|
КАРЛ XII У МАГIЛЁВE*
Андрэй КАТЛЯРЧУК
(Стакгольм)
Як вядома, пасля перамогi над расiйскiм войскам каля мястэчка Галоўчын (4 лiпеня 1708 года) шведскае войска (звыш 10000 жаўнераў) без бою ўвайшло ў Магiлёў. Першым праз гарадскую браму з трыумфам уехаў Карл XII. 9 лiпеня магілёўскі бурмiстр i гарадская рада ладзілi ўрачыстую сустрэчу. Радцы паднеслi Карлу XII “па-свайму звычаю хлеб i соль”, а бурмiстр “уручыў на чырвонам ручнiку ключы ад места” (WESTERMAN 1912: 284). Шведы затрымалiся ў месце на доўгi тэрмiн - на чатыры тыднi i адзiн дзень (з 8 лiпеня па 5 жнiўня 1708 года). За гэты час Карл XII сустракаўcя з прадстаўнiкамi беларускай шляхты, святарамi, месцiчамi. Паступова ў гарадской культуры ствараўся вобраз караля, адлюстраваны ў крынiцах i шматлiкiх паданнях. Мiж тым, гэтая тэма аж да нядаўняй пары заставалася па-за ўвагай беларускiх даследчыкаў. Тлумачыць тое трэба толькi iдэалагiчнымi прычынамi – цiскам палiтыкi на навуку ў савецкi час.
Улетку 1708 года з-за расiйскай тактыкі “оголожения” мясцовасцi абшары Магiлёўшчыны зрабiлiся татальнай пустэчай, вёскi былi зруйнаваныя (“выжжены”), ацалелае насельнiцтва схавалася ў лесе (ПИСЬМА И БУМАГИ ИМПЕРАТОРА ПЕТРА ВЕЛИКОГО 1948: 1: № 2507, 2533, 2539, 2599, 2606, 2611 і 2: № 2599, 2604). З лiстоў шведскiх жаўнераў можна даведацца аб сапраўднай катастрофе тагачаснай Магiлёўшчыны. Напрыклад Карл Магнус Пассэ пiсаў: “Наш шлях да места быў вельмi цяжкiм. Дождж ішоў звыш 6 тыдняў, дарогi горшыя за лiстападаўскія. Адзiн Божа ведае, колькi мы пакутавалi. Па дарозе мы не сустрэлi анiводнага чалавека. Я сведка, што нiхто з нас не змог купiць анi хлеба, анi пiтва” (POSSES 1901: 314–315). І яшчэ: “Дарога на Магiлёў была найгоршаю. Войска здэмаралiзавалася, ўсе хацелi есцi, плюс дождж ішоў без перапынку на працягу 6 тыдняў. Вораг спалiў ўсе гарады i вёскi, нават на сваім баку мяжы. Разбурана ўсё на 120 км навокал. Кароль вырашыў затрымацца ў Магiлёве, каб даць войску адпачыць. У Магiлёве мы ўрэшце мелi час i магчымасць напiсаць лiсты дадому” (ADLERFELD 1740: 33).
У прыватнам лiсце з Магiлёва Карл XII пiсаў: “Усё гэта лета было вельмi цяжкiм з-за дрэннага надвор’я i жудасных дарог. Ворага мы амаль не бачым, толькi зрэдку мiльгаюць ля рэчак маленькiя атрады. <…> Калi наша войска ў першы дзень увайшло ў Магiлёў, вораг пакiнуў ў горадзе невялiкую варту, якая хутка збегла. Але яны паспелi разбурыць масты праз Дняпро i зруйнаваць ўсе кладкi. <…> Мы спынiлiся табарам каля Магiлёва, частка ў горадзе, частка па вёсках вакол места” (KARL XII TILL ULRIKE ELEONORA [4.08.1708] 1893: 91–93).
Кароль падзялiў места на 16 кватэр, а сам з жаўнерамi стаў табарам на полі каля Буйнiцкага манастыра. Пасля папярэдняга спусташальнага пастою расiйскага войска гараджане сустракалi шведаў з надзеяй. Да прыкладу, адна з мяшчанак, калi Карл XII праязджаў праз кiрмашовую плошчу, закрычала шведам: “Мосце панове, баранiце нас ад тых Маскалёў, бо юж яны нам да жывога даелi” (ЗАПИСКИ ИГУМЕНА ОРЕСТА 1867: LVІ). Але хутка надзеi жыхароў знiклi. Па першым часе, у адрозненне ад расiйцаў, “шведы, нягледзячы на дарагавiзну, як у месце, дык i ў табары без спрэчак плацiлi”, але далей перайшлi таксама да жорсткiх кантрыбуцый (ЗАПИСКИ ИГУМЕНА ОРЕСТА 1867: LVIII). Карл XII гэтак пацвердзiў сябрам магiлёўскага магiстрата неабходнасць кантрыбуцыi: “Паневаж маскалям давалi, трэба абысцi i мне далi”. У канцы лiпеня з’явiўся каралеўскi прывілей (ordynant), адпаведна якому ўсе цэрквы Магiлёва павiны былi пад пагрозай выдаць царкоўнае серабро. Карл XII асабіста наведаў у пошуках каштоўнасцей усе цэрквы. З атрыманых скарбаў шведы бiлi ў табары манету.
Надзвычайны кошт хлеба вызваў наступны выпадак з жыцця караля. Аднойчы, калі Карл XII праязджаў каля ратушы, дзе звычайна адбываўся гандаль хлебам, ён спытаў праз перакладчыка ў маладзiцы-гандляркi: “Колькi пажадаеш узяць за гэты бохан хлеба?” Жанчына казала кошт. Тады кароль загадаў перакладчыку зважыць бохан. Той дастаў з кiшэнi вагі нямецкiя, зважыў, а між тым каштаваў фунт па 9 грошаў. Адсюль кароль загадаў, што хто не выдасць хлеб, каб плаціў за фунт па 9 грошаў” (МОГИЛЕВСКАЯ ХРОНИКА 1980: 273).
Цiкавы эпiзод з тактыкі вайны: атручанне расiйцамi вады ў Дняпры. Праз гэты ўчынак сярод шведаў пачалася эпiдэмiчная хвароба “крывавы панос” (МОГИЛЕВСКАЯ ХРОНIКА 1980: 273, ТРУДЫ 1909, ПИСЬМА И БУМАГИ ИМПЕРАТОРА ПЕТРА ВЕЛИКОГО 1948: 632). Загад Карла браць ваду толькi з Дуброўны спазнiўся. Шмат шведаў загiнула. Адзiн з хворых, Ян Стольхамар, якi памёр у Магiлёве, пiсаў да жонкі Сафii: “Зараз я вельмi хацеў бы апынуцца далёка адсюль. Але гэта немагчыма. Мы цяпер настолькi далёка ад Радзiмы, што адзiнае выйсце – iмкнуцца выжыць, таму што схавацца няма куды. Божа, дапамажы мне!” (LILJEGREN 2000: 158).
Магiлёўскае паданне захавала рысы постацi Карла XII. Паводле назiранняў месцiчаў, “шведскі кароль быў малады, не меў гадоў трыццаці, росту быў высокага, грузны, твар меў васпаваты і прадаўгаваты, нос доўгі, быў плячысты, валасы былі падстрыжаныя нажніцамі. І хоць бачылі мы яго больш дзесяці разоў, быў усё ў адным строі, меў пад нізом порткі і ласіную камізэльку, а верхнюю – цёмна-сінюю, суконную, толькі абшытую галунамі, і на адным, не надта ўбраным, кані, які толькі што меў талісман, выязджаў.” (МОГИЛЕВСКАЯ ХРОНIКА 1980: 273). Сапраўды, Карлу XII было ў 1708 годзе якраз 26 гадоў.
Заўвага пра тое, што “ўсе месцiчы шмат разоў яго бачылi”, сведчыць пра жаданне гараджан далучыцца да Гiсторыi. Безумоўна, руплiвым беларускiм бюргерам iмпанавала пазбаўленая снабiзму пурытанская постаць караля. Сапраўды, як сведчаць крынiцы, Карл XII быў простым у побыце, аддаваў перавагу не палацу, а звычайнаму табару жаўнераў. У Магiлёве каралю падабалася, “пакуль не быў нiкому знаёмы, без усялякай варты з адным служкай гуляць па месцу”. Спадобу беларyскiх назiральнiкаў выклікаў гумар караля: “кароль шведскi часта прыязджаў на рынак i, дастаўшы з кiшэнi падзорную трубу, сачыў за расiйскiмi пазiцыямi за Дняпром”. Гэта былi татарскiя i калмыцкiя звязы войска Пятра I, жаўнеры якiх, голыя з шаблямi пераплывалi раку ды забiвалi шведаў. Размаўляючы са сваiмi генераламi, кароль смяяўся i паўтараў: “Шельм! татар масквіцер”. Магiлёўскi хранiст спачувальна заўважыў: “Гэныя татары забiвалi шведаў, калi яны мураўку касiлi. I страх як цяжка было шведам па сена ездзiць, толькi з добра ўзброенай вартай ездзiлi” (МОГИЛЕВСКАЯ ХРОНIКА 1980: 273). Цікава, што шведскія крыніцы пра гэтыя вылазкі ды забойствы не паведамляюць; паводле Г.Адлерфельда, у Магілёве “нічога незвычайнага не здарылася, апрача калмыкаў, якія пераплывалі праз раку і кралі нашых каней” (ADLERFELD 1740: 32).
Aбмяркоўваючы корпус магiлёўскiх паданняў пра Карла XII, падкрэслiм характэрнае для iх уяўленне аб каралеўскай уладзе як гаранце справядлiвасцi, абароны ад бяспраўя i гвалту. Гэтыя матывы добра адлюстраваны ў легендзе “Конь караля шведскага”: “Шведы, калi мешкалi ў Магiлёве, манастыр Буйнiцкi зруйнавалi i абрабавалi, чарняцоў разагналi, а царкву старажытную Успення Божай Мацi разабралi, з яе дошак парабiлi кладкi па ямках. Дык вось, аднаго дня Кароль шведскi, аглядаючы войска i фарпосты, ехаў цераз такi мост. Раптам конь каралеўскi спынiўся, не згаджаючыся ехаць далей i дзьмухаючы мордай назад. Моцна здзiвiўшыся, Кароль загадаў перавярнуць тыя дошкi i ўбачыў на першай вобраз Збаўцы, а на другай – Божае Мацi. Абразы тыя, вядома, былi з царквы Буйнiцкай. Загадаў тады Кароль тыя абразы далiкатна ў бок адкласцi i адразу конь ягоны пайшоў па мосце. Прасачыў гэту справу Кароль, даведаўся, хто гэты гвалт зрабiў, загадаў двух вiноўных (шведскiх) жаўнераў за злы ўчынак павесiць, а абразы занесцi ў пусты манастыр” (МОГИЛЕВСКАЯ ХРОНIКА 1980: 273). Як бачым, адпаведна легендзе, шведскi кароль аднаўляе найвышэйшую справядлiвасць, дзейнiчае аб’ектыўна, незалежна ад пачуццяў i прывязак. Чужы кароль-лютэранiн (якi павiнен адмаўляць культ абразоў), выратоўвае праваслаўныя святынi i карае ўласных жаўнераў (!). Менавiта такiя паводзiны з пункту погляду народнай культуры беларусаў ёсць лагiчнымi для манарха. Прыгадаем, што вялiкiя князі лiтоўскiя (каталiкi па веравызнанні) былi найбуйнейшымi фундатарамi праваслаўных, потым унiяцкiх цэркваў i манастыроў. Такiм чынам, вобраз шведскага караля ўвасабляў народнае стаўленне да ўлады ўвогуле.
З супрацьстаяннем Карла XII i Пятра I звязана найвялiкшая ў гiсторыi Магiлёва трагедыя. Як вядома, на пачатку XVIII стагоддзя горад быў адным з буйнейшых эканамiчных i культурных цэнтраў Вялікага княства Літоўскага. Падчас вайны 1654–1667 гадоў за пераможнае паўстанне магiлёўцаў супраць расiйскага гарнiзона (у 1661 годзе) горад атрымаў усe правы сталiчнай Вiльнi. Грунтам заможнасцi Магiлёва быў кантроль гандлю памiж Заходняй Еўропай i Расiяй. Праваслаўныя магiлёўскiя купцы мелi ў Маскве сталы “лiтоўскi двор”. Напярэдаднi Паўночнай вайны ў Магiлёве пражывала каля 4 тысяч купцоў i рамеснiкаў, агульнае насельнiцтва складала больш за 30 тысяч жыхароў (гл. ТОЛСТОЙ 1888: 175). Багацце Магiлёва здзiвiла нават шведаў. У лiсце да брата пiсар Карла XII назваў места “вельмi значным” (гл. ABRAHAMSON 1999: 71). “Рака Дняпро альбо Барысфен (Nieper eller Borysthenes) цячэ ля места, якое разам з прадмесцямi па абодвух баках ракi складае даволi вялiкi горад. Места добра пабудаванае i мае заможны, шыкоўны выгляд. Горад мае земляны вал, якi акружае колам увесь Магiлёў, нават прадмесце на гэтым баку ракi таксама абаронена валам” (CEDERHIELM 1912: 90).
Яшчэ адна цiкавая акалiчнасць. На пачатку XVIII стагоддзя места заставалася адзiнай цытадэллю праваслаўя ў Рэчы Паспалiтай. У той час як абсалютная большасць беларусаў перайшлa ў грэка-каталiцтва (унiяцтва), праваслаўныя купцы i рамеснiкi Магiлёва цалкам кiравалi ўладай у горадзе, не падпускаючы унiятаў. Магiлёў у той час быў таксама сядзiбай адзiнага ў Рэчы Паспалiтай праваслаўнага ўладыкi. Доўгi (звыш за месяц) пастой у 1708 годзе ў Магiлёве расiйскага, а потым шведскага войска, знiшчыў мескую скарбнiцу. Па падрабязных падлiках магiстрата, кантрыбуцыi склалi агулам каля 100 тысяч талераў – фантастычныя грошы для тагачаснай Беларусi. У роспачы хранiст назваў расiйскага кiраўнiка – генерала Аляксандра Меншыкава – “заклятым чарвём, якi гложыць месца”, а Карла XII – “люцыпарам”. Але горшае было наперадзе. У якасці помсты за вiтанне шведаў Пётр I загадаў зруйнаваць места, што i было зроблена 8 (19) верасня 1708 года (ЗАПИСКИ ИГУМЕНА ОРЕСТА 1867: LXІ–LXІІ).
Надзвычайная постаць шведскага караля прываблiвала магiлёўцaў i пасля адыходу Карла XII з Беларусi. Звесткi аб забойстве караля ў далёкай Нарвегii набылi ў фальклоры чарадзейны працяг. Нібыта, на самой справе, яшчэ да пачатку вайны “старыя” прадказалi што малады кароль загiне. Дзякуючы сябру магiстрата Трахiму Сурце, якi занатаваў гэтае паданне пад назвай “З былiчак народных” мы зараз маем яго поўны тэкст: “За некалькі гадоў перад выхадам шведскага караля са сваёй дзяржавы ў чужыя народы рыбакі, ловячы пад прускім Каралеўцам у заліве рыбу, калі раз, другі і трэці закінулі сетку, мала што злавілі. Крыху адышоўшы, на другім месцы таксама закінулі сетку і з вялікай цяжкасцю (думаючы, што цягнуць рыбу) выцягнулі вужа, ніколі не бачанага, таўшчыні і даўжыні вялізнай, галава з некалькімі джаламі, вельмі лютая, луска на ім была розных колераў, дзіўных і рэдкіх, вочы – быццам агнём палаючыя. Адным словам кажучы, была гэтая пачвара дзівам, якая, калі вытраслі з сеткі, пачала на лёдзе страшна біцца і хацела ўлезці ў палонку ізноў, пад лёд, але рыбакі, напалоханыя яе выглядам і баючыся, каб іх не пакусала, сякерамі, што сякуць лёд, яе забілі і ў палонку вярнуцца не дазволілі, а бачачы такое страшнае дзіва, паклалі яе на сані і адвезлі ў Каралевец.
Калі ж прывезлі гэтага вужа ў Каралевец, дзівіўся народ на такога страшнага, ніколі на бачанага вужа. Аднак вучоныя людзі, а таксама бывалыя, старэйшыя прарочылі, што з’явіцца моцны і страшны кароль, які са сваёю сілаю пройдзе розныя нацыі (але так як таго вужа забілі і не пусцілі ў палонку), то не вернецца ён у сваю сталіцу. Таму гэтае прароцтва і спраўдзілася, што шведскі кароль прайшоў са сваім войскам розныя каралеўствы, княствы, нацыі, манархіі, але ў сваю дзяржаву не вярнуўся. Гэтага вышэйназванага вужа загадана ў Каралеўцы для выставы аблупіць, а шкуру, высушыўшы, напхаць бавоўнаю, які і цяпер вісіць у Каралеўцы ў старой ратушы.” (МОГИЛЕВСКАЯ ХРОНIКА 1980: 279).
Успамiнам пра Карла XII з’яўляюцца тапонiмы Магiлёўшчыны. Далiна памiж Магiлёвам i Буйнiцкiм манастыром – месца шведскага табара ў 1708 годзе – вядома як “карлава далiна”. “Карлаў акоп” называлi сяляне рэшты абарончых збудаванняў каля горада Горкi. Шлях з мястэчка Ухалоды ў Галоўчын меў назву “каралеўская грэбля”.
Папулярнай падзеяй у працах гiсторыкаў Паўночнай вайны з’яўляецца ўчынак “магiлёўскага селянiна Петраковiча”, якi правёў пад Лясной частку расiйскiх войскаў у абход шведаў. Дзякуючы гэтаму і некаторым iншым прыкладам ствараўся тэзiс пра быццам бы падтрымку беларускiм народам у гэтай вайне Расii. Але, што датычыць згаданай падзеi, найперш падкрэслiм: крынiцы сведчаць, што Петраковiч быў шляхцiцам (ЖУРНАЛ 1770: 180). Па-другое, праваднiцтва мясцовым насельнiцтвам чужаземнага войска – звычайная рэч у практыцы любой вайны. Шведскiя звязы таксама мелi праваднiкоў-беларусаў (напрыклад, магiлёўскi шляхцiц “проводник у шведов Григорей Жеркеевич”, гл. ПИСЬМА И БУМАГИ ИМПЕРАТОРА ПЕТРА ВЕЛИКОГО 1948: 1: № 2655). Мiж iншым, сярод iх былi i сяляне (напрыклад, 17 (28) верасня расiйцы захапiлi каля Расны ў палон “проводника-хлопа, который был у шведов”, гл. ПИСЬМА И БУМАГИ ИМПЕРАТОРА ПЕТРА ВЕЛИКОГО 1948: 1: 146). У Магiлёве да шведскiх афiцэраў прысталі колькi месцiчаў-беларусаў, да прыкладу, нейкi Андрэй Iваноўскi (гл. ТРУДЫ 1909: № 226: 259).
Aбшaры фальшавання адносiнаў памiж беларускiм насельнiцтвам i шведскiм ды расiйскiм войскамi ў савецкай гiстарыяграфii настолькi велiзарныя, што патрабуюць асобнага даследавання. У якасці прыкладу падамо толькi два выпадкі з асвятлення магiлёўскiх падзей. Акадэмiчнае выданне 1987 года па гiсторыi Паўночнай вайны цiкава цытуе крынiцу аб побыце шведаў у Магiлёве, апускаючы толькі адно слова, якое змяняе ўвесь сэнс: “во время бытия шведского в Могилеве померло с голоду и от мыту с 4 тысячи” (ИСТОРИЯ СЕВЕРНОЙ ВОЙНЫ 1987: 78). На самой справе: “а во время бытия Шведского в Могилеве погибло их шведов с голоду и от мыту с четыре тысяч” (гл. “Донесение попа Елисея от 19 августа 1708 года” ў ТРУДЫ 1909: № 170: 148–149). Як бачым, рознiца атрымалася iстотная.
Згадаем яшчэ адзiн выпадак: у навуковым часопiсе ўпершыню друкуецца важная крынiца – дзённiк славацкага пастара Данiэля Крмана (1663–1740), якi пад Магiлёвам сустрэўся з Карлам XII i быў сведкам падзей верасня 1708 года, але тэкст чамусцi абрываецца тут перад фрагментам аб зруйнаваннi места расiйскім войскам (гл. ШУТОЙ 1976). Сярод улюбёных тэмаў савецкай гiстарыяграфii асобнае месца займае прыхiльнае стаўленне беларусаў да расiйскага войска, мiфiчная партызанская вайна, “забота (!) Петра I о горожанах Могiлева” (ИГНАТЕНКО 1958: 48). Смешна тое, што гэтыя мiфы дагэтуль паўтараюць некаторыя сучасныя беларускiя навукоўцы (параўн.: “што датычыць народных мас, то большасць беларусаў у асноўным праваслаўных [?!], прыхiльна [?!] сустрэлi рускую армiю i дапамагалi ёй чым маглi – ад прадуктаў харчавання да сумесных [?!] ваенных дзеянняў”, гл. ГIСТОРЫЯ БЕЛАРУСI 1998: 213).
Добра вядома, што пасля Паўночнай вайны памiж Расiяй i Швецыяй у вынiку экацыдy Усходняй Беларусi i наступных эпiдэмiй агульнае беларускае насельнiцтва скарацiлася на 30–35 % (ЭТНАГРАФIЯ БЕЛАРУСАЎ 1985: 126). У Паўночнай вайне беларусы былi найбольш пацярпелым бокам. Абаронца дзяржавы i грамадства – шляхта - разышлася, частка на чале з Сапегамi выступiла на баку Швецыi, частка на чале з Агiнскiмi – на баку Расii. Такiм чынам, можна казаць, што пачалася i грамадзянская вайна. Сяляне, месцiчы i дробная шляхта як маглi мусiлi баранiць сябе ад расiйскага i шведскага бакоў, апынуўшыся памiж “молатам i кавадлам”. 8 лiпеня 1708 года падначаленыя расiйскага генерала Г.I.Галоўкiна дакладвалi: “по провиянту послал и чаю ево, только ознаймую тебе государь что тамошняя шляхта и мужики (беларусы) зело бунтуюцца не токмо чтоб слушали, но и прифукивають, а у меня государь зело малолюдно” (ТРУДЫ 1909: № 209: 237). Аб складанасцi варункаў насельнiцтва падчас Паўночнай вайны дакладна сведчыць вядомая з тых часоў прыказка “Стуль маскалi, а стуль швяды, недзе дзецца з вялiкай бяды” (гл. SIELICKI 1985: 65, FEDEROWSKI 1935: № 8322: 315).
Вядома, не ўсe памяткi магiлёўскaй традыцыi аб Карле XII сапраўдныя. Але aдзначым вiдавочную папулярнасць постацi шведскага караля ў Historyi Mahiliova (таксама гл. КОТЛЯРЧУК 1999).
SUMMARY
Andrey KATLIARCHUK
Carl XII in Mogilev
The publication carries material about the stay of the Swedish army led by the Swedish king Carl XII in Mogilev during the Russian - Swedish war: i.e. the grand welcome of Carl XII in Mogilyov, the reaction of townspeople to the arrival of the Swedes, Carl XII’s private correspondence, impressions of Swedish soldiers, tragic results of the war between Peter I and Carl XII for Mogilev. In addition to the above-mentioned legends about Carl XII, created in later periods are analyzed.
РЕЗЮМЕ
Андрей КОТЛЯРЧУК
Карл XII в Могилевe
Описывается пребывание в Могилеве шведского войска во главе с королем Швеции Карлом ХІІ во время русско-шведской войны: торжественная встреча Карла ХІІ в Могилеве, реакция горожан на приход шведов, частная переписка Карла ХІІ, впечатления шведских солдат, трагические результаты войны между Петром І и Карлом ХІІ для Могилева. Анализируются предания о Карле ХІІ, созданные в более поздние периоды.
* This work was supported by the Swedish Institute (Stockholm).
Напісана спецыяльна для часопіса КРАЙ =
KRAJ (даслана ў рэдакцыю 29 верасня 2001 г.).
Літаратура
Гiсторыя Беларусi: У 2 ч. / Пад рэд. Я.К.Новiка i Г.С.Марцуля. Мінск, 1998. Ч. 1.
Журнал, или Поденная записка блаженыя и вечнодостойныя памяти Государя Императора Петра Великого с 1698 года до заключения Нейштадского мира. Санкт-Петербург, 1770. Ч. 1.
Записки игумена Ореста // Археографический сборник документов, относящихся к истории Северо-Западной Руси, издаваемый при управлении Виленского учебного округа. Вильно, 1867. Т. 2.
Игнатенко А.П. Участие белорусского народа в борьбе против шведских захватчиков в годы Северной войны // Вопросы Истории БССР. Минск, 1958. В. 36.
История Северной войны 1700–1721 гг. / И.И.Ростунов, В.А.Авдеев, М.Н.Осипова, Ю.Ф.Соколов. Москва, 1987.
Котлярчук А.С. Шведы в этнической истории и преданиях белорусов // Скандинавские чтения 1998 года. Санкт-Петербург, 1999. С. 187–194.
Могилевская хроника Трофима Романовича Сурты и Юрия Трубницкого // Памятники средневековой русской литературы. Т. 35: Летописи белорусско-литовские / Сост. и ред. Н.Н.Улащик. Москва, 1980.
Письма и бумаги императора Петра Великого. Москва – Ленинград, 1948. Т. 8. В. 1–2.
Толстой П.А. Путевой дневник // Русский архив. 1888. № 2.
Труды Императорского Русского Военно-Исторического общества. Санкт-Петербург, 1909. Т. 1: Документы Северной войны: Полтавский период (июль – октябрь 1708 года).
Шутой В.Е. Малоизвестный источник по истории Северной войны // Вопросы Истории. 1976. № 12. С. 93–113.
Этнаграфiя беларусаў: (Гiстарыяграфiя, этнагенез, этнiчная гiсторыя). Мінск, 1985.
Abrahamson K.A. Vitryssland: (89 millimeter från Europa). Stockholm, 1999.
Adlerfeld M.G. The military history of Charles XII, King of Sweden. London, 1740. Vol. 3.
Cederhielm J. Bref till sin broder Germund 1707–1722 // Karolinska krigares Dagböcker. Lund, 1912. T. 7.
Federowski M. Lud biełoruski na Rusi Litewskiej. Warszawa, 1935. T. 4.
Karl XII till Ulrike Eleonora (4.08.1708) // Konung Karl XII. Egenhändiga bref af Ernst Carlson. Stockholm, 1893.
Liljegren B. Karl XII: (En biografi). Lund, 2000.
Posses C.M. Dagbok 1707–1709 // Karolinska krigares Dagböcker. Lund, 1901. T. 1.
Sielicki F. Literatura białoruska do końca XVIII wieku. Wrocław, 1985.
Westerman A. Sjalfbiografiska 1705–1722 // Karolinska krigares Dagböcker. Lund. 1912. T. 7.
Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Магілёўскага Таварыства БРАМА
|