БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

ПУБЛІКАЦЫІ МАГІЛЁЎСКАГА ТАВАРЫСТВА БРАМА НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
КРАЙ - KRAJ 3-4 / 2002

СЛАВЯНСКІЯ МОВЫ Ў АБ’ЯДНАНАЙ ЕЎРОПЕ*

Карл ГУТШМІТ
(Дрэздэн, Германія)

Шлях у Еўропу

Да трапных слоў, якія ўзніклі ў часы палітычных змен 1989 года ва Усходняй Еўропе, належаць і метафары тыпу “агульны еўрапейскі дом” і “шлях у Еўропу”. У галіне знешняй палітыкі яны азначаюць імкненне да сканчэння канфрантацыі паміж краінамі “сацыялістычнай садружнасці” і краінамі Захаду, у галіне ўнутранай палітыкі – жаданне будаваць цывілізаванае грамадства. Абедзве метафары цесна звязаны таксама з прынцыповымі зносінамі ў галіне эканомікі і культуры.

Шлях у Еўропу аказаўся значна даўжэйшым, чым таго чакалі, аднак нягледзячы на ўсе няўдачы і страту шматлікіх ілюзій можна лічыць, што адмова ад выбранага шляху ні ў адной з так званых рэфармацыйных краін не з’яўляецца афіцыйнай палітыкай іх урадаў. Іх мэта – як мага больш хуткае ўступленне ў Еўрапейскі Саюз (ЕС), з якім звычайна звязваецца і ўваход у НАТА. Кандыдатамі на прыём у ЕС ад славянскамоўных дзяржаў да гэтага часу лічацца толькі Польшча і Чэхія, наступным кандыдатам з’яўляецца Славенія. Інтэграцыю ў не расколатую болей на два блокі Еўропу трэба разумець як дасягненне членства ў ЕС. Гэта азначае супрацоўніцтва ў шэрагу розных устаноў, напрыклад, у Савеце Еўропы, удзел у праграмах і ініцыятывах шматлікіх сфер міжнароднай кааперацыі.

З уваходам дзяржаў і народаў у адзіную Еўропу цесна звязана моўнае пытанне. ЕС, як вядома, не з’яўляецца арганізацыяй з адной абавязковай афіцыйнай мовай; яна не моналінгвістычная, наадварот, пасля ўступлення кожнага новага члена штораз мадыфікаваўся і § 217 “Рымскіх пагадненняў”, паводле якога мовы ўсіх дзяржаў ЕС з’яўляюцца афіцыйнымі і рабочымі мовамі (гл. HAARMANN 1993: 326 і наступная). Звязаныя з гэтым выдаткі на пераклад і службу перакладу ўжо ў 70-я гады выклікалі дыскусію аб магчымасці выкарыстання якой-небудзь адной мовы ў якасці рабочай ці, інакш, афіцыйнай. З прычыны прынцыповых рознагалоссяў і чаканых палітычных агаворак супраць выключнага дамінавання адной мовы ў нацыянальных дзяржавах (прадметам дэбатаў былі і застаюцца, зразумела, толькі сусветныя мовы англійская і французская, якія дэ факта як рабочыя мовы з’яўляюцца найбольш прымальнымі для брусельскай бюракратыі) прапаноўвалася між іншым у якасці “еўрапейскай літаратурнай мовы выкарыстоўваць эсперанта ” (гл. SCHULZ 1979).

Створаная на аснове еўрапейскай, перш за ўсё раманскай, а таксама германскай і славянскай субстанцый, простая, стройная і, такім чынам, лёгкая для вывучэння мова эсперанта была б з лінгвістычнага пункту погляду найбольш прыдатнай як наднацыянальны сродак зносін. Аднак як трапна заўважыў Гаарман, эсперанта не мае таго, што ўласціва кожнай натуральнай мове, а менавіта “сімвалічнай ідэнтычнасці, якая вырасла гістарычна” (HAARMANN 1993: 329). Калі ніякага іншага прынцыповага рэгулявання моўнага права ў ЕС не адбудзецца, то з прыняццем Польшчы і Чэхіі, як і іншых краін, у садружнасць, колькасць яе афіцыйных моў будзе расці далей. Мовы гэтых двух славянскіх народаў таксама атрымаюць афіцыйны статус міжнародных (руская мова – афіцыйная мова ААН з часу яе заснавання). Цяпер узнікае пытанне наконт будучага становішча славянскіх моў у Еўропе, не абмежаванага іх статусам у ЕС, а ў сэнсе іх ужывання ў шматбаковых сувязях паміж дзяржавамі і іх рэгіёнамі, перш за ўсё на памежжы, паміж недзяржаўнымі арганізацыямі, аб’яднаннямі, карпарацыямі і, нарэшце, людзьмі.

Славянскія мовы і іх прадстаўнікі

Становішча і функцыі моў у міжнацыянальнай камунікацыі залежаць ад розных фактараў. Адзін з такіх фактараў – колькасць носьбітаў мовы. Таму перш за ўсё трэба зрабіць агляд асобных славянскіх моў з улікам колькасці іх носьбітаў. Вядома, дакладныя дадзеныя па прычыне разнастайнасці крытэрыяў прывесці немагчыма (гл. HAARMANN 1993: 52, KLOSS 1985), таму будуць называцца толькі прыблізныя лічбы. Акрамя таго аб’ектам увагі будуць носьбіты мовы – грамадзяне краіны, у якой дадзеныя мовы з’яўляюцца дзяржаўнымі або афіцыйнымі. Па-за аглядам застаюцца, напрыклад, шматлікія польскамоўныя носьбіты, што жывуць за межамі Польшчы (так званай Палоніі), або прадстаўнікі балгарскай мовы на Украіне і ў Малдове. Пры гэтым трэба зыходзіць з факта, што дыяспара, як правіла (па меншай меры), двухмоўная і ў шматмоўнай камунікацыі можа карыстацца мовай той дзяржавы, у якой яна знаходзіцца. Больш новыя дадзеныя пра колькасць носьбітаў мовы можна знайсці, між іншым, у Гаармана. Праўда, гэтыя дадзеныя ў дачыненні да асобна ўзятых моў адрозніваюцца паміж сабой, (гл. HAARMANN 1993), Рэгдэра (гл. EINFÜHRUNG IN DIE SLAVISCHEN SPRACHEN 1998) і ў “Bertelsmann Länderlexikon” (1996).

Большасць носьбітаў прыпадае на рускую мову. Лічба 120,0 мільёна ў Гаармана выглядае заніжанай, а з улікам носьбітаў украінскай і беларускай моў, як і неславянскіх нацыянальных моў, павінна быць павышана як мінімум ад 15,0 да 20,0 мільёна. Згодна з дадзенымі апошняга савецкага перапісу насельніцтва (1989) зарэгістраваныя 123,7 мільёна грамадзян Расіі (г.зн. тагачаснай РСФСР) назвалі рускую мову як родную, 143,7 мільёна адзначылі, што валодаюць ёю (гл. ГОСУДАРСТВЕННЫЕ ЯЗЫКИ 1995: 187). Такім чынам, можна лічыць рэальнымі лічбамі ад 135,0 да 140,0 мільёна носьбітаў, якія карыстаюцца рускай мовай у афіцыйнай і бытавой камунікацыі.

Другое месца займае польская мова – каля 38,0 мільёна. Далей ідзе ўкраінская з прыблізна 35,0 мільёна яе носьбітаў. Шваер ставіць гэтую мову на другое месца, аднак заўважае, што колькасць грамадзян Рэспублікі Украіна, якія фактычна валодаюць украінскай мовай і, адпаведна, карыстаюцца ёю, ніжэйшая за афіцыйную статыстыстычную лічбу 37,5 мільёна (гл. SCHWEIER 1998: 94). Калі возьмем дзяржаўныя мовы Югаславіі (г.зн. Сербіі і Чарнагорыі), Харватыі і Босніі, якімі ў гэтых краінах афіцыйна лічацца сербская, харвацкая і баснійская (лепш басняцкая, таму што гэтая мова так вызначаецца і культывуецца толькі баснякамі-мусульманамі) пад агульнай назвай “сербскахарвацкая”, то атрымаем для гэтай мовы лічбу прыкладна 16 мільёнаў носьбітаў. Гэта некалькі больш, чым 15,0 мільёна носьбітаў нідэрландскай мовы. Праблема шматбаковых адносін югаслаўскіх дзяржаўных моў і іх фактычных і пастуляваных адрозненняў не будзе тут разглядацца. Можна толькі сказаць, што яны заснаваны на глыбокай дыялектнай базе і іх шматлікія адпаведнікі праяўляюцца не толькі як сістэма, але і як норма.

На пятым месцы стаіць чэшская мова з каля 10,0 мільёна носьбітаў (прыкладна такая ж колькасць, як і носьбітаў партугальскай мовы ў Партугаліі).

У дачыненні да балгарскай мовы можна зыходзіць з прыкладна 8,0 мільёна носьбітаў, што крыху больш, чым каля 7,5 мільёна носьбітаў шведскай мовы.

Згодна з рэальнымі ацэнкамі каля 3,5 мільёна беларусаў актыўна або толькі пасіўна валодаюць сваёй вуснай мовай (гл. BIEDER 1998: 110, HOLTBRÜGGE 1996: 90); названая Гаарманам лічба 7,9 мільёна носьбітаў (у самой Рэспубліцы Беларусь; яшчэ больш нерэальнай падаецца абсалютная лічба носьбітаў - 9,7 мільёна) служыць магчымым адказам на пытанне наконт нацыянальнай прыналежнасці або прыналежнасці да роднай мовы (гл. HAARMANN 1993: 69).

Што датычыцца славенскай (1,75 мільёна чалавек) і македонскай (1,3 мільёна чалавек; гэта ўсё ж больш чым носьбітаў эстонскай мовы – каля аднаго мільёна), то дадзеныя адпавядаюць першакрыніцам.

Падсумоўваючы прыведзеныя тут лічбы і дадаючы яшчэ колькасць носьбітаў з дыяспары, якія побач са сваёй славянскай роднай мовай могуць карыстацца славянскімі мовамі тых краін, у якіх яны жывуць, атрымліваецца лічба прыкладна 260,0 мільёна еўрапейцаў, якія пераважна карыстаюцца толькі славянскімі мовамі. Пра гэта сведчыць славянская галіна індагерманскай моўнай сям’і з яе вялікай колькасцю карыстальнікаў мовы. Для параўнання, у Еўропе прыкладна 191,0 мільёна носьбітаў раманскай мовы і прыкладна столькі ж (менавіта 187,0 мільёна) носьбітаў германскай мовы (гл. HAARMANN 1993: 71). Значна меншая колькасць носьбітаў прыпадае на іншыя адгалінаванні індагерманскай моўнай сям’і (фіна-ўгорскімі мовамі, напрыклад, карыстаюцца прыкладна 20 мільёнаў чалавек).

Гэта паказвае, што славянскія мовы як па агульнай колькасці размоўцаў, так і па колькасці славян у незалежных дзяржавах, складаюць нязначную перавагу. У абодвух кандыдатаў на ўступленне ў ЕС – Польшчы і Чэхіі – карыстаюцца славянскай мовай столькі чалавек, як на Іберыйскім паўвостраве, у Іспаніі і Партугаліі, раманскай мовай. Праўда, ёсць істотная розніца: іспанская і партугальская мовы ва ўжыванні не абмяжоўваюцца Еўропай або адной краінай; перадусім іспанская мова адпавядае ў значнай ступені крытэрыям сусветнай мовы.

Названыя вышэй славянскія мовы з’яўляюцца афіцыйнымі мовамі ў адпаведных краінах. Іх фармальны юрыдычны статус між тым не аднолькавы – так, напрыклад, руская мова ў Расійскай Федэрацыі пры раўнапраўі моў усіх народаў з’яўляецца дзяржаўнай мовай федэрацыі (гл. ГОСУДАРСТВЕННЫЕ ЯЗЫКИ 1995: 308), у той час як чэшская канстытуцыя не пярэчыць такому статусу чэшскай мовы, які быў бы замацаваны асобным законам. Адпаведна славянскія мовы можна падзяліць на тры групы.

Мовы А-групы ўжываюцца ў сучасных дзяржавах з пераважнай колькасцю іх носьбітаў, як правіла, ва ўсіх камунікацыйна-сітуацыйных сферах. Прататыпныя А-мовы – руская і польская з іх максімальна шырокімі функцыямі. Абедзьве гэтыя мовы, напрыклад, неабмежавана выкарыстоўваюцца ў навуцы. Аднак польскія навукоўцы друкуюцца перш за ўсё на замежнай мове, амаль выключна на англійскай. Моўная сітуацыя ў Польшчы паказвае, такім чынам, што ў камунікацыйнай сферы суіснуюць айчынныя і міжнародныя элементы. Адносна ўжывання чэшскай мовы (як А-мовы) гэтае суіснаванне асабліва сістэматызавана (гл. DANEŠ 1997: 80–83).

Так, строга навуковыя тэксты павінны быць надрукаваны пажадана на англійскай мове, адначасова пры выкарыстанні чэшскай і англійскай мовы абавязкова ўлічваецца мэта публікацыі і іншыя фактары. Ф.Данеш выступае супраць свядомага і мэтанакіраванага абмежавання і тармажэння далейшага развіцця чэшскай мовы як мовы навукі і сумняваецца, “што якое-небудзь разумнае нацыянальнае грамадства распачало б такую “ампутацыю” яго мовы і адмовілася б ад грамадскага функцыянавання мовы (гл. DANEŠ 1997: 81). Наступныя А-мовы: славацкая, у межах абстрактнай сербскахарвацкай – сербская і харвацкая, далей славенская і македонская.

Як Б-мовы могуць разглядацца ўкраінская і, магчыма, беларуская: яны дзеляць сферу свайго ўжывання з рускай мовай. Беларуская мова – між іншым, адзіная ў славянскай прасторы, якая ўжываецца як дзяржаўная яшчэ з адной мовай – рускай (з часоў рэферэндуму 1995 года). Гэта выразна сведчыць пра тэндэнцыю ў кірунку да С-мовы, якая абслугоўвае толькі пэўныя сферы камунікацыі. Да гэтай трэцяй групы трэба сярод іншых аднесці верхнясербскую і ніжнясербскую (або вендскую) пісьмовыя мовы ў Германіі, як і шматлікія рэгіянальныя дыялекты, напрыклад, кашубскі ў Польшчы, бургенландска-харвацкі ў Аўстрыі і русінскі ў сербскай Ваяводзіне. Між іншым катэгорыя С-моў з’яўляецца характэрнай для Еўропы, можна прыгадаць галіцыйскую мову ў Іспаніі, фрызскую, саамскую ў Фінляндыі і інш. Мовы меншасцей у Еўропе абараняюцца і падтрымліваюцца міжнароднымі пагадненнямі і незалежнымі законамі.

Вывучэнне славянскіх моў у неславянскай Еўропе

У неславянскамоўнай Еўропе вывучэнне славянскіх моў доўгі час абмяжоўвалася невялікай колькасцю асоб, да якіх стасуюцца словы “Slavica non leguntur”. Пасля Другой сусветнай вайны руская мова ва ўсіх “народнадэмакратычных”, пазней сацыялістычных, краінах стала абавязковай для вывучэння ва ўсіх установах адукацыі і ўсеагульнай мовай у арганізацыях “сацыялістычнай садружнасці”, асабліва ў RYW (або СОМЕСОМ) і ў Варшаўскім Дагаворы. Яна таксама адыгрывала пэўную ролю сярод грамадзян сацыялістычных краін як lingua franca (змешаная мова). У былой Германскай Дэмакратычнай Рэспубліцы звыш таго ў некалькіх сярэдніх школах вывучаліся польская і чэшская мовы; акрамя ўсяго для названых трох моў рыхтаваліся перакладчыкі балгарскай, сербскахарвацкай і славацкай моў ва універсітэтах Берліна і Лейпцыга. У былой Федэратыўнай Рэспубліцы Германія ў 60-я гады актыўна развівалася акадэмічная славістыка. У 90-х гадах нямецкая славістыка як ва універсітэтах, так і ў даследаваннях знаходзіцца на пярэднім краі.

У абедзвюх нямецкіх краінах шмат перакладалася твораў са славянскіх літаратур, зразумела, у залежнасці ад патрэб тагачаснай чытацкай аудыторыі, у ГДР – ад партыі.

Суіснаванне міжнародных і нацыянальных моў

Пасля 1989 года моўная сітуацыя ў былых сацыялістычных краінах Еўропы ў дачыненні да прывілеяваных замежных моў хутка змяняецца. Руская мова губляе сваё прывілеяванае становішча як першая і абавязковая для школьнага вывучэння замежная мова. Нягледзячы на павелічэнне цікавасці да нямецкай мовы, што перш за ўсё абумоўлена эканамічнымі фактарамі, сфера яе выкарыстання амаль не пашыраецца. У славянскіх краінах на першае месца выходзіць англійская мова - як міжнародны сродак узаемаразумення - з тэндэнцыяй да выключнага становішча ў палітыцы, эканоміцы, навуцы. Паколькі ў славянскіх краінах з прычыны адрозненняў паміж моўнымі нормамі няма сапраўднай семіялагічнай камунікацыі (г.зн. выкарыстання роднай мовы партнёрамі ў камунікацыі, як у скандынаўскай прасторы (за выключэннем моўнай пары “чэшская – славацкая”)), англійская мова можа нават служыць сродкам міжславянскага ўзаемаразумення. Веданне і выкарыстанне славянскіх моў многім здаецца залішнім, бо ў адпаведных краінах інфармацыя ўсё роўна падаецца і на англійскай мове, напрыклад, англійскія падзагалоўкі фільмаў і пераклады кінасцэнарыяў. Яднанне Еўропы адбываецца паралельна з так званай глабалізацыяй, моўнае асяроддзе якой з’яўляецца бясспрэчна англійскім.

Тым не менш было б недальнабачна з-за неаспрэчнай і, магчыма, няспыннай тэндэнцыі выкарыстання англійскай мовы як глабальнай lingua franca (якая будзе абслугоўваць у будучым значна больш сфер камунікацыі і сродкаў масавай інфармацыі, чым калісьці французская ў якасці мовы дыпламатыі і часткова навукі) рабіць вывад, што нацыянальныя мовы Еўропы, уключаючы славянскія, павінны абмежавацца роллю другасных моў. Мовы ж - гэта не толькі сродкі камунікацыі, але і выканаўцы сімвалічнай функцыі. Гаарман падкрэслівае, што “з усіх аспектаў нацыяналізму цікавасць да роднай мовы, яе ператварэння ў пісьмовую літаратурную мову, клопат аб ёй, замацаванне яе статусу і зараз з’яўляецца найважнейшай праблемай культуры еўрапейцаў” (HAARMANN 1993: 12). Гэта асабліва важна для большасці славянскіх нацый, чый шлях да мадэрнізацыі і цывілізаванага грамадства ішоў праз захаванне, аднаўленне і канструяванне ўласнай нарматыўнай мовы. Пры гэтым яны не пазбеглі і нацыяналістычнага перабольшвання, якое праяўлялася ў форме моўнага пурызму, не характэрнага ў цэлым для славян. Інтэграцыя славянскіх моў і краін у Еўропу патрабуе таксама павагі да моўнай свядомасці і моўнай лаяльнасці іх грамадзян. Гэта можа датычыцца напісання і вымаўлення ўласных імёнаў, а таксама захавання з дапамогай кампетэнтных перакладчыкаў узаемаразумення пры афіцыйных сустрэчах, перакладу твораў з захаваннем літаратурных і навуковых асаблівасцей арыгінала і г.д.

Будучая Еўропа, нягледзячы на перанос элементаў нацыянальных суверэнітэтаў на агульнаеўрапейскія карпарацыі, у хуткім часе стане кантынентам з гістарычна сфармаванымі нацыянальнымі дзяржавамі і рэгіёнамі, паміж якімі будуць існаваць спецыфічныя двух- і шматбаковыя сувязі. Гэта багатыя сваёй гісторыяй адносіны і кантакты паміж непасрэднымі суседзямі, такімі, як Германія, Польшча і Чэхія, Аўстрыя і Славенія, а таксама паміж краінамі, што не мяжуюцца паміж сабой непасрэдна, накшталт Германіі і Расіі ці Балгарыі. У галіне культуры, з аднаго боку, існуюць пазітыўныя традыцыі двухбаковай абароны ўласных інтарэсаў і ўзаемаўзбагачэння, з другога боку - пераадоленне стэрэатыпаў, якое можа быць дасягнута пры пэўных намаганнях. Таму неабходна ўзаемнае вывучэнне моў. Шульц перасцерагае ад аднабаковай арыентацыі на англійскую мову, таму што інфармацыя, атрыманая праз англійскую мову, мае англа-амерыканскі лад мыслення, адфільтраваны і cпрошчаны (гл. SCHULZ 1979: 18 і наступныя). На маю думку, такое пасрэдніцтва можа мець таксама і пазітыўны вынік, але тым не менш яно, заснаванае на веданні моў, не павінна замяняць самастойнае атрыманне інфармацыі аб славянскіх дзяржавах і рэцэпцыю іх культурных дасягненняў.

Наколькі камунікацыйна эфектыўныя славянскія мовы?

Актуальная камунікацыйная жыццяздольнасць развітых славянскіх моў, перш за ўсё А-моў, ні ў якім разе не адстае ад іншых еўрапейскіх унармаваных моў. Праўда, існуе заходнеееўрапейскае стэрэатыпнае разуменне пра “цяжкасць славянскіх моў”. Маецца на ўвазе цяжкасць графічнай сістэмы, фанетыкі і, адпаведна, вымаўлення, граматыкі і слоўнікавага запасу.

Што ж да графічнай сістэмы (абазначэнне гукаў), то не варта пераацэньваць пэўную нязвыкласць кірылічнага алфавіта для карыстальнікаў лацінскай графікі. Сістэматызацыя кірылічнага алфавіта, і гэта з’яўляецца прыкладам для заснаванай на лацініцы славянскай пісьмовай сістэмы, больш строгая, чым алфавіты “вялікіх” еўрапейскіх моў. Літарна-гукавыя суадносіны ў большасці выпадкаў, у тым ліку і ва ўласных імёнах, тут поўнасцю спарадкаваны. Сцвярджэнні, што славянскія гукі нібыта цяжка вымаўляць, не датычацца перадачы іх на роднай мове. Гэта адносіцца да шыпячых гукаў (напрыклад, польскіх) і фанемы <х>, асабліва ў пачатку слова. Але славянскія мовы ні ў якім разе не маюць больш тыпалагічна рэдкіх фанем, чым тая ж англійская, французская або партугальская мовы. Сапраўды “экзатычных” кансанантаў, якія сустракаюцца ў некаторых каўказскіх або новаіндыйскіх мовах, у славянскіх мовах, напрыклад, няма.

У граматыцы каменем спатыкнення з’яўляюцца звычайна шматлікія формы скланення імёнаў, займеннікаў, лічэбнікаў. Іх засваенне выклікае вялікую цяжкасць, але і большасць раманскіх моў, перш за ўсё ў іх пісьмовым варыянце, выклікаюць прыкладна такую ж цяжкасць пры выкарыстанні дзеяслоўных форм. Слоўнікавы запас і сінтаксіс славянскіх літаратурных моў, як і большасці іншых моў, выяўляе тэндэнцыю да інтэрнацыяналізацыі, г.зн. да “еўрапеізацыі”, што азначае балансаванне якасных і колькасных працэсаў у сферы абстрактнай і тэрміналагічнай лексікі і ва ўзорах пабудовы выказванняў.

Трэба дадаць яшчэ наступнае. З канца Другой сусветнай вайны і аж да 1989 года ў мовах Усходняй Еўропы (а таксама ў нямецкай мове ГДР) дзейнічае побач з названай тэндэнцыяй да ўсеагульнай еўрапеізацыі, залежнай ад палітычнай сістэмы і ідэалогіі, таксама тэндэнцыя да “сацыялістычнай” інтэрнацыяналізацыі. Яна відавочна вызначалася ўплывам рускай мовы і перш за ўсё праз пераклады, г.зн. даслоўную перадачу рускіх абазначэнняў (напрыклад, эканамічна-матэматычны даведнік), менш выяўлялася ў непасрэдным запазычванні (напрыклад, спутнік, дача) і ў змене значэнняў (напрыклад, піянер – член дзіцячай арганізацыі, брыгадзір – кіраўнік рабочай групы, дзесятнік). У іншых выпадках гэта знаходзіла адлюстраванне ў адметных формах інтэрнацыяналізацыі ў спецыяльным палітычным “суперстылі”, ням. Neusprache, англ. newspeak, фр. langue de bois, рус. новояз, польск. nowomowa (гл. POPP 1997), які побач з рытуальнымі элементамі (напрыклад, абавязковае ўжыванне прыметніка сацыялістычны – сацыялістычная школа, сацыялістычнае, дакладней, камуністычнае выхаванне і г.д.), праяўляўся ў палярызацыі паняццяў “мы” (або “нашы людзі”) і “яны” (або “нашы ворагі”, “імперыялісты”). Моўна-ідэалагічны раскол Еўропы, сведчаннем якога з’яўляюцца памянёныя адметныя формы інтэрнацыяналізацыі, тым часам пераадольваецца.

Перспектывы

Адзіная Еўропа застанецца шматмоўным кантынентам. Гэта не выключае таго, што ў адпаведнасці з практычнымі мэтамі ў пэўных камунікацыйных галінах ва ўмовах глабалізацыі будзе ўжывацца пераважна адна мова, і менавіта англійская. У шматмоўнай Еўропе значна большую ролю, чым дагэтуль, будуць выконваць славянскія мовы. Іх вывучэнне і ўжыванне неабходныя і карысныя як у агульнаеўрапейскім кантэксце, так ў сувязі з кантактаваннем асобных краін, цэлых рэгіёнаў Еўропы і іх жыхароў.

Пераклалі з нямецкай мовы
Генадзь САРДЫКА і Сяргей УКРАІНКА
© МТ “Брама”, 2002

 

SUMMARY

Karl GUTSCHMIDT

Slavic languages in the united Europe

The expansion of the European Union to the East brings forward the question of the position of the Slavic languages in the United Europe. Taking into consideration the number of speakers (circa 260 million), the Slavic languages come first before the Romanic and Germanic languages (about 191 and 187 million, correspondingly). Except for the Sorabian language all the other Slavic languages appear to be official in the corresponding states. However, the areas of their function differ in extension, that is why they are developed unevenly. The languages of group A (Russian, Polish, Czech, Bulgarian, Slovak, Slovene, Macedonian as well as Serbian and Croatian) are normally used in all spheres of communication in the corresponding states and do not yield to other European standard languages in efficiency. Since the collapse of communism English has taken first place as an international language and it is widely used as complementary especially in science. But the United Europe will stay a multilingual continent where knowledge of the Slavic languages will be necessary and useful.

РЕЗЮМЕ

Карл ГУТШМИДТ

Славянские языки в Объединенной Европе

Расширение Европейского Союза на восток выдвигает вопрос о положении славянских языков в Объединенной Европе. Принимая во внимание количество говорящих (приблизительно 260 миллионов), славянские языки опережают романские и германские языки (приблизительно 191 и 187 миллионов говорящих, соответственно). За одним исключением все славянские языки являются официальными в соответствующих государствах. Однако, область их функций отличается по широте, поэтому они развиты неравномерно. Языки группы А (русский, польский, чешский, болгарский, словацкий, словенсий, македонский, а также сербский и хорватский) обычно используются во всех областях коммуникации в соответствующих государствах и не уступают по эффективности другим европейским стандартным языкам. Начиная с падения коммунизма, английский язык занимает первое место как международный язык и широко используется как дополнительный, особенно в науке. Но Объединенная Европа останется многоязычным континентом, на котором знание славянских языков будет необходимо и полезно.


* © Karl GUTSCHMIDT. Die Stellung der slawischen Sprachen im geeinten Europa // Wissenschaftliche Zeitschrift der Technischen Universität Dresden. 48 (1999). Heft 4. S. 47–50.

Літаратура

Haarmann H. Die Sprachenwelt Europas: (Geschichte und Zukunft der Sprachnationen zwischcn Atlantik und Ural). Frankrurt – New York, 1993.

Bertelsmann Länderlexikon: (Die Länder der Welt). Von A. – Z. o. O., o J (um 1996).

Bieder H. Das Weißrussische // Einführung in die slavischen Sprachen: (Mit einer Einführung in die Balkanphilologie) // Hrsg. P.Rehder. 3 verb. und erw. Aufl. Darmstadt, 1998. S. 110–125.

Daneš Fr. a kol. Český jazyk na přelomu tisíciletí. Praha, 1997.

Einführung in die slavischen Sprachen: (Mit einer Einführung in die Balkanphilologie) // Hrsg. P.Rehder. 3 verb. und erw. Aufl. Darmstadt, 1998.

Holtbrügge D. Weißrußland. München, 1996.

Kloss H. Sprache, Nation, Nationalität, Volk und andere ethnostatistische Begriffe im Lichte der Kontaktlinguistik // Entstehung von Sprachen und Völkern: (Glotto- und ethnogenetische Aspekte europäischer Sprachen) // Hrsg. P.St.Ureland. Tübingen, 1985. S. 209–218.

Popp H. Ideologie und Sprache: (Untersuchung sprachlicher Veränderungen und Neuerungen im Kontext der politischen und wirtschaftlichen Umgestaltungsprozesse in der ehemaligen Sowjetunion). Marburg – Lahn, 1997.

Schulz R. Europäische Hochsprache oder Sprachimperialismus? (Die Lösung des Sprachenproblems in den Ländern der Europäischen Gemeinschaften). Gerlingen, 1979.

Schweier U. Das Ukrainische // Einführung in die slavischen Sprachen: (Mit einer Einführung in die Balkanphilologie) // Hrsg. P.Rehder. 3 verb. und erw. Aufl. Darmstadt, 1998. S. 94–109.

Государственные языки в Российской Федерации: Энциклопедический словарь // Под ред. В.П.Нерознака. Москва, 1995.


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Магілёўскага Таварыства БРАМА
 кантакт: epostbox@tut.by

 

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія