіцкая царква ўнеслi вялiкi ўклад у далейшае iснаванне беларускіх меншасцей у эмiграцыйных краінах. Адносна слабы нацыянальны рух беларускага Адраджэння ў 1990-х гадах, які яшчэ да таго ж сістэматычна сустракае перашкоды з боку дзяржаўнага кіраўніцтва, у адрозненне ад украінскага нацыянальнага руху, не быў ў стане грунтоўна змяніць канфесійны ландшафт у краіне. Характэрным для сучасных беларусаў, якія маюць нізкую нацыянальную і канфесійную свядомасць, з’яўляецца тое, што тыя канфесіі, якія ў мінулым змагаліся за этнічную і моўную кансалідацыю Беларусі, сярод рэлігійных плыняў у сучаснай Беларусі стаяць на перыферыі, у той час, як тыя канфесіі, якія перашкаджалі самастойнаму развіццю беларускага этнасу і мовы, сёння на Беларусі дамінуюць.

Пераклаў з нямецкай мовы аўтар

 

SUMMARY

Herman BIDER

Religion, ethnos and language in Belarus in XX century

The article is concerned with the analysis of relations between christian faiths, slavic ethnoses and ethnic languages on the territory of Belarus. A matter of particular examination is the attitude of christian faiths in Belarus towards the use of the language in religious needs. Together with the above-mentioned social and state-political orientation of the clergy is analyzed.

РЕЗЮМЕ

Герман БИДЕР

Вероисповедание, этнос и язык в Беларуси в ХХ веке

Анализируется взаимоотношение между христианскими конфессиями, славянскими этносами и этническими языками на территории Беларуси. Описывается отношение христианских конфессий в Беларуси к использования языка в нуждах религии. Анализируется общественная и государственно-политическая ориентация духовенства.


* © Hermann BIEDER. Konfession, Ethnie und Sprache in Weißrußland im 20. Jahrhundert // Zeitschrift für Slawistik. 2000. № 2, Bd. 45. S. 200–214. Артыкул напісаны паводле публікацый у сродках масавай інфармацыі пачатку і сярэдзіны 1990-х гадоў (заўвага рэдактара).

Літаратура

Абламейка С. Некаторыя праблемы неауніі Беларусі 1908–1939 гг. // Кантакты і дыялогі. Мінск, 1996. № 9. С. 6–11.

Акудовіч В. Рэлігія і нацыя // Культура. Мінск, 1992. № 25. С. 7.

Астапенка А. Есць такая царква? // Літаратура і Мастацтва. 10.04.1992 г. С. 15.

Багадзяж М. Атлант кальвінізму // Чырвоная змена. 6.04–12.04.1992 г. С. 6.

Беларусы: Атлас: (Этнаграфія. Дэмаграфія. Дыяспара. Канфесіі). Мінск, 1996.

Быкаў В. i iнш. Ёсць такая царква // Літаратура і Мастацтва. 19.06.1993 г. С. 3.

Верещагина А.В. Зарождение и развитие протестанских сект на территории Белорусии во второй половине XIX – начале ХХ века: Матэрыялы Міжнароднай навуковай канферэнцыі “Царква і культура народаў Вялікага княства Літоўскага і Беларусі XIII – пачатку ХХ стагоддзяў”. Гродна, 1992. Кн. 4. Ч. 1. С. 659–671.

Ганчарук І. Навучальныя ўстановы рымска-каталіцкай царквы ў Беларусі: (канец XIV – ХХ стагоддзі) // Беларусіка = Albaruthenica. Мінск, 1997. Т. 6. Ч. 1. С. 180–188.

Гілевіч Н. Пабойся Бога, святар! // Народная газета. 22.07.1992 г. С. 5.

Грыгор’ева В. Каталіцкае духавенства ля вытокаў беларускага адраджэння // Беларусіка = Albaruthenica. Мінск, 1993. Т. 2. С. 293–297.

Грыцкевіч А.П. Польскія шляхі беларусаў // Наша слова. 1991. № 8. С. 2–3.

Дышыневіч В. На якой мове моляцца ў праваслаўнай царкве? // Літаратура і Мастацтва. 1996. № 34. С. 16.

Дышыневіч В. Праваслаўныя царкоўныя выданні // Літаратура і Мастацтва. 1992. № 44. С. 16.

Зайкоўскі Э. Роля канфесійнага фактару ў нацыянальнай свядомасці беларусаў // Беларусіка = Albaruthenica. Мінск, 1993. Т. 2. С. 263–271.

Кадыка М. Каму служыць Беларуская Праваслаўная царква? // Наша слова. 1994. № 3. С. 1.

Клімчук Х. Хто такія беларускамоўныя католікі? // Наша слова. 1990. № 2. С. 12–13.

Кошалеў М. Пра царкву – без фіміяму // Чырвоная змена. 17.08.1992 г. С. 3.

Лабынцев Я.А. Народная литература православной Польши: (1918–1939) // Славяноведение. Москва, 1996. № 2. С. 63–74.

Лыч Л. Роля роднай мовы ў грамадска-культурным і рэлігійным жыцці // Культура. 1992. № 6. С. 1; № 7. С. 2.

Лыч Л. Сваёй уласнай мовай славіць Яго // Літаратура і Мастацтва. 1997. № 10. С. 14–15; № 11. С. 14–15.

Матусевіч Я. Божае слова – на мове народа // Устаноўчы з’езд Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны: Зб. мат-лаў. Менск, 1992. С. 36–39.

Мікалай, Мітрапаліт. Перспектывы праваслаўнай аўтакефаліі // Чырвоная змена. 18.05.1992 г. С. 7.

Мірановіч А. Між Варшавай і Мінскам // Ніва. Беласток, 1990. № 47. С. 1, 4.

Палюцкая С. Сінтэз візантыйскай культурнай спадчыны, усходнеславянскіх традыцый і заходніх уплываў у беларускім уніяцтве // Кантакты і дыялогі. Мінск, 1996. № 7–8. С. 21–27.

Потапов В. Путь духовного обновления России // Русская мысль. Париж, 25–30.06.1993 г. С. 7.

Протько Т. Репрессированная вера // Советская Белоруссия. 1992. № 146. С. 3; № 147. С. 3; № 148. С. 3; № 150. С. 3.

Радзік Р. Рэлігійныя перадумовы фарміравання беларускай мовы // Беларусіка = Albaruthenica. Мінск,1993. Т. 2. С. 272–278.

Сёмуха В. Апостал Павел: У храме хачу лепш сказаць пяць слоў розумам сваім, чымсьці цьму на незнаёмай мове // Наша слова. 1994. № 35. С. 3.

Сідарэвіч А. Ці будзем мы нацыяй? // Літаратура і Мастацтва. 29.06.1990 г. С. 14–15.

Станкевіч А. Каталіцкае пытанне і праект яго вырашэння // Літаратура і Мастацтва. 20.12.1991 г. С. 14–15.

Сурмач Г. Нацыянальна-адраджэнскі рух у Заходняй Беларусі і праваслаўная царква // Матэрыялы Міжнароднай навуковай канферэнцыі “Царква і культура народаў Вялікага княства Літоўскага і Беларусі XIII – пачатку ХХ стагоддзяў”. Гродна, 1992. Кн. 4. Ч. 1. С. 709–716.

Трусаў А. Перад Богам усе роўныя // Літаратура і Мастацтва. 10.04. 1992 г. С. 14–15.

Уляхін М. Праваслаўная царква і яе адносіны да беларускай мовы // Беларусіка = Albaruthenica. Мінск, 1993. Т. 1. С. 161–163.

Філарэт, Мітрапаліт. Сёння Рэспубліка перажывае пераломны этап гісторыі // Беларусь. 1991. № 9. С. 6–7.

Цыхун А. Працаваў на ніве Божай і народнай // Літаратура і Мастацтва. 1997. № 31. С. 14–15.

Чарняўскі У. Родная мова ў святынях // Устаноўчы з’езд Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны: Зб. мат-лаў. Менск, 1992. С. 23–24.

Чарота І. Каб не прапаў скарб // Літаратура і Мастацтва. 1997. № 23. С. 14–15.

Чобат А. А што на крэсах магло змяніцца? // Літаратура і Мастацтва. 1992. № 34. С. 16.

Шаўцоў Ю. Хрысціянскія канфесіі на Беларусі сёння і заўтра // Наша Ніва. 1992. № 8. С. 8–9.

Штыхаў Г. Праваслаўная царква на Беларусі: (Позірк у мінулае) // Звязда. 1992. № 193. С. 3.

Щавинская Л.Л. Народные листки и брошюры, напечатанные православной церковью в межвоенной Польше // Славяноведение. Москва, 1996. № 2. С. 75–86.

Языковіч Л. Релігійнае жыццё беларускай эміграцыі // Беларусіка = Albaruthenica. Мінск, 1993. Т. 2. С. 280–288.

Янушкевіч Ф. Беларускі каталіцызм // Літаратура і Мастацтва. 08.11.1991 г. С. 15.

Krywicki J. Język życia cerkiewnego albo białostocka wieża Babel // Czasopis. Białystok, 1990. Listopad. S. 1, 3, 6.

Sadowski А. Religia a naród w strefie pogranicza // Матэрыялы Міжнароднай навуковай канферэнцыі “Царква і культура народаў Вялікага княства Літоўскага і Беларусі XIII – пачатку ХХ стагоддзяў”. Гродна, 1992. Кн. 4. Ч. 1. С. 5–32.

Sipovič Č. The Language Problem in the Catholic Church in Byelorussia from 1832 to the First World War // The Journal of Byelorussian Studies. London, 1973. Vol. III. 1. P. 3–40.

Swiątek K. Ein Tschernobyl für die Seelen // Weltbild. 1997. № 16. S. 17.


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Магілёўскага Таварыства БРАМА
 кантакт: epostbox@tut.by

 

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія